Андрэю Федарэнку, які падказаў тэму
Адзін у полі не воін,
Калі гэта поле чужое:
Стану ў полі адзін я,
Калі гэта поле - Радзіма!
Сюды я ступіў па следу
Бацькі свайго і дзеда,
І, зубы сцяўшы ад болю,
Сахою варочаў поле.
Мне сэрца надзея грэла,
Мне сонца было сяўнёю:
Душою сваёй і целам
Я зросся з гэтай зямлёю.
У неба прасіў я долі,
У песні - для сэрца слоў:
На цяжкім, на родным полі -
Не жыта - жыццё ўзышло.
А поле на часткі крояць,
Дратуюць чужынцы зноў:
Дык станьце ж магутнай зброяй,
Нянавісць мая і любоў.
Не сядзіцца Насці ў хаце.
Дождж прайшоў па вуліцы.
Вельмі хоча забаўляцца,
Да матулі туліцца.
Буду слухаць цябе, мамка,
Не пярэчыць ані ў чым,
Толькі выйдзем на палянку,
Па сцяжынцы прабяжым.
Крок за крокам Насця скок,
Ой, як Насця рада.
На сцяжынцы чарвячок
Танцуе - «ламбаду»!