Перад паштовым аддзяленнем сустракаюцца два юнакі. У руках аднаго скрынка для пасылкі.
В а с і л ь. Добры дзень! Пасылку на пошце атрымаў? (Жартаўліва.) У каго ёсць матка, у таго галоўка гладка. Нябось, паляндвічку з вёскі прыслалі?
М і к о л а (падаючы руку). Здароў! Не, сам збіраюся паслаць. Скрынку купіў.
В а с і л ь. Можа, пачакаеш? Я сюды на хвілінку, забягу паглядзець, ці ёсць мне пісьмо.
М і к о л а (жартуючы). Што - як шарая гадзіна, дык хутчэй ад жонкі? Лісты да запатрабавання ўпотай ад яе атрымліваеш?
В а с і л ь. Не, тут у мяне абанементная скрынка. А то ў нас у пад'ездзе некаторыя газеты і часопісы пачалі знікаць.
М і к о л а. І ў нас падлеткі выцягваюць. А то і паляць. Ідэя, трэба і мне папрасіць тут абанементную скрынку. А то шкада некаторых часопісаў.
В а с і л ь. А што ты выпісваеш?
М і к о л а. А шмат усялякіх выданняў. З дзесятак. А сёлета асабліва шмат беларускіх выпісаў.
В а с і л ь. І я на гэты год да часопісаў «Полымя» і «Маладосць» яшчэ «Крыніцу» і «Спадчыну» дадаў.
М і к о л а. «Спадчыну» і я выпісаў. Там жа ўся наша мінуўшчына. Я ж сябар ТБМ.
В а с і л ь. А што гэта такое?
М і к о л а. Таварыства беларускай мовы.
В а с і л ь. А, імя Францішка Скарыны? Дык і я ж яго сябар. Але яшчэ вуха не звыклася з гэтым скарачэннем.
М і к о л а. Помніш статут таварыства? Там жа запісана: трэба пашыраць беларускі друк, больш выпісваць беларускіх выданняў, чытаць іх.
В а с і л ь. Слухай, калі не спяшаешся, можа, вернешся, пачакаеш мяне на пошце? А тады пойдзем разам дадому. Мне трэба заадно паштовак купіць. Можа, якія з краявідамі Беларусі знайду. Хоць гэта, увогуле, лепш у кіёску шукаць... Але канвертаў вазьму.
М і к о л а. Любіш пісьмы пісаць?
В а с і л ь. Якраз наадварот. Люблю атрымліваць. Толькі ў снежні, перад Новым годам, узгадваю, што шмат каму не пісаў цэлы год.
М і к о л а. Давай вярнуся. Якраз і мне трэба віншавальную тэлеграму пляменніку на вёску паслаць.
В а с і л ь. Дык хадзем!
Васіль і Мікола заходзяць на пошту і накіроўваюцца да акенца.
М і к о л а. Дайце, калі ласка, бланк для тэлеграмы.
Р а б о т н і ц а. Злева ад акенца. Вазьміце.
М і к о л а. Дзякуй! (Бярэ бланк і садзіцца за столік. Нейкі час думае і звяртаецца да Васіля, які падыходзіць да яго, ужо ўзяўшы з абанементнай скрынкі сваю карэспандэнцыю.) Хадзі, Васіль. Памажы скласці тэлеграму.
В а с і л ь (жартуючы). Што, вершам хочаш напісаць? Хутчэй пішы:
Цябе і маму
Віншую тэлеграмай.
На мастацкім бланку -
Тэлеграма «маланка»!
М і к о л а. Не жартуй. Трэба вось хлопца з днём нараджэння павіншаваць. Дваццаць пяць яму стукнула.
В а с і л ь. Э не, дваццаць пяць гэта яшчэ не стукнула, а споўнілася. Калі шэсцьдзесят і больш гадоў, тады можна сказаць стукнула. Ведаеш, чым стукнула? (Пастуквае.) Дашчаным векам, браце. А пра маладыя гады так не кажуць... А ён жанаты ці халасты?
М і к о л а. Ды яшчэ халасцякуе.
