ЧОРНЫЯ БУСЛЫ
Асцярожна,
Крануўшы паўсоннае голле,
Занялася зара
Над зялёным прыволлем.
Струны-промні зіхцяць
Мілагучна іграюць -
Край пушчанскі
Ласкавым цяплом саграваюць.
І плыве
З перазяблай буслянкі,
Здалёк,
Голас чорных буслоў:
- Клёк... Клёк... Клёк...
- Клёк... Клёк... Клёк...
Ледзь пачуюць буслы
Сакатанне матору,
Узнімаюцца
Ў сінюю неба прастору
Над густым рабаціннем
Кураслепных лугоў,
Над падкоўкамі старыц,
Над улоннем палёў,
Над прыветнаю хатаю
Лесніковай,
Над пятлёй, што рачулка
Звіла адмыслова,
Чорны бусел ляціць
Ад цікаўных вачэй -
Чорны бусел цураецца
Вока людзей.
Пара чорных буслоў
Праз якую хвіліну
Ўпадабае
Мурожную лугавіну,
І на ранішнім лузе,
Асмужаным,
Золкім,
Промні сонца
Запаляць на крылах вясёлкі.
Пудзяць песняй буслы
Лугавы астравок:
- Клёк... Клёк... Клёк...
- Клёк... Клёк... Клёк...
Вывучаў я з дзяцінства
Бусліную мову,
І пачуў раніцою
Такую размову.
...Шмат на нашай зямельцы
Вячыстых лясоў.
Шмат было тут заўсёды
Белакрылых буслоў.
Калі пара бусліная
Каля жытла
Бесклапотна
Ў суседстве спрадвечным
Жыла,
Людзі верылі шчыра:
Абыдуць напасці,
Бо нібыта буслы
Ім прыносілі шчасце.
Менавіта таму,
Хоць сцвярджаць не бяруся,
Любы край наш
Назваўся здаўна
Белай Руссю.
Ды аднойчы панадзіўся
Ў ціхую вёску
Нейкі злыдзень калматы -
Вандроўнік-зайздроснік.
На людзей шмат наклікаў
Ён гора
І бед,
Шчасце ўсё захацеў ён
Прысвоіць сабе.
Палавіў ён буслоў.
І буслы з году ў год
Шчасце ў дзюбах насілі
У хату яго.
А зайздросніка прага
Душыла заўзята -
Усё, здавалася,
Шчасця яму малавата.
Не даваў ён буслам
Адпачыць ні на хвілю -
У буслянцы паклёкаць,
Вольна выпрастаць крылы.
Ледзь не ўсім ужо шчасцем
Злыдзень той заўладарыў,
Ды з'явіліся дзеткі
Ў буслінае пары.
Клёкат радасны ўзвіўся
Вясёлкавым ранкам
З першым сонечным промнем
Над шчаснай буслянкай.
Падрасталі-раслі
Што ні дзень бусляняты,
Але гора сачыла
З зайздросніцкай хаты.
Бо выглядваў зайздроснік
У акно
Зноў і зноў:
- Мне ніякай карысці
Ад гэтых буслоў!..
Як да справы вярнуць
Гэтых дурняў цыбатых?
Вінаваты,
Напэўна,
Ва ўсім
Бусляняты?..
Думаў думу зайздроснік
Тры дні
І тры ночы.
Да азяблай буслянкі
Уранку
Пакрочыў.
Птушанят павыкідваў
З буслянкі зайздроснік -
Бусляняты
Больш есці ў буслоў
Не папросяць!
Задаволены,
Прэч ад буслянкі пайшоў -
Больш не будзе
Дарэмных турбот у буслоў!
Прыляцелі буслы -
Нема ўсхліпвае
Вецер, -
Нежывыя ляжаць
Іх маленькія дзеці.
Не падумаў забойца
Пра помсту за згубу,
Ды прынеслі вуголле
Буслы ў сваіх дзюбах.
Шуганула чырвонае полымя
Ў неба -
Так зайздросніку й трэба!
Так нелюдзю й трэба!
І заўважылі людзі,
Што з дымнага пекла
Узляцелі буслы -
Неба
Крылле рассекла.
