Лідзія АдамовічКветкі самотнай князёўныАповесць
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
І
Аленка не магла стрымацца ад смеху - мужчына гадоў трыццаці ў белым касцюме неадрыўна пазіраў на яе. Ён стаяў ля навагодняй ёлкі з нейкім маладым хлопцам Аленчынага ўзросту і за ўвесь вечар нікога не запрасіў да танцаў. Ён, відаць, быў не вясковы, а Аленцы надакучылі свае гарадскія хлопцы, да таго ж яна прыехала ў вёску да аднакурсніцы Галі, каб сустрэць тут Міколу - у інстытуце ён зусім не звяртаў на яе ўвагі. Высокі, прыгожы, з кучаравымі пышнымі валасамі, блакітнавокі, Мікола вабіў многіх дзяўчат, але, сябруючы з усімі, быў такі недасягальны і, здавалася Аленцы, чымсьці таемны, а неразгаданае, таемнае так прыцягвае! Галя падбухторыла Аленку схадзіць да Міколавага бацькі, быццам па квашаныя яблыкі, у вёсцы Адась славіўся тым, што надта ж смачна ўмеў квасіць антонаўкі. Адасева жонка памерла, і ён сам вёў гаспадарку. Калі дзяўчаты прыйшлі, Мікола сустрэў іх ветліва, па-сяброўску частаваў яблыкамі, жартаваў, а вось у клуб так і не з'явіўся.
...Мужчына ў белым касцюме па-ранейшаму пазіраў на Аленку. Ён здаваўся дзяўчыне старым. Яго погляд раптам выклікаў такі выбух смеху, што Аленка, прыкрыўшы рукою вусны, порстка схавалася за спіну сяброўкі.
- Сціхні ты, дурніца! - таўканула яе ў бок Галя, прыгладжваючы валасы. - Ён сюды накіроўваецца!
Мужчына і сапраўды ішоў да іх. Як ні стрымлівалася Аленка, як ні сціскала вусны, але ўсё ж хіхікнула, калі той запыніўся ля Галі і, гледзячы паўзверх яе пляча, звярнуўся да Аленкі:
- Можна вас?
Аленка моўчкі кіўнула, падала яму руку і пайшла следам, стараючыся думаць аб чым-небудзь сумным, каб суняць смех. Ён абняў яе так, што ёй не заставалася нічога, акрамя як стаяць на месцы і ледзь-ледзь перасоўваць ногі. Вось так яны і танцавалі - на месцы. Смех у Аленкі ўжо прайшоў. Да таго ж, стоячы ў клубе ў сваім дэкальтаваным маскарадным касцюме, накшталт князёўны сярэднявечча, Аленка крыху змерзла, а тут, у абдымках мужчыны, яна прыгрэлася і летуценна пачала ўяўляць, што танцуе з Міколам.
...Вочы ў Міколы глыбокія, блакітныя, з патанулай хмарынкай, але цёплыя і добрыя. Гэта было мора, бяздоннае, зменлівае, мора перад штормам. У такія вочы можна было глядзець доўга-доўга, заглядзецца і патануць. Як яна зайздросціла хлопцу, які жыў з Міколам у адным пакойчыку ў інтэрнаце, - ён бачыў яго раніцою, вечарам, кожны дзень... І не ўяўляў нават, якое гэта шчасце - бачыць перад сабою Міколу, яе бога, назіраць за яго рухамі, калі ён умываецца, за ягонымі вуснамі, калі ён гаворыць, за ягонымі пальцамі, што перабіраюць струны гітары... З якою асалодаю стаяла Аленка вечарамі пад дзвярыма Міколавага пакойчыка і ўбірала ў сябе ўсе гукі і словы, што даносіліся адтуль... Яна ведала, што Мікола збірае групу для краязнаўчага паходу па слядах падання пра князя Вітаўта і Дарыну. Ёй так хацелася пайсці з ім у гэты паход, але яе не запрашалі...
Нават нумар пакоя, у якім жыў Мікола, выклікаў асалоду. На лекцыях Аленка, як заварожаная, пісала проста ў канспекце запаветныя лічбы: 405... 405... і выводзіла літары: Мікола Гайда... Мікола Гайда... і з трапяткім сэрцам падстаўляла пад ягонае прозвішча сваё імя, і мілавалася сугучнасцю: Алена Гайда... Алена Гайда...
- Самотная князёўна на чужым бале? - абарваў яе думкі прыглушаны голас.
Алена ўзняла вочы - яна ўсё яшчэ танцуе з гэтым «старым мужчынам»? «Ён падобны на цыгана, - падумала дзяўчына. - На старога цыгана!» І адвяла позірк.
- Баль заканчваецца, - прамовіў мужчына лагодна. - Можа, мы пойдзем дадому разам?
- Да якога яшчэ дому? - раздражнёна павяла плячыма Аленка.
- Да вашага, вядома. Ці можна правесці вас?
- Пашукайце сабе па ўзросту, - цвёрда сказала Аленка, глянуўшы яму ў твар.
- Нават так? - усміхнуўся ён. - Што ж, дзякую за танец!
І правёў яе на месца.
У гэты час з'явіўся Мікола. Ён увайшоў з марозу, расчырванелы, у расшпіленым кажуху. Хлопцы абступілі яго. Мікола гучна і весела вітаўся з імі, паціскаючы рукі. Але танцы скончыліся, моладзь пачала выходзіць з клуба, і Аленка настойліва чакала, калі Мікола заўважыць яе, падыдзе. Той стаяў на ганку і паліў з хлопцамі.
Да Галі падышоў Анатоль, кірпаты, сярэдняга росту хлопец, вузкі ў плячах, з акуратнай бародкай, якую заўсёды адрошчваў на зіму, «каб холадна не было», смяяўся на пытанні дзяўчат, - гадоў на пяць старэйшы за Галю, з прыкметнаю ўжо лысінкаю на галаве. Усміхнуўся і выцягнуў з-за пазухі маленькую кветачку.
- Ой, цюльпанчык! - ускрыкнула Аленка. - Жывы! Малайчына, Анатоль!
- Я з-за гэтага цюльпанчыка на электрычку спазніўся, - усміхнуўся хлопец. - Але нічога, пазнаёмлюся з Галінымі бацькамі цяпер ужо ў Новым годзе! Стары год правёў у электрычцы...
Галя абняла сябра і чмокнула ў шчаку, узяла кветачку, прыціснулася да яе вуснамі.
- Пайшлі да маіх, - шапнула Анатолю, - а то, мусіць, ужо спаць леглі, як-ніяк, а тры гадзіны ночы... Аленка, пайшлі разам! - звярнулася да сяброўкі.
- Не, - адмоўна махнула галавою Аленка. - Я тут застануся, на ганку... Міколу пачакаю... Чула, быццам ён сюды вернецца з гітараю, хлопцам так сказаў. Бач, пабег ужо...
- Ну, глядзі сама, - адказала Галя і, абняўшыся з Анатолем, збегла па прыступках.
