Назад   Змест   Далей    ·    Слоўнікі



У рэстаране


Раней знаёмыя нам Сцяпан і яго малодшы брат Паўлік перад уваходам у рэстаран.
П а ў л і к. Колькі цяпер часу?
С ц я п а н. Без дзесяці дзве.
П а ў л і к. Вось добра паспелі. Мы і меркавалі ж на дзве прыйсці.
С ц я п а н (усміхаючыся). Дык прыйшлі ж раней.
П а ў л і к. Так і трэба было. Калі прызначаеш каму на дзве гадзіны, то прыходзь на 10 хвілін раней.
С ц я п а н. Чаму?
П а ў л і к. Я ў кнізе чытаў, што трэба. А то дзяўчына прыйдзе ў рэстаран, а цябе няма, і ёй было б прыкра. Ведаючы непунктуальных хлопцаў...
С ц я п а н (перабіваючы). Адкуль ты і слоў такіх набраўся: «непунктуальныя хлопцы»?
П а ў л і к. А так у кнізе напісана... Дык ведаючы непунктуальных хлопцаў, дзяўчаты часам спазняюцца, каб не адчуваць сябе няёмка, прыйшоўшы дакладна і не ўбачыўшы хлопца.
С ц я п а н (смеючыся). О, ты першы раз сёння ў рэстаран ідзеш, бо мама ў вёску паехала, а ўжо дзевак збіраешся вадзіць...
П а ў л і к. Гэта я табе кажу, каб ты ведаў. Ты ж сам кнігу пра ветлівасць купіў, дык і вучыся добрым звычаям. Ты вось яе не прачытаў, а я ўчора, як ты сказаў, што пойдзем сёння ў рэстаран, уважліва вывучыў.
С ц я п а н (паляпваючы брата па плячы). О, дык ты ў сорам мяне не ўвядзеш.
П а ў л і к. Глядзі, каб сам не абрамізіўся. Бачыш, які тут прыстойны рэстаран.
С ц я п а н. Дзе будзем палуднаваць: усярэдзіне ці на двары?
П а ў л і к. Сёння не надта цёпла. Хадзем лепш у залу.
Уваходзяць у рэстаран.
С ц я п а н. Дзе сядзем? Давай за гэты кутні столік.
А ф і ц ы я н т. Прабачце, гэты столік забраніраваны. Раю сесці за тым столікам з левага боку.
Паўлік і Сцяпан адыходзяць. Сцяпан, раптам убачыўшы ўдалечыні за столікам знаёмага, ківае яму галавою і спрабуе падысці да яго, але Паўлік перапыняе.
П а ў л і к (паціху). Убачыўшы ў рэстаране знаёмага, нельга да яго падыходзіць самому, хіба толькі ён падасць знак. Бачыш, ён сядзіць з незнаёмым. І, можа, у іх свая размова.
С ц я п а н. А і праўда, навошта нам чужыя таямніцы? Давай вось сядзем. (Звяртаючыся да чалавека ў гадах, які самотна сядзіць за сталом.) Да вас можна прысесці?
С у с е д. Калі ласка! Я тут адзін. А аднаму, як кажуць, і ў кашы няспорна. Сядайце.
Сцяпан і Паўлік сядаюць.
П а ў л і к (да Сцяпана). А мы будзем снедаць ці абедаць?
С ц я п а н. Ты што, Паўлік? Якое снеданне? Ужо даўно пара палуднаваць.
П а ў л і к. Гэта па часе. А калі па-рэстараннаму? (Далей гаворыць як завучана: адразу відаць, што вычытанае.) Меню абеду адрозніваецца ад меню снедання тым, што пасля халодных закусак падаецца суп.
С ц я п а н. Ага, вось ты пра што. Гэта зноў ты ў той кнізе вычытаў? (Паўлік у знак згоды ківае галавою.) Пытаешся, ці будзем есці суп? А ты хочаш? (Паўлік адмоўна круціць галавою.) Ну, дык і я не буду. Абыдземся без першай стравы.
Тут падыходзіць афіцыянт.
А ф і ц ы я н т. Добры дзень! Што будзем заказваць?
С у с е д. Мне трэба прытрымлівацца строгай дыеты. У мяне ўжо досыць вялікі жывоцік. Увогуле я не затоўсты, толькі зашмат важу.
Усе ўсміхаюцца.
А ф і ц ы я н т. Дык што ж вам можна есці?
