epub
 
падключыць
слоўнікі

Святое Евангелле паводле Іаана

Раздзел 1
Раздзел 2
Раздзел 3
Раздзел 4
Раздзел 5
Раздзел 6
Раздзел 7
Раздзел 8
Раздзел 9
Раздзел 10
Раздзел 11
Раздзел 12
Раздзел 13
Раздзел 14
Раздзел 15
Раздзел 16
Раздзел 17
Раздзел 18
Раздзел 19
Раздзел 20
Раздзел 21


Раздзел 1

1У пачатку было́ Слова, і Слова было́ ў Бога, і Богам было́ Слова.

2Яно было ў пачатку ў Бога;

3усё праз Яго пачало́ быць, і без Яго нішто не пачало́ быць, што пачало́ быць.

4У Ім было жыццё, і жыццё было святлом для людзе́й;

5і святло ў це́мры све́ціць, і це́мра не агарну́ла яго.

6Быў чалавек, пасла́ны ад Бога; імя́ яму Іаан;

7ён прыйшоў для све́дчання, каб све́дчыць пра Святло, каб усе ўве́равалі праз яго.

8Ён не быў святлом, але прыйшоў, каб све́дчыць пра Святло;

9было́ Святло і́сціннае, Якое прасвятля́е ўсякага чалавека, што прыхо́дзіць у свет;

10у свеце быў, і свет праз Яго пача́ў быць, і свет Яго не пазнаў;

11да сваіх прыйшоў, і свае Яго не прынялі́.

12А тым, што прынялі́ Яго, даў ула́ду стаць дзе́цьмі Божымі, тым, што ве́руюць у імя́ Яго,

13якія не ад крыві́, і не ад жада́ння пло́ці, і не ад жада́ння му́жа, а ад Бога нарадзі́ліся.

14І Слова стала пло́ццю, і жыло́ сярод нас, і мы ба́чылі славу Яго ад Айца, славу як Адзінароднага, поўнага благада́ці і і́сціны.

15Іаан све́дчыць пра Яго і, ўскліка́ючы, гаворыць: гэта быў Той, пра Каго я сказаў: Той, Хто ідзе за мною, напе́радзе мяне стаў, бо ране́й за мяне быў;

16і ад паўнаты́ Яго мы ўсе прынялі́ і благада́ць на благада́ць;

17бо закон праз Маісея да́дзены, а благада́ць і і́сціна праз Іісуса Хрыста ста́ліся.

18Бога ніхто не бачыў ніколі; Адзінародны Сын, Які ва ўло́нні Айца, Ён яві́ў.

19І вось све́дчанне Іаана, калі Іудзеі пасла́лі з Іерусаліма святароў і леві́таў, каб спыта́лі яго: хто ты́

20І ён вы́знаў і не адро́кся; і вы́знаў: я не Хрыстос.

21І спыталі яго: дык што́ ты Ілія́? І ён сказаў: не. Ты прарок? І адказаў: не.

22Сказалі яму: хто ж ты́ каб даць адказ тым, хто паслаў нас; што́ ты скажаш пра само́га сябе́

23Ён сказаў: я голас таго, хто клі́ча ў пусты́ні: вы́прамце шлях Госпаду, як сказаў прарок Іса́ія.

24А пасла́ныя былі́ з фарысеяў;

25і яны пыталіся ў яго і казалі яму: чаго ж ты хры́сціш, калі ты не Хрыстос, ні Ілія́, ні прарок?

26Адказаў ім Іаан, ка́жучы: я хрышчу́ вадою; але сярод вас стаіць Той, Каго вы не ведаеце;

27гэта Той, Хто ідзе за мною, Які напе́радзе мяне стаў, у Якога я нява́рты развяза́ць раме́нь абу́тку Яго.

28Гэта было ў Віфава́ры за Іарданам, дзе хрысці́ў Іаан.

29На другі дзень бачыць Іаан Іісуса, Які ідзе да яго, і кажа: вось Агнец Божы , што бярэ́ на Сябе граxі́ свету;

30гэта Той, пра Якога я сказаў: “за мною ідзе Муж, Які напе́радзе мяне стаў, бо ране́й за мяне быў”;

31і я не ведаў Яго; але, каб Ён быў я́ўлены Ізра́ілю, дзе́ля гэтага прыйшоў я хрысці́ць вадою.

32І све́дчыў Іаан, ка́жучы: я бачыў Духа, Які сыхо́дзіў як голуб з неба, і Ён заста́ўся на Ім;

33і я не ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысці́ць вадою, сказаў мне: “над Кім убачыш Духа, Які сыхо́дзіць і застае́цца на Ім, Той і ёсць, што хры́сціць Духам Святым”;

34і я бачыў і засве́дчыў, што Ён — Сын Божы.

35На другі дзень зноў стаяў Іаан і двое з вучняў яго.

36І, убачыўшы Іісуса, Які ішоў, ён сказаў: вось Агнец Божы.

37І пачулі або́два вучні, як ён казаў гэта, і пайшлі за Іісусам.

38Іісус жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: чаго вы шука́еце? Яны сказалі Яму: Равві́ (што азначае: Вучыцель), дзе Ты жыве́ш?

39Ён кажа ім: ідзіце і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі́ ў Яго дзень той. Было ж каля дзесятай гадзі́ны.

40Адзін з дваіх, што пачулі ад Іаана пра Іісуса і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сі́мана Пятра.

41Ён першы знахо́дзіць брата свайго Сі́мана і кажа яму: мы знайшлі Месі́ю (што ў перакладзе азначае: Хрыстос).

42І прывёў яго да Іісуса. Глянуўшы на яго, Іісус сказаў: ты Сі́ман, сын Іоны; ты будзеш звацца Кі́фа (што азначае: ка́мень).

43На другі дзень захацеў Ён ісці ў Галілею; і знахо́дзіць Філіпа і кажа яму: ідзі за Мною.

44Філіп жа быў з Віфсаі́ды, з горада Андрэя і Пятра.

45Знаходзіць Філіп Нафана́іла і кажа яму: мы знайшлі Таго, пра Каго пісалі Маісей у законе і прарокі, Іісуса, Сына Іосіфавага, з Назарэ́та.

46І сказаў яму Нафана́іл: ці можа з Назарэ́та быць што добрае? Філіп кажа яму: ідзі і паглядзі́.

47Убачыў Іісус Нафана́іла, які ішоў да Яго, і кажа пра яго: вось, сапраўды́, Ізраільця́нін, у якім няма крываду́шнасці.

48Кажа Яму Нафана́іл: адкуль Ты мяне ведаеш? У адказ Іісус сказаў яму: перш, чым паклі́каў цябе Філіп, калі ты быў пад смако́ўніцаю, Я бачыў цябе.

49Нафана́іл адказаў Яму: Равві́! Ты Сын Божы, Ты Цар Ізра́ілеў.

50У адказ Іісус сказаў яму: ты верыш, бо Я сказаў табе: “Я бачыў цябе пад смако́ўніцаю”; убачыш бо́льшае за гэта.

51І кажа яму: праўду, праўду кажу вам: з гэтага часу ўба́чыце неба раскры́тае і ангелаў Божых, што ўзыхо́дзяць і сыхо́дзяць да Сы́на Чалавечага.

 

Раздзел 2

1А на трэці дзень было́ вясе́лле ў Ка́не Галіле́йскай, і Маці Іісусава была́ там.

2Запро́шаны таксама быў Іісус і вучні Яго на вясе́лле.

3І калі не хапі́ла віна, Маці Іісусава кажа Яму: віна не маюць.

4Кажа Ёй Іісус: што́ Мне і Табе, Жанчына? яшчэ не прыйшоў час Мой.

5Кажа Яго Маці слу́гам: што́ скажа Ён вам, зрабі́це.

6Было ж там шэсць каме́нных пасу́дзін для вады, якія стаялі дзе́ля ачышчэ́ння Іудзейскага і змяшча́лі па дзве ці па тры ме́ры.

7Кажа ім Іісус: напоўніце пасу́дзіны вадою. І напоўнілі іx да ве́рху.

8І кажа ім: цяпер чэ́рпайце і нясіце да распара́дчыка засто́лля. І яны пане́слі.

9Калі ж распара́дчык пакаштава́ў вады, што зрабі́лася віном, — а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія налівалі ваду, — кліча жаніха распара́дчык засто́лля

10і кажа яму: кожны чалавек спача́тку добрае віно падае́, а калі нап’юцца, тады горшае; ты ж добрае віно захаваў дагэтуль.

11Так паклаў Іісус пачатак цу́дам у Ка́не Галілейскай і яві́ў славу Сваю, і ўве́равалі ў Яго вучні Яго.

12Пасля гэтага прыйшоў Ён у Капернау́м, Сам і Маці Яго, і браты́ Яго, і вучні Яго, і там застава́ліся некалькі дзён.

13І набліжа́лася Пасха Іудзейская, і прыйшоў Іісус у Іерусалім

14і знайшоў, што ў храме прадавалі валоў, і авечак, і галубоў, і сядзелі мяня́лы грошай;

15і, зрабіўшы біч з вяровак, усіx вы́гнаў з храма, і авечак, і валоў, і парассыпа́ў грошы мяня́лаў і сталы́ перавярнуў;

16і прадаўцам галубоў сказаў: забяры́це гэта адсюль, не рабіце дом Айца Майго домам га́ндлю.

17І ўспомнілі вучні Яго, што напі́сана: “клопат пра дом Твой паглына́е Мяне”.

18На гэта Іудзеі сказалі Яму: якім знаме́ннем Ты пакажаш нам, што маеш права гэта рабіць?

19У адказ Іісус сказаў ім: разбуры́це храм гэты, і Я за тры дні ўзвяду́ яго.

20І сказалі Іудзеі: сорак шэсць гадоў будаваўся храм гэты, а Ты за тры дні ўзвядзе́ш яго?

21Ён жа гаварыў пра храм цела Свайго.

22Калі ж Ён уваскрэ́с з мёртвых, успомнілі вучні Яго, што Ён гэта казаў, і паве́рылі Пісанню і слову, якое сказаў Іісус.

23А калі Ён быў у Іерусаліме на свята Пасхі, многія ўверавалі ў імя́ Яго, бачачы цуды, якія Ён твары́ў.

24Але Сам Іісус не давяра́ўся ім, таму што Сам ведаў усіx,

25і не меў патрэ́бы, каб хто све́дчыў пра чалавека, бо Сам ведаў, што́ было́ ў чалавеку.

 

Раздзел 3

1Быў жа чалавек з фарысеяў, імя́ яму Нікадзі́м, начальнік Іудзейскі;

2ён прыйшоў да Іісуса ўначы́ і сказаў Яму: Равві́! мы ведаем, што Ты Вучыцель, Які прыйшоў ад Бога, бо ніхто не можа твары́ць такіх цу́даў, якія Ты тво́рыш, калі Бог не будзе з ім.

3У адказ Іісус сказаў яму: праўду, праўду кажу табе: калі хто не наро́дзіцца звыш, не можа ўба́чыць Царства Божага.

4Кажа Яму Нікадзі́м: як можа чалавек нарадзі́цца, калі ён стары́? хіба́ можа ён другі раз увайсці ва ўло́нне маці сваёй і нарадзі́цца?

5Адказаў Іісус: праўду, праўду кажу табе: калі хто не наро́дзіцца ад вады і Духа, не можа ўвайсці ў Царства Божае:

6наро́джанае ад плоці ёсць плоць, а наро́джанае ад Духа ёсць дух.

7Не здзіўля́йся, што Я сказаў табе: “трэба вам нарадзі́цца звыш”.

8Вецер вее, дзе хоча , і голас яго чуеш, а не ведаеш, адкуль прыхо́дзіць і куды адыхо́дзіць; так і з кожным наро́джаным ад Духа.

9Тады Нікадзі́м сказаў Яму: як гэта можа быць?

10У адказ Іісус сказаў яму: ты вучыцель Ізра́ілеў, і гэтага не ведаеш?

11Праўду, праўду кажу табе: што́ Мы ведаем, пра тое гаворым, і што́ бачылі, пра тое све́дчым, і вы све́дчання Нашага не прыма́еце;

12калі Я пра зямное сказаў вам, і вы не верыце, як паверыце, калі скажу вам пра нябеснае?

13Ніxто не ўзыхо́дзіў на неба, толькі Сын Чалавечы, Які, бу́дучы на небе, сышоў з неба;

14і, як Маісей узняў зме́я ў пустыні, так нале́жыць быць узня́тым Сыну Чалавечаму,

15каб кожны, хто ве́руе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае.

16Бо так узлюбі́ў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто ве́руе ў Яго, не загі́нуў, але меў жыццё вечнае;

17бо не паслаў Бог Сына Свайго ў свет, каб судзі́ць свет, але каб свет быў спасёны праз Яго;

18хто ве́руе ў Яго, не будзе асу́джаны, а хто не ве́руе, той ужо асу́джаны, бо не ўве́раваў у імя́ Адзінароднага Сына Божага.

19А суд у тым, што святло прыйшло ў свет, але палюбі́лі людзі це́мру больш за святло, бо ўчынкі іx былі́ ліхі́я;

20бо кожны, хто робіць зло, той ненаві́дзіць святло і не ідзе да святла, каб не былі́ вы́крыты ўчы́нкі яго, бо яны ліхі́я;

21а хто робіць па праўдзе, той ідзе да святла, каб вы́явіліся ўчы́нкі яго, бо яны ў Богу зро́блены.

22Пасля гэтага прыйшоў Іісус і вучні Яго ў Іудзейскую зямлю́; і там Ён жыў з імі і хрысці́ў.

23Іаан жа таксама хрысці́ў у Эно́не, недалёка ад Салі́ма, бо там было́ многа вады, і прыхо́дзілі туды і хрысці́ліся;

24таму што не быў яшчэ паса́джаны ў цямні́цу Іаан.

25І ўзні́кла спрэ́чка ў вучняў Іаанавых з Іудзеямі пра ачышчэ́нне;

26і прыйшлі да Іаана і сказалі яму: равві́! Той, Хто быў з табою на тым баку́ Іардана і пра Каго ты све́дчыў, вось, Ён хры́сціць, і ўсе ідуць да Яго.

27У адказ Іаан сказаў: не можа чалавек нічога браць на сябе, калі не будзе да́дзена яму з неба.

28Вы самі мне све́дчыце, што я сказаў: “я не Хрыстос, але я пасла́ны перад Ім”.

29Хто ма́е нявесту, той жаніx, а друг жаніха, які стаіць і слухае яго, ра́дасцю ра́дуецца, чу́ючы голас жаніxа; гэтая вось ра́дасць мая спо́ўнілася;

30Яму нале́жыць узраста́ць, а мне ме́ншаць.

31Хто прыхо́дзіць з вышыні́, Той над усімі, а хто ад зямлі́, той зямны́ і па-зямному гаво́рыць; Хто прыхо́дзіць з неба, Той над усімі,

32і што Ён бачыў і чуў, пра тое све́дчыць, ды све́дчання Яго ніхто не прыма́е;

33хто прыня́ў Яго све́дчанне, той сцве́рдзіў, што Бог і́сцінны.

34Бо Той, Каго паслаў Бог, словы Божыя гаворыць, таму што не ме́раю дае Бог Духа.

35Бо Айцец лю́біць Сына і ўсё даў у руку́ Яго.

36Хто ве́руе ў Сына, той ма́е жыццё вечнае, а хто не ве́руе ў Сына, той не ўбачыць жыцця́, але гнеў Божы застае́цца на ім.

 

Раздзел 4

1Калі ж даве́даўся Іісус, што пачулі фарысеі пра тое, што Іісус больш вучняў набыва́е і хры́сціць, чым Іаан, —

2хоць Сам Іісус не хрысці́ў, а вучні Яго, —

3пакінуў Ён Іудзею і пайшоў зноў у Галіле́ю.

4А трэба было́ Яму прахо́дзіць праз Самары́ю.

