Беларуская літаратурная спадчына XIX стагоддзя падобная да келіха, ледзь прыгубленага беларускімі аматарамі прыгожага пісьменства.
Бадай, галоўная прычына такога становішча ў тым, што фармавалася гэтая літаратура ў часы жорсткага ідэалагічнага змагання за тэрыторыю Беларусі тагачасных Польшчы і Расеі, на сутыкненні культур і разломе свядомасці, калі на змену ліцьвінскаму патрыятызму нашых продкаў толькі пачынаў прыходзіць уласна беларускі.
Беларуская мова ў тыя часы знаходзілася пад фактычнай і юрыдычнай забаронай. Быць бесперашкодна надрукаваным і прачытаным на Радзіме можна было толькі па-польску альбо па-расейску. Пісаць па-беларуску азначала прайсці праз сто кругоў пекла і не мець нават надзеі на магчымасць прачытання нашчадкамі. Добра сказаў пра тое геніяльны Ўладзімір Караткевіч: «Уявіце, што ў Англіі нарадзіўся Шэкспір - і ў гэты час забаранілі ангельскую мову»...
З гэтае прычыны беларускамоўных твораў XIX стагоддзя не гэтак шмат, а сярод тых, што захаваліся да нашага часу - мноства ананімных!
Беларускія па паходжанні літаратары XIX стагоддзя былі фактычна пазбаўленыя выбару мовы творчасці. Выбіраць галоўным чынам даводзілася паміж «językiem» і «языком». І часцей выбіраўся «język polski», бо не быў сімвалам усталяванага царскага самаўладдзя.
Але пісаць па-польску не азначала стаць варшавякам. Польскамоўныя творы Адама Міцкевіча, Яна Баршчэўскага, Ігната Ходзькі літаральна прасякнутыя пачуццём любові да Наваградчыны, Віцебшчыны, Меншчыны, насычаныя беларускімі традыцыямі, рэаліямі, нават - мовай! Нярэдка тое, што мы прымаем за выдрукаваны польскамоўны арыгінал Адама Міцкевіча, з'яўляецца хіба што не перакладам з арыгіналу - маштабнай рэдактурай, няшчадна скіраванай супраць мноства беларусізмаў у творах Паэта. Але і тое, што засталося - уражвае. Бо нездарма ж польскі пісьменнік і публіцыст Станіслаў Мацкевіч зазначаў: «спецыялісты-мовазнаўцы сцвярджаюць і маюць рацыю, што палова з напісанага А.Міцкевічам не адпавядае нормам польскага літаратурнага маўлення. Міцкевіч быў магутным павевам беларускай мовы, магутным прадаўжальнікам уплыву яе на польскую мову, які пачаўся яшчэ ў XV стагоддзі і зрабіў яе больш вытанчанай і далікатнай».
Вось чаму польскамоўная творчасць Адама Міцкевіча, Яна Баршчэўскага, Ігната Ходзькі, Генрыка Равускага і іншых творцаў XIX стагоддзя для нас - Беларуская. Гэтак жа, як і лацінамоўная творчасць Міколы Гусоўскага (XVI стагоддзе), альбо расейскамоўныя творы Алеся Адамовіча (XX стагоддзе).
Прапануемы рэйтынг 100 беларускіх кніг (твораў) XIX стагоддзя - гэта спроба сістэмнага асэнсавання беларускай літаратурнай спадчыны таго часу. Складзены выкладчыкамі і студэнтамі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, гэты рэйтынг запрашае неабыякавых на агледзіны лепшага - на думку складальнікаў - з беларускай літаратурнай спадчыны XIX стагоддзя. Уважліва прачытайма кожную пазіцыю рэйтынгу: ці знаёмыя нам імёны творцаў, ці ведаем мы пададзеныя творы, ці асэнсоўваем сваю літаратурную спадчыну, ці шануем?
Спадзяемся, што гэты рэйтынг паспрыяе не проста адказу на пастаўленыя пытанні, але і стане добрай падставай ведаць, удумна чытаць, асэнсоўваць і шанаваць.
Беларускамоўныя кнігі (творы)
1. «Тарас на Парнасе»
2. «Два д'яблы»
3. Ялегі Пранціш Вуль. «К дудару Арцёму»
4. Францішак Багушэвіч. «Дудка беларуская»
5. Францішак Багушэвіч. «Смык беларускі»
6. Янка Лучына. «Вязанка»
7. «Зайграй, зайграй, хлопча малы...»
8. «Вясна гола перапала...»
9. Геранім Марцінкевіч. «Адвячорак»
10. Вінцэсь Каратынскі. «Туга на чужой старане»
11. Уладзіслаў Сыракомля. «Добрыя весці»
12. Адам М-скі. «Беларуская малітва. (Божа, наш бацька, мы твае людзі...)»
13. Уладзіслаў Сыракомля. «Ужо птушкі пяюць ўсюды...»