Юрый Чантурыя

Гарады і час


У гісторыі матэрыяльнай культуры народа горад - з'ява асаблівая. Ён служыць асяроддзем жыццядзейнасці, у якім выразна адлюстраваны комплекс сацыяльных, эканамічных, палітычных, прыродных, ідэалагічных фактараў жыцця грамадства. Горад сінтэзуе ў сабе творы дойлідства розных гістарычных перыядаў, уключае розныя па сваёй сутнасці часткі: прыродныя элементы, злучаныя з імі прасторавую сістэму вуліц і плошчаў, культавыя, грамадскія, жылыя, вытворчыя будынкі, абарончыя ўмацаванні, малыя архітэктурныя формы. Гэтыя аб'екты знаходзяцца ў функцыянальным і мастацкім адзінстве і ствараюць новую ўласцівую пэўнаму гораду культурна-эстэтычную якасць. Страта асобных, на першы погляд нязначных элементаў заўжды істотна зніжала мастацкую каштоўнасць гарадскога комплексу ў цэлым.
Гарадскія пасяленні пераемна фармаваліся на працягу многіх стагоддзяў, убіраючы дасягненні розных культур. У гістарычных частках многіх сучасных гарадоў Беларусі відавочныя планіровачныя элементы перыядаў Полацкай Русі і Вялікага Княства Літоўскага. Захаваліся асобныя ўнікальныя збудаванні альбо іх фрагменты XI-XIII стст., гатычныя і рэнесансныя пабудовы XIV-XVI стст. Рэгулярныя кампазіцыі планаў гарадоў, магутныя ў мінулым фартыфікацыйныя сістэмы, выдатныя культавыя і грамадскія будынкі адлюстроўваюць горадабудаўнічае мастацтва рэнесансу і барока канца XVI-XVIII стст., якое атрымала распаўсюджанне ў Рэчы Паспалітай. Планіровачныя сістэмы вуліц, плошчаў і кварталаў у цэнтрах большасці гарадоў з'яўляюцца вынікам шырокамаштабнай горадабудаўнічай дзейнасці ў эпоху класіцызму пасля далучэння беларускіх земляў да Расейскай імперыі. Архітэктурныя ансамблі гэтага часу ўключылі больш раннія манументальныя збудаванні. У другой палове XIX - пачатку XX ст. у выніку інтэнсіўнага развіцця капіталістычных адносін сфармавалася асноўная забудова гістарычных раёнаў, якая захавалася да нашых дзён. У гэты час узбуйніўся маштаб комплексаў, новыя горадабудаўнічыя элементы дапоўнілі і развілі планіроўку і забудову.
Гістарычна абумоўлены працэс страты нерухомых культурных каштоўнасцей гарадоў з'яўляецца важнай сацыяльнай праблемай. Існуюць дзве групы прычын, якія вызначалі разбурэнне архітэктурнай спадчыны ва ўсе гістарычныя перыяды: ваенныя дзеянні і неадпаведнасць старых архітэктурных форм функцыянальным і ідэалагічным запатрабаванням грамадства.
У гісторыі архітэктуры Беларусі выразна выявіліся абедзве групы прычын. Многія гарады і мястэчкі неаднаразова знішчаліся: у XVI ст. падчас вайны Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства з Маскоўскай дзяржавай і набегаў крымскіх татар, у сярэдзіне XVII ст. у перыяд вайны Расеі з Рэччу Паспалітай, у Паўночную вайну пачатку XVIII ст., а таксама ў вайну 1812 г. Панесены страты ў першую сусветную вайну, а разбурэнні выдатных помнікаў дойлідства і асабліва масавай гарадской забудовы ў Другую сусветную вайну агульнавядомыя.
Другая група прычын існавала ва ўсе эпохі. Выдатныя для свайго часу творы дойлідства перабудоўваліся адпаведна новым функцыянальным, ідэалагічным і эстэтычным патрабаванням. Абнаўленне гарадскога асяроддзя заўсёды мела ўстойлівы характар. Аднак важна падкрэсліць, што асаблівасцю сучаснай эпохі з'яўляецца культуралагічны падыход да архітэктурнай творчасці і фармавання асяроддзя жыццядзейнасці, неабходнасць і магчымасць захавання, візуальнага выяўлення і выкарыстання ўсяго духоўнага і матэрыяльнага патэнцыялу, што назапашаны ў розныя гістарычныя эпохі. Да нядаўняга часу, у савецкі перыяд, на гэтую групу прычын уплываў канфлікт паміж ідэалагічнымі запатрабаваннямі грамадства і мэтамі развіцця гарадоў, з аднаго боку, і існуючымі архітэктурнымі каштоўнасцямі, з другога, які ў шматлікіх выпадках не знаходзіў аб'ектыўнага і абгрунтаванага вырашэння.
Аналіз абедзвюх груп прычын можа быць тэмай асабістага сацыяльна-палітычнага і архітэктуразнаўчага даследавання. Мэтай дадзенага раздзела з'яўляецца выяўленне і аналіз багатай горадабудаўнічай спадчыны, што па розных абставінах не дайшла да нашага часу і можа служыць прадметам пераважна тэарэтычных рэканструкцый. Не ставяцца задачы ахарактарызаваць нерухомую культурную спадчыну, якая захавалася, метадалогію альбо немалы станоўчы вопыт рэалізацыі рэканструкцыі гістарычных раёнаў гарадоў, чаму прысвечана вялікае кола іншых крыніц.
Пры гэтым адзначым некаторыя найбольш важныя прычыны, якія абумовілі знішчэнне ці скажэнне гістарычнай планіровачнай структуры, забудовы і кампазіцыі гарадоў у 1950-1970-ых гг. і пазней. Да іх адносяцца: нізкі ўзровень развіцця тэорыі рэканструкцыі гарадоў; шкодныя для нацыянальнай культуры ідэалагічныя прынцыпы, галоўным чынам у адносінах да культавага дойлідства; слабая даследаванасць спадчыны многіх населеных месцаў; недахопы горадабудаўнічых і архітэктурных праектаў; нізкі ўзровень развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы рэстаўрацыі і рэканструкцыі забудовы; недастатковае фінансаванне работ па ахове спадчыны; арыентацыя будаўнічай базы рэспублікі пераважна на зборнае домабудаванне з абмежаванай тыпалогіяй шматпавярховай забудовы, не адпаведнай гістарычным раёнам; суб'ектывізм прыняцця горадабудаўнічых рашэнняў, паводле якіх ажыццяўляўся неабгрунтаваны знос гістарычнай забудовы пры размяшчэнні новых комплексаў.
Усё гэта вызначала ў цэлым нігілістычнае стаўленне да помнікаў культуры, адсутнасць у прафесійнай і масавай свядомасці адэкватнай шкалы духоўных каштоўнасцей у адносінах да гарадскога асяроддзя, недаацэнку значэння спадчыны ў практыцы забудовы населеных месцаў. Разам з матэрыяльнай структурай гістарычных аб'ектаў знішчаліся іх эстэтычныя ўласцівасці, што з'яўляліся нацыянальным багаццем. Яны прамяняліся на ідэалічныя догмы, сёння страціўшыя ўсякі сэнс, альбо на задавальненне ўтылітарных патрабаванняў у жыллі, грамадскім абслугоўванні ці месцах прыкладання працы, ажыццявіць якія можна было на многіх іншых участках горада. Немалое значэнне ў гэтай сітуацыі мелі і маюць прафесійныя догмы - горадабудаўнічыя і архітэктурныя.
З пункту гледжання страты культурнай спадчыны неабходна закрануць праблему тапанімікі. Элементы гарадскога асяроддзя - раёны забудовы цэнтра, прадмесці, вуліцы, плошчы - фармаваліся на працягу стагоддзяў і мелі традыцыйныя старажытныя назвы, якія неслі пэўны змест, выклікалі асацыяцыі з гісторыяй краю, яго культурай, з'яўленнем горада і ўсёй сістэмы рассялення, функцыянальнымі і ландшафтнымі асаблівасцямі тэрыторыі, святынямі, што існавалі ў мінулым. Ідэалагізацыя грамадства ў савецкі перыяд выявілася ў парадаксальным факце - паслядоўным імкненні знішчыць у масавай свядомасці гэтую тапанімічную спадчыну.
З аднаго боку, вуліцы і плошчы ў цэнтральных частках усіх гарадоў набылі зусім стандартны набор назваў, што само па сабе праява ідэалагічнай вузкасці мыслення. З другога боку, у шматлікіх выпадках незразумелы мацівы, якія падахвоцілі назваць вуліцу ў гонар грамадскага дзеяча альбо героя, нічым не звязанага з дадзеным краем, горадам і ягонымі людзьмі, што з'яўлялася свайго роду беззмястоўнай літаратурнай формай.
Разгляд страчанай у розныя часы спадчыны мы пачнем з агульнай характарыстыкі асноўных этапаў развіцця горадабудаўніцтва да пачатку XX ст. Большасць беларускіх гарадоў узнікла ў старажытнарускі перыяд. У IX-XI стст. адпаведна летапісам узніклі Полацак (862), Тураў (980), Заслаўе (канец X ст.), Берасце (1019), Віцебск (1021), Менск і Ворша (1067), Друцак (1092), Пінск (1097). Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў XI ст. існавалі Браслаў, Ваўкавыск, Горадня, Крычаў, Наваградак. У пісьмовых крыніцах XII-XIII стст. упамінаюцца Копысь і Слуцак (1116), Барысаў і Клецак (1127), Гомель і Рагачоў (1142), Мазыр (1155), Мсціслаў (1156), Камянец (1196), Рэчыца (1213), Нясвіж (1223), Капыль (1224), Слонім (1251), Кобрын (1287).
Асновай горада з'яўляўся ўмацаваны дзядзінец (замак), які размяшчаўся, дзеля лепшай абароны, на ўзвышшы, звычайна ў сутоках дзвюх рэк. Іншы раз дзядзінец быў у нізіне, і прыроднай перашкодай з'яўлялася балоцістая мясцовасць. На дзядзінцы знаходзіліся княжацкі палац, сабор і іншыя культавыя будынкі, жыллё феадалаў і дружыны, заможных рамеснікаў. Да дзядзінца прылягаў навакольны горад, звычайна ўмацаваны валам са сцяной і абарончым ровам. Каля сцен дзядзінца традыцыйна размяшчалася гандлёвая плошча, да якой радыяльна сыходзіліся вуліцы. Трэцяй структурнай часткай гарадской тэрыторыі з'яўляўся пасад, які далучаўся да навакольнага горада. Такім чынам, у разглядаемы перыяд і ў наступныя стагоддзі найбольш буйныя гарады мелі трохчасткавую структуру. Уздоўж шляхоў на акраінах гарадоў узнікалі неўмацаваныя слабоды.
У XIV-XVI стст. развіццё рамесніцкай вытворчасці і гандлю спрыяла росту гарадскіх паселішчаў. На мяжы XVII ст. налічвалася каля 40 гарадоў з колькасцю насельніцтва больш за 5 тысяч жыхароў. Гарады падзяляліся на вольныя (каронныя) і прыватнаўласніцкія. Іншым тыпам гарадскіх паселішчаў былі мястэчкі, якія фармаваліся каля замкаў, манастыроў, феадальных двароў. Як і ў гарадах, жыхары былі рамеснікамі і гандлярамі, аднак іх асноўным заняткам заставалася сельская гаспадарка. У XV-XVI стст. многія гарады і мястэчкі атрымалі самакіраванне (магдэбургскае права).
У гарадах, што ўзніклі ў XI-XIII стст., планіровачная структура атрымала далейшае развіццё. Трасы вуліц мелі адвольныя абрысы і складаліся адпаведна рэльефу. Асноўныя вуліцы - працяг міжгарадскіх трактаў - сыходзіліся да замка, узведзенага на месцы старажытнага дзядзінца, і гандлёвай плошчы, якія былі грамадскім асяродкам паселішча. Гарадскія кварталы і плошчы мелі няправільную ў плане канфігурацыю, у цэнтральнай частцы кварталы былі дробныя, на ўскраіне - больш буйныя.
Па характары вулічнай сеткі вызначаліся тыпы планіровак, працэс фармавання якіх быў абумоўлены пэўным комплексам фактараў: радыяльная, з перавагай накірункаў, што сыходзіліся да цэнтра; радыяльна-дугавая, дзе радыусы дапаўняліся вуліцамі ў выглядзе паўкальца ці частак акружнасці; галіністая, у якой ад месцаў перакрыжаванняў радыусаў з дугамі разыходзіліся да перыферыі пучкі вуліц. Пры наяўнасці не аднаго, а двух ці больш цэнтраў канцэнтрацыі радыяльных напрамкаў узнікала веерная сістэма.
У вялікай колькасці існавалі планіроўкі нецэнтрычнага тыпу: лінейная, у асноўным уласцівая для мястэчак уздоўж дарог; радавая, прадстаўленая сістэмай амаль паралельных асноўных напрамкаў; простакутна-прамалінейная, блізкая да геаметрычна правільнай простакутнай; перакрыжаваная - рады напрамкаў, якія перасякаліся. Пашырана было таксама спалучэнне розных тыпаў планіроўкі на тэрыторыі аднаго горада.
У XV-XVI стст. фармаваліся і рэгулярныя структуры, што належалі да гатычнай горадабудаўнічай культуры. Для іх тыпова простакутная рыначная плошча, ад кутоў якой адыходзілі па дзве вуліцы - працягі бакоў плошчы.
