У трынаццатым годзе Пабокавічы разбілі на хутары. Цэлае лета пабокаўцы хадзілі за каморнікам па полі, сенажацях, хмызняку балотнаму, а ўвосень ля Пракопавай хаты ўжо цягнулі з шапкі Пётры Трыгуба нумары.
А да гэтага, зрання, разлёгшыся ў садзе на мураве, жартавалі і дружна рагаталі, слухаючы крыклівыя словы Маўры аб тым, што яна да самага губернатара дойдзе, а даб'ецца праўды, калі Міхалю крывому за мёд дадуць хутар на сялібішчы, а яе адтуль выселяць.
Жартавалі, а па сабе кожны думаў з трывогай аб тым, куды ж ён сам выцягне: хоць бы ж не на Палашкава, а каб у сялібах... І калі, збіўшыся ля ганка, пачалі цягнуць «шчасце», дык у кожнага ад напружанага чакання дрыжалі ногі, пачынала свярбець цела, кожнаму хацелася як найхутчэй падысці да ганка, засадзіць руку ў глыбокую Пётраву шапку і выцягнуць сабе нумар на добрае месца. Якаў цягнуў наўдалую, хоць і раіў цесць не спяшацца, цягнуць сярэднім, тады абавязкова добры пападзе. А ён пацягнуў раней. Яму боязна стала, што другія выцягнуць лепшыя нумары і, апынуўшыся ля ганка, яго рука неяк сама датыкнулася да шапкі і залезла ў самае яе нутро. У шапцы пальцы доўга перабіралі маленькія паперкі і хацелі намацаць нешта такое, каб адчуць - куды гэты нумар... Але ззаду пачалі лаяцца, што ён надта доўга цягне, - прыйшлося адразу выняць руку з нумарам. Нумар быў у Ляды.
Вечарам ведалі ўсе ўжо, што Мікалай Галуза пойдзе ў Селішчы, Кузьма Верасаў - на Адмену, Максім Тамашоў - у Кунаведзь, а Якаў Патупчык - у Ляды.
Калі Якаў з гразкай вуліцы ступіў на такі самы гразкі двор і на яго праз акно ўпала з камінка міргаючае святло, нейкая цеплыня агарнула цела і нават нізкая крывая хатка здалася прыгожай, а бульба ў шалупінах з соллю - найсмачнейшай стравай.
Ці ж дзіва? Ляды! Хутарок у Лядах! Гэта ж самае лепшае поле, гной адзін; чыстыя, роўныя, расцярэбленыя паплавы, і недалёка перабірацца. Гуляючы жыць будзе.
Прыйшоў, моўчкі сеў ля стала і, лупячы бульбы, паглядаў на жонку, потым не сцярпеў:
- Гу... Не заўсёды ж і дрэнна жыць, бог дасць і лепш пажывём, у багацці, у сыці, а?..
- Чаго гэта ты, напіўся, ці што?
- А калі б і выпіў, дык што, а? Гэта ж свята!
- Якое ў цябе свята?
Яна ўстала з зэдліка і ад камінка падышла да стала.
- Нумары цяглі сёння...
- Ну?..
- У Лядах выцяг.
- Хто?
- Хтокала.
- Няўжо? Гэта ж...
- Якое ж тут дзіва, пацяг і выцяг.
Потым, лежачы ў ложку, яны цэлую поўнач ласкава гутарылі паміж сабой, меркавалі аб тым, як на весну перабірацца на хутар, дзе зробяць сялібу, гарод... А ноччу снілася Хадосі, што яна поўнымі жменямі зжынае буйное жыта і жмені з цяжкімі калоссямі да зямлі хіляцца, а па загонах, дзе ўжо зжата, густа-густа ляжаць тоўстыя снапы, капа напэўна дасць восем пудоў - не меней.
