Іван ПташнікаўАгніАпавяданне
У лютым сорак шостага года інжынеру Ратушняку трэба было ноччу выехаць на самы далёкі ўчастак Мсціжаўскага леспрамгаса. Ратушняк ведаў, што гэта аж у Выгары - невялічкую вёсачку, якая чуць тоўпілася на пасецы пасярод лесу - яловага, сырога нават зімой у марозы і цёмнага. Там, за Выгарамі, у Ліпніках - у пушчы, якой, здавалася, няма нідзе сканчонага і якая радзела толькі ўжо на балоце ля ракі Дзвінасы - за блізкім светам, - і днявалі і начавалі людзі аж з усяго раёна: рэзаць і вывозіць лес давялі і калгаснікам - па дварах. Туды перакінулі і ўсю аўтакалону газагенаў, - іх яшчэ да вайны шафёры сталі зваць «чургенамі» і «чугрэямі», якія на такім марозе, што паціснуў цяпер, у лютым, як гаварыў Петражыцкі, «прастывалі і кашлялі». У радыятарах, як толькі глух матор, на сіверы замярзала вада, і тады трэба было мачыць у мазут анучу і, падпаліўшы яе, класці пад капот. Разагрэць і завесці адразу машыну на марозе ніхто не мог, нават Петражыцкі стаяў. А на ім жа самім вада ніколі не магла ўстояць, і ганяў ён раней свой ЗІС на бензіне - адзін у мсціжаўскай калоне, калі Рэва стаў на капіталку, - як мячык дзе па дзядзінцы, аж пакуль не адарваў пярэдні мост на пнях: «раздзёр машыну». ЗІС на бензіне ў яго адабралі, прыпомніўшы ўсё, і аддалі самаму старому ў аўтакалоне шафёру Рэву, а самога Петражыцкага перасадзілі на Рэваў «чугрэй». Казалі, Петражыцкі аж зубамі скрыгатаў, але не падаў на людзях віду, што «за душу кошкі скрабуць», што душу «салідолам выпацкалі», і ўжо на трэці дзень дагнаў па кубатуры старога Рэву, якому саступіў ЗІС на бензіне.
Саступіў. Сам Сямён Калінавіч прывёў Петражыцкага з канторы з начальнікам аўтакалоны і пасадзіў у кабіну да «старога жураўля», «чаплі». У Рэвы, смяяліся, аж губа адвісла, калі пачуў, што «даюць» ЗІС на бензіне. Прайшоў ужо добры месяц, як ён паставіў свой «на капіталку» і «соп на чурках». А Петражыцкі праз двое сутак дагнаў «чаплю» і пакінуў ззаду... Даў дзве нормы на «чугрэі». Сам памагаў грузчыкам ля шліхты ў дзялянцы, сам разгружаў на беразе ля Дзвінасы прычэп. Без палудня, шапку згубіў - памарозіў вушы, - з ног валіўся, а - даў. Тады, калі тут адну норму «чугрэі» ніяк не бралі, толькі ЗІС на бензіне цягнуў. А Петражыцкі даў дзве. «Паглядзіце... Даганіце, раз вы ўсе такія... І на чорта мне ваш ЗІС на бензіне...»
Прыехаўшы ноччу з берага, ён кінуў машыну на ўчастку, адвінціў фаркоп і панёс з сабой у вёску: едзьце. П'е цяпер у Выгарах, - з хат не вылазіць, дзе ёсць самагонка. Дзень і ноч. Сямёна Калінавіча за план без нажа рэжуць, а машына стаіць без фаркопа. Пазванілі ў раён - на базе пад рукамі фаркопа не было.
Так у аўтакалоне выбыў са строю шафёр, які на такім марозе, калі адны печы ў «чугрэі» трэба раздзімаць паўдня, аж дзве нормы даў. Даў і - з капытоў... Фаркоп знёс. Сабатаж... За гэта ж пад суд збірайся сам і ідзі. А што той суд... Петражыцкага не настрашыш...
Выходзіла, што ў выгарскай аўтакалоне і яшчэ адзін чалавек - пасля Рэвы - перацягнуў за норму, і на «чугрэі». Значыць, і на сырых чурках на марозе могуць даць «праклятую норму» ўсе, не адзін Петражыцкі. Так сказаў сёння дырэктар - Сямён Калінавіч. У раёне непераліўкі... Гарэла лесанарыхтоўка. У вобласць ішлі зводкі па форме № ... з «не тымі» працэнтамі. Дырэктару далі вымову, прыгразіўшы: здымуць з работы. Сёння, вярнуўшыся ў кантору, ён паклікаў у кабінет Ратушняка аднаго і сказаў:
- Паедзеш на прарыў. І пакуль усе газагены не выраўняеш на Петражыцкага, - дамоў і не думай... Не паказвай носа...
«Выраўняць на Петражыцкага» - значыла: знайсці таго, сукінага сына, п'янага, з фаркопам, выцягнуць за абмарожаныя вушы з-за печы, выгнаць з галавы хмель, пасадзіць у кабіну і даць у рукі руль: едзь, давай яшчэ дзве нормы, бо за гэта... а тады ўжо ісці гаварыць з шафярнёй...
- Выраўняць?.. На Петражыцкага? Адмарожу нос, не будзе чаго і паказваць. - Ён, Ратушняк, тады ўсміхаўся, гледзячы, як Сямён Калінавіч, шырокі і нізкі, бегае з вугла ў вугал, выціраючы скамечанай у далоні чырвонай хустачкай круглую лысую галаву. З-за плячэй у яго ішла пара: у канторы былі вялікія вокны. Пасля Ратушняк заўважыў, што пара ідзе і ад лысай галавы Сямёна Калінавіча і ў яго, Ратушняка, з рота, калі ён гаворыць.
Сямён Калінавіч як ішоў ад грубкі да вялікага, ад падлогі аж да столі, замерзлага акна, так і застыў на рог стала пасярод кабінета, бы хто тузануў яго, Сямёна Калінавіча, за падол кароткага, да калена, кажуха:
- Не адмарозіш у Выгарах у лесе - адмарозіш у другім месцы. Не думай...
Ратушняк не ведаў, калі давядзецца вярнуцца з Выгараў...
Мароз даняў знянацку, яшчэ на гарушцы, за мастом, перад лесам, - праехаў, можа, толькі вярсты з чатыры, паганяючы каня: трушком. Стала холадна адразу ўсяму, і здавалася, што цела толькі пад адным кажухом, што на ім няма больш ніякай апраткі, - яно рабілася шорсткае, як яловая карына. Тады здалося, што за плечы насыпалі настылага сухога жарсцвяку-каменьчыкаў, - таго, якім пасыпаюць па лёдзе дарогу, каб машыны з дрэвам маглі ўз'ехаць на гару, калі каторыя шафёры не маюць ланцугоў акруціцца па колах - падперазацца.
Ратушняк пачуў, што мерзне. Саскочыў і бег у кажусе за санкамі-вазком, пакуль не задыхаўся, змарыўшыся, і не аб'інеў.
Калі конь пайшоў паціху, Ратушняк, аблажыўшы на плечы вялікі, белы ад інею каўнер, пачуў, як цяжка зарыпелі сані без седака па настылым грудаватым снезе - на ўвесь лес.
Нанач яшчэ больш паціснуў мароз.
Сцямнела яму ўжо ў лесе - стала адразу шэра, аж замітусілася ўваччу. Цёмная, слізкая смуга павісла і вісела над дарогай, не дастаючы снегу. У небе выразаўся маладзік - вузкі зжаты серп, - наліўся агнём і ярка блішчаў злева ўгары, над самым лесам, аж балелі ад яго вочы. Ля маладзіка скакала маленькая зорка, востранькая, як іголачка, а воддаль стаяў вялікі - даставаў аж да самай зямлі, - шырокі ў дзве паласы - жоўтую і сінюю - круг: на вецер.
