epub
 
падключыць
слоўнікі
 

Жыціе Еўфрасінні Полацкай

Прадмова
АПОВЕСЦЬ ЖЫЦЦЯ І СМЕРЦІ СВЯТОЙ І БЛАЖЭННАЙ І НАЙПАДОБНЕЙШАЙ ЕЎФРАСІННІ, ІГУМЕННІ МАНАСТЫРА СВЯТОГА СПАСА І НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ЯГОНАЙ МАЦІ, ШТО Ў ГОРАДЗЕ ПОЛАЦКУ БАГАСЛАВІ, ОЙЧА!


Прадмова

"Жыціе Еўфрасінні Полацкай" узнікла ў канцы ХІІ ці ў першай палове ХІІІ ст. і з’яўляецца асноўнай крыніцай звестак пра дзейнасць і лёс славутай полацкай асветніцы. Аўтар Жыція невядомы, але тэкст дае падставы меркаваць, што ў яго складанні браў удзел "слуга" Еўфрасінні Міхаіл, магчыма, ігумен мужчынскага манастыра, заснаванага падзвіжніцай у Полацку. Неаднаразова выказвалася гіпотэза, што ў Жыціі адлюстраваліся ўласныя малітваслоўныя і павучальныя творы самой Еўфрасінні, укладзеныя аўтарам Жыція ў вусны галоўнай гераіні як яе маналогі і роздумы.

Першапачатковы варыянт тэксту да нашага часу не захаваўся. Налічваецца значна болей за сотню спісаў гэтага твора, старэйшы з якіх датуецца XV cт. (звесткі пра спіс XІV cт. пацвярджэння не маюць). Усе спісы ўкладаюць шэсць рэдакцый, якія адлюстроўваюць уплывы розных пазнейшых літаратурных стыляў і школ, але асноўны фонд гістарычных звестак, моўна-стылёвых і асабліва вобразатворчых формаў і сродкаў з высокай ступенню дакладнасці перадае асаблівасці страчанага арыгінала.

Помнік створаны ў рэчышчы манументальна-гістарычнага стылю і належыць да жанравай разнавіднасці жыцій-біясаў, або "поўных", нескарочаных жыцій-аповесцей, якія выкарстоўваліся ў набажэнстве або чыталіся на манастырскай трапезе. Царкоўна-службовае прызначэнне амаль цалкам падпарадкоўвае сабе змест і паэтыку жыццяпісу Еўфрасінні. Так, складаючы твор, невядомы аўтар грунтаваўся не толькі на рэальна-біяграфічным матэрыяле (які мог ведаць асабіста або ад сучаснікаў), але шырока выкарыстоўваў візантыйскае з паходжання жыціе нябеснай патронкі полацкай князёўны — Еўфрасінні Александрыйскай, а таксама заходнееўрапейскае "Жыціе Аляксея, чалавека Божага", усходнеславянскі "Ізборнік Святаслава" 1076 г. і інш. Вобраз галоўнай гераіні ідэалізаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі агіяграфіі і можа супастаўляцца не з партрэтнай выявай, а з іконай. Складальніка Жыція цікавілі не перапетыі лёсу, прыгоды, рэаліі жыцця гераіні, а тое агульнае для многіх падзвіжнікаў эпохі, у чым, на яго думку, выяўлялася богаабранасць, святасць Еўфрасінні. Таму дзеянне ў творы разгортваецца ў межах трафарэтнай агіяграфічнай схемы, што не замінае, аднак, стварыць прывабныя і не пазбаўленыя жывых рыс вобразы самой Еўфрасінні Полацкай, яе сясцёр, бацькі, братоў, паплечніц, царкоўных уладык, яскрава адлюстраваць асаблівасці менталітэту і духоўных каштоўнасцей сярэднявечнага грамадства. Важнейшымі асаблівасцямі Жыція можна лічыць спробы драматызацыі апавядання шляхам уключэння ў тэкст эмацыйна напружаных дыялогаў герояў, а таксама нетыповую для агіяграфіі таго перыяду псіхалагізацыю. У пэўнай ступені аўтар Жыція часам адыходзіў ад задач стварэння царкоўна-службовага і павучальнага твора. Пад яго пяром узнікалі сапраўдныя рысы рэальных асоб, уся дзейнасць якіх была накіравана на распаўсюджанне асветы ў родным краі.

 

АПОВЕСЦЬ ЖЫЦЦЯ І СМЕРЦІ СВЯТОЙ І БЛАЖЭННАЙ І НАЙПАДОБНЕЙШАЙ ЕЎФРАСІННІ, ІГУМЕННІ МАНАСТЫРА СВЯТОГА СПАСА І НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ЯГОНАЙ МАЦІ, ШТО Ў ГОРАДЗЕ ПОЛАЦКУ БАГАСЛАВІ, ОЙЧА!

