Святое Евангелле паводле Марка

Раздзел 1
Раздзел 2
Раздзел 3
Раздзел 4
Раздзел 5
Раздзел 6
Раздзел 7
Раздзел 8
Раздзел 9
Раздзел 10
Раздзел 11
Раздзел 12
Раздзел 13
Раздзел 14
Раздзел 15
Раздзел 16


Раздзел 1

1Пачатак Ева́нгелля Іісуса Хрыста, Сына Божага,

2як напі́сана ў прарокаў: “вось, Я пасылаю Ангела Майго перад аблі́ччам Тваім, які падрыхту́е шлях Твой перад Табою”.

3“Голас таго, хто кліча ў пусты́ні: падрыхту́йце шлях Госпаду, про́стымі зрабіце сце́жкі Яму”.

4З’явіўся Іаан, хры́сцячы ў пусты́ні і прапаведуючы хрышчэнне пакая́ння дзе́ля адпушчэ́ння грахоў.

5І выхо́дзілі да яго ўся краіна Іудзейская ды Іерусалі́мляне, і хрысці́ліся ад яго ўсе ў рацэ́ Іардане, спавяда́ючыся ў грахах сваіх.

6Іаан жа насіў вопратку з вярблю́джага воласу і скураны́ пояс на паясні́цы сваёй і еў акры́ды* і дзікі мёд.

7І прапаве́даваў, ка́жучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я нява́рты, нахілі́ўшыся, развязаць раме́нь абутку Яго;

8я хрысці́ў вас вадою, а Ён будзе хрысці́ць вас Духам Святым.

9І было́ ў тыя дні, прыйшоў Іісус з Назарэта Галіле́йскага і хрысці́ўся ад Іаана ў Іардане.

10І калі выхо́дзіў з вады, убачыў адразу Іаан, што раскрываюцца нябёсы і Дух як голуб сыходзіць на Яго.

11І голас быў з нябёсаў: Ты Сын Мой узлю́блены, Якога Я ўпадаба́ў.

12І адразу Дух вядзе Яго ў пусты́ню.

13І быў Ён там у пусты́ні сорак дзён, спакуша́ны сатаною, і быў са звярамі. І Ангелы служы́лі Яму.

14Пасля ж таго, як узя́ты быў Іаан, прыйшоў Іісус у Галіле́ю, прапаве́дуючы Ева́нгелле Царства Божага

15і ка́жучы, што споўніўся час і наблізілася Царства Божае: пака́йцеся і веруйце ў Ева́нгелле.

16А ідучы́ каля мора Галіле́йскага, убачыў Сі́мана і Андрэя, брата Сі́манавага, якія закідвалі мярэ́жы ў мора, бо яны былі́ рыбаловы.

17І сказаў ім Іісус: ідзіце за Мною, і Я зраблю, што вы будзеце лаўца́мі людзе́й.

18І яны адразу, пакінуўшы мярэ́жы свае, пайшлі ўслед за Ім.

19І, прайшоўшы крыху́ адтуль, Ён убачыў Іакава Зевядзе́евага і Іаана, брата яго, як яны, таксама ў лодцы, ла́дзілі мярэ́жы;

20і адразу паклі́каў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзе́я ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім.

21І прыходзяць у Капернау́м; і неўзаба́ве ў суботу ўвайшоў Ён у сінагогу і вучыў.

22І здзіўля́ліся вучэнню Яго; бо Ён вучыў іх, як той, хто ма́е ўла́ду, а не як кніжнікі.

23І быў у сінагозе іхняй чалавек у духу нячыстым, і закрычаў ён,

24ка́жучы: пакінь, што́ Табе да нас, Іісусе Назарані́не? Ты прыйшоў загубі́ць нас; ведаю Цябе, хто Ты, Святы́ Божы.

25Але Іісус забарані́ў яму, ка́жучы: змоўкні і выйдзі з яго.

26І дух нячысты, скалану́ўшы яго і ўскры́кнуўшы моцным голасам, выйшаў з яго.

27І жахну́ліся ўсе, так што пыталіся адзін у аднаго, гаворачы: што гэта́ за новае вучэнне, што Ён з ула́даю і духам нячыстым зага́двае, і яны слухаюцца Яго?

28І разне́слася чутка пра Яго адразу па ўсіх ваколіцах Галіле́і.

29І адразу, вы́йшаўшы з сінагогі, яны прыйшлі ў дом Сі́мана і Андрэя з Іакавам і Іаанам.

30А це́шча Сі́манава ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.

31І, падышоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку́; і гарачка адразу пакінула яе, і яна прыслу́жвала ім.

32А як вечарэ́ла і сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанава́ных дэманамі.

33І ўвесь горад сабраўся да дзвярэй.

34І Ён ацаліў многіх, якія пакутавалі ад розных хвароб, і дэманаў многіх вы́гнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.

35А раніцай, калі было яшчэ вельмі цёмна, Ён, устаўшы, выйшаў; і пайшоў у пустэ́льнае месца, і там маліўся.

36І паспяша́ліся ўслед Яму Сі́ман і тыя, што былі́ з ім.

37І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.

38І кажа Ён ім: хадзе́м у бліжэйшыя вёскі і гарады, каб Мне і там прапаве́даваць; бо на тое Я і выйшаў.

39І Ён прапаве́даваў у сінагогах іхніх па ўсёй Галіле́і і дэманаў выганя́ў.

40І прыхо́дзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і на калені па́даючы перад Ім, кажа Яму: калі Ты хочаш, можаш ачы́сціць мяне.

41Іісус жа, злі́таваўшыся над ім, працягнуў руку́, дакрану́ўся да яго і кажа яму: хачу, ачы́сціся.

42І калі сказаў Ён, адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты.

43І, звярну́ўшыся да яго сурова, Ён адразу адаслаў яго,

44і кажа яму: глядзі, нікому нічога не гавары; а ідзі, пакажы́ся святару і прынясі за ачышчэнне тваё, што загадаў Маісей, дзе́ля све́дчання ім.

45А ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшча́ць і распавяда́ць, так што Іісус ужо не мог адкрыта ўвайсці ў горад, а быў звонку, у пустэ́льных мясцінах. І прыхо́дзілі да Яго адусюль.

 

Раздзел 2

1І прыйшоў Ён зноў у Капернау́м праз некалькі дзён, і чу́тна стала, што Ён у доме.

2І адразу сабра́ліся многія, так што не ўмяшчаліся ўжо і пры дзвярах, і Ён казаў ім слова.

3І прыйшлі, несучы́ да Яго спаралізава́нага, якога трымалі на руках чацвёра;

4і, не ма́ючы як наблі́зіцца да Яго з-за натоўпу, яны раскры́лі дах над тым месцам, дзе Ён быў, і, пракапа́ўшы, апусці́лі пасцель, на якой ляжаў спаралізава́ны.

5І, убачыўшы веру іх, Іісус кажа спаралізава́наму: сы́не, адпускаюцца твае грахі.

6Сядзелі ж тут некаторыя з кніжнікаў і разважа́лі ў сэ́рцах сваіх:

7што́ Ён гэтак блюзне́рыць? хто можа адпускаць грахі, акрамя аднаго Бога?

8І адразу Іісус, спазна́ўшы духам Сваім, што яны так разважа́юць у сабе, кажа ім: што́ гэта вы разважа́еце ў сэ́рцах вашых?

9што лягчэй? сказаць спаралізава́наму: “адпускаюцца твае грахі” ці сказаць: “устань, і вазьмі пасцель тваю, і хадзі”?

10Але каб вы ведалі, што ма́е ўла́ду Сын Чалавечы на зямлі адпуска́ць грахі, — кажа спаралізава́наму:

11табе кажу: устань, і вазьмі пасцель тваю, і ідзі ў дом твой.

12І адразу ўстаў той, і, узяўшы пасцель, выйшаў перад усімі, так што здзіўля́ліся ўсе і сла́вілі Бога, ка́жучы: ніколі такога мы не бачылі.

13І выйшаў Іісус зноў да мора; і ўвесь народ ішоў да Яго, і Ён вучыў іх.

14І, праходзячы, ўбачыў Ён Леві́я Алфе́евага, які сядзеў на мы́тні, і кажа яму: ідзі ўслед за Мною. І той, устаўшы, пайшоў услед за Ім.

15І калі Іісус узляжа́ў у доме яго, многія мы́тнікі і грэшнікі ўзляжа́лі з Іісусам і з вучнямі Яго; бо многа было іх, якія ішлі ўслед за Ім.

16І кніжнікі і фарысеі, убачыўшы, што Ён есць з мы́тнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: як гэта з мы́тнікамі і грэшнікамі Ён есць і п’е?

17І, пачуўшы, Іісус кажа ім: не здаровыя ма́юць патрэ́бу ў ле́кары, а хворыя; Я прыйшоў заклі́каць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакая́ння.

18Вучні Іаанавы і фарысейскія пасці́лі. І прыходзяць і кажуць Яму: чаму вучні Іаанавы і фарысейскія по́сцяць, а Твае вучні не по́сцяць?

19І сказаў ім Іісус: хіба́ могуць пасці́ць сыны́ харо́маў вясе́льных, калі з імі жаніх? дакуль жаніх з імі, не могуць пасці́ць;

20але пры́йдуць дні, калі будзе ўзя́ты ад іх жаніх, і тады будуць пасці́ць у тыя дні;

21ніхто латкі з тканіны суровай не прышывае да адзе́жыны старо́й, інакш прышы́тым парве́цца старо́е, і дзірка будзе яшчэ горшая;

22і ніхто не ўліва́е віно маладое ў мяхі́ старыя: інакш прарве віно маладое мяхі́, і віно вы́цеча, і мяхі́ прападу́ць; а віно малодае ў мяхі́ новыя ўліваць трэба.

23І давяло́ся Яму ў суботу прахо́дзіць пасевамі, і пачалі́ вучні Яго дарогаю зрываць калоссе.

24І фарысеі казалі Яму: паглядзі, чаму яны робяць у суботу, што не дазволена?

25І Ён кажа ім: ці ж вы ніколі не чыталі, што́ зрабіў Давід, калі патрэбу меў і згалада́ўся сам і тыя, што былі́ з ім?

26як ён увайшоў у дом Божы пры Авіяфа́ры-першасвятары́ і з’еў ахвя́рныя хлябы́, якіх не дазволена было́ есці нікому, акрамя святароў, і даў таксама тым, што былі́ з ім.

27І казаў ім: субота ўзнікла дзе́ля чалавека, а не чалавек дзе́ля суботы.

28Таму Сын Чалавечы ёсць гаспадар і суботы.

 

Раздзел 3

1І прыйшоў зноў у сінагогу. І быў там чалавек, які меў усо́хлую руку́.

2І сачы́лі за Ім, ці не ацалі́ць яго ў суботу, каб абвінава́ціць Яго.

3І кажа Ён чалавеку, што меў усо́хлую руку́: стань пасярэ́дзіне.

4А ім кажа: ці дазволена ў суботу дабро рабіць, альбо зло рабіць? душу́ ўратаваць альбо загубі́ць? Яны ж маўчалі.

5І, паглядзеўшы на іх з гневам, засму́чаны жорсткасцю сэрцаў іх, кажа чалавеку: працягні руку́ тваю. І працягнуў ён, і стала рука яго здаровай, як другая.

6І, вы́йшаўшы, фарысеі адразу ўчыні́лі з ірадыянамі змову су́праць Яго, як Яго загубі́ць.

7Іісус жа з вучнямі Сваімі адышоў да мора, і мноства народу з Галіле́і пайшло за Ім, і з Іудзеі,

8і з Іерусаліма, і з Ідуме́і, і з-за Іардана. І з навако́лляў Ты́ра і Сідо́на мноства вялікае, пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшло да Яго.

