Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша

Пераклаў і падаў выясненні Кс Др ПЁТР ТАТАРЫНОВІЧ

Пераклад: Рым — 1954

Новы Запавет
  Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша
    Раздзел 1
    Раздзел 2
    Раздзел 3
    Раздзел 4
    Раздзел 5
    Раздзел 6
    Раздзел 7
    Раздзел 8
    Раздзел 9
    Раздзел 10
    Раздзел 11
    Раздзел 12
    Раздзел 13
    Раздзел 14
    Раздзел 15
    Раздзел 16
    Раздзел 17
    Раздзел 18
    Раздзел 19
    Раздзел 20
    Раздзел 21
    Раздзел 22
    Раздзел 23
    Раздзел 24
    Раздзел 25
    Раздзел 26
    Раздзел 27
    Раздзел 28


Новы Запавет

Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша

 

Раздзел 1

1 Кніга радаводу Езуса Хрыста, сына Давідавага, сына Абрагамавага.

2 Абрагам спарадзіў Ізаака, Ізаак спарадзіў Якуба. Якуб спарадзіў Юду й братоў ягоных.

3 Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Тамары. Фарэс спарадзіў Эзрона, Эзрон спарадзіў Арама.

4 Арам спарадзіў Амінадаба. Амінадаб-жа спарадзіў Наасона. Наасон спарадзіў Сальмона.

5 Сальмон-жа спарадзіў Бооза ад Рагабы. А Бооз спарадзіў Обэд ад Рут.

6 Обэд спарадзіў Ессэ. А Ессэ спарадзіў Давіда караля. Давід-жа кароль спарадзіў Салямона з тае, што была Урыявай.

7 Салямон спарадзіў Робоама. Робоам спарадзіў Абію. Абія спарадзіў Асу.

8 Аса-ж спарадзіў Ёзафата. Ёзафат спарадзіў Ёрама. А Ёрам спарадзіў Озію.

9 Озія спарадзіў Ёатама. А Ёатам спарадзіў Ахаза. Ахаз-жа спарадзіў Эзэхію.

10 Эзэхія спарадзіў Манассэса. А Манассэс спарадзіў Амона, Амон-жа спарадзіў Ёзію.

11 А Ёзія спарадзіў Ехонія і братоў ягоных перад перамяшчэннем у Бабілён.

12 А пасьля перамяшчэння ў Бабілён Ехоні спарадзіў Салятіэля. Салятіэль-жа нарадзіў Зарабабэля.

13 А Зарабабэль спарадзіў Абіюда. Абіюд спарадзіў Эліакіма, Эліакім-жа спарадзіў Азора.

14 Азор спарадзіў Садока. А Садок спарадзіў Ахіма. Ахім спарадзіў Эліуда.

15 Эліуд спарадзіў Элеазара. Элеазар спарадзіў Матгана. А Матган спарадзіў Якуба.

16 Якуб спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, з якое нарадзіўся Езус, што называецца Хрыстус.

17 Гэтак усіх радоў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць. І ад Давіда да перамяшчэння Бабілёнскага радоў чатырнаццаць. І ад перамяшчэння ў Бабілён да Хрыстуса радоў чатырнаццаць.

18 А з нарадзінамі Хрыста было гэтак: Па заручынах Маці Ягонай Марыі з Язэпам, перад тым як сышліся, выявілася, што яна ўжэ мела ў сабе з Духа Святога.

19 Язэп-жа, ейны муж, быў чэсным, і ня хочучы яе знеслаўляць, маніўся сэкрэтна пакінуць яе.

20 Адыж яктолькі гэта падумаў, вось анел Божы з'явіўся, яму ўва сьне й сказаў: Язэпе, сыне Давідавы, ня бойся прыняць Марыю, тваю сужэнку, гэны бо засьнітак у ёй ёсьць з Духа Святога.

21 Вось-жа народзіць сына, і дасі імя яму Езус, ён бо збавіць людзей сваіх ад грахоў іхніх.

22 А ўсё гэта здарылася, каб збылося Госпадам сказанае праз прарока гаворачага:

23 "Вось дзяўчо меціме ў нутры сваім і народзіць сына, і дадуць імя яму Эммануэль" гэта знача: Бог з намі (Із. 7, 14).

24 Устаўшы зо сну Язэп зрабіў як загадаў яму анел Божы, і прыняў сваю сужэнку.

25 І не пазнаваў яе дакуль не нарадзіла сына свайго першароднага, і даў імя яму: Езус.

 

Раздзел 2

1 Дык калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні карала Гэрада, вось Мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерузалім

2 і кажуць: Дзе ёсьць што нарадзіўся кароль Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку ягону на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца яму.

3 Пачуўшы гэта кароль Гэрад, стрывожыўся, а з ім увесь Ерузалім.

4 І сабраўшы ўсіх старшых святараў і кніжнікаў народу, даведваўся ад іх, дзе меў Хрыстус нарадзіцца.

5 Яны-ж сказалі яму: У Бэтлееме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока (Міх. 5, 2).

6 "І ты, Бэтлееме, зямля Юдэйская, нічым ня меншы спаміж княстваў Юдэйскіх, бо з цябе выйдзе правадыр, што кіраваціме народ мой Ізраэльскі".

7 Тады Гэрад тайком паклікаўшы Мудрацоў, рупна выведаў ад іх час з'яўлення ім зоркі.

8 І пасылаючы іх у Бэтлеем, сказаў: Ідзеце й распытайце добра аб дзіцяці і, калі знойдзеце, паведамце мне, каб і я пайшоўшы, пакланіўся яму.

9 Яны, выслухаўшы караля, адыйшлі. І вось зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, йшла перад імі, аж пакуль прыйшоўшы ня супынілася над мейсцам, дзе было дзіця.

10 А ўбачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся надта вялікай радасцю.

11 І, ўвайшоўшы ў дом, знайшлі дзіця з ягонай маткай Марыяй і ўпаўшы, пакланіліся яму; ды адчыніўшы скарбы свае, ахвяравалі яму дары: золата, кадзідла й мірру.

12 І, атрымаўшы адказ у сьне, каб не вярталіся да Гэрада, іншай дарогай вярнуліся ў свой край.

13 Калі-ж яны ад'ехалі, вось анел Божы з'явіўся ў сьне Язэпу, кажучы: Устань, вазьмі дзіця і матку яго ды ўцякай у Егіпет і будзь там дакуль не скажу табе; бо Гэрад шукаціме дзіцяці, каб загубіць яго.

14 Ён, устаўшы, ўзяў уначы дзіцятка й матку ягону ды пайшоў у Егіпет.

15 І быў там аж да Гэрадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які гавора (Оз. 11. 1): "З Егіпту паклікаў я сына майго".

16 Тады Гэрад, бачачы, што мудрацы звялі яго, вельмі разгневаўся і, паслаўшы, выбіў ўсіх дзяцей, што былі ў Бэтлееме ды ў ва ўсіх аколіцах яго ад двух гадоў і ніжэй, згодна з часам, аб якім быў ад мудрацоў дапытаўся.

17 Тады збылося запавешчанае праз прарока Ерэмія (31-15), кажучага:

18 "Голас быў чутны ў Раме, пляць наўзрыд вялікі; Рахэля галосячая па дзецях сваіх не хацела суняцца, бо іх нямашака".

19 Па смерці-ж Гэрада, вось анел Госпадаў з'явіўся ў сьне Язэпу ў Егіпце

20 й кажа: Устань, вазьмі дзіцятка й матку ягону ды йдзі ў зямлю Ізраэляву, памярлі бо тыя, што шукалі душы дзіцяці.

21 Ён устаўшы, ўзяў дзяцятка й матку ягону ды прыйшоў у зямлю Ізраэляву.

22 Але пачуўшы, што ў Юдэі панаваў Архэляй на месцы бацькі свайго Гэрада, пабаяўся туды йсці й, перасцярэжаны ў сьне, пайшоў у межы Галілейскія.

23 І, прыйшоўшы, аселіўся ў месьце, званым Назарэт, каб споўнілася запавешчанае праз прарокаў: Назарэем будзе звацца. (Судз. 13. 5).

 

Раздзел 3

1 А ў гэныя дні прыйшоў Ян Хрысціцель, навучаючы ў пустыні Юдэйскай

2 і кажучы: Пакутуйце, бо наблізілася валадарства нябеснае.

3 Гэта бо той, аб якім гаварыў прарок Ізай (40, 3) кажучы: "Голас клічучага ў пустыні: рыхтуйце дарогу Усеспадара, прастуйце сцежкі Ягоны".

4 Сам-жа Ян меў адзежу з вярблюдавай шэрсці й раменны пояс на сваёй паясніцы, а ядою ягонай была жамяра і лясны мёд.

5 Тады выйходзіў да яго Ерузалім, і ўся Юдэя, і ўвесь край каля Ярдану,

6 і хрысціліся ў яго ў Ярдане, спавядаючыся з грахоў сваіх.

7 А бачачы многа фарызэяў і садуцэяў, якія йшлі да яго хрысціцца, казаў ім: Родзе гадавы, хто вам паказаў уцякаць ад надыходзячага гневу?

8 Чынеце-ж плод дастойны пакуты.

9 І ня важцяся гаварыць самы ў сабе: "Айца маем Абрагама", бо кажу вам, Бог можа з гэтых каменняў падняць сыноў Абрагаму.

10 Бо ўжэ й сякера да карэння дрэваў прыложана: дык кожная дзерава, якое не дае добрага плоду, будзе сцята й кінута ў вагонь.

11 Я то хрышчу вас вадою на пакуту, але той, што па мне прыйдзе, дужэйшы за мяне і я ня варт нясці абутак ягоны. Ён вас хрысціціме ў Духу Святым ды ў вагні.

12 Веялка яго ў руцэ ягонай і ачысціць свой ток, і збярэ пшаніцу сваю ў сверан, а мякіну спаліць агнём няўгасным.

13 Тады прыйшоў Езус з Галілеі на Ярдан, да Яна, каб у яго хрысціцца.

14 Адыж Ян не дапускаў яго, кажучы: Я павінен быць ахрышчаны табою, а ты прыходзіш ка мне?

15 Але Езус сказаў яму ў вадказ: Пакінь цяпер, бо гэтак нам выпадае споўніць усю справядлівасць. Тады дапусціў яго.

16 І ахрышчаны Езус зараз-жа выйшаў з вады – і вось адчынілася яму неба і ўвідзеў Духа Божага, які спускаўся, бы голуб, і зыходзіў на яго.

17 А вось голас з неба гаворачы: Гэта сын мой мілы, ў якім маю ўпадобу.

 

Раздзел 4

1 Тады Езус быў заведзены Духам у пустыню дзеля спакусы ад нячыстага.

2 А калі прапасціў сорак дзён ды сорак ночаў, потым пачуў голад.

3 І прыступіўшы спакуснік сказаў яму: Калі ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменні сталіся хлебам.

4 Ён-жа ў адказ сказаў яму: "Не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, выходзячым з вуснаў Божых" (Пт. Пр. 8, 3).

5 Тады ўзяў яго нячысты ў святы горад і паставіў яго на крыле святыні,

6 ды сказаў яму: Калі ты Сын Божы, кінься ўніз; бо ёсьць напісана: «Што анёлам сваім загадаў аб табе і на руках панясуць цябе каб часам ня ўдарыў аб камень нагі свае» (Пс. 90, 11-12).

7 Сказаў яму Езус: Такжа ёсьць напісана: « Не спакушай Бога Усеспадара твайго» (Пт. Пр. 6, 16).

8 Ізноў бярэ яго нячысты на гару вельмі высокую й паказвае яму ўсе валадарствы свету і славу іхнюю

9 ды кажа яму: Дам табе ўсё гэта, калі ўпаўшы паклонішся мне.

10 Тады сказаў яму Езус: Адыйдзі, шатан! Напісана бо: «Усеспадару Богу твайму кланяйся і яму аднаму служы» (Пт. Пр. 6, 13).

11 Тады пакінуў яго д'ябал – і вось анёлы прыступілі й служылі яму.

12 Дачуўшыся Езус, што Ян быў выданы, адыйшоў у Галілею

13 і, пакінуўшы места Назарэт, прыйшоў і асеў у Кафарнауме прыморскім, у граніцах Забулён і Нэфталім,

14 каб споўнілася сказанае прарокам Ізаіям (9. 1-2):

15 "Зямля Забулён і зямля Нэфталім, дарога прыморская за Ярданам, паганская Галілея!

16 Народ, што сядзеў у цемры, ўгледзеў святло вялікае і тым, што сядзелі ў краіне ценю сьмерці, яснасьць зазьзяла".

17 З таго часу пачаў Езус абвяшчаць і казаць: пакутуйце, бо прыблізілася валадарства нябеснае.

18 А праходзячы каля мора Галілейскага, Езус убачыў двух братоў, Сымона, званага Пятром, і Андрэя брата ягонага, закідаючых сеці ў мора, былі бо рыбакамі

19 і сказаў ім: Ідзеце за мною, а я зраблю вас рыбакамі людзей.

20 І яны зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім.

21 А йдучы адтуль далей, убачыў двух другіх братоў: Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, з іхнім бацькам, Зэбэдэем, у лодцы правячых свае сеці, і паклікаў іх.

22 А яны вoміг, пакінуўшы сеці й бацьку, пайшлі за ім.

23 І абходзіў Езус усю Галілею, навучаючы ў іхніх бажніцах і абвяшчаючы эванэлію валадарства й аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.

24 І разыйшліся чуткі аб ім па ўсёй Сырыі і прыносілі да яго ўсіх нядужых, апанаваных рознымі хваробамі й прыпадкамі, і маючых нячыстых, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і аздараўляў іх.

25 І йшлі за ім вялікія грамады з Галілеі, і Дэкаполю, і з Ерузаліму, і з Юдэі, і з-за Ярдану.

 

Раздзел 5

1 А бачачы грамады, ўзыйшоў Езус на гору і, калі сеў, падыйшлі да яго вучні ягоны

2 і ён, адчыніўшы вусны свае, навучаў іх, кажучы:

3 Багаслаўлёны ўбогія духам, іх бо ёсьць валадарства нябеснае.

4 Багаслаўлёны ціхія, бо яны заўладаюць зямлёю.

5 Багаслаўлёны плачучыя, бо яны будуць пацешаны.

6 Багаслаўлёны, што прагнуць і смагнуць справядлівасці, бо яны будуць насычаны.

7 Багаслаўлёны міласэрныя, бо яны самы міласэрдзя даступяцца.

8 Багаслаўлёны чыстыя сэрцам, бо яны Бога аглядацімуць.

9 Багаслаўлёны чынячыя згоду, бо яны будуць названы Божымі сынамі.

10 Багаслаўлёны, што праслед церпяць за праўду, іхняе бо ёсьць валадарства нябеснае.

11 Багаслаўлёны вы, калі зняважацімуць вас, і праследавацімуць, і ўсякае благоцце вымахлёўваць будуць дзеля мяне:

12 цешцеся й весялецеся, заплата бо ваша ў небе вялікая; бо гэтак праследавалі прарокаў, што былі перад вамі.

13 Вы соль зямлі, калі-ж соль звятрэе, то чым зробіш яе салонаю? Яна не знадобная ні на вошта, як толькі выкінуць пад ногі.

14 Вы святло свету; ня можа схавацца горад, стаячы на гары.

15 І, запаліўшы свечку, ня ставяць яе пад судзінай, але на ліхтары, каб свяціла ўсім, хто ёсьць у доме.

16 Хай святло вашае свеціць перад людзьмі так, каб яны бачылі вашы добрыя чыны і славілі Айца, які ёсьць у небе.

17 Ня думайце, што я прыйшоў скасаваць Закон ці прарокаў; ня прыйшоў я касаваць, але выпаўніць.

18 Сапраўды-ж кажу вам: пакуль не праміне неба й зямля, не адменіцца аніводна ёта, ніводна рыска ў Законе, пакуль усё не станецца.

19 Дык хто-б нарушыў адно з гэтых найменшых прыказанняў і так-бы навучаў людзей, той найменшым называцімецца ў валадарсьцьве нябесным; а хто споўніць ды навучыць, той будзе названы вялікім у валадарсьцьве нябесным;

20 Бо кажу вам, калі справядлівасьць ваша ня будзе буйнейшай, чым кніжнікаў і фарызэяў, ня ўвойдзеце ў каралеўства нябеснае.

21 Вы чулі што сказана старадаўным: "Не забівай, а хто-б забіў, падпадзе пад суд" (Выйсьц. 20, 13).

22 А я вам кажу, кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду, а хто-б сказаў на брата свайго "нягоднік", будзе падлеглы суду найвышэйшаму, а хто-б сказаў "бязбожнік" будзе падлеглы пякельнаму агню.

23 Дык калі ты прынясеш дар свой да аўтара і там прыпомніш, што брат твой нешта мае проціў цябе,

24 пакінь там перад аўтаром свой дар ды йдзі перш пагадзіся з братам сваім, а тады вярнуўшыся ахвяруеш дар свой.

25 Гадзіся з сваім праціўнікам скора, пакуль яшчэ з ім у дарозе, каб часам супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе ды каб не пасадзілі цябе ў вастрог.

26 Сапраўды кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга шэлягу.

27 Чулі вы, што сказана старадаўным: "Ня чужалож" (Выйсц. 20, 14),

28 а я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну, каб пажадаць яе, ужэ саграшыў з ёю ў сэрцы сваім.

29 Каліж правае вока тваё ўводзіць цябе ў грэх, вырві яго і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб згінуў адзін з тваіх чэлесаў, чымся ўсё цела тваё мела быць кінута ў пекла.

30 І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе й кінь ад сябе, бо лепей табе, каб згінуў адзін з тваіх чэлесаў, чымся ўсё цела тваё мела йсці ў пекла.

31 І сказана такжа: "Хто-б пакідаў жонку сваю, хай дасьць ёй разводны ліст" (Паўт. Пр. 24, 1),

32 а я вам кажу, што кожны, хто-б жонку сваю пакінуў, акрамя прычыны чужалоства, даводзіць яе да чужалоства, а хто-б ажаніўся з пакіненай, чужаложыць.