Пахвалёны Госпад Бог Ізраіля, Бог Аўраама, Бог Ісаака, Бог Іакава, не мёртвых Бог, але жывых. Праведный бо і пасля смерці жывуць; як кажа Саламон у прыповесцях: "Праведнікі ў вяках жывуць, і ад Госпада іх узнагарода, і клопат пра іх ад Усявышняга". Таму атрымаюць яны вянец з рукі Госпада". Так і ёсць. I яшчэ скажам пра іх: "Прыйдзіце ўсе, хто жыве ангельскім жыццём у пустэльнях і ў гарах: старыя — адкінуўшы немач, маладыя — скачучы, быццам алені,— сыдзіцеся ўсе". Хачу бо даць вам трапезу з такіх страваў, каб, паеўшы, узвесялілі вы свае душы. Бо гэтая трапеза ад страваў нятленных — не тая, што дае асалоду гартані і чэрава насычае, але тая, што душу весяліць і розум умацоўвае на добрыя дзеі. Калі будзе хто есці яе, дык, насыціўшыся, болей не ўжадае, як мовіць Пісанне: "Не заморыць голадам Госпад праведных душы". Але вернемся да таго, з чаго пачалі мы аповесць. Вы ж, дабрачынныя слухачы — князі і баяры, царкоўнікі і пачэсныя сонмы святых, што жывуць у манастырах, і простыя людзі,— прыйдзіце на гэтую казань, паслухайце ўважліва, адкрыўшы вушы свае, памякчыўшы нівы сэрцаў вашых, і прыміце ў іх насенне ўратавальнага жыцця найпадобнейшай той, яе подзвігі й працу святую, і любоў да Бога. Скажам спярша пра тое, як яна нарадзілася і гадавалася, як узрасла і як пайшла следам за сваім жаніхом Хрыстом.

Быў у горадзе Полацку князь Усяслаў, і меў жа ён многа сыноў. I быў у яго меншы сын імем Георгій, ад якога і нарадзілася шчаснае тое дзяўчо. I ўзрадаваліся бацькі яе нараджэнню разам з усімі роднымі. А праз колькі дзён наказалі хрысціць яе, і хрысцілі яе ў імя Айца, Сына і Духа Святога. I гадавала яе карміцелька, і расло дзень за днём немаўля, жывячы малаком цела, а душу напаўняючы Духам Святым. I дзяўчына была вельмі здольная да кніжнай навукі, нават не дасягнуўшы яшчэ паўналецця, і было гэта плёнам малітвы. Так любіла вучэнне яна, што дзівіўся бацька яе з любові такой да навук. I па ўсіх гарадах разышлася слава пра яе мудрасць, і добрыя здольнасці да навук, і красу цялесную, бо была яна прыгожая надта абліччам. Хараство ж яе многіх слаўных князёў прыводзіла да бацькі яе: хацеў кожны з іх заручыць яе сыну свайму. I многія часта прасілі згоды на гэта ў бацькі яе, але адказваў той: "Няхай спраўдзіцца воля Госпада!"

Адзін жа з князёў, найбольш слаўны княжэннем сваім і багаццем, паслаўшы да бацькі яе, папрасіў выдаць дачку за сына свайго. I калі споўнілася дзяўчыне дванаццаць гадоў, пачаў казаць бацька яе да княгіні: "Варта аддаць ужо за князя Прадславу" (так бо назвалі яе да хрышчэння). Яна ж адказала: "Хай спраўдзіцца воля Бога і твая, княжа!" Прадслава ж, пачуўшы ўсё тое, падумала,— ці праўдзівей сказаць: Святым Духам напоўніўся розум яе,— і сказала сабе: "Што будзе, калі бацька надумае аддаць мяне замуж? Калі здарыцца так, смутку гэтага свету нельга будзе пазбыцца!" I яшчэ казала сабе: "Што ж учынілі нашыя роды, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула, іхняя слава, быццам прах, горай за павуцінне. Затое жанчыны, што жылі раней і, узяўшы мужчынскую моц, пайшлі следам за сваім Жаніхом, і целы свае аддалі на пакуты, і паклалі галовы пад меч, а іншыя хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але мечам духоўным адсеклі плоцкія асалоды, аддаўшы целы пасту, чуйнаванню і малітоўнаму кленчанню, і ляжанню зямельнаму — тых памятаюць на зямлі, іх імёны напісаныя на нябёсах, дзе яны з ангеламі Бога ўсхваляюць. А слава гэтая — пыл і попел, быццам дым разыходзіцца і нібы пара водная гіне!" Так яна думала ў сэрцы сваім, а розум яе больш узмацняўся на любоў Божую. I адзіная думка легла на сэрца яе, бо казала сабе: "Ці не было б лепей за гэтае жыццё пастрыгчыся ў манашкі і быць пад ігуменняй, і слухацца сёстраў, і вучыцца, як Божы страх сцвердзіць у сэрцы сваім і як скончыць жыццё? " I гэтак вырашыўшы, пайшла ў манастыр пакрыёма ад бацькі і маці і ад усіх родных.