... Снег вялікімі камякамі заляпіў каўнер зялёнага паліто. Пальцы мерзлі ў рукавічках. Аленка адсунула рукаў, глянула на гадзіннік - палова пятай. На дзвярах клуба чарнеў вялікі халодны замок. У святле ліхтара, як мухі, кружыліся сняжынкі. Ад высокіх старых дрэў аддзяліўся цень. Аленка здрыганулася. Нехта ў доўгім паліто накіроўваўся да яе.
- А я, як ні пагляджу ў акно - усё вы стаіце, - падаў мужчына голас і запыніўся ля ніжніх прыступак ганка. - Відаць, праз стары маёнтак ісці баіцеся?
Ён павярнуўся, і святло ліхтара ўпала на ягоны твар. «Божа, гэта ж зноў той самы мужчына! - з непрыяззю падумала Аленка. - Цыган стары!»
- Давайце знаёміцца, - прапанаваў ён. - Мяне завуць Вайдаш Дуброўскі, інжынер «Менскбудпраекта». Унук дзеда Ўладыморыка, ведаеце яго?
- Не, - суха адказала Аленка. - Я менчанка. Студэнтка інстытута культуры. Аленай зваць...
- Мы амаль землякі, - усміхнуўся Вайдаш. - У мяне ў Менску кватэра... Спускайцеся ўніз! - працягнуў ёй руку ў чорнай скураной пальчатцы. - Ці чакаеце каго?
Аленка не адказала.
- Ён не варты гэтага! - засмяяўся Дуброўскі. - Хоць і не падыходжу я вам па ўзросту, але гатовы правесці да хаты, бо Чорная здань, мусіць, і сапраўды існуе - шмат хто бачыць яе ля маёнтка... Вось і вас, здаецца, закранула яна...
- Што? - у Аленкі пахаладзела спіна. - Якая здань?
Але з прыступак сышла.
- Гэта даўняе паданне, - мовіў Дуброўскі, калі яны скіравалі ў бок маёнтка, - з часоў князя Вітаўта. На гэтым месцы праклён існуе. Калі Чорная здань дакранаецца да чалавека - ён робіцца сляпым духоўна... Ён любіць толькі цела... і гіне ў сляпым каханні... Першай ахвярай Чорнай здані стала Дарына, нарачоная князя Вітаўта. Але і да гэтага часу з'яўляецца здань людзям, бо не ведаюць яны, у чым яе смерць...
- Ой, раскажыце, калі ласка! - устрапянулася Аленка, узрадаваная тым, што можа распавесці Міколу нешта таемнае, аб чым, магчыма, і ён не ведае... Зацікавіць яго, спадабацца яму, а там, глядзіш, і ў паход возьме!..
- Недалёка ад панскага маёнтка, недзе ў лесе, - уздыхнуўшы, павольна пачаў аповяд Вайдаш, - знаходзіцца мур на месцы былога маёнтка Дарыны, які пабудаваў для яе князь Вітаўт, дараваўшы здраду яе... У лабірынтах падзямелля існуе, паводле падання, Блакітны пакойчык, у якім ляжыць прыгожы жалезны кубак з накрыўкай. Хто адкрые яго - знішчыць здань...
...Руіны старога маёнтка чарнелі пад шапкаю снегу. Халодныя сняжынкі сыпалі ў твар. Аленка, зачараваная і ўзрушаная, прыслухоўвалася да голасу Вайдаша. Прыслухоўвалася і... ужо не існавала ў цяперашнім часе: у белым прывідным тумане з'явіўся на кані магутны і суровы князь Вітаўт.
- Я Дарына, Дарына! - выйшла з снежнай завірухі дзяўчына. - Ты пазнаў мяне, князь?
Вочы яе - цёмная ноч, косы быццам у русалкі.
- Я была маленькаю, калі ты прыязджаў да майго бацькі, - прашаптала дзяўчына.
- Памятаю цябе, Дарына! - адказаў Вітаўт і падхапіў, пасадзіў яе на каня, да сябе...
Мільганула недзе сярод дрэў Чорная здань, працягнула кашчавую руку да кволай Дарыны...
...І Аленцы падалося, што яна пачула дзікі смех. Ён стаяў у вушах, калі Вайдаш закончыў аповяд і падвёў яе да хаты. Яны развіталіся. Зачыніўшы ў сенцах за сабою дзверы, Аленка дакранулася да клямкі, каб увайсці ў хату, але ў гэты момант пачула здзеклівы шэпт:
- Не хацела за пана - будзеш валяцца ў нагах у хама!
- За пана, за пана!.. - крыкліва паўтарыў нехта.
Крык гэты прымусіў здрыгануцца Аленку, рассыпаўся на гукі, і вось ужо кожная частачка яго гучала паасобку, утвараючы манатонны, ціхі гоман, падобны на шапаценне лістоў... Аленка рванула дзверы і ўскочыла ў хату...
Ірэна не захацела ісці сёння ў касметычны салон. Яна здзерла бульбіну, наклала мякоцце на сурвэтку і прыклала да твару. Уладкавалася на крэсле і ўключыла Бетховена. Ірэне вельмі падабалася ягоная «Апасіяната», асабліва стрыманая і велічная другая частка. Разліваючыся, музыка напаўнялася ўсё большай мяккасцю і цеплынёй...
Ірэна думала аб апошняй сваёй практыцы ў дзіцячым садзе. Апошняй, пераддыпломнай. Яна так любіла дзяцей, іх дапытлівыя вочкі! Ніколі не забудзе чарнявай жыдовачкі Аліны Савікоўскай, яе бацькі працуюць у оперным тэатры, сама ж дзяўчынка з маленства займаецца ў музычнай школе.
- Вы такая прыгожая, быццам фея! - сказала Аліна Ірэне ў першы ж дзень яе прыходу ў садок. - Вы прыйшлі да нас з казкі, праўда? Вы так цудоўна граеце на піяніна!
Ірэне падабалася, калі ёй гавораць кампліменты, нават дзеці. Наогул, яна купалася ў кампліментах мужчын на вуліцы, у інстытуце, у гасцях, як у кветках, ёй гаварылі кампліменты жанчыны, якія працавалі ў касметычных салонах, дзе часта Ірэна рабіла прычоскі, манікюр, макіяжы, масаж...
Ірэна сама любіла сваё цела, маладое, прыгожае, гнуткае, свае рукі з акуратнымі тонкімі пальчыкамі, свае валасы пшанічнага колеру, свае шэрыя вочы і мяккія вусны... Але чаму ж Янка пакінуў яе? Чым яна яму не дагадзіла?..
Не хацелася ўспамінаць тую вечарынку, на якой ён зачараваўся яе сяброўкай Рэняй, хоць некалькі дзён назад смяяўся з Рэніных ног і паходкі. Яны стаялі на балконе і палілі цыгарэты... А потым ён болей не прыйшоў да Ірэны. А Рэня, прыбегшы да яе ў інстытут, выпаліла проста ў вочы:
- Ірэнэчка, не крыўдуй, ён сказаў, што хоча са мною сустракацца. Мае бацькі паедуць жыць у вёску. Там прырода, лес, ты ж ведаеш, што мой бацька хварэе на лёгкія. А нам з Янкам застанецца кватэра. Шкада, што машыну бацька забірае!