9І сказаў вучням Сваім, каб лодка была́ для Яго напагато́ве, каб натоўп не цясніў Яго.

10Бо многіх Ён ацаліў, так што нядужныя кі́даліся да Яго, каб да Яго дакрану́цца.

11І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, па́далі перад Ім і крычалі, ка́жучы: Ты — Сын Божы.

12І Ён строга забараня́ў ім абвяшча́ць пра Яго.

13І ўзышоў на гару, і паклі́каў, каго Сам хацеў; і прыйшлі да Яго.

14І паставіў дванаццаць, каб былі́ з Ім і каб пасыла́ць іх прапаве́даваць,

15і каб яны ме́лі ўладу ацаля́ць не́мачы і выганя́ць дэманаў.

16Паставіў Сі́мана, даўшы яму імя́ Пётр,

17і Іакава Зевядзе́евага і Іаана, брата Іакава, да́ўшы ім імёны Ваане́ргес, што азначае “сыны́ громавы”;

18і Андрэя, і Філіпа, і Варфаламе́я, і Матфея, і Фаму́, і Іакава Алфе́евага, і Фадзе́я, і Сі́мана Канані́та,

19і Іуду Іскарыёта, які і вы́даў Яго.

20І прыйшлі ў дом, і сабраўся зноў народ, так што яны не маглі нават хле́ба паесці.

21І, дачу́ўшыся, блізкія Яго вы́йшлі забраць Яго; бо казалі, што Ён не ў Сабе.

22А кніжнікі, якія прыйшлі з Іерусаліма, казалі, што Ён ма́е ў Сабе веельзеву́ла і што сілай князя дэманскага выганя́е дэманаў.

23І, паклі́каўшы іх, прытчамі казаў ім: як можа сатана сатану выганя́ць?

24І калі царства раздзе́ліцца самое ў сабе, не можа ўстая́ць царства тое;

25і калі дом раздзе́ліцца сам у сабе, не можа ўстая́ць дом той;

26і калі сатана паўстаў сам на сябе і раздзялі́ўся, не можа ўстая́ць, але прыйшоў канец яму.

27Ніхто не можа, увайшоўшы ў дом дужага, нарабава́ць дабра яго, калі перш не звя́жа дужага, і тады абрабу́е дом яго.

28Праўду кажу вам: адпу́шчаны будуць сына́м чалавечым усе грахі і блюзне́рствы, якімі б ні блюзне́рылі,

29але хто будзе блюзне́рыць на Духа Святога, не будзе мець адпушчэ́ння даве́ку, а падляга́е вечнаму асуджэ́нню.

30Так казаў Ён, бо гаварылі: Ён духа нячыстага ма́е ў Сабе.

31І прыйшлі Маці Яго і браты Яго і, сто́ячы на дварэ, паслалі да Яго паклі́каць Яго.

32І сядзеў народ вакол Яго. і сказалі Яму: вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на дварэ, шукаюць Цябе.

33І адказаў ім, гаворачы: хто Маці Мая́ і браты Мае́?

34І агле́дзеўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая́ і браты Мае́;

35бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці.

 

Раздзел 4

1І зноў пачаў вучы́ць каля мора, і сабра́лася да Яго народу мноства, так што Ён увайшоў у лодку на моры і сядзеў, а ўвесь народ быў на зямлі пры моры.

2І навучаў іх многа прытчамі, і гаварыў ім у павучэнні Сваім:

3слухайце: вось, выйшаў се́йбіт сеяць.

4І ста́лася, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі ды падзяўблі́ тое.

5Іншае ўпала сярод каме́ння, дзе няшмат было́ зямлі, і неўзаба́ве ўзышло́, бо зямля была́ неглыбокая;

6калі ж сонца падняло́ся — завяла і, не ма́ючы ко́раня, засохла.

7Іншае ўпала ў це́рні, і выраслі це́рні і заглушы́лі яго, і яно не дало́ плоду.

8А іншае ўпала на добрую зямлю і дало́ плод, што падымаўся і ўзрастаў, і ўрадзі́ла па трыццаць, і па шэсцьдзеся́т, і па сто.

9І казаў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!

10Калі ж Ён застаўся адзін, тыя, што былі́ пры Ім, разам з двана́ццаццю спыталі Яго аб прытчы.

11І сказаў ім: вам да́дзена ведаць тайны Царства Божага, а тым, хто звонку, у прытчах усё даецца;

12каб яны, гле́дзячы, бачылі і не ўспрыма́лі, і, слу́хаючы, чулі і не разумелі, каб не звярну́ліся і не былі́ ім адпу́шчаны грахі.

13І кажа ім: не разуме́еце прытчы гэтай? Як жа ўсе прытчы зразуме́еце?

14Се́йбіт слова сее.

15І вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова: калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана і забірае пасе́янае ў сэ́рцах іх.

16Таксама і пасе́янае сярод каме́ння — гэта тыя, якія, пачуўшы слова, адразу прыма́юць яго з радасцю,

17але не маюць ко́раня ў сабе і нетрыва́лыя; калі настане ўціск або гане́нне з-за слова, адразу спакуша́юцца.

18А ў це́рнях пасе́янае — гэта тыя, што чуюць слова,

19але турбо́ты гэтага веку і спакуса багацця ды іншыя захапле́нні, увахо́дзячы ў іх, заглуша́юць слова, і яно застае́цца бясплодным.

20А пасе́янае на добрай зямлі — гэта тыя, якія слухаюць слова і прыма́юць, і даюць плод па трыццаць, і па шэсцьдзеся́т, і па сто.

21І сказаў ім: хіба́ свечка прыно́сіцца, каб паставіць яе пад пасу́дзіну ці пад ло́жак? хіба́ не дзеля таго, каб паставіць яе на падсве́чнік?

22Бо няма нічога тае́мнага, каб не стала я́ўным, і нішто не бывае схава́на, каб не адкрылася.

23Калі хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!

24І казаў ім: заўважа́йце, што чуеце. Якою мераю ме́раеце, такою і вам адме́раецца, і дада́дзена будзе вам, хто слухае.

25Бо хто ма́е, таму да́дзена будзе, а хто не ма́е, ады́мецца ў яго і тое, што ма́е.

26І казаў: так і Царства Божае, як чалавек, калі кіне зе́рне ў зямлю;

27і спіць, і ўстае́ ўно́чы і ўдзень, а як насенне ўзыхо́дзіць і расце́, не ведае ён.

28Бо зямля сама па сабе ро́дзіць напачатку зелень, потым колас, тады напаўняе зе́рне ў коласе.

29Калі ж вы́спее плод, адразу пасыла́е серп, бо надышло́ жніво́.

30І казаў: з чым параўна́ем Царства Божае́ ці якою прытчаю вы́явім яго?

31Яно як зе́рне гарчы́чнае, што, калі сеецца ў зямлю, то ме́ншае за ўсякае насенне на зямлі,

32а калі пасеяна, вырастае і робіцца бо́льшым за ўсю зеляні́ну і пускае вялікае галлё, так што ў за́сені яго могуць пасялі́цца птушкі нябесныя.

33І многімі такімі прытчамі абвяшчаў ім слова, наколькі маглі яны слухаць.

34Без прытчы не прамаўляў да іх, а вучням Сваім асобна тлумачыў усё.

35І кажа ім у той дзень з надыходам вечара: перапра́вімся на той бок.

36І яны, адпусці́ўшы людзей, бяруць Яго з сабою, як Ён быў у лодцы; і яшчэ лодкі былі́ з Ім.

37І ўзняла́ся з ветру вялікая бура; хвалі захлі́ствалі лодку, так што яна ўжо напаўня́лася.

38А Ён на карме́ спаў на ўзгало́ўі. І бу́дзяць Яго, і кажуць Яму: Настаўнік! хіба́ не хвалюе Цябе, што мы гі́нем?

39І, устаўшы, Ён забарані́ў ветру і кажа мору: сціхні, перастань. І суня́ўся вецер і настала ці́ша вялікая.

40І кажа ім: чаго вы такія баязлівыя? як гэта не маеце веры?

41І напоўніліся страхам вялікім, і гаварылі між сабою: хто ж гэта Ён, калі і вецер, і мора слухаюцца Яго?

 

Раздзел 5

1І прыплылі́ на другі бераг мора, у краіну Гадары́нскую.

2І калі выйшаў Ён з лодкі, адразу ж сустрэў Яго чалавек з магільных пячор у духу нячыстым,

3які меў жытло́ ў магілах, і нават ланцугом ніхто не мог звяза́ць яго;

4бо шмат разоў яго звя́звалі аковамі і ланцугамі, але ён разрыва́ў ланцугі і разбіваў аковы, і ніхто не мог яго ўтаймава́ць;

5і заўсёды, ноччу і днём, у магільных пячорах і ў гара́х крычаў ён і біўся аб каме́нне.

6А ўбачыўшы здалёк Іісуса, прыбег і паклані́ўся Яму.

7І, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне, Іісусе, Сы́не Бога Усявы́шняга? закліна́ю Цябе Богам, не муч мяне!

8Бо Іісус сказаў яму: вы́йдзі, дух нячысты, з чалавека.

9І пытаўся ў яго: як імя́ тваё? і той адказаў: легіён маё імя́, бо многа нас.

10І вельмі прасілі Яго, каб не адсылаў іх прэч з краіны той.

11А там пры гары́ пасвіўся вялікі ста́так свіне́й.

12І прасілі Яго ўсе дэманы, ка́жучы: пашлі нас у свіне́й, каб нам увайсці ў іх.

13І адразу дазволіў ім Іісус. І, выйшаўшы, нячыстыя духі ўвайшлі ў свіне́й; і ры́нуўся ста́так з кру́чы ў мора, а іх было каля дзвюх тысяч; і патану́лі ў моры.

14А іх пастухі пабеглі ды абвясцілі ў горадзе і ў вёсках. І людзі выйшлі пабачыць, што зда́рылася.

15Прыходзяць да Іісуса і бачаць, што апанта́ны, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры розуме; і спалохаліся.

16Тыя, хто бачыў, расказалі ім, як гэта адбыло́ся з апанта́ным, і пра свіне́й.

17І пачалі́ прасіць Яго адысці́ з межаў іх.

18І калі Ён увайшоў у лодку, той, што быў апанта́ны, прасіў Яго, каб быць з Ім.

19А Іісус не дазволіў яму і кажа да яго: ідзі ў дом твой да сваіх і раскажы ім, што́ зрабіў табе Гасподзь і як памі́лаваў цябе.

20І пайшоў, і пачаў абвяшча́ць у Дзесяцігаро́ддзі, што зрабіў яму Іісус. І ўсе здзіўляліся.

21І калі пераправіўся Іісус у лодцы зноў на другі бераг, сабра́лася народу мноства да Яго. І быў Ён каля мора.

22І вось прыхо́дзіць адзін са старэйшын сінагогі, і́мем Іаі́р, і, ўбачыўшы Яго, па́дае ў ногі Яму

23і вельмі просіць Яго, ка́жучы: дачу́шка мая́ пры смерці, прыйдзі і ўскладзі́ на яе ру́кі, каб яна ўратавалася і жыла́.

24І пайшоў за ім Іісус. І ўслед Яму ішоў вялікі натоўп, і напіра́лі на Яго.

25І жанчына нейкая, што мела кровацячэ́нне дванаццаць гадоў,

26і шмат нацярпе́лася ад многіх ле́караў, і патра́ціла ўсё, што ме́ла, і ніякай палёгкі не атрыма́ла, а стала ёй яшчэ горш;

27пачуўшы пра Іісуса, прыйшла ў натоўпе ззаду і дакрану́лася да вопраткі Яго;

28бо казала: калі дакрану́ся хоць да вопраткі Яго, уратава́ная буду.