В а с і л ь. Дык што тут думаць? Пішы проста: «Дарагі пляменнік! Горача віншуем днём нараджэння...» А каторага ён нарадзіўся?
М і к о л а. Дваццаць трэцяга чэрвеня.
В а с і л ь. О небарака, у самы доўгі дзень. Дык і пажадай яму: хай жэніцца ў гэты самы дзень, але ў снежні. Бо дваццаць трэцяга снежня самая доўгая ноч.
М і к о л а. Табе ўсё жартачкі.
В а с і л ь. Пасмяяцца - не пакалечыць.
М і к о л а. Ведаю, ты без жарту не ступіш.
В а с і л ь. Чалавек каб не цешыўся, то б павесіўся. Пішы ад шчырага сэрца, дык і добра выйдзе...
Мікола нахіляецца над бланкам, а да Васіля падыходзіць старая бабулька.
Б а б у л я. Даруйце мне. Можа, сынок, падпісалі б адрас. Хачу перавод паслаць, ды рукі ўжо дрыжаць і вочы не свецяць.
В а с і л ь. Давайце бланк.
Сядаюць за столік, а тым часам Мікола панёс здаваць тэлеграму.
Які ж адрас?
Б а б у л я (падаючы канверт). А вось тут, сынок, унізе, і індэкс і адрас туды, а мой адрас угары.
В а с і л ь. Значыць, так... Індэкс (піша), а далей: Берасцейская вобласць, Баранавіцкі раён, пошта Малая Сваротва, вёска Данейкі, Дабрыян Марыі Іванаўне. (Далей піша моўчкі.) Вось і ўсё, бабка.
Б а б у л я. От вялікі дзякуй вам, сынок!
В а с і л ь. Няма за што.
Бабулька адыходзіць, вяртаецца Мікола.
В а с і л ь. Колькі ж каштавала твая тэлеграма?
М і к о л а. Два трыццаць заплаціў.
В а с і л ь. Тваё слова - золата.
М і к о л а. Ну дык што - пакрочылі дадому?
В а с і л ь. Не, лепш пойдзем. Я ў салдатах два гады адкрочыў. (Раптам спахопліваючыся.) Хвіліначку. Зараз вярнуся. Я ж хацеў паглядзець яшчэ марак для калекцыі. Ты ведаеш, я збіраю маркі.
М і к о л а. Што? У цябе зноў новае захапленне? Яны ў цябе мяняюцца штомесячна. Чым ты толькі не захапляўся! То фатаграфіяй, то этыкеткамі ад запалак, то значкамі. Цяпер маркі... Гэтых захапленняў у цябе з дзесятак.
В а с і л ь. Ну што ж, адно мінецца, другое зноў заманецца.
ТЛУМАЧЭННЕ
1. На кожным тэматычным уроку асабліва звяртайце ўвагу на словы, звязаныя з пэўнаю тэмай. Тут па меры мажлівасці выкарыстоўвалася лексіка, звязаная найперш з поштаю. Яна, пэўна, добра вам вядомая: канверт, марка, пасылка, перавод, паштоўка, абанементная скрынка, тэлеграма-«маланка», пісьмо (ліст) да запатрабавання і г.д. і г.д. Шмат якія з гэтых слоў агульныя з расейскімі. Таму асабліва зважайце на правільнае гучанне. І не дапускайце ў сваёй мове розных цяляграм і іншых мяшанцаў. Вымаўленне павінна быць літаратурнае.
2. Адносна слоў пісьмо і ліст скажам: ужывайце на ваш выбар - каму што падабаецца. Калі ліст, то можна і паштальёна называць лістаносец, а замест перапіскі ўжываць ліставанне: Я даўно вяду з ім ліставанне. А што? Гучыць няблага.
3. Словы зараз і цяпер. Калі нікому не трэба тлумачыць, што такое цяпер, бо ўсе яго ведаюць, то слова зараз, думаецца, якраз мае патрэбу ў вытлумачэнні. Яго цяпер трэба проста ратаваць. І зараз скажу чаму. Апошнімі дзесяцігоддзямі ў гэтага слова вельмі часта адбіраюць яго ўласнае значэнне і выдаюць яго за слова цяпер.