Назаўтра Хадося ўзнялася чуць свет і, з затоенай недзе глыбока радасцю, увіхалася каля печы, каб хутчэй пайсці на ток абіраць пустыя дробныя галоўкі льну. З'явілася надзея, а з ёю бадзёрасць, - акурат як тады, калі яна толькі што выйшла замуж за Якава і пачала гаспадарыць. Дні цягнуліся доўгай зрэбнай ніткай, намотваліся на шпулю пражытых Хадосяй трыццаці з лішкам гадоў і ніклі ў змроку доўгіх зімовых вечароў... Вясной, як толькі злізалі туманы з поля снег і ўгары зацуркалі жаўранкі, заварушыліся пабокаўцы, пачалі хадзіць на хутары і прымяркоўвацца. А як зусім падсохла, дык той або гэты пачаў перавозіць ужо хлявы і гумны. У Лядах ужо ляжала бярвенне Іванчыкава, Кандратава, Саўкава. Чакаў хутар і на Якава; там чакаў, а тут не пускала: кабыла на гвозд нагу прабіла, кульгае, няма як запрэгчы.
Думаў, летам пераедзе, як кабыла паправіцца, аж...
Познім ліпеньскім вечарам прынёс з воласці стараста загад, а яшчэ праз колькі дзён разам з другімі «ратнікамі» і «апалчэнцамі» Якаў знік у няведамай далі за станцыяй - тупым грукатам колаў развітаўся цягнік з кучай заплаканых баб. Пад самае ранне прыехала з горада Хадося і, распрогшы кабылу за хлявом, на бервяне доўга паціху чмыхала, уздрыгваючы плячыма, сморкала ў фартух, закрывала твар.
Восень.
Сумна.
Голае неўзаранае поле. Дзе-нідзе ў полі хата, хлявы, гумно - двор цэлы таго, хто паспеў перабрацца. Найчасцей жа адна хатка ці хлеў, а то проста толькі бярвенне, звезенае ў кучу ад раскіданага будынка, змоклае, пасінелае... А за Лядамі на банёўскім полі, як мурашкі, капошацца людзі, бесперастанку ездзяць падводы то з бярвеннем, то з пяском, то ўлегцы.
Акопы капаюць.
Цэлыя дні, ужо цэлае лета, сышоўшыся з усіх суседніх вёсак, з усяго павета, людзі доўбнямі заганяюць у зямлю хваёвыя калы, аблытваюць іх дротам калючым, капаюць жалезнякамі і псуюць жоўтую, пескавую зямлю банёўскую.
Вайна блізка.
Напалоханыя пабокаўскія хаты прыціхлі, толькі яшчэ неяк асунуліся ў лужынах гразі - дварах і не глядзяць больш у поле, згубілі надзею выбрацца туды. А пабокаўцы самі закінулі поле, закінулі гумны і, прызапасіўшы доўгія глыбокія драбінкі, як у бежанцаў, зараблялі пакуль ля аколаў з жалезняком, сякерай, канём. Кожны дзень цэлымі сем'ямі ішлі на акопы, кожнае суботы атрымлівалі ў канторы новыя паперкі - ружовыя, чырвоныя.
Хадося цэлае лета зарабляла. Сама з фурманкай пясок на бліндажы вазіла, а Сцепаніда з Таццянай (дочкі) - з жалезнякамі. За заробленае з дапамогай бацькі і выбралася на хутар.
Кожную суботу пералічвала Хадося новенькія, не пакамечаныя яшчэ, нязмятыя паперкі, дакладвала іх другімі і, хаваючы далёка, на самае дно ў скрыню, думала, як бы яшчэ больш іх прыдбаць... Дочкам казала:
- Кончыцца. вайна, бацька прыйдзе, дык новую хату паставім, і пасаг вам будзе, як у людзей.
І зноў вазіла пясок аж да каляд, калі, прастудзіўшыся, злегла.
На каляды прыйшоў зусім дадому Якаў - кантужаны. Сорак гадоў меў ён, а на выгляд можна было даць ля пяці дзесяткаў, і на руцэ левай не стала трох пальцаў.
На другі дзень вечарам дастала Хадося са скрыні грошы, падазвала Якава да ложка і пералічыла яму. Доўга яны меркавалі, што зрабіць: ці варта ставіць новую хату і купіць лепшага каня, ці мо пачакаць, пакуль вайна сціхне?
- Дык хто ж яго ведае, што будзе яшчэ?
- Што будзе? Нічога, скончыцца пад весну, і ўсё будзе...
- А як і ўцякаць, барані божа, прыйдзецца, дык што ты - хату з сабой возьмеш?.. Тады ж, не дай бог, голад, холад, чужына, а будуць грошы, дык не прападзём... Пачакаем...
- Ага, ага, трэба пачакаць!