І, крутнуўшы поўнымі сцёгнамі, абцягнутымі кароткай джынсавай спаднічкай, заспяшалася на выхад...
Бацька пайшоў з сям'і. «У нас з тваёй маці даўно няма ўзаемаразумення, - сказаў Ірэне тата, - каханне даўно згасла, ператварыўшыся ў самоту ад аднастайнасці, клопатаў, сварак і шэрай будзённасці...» Ён вярнуўся ў вёску і жыў адзін у старой бацькоўскай хаце.
Ірэна паднялася з крэсла і пайшла ў ванну. Змыла твар, усміхнулася сабе ў люстэрка і пачала распранацца. Цела адчула асалоду цёплай вады. Ірэна ляжала ў ванне і паціху пацягвала з кубачка каву. Заўтра ёй трэба распавядаць дзеткам пра музычныя інструменты. З задавальненнем пойдзе сёння ў бібліятэку. А па дарозе трэба зайсці да суседкі, Аленчынай маці. Можа, і Аленка будзе дома, раскажа, як Новы год сустрэла.
Ірэна ўключыла фен, пачала сушыць валасы і адначасова любавацца імі. Янка так любіў расплятаць яе косы! Спачатку цалаваў іх, потым вочы, вусны, шыю... Цалаваў яе рукі. Цалаваў усё яе цела. Кружыў па пакоі на руках сваіх. «Маленькі мой зайчык, маё сонейка, кветачка мая... - шаптаў ёй на вуха. - Русалачка мая...» Разам з ім яна ўзлятала на неба, танула ў віры асалоды... А цяпер яго няма...
Ірэна ўздыхнула і адкінула фен. Апранула чырвоную сукенку, вузенькую, класічнага пакрою, з чорным банцікам пад каўняром, і выйшла з кватэры.
- Ірэначка! - заўсміхалася Аленчына маці. - Заходзь, даражэнькая!
- Добрай раніцы, цётка Соф'я! Адпачываеце?
- Якое там адпачыванне, Ірэначка! - уздыхнула цётка Соф'я, маладжавая жанчына, пухлая, з вузкімі вуснамі і зачасанымі ўгору валасамі, якія агалялі і так вялікі лоб, паправіла пояс на дарагім халаце і дадала, запрашаючы Ірэну прысесці: - Нікога ў хаце няма. Кінулі ўсе мяне, а я з раніцы заўсёды такая хворая! Трэба выйсці ў горад развеяцца... Можа, пойдзеш са мною?
- Ды я ж у бібліятэку...
- Вось якія вы, маладыя, - паскардзілася Соф'я і выйшла на кухню, вярнулася з падносам, на якім стаялі два кубкі кавы і піражкі. - Частуйся, Ірэначка, сама пякла... Ты такога ніколі не зробіш, як Аленка! Ты ніколі маці не кінеш, а Аленка мая ўладкавалася ў інтэрнат студэнцкі і нават з кватэры выпісалася, знацца з маці не хоча! Свякруха жыла са мною, усё малілася, а хіба ж я яе чапала? Сама запсіхавала і паехала ад мяне ў сваю вёску, у Жыровічы, там манастыр, ведаеш? Вось няхай там і моліцца! Адзін муж кахае мяне, Ірэначка, вось ён мяне не кіне ніколі!
Ірэна адвярнулася, каб схаваць усмешку: «кахае».
- Кожную раніцу я хварэю, Ірэначка! - скардзілася Соф'я. - Быццам не цела ў мяне, а вата, рукі як вяроўкі вісяць, ногі не маюць моцы... Быццам хто кроў высмактаў з мяне. Мне трэба з раніцы пагаварыць з кім, энергіі набрацца, тады ўсё праходзіць, так мне экстрасенс параіў. Я - знак агню. І муж мой - знак агню. Гэта не падыходзіць. Мне каб вось знак зямлі, як Аленка, знак вады, як свякруха, а яны мяне пакінулі... - Соф'я змахнула з вачэй слязу. - А ты хто, Ірэначка? Ты ж з маёй Аленкай у адзін месяц нарадзіліся...
- Я - Панна, - адказала Ірэна. - Знак зямлі...
- Ой, зайчык ты мой! - узрадавалася Соф'я і абняла дзяўчыну. - Ты мне падыходзіш! Давай размаўляць, можа, палягчэе мне...
- А пра што размаўляць? - даверліва запытала Ірэна.
- Ай, золатка маё! - заўсміхалася Соф'я. - Памятаеш, як мы з табою пасябравалі? Стаіш ты ля ваенторга, а Янка падбягае, на рукі цябе бярэ, кружыць. Усе пазіраюць на вас, зайздросцяць... А потым вы ў аўтобус селі, ты яму галаву на плячо схіліла дый за шыю абняла, а бабы шэпчуць: «Як у койцы!» А вы цалавацца, а бабы ад злосці: «Кінь ты яе ў пельку! Цалуюцца, а тады кусацца будуць!» Злыя людзі, Ірэначка, вось і сурочылі вас...
- Не трэба пра гэта! - адсунулася ад яе Ірэна.
- Ну як жа ж не трэба, калі ён, гад, учора гэтак жа з Рэняй ля ваенторга цалаваўся!
- Цётка Соф'я! - Ірэна роспачна ўскочыла з месца і схапілася за цыгарэту, чыркнула запалкай і зацягнулася на поўны ўдых.
- Ён жа ж, Ірэначка, ёй кожны дзень кветкі купляе, як і табе раней купляў!
- Хопіць! - Ірэна выпусціла ў твар Соф'і сівы клубок дыму, зацягнулася зноў, але, папярхнуўшыся, закашлялася і закрычала на яе: - Ведзьма! Што ты мне нервы псуеш зранку?
- Ірэначка! - лагодным голасам прамовіла Соф'я, паклала ёй руку на плячо і пагладзіла. - Ты лепш закадры старога... Вось адна лярва маладая твайго бацьку закадрыла, дык ён ёй падаркі кожны дзень носіць... Каб і ты старога мела, то і табе б тое ж было...
Соф'я прытуліла да сябе Ірэну і паспрабавала пацалаваць, але тая вырвалася і пабегла да дзвярэй.
- Прыходзь, Ірэначка, золатка маё, яшчэ! - ласкава ўсміхнулася Соф'я, твар яе пасвятлеў, з вачэй спала мроя. Яна жвавенька паднялася з месца і, па-маладзецку крэкнуўшы, пацягнулася. - Кроў у жылы вяртаецца...
Ірэна паспрабавала адчыніць дзверы, але не змагла. Соф'я падышла да яе, павярнула ў замку ключ, расчыніла дзверы і на развітанне шапнула:
- Ты толькі на піяніна сваім не трынкай - рана не загоіцца! Рана ад злога чалавека, Ірэначка, зусім не загойваецца. Век свайго Янку помніць будзеш!