У забудову плошчы ўваходзілі ратуша, гандлёвыя рады, культавыя будынкі, дамы заможных гараджан. У групе гарадоў плошча размяшчалася перад замкам, што сведчыла аб устойлівасці старажытнарускай горадабудаўнічай традыцыі (Крычаў, Магілеў, Пінск і інш.). У гарадах другой групы старажытная плошча каля замка прыйшла ў заняпад ці захавалася, аднак у XV-XVI стст. сфармавалася новая гандлёвая плошча - грамадскі цэнтр горада, на некаторым аддаленні ад замка, у чым праявіўся ўплыў заходнеэўрапейскага горадабудаўніцтва (Горадня, Менск, Наваградак, Полацак і інш.). Замак і плошча злучаліся характэрным планіровачным элементам - кароткай, часта крывалінейнай вуліцай. У шэрагу прыватнаўласніцкіх гарадоў гандлёвы цэнтр горада і замак склаліся на значным аддаленні адзін ад аднаго (Мір, Нясвіж, Ружаны і інш.).
На планіровачную структуру гарадоў зрабілі ўплыў абарончыя збудаванні, якія складаліся з равоў і земляных валоў з крапаснымі сценамі і вежамі. У гарадах без вонкавых ліній абарончых збудаванняў умацаваны былі толькі феадальныя замкі (Кобрын, Наваградак, Ружаны, Слонім). Сістэма абароны горада ўзмацнялася манастырамі. Гарады з вонкавымі лініямі ўмацаванняў, акрамя замка на месцы старажытнага дзядзінца, мелі 1-2 паясы абарончых збудаванняў, якія ахоплівалі вялікія тэрыторыі (Віцебск, Магілеў, Пінск, Полацак). На перакрыжаванні асноўных вуліц з лініямі ўмацаванняў ставіліся абарончыя вежы-брамы. Культавыя збудаванні размяшчаліся ў вузлавых месцах планіровачнай структуры на важных у горадабудаўнічых адносінах участках. У XVII-XVIII стст. большасць храмаў з'явілася на месцах больш старажытных культавых будынкаў, знішчаных войнамі альбо пажарамі, што сведчыла пра стабільнасць размяшчэння дамінант прасторавай кампазіцыі горада.
У канцы XVI - першай палове XVII ст. ажыццяўлялася шырокамаштабнае будаўніцтва прыватнаўласніцкіх гарадоў (Быхаў, Любча, Нясвіж, Слуцак). Пад уплывам заходнэўрапейскай архітэктуры рэнесанса сфармавалася рэгулярная прасторава-планіровачная кампазіцыя гэтых гарадоў, якія былі абнесены сістэмай земляных умацаванняў геаметрычна правільных абрысаў. Напрыклад, план асноўнай часткі Нясвіжа быў блізкі да квадрата з простакутнымі кварталамі і плошчай у цэнтры. План Быхава ўяўляў сабою паўкруг, падзелены на дзве часткі вялікай выцягнутай плошчай. План Слуцка набліжаўся да круга, які перасякаўся па дыяметры ракой.
У другой палове XVII і першай палове XVIII ст. гарады і мястэчкі перажывалі перыяд заняпаду, выкліканага зацяжнымі войнамі - Расеі з Рэччу Паспалітай і Паўночнай. Колькасць гарадскога насельніцтва зменшылася, знізілася рамесная вытворчасць, скараціўся гандаль. У другой палове XVIII ст. адзначаецца некаторае адраджэнне і паступовы рост паселішчаў. Развіваецца і ўскладняецца планіровачная сістэма вуліц, лініі ўмацаванняў у гэты час прыходзяць у заняпад. У структуры горада ўзмацняецца значэнне шматлікіх каталіцкіх культавых комплексаў, якія разам з іншымі вышыннымі будынкамі (ратушы, цэрквы, сінагогі, замкавыя вежы) фармуюць выдатныя па сваёй мастацкай каштоўнасці сілуэты гарадоў. Ва ўласніцкіх і асобных каронных гарадах у выніку рэфарматарскай палітыкі магнатаў у другой палове XVIII ст., звязанай з арганізацыяй мануфактурных вытворчасцей, адбываюцца карэнныя альбо лакальныя пераўтварэнні планіровачнай структуры (Горадня, Слонім, Слуцак, Паставы).
Пасля падзелу Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795 гг.) і далучэння беларускіх зямель да Расейскай імперыі пачалася праводзімая ў русле агульнадзяржаўнай палітыкі рэканструкцыя гарадоў, заснаваная на горадабудаўнічых прынцыпах класіцызму. Распрацоўка праектаў перапланіроўкі праходзіла, у асноўным, у чатыры этапы. Першы - 1778 г. і 1783-1785 гг. - самая вялікая партыя планаў гарадоў усходніх губерняў; другі - 1800 г. - серыя планаў гарадоў Менскай губерні; трэці - першая палова XIX ст. - праекты планіроўкі Берасця, Пінска, новы план Менска і інш.; чацвёрты этап - сярэдзіна і другая палова XIX ст. - планы заходніх гарадоў. На працягу XIX ст. закладзеныя ў праектах новыя планіровачныя структуры ў большасці былі рэалізаваны ў натуры, атрымаўшы ў працэсе ажыццяўлення далейшае развіццё.
Ствараемая кампазіцыя гарадоў грунтавалася на прынцыпах рацыяналізму і класічных ідэалах. Некаторым паселішчам надавалася ў плане форма простакутніка ці шматкутніка. Пры гэтым найбольшае пашырэнне атрымаў прыём простакутнай планіроўкі вулічнай сеткі з утварэннем аднолькавых квадратных ці простакутных кварталаў. У кожнай планіровачнай сістэме вылучаліся кампазіцыйныя восі ў выглядзе асноўных вуліц. Гарадскі цэнтр - плошча альбо сістэма плошчаў - размяшчаўся ў месцах перасячэння гэтых восяў. Галоўныя і другарадныя плошчы адпавядалі патрабаванням рэгулярнасці, былі ў плане квадратныя, простакутныя, шматкутныя. Праектуемы цэнтр звычайна сумяшчаўся з гістарычным галоўным ансамблем горада. Яго архітэктура вызначалася як новай класіцыстычнай забудовай, якая ўключала пабудаваныя па ўзорных праектах гандлёвыя рады, адміністрацыйныя і іншыя грамадскія ўстановы, так і манументальнымі збудаваннямі XVII-XVIII стст.
Рэгулярная перапланіроўка найбольш паслядоўна ажыццяўлялася ў малых павятовых гарадах, новыя планы якіх з'яўляліся ідэальнымі планіровачнымі схемамі таго часу. У буйных гарадах з большай доляй капітальнай забудовы рэканструкцыйныя мерапрыемствы ўлічвалі асноўныя асаблівасці ўсталяванай структуры вуліц. Пры гэтым, аднак, быў ліквідаваны самабытны характар няправільных абрысаў вуліц і плошчаў, які паступова фармаваўся ў сярэднявеччы і наступны час.
Ацэнка рэгулярнай перапланіроўкі беларускіх гарадоў з сучасных пазіцый можа насіць дваісты характар. З аднаго боку, відавочна яе агульнадзяржаўная, гуманістычная накіраванасць, спроба пераўтварыць у маштабе імперыі ўсталяваныя структуры на аснове прагрэсіўнага для таго часу падыходу, асветніцкіх ідэй. Класіцыстычны горадабудаўнічы метад дазволіў карэнным чынам палепшыць функцыянальную арганізацыю паселішчаў, асабліва буйных, стварыць развітую структуру вуліц і плошчаў, якая аказалася жыццяздольнай для гарадскіх функцыянальных працэсаў, у тым ліку транспартнага руху, больш чым на дзвесце гадоў, аж да нашага часу. Той факт, што праектныя прапановы насілі таксама і паказны характар, не заўсёды ўлічвалі рэльеф мясцовасці, а ў шэрагу паселішчаў аказаліся нежыццёвымі з прычыны завышанай колькасці і маштаба плошчаў, не зніжае значнасці агульнага горадабудаўнічага падыходу. Закладзеныя ў гэты перыяд прасторавыя структуры павінны ацэньвацца як помнікі горадабудаўнічага мастацтва эпохі класіцызму, якія патрабуюць аховы.
З другога боку, відаць і глабальная разбуральная сутнасць такога шырокамаштабнага пераўтварэння, відавочныя памеры страт, панесеных гарадамі. Была амаль цалкам знішчана самабытнасць, сістэма рэгіянальных і мясцовых тыповых рысаў і арыгінальных асаблівасцей планіровачных структур вялікай колькасці паселішчаў. Планіроўка гарадоў несла ў сабе матэрыяльныя сляды ўсіх этапаў шматвяковага развіцця паселішчаў, пачынаючы са старажытнейшага перыяду. Гэта вызначала яе велізарную навуковую і эмацыянальна-эстэтычную каштоўнасць, дазваляла прасачыць уздзеянне розных фактараў на развіццё гарадоў, уплыў культур іншых народаў Эўропы і станаўленне рэгіянальнай беларускай спецыфікі ў горадабудаўніцтве. Калі б не было схематычнага і нярэдка «казённага» руканструкцыйнага падыходу, да нашых дзён дайшло б мноства планіровачных структур гарадоў і мястэчак ва ўсёй іх тыпалагічнай разнастайнасці, што нязмерна ўзбагаціла б горадабудаўнічую спадчыну. Змястоўнасць натуральна сфармаванай планіроўкі, яе мастацкія якасці прасочваюцца на прыкладзе населеных месцаў, дзе не праводзілася рэканструкцыя, - Горадні, Слоніма, Наваградка, Камянца, Друі, Браслава і іншых.
У другой палове XIX - пачатку XX ст. у сувязі з інтэнсіўным развіццём капіталістычных адносін у гарадах, асабліва буйных, бурна расла прамысловасць. Істотным горадаўтваральным фактарам становіцца чыгуначны транспарт. Павялічваецца тэрыторыя і насельніцтва гарадоў. Змяняюцца функцыі паселішчаў, якія набываюць ролю не толькі гандлёвых і адміністрацыйных цэнтраў, але цэнтраў прамысловасці, культуры, фінансавай дзейнасці, што было прычынай з'яўлення новых тыпаў будынкаў.
Прынцыпы рэгулярнай планіроўкі адбіліся на далейшым фармаванні населеных месцаў. На значных тэрыторыях сфармавалася новая капітальная забудова, якая захавалася да нашага часу. Знізілася роля плошчаў як адміністрацыйных і гандлёвых цэнтраў, часткова яны адводзіліся пад гарадскія скверы. Пры гэтым зоны канцэнтрацыі грамадскага жыцця перамясціліся на галоўныя вуліцы. У цэлым структуры гарадскіх цэнтраў атрымалі значнае тэрытарыяльнае развіццё, трансфармаваліся з плошчы ў сістэму плошчаў і асноўных магістраляў. Працягвалі будавацца культавыя збудаванні, аднак іх значэнне ў прасторавай кампазіцыі горада было меншае, чым у папярэднія перыяды.
Пяройдзем да падрабязнага разгляду асаблівасцей гарадоў, што дазволіць ахарактарызаваць высокую ў мінулым і цяпер страчаную горадабудаўнічую культуру, знікшыя ўнікальныя архітэктурна-мастацкія якасці. Адзначым факты фізічнага разбурэння помнікаў альбо маральнага іх знішчэння ў наш час шляхам узвядзення паблізу рэзка дысгармануючай забудовы, якія прывялі да цяперашняга вельмі збедненага стану гістарычных раёнаў гарадоў.
Зробім аналіз гарадоў паслядоўна, паводле геаграфічнай прыметы, «рухаючыся» з усходу на захад. Выбар прыкладаў і падрабязнасць асвятлення тых ці іншых пытанняў вызначаюцца памерамі страт горадабудаўнічых помнікаў і неабходнасцю разгледзець гарады рознай велічыні, якія мелі ў мінулым і цяпер маюць найбольш каштоўную спадчыну, з асабліва канфліктным супрацьпастаўленнем старога і новага.
Гістарычнае развіццё паселішчаў характарызуецца па этапах, аднак найбольшая ўвага ўдзелена другой палове XVIII - першай палове XIX ст. На гэты час прыпадае найвышэйшае развіццё, «росквіт» горадабудаўнічай кампазіцыі большасці беларускіх гарадоў і мястэчак. У параўнанні з папярэднімі этапамі ў другой палове XVIII і першай палове XIX ст. гарады мелі большыя тэрыторыі, колькасць і маштаб вышынных культавых збудаванняў, больш высокі ўзровень капітальнасці масавай забудовы. У гэты перыяд праявілася найвышэйшае развіццё сістэмы прасторавых дамінантаў, дасканаласць кампазіцыйных сувязей паміж імі, гарманічнае адзінства планіроўкі і забудовы з навакольным прыродным ландшафтам, выразныя суадносіны вышыннай і радавой забудовы, іншыя якасці. Найбольш каштоўнымі эстэтычнымі ўласцівасцямі валодаў як горад у цэлым, так і яго асноўныя ансамблі, напрыклад, галоўныя плошчы.
У далейшым, пачынаючы з сярэдзіны XIX ст., назіраецца паступовы працэс парушэння ўсталяванай сістэмы дамінантаў, страты важнейшых збудаванняў альбо іх скажэнне шляхам карэннай перабудовы. У многім факты зносу і перабудовы абумоўлены мікалаеўскай рэакцыяй, што наступіла пасля выступлення дзекабрыстаў і нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830-1831 гг. у Польшчы, Беларусі і Летуве. У наступныя дзесяцігоддзі працэс перабудовы каталіцкіх храмаў працягваўся. Вялікія страты гарадскому асяроддзю нанесены першай сусветнай вайной. У другой палове XIX - пачатку XX ст. натуральнае назапашванне новых архітэктурна-мастацкіх каштоўнасцей - буйнамаштабнай грамадскай і жылой капітальнай забудовы, рознай па стылістычных напрамках, аб'ектаў культавай і прамысловай архітэктуры, тым не менш, не ўзняло дасягненні гэтага часу да эстэтычнага ўзроўню перыяду найвышэйшага развіцця горадабудаўнічай кампазіцыі.