33 Вы чулі яшчэ, што сказана старадаўным: "Ня прысягай на няпраўду, але спаўняй перад Богам твае прысягі" (Левіт. 19, 12).

34 А я вам кажу: зусім ня прысягайце — ані на неба, бо яно трон Божы,

35 ані на землю, бо яна падножжам ног ягоных, ані на Ерузалім, бо ён горад вялікага караля.

36 І ня прысягай на галаву сваю, бо ня можаш аніводнага воласа зрабіць белым, або чорным.

37 Але ваша мова хай будзе: "так, так", "не, не", а што больш таго, тое ад злога.

38 Вы чулі як сказана: "Вока за вока, а зуб за зуб" (Выйсц. 21, 24).

39 А я вам кажу: ня супраціўляйцеся злому, але калі хто ўдэрыць цябе ў правую шчаку, настаў яму й другую,

40 а таму, хто хоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе тваю сарочку, аддай яму й вопратку,

41 і хто-б прымушаў цябе ісьці тысячу крокаў, ідзі з ім і дзве.

42 Просіць у цябе хто, дай яму, і ад хочучага ў цябе пазычыць не адвяртайся.

43 Вы чулі, што сказана: "Любі свайго бліжняга, а ненавідзь ворага твайго" (Левіт. 19, 18).

44 А я вам кажу: Любеце ворагаў вашых, рабеце дабро тым, хто ненавідзіць вас і малецеся за тых, што праследуюць і чэрняць вас,

45 каб вы былі сынамі Айца вашага, каторы ёсьць у небе, каторы загадвае сонцу свайму ўсходзіць над добрымі й благімі ды пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.

46 Бо калі вы любіце тых, што вас любяць, якуюж нагароду мецімеце? Ціж ня робяць гэтага й кунойміты?

47 І калі вітаецеся толькі з братамі сваімі, то штож асабліўшае робіце? Ціж ня робяць гэтага й пагане?

48 Дык будзьце дасканальны, як і Айцец ваш нябесны дасканальны ёсць.

 

Раздзел 6

1 Высьцерагайцеся даваць субожыну вашу перад людзьмі, каб яны бачылі вас, ато ня будзеце мець нагароды ад Айца вашага, што ёсьць у небе.

2 Дык ты, калі абдараеш, ня трубі перад сабою, як гэта робяць крывадушнікі ў бажніцах і на вуліцах, каб хвалілі іх людзі. Сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю заплату.

3 А ты, як робіш дарэнне, хай левая рука твая ня ведае, што робіць правая,

4 каб дарэнне тваё было ў скрытнасьці, і Айцец твой, які бачыць у скрытнасьці, аддасьць табе.

5 І калі моліцеся, ня будзьце, як крывадушнікі, якія любяць у бажніцах і на вуглох вуліц стоячы маліцца, каб іх людзі бачылі; сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю нагароду.

6 А ты як молішся, ўвайдзі ў сьвятліцу сваю і, зачыніўшы дзьверы, маліся да Айца твайго ў скрытнасьці і Айцец твой, які бачыць утоенае, аддасьць табе.

7 А молячыся не гаварэце лішне, як пагане, бо яны думаюць, што ў многаслоўі сваім будуць выслуханы.

8 Ня будзьце падобны да іх, бо ваш Айцец ведае, чаго вам трэба, перш, чым у яго папросіце.

9 Малецеся-ж вось гэтак: Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё,

10 прыдзі валадарства Тваё, будзь Твая воля, як у небе, так і на зямлі.

11 Хлеба нашага штодзеннага дай нам сяння.

12 і адпусьці нам віны нашы, як і мы адпушчаем вінаватым нашым

13 і ня ўводзь нас у пакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.

14 Бо калі вы адпусьціце людзям віну іхнюю, то і вам адпусьціць Айцец ваш нябесны праступкі вашы.

15 А калі не даруеце людзям, то і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.

16 А як посьціце, ня будзьце, як крывадушнікі, гмырлівыя, бо яны насупліваюць сваё аблічча, каб паказацца перад людзьмі, што посьцяць. Папраўдзі кажу вам, яны дасталі нагароду сваю.

17 А ты, калі посьціш, намасьць галаву сваю ды абмый твар свой,

18 каб ня людзям паказацца посьцячым, але Айцу свайму, які ёсьць у скрытнасьці, і Айцец твой, што відзіць у скрытнасьці, аддасьць табе.

19 Ня збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе іржа і моль з'ядае, ды дзе зладзеі падкопваюць і крадуць,

20 але збірайце скарбы ў небе, дзе ані іржа, ані моль ня глуміць і дзе зладзеі не крадуць.

21 Бо дзе скарб твой, там і сэрца тваё.

22 Светачам цела твайго ёсьць тваё вока. Калі вока тваё будзе шчырае, то ўсё цела тваё будзе сьветлае.

23 А калі вока тваё будзе нягоднае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Дык калі сьвятло, што ў табе, ёсьць цемрай, то якая-ж вялікая будзе сама цемра?

24 Ніхто ня можа двом паном служыць, бо або аднаго ненавідзеціме, а другога любіціме, або да аднаго прыхінецца, а другога зняхаіць. Ня можаце Богу служыць і мамоне.

25 Вось чаму і кажу вам: ня журэцеся аб жыцьці вашым што будзеце есьці, ані аб целе вашым у вошта адзецца. Ці-ж душа не важнейшая за пажыву, а цела за адзежу?

26 Паглядзеце на птушкі нябесныя, што ня сеюць, ані жнуць, ані збіраюць у сьверні, адыж Айцец ваш нябесны корміць іх. Ці-ж вы ня варты многа болей за іх?

27 Дый хто з вас можа сваёю турботай дадаць да ўласнага ўзросту адзін локаць?

28 І аб адзенні нашто турбавацца? Гляньце на лілеі ў полі, як яны растуць: не працуюць, не прадуць;

29 а я вам кажу, што і Салямон ва ўсёй славе сваёй ня быў гэтак адзеты, як адна з іх.

30 Калі-ж палявую траву, якая сяння ёсьць, а заўтра кідаецца ў печ, Бог так адзяе, то куды болей вас малаверных?

31 Дык не клапацецеся, кажучы: "Што будзем есьці, або што будзем піць, ці ў вошта адзявацімемся?"

32 бо ўсяго гэтага пагане шукаюць. Дый Айцец ваш ведае, што ўсяго гэтага вам патрэба.

33 Дык шукайце перш валадарства Божага й справядлівасьці яго, а гэнае ўсё будзе вам дададзена.

34 Вось-жа ня турбуйцеся пра заўтрашняе, бо заўтрашні дзень сам аб сабе турбавацімецца. Хопіць на кожын дзень свае бяды.

 

Раздзел 7

1 Ня судзеце, каб вас ня судзілі.

2 Бо якім судом вы судзіце, такім і вас судзіцімуць, ды якой меркай вы адмерыце такой і вам адмерыцца.

3 Чаму-ж гэта ты бачыш стрэмку ў воку брата твайго, а палена ў сваім воку ня відзіш?

4 Або як ты скажаш свайму брату: "Дай я выйму стрэмку з вока твайго", адыж у воку тваім палена.

5 Крывадушнік, выкінь перш палена з собскага вока, а тады ўгледзіш, як дастаць стрэмку з вока брата твайго.

6 Не давайце таго, што сьвятое, сабакам і ня кідайце пэрлаў сваіх перад сьвіньнямі, каб часам не патапталі іх сваімі нагамі ды, адвярнуўшыся, не разарвалі вас.

7 Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайце й будзе вам адчынена.

8 Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знайходзіць; а таму, хто стукае, адчыняць.

9 Або, ці ёсьць між вамі такі чалавек, які свайму сыну просячаму хлеба, даў-бы камень?

10 Ці, калі-б папрасіў рыбы, даў-бы, яму зьмяю?

11 Вось-жа калі вы, будучы благімі, ўмееце даваць добрыя дары дзецям сваім, наколькі болей ваш Айцец, што ёсьць у небе, дасьць добрае у Яго просячым!

12 Дык усё, што толькі вы задаеце, каб вам людзі рабілі і вы ім рабеце; гэта бо закон і прарокі.

13 Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама й прасторны ёсьць шлях, што вядзе на загубу, і шмат хто імі ўвайходзіць.

14 Як-жа цесная брама і вузкая дарога, якая вядзе да жыцьця і мала такіх, што знайходзяць яе!

15 Сцеражэцеся прарокаў-ілгуноў, якія прыйходзяць да вас у авечай шкуры, а ўнутры яны ваўкі рвучыя.

16 Па іхніх пладох пазнаеце іх. Ці-ж збіраюць з цярніны вінаград, або з асоту фігі?

17 Гэтак усякае добрае дзерава дае добрыя плады, а благое дзерава дае благія плады.

18 Ня можа добрае дзерава даваць благіх пладоў ані благое дзерава даваць добрых пладоў.

19 Усякае дзерава, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў вагонь.

20 Дык па іхніх пладох пазнаеце іх.

21 Ня ўсякі, хто мне кажа: «Госпадзе,Усеспадару», увойдзе ў валадарства нябеснае, але хто спаўняе волю Айца майго, каторы ёсьць у небе той увойдзе ў валадарства нябеснае.

22 Многія скажуць мне ў той дзень: "Усеспадару, Усеспадару, ціж не тваім імям прарочылі мы, ціж не тваім імям нячысьцікаў выганялі, ці-ж не тваім імям шмат цудаў дзеелі?"

23 І тады выскажу ім: я ніколі ня знаў вас, адыйдзеце ад мяне вы, што творыце нягоднасьць.

24 Вось-жа кожны, хто слухае гэтых слоў маіх і выпаўняе іх будзе прыраўняны да чалавека мудрага, які збудаваў дом свой на камені.

25 І лінуў дождж, і разліліся рэкі, і ўзняліся вятры ды хлынулі на дом той – адыж ня ўпаў ён, бо быў пастаўлены на камені.

26 А ўсякі, хто слухае гэтых слоў маіх ды ня выпаўняе іх, будзе падобны да чалавека неразумнага, што пабудаваў дом свой на пяску.

27 І пусьціўся дождж; і прыбылі рэкі, і сарваліся вятры ды рынулі на дом гэны – і заваліўся ён, а вялікая была яго руіна.

28 І сталася, калі скончыў Езус гэтыя словы, грамады не маглі надзівіцца з навукі ягонай.

29 Бо ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як іхнія кніжнікі і фарызэі.

 

Раздзел 8

1 Калі-ж-зыйшоў з гары, пайшла за ім вялізная грамада.

2 І вось запракажаны, падыйшоўшы, кланяўся яму, кажучы: Усеспадару, калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.

3 Езус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і кажа: Хачу, будзь ачышчаны. І зараз-жа была ачышчана ягоная праказа.

4 І сказаў яму Езус: Глядзі, нікому не расказвай, але йдзі пакажыся сьвятару ды ахвяруй дар, які загадаў Майзей, на пасьветчанне ім.

5 Калі-ж увайшоў у Кафарнаум, падыйшоў да яго сотнік, просячы яго

6 і кажучы: Усеспадару, слуга мой ляжыць дома спараліжаваны й цяжка мучыцца.

7 І сказаў яму Езус: Я прыйду й аздараўлю яго.

8 А сотнік, адказваючы, гавора: Усеспадару, я ня варт, каб ты ўвайшоў пад мой дах, але скажы толькі словам і аздаравее слуга мой.

9 Бо і я чалавек пастаўлены пад уладай, маючы пад сабою вояў, і кажу аднаму: "Ідзі" – і ён ідзе, а другому: "Прыйдзі" - і ён прыйходзіць, ды слузе майму: "Рабі гэта" – і ён робіць.

10 А, пачуўшы Езус, здзівіўся й сказаў да тых, што йшлі за ім: Сапраўды кажу вам, не знайшоў я гэткае вялікае, веры ў Ізраэлю.

11 І кажу вам, што многія прыйдуць з усходу ды засядуць з Абрагамам, Ізаакам і Якубам у каралеўстве нябесным,

12 а сыны каралеўства будуць выкінуты ў цемру надворную, там будзе плач і скрыгот зубоў.

13 І сказаў Езус сотніку: Ідзі, як ты ўверыў, так табе хай і станецца. І ачуняў слуга ў тую гадзіну.

14 А як прыйшоў Езус у дом Пятра, убачыў цешчу ягону, ляжачую ў гарачцы,

15 і дакрануўся да ейнай рукі й пакінула яе гарачка, і яна устала й паслугоўвала ім.

16 Калі-ж настаў вечар, шмат напрыводзілі да яго абянтэжаных злым духам. І выганяў духаў словам ды аздараўляў хворых усіх,

17 каб споўнілася, што было сказана праз Ізаю прарока, які кажа: "Ён прыняў нашы немачы й насіў нашыя хваробы" (53, 4).

18 Відзячы-ж навокал сябе шмат народу, загадаў Езус пераплыць на другі бок мора.

19 І падыйшоўшы адзін кніжнік, сказаў яму: Вучыцелю, пайду за табою, куды-б ты ні пайшоў.

20 І сказаў яму Езус: Лісы маюць норы і птушкі нябесныя гнёзды, а Сын чалавечы ня мае дзе галавы прытуліць.

21 Другі-ж з вучняў ягоных сказаў яму: Усеспадару, дазволь мне перш пайсьці й пахаваць бацьку майго.

22 А Езус сказаў яму: Ідзі за мною і пакінь умерлым хаваць сваіх нябожчыкаў.

23 І калі ён увайшоў у лодку, паўходзілі за ім і вучні ягоныя.

24 І вось усхадзілася вялікая бура на моры, аж лодку хвалі залівалі, а ён спаў.

25 Тады прыступілі да яго вучні і збудзілі яго, кажучы: ратуй нас Усеспадару, гінем!

26 І кажа ім Езус: Чаго вы гэтак баіцеся, малаверлівыя? Тады ўстаўшы, загадаў вятром і мору й зрабілася вялікая цішыня.

27 І, дзівячыся, людзі гаварылі: Хто ён такі, што і вятры і мора слухаюць яго?

28 Калі-ж пераплыў на другі бераг у краіну Гэразэнаў, насустрэч яму выбеглі з магілаў два маючыя дзябальства, вельмі лютыя, так што ніхто не адважваўся прайходзіць тою дарогай.

29 І вось яны закрычалі: што табе да нас, Езусе, Сыне Божы? Прыйшоў ты сюды перадчасна мучыць нас?

30 А недалёка ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней.

31 Дык чэрці прасілі яго: Калі згэтуль нас выганяеш, пашлі нас ў гэны гурт сьвіней.

32 І сказаў ім: Ідзеце. Яны-ж, выйшаўшы, ўвайшлі ў свінне. І вось усенькі гурт кінуўся стрымгалоў у мора і захлынуўся вадою.

33 Пастухі-ж паўцякалі й, прыйшоуўшы ў горад, расказалі аб усім ды аб тых, што мелі нячысьцікаў.

34 І вось увесь горад выйшаў насустрэч Езусу ды, ўбачыўшы яго, прасілі, каб адыйшоў ад іхніх рубяжоў.

 

Раздзел 9

1 І ўвайшоўшы ў лодку, пераплыў назад і прыйшоў у свой горад.

2 І вось прынясьлі к яму спараліжаванага, ляжачага на пасьцелі. А Езус, бачачы іхню веру, сказаў паралітыку: Надзейся, сыне, адпушчаюцца табе грахі твае.

3 Тады некаторыя з кніжнікаў сказалі самы ў сабе: Ён блюзьніць.

4 Езус-жа, бачачы іхнія думкі, сказаў: Чаму вы думаеце благое ў сэрцах вашых?

5 Што бо лягчэй сказаць: "Адпушчаюцца табе грахі твае", ці сказаць: "Устань ды хадзі"?

6 Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі, — тады кажа спараліжаванаму: Устань, вазмі пасьцель тваю ды йдзі ў дом твой.

7 І ўстаў ды пайшоў у дом свой.

8 Грамады-ж, бачачы гэта, праняліся страхам і славілі Бога, які даў людзям такую ўладу.

9 І калі Езус ішоў адтуль, убачыў чалавека, сядзячага ля куноймітні, імянем Матауш. І сказаў яму: Ідзі за мною. І ён, устаўшы, пайшоў за ім.

10 І здарылася, калі ён сядзеў за сталом у доме, вось многія кунойміты й грэшнікі, прыйшоўшы, паселі за стол з Езусам і вучнямі ягонымі.

11 А, бачачы гэта, фарызэі казалі вучням ягоным: Чаму з грэшнікамі й куноймітамі есьць ваш вучыцель?

12 Езус-жа, пачуўшы, сказаў: Ня трэба здаровым лекара, але хворым.

13 Ідзецеж і навучэцеся, што значыць: «Міласэрдзя хачу, а не ахвяры». Бо я ня прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшных.

14 Тады прыступіліся да яго вучні Янавы, кажучы: Чаму мы і фарызэі часта посьцім, а твае вучні ня посьцяць?

15 І сказаў ім Езус: Ці-ж могуць сумаваць вясельныя госьці, пакуль малады з імі? Во, як прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога – тады пасьціцімуць.

16 Адыж ніхто на старую вопратку не кладзе латы сукна сырога, яна бо рве вопратку й робіцца горшая дзіра.

17 І ня ўліваюць новага віна ў мяхі старыя, ато мяхі прарвуцца й віно разліваецца й мяхі прапашчыя. Але новае віно ўліваюць у мяхі новыя, дык уцалее й адно й дрогое.

18 Калі ён гаварыў ім гэта, вось падыйшоў адзін старшы і кланяўся яму, кажучы: Усеспадару, дачка мая толькі-што памерла, але прыйдзі, ўзлажы на яе руку тваю і будзе жыць.

19 І, ўстаушы, пайшоў за ім Езус і вучні ягоны.

20 І вось жанчына, што дванаццаць год хварэла на крывацечу, падыйшла ззаду й дакранулася да краю вопраткі ягонай.

21 Казала бо сама сабе: як дакрануся да яго вопраткі, буду здарова.