Ірэна размахнулася і стукнула Соф'ю па твары сумкай. Тая толькі ўсміхнулася ў адказ - твар у яе памаладзеў, складкі пад вачыма разгладзіліся, вусны чырванелі, як мак.
- Заходзь у госці, Ірэначка! - маладым, сакавітым голасам кінула яна ўслед дзяўчыне.
Раніцай Мікола прачнуўся ў чужым пакоі. Спахапіўшыся, пачаў азірацца навокал: ці не ў медвыцвярэзніку? Ён ехаў ад бацькі з канікулаў выпіўшы і заснуў у трамваі... Не, ён быў у самым звычайным інтэрнатаўскім пакойчыку. Насупраць стаяў другі ложак, засланы ружовай капай. Над ім віселі партрэты артыстаў, выразаныя з часопісаў. Ля акна стаяла белагаловая, з кароткай стрыжкай дзяўчына і разглядала яго пашпарт, які дастала з кішэні нагавіц. Усё ягонае адзенне вісела на спінцы крэсла.
- Эй, што ты па кішэнях лазіш? - ускочыў Мікола і выхапіў у яе пашпарт.
- А ў цябе фігура - клас! - гарэзліва адказала дзяўчына. - Ну што, Гайда Мікола бацькавіч? Ты мне падыходзіш па ўзросту. Мне таксама дваццаць пяць...
- А ты мне - не! - агрызнуўся той і пачаў нацягваць нагавіцы.
Дзяўчына падышла да яго, абняла за шыю, прытулілася вуснамі да грудзей.
- Ты быў у мяне першы, - прашаптала яна. - І другога ніколі болей не будзе...
- Адчапіся! - адхіліўся Мікола і надзеў кашулю. - Адкуль ты такая ўзялася? Ненармальная...
- Зараз прынясу бульбачку, фаршырованую мясам, - засмяялася дзяўчына, - пальчыкі абліжаш! І не прыкідвайся дурнем - гэта табе не пасуе! Я помню ўсё, усе твае словы ноччу...
І, какетліва павёўшы брывамі, пабегла з пакойчыка. Вярнулася праз хвіліну, хуценька паставіла жароўню на тумбачку, выцягнула дзве талерачкі і пачала раскладваць бульбу, яна так смачна пахла, мела залацісты колер, а з яе выглядвалі скарыначкі запечанага мяса... Дзяўчына спрытна расклала відэльцы, нарэзала хлеб. Паставіла на стол пляшку гарэлкі. Легкадумны кароценькі халацік, са знарок расшпіленымі ўнізе двума гузікамі, агаляў прыгожыя поўныя ногі.
- Проша пана! - усміхнулася дзяўчына, паказваючы рукою на стол. - Проша частавацца!
Мікола паслухаўся. Перад гэтым зірнуў у акно - мясцовасць была незнаёмая.
- Можа, растлумачыш мне, дзе я? - з іроніяй сказаў дзяўчыне.
- Хто каму павінен тлумачыць? - здзівілася тая. - Ты ж учора гаварыў, што ўсё жыццё мяне шукаў. У маім трамваі да канца змены катаўся, рамансы на гітары спяваў...
- Дзе гітара? - спалохаўся Мікола і, знайшоўшы позіркам яе ля сцяны, супакоіўся. Успомніў - было такое. Але каб ісці да яе ў інтэрнат?!
- Сама мяне сюды прыцягнула?
- Ах ты, нягоднік! - раззлавалася яна. - Ды сам жа ўслед плёўся! Можа, цяпер будзеш адмаўляцца, што мяне згвалціў? У мяне сведкі ёсць! Зараз пайду ў паліклініку судмедэкспертызы, калі ты станеш адмаўляцца, што казаў мне ўчора пра каханне, пра вяселле...
- Ты, трамвайшчыца няшчасная! Смаркачы вытры, малалетка!
- Ды я з табою з аднаго года! Калі не будзеш болей са мною сустракацца, калі не прыйдзеш болей да мяне...
- Трэба ты мне, як сабаку пятая нага! Ды ў нас з табою розны інтэлектуальны ўзровень: у мяне вышэйшая адукацыя, а ты - двоечніца з калгаса! Прыехала сюды, курсы скончыла і гарадскою сябе лічыш?
- Я хоць і двоечніца з калгаса, а назаўсёды застануся ў горадзе! Ільготную кватэру атрымаю! А цябе запруць у вёску загадчыкам задрыпанага клуба, і будзеш там з даяркамі гуляць! З кім ты там ажэнішся? Ну, калі настаўніца якая прыедзе пасля вучылішча, бо пасля інстытута альбо замужнія, альбо не едуць зусім, квас у горадзе застаюцца прадаваць! Інтэлектуальную хочаш? Хрэн табе з маслам! Не хочаш мяне, ільготнай кватэры, тады ідзі прэч! Чуеш, прэч!
І выпхнула яго за дзверы.
Анатоль Хвашчэўскі сядзеў на педсавеце як на іголках. Спачатку разбіралі двоечнікаў з яго групы, потым астатніх гультаёў і прагульшчыкаў. Праца майстрам у ПТВ падабалася Анатолю, але яна забірала шмат часу. Трэба было весці справы ў турыстычным клубе вучылішча, які ён узначальваў, дый пра сябе не забываць - у яго па турызме толькі КМС, а хацелася б «майстра спорту». Хутка ён атрымае кватэру, а гэта ж столькі клопатаў! Не, трэба тэрмінова жаніцца, тады б прыйшоў з працы, жонка наліла б баршчу, пад'еў - і на трэніроўку. Як вольны час - у паход! А жонка няхай дома верціцца, а то і ў вёску, да бацькоў, грады палоць, сала прывезці... Галя падыходзіць яму за жонку, з беднай сям'і, значыць, не такая разбэшчаная будзе, як багатыя. І апранацца будзе, як прывыкла: дзве-тры сукенкі, і хопіць. А астатнія грошы сэканомяць яму на паходы, на заплечнікі, на спартовыя касцюмы...
Анатоль уздыхнуў з палёгкай - педсавет скончыўся. Глянуў на гадзіннік - спазняецца на сустрэчу з сябрам ажно на дваццаць хвілін!
... Сцяпан, высокі, плячысты, з зачасанымі ўгору валасамі і маленькімі вусікамі, убачыў Анатоля яшчэ здалёк і памахаў яму рукою.
- Прабач! - уздыхнуў Анатоль, паціскаючы сябру руку. - Ну, як справы? Дыпломная пішацца? І кім жа ты будзеш, куды паедзеш пасля?
- Згодна дыплому - эканамістам, але паеду на хутар, да бацькі, - адказаў Сцяпан. - Там у мяне двое братоў жанатых, сястра. Будзем фермерствам займацца! Добра, давай хутчэй да аўтобуса, а то Маруся ўсе вочы праглядзела ўжо, чакаючы нас!
- Жаночая справа - чакаць! - буркнуў Анатоль, праціскаючыся ў поўны аўтобус.
- Марусю бяром у паход? - ціха папытаўся Сцяпан, ставячы набітую цяжкую сумку долу.