ПОЛАЦАК

Самы старажытны беларускі горад, цэнтр буйнейшага і багатага княства, межы якога ў канцы XI ст. дасягалі Рыжскага заліва, мае і найбольш даўнюю архітэктурную спадчыну. Полацак склаўся пры ўпадзенні ракі Палаты ў Заходнюю Дзвіну і ў XI-XIII стст. меў характэрную для таго часу забудову: размешчаныя на ўзвышшах Верхні замак (дзядзінец), Ніжні замак (навакольны горад), а таксама Вялікі пасад уздоўж Дзвіны. У Верхнім замку знаходзіліся Сафійскі сабор (1044-1066), княжацкі палац, жылыя пабудовы. Відавочна, на плоскім участку ля сцен Верхняга замка сфармавалася гандлёвая плошча - усходнім славянам было ўласціва размяшчаць рынак каля дзядзінца. У забудову плошчы ўваходзіў манастыр Багародзіцы (канец XI - пачатак XII ст.).
Менавіта ў гэты перыяд склалася схема размяшчэння храмаў у плане горада, што атрымала паслядоўнае развіццё ў наступныя стагоддзі. Яе асаблівасць - ланцужкі культавых будынкаў уздоўж Дзвіны і Палаты, пачатак якім даў галоўны храм - Сафійскі сабор. Сярод вядомых храмаў на правым беразе Дзвіны - Багародзіцкая царква, на левым - манастыры Іаана Прадцечы і Барысаглебскі, а ўздоўж Палаты - царква на паўночным канцы Ніжняга замка і Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр.
У XVI ст. Полацак складаўся з Верхняга, Ніжняга замкаў і новага добраабароненага пасада - Запалоцця. Такім чынам, існавала трохчастковая сістэма звязаных паміж сабой раёнаў, кожны з якіх быў абкружаны драўлянымі сценамі са шматлікімі вежамі. Вялікі пасад у гэты час не меў умацаванняў і, відаць, заняпаў. Беларускі краязнавец і этнограф XIX ст. М.В.Без-Карніловіч на падставе гістарычных дакументаў апісаў Полацак XVI ст.: «На самым высокім месцы ў вугле, дзе Палата ўпадае ў Дзвіну, стаяў Верхні замак, абведзены сцяной з вежамі; паміж імі ўсходняя адрознівалася ад іншых вышынёй, таўшчынёй, архітэктурай. Месца, на якім стаяў Верхні замак, з поўдня абмывала Дзвіна, з захаду і поўначы - Палата, з усходу прымыкаў Ніжні замак, абведзены таксама сцяной з вежамі. Сцены складаліся са збітых паміж сабою ў два рады драўляных брусоў; у сярэдзіне Верхняга замка красаваўся цудоўны мураваны Сафійскі сабор; пад'ёмны мост цераз роў служыў зносінамі паміж абодвума замкамі; у іх уязджалі з двух бакоў: з Запалоцця па драўляным мосце на палях, з усходняга боку Ніжняга замка, куды ўваходзіла дарога, што вядзе з Віцебска ў Полацак». Да нашага часу добра захаваліся тапаграфічныя асаблівасці замкавых валоў, абрысы рэчышча калісьці паўнаводнай Палаты і размяшчэнне мастоў цераз яе.
У сярэдзіне XVI ст. у Верхнім і Ніжнім замках налічвалася пяць вуліц і два завулкі. Сярод грамадскіх будынкаў называюцца ратуша з гандлёвымі радамі, чатыры гасцінныя дамы, млын на Палаце, гарадская лазня. Існавалі праваслаўныя Сафійскі і Пятроўскі манастыры ў Верхнім замку і Васкрасенскі ў Ніжнім, Машанецкі манастыр, Срэценская, дзве Мікалаеўскія цэрквы таксама на тэрыторыі замкаў; Богаяўленскі манастыр на беразе Дзвіны. У 1563 г. Богаяўленскі манастыр наведаў Іван Грозны, у 1656 г. - цар Аляксей Міхайлавіч, а ў 1705 г. - Пётр I. У другой палове XVII ст. тут узведзены будынак школы, у якой вучыўся і пазней выкладаў выдатны грамадскі і царкоўны дзеяч, педагог, пісьменнік і публіцыст Сімяон Полацкі.
Сярод каталіцкіх кляштараў у гістарычных крыніцах упамінаюцца бернардзінскі, закладзены ў 1498 г., і драўляны францысканскі - 1684 г. У першай палове XVI ст. пабудаваны адзін са старажытнейшых у Вялікім Княстве Літоўскім кальвінскі збор. Акрамя таго, у 1580 г. на востраве, што на Заходняй Дзвіне, закладзены езуіцкі калегіум. У XVII ст. паблізу Верхняга замка з'явіўся новы калегіум, а стары пасля быў разбураны.
Шаснаццатае стагоддзе атрымала ў спадчыну закладзеную ў папярэднія стагоддзі схему размяшчэння культавых будынкаў уздоўж прыродных прастораў Дзвіны і Палаты. Яна дапоўнілася групай храмаў на Вялікім пасадзе і царквою ў Запалоцці. Пры гэтым значэнне галоўнай дамінанты захаваў Сафійскі сабор. У сілуэце гарадской забудовы прыкметна вылучаліся ўмацаванні, галоўным чынам крапасныя вежы з шатровымі завяршэннямі.
У XVII-XVIII стст. горад развіваецца ва ўсходнім напрамку ўздоўж Дзвіны (раён Пераддзвіння), уключаючы тэрыторыю Вялікага пасада. У 1655 г. «Верхні замак быў умацаваны тынам стаячым з сасновага лесу з 9 вежамі, у акружнасці замак меў 668 сажняў. У Ніжнім замку было 7 вежаў, у акружнасці ён меў 1117 сажняў» (апісанне расейскага географа і статыстыка В.П.Сямёнава паводле дадзеных гістарычных дакументаў вайны Расеі з Рэччу Паспалітай, 1905 г.). У крапасных сценах замкаў размяшчалася пяць варот. Сярод будынкаў Верхняга замка ўпамінаюцца келлі і парадныя памяшканні архіепіскапскага двара, брама насупраць Сафійскага сабора. У 1654-1663 гг. вакол Пераддзвінскага пасада ўзведзены новыя ўзмоцненыя абарончыя збударанні.
Падчас Паўночнай вайны, у 1707 г. быў складзены план Полацка, які адлюстроўвае канфігурацыю ўмацаванняў, размяшчэнне і архітэктурнае аблічча асноўных храмаў. Верхні замак, часткова Ніжні, увесь Пераддзвінскі пасад і канец Дзвінскага вострава абкружала лінія земляных абарончых збудаванняў. Параўнанне плана з больш познімі графічнымі дакументамі і сучасным планам горада дазваляе дакладна ўстанавіць месцы колішніх пабудоў, за сваю гісторыю шматразова пераробленых. Сярод іх - драўляны езуіцкі калегіум, які стаяў там, дзе ў другой палове XVIII ст. з'явіўся мураваны калегіум; бернардзінскі кляштар размешчаны на пляцу пабудаванага пазней дамініканскага кляштара; Богаяўленская царква на месцы аднайменнай царквы другой паловы XVIII ст. Драўляны езуіцкі калегіум стаяў на месцы кальвінскага збора, спаленага ў 1660 г. Частка будынкаў калегіума змяшчалася таксама ў Верхнім замку, там, дзе раней знаходзіўся праваслаўны Пятроўскі манастыр.
У XVIII ст. у горадзе з'явілася шмат новых культавых будынкаў. На краях узгоркаў, што падступаюць да левага берага Палаты, узніклі новыя храмы, якія адзначалі ў гарадской прасторы даліну ракі: драўляныя езуіцкія касцёлы ў Верхнім замку і паблізу моста, ад якога пачынаецца дарога на Рыгу. Група вышынных культавых будынкаў уздоўж Дзвіны ўключыла Сафійскую і Богаяўленскую цэрквы, сінагогу і францысканскі кляштар. Такім чынам, дамінуючыя збудаванні выяўлялі ў горадабудаўнічай кампазіцыі асаблівасці рэльефа і размяшчэння водных камунікацый. Пры гэтым прасторавае значэнне храмаў узмацнілася ў сувязі з ліквідацыяй крапасных сцен і вежаў і стварэннем тыповых для таго перыяду больш нізкіх земляных умацаванняў.
У канцы XVIII ст. асноўная частка гарадской забудовы канцэнтравалася паміж Дзвіной і Палатай, дзе і цяпер сгрупаваны гістарычна каштоўныя будынкі. Умацаванні Верхняга і Ніжняга замкаў прыйшлі ў заняпад, аднак земляныя валы захаваліся. З усходу горад абмяжоўвалі рэшткі крапаснога рова. Для простакутнай сеткі вуліц, закладзеных на плоскім рэльефе, арганізуючае значэнне мела Дзвіна. Паралельна ёй праходзілі асноўныя вуліцы, перпендыкулярныя напрамкі звязвалі раёны горада з ракой. У забудове простакутнай гандлёвай плошчы дамінаваў мураваны езуіцкі касцёл святога Стэфана, да якога прымыкалі карпусы калегіума. Таксама тут размяшчаўся і дамініканскі кляштар.
Полацкі гісторык В.П.Вікенцеў у выдадзенай у 1910 г. працы выказаў меркаванне, што простакутную канфігурацыю плоінча набыла падчас будаўніцтва мураванага езуіцкага касцёла. У той жа час езуітамі была пракладзена галоўная Віцебская вуліца, якая арыентавалася на яго фасад. Савецкі даследнік гісторыі горадабудаўніцтва Ю.А.Ягораў адносіў стварэнне простакутнай структуры цэнтральнай часткі Полацка да сярэдзіны XVII ст., перыяду будаўніцтва гарадскіх умацаванняў у час вайны Расеі з Рэччу Паспалітай, калі горад захапілі расейскія войскі. У выніку шырокамаштабных будаўнічых работ магла з'явіцца правільная планіровачная сетка, што было тыповым для ўнутранай тэрыторыі новаствораных крэпасцей XVI-XVIII стст.
У другой палове XVIII ст. сілуэт горада ўзбагаціўся за кошт павелічэння вышыні культавых збудаванняў, ускладнення пластыкі іх архітэктурных аб'ёмаў і павелічэння колькасці вежаў, якія вызначылі «вертыкалізм» сілуэта. Характэрна наяўнасць галоўнага вышыннага збудавання, якім раней служыў Сафійскі сабор (пасля - вуніяцкая базыльянская царква). Перароблены ў формах позняга барока будынак узмацніў сваю кампазіцыйную ролю. Аднак галоўнай дамінантай горада ў гэты перыяд становіцца езуіцкі касцёл, што адлюстравала ідэалагічныя памкненні каталіцкай царквы.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Полацак увайшоў у склад Расейскай імперыі і на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў з'яўляўся цэнтрам губерні. Праект яго рэгулярнай перапланіроўкі зацверджаны ў 1778 г. На першапачатковай стадыі ажыццяўлення ў 1793 г. ён адкарэктаваны губернскім архітэктарам Іванам Зігфрыданам, які распрацаваў «План городу Полоцку как ныне выстроено и выстраивается».
У агульных рысах простакутная планіроўка, якая існавала ў XVII-XVIII стст., служыла асновай для новага плана. Вуліцы атрымалі строгія прамалінейныя абрысы, павялічылася іх шырыня, кварталы набылі правільную канфігурацыю. Гарадскі цэнтр быў падзелены на адміністрацыйную і гандлёвую часткі, адпаведна чаму ўтварылася сіметрычная сістэма трох плошчаў, аб'яднаных трыма параднымі магістралямі. Плошча перад езуіцкім касцёлам, якая стала адміністрацыйнай, захавала галоўную ролю; яе забудова набыла ансамблевы характар за кошт узвядзення групы адміністрацыйных і жылых будынкаў. Дзве іншыя плошчы насілі гандлёвае прызначэнне.
Паводле звестак, што прыводзіць беларускі і расейскі археолаг і краязнавец XIX ст. А.М.Семянтоўскі і іншых крыніц, можна ўстанавіць назвы вуліц. Гэта Пецярбургская альбо Рыжская (сучасная вуліца Фрунзе), Прабойная (Л.Талстога), Спаская (Савецкая), Віцебская, пазней Аляксандраўская (К.Маркса), Ільінская, ці Верхне-Пакроўская (частка вуліцы К.Маркса), Наддзвінская (Энгельса), Вялікая, ці Ніжа-Пакроўская (Леніна).
У канцы XVIII ст. большасць манастырскіх збудаванняў былі ўжо мураваныя, у тым ліку карпусы вуніяцкага базыльянскага манастыра ў Верхнім замку, пабудаваныя з дрэва ў 1668 г., а з цэглы - паміж 1780 і 1793 гг.; дамініканскі касцёл з манастырскім будынкам, якія паўсталі на месцы драўляных, што згарэлі ў 1785 г.; францысканскі кляштар - раней таксама драўляны. У 1782-1785 гг. па праекце выдатнага расейскага дойліда Д.Кварэнгі ў стылі класіцызму перабудаваны Богаяўленскі манастыр, які ўключыў, акрамя галоўнага храма, будынак келляў з цёплымі цэрквамі святых Кацярыны і Ефрасінні і дапаможны корпус, пазней будынак семінарыі.
Культавыя комплексы Полацка па сваёй кампазіцыйнай, горадафармуючай ролі падзяляюцца на тры групы, крытэрыямі падзелу служаць памеры (плошча тэрыторыі, якую займае комплекс, колькасць і велічыня збудаванняў); месца ў прыродным ландшафце і планіровачнай структуры горада; умовы зрокавага ўспрыняцця комплексу.