22 А Езус, абярнуўшыся і ўгледзеўшы яе, сказаў: Надзейся, дачка, вера твая цябе ўратавала. І жанчына стала здаровай ад тае гадзіны.

23 І калі прыйшоў Езус у дом старшага ды ўгледзеў жалейнікаў і галосячую сумятніў, сказаў

24 Адступецеся, дзяўцынка бо ня ўмерла, толькі спіць. І насьмяхаліся з яго.

25 Калі-ж выправілі народ, увайшоў, узяў яе за руку – і дзяўчынка устала.

26 І разыйшлася аб гэтым чутка па ўсёй той краіне.

27 А калі Езус прайходзіў адтуль, ішло за ім двух сьляпых і крычала кажучы: Зжалься над намі, Сыне Давідавы!

28 А як увайшоў у дом, прыступіліся да яго сьляпыя. І кажа ім Езус: Ці верыце вы, што я вам магу гэта зрабіць? Кажуць яму: Але, Усеспадару.

29 Тады дакрануўся да іхніх вачэй і гавора: Хай вам станецца паводле веры вашай.

30 І адчыніліся вочы іх. А Езус прыгразіў ім, кажучы: Глядзеце-ж, каб ніхто ня ведаў.

31 Яны-ж, выйшаўшы, расславілі яго па ўсёй той краіне.

32 Калі-ж тыя выйшлі, вось прывялі да яго нямога чалявека, маючага дзябальства.

33 І як-толькі быў выгнаны дзябал, нямы прагаварыў, а грамада дзівілася, гаворачы: ніколі ня бывала гэтага ў Ізраэлю.

34 А фарызэі гаварылі: Ён выганяе дзяблаў сілай князя дзябальскага.

35 І хадзіў Езус па ўсіх гарадох і вёсках, навучаючы ў іхніх бажніцах ды абвяшчаючы эванэлію валадарства й аздараўляючы ўсякую хворасьць і ўсякую немач.

36 Гледзячы-ж на грамады шкадаваў іх, былі бо зняможаны й ляжалі, як авечкі, ня маючыя пастыра.

37 Тады сказаў сваім вучням: Жніва-то вялікае, да работнікаў мала,

38 дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на сваё жніво.

 

Раздзел 10

1 І склікаўшы дванаццаць сваіх вучняў, даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лячыць усякую хваробу і ўсякую немач.

2 А імёны дванаццацёх апастолаў вось гэткія: Першы Сымон, які завецца Пятром, і Андрэй, брат ягоны;

3 Якуб Зэбэдэяў і Ян, брат яго; Філіп і Баўтрамей, Тамаш і Матауш кунойміт; Якуб Альфэяў і Тадауш;

4 Сымон Кананэец ды Юдаі Іскарыёт, які яго й выдаў.

5 Гэтых дванаццацёх паслаў Езус, загадваючы й кажучы: На дарогу паганаў ня ўзыходзьце і ў гарады самарытанаў не ўваходзьце,

6 але йдзеце лепш да загінуўшых авец з дому Ізраэлевага.

7 А йдучы прапаведуйце, кажучы, што прыблізілася валадарства нябеснае.

8 Аздараўляйце хворых, ускрашайце мяртвых, ачышчайце запаветраных, дзяблаў выганяйце. Дарма вы атрымалі, дарма й давайце.

9 Ня мейце золата, ані серабра, ані грошай у паясох вашых,

10 ані торбы ў дарозе, ані дзвёх адзежын, ані абутку, ані кія; годзен бо работнік пражытку свайго.

11 А ў які-б горад, або сяло вы не ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім дастойны – там і аставайцеся пакуль ня выйдзеце.

12 Уходзячы-ж у дом, прывітайце яго, кажучы: Спакой дому гэтаму.

13 І калі той дом варты будзе, супакой ваш зыйдзе на яго, а калі ня будзе варты, супакой ваш вернецца к вам.

14 А калі-б хто ня прыняў вас ды ня слухаў слоў вашых, выходзячы з дому, або места, абтрасеце пыл з ног вашых.

15 Сапраўды кажу вам: Лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень суду, чым месту таму.

16 Вось я пасылаю вас, як авец міжы ваўкі; дык будзьце мудрыя, моў змеі, а як галубы простыя.

17 І сьцеражэцеся людзей, бо яны аддавацімуць вас у суды і будуць бічаваць вас у сваіх бажніцах,

18 і да начальства, ўладароў, павядуць вас дзеля мяне, на свядоцтва ім і паганам.

19 Калі-ж выдадуць вас, не клапацецеся, як і што маеце гаварыць, у тую бо часіну будзе вам дадзена што сказаць.

20 Бо ня вы тые, што гаворыце, але Дух Айца вашага у вас гаварыціме.

21 І выдасьць на сьмерць брат брата, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў ды зробяць ім сьмерць.

22 І будуць усе ненавідзець вас дзеля майго імяні, адыж хто да канца вытрывае, той будзе збаўлёны.

23 Калі-ж будуць прасьледаваць вас у гэтым месьце, уцякайце у другое; сапраўды кажу вам: ня скончыце мест Ізраэлявых, як Сын чалавечы прыйдзе.

24 Вучань ня ёсьць вышэйшы за вучыцеля, і слуга ня вышэй гаспадара свайго.

25 Даволі для вучня быць, як ягоны вучыцель, а для слугі – як гаспадар яго. Калі гаспадара абазвалі Бэльзэбубам, куды болей хатніх ягоных.

26 Адыж ня бойцеся іх; няма бо нічога сукрытага, што-б ня выявілася, і таёмнага, што-б ня, сталася ведамым.

27 Што я вам кажу ў цемры, вы тое гаварэце пры сьвятле, і што на вуха чуеце, абвяшчайце на дахах.

28 Ды ня бойцеся тых, што цела забіваюць, а душы забіць ня могуць, але бойцеся болей таго, хто можа і душу і цела загубіць у пекле.

29 Ціж не прадаюць за медзяка двух вераб'ёў? І ніводзін з іх не упадзе на землю без Айца вашага.

30 Вашыя-ж валасы на галаве ўсе палічаны.

31 Дык ня бойцеся – вы лепшыя за многіх вераб'ёу.

32 Вось-жа кожны, хто мяне прызнае перад людзьмі, прызнаю і я яго перад Айцом маім, каторы ёсьць у небе.

33 А хто адрачэцца мяне перад людзьмі, ад таго і я адракуся перад Айцом маім, каторы ёсьць у небе.

34 Ня думайце, што я прыйшоў прынясьці супакой на зямлю, ня супакой прыйшоў прынесьці, а меч.

35 Бо я прыйшоў разлучыць чалавека з бацькам яго і дачку з яе маткай, а нявестку з ейнаю сьвякроўю;

36 і ворагі чалавеку хатнія яго.

37 Хто любіць бацьку або матку болей за мяне, ня варты мяне; і хто любіць сына ці бацьку болей за мяне, ня варт мяне.

38 Ды хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе за мною, той ня варты мяне.

39 Хто знойдзе жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто патраціў жыцьцё дзеля мяне, знойдзе яго.

40 Хто прыймае вас, мяне прыймае, а хто мяне прыймае, прыймае таго, хто паслаў мяне.

41 Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастане нагароду прарочу, а хто прыймае справядлівага таму, што ён справядлівы, атрымае нагароду справядлівага.

42 А хто-б даў напіцца аднаму з гэтых найменшых кубак халоднай вады таму, што ён вучань, сапраўды кажу вам, ня страціць нагароды свае.

 

Раздзел 11

1 І сталася, як скончыў Езус загады дванаццацём сваім вучням, перайшоў адтуль навучаць і прапаведваць па іхніх местах.

2 Ян-жа, калі дачуўся ў вязніцы аб дзейнасці Хрыстовай, паслаўшы двух вучняў сваіх,

3 сказаў яму: Ці ты той, што прыйсьці маецца, ці чакаць нам другога?

4 І адказваючы Езус ім гавора: Ідзеце й спавясьцеце Яна, што вы чулі й бачылі:

5 Сляпыя відзяць, кульгавыя ходзяць, запаветраныя робяцца чыстымі, глухія чуюць, умерлыя згробуўстаюць, убогім абвяшчаецца эванэлія.

6 І багаслаўлёны, хто ня будзе горшыцца з мяне.

7 Калі-ж яны адыйшлі, пачаў Езус гаварыць грамадзе пра Яна: Што выйшлі вы ў пустыні ўгледзець? Трасьціну, што хістаецца ад ветру?

8 Што-ж выйшлі вы ўбачыць? Чалавека адзетага ў мяккае адзеньне? Вось тыя, што адзяюцца ў далікатную адзежу прабываюць у магнацкіх палатах.

9 Дык што-ж выйшлі вы аглядаць? Прарока? Ады-ж, кажу вам, і болей, чым прарока.

10 Гэта бо той, аб якім напісана: "Вось я пасылаю анела перад воблікам тваім, які падрыхтуе шлях твой прад табою" (Малях. 3, 1).

11 Сапраўды кажу вам: спаміж роджаных жанчынамі не паўстаў большы за Яна Хрысьціцеля: адыж найменшы ў валадарстве нябесным, вялікшы за яго.

12 Ад дзёнжа Яна Хрысьціцеля аж дагэтуль валадарства нябеснае гвалт церпіць і раптоўнікі захопліваюць яго.

13 Усе бо прарокі і закон прарочылі аж да Яна;

14 і калі хочаце ведаць, гэта ён Гальяш, які прыйсьці маецца.

15 Хто мае вушы слухаць, няхай слухае.

16 Да каго-ж я прыраўную род гэты? Ён падобны да хлапчанят, што седзячы на рынку, крычаць да сваіх равесьнікаў,

17 кажучы: "Мы йгралі вам, а вы не скакалі; мы галасілі, а вы ня плакалі".

18 Прыйшоў бо Ян, ня есьць і ня п'е, а яны кажуць: "Нячысьціка мае".

19 Прыйшоў Сын чалавечы, які есьць і п'е, і кажуць: «Во чалавек абжора ды вінажлоп, сябра грашаемцаў і грэшнікаў». І спраўдзілася мудрасьць на сваіх дзецях.

20 Тады пачаў дакараць гарадом, у якіх найболей сталася ягоных цудаў, за тое, што не пакутавалі.

21 Гора табе, Корозаім, гора табе, Бэтсаіда! Бо калі-б у Тыры й Сыдоне дзееліся цуды, якія ў вас дзееліся, дык даўно ў зрэбніцы й попеле пакутавалі-б.

22 Адыж кажу вам: Тыру й Сыдону лягчэй будзе ў судны дзень, як вам.

23 А ты, Кафарнауме, ці-ж да неба аж падымешся? — Аж да пекла ўпадзеш; бо калі-б у Садоме дзееліся цуды, якія ў табе дзееліся, то можа-б яна асталася аж па гэты дзень.

24 Адыж кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў судны дзень, як табе.

25 І ў той час Езус, адазваўшыся, прамовіў: Слаўлю цябе, Ойча, Усеспадару неба й зямлі, што ты ўтаіў гэтае ад мудрых і разумных, а выявіў недалеткам.

26 Так, Ойча, гэтак бо спадабалася табе.

27 Усё мне перадана Айцом маім. І ніхто ня знае Сына, апрача Айца, і Айца ніхто ня знае, апрача Сына й каму Сын абявіць захоча.

28 Прыйдзеце ка мне ўсе працуючыя й абцяжаныя, а я вас узмацую.

29 Вазмеце на сябе ярмо маё й ад мяне вучэцеся, я бо ціхі й пакорнага сэрца, і знойдзеце суцеху душам вашым.

30 Бо ярмо маё прыемнае, а цяжар лягонькі.

 

Раздзел 12

1 Таго часу прайходзіў Езус паміж збожжа ў сыботу, а вучні ягоныя, будучы галоднымі, пачалі зрываць ды есьці каласы.

2 Фарызэі-ж, угледзеўшы гэта, сказалі яму: Вось вучні твае робяць, чаго ня можна рабіць у сыботу.

3 Але ён адказаў ім: Ці вы ня чыталі, што зрабіў Давід, як захацеў есьці і тыя, што былі з ім?

4 Як ён увайшоў у дом Божы і еў ахвярныя хлябы, якіх ня можна было есьці ані яму, ані тым, што з ім былі, а толькі адным сьвятаром?

5 Або ці вы ня чыталі ў законе, што ў сыботы святары ў святыні ломяць сабат і астаюцца бяз віны?

6 А я вам кажу, што тут ёсьць большы за сьвятыню.

7 І калі-б вы ведалі, што значыць: "Міласэрдзя хачу, а не ахвяры" (Оз. 6, 6) дык ніколі не асудзілі-б бязьвінных.

8 Бо Сын чалавечы ёсьць Усеваладарам і суботы.

9 А адыйшоўшы адтуль, прыйшоў у іхнюю бажніцу.

10 І вось быў там чалавек, які меў сухую руку, дык выпытваліся яго: "Ці можна ў сыботу аздараўляць?" каб абвінаваціць яго.

11 А ён сказаў ім: Ці ёсьць спаміж вас такі чалавек, што, маючы адну авечку, ня ўзяў-бы ды ня выцягнуў-бы яе, калі-б яна ў сыботу ўвалілася ў яму?

12 Наколькі-ж вартасьнейшы чалавек за авечку? Таму-то "можна рабіць дабро і ў сыботы.

13 Тады кажа чалавеку: Выцягні руку тваю! Той выцягнуў — і стала яна здарова, як і другая.

14 А фарызэі, выйшаўшы, змаўляліся, як-бы яго згубіць.

15 Адыж Езус, ведаючы, адыйшоў адтуль, і пайшлі за ім многія і аздаравіў усіх.

16 Ды загадаў ім, каб ня выяўлялі яго;

17 каб споўнілася тое, што было сказана праз Ізаю прарока (42, 1-4), які кажа:

18 "Вось слуга мой, якога я выбраў; улюбёны мой, якога вельмі спадабала душа мая. Узлажу на яго духа майго і будзе абвяшчаць суд народам

19 Ня будзе спрачацца і ня будзе крычаць ды ніхто не пачуе на вуліцах голасу ягонага.

20 Трысьціны надломленае не пераломіць і пакульля тлеючага не загасіць, пакуль не давядзе суду да перамогі.

21 І на імя яго спадзявацімуцца народы".

22 Тады прывялі да яго чалавека, што меў дзябальства, ды быў сьляпым і нямым, і аздаравіў яго, так што гаварыў і відзеў.

23 І стаўпянелі ад дзіва ўсе людзі ды казалі: Ці гэта ня сын Давіда?

24 А фарызэі, пачуўшы, сказалі: Ён нячысьцікаў выганяе ня йнакш, як праз Бэльзэбуба, дзябальскага князя.

25 Адыж Езус, ведаючы іхнія думкі, сказаў ім: Усякае валадарства, падзелена супроць сябе, апусцее, і ўсякі горад або дом, раздзяліўшыся проціў сябе, ня устоіць.

26 А калі нячысьцік нячысьціка выганяе, то ён падзелены супроць сябе дык як тады астоіцца валадарства ягонае?

27 І калі я праз Бэльзэбуба выганяю нячысьцікаў, то вашыя сыны чыёю сілаю выганяуюць? Таму-то яны будуць вам судзьдзямі.

28 Але калі я Духам Божым дзяблаў выганяю, то, значыцца, прыйшло на вас валадарства Божае.

29 Або як можа хто увайсьці ў дом волата й разграбіць яго снадзіва, не звязаўшы перш волата? І тады апустошыць дом ягоны.

30 Хто не са мною, той проці мяне, і хто ня збірае са мною, растрачвае.

31 Дзеля таго кажу вам: Усякі грэх і ганбаванне будзе людзям адпушчана, адыж ганбаванне проці Духа не даруецца.

32 І хто-б сказаў слова на Сына чалавечага, будзе яму адпушчана, але хто-б сказаў супроць Духа Святога, ня будзе яму адпушчана, ані ў гэтым веку, ані ў будучым.

33 Або прызнайце дрэва добрым і плод яго добрым, або прызнайце дрэва благім, і плод яго благім, бо-ж дрэва пазнаецца з плоду.

34 Родзе гадавы! як вы можаце гаварыць бо добрае, калі вы благія? З паўнаты сэрца вусны гавораць.

35 Добры чалавек з добрага скарбу выносіць добрае, а благі чалавек з благога скарбу выносіць благое.

36 Кажу-ж вам, з кожнага пустога слова, якое вымавяць людзі, дадуць адказнасьць у судны дзень.

37 Бо са слоў сваіх ты будзеш апраўданы і са слоў сваіх будзеш асуджаны.

38 Тады некаторыя з кніжнікаў і фарызэяў адазваліся, кажучы: Вучыцель, хацелася-б нам ад цябе знак убачыць.

39 Ён-жа ў адказ ім гавора: Род крывадушны й чужаложны знаку шукае, адыж знак ему ня будзе дадзены, апрача знаку Ёны прарока.

40 Бо як Ёна быў у нутры рыбы тры дні і тры ночы, гэтак будзе Сын чалавечы ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.

41 Мужы Нінівійскія стануць на судзе з гэтым родам і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад навукі Ёны, а вось тут большы за Ёну.

42 Каралева з паўдня стане на судзе з гэтым родам і асудзіць яго, яна бо прыйшла з крайсьвету, каб паслухаць Салямонавай мудрасьці, а вось тут большы за Салямона.

43 А калі дух нячысты выйдзе з чалавека, блукаецца па бязводных мясцох, шукаючы супачынку, і не знайходзіць.

44 Тады кажа: "Вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў". І, прыйшоўшы, знайходзіць яго незанятым, вымеценым і прыбраным.

45 Тады йдзе і бярэ з сабою сем другіх духаў, горшых за сябе, і, ўвайшоўшы, жывуць там і бываюць апошнія справы таго чалавека горш першых. Гэтак будзе і з гэтым ліхім родам.

46 Калі ён яшчэ прамаўляў да грамады, вось маці ягона й браты стаялі на дварэ, хочучы з ім гутарыць.