29І адразу спыні́лася кровацячэ́нне ў яе, і адчула яна целам, што вы́звалілася ад хваробы.

30І адразу Іісус, адчуў у Сабе, што сіла выйшла з Яго, павярнуўся ў натоўпе і сказаў: хто дакрану́ўся да вопраткі Маёй?

31І казалі Яму вучні Яго: Ты бачыш, натоўп напіра́е на Цябе, а кажаш: хто дакрану́ўся да Мяне?

32І агляда́ўся Ён, каб бачыць тую, што зрабіла гэта.

33А жанчына спалохалася і дрыжа́ла, ве́даючы, што́ з ёю адбыло́ся, падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.

34Ён жа сказаў ёй: дачка́! вера твая ўратава́ла цябе; ідзі з мірам і здароваю будзь ад хваробы тваёй.

35Яшчэ калі Ён гаварыў, прыходзяць з дому старэйшыны сінагогі і кажуць: дачка́ твая паме́рла, навошта яшчэ турбуеш Настаўніка?

36Але Іісус, адразу пачуўшы гэтыя словы, кажа старэйшыне сінагогі: не бойся, толькі веруй.

37І не дазволіў нікому ісці за Сабою, акрамя Пятра, Іакава і Іаана, брата Іакавага.

38Прыходзяць у дом старэйшыны сінагогі, і бачыць Ён сумятню́ і тых, што плачуць і гало́сяць моцна.

39І, увайшоўшы, кажа ім: чаго вы хвалю́ецеся і пла́чаце. Дзяўчынка не паме́рла, а спіць.

40І насміхаліся з Яго. Але Ён, вы́правадзіўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку дзяўчынкі і маці, і тых, што былі́ з Ім, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.

41І, узяўшы дзяўчынку за руку́, кажа ёй: “таліфа́ ку́мі”, што значыць: “дзяўчына, табе кажу, устань”.

42І адразу падняла́ся дзяўчына і пачала́ хадзіць, а было́ ёй гадоў дванаццаць. І ўра́зіліся ўра́жаннем вялікім.

43І загадаў ім строга, каб ніхто не даведаўся пра гэта, і сказаў даць ёй есці.

 

Раздзел 6

1І выйшаў Ён адтуль і прыйшоў на ба́цькаўшчыну Сваю, і за Ім ішлі вучні Яго.

2І калі настала субота, пачаў Ён вучы́ць у сінагозе, і многія слухачы́ дзівіліся, ка́жучы: адкуль у Яго гэта? і што за мудрасць да́дзена Яму, і як такія цуды тво́рацца рукамі Яго?

3Ці не цясля́р гэта, сын Марыі і брат Іакава, Іасі́і, Іуды і Сі́мана? і ці не сёстры Яго тут сярод нас? І сумнява́ліся ў Ім.

4Іісус жа казаў ім: не бывае прарок без паша́ны, хіба́ толькі на ба́цькаўшчыне сваёй, і ў родных сваіх, і ў доме сваім.

5І не мог там ніякага цу́ду ствары́ць, толькі нямногіх хворых, усклаўшы на іх ру́кі, ацалі́ў.

6І дзівіўся нявер’ю іх. І хадзіў па навакольных се́лішчах, навучаючы.

7І, паклі́каўшы дванаццаць, пачаў іх пасылаць па двое і даў ім ула́ду над нячыстымі ду́хамі.

8І наказа́ў ім нічога не браць у дарогу, акрамя аднаго посаха: ні торбы, ні хле́ба, ні медзі ў поясе;

9але абува́цца ў санда́лі і не насіць дзвюх адзе́жын.

10І казаў ім: калі дзе ўво́йдзеце ў дом, застава́йцеся ў ім, пакуль не по́йдзеце адтуль;

11і калі хто не пры́ме вас і не паслухаецца вас, то выхо́дзячы адтуль, абтрасі́це пыл з ног вашых у све́дчанне ім. Праўду кажу вам: лягчэй будзе Садо́му і Гамо́ры ў дзень су́дны, чым гораду таму.

12І, пайшоўшы, яны прапаве́давалі пакая́нне,

13і дэманаў многіх выганя́лі, і пама́звалі алеем многіх хворых, і ацаля́лі.

14І дачу́ўся пра Іісуса цар Ірад, бо вядомым стала імя́ Яго, і казаў: гэта Іаан Хрысці́цель з мёртвых паўстаў, і таму цуды дзе́юцца ім.

15Іншыя казалі: гэта Ілія́, а іншыя казалі: гэта прарок ці як адзін з прарокаў.

16А Ірад, пачуўшы, сказаў: гэта Іаан, якому я адсе́к галаву, ён паўстаў з мёртвых.

17Бо сам Ірад паслаў схапіць Іаана і звяза́ў яго ў цямніцы з-за Ірадыя́ды, жонкі Філіпа, брата свайго, таму што ажаніўся з ёю.

18Бо Іаан казаў Іраду: не нале́жыць табе мець жонку брата твайго.

19А Ірадыя́да, гне́ваючыся на яго, жада́ла яго забіць, ды не магла.

20Бо Ірад баяўся Іаана, ведаючы яго як чалавека праведнага і святога, і аберагаў яго, і шмат рабіў, слу́хаючыся яго, і з ахвотаю яго слухаў.

21І настаў зручны дзень, калі Ірад у гадавіну свайго нараджэння ла́дзіў пір вяльможам сваім, тысячанача́льнікам і старэйшынам Галілейскім,

22і ўвайшла дачка́ Ірадыя́ды, і танцавала, і дагадзі́ла Іраду і тым, што ўзляжа́лі з ім. Сказаў цар дзяўчыне: прасі ў мяне чаго хочаш, і дам табе.

23І пакляўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе, хоць і паўцарства майго.

24Яна ж выйшла і спытала ў маці сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галаву Іаана Хрысці́целя.

25І яна адразу, паспе́шліва ўвайшоўшы да цара, прасіла, ка́жучы: хачу каб ты цяпер жа даў мне на блю́дзе галаву Іаана Хрысці́целя.

26І засмуціўся цар, але дзе́ля клятвы і тых, што ўзляжа́лі з ім, не захацеў адмовіць ёй.

27І адразу, паслаўшы целаахоўніка, цар загадаў прыне́сці галаву яго.

28Той, пайшоўшы, адсе́к яму галаву ў цямніцы і прынёс на блю́дзе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала́ яе маці сваёй.

29І, дачу́ўшыся, вучні яго прыйшлі і ўзялі́ це́ла яго, і паклалі яго ў магілу.

30І сабра́ліся апосталы да Іісуса і расказалі Яму ўсё: і што зрабілі, і чаму навучылі.

31І сказаў ім: пайдзіце вы самі, асобна, у пустэ́льнае месца і адпачні́це крыху́. Бо многія прыхо́дзілі і адыхо́дзілі, так што і паесці ім не было́ калі.

32І адправіліся яны ў пустэ́льнае месца на лодцы асобна.

33І ўбачыў народ, як яны адплывалі, і пазналі іх многія, і пехато́ю з усіх гарадоў спяшаліся туды, і апярэ́дзілі іх, і сышлі́ся да Яго.

34І, выйшаўшы, убачыў Іісус мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былі́ як авечкі без пастыра; і пачаў іх вучы́ць многа.

35І калі быў ужо час позні, вучні Яго, падышоўшы да Яго, казалі: месца тут пустэ́льнае, і ўжо час позні,

36адпусці іх, каб пайшлі ў навакольныя вёскі ды се́лішчы і купілі сабе хле́ба, бо не маюць чаго есці.

37Ён жа ў адказ ім прамовіў: вы ім дайце есці. І кажуць Яму: ці не пайсці нам купі́ць хлябо́ў дына́рыяў на дзвесце і даць ім есці?

38Але Ён гаворыць ім: колькі хлябоў ма́еце? ідзіце і паглядзі́це. І, даведаўшыся, яны кажуць: пяць хлябо́ў і дзве ры́біны.

39І загадаў ім рассадзі́ць усіх групамі на зялёнай траве.

40І ўзляглі́ ў рады́ па сто і па пяцьдзесят.

41І, узяўшы пяць хлябо́ў і дзве ры́біны, узвёўшы вочы на неба, благаславіў і пераламі́ў хлябы́, і даваў вучням Сваім, каб разносілі ім, і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх.

42І елі ўсе і насы́ціліся.

43І назбіралі кавалкаў хле́ба дванаццаць поўных кашоў і рэшты ад рыбы.

44А было тых, што елі хлябы́, каля пяці тысяч мужчын.

45І адразу прымусіў вучняў Сваіх увайсці ў лодку і адправіцца ўперад Яго на той бок да Віфсаі́ды, пакуль Ён адпу́сціць людзей.

46І, адпусціўшы іх, пайшоў на гару памалі́цца.

47І як настаў вечар, лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі.

48І ўбачыў іх, знясі́леных веслава́ннем, бо вецер дзьмуў насу́праць ім; і каля чацвёртай ва́рты ночы наблізіўся да іх, ідучы́ па моры, і хацеў абміну́ць іх.

49Яны ж, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта пры́від, і закрычалі.

50Бо ўсе Яго бачылі і перапалохаліся. і адразу загаварыў з імі і сказаў ім: супакойцеся; гэта Я, не бойцеся.

51І ўвайшоў да іх у лодку; і вецер суня́ўся. І яны надзвы́чай былі ўзру́шаныя ў сабе і здзіўляліся.

52Бо не ўразуме́лі таго, што адбыло́ся з хляба́мі, бо сэрца ў іх было́ скамяне́лае.

53І, перапра́віўшыся, прыбылі́ ў зямлю Генісарэ́цкую, і прысталі да берага.

54І калі выйшлі яны з лодкі, адразу людзі пазна́лі Яго,

55і, аббегшы ўсё наваколле тое, пачалі́ на пасцелях прыно́сіць хворых туды, дзе, па чу́тках, быў Ён.

56І куды б ні прыхо́дзіў Ён, у пасе́лішчы, ці ў гарады, ці ў вёскі, на лю́дных месцах клалі хворых і прасілі Яго, каб хоць да кра́ю адзе́ння Яго дакрану́цца; і тыя, што дакрана́ліся да Яго, уратоўваліся.

 

Раздзел 7

1І сабра́ліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Іерусаліма;

2і, бачыўшы некаторых з вучняў Яго, як яны елі хлеб нячыстымі, гэта значыць непамы́тымі, рукамі, дакара́лі.

3Бо фарысеі і ўсе Іудзеі не яду́ць, пакуль не памыюць дбайна рук, трымаючыся пада́ння ста́рцаў;

4і пасля рынку, пакуль не амы́юцца, не яду́ць. Ёсць і многае іншае, чаго яны прынялі́ трымацца: абмыва́ння чашаў, і кубкаў, і катлоў, і ла́ваў.

5Потым пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: чаму вучні Твае не жывуць згодна з пада́ннем ста́рцаў, а непамы́тымі рукамі яду́ць хлеб?

6А Ён у адказ гаворыць ім: добра прарочыў Іса́ія пра вас, крываду́шных, як напі́сана: “людзі гэтыя ву́снамі ўшаноўваюць Мяне, а сэ́рца іх знахо́дзіцца далёка ад Мяне;

7але ма́рна шануюць Мяне, навучаючы вучэнням, устанаўле́нням чалавечым”.

8Бо, пакінуўшы за́паведзь Божую, трыма́ецеся вы пада́ння чалавечага, абмыва́ння кубкаў і чашаў ды многае іншае, падобнае да таго, робіце.

9І казаў ім: хо́раша вы абыхо́дзіце за́паведзь Божую, каб сваё пада́нне захава́ць!