І заўважылі людзі:
У небе прасторным
Стала крылле ад гора
Не белым,
А чорным.
У спрадвечную пушчу
Ляцела далей
Пара чорных буслоў
Ад бяды,
Ад людзей...
Кажуць,
Птахі з людзьмі
Жыць у дружбе б маглі,
Каб не стала
Нядобрых людзей
На зямлі.
НАРАЧАНСКАЯ ЧАЙКА
Быццам краю ляснога
Крыштальная чыстая мара,
Углядалася ў неба
Блакітнае возера Нарач.
Патыхала рыбацкае вогнішча
Смачнаю юшкай,
А вятрыска ў затоках
Лілеі крамяныя гушкаў.
Я збіраў каля берага
Шчодрыя светлыя краскі,
І яны мне нашэптвалі
Даўнюю-даўнюю казку.
...Шмат стагоддзяў сплыло,
Як жыла ў гэтым краі Алёнка.
Сэрцам шчодрай была,
Галаском вызначалася звонкім.
Песні бор ёй спяваў,
З ёй шаптаўся гарэзлівы вецер,
І здавалася, лепшай дзяўчыны
Не знойдзеш на свеце.
Толькі тварам Алёнку
Пакрыўдзіў бязлітасны бог.
І з тутэйшых хлапцоў
Не глядзеў аніхто ў яе бок.
Вельмі горка Алёнка
Ад гэтай бяды гаравала,
Ды змірылася -
Сэрцам шчодрым
людзей сагравала.
Неяк лесам Алёнка ішла
Па расянай сцяжыне
І люстэрка знайшла,
Што гарэла агнём у ажыне.
Зазірнула ў люстэрка -
То праўда
Ці, можа, здалося?! -
На яе паглядае дзяўчо
Незямной прыгажосці.
І прыбегла Алёнка
З лясною знаходкай да маці.
Маці дзівіцца,
Толькі дачку не пазнаць ёй:
- Чую голас,
Дачушка,
А твар не пазнаю
І вочы...
Плача маці,
Дачку прытуліць сваю хоча.
Працягнула люстэрка Алёнка:
- Яно ўсё зрабіла...
Мае гэта люстэрка, відаць,
Чарадзейную сілу...
Маці ў тое люстэрка
Крадком зазірнула сама
І красуняю стала,
Якой у паднеб'і няма.
Пра знаходку Алёнчыну
Чуткі, як птушкі, ляцелі, -
Людзі ў дзіва-люстэрка
Зазірнуць краем вока хацелі.
Пра люстэрка дачуўся
Мясцовы крумкач-багацей.
Не было ў наваколлі
Звяругі хітрэй і люцей.
Ён у вёску лясную
На чорным кані прыскакаў,
Ён пагрозліва бліснуў вачмі
І зароў-закрычаў:
- Калі зараз люстэрка
Не будзе ў руках у мяне,
Анікога пакутная кара
Ужо не міне!..
І сказала Алёнка:
- Табе я люстэрка не дам, -
Прынясе яно ў чорных руках
Гора шмат усім нам...
І шпурнула люстэрка
Алёнка
У неба высока,
Каб упала яно
І разбілася недзе далёка.
Аб вялізнае дрэва
Люстэрка разбілася -
Пырснула,
Быццам іскры жывыя
З умлелага цёплага прыску.
І тады на зямлю
Паляцелі не шкельцы-асколкі -
Неба спорным дажджом пралілося
У ззянні вясёлкі.
Так тры ночы,
Тры дні
Ліўся дождж на лугі і пагоркі,
Знікла сонца,
Не ўспыхвалі ў небе
Ні месяц, ні зоркі.
Калі ж дождж перастаў,
Бы адолела хмару знямога,
І палянкі,
І луг,
І ў трыпутніку жорсткім дарога -
Знікла ўсё пад вадою,
І ўбачылі людзі за вёскай
Мора-возера,
Сонца на хвалях
І промні - як вёслы.
Гаварылі, што дзеля таго
І ўтварылася возера-мора,
Каб у ім утапіліся
Беды людскія і гора.
З той пары багацей
Не з'яўляўся у гэтых мясцінах.