47 І нехта сказаў яму: Вось маці твая й браты твае стаяць вонках, шукаючы цябе.

48 Ён-жа ў адказ таму, што гаварыў да яго, кажа: Хто-ж мая матка і хто мае браты?

49 І, паказваючы рукою на вучняў сваіх, сказаў: Во маці мая і браты мае.

50 Бо хто-б спаўняў волю Айца майго, каторы ёсьць у небе, той мне брат, і сястра, і матка.

 

Раздзел 13

1 У той дзень Езус, выйшаўшы з дому, сядзеў ля мора.

2 І зыйшліся да яго вялікія грамады, так што ён увайшоў у човен і сеў, а ўся грамада стаяла на беразе.

3 І шмат гавырыў ім у прыповесьцях, кажучы: Вось выйшаў, што сее, сеець.

4 І калі ён сеяў, адны упалі пры дарозе, і наляцелі птушкі паднебныя ды падзяўблі іх.

5 А іншыя упалі на месца камяністае, дзе ня мелі шмат зямлі; і незабаўна узыйшлі, зямля бо была няглыбокая.

6 Калі-ж узыйшло сонца, павялі і, ня маючы кораня, пасохлі.

7 Іншыя-ж упалі ў цярнінў, і разбуяла цярніна ды заглушыла іх.

8 Іншыя-ж упалі на добрую землю і далі плод: адно соты, другое шэсьцьдзесяты, іншае трыццаты.

9 Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае.

10 І прыступіўшыся вучні сказалі яму: Нашто гаворыш ім у прыповесьцях?

11 Ён у вадказ сказаў ім: Затым, што вам дадзена пазнаць тайніцы валадарства нябеснага, а ім ня дадзена.

12 Бо хто мае, таму дасцца й прыбавіцца, а хто ня мае, ў таго адымецца й тое, што мае.

13 Дзеля таго гавару да іх у прыповесьцях, што гледзячы ня бачаць і слухаючы ня чуюць ды не разумеюць.

14 І збываецца на іх прароцтва Ізаія (6, 9-10), які кажа: "Слухам слухацімеце й не зразумееце, і зрокам глядзецімеце й ня ўбачыце.

15 Агрубела бо сэрца гэтага народу і вушамі з натугаю чуюць ды заплюшчылі вочы свае, каб часам ня ўбачыць вачыма ды не пачуць вушыма, і не зразумець сэрцам ды не навярнуцца, каб я не аздаравіў іх".

16 Вашыя-ж вочы шчасьлівыя, бо бачаць, і вушы вашыя, бо чуюць.

17 Бо сапраўды кажу вам, што многія прарокі й справядліўцы жадалі бачыць, што вы відзіце й ня бачылі, ды чуць што вы чуеце й ня чулі.

18 Вось-жа паслухайце прыповесьці пра сяйбіта,

19 Да ўсякага. хто слухае слова аб валадарсьцьве й не разумее, прыходзіць Злы і вырывае што пасеена ў ягоным сэрцы: гэта той што пасеены пры дарозе.

20 А хто пасеены на месцы камяністым, гэта той, што слухае слова і зараз-жа з радасьцю прыймае яго,

21 але ня мае карэння ў сабе, ёсьць нясталы, дык як прыходзіць бяда, напасьць за слова, зараз горшыцца.

22 А пасеенае ў цярніне, гэта той, хто слухае слова, адыж турботы гэтага сьвету й мана багацьця заглушае слова й робіцца яно бясплодным.

23 Пасеена-ж на добрай зямлі, гэта той, хто слухае слова і разумее, ён-то й плод прыносіць – і дае адно соты, другое шэсьцьдзесяты, а іншае трыццаты.

24 Другую прыповесьць падаў ім, кажучы: Валадарства нябеснае сталася падобным да чалавека, які пасееў добрае насенне на сваім полі.

25 Калі-ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны, насееў кукалю між пшаніцаю ды пайшоў.

26 Калі-ж узрасло збожжа і прынясло плод, тады паказаўся й куколь.

27 Прыйшоўшы-ж слугі гаспадара сказалі яму: Спадару, ці-ж ты ня добрае насенне пасееў на сваім полі? Адкуль-жа ўзяўся куколь?

28 Кажа ім: Варожы чалавек гэта зрабіў. Слугі-ж сказалі яму: хочаш, пойдзем і выпалем яго.

29 А ён гавора: Не, каб часам выбіраючы куколь, вы ня павырывалі разам і пшаніцы.

30 Пакінце расьці абое аж да жніва, а ў пару жніва скажу жанцом: Збярэце перш куколь і вязэце яго ў вязкі, каб спаліць, а пшаніцу злажэце ў гумно маё.

31 Іншую прыповесьць расказаў ім, кажучы: Падобна валадарства нябеснае да зернеці гарчычнага, якое чалавек узяў і пасееў на сваім полі.

32 Яно, праўда, найменшае з усяго насення, але як вырасьце, бывае большым за ўсе агародніны і робіцца дзеравам, так што птушкі нябесныя прылятаюць і жывуць у ягоным гальлі.

33 Іншую прыповесьць дадаў ім: Валадарства нябеснае падобнае да рошчыны, якую жанчына ўзяўшы ўлажыла ў тры меркі мукі, пакуль усё ня ўкісьне.

34 Усё гэтае гаварыў Езус да грамадаў у прыповесьцях, і бяз прыповесьцяў не гаварыў ім,

35 каб спраўдзілася, што было сказана праз прарока, які кажа: "Адчыню ў прыповесьцях вусны мае, выкажу скрытае ад стварэння сьвету" (Пс. 77, 2).

36 Тады, адправіўшы народ, увайшоў у дом. І прыступілі да яго вучні ягоныя, кажучы: Раз'ясьні нам прыповесьць аб кукалі на полі.

37 Ён-жа ў адказ гавора ім: Той, хто сее добрае насенне ёсьць Сын чалавечы.

38 А поле – гэта сьвет, добрае-ж зерне -гэта сыны валадарства, а куколь – сыны благога.

39 Вораг-жа, што насееў яго – гэта дзябал, а жніва – гэта канец сьвету, жанцы – гэта анелы.

40 Вось-жа як збіраюць куколь і паляць агнём, так будзе пры сканчэнні сьвету.

41 Пашле Сын чалавечы сваіх анёлаў і збяруць з яго валадарства ўсе згаршэнні й тых, што робяць нягоднасьць,

42 і ўкінуць іх у печ агню, там будзе плач і скрыгот зубоў.

43 Тады справядліўцы заззяюць, як сонца, ў валадарсьцьве іх Айца. Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае.

44 Падобнае валадарства нябеснае да скарбу, схаванага ў полі, які чалавек знайшоўшы прыкрывае і з радасьці ад гэтага йдзе ды прадае ўсё, што мае й купляе гэнае поле.

45 Зноў-жа падобнае валадарства нябеснае да чалавека купца, які шукае добрых пэрлаў.

46 Знайшоўшы-ж адну дарагую пэрлу, пайшоў і прадаў усё што меў ды купіў яе.

47 Яшчэ падобнае валадарства нябеснае да неваду, закіненага ў мора й загарнуўшага ўсякага роду рыбы;

48 калі ён быў поўны, выцягнулі яго, і пасеўшы на беразе, выбралі добрую ў пасудзіны, а дрэнную выкінулі вон.

49 Гэтак будзе пры сканчэнні сьвету: выйдуць анелы і выдзяляць благіх спасярод справядлівых

50 ды ўкінуць іх у печ вагністую; там будзе плач і ськрыгот зубоў.

51 Ці вы зразумелі ўсё гэта? Кажуць яму: Так.

52 Сказаў ім: Дзеля таго кожны кніжнік, навучаны аб каралеўсьцьве нябесным, падобны ёсьць да чалавека гаспадара, які дастае із свае скарбніцы новае і старое.

53 І сталася, калі Езус скончыў гэтыя прыповесьці, адыйшоў адтуль.

54 І прыйшоўшы ў сваю бацькаўшчыну, навучаў іх у іхніх бажніцах, так што дзівіліся й казалі: Адкуль гэтая мудрасьць у яго ды цуды?

55 Ці-ж ён ня сын цесьляра? Ці-ж Матка ягона не завецца Марыя і браты яго: Якуб і Язэп і Сымон і Юда?

56 А сёстры ягоныя ці-ж ня ўсе ў нас? Дык адкуль у яго ўсё гэта?

57 І бянтэжыліся да яго. Езус-жа сказаў ім: Прарок ня бывае без пашаны, хіба толькі на бацькаўшчыне яго ды ў доме ягоным.

58 І ня здзееў там шмат цудаў дзеля няверы іхняй.

 

Раздзел 14

1 У той час пачуў тэтрарха Гэрад аб славе Езуса

2 і сказаў да сваіх слуг: Гэта Ян Хрысьціцель; ён згробуўстаў і таму цуды дзеюцца праз яго.

3 Гэрад бо схапіў быў Яна і закаваў яго ды пасадзіў у вастрог дзеля Гэрэдыяды, жонкі брата свайго.

4 Бо Ян дакараў яму: Ня можна табе трымаць яе.

5 І хацеў яго забіць, але баяўся народу, бо яго мелі за прарока.

6 У дзень-жа народзін Гэрада дачка Гэрэдыяды скакала пасярод іх і дагадзіла Гэраду.

7 Затым пад прысягай абяцаўся ёй даць чаго толькі яна зажадае ад яго.

8 Яна-ж, навучаная сваёй маткай, сказала: Дай мне тут на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля.

9 І засмуціўся кароль, але дзеля прысягі і дзеля тых, што разам сядзелі, загадаў даць.

10 І паслаўшы адсек галаву Яну ў вастрозе.

11 І прынясьлі галаву яго на талерцы ды падалі дзяўчыне, а яна занясла сваёй матцы.

12 Вучні-ж ягоныя прыйшоўшы, ўзялі яго цела й пахавалі яго ды пайшлі паведамілі Езуса.

13 Пачуўшы аб гэтым, Езус, падаўся адтуль чоўнам на месца бязлюднае на адзіне; калі-ж даведаўся народ, пайшоў следам за ім з гарадоў пехатою.

14 І выйшаўшы, ўбачыў вялізную грамаду, і зжаліўся над імі ды аздаравіў хворых іхніх.

15 Калі-ж настаў вечар, падыйшлі да яго вучні ягоны, кажучы: Пустыннае месца дый пара ўжо позная, пусьці народ, каб яны пайшоўшы ў сёлы купілі сабе еміны.

16 Адыж сказаў ім: Не канечне маюць ісьці, вы дайце ім есьці.

17 Адказалі яму: мы маем тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбы.

18 Кажа ім: Прынясеце мне іх сюды.

19 І загадаўшы народу пасесьці на траве, узяў пяць хлябоў і дзве рыбы, ўзглянуў у неба, пабагаславіў, і ламаў ды даваў вучням хлябы, а вучні народу.

20 І елі ўсе і наеліся. І назбіралі што асталося кускоў дванаццаць поўных кошыкаў.

21 А тых што елі, было на лік пяць тысяч мужчын, апрача дзяцей і жанчын.

22 І зараз прымусіў Езус вучняў увайсьці ў лодку ды плысьці перад ім на другі бок мора, пакуль ён адпусьціць народ,

23 І адпусьціўшы грамаду, выйшаў на гару памаліцца на самоце; і як настаў вечар, быў там сам адзін.

24 А лодка пасярод мора была кідана хвалямі, бо быў супроцьны вецер.

25 У чацьвёртую-ж варту ночы прыйшоў да іх па моры.

26 І ўгледзеўшы яго ідучага па моры, стрывожыліся й казалі: Гэта здань; ды аж закрычалі ад жаху.

27 Але Езус зараз адазваўся да іх, кажучы: Надзейцеся, гэта я, ня бойцеся.

28 А Пётр сказаў яму ў адказ: Усеспадару, калі гэта ты, загадай мне прыйсьці да цябе па вадзе.

29 Ён-жа сказаў: Прыйдзі. І Пётр, выйшаўшы з лодкі, пайшоў па вадзе, каб падыйсьці да Езуса.

30 Адыж бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, крычма кажа: Усеспадару ратуй мяне!

31 Езус зараз-жа, працягуўшы руку, падхапіў яго й кажа яму: Малаверны, чаго асумніўся?

32 І як увайшлі ў лодку, аціх вецер.

33 А тыя, што былі ў лодцы, падышлі й пакланіліся яму, кажучы: Ты сапраўды ёсьць Сын Божы.

34 І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Гэнэзарэцкую.

35 Людзі тамашняе ваколіцы, пазнаўшы яго, далі знаць па ўсёй той краіне й прынясьлі да яго ўсіх хворых

36 ды прасілі яго, каб хоць дакрануцца да краю адзежы ягонай. І каторыя дакрануліся, аздаравелі.

 

Раздзел 15

1 Тады прыйшлі да яго кніжнікі й фарызэі з Ерузаліму й сказалі:

2 Чаму твае вучні нарушаюць установу старшых? Ня мыюць бо рук, як ядуць хлеб.

3 Ён-жа сказаў ім у адказ: А чаму-ж і вы нарушаеце прыказанне Божае дзеля вашае установы? Бо-ж сказаў Бог:

4 "Паважай бацьку і матку" (Выйсь. 20, 12), і: "Хто-б наругаўся бацьку або матцы, хай сьмерцю ўмрэ" (Выйсь. 21. 17).

5 А вы гаворыце: "Хто-б сказаў бацьку ці матцы: «ахвярай ёсьць тое, што табе ад мяне належыцца"

6 той можа й не шанаваць бацькі свайго й маткі свае. Гэтак скасавалі вы прыказанне Божае вашаю ўстановаю.

7 Крывадушнікі, добра аб вас прарочыў Ізай (29, 13), кажучы:

8 "Народ гэты паважае мяне вуснамі, адыж сэрца іх далёка ад мяне;

9 дарэмнаж яны чэсьць мне аддаюць, вучачы навук і прыказанняў чалавечых".

10 І паклікаўшы да сябе грамады, сказаў ім: слухайце і зразумейце.

11 Ня тое апаганвае чалавека што ўваходзіць у вусны, але тое апаганвае чалавека, што выйходзіць з вуснаў.

12 Тады вучні ягоныя, падыйшоўшы, сказалі яму: Ці ведаеш, што фарызэі, пачуўшы гэтае слова, згоршыліся?

13 Ён-жа ў адказ кажа ім: Усякая расьціна, каторай не пасадзіў Айцец мой нябесны будзе выкаранена.

14 Пакінце іх: яны сьляпыя і правадыры сьляпых; а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ўваляцца ў яму.

15 У адказ яму адазваўся Пётр: Раз'ясьні нам прыповесьць гэту.

16 А ён ім: Няўжэ і вы яшчэ без зразумення ?

17 Ціж вы ня ўцеелі таго, што ўсё ўваходзячае ў вусны, прайходзіць у жывот і выкідаецца вон?

18 А выйходзячае з вуснаў – з сэрца йдзе; і гэта апаганвае чалавека.

19 З сэрца бо йдуць благія думкі, душагубства, распусства, зладзейства, крывапрысягі блюзнерствы.

20 Вось што апаганвае чалавека, а есьці нямытымі рукамі не апаганвае чалавека.

21 І, выйшаўшы адтуль, пайшоў Езус у староны Тыру і Сыдону.

22 І вось жанчына Хананэйка, што йшла з тых ваколіц, крычма яго маліла: Зжалься нада мною, Усеспадару, Сыне Давіда, дачку маю цяжка мучыць нячысты:

23 Ён не адказаў ёй ні слова. А падыйшоўшы вучні ягоны прасілі яго, кажучы: Адпраў яе, бо крычыць усьлед за намі.

24 Ён-жа ў вадказ ім кажа: Я пасланы толькі да авец, загінуўшых з дому Ізраэля.

25 Адыж яна, збліжыўшыся, ўпала яму да ног, молячы: Усеспадару, памажы мне.

26 Ён адзываецца ў адказ: Не гадзіцца браць хлеб дзяцей ды кідаць шчанятам.

27 Але яна наставала: Так, Спадару, адыж і шчанята ядуць крошкі, што падаюць із стала іхніх гаспадароў.

28 Тады Езус ёй адказвае: О, жанчына, вялікая вера твая, хай-жа станецца табе, як ты хочаш! І аздаравела дачка ейная ад тае гадзіны.

29 І адыйшоўшы адтуль, прыйшоў Езус да Галілейскага мора і, ўступіўшы, на гару, сеў там.

30 І назбіралася к яму багата народу, маючы з сабою нямых, сьляпых, кульгавых, калекіх ды шмат іншых; клалі іх ля ног ягоных і аздараўляў іх

31 так што дзівіліся грамады, бачачы нямых гаворачых, кульгавых ходзячых, сьляпых відзячых і вялікомілі Бога Ізраэлявага.

32 Езус-жа, прыклікаўшы сваіх вучняў, сказалі: Шкада мне грамады, ўжо бо тры дні трываюць пры мне і ня маюць чаго есьці, а ня хочу іх адпусьціць галодных, каб не паслабелі ў дарозе.

33 І гавораць яму вучні: Скуль-жа нам узяць у пустыні гэтулькі хлеба, каб накарміць такую вялікую грамаду?

34 І сказаў ім Езус: Колькі маеце хлябоў? Яны кажуць: Сем і некулькі рыбак.

35 І загадаў грамадзе пасесьці на зямлі.

36 І ўзяўшы сем хлябоў і рыбы ды аддаўшы падзяку, ламаў і даваў сваім вучням, а вучні давалі народу.

37 І елі ўсе і наеліся. А што асталося з кавалкаў, назбіралі сем кашоў поўных.

38 Было-ж тых, што елі, чатыры тысячы чалавек, апрача дзяцей і жанчын.

39 І адпусьціўшы народ, увайшоў у лодку ды прыбыў у ваколіцы Магэдану.

 

Раздзел 16

1 І прыступілі да яго фарызэі і садуцэі ды, спакушаючы, прасілі яго, каб паказаў ім знак з неба.

