epub
 
падключыць
слоўнікі

Супроць контррэволюцыйнага беларускага нацыянал-дэмократызму

Ад выдавецтва
Сямён Вольфсон. Патрыёты «крыўскай» дзяржавы


ЗЬМЕСТ

 

Ад выдавецтва

Канстанцін Гей. КП(б) Беларусі ў змаганьні за генэральную лінію партыі

Канстанцін Гей. Твар беларускай контррэволюцыі

Лукаш Бэндэ. Беларуская нацдэмаўская контррэволюцыя ўчора і сёньня

А.Ганін. Падрыўная работа кандрацьцеўцаў у БССР

Г.Бондар. Аграрная політыка беларускай кандрацьцеўшчыны

Я.Сякерская. Беларускі нацыянал-дэмократызм і вялікарускі шовінізм на ідэолёгічным фронце БССР

К.Янэль. Супроць нацыянал-дэмократычнай ідэолёгіі ў пытаньнях дзяржавы

Сямён Вольфсон. Патрыёты «крыўскай» дзяржавы

В.Сэрафімаў. Нацдэмократычныя тэорыі ў краязнаўчай працы

Ал.Некрашэвіч. Як нацыянал-дэмократы дзейнічалі ў БДВ

М.Югаў. Вялікадзяржаўная контрабанда пад сьцягам беларускага нацыяналізму

А.Альшэўскі. Беларуская агентура інтэрвэнтаў

Браніслаў Тарашкевіч. Заходняя Беларусь - пляцдарм імпэрыялістычнай інтэрвэнцыі

Браніслаў Тарашкевіч. Сьцежкай двурушніцтва і здрады

Дадаткі

 

 

Ад выдавецтва

 

Комуністычная партыя, пролетарская грамадзкасьць пад кіраўніцтвам ленінскага ЦК сьмела і цьвёрда, сямімільнымі крокамі вядзе краіну наперад да сьветлай будучыні соцыялізму.

Выбіваны са сваіх позыцый клясавы вораг усімі сіламі і сродкамі імкнецца перашкодзіць гэтаму вялікаму будаўніцтву сьветлай будучыні. На ўсіх вучастках нашага будаўніцтва ён спрабуе даць нам бой, ужываючы рознастайныя мэтоды, пачынаючы ад кулацкага абрэзу і канчаючы «высока-навуковымі» тэорыямі буржуазных профэсароў. Усе яны ад азьвярэлага кулака да «культурнага» профэсара Рамзіна і самабытнага Лёсіка ставяць стаўку, разьлічваючы як на свае сілы, так і галоўным чынам на актыўную дапамогу імпэрыялістаў, разам з якімі з гэтай мэтай рыхтавалі і рыхтуюць інтэрвэнцыю. Адным са спосабаў маскаваньня свайго зьвярынага твару інтэрвэнты як унураныя, так і замежныя, абралі шыльду нацыянальнага.

З аднаго боку вялікадзяржаўны шовініст, найбольш небясьпечны на даным этапе, а з другога - мясцовы нацыяналіст нацыянал-дэмократ, клянучыся адзін сваім «інтэрнацыяналізмам», а другі «шчырай» любасьцю да народа, спрабуюць павесьці атаку, паслабіць адзінства радоў працоўных усіх нацыянальнасьцяй Савецкага Саюзу, што з такім посьпехам пад кіраўніцтвам сваёй партыі бальшавікоў вядуць пераможнае соцыялістычнае будаўніцтва, аб цьвёрдае адзінства якіх разьбіваюцца мутныя хвалі аб'яднаных інтэрвэнтаў.

Беларускія контррэволюцыйныя нацыянал-дэмократы, прыкрываючыся тэй-жа шыльдай «шчырай любасьці» да беларускага народу, марылі запрадаць яго «сваім» і чужым капіталістам. Яны на нейкі момант змаглі пранікнуць на паасобныя камандныя вышыні (Наркамзем, Наркамасьветы, Бел. Акад. Навук, Белдзяржвыдавецтва і інш.), дзе і рабілі сваю брудную здрадніцкую работу. Нацыянал-опортуністы аддана ім у гэтым дапамагалі.