Лес за абочынамі быў цёмны, а ўперадзе, воддаль ад дарогі - дарога паварочвала ўправа - чорны, як сажа. Аб'інеў конь - спачатку пабялела грыва, пасля ён збялеў увесь, бы хто ўзяў ускінуў яму на спіну абрус. Было відаць, як абраслі інеем аглобні, загнутыя спераду палазы ў вазку і сена, што збітае ляжала ў перадку, забялелася, стала, як вата. Конь дыхаў парай, - шырокая белая паласа паўзла з-пад аглабень аж на абочыну, слалася на снег. З дарогі цягнула настылай вільгаццю; аднекуль пахла сырым дрэвам - сасной - і распаранай кастрыцай, як з лазні, дзе сушаць перад мяццём лён.
Ратушняк сядзеў цяпер у вазку, уціснуўшыся ў куток у разгоенае сена, і, намораны, дыхаў з сябе, не могучы адсапнуцца. Сорак пяць гадоў, прастрэленыя наскрозь лёгкія: уцякаў, папаўшыся ў пачатку вайны ў палон.
На каўняры растаў іней, і аўчына мокрымі доўгімі пасмамі ліпла да шчок. У плячах, там, дзе ён цяпер прыціснуўся ў вазку да сена, стала цёпла, нібыта прыхінуўся ў канторы спінай да напаленай грубкі. Адчуў, як вянуць рукі, - хацелася спаць. Тады ён, пакінуўшы на каленях на кажусе рукавіцы, - вялікія, байкавыя на ваце, з двума пальцамі - салдацкія, - цёр далонямі вочы, доўга, аж пакуль яны не забалелі і ў іх не пайшлі чырвоныя кругі. Пасля зрабілася ўсяму цёпла, і павяла ўніз галава. Ён пачуў, што спіць. Падняўшыся тады і стаўшы на калені, ён адвязаў у перадку ад загнутага полаза лейцы і стаў тузаць за іх, паганяючы каня. Калі конь на роўным цвёрдым снезе пабег трушком, ён нагнуўся, чуць не выкуліўшыся з вазка, і, ухапіўшы друзалак халоднага збітага снегу - у каня з-пад капыта, - расцёр яго ў далонях і стаў мачыць вочы. Падумаў, што на марозе гэта не паможа, што так можна толькі памарозіць шчокі. Успомніў тады: не спіць другую ноч, возьме і зваліцца на марозе з ног...
Паехаў жа адзін - папёрла нялёгкая, - на ноч гледзячы. Ну прыедзе за цямном яшчэ, ну знойдзе ў каго ў Выгарах у запечку соннага і п'янага Петражыцкага... Машына ў гурбе на ўчастку, фаркоп той нікому не дасць, калі не згубіў яшчэ. Сілай не возьмеш.
Трэба было ехаць разам з Вугальнікам, начальнікам Выгарскага ўчастка.
Той адразу, выйшаўшы ад дырэктара, уваліўся ў сані, накрыў сябе поламі доўгага чорнага кажуха, павярнуўся на бок і пагнаў каня трушком ад самых варот.
«Быць у раёне, прыгнаўшы з сабой без дзела каня? Прывязаць да плота? Калі гарыць план? Калі людзі жылы рвуць? - Усю раніцу - ехаў цэлую ноч - ён, высокі, удвая вышэй за Сямёна Калінавіча, і шырокі ў плячах - у сажань, - быў хмуры і злосны: - Нашто пазвалі? У такую даль? Сам знаю, што план, - кату пад хвост... І чорт з ім, калі наша галава з плеч далоў паляціць. Грош ёй цана, калі мы нічым не можам памагчы людзям. Сеў я ўчора ў Выгарах вячэраць. Пастаяльцы клікнулі, рэзчыкі. Сеў за адзін стол... Булёнчык прысквараны... І бабы ядуць і мужчыны. Пацягні на гэтым булёне пілу... Без акрайца хлеба... Ды на такім марозе... ды пры такой норме... Ды ў лапцях. Ногі марозяць. Калечацца людзі... А мы адзін аднаму гразімся «дзве строчкі» ў картачку запісаць... Скуру катораму б нам спісаць... Свінні мы. Склікаемся... Адчытваемся ў цёплых сценах адзін перад адным. А яно - адгэтуль трэба ехаць. Да людзей... У дзялянку. На мароз. У снег па пояс... Калі адубеюць ад марозу рукі, не напішаш тады «дзве строчкі» ў картачку... Не-е... Пяро вываліцца. Пацягай за пілу - пяро з рук вываліцца. Не да яго будзе...»
Вугальніка толькі і відзелі, як ён, укуліўшыся ў санкі, пагнаў каня. Прыехаў, нагаманіў і паехаў. Не чакаў, калі хто збярэцца і стане гаварыць. «Запішуць у картачку? Хай пішуць...» - плюнуў і паехаў. Сямён Калінавіч пасля яго апусціў галаву і хадзіў, гледзячы ў падлогу...
Дарога за пасекай павярнула ўправа і пайшла цяпер лесам: шырокая гэтым месцам, раз'езджаная машынамі і выцертая саньмі. Наперадзе яе, дарогі, было яшчэ кіламетраў трыццаць: усё лесам - да самых Выгараў - без агнёў з вёскі, без скрыпу настылых варот і крэкту асвераў, які чуваць на марозе за многа вёрст.
Конь не хацеў бегчы трушком - у лесе пайшоў ціхай роўнай ступою, - яго трэба было паганяць. Натапырыўшы вушы, ён тады трухаў, сцішваючы самога сябе, - было чуваць, як яму лезе на галаву хамут і б'юць сані перадком па задніх нагах - па каленях. Сані па ўзбітым за дзень капытамі снезе рыпелі дзярката і ядрана - на ўвесь лес; трапляючы ў расцёрты след, пішчалі цененька і мякка, як вецер у гавыле ля хаты пад прызбай; стукалі палазамі па неглыбокіх ямах-калдобінах, якіх не бачыла вока, і шуршалі, як па жвіры, калі, збіваючыся з тору, лучалі на цалік - на злежаны неглыбокі снег, сцяты шэранню пасля нядаўняй адлігі.
Далёка наперадзе дарога, выслізганая палазамі, ад скупога водсвету маладзіка паблісквала цьмяным і халодным глянцам, і тады здавалася, што ёй не будзе ніколі канца, як і самой начы. Здавалася, што маладзік будзе вечна вісець угары над галавой і вечна ісці нехаця конь - без сканчонага. Цьмяны бляск на дарозе дрыжаў, перасяваўся; знікаў, як перабягаючы дарогу, хаваўся ў цемнаце і зноў бліскаў, скачучы торам, скупы і халодны, як агонь ад газоўкі.
Ратушняк думаў тады, што ў лесе адзін толькі мароз, што холадна каню ад настылых жалезных падкоў у капыты, холадна ў галёнкі і жывёла ледзьве ступае нагамі, насклелымі і здранцвелымі.
Там, дзе было мала снегу і палазы дзёрлі мёрзлую, цвёрдую, як жалеза, груду, конь ступаў смялей, і пад яго ўкаванымі капытамі аж грукала настылая зямля. Ад яе падымаўся і ішоў звон, шырока і імпэтна, з адгалоскамі на ўвесь лес - з канца ў канец - і здавалася тады, што звініць уся зямля: свежая, цвёрдая, халодная і здаровая, як антонаўка ў першыя марозы ўвосень.
У небе заміргалі зоркі: пацямнела. Маладзік апусціўся на самы лес, пачырванеў, - на дарозе ад яго ўжо не мігцеў сыры бляск.
Зноў рабілася холадна, пасля цяпла падскочылі дрыжыкі, і, калі ён нацягваў на пальцы рукавіцы, пачуў, як трасуцца рукі. Нанава браў мароз - ад яго не было спасу. У лесе ён ціснуў, як у вялікай парожняй пуні.
У незакрытыя аўчынай шчокі пякло, як прыскам, - шчокі сталі шорсткія, і ён думаў, што яны патрэскаліся, - смылеў пад рукавіцай нацёрты нос: пачынаў балець. Мерзлі пальцы ў рукавіцах; заходзіла ў ногі.