2 Але ён сказаў ім у адказ: Калі настане вечар, вы кажаце: "Пагода будзе, бо неба чырвонае",

3 а раніцай: "Сягоння непагадзь, бо неба хмарна чырванее". Дык воблік неба вы пазнаваць умееце, а знакаў часу пазнаць ня можаце?

4 Род нягодны і чужаложны знаку шукае, а знак яму ня будзе дадзены, апрача знаку Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адыйшоў.

5 Калі-ж вучні ягоны пераплылі на той бок мора, забыліся ўзяць хлеба.

6 Ён сказаў ім: Глядзеце, сьцеражэцеся закісі фарызэяў і садуцэяў.

7 Яны-ж думалі сабе, кажучы: Гэта таму, што мы не ўзялі хлеба.

8 А Езус, ведаючы тое, кажа: Чаму-ж вы думаеце сабе, малаверныя, што ня маеце хлеба?

9 Няўжэ яшчэ не разумееце і ня помніце аб пяці хлябох на пяць тысяч асоб і колькі кашоў вы набралі?

10 Ані аб сямі хлябох на чатыры тысячы людзей і колькі кашоў вы назбіралі?

11 Якжа-ж вы не цяміце, што не аб хлебе я вам гаварыў: Сцеражэцеся закісі фарызэяў і садуцэяў?

12 Тады зразумелі, што ён казаў сьцерагчыся не закісі хлебнае, але навукі фарызэяў і садуцэяў.

13 Прыйшоўшы-ж у землі Цэзарэі Філіпавай, пытаўся ў сваіх вучняў, кажучы. За каго людзі маюць Сына чалавечага?

14 Яны-ж кажуць: Адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Гальяша, іншыя-ж за Ярэмію, або за аднаго з прарокаў.

15 Сказаў ім Езус: А вы за каго мяне маеце?

16 Адказваючы Сымон Пётр сказаў: Ты Хрыстус, Сын Бога жывога.

17 А Езус адзываецца, кажучы яму: Багаслаўлёны ты, Сымоне, сыне Ёны, бо ня цела і кроў аб'явілі табе, але Айцец мой, які ёсьць у небе.

18 І я табе кажу, што ты ёсьць Пётр (скала), і на гэтай скале збудую эклезію маю і брамы пекла не перамогуць яе.

19 І табе дам ключы валадарства нябеснага і што толькі звяжаш на зямлі, будзе звязана і ў небе, а што развяжаш на зямлі, будзе развязана і ў небе.

20 Тады загадаў сваім вучням, каб нікому не казалі, што ён ёсьць Езус Хрыстус.

21 Ад таго часу пачаў Езус выяўляць сваім вучням, што трэба яму ісьці ў Ерузалім і шмат цярпець ад старшых і кніжнікаў і першасьвятараў ды быць забітым, а на трэці дзень згробуўстаці.

22 Пётр-жа, ўзяўшы яго, пачаў пярэчыць яму, кажучы: Пашкадуй сябе, Усеспадару, ня будзе з табою гэтага!

23 Ён-жа, абярнуўшыся, сказаў Пятру: Адыйдзі ад мяне, шатан! Ты для мяне спакуса, бо ня думаеш аб тым, што Божае, але што чалавечае.

24 Тады Езус сказаў сваім вучням: Калі хто хоча ісьці за мною, хай адрачэцца ад самога сябе, і возме крыж свой ды йдзе за мною.

25 Бо хто-б хацеў усьцерагчы душу сваю, загубіць яе, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне, знойдзе яго.

26 Якая-ж бо карысьць чалавеку, хоць-бы ён увесь сьвет здабыў, а душы сваёй пашкодзў? Або якую замену дасьць чалавек за душу сваю?

27 Бо Сын чалавечы прыйдзе ў славе Айца свайго з анёламі сваімі і тады аддасьць кожнаму водле чынаў яго.

28 Сапраўды кажу вам: Ёсьць некаторыя з стаячых тут, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына чалавечага, прыходзячага ў валадарсьцьве сваім.

 

Раздзел 17

1 А пасьля шасьці дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, ды завёў іх асобна на гару высокую.

2 І перамяніўся перад імі: заясьнеў воблік ягоны як сонца й адзеньне яго стала белае, бы сьнег.

3 І вось з'явіліся ім Майзей і Гальяш, гаворачыя з ім.

4 Пётр-жа, адазваўшыся, сказаў да Езуса: Усеспадару, добра нам тут быць! калі хочаш, сладзім тут тры гасподы сьвятыя: табе адну, Майзею адну і Гальяшу адну.

5 Калі ён яшчэ гаварыў, воблак ясны асланіў іх, а вось голас з воблаку гаворачы: "Гэта Сын мой улюбёны, ў якім мая мілаўспадоба, яго слухайце".

6 І вучні, пачуўшы, ніцам палі й вельмі спалохаліся.

7 Езус-жа, прыступіўшы да іх, дакрануўся й сказаў: Устаньце, ня бойцеся.

8 І, падняўшы вочы свае, яны нікога ня бачылі, апрача аднаго Езуса.

9 А як зыйходзілі яны з гары, загадаў ім Езус, мовечы: Нікому не кажэце аб відзеным, пакуль Сын чалавечы ня згробуўстане.

10 І выпытваліся ў яго вучні, кажучы: Дык чаму-ж кніжнікі гавораць, што перш павінен прыйсьці Гальяш?

11 Ён-жа ў адказ ім гавора: Гальяш-то прыйдзе і направіць усё.

12 Ады-ж кажу вам, Гальяш ужо прыйшоў, і не пазналі яго ды зрабілі з ім што хацелі. Так і Сын чалавечы цярпеціме ад іх.

13 Тады вучні зразумелі, што гаварыў ім аб Яне Хрысьціцелю.

14 А калі прыйшоў да народу, прыступіўся да яго чалявек і, ўпаўшы перад ім на калені, казаў:

15 Усеспадару, зжалься над сынам маім, бо ён люнатык і цяжка мучыцца: часта падае ў вагонь, а часта ў воду.

16 Я прыводзіў яго да тваіх вучняў і не маглі яго аздаравіць.

17 Езус-жа, адказваючы, сказаў: О родзе няверны й разбэшчаны! Дакуль-жа я буду з вамі? Дакуль цярпеціму вас? Прывядзеце мне яго сюды.

18 І насварыўся на яго Езус і выйшаў з яго нячысты і аздаравеў хлапец з тае гадзіны.

19 Тады прыступілі да Езуса вучні насамоце й сказалі: Чаму мы не маглі яго выгнаць?

20 Сказаў ім Езус: Дзеля няверы вашае. Бо сапраўды кажу вам, калі мецімеце веру, як зерне гарчычнае, скажаце гэтай гарэ: "Перайдзі адгэтуль туды", дык пяройдзе, і нічога для вас ня будзе немагчымага.

21 Гэты бо род ня выганяецца йнакш, як толькі малітвай і постам.

22 Калі-ж яны прабывалі ў Галілеі, сказаў ім Езус: Сын чалавечы мае быць выданы ў рукі людзей,

23 і заб'юць яго, а на трэці дзень згробуўстане. І яны моцна зажурыліся.

24 А калі прыйшлі ў Кафарнаум, падыйшлі да Пятра тыя, што збіралі дыдрахмы і сказалі яму: Ці ваш вучыцель ня плаціць дыдрахмы?

25 Ён кажа: Аякжа. І калі ўвайшоў у дом, Езус папярэдзіў яго, кажучы: Як табе здаецца, Сымоне? Уладары зямныя з каго бяруць даніну або падатак, із сваіх сыноў, ці з чужых?

26 Адказвае Пётр: з чужых. Езус кажа яму: Дык сыны вольныя.

27 Але, каб нам іх ня згоршыць, ідзі на мора ды закінь вуду й тую рыбу, якая пападзе перша, вазмі й, адчыніўшы яе рот, знойдзеш статэра; узяўшы яго, дай ім за мяне і за сябе.

 

Раздзел 18

1 У тую часіну прыступіліся да Езуса вучні, кажучы: Хто, думаеш, ёсьць большы ў валадарсьцьве нябесным?

2 Езус, прыклікаўшы дзіцянё, паставіў пасярод іх

3 і кажа: Сапраўды гавару вам, калі не навернецеся і не станеце як дзеці, ня ўвойдзеце ў валадарства нябеснае.

4 Дык хто-б паніжыў сябе, як гэта дзіцятка, той большы ў валадарсьцьве нябесным.

5 І хто прыняў-бы адно гэткае дзіця ў імя маё, мяне прыймае.

6 А хто-б згоршыў адно з гэтых малых, што ў мяне вераць, лепш яму, камень з мліна ўчапіць за шыю ды ўтапіць у глыбі марской.

7 Гора сьвету ад згаршэнняў; бо хоць мусяць прыйсці згаршэнні, аднакжа гора таму чалавеку, праз якога згаршэнне прыйходзіць.

8 Калі-ж рука твая, або нага твая цябе горшыць, адатні яе ды адкінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё калекім, ці кульгавым, чым, маючы абедзьве рукі або абедзьве нагі, быць укінутым у вагонь вечны.

9 І калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепш табе з адным вокам увайсьці ў жыцьцё, чымся, маючы двое вачэй, быць укінутым у гэгэнну (gehennu) вагністую.

10 Глядзеце, каб не пагарджаць ніводным з гэтых малых, бо кажу вам, анёлы іх у небе заўсёды бачаць воблік Айца майго, каторы ёсьць у небе.

11 Сын бо чалавечы прыйшоў збавіць што было загінена.

12 Як вам здаецца? Калі-б у каго было сто авец і адна з іх заблукалася, то ці не пакіне ён дзевяцьдзесят дзевяць у горах ды ня пойдзе шукаць тае, што адбілася?

13 І калі ўдасцца яму знайсці яе, сапраўды кажу вам, ён больш цешыцца зь яе, чым з дзевяцьдзесят дзевяці незаблуканых.

14 Гэтак вось ня ёсьць воляй Айца вашага, каторы ёсьць у небе, каб згінуў адзін з гэтых малых.

15 А калі-б зграшыў супроць цябе брат твой, ідзі і напамінай яго між табою й ім адным; як паслухае цябе, здабудзеш брата твайго.

16 Калі-ж не паслухае цябе, вазмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух або трох сьветкаў сьцьвярдзілася кожнае слова.

17 Калі-б іх не паслухаў, скажы эклезіі, а калі-б эклезіі не паслухаў, няхай будзе табе як паганін і кунойміт.

18 Сапраўды кажу вам, што-толькі звяжаце на зямлі. будзе звязана і ў небе, і што-толькі развяжаце на зямлі, будзе развязана і ў небе.

19 Яшчэ кажу вам, калі-б двух з вас згадзілася на зямлі адносна кожнай рэчы, якую-толькі папросяць, станецца ім ад Айца майго, каторы ёсьць у небе.

20 Бо дзе двух, або трох сышліся ў імя маё, там я сярод іх.

21 Тады Пётр, прыступіўшы да яго, сказаў: Усеспадару, колькі разоў, як правініцца супроць мяне брат мой, маю дараваць яму? Ці аж да сямі разоў?

22 Кажа яму Езус: Не гавару табе: аж да сямі разоў, але аж да сямідзесяці сямі разоў.

23 Тым-то й падобнае валадарства нябеснае да чалавека гаспадара, які хацеў разрахавацца із сваімі слугамі.

24 І калі пачаў ён разрахоўвацца, прывялі яму аднаго, што быў вінаваты яму дзесяць тысяч талентаў.

25 А як ён ня меў чым аддаць, гаспадар той загадаў прадаць яго, і жонку ягону, й дзяцей, і ўсё што меў, ды аддаць.

26 Тады слуга той маліў: пацярпі мне яшчэ, а ўсё табе аддам.

27 І зжаліўся гаспадар над гэным слугою, адпусьціў яго і дараваў яму доўг.

28 Гэны-ж слуга, выйшаўшы знайшоў аднаго із сваіх таварышаў, які быў яму вінават сто дэнараў і, схапіўшы, душыў яго, кажучы: аддай што вінават.

29 Таварыш той, упаўшы да ног яго, маліў: пацярпі мне яшчэ, а ўсё табе аддам.

30 Адыж ён не схацеў, толькі пайшоў і пасадзіў яго ў вастрог, пакуль не аддасьць доўгу.

31 А таварышы ягоны, ўвідзеўшы што сталася, вельмі зажурыліся і прыйшлі расказалі свайму гаспадару ўсё што было сталася.

32 Тады ягоны гаспадар паклікаў яго і сказаў яму: Слуга нягодны! Я табе дараваў увесь доўг, затым што ты прасіў мяне,

33 дык ціж ня сьлед было й табе зжаліцца над сваім таварышам, гэтак як я зжаліўся над табою?

34 І засярдаваў гаспадар ягоны й аддаў яго катам, пакуль ня верне ўсяго доўгу.

35 Так і Айцец мой нябесны зробіць вам, калі не адпусьціце кожны брату свайму з сэрцаў вашых.

 

Раздзел 19

1 І сталася, калі Езус скончыў гэтыя мовы, выйшаў з Галілеі й прыйшоў у граніцы Юдэі на той бок Ёрдану.

2 І пайшлі за ім вялікія грамады, а ён іх аздаравіў тамака.

3 І прыступілі да яго фарызэі й, спакушаючы яго, казалі: Ці можна чалавеку дзеля якой-небудзь прычыны пакінуць сваю жонку?

4 Ён-жа ў адказ ім гавора: Ці вы ня чыталі, што Той, каторы стварыў чалавека на пачатку, стварыў іх мужчынай і жанчынай?

5 І сказаў: "Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку й матку ды злучыцца з жонкай сваёю і будуць двое ў вадным целе" (Гэн. 2, 24).

6 І так яны ўжо ня двое, але адно цела. Дык што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.

7 Кажуць яму: А чаму-ж Майзей загадаў даць разводны ліст і пакінуць?

8 Сказаў ім: Майзей дзеля закамянеласьці сэрца вашага дазволіў вам кідаць вашы жонкі, але ад пачатку ня было гэтак.

9 А я вам кажу, хто-б пакінуў сваю жонку, акрамя дзеля чужалоства, ды ўзяў-бы другую, чужаложыць. І хто-б узяў пакіненую, чужаложыць.

10 Кажуць яму вучні ягоны: Калі гэтак стаіць справа чалавека з жонкаю, дык няварта жаніцца.

11 Ён-жа сказаў ім: Ня ўсе разумеюць гэтае слова, але каму дадзена.

12 Ёсьць бо еўнухі, якія гэткімі з лона маці радзіліся, і ёсьць еўнухі, якіх людзі гэтак абладзілі, і ёсьць еўнухі, што самы сябе ачысьцілі дзеля валадарства нябеснага. Хто можа ўцеець, хай уцее.

13 Тады прынясьлі да яго дзетак. каб узлажыў на іх рукі й памаліўся, а вучні сварыліся на іх.

14 Але Езус сказаў ім: Пусьцеце дзетак, не перашкаджайце ім прыйходзіць ка мне, бо гэтакіх ёсьць валадарства нябеснае.

15 І, ўзлажыўшы на іх рукі, адыйшоў адтуль.

16 І вось нехта, прыступіўшы, кажа яму: Вучыцель добры! Што мне зрабіць добрага, каб мець жыцьцё вечнае?

17 Ён-жа сказаў яму: Чаму ты пытаеш мяне добрага? Адзін ёсьць добры, Бог. Калі-ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, выпаўняй прыказанні.

18 Кажа яму: Які я? А Езус гавора: Не забівай, ня чужалож, не крадзі, ня сьветч хвальшыва.

19 паважай бацьку твайго й матку тваю, ды любі бліжняга свайго, як сябе самога.

20 Кажа яму юнак: Гэтага ўсяго я пільнаваўся ад маладосьці мае, чаго мне яшчэ не стае?

21 Сказаў яму Езус: Калі хочаш быць дасканальным, ідзі прадай што маеш ды дай убогім, а будзеш мець скарб у небе; і прыходзь ды йдзі за мною.

22 Калі-ж пачуў дзяцюк гэта слова, адыйшоў сумны, бо меў ён вялікую маемасьць.

23 А Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды кажу вам, багатаму трудна ўвайсьці ў валадарства нябеснае.

24 І ячшэ кажу вам: Лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вуха, чымся багатаму ўвайсьці ў каралеўства нябеснае.

25 Пачуўшы гэта, вучні моцна дзівіліся й гаварылі: Дык хто-ж можа быць збаўлёны?

26 А Езус, спаглянуўшы, сказаў ім: У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма.

27 Тады Пётр, адазваўшыся, сказаў яму: Вось мы пакінулі ўсё й пайшлі за табою, што-ж будзе нам?

28 Езуз-жа сказаў ім: Сапраўды кажу вам, вы, што пайшлі за мною, ў новабыцьці, як Сын чалавечы засядзе на троне славы свае, засядзеце такжа на дванаццаці тронах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля.

29 І кожны, хто-б пакінуў дом, ці братоў, або сёстраў, або бацьку, або матку, або жонку, або дзяцей, або поле дзеля майго імяні, ўстораз атрымае і здабудзе жыцьцё вечнае.

30 Многія-ж першыя будуць апошнімі, й апошнія першымі.

 

Раздзел 20

1 Падобнае валадарства нябеснае да чалавека гаспадара, які выйшаў вельмі рана наймаць работнікаў у свой вінаграднік.

2 І, умовіўшыся з работнікамі па дэнару за дзень, паслаў іх у свой вінаграднік.

3 І выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў другіх, што стаялі без работы на рынку

4 і сказаў ім: Ідзеце й вы ў мой вінаграднік і што будзе належацца, дам вам.

5 Яны пайшлі. Ізноў жа выйшаў каля гадзіны шостай і дзевятай ды зрабіў гэтаксама.

6 І каля адзінаццатай выйшаў і знайшоў іншых стаячых ды сказаў ім: Чаго вы тут стаіце цэлы дзень без работы?

7 Кажуць яму: бо ніхто не наняў нас. Гавора ім: ідзеце й вы ў мой вінаграднік.

8 Калі-ж настаў вечар, кажа гаспадар вінаградніка свайму эканому: пакліч работнікаў ды аддай ім плату, пачаўшы ад апошніх аж да першых.