У тыя гады ігуменняю была княгіня Раманава. Прыйшоўшы да яе, Еўфрасіння прасіла, каб дазволіла тая прыняць ёй ангельскі воблік і далучыцца да інакіняў, што жылі там, і быць пад Хрыстоваю ўладай. I ўгледзела шчасная тая жанчына яе маладосць і квітучы ўзрост, і сумелася, і стала пакутаваць целам, і сэрцам жахнулася, і схіліла твар да зямлі, і надоўга ўкленчыла, і схілілася, і ўбачыла маладосць яе, уздыхнула і, плачучы, гэтак сказала: "Дзіця! Як магу я такое ўчыніць? Твой бацька даведаецца і гнеў свой абрыне на маю галаву. Ды і маладая ты яшчэ векам, каб несці цяжар манаскага жыцця. I як здолееш ты пакінуць княжэнне і славу гэтага свету?" I адказвала ёй шчасная тая дзяўчына: "Панна і маці! Усё відочнае на гэтым свеце прыгожае і слаўнае, але хутка мінае, як сон, альбо вяне, бы квет; вечнае ж і невідочнае ў вяках жыве, як гаворыць Пісанне: Вока не бачыць, і вуха не чуе, і на сэрца чалавеку не прыйдзе, што рыхтуе Бог тым, хто любіць Яго. Ці дзеля бацькі майго не хочаш пастрыгчы мяне? Не яго бойся, панна мая, а Бога пабойся, Які ўладарыць над усімі стварэннямі; не пазбаў мяне ангельскага чыну!"

Шчасная ж тая княгіня здзівілася розуму дзяўчыны і яе любові да Бога і загадала выканаць волю яе. I абвясціў яе іерэй, і пастрыг яе, і даў ёй імя Еўфрасіння, і апрануў яе ў чорныя рызы. I багаславіла яе ігумення багаславеннем святых айцоў, гэтак мовячы: "Наследуй, дзіця, жанчынам, што жылі раней цябе: Фяўронні і Еўпраксіі і многім іншым, якія цярпелі дзеля Хрыста, і дасць Госпад табе перамогу і сілу на супраціўніка нашага д'ябла!" I так ёй сказаўшы, адпусціла яе ў сваю келлю.

I калі ўведаў усё тое бацька яе, адразу ж пайшоў у манастыр, і ў роспачы рваў на сабе валасы, і цалаваў дачку замілавана, і казаў: "Гора мне, дзіця маё! Што ж ўчыніла ты мне, прынёсшы душы маёй смутак! Што ж раней не сказала ты мне намеру свайго? Дзіця маё салодкае, жаль агортвае сэрца маё! О гора мне, дзіця маё мілае! Як абміне твая дабрыня спакусы варожыя? Ужо трэба мне плакаць душою маёю аструпянелай да Госпада Бога майго, каб увайшла ты ў Царства Яго!" I смуткаваў па ёй увесь дом яго. Найпадобнейшая ж Еўфрасіння не зважала на смутак бацькі свайго, але, як добры ваяр, узброілася супраць ворага свайго д'ябла, і стала жыць у манастыры ў паслушэнстве ігуменні і ўсім сестрам, і ўсіх пераўзыходзіла ў посце, малітвах, чуйнаванні начным. I з тога часу яшчэ руплівейшаю стала, збіраючы дабрачынныя думкі ў сэрцы сваім, як пчала — мёд у соты.

Так жыла яна нейкі час у манастыры, а пасля папрасіла епіскапа Ілью, што кіраваў пасадам Святой Сафіі ў Полацку, каб той дазволіў ёй жыць у царкве Святой Сафіі ў мураванай келлі. I ён дазволіў ёй жыць там. I яна увайшла туды, і ўчыніла найпадзвіжнейшы подзвіг посту, і пачала пісаць кнігі сваімі рукамі, і прыбытак ад продажу іх аддавала тым, хто быў у нястачы.

Так жыла яна там пэўны час. I ў адну ноч легла яна адпачыць пасля доўгіх стаянняў на малітве да Бога, і ўбачыла праяву: узяў яе ангел і павёў туды, дзе была цэркаўка Святога Спаса, метохія Святой Сафіі, што людзі завуць Сяльцом. I паказаў яе ангел Госпадавы, кажучы так: "Еўфрасіння! Тут належыць быць табе!" Яна ж, абудзіўшыся, вельмі здзівілася, кажучы: "Што гэта значыць?" I ў тую ж ноч бачыла гэтае тройчы. I, абудзіўшыся ад сну, узнялася са страхам, славячы Бога й гаворачы: "Слава Табе, Божа, слава Табе, што даў мне ў гэтую ноч бачыць светлае аблічча ангелава!" I пачала пасля чытаць псалам: "Гатовае сэрца маё, Божа, гатовае сэрца маё! Зноў да Цябе прыбягаю ад чэрава маці маёй! Ты — Бог мой; паводле жадання Свайго ўчыні мне, рабе Сваёй!" I скончыла ютрань.

Той жа ночы явіўся той ангел епіскапу Ілью, кажучы: "Увядзі рабу Божую Еўфрасінню ў цэркаўку Святога Спаса на святым месцы, званым Сяльцом, бо яна вартая Царства Нябеснага; як духмянае міра, узыходзіць да Госпада малітва яе, як вянец на галаве царавай, спачывае на ёй Дух Святы, і як сонца ззяе над усёю зямлёю, так праззяе жыццё яе прад Божымі ангеламі! "Епіскап жа ўзняўся хутка са страхам і трымценнем і прыйшоў да Еўфрасінні. Тая ж, пабачыўшы епіскапа, пакланілася яму і сказала: "Багаславі, святы Уладыка!" Ён жа адказвае: "Бог няхай багаславіць цябе, дзіця, і надасць табе цярпення і сілы на ўсіх ворагаў відочных і невідочных!" Яна ж пакланілася і сказала: "Амін. Хай учыніцца мне паводле слова твайго, святы ўладыка!" I села.

