Святое Евангелле паводле Матфея

Раздзел 1
Раздзел 2
Раздзел 3
Раздзел 4
Раздзел 5
Раздзел 6
Раздзел 7
Раздзел 8
Раздзел 9
Раздзел 10
Раздзел 11
Раздзел 12
Раздзел 13
Раздзел 14
Раздзел 15
Раздзел 16
Раздзел 17
Раздзел 18
Раздзел 19
Раздзел 20
Раздзел 21
Раздзел 22
Раздзел 23
Раздзел 24
Раздзел 25
Раздзел 26
Раздзел 27
Раздзел 28


Раздзел 1

1Кніга радаводу Іісуса Хрыста, Сына Давідавага, Сына Аўраа́мавага.

2Аўраа́м нарадзі́ў Ісаа́ка; Ісаа́к нарадзі́ў Іа́кава; Іа́каў нарадзі́ў Іу́ду і братоў яго;

3Іу́да нарадзі́ў Фарэ́са і За́ру ад Фама́ры; Фарэ́с нарадзі́ў Есро́ма; Есро́м нарадзі́ў Ара́ма;

4Ара́м нарадзі́ў Амінада́ва; Амінада́ў нарадзі́ў Наасо́на; Наасо́н нарадзі́ў Салмо́на;

5Салмо́н нарадзі́ў Вао́за ад Раха́вы; Вао́з нарадзі́ў Аві́да ад Ру́фі; Аві́д нарадзі́ў Іесе́я;

6Іесе́й нарадзі́ў Давіда цара; Давід цар нарадзі́ў Саламо́на ад былой жонкі Уры́евай;

7Саламо́н нарадзі́ў Раваа́ма; Раваа́м нарадзі́ў Аві́ю; Аві́я нарадзі́ў А́су;

8А́са нарадзі́ў Іасафа́та; Іасафа́т нарадзі́ў Іара́ма; Іара́м нарадзі́ў Азі́ю;

9Азі́я нарадзі́ў Іаафа́ма; Іаафа́м нарадзі́ў Аха́за; Аха́з нарадзі́ў Езекі́ю;

10Езекі́я нарадзі́ў Манасі́ю; Манасі́я нарадзі́ў Амо́на; Амо́н нарадзі́ў Іасі́ю;

11Іасі́я нарадзі́ў Іаакі́ма; Іаакі́м нарадзі́ў Іехані́ю і братоў яго, падчас перасялення вавілонскага.

12Пасля ж перасялення вавілонскага Іехані́я нарадзі́ў Салафіі́ля; Салафіі́ль нарадзі́ў Зарава́веля;

13Зарава́вель нарадзі́ў Авіу́да; Авіу́д нарадзі́ў Еліакі́ма; Еліакі́м нарадзі́ў Азо́ра;

14Азо́р нарадзі́ў Садо́ка; Садо́к нарадзі́ў Ахі́ма; Ахі́м нарадзі́ў Еліу́да;

15Еліу́д нарадзі́ў Елеаза́ра; Елеаза́р нарадзі́ў Матфа́на; Матфа́н нарадзі́ў Іа́кава;

16Іа́каў нарадзі́ў Іо́сіфа, мужа Марыі, ад Якой нарадзі́ўся Іісус, Якога называюць Хрыстос.

17І вось, усіх пакале́нняў ад Аўраа́ма да Давіда чатырна́ццаць пакале́нняў; і ад Давіда да перасяле́ння вавілонскага чатырна́ццаць пакале́нняў; і ад перасяле́ння вавілонскага да Хрыста чатырна́ццаць пакале́нняў.

18Нараджэ́нне Іісуса Хрыста было́ так: пасля́ зару́чын Маці Яго Марыі з Іосіфам, перш чым сышлі́ся яны, вы́явілася, што Яна ма́е ва ўло́нні ад Духа Святога.

19А Іосіф, муж Яе, бу́дучы праведным і не жада́ючы знясла́віць Яе, хацеў упо́тай адпусці́ць Яе.

20Калі ж задумаў ён гэта, — вось, Ангел Гасподні ў сне яві́ўся яму і сказаў: Іосіфе, сыне Давідаў! не бойся прыня́ць Марыю, жонку тваю; бо заро́джанае ў Ёй ёсць ад Духа Святога.

21І наро́дзіць Сына, і дасі́ Яму імя́: Іісус; бо Ён зба́віць людзей Сваіх ад грахоў іх.

22А ўсё гэта ста́лася, каб збыло́ся ска́занае Госпадам праз прарока, які кажа:

23“Вось, Дзева ва ўло́нні зачне́ і наро́дзіць Сына, і даду́ць Яму імя́: Эману́іл, што азнача́е: з намі Бог”.

24Уста́ўшы ад сну, Іосіф зрабіў, як загада́ў яму Ангел Гасподні, і прыня́ў жонку сваю,

25і не знаў Яе, пакуль нарадзіла Сына Свайго першароднага, і ён даў Яму імя́: Іісус.

 

Раздзел 2

1Калі ж Іісус нарадзі́ўся ў Віфлее́ме Іудзейскім у дні цара Ірада, вось, мудрацы́ з усходу прыйшлі́ ў Іерусалім і кажуць:

2дзе наро́джаны Цар Іудзейскі́ бо мы бачылі зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі́ паклані́цца Яму.

3Пачуўшы гэта, цар Ірад занепако́іўся, і ўвесь Іерусалім з ім.

4І, сабраўшы ўсіх першасвятаро́ў і кніжнікаў народных, пыта́ўся ў іх: дзе ма́е нарадзі́цца Хрыстос?

5Яны ж сказалі яму: у Віфлее́ме Іудзейскім, так бо напі́сана прарокам:

6“І ты, Віфлее́ме, зямля Іу́дава, нічым не ме́ншы сярод ваяво́дстваў Іу́давых; бо з цябе вы́йдзе Правады́р, Які будзе па́свіць народ мой Ізра́іля”.

7Тады Ірад, упо́тай паклі́каўшы мудрацоў, дакла́дна вы́ведаў у іх час з’яўле́ння зоркі.

8І, паслаўшы іх у Віфлее́м, ён сказаў: ідзіце, дакла́дна даве́дайцеся пра Дзіця́ і, калі зно́йдзеце, паве́даміце мне, каб і я пайшоў і паклані́ўся Яму.

9Яны, вы́слухаўшы цара, пайшлі; і вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не стала над месцам, дзе было́ Дзіця́.

10Убачыўшы зорку, яны ўзра́даваліся радасцю вельмі вялікаю.

11І, увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця́ з Марыяю, Маці Яго, і, па́ўшы, паклані́ліся Яму; і, адкры́ўшы ска́рбніцы свае, прыне́слі Яму дары́: золата, ла́дан і смі́рну.

12І папярэ́джаныя ў сне, каб не вярта́ліся да Ірада, яны іншай дарогай адышлі́ ў краіну сваю.

13Калі ж яны адышлі, — вось, Ангел Гасподні яўля́ецца ў сне Іосіфу і кажа: устань, вазьмі Дзіця́ і Маці Яго, і ўцяка́й у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад хоча шукаць Дзіця́, каб загубі́ць Яго.

14Ён устаў, узяў Дзіця́ і Маці Яго, і адышоў у Егіпет.

15І быў ён там да смерці Ірада, каб збыло́ся ска́занае Госпадам праз прарока, які кажа: “з Егіпта паклі́каў Я Сына Майго”.

16Тады Ірад, убачыўшы, што ён ашука́ны мудрацамі, разгне́ваўся вельмі і паслаў пазабіва́ць усіх дзяцей у Віфлее́ме і ва ўсіх ме́жах яго, ад двух гадоў і ніжэ́й, паводле часу, які дакладна вы́ведаў у мудрацоў.

17Тады збыло́ся ска́занае прарокам Іерамі́ем, які гаворыць:

18“голас у Раме чу́тны, галашэнне, і плач, і ля́мант вялікі; Рахі́ль плача па дзе́цях сваіх і не хоча суце́шыцца; бо іх няма”.

19А калі Ірад памёр, — вось, Ангел Гасподні ў сне яўля́ецца Іосіфу ў Егіпце

20і кажа: устань, вазьмі Дзіця́ і Маці Яго і ідзі ў зямлю́ Ізра́ілеву, бо паме́рлі тыя, што шукалі душы́ Дзіцяці.

21Ён устаў, узяў Дзіця́ і Маці Яго і прыйшоў у зямлю́ Ізра́ілеву.

22Але пачуўшы, што Архела́й царствуе ў Іудзеі замест Ірада, ба́цькі свайго, ён пабаяўся туды ісці; і, атрыма́ўшы ў сне наказ, адышоў у ме́жы Галілейскія.

23І, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэ́т, каб збыло́ся ска́занае прарокамі, што Ён Назарэ́ем назва́ны будзе.

 

Раздзел 3

1У тыя дні прыхо́дзіць Іаан Хрысці́цель і прапаве́дуе ў пусты́ні Іудзейскай,

2і кажа: пака́йцеся, бо наблі́зілася Царства Нябеснае.

3Бо ён той, пра каго сказаў прарок Іса́ія: “голас таго, хто клі́ча ў пусты́ні: падрыхту́йце шлях Госпаду, про́стымі зрабі́це сце́жкі Яму”.

4А ў само́га Іаана была́ вопратка з вярблю́джага воласу і скураны́ пояс на паясні́цы яго; а ежай яму былі́ акры́ды і дзікі мёд.

5Тады выхо́дзілі да яго Іерусалім і ўся Іудзея, і ўсё навако́лле Іарданскае

6і хрысці́ліся ў Іардане ад яго, спавяда́ючыся ў грахах сваіх.

7Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысці́цца, Іаан сказаў ім: адро́ддзе яхі́дніна! хто вас намо́віў уцяка́ць ад бу́дучага гневу?

8Прынясі́це ж го́дны плод пакая́ння,

9і не думайце гаварыць самі сабе: “айцец у нас Аўраам”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узве́сці дзяцей Аўрааму.

10Ужо і сяке́ра пры ко́рані дрэў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое не прыно́сіць добрага пло́ду, ссяка́юць і кі́даюць у агонь.

11Я хрышчу́ вас вадою дзе́ля пакая́ння; але Той, Хто ідзе за мною, мацне́йшы за мяне; я не ва́рты пане́сці абутак Яго; Ён будзе хрысці́ць вас Духам Святым і агнём.

12Лапа́та Яго ў руцэ́ Яго, і Ён ачы́сціць гумно́ Сваё, і збярэ пшаніцу Сваю ў жы́тніцу, а мякі́ну спа́ліць агнём непага́сным.

13Тады прыхо́дзіць Іісус з Галілеі на Іардан да Іаана хрысці́цца ад яго.

14Іаан жа стры́мліваў Яго, ка́жучы: мне трэба ад Цябе хрысці́цца, а Ты прыходзіш да мяне?

15Але Іісус сказаў у адказ яму: дапусці́ цяпер, бо так нале́жыць нам здзе́йсніць усякую праўду. Тады Іаан дапуска́е Яго.

16І, ахрысці́ўшыся, Іісус вы́йшаў адразу з вады; і вось, раскры́ліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, Які сыхо́дзіў як голуб і апуска́ўся на Яго.

17І вось, голас з нябёсаў прамо́віў: гэта Сын Мой Узлю́блены, Якога Я ўпадаба́ў.

 

Раздзел 4

1Тады Іісус быў узве́дзены Духам у пусты́ню, на спакушэ́нне ад дыявала.

2І, пасці́ўшы сорак дзён і сорак начэй, урэ́шце адчуў голад.

3І прыступі́ў да Яго спаку́снік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні́ гэтыя сталі хляба́мі.

4А Ён сказаў яму ў адказ: напі́сана: “не хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім сло́вам, якое зыхо́дзіць з ву́снаў Божых”.

5Тады бярэ Яго дыявал у святы горад і ставіць Яго на крыле́ храма,

6і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напі́сана: “Ангелам Сваім Ён нака́жа пра Цябе, і на руках панясу́ць Цябе, каб не спатыкну́ўся Ты аб ка́мень нагою Тваёю”.

7Казаў яму Іісус: напі́сана яшчэ: “не спакуша́й Госпада Бога твайго”.

8Зноў бярэ Яго дыявал на вельмі высокую гару́ і паказвае Яму ўсе царствы свету і славу іх,

9і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі, па́ўшы, пакло́нішся мне.

10Тады кажа яму Іісус: адыдзі́ ад Мяне, сатана; бо напі́сана: “Госпаду Богу твайму пакланя́йся, і Яму аднаму служы́”.

11Тады пакіда́е Яго дыявал, — і вось, Ангелы прыступі́лі і служылі Яму.

12Іісус, пачуўшы, што Іаан адда́дзены пад ва́рту, адышоў у Галіле́ю.

13І, пакі́нуўшы Назарэ́т, Ён прыйшоў і пасялі́ўся ў Капернау́ме прыморскім, у ме́жах Завуло́навых і Нефалі́мавых,

14каб збыло́ся ска́занае праз прарока Іса́ію, які кажа:

15“зямля Завуло́нава і зямля Нефалі́мава, на дарозе прыморскай, за Іарданам, Галіле́я язычніцкая,

16народ, што сядзі́ць у це́мры, убачыў святло вялікае, і ўсім, хто сядзі́ць у краіне і це́ні смерці, заззя́ла святло”.

17З таго часу Іісус пачаў прапаведаваць і казаць: пака́йцеся, бо наблі́зілася Царства Нябеснае.

18А прахо́дзячы каля мора Галілейскага, убачыў Ён двух братоў: Сі́мана, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата яго, якія закідвалі мярэ́жы ў мора; бо яны былі́ рыбакамі.

19І кажа ім: ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўца́мі людзей.

20І яны адразу, пакі́нуўшы мярэ́жы, пайшлі за Ім.

21Адтуль прайшоўшы дале́й, убачыў Ён іншых двух братоў, Іакава Зевядзе́евага і Іаана, брата яго, у лодцы з Зевядзе́ем, ба́цькам іх, якія ла́дзілі мярэ́жы свае, і паклі́каў іх.

22І яны адразу, пакі́нуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім.

23І хадзіў Іісус па ўсёй Галіле́і, навуча́ючы ў сінагогах іхніх і прапаве́дуючы Дабраве́сце Царства, і ацаля́ючы ўсякую хваробу і ўсякую не́мач у народзе.

24І прайшоў пра Яго по́галас па ўсёй Сі́рыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямо́глых, рознымі хваробамі і пакутамі ахо́пленых, і апанава́ных дэманамі, і лунатыкаў, і спаралізава́ных, і Ён ацаля́ў іх.

25І за Ім ішло мноства люду з Галіле́і і Дзесяцігаро́ддзя, і з Іерусаліма, і з Іудзеі, і з-за Іардана.

 

Раздзел 5

1Убачыўшы люд, Ён узышо́ў на гару; і калі сеў, прыступі́лі да Яго вучні Яго.

2І, адкрыўшы ву́сны Свае, Ён вучыў іх, ка́жучы:

3блажэ́нныя ўбо́гія духам, бо іх ёсць Царства Нябеснае.

4Блажэ́нныя тыя, што плачуць, бо яны суце́шацца.

5Блажэ́нныя лаго́дныя, бо яны ўнасле́дуюць зямлю́.

6Блажэ́нныя тыя, што жада́юць і пра́гнуць праўды, бо яны насы́цяцца.

7Блажэ́нныя мі́ласцівыя, бо яны памі́лаваны будуць.

8Блажэ́нныя чыстыя сэ́рцам, бо яны Бога ўбачаць.

9Блажэ́нныя міратво́рцы, бо яны сына́мі Божымі назаву́цца.

10Блажэ́нныя гна́ныя за праўду, бо іх ёсць Царства Нябеснае.

11Блажэ́нныя вы, калі будуць вас га́ньбіць і гнаць, і ўсякім словам ліхі́м несправядліва зневажа́ць за Мяне.

12Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гна́лі прарокаў, што былі́ перад вамі.

13Вы — соль зямлі. Калі ж соль стра́ціць сілу, то чым папра́віць яе? Яна ўжо ні на што не прыда́тная, хіба́ што вы́кінуць яе прэч на патапта́нне лю́дзям.

14Вы — святло свету. Не можа схава́цца горад, які стаіць на гары.

15І, запалі́ўшы све́чку, не ставяць яе пад пасу́дзінаю, а на падсве́чніку, і све́ціць усім, хто ў доме.

16Так няхай све́ціць святло ваша перад людзьмі́, каб яны бачылі вашы добрыя ўчы́нкі і ўслаўля́лі Айца вашага, Які на нябёсах.

17Не думайце, што Я прыйшоў пару́шыць закон, альбо прарокаў: не пару́шыць прыйшоў Я, а здзе́йсніць.

18Бо праўду кажу вам: пакуль не зні́кнуць неба і зямля, ані ёта адна, ані ры́ска адзіная не зні́кне з закона, пакуль не збу́дзецца ўсё.

19Дык вось, хто пару́шыць адну з за́паведзяў гэтых найме́ншых і наву́чыць так людзей, той найме́ншым назаве́цца ў Царстве Нябесным; а хто вы́канае і наву́чыць, той вялікім назаве́цца ў Царстве Нябесным.

20Бо, кажу вам, калі пра́веднасць ваша не перавы́сіць пра́веднасці кніжнікаў і фарысеяў, то не ўво́йдзеце вы ў Царства Нябеснае.

21Вы чулі, што ска́зана продкам: “не забівай; а хто заб’е, падляга́е суду́”.

22А Я кажу вам, што кожны, хто гне́ваецца на брата свайго ма́рна, падляга́е суду; а хто скажа брату свайму: “рака́”, падляга́е сінедрыёну; а хто скажа: “неразумны”, падляга́е гее́не вогненнай.

23Дык вось, калі ты прынясе́ш дар твой да ахвя́рніка і ўспо́мніш там, што брат твой ма́е нешта су́праць цябе,

24пакінь там дар твой перад ахвя́рнікам, і ідзі перш паміры́ся з братам тваім, і тады прыйдзі́ і прынясі дар твой.