Ашчадліва грошы склалі ў кучку, абвярнулі чвэрткаю чыстай паперы, завязалі ў рукаў ад старой кашулі і схавалі іх назад на самае дно ў скрыню, што калісьці прывезла Хадося ў пасаг, і пачалі чакаць...
А вясной, калі дыхнула надвор'е цёплым сырым паветрам, не ўстала з ложка Хадося, памерла... Якаў, як і пры ёй, усё чакаў канца вайне і меркаваў. Ён меркаваў па-свойму, меркаваў, што вось пад восень абавязкова скончыцца вайна і тады ўсё добра будзе. Аднак «нехта» не лічыўся з гэтымі меркаваннямі і меркаваў па-свойму - вайна цягнулася. Потым, праўда, яна скончылася, пачалася другая і з ёй разам пачалося незразумелае для Якава жыццё. Бальшавікі, палякі, немцы, зноў бальшавікі, зноў палякі... Не разбярэш... І грошы розныя з'явіліся: «думскія», «керанкі», «кнак», савецкія, і не зразумееш, якія лепей, якія хаваць. «Кнак» ішоў і пры саветах, і пры паляках, і пры немцах, і таму парашыў Якаў, што ўсе іншыя грошы - гэта не грошы, а так сабе, а сапраўдныя грошы - гэта мікалаеўскія, «кнак». Ён бачыў, як суседзі хавалі «кнак», і таму не чапаў са скрынкі рукавок, толькі час ад часу глядзеў, ці ляжыць ён там, і часамі дабаўляў туды новыя паперкі, соценныя. У такі час ён заўсёды нерваваўся чамусьці і чамусьці радаваўся, бо ў галаве прыкідаў даўно запомненыя лічбы: на каня добрага, на хату, на пасаг...
Якаў Патупчык... Так завуць яго ўсе.
Нізенькі, дробны з твару, маленькая русая бародка. Заўсёды (і ўзімку і ўлета) у шэранькай світцы, падпяразаны прывезенай з войска папругай. Ногі кароткія, і тупае імі ён часта-часта, тупае ідучы і стоячы, тупае заўсёды, ад таго, мусіць, і празвалі «Патупчыкам». Гаварыў гэтаксама хуценька і праз кожныя некалькі слоў устаўляў з асабістай вымовай і асабістыя слоўкі «а-а-а, гэць, гэць», - яшчэ ж больш перасыпаў імі гаворку, калі быў п'яны. Смешным тады ён рабіўся: занадта прасцяком і падатлівым; з п'яным ім можна было зрабіць, што захочаш... Апошнія дні, вось ужо тыдзень амаль, як гасцюе ён у суседзяў, а яны ў яго - сватаюць дачку.
- Гэць, які хітры! Дачку яму дай, карову дай, свінню дай, дый яшчэ тысячу рублёў дадай! Дзе ж ты гэта знойдзеш такую ласку? А-а-а, гэць, хітры які! Ці ж табе другі хто дасць такі пасаг, а?
- А што ж, мо і Сяргею не дадуць? Усякі дасць, у каго дачка, бо Сяргей - хлопец як хлопец: не прап'е, не прагуляе і не валочыцца нідзе, як другія, сваё толькі ведае!
- Э, чаму не дадуць, знойдуцца людзі! А дачка - што? Ці твая, ці другая, усё роўна! Грошы таксама невялікія, дый сама яна іх зарабіла, не ласку робіш, даючы іх... Адно толькі - сена, сам ведаеш, не хапае ў мяне, яшчэ дзесяціна патрэбна, а без дзесяціны - на чорта мне і дачка твая!..
- Гэць, гэць, гэць, які ён, а? Сват, сват, ты чуў? Дык ты не дачку, знацца, бярэш, а дзесяціну? Гэць, які!
- Кінь, сват, дык і дачку ж ён хоча.
- Дзе ж дачку, калі дзесяціну! Каб жа ён сказаў: вось, Якаў, бяру я дачку тваю па каханню, але жыць таксама трэба, а сена ў мяне мала, - дык дай, тата, дзесяціну! Тады б мо і даў: бярэце, дзеткі, жывеце на здароўе! А то бач, бач, а-а-а! На чорта дачка без дзесяціны! А чаму не дзесяціна на чорта без дачкі, а-а? Ну, дзе ж ты бачыў гэткае сватанне, а?