- Не, яна нам не падыходзіць, - сур'ёзна адказаў Анатоль. - Статус не той, разумееш? Я вяду групу, кіраўнік паходу, адказны за ўсіх. А яна ва ўзросце, ніколі не хадзіла ў спартовыя паходы. Мы з ёй пазнаёміліся ў паходзе выхаднога дня... Вось грэчкі завязём, а яна нам палатку зашые, заплечнікі адрамантуе...
- У якім гэта яна ўзросце? - засмяяўся Сцяпан. - Табе ж дваццаць пяць, а ёй усяго трыццаць два!
- Усяго? - раззлаваўся Анатоль. - А дзяўчатам нашым па дваццаць два гады! Розніца ў дзесяць год, разумееш?
Сцяпан хмыкнуў і адвярнуўся да акна.
- Ты мне не хмыкай! - незадаволена кінуў Анатоль. - Мікола Гайда нешта пыжыцца, прэтэндуе на лідэрства. У мінулым паходзе ўсё нешта мармытаў сабе пад нос. І ты туды ж? Калі так справа пойдзе, я паход не павяду! Альбо я - лідэр і камандую ўсімі, альбо паходу не будзе, не дам ні палатак, ні заплечнікаў, не падпішу пуцёўку!
- Хопіць, - супакоіў яго Сцяпан, - выходзь, прыехалі!
- Ой, хлопчыкі! Анатоль, Толечка! Сцяпан! - пляснула ў далоні ўзрадаваная Маруся.
Выглядала дзяўчына вельмі прывабна: доўгі пышны халат з глыбокім выразам, чырвоныя маністы, чарнявыя валасы, закручаныя чырвонай стужкай у «хвосцік», вялікія чорныя вочы нагадвалі цыганку. Мяккія вусны расплыліся ва ўсмешцы:
- Толечка, я твой эдельвейс, які ты мне з паходу прынёс, засушыла. Ён у мяне як скарб, самы вялікі скарб!
Яна запрасіла хлопцаў садзіцца, а сама пабегла на кухню прыхапіць тое-сёе на стол. Прынесла смажаную курыцу, паставіла пляшку лікёру і зноў жа хуценька некуды пабегла. Пачуўся гул кавамолкі, Маруся з'явілася праз хвіліну з падносам, на якім стаялі тры кубачкі духмянай кавы.
- Усё, будзем частавацца! - смеючыся, выдыхнула Маруся. - Гэта я ад радасці так замітусілася. Для цябе, Толечка! А ён жа, Сцяпанка, нават у кіно мяне не запросіць, нягоднік! Пасварыся на яго, Сцяпан, добра! - засмяялася яна, ружавашчокая, з ямачкамі на шчоках, вясёлая, танюткаю рукою разліла па келіхах чырвоны, як кроў, лікёр...
- Ну, вып'ем за Марусю, - прапанаваў Анатоль, - Новы год не прыйшлося нам з ёю сустрэць, справы, сама разумееш... Ну, за ўсё харошае, каб у гэтым годзе табе пашанцавала замуж выйсці!
- Дык я ж толькі за цябе збіраюся! - усміхнулася Маруся, падносячы келіх да вуснаў.
- Мы тут да цябе па справе прыйшлі, - мармытнуў Анатоль, адкусваючы кавалак мяса з курынай ножкі. - Ты мне летась добрыя шкарпэткі ў паход звязала, але вось яны парваліся...
- Звяжу новыя, - засмяялася Маруся. - Чула, ты летам у паход групу вядзеш па Беларусі, краязнаўчы паход...
- Ужо расказаў? Памяло! - зыркнуў вачыма на Сцяпана Анатоль. - Я ж сказаў, раз і назаўсёды: Марусі нельга ў спартовыя паходы!
- Ну чаму ж? - запярэчыла тая. - Я на турзлёты ад свайго «Менскбудпраекта» езджу! А тут паход у вас першай складанасці, для навічкоў! Чаму ты не хочаш мяне браць?
- Усё! - стукнуў кулаком па стале Анатоль. - Размова пра паходы скончана, Маруся, - сказаў больш лагодна, - ты ж наша выручалачка! Ты ж заўсёды дапамагаеш і цяпер, калі ласка, дапамажы...
Ён падняўся з-за стала, выняў з сумкі палатку і два заплечнікі, умольна глянуў у вочы Марусі і прашаптаў:
- Калі ласка...
- Добра, - уздыхнула Маруся, - зашыю...
І Анатоль узрадавана пачаў выкладваць Марусі пачастункі: грэчку, кнігі, якія купляў ёй у час вандровак...
Сцяпан моўчкі пазіраў на абаіх, адной рукою абапёршыся на поручань канапы, другую - паклаў на спінку.
- Ты што, можа, яшчэ і бялізну яму мыеш? - папытаўся ў Марусі.
- І мыю, і грошы яго захоўваю, - уздыхнула Маруся, - а ён прыбяжыць на хвіліну, кіне мне свой поўны заплечнік: «Зашый-памый» і зноў у свой інтэрнат, быццам яму там мёдам намазана.
- А чаму б вам не пажаніцца? - засмяяўся Сцяпан.
- Я лепшую гаспадыню, чым Маруся, не знайду, - прамармытаў Анатоль. - Але ёсць адна прычана, па якой я не магу з ёй ажаніцца. Яна гэта ведае...
Анатоль падняўся, чмокнуў Марусю ў шчаку.
- Ну што, Сцяпан, паедзем? - уздыхнуў ён. - Справы, Маруся, прабач... Дзякую за ўсё! Трэба ж яшчэ на трэніроўку паспець. Да Міколы заехаць...
- Добра, - усміхнулася Маруся, - бывай! Калі заглянеш?
Анатоль паціснуў плячыма.
- Ну й мудак ты! - кінуў Сцяпан, калі яны выйшлі ад Марусі. - Такая дзяўчына, а ты яшчэ носам круціш!
- Розніца ва ўзросце, разумееш? - заклапочана заківаў галавою Анатоль. - На цэлых сем год...
- Ды якая там розніца? У цябе вунь залысіны на галаве, а яна як кветачка!
- А табе што, спадабалася? - устрывожыўся Анатоль. - Ты глядзі ў мяне! Маруся - мая сяброўка! А наконт залысін - глупства, жанчына ўсё роўна хутчэй старэе... Дый у сексуальным плане будуць праблемы, калі жонка старэйшая... Да таго ж яна ўжо не дзяўчына, а я хачу менавіта дзяўчыну. Здраджваць не будзе, разумееш? Яна акрамя мяне не будзе нікога ведаць і будзе лічыць, што лепш ні з кім не будзе...
- Значыць, ты ўсё ж - сексуальна заклапочаны, - усміхнуўся Сцяпан. - Ведаеш, мне ніколі ў галаву не прыходзілі такія глупствы!
- Радзіць у такім узросце цяжка... - працягнуў Анатоль.
- Табе радзіць? Чаго ты панікуеш? - раззлаваўся Сцяпан. - Ну, жаніся тады на маладой дурніцы, на Гальцы сваёй інфантыльнай! Вось яна табе падыходзіць якраз як карове сядло!