Трашчалі дрэвы - сухастой, які ў познюю восень у дажджы, відаць, глыбока намок. Мароз прабіраў наскрозь усё жывое: каня, сосны, чалавека і зямлю. Снег хрумсцеў пад капытамі і палазамі, - здавалася, ад марозу ён пераціраўся на жвір.
У вачах у яго, Ратушняка, раптам стаў Сямён Калінавіч: шырокі, як шафа, у накінутым на плечы кароткім кажусе. Прыхінуўся ў канторы да грубкі, нагнуў нізка - аж да дзвярэй - галаву: грэе плечы і студзіць лысіну. Ён падумаў тады, што дарога блішчала ад маладзіка, як лысіна Сямёна Калінавіча ад агню ў канторы...
Сямён Калінавіч не вінаваты, хоць і пагнаў нанач: яго, Ратушняка, ніхто б не змусіў паехаць, калі б ён сам не наважыў...
І тады падумалася, што вінаваты ёсць, што ён недзе спіць у такую пару ў некага на падлозе, уткнуўшыся носам у падкінутую пад галаву і нагрэтую ў запечку фуфайку. І фуфайка недзе ад яго прасмярдзела гарам, і ў хаце дыхаць няма чым, хоць ты задушыся... І ляжыць ён, не раздзеты і не разуты, нават боты з ног не сцягнуў; мокры ад расталага ў цяпле снегу, не мыты суткамі, - ад таго, як запіў...
Ён стаў успамінаць яго, гэтага чалавека, на якім цяпер, здавалася, для ўсяго Мсціжаўскага леспрамгаса свет клінам сышоўся, і не мог. Здаецца, маленькі, дробны з твару і цёмны; здаецца, гадоў яму за трыццаць, не меней; здаецца, шырокі, круглы, жорсткі мужчынскі твар, цёмная і лысаватая галава, кароценькі кажушок на фуфайцы і старая, вынашаная, памытая і зноў выпацканая - гэты раз ужо ў мазут, - халодная для такога марозу салдацкая шапка-вушанка з паднятымі ўверх вушамі і завязанымі на сляпы вузел кароткімі, скручанымі з тасьмы матузкамі...
Помніў гэта, а чалавека жывога ўспомніць не мог...
Сцежкі звялі іх першы раз летась, пад восень.
Машыны тады сталі за Малінаўкай у лесе - на новай дарозе цераз балота. Новай дарогай ад самай вясны тралявалі дрэва з Яськавага балота праз Баброва на бераг да Дзвінасы. Ішла сасна ў абхват, чырвоная, што цэгла, ад смалы - на Яськавым балоце не было падсочкі; елка, тоўстая ў камлі, не сцягнуць пілой і белая, як сыр; асіна, старая, зверху ўся ў сівым імху і тоўстай кары, як на дубе, а ўсярэдзіне з чорным дуплом: перастаяла за вайну на пні; клён, прамы, доўгі - на ўвесь прычэп ад дышля да кабіны: ад яго пахла квасам на ўсё Яськава балота; ішоў дуб, старасвецкі - на яго не хапала пілы, - выгінасты, каржакаваты, з буграмі і счарнелы ў камлі...
Цвёрды, што камень, і цяжкі, як жалеза, ён гнуў у дугу чыгунныя рэйкі на прычэпах, рваў ланцугі, якімі перамотвалі яго; на паваротах, дастаючы камлі ў газагенаў да кабіны, ён плюшчыў, зрываючы з месца, печы і крышыў скрыні, у якіх ляжала чурка - шафёрскі запас на ўвесь дзень. Пад дубам асядалі колы, вязнучы ў лесе ў сіпак; пад ім угіналася на Яськавым балоце на дарозе зямля.
Дуб шафёры бралі на «чугрэі» з боем... Пасля дажджу ў газагенаў забівала глеем пакрышкі - яны аблепліваліся і слізгалі па мокрай зямлі; маторы напіналіся, аж рваліся ад звону, і не цягнулі.
Машыны стаялі на дарозе з дубам, - уся змена, - сем машын. На Баброва праехаў толькі адзін Рэва на сваім ЗІСе на бензіне - паехаў пярэдні. За ім, высунуўшы з кабіны галаву, азіраючыся назад на колы, доўга крычаў на ўвесь лес, «рваў» свой «чугрэй» Петражыцкі. Рваў цэлую раніцу, ад самага балота, аж пакуль не сеў...
Мінуўшы масток - масток раскінулі, бо на гружанай машыне па ім усё роўна не паедзеш, ехалі проста ў крыніцу, закінуўшы яе дрыўмі-метрамі, - Петражыцкі стаў, загарадзіўшы дарогу. У кабіну да яго злазілі, сабраўшыся, усе шафёры. Ні ў кога матор не пацягнуў - не ўзяў з месца. Колы круціліся ў ямах, лезучы ў зямлю. Задняя вось лягла на гразь...
Насцялілі лапак, сыпалі пад колы чуркі, вядром. І лапкі і чуркі выкідвалі з-пад сябе колы і шпурлялі далёка назад: не падысці. Трэба было разгружацца.
Разгружацца Петражыцкі не захацеў...
- Норма!.. Норма!.. - крычаў ён на ўвесь лес з кабіны. - Нагрузі - не кранеш! Не нагрузіш - самога ж не памераць на беразе замест дрэва... А тут газу не хапае... Чуркі ніяк не ўгарацца, сіпяць... Пакуль не распалю... Хоча хто праехаць - цягні прычэп з дарогі, калі каму замінаю... А я сам сваю прэмію-надбаўку нікому ў рукі не пакладу. Не саступлю. Я жылы рву...
Шафёры маўчалі. Закурылі. Разгружаць машыну не было як: дарога вузкая, з абодвух бакоў блізка сосны, - куды скінеш. Назад да мастка - на пасеку - Петражыцкага не падцягнеш: ззаду аж шэсць прычэпаў. Трэба адагнаць кожны за паварот...
Шафёры хадзілі наўкол прычэпа, стукаючы ботамі па колах:
- Барахло. Трэснуць...
- Сапхнулі аднекуль з плеч...
- Аблыселі. Рыззё тырчыць...
- Дуб... Што волава...
- Інжынер ззаду. Уважайся...
- Хай сам паглядзіць. Начальства...
- Во-во... Ім толькі грузі ды грузі.
- А што ён - прыйдзе падапхне? У цябе сваё, у яго - сваё. Ён над табой інжынер.
- Перакур, хлопцы... - Петражыцкі выскачыў з кабіны, патаптаўся па сырой зямлі, як па цесце, аціх і палез у кішэні.
Змоўклі і шафёры.
Петражыцкі закурыў, абапёрся на адчыненыя дзверцы і глядзеў уверх - у неба. Доўга, не адрываючы вачэй. Забыўшыся, можа, што ён шафёр і што стаіць, угразшы на грэблі: ні ўзад ні ўперад. Тады ўгару сталі глядзець усе шафёры:
- Што ён там апароў?
- Хай думае, што рабіць будзе...
Угары краталіся ад ветру старыя сосны, высокія, аж у неба, што раслі на Яськавым балоце недзе яшчэ ад прыгону. Неба было ў белых рэдкіх палосах, як у нітках пражы. Сонца іх выбеліла, высушыла, і яны, белыя, што снег, аж пераліваліся ў вачах.
Пасля ўсе ўгледзелі, як над соснамі ў белым небе кратаецца чорная палоска, усё роўна што кавалак кары гнала ветрам. Апускала ўніз, да зямлі, на лес; пасля падымала ўгару яшчэ вышэй, і яна бялела на сонцы і хавалася з воч.
- Каршу-ун... - Петражыцкі свіснуў і паклаў зашмальцаваную кепку на лоб, каб не звалілася з патыліцы на зямлю - галаву ж задзёр, - тады вылаяўся і плюнуў: - Прыляпі-і-ліся. Жаруць усё жывое на Яськавым балоце і тады ў цёпленькім небе плаваюць. Купаюцца... А тут у гразі боўтайся. Усе яны такія...
Петражыцкі, відаць, пра некага думаў.