С у с е д. Няшмат. Нейкую талерку рысу, можна кавалак ялавічыны, можна яшчэ порцыю цяляціны, трохі вяндліны.
С ц я п а н. Гэта вельмі добрая дыета.
С у с е д. Яшчэ каву са смятанкаю і цукрам. Хлеб з маслам, сыр, бутэльку мінеральнай.
А ф і ц ы я н т (да Сцяпана з Паўлікам). А вам што? Ці хочаце ўзяць халодную закуску?
С ц я п а н. А што можаце параіць?
А ф і ц ы я н т. Зялёны гарошак, шынку, рыбу пад марынадам, марскую капусту з кальмарамі, шпроты ў алеі, селядзец з цыбуляю...
С ц я п а н. Прынясіце шынку.
П а ў л і к. А мне марскую капусту з кальмарамі.
А ф і ц ы я н т. Што з першых страў?
С ц я п а н. Не будзем.
С у с е д (спахопліваючыся). Можа, мне яшчэ капусты са смятанаю. «Без капусты жывот пусты». Не, досыць. Дыета ўсё-такі.
А ф і ц ы я н т (да Сцяпана і Паўліка). А на другое што вы хочаце?
С ц я п а н. А што ёсць, калі ласка?
А ф і ц ы я н т. Добрая цяляціна, ёсць бараніна, ялавічная смажаніна, эскалоп...
С ц я п а н. Мне ялавічную смажонку, можна яшчэ і цяляціну.
П а ў л і к. А мне эскалоп, гарбату з цытрынай і фірмовы журавінавы напітак.
С ц я п а н. А мне чорную каву без цукру.
Афіцыянт адыходзіць.
Паўлік бярэ са стала сурвэтку і, разгарнуўшы яе, кладзе на калені.
С у с е д. Маладзец хлопец! Думаю, не часты ён наведнік рэстаранаў, але, гляджу, трымаецца вельмі годна.
Я то чалавек адзінокі, нярэдка тут бываю і амаль заўсёды адно і тое наглядаю не ўмеюць людзі абыходзіцца з гэтай белаю накрухмаленаю рэччу.
Некаторыя яе то за пояс заправяць ці за верхні гузік пінжака. І сядзіць такі за сталом - купец дый годзе! Відаць, наглядзеўся ў тэлевізары ці кіно ўсялякіх фільмаў з купецкага жыцця... Ён гэтаю сурвэткаю і губы выцірае, як бы няма на стале папяровых.
А многія гэтую сурвэтку проста не чапаюць. Стаіць яна на стале пірамідкаю, ну і няхай стаіць...
П а ў л і к. А я ў кнізе чытаў, як паводзіць сябе ў рэстаране. Ведаю, што трэба сядзець за сталом, злёгку абапершыся на спінку крэсла, а рукі пакласці на калені. І не трэба крэсла заблізка падсоўваць да стала, бо тады захочацца і локці пакласці на стол, і будзеш перашкаджаць расстаўленымі рукамі суседу, ды і над талеркаю тады давядзецца схіляцца.
С у с е д. Правільна, хлопча.
П а ў л і к (усцешаны пахвалою). А я ведаю яшчэ, чаму відэльцы кладуць на стале вастрыём уверх, а лыжкі - выпукласцю ўніз.
С у с е д. А і сапраўды цікава, чаму?
П а ў л і к. А каб зубцы відэльца і вострыя краі лыжкі не папсавалі настольнік. А ведаеце яшчэ, чаму, напрыклад...
С ц я п а н. Досыць табе, Паўлік, паказваць тут сваю адукаванасць. Сапраўды, як казаў набожны Аўгусцін, бойся чалавека, які прачытаў адну кнігу.
П а ў л і к. Я не адну, а сто семдзесят восем кніжак прачытаў. А калі яшчэ дадаць і «Рака-вусача» - дзве старонкі толькі яшчэ не дачытаў, дык будзе ўжо сто семдзесят дзевяць. У мяне ў сшытку ўсе назвы запісаныя...
С ц я п а н (раздражнёна). А, якія твае кнігі. «Дзілі-бом, дзілі-бом, загарэўся ў кошкі дом». Адна старонка - і ўся твая кніга.
С у с е д (мірачы іх). Ну, дарэмна вы гэта... Я адразу бачу, што хлопец перада мною адукаваны не на жарты. (Да Паўліка.) Гэтулькі ты кніг прачытаў. Колькі кажаш? Сто семдзесят дзевяць? О, дык ты зусім маладзец!