А між тым у слова зараз здаўна ёсць свая адметная моўная служба - казаць пра тое, што мае адбыцца вось-вось, неўзабаве, праз хай сабе і няпэўны (секунда, хвіліна, квадранец) - успомнім: паводле І.Насовіча гэта - 15 хвілін, паўгадзіны, але нейкі вельмі блізкі час.
Запомнім назаўсёды. Слова зараз абавязкова мае на ўвазе будучы час. Таму і ўжываецца яно звычайна з дзеясловамі будучага часу: зараз скажу, прачытаю, напішу...
А стаць пры дзеясловах цяперашняга часу яно можа толькі тады, калі гэтыя дзеясловы ўжытыя ў значэнні будучага: зараз іду, гэта значыць, калі падразумяваецца: зараз пайду. Але ўжо ў часе самой хады нельга сказаць: я зараз іду, трэба: я цяпер іду.
4. Шарая гадзіна - гэта змрок увечары пасля захаду сонца, калі яшчэ не цёмна, але ўжо і не дзень. Для мяне, напрыклад, з дзяцінства гэта час, калі людзі вяртаюцца з поля, уходжваюцца каля дому, маці доіць карову. Прыбег знадворку і кот, сеў каля каровы, чакаючы свае порцыі сырадою...
У кожнай мовы, дакладней, у кожнага народа апроч гадзіннікавага абазначэння часу ёсць і іншы адметны падзел. Пры перакладзе на іншую мову часам нават нельга знайсці дакладны адпаведнік такому пэўнаму прамежку і часта даводзіцца рабіць апісальны пераклад.
Не знаходжу і я такога адпаведніка нашай шарай гадзіне ў расейскай мове. Можа, «сумерки»? Але ж па-нашаму гэта змярканне, прыцемак.
У некаторых мовах побач з такімі слоўнікамі, як тлумачальныя, фразеалагічныя, сінанімічныя і інш., ёсць і такія, дзе апісваецца, скажам, уся градацыя пераходу ад хады да бегу, часу праз цэлы дзень - ад цёмнага да цёмнага. У такім беларускім слоўніку (давайце памарым!), пэўна, знайшліся б гэтакія словы для вызначэння часу пасля полудня: схіліла (сышло) з поўдня, пад вечар, надвечар (бралася надвечар), на захадзе сонца, пасля захаду, на змярканні, на прыцемку, на шарай гадзіне, увечары і г.д.
Такога слоўніка ў нас яшчэ няма, але ў вас павінны быць хоць асобныя старонкі такога вашага слоўніка, каб ваша мова была яскравая і паслухмяная, каб яна «сказала» ўсё, што вам хацелася б выказаць.
Нярэдка ў нашым друку можна сустрэць і такое напісанне: шэрая гадзіна. Мне здаецца, карэктары тут перастараліся. Бо шарая гадзіна сваім назовам напамінае не так пра шэры колер, як пра вячэрнюю пару, калі шарэе. Ад гэтага слова і шарая гадзіна.
5. Хацелася б пагаварыць тут і аб неўласцівым ужыванні слова крочыць. Пачну з такое згадкі. Чытаю апавяданне: «Бабка пакрочыла...» Няўжо, думаю, тую бабку мабілізавалі? Не, бабуля ў творы ідзе на свінаферму. Далей бачу, што і сам апавядальнік за ёю «перакрочыў парог».
Здавалася б, мне толькі і раіць вам, хто хоча добра авалодаць роднаю моваю, часцей чытаць наш друк. А даводзіцца, як бачыце, у некаторых выпадках засцерагаць ад яго благога ўплыву...
Не ў аднаго аўтара апошнім часам крочаць тыя, у каго і спрыту таго няма, і дзе так ісці ані не выпадае, бо каб крочыць, то і дарога павінна быць адпаведная, а тут калдобіны, лужыны, канавы...