Адкрыў жа той шчасны епіскап вусны свае і пачаў з ёю гутарыць пра ратунак душы. Шчасная ж Еўфрасіння прымала словы яго ў жытніцу душы сваёй, быццам насенне, якое радзіла: адно — 30, другое ж — 60 альбо 100. I доўга гутарыў з ёю епіскап, і пасля сказаў так: "Дачка! Хачу слова мовіць табе; ты ж прымі з любоўю яго!" Яна ж кажа: "3 радасцю, найпадобнейшы ойча, прыму слова тваё, быццам дар шматкаштоўны!" I гаворыць епіскап: "Ведаеш, дзіця, што царква, дзе жывеш ты,— саборная; тут усе людзі збіраюцца, і нядобра табе быць тут. Але ж ёсць цэркаўка Святога Спаса ў Сяльцы, дзе брація наша ляжыць — епіскапы, што былі да нас. Калі Бог успаможа, дык малітвамі іх і працай тваёю ўзвялічыцца гэтае месца!"

Еўфрасіння, пачуўшы словы епіскапа, узрадавалася душою і ўзвесялілася сэрцам, веры даўшы яўленню ангела і таму, што бачыла і чула ад яго. I прамовіла да епіскапа: "Хай паможа мне Бог тваімі святымі малітвамі, ойча!"

I паклікаў тады епіскап князя Барыса, дзядзьку яе, і бацьку яе Георгія, і найпадобную Еўфрасінню, і пачэсных мужоў, і, зрабіўшы іх сведкамі, мовіў: "Вось, аддаю Еўфрасінні месца Святога Спаса пры вас, каб пасля маёй смерці ніхто не судзіўся за гэты дарунак мой". I чулі гэта абодва князі і баяры ўсе ад епіскапа, і пакланіліся яму, кажучы гэтак: "Сапраўды, уладыка святы: сам Бог уклаў у тваё сэрца клопат апекавацца над гэтай дзяўчынаю". Еўфрасінні ж казалі: "Ідзі і паслухай епіскапа, учыні, што ён табе скажа, бо ён усім нам айцец, і трэба слухаць яго". Еўфрасіння ж, узняўшы з усмешкаю твар на іх, мовіла: "Іду з радасцю; як Бог мне накажа, так і будзе; хай будзе на мне воля Госпада!"

Князі ж і баяры ўсе, пачуўшы гэтыя словы найпадобнейшае Еўфрасінні, узрадаваліся і, атрымаўшы багаславенне епіскапа, пакланіліся Еўфрасінні, цалавалі з любоўю яе і раз'ехаліся па дамах. А Еўфрасіння, памаліўшыся ў Святой Сафіі, атрымаўшы багаславенне епіскапа, тае ж ночы ўзнялася і, узяўшы з сабою адну манашку, прыйшла на месца, званае Сяльцом, дзе стаяла царква Святога Спаса. I ўвайшла ў царкву, і пакланілася, і прамовіла так: "Ты, Госпадзе, даючы святым Сваім апосталам запавет, казаў: "Не насіце з сабою нічога, апрача посаха". Я ж, слухаючыся слова Твайго, прыйшла на гэтае месца, нічога не ўзяўшы з сабою, маючы ў сабе толькі слова Тваё: Госпадзе, памілуй! А з маёмасці ўсяе ёсць у мяне адно гэтыя кнігі, з якіх мае ўцеху душа і ўзвесяляецца сэрца. I, апрача трох хлябоў, больш не маю нічога, толькі Цябе, успаможніка і карміцеля. Бо Ты — Айцец убогім, адзенне распранутым, памочнік пакрыўджаным, надзея расчараваным. Хай жа нахвалена будзе імя Тваё на рабе Тваёй Еўфрасінні ад сёння й давеку! Амін". Сказаўшы гэта, пайшла з царквы і пачала руплівейшай быць на малітву да Бога.

Пажыўшы тут пэўны час, паслала яна да бацькі свайго з такімі словамі: "Пусці да мяне сястру маю Градзіславу, — так назвалі яе бацькі, — каб навучылася грамаце". I пусціў яе бацька. I Еўфрасіння рупна вучыла яе ратаванню душы, а тая рупна прымала, нібы ўрадлівая ніва, памякчыўшы сэрца сваё і кажучы гэтак: "Госпад Бог хай наставіць мяне на ратунак душы тваімі святымі малітвамі, панна!" Так казала яна. Найпадобнейшая ж Еўфрасіння, прывёўшы яе ў царкву, наказала іерэю, каб той, абвясціўшы, апрануў яе ў рызы манаскія, і дала ёй імя Еўдакія. Праз колькі дзён прыслаў па яе бацька, кажучы: "Адпусці ўжо сястру да мяне". Тая ж гэтак адказвала: "Не навучылася яшчэ ўсёй грамаце".