Цэлую ноч з суботы на нядзелю таргаваліся Якаў з Сяргеем, адзін запрошваў пасаг, другі ўпіраўся. Якаў, таргуючыся, увесь час трымаў у галаве думку аб рукаўчыку, што ў скрыні... Ён прыкідаў: «Дзесяціну, гэць! Але - тысяча рублёў! За яе ён, браце, не адну дзесяціну з часам купіць, дык хай падзякуе за тысячу». Сяргей думаў гэтаксама, але ўпіраўся і на дзесяціне, бо пакуль купіш - сёння сена трэба, а потым гэтую дзесяціну і назад аддаць можна. Гаварылі аб каровах, аб свіннях, авечках, аб дзесяціне, аб усім - толькі не аб вяселлі, бо яно павінна было быць толькі вынікам гэтае доўгае гутаркі. Усе трое - і Якаў, і Сяргей, і сват былі п'яныя.
- Якаў, Якаў! Дык кончыць жа трэба ці не?
- А-а-а, ну, а чаму ж не? Чаму ж не трэба? Давай кончым, ці ж хто не дае канчаць, а?.. Я сваё кажу, вы - сваё! Дык чорт вас ведае, чаго вы ад мяне хочаце!
- Нічога мы ад цябе не хочам - дасі дзесяціну, і ўсё будзе!
- Дзесяціну, гэць?!
- Адну дзесяціну...
- А няўжо ж дзве яшчэ захочаце! Ведаю я ўжо гэта, ну дык давай канчаць, толькі навошта дзесяціна? Я бацька ці не, а-а-а? Ты разумееш гэта - я бацька свайму дзіцяці ці не?
- Бацька!
- Вядома, што бацька!
- Во, во! А калі бацька, дык хіба ж я кіну дзіця сваё, хіба магу пакрыўдзіць?..
- А хто там цябе ведае...
- А-а-а, гэць! Як гэта - хто ведае? І ты ведаеш, і я ведаю, і сват ведае. Аддаў я Таццяну, - пакрыўдзіў? Сказаў, што дам сена, - даў: косіць, ужо колькі год косіць і без дзесяціны, і ні слова - касі на здароўе, а табе вось абавязкова каб дзесяціна, а-а-а?.. А калі скосіш сёлета больш трохі, як дзесяціну, або меней, дык што - згібееш? А то, гэць, захацеў, дзе-е-сяціну-у!
- Ну добра, дык дай сенажаці! Будзем казаць проста сенажаць, а колькі - потым згаворымся...
- Не, не, сваце, я не хачу! Я прашу дзесяціну, хай скажа, што дае дзесяціну, тады і лад будзе.
- А чаму ў дачкі не спытаеш, колькі яна хоча ад бацькі ўзяць, а-а-а? Сцепаніда!
- Сцепаніда, хадзі сюды! Хай яна скажа...
- Ну чаго вам, мо гарэлкі яшчэ мала?..
- Ты сядзь, дачушка, паслухай. А-а-а, гэць, які ён зух! Дзе ж гэта бачылі - дай яму дзесяціну, а аб дачцэ зусім і не гаворыць...
- Калі кажу аб дзесяціне, дык разам і аб ёй.
- Дачушка, рассудзі: скажы, колькі ты хочаш сенажаці, а?
- Колькі? Я гаварыла, колькі ён хоча...
- Дык гэта ён, але ты колькі?
- Значыць, калі я дзесяціну, дык і яна дзесяціну.
- Вядома ж, дзесяціну...
- А-а-а, бач, бач, згаварыліся, як абіраць бацьку! Дзесяціну... Ну, дык няхай дзесяціну, хай дзесяціну... У мяне хопіць і для сябе, хопіць і для Ільі яшчэ, хай жыве толькі, ажэніцца... Хай дзесяціна, хай...
- Дык дзесяціна?
- Ага, ага, няхай так!
- А якую ж ты мне дасі?
- Як якую? Якую захачу, тую і дам, вось!
- Не-е-е! Ты захочаш «ціпец» аддаць мне, а я не хачу, ты слова дай цяпер...
- А-а-а, гэць, гэць, а мо я ад лесу дам, ты адкуль ведаеш?
- Ото ж і ведаю! А я ад Раманавай мяжы хачу...