Утапіўся, зласлівец,
У хвалях глыбокіх і сініх.
Больш не бачылі ў вёсцы
І слаўнай дзяўчынкі Алёнкі.
Не будзіла наўколле яна
Галаском сваім звонкім.
Ды над сіняй прасторай -
Вяскоўцы здаўна прыкмячалі -
Раніцою з'яўлялася
Белая-белая чайка.
Да ўзбярэжжа,
Дзе некалі
Хата Алёнкі стаяла,
Тая белая чайка
Не раз
І пры мне прылятала...
ЛЕБЯДЗІНАЯ ВЕРНАСЦЬ
Я з дзяцінства запомніў,
Што край мой часінаю весняй
Шмат стагоддзяў адорвалі
Лебядзіныя
Шчырыя песні.
Час няўмольны не сцёр
Спевакоў непадкупную славу,
Бо хто песні іх чуў,
Стаў заручаны з добраю справай.
Ў парку лебедзь-шыпун
Да мяне незнарок падплывае, -
Тую даўнюю казку
Я з няўтоеным смуткам згадаю.
...Колькі б год ні прайшло,
Толькі б лебедзяў крылы трымалі,
Птушкі роднай зямлі,
Родных гнёздаў сваіх не міналі,
І куды б ні загнаў іх
Стракаты загадкавы вырай, -
На знаёмых азёрах
Спявалі узнёсла і шчыра.
Іх чароды
Заўсёды
У нялёгкі збіраліся шлях,
Ледзь затрубіць вясна,
Ручаі зазвіняць у палях.
Ды аднойчы ў дарозе
Сустрэліся ім халады.
Як далей веславаць!
Як пазбавіцца гора-бяды!
Днём і ноччу праз вецер
Яны апантана ляцелі,
Бо да роднай зямлі
Хоць крылом дакрануцца хацелі.
Толькі сцюжа даймала
І стыла гарачая кроў.
Птушкі ўпарта ляцелі
Скрозь цемру калючых снягоў.
Ды ў вачах, як прамень,
Трапятала надзея жывая -
Даляцяць,
Давяслуюць усё ж
Да жаданага краю.
- Хопіць!..
Хопіць з мяне! -
Хтосьці крыкнуў. -
Як вытрымаць сэрцу!..
І пакінулі лебедзі
Лютай пустэльні
Зняверцу.
- Хопіць! -
Крыкнуў другі. -
Не магу!..
Не пад сілу мне далеч!..
І стамлёныя лебедзі
Прэч
Палахліўца прагналі.
- Хопіць!..
Там, на зямлі,
Нас аплачуць, напэўна,
Хаўтуры!..
І пакінулі лебедзі
Здрадніка
Белай віхуры.
Чарада зразумела:
Хто долу нырнуў -
Не ўваскрэсне.
І ўсе сілы сабрала
Для смелай і сонечнай песні.
Пра радзіму спявалі,
Пра любыя тоні
І краскі,
Пра свой край,
Прыгажэйшы
За самыя дзіўныя казкі.
Тая песня ў палёце
Вяртала адвагу
І сілы,
Сагравала ім кроў
І наструньвала лёгкія крылы.
Зноў над безданню птушкі,
Крыло да крыла,
Паплылі
І нарэшце абрысы убачылі
Роднай зямлі.
Там буяла вясна,
Там бялела чаромхаю далеч.
Прывітальнаю песняю
Лебедзі
Край услаўлялі.
Як ніколі, натхнёна
Спявалі яны над зямлёю!..
Болей лебедзі свет
Не парадуюць песняй такою,
Бо як толькі крануліся
Хвалі блакітнай,
Вясёлай,
Назаўсёды згубілі
Празрысты свой сонечны голас.
Птушкі з песняю людзям
Любоў да зямлі аддалі.
З той пары
Нам не ведаць зямлі
Лепш радзімай зямлі.
ЖАЎРУКОВА ПЕСНЯ
Ледзь саракі паскручваюць сувоі
Снягоў,
Што азалелі ў доўгіх снах, -
Над шчодраю,
Рупліваю зямлёю
Вясёлкай заірдзеецца вясна.