10Бо Маісей сказаў: “шануй бацьку твайго і маці тваю”, і хто зласло́віць на бацьку альбо маці, няхай смерцю памрэ.

11А вы гаворыце: калі скажа чалавек бацьку альбо маці: “тое, што ты ад мяне скарыстаў бы, гэта карва́н, што значыць дар Богу”,

12тады ўжо дазваля́еце яму нічога не рабіць для бацькі альбо для маці сваёй,

13паруша́ючы слова Божае пада́ннем вашым, якое вы перадаяце́; і многае падобнае да таго робіце.

14І, паклі́каўшы ўсіх людзей, казаў ім: паслухайце Мяне ўсе і зразуме́йце.

15Няма нічога, што, увахо́дзячы ў чалавека зво́нку, магло б апага́ніць яго; але што выходзіць з яго, тое апага́ньвае чалавека.

16Калі хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!

17І калі ад людзей Ён увайшоў у дом, спыталіся ў Яго вучні Яго аб прытчы.

18І сказаў ім: няўжо і вы такія неразумныя? Хіба́ не разумееце, што ўсё тое, што зво́нку ўваходзіць у чалавека, не можа апага́ніць яго?

19Бо не ў сэ́рца яго ўваходзіць, а ў чэ́рава, і выходзіць прэч, таму ўсякая ежа чыстая.

20І казаў: тое, што выходзіць з чалавека, апага́ньвае чалавека;

21Бо знутры́, з сэ́рца чалавечага по́мыслы ліхі́я выходзяць, пралюбадзе́йствы, блуд, забойствы,

22крадзяжы́, ліхвя́рства, злоба, кава́рства, распу́снасць, вока зайздроснае, блюзне́рства, ганарлі́васць, шале́нства;

23усё гэтае зло знутры́ выхо́дзіць і апага́ньвае чалавека.

24І, ру́шыўшы адтуль, пайшоў у землі Ты́рскія і Сідо́нскія; і, увайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся; але не змог утаі́цца.

25Бо пачула пра Яго жанчына, дачка́ якой ме́ла ў сабе нячыстага духа, і, прыйшоўшы, упа́ла да ног Яго;

26а жанчына тая была́ язычніца, Сірафінікія́нка родам; і прасіла Яго, каб вы́гнаў дэмана з яе дачкі́.

27Але Іісус сказаў ёй: дай перш насы́ціцца дзе́цям, бо нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабачаня́там.

28Яна ж у адказ гаворыць Яму: так, Госпадзі! але і сабачаня́ты пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.

29І сказаў ёй: за гэтыя словы ідзі, выйшаў дэман з дачкі́ тваёй.

30І, прыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла, што дэман выйшаў і дачка́ ляжы́ць на пасцелі.

31І зноў, выйшаўшы з межаў Ты́рскіх і Сідо́нскіх, прыйшоў Іісус да мора Галіле́йскага ў землі Дзесяцігаро́ддзя.

32І прыво́дзяць да Яго глухога коснаязы́кага і просяць, каб Ён усклаў руку́ на яго.

33І, адвёўшы яго ад народу ўбок, улажы́ў пальцы Свае ў ву́шы яго і, плюнуўшы, дакрану́ўся да языка яго;

34і, узвёўшы вочы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: “эффафа́”, што значыць: “адкры́йся”.

35І адразу адкры́ліся вушы яго і развяза́ліся пу́ты яго языка́, і пачаў гаварыць выра́зна.

36І загада́ў ім, каб не казалі нікому. Але чым больш Ён зага́дваў ім, тым больш абвяшчалі.

37І надзвычай здзіўляліся, ка́жучы: добра ўсё зрабіў: і глухім дае чуць, і нямы́м гаварыць.

 

Раздзел 8

1У тыя дні, калі сабра́лася многа народу і не ме́лі чаго есці, Іісус, паклі́каўшы вучняў Сваіх, кажа ім:

2шкада Мне людзей, што ўжо тры дні застаюцца са Мною, і не ма́юць чаго есці.

3І калі адпушчу іх дадому галоднымі, аслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёку.

4І адказалі Яму вучні Яго: адкуль можа хто накарміць іх хле́бам тут, у пусты́ні?

5І спытаў у іх: колькі ў вас хлябо́ў? Яны адказалі: сем.

6Тады загадаў лю́дзям узле́гчы на зямлі; і, ўзяўшы сем хлябо́ў, узнёсшы падзяку, пераламі́ў, і даў вучням Сваім, каб раздавалі; і яны раздалі́ лю́дзям.

7І ме́лі некалькі ры́бінак: і благаславіўшы, Ён загадаў і іх раздаць.

8І елі, і насы́ціліся; і назбіралі рэ́шты кавалкаў сем кашоў.

9А было́ тых, што елі, каля чатырох тысяч. І адпусці́ў іх.

10І адразу ўвайшоў у лодку і прыбы́ў з вучнямі Сваімі ў ме́жы Далману́фскія.

11І выйшлі фарысеі і пачалі́ спрачацца з Ім, дамага́ючыся ад Яго знаме́ння з неба, спакуша́ючы Яго.

12І Ён, уздыхну́ўшы духам Сваім, кажа: нашто род гэты знаме́ння патрабу́е? Праўду кажу вам: не будзе да́дзена роду гэтаму знаме́нне.

13І, пакі́нуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і адправіўся на той бок.

14І забы́ліся вучні Яго ўзяць хлябо́ў, і акрамя аднаго хлеба не ме́лі з сабой у лодцы.

15І Ён наказаў ім, гаворачы: глядзі́це, сцеражы́цеся заква́скі фарысейскай і заква́скі Ірадавай.

16І разважа́лі між сабой, ка́жучы: гэта значыць, што хлябоў у нас няма.

17І, ве́даючы, Іісус кажа ім: чаму разважа́еце, што хлябоў няма ў вас? Няўжо яшчэ не адчуваеце і не разумееце? Няўжо дагэ́туль скамяне́лае сэ́рца ваша?

18Вочы ма́ючы, не бачыце? ву́шы ма́ючы, не чуеце? і не па́мятаеце?

19Калі пяць хлябоў пераламі́ў Я на пяць тысяч, колькі поўных кашоў кавалкаў назбіра́лі вы? Кажуць Яму: дванаццаць.

20А калі сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі поўных кашоў кавалкаў вы набра́лі? Яны ж адказалі: сем.

21І сказаў ім: як жа не разумееце?

22І прыхо́дзіць у Віфсаі́ду. І прыводзяць да Яго сляпога і просяць, каб да яго дакрануўся.

23І, узяўшы за руку́ сляпога, вы́веў яго за пасе́лішча і, плюнуўшы на вочы яму, усклаўшы ру́кі на яго, пытаўся ў яго, ці бачыць што.

24Той, агле́дзеўшыся, сказаў: бачу людзей, ні́бы дрэвы, што ходзяць.

25Потым зноў усклаў ру́кі на вочы яго і зрабіў яго віду́шчым. І ацалі́ўся той, і стаў бачыць усё выра́зна.

26І адаслаў яго ў дом, ка́жучы: у пасе́лішча не заходзь і не расказвай нікому ў пасе́лішчы.

27І пайшоў Іісус з вучнямі Сваімі ў пасе́лішчы Кесары́і Філіпавай. І дарогаю пытаўся ў вучняў Сваіх, ка́жучы ім: за каго Мяне прыма́юць людзі?

28А яны адказалі: за Іаана Хрысці́целя, іншыя — за Ілію́, а іншыя — за аднаго з прарокаў.

29Ён сказаў ім: а вы за каго прыма́еце Мяне? І ў адказ Пётр сказаў Яму: Ты — Хрыстос.

30І загадаў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.

31І пачаў вучы́ць іх, што Сыну Чалавечаму нале́жыць многа адпаку́таваць, быць адры́нутым старэйшынамі, і першасвятара́мі, і кніжнікамі, і забітым быць, і на трэці дзень уваскрэ́снуць.

32І казаў пра гэта адкрыта. І Пётр, адвёўшы Яго, пачаў адгаво́рваць Яго.

33А Ён, абярну́ўшыся і паглядзе́ўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, ка́жучы: адыдзі́ ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае.

34І, паклі́каўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэ́цца ад сябе і во́зьме крыж свой, і ўслед за Мной ідзе.

35Бо хто хоча душу́ сваю ўратава́ць, той загу́біць яе; а хто загу́біць душу́ сваю дзе́ля Мяне і Ева́нгелля, той урату́е яе.

36Бо якую кары́сць будзе мець чалавек, калі ён здабу́дзе ўвесь свет, а пашко́дзіць душы́ сваёй?

37Альбо які вы́куп дасць чалавек за душу́ сваю?

38Бо хто пасаро́меецца Мяне і слоў Маіх перад родам гэтым пралюбадзе́йным і грэшным, таго і Сын Чалавечы пасаро́меецца, калі пры́йдзе ў славе Айца Свайго з Ангеламі святымі.

 

Раздзел 9

1І сказаў ім: праўду кажу вам, ёсць сярод тых, што стаяць тут, некато́рыя, хто не зазна́е смерці, пакуль не ўбачыць Царства Божага, якое пры́йдзе ў сіле.

2І праз шэсць дзён узяў Іісус Пятра, Іакава ды Іаана і ўзвёў іх на гару́ высокую адных асобна, і перамяні́ўся перад імі.

3І ўбра́нне Яго стала бліску́чым і надзвы́чай белым, як снег, такім, як бялі́льшчык на зямлі не можа вы́беліць.

4І явіўся ім Ілія́ з Маісе́ем; і размаўлялі з Іісусам.

5І, азва́ўшыся, Пётр сказаў Іісусу: Равві́ ! добра нам тут быць, зробім тры шатры́, Табе адзін, Маісе́ю адзін і адзін Іліі́.

6Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны былі́ перапало́ханы.

7І ўзні́кла во́блака, ахіна́ючы іх, і з во́блака пачуўся голас: гэта Сын Мой Узлю́блены; Яго слухайце.

8І нечакана, агле́дзеўшыся наво́кал, нікога больш не ўбачылі, толькі Іісуса аднаго каля сябе.

9І калі яны сыходзілі з гары, загадаў ім нікому не казаць, што́ бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.

10І захава́лі ў сабе гэтае сло́ва, разважа́ючы між сабой: што значыць “уваскрэ́снуць” з мёртвых?

11І пыталіся ў Яго, ка́жучы: як гэта кніжнікі гавораць, што Ілія́ павінен прыйсці́ ране́й?

12А Ён сказаў ім у адказ: Ілія́ сапраўды́, прыйшоўшы ране́й, узно́віць усё; а як жа напі́сана пра Сына Чалавечага, — што многа адпаку́туе і знява́жаны будзе?

13Але кажу вам, што і Ілія́ прыйшоў, і ўчыні́лі з ім, што хацелі, як напі́сана пра яго.

14І, прыйшоўшы да вучняў, убачыў шмат народу вакол іх і кніжнікаў, што спрача́ліся з імі.

15І адразу ўвесь народ, убачыўшы Яго, ура́зіўся і, падбягаючы, віталі Яго.

16І спытаўся Ён у кніжнікаў: пра што спрача́ецеся з імі?

17Адзін з натоўпу сказаў у адказ: Настаўнік! я прывёў да Цябе сы́на майго, які ма́е ў сабе духа нямога;

18і дзе ні схо́піць яго, кі́дае яго, і ён пену пускае і скрыго́ча зубамі і дранцве́е; і прасіў я вучняў Тваіх, каб вы́гналі яго, ды яны не змаглі.

19Адказваючы яму, Іісус кажа: о, родзе бязве́рны! даку́ль буду з вамі? даку́ль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне.

20І прывялі таго да Яго. І, убачыўшы Яго, дух адразу затрос таго, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пуска́ючы пену.