- О-го! Ад Раманавай мяжы! Бач, чаго захацеў, а-а-а, бач, а ад Юркавай мяжы не хочаш? Я ж аддаў ад Раманавай мяжы Таццяне; ну, а ёй ад Юркавай дам.
- А чым я горшая? Таццяне даў тамака і мне там давай!
- Гэць, гэць, згаварыліся! Мусіць, раней згаварыліся, як дурнога бацьку абабраць, а-а? Дзесяціну дай, ад Раманавай мяжы дай, ды яшчэ ад самага лесу, а?
- А няўжо ж ад поля?
- Ну, во, а адкуль жа?
- Сам з'еш ад поля, не патрэбен мне «ціпец».
- Не трэба, - не бяры, сам скашу. Гэць, дачушка!
- Кіньце сварыцца. Дае бацька дзесяціну, дасць і ад Раманавай мяжы, і ад поля трохі, праўда, Якаў?
- Ну, а чаму ж не, а-а-а? Будуць добрыя дзеці, дык ад Раманавай мяжы дам і ад лесу дам, а не, дык дзе захачу, там і дам, я гаспадар! А не хочаце, дык і зусім не дам...
- Так, пэўна, што твая воля! Бацька заўсёды аб дзецях клапоціцца... Дзеці ля бацькі добрыя, - бацька ля іх у дзесяць раз... Так...
- Во, во, а то, бач... ну, як жа гэтак можна, а-а-а, ну як?
- Ды я нічога, вядома, так, твая воля, бацькава, але ж ты сам ведаеш, што ў мяне сена няма, а калі дзіця сваё аддаеш жыць, дык трэба так, каб не мучылася, а каб жыло.
- Праўда!
- Ага, ага, праўда. І я гэта кажу. Ці ж я свайму дзіцяці вораг, хай жыве, і таму дзесяціну даю... У мяне дзеці роўныя. З мяне хопіць. Дзесяціна, дык хай дзесяціна, хай і ад Раманавай мяжы... А-а-а, добра, сват, а?
- Добра, дык згода? Вып'ем?
- Значыць, кончылі, вып'ем...
- Ага, ага, кончылі... Але як жа я? Дачку забярэш, а хто ж мне з'есці зварыць, хто абмые, а-а-а? Сын жа ў мяне, карова, свіння... Як жа, а?
- Жаніся сам, будзем адразу два вяселлі гуляць.
- А ўжо ж, ага?.. А то як жа жыць? Дык жаніцца, кажаш, а?
- Ага, жаніцца, а то як жа!
- А-а-а, дык хіба будзь і маім сватам, а-а?
- Добра, хадзем хоць сёння, недалёка тут.
- Ну? Хадзем, а куды?
- К Тодарысе.
- Ага! Яй-богу, добра, Якаў, у самы раз!
- К Тодарысе, няхай к Тодарысе, ат! Я стары ўжо, і яна старая баба, абы хаты даглядзела ды есці зварыла. А-а-а, гэць, значыцца два вяселлі гуляем, а?
Жыта спелае каласамі буйнымі нізка-нізка хіліцца да зямлі, засланяе полагам залацістым вузенькую дарожку, шэпча густому трыпутніку апошнія дзіўныя казкі лета. А дарожка вузенькім зялёным паскам - не відаць каляін, уросшых трыпутнікам, - лягла ад хутара да хутара сярод поля жытнёвага.
Змяркаецца.
Прасторы жытнёвыя хвалююцца, нібы хілячыся пад нябачным сярпом. Ціха ў полі, і ў хутарах ціха, і нейкая святочнасць сцелецца навокал, і ўсё, здаецца, прыбіраецца ў святочныя адзенні, каб адгуляць вяселле лета з восенню. Здаецца ў цішы вячэрняй, што ўсім добра, што ўсе радуюцца, і боязна, каб што не парушыла гэтую ціхую радасць.
- Куды ты, Параска?
- Да Якава, вянок жа завіваць Сцепанідзе будзем, хадзем разам!
- Хадзем, заўём, а потым цябе заўём.
На дварэ ля хаты Якава цэлы гурт дзяцей. Яны і ў хаце, і ў сенцах, і на прызбах стоячы паглядаюць у акно. І ў хаце на ложку, на печы згрудзіліся. А вакол стала дзеўкі маладыя, таварышкі, з якімі адгуляла дзявоцтва сваё Сцепаніда, плятуць вянок, спяваючы, адпяваюць яе дзявоцтва. А сама маладая за сталом з дзеўкамі то часам і ўсміхнецца і сама падпяе, а часам хустачкай вытра вочы...