Шафёры больш нічога не бачылі. Ён тады паказаў сваёй голай і валасатай, з закасаным па локаць рукавом, рукой на старую елку ля дарогі. Елка была высокая, вышэй за сосны, - старая, абгарэлая з камля, чорная, у пісягах жоўтай смалы. На самым версе на ёй тырчаў, росшы аднекуль збоку, востры, з маленькімі лапкамі сук. Там, адкуль ён рос, прыліпла да елкі гняздо, круглае і шэрае, як стары, выцвілы пад застрэшкам на дажджы і сонцы каранёвы кошык.
- Каршуны... Сям'я. Цэлая кантора леспрамгасаўская... - Петражыцкі, заклаўшы рукі за спіну, круціў галавой.
- Ну і вочы... Угледзіць жа. Аж дзе...
- Прыляпіўся, ты скажы. Ніколі б не паверыў. Што Сямён Калінавіч да свайго крэсла.
- Чысцяць гнёзды...
- Малыя, мусіць, ёсць. А бацька ўгары, назіркам... Зверху яно, брат, усё відаць. Што мы і хто мы. Таму нам, можа, і не даюць ЗІСоў на бензіне. Мудрыя птушкі наверсе.
- Не даюць ЗІСоў, бо няма...
- Што мы за шафёры? Ад нас нават бензінам не пахне...
Ля елкі на дарозе прытапталі ў мох і пясок кепку, што зляцела з галавы ў Петражыцкага; пасля адкінулі яе пад прычэп пад калёсы.
Ад ветру ўгары краталіся лапкі і патрэсквалі сухія сучкі, як на агні. Адтуль сыпалася труха, не даючы глядзець, задраўшы галаву; адрываўся і падаў на зямлю зялёны, доўгі і дробны мох, як сторжка ад нявымачанай пянькі.
Яны тады адышліся далей на дарогу, да самага прычэпа, і глядзелі ўверх.
- Во каму суха...
- Хто наверсе сядзіць, таму ўсягды суха.
- Ён плана табе не дасць, не задзірай галавы...
- План... План... У мяне радзікуліт.
- Знайшоў чым хваліцца. Грузчыкам не хочаш памагаць, знаю.
- Патрасе па калдобах - і ты схопіш. Не заракайся...
- Рэва скора вернецца, чаго мы стаім? Не размінёмся...
- А па мне... Машына хай адсапнецца. Рванеш - тады што? У грузчыкі ісці? Машын больш няма.
- Трэба нешта думаць. Пад дубам пакрышкі скора пачнуць страляць.
- Чорт з імі. Навейшыя дадуць. А то грузі і - бойся...
- У каго гэта матор не выключаны? Шум...
Пабеглі выключаць матор - былі пакінулі не выключаны: забыўся нехта ззаду.
Стала ціха. Стоячы на дарозе, яны цяпер глядзелі адно ўгару. Кідалі курыць і тушылі нагамі ў пяску акуркі.
- Хлопцы, што мы робім? План сарвём. Трэба нешта думаць.
- Хай начальства думае...
- Што ты ўсё на начальства? Інжынер чуе...
- Што інжынер? Яму чуркі мяшаць не трэба...
Калі ён, Ратушняк, падышоў да іх, усе змоўклі. Стаялі і глядзелі хто ўгару, на елку; хто ў зямлю; хто пад колы, пад прычэп. У вочы яму ніхто не глянуў. Пасля ад грамады адлучыўся Петражыцкі. Выплюнуў акурак з зубоў, скочыў здалёку на падножку і схаваўся ў кабінку. Махнуў дзверцамі, але не зачыніў, пакінуў насцеж.
«Чугрэй» заныў, як прыбітая муха. Крануліся, торгаючыся, бы чапляючыся за што, колы. Тады закруціліся на адным месцы шпарчэй і шпарчэй: зашасталі па шорсткай гразі, бегаючы хуценька і лёгка, бы пад імі не было зямлі і на іх зверху не наваліўся прычэп з дубам. Сюды, дзе стаялі людзі, паляцелі гразь і пырскі, ахапкам. З зямлі выбіла чурку, і яна, чорная, як у дзёгці, стукнула некаму ў бот і, фуркнуўшы, адскочыла аж у лес на мох.
«Чугрэй» ныў і ныў - звінела ў вушах, і стагнаў, здавалася, лес. Петражыцкі - было відаць - сагнуўся на сядзенні, нахіліўся ўперад, узлёгшыся на руль, - памагаў машыне.
Ратушняка як кальнула што: здагадаўся, - Петражыцкі хоча паказаць: на, інжынер, глядзі, якая дарога і якая машына... Палюбуйся, а пасля ўжо станеш... А мы табе тады пальчыкам пакажам, ціхенька і спакойна: вунь, пад нізам - балота, а вунь, наверсе - печ з чуркамі. Прастыла. Дыміць і чыхае... Аж неба чорнае - у сажы...
Тады сюды, дзе стаяў ён, Ратушняк, падышлі шафёры. Нехта махнуў рукой Петражыцкаму: «Канчай... Думаеш, яны не відзяць гразі? Самі стаяць па калені... Ды яны і не гэта відзелі... Не нас з табой... Не рві машыны...» Другі нехта вылаяўся. Петражыцкі тады адразу выключыў матор, памалу-памалу вылез з кабінкі, нібы ён быў увесь балючы; абышоўшы машыну спераду, падаўся на другі бок: пастаяў, пастукаў ботам па печы, дастаў качаргу і палез «за плечы» машыне, дзе была скрынка з чуркамі. Стаўшы на калені на скрынку, адкінуў у печы века - перакуліў, як вялікую патэльню, - і палез у печ з доўгай і ценкай качаргой.
На дарогу чхнула дымам і пагнала іскры.
Петражыцкі доўга перамешваў чуркі, тады, кашляючы ад дыму, стаў сыпаць са скрынкі ў печ свежыя - прыгоршчамі, што бульбу ў кацёл, - і тоўк іх качаргой.
Далоў з машыны ён саскочыў, ледзь-ледзь зыбнуўшыся ў каленях, якраз перад ім, Ратушняком, і глядзеў цяпер у вочы: пачуем, што скажуць...
Ратушняк тады ўсміхнуўся:
- Што ж... Паказаў. І гразь, і чуркі... Падвёў і носам тыцнуў. Што ката... Дзякуй.
- Няма за што, таварыш інжынер...
- Дык знай: я за цябе цягнуць не буду...
- Дарога, таварыш...
- Бачу і якая дарога. Не вылезлі вочы... Ланцугі абуй...
- Летам? Ланцугі? Ні ў кога няма. І не памогуць яны.
- Дамкратам падымі. Першы раз, ці што?
- Не першы... Ям многа, таварыш інжынер. Ля кожнай дамкрат не паставіш. Кожную чуркамі не засыплеш. Не хопіць лесу...
- А хто вам дазволіў сыпаць пад колы чуркі?
- Гора, таварыш інжынер...
«Таварыша інжынера» Петражыцкі выразаў, як пілой па дрэве. Ратушняку ад таго стала ўсяму горача: падступала злосць.
- Будзеш адгружаць. Дарогу заняў. І сам ні гам, і другому...
- Адгружаць? Хе-хе... Не стану, таварыш інжынер, вы ж ведаеце...
З Петражыцкім смяяліся і шафёры: «У дзялянцы крычалі: дагружай, а тут - адгружай... Смеху варта...»
Ратушняк падумаў, што ён дарма злуе на Петражыцкага, што больш ЗІСоў у калоне няма, што «чугрэі» не для такіх дарог, не для балота і дубу, што яны аджылі свой век даўно, што іх не варта было прысылаць зусім і што да іх у яго ніколі не ляжала душа... Падумаў, што план - як ні цісні - пусты. Бо яно ўсё тут - як мокрае гарыць. Розніца, мусіць, ёсць: ці бярозавую чурку кінуць у агонь, ці пырснуць бензіну... Не той дым...
- Будзем адгружаць, калі вы ездзіць не можаце. Наперадзе ўся грэбля такая...
- А дарожніцы, таварыш інжынер?