Бацька ж, даведаўшыся, што ад яго ўпотай пастрыгла сястру, раз'юшыўся на найпадобнейшую Еўфрасінню і, палаючы сэрцам, прыехаў да манастыра і казаў: "Дзіця маё, што ты ўчыніла! Дадала ты сэрцу майму жалю да жалю і смутку да смутку!" I так мовіў ён ад гаротнага сэрца свайго, і рэкі слёзаў ліліся з вачэй яго. I казаў ён, з любоўю абдымаючы Еўдакію: "Дзеці мае! Ці ж дзеля гэтага вас нарадзіў я, ці ж на тое ўзгадавала вас маці? Дзеля чаго шлюб вам рыхтаваў? I няўжо палац і шлюбныя шаты вашыя ператворацца ў гора маё! Дзеці мае любасныя, што вы мне ўчынілі? Заместа радасці сэрца маё вы напоўнілі горкім смуткам!" I усе баяры, чуўшы жаль князя свайго, горка плакалі аб яго марным смутку. Шчасная ж Еўфрасіння адказвала бацьку: "Што турбуешся ты пра нас? Маем бо мы заступніка і ўспаможніка адзінага — Бога!" Але, мала суцешаны гэтымі словамі найпадобнейшае Еўфрасінні, паехаў бацька яе да свайго дому. А Еўдакія жыла ў манастыры сястры сваёй у паслушэнстве. Шчасная ж Еўфрасіння нястомна малілася Богу, каб зладзіў Ён тое месца.

Была ж у месце Полацкім князёўна Звеніслава Барысаўна, якая прынесла аднойчы ўсе свае рэчы залатыя і шматкаштоўныя шаты да Еўфрасінні і сказала: "Панна і сястра! Не патрэбная мне гожасць гэтага свету. Аддаю ўсё Святому Спасу, а сама хачу схіліць галаву сваю пад Хрыстова ярмо!" Яна ж прыняла сястру з радасцю і наказала іерэю пастрыгчы яе, і назвала яе Еўпраксіяй. I пачала тая жыць у манастыры ў малітвах, з адзінаю думкаю пра Бога. I былі яны, як адна душа ў двух целах. Пасля ж гэтага паставіла Еўфрасіння царкву каменную Святога Спаса, і збудавалі тую царкву за 30 тыдняў.

I тут хачу вам, братове, расказаць пра дзіва. Быў муж Іван, прыстаўнік над майстрамі царкоўнымі. I колькі разоў на досвітку чуў голас ён, які прамаўляў: "О Іване! Узрушся, ідзі на будоўлю царквы Уседзяржыцеля Спаса!" I аднойчы ён узняўся і прыйшоў да шчаснае Еўфрасінні і сказаў ёй: "Ці не ты, панна, па мяне пасылаеш, каб я ўзяўся за працу?" А яна адказвае: "Не". Але, падумаўшы, кажа яму шчасная тая жанчына: "Нават калі і не я цябе ўзрушваю, усё адно паслухай шчыра і ўважліва таго, хто цябе кліча на гэтую працу". I скажу вам яшчэ пра адно дзіва, добрыя слухачы. Ужо збудавана была царква тая, але крыху не хапіла плітаў, і не было чым скончыць вярхі. I шукалі, але не знайшлі нічога. I зажурылася Еўфрасіння, і, уздыхаючы, мовіла: "Слава Табе, Уладар Уседзяржыцель і чалавекалюбча! Ты, Хто даў нам вялікае ўсё, дай і меншае, каб завяршылася царква Твая!" Так яна памалілася, а назаўтра па Божай волі знайшліся пліты ў печы, і ў той самы дзень скончана была царква і ўзнесены крыж.

Найпадобнейшая ж Еўфрасіння, угледзеўшы завершаную царкву, узрадавалася душою. I асвяцілі царкву, і была радасць вялікая ўсім хрысціянам. I сабраліся князі і ўладарныя мужы, і інакі з інакінямі, і просты люд, і адбылося вялікае свята, і святкавалі шмат дзён, а пасля разышліся. I бачыла шчасная, што выканаў Бог жаданне сэрца яе, і ўвайшла ў царкву, і ўпала ніцма на зямлю, і ўздыхнула ад глыбіні душы, і свой твар зрасіла слязамі, і пачала мовіць: "Ты, Госпадзе сэрцазнаўча, дабрадзею, Божа багам, міласцівы Госпадзе! Зірні на храм Свой, што паставіла я ў імя Тваё! Як Саламон кажа: Усявышні не ў рукатворных цэрквах жыве. Ты, Госпадзе, зірні на мяне, рабу Тваю Еўфрасінню, і на рабынь Тваіх, якіх тут сабрала ў імя Тваё, каб, усклаўшы ярмо Тваё лёгкае на шыі свае, пайшлі за Табою следам! Учыні іх авечкамі двара Твайго і будзь ім пастырам і вартаўніком, каб ніводную з іх не ўкраў воўк — губіцель д'ябал. Будзь ім, Госпадзе, зброяю і забралам, каб не сышло на іх зло, каб раны не закранулі цел нашых; не загубі нас з нашымі беззаконнямі, бо на Цябе ўскладаем надзеі свае — на Бога тых, хто Цябе вызнае, і Цябе мы ўсхваляем да апошняга нашага ўздыху! Давеку — амін!" Сёстраў жа так павучала: "Вось, сабрала вас, нібы птушанятаў, пад крылы свае і на пашы, нібы авечак, каб вы пасвіліся ў Божых наказах. А я з лёгкім сэрцам стараюся вучыць вас, бачачы плён вашай працы, і такі дождж вучэння на вас праліваю! Але ж вашыя нівы стаяць, не ўзыходзячы і не ўзрастаючы ўгору, а год ужо завяршаецца, і лапата ляжыць на гумне. I баюся, што будзеце вы пустазеллем, і аддадуць вас агню непагаснаму. Пастарайцеся ж, дзеці мае, пазбегнуць яго, і ўчыніце сябе вы пшаніцаю чыстай, і змяліцеся ў жорнах уміранасцю, малітвамі, постам, каб чыстым хлебам прынесціся на трапезу Хрыстову!" Так яна павучала нястомна, нібы дзеталюбная маці дзяцей.