Каля ляжанкі ў куце стаіць вялізная сіняя скрыня. У скрыні ж нешта капаецца Паўліха, па мацеры родная баба Сцепаніды.
Як змералі дзеўкі вянок і пачалі доўгую вясёлую песню, Паўліха паклікала маладую.
- А грошы ж як?
- У скрыні!
- Ці ж багата?
- Ды, мусіць, тысяч з чатыры...
- Ты ж ведаеш, дзе яны ляжаць, ён не перахаваў?
- Не, ведаю, пад свойчыкам у рукаўчыку ўсе.
- А ён засватаў сабе гэтую?..
- Але, засватаў Гарпіну: дачка ў яе - гадоў з дзесяць ужо...
- Ну, дык бач! У той дзіця сваё, дык яна свайму прыгорне ўсё, чаго не возьмеш зараз! Тады ты і з зубоў не вырвеш, і Ільі нічога не дасць, мачыха ж...
- Дык узяць грошы, ці што? Я і сама думала.
- Вядома, узяць, а што ж ты, дурная, ёй кінеш? Маці крывёй зарабляла, а ты кінеш чорту лысаму. Не маці, дык хоць ты спажывай, а не яна...
- Вядома. А ці ж я мала пацягала?.. Ён жа нічога не зарабляў.
- Дык ты пастой; як выйдзе на двор, дык вазьмі ды за пазуху рукаўчык кінь, каб не заўважыў пакуль што... А я павартую...
І адпаўзла старая, згорбіўшыся, ад скрыні ў другую палову.
Якаў бегаў, як шалёны: то ў стопку, каб памагчы бабам падрыхтавацца на заўтра, то ў гумно, каб прынесці сена прыехаўшаму на вяселле госцю, то на гару, каб дастаць сена або гарэлкі.
Бабы ж ля печы завіхаюцца, частай і ветлівай гаворкай рассыпаюцца, цукрам пампушкі салодзяць, квашаніну разліваюць у міскі з усіх хутароў.
- А га-алу-у-б-ка ж мая, дзе ж ты бачыла, каб родны бацька не шкадаваў...
Якаў са стопкі поўны кошык сала панёс на гару, - будзе складаць у кублік: доўга зоймецца. Паўліха падалася назад, кіўнула галавой Сцепанідзе, шапнула:
- Не спажыла маці, сканала праз іх, дык хоць ты спажывай, Сцёпка. Вазьмі іх і не кажы, што брала, твае яны, кроўныя...
Хутка зусім цёмна стала - і ў хаце, і на дварэ. Ужо канчаюцца спевы, хутка будзе гатоў вянок, а тады прывядзе Сяргей музыкаў, і вечарынка пачнецца.
На двор да Якава з'язджаецца сваяцтва з далёкіх вёсак: дзядзькі, цёткі, браценікі, ля вазоў стаяць, кураць, гутараць. ашылі дзеўкі вянок, прымералі на Сцепаніду, пераспявалі ўсе песні, потым на лавах ля сталоў селі, а сама маладая разносіць па чарцы гарэлкі ўсім, а закуску Паўліха падае.
Жартаўліва-іскрыстым смехам перасыпаюцца дзяўчаты, дражняць праз вокны хлопцаў, што стаяць на дварэ...
А ў другой палавіне бабы скупчыліся гуртам ля печы, нешта кожная хоча перад другімі паказаць сябе гаспадыняй, але языкамі ўсё больш робяць, чымся рукамі.
- А га-а-лу-у-б-кі ж мае, ці ж гэтага багата! Агей жа як аддаваў Сцепаніду, дык дзесяць пудоў перагнаў...
- Цьфу, цьфу, цьфу, - вось ты што на гэткія гаворкі зрабі; слухай толькі, што людзі кажуць...
Мужчыны ля вазоў. У іх другая гаворка: хто і сколькі скасіў ужо, хто і калі колькі выпіў на вяселлі ў суседа...
- Бывала, пілі, а цяпер...
- Дык і гарэлкі ж было, а цяпер...