ІІ
Белыя фіранкі за зялёнымі шторамі. Пятае акно на чацвёртым паверсе. Пацямнелае ад мокрага снегу дрэва, за якім схавалася Аленка. З трывогаю і асалодаю глядзіць на Міколава акно дзяўчына. Там гарыць святло. Аленка ведае, што сёння ў Міколы сабраліся хлопцы, каб абмеркаваць летні паход. Пабегла разам з Анатолем яе сяброўка Галя - вастраносая, тоненькая, падобная на мышку, крыху закамплексаваная, сарамлівая вясковая дзяўчына. Анатоль забег сёння па Галю, пачаставаў Аленку цукеркамі, а яна ўсё завівала на плойку валасы, але тыя ўпарта клаліся роўнымі пасмамі на плечы, на белую кофтачку з карункавым каўнерыкам. Дзяўчына апранула сваю старую карычневую спадніцу, высокія боцікі з амаль сцёртымі абцасамі і вырашыла пайсці да Міколы сама. Яна спадзявалася, што ў такім убранні спадабаецца яму.
... Неяк летам Аленка сустрэла Міколу на вуліцу. Яна была апранута ў паркалёвую выцвілую сукенку. У яе не было грошай на новую... Мікола ветліва прывітаўся з дзяўчынай, але побач ісці пасаромеўся. З таго часу Аленка эканоміла грошы, каб набыць нешта моднае, і вось купіла гэтую кофтачку...
Мокры снег бязлітасна мачыў бялявы, перафарбаваны чубчык Аленкі. Нарэшце, набраўшыся смеласці, яна пераступіла парог інтэрната, здала вахцёру дакументы і паднялася на чацвёрты паверх.
...Такая родная, знаёмая лічба: 405! Сэрца закалацілася - вось-вось вырвецца з грудзей! Дрыготкімі пальчыкамі пастукала ў дзверы.
- Заходзьце! - вясёлы зычны голас Міколы пранізаў яе наскрозь. Не ўвайшла - уляцела Аленка, застыла на парозе, вочы ў вочы сустрэлася з Міколам. Ён стаяў ля зялёных штораў. За сталом, ля тапаграфічнай карты, сядзеў у чорным швэдры барадаты Анатоль, сур'ёзны і заклапочаны. Ля яго павольна памешваў гарбату ў шклянцы Сцяпан, акуратна апрануты ў шэры касцюм, пры гальштуку. Галя-мышка разглядвала на святло лямпачкі каляровыя слайды, якія Міколаў сусед па пакойчыку, Антось, хударлявы, з прамымі валасамі і чубам, які закрываў вочы, ад чаго ён увесь час махаў галавою, падаваў ёй са скрынкі і расказваў, з якога яны паходу. Галя ж пры гэтым падымала высока бровы, усміхалася і ківала яму галавою.
- Добры вечар усім! - мовіла Аленка. - А я вось іду міма, бачу святло... І вырашыла зайсці...
- Правільна вырашыла! - засмяяўся Мікола і падаў ёй крэсла. - Сядай, а то ў нас тут каву ніхто піць не хоча, пакажы прыклад!
І наліў ёй поўную шклянку.
- Значыць, з Менска ідзём пешшу да вёсачкі Гарадзішча, - адарваў галаву ад карты Анатоль. - Там робім першы начлег. Пагледзіце старажытныя валы, якімі раней быў абнесены горад. Далей пойдзем да Музея архітэктуры і побыту Беларусі, музей пад адкрытым небам. Затым пойдзем праз лес да вёскі Вішанька. Тры дні ходу - і мы на месцы, шукайце ў вашай Вішаньцы мур былога маёнтка Дарыны, падзямелле, Блакітны пакойчык...
- Тры дні па лесе - гэта нецікава! - заключыў Мікола. - Мы ж не на разрад здаём! Навошта нам кіламетраж гнаць? Даедзем на машыне. Лепш гэтыя тры дні аддаць на паездку ў Жыровічы, там манастыр, помнік архітэктуры. Яшчэ куды-небудзь наведацца, напрыклад, у Сынкавіцкую царкву-крэпасць, што ля Баранавіч. Дарэчы, у Баранавічах таксама ёсць што паглядзець.
- Так справа не пойдзе! - узняўся з месца Анатоль. - Вы тады не турысты, а матраснікі, і ваш шлях - да экскурсбюро, да мяккіх аўтобусаў!
- А што толку ногі біць? - заўважыў Сцяпан. - Паход краязнаўчы, а не спартовы!
- Экскурсія нават цікавей! - уставіла слова Аленка, каб Мікола бачыў, што яна падтрымлівае ягоны погляд на паход.
- Вы мне турызм, спорт не ганьбіце! - ускіпеў Анатоль. - Я нават хлопцам у турклубе сказаў: калі мая жонка будзе супраць паходаў, развядуся! І з вамі тады - развод!
- Толечка! - падышла да хлопца Галя, але той злосна глянуў на яе.
- Усяму свой час! Тут я - не Толечка!
Супакоіў усіх Антось - жвава падняўся, зашмыгаў вяснушкаватым носам і засмяяўся:
- А торт жа наш дыміцца!
Галя піскнула і выбегла на кухню. З духоўкі сапраўды ішоў дым. Дзяўчына адчыніла яе і выцягнула анучкай тое, што засталося ад торта. Спалохана замаргала вачыма. У гэты момант на кухню ўвайшоў Анатоль. Будучая жонка разгублена паглядала на яго. Потым, адважыўшыся, плёхнула агарак у сметніцу.
- Малайчына! - здзекліва кінуў Анатоль, разгладжваючы бараду, падышоў да акна і запаліў.
Нейкі час яны моўчкі стаялі адно ля аднаго. Анатоль па звычцы стрэсваў попел у вазон. Галя паглядвала на бедны, замораны ўюнок і нарэшце рашылася:
- Ты зноў... у кветкі? Гэта ж шкодна ім...
- Сама не дасканалая, - сур'ёзна глянуў на яе Анатоль, - а другіх вучыш!
- Не дымі ў твар! Колькі можна казаць адно і тое ж? Ты, як твой бацька: у твар да субяседніка з люлькай лезе, слінаю пырскае і не здагадаецца адступіцца!
- Ты майго бацьку не ганьбі! Ён настаўнік, пенсіянер! Я ж на цябе не кажу, што з галечы! - павысіў голас Анатоль, а потым дадаў цішэй: - Значыць, так, зараз Маруся едзе ў адпачынак, прыедзе ў канцы лютага. Тады пойдзем да яе, няхай цябе навучыць есці варыць, шыць, бялізну мыць... І маўчаць, калі муж адпачывае!
Анатоль раптам запыніў на Галі ўважлівы позірк.
- А гэта яшчэ што? - скрывіўся ён. - Чаму каўнерык брудны?
Галя вінавата маўчала.
- Каўнерыкі трэба мяняць кожны дзень! - павучальна кінуў ёй Анатоль і пайшоў у пакойчык.
Мікола сеў на ложак побач з Аленкай. Яго блакітная кашуля так пасавала да ягоных вачэй!