5Вось, прыхо́дзіць Ён у горад Самары́йскі пад назвай Сіxа́р, паблі́зу зямлі́, якую даў Іакаў Іосіфу, сыну свайму;

6і быў там кало́дзеж Іакава. Іісус, стамі́ўшыся ад дарогі, сеў ля кало́дзежа; было́ каля шостай гадзі́ны.

7Прыхо́дзіць жанчына з Самары́і набраць вады. Кажа ёй Іісус: дай Мне піць.

8Бо вучні Яго адышлі́ ў горад, каб купі́ць ежы.

9Кажа Яму жанчына Самара́нка: я́к Ты, Іудзей, просіш піць у мяне, жанчыны Самара́нскай? бо Іудзеі ж не маюць зно́сін з Самара́намі.

10У адказ Іісус сказаў ёй: калі б ты ведала дар Божы, і Хто Той, што кажа табе: “дай мне піць”, то ты сама прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе ваду́ жыву́ю.

11Кажа Яму жанчына: Гаспадар! у Цябе і зачарпну́ць няма чым, а кало́дзеж глыбо́кі; адкуль жа ў Цябе вада жыва́я?

12хіба́ Ты большы за айца нашага Іакава, які даў нам гэты кало́дзеж і сам з яго піў, і сыны́ яго, і ста́так яго?

13У адказ Іісус сказаў ёй: кожны, хто п’е гэтую ваду, будзе адчува́ць пра́гу зноў;

14а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, не сасма́гне ніколі; але вада, якую Я дам яму, стане ў ім крыні́цаю вады, што цячэ́ ў жыццё вечнае.

15Кажа Яму жанчына: Гаспадар! дай мне гэтай вады, каб мне не мець сма́гі і не прыхо́дзіць сюды́ чэ́рпаць.

16Кажа ёй Іісус: ідзі, пакліч мужа свайго і прыхо́дзь сюды.

17У адказ жанчына сказала Яму: у мяне няма мужа. Кажа ёй Іісус: добра ты сказала, што ў цябе мужа няма;

18бо пяць мужоў у цябе было́, і той, якога цяпер маеш, не муж табе; гэта праўдзіва сказала ты.

19Кажа Яму жанчына: Гаспадар! бачу, што Ты прарок;

20айцы нашы на гары́ гэтай пакланя́ліся, а вы ка́жаце, што ў Іерусаліме тое месца, дзе нале́жыць пакланя́цца.

21Кажа ёй Іісус: жанчына, павер Мне, што настае́ час, калі не на гары́ гэтай і не ў Іерусаліме будзеце пакланя́цца Айцу;

22вы пакланя́ецеся таму, чаго не ведаеце; мы пакланя́емся таму, што ведаем, бо спасе́нне ад Іудзеяў;

23але настае́ час, ды і цяпер ёсць, калі і́сцінныя пакло́ннікі будуць пакланя́цца Айцу ў ду́ху і ісціне, бо такіх пакло́ннікаў Айцец і шукае Сабе;

24Бог ёсць дух, і тыя, што пакланя́юцца Яму, павінны пакланя́цца ў ду́ху і ісціне.

25Кажа Яму жанчына: ведаю, што пры́йдзе Месі́я, Якога называ́юць Хрыстос; калі Ён пры́йдзе, то абве́сціць нам усё.

26Кажа ёй Іісус: гэта Я, што размаўляю з табою.

27У гэты час прыйшлі́ вучні Яго і здзіві́ліся, што Ён размаўля́е з жанчынаю, але ні адзін не сказаў: што Табе трэба? ці: пра што Ты размаўля́еш з ёю?

28Пакі́нула тады жанчына сваю пасу́дзіну для вады і пайшла ў горад, і кажа лю́дзям:

29ідзіце і паба́чце Чалавека, Які сказаў мне пра ўсё, што я зрабіла: ці не Хрыстос Ён?

30Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.

31Між тым прасілі Яго вучні, ка́жучы: Равві́! еж.

32Ён жа сказаў ім: у Мяне ёсць ежа, каб есці, якой вы не ведаеце.

33Тады вучні гаварылі паміж сабою: хіба́ нехта прынёс Яму есці?

34Кажа ім Іісус: Мая ежа — тое, каб здзяйсня́ць волю Таго, Хто паслаў Мяне і завяршы́ць справу Яго.

35Ці не ка́жаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і наста́не жніво́? Дык вось, кажу вам: узвядзі́це вочы вашы і паглядзі́це на ні́вы, як яны ўжо пабяле́лі для жніва́;

36і хто жне, той атры́млівае ўзнагароду і збірае плён у жыццё вечнае, каб і той, хто сее, і той, хто жне, разам радаваліся;

37бо тут апра́ўдваецца высло́ўе: адзін сее, а другі жне;

38Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іx.

39З горада таго многія Самара́не ўве́равалі ў Яго па слову жанчыны, якая све́дчыла: Ён сказаў мне пра ўсё, што я зрабіла.

40Таму, калі прыйшлі да Яго Самара́не, то прасілі Яго пабы́ць у іx, і Ён прабы́ў там два дні,

41і намнога больш людзей уве́равалі па слову Яго;

42а жанчыне казалі: ужо не па твайму апавяда́нню веруем, бо самі чулі і ведаем, што гэта сапраўды́ Спасіцель свету, Хрыстос.

43А праз два дні Ён адышоў адтуль і пайшоў у Галіле́ю;

44бо Сам Іісус сведчыў, што прарок на сваёй бацькаўшчыне паша́ны не ма́е.

45Калі ж Ён прыйшоў у Галіле́ю, то Галіле́яне прынялі́ Яго, бачыўшы ўсё, што зрабіў Ён у Іерусаліме на свята; бо і яны хадзілі на свята.

46Дык вось, прыйшоў зноў Іісус у Ка́ну Галіле́йскую, дзе ператвары́ў ваду ў віно. І быў адзін царадво́рац, сын якога быў хворы ў Капернау́ме.

47Ён, пачуўшы, што Іісус прыйшоў з Іудзеі ў Галіле́ю, пайшоў да Яго і прасіў Яго прыйсці і ацалі́ць сына яго, бо той быў пры смерці.

48І сказаў яму Іісус: калі знаме́нняў і цудаў не ўбачыце, вы не ўверуеце.

49Кажа Яму царадво́рац: Госпадзі! прыйдзі́, пакуль не паме́рла дзіця́ маё.

50Іісус кажа яму: ідзі, сын твой жывы́. І паверыў чалавек слову, якое сказаў яму Іісус, і пайшоў.

51І ўжо калі ён ішоў, рабы яго сустрэлі яго і абве́сцілі: сын твой жывы́.

52Тады ён спытаўся ў іх, у каторай гадзі́не стала яму лягчэ́й; і сказалі яму: учора ў сем гадзі́н гара́чка пакі́нула яго.

53Зразуме́ў тады бацька, што гэта было́ ў тую гадзі́ну, калі Іісус сказаў яму: ідзі, сын твой жывы́. І ўвераваў сам і ўвесь дом яго.

54Гэта ўжо другі цуд сатвары́ў Іісус, прыйшо́ўшы з Іудзеі ў Галіле́ю.

 

Раздзел 5

1Пасля гэтага было́ свята Іудзейскае, і прыйшоў Іісус у Іерусалім.

2Ёсць жа ў Іерусаліме каля́ Аве́чых варот купа́льня, што называ́ецца па-яўрэйску Віфезда́, і ма́е пяць кры́тых хадоў;

3у іх ляжала вялікае мноства хворых, сляпых, кульга́вых, ссо́хлых, што чакалі ру́ху вады;

4бо Ангел Гасподні час ад часу сыходзіў у купа́льню і ўзруша́ў ваду́; і хто першы ўваходзіў у яе пасля ўзрушэ́ння вады, той выздара́ўліваў, якой бы хваробай ні быў апанава́ны.

5Быў жа тут нейкі чалавек, што трыццаць восем гадоў паку́таваў ад хваробы сваёй.

6Іісус, уба́чыўшы яго ляжа́чым і даве́даўшыся, што ўжо доўгі час ён хварэ́е, кажа яму: хочаш стаць здаровым?

7Адказаў Яму хворы: так, Гаспадар, але не ма́ю чалавека, які апусці́ў бы мяне ў купа́льню, калі ўзру́шыцца вада; а пакуль я прыхо́джу, іншы сыхо́дзіць ране́й за мяне.

8Кажа яму Іісус: устань, вазьмі пасце́ль тваю і хадзі.

9І адразу вы́здаравеў чалавек; і ўзяў пасце́ль сваю і пайшоў. Была́ ж субота ў той дзень.

10Таму казалі Іудзеі ацалёнаму: сёння субота, і нельга табе браць пасце́лі тваёй.

11Ён адказаў ім: Той, Хто мяне ацалі́ў, сказаў мне: “вазьмі пасце́ль тваю і хадзі”.

12Тады спыта́ліся ў яго: хто Той Чалавек, Які сказаў табе: “вазьмі пасце́ль тваю і хадзі”?

13Ацалёны ж не ведаў, хто Ён, таму што Іісус скры́ўся, бо натоўп быў на тым месцы.

14Пасля таго Іісус сустрэў яго ў храме і сказаў яму: вось, ты стаў здаровым; больш не грашы́, каб не зда́рылася з табою чаго го́ршага.

15Пайшоў чалавек гэты і паве́даміў Іудзеям: гэта Іісус ацалі́ў мяне.

16І таму Іудзеі ста́лі гнаць Іісуса і імкну́ліся забіць Яго, што Ён рабіў гэта ў суботу.

17Іісус жа казаў ім: Айцец Мой дагэ́туль дзе́е, і Я дзе́ю.

18І з-за таго яшчэ больш імкну́ліся Іудзеі забіць Яго, што Ён не толькі паруша́ў суботу, але і Айцом Сваім называ́ў Бога, ро́бячы Сябе ро́ўным Богу.

19На гэта Іісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: не можа Сын рабі́ць Сам ад Сябе нічога, калі не будзе ба́чыць, што́ Айцец робіць, бо што́ Ён робіць, тое і Сын робіць таксама;

20бо Айцец лю́біць Сына і пака́звае Яму ўсё, што Сам робіць; і бо́льшыя за гэтыя пака́жа Яму спра́вы, так што вы дзіві́цца бу́дзеце;

21бо як Айцец уваскраша́е мёртвых і ажыўля́е, так і Сын ажыўля́е, каго хоча;

22бо Айцец і не су́дзіць нікога, але суд увесь аддаў Сыну,

23каб усе шанава́лі Сына, як шану́юць Айца; хто не шану́е Сына, той не шану́е і Айца, Які пасла́ў Яго.

24Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць Таму, Хто паслаў Мяне, ма́е жыццё вечнае і на суд не прыходзіць, але перайшоў ад смерці ў жыццё.

25Праўду, праўду кажу вам: настае́ час, ды і цяпер ёсць, калі мёртвыя пачу́юць голас Сына Божага і, пачу́ўшы, ажыву́ць,

26бо як Айцец ма́е жыццё ў Самі́м Сабе, так даў і Сыну жыццё мець у Сабе,

27і ўла́ду даў Яму суд чыні́ць, бо Ён ёсць Сын Чалавечы.

28Не здзіўля́йцеся гэтаму: бо настае́ час, калі ўсе, што ў магілах, пачу́юць голас Сына Божага,

29і вы́йдуць тыя, што рабі́лі дабро, ва ўваскрасе́нне жыцця́, а тыя, што рабі́лі зло, ва ўваскрасе́нне суду́.

30Не магу Я рабі́ць Сам ад Сябе нічога. Як чу́ю, так суджу́, і суд Мой пра́ведны, бо не шука́ю волі Маёй, але волі Айца, Які паслаў Мяне.

31Калі б Я све́дчыў пра Сябе, то све́дчанне Маё непраўдзі́вае;

32іншы ёсць, які све́дчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзі́вае тое све́дчанне, якім Ён све́дчыць пра Мяне;

33вы пасылалі да Іаана, і ён засве́дчыў пра ісціну.

34Я не ад чалавека све́дчанне прыма́ю, але кажу гэта, каб вы спаслі́ся;

35ён быў свяці́льнікам, які гарэў і свяці́ў, а вы хацелі паце́шыцца нейкі час пры святле́ яго.

36Але Я ма́ю све́дчанне, бо́льшае за Іаанава: бо справы, што даў Мне Айцец, каб здзе́йсніць, са́мі справы, якія Я раблю́, све́дчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне,

37і Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засве́дчыў пра Мяне. Вы ні голасу Яго ніколі не чулі, ні аблі́чча Яго не бачылі,

38і не ма́еце сло́ва Яго, якое было́ б у вас, бо Таму, Каго Ён паслаў, вы не ве́рыце.

39Дасле́дуйце Пісанні, бо вы думаеце праз іх мець жыццё ве́чнае, а яны све́дчаць пра Мяне.

40Але вы не хочаце прыйсці́ да Мяне, каб мець жыццё.

41Сла́вы ад людзей Я не прыма́ю,

42але ведаю вас, што любо́ві да Бога вы не ма́еце ў сабе.

43Я прыйшоў у імя́ Айца Майго, і вы не прыма́еце Мяне; а калі іншы пры́йдзе ў імя́ сваё, яго пры́меце.

44Як вы можаце вераваць, калі славу адзін ад аднаго прыма́еце, а славы, якая ад Адзінага Бога, не шука́еце?

45Не думайце, што Я буду абвінава́чваць вас перад Айцом; ёсць той, хто абвінава́чвае вас, Маісей, на якога вы спадзеяце́ся.

46Бо калі б верылі вы Маісею, то верылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.

47Калі ж вы яго піса́нням не верыце, я́к Маім сло́вам паве́рыце?

 

Раздзел 6

1Пасля гэтага пайшоў Іісус на той бок мора Галіле́йскага, Тыверыя́дскага;

2і за Ім ішло мноства народу, таму што бачылі цу́ды Яго, якія Ён рабіў над хворымі.

3І ўзышоў на гару Іісус і там сядзе́ў з вучнямі Сваімі.

4А набліжа́лася Пасха, свята Іудзейскае.

5Іісус, узвёўшы вочы і ўбачыўшы, што мноства народу ідзе да Яго, кажа Філіпу: дзе нам купі́ць хле́ба, каб яны паелі́

6Казаў жа Ён гэта, выпрабо́ўваючы яго, бо Сам ведаў, што́ ме́ўся зрабіць.

7Адказаў Яму Філіп: на дзвесце дына́рыяў не хопіць ім хлеба, каб кожны з іх хоць трохі атрыма́ў.

8Кажа Яму адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сі́мана Пятра:

9ёсць тут адзін хлопчык, які ма́е пяць хлябо́ў ячме́нных і дзве ры́біны; але што́ гэта для такога мноства?

10І сказаў Іісус: загада́йце лю́дзям узле́гчы. Было́ ж многа травы на тым месцы. І вось узляглі́ людзі ў колькасці каля пяці тысяч.

11Узяў жа хлябы́ Іісус і, узнёсшы падзя́ку, разда́ў вучням, а вучні — тым, што ўзляжа́лі; таксама і рыбы, колькі хто хацеў;

12і калі насы́ціліся, сказаў вучням Сваім: збяры́це кавалкі, якія засталі́ся, каб нічога не прапа́ла.

13І сабра́лі яны і напо́ўнілі дванаццаць кашо́ў кава́лкамі ад пяці хлябо́ў ячме́нных, якія засталі́ся ў тых, што елі.

14Тады людзі, якія бачылі цуд, зро́блены Іісусам, сказалі: Ён сапраўды́ Той Прарок, што паві́нен прыйсці́ ў свет.

15Іісус жа, даве́даўшыся, што хо́чуць прыйсці́, каб сілаю ўзяць Яго і зрабіць царом, адышоў ізноў на гару́ адзін.

16Калі ж настаў вечар, спусціліся вучні Яго да мора

17і, увайшоўшы ў лодку, паплылі́ на той бок мора ў Капернау́м. І ўжо сцямне́ла, а Іісус не прыхо́дзіў да іх;

18і мора з-за таго, што дзьмуў моцны вецер, хвалява́лася.