Мы ж вернемся да ранейшага. Бачыла найпадобнейшая Еўфрасіння манастыр свой аздоблены і поўны ўсялякага дабра і задумала паставіць другую царкву мураваную Святой Багародзіцы. I, завяршыўшы яе, аздобіла абразамі, асвяціла і аддала манахам; і быў там вялікі манастыр. I ўбачыла шчасная два ўзведзеныя манастыры, вельмі вялікія і багатыя, і сказала ў сабе: "Слава Табе, Уладару, дзякуй Табе, Святы! Што хацела я — даў мне і спраўдзіў, Госпадзе, жаданне сэрца майго!" I зноў мовіла: "Памілуй мяне, Госпадзе, спраўдзі прашэнне маё, каб жа бачыла я Найсвяцейшую Багародзіцу Адзігітрыю ў гэтай святой царкве!"

I паслала слугу свайго Міхаіла ў Царград да цара Мануіла і да патрыярха Лукі з дарамі каштоўнымі, просячы ў іх абраза святой Багародзіцы. Напісаў жа евангеліст Лука тры абразы яшчэ пры жыцці святой Багародзіцы і паставіў адзін у Іерусаліме, другі — у Царградзе, а трэці — у Эфесе. Яна ж прасіла Эфескі абраз святой Багародзіцы. I бачыў цар любоў яе, і паслаў у Іерусалім семсот вояў сваіх. I тыя пайшлі і прынеслі абраз святой Багародзіцы ў Царград. Патрыярх жа Лука сабраў епіскапаў і ўвесь сабор у Святую Сафію і, багаславіўшы, аддаў той абраз слузе найпадобнейшае Еўфрасінні. Ён жа з радасцю ўзяў і прынёс той абраз Еўфрасінні. А яна, унёсшы ў царкву Святой Багародзіцы, паставіла яго і, узняўшы рукі, мовіла: "Слава Табе, Госпадзе, слава Табе, Уладару, што даў сёння мне бачыць аблічча Маці Сваёй!" I, сказаўшы так, аздобіла яго золатам і самацветамі, і ўстанавіла насіць яго кожны аўторак па святых цэрквах. I аздобіла ўсю зямлю Полацкую сваімі багалепнымі манастырамі.

I, бачачы, як прасвятліў Бог манастыры яе, пажадала, молячыся: "Каб жа дайсці мне да святога горада Іерусаліма і пакланіцца гробу Госпадаву і ўсім мясцінам святым, бачыць іх і цалаваць, і там скончыць жыццё сваё!" Гледзячы ж на супольнае мноства статку Божых авечак, радавалася яму, як свайму ўратаванню, і кожны дзень навучала сёстраў сваіх: старых вучыла цярпенню і ўстрыманню, юных — душэўнай чысціні і цялеснаму супакаенню, гавенню шчыраму, хаджэнню рахманаму, голасу ціхмянаму, слову дабрачыннаму, ядзенню і піццю маўкліваму; пры старэйшых маўчаць, мудрых слухаць; да старэйшых — пакоры, да роўных і меншых — любові некрывадушнай; мала казаць, а больш разумець. Такі ж мела дар шчасная Еўфрасіння ад Бога: калі хто спытае яе пра што-небудзь, яна давала адказ, і хто слухаў яе, атрымліваў даброты ўсялякія. I не хацела яна бачыць, каб хто варагаваў: ні князь з князем, ні баярын з баярынам, ні з простых хто са сваім сябрам, але ўсіх жадала бачыць адзінадушнымі.