25Міры́ся з праці́ўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб не аддаў цябе праці́ўнік суддзі́, а суддзя́ не аддаў цябе слузе́, і не кі́нулі цябе ў цямні́цу.

26Праўду кажу табе: не вы́йдзеш адтуль, пакуль не аддасі́ апошняга кадра́нта.

27Вы чулі, што ска́зана продкам: “не пралюбадзе́йнічай”.

28А Я кажу вам, што кожны, хто глядзі́ць на жанчы́ну з пажа́длівасцю, ужо пралюбадзе́йнічаў з ёю ў сэ́рцы сваім.

29Калі ж правае вока тваё спакуша́е цябе, вы́рві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё це́ла тваё было ўкі́нута ў гее́ну.

30І калі правая твая рука спакуша́е цябе, адсячы́ яе і кінь ад сябе; бо ле́пей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё це́ла тваё было ўкі́нута ў гее́ну.

31Ска́зана таксама, што, калі хто развядзе́цца з жонкаю сваёю, няхай дасць ёй разво́дны ліст.

32А Я кажу вам: кожны, хто разво́дзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны блу́ду, той даво́дзіць яе да пралюбадзе́йства; і хто ажэ́ніцца з разве́дзенай, той пралюбадзе́йнічае.

33Яшчэ чулі вы, што ска́зана продкам: “не паруша́й кля́твы, а выко́нвай перад Госпадам кля́твы твае”.

34А Я кажу вам: не кляні́ся зусім: ні небам, бо яно — Прастол Божы;

35ні зямлёю, бо яна — падно́жжа нага́м Яго; ні Іерусалімам, бо ён — горад Вялікага Цара;

36ні галавою тваёю не кляні́ся, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым альбо чорным.

37А няхай будзе слова ваша: “так — так”, “не — не”; а што звыш гэтага, тое ад злога.

38Вы чулі, што ска́зана: “вока за вока, і зуб за зуб”.

39А Я кажу вам не праці́віцца злому. А калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ́ тваёй, падстаў яму і другую;

40і калі хто захоча судзі́цца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму і вопратку;

41і калі хто цябе зму́сіць ісці з ім адно по́прышча, ідзі з ім два.

42Таму, хто просіць у цябе, дай; і ад таго, хто хоча пазы́чыць у цябе, не адваро́чвайся.

43Вы чулі, што ска́зана: “любі́ блі́жняга твайго і ненаві́дзь ворага твайго”.

44А Я кажу вам: любі́це ворагаў вашых, благаслаўля́йце тых, хто пракліна́е вас, рабі́це дабро тым, што ненаві́дзяць вас, і маліцеся за тых, што кры́ўдзяць вас і гоняць вас;

45каб сталі вы сына́мі Айца вашага, Які на нябёсах; бо Ён зага́двае сонцу Свайму ўзыхо́дзіць над злымі і добрымі і пасылае дождж на пра́ведных і няпра́ведных.

46Бо, калі вы будзеце любі́ць тых, што лю́бяць вас, якая вам узнагарода? Ці не тое ж самае робяць і мы́тнікі?

47І калі вы віта́еце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не гэтак робяць і язычнікі?

48Дык вось, будзьце даскана́лыя, як даскана́лы Айцец ваш Нябесны.

 

Раздзел 6

1Глядзі́це, не давайце мі́ласціны вашай перад людзьмі́, каб яны бачылі вас: інакш не будзе вам узнагаро́ды ад Айца вашага, Які на нябёсах.

2Дык вось, калі дае́ш мі́ласціну, не трубі перад сабою, як робяць крываду́шнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб услаўля́лі іх людзі. Праўду кажу вам: яны ўжо атры́мліваюць узнагароду сваю.

3У цябе ж, калі дае́ш мі́ласціну, няхай не ведае левая рука твая, што робіць правая,

4каб мі́ласціна твая была́ тайная, і Айцец твой, Які бачыць тайнае, адда́сць табе я́ўна.

5І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі, што любяць у сінагогах і на скрыжава́ннях вуліц, сто́ячы, маліцца, каб вы́ставіцца перад людзьмі́. Праўду кажу вам, што яны ўжо атры́мліваюць узнагароду сваю.

6Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой і, зачыні́ўшы дзверы твае, памалі́ся Айцу твайму, Які ў тайне; і Айцец твой, Які бачыць тайнае, адда́сць табе я́ўна.

7А мо́лячыся, не гаварыце лішняга, як язычнікі; бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачу́тыя будуць.

8Не будзьце ж падобнымі да іх; бо ведае Айцец ваш, у чым вы ма́еце патрэ́бу, ране́й, чым вы папро́сіце ў Яго.

9Вы ж малі́цеся так: Ойча наш, Які на нябёсах! няхай свяці́цца імя́ Тваё;

10няхай пры́йдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі.

11Хлеб наш надзённы дай нам сёння;

12і дару́й нам даўгі нашы, як і мы дару́ем даўжніка́м нашым;

13і не ўвядзі нас у спаку́су, але збаў нас ад злога. Бо Тваё ёсць Царства, і сіла, і слава наве́кі. Амінь.

14Бо калі вы будзеце дарава́ць лю́дзям праві́ннасці іх, то дару́е і вам Айцец ваш Нябесны.

15А калі не будзеце дарава́ць лю́дзям праві́ннасцей іх, то і Айцец ваш не дару́е вам праві́ннасцей вашых.

16І калі по́сціце, не будзьце пану́рымі, як крываду́шнікі; бо яны робяць змро́чным аблі́чча сваё, каб паказаць лю́дзям, што по́сцяць. Праўду кажу вам, што яны ўжо атры́мліваюць узнагароду сваю.

17А ты, калі по́сціш, нама́ж галаву́ сваю і ўмый твар свой,

18каб не лю́дзям паказаць, што ты по́сціш, а Айцу твайму, Які ў тайне; і Айцец твой, Які бачыць тайнае, адда́сць табе я́ўна.

19Не збіра́йце сабе ска́рбаў на зямлі, дзе моль і ржа ні́шчаць і дзе зладзе́і падко́пваюцца і кра́дуць;

20а збірайце сабе ска́рбы на небе, дзе ні моль, ні ржа не знішча́юць і дзе зладзе́і не падко́пваюцца і не кра́дуць.

21Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша.

22Свяці́льнік целу ёсць вока. Дык вось, калі вока тваё будзе здаровае, то ўсё цела тваё светлае будзе;

23калі ж вока тваё будзе нягоднае, то ўсё цела тваё цёмнае будзе. Дык вось, калі святло, якое ў табе, — цемра, тады якая ж сама цемра?

24Ніхто не можа служы́ць двум гаспадара́м: бо ці аднаго будзе ненаві́дзець, а другога любі́ць; ці аднаго будзе трыма́цца, а другім пагарджа́ць. Не можаце Богу служы́ць і мамо́не.

25Таму кажу вам: не турбуйцеся для душы́ вашай, што́ вам есці і што́ піць, ні для це́ла вашага, у што апрану́цца. Ці ж душа не больш значыць за ежу, а це́ла за адзе́нне?

26Зірні́це на птушак нябесных: яны не се́юць і не жнуць, і не збіра́юць у жы́тніцы; і Айцец ваш Нябесны ко́рміць іх. Хіба́ вы не намнога лепшыя за іх?

27Хто ж з вас, турбу́ючыся, можа дада́ць сабе росту хоць на адзін ло́каць?

28І пра вопратку чаго турбу́ецеся? Паглядзі́це на ліле́і палявы́я, як яны расту́ць: не працуюць і не праду́ць.

29Але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апрана́ўся так, як кожная з іх.

30Калі ж траву паляву́ю, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кі́нута ў печ, Бог так убірае, хіба́ не намнога лепш вас, малаверы?

31Дык вось, не турбу́йцеся і не кажы́це: “што нам есці́” альбо: “што піць?” альбо: “у што апрану́цца?”.

32Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябесны, што вы ма́еце патрэ́бу ва ўсім гэтым.

33Шукайце ж найперш Царства Божага і праўды Яго, і гэта ўсё дада́сца вам.

34Дык вось, не турбуйцеся пра заўтрашні дзень, бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца: досыць кожнаму дню свайго клопату.

 

Раздзел 7

1Не судзі́це, каб і вас не судзі́лі.

2Бо якім судом су́дзіце, такім вас судзі́ць будуць; і якою ме́раю ме́раеце, такою і вам адме́раецца.

3Што ж ты глядзі́ш на парушы́нку ў во́ку брата твайго, а бервяна́ ў сваім во́ку не заўважа́еш?

4Альбо, як скажаш брату свайму: “дай, я вы́му парушы́нку з вока твайго”; а вось у тваім воку бервяно́?

5Крываду́шнік! вы́мі спачатку бервяно́ са свайго во́ка, і тады ўбачыш, як вы́няць парушы́нку з во́ка брата твайго.

6Не давайце святога сабакам і не кі́дайце пе́рлаў вашых перад сві́ннямі, каб яны не патапта́лі іх нагамі сваімі і, абярну́ўшыся, не разарва́лі вас.

7Прасі́це, і да́дзена будзе вам; шукайце, і зно́йдзеце; сту́кайцеся, і адчы́няць вам.

8Бо кожны, хто про́сіць, атры́млівае, і хто шукае, знахо́дзіць, і, хто сту́каецца, таму адчы́няць.

9Ці ёсць сярод вас такі чалавек, які, калі сын яго папро́сіць у яго хле́ба, ка́мень пада́сць яму?

10І калі ры́бы папросіць, змяю́ пада́сць яму?

11Дык вось, калі вы, бу́дучы ліхі́мі, умееце дары́ добрыя даваць дзе́цям вашым, тым болей Айцец ваш, Які на нябёсах, дасць дабро́ты тым, хто про́сіць у Яго.

12І вось, усё, я́к хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы рабіце ім; бо ў гэтым закон і прарокі.

13Увахо́дзьце праз ву́зкія вароты; бо шырокія вароты і прасторная дарога вядуць у пагі́бель, і многія ідуць імі.

14Бо ву́зкія вароты і це́сная дарога вядуць у жыццё, і нямногія знаходзяць іх.

15Асцерага́йцеся лжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзе́жы, а ўнутры́ — ваўкі́ драпе́жныя.

16Па плада́х іхніх пазна́еце іх. Хіба́ збіраюць з цярно́ўніку вінаград, альбо з дзядо́ўніку смо́квы?

17Так усякае добрае дрэва ро́дзіць і плады́ добрыя, а кепскае дрэва ро́дзіць і плады кепскія.

18Не можа добрае дрэва радзі́ць кепскія плады́, ні дрэва кепскае радзі́ць плады́ добрыя.

19Усякае дрэва, якое не ро́дзіць плоду добрага, ссяка́юць і кі́даюць у агонь.

20Дык вось, па плада́х іхніх пазна́еце іх.

21Не кожны, хто кажа Мне: “Госпадзі! Госпадзі!” увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выко́нвае волю Айца Майго, Які на нябёсах.

22Многія скажуць Мне ў той дзень: “Госпадзі! Госпадзі! ці не ад Твайго імя́ мы прарочылі? і ці не Тваім і́мем дэманаў выганя́лі? і ці не Тваім і́мем многія цу́ды рабілі?”

23І тады абвяшчу́ ім: “Я ніколі не знаў вас; адыдзі́це ад Мяне вы, якія чы́ніце беззаконне”.

24Дык вось, кожнага, хто слухае гэтыя словы Мае́ і выко́нвае іх, прыраўня́ю да му́жа разумнага, які збудаваў свой дом на ка́мені.

25І пайшоў дождж, і разлілі́ся рэкі, і падзьму́лі вятры́, і ры́нуліся на той дом; і ён не ўпаў, бо закла́дзены быў на ка́мені.

26А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае́ і не выко́нвае іх, падобны будзе да му́жа неразва́жлівага, які збудава́ў свой дом на пяску́.

27І пайшоў дождж, і разлілі́ся рэкі, і падзьму́лі вятры, і нале́глі на дом той; і ён абваліўся, і было́ падзе́нне яго вялікае.

28І ста́лася, калі Іісус скончыў гэтыя словы, вельмі здзіўля́ліся людзі вучэнню Яго,

29бо Ён вучыў іх як той, хто ма́е ўладу, а не як кніжнікі і фарысеі.

 

Раздзел 8

1Калі ж Ён сышоў з гары, услед за Ім пайшло мноства лю́ду.

2І вось, падышоў пракажоны і пакланіўся Яму, ка́жучы: Госпадзі! калі хочаш, можаш мяне ачы́сціць.

3Іісус, працягну́ўшы руку́, дакрану́ўся да яго і сказаў: хачу, ачы́сціся. І адразу ачы́сціўся той ад праказы.

4І кажа яму Іісус: глядзі, нікому не расказвай; а ідзі, пакажы́ся святару́ і прынясі дар, як загадаў Маісей, дзеля све́дчання ім.

5Калі ж увайшоў Іісус у Капернау́м, падышоў да Яго сотнік і прасіў Яго,

6ка́жучы: Госпадзі! слуга мой ляжыць дома спаралізава́ны і моцна паку́туе.

7Іісус кажа яму: Я прыйду і ацалю́ яго.

8А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзі! я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і вы́здаравее слуга мой.

9Бо і я чалавек падула́дны; але, ма́ючы ў сябе паднача́леных мне воінаў, кажу аднаму: “ідзі”, і ідзе; і другому: “прыйдзі́”, і прыхо́дзіць; і рабу майму: “зрабі гэта”, і робіць.

10Пачуўшы гэта, Іісус здзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізра́ілі не знайшоў Я такое веры.

11Кажу ж вам, што многія з усходу і з за́хаду пры́йдуць і ўзля́гуць з Аўраа́мам, Ісаа́кам і Іа́кавам у Царстве Нябесным;

12а сыны́ царства будуць вы́кінуты у цемру знешнюю; там будзе плач і скры́гат зубоў.

13І сказаў Іісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, няхай будзе табе. і вы́здаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзі́ну.

14Прыйшоўшы ў дом Пятра Іісус убачыў це́шчу яго, якая ляжала ў гара́чцы.

15І Ён дакрану́ўся да рукі́ яе, і пакінула яе гарачка; і ўстала яна і прыслу́жвала ім.

16Калі ж звечарэ́ла, прывялі да Яго многіх людзей, апанава́ных дэманамі; і Ён вы́гнаў духаў сло́вам і ўсіх нямо́глых ацалі́ў;

17каб збыло́ся ска́занае праз прарока Іса́ію, які кажа: “Ён узяў на Сябе нашы не́мачы, і хваробы панёс”.

18Калі ж Іісус убачыў вакол Сябе мноства люду, то загадаў вучням адплыць на другі бок.

19І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.

20Кажа яму Іісус: лі́сы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды; а Сын Чалавечы не ма́е, дзе галаву прытулі́ць.

21А іншы, з вучняў Яго, сказаў Яму: Госпадзі! дазволь мне перш пайсці і пахава́ць бацьку майго.

22Але Іісус сказаў Яму: ідзі за Мною, і пакінь мёртвым хава́ць сваіх паме́рлых.

23І калі ўвайшоў Ён у лодку, за Ім увайшлі вучні Яго.

24І вось, бура вялікая ўзняла́ся на моры, так што лодку захлі́ствалі хвалі; а Ён спаў.

25І вучні Яго, падышоўшы, разбудзілі Яго, ка́жучы: Госпадзі! рату́й нас, гінем.

26І Ён кажа ім: чаго вы такія баязлівыя, малаверы? Тады, устаўшы, забарані́ў вятра́м і мору, і настала ці́ша вялікая.

27А людзі, дзіві́ліся і казалі: хто Ён такі, што і вятры́, і мора слухаюцца Яго?

28І калі прыплыў Ён на другі бераг, у краіну Гергесі́нскую, сустрэлі Яго, вы́йшаўшы з магільных пячор, двое апанава́ных дэманамі, вельмі лю́тыя, так што ніхто не мог прахо́дзіць дарогаю тою.

29І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Іісусе, Сыне Божы? прыйшоў Ты сюды дача́сна му́чыць нас.

30А зводдаль ад іх пасвіўся вялікі ста́так свіне́й.

31І дэманы прасілі Яго, ка́жучы: калі выганіш нас, то дазволь нам увайсці ў ста́так свіне́й.

32І Ён сказаў ім: ідзіце. І вы́йшлі яны, і пайшлі ў ста́так свіне́й. І вось, кінуўся ўвесь ста́так свіне́й з кру́чы ў мора і загінуў у вадзе.

33А пастухі паўцяка́лі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра тое, што зда́рылася з апанава́нымі дэманамі.

34І вось, увесь горад вы́йшаў насу́страч Іісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад межаў іх.

 

Раздзел 9

1І Ён, увайшоўшы ў лодку, пераправіўся назад і прыйшоў у Свой горад.

2І вось, прыне́слі да Яго спаралізава́нага, які ляжаў на пасцелі. І, убачыўшы веру іх, Іісус сказаў спаралізава́наму: мацуйся, сы́не! дару́юцца табе грахі твае.

3І вось, некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзне́рыць.

4А Іісус, ведаючы думкі іх, сказаў: навошта вы думаеце ліхое ў сэ́рцах вашых?

5Бо што лягчэй — сказаць: “адпускаюцца табе грахі” ці сказаць: “устань і хадзі”?

6Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы ма́е ўла́ду на зямлі адпускаць грахі, — тады кажа спаралізава́наму: устань, вазьмі пасцель тваю і ідзі ў дом твой.

7І той устаў і пайшоў у дом свой.

8Народ жа, убачыўшы гэта, дзіву даўся і прасла́віў Бога, Які даў такую ўла́ду лю́дзям.

9Ідучы́ адтуль, убачыў Іісус чалавека, што сядзеў на мы́тні, якога звалі Матфей, і кажа яму: ідзі за Мною. І ўстаў той і пайшоў услед за Ім.

10І ста́лася, калі Іісус узляжа́ў у доме, тады многія мы́тнікі і грэшнікі прыйшлі і ўзле́глі з Ім і вучнямі Яго.