19Праплы́ўшы каля дваццаці́ пяці ці трыццаці́ ста́дый, яны ўбачылі Іісуса, Які ішоў па моры і набліжа́ўся да лодкі, і спало́халіся;

20але Ён сказаў ім: гэта Я, не бойцеся.

21Яны хацелі ўзяць Яго ў лодку; і адразу лодка прыста́ла да берага, куды яны плылі́.

22На другі дзень народ, які стаяў па той бок мора, убачыў, што там не было́ іншай лодкі, апрача́ адной той, у якую ўвайшлі вучні Яго, і што Іісус не ўвахо́дзіў з вучнямі Сваімі ў лодку, але вучні Яго адплылі́ адны;

23і іншыя лодкі прыплылі́ з Тыверыя́ды блізка да таго месца, дзе елі хлеб, калі Гасподзь узнёс быў падзя́ку;

24калі ўбачылі людзі, што там няма ні Іісуса, ні вучняў Яго, то ўвайшлі самі ў лодкі і паплылі́ ў Капернау́м, шука́ючы Іісуса,

25і, знайшо́ўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: Равві́! калі Ты сюды прыбы́ў?

26У адказ ім Іісус сказаў: праўду, праўду кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што елі хлеб і насы́ціліся;

27дба́йце не пра ежу тле́нную, а пра ежу, што застае́цца на жыццё вечнае, якое дасць вам Сын Чалавечы, бо Айцец вы́значыў Яго пяча́ццю Сваёю, Бог.

28Яны ж сказалі Яму: што́ нам рабіць, каб здзяйсня́ць спра́вы Божыя?

29У адказ Іісус сказаў ім: вось спра́ва Божая: каб вы веравалі ў Таго, Каго паслаў Ён.

30Яны ж сказалі Яму: якое Ты зробіш знаме́нне, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? што́ Ты здзе́йсніш?

31айцы нашы елі ма́нну ў пусты́ні, як напі́сана: “хлеб з неба даў ім есці”.

32Сказаў жа ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: не Маісей даў вам хлеб з неба, а Айцец Мой дае вам з неба хлеб і́сцінны;

33бо хлеб Божы — гэта Той, Хто сыхо́дзіць з неба і дае́ жыццё свету.

34Яны ж сказалі Яму: Госпадзі! заўсёды давай нам хлеб гэты.

35І сказаў ім Іісус: Я — хлеб жыцця́; хто прыхо́дзіць да Мяне, не зве́дае голаду, і хто веруе ў Мяне, не будзе мець сма́гі ніколі;

36але Я сказаў вам, што і бачылі вы Мяне, і не веруеце;

37усё, што дае Мне Айцец, да Мяне пры́йдзе, і таго, хто прыхо́дзіць да Мяне, Я не вы́ганю вон,

38бо Я сышоў з неба не дзе́ля таго, каб чыні́ць волю Сваю, але волю Айца, Які паслаў Мяне;

39а воля Айца, Які паслаў Мяне, у тым, каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не загубі́ў, але ўваскрасі́ў гэта ў апошні дзень;

40воля Таго, Хто паслаў Мяне, у тым, каб кожны, хто бачыць Сы́на і веруе ў Яго, меў жыццё вечнае, і Я ўваскрашу́ яго ў апошні дзень.

41Абу́рыліся тады Іудзеі на Яго за тое, што Ён сказаў: “Я ёсць хлеб, які сышоў з неба”,

42і гаварылі: ці не Іісус гэта, сын Іосіфаў, бацьку і Маці Якога мы ведаем? як жа Ён кажа: “з неба Я сышоў”?

43На гэта Іісус сказаў ім: не абура́йцеся паміж сабою;

44ніхто не можа прыйсці́ да Мяне, калі Айцец, Які паслаў Мяне, не прывядзе́ яго, і Я ўваскрашу́ яго ў апошні дзень;

45напі́сана ў прарокаў: і будуць усе наву́чаны Богам. Кожны, хто пачуў ад Айца і навучы́ўся, прыхо́дзіць да Мяне;

46гэта не значыць, што Айца бачыў нехта, апрача́ Таго, Хто ад Бога: Ён бачыў Айца.

47Праўду, праўду кажу вам: хто веруе ў Мяне, ма́е жыццё вечнае.

48Я — хлеб жыцця́;

49айцы вашы елі ма́нну ў пусты́ні і паме́рлі;

50а хлеб, які сыхо́дзіць з неба, такі, што той, хто яго есць, не памрэ;

51Я — хлеб жывы́, які сышоў з неба; хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечна; і хлеб, які Я дам, ёсць Плоць Мая, якую Я аддам за жыццё свету.

52І спрача́ліся між сабою Іудзеі, гаво́рачы: як можа Ён даць нам Плоць Сваю есці?

53Іісус жа сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: калі не будзеце есці Пло́ці Сына Чалавечага і піць Крыві́ Яго, то жыцця́ не будзеце мець у сабе;

54хто есць Маю́ Плоць і п’е Маю́ Кроў, той мaе жыццё вечнае, і Я ўваскрашу́ яго ў апошні дзень;

55бо Плоць Мая́ сапраўды́ ёсць ежа, і Кроў Мая́ сапраўды́ ёсць пітво;

56хто есць Маю́ Плоць і п’е Маю́ Кроў, той ува Мне застае́цца і Я ў ім;

57як пасла́ў Мяне жывы́ Айцец і Я жыву́ Айцом, так і той, хто есць Мяне, жыць будзе Мною;

58гэта і ёсць хлеб, які сышоў з неба; не так, як айцы вашы елі ма́нну і паме́рлі; хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечна.

59Гэта сказаў Ён у сінагозе, навучаючы ў Капернау́ме.

60І многія з вучняў Яго, пачуўшы гэта, сказалі: жу́дасныя гэта словы; хто можа іх слухаць?

61Іісус жа, ве́даючы ў Сабе, што абура́юцца гэтым вучні Яго, сказаў ім: хіба́ гэ́та вас спакуша́е?

62А што, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыхо́дзіць туды, дзе быў ране́й?

63дух дае жыццё, плоць не прыно́сіць нія́кай кары́сці; словы, якія Я кажу́ вам, ёсць дух і жыццё;

64але ёсць сяро́д вас некато́рыя, што не веруюць. Бо ведаў ад пачатку Іісус, хто няве́руючыя і хто вы́дасць Яго,

65і сказаў: дзе́ля таго Я і гаварыў вам, што ніхто не можа прыйсці́ да Мяне, калі не будзе яму да́дзена Айцом Маім.

66З таго часу многія з вучняў Яго адышлі́ і ўжо не хадзі́лі з Ім.

67Сказаў тады Іісус двана́ццаці: ці не хочаце і вы адысці́?

68Адказаў Яму Сі́ман Пётр: Госпадзі! да каго мы по́йдзем? Ты ма́еш сло́вы жыцця́ вечнага,

69і мы ўве́равалі і спазна́лі, што Ты Хрыстос, Сын Бога жывога.

70Адказаў ім Іісус: ці не Я вас дванаццаць абра́ў? але адзін з вас — дыявал.

71Гаварыў жа Ён пра Іуду Сі́манавага Іскарыёта, бо той меўся вы́даць Яго, бу́дучы адным з двана́ццаці.

 

Раздзел 7

1І хадзіў Іісус пасля гэтага па Галіле́і, бо не хацеў па Іудзеі хадзіць, таму што Іудзеі шука́лі, як забіць Яго.

2А было́ блізка свята Іудзейскае — пастаўле́нне ку́шчаў.

3Сказалі тады Яму браты́ Яго: пайдзі адсюль і ідзі ў Іудзею, каб і вучні Твае бачылі справы Твае, якія Ты робіш;

4бо ніхто ўпо́тай не робіць нічога і стара́ецца сам навідаво́ку быць; калі Ты такое робіш, пакажы́ Сябе свету.

5Бо і браты Яго не ве́равалі ў Яго.

6Сказаў жа ім Іісус: час Мой яшчэ не прыйшоў, а ваш час заўсёды ная́ўны;

7не можа свет ненаві́дзець вас, Мяне ж ён ненаві́дзіць, бо Я сведчу пра яго, што справы яго ліхі́я;

8вы пайдзі́це на гэтае свя́та, а Я яшчэ не пайду на свя́та гэтае, таму што час Мой яшчэ не наста́ў.

9І, сказаўшы гэта ім, Ён застаўся ў Галілеі.

10Калі ж пайшлі браты Яго, тады і Ён пайшоў на свя́та, не адкрыта, а ні́бы ўпо́тай.

11А Іудзеі шука́лі Яго на свяце і гаварылі: дзе Ён?

12І многа спрэ́чак было́ пра Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а іншыя казалі: не, Ён жа ўво́дзіць у зман народ.

13Ніхто, аднак, адкрыта не гаварыў пра Яго з-за страху перад Іудзеямі.

14Калі ж свята дайшло ўжо да паловы, увайшоў Іісус у храм і вучыў;

15і здзіўляліся Іудзеі, гаво́рачы: як Ён ведае Пісанні, не вучы́ўшыся?

16У адказ ім Іісус сказаў: Маё вучэ́нне — не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне;

17калі хто хоча волю Яго выко́нваць, то даве́даецца пра гэтае вучэ́нне, ці ад Бога яно, ці Я Сам ад Сябе гавару;

18хто гаво́рыць сам ад сябе, той ула́снай сла́вы шука́е, а Хто шукае сла́вы Таму, Хто пасла́ў Яго, Той праўдзі́вы, і няма няпра́ўды ў Ім;

19ці не даў Маісей вам закон? і ніхто з вас не выко́нвае закону. Чаму вы хочаце забі́ць Мяне?

20Народ адказаў: дэман у Табе; хто хоча забіць Цябе?

21У адказ Іісус сказаў ім: адну справу зрабіў Я, і вы ўсе здзіўля́ецеся;

22вось Маісей даў вам абрэ́занне, — хоць яно і не ад Маісея, але ад айцоў, — і ў суботу вы абраза́еце чалавека;

23калі абрэ́занне прыма́е чалавек у суботу, каб не быў пару́шаны закон Маісееў, — чаму на Мяне вы гне́ваецеся, што ўсяго чалавека Я ацалі́ў у суботу?

24Не судзі́це па вы́гляду, а пра́ведным судо́м судзі́це.

25Гаварылі тады некато́рыя з Іерусалі́млян: ці не Той гэта, Якога шукаюць, каб забіць?

26І вось, Ён адкрыта гаворыць, і нічога Яму не кажуць; няўжо на самай справе дазна́ліся нача́льнікі, што Ён сапраўды́ Хрыстос?

27Але Гэтага мы ведаем, адкуль Ён; калі ж Хрыстос пры́йдзе, ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён.

28Прамо́віў го́ласна тады Іісус у храме, ву́чачы і гаворачы: і Мяне ве́даеце, і ве́даеце, адкуль Я; і не Сам ад Сябе Я прыйшоў, але і́сцінны Той, Хто паслаў Мяне, Якога вы не ве́даеце;

29Я ведаю Яго, таму што Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне.

30Тады шукалі, як схапі́ць Яго, але ніхто не падня́ў на Яго рукі́, бо яшчэ не прыйшоў час Яго.

31А многія з народу ўве́равалі ў Яго і казалі: калі пры́йдзе Хрыстос, хіба́ Ён больш цудаў зробіць, чым Гэты зрабіў?

32Пачулі фарысеі, што народ так спрача́ецца пра Яго; і паслалі фарысеі і першасвятары́ слуг, каб схапілі Яго.

33Сказаў тады ім Іісус: яшчэ нядоўга Я бу́ду з вамі, і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне;

34бу́дзеце шука́ць Мяне, і не зно́йдзеце, і дзе буду Я, туды вы не можаце прыйсці́.

35І гаварылі Іудзеі паміж сабою: куды Ён збіра́ецца ісці, што мы не зно́йдзем Яго? ці не да рассе́леных між Грэкамі збіра́ецца Ён ісці і навуча́ць Грэкаў?

36што зна́чаць гэтыя словы, якія Ён сказаў: “бу́дзеце шука́ць Мяне, і не зно́йдзеце, і дзе буду Я, туды вы не можаце прыйсці́”?

37У апошні ж вялікі дзень свята стаяў Іісус і ўсклі́кнуў, ка́жучы: калі хто ма́е смагу, няхай прыхо́дзіць да Мяне і п’е;

38хто веруе ў Мяне, як ска́зана ў Пісанні, у таго з нутра́ пацяку́ць рэ́кі вады жывой.

39А сказаў Ён гэта пра Духа, Якога ме́ліся прыня́ць ве́руючыя ў Яго; бо не было́ яшчэ на іх Духа Святога, таму што Іісус яшчэ не быў прасла́ўлены.

40Многія з народу, пачуўшы гэтыя словы, казалі: Ён сапраўды́ прарок.

41Іншыя казалі: гэта Хрыстос. А другія казалі: хіба́ ж з Галіле́і Хрыстос пры́йдзе?

42ці ж не ска́зана ў Пісанні, што з се́мені Давідавага і з Віфлее́ма, таго пасе́лішча, адкуль быў Давід, Хрыстос пры́йдзе?

43Дык вось нязго́да ўзні́кла ў наро́дзе з-за Яго.

44Некато́рыя ж з іх хацелі схапі́ць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі́.

45І вось прыйшлі слу́гі да першасвятароў і фарысеяў, і тыя сказалі ім: чаму вы не прывялі́ Яго?

46Слу́гі адказалі: ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек.

47На гэта фарысеі сказалі ім: няўжо і вас увялі ў зман?

48хіба́ хто з начальнікаў уве́раваў у Яго, ці з фарысеяў?

49А народ гэты, што не ведае закону, — пракля́ты ён.

50Кажа ім Нікадзім, які прыходзіў да Яго ўначы́ і быў адзін з іх:

51хіба́ закон наш су́дзіць чалавека, не вы́слухаўшы яго спача́тку і не даве́даўшыся, што ён робіць?

52У адказ сказалі яму: ці не з Галіле́і і ты? даследуй і пабач, што з Галіле́і прарок не прыхо́дзіць.

53І пайшлі кожны ў свой дом.

 

Раздзел 8

1Іісус жа пайшоў на гару Елео́нскую;

2а раніцаю зноў прыйшоў у храм, і ўсе людзі ішлі да Яго; і Ён сеў і вучыў іх.

3І прывялі́ кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую заста́лі за пралюбадзе́йствам, і, паста́віўшы яе пасярэ́дзіне,

4кажуць Яму: Настаўнік, гэтую жанчыну заста́лі падча́с пралюбадзе́йства;

5у законе Маісей загада́ў нам такіх пабіва́ць камяня́мі, а Ты што скажаш?

6Гаварылі ж яны гэта, спакуша́ючы Яго, каб было́ ў чым абвінава́ціць Яго. Але Іісус, нізка нагну́ўшыся, па́льцам піса́ў на зямлі, не зважа́ючы на іх.

7Калі ж яны праця́гвалі пыта́цца ў Яго, Ён, разагну́ўшыся, сказаў ім: хто з вас без граху́, няхай першы кі́не ка́мень у яе.

8І зноў, нізка нагну́ўшыся, піса́ў на зямлі.

9Яны ж, пачу́ўшы гэта і адчува́ючы дако́ры сумле́ння, сталі выхо́дзіць адзін за адным, пачына́ючы ад старэ́йшых і да апошніх; і заста́ўся адзін Іісус і жанчына, што стаяла пасярэ́дзіне.

10Іісус, разагну́ўшыся і не ўба́чыўшы нікога, акрамя́ жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе абвінава́ўцы твае? ніхто цябе не асудзі́ў?

11Яна адказала: ніхто, Госпадзі! Сказаў ёй Іісус: і Я не асуджа́ю цябе; ідзі і больш не грашы́.

12І зноў прамо́віў да іх Іісус, ка́жучы: Я святло́ све́ту; хто по́йдзе за Мною, той не будзе хадзіць у це́мры, а бу́дзе мець святло́ жыцця́.