I паслала да ўсіх братоў сваіх, распавядаючы ім пра тое, што вырашыла яна ісці ў Іерусалім. Тыя ж, чуючы гэтую вестку, адусюль з'ехаліся з вялікім смуткам да шчаснае Еўфрасінні і малілі яе са слязамі, каб сіротамі іх не пакінула. Яна ж іх суцяшала разважліва, як маці дзяцей сваіх мілых. I любасны брат Еўфрасінні Вячаслаў прыехаў да сястры сваёй з княгіняй і дзецьмі сваімі. I, прыйшоўшы, пакланіўся і мовіў: "Панна мая, маці і сястра! Што пакідаеш мяне, уладарка душы маёй і святло маіх вачэй!" I горка плакаў. Шчасная ж Еўфрасіння наказала яму ісці дадому, дзяцей жа ягоных загадала пакінуць у сястры сваёй Еўдакіі. Бо быў дадзены шчаснай той Еўфрасінні дар ад Бога: на каго зірне вачыма сваімі — разумее, які чалавек будзе абраны ёмішчам Божым. Калі ж убачыла шчасная Еўфрасіння пляменніц сваіх, сказала ім: "Хачу вас заручыць з Жаніхом несмяротным і ўвесці ў палаты Царства Яго!" Тыя ж пачулі, і ўсцешыліся іх душы словамі найшчаснейшае Еўфрасінні, больш чым мядовымі сотамі. I ўпалі яны да яе ног, кажучы ёй: "Хай будзе воля Госпада і твая святая малітва! Як хочаш, так і ўчыні нам, панна!" Найпадобнейшая ж Еўфрасіння паслала па епіскапа Дыянісія, які кіраваў пасадам Святой Сафіі, і ўвяла іх у царкву, і загадала пастрыгчы іх, і назвала Кірыану Агаф'яй, а Вольгу — Яўфіміяй. I багаславіла іх багаславеннем святых айцоў. Сама ж шчасная Еўфрасіння, уладзіўшы свае манастыры з братамі і сёстрамі, дала ўладарыць і кіраваць імі сястры сваёй Еўдакіі. Сама ж, пакланіўшыся ў царкве Святога Спаса і Святой Багародзіцы, мовіла: "Госпадзе сэрцазнаўча! Вось, пакідаю Твой дом не зачынены нікому, і Ты, Господзе, не зачыні перад намі Нябеснага Свайго Царства!"

I пайшла Еўфрасіння ў Іерусалім, узяўшы з сабою брата свайго Давіда і сястру сваю Еўпраксію. Уся ж брація плакала горка дзеля адыходу панны сваёй. I ўсе месцічы выйшлі правесці яе: старыя плакалі, нібы юніцы, наракаючы: "Гора нам, павадыр старасці нашае, апірышча немачы нашай!" А маладыя казалі: "Куды заходзіш, святло вачэй нашых? Хто наша юнацтва ўзмоцніць, устрыманне нашае маладосці? Не пакідай нас сіротамі і ў малітвах сваіх не забывай нас!" Яна ж, цалаваўшы ўсіх, багаславіла і, паглядзеўшы на неба, прамовіла: "Ты, Госпадзе сэрцазнаўча, Які хадзіў з Аўраамам, ідзі і з намі, рабамі Тваімі — з Еўфрасінняю, і з Давідам, і з Еўпраксіяй!" I так пайшлі ўсе, хто быў з ёю.

О дзіўны цуд! Не была яна раней ні ў якой старане: ні ў горадзе, ні ў сяле; цяпер жа з нежаночаю сілай прайшла ўсе гарады і ўладанні, прымаючы ад усіх князёў пашану вялікую. Так прайшла яна ўсе краіны. I сустрэў яе цар, што ішоў вайною на уграў, і паслаў яе з вялікай пашанай у Царград. Яна ж, прыйшоўшы туды, увайшла ў вялікую царкву Святой Сафіі, пакланілася ёй і ўсім святым цэрквам, і прыняла багаславенне ад патрыярха. I, купіўшы разнастайныя фіміямы і залатое кадзіла, пайшла ў Іерусалім.

Прыйшоўшы ж у Іерусалім, наслала слугу свайго Міхаіла да патрыярха, кажучы: "Уладыка святы! Зрабі мне міласць: скажы, каб адчынілі мне браму Хрыстову!" I ён загадаў учыніць па прашэнні яе. Тады прыйшла яна да брамы і ўпала на зямлю, кажучы: "Госпадзе Іісусе Хрысце! Не залічы мне за грэх, што хаджу па Тваіх слядах, уваходзячы ў горад святы!" I цалавала браму з усімі, хто з ёю быў. I ўвайшла ў горад, і пайшла да гроба Госпадава. I прыйшла, і пакланілася, і цалавала гроб Госпадавы яна і ўсе, хто быў з ёю. I пакадзіла гроб залатым кадзілам, размаітымі фіміямамі. Потым пайшла ў Рускі манастыр святой Багародзіцы і жыла там. А на другі дзень зноў пайшла да гроба Госпадава, і зноў пакланілася, і цалавала яго, і, пакадзіўшы, адышла. I на трэці дзень тое ўчыніла, і, даўшы шмат золата, узняла свае вочы да неба, і рукі ўзняла, і са слязамі ўздыхнула з глыбіні сэрца, і мовіла: "Госпадзе Іісусе Хрысце, Сыне Божы, Які нарадзіўся ад Вечнадзевы Марыі дзеля нашага паратунку! Ты казаў: "Прасіце і атрымаеце". Я ж, грэшная, што прасіла, атрымлівала ад Цябе, Уладару. Вось жа яшчэ прашу ў Цябе, Міласцівы, і на гэтым скончу прашэнні свае: прымі дух мой ад мяне ў святым горадзе Іерусаліме, перасялі мяне ў Нябесны Твой Іерусалім, супакой мяне на ўлонні патрыярха Аўраама з усімі, хто Табе дагадзіў! Амін".