Падыходзіць афіцыянт, расстаўляе халодныя закускі, мінеральную ваду.
А ф і ц ы я н т. Смачна есці!
У с е. Дзякуем!
Пачынаюць есці.
С у с е д (Паўліку). А што ты прачытаў у кнізе, падрыхтаваўся, дык гэта вельмі добра... Але пачакай, я цябе зараз праверу, ці добра ты засвоіў усё. Зраблю табе экзамен. Ведаеш, што такое экзамен? (Паўлік у знак згоды ківае галавою.) Ну дык як масла намазваюць на хлеб?
П а ў л і к. Гэта я і дома раблю. Скібку хлеба прытрымліваю пальцамі левай рукі на талерцы, а ножыкам намазваю масла.
С у с е д. Правільна, хлеб не трэба намазваць, трымаючы яго ў руцэ навісу.
С ц я п а н (усміхаючыся). А мне пры вашай размове, як намазваць масла, успомнілася даўняя показка пра цыгана, які трапіў у нядзельку да мужыка. Той якраз еў бліны, ашчадна іх мажучы, шкадуючы масла.
Цыган галодны, хочацца яму паласавацца блінцамі, а мужык да стала не запрашае. Цыган і кажа: «Ой, бэцю, ты ж няправільна ясі... Хочаш, я навучу цябе, як трэба есці».
Мужык і рады нечаканай навуцы.
А цыган, падышоўшы да стала, узяў самы вялікі блін і навучае: «Бярэш блін вось гэтак, бэцю, мажаш маслам спачатку адзін бок бліна, пасля другі бок і мазаным да языка». І хуценька блін - у рот, а за ім і другі, зноў старанна, на два бакі маслам памазаўшы, паўтараючы мужыку навуку: «Галоўнае, бэцю, помні: мазаным да языка». Пакуль мужык ачомаўся, дык цыган усе бліны і масла за дзве шчакі і прыбраў...
Паяўляецца афіцыянт і прыносіць першую страву для суседа і другія - для Сцяпана і Паўліка.
С у с е д (афіцыянту). Дзякую!
Астатнія таксама ў знак удзячнасці ківаюць галовамі.
(Да Паўліка.) Шкада, што ты не ўзяў першай стравы. Я паглядзеў бы, ці ты лыжку ўмееш трымаць і як талерку нахіляеш, дакончваючы суп.
П а ў л і к. Талерку, у кнізе напісана, трэба леваю рукою нахіляць ад сябе і лыжкаю ўвесь час ад сябе чэрпаць. Але ў нас у школе ніхто так не есць. Усе лыжкаю да сябе чэрпаюць.
С у с е д. І тут ты дока! (Да Паўліка.) Ну, правяраць цябе, што наліваць у кілішкі, чаркі, келіхі, фужэры не буду, бо табе піць яшчэ ранавата, а вось я ў цябе спытаюся...
П а ў л і к (перабіваючы). Але я ведаю, што ў што наліваюць. Чым мацнейшае пітво, тым меншая пасудзінка. Гарэлку і лікёры наліваюць у кілішкі, каньяку трошкі, але ў вялікія келіхі, якія звужаюцца ўгары. У такіх, кажуць, лепш адчуваецца водыр пітва. А для віна ўжываюць келіхі-цюльпанікі, прытым для сухога віна келіхі большыя і на больш высокай ножцы. А келіхі сярэдніх памераў празрыстыя, з неафарбаванага шкла падыходзяць для ўсялякага віна. З каляровага шкла - толькі для белага віна. А для шампанскага можна і шырокія і нізкія чары, і вузкія і высокія на доўгай ножцы келіхі.
С ц я п а н (здзіўлена да Паўліка). Вось чаго не чакаў, дык не чакаў ад цябе - такой навукі. Ты што? Думаў, калі ў рэстаран пойдзем, то я цябе і віном тут частаваць буду?
П а ў л і к. А каб нават і частаваў, то я ўсё роўна піць не буду. Я буду, як акадэмік Там. Я чытаў у «Піянеры Беларусі», што акадэмік Там казаў: ён за ўсё сваё жыццё і грама алкаголю ў рот не ўзяў.