13Тады сказалі Яму фарысеі: Ты Сам пра Сябе све́дчыш; све́дчанне Тваё непраўдзі́вае.

14На гэта Іісус сказаў ім: калі Я і Сам све́дчу пра Сябе, то све́дчанне Маё праўдзі́вае, бо Я ведаю, адкуль Я прыйшоў і куды іду; а вы не ве́даеце, адкуль Я прыхо́джу і куды іду.

15Вы па пло́ці су́дзіце; Я не суджу́ нікога;

16а калі і суджу́ Я, то суд Мой праўдзі́вы, бо Я не адзін, а Я і Айцец, Які пасла́ў Мяне;

17і ў законе ж вашым напі́сана, што све́дчанне двух чалавек праўдзі́вае;

18Я Сам сведчу пра Сябе, і све́дчыць пра Мяне Айцец, Які пасла́ў Мяне.

19Тады сказалі Яму: дзе Айцец Твой? Адказаў Іісус: вы не ве́даеце ні Мяне, ні Айца Майго; калі б вы Мяне ве́далі, то ведалі б і Айца Майго.

20Гэтыя словы гаварыў Іісус каля ска́рбніцы, ву́чачы ў храме; і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не прыйшоў час Яго.

21І зноў сказаў ім Іісус: Я адыхо́джу, і бу́дзеце шукаць Мяне, і памраце́ ў граху́ сваім; куды Я іду, вы не можаце прыйсці́.

22Іудзеі тады гаварылі: ці не заб’е Ён Сам Сябе, калі кажа: “куды Я іду, вы не можаце прыйсці́”?

23Ён сказаў ім: вы ад ні́зу, а Я з вышыні́; вы з гэтага све́ту, Я не з гэтага све́ту;

24таму і сказаў Я вам, што памраце́ ў граха́х сваіх; бо калі не ўве́руеце, што гэта Я, то памраце́ ў граха́х сваіх.

25Тады сказалі Яму: хто Ты? І сказаў ім Іісус: Той, Хто ад пача́тку, як і кажу вам;

26многа ма́ю Я пра вас гавары́ць і судзі́ць; але Той, Хто паслаў Мяне, і́сцінны, і што́ Я чуў ад Яго, тое і кажу свету.

27Не зразуме́лі яны, што Ён гаварыў ім пра Айца.

28І сказаў ім Іісус: калі ўзды́меце Сына Чалавечага, тады даве́даецеся, што гэта Я і што ад Сябе Я нічога не раблю́, але як навучы́ў Мяне Айцец Мой, так і гавару;

29і Той, Хто пасла́ў Мяне, са Мною ёсць; Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю ўго́днае Яму.

30Калі Ён гаварыў гэта, многія ўве́равалі ў Яго.

31Казаў тады Іісус Іудзеям, якія ўве́равалі ў Яго: калі застаняце́ся ў слове Маім, то вы сапраўды́ вучні Мае́,

32і спазна́еце ісціну, і ісціна вы́зваліць вас.

33Яны адказалі Яму: мы се́мя Аўраа́мава і нікому не былі́ раба́мі ніколі; як жа Ты кажаш: “ста́неце вольнымі”?

34Адказаў ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: кожны, хто грашы́ць, ёсць раб граху;

35але раб не застае́цца ў доме ве́чна — сын застае́цца вечна;

36дык вось, калі Сын вы́зваліць вас, то сапраўды́ вольнымі будзеце;

37ведаю, што вы се́мя Аўраа́мава; аднак вы шука́еце, як забіць Мяне, бо слова Маё не ўмяшча́ецца ў вас;

38Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго; а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага.

39Яны сказалі Яму ў адказ: айцец наш — Аўраа́м. Кажа ім Іісус: калі б вы былі́ дзе́цьмі Аўраа́ма, то рабілі б учы́нкі Аўраа́мавы;

40а цяпер шука́еце, як забіць Мяне, Чалавека, што сказаў вам ісціну, якую чуў ад Бога; Аўраа́м гэтага не рабіў;

41вы робіце ўчы́нкі айца вашага. На гэта сказалі Яму: мы не ад блу́ду наро́джаныя; адзін Айцец у нас — Бог.

42Сказаў жа ім Іісус: калі б Бог быў Айцом вашым, то вы любі́лі б Мяне, бо Я ад Бога вы́йшаў і прыйшо́ў; бо не Сам ад Сябе Я прыйшоў, а Ён паслаў Мяне;

43чаму вы не разуме́еце мовы Маёй? бо не можаце чуць слова Майго;

44вы — ад айца вашага дыявала, і хочаце выко́нваць жада́нні айца вашага; ён быў чалавеказабо́йцам ад пача́тку і не ўстая́ў у і́сціне, таму што няма і́сціны ў ім; калі ён ілжэ́, то сваё гаворыць, бо ён ілгу́н і айцец ілжы́;

45а паколькі Я і́сціну гавару, то не ве́рыце Мне;

46хто з вас вы́крые Мяне ў няпра́ўдзе? калі ж Я ісціну гавару, чаму вы не верыце Мне?

47хто ад Бога, той словы Божыя слу́хае; вы таму не слу́хаеце, што вы не ад Бога.

48Адказа́лі на гэта Іудзеі і сказалі Яму: хіба́ не пра́вільна мы кажам, што Ты Самарані́н і дэман у Табе?

49Адказаў Іісус: ува Мне дэмана няма, але Я шану́ю Айца Майго, а вы зневажа́еце Мяне;

50Я ж не шука́ю сла́вы Сваёй; ёсць Той, Хто шука́е і су́дзіць;

51праўду, праўду кажу вам: хто захава́е слова Маё, той не ўбачыць смерці даве́ку.

52Тады сказалі Яму Іудзеі: цяпер даве́даліся мы, што ў Табе дэман: Аўраа́м памёр і прарокі, а Ты кажаш: “хто захава́е слова Маё, той не спазна́е смерці даве́ку”;

53няўжо Ты бо́льшы за айца нашага Аўраа́ма, які памёр? і прарокі паме́рлі; каго Ты з Сябе робіш?

54Адказаў Іісус: калі Я праслаўля́ю Сам Сябе, то слава Мая нішто; ёсць Айцец Мой, Які праслаўля́е Мяне, Той, пра Каго вы гаво́рыце, што Ён Бог ваш;

55і вы не пазналі Яго, а Я знаю Яго; і калі Я скажу, што не знаю Яго, то буду падо́бны да вас ілгун; але Я знаю Яго і захо́ўваю слова Яго;

56Аўраа́м, айцец ваш, ра́ды быў, што ўба́чыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзра́даваўся.

57На гэта сказалі Яму Іудзеі: Табе няма яшчэ пяці́дзесяці гадоў, і Ты бачыў Аўраама?

58Сказаў ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: перш чым быў Аўраам, Я ёсць.

59Тады ўзялі́ яны камяні́, каб кі́нуць у Яго, але Іісус знік і вы́йшаў з храма, прайшо́ўшы між імі; і пайшо́ў так.

 

Раздзел 9

1І, прахо́дзячы, убачыў Ён чалавека сляпога ад нараджэ́ння.

2І спыта́ліся ў Яго вучні Яго, ка́жучы: Равві́! хто саграшы́ў: ён ці бацькі́ яго, што ён сляпы́м нарадзі́ўся?

3Адказаў Іісус: ні ён не саграшы́ў, ні бацькі́ яго, але гэта дзеля таго, каб вы́явіліся дзе́і Божыя на ім;

4Мне нале́жыць рабіць спра́вы Таго, Хто пасла́ў Мяне, пакуль яшчэ дзень; надыхо́дзіць ноч, калі ніхто не можа дзе́йнічаць;

5паку́ль Я ў све́це, Я святло́ све́ту.

6Сказа́ўшы гэта, Ён плю́нуў на зямлю́ і зрабіў глей са слі́ны, і пама́заў гле́ем вочы сляпому,

7і сказаў яму: ідзі, умы́йся ў купа́льні Сілаа́м (што азначае: Пасла́ны). Той пайшоў і ўмы́ўся, і прыйшоў віду́шчым.

8Суседзі ж і тыя, хто бачыў яго ране́й, што ён быў сляпы́, гаварылі: ці не той гэта, які сядзеў і жабрава́ў?

9Адны казалі: гэта ён. А другія: падо́бны да яго. Ён жа казаў: гэта я.

10Тады казалі яму: як у цябе адкры́ліся вочы?

11І сказаў ён у адказ: Чалавек, Якога завуць Іісус, зрабіў глей, пама́заў вочы мае́ і сказаў мне: “ідзі ў купа́льню Сілаа́м і ўмы́йся”. Я пайшоў, умы́ўся і стаў бачыць.

12Тады сказалі яму: дзе Ён? Той кажа: не ведаю.

13Вядуць яго да фарысеяў, таго былога сляпца́.

14А была́ субота, калі Іісус зрабіў глей і адкрыў яму вочы.

15Таксама пыта́ліся ў яго і фарысеі, я́к ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: глей паклаў Ён на вочы мае́, і я ўмыўся, і бачу.

16Гаварылі тады некаторыя з фарысеяў: не ад Бога Гэты Чалавек, бо не прытры́мліваецца суботы. Іншыя казалі: я́к можа чалавек грэ́шны такія цу́ды рабіць? І была́ нязго́да паміж імі.

17Кажуць сляпому зноў: а ты што ска́жаш пра Яго, бо Ён адкры́ў твае вочы? І той сказаў: гэта прарок.

18Не паве́рылі аднак Іудзеі ў тое, што ён быў сляпы́ і стаў ба́чыць, паку́ль не паклі́калі бацько́ў таго, хто стаў ба́чыць,

19і спыталіся ў іх, ка́жучы: гэта сын ваш, пра якога вы ка́жаце, што ён нарадзі́ўся сляпы́м? як жа ён цяпер бачыць?

20У адказ ім бацькі́ яго сказалі: мы ведаем, што гэта сын наш, і што ён сляпым нарадзі́ўся;

21а як ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, мы не ведаем; сам ён дарослы, у яго спыта́йцеся; сам пра сябе́ няхай скажа.

22Так сказалі бацькі́ яго, таму што бая́ліся Іудзеяў, бо Іудзеі ўжо змо́віліся, каб таго, хто прызна́е Яго за Хрыста, адлучы́ць ад сінагогі;

23таму бацькі́ яго і сказалі: ён даро́слы, у яго спыта́йцеся.

24І вось паклі́калі другі раз чалавека, што быў сляпы́м, і сказалі яму: узнясі́ славу Богу; мы ведаем, што Чалавек Той грэ́шны.

25Ён жа ў адказ ім сказаў: ці грэшны Ён, не ведаю; адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу.

26І сказалі яму зноў: што́ Ён зрабіў табе? я́к Ён адкрыў твае вочы?

27Той адказаў ім: я сказаў вам ужо, і вы не слу́халі; што́ яшчэ хо́чаце пачуць? хіба́ і вы хо́чаце стаць Яго вучнямі?

28Яны ж зга́нілі яго, ка́жучы: гэта ты вучань Яго, а мы Маісе́евы вучні;

29мы ведаем, што з Маісе́ем гаварыў Бог; а пра Яго не ведаем, адкуль Ён.

30У адказ чалавек той сказаў ім: гэта і дзіўна, што вы не ве́даеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мае́ вочы;

31мы ж ведаем, што грэ́шнікаў Бог не слухае; а хто шану́е Бога і выко́нвае волю Яго, таго слу́хае;

32адве́ку не чува́ць было́, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэ́ння;

33калі б не быў Ён ад Бога, не мог бы нічога зрабіць.

34У адказ яны сказалі яму: у граха́х увесь ты нарадзі́ўся, і ты ву́чыш нас? І вы́гналі яго вон.

35Пачуў Іісус, што вы́гналі яго вон, і, знайшо́ўшы яго, сказаў яму: ты ве́руеш у Сы́на Божага?

36У адказ той сказаў: а хто Ён, Госпадзі, каб я ўве́раваў у Яго?

37Сказаў яму Іісус: і бачыў ты Яго, і Той, Хто гаворыць з табою, — гэта Ён.

38Ён жа сказаў: ве́рую, Госпадзі! І паклані́ўся Яму.

39І сказаў Іісус: на суд Я ў свет гэты прыйшоў, каб невіду́шчыя бачылі, а віду́шчыя сляпы́мі сталі.

40І пачулі гэта некато́рыя з фарысеяў, што былі́ з Ім, і сказалі Яму: няўжо і мы сляпы́я?

41Сказаў ім Іісус: калі б вы сляпы́я былі́, то не ме́лі б граху́; але паколькі вы ка́жаце, што бачыце, то грэх ваш застае́цца.

 

Раздзел 10

1Праўду, праўду кажу вам: хто не праз дзверы ўвахо́дзіць у двор аве́чы, а ўла́зіць інакш, той зло́дзей і разбойнік;

2а хто ўвахо́дзіць праз дзве́ры, той пастух авечак;

3яму прыдзве́рнік адчыня́е, і авечкі голасу яго слу́хаюцца, і сваіх авечак ён клі́ча па імёнах і выво́дзіць іх;

4і калі сваіх авечак вы́пусціць, ідзе перад імі, і авечкі за ім ідуць, бо ве́даюць голас яго;

5за чужы́м жа не по́йдуць, а бу́дуць уцяка́ць ад яго, бо не ве́даюць чужога голасу.

6Гэтую пры́тчу сказаў ім Іісус. Яны ж не зразуме́лі значэ́ння таго, што́ Ён гаварыў ім.

7Тады зноў сказаў ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: Я — дзве́ры для авечак;

8усе, колькі іх ні прыхо́дзіла перада Мною, былі́ зладзе́і ды разбо́йнікі; але авечкі не паслу́халіся іх;

9Я — дзверы; хто ўво́йдзе праз Мяне, спасёны будзе; і ўво́йдзе, і вы́йдзе, і па́шу зно́йдзе;

10зло́дзей прыхо́дзіць толькі каб укра́сці, і забі́ць, і загубі́ць; Я прыйшоў, каб жыццё ме́лі, і ўдо́сталь ме́лі;

11Я — Пастыр добры; пастыр добры жыццё сваё аддае́ за авечак,

12а на́йміт, які не пастыр і якому авечкі не свае́, бачыць, як прыхо́дзіць воўк, і пакіда́е авечак і ўцяка́е, і воўк хапа́е авечак і разганя́е іх;

13а на́йміт уцяка́е, бо ён на́йміт і не дба́е пра авечак.

14Я — Пастыр добры і ведаю Маіх, і Мае́ ведаюць Мяне;

15як ведае Мяне Айцец, так і Я ведаю Айца, і жыццё Маё аддаю́ за авечак;

16ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара́, і тых Мне трэба прыве́сці; і голас Мой яны пачу́юць, і будзе адно ста́да і адзін Пастыр.

17За тое Айцец Мяне лю́біць, што Я аддаю́ жыццё Маё, каб зноў прыня́ць яго;

18ніхто не адбіра́е яго ў Мяне, а Я аддаю́ яго Сам; ула́ду ма́ю аддаць яго і ўла́ду ма́ю зноў прыня́ць яго; гэтую за́паведзь атрыма́ў Я ад Айца Майго.

19І нязго́да зноў узні́кла паміж Іудзеямі з-за гэтых слоў;

20гавары́лі многія з іх: Ён ма́е ў Сабе дэмана і шале́е; чаго вы Яго слу́хаеце?

21Іншыя гаварылі: гэта словы не апанта́нага, хіба́ можа дэман адкрыва́ць вочы сляпы́м?

22І наста́ла ў Іерусаліме свята аднаўле́ння, і была́ зіма;

23і хадзіў Іісус у хра́ме, у прытво́ры Саламонавым.

24Абступі́лі Яго Іудзеі і казалі Яму: даку́ль Ты будзеш тамі́ць ду́шы нашы? калі Ты Хрыстос, скажы нам адкры́та.