- Дарожніцы за Бабровам, на ямах. Там не такое пекла... Будзем адгружаць. ЗІС скора назад вернецца. Дарогу забілі...
- А куды скоціш, таварыш інжынер? Цесна... Што, дзялянку, можа, з боку ля прычэпа выразаць загадаеце?
Петражыцкі зноў пайшоў да кабінкі:
- Мяне гэта «разгружацца» як нажом...
- Абыдземся без нажа... Сюды, дзе стаіш, скінем два камлі... Лягуць...
- А я, можа, інжынер, не хачу распісвацца ў пустой графе ў ведамасці. Можа, я хачу за норму палучыць.
- Сёння нормы не зробім...
- Ты дай мне ЗІС на бензіне! Шафёр я ці не? Ці, можа, я вам - баба разанская? Не-е-е... Я вам не цыган, на кабыле здыхаць... У мяне, можа, ёсць і рукі і ногі... Можа, у мяне ёсць і на каго рабіць... Можа, я і рабіць магу... А на чым? Не-е... Ты дай мне плячо падставіць... А тады ўжо мне пальцам тыкай...
- Не я іх выдумаў... «чугрэі»...
- Седзіцё. Стаўка ідзе, ці дождж, ці снег. А пра тое, што, можа, нам не грэе на вашых «чугрэях», думаеце? Пра ўсіх нас? - паказаў ён рукой на шафёраў. - Дзень-ноч, каб зарабіць, - у гразі, у сажы... Рук няма чым абмыць... Хоць ты карасіну з сабой у банцы вазі, каб вечарам рукі ад масла ачысціць...
- Вось што. Не хочаце адгружацца, ад'язджайце назад. Да мастка дарогу занялі...
- Адступаць? - Петражыцкі закрычаў, і ён, Ратушняк, падумаў: «Крычыць... А чаму маўчаць усе шафёры? Слухаюць, зубы скаляць і маўчаць. Хочуць, мусіць, каб ён гаварыў: «смялейшы».
- І які чорт пагнаў нас сюды? - крычаў Петражыцкі. - У балота, у гразь... Гоняць, давай, Петражыцкі, нагружай... Давай, Петражыцкі, адгружай... Давай, Петражыцкі... А гэтаму Петражыцкаму і даваць ужо няма чым... Не гараць чуркі... - Ён пацішэў, тады спытаўся пошаптам, гледзячы ў вочы: - Дакуль вы нас ганяць будзеце? Муштраваць?..
Ніхто не хацеў ні адгружацца, ні ехаць назад: схадзі, выкіруй. Выцягні яшчэ з ямы Петражыцкага... Некаму ж трэба будзе цягнуць яго з ямы, зачапіўшы...
Стаялі. Курылі. Зноў крычаў сваё Петражыцкі, пасля яны ўсе насядалі на яго, Ратушняка: давай ЗІСы... Тады пайшлі за ім да задніх машын: можа, дзе заднія з'едуць набок, да мастка далёка. А Петражыцкага адгрузяць і пусцяць цераз грэблю. Праскочыць да Баброва, пакуль вернецца Рэва. А не праскочыць - чаго ж тады гнаць у гразь усе машыны...
Петражыцкі нікуды ад машыны не крануўся:
- Хочаце рабіць план - цягніце самі. Ці ўзад, ці ўперад. А я свой план ужо не зраблю. Інжынер сказаў...
Ужо ідучы, яны пачулі, што спазніліся: ехаў Рэва. Было чуваць, як далёка ззаду, недзе пад Бабровам, бразгаў ланцуг... Яны сталі кучкай на павароце і намерыліся вярнуцца назад: папросяць, Рэва падчэпіць Петражыцкага. Убачылі былі, як Петражыцкі выйшаў уперад на дарогу і, схаваўшы рукі ў кішэні, чакаў.
Рэва, пад'ехаўшы, стаў, адкінуў адразу двое дзверцаў; пасля зноў крануўся і ехаў, памалу, ледзь каціўся, на Петражыцкага. Той адыходзіў задам да сваёй машыны.
- Ты што? - саступіў ён пасля Рэву з дарогі, і машыны цяпер стаялі адна ля адной: лоб у лоб.
- А ты што? - пачулася з кабіны. Рэвы яшчэ не было відаць.
- А тое, што ты, старая чапля, ссівеў, а на чалавека лезеш. Не відзіш, што селі? Мала ўсё...
- Знайшлі месца, селі. А мне-е...
- Угу-у... Хочаш дарогі, значыць. Сухенькай... Чысценькай... І каб замінішча не было. Акруціся, зачапі мяне... А там і другіх цераз грэблю да Баброва... А так рэйсаў на норму не палучыцца...
- Я не рвач!
- Значыць, я рвач? Ану скажы-ы... - Петражыцкі заводзіўся. - Ах ты, падкалоднік...
- Падкало-однік? - Рэва толькі цяпер высунуўся з кабіны. - Што-о?..
- А тое, што ў цябе за душой ні... Адна калода. А ў мяне ў душы душа ёсць... І я нікому не дам... пляваць...
- Гэта я плюю табе ў душу? Морда... Загарадзіў дарогу, і я яшчэ яму плюю. - Рэва раптам схаваўся ў кабінку, даў назад, ад'ехаў, тады пусціў машыну зноў на Петражыцкага. Пад'ехаў, зноў высунуўся з кабінкі: - Знай. Быў рвачом, рвачом і здохнеш. І сябе ў зямлю загоніш і машыну... З-за рубля загавееш... Наклаў...
Яны не пачулі, што сказаў Петражыцкі. Убачылі толькі, як ён скочыў з дарогі ў кабінку, спрытна, што кот, як адразу над яго «чугрэем» падняўся дым, густы і сіні. Зазвінеў зноў матор ад вялікай натугі.
Пасля яны яшчэ здалёку ўбачылі, як прычэп вылез з ямы і папоўз па дарозе. Яны тады пабеглі за ім...
Прычэп поўз і поўз, закрыўшы сабой і дарогу і Рэву з машынай. Яны чулі, што гудзе не выключаны матор у Рэвы, чулі, як стогне, не могучы, ад натугі «чугрэй», і не ведалі, што робіцца ўперадзе.
Калі ён, Ратушняк, падбег да прычэпа, убачыў, як стукнуліся лоб у лоб машыны, як «чугрэй», сунучы коламі гразь, пхнуў перад сабой Рэваў ЗІС. Сапхнуў набок з дарогі, падцялежыў і пхнуў далей, упёршыся ўжо не ў буфер, а ў падножку ля дзверцаў, - сагнуў яе і карабаціў кабінку...
Машыны гулі, дрыжалі і скрыпелі...
Ратушняк закрычаў, але крыку яго з дарогі Петражыцкі не пачуў. Тады ён, Ратушняк, ускочыў на падножку і схапіў яго за рукі...
Прычэпы ў той дзень цераз грэблю не пайшлі.
...Вечарам Сямён Калінавіч ужо ведаў пра ўсё.
Замялі...
Трашчыць план, а шафёры варон страляюць... Адзін на аднаго кідаюцца з машынамі. Тады, калі зводку па форме № ... хоць ты два разы на дзень перадавай: жыцця не даюць... Тады, калі ў дзялянцы сам інжынер быў... Вачыма лыпаў... І ў дзялянцы і на грэблі ля машын...
Зрабілі, каб усё было ціха.
Ціха было і ў калоне.
Толькі праз тыдзень вечарам на беразе Рэва пачуў, што ў кабіне пахне ворванню... Пайшлі «нюхаць» усе шафёры. З-пад сядзення выцягнулі тады дохлага ваўка - старога, як толькі там тоўпіўся. Рэва цэлы дзень вазіў яго ў кабіне: не знайшлося патрэбы злазіць пад сядзенне.
Пасля ўжо ў маразы, калі дрэва вазілі да Віліі, падняўшы адзін раз сядзенне, Рэва згледзеў снарад. Тоўсты і круглы, з тупым носам, як гарбуз, бывае, вырасце ўдоўж...