Так сказаўшы, пайшла яна ў раней згаданы манастыр Святой Багародзіцы, дзе жыла. I тут Божым наканаваннем занядужала і пачала хварэць. I, лежачы на пасцелі, казала: "Слава Табе, Уладару: што ўжадаў, тое мне і ўчыніў, рабе Сваёй!" I праз тую хваробу не змагла пайсці да Іардана, а пайшлі брат яе Давід і сястра яе Еўпраксія, і тыя, хто з імі быў. Яна ж, лежачы на пасцелі сваёй, славячы Бога, казала: "Госпадзе, зірні на рабу Сваю Еўфрасінню і памілуй мяне!" I вярнуліся тыя, хто быў на Іардане, і прынеслі вады Іарданскай. Яна ж з радасцю ўзнялася, прыняла, і піла, і абліла ўсё цела сваё, і, лёгшы на ложак, прамовіла: "Пахвалёны Бог, Які прасвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у свет! Заўжды малюся чалавекалюбнаму Богу, наследуючы Пятроваму пакаянню, калі той не ўпаў у роспач пасля адрачэння свайго, але плакаў горка. Госпадзе! Калі Ты прыняў пакаянне ягонае, дык прымі і мяне, нявартую рабу Сваю Еўфрасінню, што моліцца, каб вораг яе д'ябал нічога перад Табою, Госпадзе, не сказаў супроць яе на Страшным Судзе Тваім, бо яна наступіла на змяіную галаву гэтага злога раба і процістаяла дзёрзкасці яго акаяннай, спадзеючыся на Тваё, Госпадзе, чалавекалюбства!"

I пачуў Бог малітву яе, і паслаў да яе Свайго ангела, які казаў: "Шчасная ты сярод жанчын, і шчасная праца твая! Вось, ужо расчынілася райская брама, і сабраліся ангелы, трымаючы свечкі і чакаючы сустрэчы с табою. Дар жа, які просіш у Бога, дадзены будзе табе!" Так ангел прамовіў і адышоў ад яе. Шчасная ж Еўфрасіння ўзрадавалася душою і хутка паслала ў лаўру Святога Савы, кажучы: "Вось, ужо надышла часіна, калі мяне Бог супакоіць. Ці прымеце мяне, каб я легла ў царкве Святога Савы?" Адказвалі ж манахі, што былі там: "Забараніў святы Сава нам прымаць тут жанчын. Але ёсць паблізу манастыр Святой Багародзіцы Феадосіеў агульнабытны, дзе пахаваны святыя жанчыны: маці святога Савы і маці святога Феадосія; і маці святых бяссрэбраннікаў Казьмы і Даміана імем Феадоція, і шмат якія святыя; тут і табе легчы належыць". I вярнуўся яе пасланец, і абвясціў тое ўсё Еўфрасінні. Яна ж уславіла Бога і паслала купіць сабе дамавіну ў камары Святой Багародзіцы. I ляжала, хварэючы, 24 дні, і, даведаўшыся пра сваю смерць, сказала: "Паклічце да мяне прэсвітэра, каб даў мне прычасць тайнотаў святых, бо звястун стаіць ужо блізка, чакаючы наказу Уладара". I прыйшоў прэсвітэр, несучы прычасць. Еўфрасіння ж узнялася, і пакланілася тройчы і прыняла найчысцейшае Цела і Кроў святую Хрыстову, і легла на ложак свой, і аддала душу ў рукі Бога жывога 24 траўня і ўвайшла ў пакоі нябесныя. Давід жа з Еўпраксіяй і з іншымі пахавалі святое цела яе.

Якою мовай, братове, належыць уславіць светлую памяць найшчаснейшай нявесты Хрыстовай Еўфрасінні! Была яна дапамогай пакрыўджаным, суцяшэннем смуткуючым, распранутым — адзеннем, хворым — наведаннем ці, проста кажучы,— для ўсіх была ўсім. Еўфрасіння сэрца сваё паіла Божаю мудрасцю. Еўфрасіння — незвядальны квет райскага саду. Еўфрасіння — арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду і да ўсходу, як промень сонечны, прасвятліў зямлю Полацкую. Вось, братове, Селунь хваліцца святым Дзімітрыем, Вышгарад — пакутнікамі Барысам і Глебам; я ж хвалюся: шчаснае ты, места Полацкае, што ўзрасціла такі парастак — найпадобнейшую Еўфрасінню! Шчасны люд, што жыве у месце тым! Шчасныя бацькі яе; шчаснае ўлонне, з якога выйшла найпадобнейшая панна Еўфрасіння! Шчаснае нараджэнне яе, шчаснае гадаванне, шчаснае і ўзрастанне найпачэснейшай Еўфрасінні! Шчасная праца яе і подзвігі дзеля Бога! Шчасны і манастыр, шчасныя і насельнікі манастыроў Святога Спаса і Святой Багародзіцы! Шчасны люд, што табе паслугаваў! Але, о найшчаснейшая нявеста Хрыста, Бога нашага, маліся да Бога аб статку сваім, Які ты спалучыла ў Хрысце, Якому належыць усялякая слава, гонар і пакланенне з Айцом і Святым Духам цяпер і заўжды і давеку! Амін.


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кружэлка "Электронная бібліятэка - школьнікам"
Крыніца: скан