Да першай групы належалі асноўныя ансамблі - езуіцкі калегіум і базыльянскі манастыр. Калегіум меў развітую планіроўку і разнастайны склад памяшканняў. Акрамя касцёла, ён уключаў некалькі трох-, двух- і аднапавярховых карпусоў. Будынкі ўтваралі ўнутраныя двары. З паўднёвага боку на тэрасе, звернутай да Дзвіны і абмежаванай мураванай падпорнай сцяной, размяшчаўся пладовы сад. Базыльянскі манастыр таксама займаў вялікую тэрыторыю і ўключаў, акрамя царквы, трохпавярховы жылы корпус складанай канфігурацыі, дапаможныя будынкі, працяглую мураваную агароджу.
Калегіум з'яўляўся галоўным элементам ансамбля грамадскага цэнтра, знаходзячыся на завяршэнні асноўнай планіровачнай восі горада прыкладна ў роўнай даступнасці ад усіх перыферыйных раёнаў. Месцазнаходжанне базыльянскага манастыра ў выдатных ландшафтавых умовах - сярод адкрытай прасторы на высокім мысе пры зліцці рэк, таксама забяспечвала яму выключную ролю ў кампазіцыі горада.
Комплексы першай групы, добра бачныя з тэрыторый за межамі Полацка па ўсіх напрамках, з левага берага Дзвіны ўспрымаліся ва ўсім сваім харастве. Асаблівасць агляду гэтых ансамбляў з унутраных гарадскіх прастораў - працяглыя відавыя перспектывы на іх уздоўж вуліц. Напрыклад, Віцебская вуліца арыентавалася на езуіцкі касцёл, Верхне-Пакроўская - на базыльянскую царкву. Другая асаблівасць - магчымасць шматбаковага, амаль кругавога агляду храма з прылеглых да яго ўчасткаў, якія мелі важнае грамадскае прызначэнне, напрыклад з гарадской плошчы. Храмы, якія ўзвышаліся над малапавярховай жылой забудовай, бачыліся з многіх месцаў у горадзе.
Для комплексаў другой групы характэрна невялікая плошча ўчастка, меншая колькасць і маштаб будынкаў - храма і аднаго-двух манастырскіх карпусоў. Іх значэнне ў планіроўцы горада адпавядала іерархіі комплексаў. Напрыклад, у адрозненне ад ансамбляў першай групы Богаяўленскі і францысканскі манастыры займалі радавое становішча ў забудове вуліцы, дамініканскі служыў другараднай дамінантай кампазіцыі галоўнай плошчы. Абмежаванае ўспрыняцце адбывалася пад вострымі вугламі зроку з вуліц, на якія будынкі выходзілі галоўнымі фасадамі. Калі храмы першай групы завяршалі відавыя перспектывы працяглых, асноўных гарадскіх магістраляў, то будынкі другой групы часцей замыкалі кароткія другарадныя напрамкі. Пры гэтым для такіх дамінантаў, як францысканскі, Богаяўленскі і бернардзінскі манастыры характэрна найлепшае ўспрыняцце з акваторыі і супрацьлеглых берагоў Дзвіны, актыўная роля ў стварэнні панарамы горада.
Да комплексаў трэцяй групы належалі драўляныя езуіцкія касцёлы, іншыя маламаштабныя культавыя будынкі, якія існавалі ў канцы XVIII ст. Сярод больш позніх будынкаў - кірха на Вялікай вуліцы. Навакольная забудова сціскала гэтыя дамінанты і абмяжоўвала іх агляд з цэнтральнай часткі горада, затое яны часам добра ўспрымаліся з перыферыйных тэрыторый, напрыклад, даліны ракі Палаты.
Такім чынам, ансамблі першай групы арганізоўвалі прастору Полацка ў цэлым, маючы агульнагарадское значэнне, дамінанты другой складалі кампазіцыю асобных раёнаў горада, трэцяй - служылі мясцовымі акцэнтамі невялікіх участкаў забудовы. Іерархія выяўлялася і ў агульным сілуэце Полацка адпаведна трохступенчатым падзелам вышыняў храмаў.
На прыкладзе Полацка трэба адзначыць адметную ўласцівасць размяшчэння культавых будынкаў, характэрную таксама для іншых паселішчаў. У плане горада прасочваліся рады з некалькіх храмаў, якія знаходзіліся на адной прамой. Умоўнымі прамымі лініямі можна было злучыць большасць вышынных будынкаў, пры гэтым на кожнай змяшчалася не менш за тры храмы. У XVIII - першай палове XIX ст. гэтая ўласцівасць выявілася асабліва ярка, прычым важнай рысай, тыповай таксама для расейскага горадабудаўніцтва, з'яўлялася нязначнае адступленне храмаў ад агульнай восі ў розныя бакі, што пры ўспрыняцці ўздоўж яе прадухіляла зрокавае «накладанне» будынкаў адзін на адзін.
У першай палове XIX ст. працягвалася фармаванне горада па праекце перапланіроўкі. У 1812-1820 гг. у будынках калегіума знаходзілася езуіцкая акадэмія навук. З 1822 г. калегіум займалі манахі ордэна піяраў. У 1831-1833 гг. комплекс рэканструіруе архітэктар А.Порта для размяшчэння тут кадэцкага корпуса. Касцёл быў перайменаваны ў Мікалаеўскі сабор, а плошча атрымала назву Корпуснай, ці Параднай. Узведзены ў 1850 г. на плошчы ў створы Віцебскай вуліцы чыгунны помнік-абеліск у гонар узяцця Полацка расейскімі войскамі ў час вайны 1812 г. падкрэсліў восевую кампазіцыю плана цэнтральнай часткі горада. Цікава адзначыць, што захаваўся малюнак, на якім адлюстраваны Полацак у дзень бітвы з французскімі войскамі 25 ліпеня 1812 г. На другім плане - панарама горада, дзе відны большасць манастыроў - бернардзінскі, базыльянскі, францысканскі, Богаяўленскі, езуіцкі, дамініканскі.
Полацкая Парадная плошча з'яўляецца адным з найбольш буйных і манументальных ансамбляў у беларускім горадабудаўніцтве. Разгледзім яе малавядомыя архітэктурна-мастацкія ўласцівасці, якія цяпер зніклі разам са страчанай забудовай. Многія з будынкаў на плошчы паасобку разглядаліся ў літаратуры, напрыклад, савецкім гісторыкам архітэктуры А.Квітніцкай. Аднак ансамбль у цэлым як адзінае гарманічнае ўтварэнне не аналізаваўся, заставаліся не асэнсаванымі яго кампазіцыйныя асаблівасці.
Ансамбль склаўся ў апошняй чвэрці XVIII - першай палове XIX ст. за адносна кароткі час. Пасля далучэння да Расеі ў 1772 г. на плошчы існавалі правінцыяльныя ўстановы: магістрат з гандлёвымі радамі, канцылярыя, саляны магазін, пошта і іншыя, якія не фармавалі цэласнай забудовы. Пасля стварэння ў 1776 г. Полацкай губерні новыя губернскія ўстановы ў адзінстве з больш раннімі культавымі будынкамі арганіза-валі архітэктурны ансамбль. Калі ў XVII- XVIII стст. плошча мела культавае ў спалучэнні з вучэбным, гандлёвае і адміністрацыйнае прызначэнне, то ў апошняй чвэрці XVIII ст. пры страце гандлёвай функцыі яе роля як адміністрацыйнага цэнтра значна ўзмацнілася.
На паўночным і паўднёвым баках плошчы ўзведзены аднолькавыя групы з трох грамадскіх будынкаў. У 1783 г. пабудаваны палац генерал-губернатара і мураваныя службы пры ім, а не пазней за 1786 г. - мураваны дамініканскі кляштар. Аўтарам пералічаных будынкаў, за выключэннем кляштара, з'яўляецца І.Зігфрыдан. На ўсходнім баку плошчы былі ўзведзены таксама два адміністрацыйныя будынкі з аднолькавымі фасадамі.
Галоўным будынкам плошчы заставаўся езуіцкі касцёл, да якога прымыкалі масіўныя карпусы калегіума. У гэты перыяд у аснове ідэйнага зместу ансамбля ляжала супрацьпастаўленне і ў той жа час адзінства, з аднаго боку, культавага каталіцкага пачатку, дапоўненага яго асветніцкай, місіянерскай функцыяй, з другога - адміністрацыйна-палітычнай улады, якая ўвасабляла значнасць новай дзяржаўнасці. Наяўнасць духоўнай (калегіум), а затым ваеннай навучальнай установы (кадэцкага корпуса) узмацняла грамадскае значэнне плошчы. У сувязі з размяшчэннем абеліска ў памяць 1812 г. узбагаціўся сэнсавы змест ансамбля, які дадаткова да іншых функцый набыў мемарыяльны характар.
Апошняя чвэрць XVIII і першая палова XIX ст. з'яўляюцца часам найвышэйшага развіцця кампазіцыі плошчы. Адзінству ансамбля спрыяў выразны, у цэлым сіметрычны план. Асноўная прастора плошчы вызначалася простакутнікам памерам 120 x 130 м. Езуіцкі касцёл размяшчаўся на падоўжнай восі плошчы, якая служыла адначасова планіровачнай воссю горада. Арыентацыя на вялікай працягласці галоўнай магістралі на храм падкрэслівала яго першараднае значэнне ў цэнтры і горадзе ў цэлым.
За выключэннем Замкавага завулка, вуліцы, якія прымыкалі да плошчы, фармавалі сіметрычную структуру. Фасады груп з трох будынкаў на паўночным і паўднёвым баках плошчы спраектаваны строга сіметрычнымі і аднолькавымі. У агульную кампазіцыю забудовы арганічна ўпісаліся асіметрычныя элементы - дамініканскі кляштар і палац генерал-губернатара, а таксама «камерная» прастора параднага двара перад карпусамі калегіума, якія ўмясцілі тэатр, музей, карцінную галерэю і іншыя памяшканні. Выкарыстанне асіметрыі ўзбагачала ансамбль, пазбаўляла яго аднастайнасці пры захаванні асноўнай ідэі сіметрыі гарадскога цэнтра.
У ансамблі ўжыты прынцып роўнасці асноўных планіровачных і вышынных памераў, а таксама абмежавана прыменена модульнасць (модуль - умоўная адзінка, якая ўжываецца для каардынацыі памераў частак будынка, комплексу альбо прасторы). Пры праектаванні класіцыстычнай планіровачнай кампазіцыі модулем служыла шырыня галоўнага фасада наяўнага езуіцкага касцёла (каля 24 м), якая склала 1/5 шырыні плошчы (120 м). Да модуля набліжаліся адлегласці паміж восямі адміністрацыйных будынкаў на паўднёвым і паўночным баках - 23,5 м. Працягласць фасада палаца генерал-губернатара раўнялася двум модулям. Фасад групы трох адміністрацыйных будынкаў (60 м) складаў палову шырыні плошчы.
Вышынная кампазіцыя ансамбля грунтавалася на выразным кантрасце архітэктурных мас і сілуэта езуіцкага касцёла, вежы якога да падножжа крыжа дасягалі 53 м, і малапавярховай фонавай забудовы, якая фармавала перыметр плошчы. Вышыня адміністрацыйных будынкаў складала 13,5 м. Адносіны вышыняў дамінанты і радавой забудовы - прыблізна 4:1, што вызначала эфектнае супрацьпастаўленне архітэктурных формаў.
Ролю другараднай дамінанты адыгрываў дамініканскі касцёл. Яго галоўны фасад вышынёй каля 27 м не меў вежаў, завяршаўся барочным шчытом і ў цэлым вызначаўся кампактным сілуэтам. Адносіны вышыняў храма і фонавай забудовы плошчы - 2:1. Такім чынам, у аснову вышыннай кампазіцыі элементаў ансамбля - галоўнай і другараднай дамінантаў і большай часткі радавых будынкаў - была пакладзена прапорцыя, якая ўключала падваенні - 4:2:1.
Значэнне фонавага, працяглага элемента забудовы адыгрываў таксама Г-падобны будынак калегіума, які абмяжоўваў парадны двор ля касцёла. Для арганізацыі гэтай аддаленай ад цэнтра плошчы прасторы па-мастацку абгрунтавана прыменены больш высокія, чым астатнія радавыя пабудовы, трохпавярховыя карпусы, што кампазіцыйна ўраўнаважвала размешчаны па дыяганалі дамініканскі касцёл. Такім чынам, для ансамбля ўласцівы чатыры вышынныя ўзроўні: два - культавых дамінантаў і два - радавой грамадскай і жылой забудовы.
Разгледзім асаблівасці архітэктурнага аб'ёму езуіцкага касцёла, якія ўплылі на прапорцыі ансамбля ў цэлым. Памеры вышыні і даўжыні храма супадалі (53 м). Першы ярус фасада да верху ўвенчвальнага карніза, што выходзіў на плошчу, уяўляў сабой квадрат з бокам, роўным асноўнаму модулю планіроўкі ансамбля (24 м). Модулю раўнялася і вышыня размешчаных над міжкрыжоўем вялікага і малога барабанаў з купалам да падножжа крыжа.
Прынцып супадзення асноўных памераў выявіўся таксама ў роўнасці вышыні асноўнага аб'ёму касцёла да верху франтона - 28 м, і адлегласці ад вертыкальнай восі вежы да планіровачнай восі трансепта. Другім праяўленнем служыць роўнасць агульнай вышыні храма адлегласці ад яго галоўнага фасада да восі крайняга з трох адміністрацыйных будынкаў.