КП(б)Б пад кіраўніцтвам свайго ЦК вяла, вядзе і будзе весьці бязьлітаснае змаганьне з вялікадзяржаўным шовінізмам як галоўнай небясьпекай, контррэволюцыйным беларускім нацыянал-дэмократызмам і шовінізмам усіх іншых колераў, з усякім адхіленьнем ад ленінскай політыкі ў нацпытаньні. КП(б)Б, а за ёй і ўся пролетарская грамадзкасьць, сарвалі маску з контррэволюцыйных беларускіх нацыянал-дэмократаў, паказалі іх сапраўдны твар.

Колёсальнейшая праца, праведзеная КП(б)Б, яшчэ ня скончана. Ворага трэба дабіваць да канца.

Прапанаваны зборнік мае ў сабе шэраг артыкулаў і дакумантаў, якія дапамогуць у змаганьні з беларускім контррэволюцыйным дэмократызмам. Усе яны зьмяшчаліся ў нашых газэтах і галоўным чынам цэнтральным органам КП(б)Б «Зьвяздой», - гэтым бязьлітасным змагаром за ленінскую нацыянальную політыку. Часам паасобныя артыкулы носяць эскізны характар, абумоўлены тым, што яны пісаліся ў самы разгар змаганьня, тым ня менш яны ўскрываюць сапраўдны твар беларускай контррэволюцыі і ў гэтым іх актуальнасьць.

Паасобныя вучасткі, закранутыя атрутнымі газамі беларускай нацдэмаўшчыны, патрабуюць больш пільнай дэзынфэкцыі, і гэтая дэзынфэкцыя ідзе штодзенна і ўпарта.

Гэты-ж зборнік мае на мэце ўзброіць першачарговымі сродкамі змаганьня. І ў гэтым яго вартасьць.

 

 

Сямён Вольфсон. Патрыёты «крыўскай» дзяржавы

 

Навуковыя работнікі Савецкай Беларусі з асаблівым абурэньнем адгукнуліся на паведамленьне аб контррэволюцыйнай дзейнасьці нацыянал-дэмократаў. Навуковыя работнікі БССР не ўпяршыню ўзьнімаюць голас свайго абуранага протэсту супроць шкоднікаў, контррэволюцыянэраў, змоўшчыкаў усякіх масьцей. Чаму-ж на гэты раз наша абурэньне асабліва рэзкае?

Перш за ўсё таму, што асобы, аб контррэволюцыйнай дзейнасьці якіх было апублікавана ў друку, выйшлі з нашага асяродзішча, з асяродзішча нашай профэсіянальнай організацыі - сэкцыі навуковых работнікаў БССР.

Андрэй Александровіч гэтымі днямі пісаў:

 

Злоўлены ў масках сучасных прыблуд

Шкоднікі слова і дзела.

 

Гэтыя «шкоднікі слова і дзела» доўгія гады працавалі разам з намі, яны супрацоўнічалі з намі - пад грымам адданасьці савецкай уладзе, пад маскай зацікаўленасьці ў нашым будаўніцтве.

Як Рамзіны і Громаны, Шэйны і Асадчыя, гэтыя паны мелі дзьве вопраткі-мантыі - парадных выступленьняў, красамоўных дэклярацый, урачыстых заяў і чорна-жоўтую спэцвопратку штодзеннай, дзелавой контррэволюцыйнай дзейнасьці.

На нашых сходах яны заўсёды былі ў гэтых чырвоных мантыях... Калі, напрыклад, адбываўся сход навуковых работнікаў Менску, прысьвечаны контррэволюцыйнай організацыі ўкраінскіх нацыяналістычных інтэлігентаў - процэсу «СВУ», якім патосам грамадзянскага абурэньня гучэлі прамовы іх беларускіх паплечнікаў. Некрашэвічы, Цьвікевічы, Лёсікі ня ведалі мяжы свайму абурэньню з поваду здрадніцтва Яфрэмавых і Нікоўскіх. Яны гаварылі аб дыктатуры пролетарыяту і патрабавалі самай суровай кары... Так бязьмежна крывадушна выступалі гэтыя паны ў масках адданасьці рэволюцыі і пролетарыяту. Гэтае самае было на пленуме СНР, прысьвечаным клясавай барацьбе на навуковым фронце. Контррэволюцыянэры жонглявалі імёнамі Маркса і Леніна, слоўцамі аб індустрыялізацыі, колектывізацыі і соцыялізьме. Савецкія маскі былі шчыльна насунуты.