С у с е д (у бок да Сцяпана). Бедны ён чалавек! Вы ведаеце, як па-старагрэцку сумны чалавек? Чалавек, які не п'е віна. (Да Паўліка.) А ты маладзец, што «Піянер Беларусі» чытаеш. (Да Сцяпана.) Я заўсёды з пашанаю ставіўся нават у застойны перыяд да дзвюх газет - «Піянер Беларусі» і «Фізкультурнік Беларусі». Гэтыя дзве газеты найменш з усіх ілгалі. Бо калі было напісана, што Пеця ці Маша з трэцяга класа такой і такой школы атрымалі двойку - то пэўна ж так і было. Або што «Дынама» перамагло «Пахтакор» з лікам 2:0, то таксама можна было даць веры... (Да Паўліка.) Ну а садавіну за сталом есці ўмееш?
П а ў л і к. Умею. Мяне мама даўно навучыла. Яблык і грушу разразаюць на талерцы на чатыры ці восем долек, вырэзваюць сарцавіну, ачышчаюць долькі ад скуркі і ядуць іх, беручы з талеркі рукамі.
А слівы звычайна разломліваюць пальцамі і вымаюць костачку. А вішнёвыя костачкі і насенне і цвёрдую скурку вінаграду непрыкметна з рота выбаўляюць на лыжку.
С у с е д. Першы раз бачу такога хлапчука-знаўцу.
П а ў л і к. А я вам яшчэ скажу пра гарбату і каву. Калі памяшаў гарбату ці каву, лыжачку не трэба пакідаць у шклянцы ці кубачку, каб яны не абярнуліся. А выняўшы, трэба пакласці ў сподак. І толькі калі сподак занадта ўвагнуты, так што лыжачка можа трапіць пад шклянку, лыжачку кладуць не ў сподак, а на край. Абмакаць печыва ў гарбату ці каву - недалікатна.
С ц я п а н. Годзе, годзе табе ўжо. Сціхні. Надта ты разышоўся.
Афіцыянт прыносіць пітво.
С ц я п а н. Я папрасіў бы ў вас рахунак.
А ф і ц ы я н т. Лічыць разам ці асобна?
С у с е д. Асобна.
С ц я п а н. А нас разам.
Афіцыянт падлічвае і называе суму. Сцяпан дастае кашалёк і мерыцца аддаць грошы, а Паўлік глядзіць у меню.
П а ў л і к. Вы памыліліся на дзесяць рублёў. Пералічыце, калі ласка, дакладна.
А ф і ц ы я н т. Ах, прабачце. Памыліўся ў падліку. Праз абмылку дапісаў дату.
С ц я п а н. Нічога, бывае.
А ф і ц ы я н т. Не, не, у мяне не бывае. Гэта першы раз. Даруйце.
С ц я п а н. Нічога, нічога. Дзякуем вам!
Сцяпан і сусед разлічваюцца. Афіцыянт адыходзіць.
С у с е д (да Паўліка). Малы, малы, а дзесяць рублёў уратаваў.
Усе ўсміхаюцца.


ТЛУМАЧЭННЕ

1. У вас, напэўна, ужо завёўся расейска-беларускі слоўнік (гл. таксама Slounik.org). Калі збіраецеся яшчэ купляць, выбірайце самы аб'ёмны, шматтомны. Ён на ўсё жыццё вам спатрэбіцца. І райцеся з ім, не толькі шукайце там пераклад пэўнага слова, а проста чытайце, перачытвайце. Вы заўсёды там на нешта натрапіце, на што раней не звярталі ўвагі. Няма чалавека, якому б не трэба было зазіраць у слоўнікі, - як іх часам (і даволі слушна!) ні крытыкуюць. Чытайце, каб часам нават не пагадзіцца з чым-небудзь там і яшчэ больш пераканацца ў сваім. Не зазіраюць у слоўнікі толькі вельмі самаўпэўненыя людзі.
А цяпер - пра сённяшнюю тэму - харчаванне. Усіх патрэбных слоў нам не ўспомніць і не перабраць. Таму і гэтая згадка тут пра слоўнікі. І ўсё ж прыпомнім некаторыя словы, каб беларуская мова запанавала на вашай кухні.
Лыжка, чайная лыжачка (або проста лыжачка), відэлец. («Разливательная ложка» - апалонік.)
Збан, графін, кубак (рас. кружка), шклянка, падшклянак (подстаканник), сподак.
Міска, талерка.
Думаецца, зусім няма патрэбы абеларушваць і ўжываць «блюда». У значэнні посуду - гэта талерка, у значэнні яды - страва. «Обед из трех блюд» - абед з трох страў.