Не падыходзіў да машыны цэлы дзень. Прастаяў, пакуль не прыехаў ён, Ратушняк, - быў у дзялянцы. Снарад ляжаў парожні - адна цяжкая ржавая адаробка, - відаць, партызаны выплавілі з яго некалі тол.
Калі пасля Новага года Петражыцкаму далі ЗІС на бензіне, пад сядзеннем Рэва ўжо нічога не знаходзіў...
Маладзік пашырэў, стаў зусім цьмяны - слеп. Спусціўся нізка над зямлёй і мільгаў у вачах, то хаваючыся за соснамі, то чырванеючы зноў у прагалінах крывым шырокім бокам.
Пацямнела. Белая была толькі дарога. У лесе на снег апала густая шэрая мярэжа; на елках - на лапках - не было ўжо відаць інею: яго крала цемната.
Ратушняк мінуў Хатавічы - пакінуў убаку; праехаў краем Рудню, маленькую вёсачку з маленькімі, рассыпанымі па снезе хаткамі, - ад Мсціжаў ад'ехаўся ўжо далёка, - праехаў блізка што паўдарогі. Гэтым месцам у лесе павінна была быць рака - ён не помніў, мінаў масток ці не.
Хроп конь, часцей стаў біць у хамут - жахаўся.
Лес падрабнеў - пайшлі нізкія тонкія елкі, было відаць, як вытыркаецца на дарогу разгаты альшэўнік - дарога павяла імшарай. На імшары стала зноў святлей, - усё роўна як выехаў з пуні на двор.
Ля мастка - ля старых асін, чорных уначы, што абгарэлых, - закрычала на ўсё горла сава, кінуўшыся зверху на снег, пад ногі каню. Конь форскнуў, адсеў у аглобнях, тады рвануў угалоп па дарозе, - вазок стала кідаць з боку на бок. Нахіліўшыся ўперад, Ратушняк цягнуў да сябе лейцы як меў сілы. Суцішыўшыся, конь доўга яшчэ ціснуўся ў адзін бок. Па лесе ззаду крычала сава - палявала пры маладзіку.
Доўга цягнулася імшара - рэдкі альшэўнік, дарога па ім віхляла з боку ў бок, з кургана на курган. За імшарай зноў пачаўся сасновы лес - стары, аб'інелы да самага долу і, здавалася, ад таго дзідаваты, не падступіцца. Ля самай дарогі гэтым месцам рос малады соснік, - конь чапляўся дугой за лапкі, і на калені, на кажух і на валёнкі ў вазок сыпаўся зверху іней доўгімі долькамі, як пакрышаная ў сячкарні салома.
Калі зайшоў месяц, у лесе адразу сцямнела; пачарнеў конь - угрэўся за дарогу і на ім растаў іней; бліжэй да дарогі нагнуліся сосны. Зноў заскрыпелі сані, па лесе пайшоў пошум, за спіну краўся шорах.
Здалося, памякчэла, не калоў у шчокі мароз. У небе зніклі зоркі, відаць, яго зацягнулі хмары. Хроп конь, пускаючы пару сабе пад ногі: ішоў - гэтым месцам пад гару, - апусціўшы галаву. Чуў далёкую дарогу.
Ратушняк адпусціў лейцы і прыхінуўся бокам да ляжэйкі. Хіліла зноў на сон, і ён падумаў, што, бегучы за саньмі, быў распарыўся. Ён баяўся заснуць, але, каб адкасаўся сон, трэба было злазіць з саней і ісці ззаду - перастаўляць намуленыя ў валёнках ногі і махаць цяжкімі рукамі: яны ў рукавах у кажусе былі што чужыя і не гнуліся.
Ён падумаў, што не можа ўстаць, бы ўзваліўся хто на плечы і цісне. Ён бачыў цяпер перад сабой толькі белую дарогу і на ёй чорнага каня. Чорнага - аж сіняга. Конь рабіўся маленькі-маленькі, як жук, тады расплываўся і хаваў з воч белую дарогу. У вачах доўга было то чорна, то бела. Пасля стала лёгка ўсяму і лёгка стала дыхаць.
Закрычала на ўвесь лес сава, недзе ззаду за саньмі. Глуха, як адкуль з ямы: заінелы лес быў цяжкі - не пускаў рэха. Пасля сціхла, як знікла са свету.
Хроп недзе ўперадзе конь, але ён, Ратушняк, ужо не бачыў пары...
Спаткаўся з Петражыцкім другі раз ён ужо ўвосень, познюю, перад самай зімой. Стаяла на марозе, снегу яшчэ не было.
Дрэва вазілі за Выгарамі, на бераг да Віліі - к вясне на сплаў. У той дзень, помніцца, пацерушыла з раніцы сняжком, вецер зайшоў з-за ракі, з поўначы, і пачалася зіма. З планам паціснулі, як і цяпер, і ўсе з канторы выехалі на ўчасткі.
Тады і спаткаўся ён, Ратушняк, з Петражыцкім другі раз.
Выехаў ён у той дзень на бераг на разгрузку яшчэ з цямном: «лавіў шафярню за крыло»...
З першым рэйсам прыгналі тры прычэпы - разгрузілі яшчэ з фарамі, - і цяпер прычэпы падымаліся ціха адзін за адным на гару ад ракі, бразгаючы ланцугамі па лёдзе, - пайшлі ў самую далёкую дзялянку, пад Ліпнікі, па рудстойку. Рудстойкай і дрыўмі-метрамі шафёры лягчэй рабілі план.
Развіднела. На беразе стала ціха. У лагчыне, дзе паклалі новыя легары, краталіся грузчыкі - раўнялі шліхту. З-за ракі з поля дзьмуў вецер, несучы ў лес рэдкі снег; свістаў і ныў у шкуматах сасновай кары ў шліхтах і ў сухім на зямлі верасе. На ветры было холадна, і ля дарогі, унізе пад шліхтамі, стары, без адной нагі пасля вайны, прыёмшчык Шыла раскладаў агонь. Вецер круціў там дым - дымам ад сасновых лапак пахла на ўвесь бераг, - зрываў у яго з плеч новы брызентавы плашч з капюшонам, які Шыла палучыў у леспрамгасе цераз магазін. У такім плашчы быў і ён, Ратушняк. Плашч настываў, карабаціўся на холадзе і рэзаў ля шчыкалатак голыя рукі. Без агню ў такім плашчы за дзень можна было адубець...
Ратушняк абыходзіў шліхту ля дарогі - спускаўся да прыёмшчыка Шылы, да агню. Калі ён ужо, быўшы сярод дарогі, угледзеў машыну, - перабег на другі бок. Машына на вялікай хуткасці ўся ныла і звінела - ад яе аж разлягаўся ціхі раніцай лес. Высунуўшыся з сосніку на пасецы, яна кацілася дарогай уніз - з гары да ракі на шліхты... Ён падумаў, што тут нешта не так па тым, як бразгалі на прычэпе ланцугі: стукалі аб зямлю, аб колы, аб дышаль. Каб сядзеў у кабіне чалавек, той бы гэта чуў.
Ён, Ратушняк, здагадаўся: машына коціцца да ракі адна... Яна нават не валюхалася з боку на бок, як тады, калі яе асцярожна выкіроўваюць на калдобах, а ішла па глыбокіх каляінах роўна, як па шнуры; падскоквала толькі на прычэпе бярвенне, высока ўгару, з грукатам і звонам: у каляінах былі ямы.
На Ратушняка падзьмула бензінам. Ля самых ног па сасновай кары на зямлі ўдарыў канцом ланцуг, белы, цяжкі, - цягнуў з сабою трэскі...
У кабіне чалавека не было, Ратушняк убачыў цяпер на свае вочы. Машына па выезджанай грудаватай каляі перлася адна на бераг - у раку. Ён пачуў, як закрычаў прыёмшчык Шыла. Убачыў тады, як падскочыў ля самага берага ўгару прычэп, - відаць, колы лучылі на пень, - і павярнуўся, падцялежыўшыся, бокам; як скацілася зверху з прычэпа бервяно і стукнула аб зямлю ля дарогі, як пасля праваліліся, бы куды ў яму, і машына і прычэп, знікшы адразу з воч. Закалыхалася ля ракі старая голая ніцая лаза - адны дубцы, і доўга яшчэ кацілася па беразе бервяно, пакуль не зачапілася ў кустах, задзёршы ўгару канец.
