Трэцяе Пасланне святога Яна

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-15)


1 (1-15)

1Старэйшы умілаванаму Гаю, якога я люблю ў праўдзе.

2Умілаваны, малюся, каб ты быў здаровы і каб ва ўсім шчасціла табе, як шчасціць твёй душы. 3Я вельмі ўзрадаваўся, калі прыйшлі браты і засведчылі пра тваю праўду і што ты паступаеш па праўдзе. 4Для мяне няма большай радасці, як чуць, што мае дзеці жывуць у праўдзе.

5Умілаваны, ты паступаеш згодна з вераю ў тым, што робіш для братоў і чужаземцаў. 6Яны засведчылі перад Касцёлам пра тваю любоў. Калі адправіш іх па-Божаму, добра зробіш. 7Бо дзеля імя Хрыстовага яны пайшлі, нічога не беручы ад язычнікаў. 8Таму мы павінны прымаць такіх людзей, каб стаць супрацоўнікамі праўды.

9Я напісаў ужо Касцёлу, але Дыятрэф, што любіць першынство сярод іх, не прымае нас. 10Таму, калі прыйду, узгадаю яго ўчынкі, якія робіць, зласловячы нас. Не задавольваючыся гэтым, і сам не прымае братоў, і забараняе тым, хто хоча прымаць, ды выганяе іх з Касцёла.

11Умілаваны, не наследуй зло, але дабро. Хто чыніць дабро, той ад Бога, а хто чыніць зло, той не бачыў Бога.

12Пра Дыметрыя ўсе сведчаць, нават сама праўда. І мы сведчым, а ты ведаеш, што сведчанне нашае праўдзівае.

13Пра многае меў напісаць табе, але не хацеў пісаць атрамантам і пяром, 14бо спадзяюся хутка ўбачыць цябе і паразмаўляць з табою.

15Спакой табе. Вітаюць цябе сябры. І ты прывітай сяброў пайменна.




Крыніца: catholic.by
Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Беларуская Палічка: http://knihi.com