9 І вось калі падыйшлі тыя, што прыйшлі каля гадзіны адзінаццатай, атрымалі па дэнару.

10 А першыя, падыйшоўшы, думалі, атрымаюць болей, адыж і яны атрымалі па дэнару.

11 І ўзяўшы, наракалі на гаспадара,

12 кажучы: Гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, а ты зраўняў іх з намі, што перанесьлі цяжар дня і спеку.

13 А ён у адказ сказаў аднаму з іх: Сябра, я не раблю табе крыўды, ці-ж не за дэнар ты са мною згадзіўся?

14 Вазмі што тваё ды йдзі, а я хачу і гэтаму апошняму даць, як і табе.

15 Ці-ж ня можна мне зрабіць што хочу? Ці-ж вока тваё злоснае, што я добры?

16 Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя апошнімі. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных.

17 А ідучы у Ерузалім, узяў Езус дванаццаць вучняў асобна і сказаў ім:

18 Вось уваходзім у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы старшым сьвятарам і кніжнікам і асудзяць яго на сьмерць,

19 і выдадуць яго паганам на здзек ды на бічаванне, а на трэці дзень згробуўстане.

20 Тады прыступіла да яго маці сыноў Зэбэдэевых з сынамі сваімі, кланяючыся ды нечага просячы ў яго.

21 Ён сказаў ёй: Чаго хочаш? Кажа яму: Загадай, каб гэтыя два сыны мае сядзелі адзін праваруч цябе, а другі леваруч у валадарсьцьве тваім.

22 Езус-жа адказваючы гавора: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці-ж можаце піць чару, якую я піціму? Кажуць яму: Можам.

23 Сказаў ім: Чару-то маю піць будзеце, адыж сядзець праваруч мяне й леваруч, гэта не мая рэч даць вам, але каму прыгатавана Айцом маім.

24 А дзесяцёх, пачуўшы гэта, абурыліся на двух братоў.

25 Езус-жа паклікаў іх да сябе і сказаў: Вы ведаеце, што князі народаў валадараць над імі, а каторыя большыя, выконываюць над імі ўладу.

26 Ня гэтак будзе паміж вамі, але хто-б хацеў між вамі быць вышэйшы, хай будзе вашым прыслужнікам,

27 і хто-бы хацеў быць першым між вамі, будзе вашым слугою.

28 Так як і Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, а каб служыць ды даць жыцьцё сваё на выкуп за многіх.

29 І як выйходзілі яны з Ерыхону, ішла за ім вялікая грамада,

30 і вось два сьляпыя, седзячы ля дарогі, пачулі, што Езус ідзе міма, ды закрычалі, кажучы: Зжалься над намі, Усеспадару, сыне Давідавы!

31 Але грамада сварыляся на, іх, каб замоўклі. Адыж яны яшчэ мацней крычалі, кажучы: Усеспадару, сыне Давіда змілуйся над намі!

32 І прыпыніўся Езус, паклікаў іх і кажа: Што хочаце, каб я вам зрабіў?

33 Кажуць яму: Госпадзе, каб адчыніліся вочы нашыя!

34 І Езус зжаліўся над імі, дакрануўся да іхніх вачэй і зараз-жа сталі відзець ды пайшлі за ім.

 

Раздзел 21

1 А калі прыбліжаліся да Ерузаліму й прыйшлі да Бэтфагэ пры Аліўнай гары, тады Езус паслаў двух вучняў,

2 кажучы ім: Ідзеце ў сяло, што напроць вас, і знойдзеце зараз прывязаную асліцу, а з ёй асьлянё; адвяжэце й прывядзеце ка мне.

3 А калі-б вам хто што гаварыў, скажэце, што яны патрэбны Усеспадару і зараз пусьціць іх.

4 Гэта ўсё сталася, каб збылося сказанае праз прарока, гаварыўшага (Захар. 9, 9):

5 Скажэце дачцэ Сыёнскай: "Вось да цябе йдзе валадар твой ціхі, седзячы на асьліцы й асьляці, сыне пад'ярэмнай".

6 Вучні пайшлі й зрабілі так, як ім загадаў Езус.

7 Прывялі асьліцу й асьлятка, ўзлажылі на іх свае вопраткі, і ўзрыхтавалі яму сесьці вярхом.

8 А грамада вялізарная слала свае вопраткі на дарозе, а другія сьціналі галінкі з дрэваў ды слалі іх на дарозе.

9 Гурма, йшоўшая паперадзе і ззаду, крычала, кажучы: Госанна сыну Давідаваму! Багаслаўлёны, што прыйходзіць у імя Госпадава! Госанна ў высях!

10 І калі ўехаў у Ерузалім, заварушылася ўсё места, гаворачы: Хто гэта?

11 Народ-жа адказваў: Гэта Езус, прарок з Назарэту Галілейскага.

12 І ўвайшоў Езус у святыню Божую ды павыганяў усіх прадаючых і купляючых у сьвятыні ды абярнуў сталы спэкулянтаў і рыштунак тых, што галубоў прадавалі;

13 і казаў ім: "дом мой домам малітвы звацімецца, а вы зрабілі з яго прытон разбойнікаў" (Із. 56, 7; Ер. 7, 11).

14 І прыступілі да яго ў сьвятыні сьляпыя й кульгавыя і ён аздаравіў іх.

15 А першасьвятары і кніжнікі, бачачы дзіва, якое тварыў, ды воклікі дзяцей кажучых: "Госанна сыну Давідаваму!" – абурыліся

16 і сказалі яму: Чуеш, што яны гавораць? Езус-жа кажа ім: Так, ці-ж вы ніколі ня чыталі, што "з вуснаў дзетак і сысункоў Ты ўчыніў хвалу" (Пс. 8, 3).

17 І пакінуўшы іх, выйшаў проч з гораду у Бэтанію і там астаўся.

18 А нараніцы, вяртаючыся ў горад, пачуў голад.

19 І ўгледзеўшы пры дарозе адно фіговае дрэва, падыйшоў к яму і, не знайшоўшы на ім нічога, апрача толькі лісьця, сказаў яму: Хай-жа з цябе плод ніколі ня родзіцца навекі! І фіга зараз-жа ссохла.

20 А вучні, ўбачыўшы, дзівіліся й гаварылі: Як-жа хутка яна ссохла!

21 Езус-жа сказаў ім на гэта: Сапраўды кажу вам: калі-б вы мелі веру і ня сумняваліся, ня толькі зробіце гэта з фіговым дрэвам, але калі-б і гэтай гарэ сказалі: "Узніміся й кінься ў мора", – станецца.

22 І ўсё, чаго толькі прасіцімеце ў маліцьве, веручы — атрымаеце.

23 А як прыйшоў у сьвятыню й навучаў, прыступілі да яго вышэйшыя святары і старшыя народу, кажучы: Якою уладаю ты гэта робіш? І хто табе даў гэтую ўладу?

24 Езус, адказваючы, гавора ім: Спытаюся й я ў вас аднаго слова, калі вы мне яго скажаце, дык і я вам скажу, якою уладаю я гэта раблю.

25 Хрост Яна скуль быў, з неба, ці з людзей? Яны-ж мяркавалі сабе:

26 Калі скажам: "З неба", дык ён нам скажа: Чаму-ж вы не паверылі яму? А калі скажам: "З людзей", баязно грамады, ўсе бо мелі Яна за прарока.

27 І ў адказ Езусу сказалі: Ня ведаем. Гавора ім так-жа і ён: І я вам не скажу, якою ўладаю раблю я гэта.

28 А як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў і, падыйшоўшы да першага, сказаў: Ідзі, сынку, папрацуй сяння ў маім вінаградніку.

29 А той гавора ў адказ: Ня хочу. Потым аднак, раздумаўшыся, пайшоў.

30 І падыйшоўшы да другога, сказаў таксама. Гэтыж, адзываючыся. кажа: Іду, спадарвойча — адыж не пайшоў.

31 Каторы з двух выканаў волю айца? Кажуць яму: Першы. Гавора ім Езус: Сапраўды кажу вам, кунойміты й блудадзейнікі пойдуць перад вамі ў валадарства Божае.

32 Бо прыйшоў да вас Ян шляхом справядлівасьці й вы не паверылі яму, а кунойміты й блудадзеі паверылі яму; вы-ж, бачыўшы гэта, не пакаяліся, каб паверыць яму.

33 Паслухайце другое прыповесьці: Быў чалавек гаспадар, які засадзіў вінаграднік, абгарадзіў яго плотам, выкапаў у ім вінатоку, пабудаваў вежу і, аддаўшы яго земляробам, выехаў.

34 Калі-ж надыйшла пара пладоў, ён паслаў сваіх слугаў да вінаградароў, каб атрымаць свае плады.

35 Але вінаградары, схапіўшы ягоных слуг, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага ўкамянавалі.

36 Ізноў паслаў іншых слугаў, болей чым першых, і з імі зрабілі гэтаксама.

37 Уканцы-ж паслаў да іх сына свайго, кажучы: Ушануюць сына майго.

38 Адыж вінаградары, убачыўшы сына, гавораць адзін другому: Гэта насьледнік, пойдзем, заб'ём яго і будзем мець ягону спадчыну.

39 І схапіўшы яго, выкінулі вон із вінаградніка ды забілі.

40 Калі вось-жа прыйдзе гаспадар вінаградніка, дык што зробіць з тымі вінаградарамі?

41 Кажуць яму: Злыдняў люта выгубіць, а вінаграднік свой аддасьць у арэнду іншым вінаградарам, якія аддавацімуць яму плады ў сваю пору.

42 Кажа ім Езус: Няўжэ ня чыталі вы ніколі ў Пісанні (Пс. 117, 22): "Камень, які адкінулі будаўнічыя, той стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася і дзіўна яно ў вачох нашых"?

43 Таму кажу вам: будзе аднята ад вас валадарства Божае і дасцца народу, што творыць плады яго.

44 А хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца, і на каго ён упадзе — расчавіць.

45 І калі пачулі ягоны прыповесьці першасьвятары і фарызэі, зразумелі, што гаварыў аб іх.

46 І хацелі схапіць яго, але баяліся гушчаў народу, бо мелі яго за прарока.

 

Раздзел 22

1 І адазваўшыся Езус гаварыў ім зноў у прыповесьцях, кажучы:

2 Падобным сталася валадарства нябеснае чалавеку каралю, які справіў вясельле свайму сыну.

3 І паслаў слуг сваіх клікаць запрошаных на вясельле, і не хацелі прыйсьці.

4 Ізноў паслаў іншых слуг, наказваючы: Скажэце запрошаным: "Вось я прыгатаваў абед мой, валы мае й кормнікі зарэзаны ды ўсё гатова; прыходзьце на вясельле".

5 Але яны ня дбалі й пайшлі — хто ў сваю сялібу, а хто да гандлю свайго;

6 другія-ж схапілі слуг ягоных ды, наздзекаваўшыся, пазабівалі.

7 Калі-ж пачуў аб гэтым кароль, загневаўся і, паслаўшы сваё войска, выгубіў гэных забойцаў, а места іх спаліў.

8 Тады кажа слугам сваім: Вясельле-то гатова, адыж прошаныя ня былі дастойны.

9 Дык ідзеце на росстані і каго толькі сустрэнеце, клічце на вясельле.

10 І слугі ягоныя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, благіх і добрых, — і вясельле было поўнае гасьцей.

11 Увайшоў кароль паглядзець на гасьцей і ўбачыў там чалавека няўбранага ў вясельнае адзенне.

12 Дый кажа яму: Як ты, дружа, ўвайшоў сюды не ў вясельнай вопратцы? Той-жа маўчаў.

13 Тады сказаў кароль слугам: Звязаўшы яму рукі й ногі, выкіньце ў цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгот зубоў.

14 Многа бо пакліканых, да мала выбраных.

15 Тады фарызэі, адыйшоўшыся, зрабілі нараду, як-бы яго злавіць на слове.

16 І паслалі да яго сваіх вучняў з Гэрэдыянамі, сказаць. Вучыцель, мы ведаем, што ты праўдамоўны і на дарогу Божу папраўдзе настаўляеш дый на нікога не зважаеш, бо не аглядаесся на асобу людзкую,

17 дык скажы-ж нам, як табе здаецца, гадзіцца даваць падатак цэзару, ці не?

18 Адыж Езус, пазнаўшы іхні подступ, сказаў: Чаму спакушаеце мяне, крывадушнікі?

19 Пакажэце мне падаткавую манэту. Яны прынясьлі яму дэнара.

20 Кажа ім Езус: Чый гэта воблік і надпіс?

21 Гавораць яму: Цэзараў. Тады сказаў ім: Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае Богу.

22 Пачуўшы гэта, яны здзівіліся і, пакінуўшы яго, адыйшлі.

23 У той дзень прыступілі да яго садуцэі, што гавораць: няма згробуўстання, і спыталіся ў яго,

24 кажучы: Вучыцель, Майзей сказаў: "Калі-б хто памёр, ня маючы сына, то брат ягоны хай ажэніцца з яго жонкай ды адродзіць патомства свайму брату" (Паўт. Пр. 25, 5).

25 Было-ж у нас сямёх братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы патомства, пакінуў жонку брату свайму.

26 Гэтаксама другі і трэйці аж да сёмага.

27 А ўканцы пасьля ўсіх памярла й жонка.

28 Дык пры згробуўстанні чыёю з сямёх будзе яна жонкай? Бо-ж усе мелі яе.

29 Езус у адказ гавора ім: Вы мыляецеся, ня ведаючы Пісанняў, ані моцы Божае.

30 Бо пры згробуўстанні ані жэняцца, ані замуж ідуць, а будуць як Божыя анелы ў небе.

31 Дый аб згробуўстанні мяртвых ці-ж вы ня чыталі, што было Богам сказана, які гавора:

32 "Я Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба"? (Выйсь. 3, 6) Ня ёсьць-жа Бог памёршых, але жывых.

33 І, чуючы гэта, дзівіўся народ з навукі ягонай.

34 Фарызэі-ж, пачуўшы, як прымусіў садуцэеў замоўкнуць, сышліся разам

35 і спытаўся яго адзін з іх вучоны ў законе, прабуючы яго:

36 Вучыцель, якое найбольшае прыказанне ў законе?

37 Сказаў яму Езус: "Любі Госпада Бога твайго усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю думкаю тваёю" (Паўт. Пр. 6, 5).

38 Гэта ёсьць першае й найбольшае прыказанне.

39 Другое-ж — гэтаму падобнае: "Любі твайго бліжняга, як сябе самога" (Лев. 19, 18).

40 На гэтых двух прыказаннях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.

41 Калі-ж сышліся фарызэі, спытаўся ў іх Езус,

42 кажучы: Што вы думаеце аб Хрысьце? Чый ён сын? Кажуць яму: Давідаў.

43 Гавора ім: Дык як-жа Давід у духу заве яго Усеспадарам, кажучы:

44 "Сказаў Госпад майму Усеспадару: сядзі праваруч мяне, пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх" (Пс. 109, 1)?

45 Дык калі Давід заве яго Усеспадарам, як-жа ёсьць сынам ягоным?

46 І ніхто ня мог яму адказаць ні слова, і ніхто ня сьмеў адтаго болей у яго пытацца.

 

Раздзел 23

1 Тады Езус прамовіў да народу і да сваіх вучняў,

2 кажучы: На Майзейвым пасадзе заселі кніжнікі й фарызэі,

3 дык усё, што-толькі вам загадаюць, захавайце й рабеце, адыж не паступайце паводля ўчынкаў іхніх, яны бо гавораць, а ня робяць.

4 Бо вяжуць бярэмі цяжкія й непасільныя ды ўскладаюць на плечы людзям, а самы і пальцам крануць іх ня хочуць.

5 Усе-ж справы свае ладзяць, каб іх людзі бачылі: пашыраюць філяктары свае ды павяліцваюць фрэнзлі.

6 Любяць першыя мясцы на банкетах ды першыя лаўкі ў бажніцах,

7 і прывет на рынку і каб людзі называлі іх «раббі».

8 Вы-ж не называйцеся «вучыцелямі», бо адзін у вас Вучыцель, а вы ўсе браты.

9 І «айцом» не называйце сабе нікога на зямлі, бо адзін ёсьць ваш Айцец, каторы ёсьць у небе.

10 І не называйцеся вучыцелямі, бо Вучыцель ваш адзін – Хрыстус.

11 Хто з вас большы, той будзе вашым слугою.

12 А хто сябе павышае, будзе паніжаны; і хто сябе паніжае, будзе павышаны.

13 Гора-ж вам, кніжнікі й фарызэі крывадушнікі, што зачыняеце валадарста нябеснае перад людзьмі; вы бо самы не ўваходзіце і тых, што хочуць увайсьці не дапускаеце!

14 Гора вам, кніжнікі й фарызэі крывадушнікі, што дамы ўдоваў аб'ядаеце, адмаўляючы даўгія малітвы; дзеля гэтага цяжэйшы прысуд дастанеце!

15 Гора вам кніжнікі і фарызэі крывадушнікі, што абходзіце мора й сушу, каб здабыць аднаго прозэліта, а як здабудзеце, робіце яго сынам пекла ўдвая горшым за вас!

16 Гора вам, правадыры сьляпыя, кажучыя: "Хто прысягнуў-бы на сьвятыню – гэта нічога; але хто прысягнуў-бы на золата сьвятыні, той забавязаны".

17 Неразумныя й сьляпыя! Што-ж важней: золата, ці сьвятыня, якая пасьвячае золата?

18 І "хто прысягнуў-бы на аўтар – гэта нічога; але хто прысягнуў-бы на ахвяру, што на ім, дык забавязаны".

19 Сьляпыя! Што-ж важнейшае: ахвяра, ці аўтар, які пасьвячае ахвяру?

20 Вось-жа хто клянецца аўтаром, клянецца й ім і ўсім што на ім ёсьць.

21 І хто-б кляўся набожняй, клянецца й на яе й на Таго, хто ў ёй жыве.