Вежы касцёла мелі чатырох'ярусную структуру; вышыні ярусаў складалі 24, 13, 9, 4 м, а вышыня шлема вежы - пятага ўмоўнага яруса - 2 м. Гэты ланцужок памераў у нязначным набліжэнні ўтвараў прапорцыю, якая таксама ўключала падваенні - 12 : 6 : 4 : 2 : 1.
Іншымі суадносінамі характарызаваўся дамініканскі касцёл. Яго галоўны фасад меў трох'ярусную будову, ступенчаты сілуэт з выразным барочным шчытом. Вышыні ярусаў адпаведна складалі 17,0 м : 6,6 м : 3,4 м альбо 5:2:1. Такім чынам, гэтыя дзве культавыя пабудовы адрозніваліся як агульнай аб'ёмна-планіровачнай кампазіцыяй (двухвежавая трохнефавая базіліка з трансептам і купалам над міжкрыжоўем і бязвежавы храм), так і прапорцыямі фасадаў. Аб'яднала храмы тое, што другарадная дамінанта набліжалася па вышыні да асноўнай часткі (да верху франтона) галоўнай дамінанты. Другім прыёмам гарманізацыі было выкарыстанне падобных дэкаратыўных рашэнняў парталаў. Яны ўяўлялі сабой набліжаныя па маштабу да чалавека порцікі; над антаблементамі цягнуліся балконы. Малы ордэр порціка эфектна спалучаўся з вялікім ордэрам фасада. Ансамблеваму адзінству садзейнічаў таксама лучковы франтон, які першапачаткова ўпрыгожваў партал езуіцкага касцёла, паўтораны на фасадах цэнтральных з трох адміністрацыйных будынкаў.
Такім чынам, характэрныя для ансамбля прынцыпы роўнасці асноўных памераў і модульнасці дапаўняліся тактоўна ўведзеным прынцыпам падабенства формаў. Трэба адзначыць таксама яшчэ адну арыгінальную асаблівасць. Даўжыня фасада крайніх з трох адміністрацыйных будынкаў (13,5 м) была спраектавана роўнай вонкавай шырыні трансепта езуіцкага храма і, адпаведна, шырыні галоўнага васьміграннага барабана над міжкрыжоўем, а вышыня іх фасадаў да карніза (каля 9 м) - роўнай вышыні гэтага барабана. Вышыня ж даху адміністрацыйных будынкаў (каля 5 м) раўнялася вышыні барочнага шатра паміж галоўным і малым барабанамі. Такім чынам, фасад тыповага грамадскага будынка ўпісваўся ў фасад завершанага шатром галоўнага васьмерыка.
Разгледжаныя прыклады сведчаць, што выкарыстаны з мэтай гарманізацыі кампазіцыі прынцып падабенства падзяляўся на прамое падабенства архітэктурных элементаў і падабенства прапорцый рознахарактарных па сваёй прыродзе формаў.
Цэласнасць ансамбля ў многім абумовілася аднолькавай паверхнасцю большасці грамадскіх будынкаў, агульным рытмам дахаў, аб'яднаннем трох будынкаў у групах паміж сабой глухой агароджай. Працяглыя карпусы на ўсходнім баку ўтваралі мастацка абгрунтаваны кантраст больш дробнаму вырашэнню паўночнага і паўднёвага бакоў.
Гарызантальнымі элементамі, якія зрокава аб'ядноўвалі будынкі плошчы, служылі карнізы над першымі паверхамі дамоў віцэ-губернатара і губернатара, якія стваралі адзінае цэлае з карнізам па версе агароджы. Аналагічныя карнізы мелі дом генерал-губернатара, казённая аптэка і адміністрацыйныя карпусы ўсходняга боку.
Галоўныя фасады большасці збудаванняў мелі вось сіметрыі. У адрозненне ад усіх будынкаў з адной воссю фасад езуіцкага касцёла характарызаваўся трохвосевай будовай, што адпавядала яго галоўнай ролі. Акрамя таго, ансамбль уключаў будынкі з асіметрычнымі фасадамі альбо пазбаўленымі выразных восяў (корпус дамініканскага кляштара, Г-падобны будынак калегіума). Гэтыя выключныя элементы забудовы размяшчаліся ў плане плошчы па дыяганалі, падпарадкоўваліся прынцыпу «раўнавагі».
У дэкаратыўна-стылявых адносінах ансамбль вызначаўся спалучэннем пластычна багатай архі-тэктуры культавых збудаванняў і формаў ранняга класіцызму грамадзянскіх будынкаў. Пры гэтым цікавай асаблівасцю служыла тое, што масіўны па прапорцыях ніжні ярус галоўнага фасада езуіцкага касцёла, вырашаны гранічна лаканічна, меў мінімум аконных праёмаў і на вялікай вышыні быў пазбаўлены гарызантальных паясоў. Гэтая манументальная частка фасада стварала неабходны мастацкі кантраст больш дробнай і маламаштабнай навакольнай забудове, якая зрокава спалучалася, у асноўным, з ніжнім ярусам храма.
У сярэдзіне XIX ст. ансамбль перабудоўваецца. Высокі барочны шчыт дамініканскага касцёла змяніўся на лаканічны франтон. Групы з трох грамадскіх будынкаў страцілі падкрэсленыя восі сіметрыі, якія раней утвараліся плоскім рызалітам і лучковым франтонам сярэдняга дома, з фасадаў знікла рустоўка, якая ажыўляла сцены зіхаценнем светлацені, і яны сталі амаль аднолькавыя. Вокны набылі рэльефныя ліштвы, дахі былі паніжаны.
Перабудова закранула адміністрацыйныя будынкі на ўсходнім баку, якія набылі дэкор у адпаведнасці са стылістыкай позняга класіцызму. Рэалізаваўся ўласцівы для ансамбля прынцып асіметрыі дэталяў пры сіметрыі асноўных элементаў кампазіцыі: галоўныя фасады былі амаль аднолькавыя, аднак паўночны корпус меў пілястры на цэнтральным рызаліце і крайніх частках фасада, у той час як паўднёвы адрозніваўся міжпавярховым поясам.
Наступным крокам у пераемным ансамблевым фармаванні забудовы плошчы з'явілася размяшчэнне абеліска ў памяць вайны 1812 г. Манумент быў пастаўлены паводле таго ж прынцыпу, што і касцёл,на замыканні перспектывы галоўнай вуліцы. Уключэнне новага элемента, які набыў падпарадкаваную ролю ў адносінах да асноўнай дамінанты, не пагоршыла, а ўзбагаціла, дапоўніла ўспрыняцце касцёла з галоўнай магістралі.
У функцыянальных і мастацкіх адносінах для помніка было знойдзена адзіна магчымае месца. Пастаўлены на падоўжнай восі плошчы абеліск стварыў раўнаважны трохкутнік вышынных акцэнтаў: езуіцкі касцёл - дамініканскі касцёл - манумент, і завяршыў відавую перспектыву ўздоўж Замкавага завулка. Пастаноўка абеліска ў створы папярочнай Прабойнай вуліцы ўскладніла б рух на скрыжаванні, а ў створы вуліцы Рыжскай - стварыла б неўраўнаважанасць кампазіцыі дамінантаў у межах ансамбля, пагоршыла б умовы ўспрыняцця Мікалаеўскага сабора з плошчы за кошт празмернага набліжэння помніка да яго фасада. Гарманічнай з'явілася таксама адпаведнасць паміж простай па сілуэце, кампактнай у плане формай манумента і развітым у аб'ёмна-прасторавых адносінах наваколлем, складанай кампазіцыяй перыметра плошчы.
Па генетычных асаблівасцях ансамбль Полацкай плошчы мэтазгодна аднесці да барочна-класіцыстычнага тыпу. Пра гэта сведчаць асновы планіроўкі, створанай у сярэдзіне XVII ст. як характэрнае для горадабудаўніцтва Новага часу рэгулярнае ўтварэнне, і стылёвы склад забудовы. Першапачатковыя, «апорныя» барочныя элементы, якія размяшчаліся ў блізкай да простакутнай сістэме планіроўкі, шляхам класіцыстычнай забудовы былі аб'яднаны ў закончаны ансамбль.
Паводле фармальных прыкмет, ансамбль мэтазгодна вызначыць як дамінантна-восевы. Для гэтапа тыпу ўласцівы амаль сіметрычная адносна падоўжнай восі будова, выключна важная кампазіцыйная роля размешчанай на гэтай восі галоўнай дамінанты, якая завяршае працяглую відавую перспектыву. Архітэктурна-мастацкія якасці, разнастайнасць вобразнага зместу ансамбля дазваляюць адзначыць яго важнае месца ў гісторыі дойлідства, аднесці плошчу да лепшых узораў горадабудаўнічага мастацтва.
У другой палове XIX і пачатку XX ст. грамадскі цэнтр пашыраецца і атрымлівае развіццё ўздоўж галоўнай Аляксандраўскай вуліцы. Сярод асноўных збудаванняў трэба адзначыць гандлёвыя і жылыя будынкі па гэтай вуліцы, казарму на тэрыторыі Верхняга замка, прыбудову да Кадэцкага корпуса, групу гасцініц на вуліцы Спаскай. За межамі цэнтра былі пабудаваны Крыжаўзвіжанская і цёплая цэрквы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра.
Шэраг культавых будынкаў уздоўж Дзвіны дапоўніўся невялікай па маштабу кірхай і новай царквой па вуліцы Ільінскай, якія не аказвалі значнага ўплыву на сілуэт горада. Такая горадабудаўнічая роля культавых збудаванняў была тыповая для дадзенага гістарычнага перыяду, нягледзячы на выразнае архітэктурна-мастацкае аблічча храмаў. У гэты час адбывалася разбурэнне альбо карэнная перабудова важнейшых больш ранніх будынкаў каталіцкай і вуніяцкай канфесій. Так, у 1862 г. цалкам разбураны францысканскі касцёл, а на яго месцы ўзведзены нязначныя прыватныя будынкі. У корпусе дамініканскага кляштара змешчана гарадская пажарная служба, а на рагу пабудовы ўзведзена невыразная па абліччы назіральная вежа, што сказіла ансамбль галоўнай плошчы. У пачатку XX ст. страчаны манументальны комплекс жылых і службовых карпусоў базыльянскага манастыра.
У 1920-1930-ых гг. у цэнтры горада ўзведзены грамадскія і жылыя будынкі, па сваім маштабе і архітэктуры фасадаў звязаныя з гістарычным наваколлем: кінатэатр «Інтэрнацыянал» (цяпер - «Радзіма»); жылыя дамы па вуліцы Энгельса, якія ўтварылі ў плане сіметрычную кампазіцыю; чатырохпавярховы жылы дом па вуліцы Сака і Ванцэці.
Цэласныя кварталы грамадскай і жылой забудовы ўздоўж трох асноўных вуліц, якія звязвалі цэнтральныя плошчы, былі знішчаны ў Другую сусветную вайну падчас налётаў авіяцыі на Полацак. У працэсе пасляваеннай рэканструкцыі гэта абумовіла стварэнне на месцы разбураных кварталаў паміж былымі Аляксандраўскай і Ільінскай вуліцамі бульвара ўздоўж праспекта К.Маркса.
Новая забудова канца 1940-1950-ых гг. на вуліцах Л.Талстога, К.Маркса, Свярдлова характарызавалася пераемнасцю ў адносінах да існуючай прасторавай структуры цэнтра. Забудова ж наступных дзесяцігоддзяў вызначалася супрацьлеглай тэндэнцыяй. У 1960-1970-ых гг. на плошчы Леніна, вуліцах Леніна і Камуністычнай пабудаваны пяці- і дзевяціпавярховыя жылыя дамы, размяшчэнне і архітэктурнае вырашэнне якіх супярэчыць кампазіцыйным традыцыям цэнтральнай часткі горада.
Сучасныя абрысы вуліц амаль цалкам адпавядаюць закладзеным у перыяд рэгулярнай перапланіроўкі. Гэта сістэма паралельных і перпендыкулярных Дзвіне напрамкаў. Планіровачная сетка, за выключэннем некалькіх вуліц, якія ўзніклі пры рэканструкцыі ў канцы XVIII ст., у агульных рысах паўтарае схему планіроўкі сярэдзіны XVII ст. Нерэгулярныя абрысы захавалі вуліца і завулак Замкавыя, трасы якіх цяпер тыя ж, што і да перапланіроўкі.
Езуіцкі касцёл, які існаваў у адносна неблагім стане пасля Другой сусветнай вайны, замест таго, каб адрэстаўрыраваць, у 1964 г. узарвалі. Гэта з'явілася актам вандалізму з боку кіруючых дзяржаўных структур таго часу. Паляпшэнне афіцыйных адносін да помнікаў культавай архітэктуры, развіццё тэорыі і практыкі рэканструкцыі гістарычных гарадоў не спынілі, аднак памылковага будаўніцтва ў 1976-1979 гг. на месцы падмуркаў касцёла немаштабнага для гістарычнага асяроддзя, невыразнага па архітэктурным рашэнні працяглага дзевяціпавярховага жылога дома. Яго аб'ём прасторава расчляніў гістарычны цэнтр, перакрыў восевы відавы напрамак паўднёвай трасы праспекта К.Маркса на Сафійскі сабор. Гэты будынак, як і жылая тыпавая дзевяціпавярховая забудова вуліцы Леніна, рэзка дысгармануе з велічным сілуэтам Сафійскага сабора і Богаяўленскай царквы пры ўспрыняцці панарамы горада з левага берага Дзвіны.
Умовы агляду Богаяўленскага манастыра з прылеглай тэрыторыі значна пагоршаны таксама ў выніку будаўніцтва побач з ім пяціпавярховага жылога дома, узведзенага на месцы гістарычна каштоўнага будынка канца XIX - пачатку XX ст. Ён вызначаўся своеасаблівым архітэктурным вырашэннем з выкарыстаннем дэкаратыўных уласцівасцей цаглянай муроўкі.