25Адказаў ім Іісус: Я сказаў вам, і вы не ве́рыце; справы, якія Я раблю ў імя́ Айца Майго, яны све́дчаць пра Мяне;

26але вы не ве́рыце, бо вы не з авечак Маіх, як Я сказаў вам;

27авечкі Мае́ голасу Майго слу́хаюцца, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною,

28і Я жыццё вечнае даю́ ім, і не загі́нуць даве́ку, і не вы́рве іх ніхто з рукі́ Маёй;

29Айцец Мой, Які даў Мне іх, бо́льшы за ўсіх, і ніхто не можа вы́рваць іх з рукі́ Айца Майго;

30Я і Айцец — адно.

31І ўзялі́ зноў камяні́ Іудзеі, каб пабі́ць Яго.

32Сказаў ім Іісус: многа добрых спраў паказаў Я вам ад Айца Майго; за якую з гэтых спраў вы хочаце пабі́ць Мяне камяня́мі?

33Адказалі Яму Іудзеі, гаво́рачы: не за добрую справу мы хочам пабі́ць Цябе камяня́мі, а за блюзне́рства і за тое, што Ты, бу́дучы чалавекам, робіш Сябе Богам.

34Адказаў ім Іісус: хіба́ не напі́сана ў законе вашым: “Я сказаў: вы багі”.

35Калі Ён назваў бага́мі тых, да каго было зве́рнута слова Божае, а Піса́нне не можа быць пару́шана,

36тады як жа Таму, Каго Айцец асвяці́ў і паслаў у свет, вы ка́жаце: “блюзне́рыш”, пако́лькі Я сказаў: “Я Сын Божы”?

37калі Я не раблю спраў Айца Майго, то не ве́рце Мне;

38а калі раблю, то, калі Мне не ве́рыце, дык справам ве́рце, каб вы спазна́лі і ўве́равалі, што Айцец ува Мне і Я ў Ім.

39Тады шукалі зноў, як схапі́ць Яго, але Ён уні́к рук іх

40і пайшоў зноў за Іардан, на тое месца, дзе ране́й хрысці́ў Іаан, і застаўся там.

41І многія прыйшлі́ да Яго і гаварылі, што Іаан не зрабіў ніякага цу́ду; але ўсё, што сказаў Іаан пра Яго, праўдзі́вае было́.

42І многія там уве́равалі ў Яго.

 

Раздзел 11

1Быў жа хворы нейкі Лазар з Віфа́ніі, з пасе́лішча Марыі і Марфы, сястры яе.

2Марыя ж была́ тая, што пама́зала Госпада мі́рам і абце́рла Яго ногі валаса́мі сваімі; яе брат Лазар быў хворы.

3Тады пасла́лі сёстры сказаць Яму: Госпадзі! вось, той, каго Ты лю́біш, хворы.

4Пачуўшы гэта, Іісус сказаў: гэтая хвароба не на смерць, а дзе́ля сла́вы Божай, каб прасла́ўлены быў Сын Божы праз яе.

5А Іісус любіў Марфу, і сястру яе, і Лазара;

6калі ж пачуў, што той хворы, тады прабы́ў у тым месцы, дзе знаходзіўся, два дні;

7пасля гэтага кажа вучням: пойдзем у Іудзею зноў.

8Кажуць Яму вучні: Равві́! нядаўна Іудзеі шука́лі пабіць Цябе камяня́мі, і Ты зноў ідзе́ш туды?

9Адказаў Іісус: хіба́ не дванаццаць гадзі́н у дні? хто ходзіць удзе́нь, той не спатыка́ецца, бо святло свету гэтага бачыць;

10а хто ходзіць уначы́, той спатыка́ецца, бо няма святла ў ім.

11Сказаў Ён гэта і потым гаворыць ім: Лазар, друг наш, засну́ў, але Я іду, каб разбудзі́ць яго.

12Сказалі тады вучні Яго: Госпадзі! калі засну́ў, то вы́здаравее.

13Гаварыў Іісус пра смерць яго; а яны думалі, што Ён гаворыць пра спачы́нак у сне.

14Тады сказаў ім Іісус адкрыта: Лазар памёр;

15і Я рады за вас, што Мяне там не было́, каб вы ўве́равалі; але пойдзем да яго.

16Тады Фама, якога называлі Блізню́к, сказаў іншым вучням: пойдзем і мы, каб паме́рці з Ім.

17Прыйшо́ўшы, Іісус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле.

18Віфа́нія ж была́ блізка ад Іерусаліма, ста́дыяў за пятнаццаць,

19і многія з Іудзеяў папрыхо́дзілі да Марфы і Марыі, каб суце́шыць іх у сму́тку па браце іх.

20Марфа, калі пачула, што Іісус ідзе, пайшла насу́страч Яму; Марыя ж дома сядзела.

21Сказала тады Марфа Іісусу: Госпадзі! калі б Ты быў тут, брат мой не памёр бы;

22але я і цяпер ведаю, што ўсё, чаго Ты папросіш у Бога, дасць Табе Бог.

23Кажа ёй Іісус: уваскрэ́сне брат твой.

24Кажа Яму Марфа: ведаю, што ўваскрэ́сне ў час уваскрасе́ння, у апошні дзень.

25Сказаў ёй Іісус: Я — уваскрасе́нне і жыццё; хто ве́руе ў Мяне, калі і памрэ́, будзе жыць;

26і кожны, хто жыве́ і веруе ў Мяне, не памрэ́ даве́ку. Ты верыш у гэта?

27Яна кажа Яму: так, Госпадзі! я ўве́равала, што Ты Хрыстос, Сын Божы, Які прыхо́дзіць у свет.

28І, сказаўшы гэта, яна пайшла і ўпо́тай паклі́кала Марыю, сястру сваю, ка́жучы: Настаўнік тут і клі́ча цябе.

29Та́я, як толькі пачу́ла, устала спе́шна і пайшла да Яго.

30Іісус яшчэ не ўвайшоў у пасе́лішча, а быў на тым месцы, дзе сустрэ́ла Яго Марфа.

31Іудзеі ж, якія былі́ з ёю ў доме і суцяша́лі яе, убачыўшы, як Марыя ўстала спе́шна і выйшла, пайшлі за ёю, ка́жучы, што яна ідзе на магілу, каб плакаць там.

32А Марыя, калі прыйшла туды, дзе быў Іісус, уба́чыўшы Яго, упа́ла Яму ў ногі і сказала Яму: Госпадзі! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.

33Іісус жа, калі ўбачыў, што яна пла́ча і пла́чуць Іудзеі, якія прыйшлі з ёю, Сам узру́шыўся духам і расхвалява́ўся,

34і сказаў: дзе вы пакла́лі яго? Кажуць Яму: Госпадзі! пайдзі́ і паглядзі́.

35Праслязі́ўся Іісус;

36гаварылі тады Іудзеі: бач, як Ён любіў яго!

37А некато́рыя з іх казалі: хіба́ не мог Ён, Які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?

38Іісус жа, зноў узру́шаны ў Сабе, падыхо́дзіць да магілы. Гэта была пячора, і ка́мень ляжаў на ёй.

39Кажа Іісус: адымі́це ка́мень. Кажа Яму сястра паме́рлага, Марфа: Госпадзі, ужо смярдзі́ць, бо чацвёрты дзень ляжы́ць.

40Кажа ёй Іісус: ці не гаварыў Я табе, што, калі ўверуеш, то ўбачыш славу Божую?

41Тады аднялі́ ка́мень ад пячоры, дзе ляжаў паме́рлы. Іісус жа ўзвёў вочы ўгару́ і сказаў: Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне;

42Я і ведаў, што Ты заўсёды Мяне чуеш, але сказаў гэта дзе́ля людзей, якія стаяць вако́л, каб яны ўве́равалі, што Ты Мяне паслаў.

43І, сказаўшы гэта, Ён моцным голасам усклі́кнуў: Лазар! вы́йдзі сюды́.

44І вы́йшаў паме́рлы, абві́ты па нагах і руках пахава́льным палатно́м, і твар яго быў абвя́заны ху́стаю. Кажа ім Іісус: развяжы́це яго і пусці́це, няхай ідзе.

45Тады многія з Іудзеяў, якія прыйшлі да Марыі і ўбачылі, што́ зрабіў Іісус, уве́равалі ў Яго;

46А некато́рыя з іх пайшлі да фарысеяў і сказалі ім, што́ зрабіў Іісус.

47Сабра́лі тады першасвятары́ і фарысеі ра́ду і гаварылі: што́ нам рабіць? Чалавек Гэты многа цу́даў робіць;

48калі пакі́нем Яго так, то ўсе ўве́руюць у Яго; і пры́йдуць Ры́мляне і захопяць месца наша і народ.

49Адзін жа з іх, нехта Каіа́фа, які быў першасвятаро́м у той год, сказаў ім: вы не ве́даеце нічога

50і не разуме́еце, што лепш нам, каб адзін чалавек памёр за людзей, а не ўвесь народ загі́нуў.

51Гэта ж ён не ад сябе сказаў, а, пако́лькі быў першасвятаро́м у той год, прарочыў, што Іісусу нале́жала памерці за народ,

52і не толькі за народ, але каб і параскіда́ных дзяце́й Божых сабра́ць у адно.

53З таго дня яны пастанаві́лі забіць Яго.

54Таму Іісус ужо не хадзіў адкрыта сярод Іудзеяў, а пайшоў адтуль у краіну каля пусты́ні, у горад, называ́ны Ефраі́м, і там заста́ўся з вучнямі Сваімі.

55А набліжа́лася Пасха Іудзейская, і прыйшлі многія ў Іерусалім з усёй краіны перад Пасхаю, каб ачы́сціцца.

56Шукалі тады Іісуса і гаварылі паміж сабою, стоячы ў храме: як вы думаеце, ці не пры́йдзе Ён на свята?

57А першасвятары́ і фарысеі далі́ загад: калі хто даве́даецца, дзе Ён, няхай данясе́, каб схапі́ць Яго.

 

Раздзел 12

1Іісус жа за шэсць дзён да Пасхі прыйшоў у Віфа́нію, дзе быў Лазар паме́рлы, якога Ён уваскрасі́ў з мёртвых.

2І прыгатава́лі Яму вячэ́ру там, і Марфа прыслуго́ўвала, а Лазар быў адным з тых, што ўзляжа́лі з Ім.

3Марыя ж, узяўшы фунт мі́ра з на́рду чыстага, шматкашто́ўнага, пама́зала ногі Іісусавы і вы́церла валаса́мі сваімі ногі Яго, і дом напоўніўся духмя́насцю мі́ра.

4Тады кажа адзін з вучняў Яго, Іуда Сі́манаў Іскарыёт, які меўся вы́даць Яго:

5чаму гэтае мі́ра не прадалі́ за трыста дына́рыяў і не разда́лі ўбо́гім?

6Сказаў жа ён гэта не таму, што клапаці́ўся пра ўбогіх, а таму, што быў зло́дзеем і, ма́ючы скарбо́нку, краў тое, што туды кла́лі.

7Сказаў тады Іісус: пакінь яе, каб на дзень пахава́ння Майго яна захава́ла гэта,

8таму што ўбогіх заўсёды ма́еце з сабою, а Мяне не заўсёды ма́еце.

9Даве́далася ж мноства народу з Іудзеяў, што Ён там, і папрыхо́дзілі не толькі дзе́ля Іісуса, але і каб паба́чыць Лазара, якога Ён уваскрасі́ў з мёртвых.

10А першасвятары́ пастанаві́лі і Лазара забіць,

11бо многія з Іудзеяў дзе́ля яго прыхо́дзілі і ве́равалі ў Іісуса.

12На другі́ дзень мноства людзей, якія прыйшлі на свята, пачуўшы, што Іісус ідзе ў Іерусалім,

13узялі́ па́льмавыя галі́ны і вы́йшлі насу́страч Яму, і ўскліка́лі: Аса́нна! благаславёны Той, Хто прыхо́дзіць у імя́ Гасподняе, Цар Ізра́ілеў!

14Іісус жа, знайшо́ўшы асляня́, сеў на яго, як напі́сана:

15“не бойся, дачка́ Сіёнава! вось Цар твой ідзе́, се́дзячы на малады́м асле́”.

16Гэтага спача́тку не зразуме́лі вучні Яго, а калі прасла́ўлены быў Іісус, тады яны ўспо́мнілі, што гэта было́ пра Яго напі́сана і гэта зрабі́лі Яму.

17Народ жа, які быў з Ім раней, све́дчыў, што Ён вы́клікаў Лазара з магі́лы і ўваскрасі́ў Яго з мёртвых;

18таму і вы́йшаў насу́страч Яму народ, бо чуў, што Ён зрабіў гэты цуд.

19А фарысеі гаварылі між сабою: бачыце, што нічога не дапамага́е? вось, увесь свет за Ім пайшоў.

20Былі́ і некато́рыя э́ліны сярод тых, што прыйшлі, каб паклані́цца ў свята;

21яны падышлі́ да Філіпа, які быў з Віфсаі́ды Галіле́йскай, і прасілі яго, ка́жучы: спада́р, мы хочам Іісуса бачыць.

22Прыхо́дзіць Філіп і кажа пра гэта Андрэю; а потым Андрэй і Філіп кажуць Іісусу.

23Іісус жа сказаў ім у адказ: надышо́ў час быць прасла́ўленым Сыну Чалавечаму;

24праўду, праўду кажу вам: калі зерне пшанічнае, упа́ўшы ў зямлю́, не памрэ́, то яно застане́цца адно, а калі памрэ́, то бага́ты плён дасць;

25хто лю́біць душу́ сваю, той загу́біць яе, а хто ненаві́дзіць душу́ сваю ў све́це гэтым, той для жыцця́ ве́чнага захава́е яе;

26калі хто Мне слу́жыць, няха́й ідзе́ ўслед за Мною; і дзе Я, там і слуга́ Мой будзе; і калі хто Мне слу́жыць, ушану́е яго Айцец Мой;

27цяпер душа́ Мая ўстрыво́жана; і што́ Мне сказаць? Ойча, збаў Мяне ад гадзі́ны гэтай! але дзе́ля гэтага Я прыйшо́ў, на гадзі́ну гэтую;

28Ойча, прасла́ў імя́ Тваё! Прыйшо́ў тады голас з неба: і прасла́віў, і яшчэ прасла́ўлю.

29Народ жа, які стаяў і чуў тое, казаў: гэта гром. Іншыя казалі: Ангел прамаўля́ў да Яго.

30На гэта Іісус сказаў: не дзе́ля Мяне быў голас гэты, а дзе́ля вас;

31цяпер суд све́ту гэтаму; цяпер князь свету гэтага вы́гнаны будзе вон;

32і калі Я буду ўзне́сены ад зямлі́, усіх прыцягну́ да Сябе.

33Гэта Ён гаварыў, ука́зваючы, якою сме́рцю Ён ма́е паме́рці.

34Адказаў Яму народ: мы чулі з закону, што Хрыстос застае́цца на ве́кі; дык як жа Ты кажаш, што ўзне́сены паві́нен быць Сын Чалавечы? хто Гэты Сын Чалавечы?

35Сказаў ім тады Іісус: яшчэ на малы́ час святло з вамі; хадзі́це, паку́ль святло ма́еце, каб це́мра вас не агарну́ла; а хто ходзіць у це́мры, той не ведае, куды ідзе;

36пакуль святло ма́еце, ве́руйце ў святло, каб стаць сына́мі святла. Прамовіў гэта Іісус і, адышоўшы, скры́ўся ад іх.

37І хоць гэ́тулькі цудаў зрабіў Ён перад імі, яны не ве́равалі ў Яго,

38каб збыло́ся слова Іса́іі прарока, які казаў: Госпадзі! хто паве́рыў пачу́таму ад нас, і рука Гасподняя каму адкры́лася?

39З-за таго не маглі яны ве́раваць, што, як яшчэ сказаў Іса́ія:

40Ён асляпі́ў вочы іх і скамяні́ў сэ́рцы іх, каб не бачылі вачы́ма і не разуме́лі сэ́рцам, і не звярну́ліся, каб Я ацалі́ў іх.