21І запытаўся Іісус у ба́цькі яго: як даўно гэта зда́рылася з ім. Той жа сказаў: з дзяцінства;

22і часта дух і ў агонь кі́даў яго, і ў ваду, каб загубі́ць яго; але, як што можаш, дапамажы́ нам, зжа́ліўшыся над намі.

23А Іісус сказаў яму: калі можаш ве́раваць, усё магчыма для таго, хто веруе.

24І адразу, усклі́кнуўшы, хло́пцаў бацька са слязьмі́ сказаў: верую, Госпадзі! памажы́ майму няве́р’ю!

25Іісус, убачыўшы, што збягаецца народ, забарані́ў духу нячыстаму, ка́жучы яму: дух нямы і глухі, Я зага́дваю табе, вы́йдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!

26І, ускры́кнуўшы і моцна скалану́ўшы яго, той выйшаў; а ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: ён памёр.

27Але Іісус, узяўшы яго за руку́, падняў яго; і ён устаў.

28І калі ўвайшоў Іісус у дом, вучні Яго пыталіся ў Яго асобна: чаму мы не здо́лелі вы́гнаць яго?

29І сказаў ім: гэты род ні ад чаго іншага не можа вы́йсці, толькі ад малітвы і по́сту.

30І, вы́йшаўшы адтуль, прахо́дзілі праз Галіле́ю, і Ён не хацеў, каб хто даве́даўся.

31Бо навуча́ў вучняў Сваіх і гаварыў ім, што Сын Чалавечы адда́дзены будзе ў ру́кі чалавечыя і заб’юць Яго, і, забіты, Ён на трэці дзень уваскрэ́сне.

32Але яны не разумелі гэтага слова, і баяліся ў Яго спытацца.

33І прыйшоў у Капернау́м; і калі ў доме быў, запытаўся ў іх: пра што дарогай вы разважа́лі між сабою?

34Яны ж маўчалі, бо ў дарозе спрача́ліся адзін з адным, хто бо́льшы.

35І, сеўшы, паклі́каў дванаццаць і сказаў ім: калі хто хоча першым быць, няхай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою.

36І, узяўшы дзіця́, паставіў яго пасярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:

37хто пры́ме адно з такіх дзяце́й у імя́ Маё, той Мяне пры́ме, а хто Мяне пры́ме, той не Мяне прыма́е, але Таго, Хто паслаў Мяне.

38Азва́ўся да Яго Іаан, гаворачы: Настаўнік! мы бачылі чалавека, што і́мем Тваім выганяе дэманаў, але не хо́дзіць за намі, і мы забарані́лі яму, бо не хо́дзіць за намі.

39Іісус жа сказаў: не забараня́йце яму, бо няма таго, хто стварыў бы цуд у імя́ Маё і мог бы неўзаба́ве знява́жыць Мяне.

40Бо хто не су́праць вас, той за вас.

41І хто напо́іць вас чашай вады ў імя́ таго, што вы Хрыстовы, праўду кажу вам, той не стра́ціць узнагароды сваёй.

42А хто спаку́сіць аднаго з малы́х гэтых, што ве́руюць у Мяне, таму ле́пей было́ б, калі б павесілі жарнавы́ ка́мень на шыю яго і ўкінулі яго ў мора.

43І калі спакуша́е цябе рука твая, адсячы́ яе: ле́пей табе кале́кам увайсці ў жыццё, чым, дзве рукі́ ма́ючы, пайсці ў гее́ну, у агонь незгаса́льны,

44дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згаса́е.

45І калі нага твая спакуша́е цябе, адсячы́ яе: ле́пей табе ўвайсці ў жыццё кульга́вым, чым, дзве нагі маючы, быць укінутым у гее́ну, у агонь незгаса́льны,

46дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згаса́е.

47І калі вока тваё спакуша́е цябе, вы́рві яго: ле́пей табе аднавокім увайсці ў Царства Божае, чым, два во́кі маючы, быць укі́нутым у гее́ну вогненную,

48дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згаса́е.

49Бо кожны агнём асо́ліцца і кожная ахвяра соллю асо́ліцца.

50Добрая рэч — соль; але калі соль несалёнай стане, чым яе папра́віце? Ма́йце соль у сабе, і мір ма́йце між сабою.

 

Раздзел 10

1І, вы́йшаўшы адтуль, прыхо́дзіць у ме́жы Іудзеі стараной заіарда́нскай. І збіраюцца зноў да Яго натоўпы, і, як звыча́йна, зноў вучыў іх.

2І, падышоўшы, фарысеі спыталіся ў Яго, спакуша́ючы Яго: ці дазволена му́жу разво́дзіцца з жонкай?

3Ён жа сказаў ім у адказ: што запаве́даў вам Маісей?

4Яны сказалі: Маісей дазволіў напісаць разво́дны ліст і разво́дзіцца.

5І, адка́зваючы, Іісус сказаў ім: з-за жорсткасці сэ́рца вашага ён напісаў вам гэтую за́паведзь;

6але ад пачатку стварэння мужчынам і жанчынай ствары́ў іх Бог.

7Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці

8і прыле́піцца да жонкі сваёй, і будуць двое пло́ццю адною, так што яны ўжо не двое, а адна плоць.

9Дык вось, што́ Бог злучы́ў, таго чалавек няхай не разлуча́е.

10І ў доме вучні Яго зноў пра гэта спыталіся ў Яго.

11І сказаў ім: хто развядзе́цца з жонкаю сваёю і ажэ́ніцца з іншаю, той пралюбадзе́йнічае су́праць яе;

12і калі жонка развядзе́цца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, пралюбадзе́йнічае.

13І прыно́сілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх, а вучні забаранялі тым, што прыносілі.

14Убачыўшы, Іісус разгневаўся і сказаў ім: пусці́це дзяцей прыхо́дзіць да Мяне і не перашкаджа́йце ім; бо такім нале́жыць Царства Божае.

15Праўду кажу вам: хто не пры́ме Царства Божага, як дзіця́, той не ўвойдзе ў яго.

16І, абняўшы іх, усклаў ру́кі на іх і благаславіў іх.

17І калі выходзіў Ён у дарогу, падбе́г нехта і, упаўшы на калені перад Ім, спытаўся ў Яго: Настаўнік Добры! што мне рабіць, каб унасле́даваць жыццё вечнае?

18Іісус жа сказаў яму: чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог.

19Ведаеш за́паведзі: “не пралюбадзе́йнічай; не забівай; не крадзь; не сведчы лжыва; не крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці”.

20Ён жа сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! усё гэта захава́ў я з юнацтва майго.

21Іісус жа, глянуўшы на яго, палюбі́ў яго і сказаў яму: аднаго табе не хапа́е: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім; і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, і ідзі за Мною, узя́ўшы крыж.

22А той, азмро́чаны гэтым словам, адышоў у сму́тку, бо меў вялікую маёмасць.

23І, паглядзе́ўшы навокал, кажа Іісус вучням Сваім: як цяжка будзе тым, хто ма́е багацце, увайсці ў Царства Божае.

24Вучні жаха́ліся ад слоў Яго. А Іісус зноў у адказ кажа ім: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяе́цца на багацце, увайсці ў Царства Божае.

25Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.

26Яны ж надзвы́чай здзіўляліся, гаворачы між сабою: хто ж тады можа спасці́ся?

27Паглядзеўшы на іх, Іісус сказаў: лю́дзям гэта немагчыма, але не Богу, бо ўсё магчыма Богу.

28Пачаў Пётр гаварыць Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою.

29Іісус сказаў у адказ: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці палі́, дзе́ля Мяне і дзе́ля Ева́нгелля,

30і не атрымае цяпер, у час гэты, пры гане́ннях, у сто разоў больш дамоў і братоў, і сясцёр, і бацькоў, і маці, і дзяцей, і палёў, а ў веку наступным жыцця́ вечнага;

31многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.

32Былі́ ж яны ў дарозе, узыходзячы ў Іерусалім, і папе́радзе іх ішоў Іісус, а яны жаха́ліся і, услед ідучы́, былі́ ў стра́ху. І узяўшы зноў дванаццаць, пачаў ім гаварыць, што́ з Ім ма́е адбыцца:

33вось мы ўзыходзім у Іерусалім, і Сын Чалавечы будзе вы́дадзены першасвятара́м і кніжнікам, і асу́дзяць Яго на смерць, і вы́дадуць Яго язычнікам;

34і наглумя́цца над Ім, і будуць бічава́ць Яго і плява́ць на Яго, і заб’юць Яго; і на трэці дзень уваскрэ́сне.

35І падышлі да Яго Іакаў і Іаан, сыны́ Зевядзе́евы, ка́жучы: Настаўнік! хочам, каб Ты зрабіў нам тое, што папросім.

36А Ён сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам?

37Яны ж сказалі Яму: дай нам сесці аднаму спра́ва ад Цябе, а другому зле́ва ад Цябе, у славе Тваёй.

38Іісус жа сказаў ім: не ведаеце, чаго про́сіце. Ці можаце піць чашу, якую Я п’ю і хрышчэ́ннем, якім Я хрышчу́ся, хрысці́цца?

39Яны ж сказалі Яму: можам. А Іісус сказаў ім: чашу, якую Я п’ю, будзеце піць і хрышчэ́ннем, якім Я хрышчу́ся, будзеце хрысці́цца;

40але сесці справа ад Мяне ці злева — не Я даю́, а гэта для тых, каму ўгатава́на.

41І, пачуўшы, дзеся́цера пачалі гневацца на Іакава і Іаана.

42А Іісус, паклі́каўшы іх, кажа ім: вы ведаеце, што тыя, хто лі́чыцца на чале́ народаў, пану́юць над імі, і вяльможы іх улада́раць імі.

43Але не так няхай будзе сярод вас: а хто хоча сярод вас бо́льшым быць, няхай будзе вам слуго́ю;

44і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе ўсім рабом.

45Бо і Сын Чалавечы не дзе́ля таго прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужы́ць і аддаць душу́ Сваю як вы́куп за многіх.

46І прыходзяць у Іерыхо́н. І калі выходзіў Ён з Іерыхо́на з вучнямі Сваімі і мноствам народу, сын Ціме́еў, Варціме́й сляпы, сядзеў пры дарозе, жабру́ючы.

47І, пачуўшы, што гэта Іісус Назарэ́й, пачаў крычаць і казаць: Сы́не Давідаў, Іісусе, памілуй мяне!

48І многія патрабава́лі ад яго, каб замаўча́ў, але ён яшчэ мацней крычаў: Сы́не Давідаў, памілуй мяне!

49І, спыні́ўшыся, Іісус сказаў паклі́каць яго. І паклі́калі сляпога, ка́жучы яму: мацу́йся, устань, кліча цябе.

50Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і прыйшоў да Іісуса.

51І ў адказ гаворыць яму Іісус: што хочаш, каб Я зрабіў табе? Сляпы сказаў Яму: Раввуні́ ! каб мне бачыць.

52Іісус жа сказаў яму: ідзі, вера твая ўратава́ла цябе. І адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Іісусам па дарозе.

 

Раздзел 11

1І калі наблізіліся да Іерусаліма, да Віфагі́і і Віфа́ніі, да гары Елеонскай, Іісус пасылае двух з вучняў Сваіх

2і кажа ім: ідзіце ў се́лішча, што перад вамі, і, уваходзячы ў яго, адразу зно́йдзеце прывя́занае асляня́, на якое ніхто з людзей не сядаў; адвяза́ўшы яго, прывядзі́це.

3І калі хто скажа вам: “што́ вы гэта робіце?”, скажы́це, што яно патрэбна Госпаду, і адразу пашле яго сюды.