Сярод будынкаў езуіцкага калегіума страчаны карпусы канвікта, вучылішча, музея і тэатра, а таксама службовыя карпусы ў паўночнай частцы комплексу і будынак езуіцкай аптэкі з заходняга боку.
Не адноўлены поўнасцю разбураныя ў час вайны два адміністрацыйныя будынкі на ўсходнім баку галоўнай плошчы, палац генерал-губернатара і казённая аптэка на яе паўднёвым баку, службовы корпус пры палацы на вуліцы Леніна. Не існуюць цяпер дамініканскі кляштар і будынак земскага суда на паўночным баку плошчы. Страчаны манумент у гонар узяцця Полацка расейскімі войскамі ў 1812 г. У змененым выглядзе захаваліся толькі два адміністрацыйныя будынкі на паўночным баку плошчы і тры - на паўднёвым.
Трэба адзначыць, што ёсць рэальная функцыянальна-планіровачная, навукова-рэстаўрацыйная і матэрыяльная магчымасці поўнага ўзнаўлення большасці пералічаных помнікаў, участкі якіх не заняты новай капітальнай забудовай. Гэта адносіцца і да разбураных карпусоў базыльянскага манастыра ў Верхнім замку, францысканскага касцёла і семінарыі Богаяўленскага манастыра на вуліцы Леніна, бернардзінскага касцёла ў Задзвінні.
Горадабудаўнічая гісторыя Полацка сведчыць пра вялікія страты культурнай спадчыны, якія, у асноўным, прыпадаюць на перыяд Другой сусветнай вайны і пасляваенную «рэканструкцыю». Аднак найбольшыя страты сярод гістарычных паселішчаў Беларусі панёс у гэты час другі, самы буйны горад паўночна-ўсходняга рэгіёна, цэнтр губерні, а пасля вобласці - Віцебск.

ВІЦЕБСК

Калі ў Полацку ў старажытны перыяд дзядзінец, навакольны горад і Вялікі пасад склаліся на вузкім мысе ля сутокаў рэк, то Віцебск вызначаецца фармаваннем Верхняга і Ніжняга замкаў на ўчастку авальнага абрысу паміж дзвюма пратокамі ракі Віцьбы, якія ўпадаюць у Дзвіну. На прылеглай мясцовасці паміж асноўным рэчышчам Віцьбы і левым берагам Дзвіны ўзнік пасад. Напэўна, ужо ў IX-XIII стст. выявіліся напрамкі вуліц, якія служылі асновай для далейшага развіцця планіровачнай структуры. Галоўная Вялікая вуліца перасякала Ніжні замак з усходу на захад. Планіроўка горада ў цэлым была няправільная радыяльная з дугавымі элементамі. У наступныя часы сфармаваліся слабоды, размяшчэнне і канфігурацыя якіх вызначаліся тапаграфіяй мясцовасці.
У XIV-XVI стст. атрымала развіццё сістэма культавых будынкаў. Яна ўключала цэрквы: Міхайлаўскую ў Верхнім замку, Благавешчанскую XII ст. і святой Параскевы ў Ніжнім замку, драўляную Духаўскую XIV ст. на паўднёвым усходзе і Ўспенскую на поўначы ад замкаў, Іаана Багаслова XVI ст. на беразе Віцьбы ў аддаленні ад цэнтра горада, Ільінскую XV ст. на правым беразе Дзвіны. У Ніжнім замку ўпамінаюцца францысканскі кляштар і драўляны кальвінскі збор XVI ст.
Да асноўных будынкаў належала таксама драўляная ратуша, пабудаваная ў 1597 г. У 1623-1644 гг., калі Віцебск часова страціў права самакіравання, ратушу разабралі. Гэтае дзеянне з боку каралеўскай улады было выклікана рэлігійнымі хваляваннямі ў горадзе, калі жыхарамі быў забіты вуніяцкі архіепіскап Язафат Кунцэвіч.
Ландшафтная сітуацыя спрыяла цэнтрычнай ролі Верхняга і Ніжняга замкаў у агульным плане горада. Па меры аддалення ад іх мясцовасць паступова павышалася, што вызначала магчымасць панарамнага агляду цэнтральнай часткі горада з боку слабод. Асаблівасцю кампазіцыі служыла таксама тое, што цэнтр горада ўспрымаўся на вялікай працягласці ўздоўж далін Дзвіны, Віцьбы і ручая Дуная, які ўпадаў у пратоку Віцьбы, зрокава завяршаючы іх прыродныя прасторы.
У канцы XVI ст. частка пасада паміж Дзвіной і Віцьбай (Узгор'е) была абнессна драўлянымі сценамі і ў якасці трэцяга звяна ўвайшла ў сістэму замкаў. Пра асноўныя асаблівасці планіроўкі і забудовы ў XVII ст. можна меркаваць па дакументальным малюнку - «Чарцяжу горада Віцебска 1664 г.», выкананаму ў перыяд вайны Расеі з Рэччу Паспалітай, калі горад у 1654-1667 гг. займалі расейскія войскі.
У значнай меры структура горада фармавалася абарончымі збудаваннямі - драўлянымі сценамі і шматлікімі вежамі, сярод якіх вылучаліся праезныя вежы. Агульная даўжыня ўмацаванняў складала каля 1510 сажняў, г. зн. больш за тры кіламетры дзвесце метраў. Акрамя Вялікай вуліцы ў Ніжнім замку другім важным напрамкам была перпендыкулярная ёй вуліца Ўзгорскага замка. Кожны з замкаў меў самастойны архітэктурна-планіровачны цэнтр. У Ніжнім замку ім з'яўляўся Аляксееўскі манастыр, перабудаваны ў 1654 г. з езуіцкага калегіума (1640-1644). Яшчэ раней гэты ўчастак займала праваслаўная драўляная царква святой Параскевы.
Ва Ўзгорскім замку грамадскі цэнтр фармаваўся драўлянай ратушай (1644), крамамі, гасціным дваром, Васкрасенскай царквою сярэдзіны XVII ст., іншымі будынкамі і размяшчаўся на перакрыжаванні асноўных вуліц. Цэнтры Ўзгорскага і Ніжняга замкаў звязваліся паміж сабою драўляным мостам цераз Віцьбу (т. зв. Рынкавы, альбо Гарадскі, пазней Езуіцкі). У забудову абодвух цэнтраў уваходзіла галоўная ў Віцебску праезная вежа, так званы Валконскі круглік, якая адрознівалася ад астатніх вежаў памерамі і манументальным архітэктурным абліччам.
Цэнтрам Верхняга замка служыла група пабудоў: дом ваяводы, Міхайлаўская царква, будынак прыказа і іншыя, якія таксама размяшчаліся паблізу Рынкавага моста. Ад Вялікай праезнай брамы ў паўднёвай крапасной сцяне да варот у паўночнай сцяне праходзіла вуліца, якая дзяліла тэрыторыю Верхняга замка на дзве часткі - усходнюю, дзе знаходзіліся, у асноўным, адміністрацыйныя і культавыя будынкі, і заходнюю з жылымі дамамі. Кожная з іх мела свабодную планіроўку, якая падпарадкоўвалася рэльефу мясцовасці і паўтарала абрыс абарончых сцен.
Індывідуальнае архітэктурнае вырашэнне кожнага з замкаў дасягалася, у прыватнасці, перавагай пэўнага тыпу драўляных вежаў. Напрыклад, усе вуглавыя вежы Верхняга і Ніжняга замкаў былі «круглікамі», г. зн. васьміграннымі; гэты тып вежаў тут больш не паўтараўся. Ва Ўзгорскім жа замку, наадварот, вуглавыя вежы былі простакутныя, а васьмігранная размяшчалася на прамым участку сцяны.
Архітэктурнае аблічча Віцебска ў XVII ст. у многім вызначалася разнастайнай драўлянай жылой забудовай, якая, як і абарончыя збудаванні, да нашага часу цалкам страчана. Сярод будынкаў, паказаных на малюнку 1664 г., лёгка распазнаць жыллё бедных гараджан, дамы ўласнікаў сярэдняй заможнасці і палацы гарадской знаці (дом Агінскага, дом Горскага, дом Шапкіна і інш.).
У XVII ст. развіваецца сістэма культавых будынкаў, якая ахоплівае тэрыторыю замкаў і слабод. Яна дапоўнілася Праабражэнскай, Спаскай, Увядзенскай і Сямёнаўскай цэрквамі.
Малюнак 1664 г. яскрава перадае асаблівасці гарадскога сілуэта, які фармаваўся шматлікімі крапаснымі вежамі, культавымі будынкамі, буйнымі жылымі дамамі. Пераважалі тыповыя для дойлідства XVII ст. шатровыя чатырох- і васьмісхільныя дахі, часта ўвенчаныя вежачкай са шпілем, ярусныя аб'ёмы шматкупальных драўляных цэркваў, завершаныя разнастайнымі купаламі, высокія двухсхільныя дахі. Найбольш буйнымі сярод культавых будынкаў былі Аляксееўская і Праабражэнская цэрквы, з абарончых вежаў - брамы і васьмігранныя вежы; па кампазіцыйнай ролі ім не ўступала ратуша.
У XVIII ст. памеры горада павялічыліся за кошт пашырэння слабод. Перасечаны рэльеф мясцовасці, разгалінаваная сістэма яраў і ручаёў абумовілі складаную вулічную сетку, якая паступова, свабодна складвалася на працягу стагоддзяў. Вуліцы мелі ломаныя ці крывалінейныя абрысы і пераменную шырыню, плошчы і кварталы - няправільную канфігурацыю.
Калі ў XVI-XVII стст. гарадскія ўмацаванні, якія акружалі асобныя раёны, абумоўлівалі пэўную аўтаномнасць успрыняцця забудовы ў межах крапасных сцен, то пасля разборкі апошніх у XVIII ст. з'явіліся новыя зрокавыя сувязі, якія ахоплівалі ўсю тэрыторыю Віцебска.
Важнай асаблівасцю горада XVIII ст. з'яўляўся грамадскі цэнтр, ядро якога ўтваралі дзве плошчы - ратушная ва Ўзгорскім замку і плошча перад езуіцкім калегіумам, пасля адміністрацыйная ў Ніжнім. Арганізацыя дзвюх плошчаў вызначылася самастойным фармаваннем у XVI- XVII стст. цэнтраў гэтых замкаў. Пры разборцы гарадскіх умацаванняў цэнтры аб'ядналіся ў цікавы па планіроўцы і прасторавым вырашэнні архітэктурны ансамбль. Да 1814 г. плошчы злучаў драўляны на ражавых апорах мост, пасля - манументальны мураваны.
Езуіцкі калегіум, пабудаваны на месцы Аляксееўскага манастыра ў 1716-1731 гг., уключаў касцёл, жылыя і падсобныя карпусы, званіцу, езуіцкую школу (1799). У 70-ых гг. XVIII ст. за кошт нівеліроўкі часткі Замкавай гары вуліца перад калегіумам пашырылася да памераў плошчы. Насупраць яго пабудаваны гандлёвыя крамы і адміністрацыйны будынак (паліцыя, дом ваяводы, пошта), дзе пасля размяшчалася жыллё віцэ-губернатара. Пры ўзвядзенні гэтага будынка выкарыстаны ўзорны праект паштовай станцыі, распрацаваны ў 1772 г. вядомым расейскім дойлідам І.Я.Старовым. У 1780 г. сіметрычна гэтаму будынку побач паўстаў дом губернатара, дзякуючы чаму ўтварыўся працяглы, сіметрычны фасад усяго заходняга боку плошчы.
Плошча ва Ўзгорскім замку фармавалася бернардзінскім кляштарам 1737-1768 гг., Васкрасенскаю царквою 1772 г. і ратушай. У XVII- XVIII стст. драўляная ратуша неаднаразова гарэла і аднаўлялася - у 1680, 1708, 1733, 1753 гг. У 1775 г. пабудаваная на месцы старой новая мураваная ратуша стала галоўным будынкам ансамбля. У канцы XVIII ст. былі знесены драўляныя гандлевыя крамы, што месціліся пасярэдзіне плошчы. Комплекс дапоўніўся двума карпусамі гасцінага двара, якія з заходняга і ўсходняга бакоў абмежавалі прастору перад ратушай.
Унікальнасць ансамбля заключалася ў вялікай колькасці вышынных збудаванняў асіметрычна, маляўніча размешчаных. Кампазіцыя грунтавалася на выразным супрацьпастаўленні груп вертыкаляў - ратуша, бернардзінскі касцёл і Васкрасенская царква на ратушнай плошчы кампазіцыйна ўраўнаважваліся езуіцкім касцёлам і званіцай на адміністрацыйнай плошчы. У планіроўцы былі закладзены геаметрычныя заканамернасці, якія сведчылі пра задуму, уважлівае стаўленне дойлідаў, што ў розныя перыяды стваралі будынкі, да асаблівасцей раней узведзеных збудаванняў. Напрыклад, Васкрасенская царква размяшчалася ў плане амаль перпендыкулярна ратушы і бернардзінскаму касцёлу. Галоўны фасад царквы, арыентаваны пад прамым вуглом да фасада касцёла, знаходзіўся пасярэдзіне яго шырыні.
У канцы XVIII ст. усходні бок ратушнай плошчы ўяўляў сабой суцэльны фронт будынкаў, тады як заходні бок меў малалікую расчлянёную забудову. Гэта стварала ўражанне «адкрытасці» часткі плошчы ўздоўж даліны Віцьбы ў напрамку Дзвіны, цеснай сувязі з прыродным ландшафтам. Толькі ў другой палове XIX ст. свабодны ўчастак заходняга боку заняла гасцініца «Брозі».