41Гэта сказаў Іса́ія, калі бачыў славу Яго і гаварыў пра Яго.

42Аднак жа і з начальнікаў многія ўве́равалі ў Яго, але з-за фарысеяў не прызнава́ліся, каб іх не адлучы́лі ад сінагогі,

43бо яны ўзлюбі́лі больш славу чалавечую, чым славу Божую.

44Іісус жа ўсклі́кнуў і сказаў: хто ве́руе ў Мяне, не ў Мяне ве́руе, а ў Таго, Хто пасла́ў Мяне;

45і хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто пасла́ў Мяне;

46Я — святло, у свет прыйшоў, каб кожны, хто ве́руе ў Мяне, не заста́ўся ў це́мры;

47і калі хто пачу́е словы Мае́ і не паве́рыць, Я не суджу́ яго, бо Я прыйшоў не судзі́ць свет, а спасці́ свет;

48хто адвярга́е Мяне і не прыма́е слоў Маіх, ма́е суддзю́ сабе: слова, якое Я прамаўля́ў, яно будзе судзі́ць яго ў апошні дзень;

49бо Я не ад Сябе прамаўля́ў, а Айцец, Які паслаў Мяне, Ён Мне за́паведзь даў, што́ казаць і што́ прамаўля́ць;

50і Я ведаю, што за́паведзь Яго ёсць жыццё вечнае; таму тое, што Я кажу, як сказаў Мне Айцец, так і кажу.

 

Раздзел 13

1А перад свя́там Пасхі, ве́даючы, што прыйшоў Яго час перайсці́ з гэтага све́ту да Айца, Іісус, узлюбі́ўшы Сваіх, якія ў све́це, да канца ўзлюбі́ў іх.

2І падчас вячэ́ры, калі дыявал ужо ўклаў у сэ́рца Іуды Сі́манавага Іскарыёта наме́р вы́даць Яго,

3Іісус, ве́даючы, што Айцец усё адда́ў у ру́кі Яго, і што Ён ад Бога вы́йшаў і да Бога ідзе́,

4устае́ ад вячэ́ры і здыма́е во́пратку, і, узя́ўшы ручні́к, падпяра́зваецца;

5потым наліва́е ваду́ ва ўмыва́льніцу і пачына́е абмыва́ць ногі ву́чням і выціра́ць ручніко́м, якім быў падпяра́заны.

6Падыхо́дзіць Ён да Сі́мана Пятра, і той кажа Яму: Госпадзі! няўжо Ты будзеш мыць мае́ ногі?

7У адказ Іісус сказаў яму: што́ Я раблю, ты цяпер не ве́даеш, а зразуме́еш по́тым.

8Кажа Яму Пётр: не будзеш мыць ног маіх даве́ку. Адказаў яму Іісус: калі не абмы́ю цябе, не будзеш мець супо́льнасці са Мною.

9Кажа Яму Сі́ман Пётр: Госпадзі! не толькі ногі мае́, але і ру́кі, і галаву.

10Кажа яму Іісус: абмы́тага няма патрэ́бы мыць, хіба́ толькі ногі, а ўвесь ён чысты, і вы чыстыя, але не ўсе.

11Ён ведаў, хто вы́дасць Яго, таму і сказаў: не ўсе вы чыстыя.

12Калі ж абмы́ў ногі ім і ўзяў вопратку Сваю, узлёг Ён зноў і сказаў ім: ці ведаеце, што́ Я зрабіў вам?

13Вы называ́еце Мяне Вучы́целем і Госпадам, і пра́вільна ка́жаце, бо так і ёсць;

14дык вось, калі Я, Гасподзь і Вучы́цель, абмы́ў вам ногі, то і вы паві́нны адзін аднаму абмыва́ць ногі,

15бо Я даў вам пры́клад, каб так, як Я зрабіў вам, рабілі і вы;

16праўду, праўду кажу вам: раб не бо́льшы за гаспадара́ свайго, і паслане́ц не бо́льшы за таго, хто пасла́ў яго;

17ве́даючы гэта, блажэ́нныя вы, калі робіце гэта;

18не пра ўсіх вас кажу, бо Я ведаю, каго вы́браў; але няхай спра́ўдзіцца Пісанне: “той, хто есць са Мною хлеб, падня́ў на Мяне пяту́ сваю”;

19кажу вам гэта цяпер, раней, чым яно збыло́ся, каб, калі збу́дзецца, вы ўве́равалі, што гэта Я;

20праўду, праўду кажу вам: хто прыма́е таго, каго Я пашлю, той Мяне прыма́е, а хто прыма́е Мяне, прыма́е Таго, Хто пасла́ў Мяне.

21Сказаўшы гэта, Іісус узру́шыўся духам, і засве́дчыў, і сказаў: праўду, праўду кажу вам, што адзін з вас вы́дасць Мяне!

22Глядзе́лі тады адзін на аднаго вучні, недаўмява́ючы, пра каго Ён гаво́рыць.

23Адзін жа з вучняў Яго, якога любіў Іісус, узляжа́ў каля Іісуса;

24тады ківа́е яму Сі́ман Пётр, каб спыта́ўся, хто той, пра якога Ён гаворыць.

25І ён, прыхілі́ўшыся да грудзе́й Іісуса, кажа Яму: Госпадзі! хто гэта?

26Адка́звае Іісус: гэта той, каму Я, абмакну́ўшы, кава́лак хле́ба пада́м. І, абмакну́ўшы хлеб, дае́ Іудзе Сі́манаву Іскарыёту.

27І тады, пасля гэтага кава́лка, увайшо́ў у яго сатана. І кажа яму Іісус: што́ робіш, рабі хутчэй.

28Але ніхто з тых, што ўзляжа́лі, не зразуме́ў, пра што Ён сказаў яму.

29Бо некато́рыя думалі, што, пако́лькі ў Іуды была́ скарбо́нка, то Іісус кажа яму: купі, што нам трэба на свята; альбо, каб убо́гім нешта даў.

30Ён жа, узя́ўшы той кава́лак хле́ба, адразу вы́йшаў; а была́ ноч. Калі ён выйшаў,

31кажа Іісус: цяпер прасла́віўся Сын Чалавечы, і Бог прасла́віўся ў Ім;

32калі Бог прасла́віўся ў Ім, то і Бог прасла́віць Яго ў Сабе, і неўзаба́ве прасла́віць Яго;

33дзеткі! ужо нядо́ўга Мне быць з вамі; бу́дзеце шукаць Мяне, і як Я сказаў Іудзеям: “куды Я іду, вы не можаце прыйсці́”, так і вам кажу цяпер;

34за́паведзь новую даю́ вам: каб вы любі́лі адзін аднаго́; як Я ўзлюбі́ў вас, так і вы любі́це адзін аднаго́;

35па тым пазна́юць усе, што вы Мае́ вучні, калі любоў будзеце мець памі́ж сабою.

36Кажа Яму Сі́ман Пётр: Госпадзі! куды Ты ідзе́ш? Адказаў яму Іісус: куды Я іду, ты не можаш за Мною цяпер ісці́; але потым по́йдзеш за Мною.

37Кажа Яму Пётр: Госпадзі! чаму я не магу за Табою ісці́ цяпер? я душу́ маю́ за Цябе палажу́.

38Адказаў яму Іісус: душу́ тваю за Мяне пало́жыш? праўду, праўду кажу табе: не прапяе́ певень, як ты адрачэ́шся ад Мяне тройчы.

 

Раздзел 14

1Няхай не трыво́жыцца сэ́рца ваша; ве́руйце ў Бога, і ў Мяне ве́руйце;

2у доме Айца Майго абі́целяў многа; а калі б не так, Я сказаў бы вам: іду падрыхтава́ць ме́сца вам;

3і калі пайду́ і падрыхту́ю ме́сца вам, зноў прыйду́ і вазьму́ вас да Сябе, каб там, дзе Я, былі́ і вы;

4а куды Я іду, вы ведаеце, і шлях ведаеце.

5Кажа Яму Фама: Госпадзі! мы не ведаем, куды Ты ідзе́ш; і як мы можам шлях ведаць?

6Кажа яму Іісус: Я — шлях і і́сціна, і жыццё: ніхто не прыхо́дзіць да Айца інакш, як праз Мяне;

7калі б ведалі вы Мяне, то і Айца Майго ве́далі б; і з гэтага часу ве́даеце Яго і ба́чылі вы Яго.

8Кажа яму Філіп: Госпадзі! пакажы́ нам Айца, і дастатко́ва для нас.

9Кажа яму Іісус: гэ́тулькі ча́су Я з вамі, і ты не пазна́ў Мяне, Філіп? хто бачыў Мяне, той бачыў Айца; як жа ты кажаш: “пакажы́ нам Айца”?

10ці не верыш, што Я ў Айцу́ і Айцец ува Мне? словы, якія Я гавару вам, Я не ад Сябе гавару; Айцец, які ўва Мне, Ён здзяйсня́е спра́вы;

11ве́рце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне; а калі не, то з-за самы́х спраў ве́рце Мне;

12праўду, праўду кажу вам: хто ве́руе ў Мяне, той здзе́йсніць спра́вы, якія Я здзяйсня́ю, і бо́льшыя за іх здзе́йсніць; таму што Я да Айца Майго іду;

13і чаго ні папро́сіце ў імя́ Маё, тое зраблю́, каб прасла́віўся Айцец у Сыне;

14калі чаго папро́сіце ў імя́ Маё, Я зраблю́;

15калі лю́біце Мяне, то за́паведзі Мае вы́канайце,

16і Я ўмалю́ Айца, і другога Уцяшы́целя Ён дасць вам, каб быў з вамі даве́ку,

17Духа і́сціны, Якога свет не можа прыня́ць, бо не бачыць Яго і не ве́дае Яго; а вы ве́даеце Яго, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе;

18не пакі́ну вас сіро́тамі, прыйду́ да вас;

19яшчэ трохі, і свет ужо не ўба́чыць Мяне, а вы ўба́чыце Мяне, бо Я жыву́, і вы жыць будзеце;

20у той дзень даве́даецеся вы, што Я у Айцу Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас;

21хто ма́е за́паведзі Мае́ і выко́нвае іх, той любіць Мяне, а таго, хто лю́біць Мяне, таго будзе любі́ць Айцец Мой, і Я ўзлюблю яго і яўлю́ яму Сябе.

22Кажа Яму Іуда, не Іскарыёт: Госпадзі! што́ ста́лася, што Ты хочаш яві́ць Сябе нам, а не свету?

23У адказ Іісус сказаў яму: хто лю́біць Мяне, той вы́канае слова Маё; і Айцец Мой узлю́біць яго, і Мы пры́йдзем да яго і абі́цель у яго ство́рым;

24хто не лю́біць Мяне, той не выко́нвае слоў Маіх; слова ж, якое вы чу́еце, не Маё, а Айца, Які пасла́ў Мяне;

25гэта сказаў Я вам, бу́дучы з вамі;

26Уцяшы́цель жа, Дух Святы́, Якога пашле́ Айцец у імя́ Маё, наву́чыць вас усяму і напо́мніць вам усё, што Я казаў вам;

27мір пакіда́ю вам, мір Мой даю вам; не так, як свет дае́, Я даю́ вам; няхай не трыво́жыцца сэ́рца ваша і не баіцца;

28вы чулі, што Я сказаў вам: адыхо́джу і прыйду́ да вас; калі б вы любі́лі Мяне, то ўзра́даваліся б, што Я сказаў: іду да Айца, бо Айцец Мой бо́льшы за Мяне;

29і Я сказаў вам цяпер, перш, чым збыло́ся, каб вы паве́рылі, калі збу́дзецца.

30Ужо няшма́т Я буду гаварыць з вамі; бо ідзе князь свету гэтага і ўва Мне не ма́е нічога;

31але каб ведаў свет, што Я люблю́ Айца і, як запаве́даў Мне Айцец, так раблю, — уста́ньце, по́йдзем адгэ́туль.

 

Раздзел 15

1Я — сапра́ўдная вінагра́дная Лаза́, а Айцец Мой — Вінагра́дар;

2усякую галі́ну на Мне, якая не прыно́сіць пло́ду, Ён адсяка́е; і ўсякую, што прыно́сіць плод, ачышча́е, каб бо́льшы плод прыно́сіла.

3Вы ўжо ачы́шчаны праз слова, якое Я гаварыў вам.

4Бу́дзьце ўва Мне, і Я ў вас. Як галі́на не можа прыно́сіць пло́ду сама па сабе, калі не будзе на лазе́, так і вы, калі ўва Мне не будзеце.

5Я — вінагра́дная Лаза́, вы — галі́ны; хто знахо́дзіцца ўва Мне, а Я ў ім, той прыно́сіць многа пло́ду, бо без Мяне не мо́жаце рабіць нічога;

6хто не будзе ўва Мне, той будзе вы́кінуты вон, як галі́на, і засохне; і збіра́юць іх, і кі́даюць у агонь, і яны згара́юць;

7калі будзеце ўва Мне і сло́вы Мае́ ў вас будуць, тады чаго хочаце прасі́це, і будзе вам;

8тым прасла́віцца Айцец Мой, калі вы многа пло́ду прынесяце́ і будзеце Маімі ву́чнямі.

9Як узлюбі́ў Мяне Айцец, так і Я ўзлюбі́ў вас; бу́дзьце ў любо́ві Маёй;

10калі вы за́паведзі Мае́ вы́канаеце, то бу́дзеце ў любо́ві Маёй, як і Я за́паведзі Айца Майго вы́канаў і знахо́джуся ў Яго любо́ві;

11гэта сказаў Я вам, каб ра́дасць Мая́ ў вас была́ і каб радасць ваша была́ по́ўная;

12вось за́паведзь Мая́: каб вы любі́лі адзін аднаго́, як Я ўзлюбі́ў вас;

13бо́льшай любо́ві ні ў кога няма, як тая, калі хто душу́ сваю пало́жыць за сябро́ў сваіх.

14Вы сябры́ Мае́, калі ро́біце тое, што Я запаве́дую вам;

15Я ўжо не называ́ю вас раба́мі, бо раб не ведае, што робіць гаспада́р яго; а Я назва́ў вас сябра́мі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я паве́даў вам;

16не вы Мяне вы́бралі, а Я вас вы́браў і паста́віў вас, каб вы ішлі і плод прыно́сілі, і плод ваш застава́ўся; каб, чаго ні папро́сіце ў Айца ў імя́ Маё, Ён даў вам.

17Гэта запаве́дую вам: каб любі́лі адзін аднаго;

18калі свет вас ненаві́дзіць, ве́дайце, што Мяне ён перш чым вас узненаві́дзеў;

19калі б вы ад свету былі́, то свет любі́ў бы сваё; але пако́лькі вы не ад свету, а Я вы́браў вас ад свету, таму ненаві́дзіць вас свет.

20Па́мятайце слова, якое Я сказаў вам: раб не бо́льшы за гаспадара свайго; калі Мяне гна́лі, і вас будуць гнаць; калі Маё слова выко́нвалі, і ваша будуць выко́нваць;

21але ўсё гэта будуць рабі́ць вам за імя́ Маё, бо не ве́даюць Таго, Хто паслаў Мяне;

22калі б Я не прыйшоў і не гаварыў ім, то не ме́лі б граху́; а цяпер не ма́юць апраўда́ння за грэх свой;

23хто ненаві́дзіць Мяне, той і Айца Майго ненаві́дзіць;

24калі б Я сярод іх не зрабіў спраў, якіх ніхто іншы не рабіў, то граху́ не ме́лі б яны; цяпер жа і бачылі, і ўзненаві́дзелі Мяне і Айца Майго;

25але няхай збу́дзецца слова, напі́санае ў законе іх: “узненаві́дзелі Мяне без прычы́ны”.

26Калі ж пры́йдзе Уцяшы́цель, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух і́сціны, Які ад Айца зыхо́дзіць, Ён будзе све́дчыць пра Мяне,

27і вы све́дчыце, таму што вы ад пача́тку са Мною.