22 А хто прысягае на неба, прысягае на трон Божы і на Таго, хто сядзіць на ім.

23 Гора вам кніжнікі й фарызэі, крывадушнікі, што даеце дзесяціну з мяты, аныжу й кміну, а пакінулі важнейшае ў законе: суд, міласэрдзе і веру. Гэтае трэ' было рабіць і таго не прапускаць.

24 Правадыры сьляпыя, што камара працэджваеце, а вярблюда глытаеце!

25 Гора вам кніжнікі й фарызэі, крывадушнікі, што ачышчаеце ўсё зверху кубка й міскі, а ўнутры поўныя дроснасьці і бруду.

26 Сляпы фарызэю! Перш ачысьць усярэдзіне кубка й місы, каб чыстым сталася тое, што ёсьць зверху.

27 Гора вам, кніжнікі й фарызэі, крывадушнікі, што падобныя вы да гробаў пабеляных, якія выдаюцца людзям прыгожымі, а усярэдзіне поўныя касьцей мярцьвячых ды брыды ўсялякай.

28 Гэтак і вы звонку здаецеся людзям справядлівымі, а ўнутры вы поўны крывадушнасьці й нягоднасьці.

29 Гора вам кніжнікі й фарызэі, крывадушнікі, што будуеце магілы прарокам ды ўпрыгожваеце памятнікі справядлівым,

30 і кажаце: «Калі-б мы жылі ў дні айцоў нашых, мы ня былі-б іх супольнікамі ў крыві прарокаў».

31 Гэтак вы самы супроць сябе сьветчыце, што вы сыны тых, якія забівалі прарокаў.

32 Дапаўняйце-ж і вы меру айцоў вашых.

33 Вужы вы, родзе гадавы! Як-жа вы ўцечаце ад суду пекла?

34 Вось таму я пасылаю да вас прарокаў і мудрацоў і кніжнікаў, а спаміж іх вы адных заб'яце і ўкрыжуеце, а другіх убічуеце ў бажніцах вашых ды гнацімеце з места да места,

35 каб прыйшла на вас уся кроў справядлівых што на зямлі была праліта, ад крыві Абля справядлівага, аж да крыві Захара, сына Барахіявага, якога забілі вы між аўтаром і сьвятыняй.

36 Сапраўды кажу вам, усё гэнае прыйдзе на род гэты.

37 Ерузалім, Ерузалім, што забіваеш прарокаў ды камянуеш да цябе пасланых; колькі разоў я хаціеў сабраць дзяцей тваіх, як квахтуха збірае пад крыльлі куранят сваіх, адыж не хацеў ты!

38 Вось-жа астанецца вам дом ваш парожны.

39 Бо кажу вам: Адцяпер ня ўбачыце мяне, дакуль ня скажаце: "Багаслаўлёны, што йдзе ў імя Госпадава".

 

Раздзел 24

1 І Езус, выйшаўшы з сьвятыні, пайшоў. І прыступілі вучні ягоныя, манючыся паказаць яму будынкі сьвятыні.

2 Ён-жа ў адказ гавора ім: Бачыце ўсё гэтае? Сапраўды кажу вам, не астанецца тут камень на камені, якога-б не разбурылі.

3 А калі сядзеў ён на гары Аліўнай, прыступілі да яго вучні асобна, кажучы: Скажы нам, калі гэтае будзе ды які знак твайго прыходу і сканчэння сьвету?

4 Езус-жа ў адказ гавора ім: Глядзеце, каб вас ніхто ня звёў.

5 Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы: «Я Хрыстус», і шмат каго звядуць.

6 Пачуеце аб войнах і весьцях ваенных; глядзеце, каб ня трывожыліся, бо трэба, каб гэтае сталася, адыж яшчэ не канец.

7 Паўстане бо народ на народ, і каралеўства на каралеўства ды будуць паморак і голад і мясцамі землятрасенні.

8 Але гэта ўсё – пачатак гора.

9 Тады выдавацімуць вас на мукі, і забівацімуць вас, і будзеце ў ненавісьці ў ва ўсіх народаў дзеля імяні майго.

10 І тады згоршацца многія, ды будуць мець у ненавісьці адзін другога.

11 І паўстане шмат фальшывых прарокаў ды многіх звядуць.

12 І таму што распашырыцца нягоднасьць, шмат у каго любоў асьцюдзянее.

13 Хто ж да канца вытрывае, той будзе збаўлёны.

14 І прапаведвацімецца гэтая эванэлія па ўсім сьвеце на свядоцтва ўсім народам; і тады прыйдзе канец.

15 Дык вось калі ўбачыце гідоту спусташэння, аб якой казаў прарок Даніэль, стаячую на месцы сьвятым – хто чытае, хай разумее –

16 тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;

17 а хто на даху, няхай ня зыходзяць узяць штонебудзь із свайго дому;

18 і хто на полі, хай не варочаецца, каб узяць сваю вопратку.

19 А гора цяжарным і кормячым у гэным дні.

20 Прасеце-ж, каб уцяканне вашае ня было зімою, або ў сыботу.

21 Будзе бо тады вялікае прыгнобленне, якога ня было ад пачатку свету аж дагэтуль ды ня будзе.

22 І калі-б не скараціліся гэныя дні, не ўхавалася-б ніводнае цела, адыж дзеля выбраных скарочацца дні тыя.

23 Тады, калі-б вам хто сказаў: Вось тут Хрыстус, або там – ня верце.

24 Бо паўстануць фальшывыя хрыстусы й фальшывыя прарокі ды рабіцімуць вялікія знакі й дзіва, так каб ачмуціць – калі магчыма – навет выбраных.

25 Вось я наўпярод сказаў вам.

26 Дык калі-б вам гаварылі: "Вось ён у пустыні" – ня выходзьце; "вось у тайнікох дому" – ня верце.

27 Бо як маланка бліскае з усходу й з'яўляецца аж на захадзе, гэтак будзе й прыход Сына чалавечага.

28 Дзе-б толькі было цела, там і арлы збяруцца

29 І зараз-жа пасьля прыгнобы гэных дзён сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, а зоры падацімуць з неба, й сілы нябесныя зрушаны будуць.

30 Пад той час з'явіцца на небе знак Сына чалавечага, і тады загалосяць усе пляменні зямлі, ды ўбачаць Сына чалавечага, прыходзячага ў ваблаках нябесных з магуцтвам і веліччу.

31 І пашле анелаў сваіх з трубою й вялікім голасам, і збяруць выбраных ягоных з чатырох вятроў, ад краю аж да краю неба.

32 А ад смоквы вучэцеся прыкладу: калі ўжэ галінка ейная робіцца мяккая ды лісьце пускае, вы ведаеце, што блізка лета.

33 Гэтак-жа і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка ёсьць, у дзвярах.

34 Сапраўды кажу вам: не праміне гэты род, як усё гэтае станецца.

35 Неба й зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.

36 Аб дні-ж тым і гадзіне ніхто ня ведае, навет анелы нябесныя, адзін толькі Айцец.

37 А як было ў дні Ноя, так будзе й прыход Сына чалавечага.

38 Бо як у дні перад патопам елі й пілі, жаніліся ды йшлі замуж, аж да таго дня, як увайшоў Ной у карабель,

39 і ня ведалі, пакуль ня прыйшоў патоп ды не панёс усіх, – гэтак будзе й прыход Сына чалавечага.

40 Тады будзе двух на полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінены;

41 дзве мелючыя ў жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінена.

42 Дык не драмеце, бо ня ведаеце, ў якой гадзіне Усеспадар ваш прыйдзе.

43 Ды ведайце тое, што калі-б гаспадар знаў, у якую гадзіну маецца прыйсьці злодзей дык-бы ня спаў і не дапусьціў-бы падкапацца пад свой дом.

44 Таму-то й вы будзьце гатовы, Сын бо чалавецы прыйдзе ў гадзіну, якое ня ведаеце.

45 Хто, думаеш, верны й разумны слуга, якога паставіў ягоны гаспадар над сваімі людзьмі, каб даваў ім есьці ўпору?

46 Шчасьлівы той слуга, гаспадар якога, прыйшоўшы, застане гэтак робячы.

47 Сапраўды кажу вам: над усім сваім дабром паставіць яго.

48 А калі-б гэны слуга быў благі і сказаў у сэрцы сваім: «Ня хутка прыйдзе гаспадар мой»,

49 і пачаў-бы сяброў сваіх біць, а еў-бы й піў-бы з п'яніцамі,

50 прыйдзе гаспадар слугі гэнага ў дзень неспадзяваны ў гадзіну няведану,

51 і адлучыць яго й прысудзіць долу з крывадушнікамі. Там будзе плач і скрыгот зубоў.

 

Раздзел 25

1 Тады падобнае будзе валадарства нябеснае дзесяцём дзевам, якія, ўзяўшы свае сьветачы, выйшлі насустрэч маладому й маладой.

2 Адыж п'яць з іх было мудрых, а п'яць нерастаропных.

3 Тыя нерастаропныя, ўзяўшы сьветачы, не ўзялі з сабою алівы,

4 а мудрыя ўзялі алівы ў пасудзіны свае з сьветачамі.

5 Калі-ж малады замарудзіў, прыдрамалі ўсе й паснулі.

6 Ажно ўпоўнач узняўся крык: Вось ідзе сужэнец, выходзьце на сустрэчу яму!

7 Тады схапіліся ўсе тыя дзевы й абгледзелі свае сьветачы.

8 Адыж нерастаропныя кажуць мудрым: дайце нам вашай алівы, бо сьветачы нашы гаснуць.

9 Адказалі мудрыя, кажучы: А як нам і вам нястане? Ідзеце лепш да прадаўцоў ды купеце сабе.

10 Калі-ж яны йшлі купляць, прыйшоў малады, і каторыя былі гатовыя, ўвайшлі з ім на вясельле ды зачынена дзверы.

11 Пасьля прыйходзяць і другія дзевы, кажучы: Усеспадару, Усеспадару, адчыні нам!

12 Ён-жа адзываючыся, сказаў: Сапраўды кажу вам, ня знаю вас.

13 Дык не драмеце, ня ведаеце бо ні дня, ні гадзіны.

14 Таксама як адзін чалавек, ад'яжджаючы, паклікаў слуг сваіх ды перадаў ім сваё дабро.

15 І даў аднаму пяць талентаў, другому два, а трэцяму адзін, кожнаму паводле яго сілы, і зараз ад'ехаў,

16 Той-жа, што дастаў пяць талентаў, пайшоў, пусьціў іх у ход і прыдбаў яшчэ пяць.

17 Таксама й той, што дастаў два, здабыў другія два.

18 А той, што ўзяў адзін, пайшоўшы, закапаў у землю й схаваў грошы гаспадара свайго.

19 Пасьля-ж доўгага часу вярнуўся гаспадар гэных слуг ды зрабіў з імі разрахунак.

20 І, прыступіўшы, той, што дастаў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: Спадару, даў ты мне пяць талентаў, вось я здабыў другія пяць.

21 Сказаў яму гаспадар ягоны: Добра, слуга добры і верны, таму што быў ты верны над малым, над многім цябе пастаўлю, ўвайдзі ў радасьць гаспадара твайго.

22 Прыступіў жа й той, што атрымаў два таленты й сказаў: Спадару, даў ты мне два таленты, вось я прыдбаў другія два.

23 Сказаў яму гаспадар ягоны: Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім пастаўлю цябе, ўвайдзі ў радасьць гаспадара твайго.

24 А прыступіўшы й той, што дастаў адзін талент, сказаў: Усеспадару, я ведаю, ты чалавек цьвёрды: жнеш, дзе ня сееў і збіраеш, дзе не рассыпаў.

25 І, пабаяўшыся, пайшоў я ды схаваў твой талент у землю: во маеш табе тваё.

26 Гаспадар-жа адазваўшыся, кажа яму: Слуга дрэнны і нядбалы! Ведаў ты, што я жну, дзе, ня сееў, і збіраю, дзе не рассыпаў.

27 Трэба-ж было табе аддаць мае грошы банкіром і я, вярнуўшыся, ўзяў-бы сваё з прыбыткам.

28 Дык вазмеце ад яго талент і дайце маючаму дзесяць талентаў.

29 Кожнаму бо, хто мае, будзе дадзена і меціме дастатак, а ў таго, хто ня мае, будзе аднята й тое, што здаецца мець.

30 А няздатнага слугу выкіньце ў процьму вонкавую, там будзе плач і скрыгот зубоў.

31 Калі-ж прыйдзе Сын чалавечы ў славе сваёй і ўсе анелы з ім, тады сядзе на пасадзе свае славы,

32 і збяруцца перад ім усе народы, й адлучыць іх адных ад другіх, як аўчар аддзяляе авец ад казлоў,

33 ды паставіць авец праваруч, а казлоў — леваруч сябе.

34 Тады скажа Валадар тым, што праваруч ад яго будуць: Прыйдзеце, багаслаўлёны Айца майго, атрымайце валадарства, прыгатаванае вам ад заснавання сьвету.

35 Я бо галодны быў і вы далі мне есьці; засмагшы быў і вы далі мне напіцца; быў госьцем і вы прынялі мяне;

36 быў нагім і вы прыадзелі мяне; хворым і вы адведалі мяне; быў у вастрозе і вы прыйшлі да мяне.

37 Тады адкажуць яму справядлівыя ў адказ: Усеспадару, калі-ж мы бачылі цябе галодным ды накармілі, засмагшым ды напаілі?

38 Калі мы бачылі цябе падарожным і прыгасьцілі, або нагім ды прыадзелі цябе?

39 Або калі мы бачылі цебе хворым, ці ў вязніцы ды адведалі цябе?

40 І адказваючы прамовіць да іх Валадар: Сапраўды кажу вам, колькі вы зрабілі аднаму з гэтых братоў маіх найменшых, мне зрабілі.

41 Тады скажа і тым, што леваруч будуць: Ідзеце ад мяне праклятыя, ў вагонь вечны прыгатаваны нячысьціку й анелам ягоным.

42 Бо я быў галодны й вы не далі мне есьці; меў смагу й не далі мне піць;

43 быў падарожным і не далі мне прытулішча; нагім і не прыадзелі мяне; быў занядужаўшы і быў у вастрозе. а вы не адведалі мяне.

44 Тады і яны ў атозвіны скажуць: Усеспадару, калі мы бачылі цябе галодным, або засмагшым ці госьцем, ці нагім, ці занядужаўшым, або ў дарозе, ці ў вастрозе ды ня ўслужылі табе?

45 Тады скажа ім у адказ: Сапраўды гавару вам, колькі разоў вы не ўспамаглі аднаго з гэтых найменшых, дык не ўспамаглі й мяне.

46 І пойдуць гэтыя на муку вечную, а справядлівыя ў жыцьцё вечнае.

 

Раздзел 26

1 І сталася, калі скончыў Езус усе гэтыя мовы, казаў сваім вучням:

2 Вы ведаеце, што за два дні будзе Пасха і Сын чалавечы будзе выданы на ўкрыжаванне.

3 Тады сабраліся вышэйшыя сьвятары і старшыя народу на дварэ архісьвятара, якога звалі Кайфашам;

4 і ўмовіліся схапіць Езуса хітрасьцю ды забіць.

5 Але казалі: Толькі ня ў свята, каб часам ня было забурэння ў народзе.

6 Калі-ж Езус быў у Бэтаніі, ў доме Сымона запаветранага,

7 прыступілася да яго жанчына з алябастраваю судзінкаю дарагога алейку й паліла яму на голаў, як быў за сталом.

8 Вучні-ж, бачачы гэта, сярдавалі, кажучы: Нашто гэтае марнатраўства?

9 Бо можна было гэтае прадаць за добрую цану ды даць убогім.

10 А Езус ведаючы гэта, кажа ім: Нашто робіце прыкрасьць гэтай жанчыне? Яна-ж добры ўчынак для мяне зрабіла.

11 Убогіх вы заўсёды маеце з сабою, адыж мяне маеце не заўсёды.

12 Бо яна, выліўшы гэты алеек на маё цела, зрабіла гэта к' маім паховінам.

13 Сапраўды кажу вам: Дзе толькі будзе абвяшчацца гэтая эванэлія па ўсім сьвеце, казацімецца й тое, што яна зрабіла, на ўспамін аб ёй.

14 Тады пайшоў адзін з дванаццацёх, які зваўся Юдаш Іскарыёт, да старшых сьвятороў

15 і сказаў ім: Што мне дасьце, а я вам яго выдам? Яны-ж вызначылі яму трыццаць сярэбранікаў.

16 І ад тае пары шукаў нагоды, каб выдаць.

17 У першы дзень праснакоў прыступілі вучні да Езуса, кажучы: Дзе хочаш прыгатаваць табе Пасху спажываці?

18 Езус-жа кажа: Ідзеце ў горад да аднаго чалавека й скажэце яму: «Вучыцель гавора: час мой блізкі, ў цябе зладжу Пасху з вучнямі маімі».

19 І вучні зрабілі так, як ім загадаў Езус і прыгатавалі Пасху.

20 Калі-ж настаў вечар, ён сядзеў з дванаццацьма сваімі вучнямі.

21 І калі яны елі, сказаў: Сапраўды кажу вам, адзін з вас мяне выдасьць.

22 Яны глыбока зажурыліся й пачаў кожны паасобку пытаць: Ці гэта я, Спадару?

23 А ён адказвае, гаворачы: Хто мачае са мною руку ў міску, той мяне выдасьць.

24 Сын-то чалавечы йдзе, як аб ім напісана, адыж гора таму чалявеку, праз якога Сын чалавечы будзе выданы, лепш было-б не радзіцца чалавеку тому.

25 Адазваўся і Юда, яго здраднік, кажучы: Ніаўжэ гэта я, Раббі? Гавора яму: Ты сказаў.

26 А калі яны вячэралі, узяў Езус хлеб і багаславіў, і паламаў, і даў вучням сваім, ды сказаў: Бярэце й спажывайце; гэта ёсьць цела маё.