4Яны пайшлі і знайшлі асляня́, прывя́занае каля варот на вуліцы, і адвязалі яго.

5І некаторыя з тых, што стаялі там, гаварылі: што вы робіце? навошта адвя́зваеце асляня́?

6Яны ж адказвалі ім, як загадаў Іісус, і тыя адпусцілі іх.

7І прывялі асляня́ да Іісуса, і пакла́лі на яго во́пратку сваю; і сеў Іісус на яго.

8Многія ж во́пратку сваю пасціла́лі на дарогу, а іншыя зраза́лі галі́ны з дрэў і пасціла́лі на дарогу.

9І тыя, што ішлі папе́радзе і следам, ускліка́лі: Аса́нна! благаславёны Той, Хто прыхо́дзіць у імя́ Гасподняе!

10Благаславёна царства айца нашага Давіда, якое надыхо́дзіць у імя́ Гасподняе! Аса́нна ў вышніх!

11І ўвайшоў Іісус у Іерусалім і ў храм; і, агле́дзеўшы ўсё, паколькі час быў ужо позні, пайшоў у Віфа́нію з двана́ццаццю.

12І на другі дзень, калі яны выйшлі з Віфа́ніі, Ён захацеў есці;

13і, уба́чыўшы здалёк смакоўніцу, пакрытую лі́сцем, падышоў, ці не знойдзе чаго на ёй; і, прыйшоўшы да яе, нічога не знайшоў, акрамя лі́сця, бо не пара́ была́ на смо́квы.

14І, прамовіўшы, Іісус сказаў ёй: няхай больш ніхто не есць ад цябе плоду даве́ку! І чулі гэта вучні Яго.

15І прыходзяць у Іерусалім. І, увайшоўшы ў храм, Іісус пачаў выганя́ць тых, якія прадавалі і куплялі ў храме, і перакулі́ў сталы́ мяня́лаў і ўсло́ны тых, што прадавалі галубоў;

16і не дазваляў, каб хто пранёс якую-небудзь рэч праз храм.

17І вучыў іх, ка́жучы: ці не напі́сана: “дом Мой домам малітвы назаве́цца для ўсіх народаў”? а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.

18І пачулі гэта кніжнікі і першасвятары́, і шукалі, як бы Яго загубі́ць, бо баяліся Яго, таму што ўвесь народ здзіўля́ўся вучэ́нню Яго.

19І калі звечарэ́ла, Ён выйшаў за горад.

20І ра́ніцаю, праходзячы міма, убачылі, што смакоўніца засохла да ко́раня.

21І, успомніўшы, Пётр кажа Яму: Равві́! паглядзі́, смакоўніца, якую Ты пракля́ў, усохла.

22І, адказваючы, Іісус кажа ім:

23ма́йце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары́ гэтай: “падымі́ся і ўве́ргніся ў мора”, і не засумнява́ецца ў сэ́рцы сваім, а верыць будзе, што збу́дзецца па сло́вах яго, — будзе яму, што́ б ні сказаў.

24Таму кажу вам: усё, чаго ў малітве ні папро́сіце, верце, што атрыма́еце, і будзе вам.

25І калі стаіце́ на малітве, дару́йце, як што ма́еце су́праць каго, каб і Айцец ваш, Які ў нябёсах, дарава́ў вам праві́ны вашы.

26Калі ж вы не дару́еце, то і Айцец ваш, Які ў нябёсах, не дару́е вам праві́наў вашых.

27І прыходзяць зноў у Іерусалім. І калі Ён хадзіў у храме, падыходзяць да Яго першасвятары́ і кніжнікі, і старэйшыны

28і кажуць Яму: якою ўла́даю Ты гэта робіш? і хто Табе ўла́ду гэтую даў, каб Ты рабіў гэта?

29Іісус жа ў адказ сказаў ім: спытаю ў вас і Я адну рэч, і адкажы́це Мне; і Я скажу вам, якою ўла́даю гэта раблю.

30Хрышчэнне Іаанава з неба было́ ці ад людзей? адкажы́це Мне.

31І разважа́лі яны між сабою, гаворачы: калі скажам: “з неба”, — Ён скажа: “чаму ж вы не паверылі яму?”

32А сказаць: “ад людзей” — баяліся народа, бо ўсе лічылі, што Іаан сапраўды́ быў прарок.

33І кажуць у адказ Іісусу: не ведаем. Тады Іісус, адказваючы, гаворыць ім: і Я не скажу вам, якою ўла́даю гэта раблю.

 

Раздзел 12

1І пачаў гаварыць ім прытчамі: пасадзі́ў чалавек вінаграднік і абнёс агаро́джаю, і вы́капаў выціска́льню, і збудаваў ве́жу, і аддаў яго вінагра́дарам, і адлучы́ўся.

2І паслаў да вінагра́дараў у пэўны час раба́, каб узяць ад вінагра́дараў пладоў з вінаградніка.

3А яны, схапіўшы яго, набілі і адасла́лі ні з чым.

4І зноў паслаў да іх іншага раба́, і таго каме́ннем пабілі, разбілі галаву і адпусцілі знява́жанага.

5І зноў іншага паслаў, і таго забілі; і многіх іншых каго білі, а каго забівалі.

6Яшчэ аднаго меў ён, сына ўзлю́бленага свайго, паслаў і яго нарэшце да іх, ка́жучы: пасаро́меюцца сы́на майго.

7Тыя ж вінагра́дары, сказалі адзін аднаму: гэта спадкае́мец; хадзе́м, заб’ём яго, і спа́дчына будзе наша.

8І, схапіўшы яго, забілі і вы́кінулі прэч з вінагра́дніка.

9Што ж зробіць гаспадар вінагра́дніка? Пры́йдзе і зні́шчыць вінагра́дараў, і аддасць вінагра́днік іншым.

10Няўжо не чыталі вы гэтага Пісання: ка́мень, які адкінулі будаўнікі, той самы стаў галавою вугла́;

11ад Госпада ста́лася гэта, і яно дзіўнае ў вачах нашых.

12І наме́рваліся схапіць Яго, ды пабаяліся народу; бо зразуме́лі, што пра іх сказаў прытчу; і, пакінуўшы Яго, адышлі.

13І пасыла́юць да Яго некато́рых з фарысеяў і ірадыя́н, каб злаві́ць Яго на слове.

14Яны, прыйшоўшы, кажуць Яму: “Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзівы і нікому не дагаджа́еш, бо не глядзі́ш на аблічча людзей, а па праўдзе шля́ху Божаму вучыш. Дазволена даваць пада́так ке́сару ці не? даваць нам ці не даваць?

15Ён жа, ве́даючы іх крываду́шнасць, сказаў ім: што́ Мяне спакуша́еце? прынясі́це Мне дына́рый, каб Я пабачыў.

16Яны прыне́слі. І кажа ім: чыя́ гэта выя́ва і на́дпіс? Яны сказалі Яму: ке́саравы.

17І сказаў ім Іісус у адказ: аддавайце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу. І дзівіліся Яму.

18І прыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасе́ння, і спыталіся ў Яго, ка́жучы:

19Настаўнік! Маісей напісаў нам: “калі ў каго брат памрэ і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, то няхай брат яго возьме жонку яго і адро́дзіць се́мя брату свайму”.

20Было́ сем братоў; і першы ўзяў жонку і, паміраючы, не пакінуў се́мені.

21І другі ўзяў яе, і памёр, і ён не пакінуў се́мені; і трэці таксама.

22І бра́лі яе сямёра, і не пакінулі се́мені. Пасля ўсіх паме́рла і жонка.

23Дык вось, ва ўваскрасе́нні, калі яны ўваскрэ́снуць, катораму з іх будзе яна жонкаю? бо сямёра мелі яе жонкаю.

24І сказаў ім Іісус у адказ: ці не таму вы памыля́ецеся, што не ведаеце ні Пісанняў, ні сілы Божае?

25Бо калі з мёртвых уваскрэ́снуць, не будуць ні жаніцца, ні замуж выходзіць, а будуць, як Ангелы на нябёсах.

26Пра мёртвых жа, што яны ўваскрэ́снуць, хіба́ не чыталі вы ў кнізе Маісея пра купіну́, як Бог гаварыў яму, ка́жучы: “Я Бог Аўраа́ма, і Бог Ісаа́ка, і Бог Іа́кава”?

27Ён не ёсць Бог мёртвых, але Бог жывы́х. Таму вы вельмі памыля́ецеся.

28І, падышоўшы, адзін з кніжнікаў, які чуў, як яны спрача́юцца, і, ведаючы, што Іісус добра адказаў ім, спытаў у Яго: якая першая з усіх за́паведзяў?

29Іісус адказаў яму: першая з усіх за́паведзяў: “слухай, Ізра́ілю! Гасподзь Бог наш ёсць Гасподзь адзіны;

30і ўзлюбі́ Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсім разуме́ннем тваім, і ўсёй сілаю тваёю”; гэта першая за́паведзь.

31І другая падобная да яе: “узлюбі́ бліжняга твайго, як само́га сябе”. Большай за гэтыя іншай за́паведзі няма.

32І сказаў Яму кніжнік: добра, Настаўнік! па праўдзе сказаў Ты, што адзіны ёсць Бог, і няма іншага, акрамя Яго;

33і любі́ць Яго ўсім сэ́рцам, і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю сілаю, і любі́ць бліжняга, як самога сябе, — гэта больш за ўсе ўсеспале́нні і ахвя́ры.

34Іісус жа, убачыўшы, што той разумна адказваў, сказаў яму: недалёка ты ад Царства Божага. І ніхто не адважваўся болей пытацца ў Яго.

35І, праця́гваючы вучы́ць у храме, Іісус казаў: я́к гэта кажуць кніжнікі, што Хрыстос — сын Давідаў?

36Бо сам Давід сказаў Духам Святым: “сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі́ правару́ч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падно́жжа ног Тваіх.”

37Сам Давід называе Яго Госпадам: я́к жа Ён сын яму? І мноства народу слухала Яго з прыемнасцю.

38І казаў ім у вучэнні Сваім: сцеражы́цеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх убо́рах і каб віталі іх на плошчах,

39і напе́радзе сядзе́ць у сінагогах і ўзляжа́ць напе́радзе на гасці́нах.

40Тыя, што паяда́юць дамы́ ўдоў і напака́з доўга моляцца, пры́муць бо́льшае асуджэ́нне.

41І сеў Іісус насу́праць ска́рбніцы, і глядзеў, як народ кладзе́ грошы ў ска́рбніцу, і многія багацеі кла́лі шмат.

42І, прыйшоўшы, адна бедная ўдава́ пакла́ла дзве ле́пты, гэта значыць кадра́нт.

43І, паклі́каўшы вучняў сваіх, Іісус гаворыць ім: праўду кажу вам, удава́ гэтая бедная пакла́ла больш за ўсіх, хто клаў у ска́рбніцу:

44бо ўсе кла́лі ад дастатку свайго, а яна з няста́чы сваёй пакла́ла ўсё, што мела, увесь пражы́так свой.

 

Раздзел 13

1І калі выходзіў Ён з храма, кажа Яму адзін з вучняў Яго: Настаўнік! паглядзі́, якое каме́нне і якія будынкі!

2І сказаў Іісус яму ў адказ: бачыш гэтыя вялікія будынкі? Не застане́цца тут ка́меня на ка́мені, які не будзе зруйнава́ны.

3І калі сядзеў Ён на гары Елеонскай насу́праць храма, пыталіся асобна ў Яго Пётр, і Іакаў, і Іаан, і Андрэй:

4скажы нам, калі гэта будзе, і якое знаме́нне, калі павінна ўсё гэта збы́цца?

5Іісус жа, адказваючы ім, пачаў гаварыць: сцеражы́цеся, каб хто не ўвёў вас у зман.