 

Раздзел 16

1Гэта сказаў Я вам, каб вы не спакусі́ліся;

2адлу́чаць вас ад сінагог; надыхо́дзіць нават час, калі кожны, хто будзе забіва́ць вас, будзе думаць, што ён слу́жыць Богу;

3і так будуць рабіць, бо не спазна́лі ні Айца, ні Мяне.

4Але гэта сказаў Я вам, каб вы, калі пры́йдзе час, згада́лі тое, што Я гаварыў вам; спача́тку ж гэтага Я вам не гаварыў, бо з вамі быў;

5а цяпер іду да Таго, Хто пасла́ў Мяне, і ніхто з вас не пыта́ецца ў Мяне: куды ідзе́ш?

6Але ад таго, што Я сказаў вам гэта, сму́так напоўніў сэ́рцы вашы.

7Але Я і́сціну кажу́ вам: лепш для вас, каб Я пайшоў; бо, калі Я не пайду, Уцяшы́цель не пры́йдзе да вас; калі ж пайду, то пашлю Яго да вас,

8і, прыйшо́ўшы, Ён пака́жа свету, у чым грэх, і праўда, і суд:

9грэх жа ў тым, што не ве́руюць у Мяне;

10а праўда ў тым, што Я іду́ да Айца Майго, і ўжо не ўба́чыце Мяне;

11а суд у тым, што князь свету гэтага асу́джаны.

12Яшчэ многае ма́ю сказаць вам, але вы не здо́лееце ўспрыня́ць цяпер;

13калі ж пры́йдзе Ён, Дух ісціны, то наста́віць вас на ўсю і́сціну, бо Ён не ад Сябе гавары́ць будзе, а тое, што пачуе, будзе гавары́ць, і будучыню абве́сціць вам;

14Ён Мяне прасла́віць, бо з Майго во́зьме і абве́сціць вам;

15усё, што ма́е Айцец, — Маё; таму Я сказаў, што з Майго во́зьме і абве́сціць вам;

16яшчэ трохі, і не ўба́чыце Мяне; і зноў трохі, і ўба́чыце Мяне, бо Я іду да Айца.

17Гаварылі ж некато́рыя з вучняў Яго між сабою: што́ гэта Ён кажа нам: “яшчэ трохі, і не ўба́чыце Мяне; і зноў трохі, і ўба́чыце Мяне” і “Я іду да Айца”?

18І гаварылі: што́ гэта значыць, што Ён кажа: “яшчэ трохі”? не ведаем, што́ Ён гаво́рыць.

19Ведаў Іісус, што хочуць спыта́цца ў Яго, і сказаў ім: вы пра тое пыта́ецеся адзін у аднаго́, што Я сказаў: “яшчэ трохі, і не ўба́чыце Мяне, і зноў трохі, і ўба́чыце Мяне”?

20праўду, праўду кажу вам, што бу́дзеце плакаць і галасі́ць вы, а свет будзе ра́давацца; вы смуткава́ць бу́дзеце, але сму́так ваш у радасць абе́рнецца;

21жанчына, калі нараджа́е, гару́е, бо прыйшла́ гадзі́на яе, а калі наро́дзіць дзіця́, то ўжо не па́мятае го́ра ад радасці, бо нарадзі́ўся чалавек на свет;

22так і вы сму́так цяпер ма́еце, але Я зноў убачу вас, і ўзра́дуецца сэ́рца ваша, і радасці вашай ніхто не ады́ме ў вас;

23і ў той дзень не будзеце пыта́цца ў Мяне ні пра што; праўду, праўду кажу вам: чаго ні папро́сіце Айца ў імя́ Маё, Ён дасць вам;

24дагэ́туль вы не прасілі нічога ў імя́ Маё; прасі́це і атрыма́еце, каб радасць ваша была поўная;

25гэта ў прытчах Я гаварыў вам; але надыхо́дзіць час, калі ўжо не ў прытчах буду гавары́ць, а адкры́та пра Айца абвяшчу́ вам;

26у той дзень у імя́ Маё будзеце прасіць, і не кажу вам, што Я буду малі́ць Айца за вас,

27бо Сам Айцец лю́біць вас, таму што вы Мяне ўзлюбі́лі і ўве́равалі, што Я ад Бога вы́йшаў;

28Я вы́йшаў ад Айца і прыйшо́ў у свет; і зноў пакіда́ю свет і іду да Айца.

29Кажуць Яму вучні Яго: вось цяпер Ты адкры́та гаворыш і прытчы ніякай не раска́зваеш;

30цяпер ведаем, што Ты ведаеш усё і не маеш патрэ́бы, каб хто ў Цябе пыта́ўся; таму ве́руем, што Ты ад Бога вы́йшаў.

31Адказаў ім Іісус: цяпер ве́руеце?

32вось надыхо́дзіць час, і ўжо наста́ў, калі вы рассе́ецеся кожны ў свой бок і Мяне пакі́неце аднаго́; але Я не адзін, бо Айцец са Мною;

33гэта сказаў Я вам, каб вы ўва Мне мір мелі; у свеце го́ра зазна́еце, але мужа́йцеся: Я перамо́г свет.

 

Раздзел 17

1Прамо́віўшы гэта, Іісус узвёў вочы Свае да неба і сказаў: Ойча! прыйшоў час: прасла́ў Сы́на Твайго, каб і Сын Твой прасла́віў Цябе,

2бо Ты даў Яму ўла́ду над усякай пло́ццю, каб усяму, што Ты даў Яму, даў Ён жыццё вечнае;

3а жыццё вечнае ў тым, каб зна́лі Цябе, адзі́нага і́сціннага Бога, і Таго, Каго Ты пасла́ў: Іісуса Хрыста.

4Я прасла́віў Цябе на зямлі́: завяршы́ў спра́ву, якую Ты даў Мне зрабіць;

5і цяпер прасла́ў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Само́га той сла́ваю, якую Я меў у Цябе ране́й, чым стаў існава́ць свет.

6Я адкрыў імя́ Тваё лю́дзям, якіх Ты даў Мне ад свету; яны былі́ Твае, і Ты даў іх Мне, і яны захава́лі слова Тваё;

7цяпер зразуме́лі яны, што ўсё, што Ты даў Мне, гэта ад Цябе;

8бо сло́вы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі́ і сапраўды́ зразуме́лі, што Я ад Цябе вы́йшаў, і ўве́равалі, што Ты паслаў Мяне.

9Я за іх малю́, не за ўвесь свет малю́, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае;

10і ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і Я прасла́віўся ў іх;

11і Я ўжо не ў свеце, а яны ў свеце, Я ж да Цябе іду́. Ойча Святы́! захава́й іх у імя́ Тваё, тых, каго Ты даў Мне, каб яны былі́ адно, як і Мы.

12Калі Я быў з імі ў свеце, Я захо́ўваў іх у імя́ Тваё; тых, каго Ты даў Мне, Я збяро́г, і ніхто з іх не загі́нуў, толькі сын пагі́белі, каб збыло́ся Пісанне;

13цяпер жа Я да Цябе іду́ і гавару гэта ў свеце, каб яны ме́лі ў сабе радасць Маю́ по́ўную.

14Я даў ім сло́ва Тваё, і свет узненаві́дзеў іх, бо яны не ад свету, як і Я не ад свету;

15Я не малю́, каб Ты ўзяў іх са све́ту, але каб захава́ў іх ад зла;

16яны не ад све́ту, як і Я не ад све́ту;

17асвяці́ іх і́сцінаю Тваёю: сло́ва Тваё ёсць і́сціна.

18Як Ты пасла́ў Мяне ў свет, так і Я пасла́ў іх у свет,

19і за іх Я прысвяча́ю Сябе́, каб і яны былі́ асвячо́ныя і́сцінай.

20Не за іх жа толькі малю́, але і за тых, што ве́руюць у Мяне дзя́куючы слову іх,

21няхай усе будуць адно: як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, так няхай і яны ў Нас будуць адно, каб уве́раваў свет, што Ты пасла́ў Мяне;

22і славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім; каб яны былі́ адно, як Мы адно:

23Я ў іх, і Ты ўва Мне; няхай будуць яны ў даскана́лым адзі́нстве, і няхай спазна́е свет, што Ты пасла́ў Мяне і ўзлюбі́ў іх, як узлюбі́ў Мяне.

24Ойча! хачу, каб ты́я, каго Ты даў Мне, там, дзе і Я, былі́ са Мною, каб яны бачылі славу Маю́, якую Ты даў Мне, бо ўзлюбі́ў Мяне ране́й заснава́ння све́ту.

25Ойча Пра́ведны! і свет Цябе не спазна́ў; а Я Цябе спазна́ў, і яны спазна́лі, што Ты пасла́ў Мяне;

26і Я паве́даў ім імя́ Тваё і паве́даю, каб любоў, якою Ты ўзлюбі́ў Мяне, у іх была́, і Я ў іх.

 

Раздзел 18

1Сказаўшы гэта, Іісус вы́йшаў з вучнямі Сваімі на той бок пато́ку Кедро́н, дзе быў сад, у які ўвайшоў Ён Сам і вучні Яго;

2ве́даў жа гэтае месца і Іуда, які вы́даў Яго, бо там часта збіра́ўся Іісус з вучнямі Сваімі;

3і вось Іуда, узя́ўшы атрад воінаў і служы́целяў ад першасвятаро́ў і фарысеяў, прыхо́дзіць туды з фа́келамі, і ліхтара́мі, і збро́яй.

4Іісус жа, ве́даючы ўсё, што з Ім будзе, вы́йшаў і сказаў ім: каго шука́еце?

5Адказалі Яму: Іісуса Назарэ́я. Кажа ім Іісус: гэта Я. Стаяў жа з імі і Іуда, які вы́даў Яго;

6і калі Іісус сказаў ім: “гэта Я”, яны адступі́лі назад і ўпа́лі на зямлю́.

7Ён зноў спыта́ўся ў іх: каго шука́еце? Яны сказалі: Іісуса Назарэ́я.

8Адказаў Іісус: Я сказаў вам, што гэта Я; дык вось, калі Мяне шука́еце, пакіньце іх, няхай ідуць, —

9каб спо́ўнілася слова, якое Ён сказаў: з тых, каго Ты даў Мне, Я не загубі́ў нікога.

10Тады Сі́ман Пётр, ма́ючы меч, вы́няў яго і ўдарыў першасвятаро́вага раба́ і адсе́к яму правае ву́ха; імя́ раба́ было́ Малх;

11але Іісус сказаў Пятру: укладзі́ меч у но́жны; чашу, якую даў Мне Айцец, няўжо́ Я не буду піць яе?

12Тады атрад воінаў і тысячанача́льнік, і служы́целі Іудзейскія ўзялі́ Іісуса і звяза́лі Яго,

13і павялі́ Яго спачатку да Анны, бо ён быў це́сцем Каіа́фы, які быў першасвятаро́м у той год;

14гэта быў той Каіа́фа, які даў пара́ду Іудзеям, што лепш, каб адзін чалавек памёр за народ.

15За Іісусам ішоў Сі́ман Пётр і другі вучань; вучань жа той быў знаёмы першасвятару́ і ён увайшоў з Іісусам у двор першасвятара́,

16а Пётр стаяў каля дзвярэ́й зво́нку. Вы́йшаў тады вучань той, які быў знаёмы першасвятару́, і сказаў прыдзве́рніцы, і ўвёў Пятра.

17Кажа тут служанка-прыдзве́рніца Пятру: і ты ці не з вучняў Гэтага Чалавека? Ён сказаў: не.

18І стаялі рабы́ і служы́целі, раскла́ўшы во́гнішча, таму што было́ хо́ладна, і грэ́ліся; з імі Пётр таксама стаяў і грэ́ўся.

19Першасвята́р жа спыта́ўся ў Іісуса пра вучняў Яго і пра вучэ́нне Яго.

20Адказаў яму Іісус: Я адкрыта гаварыў свету; Я заўсёды навуча́ў у сінагогах і ў храме, дзе заўсёды збіра́юцца Іудзеі, і тайна не гаварыў нічога;

21чаму ты ў Мяне пыта́ешся? спыта́йся ў тых, якія чулі, што́ Я гаварыў ім; вось яны ведаюць, што́ Я казаў.

22Калі Ён сказаў гэта, адзін са служы́целяў, што блізка стаяў, ударыў Іісуса па шчацэ і сказаў: так Ты адказваеш першасвятару́?

23Адказаў яму Іісус: калі Я дрэ́нна сказаў, засве́дчы, што дрэ́нна; а калі добра, чаму ты б’еш Мяне?

24Тады Анна паслаў Яго, звя́занага, да першасвятара́ Каіа́фы.

25А Сі́ман Пётр стаяў і грэ́ўся. Сказалі тады яму: і ты ці не з вучняў Яго? Ён адро́кся і сказаў: не.

26Кажа адзін з рабоў першасвятара́, свая́к таго, якому Пётр адсе́к ву́ха: хіба́ я не бачыў цябе з Ім у садзе?

27Пётр ізноў адро́кся; і адразу пе́вень заспява́ў.

28Тады вядуць Іісуса ад Каіа́фы ў прэто́рыю. Была́ раніца, і яны не ўвайшлі ў прэто́рыю, каб не апага́ніцца, але каб можна было́ есці пасху.

29Вы́йшаў Пілат да іх і сказаў: якое абвінава́чанне выстаўля́еце вы су́праць Гэтага Чалавека?

30У адказ яны сказалі яму: калі б Ён не быў злачы́нцам, мы не вы́далі б Яго табе.

31Тады сказаў ім Пілат: вазьмі́це Яго вы і па закону вашаму судзі́це Яго. Сказалі яму Іудзеі: нам не дазваля́ецца кара́ць смерцю нікога, —

32каб спо́ўнілася слова Іісуса, якое Ён сказаў, ука́зваючы, якою смерцю Ён ма́е памерці.

33Увайшоў тады зноў Пілат у прэто́рыю, і паклі́каў Іісуса, і сказаў Яму: Ты Цар Іудзейскі?

34Адказаў яму Іісус: ты ад сябе гэта гаво́рыш, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?

35Адказаў Пілат: хіба́ я Іудзей? народ Твой і першасвятары́ вы́далі Цябе мне; што́ Ты зрабіў?

36Адказаў Іісус: Царства Маё не ад гэтага свету; калі б ад гэтага свету было́ Царства Маё, то слу́гі Мае́ змага́ліся б за тое, каб Мяне не вы́далі Іудзеям. Але цяпер Царства Маё не адгэ́туль.

37Тады сказаў Яму Пілат: дык Ты Цар? Адказаў Іісус: ты кажаш, што Я Цар; Я на тое нарадзі́ўся і на тое прыйшоў у свет, каб све́дчыць пра ісціну; і кожны, хто ад ісціны, слу́хаецца голасу Майго.

38Кажа Яму Пілат: што ёсць ісціна? І, прамовіўшы гэта, ён зноў вы́йшаў да Іудзеяў і кажа ім: я нія́кай віны не знахо́джу ў Ім;

39ёсць жа звы́чай у вас, каб каго́сьці аднаго́ я адпуска́ў вам на Пасху; хочаце, адпушчу́ вам Цара Іудзейскага?

40Тады зноў закрычалі ўсе, ка́жучы: не Яго, а Вара́вву. А Вара́вва быў разбойнік.

 

Раздзел 19

1Тады ўзяў Пілат Іісуса і аддаў на бічава́нне;

2і воіны, сплёўшы вяне́ц з це́рняў, ускла́лі Яму на галаву́ і ў адзе́жу пурпуро́вую апрану́лі Яго,

3і гаварылі: радуйся, Цар Іудзейскі! І білі Яго па шчо́ках.

4Пілат выйшаў зноў і кажа ім: вось, я выво́джу Яго да вас, каб вы ведалі, што я нія́кай віны́ ў Ім не знахо́джу.

5Тады вы́йшаў Іісус у цярно́вым вянцы́ і пурпуро́вай адзе́жы. І кажа ім Пілат: вось Чалавек!