11І, убачыўшы гэта, фарысеі сказалі вучням Яго: чаму з мы́тнікамі і грэшнікамі есць і п’е Настаўнік ваш?

12А Іісус, пачуўшы гэта, сказаў ім: не здаровыя ма́юць патрэ́бу ў ле́кары, а хворыя;

13ідзіце, навучы́цеся, што азначае: “міласці хачу, а не ахвяры”, бо Я прыйшоў заклі́каць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакая́ння.

14Тады прыходзяць да Яго вучні Іаанавы і кажуць: чаму мы і фарысеі по́сцім многа, а Твае вучні не по́сцяць?

15І сказаў ім Іісус: ці могуць смуткава́ць сыны́ харо́маў вясе́льных, пакуль з імі жаніх? Але пры́йдуць дні, калі будзе ўзя́ты ад іх жаніх, і тады будуць пасці́ць.

16І ніхто не наклада́е латкі з тканіны суровай на адзе́жыну стару́ю; бо латка парве адзе́жыну, і дзірка будзе яшчэ горшая.

17Не ўліваюць таксама віна і маладога ў мяхі́ стары́я; а інакш прарыва́юцца мяхі́, і віно выцяка́е, і мяхі́ прапада́юць; а ўліваюць віно маладое ў мяхі́ новыя, і зберага́ецца тое і другое.

18Калі Ён гэта гаварыў ім, вось, прыйшоў нейкі начальнік і, кла́няючыся Яму, казаў: дачка мая́ толькі што паме́рла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку́ Тваю, і яна будзе жыць.

19І, устаўшы, Іісус пайшоў за ім, і вучні Яго.

20І вось, жанчына, якая мела кровацячэ́нне дванаццаць гадоў, падышоўшы ззаду, дакрану́лася да кра́ю вопраткі Яго.

21Бо яна казала сама сабе: калі толькі дакрану́ся да вопраткі Яго, вы́здаравею.

22Іісус жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацу́йся, дачка́! вера твая ўратава́ла цябе. І вы́здаравела жанчына з таго часу.

23А калі прыйшоў Іісус у дом начальніка і ўбачыў музы́каў з жалейкамі і збянтэ́жаны люд,

24то сказаў ім: вы́йдзіце; бо не паме́рла дзяўчына, а спіць. І насміха́ліся з Яго.

25Калі ж людзі былі́ вы́праваджаны, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку́, і дзяўчына ўстала.

26І разне́слася чутка пра гэта па ўсёй зямлі той.

27І калі адыходзіў адтуль Іісус, ішлі за Ім двое сляпых і крычалі: памілуй нас, Іісусе, Сы́не Давідаў!

28Калі ж Ён прыйшоў у дом, прыступі́лі да Яго сляпыя. І кажа ім Іісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: так, Госпадзі!

29Тады Ён дакрануўся да вачэй іх і сказаў: па веры вашай няхай будзе вам.

30І адкрыліся вочы ў іх; і строга наказаў ім Іісус: глядзіце, каб ніхто не даве́даўся.

31А яны, выйшаўшы, разне́слі чутку пра Яго па ўсёй зямлі той.

32Калі ж тыя выхо́дзілі, якраз прывялі да Яго чалавека нямога, апанава́нага дэманам.

33І калі дэман быў вы́гнаны, нямы пачаў гаварыць. І люд, дзіву даючы́ся, казаў: ніколі такога не здара́лася ў Ізра́ілі.

34А фарысеі казалі: сілаю князя дэманскага выганя́е Ён дэманаў.

35І хадзіў Іісус па ўсіх гарадах і пасе́лішчах, ву́чачы ў сінагогах іх, прапаве́дуючы Дабраве́сце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую не́мач у лю́дзях.

36Убачыўшы натоўпы людзей, Ён пашкадаваў іх, бо яны былі знясі́леныя і пакі́нутыя, як авечкі без пастуха.

37Тады кажа вучням Сваім: жніва́ многа, а работнікаў мала.

38Таму малі́це Гаспадара́ жніва́, каб вы́веў работнікаў на жніво́ Сваё.

 

Раздзел 10

1І, паклі́каўшы двана́ццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі ду́хамі, каб выганя́ць іх, і ацаля́ць усякую хваробу і ўсякую не́мач.

2А імёны двана́ццаці Апосталаў такія: першы Сі́ман, якога называюць Пятром, і Андрэй, брат яго, Іакаў Зевядзе́еў і Іаан, брат яго,

3Філіп і Варфаламей, Фама і Матфей мы́тнік, Іакаў Алфееў і Леўве́й, празва́ны Фадзе́ем,

4Сі́ман Канані́т і Іуда Іскарыёт, які і здра́дзіў Яму.

5Гэтых двана́ццаць паслаў Іісус і наказа́ў ім, гаворачы: на шлях язычнікаў не ідзіце і ў горад Самара́нскі не ўваходзьце;

6А ідзіце найперш да загі́нуўшых авечак дому Ізра́ілевага.

7І ходзячы, прапаведуйце, што наблі́зілася Царства Нябеснае.

8Хворых ацаля́йце, пракажоных ачышча́йце, мёртвых уваскраша́йце, дэманаў выганя́йце. Да́рам атрыма́лі, да́рам дава́йце.

9Не бярыце з сабою ні золата, ні срэ́бра, ні медзі ў паясы́ свае,

10ні торбы ў дарогу, ні дзвюх адзежын, ні абутку, ні посаха. Бо працаўні́к ва́рты мець на пражы́так сабе.

11У які б горад ці пасе́лішча вы ні ўвайшлі, даве́дайцеся, хто ў ім дастойны, і там застава́йцеся, пакуль не вы́йдзеце.

12А ўваходзячы ў дом, віта́йце яго, ка́жучы: мір дому гэтаму.

13І калі дом будзе дастойны, то сы́дзе мір ваш на яго; калі ж не будзе дастойны, то мір ваш да вас ве́рнецца.

14А калі хто не пры́ме вас і не паслухаецца слоў вашых, то, выходзячы з дому, альбо з горада таго, абтрасі́це пыл з ног вашых.

15Праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садо́мскай і Гамо́рскай у дзень су́дны, чым гораду таму.

16Вось, я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце му́дрыя, як зме́і, і простыя, як галубы́.

17Сцеражы́цеся ж людзей: бо яны будуць аддаваць вас на судзі́лішчы і ў сінагогах сваіх будуць біць вас,

18і павядуць вас да праві́целяў і да цароў за Мяне, на све́дчанне перад імі і язычнікамі.

19Калі ж будуць выдава́ць вас, не турбу́йцеся, я́к ці што́ сказаць; бо да́дзена будзе вам у той час, што́ сказаць.

20Бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.

21І вы́дасць брат брата на смерць, і бацька — дзіця; і паўста́нуць дзеці на бацькоў і заб’юць іх.

22І будзеце зненаві́джаныя ўсімі за імя́ Маё; але хто вы́трывае да канца, той спасёны будзе.

23Калі ж будуць вас гнаць у адным горадзе, уцяка́йце ў другі. Бо праўду кажу вам: не паспееце абысці́ гарадоў Ізра́ілевых, як пры́йдзе Сын Чалавечы.

24Вучань не вышэйшы за настаўніка, і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго.

25Даволі вучню, каб ён быў, як настаўнік яго, і слузе — як гаспадар яго. Калі гаспадара дома назвалі веельзеву́лам, ці не тым больш дамашніх яго?

26Дык вось, не бойцеся іх: бо няма нічога схава́нага, што не адкрылася б, і тае́мнага, што не стала б вядомым.

27Што́ кажу вам у цемры, кажы́це пры святле́; і што́ на ву́ха чу́еце, прапаве́дуйце з дахаў.

28І не бойцеся тых, што забіваюць це́ла, але ж душы́ забіць не могуць; бойцеся ж болей таго, хто можа і душу́, і це́ла загубі́ць у гее́не.

29Ці ж не два вераб’і прадаюцца за аса́рый? І ніводны з іх не ўпадзе́ на зямлю́ без волі Айца вашага.

30А ў вас і валасы́ на галаве ўсе палі́чаны.

31Таму не бойцеся: вы больш ва́ртыя, чым мноства вераб’ёў.

32Дык вось, кожнага, хто вы́знае Мяне перад людзьмі́, таго вы́знаю і Я перад Айцом Маім, Які на нябёсах.

33А хто адрачэ́цца ад Мяне перад людзьмі́, ад таго адраку́ся і Я перад Айцом Маім, Які на нябёсах.

34Не думайце, што Я прыйшоў прыне́сці мір на зямлю; не мір прыйшоў Я прыне́сці, а меч.

35Бо Я прыйшоў аддзялі́ць чалавека ад ба́цькі яго, і дачку́ ад маці яе, і нявестку ад свекрыві́ яе.

36І ворагі чалавеку — дамашнія яго.

37Хто лю́біць бацьку ці маці больш за Мяне, той не ва́рты Мяне; і хто лю́біць сы́на ці дачку́ больш за Мяне, той не ва́рты Мяне.

38І хто не бярэ крыжа́ свайго і не ідзе следам за Мною, той не ва́рты Мяне.

39Хто зберагае душу́ сваю, той загу́біць яе; а хто загубі́ў душу́ сваю дзе́ля Мяне, той зберажэ́ яе.

40Хто прыма́е вас, той Мяне прыма́е; а хто прыма́е Мяне, прыма́е Таго, Хто паслаў Мяне.

41Хто прыма́е прарока ў імя́ прарока, той узнагароду прарокаву атрыма́е; і хто прыма́е праведніка ў імя́ праведніка, той узнагароду праведнікаву атрыма́е.

42І хто напо́іць аднаго з малы́х гэтых толькі чашай халоднай вады ў імя́ вучня, праўду кажу вам, той не стра́ціць узнагароды сваёй.

 

Раздзел 11

1І ста́лася, калі закончыў Іісус настаўле́нні двана́ццаці вучням Сваім, Ён перайшоў адтуль вучы́ць і прапаве́даваць у гарадах іх.

2А Іаан, пачуўшы ў цямні́цы пра дзе́і Хрыстовы, паслаў двух вучняў сваіх

3сказаць Яму: ці Той Ты, Які ма́е прыйсці́, ці чакаць нам другога?

4І сказаў ім Іісус у адказ: ідзіце, скажы́це Іаану, што́ вы чу́еце і ба́чыце:

5сляпыя робяцца віду́шчымі і кульга́выя ходзяць, пракажо́ныя ачышча́юцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскраса́юць, і ўбогія дабраве́сцяць;

6і блажэнны, хто не ўсумні́цца ўва Мне.

7Калі ж пайшлі яны, Іісус пачаў гаварыць народу пра Іаана: што́ глядзець хадзілі вы ў пусты́ню? ці не трысці́ну, ве́трам калыха́ную?

8Што́ ж глядзець хадзілі вы́ чалавека, убра́нага ў мяккае адзе́нне? Але тыя, што носяць мяккае адзе́нне, жывуць у харо́мах царскіх.

9Што́ ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, і больш, чым прарока.

10Бо ён той, пра каго напі́сана: “вось, Я пасылаю Ангела Майго перад аблі́ччам Тваім, які падрыхту́е шлях Твой перад Табою”.

11Праўду кажу вам: сярод наро́джаных жанчынамі не паўстава́ў бо́льшы за Іаана Хрысці́целя; але меншы ў Царстве Нябесным бо́льшы за яго.

12Ад дзён жа Іаана Хрысці́целя да сёння Царства Нябеснае дасяга́ецца сілаю, і тыя, што сілу ўжыва́юць, здабыва́юць яго.

13Бо ўсе прарокі і закон да Іаана прарочылі.

14І калі хочаце прыня́ць, ён ёсць Ілія́, які ма́е прыйсці́.

15Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе.

16З кім жа параўна́ю род гэты? Падобны ён да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, звярта́ючыся да тава́рышаў сваіх,

17кажуць: “мы ігралі вам на ду́дцы, а вы не танцава́лі; мы спявалі вам жало́бнае, а вы не рыда́лі”.

18Бо прыйшоў Іаан, не есць, не п’е; і кажуць: “у ім дэман”.

19Прыйшоў Сын Чалавечы, есць і п’е; і кажуць: “вось, чалавек, які лю́біць есці і віно піць, пры́яцель мы́тнікам і грэшнікам”. І апра́ўдана мудрасць дзе́цьмі яе.

20Тады пачаў Іісус дакара́ць гарады, у якіх найбольш праяві́ліся сілы Яго, за тое, што яны не пака́яліся.

21Гора табе, Харазі́не! гора табе, Віфсаі́да! бо калі б у Ты́ры і Сідо́не яві́ліся сілы, я́ўленыя ў вас, то даўно б яны ў валасяні́цы і ў по́пеле пака́яліся.

22Але кажу вам: Ты́ру і Сідону лягчэй будзе ў дзень су́дны, чым вам.

23І ты, Капернау́ме, што да неба ўзвы́сіўся, да пе́кла будзеш нізры́нуты; бо калі б у Садоме яві́ліся сілы, я́ўленыя ў табе, то ён бы застаўся па сённяшні дзень.

24Але кажу вам, што зямлі Садо́мскай лягчэ́й будзе ў дзень су́дны, чым табе.

25Тым часам, далей прамаўля́ючы, Іісус сказаў: сла́ўлю Цябе, Ойча, Госпадзі неба і зямлі, што Ты ўтаі́ў гэта ад мудрых і разумных і адкры́ў гэта дзе́цям.

26Так, Ойча! бо такою было́ Твая добрая воля.

27Усё Мне перада́дзена Айцом Маім, і ніхто не знае Сына, акрамя Айца; і Айца не знае ніхто, акрамя Сына, і каму Сын хоча адкрыць.

28Прыйдзі́це да Мяне, усе стру́джаныя і абцяжа́раныя, і Я супакою вас.

29Вазьмі́це ярмо́ Маё на сябе і навучы́цеся ад Мяне, бо Я лагодны і пако́рлівы сэ́рцам; і зно́йдзеце спакой ду́шам вашым.

30Бо ярмо́ Маё прые́мнае, і цяжа́р Мой лёгкі.

 

Раздзел 12

1У той час праходзіў Іісус у суботу праз пасе́вы, а вучні Яго згалада́ліся і пачалі́ зрываць каласы́ і есці.

2Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць тое, што не дазволена рабіць у суботу.

3А Ён сказаў ім: хіба́ вы не чыталі, што́ зрабіў Давід, калі згалада́ўся сам і тыя, што былі́ з ім?

4Як ён увайшоў у дом Божы і еў хлябы́ выстаўле́ння, якіх нельга было́ есці ні яму, ні тым, што былі́ з ім, а толькі адным святара́м?

5І хіба́ не чыталі вы ў законе, што па суботах святары́ ў храме паруша́юць суботу, аднак невінава́тыя?

6Але кажу вам, што тут Той, Хто бо́льшы за храм.

7Калі б ведалі вы, што́ азначае: “мі́ласці хачу, а не ахвяры”, то не асудзі́лі б невінава́тых.

8Бо Сын Чалавечы ёсць Гаспадар і суботы.

9І, адышоўшы адтуль, увайшоў Ён у сінагогу іхнюю.

10І вось, там быў чалавек, які меў сухую руку́. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаля́ць у суботы? — каб абвінава́ціць Яго.

11А Ён сказаў ім: ці ёсць сярод вас чалавек, які, ма́ючы адну авечку, калі яна ў суботу ўпадзе́ ў яму, не во́зьме і не вы́цягне яе?

12Наколькі ж чалавек больш ва́рты за авечку! Так што можна ў суботы дабро рабіць.

13Тады кажа чалавеку таму: працягні руку́ тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровай, як другая.

14А фарысеі, выйшаўшы, учыні́лі змову су́праць Яго, як Яго загубі́ць. Але Іісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.

15І пайшло ўслед за Ім мноства народу, і Ён ацалі́ў іх усіх,

16і забараніў ім абвяшча́ць пра Яго;

17каб збыло́ся ска́занае праз прарока Ісаію, які кажа:

18“Вось, Слуга Мой, Якога Я вы́браў; Узлю́блены Мой, Якога ўпадаба́ла душа́ Мая. Ускладу́ Дух Мой на Яго, і Ён суд народам абве́сціць;

19не будзе пярэ́чыць, і не будзе крычаць, і ніхто не пачуе на вуліцах голасу Яго;

20трысці́ны надлама́най не перало́міць, і кно́та, які тле́е, не пату́шыць, пакуль не давядзе правасу́ддзе да перамогі;

21і на імя́ Яго будуць спадзява́цца народы”.

22Тады прывялі да Яго апанава́нага дэманам сляпога і нямога; і Ён ацаліў яго, так што сляпы і нямы́ пачаў гаварыць і ба́чыць.

23І здзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці не гэта Хрыстос, Сын Давідаў?

24А фарысеі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганя́е дэманаў не інакш, як сілаю веельзеву́ла, князя дэманскага.

25Але Іісус, ведаючы по́мыслы іх, сказаў ім: усякае царства, раздзе́ленае само́е су́праць сябе, запусце́е; і ўсякі горад або дом, раздзе́лены сам су́праць сябе, не ўстаі́ць.

26І калі сатана сатану выганя́е, то ён раздзялі́ўся сам у сабе, як жа ўстаі́ць царства яго?

27І калі Я сілаю веельзеву́ла выганя́ю дэманаў, то сыны́ вашы чыёю сілаю выганя́юць? Таму яны вам будуць су́ддзямі.

28Калі ж Я Духам Божым выганя́ю дэманаў, значыць, прыйшло да вас Царства Божае.

29Альбо, як можа хто ўвайсці ў дом дужага і нарабава́ць дабра яго, калі перш не звя́жа дужага, і тады дом яго абрабу́е?

30Хто не са Мною, той су́праць Мяне; і хто не збірае са Мною, той раскіда́е.

31Таму кажу вам: усякі грэх і блюзне́рства дару́юцца лю́дзям; а супраць Духа блюзне́рства не дару́ецца лю́дзям.

32Калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, дару́ецца яму; а калі хто скажа супраць Духа Святога, не дару́ецца яму ні ў гэтым веку, ні ў будучым.