6Бо многія пры́дуць пад і́мем Маім, ка́жучы, што гэта Я, і многіх увяду́ць у зман.

7Калі ж пачуеце пра войны і чу́ткі аб войнах, не жаха́йцеся, бо павінна так быць, але гэта яшчэ не канец.

8Бо паўста́не народ на народ, і царства на царства; і будуць землетрасе́нні ме́сцамі, і будзе голад і сму́ты. Гэта пачатак пакут.

9Вы ж самі сцеражы́цеся, бо вас будуць аддава́ць на судзі́лішчы, і біць у сінагогах, і перад праві́целямі і цара́мі паставяць вас за Мяне, дзе́ля све́дчання ім.

10І ва ўсіх народах перш павінна быць прапаве́дана Ева́нгелле.

11Калі ж павяду́ць вас, каб вы́даць, не турбуйцеся за́гадзя, што́ вам сказаць, і не абдумвайце; але што́ да́дзена будзе вам у тую гадзі́ну, то́е кажыце, бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Святы.

12І вы́дасць брат брата на смерць, і ба́цька — дзіця́, і паўста́нуць дзеці на бацькоў, і заб’юць іх.

13І бу́дзеце зненаві́джаныя ўсімі за імя́ Маё; але хто вы́трывае да канца, той спасёны будзе.

14Калі ж убачыце мярзо́ту спусташэ́ння, пра якую ска́зана Даніі́лам прарокам і якая паўста́не там, дзе не павінна быць, — хто чытае, няхай разумее, — тады тыя, што ў Іудзеі, няхай уцяка́юць у горы;

15а хто на да́ху, няхай не спуска́ецца ў дом і не ўваходзіць узяць што-небудзь з дома свайго;

16і хто ў полі, няхай не вярта́ецца назад, каб узяць вопратку сваю.

17Гора ж цяжа́рным і тым, што кормяць грудзьмі́, у тыя дні!

18Маліцеся ж, каб не зда́рыліся ўцёкі вашы зімою.

19Бо тыя дні будуць лі́хам, якога не было́ ад пачатку стварэ́ння, што стварыў Бог, аж да сёння, і не будзе.

20І калі б Гасподзь не скараці́ў тых дзён, то не ўратава́лася б нія́кая плоць; але дзе́ля абра́ных, якіх вы́браў Ён, скараціў тыя дні.

21І тады, калі хто скажа вам: “вось, тут Хрыстос” альбо: “вось, там”, — не верце.

22Бо паўста́нуць ілжэхрысты́ ды лжэпрарокі, і даду́ць знаме́нні і цуды, каб увесці ў зман, калі магчыма, і абра́ных.

23Вы ж сцеражы́цеся; вось, Я наперад сказаў вам ўсё.

24Але ў тыя дні, пасля лі́ха таго, сонца паме́ркне, і месяц не дасць святла свайго,

25і зоркі з неба будуць па́даць, і сілы, што ў нябёсах, пахісну́цца.

26І тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які пры́йдзе на во́блаках з сілаю многаю і сла́ваю.

27І тады пашле Ён Ангелаў Сваіх і збярэ абра́ных Сваіх ад чатырох вятроў, ад кра́ю зямлі да кра́ю неба.

28Ад смакоўніцы навучы́цеся праз параўна́нне: калі голле яе ўжо мякчэ́е і пускае лі́сце, вы ведаеце, што блізка лета.

29Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збыва́ецца, ведайце, што блізка, пры дзвярах.

30Праўду кажу вам: не міне́ род гэты, як усё гэта будзе.

31Неба і зямля міну́ць, а словы Мае́ не міну́ць.

32Пра дзень жа той ці гадзі́ну ніхто не ведае, ні Ангелы на небе, ні Сын, — толькі Айцец.

33Глядзі́це, будзьце пі́льныя і маліцеся, бо не ведаце, калі настане той час.

34Падобна як чалавек, ад’язджа́ючы, пакінуў дом свой і даў слу́гам сваім ула́ду, і кожнаму сваю працу, а брамніку загадаў, каб быў пі́льны.

35Дык будзьце пі́льныя; бо не ведаеце, калі пры́йдзе гаспадар дома: уве́чары, ці апоўначы, ці як запяю́ць пеўні, ці раніцаю;

36каб, прыйшоўшы неспадзява́на, не заста́ў вас у сне.

37А што вам кажу, усім кажу: будзьце пі́льныя.

 

Раздзел 14

1А праз два дні была́ Пасха і свята праснако́ў; і шукалі першасвятары́ і кніжнікі, як узяць Яго хітрасцю і забіць;

2але казалі: толькі не ў свята, каб не было абурэ́ння ў народзе.

3І калі быў Ён у Віфа́ніі, у доме Сі́мана пракажонага, і ўзляжа́ў, — прыйшла жанчына з алеба́стравай пасу́дзінай мі́ра з на́рду чыстага і шматкашто́ўнага і, разбі́ўшы пасу́дзіну, узліва́ла Яму на галаву.

4Былі́ ж некаторыя, што абу́рыліся і гаварылі паміж сабою: навошта гэтая тра́та мі́ра?

5Бо можна было б прадаць яго больш чым за трыста дынарыяў і раздаць убогім. І папракалі яе.

6Але Іісус сказаў: пакіньце яе, навошта яе бянтэ́жыце? Яна добрую справу зрабіла для Мяне.

7Бо ўбогіх вы заўсёды ма́еце з сабою і, калі хочаце, можаце дабро ім рабіць; а Мяне не заўсёды ма́еце.

8Яна зрабіла, што магла: за́гадзя пама́зала Маё це́ла для пахава́ння.

9Праўду кажу вам: дзе толькі будзе прапаве́дана Ева́нгелле гэтае ва ўсім свеце, дык і пра тое, што́ зрабіла яна, ска́зана будзе ў памяць аб ёй.

10І пайшоў Іуда Іскарыёт, адзін з двана́ццаці, да першасвятаро́ў, каб вы́даць Яго ім.

11Яны ж, пачуўшы, узра́даваліся і абяцалі яму даць срэбранікі. І ён шукаў, як пры нагодзе вы́даць Яго.

12І ў першы дзень праснако́ў, калі прыно́сілі пасхальную ахвяру, кажуць Яму вучні Яго: дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есці пасху?

13І пасылае двух з вучняў Сваіх і кажа ім: ідзіце ў горад; і сустрэне вас чалавек, які будзе не́сці збан вады; ідзіце за ім.

14І, куды ён увойдзе, скажы́це гаспадару́ таго дома: “Настаўнік кажа: дзе святлі́ца, у якой Мне есці пасху з вучнямі Маімі?”

15І ён вам пакажа верхні пакой вялікі, засла́ны, гатовы; там прыгату́йце нам.

16І пайшлі вучні Яго, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатава́лі пасху.

17І калі звечарэ́ла, прыходзіць Ён з двана́ццаццю.

18І калі ўзляжа́лі яны і елі, сказаў Іісус: праўду кажу вам, адзін з вас, які есць са Мною, вы́дасць Мяне.

19Яны ж засмуці́ліся і пачалі́ гаварыць Яму адзін за адным: ці не я? і другі: ці не я?

20Ён жа сказаў ім у адказ: адзін з двана́ццаці, хто мача́е са Мною ў блю́да.

21Зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як напі́сана пра Яго; але го́ра таму чалавеку, які выдае́ Сына Чалавечага: лепш было б таму чалавеку не радзі́цца.

22І калі яны елі, Іісус, узяўшы хлеб і благаславіўшы, пераламі́ў і даў ім, і сказаў: прыміце, ежце: гэта Цела Маё.

23І, узяўшы чашу, узнёс падзяку і даў ім; і пілі́ з яе ўсе.

24І сказаў ім: гэта Кроў Мая́ новага запаве́ту, якая за многіх праліва́ецца.

25Праўду кажу вам, што больш не буду піць ад плоду вінагра́днага да таго дня, калі буду піць новае віно ў Царстве Божым.

26І, праспяваўшы хвалу́, яны пайшлі на гару́ Елео́нскую.

27І кажа ім Іісус: усе вы ўсумніце́ся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напі́сана: “паражу́ па́стыра і рассе́юцца авечкі”.

28Але пасля ўваскрасе́ння Майго Я апярэ́джу вас у Галіле́і.

29А Пётр сказаў Яму: хоць і ўсе ўсумня́цца, але не я.

30І кажа яму Іісус: праўду кажу табе, што ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы заспявае певень, тройчы адрачэ́шся ад Мяне.

31А ён яшчэ насто́йлівей гаварыў: калі б мне трэба было і паме́рці з Табою, не адраку́ся ад Цябе. Гэтаксама і ўсе гаварылі.

32І прыйшлі ў мясціну пад назвай Гефсіма́нія, і кажа Ён вучням Сваім: пасядзі́це тут, пакуль Я пайду памалю́ся.

33І бярэ Пятра, Іакава і Іаана з Сабою; і пачаў журы́цца і тужы́ць.

34І кажа ім: смутку́е душа́ Мая́ смяро́тна; пабу́дзьце тут і не спі́це.

35І, адышоўшы крыху́, упаў на зямлю́ і маліўся, каб, калі магчыма, абміну́ў Яго час гэты;

36і гаварыў: Авва Ойча! усё магчыма Табе; пранясі чашу гэтую міма Мяне, але не чаго Я хачу, а чаго Ты.

37І прыхо́дзіць, і знахо́дзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: Сі́мане, ты спіш? не змог ты адной гадзі́ны не паспаць?

38Не спі́це і маліцеся, каб не ўпа́сці ў спакусу: дух бадзёры, а плоць не́мачная.

39І зноў, адышоўшы, маліўся, ка́жучы тое ж слова.

40І, вярнуўшыся, знайшоў, што зноў яны спяць; бо вочы ў іх ацяжэ́лі; і не ведалі яны, што Яму адказаць.

41І прыхо́дзіць трэці раз і кажа ім: вы ўсё яшчэ спіце́ і спачыва́еце. Го́дзе, настаў час: вось, аддае́цца Сын Чалавечы ў ру́кі грэшнікаў.

42Уставайце, хадзе́м; вось, наблізіўся той, хто выдае́ Мяне.

43І адразу, калі яшчэ Ён гаварыў, прыхо́дзіць Іуда, адзін з двана́ццаці, і з ім мноства людзей з мяча́мі і кала́мі, ад першасвятаро́ў, і кніжнікаў, і старэйшын.

44А той, хто выдава́ў Яго, даў ім знак, ка́жучы: Каго я пацалую, Той і ёсць, вазьмі́це Яго і вядзіце пі́льна.

45І, прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: Равві́, Равві́! і пацалаваў Яго.

46А яны ўскла́лі ру́кі свае на Яго і ўзялі́ Яго.

47Адзін жа з тых, што стаялі тут, дастаў меч, ударыў раба́ першасвятаровага і адсе́к яму ву́ха.

48І, звярну́ўшыся да іх, Іісус сказаў: бы́ццам на разбойніка выйшлі вы з мяча́мі і кала́мі, каб узяць Мяне?

49Штодня́ бываў Я з вамі ў храме, навуча́ючы, і вы не ўзялі́ Мяне; але няхай збу́дуцца Пісанні.

50І, пакінуўшы Яго, усе паўцяка́лі.

51І адзін юнак, накінуўшы палатно на голае це́ла, ішоў за Ім; і юнакі́ хапа́юць яго.

52Ён жа, пакінуўшы палатно, голы ўцёк ад іх.

53І прывялі Іісуса да першасвятара́; і збіраюцца да яго ўсе першасвятары́, і кніжнікі, і старэйшыны.

54І Пётр воддаль услед за Ім ішоў аж усярэ́дзіну двара́ першасвятаро́вага, і сядзеў са слу́гамі, і грэўся каля агню.