6Калі ж уба́чылі Яго першасвятары́ і служыцелі, то пачалі́ крычаць, ка́жучы: распні́, распні́ Яго! Кажа ім Пілат: вазьмі́це Яго вы і распні́це, бо я не знахо́джу ў Ім віны.

7Адказа́лі яму Іудзеі: мы закон маем, і па закону нашаму Ён паві́нен паме́рці, таму што зрабіў Сябе Сы́нам Божым.

8Калі пачуў Пілат гэтае слова, то яшчэ больш спало́хаўся,

9і ўвайшоў у прэто́рыю зноў і кажа Іісусу: адкуль Ты? Іісус жа адка́зу не даў яму.

10Тады кажа Яму Пілат: мне Ты не гаво́рыш? хіба́ не ведаеш, што я ма́ю ўла́ду распя́ць Цябе і ма́ю ўла́ду адпусці́ць Цябе?

11Адказаў Іісус: ты не меў бы нія́кай ула́ды нада Мною, калі б табе не было да́дзена звыш; таму той, хто вы́даў Мяне табе, бо́льшы грэх ма́е.

12З гэтага часу Пілат шука́ў, як адпусці́ць Яго. Іудзеі ж крычалі, ка́жучы: калі Яго адпу́сціш, ты не друг ке́сару; кожны, хто робіць сябе царом, праці́ўнік ке́сара.

13Пілат, пачу́ўшы гэтае слова, вы́веў Іісуса і сеў на судзе́йскае ўзвышэ́нне на месцы, што называ́лася Ліфо́стратон , а па-яўрэйску Гаввафа́.

14Была́ ж пятніца перад Пасхай, каля шостай гадзі́ны. І сказаў Пілат Іудзеям: вось Цар ваш!

15Але яны закрыча́лі: вазьмі, вазьмі, распні́ Яго! Кажа ім Пілат: Цара вашага распя́ць? Адказа́лі першасвятары́: няма ў нас цара́, акрамя́ ке́сара.

16Тады ён аддаў Яго ім на распя́цце. І ўзялі́ Іісуса і павялі;

17і, несучы́ крыж Свой, Ён вы́йшаў на ме́сца, называ́нае Ло́бным, што па-яўрэйску называ́ецца Галго́фа,

18дзе Яго распя́лі і з Ім двух іншых, з аднаго́ бо́ку і з другога, а пасярэ́дзіне Іісуса.

19І зрабіў на́дпіс Пілат і змясці́ў на крыжы́. А было напі́сана: Іісус Назарані́н, Цар Іудзейскі.

20Гэты на́дпіс чыталі многія з Іудзеяў, таму што блізка ад горада было́ тое месца, дзе быў распя́ты Іісус, а напі́сана было́ па-яўрэйску, па-грэчаску, па-рымску.

21Казалі ж Пілату першасвятары́ Іудзейскія: не пішы: “Цар Іудзейскі”, а напішы, што Ён казаў: “Я цар Іудзейскі”.

22Адказаў Пілат: што́ напіса́ў я, тое напіса́ў.

23Воіны ж, калі распя́лі Іісуса, узялі́ адзе́нне Яго і раздзялі́лі на чаты́ры часткі, кожнаму воіну частка, і хіто́н; хіто́н жа быў не шы́ты, а суцэ́льна тка́ны ад верху;

24тады сказалі яны адзін аднаму: не будзем разрыва́ць яго, а кі́нем на яго жэ́рабя, чый будзе. Так ме́ла спо́ўніцца Піса́нне, у якім ска́зана: “раздзялі́лі адзе́нне Маё між сабою і пра во́пратку Маю́ кі́далі жэ́рабя”. Воіны так і зрабі́лі.

25Стаялі ж каля крыжа́ Іісусавага Маці Яго і сястра Маці Яго, Марыя Клео́пава, і Марыя Магдалі́на.

26Іісус жа, уба́чыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любі́ў, кажа Маці Сваёй: Жанчына, вось сын твой.

27Потым кажа вучню: вось Маці твая. І з таго часу вучань ўзяў Яе да сябе.

28Пасля гэтага Іісус, ве́даючы, што ўсё ўжо здзе́йснілася, каб збыло́ся Пісанне, кажа: сма́гну.

29Тут стаяла пасу́дзіна, по́ўная во́цату. І воіны, напо́ўніўшы гу́бку во́цатам і насадзі́ўшы яе на сцяблі́ну ісо́пу, падне́слі да Яго ву́снаў;

30і калі паспыта́ў Іісус во́цату, Ён сказаў: здзе́йснілася! І, схілі́ўшы галаву́, аддаў дух.

31А пако́лькі была́ пятніца, то Іудзеі, каб не засталі́ся це́лы на крыжы́ ў суботу, — бо вялікі дзень была́ та́я субота, — прасі́лі Пілата, каб перабі́ць у іх го́лені і зняць;

32і вось прыйшлі воіны і ў першага перабі́лі го́лені, і ў другога, распя́тага з Ім;

33прыйшо́ўшы ж да Іісуса, як уба́чылі, што Ён ужо памёр, то не перабіва́лі ў Яго голеняў;

34але адзін з воінаў кап’ём праця́ў Яму бок, і адразу вы́цекла кроў і вада;

35і той, хто бачыў, засве́дчыў, і све́дчанне яго праўдзі́вае; і ён ведае, што ісціну гаворыць, каб вы паверылі;

36бо гэта ста́лася, каб спо́ўнілася Пісанне: “косць Яго не будзе палама́на”;

37яшчэ і ў другім ме́сцы Пісанне гаворыць: “будуць глядзець на Таго, Каго праця́лі”.

38Пасля гэтага Іосіф з Арымафе́і, які быў вучнем Іісуса, але та́йным з-за стра́ху перад Іудзеямі, папрасі́ў Пілата, каб узяць це́ла Іісусава; і Пілат дазво́ліў; тады прыйшоў ён і ўзяў це́ла Іісусава.

39Прыйшоў і Нікадзім, які прыхо́дзіў ране́й да Іісуса ўначы́, і прынёс су́месь са смі́рны і ало́ю фу́нтаў каля ста.

40Узялі́ яны це́ла Іісусава і абвілі́ Яго пало́тнамі з духмя́насцямі, як паво́дле звы́чаю хава́юць Іудзеі.

41Быў жа на тым ме́сцы, дзе Ён быў распя́ты, сад, і ў са́дзе магіла новая, у якой ніколі яшчэ ніхто не быў пакла́дзены;

42і там, з-за пятніцы Іудзейскай, пако́лькі блізка была́ магіла, пакла́лі Іісуса.

 

Раздзел 20

1А ў першы дзень тыдня Марыя Магдаліна прыхо́дзіць ра́на, калі было́ яшчэ цёмна, да магілы і бачыць, што ка́мень адва́лены ад магілы;

2тады бяжы́ць яна і прыхо́дзіць да Сі́мана Пятра і да другога вучня, якога любі́ў Іісус, і кажа ім: узялі́ Госпада з магілы, і не ведаем, дзе пакла́лі Яго.

3Вы́йшаў тады Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы;

4яны бе́глі або́два разам, але другі вучань бег хутчэ́й за Пятра і прыйшоў першым да магілы,

5і, нахілі́ўшыся, бачыць, што ляжаць пало́тны; аднак не ўвайшоў.

6Прыхо́дзіць тады Сі́ман Пётр усле́д за ім і ўвахо́дзіць у магілу, і бачыць, што ляжа́ць пало́тны

7і што ху́ста, якая была́ на галаве Яго, не з пало́тнамі ляжы́ць, а асо́бна скру́чаная на іншым ме́сцы.

8Тады ўвайшоў і другі вучань, што першым прыйшо́ў да магілы, і ўбачыў ён, і ўве́раваў;

9бо яны яшчэ не ведалі з Пісання, што нале́жыць Яму з мёртвых уваскрэ́снуць.

10Тады пайшлі вучні зноў да сябе.

11Марыя ж стаяла зво́нку каля магілы, пла́чучы; і калі плакала, яна нахілі́лася да магілы

12і бачыць двух Ангелаў у белым адзе́нні, якія сядзя́ць адзін у галава́х, другі ў нага́х, дзе ляжа́ла было́ це́ла Іісусава.

13І яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты пла́чаш? Яна кажа ім: узялі́ Госпада майго, і не ведаю, дзе пакла́лі Яго.

14Сказа́ўшы гэта, яна абярну́лася назад і ўба́чыла, што стаі́ць Іісус, але не пазна́ла, што гэта Іісус.

15Кажа ёй Іісус: жанчына! чаго ты пла́чаш? каго шука́еш? Яна, ду́маючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: гаспада́р! калі ты ўзяў Яго, скажы мне, дзе ты пакла́ў Яго, і я вазьму Яго.

16Кажа ёй Іісус: Марыя! Яна, абярну́ўшыся, кажа Яму: Раввуні́! што значыць: Вучыцель!

17Кажа ёй Іісус: не дакрана́йся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзышо́ў да Айца Майго, але ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыхо́джу да Айца Майго і Айца вашага, і Бога Майго і Бога вашага.

18Прыхо́дзіць Марыя Магдалі́на і абвяшча́е ву́чням, што ба́чыла Госпада і што Ён гэта сказаў ёй.

19І ўве́чары таго ж першага дня тыдня, калі дзве́ры там, дзе сабра́ліся вучні, былі́ замкнёныя з-за стра́ху перад Іудзеямі, прыйшо́ў Іісус і стаў пасярэ́дзіне, і кажа ім: мір вам!

20І, сказаўшы гэта, паказаў ім ру́кі і бок Свой. І ўзра́даваліся ву́чні, уба́чыўшы Госпада.

21Іісус жа зноў сказаў ім: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасыла́ю вас.

22Сказаўшы гэта, дзьму́хнуў і кажа ім: прымі́це Духа Святога;

23каму адпу́сціце грахі́, таму будуць адпу́шчаны; на кім пакі́неце, на тым застану́цца.

24А Фама́, адзін з двана́ццаці, называ́ны Блізню́к, не быў з імі, калі прыхо́дзіў Іісус;

25казалі яму іншыя вучні: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі не ўбачу на рука́х Яго ран ад цвіко́ў і не ўкладу́ пальца майго ў ра́ны ад цвіко́ў, і не ўкладу́ рукі́ маёй у бок Яго, не паве́ру.

26І праз восем дзён зноў былі́ ў доме вучні Яго і Фама́ з імі. Прыхо́дзіць Іісус, калі дзверы былі́ замкнёныя; стаў пасярэ́дзіне і сказаў: мір вам!

27Потым кажа Фаме́: дай палец твой сюды́ і паглядзі́ на ру́кі Мае́; і дай руку́ тваю і ўкладзі́ ў бок Мой; і не будзь няве́руючым, а будзь ве́руючым.

28У адказ Фама́ сказаў Яму: Гасподзь мой і Бог мой!

29Кажа яму Іісус: ты ўве́раваў, таму што ўбачыў Мяне; блажэ́нныя тыя, якія не бачылі і ўве́равалі.

30Многа яшчэ зрабіў Іісус перад вучнямі Сваімі і іншых цу́даў, пра якія не напі́сана ў кні́зе гэтай;

31а гэта напі́сана, каб вы ўве́равалі, што Іісус ёсць Хрыстос, Сын Божы, і каб, ве́руючы, жыццё ме́лі ў імя́ Яго.

 

Раздзел 21

1Пасля гэтага яві́ўся зноў Іісус вучням на моры Тыверыя́дскім. Яві́ўся ж так:

2былі́ разам Сі́ман Пётр і Фама́, зва́ны Блізню́к, і Нафана́іл з Ка́ны Галілейскай, і сыны́ Зевядзе́евы, і двое іншых з вучняў Яго;

3кажа ім Сі́ман Пётр: іду рыбу лаві́ць. Кажуць яму: ідзём і мы з табою. Вы́йшлі яны і селі адразу ў лодку, і ў тую ноч не злаві́лі нічога.

4Калі ж настала ўжо раніца, стаў Іісус на бе́разе, але не пазна́лі вучні, што гэта Іісус;

5кажа ім Іісус: дзеці! ці ёсць у вас якая ежа? Яны адказалі Яму: няма.

6Ён жа сказаў ім: закіньце мярэ́жу з правага боку лодкі, і зло́віце. Яны закінулі і ўжо не маглі вы́цягнуць яе з-за мноства рыбы.

7Тады вучань, якога любіў Іісус, кажа Пятру: гэта Гасподзь. А Сі́ман Пётр, пачуўшы, што гэта Гасподзь, апая́саўся во́праткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора;

8іншыя ж вучні прыплылі́ ў лодцы, — бо яны былі́ не далёка ад зямлі́, а локцяў каля двухсот, — ця́гнучы мярэ́жу з рыбаю;

9калі ж яны вы́йшлі на зямлю, бачаць раскла́дзенае во́гнішча, а на ім рыба ляжы́ць і хлеб;

10кажа ім Іісус: прынясі́це той рыбы, што вы злаві́лі цяпер.

11Пайшоў Сі́ман Пётр і вы́цягнуў на зямлю мярэ́жу, поўную вялікіх рыб, якіх было́ сто пяцьдзесят тры, і пры такой колькасці не парва́лася мярэжа.

12Кажа ім Іісус: хадзі́це сюды́, сне́дайце. І ніхто з вучняў не пасмеў спыта́цца ў Яго: хто Ты́ — ведаючы, што гэта Гасподзь.

13Падыхо́дзіць Іісус, бярэ хлеб і дае́ ім; і рыбу таксама.

14Гэта ўжо трэці раз явіўся Іісус вучням Сваім, уваскрэ́сшы з мёртвых.

15Калі ж яны пасне́далі, кажа Сі́ману Пятру Іісус: Сі́мане Іонаў, ці лю́біш ты Мяне больш, чым яны? Той кажа Яму: так, Госпадзі! Ты ве́даеш, што я люблю́ Цябе. Іісус кажа яму: пасі ягнят Маіх.

16Кажа яму зноў, другі раз: Сі́мане Іонаў, ці лю́біш ты Мяне? Той кажа Яму: так, Госпадзі! Ты ведаеш, што я люблю́ Цябе. Іісус кажа яму: будзь пастухом аве́чак Маіх.

17Кажа яму трэці раз: Сі́мане Іонаў, ці любіш ты Мяне? Засмуці́ўся Пётр, што Іісус трэці раз спытаўся ў Яго: ці любіш ты Мяне? — і сказаў Яму: Госпадзі! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю́ Цябе. Кажа яму Іісус: пасі авечак Маіх;

18праўду, праўду кажу табе: калі ты быў малады́, то падпяра́зваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а калі састарэ́ешся, то вы́цягнеш ру́кі твае, і іншы падпяра́жа цябе і павядзе́, куды не хочаш.

19А гэта Ён сказаў, даючы́ зразумець, якою смерцю Пётр прасла́віць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: ідзі за Мною.

20Агляну́ўшыся, Пётр бачыць, што ўслед ідзе вучань, якога любіў Іісус і які на вячэ́ры, прыхілі́ўшыся да грудзе́й Яго, сказаў: Госпадзі! хто вы́дасць Цябе?

21Яго ўбачыўшы, Пётр кажа Іісусу: Госпадзі! а ён што?

22Кажа яму Іісус: калі Я хачу, каб ён быў, паку́ль Я прыйду́, то што табе да гэтага? ты за Мною ідзі.

23І разне́слася слова гэтае сярод братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Іісус, што той не памрэ, а сказаў: калі Я хачу, каб ён быў, пакуль Я прыйду́, то што табе да гэтага?

24Гэта і ёсць той вучань, які све́дчыць пра гэта і напіса́ў гэта; і ведаем, што све́дчанне яго і́сціннае.

25Ёсць і многае іншае, што зрабіў Іісус, але, калі б падрабя́зна апісаць гэта, думаю, што і сам свет не ўмясці́ў бы напі́саных кніг. Амінь.



Пераклад: Біблейская камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы (МП)
Тэкст падаецца паводле выдання: sppsobor.by
Крыніца: sppsobor.by