А як дарэчы гэтае слова там, дзе ўрачыста ідуць, скажам, салдацкім крокам, бадзёра ў страі, адбіваючы крок! У гэтым дзеяслове жыве моцная памяць пра «крок». І толькі ў такой хадзе, калі ён - цвёрды, ці шырокі, ці мерны, - выразна паўтараючыся, адзначаецца, там крочаць. Дзе ж на гэты крок не зважаецца, дзе ён не падкрэсліваецца знарок, дзе крок кроку не роўны, там адвеку ў нас ступаюць, выступаюць, ходзяць, ідуць, тупаюць, тэпаюць, плятуцца, пхнуцца, цягнуцца, сунуцца, валакуцца, цёпкаюцца, цюпаюць, клыпаюць, дыбаюць, прастуюць, цалююць, джгаюць, сыплюць, чэшуць, шыбуюць і г.д. і г.д., залежна ад таго, стомленыя ці бадзёрыя, марудзяць ці спяшаюцца, цвярозыя ці выпіўшы... І таму, напрыклад, расейскі сказ «Впереди отряда шагал барабанщик» толькі ў тым разе, калі хочуць асабліва падкрэсліць вайсковы ці парадны строй, перакладуць: «Наперадзе атрада крочыў барабаншчык». Калі ж гэтай патрэбы няма (бо гэта і само сабою разумеецца), больш натуральна будзе гучаць: «Наперадзе атрада выступаў (ішоў) барабаншчык». І таму, хоць можна крочыць нага ў нагу, звычайна ўсё ж ідуць (ступаюць) нага ў нагу.
І, скажам, у шолахаўскім тэксце, дзе імчыцца тачанка, «шагают мимо телеграфные столбы, без конца змеится дорога», кантэкст падкажа, каб па-беларуску гэтыя слупы, пэўна, беглі, а не «крочылі», гэтак жа, як у другой шолахаўскай фразе «Из-за Дона, с песков лимонных, сыпучих, утро шагало», па-беларуску няблага, відаць, было б, каб гэтая раніца выступала, але толькі не крочыла.
6. Пры напісанні адраса заўсёды ўзнікае патрэба правільна паставіць у давальным склоне прозвішча, імя і імя па бацьку пэўнага чалавека. Вось для нас і нагода пагаварыць тут пра іх скланенне.
Пачнем з імён. Мужчынскія імёны ў давальным склоне маюць канчаткі -у (-ю): Янку, Пятру, Сяргею, Мікалаю. (Толькі ў імёнах на -а з націскам на канчатку будзе ў давальным склоне -е (Кузьма - Кузьме) ды ў імёнах з націскным -я будзе -і (Ілья - Ільі). Усе мужчынскія імёны па бацьку маюць у давальным склоне канчатак -у: Пятровічу, Анатолевічу, Васілевічу. Гэтакі ж канчатак маюць і адпаведныя прозвішчы на -іч (-ыч). Як бачым, тут усё да аднастайнасці проста.
Жаночыя ж імёны на -а (-я) у давальным склоне паказваюць куды большую разнастайнасць канчаткаў. Імёны на -а (пры цвёрдай аснове) маюць у давальным склоне канчатак -е: Ніна - Ніне, Людміла - Людміле. Перадканчаткавыя д і т пераходзяць у мяккія дз і ц: Рагнеда - Рагнедзе, Маргарыта - Маргарыце. Канчатак -е ў давальным склоне маюць усе жаночыя імёны па бацьку: Іванаўне, Піліпаўне. Такі ж канчатак маюць жаночыя імёны гэтага ж скланення з асноваю на г, х, якія пераходзяць у з, с: Ядвіга - Ядвізе; у асновах на к гэты зычны чаргуецца з ц, а канчатак -а зменіцца на -ы: Віка - Віцы, Вераніка - Вераніцы. Імёны з асноваю на зацвярдзелыя (ж, ш, дж, ч, р, ц) маюць канчатак -ы: Вера - Веры. Імёны на -я мяняюць свой канчатак на -і: Валя - Валі, Надзея - Надзеі.