Важна адзначыць, што выцягнутыя ў плане ратушная і адміністрацыйная плошчы былі некалькі павернуты адносна адна адной. Гэтая асаблівасць, абумоўленая гістарычнай тапаграфіяй мясцовасці, садзейнічала своеасабліваму ўспрыняццю забудовы, стварэнню эфектных відавых перспектыў. Напрыклад, падоўжная планіровачная вось ратушнай плошчы, што праходзіла праз вежу ратушы, заканчвалася званіцай і вежамі езуіцкага касцёла, якія адпаведна ўспрымаліся ў завяршэнні асноўнай відавой перспектывы. З другога боку, такая ж падоўжная планіровачная вось адміністрацыйнай плошчы была арыентавана на галоўны фасад бернардзінскага касцёла - адзіны кампазіцыйны акцэнт усяго ўсходняга боку ратушнай плошчы.
Такім чынам, забудова фармавалася з улікам стварэння сістэмы зрокавых восяў, якія служылі сродкам аб'яднання рознахарактарных элементаў складанай кампазіцыі. Ілюстрацыя таму - сіметрычны комплекс з двух будынкаў - дамоў губернатара і віцэ-губернатара на адміністрацыйнай плошчы. Галоўная брама комплексу размяшчалася якраз насупраць цэнтральнага ўвахода ў езуіцкі калегіум, увенчаны званіцай. Узнікла папярочная вось, якая арганізавала прастору плошчы. Акрамя таго, сярэдзіна сіметрычнага фасада дома віцэ-губернатара супадала з воссю галоўнага фасада касцёла, чым яшчэ больш узмацнялася ўзаемаўвязка кампазіцыйных накірункаў.
Ансамбль аб'яднаў шмат вертыкальных элементаў, вышыні якіх з улікам рэльефа мясцовасці былі прыкладна раўназначныя. Вядучае звяно ў ансамблі - вежа ратушы, зрокава ўспрымалася большай за свае памеры дзякуючы таму, што ў двухпавярховым корпусе ратушы лініі пілястраў вялікага ордэра пад вежай нібыта падкрэслівалі яе пачатак ад узроўню зямлі. Чатырохярусная будова вежы ў супрацьпастаўленні з трох'яруснымі вежамі суседніх Васкрасенскай царквы і бернардзінскага касцёла акцэнтавала першараднае значэнне ратушы.
Бернардзінскі касцёл вызначаўся арыгінальнай пабудовай архітэктурных форм. А.Квітніцкай адзначана, што ў адрозненне ад большасці касцёлаў Беларусі галоўны фасад гэтага храма меў абрысы, якія развіваліся ўшыркі. Магчыма, гэта выклікалася вялікай працягласцю самой ратушнай плошчы, для якой быў неабходны расцягнуты па гарызанталі фасад.
Шмат'ярусная званіца, узведзеная над будынкам духоўнага праўлення, падкрэслівала ўваход у галоўны корпус калегіума. Першапачаткова барочная, у 1843 г. яна перабудоўваецца ў формах класіцызму. Архітэктурнае аздабленне касцёла таксама змянялася ў 1843 і 1872 гг.
Дамінанты плошчаў мелі ад аднаго да чатырох вышынных элементаў: вежаў і купалаў. Адной вежай вылучалася ратуша, дзвюма - бернардзінскі касцёл, дзвюма вежамі і купалам - Васкрасенская царква, дзвюма вежамі, купалам і званіцай, якая стаяла побач, - езуіцкі калегіум. Гэтая акалічнасць рабіла разнастайнай кампазіцыю забудовы, надавала будынкам выразна распазнавальныя адзнакі. З другога боку, асаблівасцю ансамбля з'яўлялася яго стылявая еднасць - амаль усе збудаванні ўзведзены ў перыяд віленскага барока ў другой і трэцяй чвэрцях XVIII ст. Характэрным для ансамбля было таксама ўсеба-ковае выкарыстанне кантрасных суадносін архітэктурных аб'ёмаў, прастораў і пластычных вырашэнняў фасадаў будынкаў.
Акрамя ядра грамадскага цэнтра, у горадзе існавалі некалькі плошчаў перад манастырамі, якія насілі культавую функцыю. Яны вызначаліся меншымі памерамі, камерным характарам кампазіцыі. Некаторыя плошчы былі адкрытыя да прыродных прастораў Дзвіны, далінаў Віцьбы і ручая Дуная, што надавала ім арыгінальныя рысы, нетрадыцыйныя для беларускага горадабудавання XVI- XVIII стст. Да такіх плошчаў адносіцца трэцяя па значэнні плошча перад мужчынскім базыльянскім манастыром, які адзначаў у гарадской прасторы адзін з найбольш высокіх участкаў рэльефа. Плошча была адкрыта з двух бакоў і планіровачна цесна звязвалася з асноўнай часткай грамадскага цэнтра горада.
Базыльянскі манастыр, дзякуючы сваім памерам і размяшчэнню, з'яўляўся галоўнай архітэктурнай дамінантай Віцебска. На яго месцы яшчэ ў XV ст. існавала драўляная Ўспенская царква. У 1639 г. тут пабудавана новая Прачысценская царква, таксама драўляная. На малюнку Віцебска 1664 г. на месцы Прачысценскай паказана Праабражэнская царква. У 1682 г. яе замяніў базыльянскі манастыр. У 1715-1743 гг. па праекце архітэктара І.Фантана была ўзведзена мураваная вуніяцкая царква. Манастырскія карпусы пры ёй пабудаваны да 1775 г. Пасля, у 1840 г., манастыр перайшоў у праваслаўнае ведамства, а царква перайменавана ва Ўспенскі сабор. Размяшчэнне аб'ёмна-прасторавай дамінанты на высокім узгорку пры ўпадзенні Віцьбы ў Дзвіну з'яўлялася традыцыйным на працягу доўгага перыяду фармавання горада.
У XVIII ст. у забудову Віцебска ўваходзіла мноства культавых будынкаў, якія фармавалі ўнікальны шматвежавы сілуэт горада пры ўспрыняцці з розных напрамкаў. Гэта піярскі кляштар 1753 г., трынітарскі кляштар 1760 г. (пасля 1858 г. касцёл пераўтвораны ў Петрапаўлаўскую царкву), дамініканскі кляштар 1771 г., Васкрасенская - Заручаўская царква 1771-1820 гг., Мікалаеўская, альбо Завіцьбенская, царква 1798 г., другая, драўляная Мікалаеўская царква 1779 г., Петрапаўлаўская царква 1780 г., Сямёнаўская, альбо Богаяўленская, царква 1790-1805 гг. і інш. Многія храмы XVIII ст. размяшчаліся на пляцах больш старажытных культавых будынкаў, што з'яўлялася пашыранай горадабудаўнічай традыцыяй. Напрыклад, збудаванні жаночага базыльянскага манастыра XVIII ст. занялі месца Духаўскага праваслаўнага манастыра, вядомага яшчэ з XIV ст. На ўчастку старажытнай драўлянай царквы ў 1796 г. узведзена царква Іаана Багаслова, пасля, у сярэдзіне XIX ст., перабудаваная. Таксама на месцы старажытнага драўлянага храма ў 1810 г. узведзена Спаская царква (разбурана ў 1812 г., нанава пабудавана ў 1813- 1819 гг., перабудоўвалася ў 1847 і 1853 гг.).
У канцы XVIII - пачатку XIX ст. у Віцебску налічвалася 28 храмаў, больш, чым у якім-небудзь іншым горадзе. Разам з унікальным прыродным ландшафтам гэта абумовіла высокую эстэтычную якасць горадабудаўнічай кампазіцыі, цудоўную панараму горада.
Культавыя будынкі змяшчаліся на вяршынях прырэчных узгоркаў і броўках плато, падкрэсліваючы прыродную прастору даліны ракі ці яра. Храмы знаходзіліся на восях далін і эфектна ўспрымаліся ў абрамленні іх маляўнічых схілаў. Найлепшае месца для будынка беспамылкова выбіралася дойлідам, што пацвярджаецца, у прыватнасці, будаўніцтвам на замыканні як мага большай колькасці тальвегаў. Апрача таго, выкарыстоўваўся прынцып арыентацыі вуліц на архітэктурныя дамінанты.
Для Віцебска характэрна вылучэнне з агульнай сістэмы дамінантаў груп з двух альбо трох збудаванняў, якія стаялі побач. Такім суседствам вылучаліся, напрыклад, ратуша, Васкрасенская царква і бернардзінскі касцёл; Благавешчанская царква, дамініканскі і парафіяльны касцёлы; касцёл і званіца езуіцкага калегіума; Мікалаеўская царква і піярскі касцёл і іншыя, што надавала своеасаблівасць кампазіцыі горада.
Праект рэгулярнай перапланіроўкі Віцебска складзены ў 1778 г. Аднак ён аказаўся няўдалым і не быў рэалізаваны. У канцы XVIII і пачатку XIX ст. распрацаваны далейшыя праекты рэканструкцыі, у адпаведнасці з якімі пераўтварылася планіровачная структура.
У адрозненне ад некаторых іншых гарадоў, напрыклад Менска і Полацка, у перыяд класіцызму новая планіроўка значна відазмяніла наяўную сетку вуліц. Ліквідавана разгалінаваная нерэгулярная планіровачная структура, якая свабодна фармавалася на працягу многіх стагоддзяў адпаведна рэльефу мясцовасці, абрысаў рэчышчаў рэк, размяшчэння крапасных сцен і вежаў, іншымі ўмовамі жыцця горада. У новай планіроўцы, якую можна вызначыць як складаную простакутную з радыяльнымі элементамі, былі недастаткова ўлічаны старыя камунікацыі. Аднак на некаторых участках ствараемыя магістралі паўтарылі напрамкі вуліц, якія ўжо існавалі. Узніклі новыя вуліцы паміж асобнымі, раней слаба звязанымі перыферыйнымі раёнамі.
Адным з вынікаў рэгулярнай перапланіроўкі з'явілася фармаванне новага працяглага гарадскога цэнтра, які ўключыў ядро цэнтра феадальнай эпохі - ансамбль дзвюх плошчаў, паралельную Дзвіне галоўную гарадскую магістраль, новую гандлёвую плошчу, якая завяршала гэты напрамак, і іншыя элементы. Акрамя таго, было закладзена некалькі плошчаў у розных частках Віцебска - Задзвінні, Заручаўі (тэрыторыя на поўдзень ад Ніжняга замка), Узгор'і і інш. За невялікім выключэннем, яны не набылі ролю архітэктурна-планіровачных цэнтраў адпаведных раёнаў. Тлумачыцца гэта адсутнасцю тут манументальнай забудовы, аддаленасцю новых плошчаў ад гістарычнага цэнтра, а таксама іх планіровачнай раз'яднанасцю.
Рэгулярная планіроўка зрабіла істотны ўплыў на далейшае фармаванне Віцебска ў эпоху капіталізму. Важны вынік будаўнічых мерапрыемстваў гэтага перыяду - пашырэнне грамадскага цэнтра, пракладка захаваных да нашага часу дзвюх магістраляў, якія перасякаюцца пад прамым вуглом, - умоўных планіровачных дыяметраў Віцебска. Уздоўж іх канцэнтравалася мноства гандлёвых і іншых грамадскіх устаноў, найбольш самавітая жылая забудова. Траса галоўнай вуліцы ва Ўзгор'і вызначыла мерыдыянальны напрамак, закладзены яшчэ ў канцы XVIII - першай палове XIX ст. Пазней яна была прадоўжана на поўдзень праз увесь раён Заручаўя. Пры гэтым узнікла неабходнасць засыпаць частку рукава Віцьбы, што прывяло да змянення гістарычнага ландшафту. Такім чынам, наўднёвая частка дыяметру, абумоўленая патрабаваннямі транспартнай сувязі раёнаў горада паміж сабой, уступіла ў супярэчнасць з вулічнай сеткай перыяду класіцызму. Новая магістраль парушыла сістэму кварталаў, якая існавала да гэтага часу, і злучыла паўночную і паўднёвую часткі горада.
Шыротны гарадскі дыяметр таксама склаўся на аснове закладзеных яшчэ ў эпоху класіцызму камунікацый. Пракладка чыгункі, будаўніцтва ў 1866 г. вакзала і фармаванне прывакзальнай плошчы выклікалі ўзмацненне горадабудаўнічай ролі Вакзальнай вуліцы (сучасная Кірава) і ўзвядзенне па яе трасе ў 1867 г. мураванага моста цераз Дзвіну. Так арганізавалася заходняя частка гарадскога дыяметра. У процілеглым баку магістраль закранула край тэрыторыі Верхняга замка і працягнулася на ўсход вуліцамі Замкавай і Задунайскай. Адпаведна пасля будаўніцтва ў канцы XVIII ст. плошчы перад езуіцкім касцёлам зноў часткова парушаны краявід узгорка Верхняга замка.
Для другой паловы XIX і пачатку XX ст. характэрна перабудова, відазмяненне некаторых храмаў. Так, напрыклад, касцёл святой Варвары, узведзены ў 1785 г., карэнным чынам рэканструяваны ў 1884 г. і набыў эклектычны дэкор. Драўляная Мікалаеўская царква 1799 г. у 1853 г. капітальна перароблена з таго ж матэрыялу (згарэла ў 1904 г.). У пачатку XX ст. у формах псеўдарускай архітэктуры паўстала Святадухаўская царква жаночага епархіяльнага вучылішча.