Калі ён падбег з Шылам да ракі, угледзеў, як па вадзе - рака пасля асенняй паводкі яшчэ не ўвайшла добра ў берагі - паплыло бярвенне, круцячыся і выраўніваючыся адно за адным у шнур: на прычэпе, мусіць, парвала ланцугі.
Кабіны з ракі відаць не было, тырчаў толькі кавалак дышля ад прычэпа, што хвост з нары, аб яго плёскала чорная вада. На тым месцы, дзе, мусіць, была кабіна, круцілася белая пена, вір... Ён угледзеў пасля, як далёка ракой плыло бярвенне, хаваючыся з воч за паваротам. Шумеў у голай лазе, шэпчучы, траснік...
Закрычаў быў зноў, кульгаючы па беразе, прыёмшчык Шыла - паказваў рукой назад на гару, у соснік...
Чалавек спускаўся адтуль памалу, баючыся паслізнуцца, згінаўся і выпростваўся - ішоў, як па жэрдцы.
Ратушняк адразу пазнаў Петражыцкага. Калі той спусціўся з гары і ішоў, выцягнуўшы шыю, як гусак, - намагаўся глянуць здалёку ў раку, Ратушняк угледзеў, што ў руках у таго лом. Вялікі, доўгі, якія вазілі з сабой шафёры за кабінамі, у скрынках з чуркамі.
Калі Петражыцкі, падышоўшы да берага, спатыкнуўся, - згледзеў, відаць, як плыве па рацэ дрэва, - на яго зірнула сонца (узышло) - хуценька, жоўтай плямкай - і зноў схавалася ў хмары. Петражыцкі ўвесь, з ног да галавы, стаў быў барвовы, як ад агню; стаяў, трымаючы рукою лом пасярэдзіне.
Тады Ратушняку прыйшло ў галаву, як Петражыцкага хацелі застрэліць партызаны. Пра гэта сам Петражыцкі расказваў усім у калоне, кожнаму свежаму чалавеку, што заяўляўся да іх.
Калі іхнюю, дзе быў Петражыцкі, брыгаду - Ратушняк не помніць ужо якую, забыўся - прыціснулі ў блакаду ля Беразіны немцы, Петражыцкі згубіў у балоце патроны ад пэтээра - пяць штук. Камісар брыгады, вывеўшы партызан на буй да Беразіны, сам пагнаў перад сабой на вачах ва ўсіх расстрэльваць яго, Петражыцкага. Петражыцкі нёс у руках пэтээр - адно, што было пры ім...
Ратушняку здалося, што ён і тады вось так стаяў на беразе, маленькі, з доўгім цяжкім пэтээрам, як з ломам...
Петражыцкі астаўся жыць, бо разарвалася на беразе міна - немцы ўдарылі з мінамёта - і забіла камісара... Ён насіў пасля пэтээр без патронаў усю блакаду...
Хадзіў недзе, як з ломам цяпер...
Падышоўшы да берага, Петражыцкі плюнуў далёка ў раку, туды, дзе тырчаў з вады дышаль.
- Заглохла, зараза. На самай гары заняло... - Ён зняў кепку і выціраў ёю твар, мурзаючыся: - У мяне, інжынер, план. А яе - ні старцёрам, ні ручкай. Макам сеў. Я тады ломікам пад зад. Пад задняе кола... Пад прычэп... Думаеш, лёгка было сапхнуць? Успеў бы ўскочыць і ў кабіну, каб не паслізнуўся... Пад нагамі, што наплёвана... Хай выкупаецца... Ні чарта ёй не зробіцца... - Ён плюнуў яшчэ раз у раку, кінуўшы далёка ад сябе на бераг лом. Лом пакаціўся назад і, зачапіўшыся за пень, лёг яму пад ногі. - Падвяла... Зрэзаўся. Ушчэнт...
Тады Петражыцкі зрэзаўся: прычэп стаяў цэлы тыдзень пасля, як вытарабанілі яго з ракі. Петражыцкага не каралі. Заступіўся Сямён Калінавіч. Сам. Начальства пусціла ўсё міма вушэй. Шафярня толькі рагатала...
Праз тыдзень, пайшоўшы ў рэйс, Петражыцкі выплавіў падшыпнікі. Нагрузіўся, а матор не пацягнуў на другой хуткасці. Ехаў на першай.
Стаяў... Мяняў падшыпнікі. Даравалі. Каб пасля на каго пальцам паказаць можна было:
- А ён чаму? Што, па небе ездзіць? Не па адной дарозе хіба з вамі? Не на адных харчах? Не на адным катлапункце, можа, ясцё?..
Цяпер, зімой, на яго не ціснулі. Сам затое паціснуў. Нагрузіўшыся, зачапіўся перадком за пень, рвануў узад і «раздзёр» машыну. Перад сабе, зад сабе. Што зайца...
Тут яму не даравалі. Сам Сямён Калінавіч... Адабраць... Перасадзіць... Спагнаць... Каб другія не рабілі самадумам. А ўпрэцца - выгнаць. Хай коз у калгасе пасе. Не націскалі, сам націснуў, - значыць, у сваю кішаню хацеў больш напхаць, славу нажыць захацеў.
А Сямён Калінавіч гэтага не любіць. Патачкі тут не чакай. Каб гэта ён сказаў «націсні».
Петражыцкі не прасіў, каб даравалі. Ён ніколі нікога не прасіў, - не чулі.
Ратушняк падумаў, што Петражыцкі не прасіў, недзе, і калі яго ў блакаду вялі страляць на бераг да ракі...
І яго, Петражыцкага, перасадзілі на «чугрэй». Маўчаў і падцёр нос усім. Адразу...
Ратушняк пачуў, як па твары сцебанула нечым шорсткім і халодным, што мокрым суравым ручніком, і адплюшчыў вочы.
Было цёмна, хоць вока выкалі. Зверху валіў снег, густы і сухі, - мяло. Налятаў вецер, тузаў за каўнер у кажусе і рваў з рук лейцы; свісцеў недзе на самай зямлі, ценка і востра, як у сухой траве.
Ён тады, намогшыся, падняўся. Убачыў, што стаіць у полі: наўкола было чыста і бела.
Балела спіна, ныла ў баку, на якім ляжаў, заснуўшы, і адлежаў; не мог выпрастаць шыі: яе ўсё роўна як падвярнула - і не адпускала.
Конь стаяў, нагнуўшы галаву і адвярнуўшыся ад ветру. Было відаць, як вецер адкідае ўбок грыву.
Ён, Ратушняк, тады зноў падумаў, што стаіць у чыстым полі і вецер свішча не ў траве, а ў каня ў грыве. Падняўся, каб агледзецца, - валіў снег, ад яго ліплі павекі, - нічога не было як угледзець. Падумалася, што не ведае ж зусім гэтага поля, дзе стаў конь, і куды пойдзеш, каб спытацца... Прагнала сон, зняло як рукой...
Ён адхінуў рукавічыну і зірнуў на гадзіннік: стрэлкі і малая і вялікая прытуліліся, свецячы адна ля адной каля адзінаццаці. Гадзіннік стаяў, быў не заведзены, - ён, Ратушняк, не стаў нават падносіць яго да вуха...
Тады ўзяў тузануў за лейцы - конь падагнуў яшчэ горш галаву і адсеў назад у аглобнях: не пайшоў.
Ратушняк падняўся, стаў на калені, пасля злез далоў з саней. Ногі праваліліся ў снег аж па сцёгны. Ён здагадаўся, што конь ужо даўно стаіць, і ля вазка намяло гурбу. Было цёмна, і снег быў відаць далёка наўкола.
Шалела мяцеліца: вецер дзьмуў роўны і густы, выў, як галодныя ваўкі, гнаў у вочы сухія шорсткія крупы. Крупы збіраліся на сагнутым у локці рукаве, ліплі ў фалдах кажуха, - былі вільготныя: мусіць, адпусціла.