Але часамі маскі выдавалі, яны крыху ссоўваліся і выяўляўся сапраўдны твар клясавага ворага. Так, на тым-жа пленуме Цьвікевіч кінуў сказ аб тым, што «мы» будзем вучыцца марксызму, калі «вы» будзеце вучыцца беларускай мове. Ластоўскі зазначыў, што ўрад ня выканаў свайго абяцаньня, - пабудаваць у Менску вызначаны ім, Ластоўскім, музэй і, нарэшце, Трамповіч паставіў пытаньне аб тым, калі-ж, нарэшце, нашым «грамадзкім дзеячом» перастануць напамінаць аб некаторых іх «памылках» (гутарка йшла аб такіх «памылках», як стварэньне белагвардзейскіх атрадаў...).

Так узьнімалася часамі моцна сядзеўшая гадамі маска.

Яшчэ больш паднімалася гэта маска ў часе вядомай лінгвістычнай дыскусіі, у якой катэдра марксызму-ленінізму БАН сутыкнулася з інстытутам мовы БАН.

Катэдра марксызму-ленінізму рубам паставіла пытаньне аб тым, што ў нашай лінгвістыцы праводзіцца політыка клясавага ворага. Мы выкрылі, што азначае орыентацыя тэй групы, якая монополізавала беларускую лінгвістыку на моўную «самабытнасьць». Мы паказалі, куды вядзе тэндзнцыя - выкрэсьліць беларускі пролетарыят з ліку фактараў словастварэньня. Мы вывелі на чыстую воду тэорыю спэцыфічнай клясавасьці беларускай мовы. Мы выкрылі клясавы сэнс беларускай шышкоўшчыны і паказалі, «куды растуць» пурысцкія экспэрымэнты нашых хавальнікаў моўнай чыстаты. Мы выявілі політычнае значэньне лінгвістычнай полёнізацыі. Мы паставілі «ў лоб» паном-акадэмікам рад «щекотливых» пытаньняў, з поваду ператварэньня «зямляробства» ў «рольніцтва», «колектыву» ў «суполку», «арцелі» ў «сябрыню», «эксплёатацыі» ў «вызыск», «бедняка» ў «злыдня», «пролетарыяту» ва «ўбоства» і г.д., і г.д.

І ў адказ мы нічога не пачулі, апрача асабістых выпадкаў крывадушных клятваў ленінскай нацыянальнай політыкай, шляхетнага абурэньня і крыўды, якую катэдра марксызму нанесла лінгвістычным аўторытэтам...

Гэта было ў парадку рэчаў:

 

Когда раскроется игра,

Как негодуют шулера.

Как кричат о чести

И благородной мести.

 

Але маскі паднімаліся толькі момантамі. Гадамі яны былі шчыльна надзеты і пад іх прыкрыцьцем вялася шкодніцкая праца на навуковым фронце.

Нацдэмы паставілі на службу контррэволюцыі рад навуковых дысцыплін ад гісторыі да антрополёгіі, ад літаратуразнаўства да этнографіі, яны стварылі з такіх органаў, як інстытут мовы БАН і ЦБ краязнаўства, свае сапраўдныя цытадэлі.

На прыкладзе аднэй толькі дысцыпліны - этнографіі - можна паказаць, як выкарыстоўвалі шкоднікі зброю навукі ў сваіх клясавых мэтах.