33Альбо прызна́йце дрэва добрым і плод яго добрым; альбо прызна́йце дрэва кепскім і плод яго кепскім, бо дрэва па плодзе пазнае́цца.

34Адроддзе яхі́дніна?! як вы можаце добрае казаць, бу́дучы ліхі́мі? Бо ад перапоўненасці сэ́рца гавораць ву́сны.

35Добры чалавек з добрай ска́рбніцы выносіць добрае; а ліхі́ чалавек з ліхо́й ска́рбніцы выно́сіць ліхо́е.

36Кажу ж вам, што за кожнае ма́рнае слова, якое прамо́вяць людзі, дадуць яны адказ у дзень су́дны.

37Бо з-за слоў сваіх будзеш апраўда́ны і з-за слоў сваіх будзеш асу́джаны.

38Тады ў адказ некаторыя кніжнікі і фарысеі сказалі: Настаўнік! мы хочам ад Цябе знаме́нне ўбачыць.

39А Ён сказаў ім у адказ: род ліхі́ і пралюбадзе́йны знаме́ння шукае; ды знаме́нне не будзе да́дзена яму, акрамя́ знаме́ння Іоны прарока.

40Бо як Іона быў у чэ́раве ў кіта́ тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэ́рцы зямлі тры дні і тры ночы.

41Людзі Ніневі́йскія ўстануць на судзе́ з родам гэтым і асу́дзяць яго, бо яны пака́яліся праз пропаведзь Іонаву; і вось, тут бо́льшае за Іону.

42Царыца по́ўдня ўстане на судзе́ з родам гэтым і асу́дзіць яго, бо яна прыхо́дзіла з кра́ю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона.

43Калі нячысты дух вы́йдзе з чалавека, то блука́е па бязводных мясцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць.

44Тады ён кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І, прыйшоўшы, застае́ яго пустым, падме́ценым і прыбра́ным.

45Тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люце́йшых за сябе, і, ўвайшоўшы, яны жывуць там; і бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхо́му.

46Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці і браты Яго стаялі звонку, хочучы пагаварыць з Ім.

47І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае на дварэ́ стаяць, хочучы пагаварыць з Табою.

48Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая́? і хто браты Мае́?

49І, паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая́ і браты Мае́.

50Бо хто будзе выко́нваць волю Айца Майго, Які на нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.

 

Раздзел 13

1У той дзень Іісус, вы́йшаўшы з дома, сеў каля мора.

2І сабра́лася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе.

3І гаварыў ім шмат прытчамі, ка́жучы: вось, вы́йшаў се́йбіт сеяць.

4І калі сеяў ён, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі́ яго.

5А іншае ўпала на ме́сцы камяні́стыя, дзе няшмат было́ зямлі, і неўзаба́ве ўзышло́, бо зямля была́ неглыбокая.

6А калі ўзышло́ сонца, завя́ла, і, паколькі не ме́ла карэння, засохла.

7А іншае ўпала ў це́рні, і выраслі це́рні і заглушы́лі яго.

8А іншае ўпала на добрую зямлю і дало́ плод: адно ў сто крат, другое ў шэсцьдзеся́т, а іншае ў трыццаць.

9Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!

10І, прыступі́ўшы, вучні сказалі Яму: чаму Ты прытчамі гаворыш ім?

11Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам да́дзена ведаць тайны Царства Нябеснага, а ім не да́дзена;

12Бо хто ма́е, таму да́дзена будзе і памножыцца; а хто не ма́е, у таго ады́мецца і тое, што ма́е.

13Дзе́ля таго прытчамі гавару ім, што яны ба́чачы не бачаць, і чу́ючы не чуюць, і не разумеюць.

14І збыва́ецца над імі прароцтва Іса́іі, якое кажа: “слы́хам пачуеце, і не зразуме́еце; і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце.

15Бо агрубе́ла сэ́рца ў людзей гэтых, і вуша́мі цяжка чуюць, і вочы свае заплю́шчылі, каб не ўбачыць вачы́ма, і вуша́мі не пачуць, і сэ́рцам не зразумець, і не звярну́цца, каб Я ацаліў іх”.

16А вашы вочы блажэ́нныя, таму што бачаць, і ву́шы вашы, таму што чуюць.

17Бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жада́лі бачыць тое, што вы бачыце, і не бачылі, і чуць тое, што вы чу́еце, і не чулі.

18Вы ж паслухайце сэнс прытчы пра се́йбіта.

19Да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхі́ і кра́дзе пасе́янае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасе́янае пры дарозе.

20А пасе́янае на камяні́стых месцах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасцю прыма́е яго;

21але не ма́е кораня ў сабе і нетрыва́лы: калі настане ўціск альбо гане́нне за слова, ён адразу спакуша́ецца.

22А пасе́янае ў це́рнях азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і зма́нлівасць багацця заглуша́юць сло́ва, і яно становіцца бясплодным.

23А пасе́янае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее; ён і плод прыно́сіць і дае́ адзін сто, другі шэсцьдзеся́т, а іншы трыццаць.

24Другую прытчу прапанаваў Ён ім, ка́жучы: Царства Нябеснае падобна да чалавека, які пасеяў добрае насе́нне на по́лі сваім.

25Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў пустазелле сярод пшаніцы, і пайшоў.

26Калі ўзышла́ збажына́ і завязала плод, тады з’явілася і пустазе́лле.

27Прыйшлі рабы́ гаспадара́ дома і сказалі яму: гаспадар! хіба́ не добрае насе́нне пасеяў ты на по́лі сваім? адкуль жа на ім пустазе́лле?

28Ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. а рабы́ сказалі яму: дык хочаш, мы пойдзем, вы́палем яго?

29Але ён сказаў: не, каб, выпо́лваючы пустазе́лле, вы не павырыва́лі разам з ім і пшаніцы.

30Пакіньце расці разам тое і другое да жніва́; а ў час жніва́ я скажу жняца́м: вы́берыце перш пустазе́лле і звяжы́це яго ў снапы́, каб спалі́ць яго; а пшаніцу збяры́це ў жы́тніцу маю́.

31Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, ка́жучы: падобна Царства Нябеснае да зярня́ці гарчы́чнага, якое чалавек узяў і пасеяў на по́лі сваім;

32яно, хоць і меншае за ўсякае насе́нне, але, калі вы́расце, бывае бо́льшым за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылята́юць птушкі нябесныя і се́ляцца ў го́ллі яго.

33Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобна Царства Нябеснае да заква́скі, якую жанчына, узяўшы, пакла́ла ў тры меры мукі, пакуль не ўкісла ўсё.

34Гэта ўсё сказаў Іісус прытчамі народу, і без прытчы нічога не гаварыў ім,

35каб збыло́ся ска́занае праз прарока, які кажа: “адкры́ю ў прытчах вусны Мае́; вы́кажу скры́тае ад стварэ́ння свету”.

36Тады Іісус, адпусці́ўшы народ, увайшоў у дом. і прыступілі да Яго вучні Яго, ка́жучы: растлума́ч нам прытчу пра пустазе́лле на полі.

37Ён жа сказаў ім у адказ: Се́йбіт добрага насе́ння ёсць Сын Чалавечы;

38поле ёсць свет; добрае насе́нне гэта — сыны́ Царства, а пустазе́лле — сыны́ ліхога;

39вораг, які пасеяў яго, ёсць дыявал; жніво́ ёсць сканчэ́нне веку, а жняцы́ — Ангелы.

40І вось, як збіраюць пустазе́лле і агнём па́ляць, гэтакса́ма будзе пры сканчэ́нні веку гэтага.

41Пашле Сын Чалавечы Ангелаў Сваіх, і збяруць з Царства Яго ўсе спаку́сы і тых, што чы́няць беззаконне,

42і ўкі́нуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скры́гат зубоў.

43Тады пра́веднікі заззя́юць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!

44Яшчэ падобна Царства Нябеснае да схава́нага на полі скарбу, знайшоўшы які, чалавек утаі́ў яго, і ў радасці ад гэтага ідзе і прадае́ ўсё, што ма́е, і купля́е поле тое.

45Яшчэ падобна Царства Нябеснае да купца, які шукае прыгожых жамчу́жын,

46і, знайшоўшы адну шматкашто́ўную жамчу́жыну, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе.

47Яшчэ падобна Царства Нябеснае да не́вада, які быў закі́нуты ў мора і набраў усяго ўсялякага,

48і калі ён напоўніўся, яго вы́цягнулі на бераг і, сеўшы, добрае скла́лі ў по́суд, а дрэннае выкінулі прэч.

49Так будзе пры сканчэнні веку: вы́йдуць Ангелы і аддзе́ляць ліхі́х з асяро́ддзя пра́ведных,

50і ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скры́гат зубоў.

51Кажа ім Іісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць Яму: так, Госпадзі!

52А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, наву́чаны Царству Нябеснаму, падобны да гаспадара́ дома, які выносіць са ска́рбніцы сваёй новае і старо́е.

53І ста́лася, калі скончыў Іісус прытчы гэтыя, Ён пайшоў адтуль.

54І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сінагозе іхняй, так што яны здзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасць і сілы?

55Ці не цесляро́ў Ён Сын? Ці не Яго Маці завуць Марыя, і браты Яго — Іа́каў, і Іасі́й, і Сі́ман, і Іуда?

56І сёстры Яго ці не ўсе сярод нас? Адкуль жа ў Яго ўсё гэта?

57І сумнява́ліся ў Ім. Іісус жа сказаў ім: не бывае прарока без пашаны, хіба́ толькі на бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім.

58І не ўчыні́ў там многіх цудаў з-за няве́р’я іх.

 

Раздзел 14

1У той час пачуў Ірад тэтра́рх по́галас пра Іісуса

2і сказаў слу́гам сваім: гэта Іаан Хрысці́цель; ён паўстаў з мёртвых, і таму цуды дзе́юцца праз яго.

3Бо Ірад, узяўшы Іаана, звязаў яго і пасадзіў у цямні́цу з-за Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго;

4таму што Іаан казаў яму: нельга табе мець яе.

5І хацеў Ірад яго забіць, але пабаяўся народу, бо яго лічылі прарокам.

6А ў дзень нараджэ́ння Ірада танцавала дачка Ірадыяды перад гасцямі і дагадзі́ла Іраду.

7Таму ён з кля́тваю абяцаў ёй даць, чаго б яна ні папрасіла.

8А яна, падбухто́раная маці сваёю, сказала: дай мне тут на блю́дзе галаву́ Іаана Хрысці́целя.

9І засмуці́ўся цар; але дзе́ля кля́твы і тых, што ўзляжа́лі з ім, загадаў даць.

10І паслаў адсе́кчы Іаану галаву́ ў цямні́цы.

11І прыне́слі галаву́ яго на блю́дзе, і далі́ дзяўчыне; а яна зане́сла маці сваёй.

12А вучні яго, прыйшоўшы, узялі́ яго цела і пахавалі яго; ды пайшлі паве́дамілі Іісусу.

13І, пачуўшы, Іісус адплыў адтуль на лодцы ў пустэ́льнае ме́сца адзін; а люд, прачуўшы, пайшоў за Ім пе́шшу з гарадоў.

14І, выйшаўшы, Іісус убачыў мноства людзей і пашкадаваў іх, і ацалі́ў іхніх хворых.

15Калі ж настаў вечар, прыступі́лі да Яго вучні Яго і сказалі: пустэ́льная тут мясціна, і час ужо позні; адпусці́ людзей, каб яны пайшлі ў пасе́лішчы і купілі сабе е́жы.

16Але Іісус сказаў ім: яны не маюць патрэ́бы ісці; вы дайце ім есці.

17Яны ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябо́ў і дзве ры́біны.

18Ён сказаў: прынясі́це Мне іх сюды.

19І загадаў народу ўзле́гчы на траву, і, узяўшы пяць хлябо́ў і дзве ры́біны, узвёў вочы на неба, благаславіў, пераламі́ў і даў хлябы́ вучням, а вучні — народу.

20І елі ўсе, і насы́ціліся; і набра́лі рэ́шты кавалкаў дванаццаць кашоў поўных.

21А тых, што елі, было́ каля пяці тысяч чалавек, акрамя́ жанчын і дзяцей.

22І адразу прыму́сіў Іісус вучняў Сваіх увайсці́ ў лодку і вы́правіцца ране́й за Яго на другі бок, пакуль Ён адпу́сціць народ.

23І, адпусці́ўшы народ, Ён узышо́ў на гару́ ў адзіно́це памаліцца; і калі звечарэ́ла, застава́ўся там адзін.

24А лодка была́ ўжо пасяро́д мора, і яе бі́ла хва́лямі, бо вецер быў супраці́ўны.

25У чацвёртую ж ва́рту ночы пайшоў да іх Іісус, ідучы́ па моры.

26І вучні, убачыўшы, што Ён ідзе па моры, жахну́ліся і казалі: гэта пры́від; і ад страху закрычалі.

27Але Іісус адразу загаварыў з імі і сказаў: супакойцеся; гэта Я, не бойцеся.

28Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзі! калі гэта Ты, загадай мне прыйсці́ да Цябе па вадзе.

29І Ён сказаў: ідзі. І, вы́йшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысці́ да Іісуса.

30Але, ба́чачы моцны вецер, ён спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзі! рату́й мяне.

31І адразу Іісус, працягнуўшы руку, падхапі́ў яго і кажа яму: малаве́рны! навошта ты засумнява́ўся?

32І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер суня́ўся.

33А тыя, што былі ў лодцы, падышлі, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды́ Сын Божы.

34І, пераправіўшыся, прыбылі́ яны ў зямлю Генісарэ́цкую.

35І, пазнаўшы Яго, жыхары́ той мясціны абвясцілі па ўсім навако́ллі тым, і прыне́слі да Яго ўсіх хворых,

36і прасілі Яго, каб толькі дакрану́цца да кра́ю адзе́ння Яго; і тыя, што дакрану́ліся, ацалі́ліся.

 

Раздзел 15

1Тады прыходзяць да Іісуса іерусалімскія кніжнікі і фарысеі і кажуць:

2чаму вучні Твае паруша́юць пада́нне ста́рцаў? бо не ўмываюць яны рук сваіх, калі ядуць хлеб.

3А Ён сказаў ім у адказ: чаму і вы паруша́еце за́паведзь Божую дзе́ля пада́ння вашага?

4Бо запаве́даў Бог, сказаўшы: “шануй бацьку і маці”; і: “хто зласло́віць на бацьку альбо маці, смерцю няхай памрэ”.

5А вы ка́жаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: “дар Богу — тое, што ты ад мяне скарыста́ў бы”,

6той можа і не ўшанаваць бацьку свайго альбо маці сваю; такім чы́нам вы скасава́лі за́паведзь Божую дзе́ля пада́ння вашага.

7Крываду́шнікі! добра прарочыў пра вас Іса́ія, ка́жучы:

8“набліжа́юцца да Мяне людзі гэтыя ву́снамі сваімі і ўшаноўваюць Мяне языком; а сэрца іх знахо́дзіцца далёка ад Мяне;

9але ма́рна шануюць Мяне, навуча́ючы вучэнням, устанаўле́нням чалавечым”.

10І, паклі́каўшы народ, сказаў ім: слухайце і разумейце:

11не тое, што ўваходзіць у ву́сны, апага́ньвае чалавека; а што выходзіць з ву́снаў, тое апага́ньвае чалавека.

12Тады вучні Яго, прыступі́ўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы слова гэтае, спакусі́ліся?

13А Ён сказаў у адказ: усякая расліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, будзе вы́каранена.

14Пакіньце іх: яны — сляпыя павадыры́ сляпых; а калі сляпы сляпога вядзе, дык або́два ў яму ўпаду́ць.

15А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую.

16Іісус жа сказаў: няўжо і вы яшчэ не ма́еце разуме́ння?

17Хіба́ яшчэ не разуме́еце, што ўсё, што ўваходзіць у ву́сны, праходзіць у чэ́рава і выво́дзіцца прэч?

18А тое, што выходзіць з ву́снаў, — з сэ́рца выхо́дзіць; і яно апаганьвае чалавека.

19Бо з сэ́рца выхо́дзяць ліхі́я по́мыслы, забойствы, пралюбадзе́йствы, блуд, крадзяжы́, ілжы́выя све́дчанні, блюзне́рствы —

20гэта апага́ньвае чалавека. а есці няўмытымі рукамі — не апага́ньвае чалавека.

21І, выйшаўшы адтуль, адышоў Іісус у ме́жы Ты́рскія і Сідо́нскія.

22І вось, жанчына Ханане́янка, выйшаўшы з тых мясцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзі, Сыне Давідаў, дачка́ мая ця́жка паку́туе ад дэмана.

23Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Яго, прыступі́ўшы, прасілі Яго, ка́жучы: адпусці яе, бо крычыць услед нам.

24А Ён сказаў у адказ: Я пасла́ны толькі да загі́нуўшых авечак дому Ізра́ілевага.

25А яна, падышоўшы, кла́нялася Яму, ка́жучы: Госпадзі! памажы мне.

26А Ён сказаў у адказ: нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабачаня́там.

27Яна ж сказала: так, Госпадзі! але і сабачаня́ты ядуць крошкі, якія па́даюць са стала гаспадаро́ў іх.

28Тады Іісус сказаў ёй у адказ: о, жанчына! вялікая вера твая; няхай будзе табе, як ты хочаш. І ацалі́лася яе дачка́ ў тую ж гадзі́ну.

29І, адышоўшы адтуль, прыйшоў Іісус да мора Галіле́йскага і, падняўшыся на гару, сеў там.

30І прыступі́ла да Яго мноства людзей, ма́ючы з сабою кульга́вых, сляпых, нямы́х, зняве́чаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Іісусавых; і Ён ацалі́ў іх;

31так што народ здзіўля́ўся, ба́чачы, як нямы́я гаво́раць, зняве́чаныя становяцца здаровымі, кульга́выя ходзяць і сляпы́я бачаць; і праслаўля́ў ён Бога Ізра́ілевага.