Недзе далёка ў полі зыкнула гармонь і сціхла. Дзеці кінуліся ў хату.
- Вечарынка! Музыка ідзе!
Гучней загаварылі бабы ля печы, дзяўчаты апошні раз бразнулі талеркамі.
Якаў на гары над кублікам стаяў, а перад вачыма скрыня і рукаўчык з грашыма.
«Ці ж доўга з ёй, ведзьма тая навучыць...»
Ужо гармонь у хаце абазвалася і рассыпалася частымі зыкамі полькі.
Якаў, злезшы з гары, - проста да скрыні. Расчыніў, падняў свончык. Рукаўчык ляжыць, хацелася яго падгарнуць трохі глыбей на дно, але пальцы неяк пустэчу абмацалі ў рукаўчыку - і толькі некалькі паперак. Нібы апёк руку, ён выхапіў, развязаў рукаўчык, пералічыў, пацёр вочы рукой, яшчэ раз пералічыў.
«А-а-а, дык вось якая ты, дачушка, доб-ра ж!»
І, не зачыніўшы скрыні, з рукаўчыкам і трыма «кацярынка-мі» ў пальцах Якаў пастаяў на хаце перад здзіўленымі дзяўчатамі і хлопцамі, потым пайшоў у другую палову.
- Дык так! А-а-а, гэць, гэць, бачыце, людзі добрыя, дык так, а?
Паўліха ўслед.
- Чаго гэта ты, і скрыні не прычыніў?
- Чаго? Хіба ж гэта дзеткі, а-а-а, бач ты, бач, што пакінула бацьку на старасць?
- А-а?
- Шанаваў, гадаваў, а цяпер як ад бацькі, дык і ўсё забраць трэба, гаспадарку знішчыць...
Увайшла Сцепаніда, на бацьку глянула і дагадалася, але пайшла да дзяўчат.
- Дык гэта так, дачушка, ты аддзякавала бацьку, а? Як ён на гару, дык ты і ў скрыню... Мо і кашулю ўжо апошнюю забярэш, а?
Бабы кучай з тае палавіны ў дзверы ўсунуліся... Чакаюць... Сяргей з лавы падняўся, стаіць здзіўлены.
- Што, у цябе іх хто ўкраў? Чаго гэта ты?
- Чаго? Не ведаеш ты? Абірайце бацьку, губіце!..
- Якія грошы, калі?
- Не ведаеш ужо, схаваць паспела!.. Дзе грошы дзела? А?
- Якія грошы? Не брала я тваіх грошай!
Старыя сцішаюць іх.
- Хто іх там браў? Мо капаючыся як-небудзь там у скрыні выкінуў, знойдзеш...
- Дзе ж знойдзеш, калі яна ўсё пачысціла. Чатыры тысячы было... Дзе грошы, кажы?..
- Задушыся ты з сваімі грашыма, не брала я іх!
- А хто ж узяў, укралі хіба? Хто ж, апрача цябе, у скрыню лазіць, а-а-а?.. Бачыце, што зрабіла, а-а-а? Гэць, дачушка?..
Ніхто не адазваўся, маўчалі... Сяргей толькі буркнуў:
- Які ў цябе чорт краў, мо сам захаваў дзе?..
- А-а-а? Сам ад сябе хаваць буду?.. Рады абгалоціць бацьку? Ты ўзяла грошы?!
Хата ўся загаварыла, зашушукала.
А Якаў, збялелы ад злосці і жалю, падыходзіў усё бліжэй да Сцепаніды, махаў перад тварамі дзяўчат і хлапцоў рукаўчыкам пустым з трыма «кацярынкамі» і крычаў:
- Дык так, зладзейка, бярэш, так? На гэта я выгадаваў цябе?
Усхваляваная Сцепаніда стаяла сярод дзяўчат. У яе нарастала злосць і крыўда. Пасля апошніх бацькавых слоў усё прарвалася.
- Зладзейкай мяне абзываеш, за тое, што я абмывала цябе... Ну, дык я ж узяла грошы і - хваробы, не аддам, бо не ты, а я з мамай зарабляла іх, я і спажыву, а не тая погань, што бярэш сюды...
- Во, во, бачыце, а яшчэ і адпіралася, а-а-а! Давай грошы, а не то, дык я цябе з хаты выганю, як суку тую.