Сяму-таму будзе незразумелым, як можна ўцягнуць такую «акадэмічную» «бесстрастную» навуку, як этнографія, у клясавы вадаварот. Работа катэдры этнографіі, на чале якой стаіць Ластоўскі, разьвее такія сумненьні. Ластоўскаму ўдалося накіраваць усю энэргію катэдры этнографіі на тое, каб паказаць, што сучасная назва «Беларусь» - гэта назва «маскоўская», якую трэба замяніць «сапраўдным словам» - «Крывія». Ластоўскі ў якасьці рэдактара часопісу «Крывіч», які выходзіў у 1923-27 гг. у Коўне, абвяшчае баявы лёзунг: «Называючыся беларусамі, мы ня можам пачынаць нашай гісторыі... Толькі пад імем "крывічы" мы можам ісьці па шляху адраджэньня». Ластоўскі заяўляў: «Дзеля ўзросту беларускай нацыянальнай сьвядомасьці, абсолютна патрэбна прызнаньне і адчуваньне ўсебеларускай нацыянальнай еднасьці - політычнай - аб'яднаньне ўсіх беларускіх зямель у незалежную беларускую (крыўскую) дзяржаву» («Крывіч», 1925 г., № 9).

Так пісаў Ластоўскі ў эміграцыі, а яго падгалосак Шлюбскі пропагандаваў тыя-ж самыя ідэі на старонках савецкага часопісу - органу ЦБ краязнаўства - «Наш край». Шлюбскі вызначаў, што толькі ў часы рэволюцыйнага будаўніцтва ўкаранілася маскоўская назва - «Беларусь»...

Гэта чульлівая пераклічка белаэмігранцкага лідэра з супрацоўнікам Савецкай Беларускай акадэміі навук (тады Інстытут беларускай культуры) праходзіць даволі яўна. Шлюбскі шле артыкулы ў «Крывіч». Ён ставіць у іх «актуальныя» проблемы нашага будаўніцтва, накшталт наступнай: «першае-ж і самае даступнае паняцьце нацыянальнай еднасьці пасьля нацыянальнай мовы дасягаецца пры дапамозе рэлігіі. Вось утварэньне гэтай адзінай для ўсіх беларусоў рэлігіі павінна быць заданьнем кожнага беларуса, які ўсёй сваёй душой служыць беларускаму адраджэньню... Але тыя беларусы, у душы якіх мацнейшая нацыянальная сьвядомасьць за ўсякую гісторычную шалуду, павінны ўсімі сіламі імкнуцца да ўтварэньня беларускай аўтокефальнай хрысьціянскай царквы. Мы павінны рваць і з Рымам і з Масквой і тварыць сваю нацыянальную царкву»...