Хлеб рэжуць, ці крояць, атрымліваюцца скібкі. Сала - толькі рэжуць і на талерку кладуць скрылікі.
Масла - толькі каровіна, сметанковае масла, топленае масла. З расліны - алей, - аліўкавы, ільняны, канапляны, праванскі, сланечнікавы.
З мясных страў адзначым хоць бы такія беларускія назовы: ялавічына (рас. говядина), смажаніна (жаркое), смажонка (поджарка), шынка (ветчина), сальцісон (зельц), кіндзюк (рубец). Астатняе ўсё, як адзначалася, у слоўніках.
Прыпомнім яшчэ, што бульбу ў нас абіраюць, а маладую, з якой лёгка здымаецца лупінка, скрабуць.
Не лішне, відаць, тут будзе зазначыць, што «кипяток» мае тры адпаведнікі кіпень, кіпецень, вар. Якое слова з дзяцінства вам бліжэйшае, тое і ўжывайце.
Хоць «вскипятить» па-беларуску закіпяціць, аднак пра ваду часцей кажуць згатаваць вады, пра малако - спарыць малако. І адпаведна - гатаваная вада, паранае малако. А «парное молоко» - па-беларуску сырадой.
Варачы, вам, пэўна ж, спатрэбяццы словы прыгаршчы, жменя, шчопці, тры пальцы, каб што ўзяць і ўкінуць у чыгун ці гаршчок - ад круп да солі.
Заўважце адметнасць граматычнага роду такіх слоў: пара (жаночы род) - рас. пар (мужчынскі род), селядзец (мужчынскі род) - рас. селедка (жаночы род), яблык (мужчынскі род) - рас. яблоко (ніякі род).
Тым часам, заслаўшы настольнік, абрус, можна сабраць стол (рас. накрыть на стол). «Кушайте!» - ешце! Або: піце! «Пожалуйте кушать!» - просім (прашу) да стала! Або: калі ласка, да стала!
Тут ужо можна што ўзяць у рот, паесці, падмацавацца, падсілкавацца, пажывіцца, прагнаць голад і смагу, закусіць, перакусіць, адведаць (чаго), распытаць, пакаштаваць, чым добрым паласавацца.
Чым хата багата, тым і рада!

2. З далікатным посудам для пітва трэба асцярожна абыходзіцца не толькі за сталом, але і ў мове, дбаючы тут ужо, вядома, не пра тое, якую пасудзінку для чаго ўжываць, а якое слова - да тае пасудзінкі.
Дык запомнім: кілішак ды чарка самыя найменшыя.
Некаторыя людзі іх не адрозніваюць, нават мовазнаўцы. Напрыклад, у адным з акадэмічных выданняў можна прачытаць пра кілішак: «Невялікая шкляная пасудзіна на ножцы». У расейскім чатырохтомным тлумачальным слоўніку пра «рюмку» істотна яшчэ пазначаецца: «Для питья спиртных напитков». У беларускім слоўніку ў адносінах да кілішка гэта не ўспомнена, а ідзе далей удакладненне: «чарка».
Усё ж кілішак і чарку адрозніваюць. Вось і мы ўмовімся: «кілішак - з ножкаю, а чарка без ножкі» - так, як адрозніваюць іх сёння ў народзе і як гэтая характарыстыка цытатна запазычана мною з другога тома пяцітомнага «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча».
Бо на цвярозае вока розніца між посудам з ножкаю і без ножкі ўсё-ткі ёсць, хоць, вядома, у добрай бяседзе бязногая чарка, як і кілішак з ножкаю, можа лёгка хадзіць...
Гэта ўжо напрыканцы бяседы, пасля чаркі-пакатухі, усялякі посуд можа страціць выразныя абрысы, і не толькі кілішак, а нават шклянка можа сысці за чарку.
Дык адрознівайма гэты посуд.
Праўда (і гэта адзначаецца ў пятым томе таго ж «Слоўніка беларускіх гаворак...» да слова чарка), даўней яна не мела цвёрдага вызначэння паводле формы, а толькі паводле прызначэння - для піцця спіртных напіткаў. Вось чаму ў нашай мове якраз з чаркаю павязаліся розныя фразеалагізмы пра піццё: «куляць чарку», «прыкладацца да чаркі», «за чаркаю», «пад чаркаю» (под хмельком, под градусом), «заглядаць у чарку» (заглядывать в бутылку).