- Не аддам!.. Не выганіш!.. Сама зарабіла, кроў маміна на іх...
- А я не зарабляў, знацца, а?
У кутках чуліся шэпты і кпіны.
- Прапіваў ты, а не зарабляў!
- І прапіваць буду, а табе не дам, бо пакуль што, дзякуючы богу, я гаспадар, а не ты... Давай грошы сюды, а-а-а!
- Сказала раз, што не аддам, і не аддам! Мае яны, а не твае!
- Ага, дык так! Ідзеш на рызыку? Не дасі?
- Не дам!..
Загаварылі хлопцы.
- Ды што вам з тых грошай, здурнелі вы, ці што! У сметнік іх трэба выкінуць ці кут вылепіць імі, цяпер жа савецкія ўжо, лепшыя!
- І праўда, што з іх? Не бяруць жа іх. І Мікалай ужо не вернецца... Дык знайшлі завошта сварыцца!
Але ў дзвярах баба рыпнула старым голасам.
- Не ідуць сёння, дык заўтра пойдуць, во!
Збялелы Якаў зноў заміргаў пасалавелымі вачыма і, трасучы рукаўчыкам з «кацярынкамі», крыкнуў:
- Аддасі?
- Не аддам!
- Добра! Парызыкуй з бацькам, парызыкуй, калі хочаш! Я гаспадар у хаце, а не ты... Не аддасі - не трэба! Атрымала б і карову, і свінню, і авечак, і дзесяціну, а цяпер... хваробу дам табе, мая дачушка!.. Ідзі, ідзі...
- Не аддам! А пасаг сышчу праз суд!
- Скулу сышчаш, а не пасаг... Парызыкуй!
Асалапеўшы, Сяргей стаяў з разяўленым ротам. Шкада было пасагу, хоць і думалася, што за чатыры тысячы дзесяць такіх пасагаў можна будзе купіць, але і боязна было, каб не прыйшлося на сметнік выкінуць, бо колькі гадоў не ідуць ужо.
- Не аддам я, пры людзях кажу, не аддам!
- І я пры людзях кажу! Чатыры тысячы ўзяла, абабрала бацьку - і ні саломінкі больш з двара не дам... Пры людзях кажу!
Сяргей не ведаў, што лепш: ці пасаг, ці гэтыя тысячы? Былі яны простай паперкай, і неяк шчымела нутро ад таго, што ў яго будуць толькі тысячы. Ён штурхануў локцем Сцепаніду.
- А мо аддай іх, на чорта...
- Не аддам, мае яны!
- І я не дам: рызыкуй!
Сяргей не вытрымаў:
- А пры сваце ты што казаў мне, а? Я ведаць не ведаю, хто ў цябе грошы ўкраў і ці ў цябе былі нават грошы, але пра пасаг ты сам гаварыў, што дасі!
- Не дам я пасагу, хай грошы аддасць!
- Не аддам я грошы, мае яны, маміны...
- А я пасагу не дам, ні крошкі з двара не дам! Скулу, а не дзесяціну!
Сяргей яшчэ крыху пастаяў, азірнуўся...
- Калі так, дык на чорта мне і дачка твая, бяры яе з грашыма сваімі, удавіся... Найду такое шчасце! Хадзем, матка!
Аслупянелі і змоўклі ўсе - Сцепаніда, і бабы, і Якаў. Сяргей, валюхаючыся, выйшаў з хаты, за ім музыкі, хлопцы, дзяўчаты. Толькі старыя ды дзеці чакалі канца.
Якаў стаяў з рукаўчыкам пасярод хаты, паглядаючы навакола...
А ў хаце ўжо запахла чадам падгарэўшых пампушак, і зашыпела ў печы страва, выбегшы з гаршкоў.
- А-а-а, гэць, гэць, дык што ж гэта?..
Дзіка крыкнула, кінуўшыся на ложак, Сцепаніда, мятнуліся ў дзверы дзеці, паціху пачалі выпаўзаць лішнія бабы.
- А-а, ма-а-м-ка ж мая, га-лу-у-бка!
У полі зарагатала гармонь чыстым срэбным смехам.
Ніжэй схіліліся змочаныя расой жытнія каласы, захавалі дарожку на Якаваў хутар. Ноч густым змрокам чорным абматала Якаваў двор, будынкі, захавала яго ад вачэй людскіх.