32А Іісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада́ Мне людзей, бо ўжо тры дні застаю́цца пры Мне, і няма чаго ім есці; і адпусці́ць іх галоднымі не хачу, каб не аслабе́лі ў дарозе.

33І кажуць Яму вучні Яго: адкуль нам узяць у пусты́ні столькі хлябо́ў, каб накармі́ць гэ́тулькі людзей?

34І кажа ім Іісус: колькі ў вас хлябо́ў? А яны адказалі: сем, і некалькі ры́бінак.

35І загадаў лю́дзям узле́гчы на зямлю́.

36І, узяўшы сем хлябо́ў і рыбу, узнёс падзяку, пераламі́ў і даў вучням Сваім, а вучні — лю́дзям.

37І елі ўсе, і насы́ціліся; і назбіра́лі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных.

38А тых, што елі, было́ чатыры тысячы чалавек, акрамя́ жанчын і дзяцей.

39І, адпусціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбы́ў у ме́жы Магдалі́нскія.

 

Раздзел 16

1І прыступі́лі фарысеі і садукеі, і, спакуша́ючы, прасілі Яго паказаць ім знаме́нне з неба.

2А Ён сказаў ім у адказ: вечарам вы кажаце: будзе паго́да, бо неба агні́стае;

3і раніцай: сёння няго́да, бо неба агні́ста-хмарнае. Крываду́шнікі! аблі́чча неба вы ўме́еце адро́зніваць, а знаме́нняў часу не можаце распазнава́ць?

4Род ліхі́ і пралюбадзе́йны знаме́ння шукае, ды знаме́нне не будзе да́дзена яму, акрамя знаме́ння Іоны прарока. І, пакінуўшы іх, Ён адышоў.

5І, перапра́віўшыся на другі бок, вучні Яго забы́ліся ўзяць хлябо́ў.

6Іісус сказаў ім: глядзіце і сцеражы́цеся заква́скі фарысейскай і садукейскай.

7Яны ж разважа́лі самі сабе, ка́жучы: гэта значыць, што хлябо́ў мы не ўзялі́.

8Ведаючы гэта, Іісус сказаў ім: чаму разважа́еце самі сабе, малаве́рныя, што вы хлябо́ў не ўзялі́?

9Няўжо яшчэ не разуме́еце і не па́мятаеце пра пяць хлябо́ў для пяці тысяч, і колькі кашоў вы набра́лі?

10Ні пра сем хлябо́ў для чатырох тысяч, і колькі кошыкаў вы набра́лі?

11Як вы не разумееце, што не пра хлябы́ Я казаў вам: “сцеражы́цеся заква́скі фарысейскай і садукейскай”?

12Тады яны зразумелі, што Ён сказаў асцерага́цца не заква́скі хлебнай, а вучэння фарысейскага і садукейскага.

13Прыйшоўшы ў межы Кесары́і Філіпавай, Іісус пытаўся ў вучняў Сваіх, ка́жучы: за каго людзі прыма́юць Мяне, Сына Чалавечага?

14Яны сказалі: адны за Іаана Хрысці́целя, а другія за Ілію́, а іншыя за Іерамі́ю або за аднаго з прарокаў.

15Ён кажа ім: а вы за каго прыма́еце Мяне?

16І Сі́ман Пётр сказаў у адказ: Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.

17І ў адказ Іісус сказаў яму: блажэ́нны ты, Сі́мане, сы́не Іонаў, бо не плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які на нябёсах.

18І Я кажу табе: ты Пётр, і на гэтай скале́ Я збуду́ю Царкву Маю, і вароты пяке́льныя не адо́леюць яе.

19І дам табе ключы́ Царства Нябеснага: і што́ звя́жаш на зямлі, тое будзе звя́зана на нябёсах; і што́ развя́жаш на зямлі, тое будзе развя́зана на нябёсах.

20Тады Іісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсць Іісус Хрыстос.

21З таго часу Іісус пачаў адкрыва́ць ву́чням Сваім, што Яму нале́жыць ісці ў Іерусалім і шмат адпаку́таваць ад старэйшын і першасвятароў і кніжнікаў, і быць забі́тым, і на трэці дзень уваскрэ́снуць.

22І, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэ́чыць Яму, ка́жучы: Бог міласцівы да Цябе, Госпадзі! няхай не будзе гэтага з Табою!

23А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзі́ ад Мяне, сатана! ты Мне спаку́са, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае.

24Тады Іісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэ́цца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе ўслед за Мною.

25Бо хто хоча душу́ сваю ўратаваць, той загу́біць яе; а хто загу́біць душу́ сваю дзе́ля Мяне, той знойдзе яе.

26Бо якая карысць чалавеку, калі ён увесь свет здабу́дзе, а душы́ сваёй пашкодзіць? альбо які вы́куп дасць чалавек за душу́ сваю?

27Бо пры́йдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з Ангеламі Сваімі, і тады адда́сць кожнаму паводле спраў яго.

28Праўду кажу вам: ёсць сярод тых, што стаяць тут, некаторыя, якія не зазна́юць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён прыхо́дзіць ў Царстве Сваім.

 

Раздзел 17

1І праз шэсць дзён ўзяў Іісус Пятра, Іакава і Іаана, брата яго, і ўзвёў іх на гару́ высокую адных,

2і перамяніўся перад імі, і заззя́ла аблі́чча Яго, як сонца, а ўбра́нне Яго стала белым, як святло.

3І вось, явіліся ім Маісе́й і Ілія́, і з Ім размаўлялі.

4Азва́ўшыся, Пётр сказаў Іісусу: Госпадзі! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры шатры́: Табе адзін, і Маісею адзін, і адзін Іліі́.

5Пакуль ён яшчэ гаварыў, вось, воблака светлае ахіну́ла іх; і вось, голас з воблака прамовіў: гэта ёсць Сын Мой Узлю́блены, Якога Я ўпадаба́ў; Яго слухайце.

6І, пачуўшы, вучні прыпа́лі тва́рамі сваімі да зямлі і вельмі спалохаліся.

7І, прыступі́ўшы, Іісус дакрану́ўся да іх і сказаў: устаньце і не бойцеся.

8Узвёўшы ж вочы свае, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Іісуса.

9І калі сыхо́дзілі яны з гары, Іісус загадаў ім, ка́жучы: нікому не расказвайце пра ба́чанае, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэ́сне з мёртвых.

10І спыталіся ў Яго вучні Яго, ка́жучы: а чаму кніжнікі гавораць, што Ілія́ павінен прыйсці́ раней?

11Іісус сказаў ім у адказ: Ілія́ сапраўды́ пры́йдзе ране́й і адно́віць усё.

12Але кажу вам, што Ілія́ ўжо прыйшоў, і не пазна́лі яго, а ўчыні́лі з ім, што хацелі; так і Сын Чалавечы ма́е паку́таваць ад іх.

13Тады зразумелі вучні, што Ён пра Іаана Хрысці́целя казаў ім.

14І калі прыйшлі яны да народу, падышоў да Яго чалавек і, стаўшы перад Ім на калені,

15сказаў: Госпадзі! памі́луй сына майго; ён луна́цік і цяжка паку́туе, бо часта па́дае ў агонь і часта ў ваду́.

16Я прыво́дзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі ацалі́ць яго.

17А Іісус сказаў у адказ: о, ро́дзе бязве́рны і разбэ́шчаны! даку́ль буду з вамі? даку́ль буду цярпець вас? Прывядзі́це яго да Мяне сюды.

18І забарані́ў яму Іісус; і вы́йшаў з яго дэман; і ацалі́ўся хлопец у тую ж хвіліну.

19Тады вучні, прыступі́ўшы да Іісуса асобна, сказалі: чаму мы не здо́лелі вы́гнаць яго?

20А Іісус сказаў ім: з-за нявер’я вашага; бо праўду кажу вам: калі вы бу́дзеце мець веру з гарчы́чнае зе́рне і ска́жаце гары́ гэтай: “перайдзі адсюль туды”, і яна пяро́йдзе; і нічога не будзе немагчы́мага для вас.

21Гэты ж род выганя́ецца толькі малітваю і по́стам.

22У той час, калі знахо́дзіліся яны ў Галілеі, сказаў ім Іісус: адда́дзены будзе Сын Чалавечы ў ру́кі чалавечыя,

23і заб’юць Яго, і на трэці дзень уваскрэ́сне. І засмуці́ліся яны вельмі.

24Калі ж прыйшлі яны ў Капернау́м, то падышлі́ збо́ршчыкі дыдра́хмаў да Пятра і сказалі: ці не дасць Настаўнік ваш дыдра́хмы?

25Ён кажа: дасць. І калі ўвайшоў ён у дом, то Іісус, апярэ́дзіўшы яго, сказаў: як табе здаецца, Сі́мане? цары зямныя з каго бяруць мы́та або пада́так? з сыноў сваіх, ці з чужых?

26Кажа Яму Пётр: з чужых. Сказаў яму Іісус: значыць, сыны́ свабодныя.

27Але каб нам не спакусі́ць іх, ідзі на мора, закінь ву́ду, і першую ры́біну, якая зло́віцца, вазьмі; і, адкры́ўшы рот яе, зно́йдзеш стаці́р; вазьмі яго і дай ім за Мяне і за сябе.

 

Раздзел 18

1У той час прыступі́лі вучні да Іісуса, ка́жучы: хто ж бо́льшы ў Царстве Нябесным?

2Іісус жа, паклі́каўшы дзіця́, паставіў яго сярод іх

3і сказаў: праўду кажу вам, калі не наве́рнецеся і не будзеце, як дзеці, не ўво́йдзеце ў Царства Нябеснае.

4Дык вось, хто ўпако́рыцца і стане, як гэтае дзіця́, той бо́льшы ў Царстве Нябесным.

5І хто пры́ме адно такое дзіця́ ў імя́ Маё, той Мяне прыма́е.

6А хто спаку́сіць аднаго з малы́х гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі жаро́н млынавы́ на шы́ю яму́ і ўтапілі ў глыбіні́ марской.

7Гора свету ад спакус, бо павінны прыйсці́ спаку́сы; але гора таму чалавеку, праз якога спаку́са прыхо́дзіць.

8Калі ж рука твая альбо нага твая спакуша́е цябе, адсячы́ яе і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсці ў жыццё без рукі́ альбо без нагі, чым, дзве рукі́ і дзве нагі маючы, быць укі́нутым у агонь вечны.

9І калі вока тваё спакуша́е цябе, вы́рві яго і кінь ад сябе: лепш табе з адным вокам ў жыццё ўвайсці, чым, два вокі маючы, быць укі́нутым у гее́ну вогненную.

10Глядзіце, не пагарджа́йце ніво́дным з малы́х гэтых; бо кажу вам, што Ангелы іх на нябёсах заўсёды ба́чаць аблі́чча Айца Майго Нябеснага.

11Бо прыйшоў Сын Чалавечы, каб спасці́ тое, што загі́нула.

12Як вам здаецца? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак і заблудзі́лася адна з іх, то ці не пакіне ён дзевяноста дзевяці́ ў гара́х і не пойдзе шукаць тую, што заблудзі́лася?

13І калі ўдасца знайсці яе, праўду кажу вам, што ён радуецца за яе болей, чым за дзевяноста дзевяць, якія не заблудзі́ліся.

14Гэтакса́ма няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малы́х гэтых.

15Калі ж саграшы́ць су́праць цябе брат твой, ідзі і вы́крый яго сам-на́сам; калі паслу́хаецца цябе, то прыдба́ў ты брата твайго.

16А калі не паслу́хаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух, каб ву́снамі двух альбо трох све́дкаў пацве́рдзілася кожнае слова.

17Калі ж не паслу́хаецца іх, скажы царкве; а калі і царквы не паслу́хаецца, то няхай будзе ён табе як язычнік і мы́тнік.

18Праўду кажу вам: што́ вы звя́жаце на зямлі, тое будзе звя́зана на небе; і што́ развя́жаце на зямлі, тое будзе развя́зана на небе.

19Праўду таксама кажу вам, што калі двое з вас паго́дзяцца на зямлі прасіць за любую справу, то, чаго б ні папрасі́лі, будзе ім ад Айца Майго, Які на нябёсах.

20Бо дзе двое альбо трое сабра́ліся ў імя́ Маё, там Я сярод іх.

21Тады прыступіў да Яго Пётр і сказаў: Госпадзі! колькі разоў дарава́ць брату майму, які грашы́ць су́праць мяне́ ці да сямі разоў?

22Кажа яму Іісус: не кажу табе: “да сямі”, а да сямі́дзесяці разоў па сем.

23Таму Царства Нябеснае падобна да цара, які захацеў праве́сці разлі́кі з раба́мі сваімі.

24Калі ён пачаў право́дзіць разлі́кі, прывялі да яго кагосьці, хто быў ві́нен яму дзесяць тысяч тала́нтаў.

25А паколькі ён не меў чым аддаць, то яго ўлада́р загадаў прадаць яго, і жонку яго, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і адда́ць доўг.

26Тады раб той упаў і, кла́няючыся яму, казаў: “уладару́! будзь цярплі́вы да мяне, і ўсё табе заплачу́”.

27І ўлада́р раба таго, злі́таваўшыся, адпусці́ў яго і доўг дарава́ў яму.

28А раб той, вы́йшаўшы, знайшоў аднаго з тава́рышаў сваіх, які ві́нен яму быў сто дына́рыяў, і, схапіўшы яго, душы́ў, ка́жучы: “аддай мне, што ві́нен”.

29Тады тава́рыш яго ўпаў у ногі яму́, прасіў яго і казаў: “будзь цярплі́вы да мяне, і ўсё аддам табе”.

30Але той не захацеў, а пайшоў і кінуў яго ў цямні́цу, пакуль не адда́сць доўгу.

31Тава́рышы яго, убачыўшы, што зда́рылася, засмуці́ліся вельмі і, прыйшоўшы, расказалі ўладару́ свайму пра ўсё, што адбыло́ся.

32Тады яго ўлада́р клі́ча яго і кажа: “ліхі́ раб! увесь доўг той я дарава́ў табе, бо ты ўпрасі́ў мяне;

33ці не нале́жала і табе памі́лаваць тава́рыша твайго, як і я цябе памі́лаваў?”

34І, разгне́ваўшыся, яго ўлада́р перадаў яго ка́там, пакуль не адда́сць усяго доўгу свайго.

35Так і Айцец Мой Нябесны зробіць з вамі, калі не дару́е ад сэрца свайго кожны з вас брату свайму праві́н яго.

 

Раздзел 19

1І ста́лася, калі Іісус закончыў словы гэтыя, то выйшаў з Галілеі і прыйшоў у ме́жы Іудзейскія, на той бок Іардана.

2За Ім следам пайшло шмат людзей, і Ён ацалі́ў іх там.

3І прыступі́лі да Яго фарысеі і, спакуша́ючы Яго, казалі Яму: ці з усякай прычыны дазво́лена чалавеку разво́дзіцца з жонкай сваёю?

4Ён сказаў ім у адказ: хіба́ не чыталі вы, што Тварэц ад пачатку мужчынам і жанчынаю стварыў іх?

5І сказаў: таму пакі́не чалавек бацьку і маці і прыле́піцца да жонкі сваёй, і будуць двое пло́ццю адною,

6так што яны ўжо не двое, а адна плоць. Дык вось, што́ Бог злучы́ў, таго чалавек няхай не разлуча́е.

7Яны кажуць Яму: чаму тады Маісей запаве́даў даваць разво́дны ліст і разво́дзіцца з ёю?

8Ён кажа ім: Маісей з-за жорсткасці сэрца вашага дазволіў вам разво́дзіцца з жонкамі вашымі; але спачатку не было так.

9А Я кажу вам: хто развядзе́цца з жонкаю сваёю не з-за блу́ду і ажэ́ніцца з іншаю, той пралюбадзе́йнічае; і хто ажэ́ніцца з разве́дзенай, той пралюбадзе́йнічае.

10Ка́жуць Яму вучні Яго: калі такі абавязак чалавека перад жонкаю, то лепш не жаніцца.

11Ён жа сказаў ім: не ўсе разумеюць слова гэтае, а тыя, каму да́дзена,

12Бо ёсць скапцы́, якія з уло́ння ма́тчынага нарадзі́ліся так; і ёсць скапцы́, якія аско́плены людзьмі́; і ёсць скапцы́, якія аскапі́лі самі сябе дзе́ля Царства Нябеснага. Хто можа зразумець, няхай зразумее.

13Тады прыве́дзены былі́ да Яго дзеці, каб Ён ускла́ў на іх ру́кі і памаліўся; а вучні забараня́лі ім.

14Іісус жа сказаў: пусці́це дзяцей і не перашкаджа́йце ім прыхо́дзіць да Мяне, бо такім нале́жыць Царства Нябеснае.

15І, ускла́ўшы на іх ру́кі, пайшоў адтуль.

16І вось, нехта, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік Добры! што́ добрае зрабіць мне, каб мець жыццё вечнае?

17А Ён сказаў яму: чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог. Калі ж хочаш увайсці ў жыццё, выконвай за́паведзі.

18Кажа Яму: якія? Іісус сказаў: не забівай; не пралюбадзе́йнічай; не крадзь; не све́дчы лжы́ва;

19шануй бацьку і маці; і: любі́ бліжняга твайго, як само́га сябе.

20Кажа Яму юнак: усё гэта захава́ў я з юнацтва майго; чаго яшчэ не хапа́е мне?

21Сказаў яму Іісус: калі хочаш даскана́лым быць, ідзі, прада́й маёмасць тваю і разда́й убо́гім; і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, і ідзі за Мною.

22Пачуўшы слова гэтае, юнак адышоў засму́чаны, бо ў яго была́ вялікая ўла́снасць.

23Іісус жа сказаў вучням Сваім: праўду кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсці́ ў Царства Нябеснае.

24І яшчэ кажу вам: лягчэ́й вярблюду прайсці́ праз іго́льнае ву́шка, чым багатаму ўвайсці́ ў Царства Божае.

25Пачу́ўшы гэта, вучні Яго вельмі здзіві́ліся і сказалі: хто ж тады можа спасці́ся?