Хай апошні фразеалагізм не адгукнецца комплексам непаўнацэннасці перад «старэйшым братам» (што чарка, а што бутэлька!), аднак сёння п'юць у нас часам пераблытаўшы і чарку і бутэльку.
Што такое фужэр, тлумачыць не трэба. Для расейскага бокала (для віна) у нас ёсць адпаведнік келіх. А для пивной кружки («бокал пива») ёсць кухаль (куфель) - кухаль піва. І, значыць, узбагачаць бакалам беларускую мову, як робяць сёння газеты, няма ніякай патрэбы.

3. Сярод адметных з'яў... Напісаў і рука спынілася, бо адчуваю, што ёсць патрэба звярнуць увагу чытача і на гэтае слова адметны (г.зн. не падобны да іншых, своеасаблівы, непаўторны, характэрны), слова звычайнае, але якое ў нас забываюць і пускаюць у друк самаробную кальку-нязгрэбу - адрозны пры патрэбе перакласці расейскае отличительный.
І не бяда, калі б гэта траплялася толькі з-за спешнасці ў газеце ці з-за віны якой не вельмі адукаванай машыністкі. Што ж - памылкі пракрадваюцца, але яны не такія страшныя да тае пары, пакуль усведамляюцца як памылкі. Аднак цяпер гэты наватвор адрозны пачынае трапляцца і ў вельмі шаноўных літаратараў. Дык мне і хацелася гэтым адступленнем напомніць: шануйма адметнасць! - і вярнуцца да перапыненай размовы...
Дык вось, сярод адметных з'яў ёсць у нашай мове і такая: своеасаблівае ўжыванне прыстаўкі за- з якаснымі прыметнікамі і прыслоўямі, каб абазначыць перавышэнне якасці: затоўсты, затонкі, зашырокі, завузкі, завысокі, занізкі, зацесна, захутка, замала, зашмат.
Расейскай мове ўдаецца гэтыя значэнні перадаваць аж праз два словы: затоўсты - слишком толстый, зацесна - слишком тесно.
Дык ужывайма пры патрэбе эканомную нашу прыстаўку!

4. У тэксце згадвалася нефарбаванае шкло.
У беларускай мове адрозніваюць словы пафарбаваны і памаляваны, як і самі дзеясловы фарбаваць і маляваць, ад якіх яны ўзыходзяць, хоць там і тут ужываюцца фарбы.
Каб стала розніца відавочнаю, скажам, пражу, тканіну фарбуюць, а, напрыклад, падлогу (рас. пол), лаўкі малююць. Бо ёсць такая вядомая прафесія маляр. Чалавек гэтай прафесіі, дапусцім, квачом на паверхні чаго-небудзь наносіць фарбу, малюе, а не апускае гэтую лаўку ў кацел з разведзенаю фарбаю.
Таму і вы пры апісанні, скажам, пакоя ўжывайце: маляваная падлога, маляваныя дзверы. І надпіс пры патрэбе пішыце: «Асцярожна, памалявана!»
А фарба, як сведчыць акадэмічны Тлумачальны слоўнік беларускай мовы, - «рэчыва, што надае той ці іншы колер прадметам, якія яно пакрывае або насычае».
Звярніце ўвагу: пакрывае або насычае. Адсюль і паходзяць два розныя віды занятку, якія далі прафесіі маляра і фарбавальшчыка. (Даўней яго называлі ў нас фарбаўшчык, сінельнік (гл. слоўнік І.Насовіча), фарбар. Прывядзём каларытную цытату з «Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны» І.Бялькевіча: «Атдаў бы ты сінельніку свае штаны пысініць, ато рыжыя, як сыбака».
Таму, дзе гаворка заходзіць аб чалавечай працы, гэтае адрозненне ў нашай мове захоўваецца.
І гэтая розніца сціраецца там, дзе момант вытворчасці адступае: Сонца фарбуе (малюе) лес у асенні колер. Тут можна ўжыць і тое і другое слова. Але сказаўшы «сонца малюе» мы тым самым падкрэслім вобраз сонца-маляра.
Аднак валасы фарбуюць, хоць вусны, бровы, вейкі і пад. у нашай мове можна і фарбаваць і падмалёўваць.



Слоўнікі    ·    Назад   Змест   Далей

Крыніца: Анатоль Клышка. Гаворым і чытаем па-беларуску. Самавучак беларускай мовы

Беларуская Палічка: http://knihi.com