Так устанаўляў Ластоўскі «адзіны нацыянальны фронт», у якасьці рэдактара «Крывіч» - эмігранцкага часопісу - друкаваў артыкулы «савецкіх вучоных» - Шлюбскага, Мялешкі і інш., а потым у якасьці сакратара Савецкай акадэміі навук друкаваў артыкулы фашыста Станкевіча. Калі Ластоўскі быў дапушчаны да работы ў БССР, ён прывёз з сабою ўсе свае політычныя ўстаноўкі, увесь свой зоолёгічны нацыяналізм. Аб гэтым сьведчыць хаця-б наступны невялікі факт. Уся творчасьць Ластоўскага прасякнута зьвярынай нянавісьцю да Масквы. Заўсёды і ўсюды Ластоўскі імкнецца давесьці някультурнасьць, дзікасьць, нягоднасьць «маскалёў». І вось, выяжджаючы ў Савецкую Беларусь, робячыся грамадзянінам Савецкага Саюзу, Ластоўскі піша артыкул, у якім комічна даводзіць, што «маскалі» - гэта такі нягодны народ..., які нават рэволюцыі сам ня можа зрабіць... Вось што пісаў Ластоўскі ў гэтай «лебядзінай песьні» свайго эмігранцкага жыцьця: «Калі бальшавікі перамаглі ўжо і стварылі свой першы ўрад - "Раду Народных Комісараў", дык падзел урадавых абавязкаў наступіў такі: кіраўніцтва надзвычайнай комісіяй узяў віленец-паляк Дзяржынскі, комісарыят закордонных і вайсковых спраў - жыд Троцкі, комісарыят народнай асьветы - украінец Луначарскі, кіраўніцтва III Інтэрнацыяналам - жыд Зіноўеў, а старшынёй быў Ленін, расіец, але татарскага паходжаньня(!!)» Так пісаў, уяжджаючы ў Савецкі Саюз, Ластоўскі, і было надрукавана гэта ў 1927 г. у часопісі «Крывіч». Калі рэдактар «Крывіч» абярнуўся ў дырэктара катэдры этнографіі, у дырэктара Беларускага дзяржаўнага музэю і, нарэшце, неадменнага сэкратара Беларускай акадэміі навук, дык ён выкарыстоўваў усе сродкі навуковай дзейнасьці для таго, каб пры іх дапамозе апраўдаць і рэалізаваць устаноўкі, якія ён даваў у сваёй эмігранцкай часопісі. Апарат Беларускай акадэміі навук быў пастаўлены на службу гэтым устаноўкам. Закіпела работа вакол проблемы «волатаў», вакол проблемы «крывічкоў». Для гэтага памочнікі Ластоўскага, накшталт Касьпяровіча, друкавалі дзесяткі тысяч анкет, народны комісар асьветы Баліцкі надпісваў іх, а распаўсюджвалі гэтыя анкеты ўсе, хто «спачуваў», ад настаўніка з Калініншчыны, аж да славутага палкоўніка Езавітага ў Латвіі.

Брыгада катэдры марксызму-ленінізму сабрала вялізарны матэрыял, які паказвае, што і як рабіла катэдра этнографіі, на чале якой стаяў Ластоўскі. Т.т. Бабровіч, Шпілеўскі, Ляўданскі, Мацьвяёнак, Грынблят і інш. прарабілі ў гэтым напрамку вялікую работу.

Але катэдра этнографіі ня была адзінай у гэтым кірунку. Інстытут мовы, ЦБ краязнаўства, напрыклад, змогуць не бяз посьпеху спрачацца за контррэволюцыйнае пяршынства.

Мы спыніліся на ёй толькі ў якасьці ілюстрацыі. Гэта ілюстрацыя паказвае, які глыбокі прарыў на нашым навуковым фронце зрабілі нацдэмаўскія шкоднікі.

Абавязкам усіх адданых соцыялістычнаму будаўніцтву навуковых работнікаў БССР зьяўляецца мобілізацыя сваіх сіл на ліквідацыю гэтага прарыву. Навуковыя работнікі Савецкай Беларусі павінны давесьці і давядуць, што навуковая работа ў нашай рэспубліцы ня толькі не пацерпіць ад таго, што з нашых радоў у сьмяцьцёвую скрынку гісторыі выкінута некалькі полі[...?]антаў, якія выкарысталі ў сваіх клясавых мэтах савецкую навуку, а што іменна дзякуючы таму, энэргія і творчасьць работнікаў навукі будуць накіраваны на стварэньне нацыянальнай па форме і пролетарскай па зьмесьце беларускай культуры. Не «крывічамі», ня «волатамі», а проблемамі ўзьняцьця продукцыйных сіл нашай рэспублікі, яе індустрыялізацыі, колектывізацыі, яе сельскае гаспадаркі, вывучэньнем форм клясавай барацьбы ў рэконструкцыйны пэрыод, аналізам клясавай барацьбы ў гісторычным мінулым Беларусі і адлюстраваньня гэтага мінулага ў розных этнографічных, бытавых і іншых помніках, вывучэньнем беларускай пролетарскай літаратуры, тых гісторычных вытокаў, з якіх яна бярэ пачатак, дасьледваньнем літаратуры, адлюстраваўшай клясавыя адносіны дарэволюцыйнай Беларусі, проблемамі культурнай рэволюцыі - дзесяткамі іншых важнейшых пытаньняў будуць займацца вучоныя Савецкай Беларусі для таго, каб сваёй дзейнасьцю дапамагчы рабочай класе будаваць соцыялізм у нашай рэспубліцы. Паноў-жа, патрыётаў «крыўскай дзяржавы», якія зрабілі «беларускасьць» сваёй профэсіяй, менш за ўсё цікавіў экономічны і культурны рост Савецкай Беларусі. Для гэтых профэсіяналаў «беларускасьці» характэрна, што, напрыклад, Ластоўскі кваліфікаваў узмацненьне БССР як новыя падзелы Беларусі. Вялікая соцыялістычная будоўля, якую ажыцьцяўляе пролетарыят Савецкай Беларусі, разам з пролетарыятам усяго Савецкага Саюзу, зусім ня радавала патрыётычных сэрцаў профэсіяналаў «беларускасьці». Гэты ўдзел, як відаць, не адпавядаў самабытніцкаму, нацыянальнаму ідэалу - звычайная публіцыстычная проза нават пераставала ў такіх выпадках служыць сродкам для выяўленьня іх шляхетнага абурэньня, і яны ўзьнімаліся да поэтычнай мовы наступных радкоў Ластоўскага:

 

О, там гаротныя крыўцы

Ламалі косьці за чужую справу,

Сваёй крывёй і мазалём

Ішлі купляць чужынцам славу...

 

Так, будаўніцтва соцыялістычнай Беларусі сапраўды было для суўдзельнікаў бандыцкага «бацькі» Булак-Булаховіча «чужой справай»... Клясавы вораг на гэты раз сказаў праўду. Зьвернемся, аднак, да нашых задач. Ёсьць адна ўмова, якую павінны паставіць перад сабою для пасьпяховага ажыцьцяўленьня сваёй дзейнасьці нашы навуковыя работнікі - яна ў правільным правядзеньні ленінскай нацыянальнай політыкі. На даным этапе гэта значыць не дапускаць, каб на агенчыку нацдэмаўскай контррэволюцыі нагрэў свае рукі вялікадзяржаўны вялікарускі шовінізм. Блёк контррэволюцыйнага нацыянал-дэмократызму з вялікадзяржаўным шовінізмам - бясспрэчны факт. Нацдэмы вадзіліся ў свой час з самымі нізкапробнымі чорнасоценцамі, членамі «Саюзу рускага народу» тыпу Цьвяткова.

Яны «экспортавалі» сюды з эміграцыі такіх пасьлядоўных вялікадзяржаўнікаў, як Дурнаво. І той самы Ластоўскі пры ўсёй сваёй зьвярынай нянавісьці да «маскалёў» ня ўпускае выпадкаў салідарызавацца з дзедам рускіх чорнасоценцаў, анэкдотычным Ілавайскім; Шлюбскія і Касьпяровічы ідэалізуюць чорнасоценных русіфікатараў накшталт Шэйна і Лягунова, а разносы акадэміка Карскага, як відаць, былі дымавой заслонай, за якой заключаўся патрыётамі «крыўскай дзяржавы» саюз з рыцарамі «адзінай непадзельнай». Між іншым ня ў першы раз.

Усё гэта прымушае нас быць яшчэ больш на варце, цьвёрда памятаць, што палажэньне - вялікадзяржаўны шовінізм - галоўная небясьпека на даным этапе - гэта не хадзячы лёзунг, а констатаваньне важнейшага факту. У вялікадзяржаўнага шовінізму яшчэ даволі моцныя зубы... Яго прыхільнікі могуць прабаваць «спэкульнуць» на правале групы беларускіх нацыяналістычных інтэлігентаў. Узмацненьне і пашырэньне беларусізацыі будзе лепшым адказам вялікадзяржаўным спэкулянтам.

Мы будзем сумленна і настойліва будаваць Беларускую Соцыялістычную Савецкую Рэспубліку, якой хацелі здрадзіць і прадаць паны-патрыёты «крыўскай дзяржавы».


1930-1931

Тэкст падаецца паводле выдання: Супроць контррэволюцыйнага беларускага нацыянал-дэмократызму. Белдзяржвыдавецтва, 1931.
Крыніца: скан