- Я паданне прынесла, - сказала яму ціха Аленка. - Хочаш пачытаць? Пра князя Вітаўта і Дарыну. Мне адзін чалавек у Вішаньцы на Новы год расказаў...
- А? - не зразумеў яе Мікола. - Ага, добра, - узяў з яе рук аркуш, засунуў яго на кніжную паліцу і пачаў спрэчку з Анатолем, які толькі што зайшоў у пакой.
- Ніякіх аўтобусаў! - крычаў Анатоль. - Альбо спартовы паход, альбо сам вядзі паход! Забяспечвай усіх палаткамі, спальнікамі, заплечнікамі!
І ён, у запале, кінуў недакураную цыгарэту на ложак.
- Ай! - закрычала Галя. - Ты зноў абы-куды кідаеш? Тое ж самае, што і паліш у ложку, ужо раз было - коўдру прапаліў!
- Не вучы мяне жыць! - адрэзаў Анатоль. - Да мужчыны трэба прыстасоўвацца альбо кідаць! Бачыш, што заснуў, - забяры цыгарэту! Бачыш, што не туды кінуў, - падымі!
- Анатоль! Ні дня ў лесе! - упарціўся Мікола. - Ад музея архітэктуры едзем у Койданава, потым аўтобусам у Баранавічы і Слонім. А ўжо пасля Жыровіч - Вішанька! Маршрут цікавы, усе згодныя, не ламайся!
- Пайшлі, Галя! - крыкнуў Анатоль дзяўчыне, падаючы паліто. Тая паслухмяна апранулася, і яны выйшлі з пакойчыка, не развітаўшыся.
...Дапіўшы гарбату, пайшоў у хуткім часе і Сцяпан. Аленцы так хацелася, каб Антось пакінуў яе з Міколам адных, але Антось быццам і не разумеў - трынкаў на сваёй гітары, моршчыў нос і нешта мармытаў.
- Мікола, я даўно хачу навучыцца іграць на гітары, - звярнулася да хлопца Аленка. - Парай, калі ласка, якую лепш гітару купіць.
- Гледзячы колькі ў цябе грошай, - абыякава адказаў той, не адрываючы погляду ад карты, на якой адзначаў маршрут.
- А як ты думаеш, мне лепш пайсці на курсы ці можна самой навучыцца іграць?
- На чым? - неўразумелымі вачыма глянуў на яе Мікола і пазяхнуў.
- На гітары, - расчаравана і безнадзейна мовіла Аленка.
- А-а! На гітары? - усміхнуўся той. - Эй, Антось, чаго сядзіш як пень? - аглянуўся на сябра. - Навучы дзяўчыну іграць на гітары!
- З задавальненнем! - падняўся той з ложка і глянуў на гадзіннік. - Ой, Аленачка, ужо позні час! Зараз вахцёр пастукае ў дзверы...
- Прабачце! Да пабачэння! - засаромелася Аленка і выйшла з пакойчыка.
На душы было цяжка і крыўдна.
- Ну што вы падаеце на мяне? - незадаволена ўскрыкнула жанчына на задняй пляцоўцы аўтобуса.
Аленцы падаўся знаёмым голас. Але яна не азірнулася. Засяроджана глядзела ў акно. «Зараз загадаю на нумар машыны, - падумала яна, - калі будзе апошняя лічба няцотная ў нумары, што абгоніць нас, то Мікола пакахае мяне».
Аўтобус абагналі «Жыгулі» 15-40 МІГ. «Ай, цотны лік! - расчаравалася Аленка. - Загадаю інакш. Калі нас абгоніць машына чырвонага колеру - Мікола пакахае мяне!»
Аўтобус запыніўся на перакрыжаванні. Аленка ліхаманкава шукала позіркам чырвоную машыну. «Ёсць! - амаль падскочыла ад радасці. - Побач з намі! Родненькая, чырвоненькая!»
Аўтобус замарудзіў, калі загарэлася зялёнае святло. Чырвоная легкавушка вырвалася наперад. «Ура! Малайчына! Значыць, Мікола пакахае мяне! Малайчына, ма-шы-нач-ка!» - затрапятала сэрца ў Аленкі.
- Не дыхайце мне ў твар! - крыкнула жанчына на задняй пляцоўцы.
- Вас жа не чапаюць, чаго вы? - заўважыў нехта.
- Дык я вас чапаю! - ускрыкнула тая.
- Едзьце на таксі!
- Гэта ўжо састарэла! - агрызнулася жанчына. - Прыдумайце што новае!
Аленка азірнулася - так і ёсць, гэта яе маці, «энергіяй запасаецца»! Дзяўчына хацела адвярнуцца, але нечакана ўбачыла Вайдаша Дуброўскага і ўсміхнулася яму. Той кіўнуў ёй, прывітаўся і падышоў бліжэй.
- Як справы, паненка? - папытаўся, гледзячы на яе арэхава-цёмнымі вачыма.
- Добрыя справы, дзякуй, - адказала яму і, развітаўшыся, падалася на выхад.
Ён сышоў разам з ёю.
- Зойдзем у кафэ! - прапанаваў Аленцы.
Аленка ад адчаю, што нічога не атрымалася з Міколам, згадзілася.
- Майце на ўвазе, - папярэдзіла дзяўчына, калі яны распраналіся ў вестыбюлі, - мая згода нічога такога не азначае. У мяне ёсць хлопец! За вячэру я буду разлічвацца сама!
Дуброўскі ўсміхнуўся і прапанаваў ёй руку, каб падняцца па лесвіцы.
Яны селі за столік ля акна, задрапіраванага бардовымі шторамі. Афіцыянт паставіў на столік шампанскае, труфелі. Загучала прыемная мелодыя. Дуброўскі прапанаваў патанцаваць. Аленка ўсміхнулася і выйшла з-за століка, падала яму сваю руку...
У час танца Аленка заўважыла, колькі побач прыгожа апранутых жанчын - аксамітныя, парчовыя сукенкі, дэкальтэ, упрыгожанні... І яна засмуцілася, што на іх фоне выглядае жабрачкай.
- Я часта ўспамінаю наш першы танец, - прашаптаў на вуха Дуброўскі, - і ніколі не спадзяваўся, што патанцуем яшчэ...
Аленка маўчала, яна думала пра тое, што здраджвае свайму каханню.
- Вы такая мілая, непасрэдная, - усміхнуўся Вайдаш, падводзячы яе да стала, калі танец скончыўся.
Афіцыянт разліў у бакалы шампанскае.
- Шкада, што я сёння еду ў Гданьск, - прамовіў Дуброўскі, неадрыўна гледзячы на дзяўчыну. - Калі паспею ўладзіць усе справы, вярнуся праз два тыдні. Куды табе патэлефанаваць?
- Нікуды, - сур'ёзна адказала Аленка. - Я не буду здраджваць свайму хлопцу.
Дуброўскі задуменным, а яшчэ Аленцы здалося, і горычным позіркам, як бы шкадуючы, пазіраў на яе.