27 І ўзяўшы кіліх, учыніў падзяку і даў ім, кажучы: Пеце з гэтага ўсе;

28 гэта бо ёсьць кроў мая новага закону, якая за многіх будзе праліта на адпушчэнне грахоў,

29 Кажу-ж вам: Ня піціму ад гэтай пары з гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі піціму з вамі новы ў валадарсьцьве Айца майго.

30 І адправіўшы гімн, выйшлі на гару Аліўную.

31 Тады сказаў ім Езус: Усе вы з мяне згоршыцеся ў гэтую ноч; Бо ёсьць напісана: "Удэру пастыра і рассыплюцца авечкі стада" (Зах. 13, 7).

32 Але потым, як згробуўстану, пайду перад вамі ў Галілею.

33 Пётр-жа, адазваўшыся, гавора яму: Хоць-бы ўсе з цябе згоршыліся, я ніколі ня згоршуся.

34 Сказаў яму Езус: Сапраўды кажу табе, у гэту ноч, перш, чымся запяе певень, ты трэйчы ад мяне адрачэшся.

35 Гавора, яму Пётр: Калі-б навет мне трэ' было памерці з табою, я цябе не адракуся. Так і ўсе вучні казалі.

36 Тады прыйшоў Езус з імі ў сялібу, званую Гэтсэмані, і сказаў сваім вучням: Пасядзеце гэта, пакуль я пайду там памалюся.

37 І ўзяўшы Пятра ды двух сыноў Зэбэдэевых, пачаў тужыць і сумаваць.

38 Сказаў тады ім: Сумная душа мая аж да сьмерці. Пабудзьце тут са мною і не драмеце.

39 І адыйшоўшыся крыху, прыпаў абліччам сваім і маліўся, кажучы: Ойча мой! Калі магчыма, хай адыйдзе ад мяне гэты кіліх, адыж не як я хочу, але як Ты.

40 І прыйходзіць да вучняў сваіх ды знайходзіць іх сплючых. І кажа Пятру: гэтак вось не маглі вы аднае гадзіны чуняць са мною?

41 Ня сьпеце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу. Дух-то бадзёры, да цела немачнае.

42 Ды зноў, другі раз адыйшоўшыся, маліўся славамі: Ойча! Калі ня можа гэты кіліх мяне абмінуць, каб ня піць мне яго, будзь воля твая!

43 І, вярнуўшыся, зноў застаў іх сплючы, вочы бо іх абцяжэлі.

44 І, пакінуўшы іх, ізноў адыйшоўся й трэці раз маліўся тымі-ж самымі славамі.

45 Тады прыйходзіць да вучняў сваіх і кажа ім: Спеце ўжо й адпачывайце! Вось прыйшла часіна і Сын чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў.

46 Устаньце, пойдзем, вось прыбліжыўся той, што мяне выдасьць.

47 І, калі яшчэ гаварыў ён, вось Юдаш, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, а з ім вялікая грамада з мячамі й кіямі, ад архісьвятараў і старшых народу.

48 А здраднік яго даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, той і ёсьць, бярэце яго.

49 І зараз падыйшоўшы да Езуса, сказаў: Прывет табе, вучыцелю! Ды пацалаваў яго.

50 Езус-жа сказаў яму: Дружа, пашто ты прыйшоў? Тады прыступіўшы, кінуліся на Езуса ды ўзялі яго.

51 І вось адзін з тых, што былі з Езусам, працягнуўшы руку, выняў меч свой і, ударыўшы слугу архісьвятара, адсек яму вуха.

52 Тады сказаў яму Езус: Схавай меч свой на месца ягона, ўсе бо, што бяруць меч, ад мяча пагінуць.

53 Няўжэ думаеш, я не магу папрасіць Айца майго, каб даў мне цяпер болей, чым дванаццаць легіёнаў анелаў?

54 Але як-жа споўняцца Пісаньні, што гэтак мусіць стацца?

55 У тую часіну сказаў Езус грамадам: Так як на разбойніка выйшлі вы з мячамі й кіямі, узяць мяне. Штодзень я сядзеў у вас, навучаючы ў сьвятыні, а вы не ўзялі мяне.

56 А ўсё гэта сталася, каб споўніліся Пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы яго, паўцякалі.

57 Яны-ж, узяўшы Езуса, павялі да Кайфаша, архісьвятара, дзе былі сабраўшыся кніжнікі й старшыны.

58 А Пётр ішоў за ім здалёк аж да панадворку архісьвятаровага і, ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сядзеў з прыслужнікамі, каб бачыць канец.

59 Архісьвятары-ж і старшыны ды ўся Рада шукалі фальшывага сьвядоцтва супроць Езуса, каб зрабіць яму сьмерць,

60 ды не знайшлі, хоць шмат прыходзіла фальшывых сьветкаў. Уканцы-ж прыйшлі два хвальшывыя сьветкі

61 і сказалі: Гэты гаварыў: «Магу разбурыць сьвятыню Божую ды за тры дні адбудаваць яе».

62 Падняўся першасьвятар і кажа яму: Нічога не адказваеш на тое, што гэтыя на цябе сьветчаць?

63 Адыж Езус маўчаў. Першасьвятар тады кажа яму: Запрысягаю цябе жывым Богам, скажы нам, ці ты ёсьць Хрыстус, Сын Божы?

64 Езус гавора яму: Ты сказаў. Адыж гавару вам: адцяпер убачыце Сына чалавечага, сядзячага праваруч Усемагутнасьці й прыходзячага ў ваблоках нябесных.

65 Разарваў тады першасьвятар на сабе адзенне, кажучы: Зблюзніў! Нашто нам яшчэ сьветкі? Вось чулі-ж блюзнерства.

66 Як вам здаецца? Яны кажуць у вадказ: Годзен сьмерці.

67 І пачалі пляваць яму ў твар ды біць кулакамі, іншыя-ж давалі пашчочыны,

68 кажучы: Прароч нам, Хрысьце, хто гэта цябе ўдарыў?

69 А Пётр сядзеў на дварэ вонках. І падыйшла к яму адна служніца дый кажа: І ты-ж быў з Езусам Галілейскім.

70 Адыж ён адрокся перад усімі, кажучы: Ня ведаю, што гаворыш.

71 А як выйходзіў да брамы, спанатрыла яго другая прыслужніца й кажа тым, што там стаялі: І гэты быў з Езусам Назарэйскім.

72 І зноў адрокся, прысягаючы, што ня знае чалавека.

73 Крыху пазней падыйшлі тыя, што стаялі там ды сказалі Пятру: Сапраўды і ты з іх, бо і гаворка твая цябе выдае.

74 Тады пачаў назаклён адманвацца, што ня знае гэтага чалавека. І воміг тут-жа запяяў певень.

75 І прыпомніляся Пятру запавешчанае слова Езусава: "Перш чымся запяе певень, ты трэйчы адрачэшся мяне". І выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.

 

Раздзел 27

1 А як настала раніца, усе архісьвятары і старшыя народу склікалі раду супроць Езуса, каб выдаць яго на сьмерць.

2 І звязаўшы, завялі й аддалі яго Понцыю Пілату, намесьніку.

3 Тады Юдаш, які выдаў яго, бачачы засуджанага, раскаяўся ды аднёс трыццаць сярэбранікаў вышэйшым сьвятаром і старшым,

4 кажучы: Саграшыў я, выдаючы нявінную кроў. Яны-ж сказалі: А што нам? Ты сябе глядзі.

5 І, кінуўшы сярэбранікі ў сьвятыні, выйшаў ды пайшоў павесіўся.

6 А вышаўшыя сьвятары, ўзяўшы срэбнікі, гаварылі: Нельга іх класьці ў скарбону, бо гэта заплата за кроў.

7 І парадзіўшыся, купілі за іх ганчарова поле для хавання падарожных.

8 Таму поле тое й завецца Гацэльдама, гэта знача: Поле крыві, аж па сянняшні дзень.

9 Тады споўнілася што было сказана праз Ерэмію прарока (38 8), гаварыўшага: «І ўзялі трыццаць сярэбранікаў, заплату ацэненага, якога ацанілі сыны Ізраэля,

10 ды далі іх за ганчарова поле, як пастанавіў мне Госпад».

11 Езус-жа стаў перад намесьнікам; і спытаўся ў яго намесьнік, кажучы: Ты кароль Юдэйскі? Гавора яму Езус: Ты кажаш.

12 І калі вінавацілі яго вышэйшыя сьвятары ды старшыны, нічога не адказваў.

13 Тады кажа яму Пілат: Ня чуеш, колькі сьветчаць супроць цябе?

14 І не адказаў яму на ніводнае слова, так што начальнік моцна дзівіўся.

15 На дзень-жа сьвяточны намесьнік абыдна выпускаў народу аднаго вязня, якогаб хацелі.

16 І меў ён тады ведамага вастрожніка, што зваўся Барабаш.

17 І вось, калі яны зыйшліся, сказаў Пілат: Каго жадаеце, каб вам выпусьціў: Барабаша, ці Езуса, якога завуць Хрыстусам?

18 Ведаў бо, што выдалі яго праз завісьць.

19 А як сядзеў ён у судовішчы, жонка ягона паслала яму сказаць: Не рабі нічога справядліўцу гэтаму, бо я праз сон сягоння шмат цярпела дзеля яго.

20 Але архісьвятары й старшыны набухторылі народ, каб дамагаліся Барабаша, а Езуса загубілі.

21 Тады намесьнік, адазваўшыся, сказаў ім: Каго з двух жадаеце, каб вам выпусьціць? Яны-ж сказалі: Барабаша.

22 Гавора ім Пілат: Што-ж я зраблю з Езусам, называным Хрыстом? Сказалі ўсе: Хай будзе ўкрыжаваны.

23 Гавора намесьнік: Што-ж ён зрабіў благога? Адыж яны яшчэ болей крычалі: Хай будзе ўкрыжаваны!

24 Пілат-жа, бачачы, што нічога ня здее, а забурэнне ўзмагутняецца, ўзяўшы вады, абмыў рукі перад народам, кажучы: Нявінаваты я ў крыві гэтага справядліўца; пабачыце самы.

25 А ўвесь народ у вадказ крычаў: Кроў яго на нас і на дзяцей нашых!

26 Тады выпусьціў ім Барабаша, а Езуса ўбічаванага выдаў ім на ўкрыжаванне.

27 Узяла тады міліцыя намесьнікава Езуса на дворышча суду, прыставілі яму цэлую дружыну.

28 І раздзеўшы яго, накінулі яму чырвоны плашч;

29 і сплёўшы вянок з церняў, уздзелі яму на голаў, а трысьціну далі ў правую руку яго. І згінаючы перад ім калені, насьміхаліся з яго, кажучы: Прывет табе, кароль Юдэйскі!

30 Ды плюючы на яго, бралі трысьціну й білі па галаве.

31 І калі ўжо наздзекаваліся з яго, знялі з яго плашч і адзелі ў ягонае адзенне ды павялі яго на ўкрыжаванне.

32 А выходзячы спаткалі чалавека Цырынэйца, па йменню Сымона; гэтага прымусілі, каб нёс крыж ягоны.

33 І прыйшлі на месца, званае Гтльгота, гэта знача: Чэраповішча.

34 І далі яму віна, змяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, не хацеў піць.

35 А калі яго ўкрыжавалі, падзялілі ягона адзенне, варажбою, каб споўнілася сказанае прарокам, гаварыўшым: «Падзялілі сабе адзенне маё, і аб сукню маю кідалі варажбу (Пс. 21, 19).

36 І седзячы, пільнавалі яго.

37 Ды прыладзілі над ягонай галавою напіс пра яго віну: ГЭТА ЕЗУС, КАРОЛЬ ЮДЭЙСКІ.

38 Тады былі ўкрыжаваны з ім два разбойнікі: адзін па правай руцэ, а другі па левай.

39 А праходзячыя міма блюзнілі яму, ківаючы галавамі сваімі

40 й гаворачы: Ты, што разбураеш Божу сьвятыню ды ў тры дні яе адбудоўваеш, выратуй сам сябе; калі ты Сын Божы, дык сыдзі з крыжа!

41 Таксама й вышэйшыя сьвятары з кніжнікамі ды старшынамі, насьмяхаючыся, казалі:

42 Другіх ратаваў, а сябе самога ня можа выратаваць! Калі ён кароль Ізраэльскі, хай-жа цяпер сыдзе з крыжа і мы ўверым яму.

43 Спадзяваўся на Бога; няхай цяпер выбавіць яго, калі яму мілы; казаў бо: "Я Сын Божы".

44 Таксама й злыдні, што былі ўкрыжаваны з ім, кпілі з яго.

45 Ад шостае-ж гадзіны настала цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.

46 А каля гадзіны дзявятай загаласіў Езус моцным голасам: «Элі, Элі, лямма сабахтані!?» гэта знача: Божа мой, Божа мой, чаму-ж Ты мяне пакінуў?

47 Некаторыя, што стаялі там ды чулі, казалі: Гальяша бач кліча.

48 І зараз-жа адзін з іх пабег узяў губку ды, намачыўшы ў воцат і насадзіўшы на трысьціну даў яму піць.

49 А іншыя гаварылі: Чакай, паглядзімт, ці прыйдзе Гальяш ратаваць яго.

50 Езус-жа йзноў, загаласіўшы вялікім голасам, аддаў душу.

51 І вось заслона сьвятыні раздзерлася на дзве часткі ад верху да нізу; а зямля затраслася й параспадаліся скалы.

52 І адчыніліся гробы ды шмат целаў сьвятых, што паснулі, ўстала;

53 і выйшаўшы з магілаў пасьля змяртвыхустання ягонага, ўвайшлі ў сьвяты горад ды паказаліся многім.

54 Сотнік-жа й тыя, што з ім старажылі Езуса, ўгледзеўшы землятрасеньне ды ўсё, што сталася, моцна спалохаліся й гаварылі: Сапраўды ён быў Сынам Божым.

55 Было-ж там шмат жанчын здалёк, якія йшлі за Езусам з Галілеі, прыслугоўваючы яму;

56 між якімі была Марыя Магдалена, і Марыя маці Якубава й Язэпава, ды маці сыноў Зэбэдэевых.

57 Калі-ж настаў вечар, прыйшоў адзін багаты чалавек з Арыматэі, па іменню Язэп, які таксама быў вучням Изусавым.

58 Ён прыйшоў да Пілата й прасіў Езусавага цела. Тады Пілат загадаў цела аддаць.

59 І ўзяўшы цела, Язэп увінуў яго ў чыстае палатно

60 і палажыў яго ў сваім новым гробе, высечаным у скале; ды прываліўшы вялікі камень да ўваходу ў гроб, адыйшоў.

61 Была-ж там Марыя Магдалена і другая Марыя, сядзячыя насупроць гробу.

62 А на заўтрашні дзень, наступны пасьля Прыгатавання, зыйшліся вышэйшыя сьвятары й фарызэі да Пілата,

63 дый кажуць: Спадару, прыпомнілі мы, што гэны зводнік, як быў шчэ пры жыцьці, сказаў: «Цераз тры дні я згробуўстану».

64 Дык загадай магілу пільнаваць аж да трэцяга дня, каб часам ня прыйшлі вучні ягоны ды ня ўкралі й не сказалі народу: Устаў з мяртвых. І будзе апошняя памылка горшая за першую.

65 Сказаў ім Пілат: Вось вам стража, ідзеце, пільнуйце, як умееце.

66 І яны пайшлі, абясьпечылі гроб стражай ды апячатаўшы камень.

 

Раздзел 28

1 А пасьля сыботы, на сьвітанні першага дня ў тыдні, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець гробу.

2 І вось зрабілася вялікае землятрасенне, анел бо Госпадаў зыйшоў з неба і, прыступіўшы, адваліў камень ды сеў на ім.

3 А быў воблік ягоны як маланка, акрыцьцё-ж – як сьнег.

4 І ад страху перад ім жахнулася варта й сталася як няжывая.

5 Адазваўшыся-ж анел сказаў жанчынам: Ня бойцеся, ведаю бо, што шукаеце Езуса, які быў укрыжаваны.

6 Няма яго тут, ён згробуўстаў, як сказаў. Хадзеце й паглядзеце месца, дзе Ўсеспадар быў паложаны.

7 Ды йдзеце хутка, скажэце вучням ягоным, што згробуўстаў; і вось ідзе перад вамі ў Галілею, там яго ўбачыце. Гэта запавяшчаю вам.

8 І выйшаўшы борзда із гробу, пабеглі з трывогай і радасьцю вялікай, паведаміць ягоных вучняў.

9 Прымеж таго спатыкае іх Езус, кажучы: Прывет вам! Яны-ж прыступіліся й абнялі ногі яго ў паклоне яму.

10 Тады сказаў ім Езус: Ня бойцеся! Ідзеце, паведамце братоў маіх, каб ішлі ў Галілею; там мяне ўбачаць.

11 Як яны адыйшлі, вось некаторыя з вартаўнікоў прыбеглі ў горад і паведамілі вышэйшых сьвятароў аб усім, што сталася.

12 Тыя-ж сабраўшыся з старшынамі й парадзіўшыся, далі стражніком даволі грошай,

13 угаварваючы: Кажэце, што вучні ягоны ўначы прыйшлі ды ўкралі яго, як мы спалі.

14 А калі-б дайшло гэта да начальніка, мы яго пераканаем і зробім вас бясьпечнымі.

15 Яны-ж, ўзяўшы грошы, зрабілі так, як былі навучаны. І праняслося гэтае слова паміж юдэямі аж па сянняшні дзень.

16 Адзінаццаць-жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гору, куды сказаў ім Езус.

17 І ўбачыўшы яго, пакланіліся; а некаторыя сумняваліся.

18 Езус, падыйшоўшы, прамовіў да іх, кажучы: Дадзена мне ўся ўлада на небе й на зямлі.

19 Ідзеце вось-жа й навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Духа Святога,

20 ды вучачы іх спаўняць усёчыста што я загадаў вам. А вось я з вамі праз усе дні, аж да сканчэння сьвету.




Крыніца: http://chasaslovec.info
Пераклад: Пётр Татарыновіч
Падрыхтавана: Алесь Аўдзяюк

Беларуская Палічка: http://knihi.com