І рошчынаю патыхне ваколле.
І захлынецца радасцю Сусвет,
І песня жаўрука
Над чыстым полем
Прызнаннем самым шчырым паплыве.
У ёй -
Парыў узрушанага сэрца,
У ёй -
Любоў да роднага кутка,
Зусім незразумелая зняверцу
І блізкая душы працаўніка.
Бо праца і каханне поруч крочаць,
Іх не разлучыць лёс,
Як ноч і дзень...
Прымружваю прытомленыя вочы -
Жаўрук сваю мелодыю вядзе.
Тут,
На узмежку разамлелым веснім,
Дзе прыпыніў на хвілю рупны крок,
Я жаўруковай векавечнай песні,
Свяшчэннай песні згадваю выток...
Стагоддзяў шмат таму у нашым краі
Жылі-былі прыгажуны-браты.
Браты збіралі дзіва-ураджаі,
Вылузвалі цяжкія нераты.
І хоць бацькоў забрала ліхалецце,
Браты у светлай злагадзе жылі...
Ды так ужо прыдумана на свеце, -
Каханне напаткалі на зямлі.
За рэчкай гаваркой
Над кручай стромай
Краса-дзяўчына ружаю цвіла.
Ды вось зрабіць хоць крок адзін ад дому
Нявеста маладая не магла.
Бо краску варажбітка вартавала.
Ні паспяваць,
Ні збегаць да людзей...
На жаніхоў пагібель пасылала -
Быў ноччу цёмнай для красуні дзень.
Запомнілі браты:
Старая знішчыць
Таго,
Хто збудзіць нерушны спакой...
Гайня вятроў
Над бурнай рэчкай свішча,
І хвошча строму голую прыбой.
Старэйшы брат шыбуе плыткай плынню.
Быў з варажбіткай бой,
Смяротны бой...
Ляжаць застаўся камнем у даліне,
Паўзе па камні, як сляпы, павой,
Тады малодшы брат паплыў ракою
І абмінуў злавесныя віры,
І давідна з красуняй незямною
Аб самым запаветным гаварыў.
Дамовіліся аб усім нібыта
Два закаханых сэрцы,
І тады
Бы з-пад зямлі узнікла варажбітка -
Клубок людскога гора і бяды:
- Вам тры хвіліны радасці дару я, -
Ад лёсу не ўцячэш свайго цяпер, -
Спачатку краску знішчу дарагую,
А потым і цябе чакае смерць...
Каханую юнак узяў на рукі
І заспяваў над сцішанай ракой, -
Сардэчныя загадкавыя гукі
Ўзнімалі закаханых над зямлёй.
Яны ляцелі над узлескам росным,
Яны плылі на незямных вятрах,
Пакуль не зніклі ў сонечных нябёсах
Маленькай кропкай,
Як вясновы птах...
А варажбітка лютая шалела
Не ў сілах здзейсніць свой крывавы план,
І на азяблым лузе акалела,
Сплыла туманам у глухі бур'ян...
І кожны год цяпер дасвеццем веснім,
Ледзь поле прачынаецца ад сну,
Я зноўку чую жаўрукову песню -
То славіць птах
Каханне
І вясну.
ЛЯСНОЕ РЭХА
Шмат стагоддзяў сплыло,
Шмат вады збегла ў сіняе мора,
Як у краі Прыдзвінскім
Адбылася ўся гэта гісторыя.
Лесу людзі цураліся -
Там уладарылі духі.
Голас духаў лясных
Краем вуха баяліся слухаць.
Жыў-быў Янка-пастух.
Статак пасвіў штодня ён у лесе.
На жалейцы іграў
Мілагучныя простыя песні.
Беднасць гнула яго,
І не бачыў ён святаў вясковых.
Хоць міналі гады,
Не знаходзіў ён шчасця падкову.
І аднойчы, як сонца
Схілілася ў лесе на вечар,
Статак Янка паклікаў -
Няма калгатлівых авечак.
Думаў-думаў пастух,
Як адолець нягоду такую,
І пакрочыў-пайшоў
У нямую глушэчу лясную.
Доўга-доўга ішоў...