- Цябе загубіць Чорная здань, - уздыхнуў ён. - Знайдзі жалезны кубак, прыгожы жалезны кубак з накрыўкай, адкрый яго і загляні туды. Можа, табе ўдасца выратавацца... калі ты зразумееш сутнасць...
Больш за вечар ён нічога не сказаў Аленцы. Стрымана развітаўся, правёўшы яе да студэнцкага інтэрната.
Галя ўжо спала, калі Аленка ціхенька адчыніла дзверы, прабралася да ложка і, распрануўшыся, залезла пад коўдру. Перад вачыма ўсплыў стары панскі маёнтак у Вішаньцы. Быццам бы яна, у прыгожай сукенцы, стаіць сярод дрэў старога парку...
...Мільгануў у небе месяц і сарамліва схаваўся за лапкі ялінак. У пакоі маёнтка, праз шырокі аконны праём, відаць постаць Дарыны.
Збянтэжаная і бледная, у доўгай жоўтай сукенцы стаіць яна перад бацькам. Срэбны, прыцішаны голас разліваецца, патанае ў высокай зале.
- Мы толькі сябры з князем Вітаўтам, - разгублена шэпча Дарына. - Ён жа стары для мяне, непрыгожы... Маладому я душу і цела аддала...
- Сыну лесніка, прыгажуну з дзявочымі вуснамі?! - крычыць на яе бацька, і вочы яго наліваюцца чырванню. - Зганьбіць свой род хочаш? Забылася, што акрамя прыгажосці ў чалавека яшчэ ёсць і душа? Сэрцам шчырым і чыстай душою Вітаўт цябе кахае! Я памру, хто ж абароніць цябе, як не Вітаўт?
- Сын лесніка абароніць! - цвёрда сказала дачка. - Завязе мяне любы да мора! Хай нам птушкі садзяцца на рукі, хай нам хвалі расказваюць казкі... Багацце Вітаўта - нішто! Адзінае багацце - наша каханне з сынам лесніка, наша маладосць. Адпраўляй назад сватоў Вітаўта!
І Дарына з упартай усмешкай пакідае пакоі маёнтка.
- Аленка, прачынайся! На зарадку пабеглі! - тармасіць за плячо сяброўку Галя.
- Ой, сапраўды! - працірае сонныя вочы Аленка і ўскоквае з ложка. - Мікола ўжо, відаць, бегае па парку! Дай Бог мне ўбачыцца з ім!
Яна выглядвае ў акно. Неадчэпная, як манія, думка мільганула ў галаве: «Калі ўбачу ў акно на вуліцы мужчыну - Міколка пакахае мяне, калі жанчыну - не пакахае!»
Унізе, па асфальце, тэпалі двое дзетак. «Нічога, - падумала Аленка, - можа, гэта маленькія хлопчыкі, таксама ж мужчыны! А калі дзяўчынкі? Зараз спушчуся ўніз і праверу! Калі дзяўчынкі - дрэнь справа, не пакахае!»
І яна, як апантаная, апрануўшы спартовы касцюм, кінулася бегчы ўніз па лесвіцы, на вуліцу...
Невыносны, сапраўдны фізічны боль стаяў пад грудзьмі. «У гэтым месцы канцэнтруюцца ўсе нервовыя канчаткі, - успомніла Ірэна з курса псіхалогіі. - Згустак нерваў... Клубок... Значыць, сэнс «баліць у грудзях» - не пераносны! Янка, Яначка, што ты нарабіў? За што, Божа? Што я табе зрабіла дрэннага, Янка? Што я табе зрабіла?» Рука інстынктыўна пацягнулася да цыгарэты. Ірэна паднялася з ложка. За акном пачало віднець. За ўсю ноч яна так і не змагла заснуць. У паўзмроку пакоя ўспыхнула запалка. Няўлоўнае шапаценне пачынаючага гарэць тытуню. Асалода гаркавата-прыемнага, на поўны ўдых, дыму. Выпускаючы сівы клубок яго, Ірэна быццам бы выпускала з грудзей свой боль. Мезенцам скінула попел у папяровы кубарык. Стаяла ля акна. А ў доме насупраць, таксама ля акна, паліў цыгарэту нейкі мужчына. У другім акне, на кухні, завіхалася жанчына. А Ірэне было так адзінока, так цяжка, быццам яна засталася адна ва ўсім свеце!
«Жанчыны чамусьці заўсёды даруюць мне!» - успомніла яна словы Янкі. Той распавядаў пра Жану, з якой хацеў да службы ў войску ажаніцца. Усё падрыхтавалі да вяселля, а ён збег. «Толькі дурні жэняцца перад службай у войску! - заключыў Янка. - Жана пакрыўдзілася. Нават не прыйшла праводзіць мяне на службу. Але калі я вярнуўся, усё даравала. Пачалі сустракацца. Не разумею, чаму жанчыны заўсёды даруюць мне?»
«Я таксама даравала б табе, Янка, - падумала Ірэна, - толькі вярніся. Ты - мой бог, у тваіх абдымках мне так добра... Мне ні з кім не было так добра, як з табою...»
- Ірэна, на практыку спознішся! - крыкнула бабуля і заглянула ў яе пакойчык. - Фу, надыміла, распуста! Ідзі снедаць! Маці павяла Паўліка ў садок, а бацька зноў не начаваў дома, - паскардзілася старая. - Мы з дзедам даўно не спім, вось якую праблему вырашаем: хутка Паўлік вялікі стане, чуеш? Нельга яму будзе з маці і таткам у зале спаць. Думаем яго ў свой пакойчык узяць. Да цябе таксама ж нельга. А мо ты замуж пойдзеш, га? Дык Паўліка ў тваю спальню...
- Ды не пайду я замуж! - адказала Ірэна і забычкавала цыгарэту. - Я ніколі не пайду замуж! Мне не шанцуе!
І пайшла ў ванную. Сёння ёй трэба было добра выглядаць. Цікавы музычны ўрок падрыхтавала. А настрою няма...
- Хто ведае, адкуль з'явілася жалейка? - Ірэна падняла ўгару і паказала дзецям музычны інструмент. - Памятаеце паданне?
Дзяўчынка з ружовым банцікам у валасах паднялася з месца.
-Жыла сірацінка Насця, - пачала яна. - Пакахала хлопца, але ён быў такі ганарысты, што нават не глядзеў у яе бок. Марыў пра каралеўну і вырашыў ісці па свеце шукаць яе. Знайшоў - а тая толькі пасмяялася з яго. І вырашыў хлопец вярнуцца да Насці, але тая ўжо выйшла замуж...
- Добра, - усміхнулася Ірэна. - А дзе ж нашы русалачкі, што яны павінны цяпер рабіць?
Ірэна зайграла, і дзеці сталі ў карагод.
- Янка! Янка! - закрычалі яны. - Хадзі да нас, мы будзем тваімі нявестамі! Рабі з жытнёвага каласка ўпрыгожанне сабе на шапку, а са сцебліка зялёнага - жалейку! Весяліць нас будзеш!
- А чаму Янка? - здзівілася Ірэна. - Я ж учора не казала вам, як таго хлопца звалі...