55А першасвятары́ і ўвесь сінедрыён шукалі све́дчання су́праць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць, і не знаходзілі.

56Бо многія лжыва све́дчылі су́праць Яго, але све́дчанні іх не супада́лі.

57І некаторыя, устаўшы, ілжыва све́дчылі су́праць Яго, ка́жучы:

58мы чулі, як Ён казаў: “Я разбуру́ храм гэты рукатво́рны і праз тры дні ўзвяду́ іншы, нерукатворны”.

59Але і так све́дчанне іх не супада́ла.

60Тады першасвятар, стаўшы пасярэ́дзіне, спытаў Іісуса, ка́жучы: не адказваеш нічога? што́ яны су́праць Цябе све́дчаць?

61Ён жа маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасвятар спытаў Яго і кажа Яму: ці Ты Хрыстос, Сын Благаславёнага?

62Іісус жа сказаў: Я. І вы ўбачыце Сы́на Чалавечага, што сядзі́ць правару́ч сілы і пры́йдзе на во́блаках нябесных.

63Першасвятар жа, разадра́ўшы адзе́нне сваё, кажа: якую яшчэ патрэбу мы ма́ем у све́дках?

64Вы чулі блюзне́рства: як вам здае́цца́ Яны ж усе прысудзі́лі, што Ён ва́рты смерці.

65І пачалі́ некаторыя пляваць на Яго і, закрываць Яму твар, і біць Яго, і казаць Яму: прароч. І слу́гі білі Яго па шчоках.

66І калі Пётр быў на двары ўні́зе, падыходзіць адна са служанак першасвятара́

67і, убачыўшы, як Пётр грэ́ецца, углядзе́лася ў яго і кажа: і ты быў з Назарані́нам Іісусам.

68Ён жа адрокся, ка́жучы: не ведаю і не разумею, што́ ты гаворыш. і выйшаў адтуль на пярэдні двор; і заспяваў певень.

69І служанка, убачыўшы яго зноў, пачала́ казаць тым, што стаялі тут: гэты з іх.

70Ён жа зноў адрака́ўся. І неўзаба́ве зноў тыя, што стаялі там, казалі Пятру: сапраўды́ ты з іх, бо ты галіле́янін, і гаворка твая падобная.

71Ён жа пачаў кля́сціся і бажы́цца: не ведаю Гэтага Чалавека, пра Якога вы гаворыце.

72І другі раз заспяваў певень. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Іісус: перш чым певень двойчы заспявае, ты адрачэшся ад Мяне тройчы. І пачаў плакаць.

 

Раздзел 15

1І адразу раніцай зрабілі нара́ду першасвятары́ са старэйшынамі і кніжнікамі, і ўвесь сінедрыён, і, звяза́ўшы Іісуса, павялі і перадалі́ Пілату.

2І запытаў Яго Пілат: Ты Цар Іудзейскі? Ён жа сказаў яму ў адказ: ты кажаш.

3І абвінава́чвалі Яго першасвятары́ ў многім.

4Пілат жа зноў запытаў Яго, ка́жучы: Ты нічога не адказваеш? глядзі, колькі су́праць Цябе све́дчаць.

5Іісус жа больш нічога не адка́зваў, так што Пілат здзіўляўся.

6На свята ж ён адпускаў ім аднаго вя́зня, за якога прасілі.

7Быў жа адзін нехта, зва́ны Вара́вва, зняво́лены з саўдзе́льнікамі сваімі, якія пад час бу́нту ўчыні́лі забойства.

8І натоўп пачаў крычаць і прасіць Пілата аб тым, што ён заўсёды рабіў для іх.

9Пілат жа адказаў ім, гаворачы: хочаце, адпушчу вам Цара Іудзейскага?

10Бо ведаў, што па за́йздрасці вы́далі Яго першасвятары́.

11Але першасвятары́ падбухто́рылі натоўп прасіць, каб лепш адпусціў ім Вара́вву.

12Пілат жа зноў сказаў ім у адказ: а што́ хочаце, каб я зрабіў з Тым, Каго вы называеце Царом Іудзейскім?

13Яны ж зноў закрычалі: распні́ Яго!

14Пілат сказаў ім: якое ж зло Ён учыніў? А яны яшчэ мацней закрычалі: распні́ Яго!

15Тады Пілат, хочучы дагадзі́ць натоўпу, адпусціў ім Вара́вву, а Іісуса, пасля бічава́ння, аддаў на распя́цце.

16Воіны ж адвялі Яго ўсярэ́дзіну двара, гэта значыць, у прэто́рыю, і скліка́юць увесь полк,

17і апрана́юць Яго ў баграні́цу, і, сплёўшы цярновы вяне́ц, усклада́юць на Яго;

18і пачалі́ віта́ць Яго: радуйся, Цар Іудзейскі!

19І білі Яго па галаве кі́ем, і плявалі на Яго, і, стано́вячыся на калені, кла́няліся Яму.

20І калі наглумі́ліся з Яго, знялі́ з Яго баграні́цу і апрану́лі Яго ў адзе́жу Ягоную; і выводзяць Яго, каб распя́ць Яго.

21І прымушаюць прахо́жага нейкага Сі́мана Кірыне́яніна, які ішоў з поля, бацьку Аляксандра і Ру́фа, не́сці крыж Яго.

22І прыводзяць Яго на месца Галгофу, што значыць: “месца чэ́рапа”.

23І давалі Яму піць віно са смі́рнаю, але Ён не ўзяў.

24І тыя, што распіна́лі Яго, дзялі́лі адзе́жу Яго, кі́даючы жэ́рабя на яе, каму што ўзяць.

25Была́ ж трэцяя гадзі́на, і распя́лі Яго.

26І быў зроблены надпіс віны́ Яго: Цар Іудзейскі.

27І з Ім распіна́юць двух разбойнікаў, аднаго справа, а другога злева ад Яго.

28І збыло́ся Пісанне, якое кажа: “і да злачы́нцаў залі́чаны”.

29І тыя, што праходзілі міма, блюзне́рылі на Яго, ківа́ючы гало́вамі сваімі і ка́жучы: гэй! Ты, Які разбура́еш храм і за тры дні будуеш!

30Уратуй Самога Сябе і сыдзі́ з крыжа́.

31Гэтакса́ма і першасвятары́ з кніжнікамі, насміха́ючыся, адзін аднаму казалі: іншых ратава́ў, а Сябе не можа ўратава́ць.

32Хрыстос, Цар Ізра́ілеў, няхай сы́дзе цяпер з крыжа́, каб мы ўбачылі, і ўве́равалі ў Яго. І распя́тыя з Ім га́ньбілі Яго.

33Калі ж надышла шостая гадзі́на, це́мра настала па ўсёй зямлі да гадзі́ны дзевятай.

34І ў дзевятай гадзі́не ўскрыкнуў Іісус моцным голасам, ка́жучы: “Элаі́, Элаі́! ламма́ савахфані́?” што азначае: ”Божа мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?”

35І некато́рыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: вось, Ілію́ кліча.

36А адзін пабег, намачыў губку во́цатам і, насадзі́ўшы на кій, даваў Яму піць, ка́жучы: чакайце, пабачым, ці пры́йдзе Ілія́ зняць Яго.

37Іісус жа, ускрыкнуўшы моцна, вы́пусціў дух.

38І заве́са ў храме разадра́лася напала́м зве́рху дані́зу.

39Сотнік жа, які стаяў насу́праць Яго і бачыў, што Ён, так ускрыкнуўшы, вы́пусціў дух, сказаў: сапраўды́ Чалавек Гэты быў Сын Божы.

40Былі́ і жанчыны, што глядзелі здалёк, сярод іх была́ Марыя Магдалі́на, і Марыя, маці Іа́кава Меншага і Іасі́і, і Саламі́я,

41якія і тады, калі Ён быў у Галіле́і, хадзілі за Ім і служылі Яму; і іншыя многія, што прыйшлі разам з Ім у Іерусалім.

42І калі ўжо настаў вечар, — паколькі была́ пятніца, гэта значыць, пярэ́дадзень суботы, —

43прыйшоў Іосіф, што з Арымафе́і, паважа́ны саветнік, які і сам чакаў Царства Божага, і, адва́жыўшыся, увайшоў да Пілата і папрасіў це́ла Іісусава.

44Пілат жа здзівіўся, што Ён ужо памёр; і, паклікаўшы сотніка, спытаў яго: ці даўно памёр?

45І, даве́даўшыся ад сотніка, аддаў це́ла Іосіфу.

46Ён, купіўшы плашчані́цу і, зняўшы Яго, загарну́ў у плашчані́цу і паклаў Яго ў магілу, што была́ вы́сечана ў скале́, і прывалі́ў ка́мень да дзвярэй магілы.

47Марыя ж Магдалі́на і Марыя Іасі́ева глядзелі, дзе Яго пакла́лі.

 

Раздзел 16

1І калі міну́ла субота, Марыя Магдалі́на і Марыя Іа́кавава, і Саламі́я купілі духмя́насцяў, каб, прыйшоўшы, пама́заць Яго.

2І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыходзяць да магілы, калі ўзышло сонца,

3і гаварылі між сабою: хто адва́ліць нам ка́мень ад увахода ў магілу?

4І, паглядзе́ўшы, бачаць, што ка́мень адва́лены; а быў ён надта вялікі.

5І, увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака́, што сядзеў справа, апра́нуты ў белы ўбор; і жахну́ліся.

6А ён кажа ім: не жаха́йцеся. Іісуса шукаеце Назарані́на, распя́тага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе паклалі Яго.

7Але ідзіце, скажы́це вучням Яго і Пятру, што Ён будзе ране́й за вас у Галіле́і; там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам.

8І, выйшаўшы, пабеглі яны ад магілы; іх ахапі́ла трымце́нне і жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.

9А Іісус, уваскрэсшы ў першы дзень тыдня, явіўся перш Марыі Магдалі́не, з якой вы́гнаў быў сем дэманаў.

10Яна, пайшоўшы, абвясці́ла тым, што былі́ з Ім, якія смуткава́лі і плакалі;

11і тыя, пачуўшы, што Ён жывы́ і што яна бачыла Яго, не паверылі.

12Пасля ж гэтага явіўся Ён у іншым вобразе двум з іх дарогаю, калі яны ішлі ў сяло.

13І тыя, пайшоўшы, абвясці́лі астатнім; але і ім не паверылі.

14Нарэшце, явіўся Ён і самім адзіна́ццаці, калі яны ўзляжа́лі на вячэры, і дакара́ў іх за нявер’е і жорсткасць сэрца, што яны тым, хто бачыў Яго Уваскрэслага, не паверылі.

15І сказаў ім: ідучы́ па ўсім свеце, прапаве́дуйце Ева́нгелле ўсяму стварэ́нню.

16Хто ўверуе і ахры́сціцца, той спасёны будзе; а хто не ўверуе, асу́джаны будзе.

17А тых, хто ўверуе, будуць суправаджа́ць знаме́нні такія: і́мем Маім будуць яны выганя́ць дэманаў; будуць гаварыць новымі мовамі;

18будуць браць змей; а калі што смяротнае вы́п’юць, не пашко́дзіць ім; на хворых ускладу́ць ру́кі, і тыя будуць здаровыя.

19І вось, Гасподзь пасля таго, як гаварыў да іх, узнёсся на неба і сеў правару́ч Бога.

20А яны, вы́йшаўшы, прапаве́давалі ўсюды, і Гасподзь садзе́йнічаў ім і пацвярджа́ў сло́ва знаме́ннямі ўслед. Амінь.




Крыніца: sppsobor.by
Пераклад: Біблейская камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы (МП)

Беларуская Палічка: http://knihi.com