26А Іісус паглядзе́ў і сказаў ім: лю́дзям гэта немагчы́ма, а Богу ўсё магчы́ма.

27Тады Пётр, адка́зваючы, сказаў Яму: вось, мы пакі́нулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою; што ж будзе нам?

28Іісус жа сказаў ім: праўду кажу вам, што вы, якія пайшлі́ ўслед за Мною, — у новым жыцці́, калі ся́дзе Сын Чалавечы на прастоле сла́вы Сваёй, ся́дзеце і вы на двана́ццаці прастолах судзі́ць двана́ццаць кале́н Ізра́ілевых.

29І кожны, хто пакі́не дамы́, альбо братоў, альбо сясцёр, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо палі́ дзеля імя́ Майго, атрыма́е ў сто разоў больш і ўнасле́дуе жыццё вечнае.

30Многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.

 

Раздзел 20

1Бо Царства Нябеснае падо́бна да гаспадара́ дома, які вы́йшаў на до́світку наня́ць работнікаў у вінагра́днік свой.

2І, дамо́віўшыся з работнікамі па дына́рыю ў дзень, пасла́ў іх у вінагра́днік свой.

3І, вы́йшаўшы каля трэцяй гадзі́ны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку без працы,

4і ім сказаў: ідзі́це і вы ў вінагра́днік мой, і што́ будзе нале́жным, дам вам. Яны пайшлі.

5І зноў, вы́йшаўшы каля шостай і дзевятай гадзі́ны, ён зрабіў тое самае.

6І, вы́йшаўшы каля адзіна́ццатай гадзі́ны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і кажа ім: што́ вы тут стаіце́ цэлы дзень без працы?

7Яны кажуць яму: ніхто нас не наня́ў. Ён кажа ім: ідзі́це і вы ў вінагра́днік мой, і што́ будзе нале́жным, атрыма́еце.

8Калі ж настаў вечар, кажа гаспада́р вінагра́дніка ўпра́ўніку свайму: пакліч работнікаў і аддай ім пла́ту, пача́ўшы з апошніх да першых.

9І тыя, што прыйшлі каля адзіна́ццатай гадзі́ны, атрымалі па дына́рыю.

10А тыя, што прыйшлі́ першымі, думалі, што бо́лей атрыма́юць; але атрымалі і яны па дына́рыю.

11І, атрыма́ўшы, яны пачалі́ нарака́ць на гаспадара́ дома

12і казалі: гэтыя апошнія адну гадзі́ну працавалі, і ты прыраўня́ў іх да нас, якія перане́слі цяжа́р дня і спёку.

13Ён жа ў адказ сказаў аднаму з іх: дру́жа! я не кры́ўджу цябе; хіба́ не за дына́рый ты дамовіўся са мною?

14Вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу гэтаму апошняму даць тое, што і табе.

15Хіба́ нельга мне са сваім рабіць тое, што хачу́ ці вока тваё зайздро́снае з-за таго, што я добры?

16Так будуць апошнія першымі і першыя апошнімі; бо шмат паклі́каных, але ма́ла вы́браных.

17І, узыхо́дзячы ў Іерусалім, Іісус у дарозе адвёў двана́ццаць вучняў асобна і сказаў ім:

18вось, мы ўзыхо́дзім у Іерусалім, і Сын Чалавечы вы́дадзены будзе першасвятара́м і кніжнікам, і асу́дзяць Яго на смерць;

19і вы́дадуць Яго язычнікам на глумле́нне, і біццё, і распя́цце; і на трэці дзень уваскрэ́сне.

20Тады прыступі́ла да Яго маці сыноў Зевядзе́евых з сына́мі сваімі, кла́няючыся і нешта про́сячы ў Яго.

21Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб селі гэтыя два сыны́ мае́ адзін справа, а другі злева ад Цябе ў Царстве Тваім.

22Іісус сказаў у адказ: не ведаеце, чаго про́сіце. Ці можаце піць чашу, якую Я буду піць, альбо хрышчэ́ннем, якім Я хрышчу́ся, хрысці́цца? Яны кажуць Яму: можам.

23І кажа ім: чашу Маю́ будзеце піць, і хрышчэ́ннем, якім Я хрышчу́ся, будзеце хрысці́цца; але сесці справа ад Мяне і злева ад Мяне — не Я даю, а гэта для тых, каму ўгатава́на Айцом Маім.

24Пачуўшы гэта, дзеся́цера вучняў абу́рыліся на двух братоў.

25Іісус жа, паклі́каўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князі́ народаў пану́юць над імі, і вяльможы ўлада́раць імі.

26Але не так няхай будзе сярод вас: а хто хоча сярод вас бо́льшым быць, няхай будзе вам слугою;

27і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе вам рабом;

28бо Сын Чалавечы не дзе́ля таго прыйшоў, каб Яму служы́лі, а каб паслужы́ць і аддаць душу́ Сваю як вы́куп за многіх.

29І калі выхо́дзілі яны з Іерыхо́на, за Ім сле́дам ішло мноства людзей.

30І вось, двое сляпых, якія сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Іісус прахо́дзіць, пачалі́ крычаць, ка́жучы: памілуй нас, Госпадзі, Сыне Давідаў!

31Людзі ж патрабава́лі, каб яны замо́ўклі; але яны яшчэ мацней закрычалі: памілуй нас, Госпадзі, Сыне Давідаў!

32Іісус, спыні́ўшыся, паклі́каў іх і сказаў: што вы хочаце, каб Я зрабіў вам?

33Яны кажуць Яму: Госпадзі! каб адкры́ліся нашы вочы.

34Іісус жа, злі́таваўшыся, дакрану́ўся да вачэй іх; і адразу іх вочы пачалі́ бачыць, і яны пайшлі за Ім.

 

Раздзел 21

1І калі наблі́зіліся да Іерусаліма і прыйшлі ў Віфагі́ю да гары Елеонскай, тады Іісус паслаў двух вучняў,

2сказаўшы ім: ідзіце ў се́лішча, якое перад вамі; і адразу зно́йдзеце аслі́цу прывя́заную і асляня́ з ёю; адвяза́ўшы, прывядзі́це да Мяне.

3І калі хто вам скажа што-небудзь, вы адка́жаце, што яны патрэбны Госпаду; і адразу пашле́ іх.

4А ўсё гэта ста́лася, каб збыло́ся ска́занае праз прарока, які гаворыць:

5“скажы́це дачцэ́ Сіёнавай: вось, Цар твой ідзе да цябе лаго́дны, се́дзячы на аслі́цы і асляня́ці, сы́не пад’ярэмнай”.

6Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Іісус:

7прывялі аслі́цу і асляня́; і пакла́лі на іх во́пратку сваю, і Ён сеў паве́рх яе.

8Мноства людзей пасціла́лі во́пратку сваю на дарогу, а іншыя зраза́лі галі́ны з дрэў і пасціла́лі на дарогу.

9А народ, які ішоў папе́радзе і следам, ускліка́ў: Аса́нна Сыну Даві́даваму! благаславёны Той, Хто прыходзіць ў імя́ Гасподняе! Аса́нна ў вы́шніх!

10І калі ўвайшоў Ён у Іерусалім, узру́шыўся ўвесь горад, і казалі: хто гэта?

11А народ казаў: гэта Іісус, Прарок з Назарэта Галіле́йскага.

12І ўвайшоў Іісус у храм Божы і павыганя́ў усіх тых, якія прадава́лі і купля́лі ў храме, і перакулі́ў сталы́ мяня́лаў і ўсло́ны тых, што прадавалі галубоў.

13І кажа ім: напі́сана: “дом Мой домам малітвы назаве́цца”; а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.

14І прыступі́лі да Яго ў храме сляпыя і кульга́выя, і Ён ацаліў іх.

15А першасвятары́ і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён зрабіў, і дзяцей, якія ўскліка́лі ў храме і казалі: “Аса́нна Сыну Давідаваму”, абу́рыліся

16і сказалі Яму: чуеш, што яны кажуць? А Іісус кажа ім: так! хіба́ вы ніколі не чыталі: “з вуснаў дзетак і немаўля́т Ты ўчыні́ў хвалу́?”

17І, пакінуўшы іх, Ён выйшаў з горада ў Віфа́нію і правёў там ноч.

18А раніцай, вярта́ючыся ў горад, захацеў Ён есці.

19І, убачыўшы пры дарозе адну смако́ўніцу, Ён падышоў да яе і, нічога на ёй не знайшоўшы, акрамя толькі лі́сця, кажа ёй: няхай не будзе больш ад цябе пло́ду даве́ку. І адразу ўсохла смако́ўніца.

20Убачыўшы гэта, вучні здзівіліся і казалі: як гэта адразу ўсохла смако́ўніца?

21Іісус жа сказаў ім у адказ: праўду кажу вам: калі будзеце мець веру і не засумнява́ецеся, то не толькі зробіце тое, што адбыло́ся са смако́ўніцай, але калі і гары́ гэтай ска́жаце: “падыміся і ўве́ргніся ў мора”, — будзе так.

22І ўсё, чаго ні папро́сіце ў малітве з вераю, атрыма́еце.

23І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў, прыступі́лі да Яго першасвятары́ і старэйшыны народу і сказалі: якою ўла́даю Ты гэта робіш? і хто Табе даў ула́ду такую?

24Іісус сказаў ім у адказ: спытаю ў вас і Я адну рэч; калі гэта ска́жаце Мне, то і Я вам скажу, якою ўла́даю гэта раблю.

25Хрышчэ́нне Іаанава адкуль было́: з неба ці ад людзей? Яны ж разважа́лі паміж сабою: калі скажам: “з неба”, то Ён скажа нам: “чаму ж вы не паве́рылі яму?”

26А калі скажам: “ад людзей”, — баімся народу, бо ўсе лічаць Іаана прарокам.

27І яны сказалі ў адказ Іісусу: не ведаем. Сказаў ім і Ён: і Я вам не скажу, якою ўла́даю гэта раблю.

28А як вам здае́цца? У аднаго чалавека было́ два сыны́; і ён, падышоўшы да першага, сказаў: сы́не! ідзі, сёння папрацу́й у вінагра́дніку маім.

29Але ён сказаў у адказ: “не хачу”; а потым, раска́яўшыся, пайшоў.

30І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Гэты сказаў у адказ: “іду, гаспадар”; і не пайшоў.

31Каторы з двух вы́канаў волю ба́цькі? Кажуць Яму: першы. Кажа ім Іісус: праўду кажу вам, што мы́тнікі і блудні́цы папе́радзе вас ідуць у Царства Божае.

32Бо прыйшоў да вас Іаан шляхам праведнасці, і вы не паверылі яму, а мы́тнікі і блудні́цы паверылі яму; вы ж, бачыўшы гэта, не раска́яліся і потым, каб паве́рыць яму.

33Вы́слухайце іншую прытчу. Быў адзін чалавек, гаспадар дома, які насадзі́ў вінагра́днік, і агаро́джаю абнёс яго, і вы́капаў у ім выціска́льню, і збудаваў вежу, і аддаў яго вінагра́дарам, і адлучы́ўся.

34А калі надышоў час збору пладоў, ён паслаў сваіх рабоў да вінагра́дараў узяць плады́ свае.

35Вінагра́дары, схапіўшы рабоў яго, каго набілі, каго забілі, а каго каме́ннем пабілі.

36Зноў паслаў ён іншых рабоў, больш чым ране́й; і з імі зрабілі тое самае.

37Нарэшце паслаў ён да іх сы́на свайго, ка́жучы: пасаро́меюцца сы́на майго.

38Але вінагра́дары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта спадкае́мец; хадзе́м, заб’ём яго і завалодаем спа́дчынай яго.

39І, схапіўшы яго, вы́велі вон з вінагра́дніка і забілі.

40І вось, калі пры́йдзе гаспадар вінагра́дніка, што́ зробіць ён з гэтымі вінагра́дарамі?

41Кажуць Яму: злачынцаў гэтых пакарае злой смерцю, а вінаграднік перада́сць іншым вінагра́дарам, якія аддава́ць будуць яму плады ў свой час.

42Іісус кажа ім: няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісанні: “ка́мень, які адкінулі будаўнікі, той самы стаў галавою вугла́: ад Госпада ста́лася гэта, і яно дзіўнае ў вачах нашых”?

43Таму кажу вам, што будзе забра́на ў вас Царства Божае і да́дзена будзе народу, які прыно́сіць плады яго.

44І той, хто ўпадзе́ на гэты ка́мень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе́, таго разду́шыць.

45І, пачуўшы прытчы Яго, першасвятары́ і фарысеі зразуме́лі, што пра іх Ён гаворыць.

46І наме́рваліся схапіць Яго, але пабаяліся народу, бо Яго лічы́лі прарокам.

 

Раздзел 22

1І ў адказ Іісус зноў гаварыў да іх прытчамі, ка́жучы:

2Царства Нябеснае падобна да чалавека-цара, які рабіў вяселле сыну свайму;

3і паслаў ён рабоў сваіх клі́каць запро́шаных на вяселле; а тыя не хацелі прыйсці.

4Яшчэ паслаў ён іншых рабоў, ка́жучы: скажыце запро́шаным: “вось я прыгатава́ў абед мой, быкі мае́ і іншае ўко́рмленае зарэзана, і ўсё гатова; прыходзьце на вяселле”.

5Але яны, не нада́ўшы ўва́гі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да га́ндлю свайго.

6Астатнія ж, схапіўшы рабоў яго, знява́жылі і забілі іх.

7І, пачуўшы пра гэта, цар разгневаўся, і, паслаўшы войскі свае, зні́шчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў.

8Тады кажа ён рабам сваім: вяселле гатова, а запро́шаныя не былі́ дастойнымі.

9Дык ідзіце на скрыжава́нні дарог і ўсіх, каго зно́йдзеце, клічце на вяселле.

10І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабра́лі ўсіх, каго толькі знайшлі: і ліхіх, і добрых; і напоўнілася вяселле гасцямі.

11Цар, увайшоўшы паглядзе́ць на гасцей, убачыў там чалавека, не ўбра́нага ў вясельнае адзе́нне,

12і кажа яму: дру́жа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельным адзе́нні? Той жа маўчаў.

13Тады сказаў цар слу́гам: звяза́ўшы яму ру́кі і ногі, вазьмі́це яго і вы́кіньце ў це́мру зне́шнюю; там будзе плач і скры́гат зубоў.

14Бо многа паклі́каных, але ма́ла вы́браных.

15Тады фарысеі пайшлі і ўчыні́лі змову, каб падлаві́ць Яго на слове.

16І пасыла́юць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, ка́жучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзі́вы, і шля́ху Божаму па праўдзе ву́чыш, і не стараешся дагадзі́ць каму-небудзь, бо не глядзіш на аблі́чча людзе́й.

17Дык вось скажы нам: як Табе здае́цца? дазволена даваць пада́так ке́сару ці не?

18Іісус жа, зразумеўшы зламы́снасць іх, сказаў: што́ спакуша́еце Мяне, крываду́шнікі?

19Пакажы́це Мне манету, якою пла́ціцца пада́так. Яны прыне́слі Яму дына́рый.

20І Ён кажа ім: чыя гэта выя́ва і на́дпіс?

21Кажуць Яму: ке́сара. Тады кажа ім: дык вось, аддавайце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу.

22Пачуўшы гэта, яны здзіві́ліся і, пакінуўшы Яго, адышлі́.

23У той дзень падышлі́ да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасе́ння, і спыталі Яго:

24Настаўнік! Маісей сказаў: “калі хто памрэ, не ма́ючы дзяцей, то няхай возьме брат яго жонку яго і адро́дзіць се́мя брату свайму”.

25Было ў нас сем братоў; і першы, ажаніўшыся, памёр і, не ма́ючы се́мені, пакінуў жонку сваю брату свайму.

26Гэтакса́ма і другі, і трэці, аж да сёмага.

27А пасля ўсіх паме́рла і жонка.

28Дык вось, ва ўваскрасе́нні, катораму з сямі будзе яна жонкаю? бо ўсе ме́лі яе.

29Іісус сказаў ім у адказ: памыля́ецеся, не ве́даючы ні Пісанняў, ні сілы Божае.

30Бо ва ўваскрасе́нні не жэняцца і не выходзяць замуж, а жывуць, як Ангелы Божыя на нябёсах.

31А пра ўваскрасе́нне мёртвых хіба́ не чыталі вы ска́занага вам Богам:

32“Я Бог Аўраа́ма, і Бог Ісаа́ка, і Бог Іа́кава”? Бог не ёсць Бог мёртвых, а жывых.

33І, пачуўшы, народ здзіўляўся вучэнню Яго.

34А фарысеі, пачуўшы, што Ён зму́сіў садукеяў замаўча́ць, сабра́ліся разам.

35І спытаўся адзін з іх, законнік, спакуша́ючы Яго і ка́жучы:

36Настаўнік! якая за́паведзь найбо́льшая ў законе?

37Іісус жа сказаў яму: “узлюбі́ Госпада Бога твайго ўсім сэ́рцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуме́ннем тваім”.

38Гэта першая і найбо́льшая за́паведзь.

39А другая падо́бная да яе: “узлюбі́ бліжняга твайго, як само́га сябе”.

40На гэтых дзвюх за́паведзях грунту́ецца ўвесь закон і прарокі.

41Калі ж сабра́ліся фарысеі, запыта́ў у іх Іісус:

42што вы ду́маеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.

43Кажа ім: як жа Давід па натхне́нню Духа Госпадам Яго называе, калі кажа:

44“сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі́ правару́ч Мяне, пакуль пакладу́ ворагаў Тваіх у падно́жжа ног Тваіх”?

45Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, я́к гэта Ён сын яму?

46І ніхто не мог адказа́ць Яму ні слова; і не смеў ужо ніхто з таго дня задаваць Яму пытанні.

 

Раздзел 23

1Тады Іісус прамовіў да народу і да вучняў Сваіх,

2ка́жучы: на Маісеевым паса́дзе селі кніжнікі і фарысеі.

3Дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, захоўвайце і рабіце; а паводле ўчынкаў іхніх не рабіце, бо яны гавораць, ды не робяць.

4Яны звя́зваюць цяжа́ры вялікія і непасі́льныя і ўсклада́юць на плечы лю́дзям, а самі не хочуць і пальцам зру́шыць іх.

5Усе справы свае яны робяць дзе́ля таго, каб бачылі іх людзі; пашыра́юць філактэ́рыі свае ды павялічваюць кутасы́ на адзенні сваім.

6Лю́бяць таксама узляжа́ць напе́радзе на гасцінах, і напе́радзе сядзе́ць у сінагогах,

7і каб віталі іх на плошчах, і каб людзі клі́калі іх: “вучыцель! вучыцель!”

8А вы не называйцеся вучы́целямі, бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос, а ўсе вы — браты́.

9І айцом сваім не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах.

10І не называ́йцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.

11Бо́льшы з вас няхай будзе вам слугою.

12Бо хто ўзвыша́е сябе, той прыні́жаны будзе; а хто прыніжа́е сябе, будзе ўзвы́шаны.

13Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што зачыня́еце Царства Нябеснае перад людзьмі́; бо самі не ўвахо́дзіце і тым, што ўвахо́дзяць, не даяце́ ўвайсці́.

14Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што паяда́еце дамы́ ўдоў і напака́з доўга моліцеся: за тое пры́меце тым большае асуджэ́нне.

15Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што прахо́дзіце мора і су́шу, каб прыдба́ць хоць аднаго новага верніка; і калі гэта адбываецца, вы ро́біце яго сы́нам гее́ны, удвая́ горшым за вас.

16Го́ра вам, павадыры́ сляпыя, што кажаце: “калі хто пакляне́цца храмам, гэта нічога; а калі хто пакляне́цца золатам храма, то вінаваты”.

17Неразумныя і сляпыя! што большае: золата ці храм, які асвячае золата?

18І яшчэ ка́жаце: “калі хто пакляне́цца ахвя́рнікам, гэта нічога; а калі хто пакляне́цца да́рам, які на ім, то вінава́ты”.

19Неразумныя і сляпыя! што бо́льшае: дар ці ахвя́рнік, які асвяча́е дар?

20Дык вось, хто кляне́цца ахвя́рнікам, той кляне́цца ім і ўсім, што на ім;

21і хто кляне́цца храмам, той кляне́цца ім і Тым, Хто жыве́ ў ім;

22і хто кляне́цца небам, той кляне́цца Прастолам Божым і Тым, Хто сядзі́ць на ім.

23Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што даяце́ дзесяціну з мя́ты, ані́су і кме́ну, і адкінулі больш важнае ў законе: суд, міласць і веру; і гэта трэба было рабіць, і таго не пакіда́ць.

24Павадыры́ сляпыя, што адцэ́джваеце камара́, а вярблю́да праглына́еце!

25Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што ачышча́еце зво́нку ча́шы і мі́сы, а усярэ́дзіне яны поўныя хці́васці і няўстры́манасці.

26Фарысей сляпы! ачысці перш сярэ́дзіну ча́шы і мі́сы, каб і звонку яны былі́ чыстымі.

27Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што робіцеся падобнымі да пабе́леных магіл, якія зво́нку здаюцца прыгожымі, а ўсярэ́дзіне поўныя касцей мерцвякоў і ўсялякага бруду;

28так і вы знешне здаяце́ся лю́дзям праведнымі, а ўсярэ́дзіне поўныя крываду́шнасці і беззаконня.

29Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што будуеце грабні́цы прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам,

30і кажаце: “калі б мы жылі́ ў дні бацькоў нашых, то не былі́ б саўдзе́льнікамі іх у праліцці́ крыві прарокаў”;

31гэтым вы самі све́дчыце су́праць сябе, што вы сыны́ тых, якія забілі прарокаў.

32Дапаўняйце і вы меру бацькоў вашых.

33Зме́і, адро́ддзе яхі́дніна! як пазбе́гнеце вы асуджэ́ння на гее́ну?

34Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрацоў, і кніжнікаў; і некаторых з іх вы заб’яце́ і распняце́, а некаторых будзеце біць у сінагогах вашых і гнаць з горада ў горад;

35каб прыйшла на вас уся кроў праведная, пралі́тая на зямлі, ад крыві́ Авеля праведнага да крыві́ Заха́рыі, сына Варахі́евага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам.

36Праўду кажу вам: усё гэта пры́йдзе на род гэты.

37Іерусаліме, Іерусаліме, які забіваеш прарокаў і каме́ннем пабіва́еш пасла́ных да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка збірае птушанят сваіх пад кры́лы, і вы не захацелі!

38Вось, пакіда́ецца вам дом ваш пусты.

39Бо кажу вам: не ўбачыце Мяне з гэтага часу, пакуль не ўсклікнеце: “благаславёны Той, Хто прыхо́дзіць ў імя́ Гасподняе!”

 

Раздзел 24

1І, выйшаўшы, Іісус ішоў ад храма. І падышлі вучні Яго, каб паказаць Яму збудава́нні храма.

2Іісус жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Праўду кажу вам: не застане́цца тут ка́меня на ка́мені; усё будзе зруйнава́на.

3Калі ж сядзеў Ён на гары Елеонскай, падышлі да Яго вучні асобна, гаворачы: скажы нам, калі гэта будзе? і якое знаме́нне Твайго прышэ́сця і сканчэ́ння веку?

4І ў адказ Іісус сказаў ім: сцеражы́цеся, каб хто вас не ўвёў у зман.

5Бо многія пры́йдуць пад і́мем Маім і будуць казаць: “я Хрыстос”, — і многіх увядуць у зман.

6Пачуеце таксама пра войны і чуткі аб войнах. Глядзіце, не жаха́йцеся; бо павінна ўсё тое быць. Але гэта яшчэ не канец.

7Бо паўста́не народ на народ і царства на царства; і будзе голад і мор, і землятру́сы ме́сцамі.

8А ўсё гэта — пачатак пакут.

9Тады будуць аддаваць вас на му́кі і забіваць вас; і вы будзеце зненаві́джаныя ўсімі народамі за імя́ Маё.

10І тады спаку́сяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць, і ўзненаві́дзяць адзін аднаго.

11І многія лжэпрарокі паўста́нуць і ўвядуць у зман многіх.

12І з-за памнажэ́ння беззаконня астыне любоў у многіх.

13А хто вы́церпіць да канца, той спасёны будзе.

14І прапаве́дана будзе гэтае Ева́нгелле Царства па ўсім свеце, дзе́ля све́дчання ўсім народам; і тады пры́йдзе канец.

15Дык вось, калі ўбачыце мярзо́ту спусташэ́ння, пра якую ска́зана Даніілам прарокам і якая паўста́не на святым месцы, — хто чытае, няхай разумее, —

16тады тыя, што ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы;

17і хто на да́ху, няхай не спуска́ецца, каб узяць што-небудзь з дому свайго;

18і хто ў полі, няхай не вярта́ецца назад, каб узяць вопратку сваю.

19Го́ра ж цяжа́рным і тым, што кормяць грудзьмі́, у тыя дні!

20Маліцеся, каб не зда́рыліся ўцёкі вашы зімою, а таксама ў суботу.

21Бо тады будзе вялікае лі́ха, якога не было́ ад пачатку свету да гэтага часу, і не будзе.

22І калі б не былі́ скаро́чаны тыя дні, то не ўратава́лася б ніякая плоць; але дзе́ля абра́ных будуць скаро́чаны тыя дні.

23Тады, калі хто скажа вам: “вось, тут Хрыстос” альбо: “там”, — не верце.

24Бо паўста́нуць ілжэхрысты́ ды лжэпрарокі і дадуць знаме́нні вялікія і цуды, каб увесці ў зман, калі магчыма, і абра́ных.

25Вось, Я наперад сказаў вам.

26Таму, калі скажуць вам: “вось Ён у пустыні”, — не выходзьце; “вось, Ён у патайны́х пакоях”, — не верце.

27Бо, як маланка блі́скае з усходу і відна́ бывае аж да за́хаду, такім будзе прышэ́сце Сына Чалавечага.

28Бо дзе будзе труп, там збяруцца арлы.

29І адразу, пасля лі́ха дзён тых, сонца паме́ркне, і месяц не дасць святла свайго, і зоркі спаду́ць з неба, і сілы нябесныя пахісну́цца.

30І тады я́віцца знаме́нне Сына Чалавечага на небе; і тады зарыдаюць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісці на воблаках нябесных з сілаю і славаю вялікаю.

31І пашле Ангелаў Сваіх з трубою гучнагало́саю, і збяруць абра́ных Яго ад чатырох вятроў, ад краю нябёсаў да краю іх.

32Ад смакоўніцы навучы́цеся праз параўнанне: калі голле яе ўжо мякчэ́е і пускае лі́сце, вы ведаеце, што блізка лета;

33так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.

34Праўду кажу вам: не міне́ род гэты, як усё гэта будзе.

35Неба і зямля міну́ць, а словы Мае не міну́ць.

36А пра дзень той і гадзі́ну ніхто не ведае, нават Ангелы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін.

37Але як было́ ў дні Ноя, так будзе і ў прышэсце Сына Чалавечага:

38бо як у дні перад патопам елі, пілі́, жаніліся і выхо́дзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,

39і не разумелі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, — так будзе і прышэсце Сына Чалавечага.

40Тады будуць двое на полі: адзін будзе ўзя́ты, а другі пакі́нуты;

41дзве будуць малоць у жорнах: адна будзе ўзя́та, а другая пакі́нута.

42Дык будзьце пі́льныя, бо не ведаеце, у якую гадзі́ну Гасподзь ваш пры́йдзе.

43Але тое вы знайце, што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту пры́йдзе зло́дзей, дык не спаў бы і не дазволіў бы падкапа́ць дом свой.

44Таму і вы будзьце гатовы, бо ў час, пра які не думаеце, Сын Чалавечы пры́йдзе.

45Хто ж ёсць верны і разумны раб, якога гаспадар яго паставіў над слу́гамі сваімі, каб даваў ім ежу ў свой час?

46Блажэ́нны той раб, якога гаспадар яго, прыйшоўшы, заста́не, што ён робіць так.

47Праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёю паставіць яго.

48А калі скажа ліхі́ раб той у сэ́рцы сваім: “не хутка пры́йдзе гаспадар мой”,

49і пачне біць тава́рышаў сваіх, і есці і піць з п’яніцамі, —

50то пры́йдзе гаспадар раба́ таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзі́ну, якой ён не ведае,

51і рассячэ́ яго напала́м, і вы́значыць яму адзін лёс з крываду́шнымі; там будзе плач і скры́гат зубоў.

 

Раздзел 25

1Тады падобна будзе Царства Нябеснае да дзесяці дзеў, якія, узя́ўшы свяці́льнікі свае, выйшлі насу́страч жаніху.

2Пяць з іх было мудрых і пяць неразумных.

3Неразумныя, узя́ўшы свяці́льнікі свае, не ўзялі́ з сабою алею;

4а мудрыя ўзялі́ алею ў пасу́дзінах разам са свяці́льнікамі сваімі.

5І паколькі жаніх затрымаўся, то задрама́лі ўсе і паснулі.

6Але апо́ўначы крык пачуўся: “вось, жаніх ідзе, выходзьце насу́страч яму”.

7Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі свяці́льнікі свае.

8А неразумныя мудрым сказалі: “дайце нам алею вашага, бо свяці́льнікі нашы га́снуць”.

9Мудрыя ж сказалі ў адказ: “каб не зда́рылася, што не хопіць і ў нас, і ў вас, ідзіце лепш да прадаўцоў і купі́це сабе”.

10Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былі́ гатовы, увайшлі з ім на вяселле, і зачы́нены былі́ дзверы.

11Пасля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: “гаспадар! гаспадар! адчыні нам”.

12Ён жа сказаў ім у адказ: “праўду кажу вам: не ведаю вас”.

13Дык вось, будзьце пі́льныя; бо не ведаеце ні дня, ні гадзі́ны, калі пры́йдзе Сын Чалавечы.

14Гэтак і чалавек нейкі, адыхо́дзячы, паклі́каў рабоў сваіх і даручы́ў ім маёмасць сваю:

15і аднаму даў пяць тала́нтаў, другому два, іншаму адзін, кожнаму па сіле яго; і адразу адышоў.

16Той, хто атрымаў пяць тала́нтаў, пайшоў, уклаў іх у справу і набыў другія пяць тала́нтаў.

17Таксама і той, з двума, набыў другія два.

18А той, хто атрымаў адзін тала́нт, пайшоў і закапа́ў яго ў зямлю́ і схаваў серабро гаспадара́ свайго.

19Па доўгім часе прыхо́дзіць гаспадар рабоў тых і право́дзіць з імі разлі́кі.

20І той, хто атрымаў пяць талантаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талантаў і кажа: “Гаспадар! пяць тала́нтаў ты даў мне; вось, другія пяць тала́нтаў я набыў на іх”.

21Сказаў жа яму гаспадар яго: “добра, раб добры і верны! у малы́м ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара́ твайго”.

22Падышоў таксама і той, што атрымаў два тала́нты, і сказаў: “гаспадар! два тала́нты ты даў мне; вось, другія два тала́нты я набыў на іх”.

23Сказаў жа яму гаспадар яго: “добра, раб добры і верны! у малы́м ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара́ твайго”.

24Падышоў і той, што атрымаў адзін тала́нт, і сказаў: “гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе не сеяў, і збіраеш, дзе не рассыпа́ў;

25і, пабая́ўшыся, я пайшоў і схаваў тала́нт твой у зямлі́; вось табе тваё”.

26Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: “ліхі́ раб і лянівы! ты ведаў, што я жну, дзе не сеяў, і збіраю, дзе не рассыпа́ў;

27таму трэба было табе аддаць серабро маё мяня́лам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам.

28Дык вось, вазьміце ў яго тала́нт і дайце таму, хто ма́е дзесяць тала́нтаў,

29бо кожнаму, хто ма́е, будзе да́дзена і памно́жыцца, а ў таго, хто не ма́е, ады́мецца і тое, што ма́е.

30А нягоднага раба вы́кіньце ў це́мру знешнюю; там будзе плач і скры́гат зубоў”. (Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!)

31Калі ж пры́йдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе святыя Ангелы з Ім, тады сядзе на прастоле славы Сваёй,

32і збяруцца перад Ім усе народы; і Ён аддзе́ліць адных ад другіх, як пастух аддзяля́е авечак ад казлоў;

33і паставіць авечак па правы бок ад Сябе, а казлоў — па левы.

34Тады скажа Цар тым, якія па правы бок ад Яго: “Прыйдзі́це, благаславёныя Айца Майго, прымі́це ў спа́дчыну Царства, угатава́нае вам ад стварэ́ння свету:

35бо быў галодны Я, і вы далі́ Мне есці; быў сасмя́глы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі́ Мяне;

36быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адве́далі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.

37Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: “Госпадзі! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі́ альбо сасмя́глага і напаілі?

38Калі ж мы бачылі Цябе пры́шлага і прынялі́? альбо голага і адзелі?

39Калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да Цябе?”

40І Цар скажа ім у адказ: “праўду кажу вам: тое, што зрабілі вы аднаму з братоў Маіх ме́ншых, Мне зрабілі“.

41Тады скажа і тым, якія па левы бок: “ідзіце ад Мяне, пракля́тыя, у агонь вечны, угатава́ны дыявалу і ангелам яго:

42бо быў галодны Я, і вы не далі́ Мне есці; быў сасмя́глы, і вы не напаілі Мяне;

43быў прышлы, і не прынялі́ Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; быў хворы і быў у цямніцы, і вы не адве́далі Мяне”.

44Тады і яны скажуць Яму ў адказ: “Госпадзі, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасмя́глага, альбо пры́шлага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?”

45Тады скажа ім у адказ: “праўду кажу вам: таго, што вы не зрабілі аднаму з гэтых ме́ншых, Мне не зрабілі“.

46І пойдуць гэтыя на му́ку вечную, а праведнікі ў жыццё вечнае.

 

 

Раздзел 26

1І ста́лася: калі скончыў Іісус усе словы гэтыя, то сказаў вучням Сваім:

2вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы вы́дадзены будзе на распя́цце.

3Тады сабра́ліся першасвятары́, і кніжнікі, і старэйшыны народа ў двор першасвятара́, якога звалі Каіа́фа,

4і дамовіліся ўзяць Іісуса хітрасцю і забіць.

5Але казалі: толькі не ў свята, каб не ўзнікла абурэ́нне ў народзе.

6Калі ж Іісус быў у Віфа́ніі, у доме Сі́мана пракажонага,

7прыступі́ла да Яго жанчына з алеба́стравай пасу́дзінай мі́ра шматкашто́ўнага і ўзліва́ла Яму на галаву́, калі Ён узляжа́ў за сталом.

8Убачыўшы, вучні Яго абу́рыліся і казалі: навошта такая тра́та?

9Бо можна было́ б прадаць гэтае мі́ра за вялікія грошы і даць убогім.

10Але Іісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: навошта бянтэ́жыце жанчыну? яна добрую справу зрабіла для Мяне;

11бо ўбогіх вы заўсёды ма́еце з сабою, а Мяне не заўсёды ма́еце.

12Бо ўзліўшы гэтае мі́ра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахава́ння.

13Праўду кажу вам: дзе толькі будзе прапаве́дана Ева́нгелле гэтае ва ўсім свеце, ска́зана будзе і пра тое, што́ зрабіла яна, у памяць аб ёй.

14Тады адзін з двана́ццаці, якога звалі Іуда Іскарыёт, пайшоўшы да першасвятароў,

15сказаў: што вы дасце́ мне, і я вам вы́дам Яго? Яны прапанава́лі яму трыццаць срэ́бранікаў.

16І з таго часу ён шукаў нагоды вы́даць Яго.

17У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Іісуса і сказалі Яму: дзе хочаш, каб мы прыгатава́лі Табе есці пасху?

18Ён жа сказаў: ідзіце ў горад да такога і такога чалавека і скажыце яму: “Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе спра́ўлю пасху з вучнямі Маімі”.