Вось і ноч. Толькі зоркі - залевай.
Абступілі яго,
Нібы волаты, грозныя дрэвы.
І ні голасу птушкі
Не чулася больш са змяркання,
Толькі лес,
Толькі лес
Ды нямое лясное маўчанне.
Раптам чорны віхор
Застагнаў, закружыўся навокал
І спыніў пастуха -
Ні назад,
Ні наперад ні кроку.
І пастух зразумеў:
Прывяла яго сцежка якраз
У Зялёнае Царства
Сівога Ляснога Цара.
Зразумеў:
Напаткала ў глушэчы
Яшчэ адно гора -
Апынуўся пастух
У глыбокай-глыбокай пячоры.
Зразумеў:
Тут крычы не крычы -
Хто пачуе у лесе?
Ён жалейку узняў -
Палілася чароўная песня.
Ён іграў:
Як над вёскаю
Сонца ўранку іскрыцца.
Ён іграў:
Як бруіцца
Пад стромай дзвінскою крыніца.
Сэрца ў песню укладваў,
Укладваў у песню душу...
Над пячорай пачуўся
Загадкавы посвіст і шум.
Азірнуўся пастух
І ўбачыў Зялёнае Дзіва.
У пячору ўвайшло яно -
Зіркнула злосна і крыва:
- Ты адкуль і навошта
Прыйшоў у Зялёнае Царства?
Хто трапляе сюды -
Таму больш да людзей не вяртацца.
Цар лясны не жадае,
Каб пра царства дазналіся людзі, -
Прыйдуць людзі -
Багаццяў
Ягоных ужо не прыбудзе.
І таму мяне, Дзіва,
Багацці паслаў вартаваць
І цікаўных людзей
У глыбокай пячоры хаваць...
І пастух расказаў,
Што ў працы уся яго радасць,
І пастух расказаў,
Як згубіўся надоечы статак.
Зноў жалейку узняў -
Палілася з пячоры па лесе
Прыгажосці дзівоснай
Зямная натхнёная песня.
Ў ёй было: як над вёскаю
Сонца уранку іскрыцца.
Ў ёй было: як бруіцца
Пад стромай дзвінскою крыніца.
Дзіва слухала песню,
У лад галавою ківала.
Як аціхла мелодыя,
Гэтак музыку сказала:
- Толькі чысты душою
Так узнёсла умее іграць.
Шлях табе я адкрыю
З пячоры Ляснога Цара.
Там вяскоўцам раскажаш,
Якія багацці у лесе.
Хай жа людзі спяваюць
Шчаслівыя, светлыя песні!
- Можа, разам пайсці нам? -
Пытае пастух асцярожна.
- Не, - адказвае Дзіва, -
Пайсці да людзей мне няможна.
Лёс такі мне прызначаны -
Калі людзям адкрыю я нетры,
Растану адразу
У водарным мяккім паветры.
І зраблюся адразу,
На гора,
А можа, на ўцеху,
Маладым,
Трапяткім,
Шматгалосым,
Шматколерным Рэхам.
Не магу больш нікому
Дарогу адсюль паказаць.
Я змагу толькі голасна
Голас зямны паўтараць.
І пастух адказаў:
- Мне багаццяў ніякіх не трэба.
Толькі б сонца убачыць,
І статак,
І сіняе неба.
Зноўку чорны віхор
Застагнаў,
Закружыўся навокал.
І падняўся пастух над зямлёю
Высока-высока.
Ажно вочы заплюшчыў.
А як прахапіўся -
Што стала! -
На зялёнай палянцы
Пад сонцам увесь яго статак.
І ад шчасця ў вачах
Засвяціўся вясёлы агонь.
І ад шчасця ён крыкнуў:
- Ого-го-го-го!..
- О дзіва! -
Усклікнуў пастух
І ніяк не згадае, -
Хтосьці голас яго
У глушэчы лясной паўтарае.
І пастух зразумеў:
Паўтарае Зялёнае Дзіва,
Каб на свеце жылі
Людзі светла,
Багата,
Шчасліва.
З той пары чалавек
Лес як лепшага сябра вітае.