Усё гэта таксама не складае асаблівай цяжкасці для засваення. Адразу ж замацуйце гэтыя правілы: пастаўце імёны сваіх блізкіх і знаёмых у давальным склоне, уявіўшы, што вы падпісваеце іх адрас на канверце. І ўжо гэтыя імёны будуць вам пасля «падказваць» правілы.
Пры скланенні жаночых прозвішчаў ужываюцца тыя ж канчаткі. Здавалася б, таксама проста. Але ўся складанасць запомніць, якія прозвішчы скланяюцца, а якія - не. Тое, што не скланяюцца замежныя мужчынскія і жаночыя прозвішчы на галосныя, а таксама прозвішчы славянскага паходжання, якія канчаюцца на -о, -ых, відаць, асабліва не трэба напамінаць: Гюго, Лавуазье, Дурнаво, Баранавых. З жаночымі прозвішчамі на зычны таксама нескладана: не скланяюцца - Паўловіч Вера - Паўловіч Веры. А вось прозвішчы на -а вядуць у нашым правапісе даволі няпэўнае жыццё.
Калі прозвішчы ўзыходзяць да назваў прадметаў жаночага роду з асноваю на г, к, х і ненаціскным канчаткам -а, то ў давальным склоне яны маюць канчатак; -е, -ы (у залежнасці ад чаргавання): Саладуха - Саладусе, Сарока - Сароцы. (Гэтыя ж прозвішчы мужчын будуць мець у давальным склоне канчатак -у: Валодзю Сароку, Ваню Саладуху).
Жаночыя прозвішчы, якія не суадносяцца з назвамі прадметаў, не скланяюцца: Бандарэнка Марыі, Янчанка Антаніне. (Мужчынскія ж такія прозвішчы скланяюцца: Янчанку, Бандарэнку. І міжволі задумваешся: а чаму адмоўлена ў такім праве - скланяцца - жаночым?)
З мужчынскімі прозвішчамі ўвогуле вялікі клопат.
Вядома, няцяжка мець на ўвазе націск: калі ён падае на канчатак, то ў давальным склоне павінна быць -е: Крапіва - Крапіве (па аналогіі з імёнамі: Кузьма - Кузьме), калі ж - на аснову, то -у: Карызна - Карызну, Машара - Машару.
Але што адразу выклікае недаўменне - вымога скланяць мужчынскія прозвішчы, якія ўзыходзяць да назваў прадметаў жаночага роду на -а, паводле ўзору жаночых прозвішчаў: давальны склон - Бульбе Івану, Пушчы Язэпу (гэтак жа ў творным - Бульбаю Іванам, Пушчаю Язэпам). Хоць жывая практыка маўлення супраціўляецца такім прадпісанням, бо прозвішча ёсць прозвішча, і, згадваючы Скарыну, мы не ўяўляем лусту хлеба, як пры прозвішчы Язэпа Пушчы не думаем пра лес. А таму і хочацца скланяць гэтыя прозвішчы, як тое ж слова мужчына (дав. скл. - мужчыну, тв. скл. - мужчынам). Аднак акадэмічная граматыка вымагае Францішка Скарыну скланяць, як слова жанчына: Скарына - Скарыне (дав. скл.) - Скарынаю (тв. скл.) Або адпаведна: Пушча - Пушчы - Пушчаю.
Тое ж з прозвішчамі на -я. Іх таксама акадэмічныя выданні рэкамендуюць скланяць як назоўнікі жаночага роду: Міхасём Пратасеняй, Пятром Шабуняй (а не Міхасём Пратасенем, Пятром Шабунем, як само сабою напрошваецца). Цяжка быць пісьменным, калі сам правапіс здаецца не асабліва пісьменным!
Аднак суцешым сябе: неўзабаве чакаецца ўдакладненне нашага правапісу. І, можа, у ім нарэшце будзе менш аглядкі на чужыя правапісы, і адкінуцца непатрэбныя пералікі штучных рэгламентацыяў, і такім чынам сярод беларусаў паболее пісьменных людзей.
Так і хочацца ўсклікнуць: беларускія вернікі! Памаліцеся за беларускі правапіс!