Ззаду, адкуль ён ехаў, вісела цемната: там, недзе, быў лес. Ён здагадаўся, што конь выйшаў з лесу на поле і што поле ляжала ўперадзе: і вецер дзьмуў з поля, гонячы перад сабой і сівер, і шорах, і калючую цемнату. Калі хлыстала па шчоках шорсткімі крупамі, здавалася яму, што вецер змятае з поля снег да мёрзлай зямлі, тады падмятае і зямлю, падграбаючы пясок.
Стоячы ля санак, ён яшчэ раз крануў каня за лейцы. Конь не слухаў: не чуў следу.
Ратушняк тады падумаў, што збіўся з дарогі і заблудзіў...
Ён хацеў успомніць, дзе гэта магло быць поле - перад Бабровам ці ля Выгараў, - і не мог: дарога ж да самых Выгараў вяла лесам...
Падумаў, калі конь блудзіць па снезе, яго тады трэба весці ў руках. Сам не пойдзе. Сам конь ідзе па цаліку, калі чуе пад снегам след. Пасля падумаў, што не ведае, куды весці каня, што яго трэба, мусіць, паганяць і ён сам тады ўзаб'ецца на езджанае, знойдзе...
Вецер скідаў з ног, рваў з плячэй кажух. Трэба было нагінацца ўперад, каб устояць. Павярнуўшыся ад ветру, Ратушняк убачыў, што ў санках, у тым месцы, дзе ён сядзеў, ужо бела снегу, не відаць сена. Там, адкуль дзьмуў вецер, намяло гурбу ўровень з ляжэйкай - ляжэйка хавалася ў снезе. Сані замятала...
Парой здавалася, што вецер дзьме толькі па зямлі, несучы ўсё перад сабой у чыстае поле... Тады вецер падымаўся вышэй санак і круціў віхрам, захінаючы ад вачэй і каня і вазок, - свісцела толькі ў каня ў грыве, цененька і нудна...
Асядаў віхор - зноў сыпала зверху крупмі, як з шуфля з-пад малатарні пасечаным зернем... Клявала па твары, што гарохам, калі рваў вецер, калола ліпкім і вострым, усё роўна як адкуль гнала ячмень з асцём; тады засыпала вочы нечым дробным і шорсткім, як сухім белым макам...
Конь стаяў, павярнуўшыся аж бокам ад ветру, стрыножыўся і дрыжаў. Ногі ў яго схаваліся ў снезе за калені, бы праваліліся куды ў зямлю, і ён іх не мог выбавіць.
Ратушняк ступіў да каня, пагладзіў ля падсядзёлка голай рукой, намацаў мокрую спіну з намёрзлымі друзалкамі на поўсці. Спіна была халодная як лёд, - конь мерз.
Ратушняк зайшоў тады, дзержачыся за аглабню - баяўся, каб не збіў вецер, - каню наперад і намацаў рукой цуглі. Пачуўшы цёплую руку ля пашчэнкаў, конь зарзаў, ціхенька і цяжка, як уздыхнуў.
Ратушняку стала не па сабе...
Ён узяўся рукой за аброць і, падаўшыся сам наперад, тузануў каня. Конь захроп і адсеў узад, налёгшы на перадок у вазку.
Тады яго, Ратушняка, узяла злосць. Успомніўшы, што ў руках змотаныя лейцы, ён адышоўся назад і пачаў біць імі каня па спіне ля падсядзёлка. Конь таргануў хамут, але ўперад усё роўна не пайшоў - вярнуў убок. Затрашчалі аглобні...
Калі супакоіўся, яму здалося, што аднекуль запахла дымам. Дымам ад бярозавых дроў з печы...
Ён пацягнуў носам - дыму нідзе не было чуваць, ні блізка.
Зноў падумаў, што не ведае, куды кіраваць каня. Ісці шукаць цвёрдага тору ён не адважваўся: схавае з вачэй і каня і сані. Падумаў пасля, што конь стаіць пад вецер, не закруціўся, - адвярнуў, падагнуўшы, галаву, глядзіць уперад - у цёмнае поле. Дарога недзе там, і ехаць трэба туды, бо, стоячы, загібееш: не ведаеш, колькі трэба будзе стаяць, каб дачакацца раніцы, бо не захінешся ў лес, дзе не такі вецер і дзе можна раскласці агонь: сярнічкі ёсць і сена сухое ў вазку...
Ён не чуў ужо ног у валёнках: ногі не гнуліся; на руках, відаць, памарозіў пальцы: не чуў і іх. Ён тады пачаў церці пальцы снегам - яны не балелі - і думаў, што трэба як мага шукаць ратунку: вуглы.
Пацёршы пальцы - рука аб руку, ён, не надзяваючы рукавіц, сцёбаў і сцёбаў лейцамі каню па шыі, па спіне, па задніх нагах, каб не адсядаў на сані...
Пасля, зайшоўшы наперад, ухапіўся абедзвюма рукамі за цуглі. Конь выцягнуў галаву і, скочыўшы ўбок, уваліўся ў снег па жывот. Ішоў і цягнуў яго, Ратушняка, з сабой...
Калі конь стаў і зафорскаў, Ратушняк згледзеў на снезе пад нагамі ў яго чорныя плямы. Запахла тванню - свежай, як летам раніцай дзе на балоце ля рэчкі...
«Крыніца... - падумаў ён. - Конь баяўся...»
Тады пачуў, як стала холадна ў ногі - у калені. Здагадаўся, што набраў у валёнкі вады, што мокрыя шкарпэткі, - хоць і выкруціш іх цяпер, усё роўна мокрае прымерзне да нагі...
Скінуўшы з сябе кажух і шапку, ён сцягнуў з плячэй цесны пінжак і здзёр цераз галаву сарочку - чорную, цёплую. Разарваў спераду, дзе былі гузікі, тады, раскусіўшы зубамі ў падоле шво, разарваў яе на спіне: на дзве анучыны. Сеўшы на санкі - на кажух, - сцягнуў з нагі валёнак; перавярнуўшы, выграб рукой мокрую гразь з халяў - яна бралася на марозе ў камякі, - звалок жывасілам з нагі мокрую шкарпэтку і акруціў сухую анучу з сарочкі. Насунуўшы на нагу валёнак, пачуў, што торгае ў пальцы.
Другі валёнак не злазіў з нагі - набрак, - і Ратушняк, пакуль пераабуўся, пачуў, што астылі плечы. Накінуўшы кажух, зашпіліў яго на ўсе гузікі.
Тады яго пачало трэсці...
Паклаўшы мокрыя шкарпэткі ў перадок у сена, ён тузануў за лейцы. Конь не пайшоў. Зарзаў і не пайшоў.
Тады ён зноў забег наперад і ўзяў яго за цуглі. Конь, ідучы, правальваўся ў снег па калені і выцягваў наверх чорную гразь. Пад нагамі было балота, падапрэлае ад снегу.
Ратушняк чуў, як трашчаў лёд, калі на яго ступалі, і крышыўся, што сухая кара летам у лесе. Нанава нацякло вады ў валёнкі, - ногі зноў былі мокрыя...
Ісці стала цяжка, і ён спачатку ўчапіўся за аброць, тады ўзяўся рукой за аглобню.
Конь, пачуўшы, што аслаблі пад пашчэнкамі цуглі, стаў, і прыйшлося зноў забегчы яму наперад.
Снег цяпер сек проста па твары - было балюча і горача; вецер хлыстаў па доўгіх полах кажуха, адкідаў іх і прабіраў наскрозь ногі ў каленях - яны гарэлі, як ад агню. Уперадзе на балоце стала шэра: было відаць, калі ўгледзішся, як мітусіцца снег, пляйстрамі, бы хто павесіў сушыць на мароз бялізну і не паспеў зняць яе нанач. Вецер ныў ля вушэй, густа і глуха, аж шумела ў галаве. Здавалася, ад шуму галава падымалася ўгару, кружылася, і адтаго яго, Ратушняка, блажыла.