19І зрабілі вучні, як загадаў ім Іісус, і прыгатава́лі пасху.

20Калі ж звечарэ́ла, Ён узлёг з двана́ццацю вучнямі.

21І, калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас вы́дасць Мяне.

22Яны вельмі засмуці́ліся і пачалі́ гаварыць Яму, кожны з іх: ці не я, Госпадзі?

23А Ён сказаў у адказ: хто апусціў са Мною руку́ ў блю́да, той вы́дасць Мяне.

24Зрэ́шты, Сын Чалавечы ідзе, як напі́сана пра Яго; але го́ра таму чалавеку, які выдае́ Сына Чалавечага: лепш было б таму чалавеку не радзі́цца.

25У адказ жа Іуда, які меў вы́даць Яго, сказаў: ці не я, Равві́? Іісус кажа яму: ты сказаў.

26А калі яны елі: Іісус, узяўшы хлеб і благаславіўшы, пераламі́ў і, раздаючы́ вучням, сказаў: прыміце, ежце: гэта Цела Маё.

27І, узяўшы чашу, узнёс падзяку, пада́ў ім і сказаў: пі́це з яе ўсе,

28бо гэта Кроў Мая́ новага запавету, якая за многіх праліва́ецца дзе́ля адпушчэ́ння грахоў.

29Кажу ж вам, што з гэтага часу не буду піць ад пло́ду гэтага вінагра́днага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.

30І, праспява́ўшы хвалу́, яны пайшлі на гару Елеонскую.

31Тады кажа ім Іісус: усе вы ўсумніце́ся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напі́сана: “паражу́ пастыра, і рассе́юцца авечкі ста́да”.

32Пасля ж уваскрасе́ння Майго Я апярэ́джу вас у Галілеі.

33У адказ Пётр сказаў Яму: калі і ўсе ўсумня́цца ў Табе, я не ўсумню́ся.

34Сказаў яму Іісус: праўду кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэ́шся ад Мяне.

35Кажа Яму Пётр: калі б мне трэба было і паме́рці з Табою, не адраку́ся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.

36Потым прыхо́дзіць з імі Іісус у мясціну, званую Гефсіма́нія, і кажа вучням: пасядзіце тут, пакуль Я пайду памалюся там.

37І, узяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзе́евых, пачаў смуткава́ць і тужы́ць.

38Тады кажа ім Іісус: душа Мая́ смуткуе смяротна; пабудзьце тут са Мною і не спі́це.

39І, адышоўшы крыху́, прыпаў тварам Сваім да зямлі, маліўся і казаў: Ойча Мой! калі магчыма, няхай абміне́ Мяне чаша гэтая; але не як Я хачу, а як Ты.

40І прыхо́дзіць да вучняў і знахо́дзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: няўжо не маглі вы і адной гадзі́ны патрыва́ць са Мною?

41Не спі́це і маліцеся, каб не ўпа́сці ў спакусу: дух бадзёры, а плоць не́мачная.

42І зноў, другі раз адышоўшы, маліўся, ка́жучы: Ойча Мой! калі не можа чаша гэтая абміну́ць Мяне, каб Мне не піць яе, няхай будзе воля Твая.

43І, прыйшоўшы, знайшоў, што зноў яны спяць, бо ў іх вочы ацяжэ́лі.

44І, пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэці раз, тое самае слова сказаўшы.

45Тады прыхо́дзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсё яшчэ спіце́ і спачыва́еце; вось, наблізілася гадзі́на, і Сын Чалавечы аддае́цца ў ру́кі грэшнікаў.

46Уставайце, хадзе́м; вось наблізіўся той, хто выдае́ Мяне.

47І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Іуда, адзін з двана́ццаці, прыйшоў, і з ім мноства людзей з мяча́мі і кала́мі, ад першасвятаро́ў і старэйшын народа.

48А той, хто выдава́ў Яго, даў ім знак, ка́жучы: Каго я пацалую, Той і ёсць, вазьмі́це Яго.

49І, адразу падышоўшы да Іісуса, сказаў: радуйся, Равві́! І пацалаваў Яго.

50Іісус жа сказаў яму: дру́жа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі́, і ўскла́лі ру́кі на Іісуса, і ўзялі́ Яго.

51І вось, адзін з тых, што былі́ з Іісусам, працягнуўшы руку́, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасвятаро́вага, адсе́к яму вуха.

52Тады кажа яму Іісус: вярні меч твой у месца яго, бо ўсе, хто возьме меч, ад мяча і загі́нуць.

53Ці ты думаеш, што Я не магу цяпер упрасі́ць Айца Майго, каб Ён даў Мне больш за дванаццаць легіёнаў Ангелаў?

54Як жа збудуцца Пісанні, што так павінна быць?

55У той час сказаў Іісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы з мяча́мі і кала́мі, каб узяць Мяне́ кожны дзень з вамі сядзеў Я, ву́чачы ў храме, і вы не ўзялі́ Мяне.

56А ўсё гэта было́, каб збылі́ся пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцяка́лі.

57А тыя, што ўзялі́ Іісуса, прывялі Яго да Каіа́фы першасвятара́, куды сабра́ліся кніжнікі і старэйшыны.

58Пётр жа ішоў следам за Ім воддаль, да двара першасвятаро́вага; і, увайшоўшы ўсярэ́дзіну, сеў са слу́гамі, каб бачыць канец.

59Першасвятары́, і старэйшыны, і ўвесь сінедрыён шукалі лжывага све́дчання су́праць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць,

60і не знахо́дзілі; і хоць шмат ілжы́вых све́дкаў прыхо́дзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжы́выя све́дкі

61і сказалі: Ён гаварыў: “магу разбуры́ць храм Божы і за тры дні збудаваць яго”.

62І, устаўшы, першасвятар сказаў Яму: нічога не адказваеш на тое, што яны су́праць Цябе све́дчаць?

63Іісус жа маўчаў. І першасвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывы́м, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?

64Кажа яму Іісус: ты сказаў; нават кажу вам: з гэтага часу ўбачыце Сына Чалавечага, што сядзі́ць правару́ч сілы і пры́йдзе на воблаках нябесных.

65Тады першасвятар разадра́ў адзе́нне сваё і сказаў: Ён блюзне́рыць! якую яшчэ патрэ́бу мы маем у све́дках? вось, цяпер вы чулі блюзне́рства Яго!

66як вам здаецца? Яны ж сказалі ў адказ: Ён ва́рты смерці.

67Тады плявалі Яму ў твар і штурха́лі Яго; а некаторыя білі па шчо́ках

68і казалі: скажы нам, Хрысце́, хто ўдарыў Цябе?

69А Пётр сядзеў зво́нку на двары. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў з Іісусам Галіле́янінам.

70Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: не ведаю, што́ ты кажаш.

71А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, якія былі́ там: і гэты быў з Іісусам Назарэ́ем.

72І зноў адрокся ён з клятвай: я не ведаю Гэтага Чалавека.

73Крыху пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды́ і ты з іх, бо і гаворка твая выдае́ цябе.

74Тады ён пачаў кля́сціся і бажы́цца: я не ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа заспяваў певень.

75І ўспомніў Пётр словы Іісуса, Які сказаў яму: перш чым заспявае певень, ты тройчы адрачэ́шся ад Мяне. І, выйшаўшы вон, заплакаў горка.

 

Раздзел 27

1Калі ж настала раніца, усе першасвятары́ і старэйшыны народа зрабілі нара́ду су́праць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць;

2і, звяза́ўшы Яго, павялі і перадалі́ Яго Понцію Пілату, праві́целю.

3Тады Іуда, які выдаў Яго, убачыўшы, што асудзілі Яго, і раска́яўшыся, аддаў трыццаць срэ́бранікаў першасвятара́м і старэйшынам,

4ка́жучы: саграшыў я, прада́ўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што́ нам да таго? глядзі сам.

5І, кінуўшы срэ́бранікі ў храме, ён выйшаў; і, пайшоўшы, павесіўся.

6Першасвятары́, узяўшы срэ́бранікі, сказалі: не дазваляецца кла́сці іх у храмавую ска́рбніцу, бо гэта цана́ крыві́.

7І, зрабіўшы нара́ду, яны купілі на іх поле ганчара для пахава́ння чужы́нцаў.

8Таму і называецца поле тое “полем крыві́” па сённяшні дзень.

9Тады збыло́ся ска́занае праз прарока Іерамі́ю, які кажа: “і ўзялі́ трыццаць срэ́бранікаў, цану́ Ацэ́ненага, Якога ацані́лі сыны́ Ізра́ілевы,

10і далі́ іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь”.

11Іісус жа стаў перад праві́целем. І запыта́ў у Яго праві́цель, ка́жучы: Ты Цар Іудзейскі? Іісус жа сказаў яму: ты кажаш.

12І калі абвінава́чвалі Яго першасвятары́ і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.

13Тады кажа Яму Пілат: хіба́ не чуеш, колькі све́дчаць су́праць Цябе?

14І Ён не адказваў яму ні на адно слова, так што праві́цель вельмі здзіўляўся.

15А на свята праві́цель меў звы́чай адпуска́ць народу аднаго вя́зня, якога пажада́юць.

16Быў тады ў іх вядомы вя́зень, званы Вара́вва.

17І вось, калі сабра́ліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я адпусціў вам — Вара́вву ці Іісуса, якога завуць Хрыстом?

18Бо ведаў, што з за́йдрасці вы́далі Яго.

19Тым часам, як сядзеў ён на судзейскім узвышэ́нні, яго жонка паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёння ў сне шмат паку́тавала з-за Яго.

20Але першасвятары́ і старэйшыны падбухто́рылі натоўп прасіць за Вара́вву, а Іісуса загубі́ць.

21Тады праві́цель сказаў ім у адказ: каго з двух хочаце, каб я адпусціў вам? Яны сказалі: Вара́вву.

22Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць з Іісусам, якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: няхай будзе распя́ты!

23Праві́цель жа сказаў: якое ж Ён зло ўчыні́ў? Але яны яшчэ мацней крычалі: няхай будзе распя́ты!

24Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамага́е, а неспакой нараста́е, узяў вады і ўмыў рукі перад народам, ка́жучы: невінава́ты я ў крыві́ Праведніка Гэтага; глядзіце самі.

25І, адказваючы, увесь народ сказаў: кроў Яго на нас і на дзецях нашых.

26Тады адпусціў ім Вара́вву, а Іісуса, пасля бічава́ння, аддаў на распя́цце.

27Тады воіны праві́целевы, узяўшы Іісуса ў прэторыю, сабра́лі на Яго цэлы полк,

28і, раздзеўшы Яго, надзелі на Яго баграні́цу;

29і, сплёўшы вяне́ц з це́рняў, усклалі на галаву Яго і далі́ Яму ў правую руку́ кій, і, стаўшы перад Ім на калені, глумі́ліся з Яго, ка́жучы: радуйся, Цар Іудзейскі!

30І плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі Яго па галаве.

31І калі наглумі́ліся з Яго, знялі́ з Яго баграніцу і апранулі Яго ў адзенне Ягонае, і павялі Яго на распя́цце.

32Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірыне́яніна, па імені Сі́ман; таго і прыму́сілі не́сці крыж Яго.

33І, прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае “месца чэ́рапа”,

34далі́ Яму піць воцат, змяша́ны з жоўцю; і, пакаштава́ўшы, Ён не захацеў піць.

35Тыя, што распя́лі Яго, дзялі́лі адзе́жу Яго, кі́даючы жэ́рабя;

36і, се́дзячы, вартава́лі Яго там.

37І змясці́лі над галавою Яго надпіс з указаннем віны́ Яго: гэта Іісус, Цар Іудзейскі.

38Тады распя́лі з Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы.

39А тыя, што прахо́дзілі міма, зневажа́лі Яго, ківаючы гало́вамі сваімі

40і ка́жучы: Ты, Які разбураеш храм і за тры дні будуеш! урату́й Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа́.

41Гэтаксама і першасвятары́ з кніжнікамі, і старэйшынамі, і фарысеямі, насміхаючыся, казалі:

42іншых ратава́ў, а Самога Сябе не можа ўратава́ць. Калі Ён Цар Ізра́ілеў, няхай цяпер сы́дзе з крыжа́, і ўверуем у Яго;

43спадзяваўся на Бога: няхай цяпер збавіць Яго, калі Ён уго́дны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.

44Таксама і разбойнікі, распя́тыя з Ім, га́ньбілі Яго.

45Ад шостай жа гадзі́ны цемра была́ па ўсёй зямлі да гадзі́ны дзевятай.

46А каля дзевятай гадзі́ны ўскрыкнуў Іісус моцным голасам, ка́жучы: Ілі́, Ілі́! лама́ савахфані́? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?

47Некато́рыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ілію́ кліча Ён.

48І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў яе воцатам і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць.

49Астатнія ж казалі: чакай, пабачым, ці пры́йдзе Ілія́ ратава́ць Яго.

50Іісус жа, зноў ускры́кнуўшы моцным голасам, спусці́ў дух.

51І вось, заве́са храма разадра́лася напала́м, зверху дані́зу; і зямля страсяну́лася; і ска́лы раскало́ліся;

52і магілы адкрыліся; і многія це́лы спачы́лых святых уваскрэ́слі;

53і, выйшаўшы з магіл пасля ўваскрасе́ння Яго, ўвайшлі ў святы́ горад і яві́ліся многім.

54Сотнік жа і тыя, што з ім вартавалі Іісуса, ба́чачы землетрасе́нне і ўсё, што адбыло́ся, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды́ Ён быў Сын Божы.

55Былі́ там і глядзелі здалёк многія жанчыны, тыя, што пайшлі за Іісусам з Галілеі і служы́лі Яму;

56сярод іх былі́ Марыя Магдалі́на і Марыя, маці Іакава і Іасі́і, і маці сыноў Зевядзе́евых.

57Калі ж звечарэ́ла, прыйшоў багаты чалавек з Арымафе́і, па імені Іосіф, які і сам быў вучнем Іісуса;

58ён, прыйшоўшы да Пілата, папрасіў це́ла Іісусава. Тады Пілат загадаў аддаць це́ла.

59І, ўзяўшы це́ла, Іосіф абгарну́ў яго чыстаю плашчані́цаю

60і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую вы́сек у скале́; і, прывалі́ўшы вялікі ка́мень да дзвярэй магілы, адышоў.

61Была́ ж там Марыя Магдалі́на і другая Марыя, якія сядзелі насу́праць магілы.

62На другі дзень, насту́пны пасля пятніцы, сабра́ліся першасвятары́ і фарысеі да Пілата

63і казалі: спада́р! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы́, сказаў: “праз тры дні ўваскрэ́сну”.

64Дык вось, загадай вартаваць магілу да трэцяга дня, каб вучні Яго, прыйшоўшы ўначы́, не ўкралі Яго і не сказалі народу: “уваскрэс з мёртвых”. І будзе апошняе ашуканства горшым за першае.

65Пілат жа сказаў ім: маеце ва́рту; ідзіце, ахоўвайце, як знаеце.

66Яны пайшлі і сталі ахоўваць магілу, прыклаўшы да ка́меня пячаць і паставіўшы ва́рту.

 

Раздзел 28

1Калі ж міну́ла субота, на світа́нні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалі́на і другая Марыя паглядзе́ць магілу.

2І вось, адбыло́ся вялікае землетрасе́нне: бо Ангел Гасподні, які сышоў з неба, прыступі́ўшы, адваліў ка́мень ад увахода ў магілу і сядзеў на ім.

3Выгляд жа яго быў, як маланка, і ўбра́нне яго белае, як снег.

4І ад страху перад ім затрымце́лі вартаўнікі́ і зрабіліся, як мёртвыя.

5Ангел жа, прамаўля́ючы да жанчын, сказаў: не бойцеся вы; бо ведаю, што вы Іісуса распя́тага шукаеце.

6Яго няма тут; Ён уваскрэс, як і казаў. Падыдзі́це, паба́чце месца, дзе ляжаў Гасподзь.

7І хутка ідзіце, скажы́це вучням Яго, што Ён уваскрэс з мёртвых і будзе раней за вас у Галіле́і; там Яго ўбачыце. Вось, я сказаў вам.

8І, пайшоўшы хутка ад магілы, яны са страхам і радасцю вялікаю пабеглі абвясці́ць вучням Яго.

9Калі ж ішлі яны абвясці́ць вучням Яго, то вось, Іісус сустрэў іх і сказаў: радуйцеся! І яны, прыступіўшы, абхапі́лі ногі Яго і паклані́ліся Яму.

10Тады кажа ім Іісус: не бойцеся; ідзіце, абвясці́це брата́м Маім, каб пайшлі ў Галіле́ю, і там яны ўбачаць Мяне.

11А пакуль яны ішлі, некаторыя з варты, прыйшоўшы ў горад, паве́дамілі першасвятара́м пра ўсё, што адбыло́ся.

12І тыя, сабраўшыся са старэйшынамі і зрабіўшы нара́ду, няма́ла грошай далі́ воінам,

13ка́жучы: скажы́це, што вучні Яго, уначы́ прыйшоўшы, укралі Яго, калі мы спалі.

14І калі чуткі пра гэта дойдуць да праві́целя, мы перакана́ем яго, і вас ад непрые́мнасці пазба́вім.

15Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі так, як наву́чаны былі́. І пране́слася слова гэтае сярод Іудзеяў аж да сённяшняга дня.

16Адзіна́ццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару́, куды загадаў ім Іісус.

17І, убачыўшы Яго, паклані́ліся Яму; а іншыя ўсумні́ліся.

18І, прыступіўшы, Іісус сказаў ім: да́дзена Мне ўся ўлада на небе і на зямлі:

19дык ідзіце, навучы́це ўсе народы, хры́сцячы іх у імя́ Айца, і Сына, і Святога Духа,

20ву́чачы іх выконваць усё, што Я запаве́даў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэ́ння веку. Амінь.




Крыніца: sppsobor.by
Пераклад: Біблейская камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы (МП)

Беларуская Палічка: http://knihi.com