Шматгалосае Дзіва
Ён Рэхам Лясным
Называе.
ХТО ДАЎЖЭЙ ЖЫВЕ НА СВЕЦЕ?
Днём пагодным
Каля рэчкі
Раптам
Усчаліся спрэчкі.
- Хто
Даўжэй жыве на свеце? -
Высветліць не могуць дзеці.
У каго пытацца?
Дзе?
Бачаць -
Мятлік на вадзе.
- Хто
Даўжэй жыве на свеце? -
У яго
Спыталі дзеці.
- Век кароткі мой -
Гадзіны...
Мышка
Болей жыць павінна.
Пасля гэткае
Гаворкі
Дзеці
Рушылі да норкі.
- Хто
Даўжэй жыве на свеце? -
Запыталі ў мышкі
Дзеці.
- Тры гадочкі -
Ўвесь мой век.
Можа,
Пчолка больш жыве?..
Чуюць
Пчолак гуд здаля -
Дзеці крочаць да вулля.
- Хто
Даўжэй жыве на свеце? -
У пчалы
Спыталі дзеці.
- Хто даўжэй?..
Не знаю я.
Лепш спытайце
Ў салаўя.
Зноў дзяцей
Чакае шлях
Па лагчынах,
Па палях.
- Хто
Даўжэй жыве на свеце? -
Ў салаўя
Спыталі дзеці.
- Год дванаццаць
Я пяю
Песню звонкую сваю.
Што яшчэ магу сказаць?..
Лепш
Сабаку папытаць...
Адшукалі
І сабаку,
Напужалі
Небараку.
- Хто
Даўжэй жыве на свеце? -
У яго
Спыталі дзеці.
- Дваццаць год
Мне ўжо мінула,
Як кароткі міг адзін.
Хто даўжэй жыве?
Акула,
А магчыма,
І дэльфін...
- Мы не пойдзем
Да акулы,
Каб яшчэ
Не праглынула!..
Дружбакі
На моры сінім
Сустракаюцца
З дэльфінам.
- Хто
Даўжэй жыве на свеце? -
У яго
Спыталі дзеці.
- Трыццаць маю...
Ды...
Аднак вы...
Лепш спытайцеся ў вужакі...
Зноўку клопаты,
Турботы -
Дзеці
Крочаць на балота.
- Хто
Даўжэй жыве на свеце? -
У змяі
Спыталі дзеці.
- Трыццаць тры
Жыву гады...
А хто больш?..
Мо конь гняды?..
Дзеці выбеглі
На луг.
Вось ён -
Конь -
Надзейны друг.
- Хто
Даўжэй жыве на свеце? -
У каня
Спыталі дзеці.
- Мне за пяцьдзесят...
Стары...
Ды пугач,
Што ў гушчары
Лес вартуе,
Той -
Старэй...
Дзеці
Ў лес
Бягуць
Хутчэй.
- Хто
Даўжэй жыве на свеце? -
Ў пугача
Спыталі дзеці.
- Семдзесят гадоў
Жыву...
А старэй хто?..
Лебедзь вунь...
У дзяцей
Ізноў запарка -
Да стаўка бягуць,
Што ў парку.
- Хто
Даўжэй жыве на свеце? -
Ў лебедзя
Спыталі дзеці.
- Мне гадоў ужо
За сто...
Хто старэй?
І праўда,
Хто?..
Ці не тая
Чарапашка,
Што паўзе па сушы
Цяжка?
Не далі малыя
Маху -
Адшукалі
Чарапаху.
- Хто
Даўжэй жыве на свеце? -
У яе
Спыталі дзеці.
- Дзвесце год -
Такі мой век.
Ды скажу
Сур'ёзна вам:
Самы вечны -
Ча-
ла-
век, -
Ён жыве
У слаўных справах.
Справу добрую
Зрабіў -
Памяць добрую
Здабыў.
І яна жыве
Стагоддзі
У народзе,
У народзе!..
На адным сышліся дзеці:
- Каб даўжэй
Пражыць на свеце,
Працавітым
Трэба быць,
Справы добрыя
Рабіць!
|
Беларуская Палічка: http://knihi.com | [an error occurred while processing this directive] |