Далейшае развіццё атрымала манументальная грамадская і жылая забудова, якая вызначалася новым, больш разгорнутым маштабам. У многіх выпадках не лічыліся з існаваўшымі каштоўнымі старымі будынкамі. Напрыклад, у 1883 г. па праекце архітэктара Л.П.Камінскага на месцы дамоў губернатара і віцэ-губернатара на адміністрацыйнай плошчы ўзведзены будынак акруговага суда. Сярод іншых, найбольш прыкметных збудаванняў гэтага часу - тэатр (1845 г., архітэктар М.Чарвінскі), мужчынская гімназія (1880 г., архітэктары А.Памонскі, М.Карчэўскі), аддзяленне Маскоўскага міжнароднага банка (канец XIX ст., архітэктар Ц.В.Кібардзін), духоўная семінарыя (1890 г., архітэктар А.Кляменцьеў), жаночае епархіяльнае вучылішча (1902 г., інжынеры А.К.Паўлоўскі, П.А.Вінаградаў), Пазямельна-сялянскі банк (1917 г., архітэктар К.К.Тарасаў).
У 1911-1912 гг. па праекце вядомага расейскага дойліда І.А.Фаміна быў пабудаваны абеліск у гонар расейскіх воінаў, удзельнікаў бітваў пад Віцебскам у вайну 1812 г. Манумент размяшчаўся на Дварцовай плошчы перад палацам генерал-губернатара на высокім левым беразе Дзвіны. Выбар месца для помніка служыў узорам ансамблевага вырашэння: пастаўлены на восі сіметрыі палаца і, акрамя таго, на восі Дварцовай вуліцы (сучасная Савецкая), абеліск завяршаў яе відавую перспектыву.
У 1920-1930-ых гг. у гістарычнай частцы горада ўзведзены шэраг грамадскіх і жылых будынкаў. Нягледзячы на больш буйны маштаб, у параўнанні з забудовай XVIII-XIX стст., яны не сказілі кампазіцыю гістарычнага раёна.
Як і іншыя гарады Беларусі, Віцебск зведаў велізарныя разбурэнні ў перыяд Другой сусветнай вайны. Былі пашкоджаны выдатныя помнікі архітэктуры, зруйнаваны кварталы радавой гістарычнай забудовы. У працэсе пасляваеннай рэканструкцыі планіровачная структура ў асноўным захавалася і дапоўнілася новымі будынкамі, якія атрымалі значэнне сувязных элементаў у парушанай кампазіцыі цэнтра. Важнейшым мерапрыемствам гэтага перыяду аказалася стварэнне ансамбля вуліцы Кірава.
Забудова наступных гадоў характарызавалася адсутнасцю пераемнасці горадабудаўнічай кампазіцыі, якая склалася раней, што з'яўляецца агульным для ўсіх гарадоў рэспублікі. У 1960-1970-ых гг. на правым беразе Дзвіны, вуліцах Леніна, Замкавай, Пушкіна і іншых узведзены жылыя і грамадскія будынкі, размяшчэнне, аб'ёмна-прасторавае вырашэнне і архітэктура фасадаў якіх не адпавядалі мастацкім традыцыям фармавання забудовы ў гістарычнай частцы горада.
Непаўторныя прыродныя ўмовы, буйнамаштабныя ландшафтныя формы - паўнаводная Дзвіна з высокімі берагамі, велічнымі, багата азелянёнымі схіламі Віцьбы і ручая Дуная, - у гэтым цяпер своеасаблівасць аблічча гістарычнага цэнтра.
Параўнанне нерэгулярнай планіроўкі Віцебска другой паловы XVIII ст., планіроўкі перыяду класіцызму і сучаснай вулічнай сеткі дазваляе адзначыць, што толькі на некаторых участках напрамкі ці трасы сучасных вуліц супадаюць з сярэдневяковай структурай. Цяперашнія абрысы плошчаў і вуліц Узгор'я, Задзвіння, Заручаўя і іншых раёнаў амаль цалкам адпавядаюць закладзеным пры рэгулярнай перапланіроўцы ў канцы XVIII - першай палове XIX ст. У цэлым планіроўка вуліц і плошчаў мае вялікую культурную каштоўнасць як сведчанне шматвяковага развіцця Віцебска, узор мастацтва горадабудавання эпохі класіцызму.
Асноўнымі структурнымі восямі гістарычнага раёна служаць участкі памянёных вышэй мерыдыянальнага і шыротнага гарадскіх дыяметраў. У большай ступені гістарычная забудова лакалізуецца ўздоўж мерыдыянальнага напрамку - вуліцы Леніна. На перакрыжаванні восяў знаходзіцца тэрыторыя былых адміністрацыйнай і ратушнай плошчаў. Вежа ратушы - адзіная вертыкаль калісьці развітога, шматвежавага сілуэта Віцебска. Жылыя і грамадскія будынкі XVIII - пачатку XX ст. фармуюць забудову вуліц Суворава, Л.Талстога, Крылова, Савецкай, Пушкіна і іншых, на асобных участках размешчаную суцэльным фронтам, а дзе-нідзе - больш рэдка, напрыклад у Задзвінні. Да асноўных помнікаў, якія захаваліся, адносяцца фрагменты Благавешчанскай царквы, трынітарскі храм з манастырскай пабудовай, карпусы базыльянскага манастыра, Варварынскі касцёл, будынкі акруговага суда і жаночага духоўнага вучылішча і іншыя. У параўнанні з іншымі гарадамі Беларусі ў Віцебску існуе адносна многа помнікаў эпохі класіцызму. Акрамя значных страт архітэктурнай спадчыны трэба адзначыць моцна скажоны сучасным будаўніцтвам культурны пласт Верхняга і Ніжняга замкаў.
Ацалелыя помнікі - гэта крупінкі багацейшай горадабудаўнічай спадчыны, якая заставалася яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі XX ст. З 28 культавых будынкаў, якія фармавалі ўнікальныя панарамныя віды горада, захаваліся толькі два храмы, і то «заціснутыя» новай забудовай. Некаторыя разбураны ў 1930-ых гг., многія пацярпелі ў час вайны і пасля не былі адноўлены, іншыя - знесены ў працэсе пасляваеннай рэканструкцыі горада. Вынішчаны выдатныя помнікі барока самабытнага ансамбля ратушнай і адміністрацыйнай плошчаў - езуіцкі касцёл і карпусы калегіума, бернардзінскі касцёл з кляштарнымі будынкамі, што існавалі яшчэ ў канцы 1950-ых гг., а таксама Васкрасенская царква. Знішчаны гасціны двор, які прымыкаў да бернардзінскага касцёла. Цалкам разбурана галоўная дамінанта горада - базыльянскі касцёл і размешчаная насупраць, на правым беразе Дзвіны Богаяўленская царква, ад якой засталася толькі магутная падпорная сцяна ў берагавым схіле. Ад своеасаблівай групы з трох храмаў на тэрыторыі Ніжняга замка - Благавешчанскай царквы, парафіяльнага і дамініканскага касцёлаў захаваліся толькі руіны царквы, прыстасаваныя для агляду і падвергнутыя кансервацыі. Да найбольш істотных у горадабудаўнічых адносінах страт адносіцца таксама знос Святадухаўскай царквы на высокім плато, якая цудоўна ўспрымалася з розных бакоў, здвоеных дамінантаў у Задзвінні - Мікалаеўскай царквы і піярскага касцёла. Не засталося і праваслаўных і каталіцкіх храмаў - калісьці шматлікіх у розных раёнах горада.
У 1970-ых гг. знесена вялікая група жылых і грамадскіх будынкаў XVIII - пачатку XX ст. паблізу ратушнай плошчы з усходняга боку вуліцы Леніна. Недастатковая шырыня вуліцы некалькі ўскладняла рух грамадскага транспарту. Гэта акалічнасць, аднак, не з'яўляецца падставай для знішчэння каштоўнай забудовы. Акрамя таго, ва ўмовах гістарычнага горада неправамерны сам падыход раскрыцця традыцыйна замкнёнай прасторы вуліцы на ландшафтную зону.
Разбурана група будынкаў XVIII - пачатку XX ст. плошчы Свабоды на рагу вуліцы Леніна і праспекта Фрунзе, што не выклікана горадабудаўнічай неабходнасцю. Сярод гэтых помнікаў - будынак школы пры езуіцкім калегіуме. Раўнадушшам да архітэктурных каштоўнасцей і адсутнасцю горадабудаўнічага майстэрства можна растлумачыць знос манументальнага гістарычнага будынка па вуліцы Замкавай, у якім размяшчаўся педагагічны інстытут.
Вельмі важна, каб захаванне гістарычнай забудовы ў працэсе развіцця горада адбывалася поруч з тэхнічным абнаўленнем, прывядзеннем грамадскіх і асабліва жылых будынкаў у адпаведнасць з сучаснымі функцыянальнымі патрэбнасцямі насельніцтва, аснашчэннем іх інжынерным абсталяваннем. Грунтоўнай задачай далейшай рэканструкцыі Віцебска, звязанай з адраджэннем спадчыны, павінна стаць «уваскрэсенне» ўсіх разбураных помнікаў, месцы якіх не заняты новымі капітальнымі будынкамі. Выкарыстанне ж участкаў знесеных помнікаў, якія цяпер ужо забудаваны, вызначыць час, далейшая эвалюцыя нашых адносін да культурнай спадчыны Беларусі.

ВОРША

Разбурэнне кампазіцыі гістарычнага горада можна прасачыць таксама на прыкладзе Воршы. Зараджэнне і фармаванне структуры паселішча на ранніх гістарычных этапах адлюстроўвае ўласцівыя старажытнарускаму горадабудаўніцтву заканамернасці. У X ст. на ўзгорку на вузкім пляцы пры ўпадзенні ракі Аршыца ў Дняпро збудаваны дзядзінец - планіровачная першааснова горада. У XV ст. замак атрымаў развіццё на паўночны ўсход і з напольнага боку быў абкружаны ровам, які злучыў Аршыцу з Дняпром. Ландшафтнымі ўмовамі формаўтварэння структуры былі востры мыс у вусці Аршыцы, яе лукавіна, якая рэзка мяняла накірунак рэчышча, дугападобны роў, крутая лукавіна Дняпра на поўдні і яго плаўны заварот ва ўсходняй частцы горада, а таксама высокая града ўзгоркаў з захаду, што адступала на некалькі соцень метраў ад берагоў Аршыцы і Дняпра.
У XVI ст. замак, умацаванае ядро горада, уключаў пяць аб'яднаных сценамі абарончых вежаў. На яго арыентаваліся асноўныя вуліцы, якія пераходзілі ў міжпаселішчныя дарогі і вызначалі структурна-планіровачны «каркас» Воршы. Па генетычных прыкметах планіроўка правабярэжжа Дняпра ў другой палове XVIII ст. можа быць вызначана як сярэдневяковая, што склалася натуральна. Відавочна, структура левабярэжжа мела рэнесансную аснову XVI ст. На гэта ўказвае прамалінейнасць вуліц, геаметрычна правільны абрыс кварталаў і трапецападобнай плошчы ў цэнтры раёна, утворанага, напэўна, па адзінай задуме.
Паводле фармальна-тыпалагічных прыкмет планіроўка паміж Дняпром і Аршыцай характарызавалася як радыяльна-дугавая (радыяльныя напрамкі разыходзіліся ад замка і гандлёвай плошчы і перасякаліся некалькімі вуліцамі, што ўяўлялі сабой кароткія адрэзкі акружнасці). Такая сетка вуліц вельмі тыповая для сярэдневяковага горадабудаўніцтва ўсходніх славян у выпадку фармавання горада на вострым мысе пры ўпадзенні малой ракі ў вялікую. Планіровачная структура правабярэжжа Аршыцы ўяўляла сабой характэрны прыбярэжны від планіроўкі так званага падола ля падножжа высокай грады ўзгоркаў і па канфігурацыі адносілася да лінейна-радавога тыпу (адна вуліца - працяг міжгарадской дарогі, перасякалася радам кароткіх папярочных напрамкаў, якія выходзілі да ракі). Сістэма вуліц Задняпроўя ў разглядаемы перыяд блізкая да простакутнай з элементамі веернай структуры ў лукавіне Дняпра.
З планіровачнай сеткай была цесна звязана сістэма вышынных культавых будынкаў XVII- XVIII стст. у стылі барока, якая ўключала каталіцкія і праваслаўныя манастыры і прыходскія храмы: езуіцкі, трынітарскі, францысканскі, дамініканскі, бернардзінскі, жаночы і мужчынскі базыльянскія кляштары, місіянерскі касцёл, цэрквы святога Мікалая, Васкрасення, Нараджэння Багародзіцы, Ільінскую. Уздоўж рэк сфармаваліся рытмічныя рады культавых дамінантаў, уласцівыя пэўным ландшафтным прасторам. Наўсцяж Аршыцы на падоле склаўся часты «камерны» рытм вышынных элементаў з невялікімі інтэрваламі. Пры гэтым уверх па цячэнню па меры ўдалення ад цэнтра крок дамінантаў на абодвух берагах ракі ўзрастаў.
Іншая заканамернасць прасочвалася ў размяшчэнні збудаванняў, што арганізавалі прыродную прастору ўздоўж Дняпра. Тут характэрная лаканічная, рэдкая пастаноўка вертыкальных элементаў на вялікай адлегласці адзін ад аднаго з уключэннем у сістэму прырэчных ансамбляў загараднага Богаяўленскага Куцеінскага манастыра.
Рэканструкцыя Воршы ў перыяд класіцызму значна трансфармавала існуючую планіроўку. Аднак, у залежнасці ад раёна, у рознай ступені праявіўся пераемны падыход. Напрыклад, класіцыстычныя прынцыпы пабудовы вулічнай сеткі ў найбольшай меры адпавядалі рэгулярнай структуры Задняпроўя, якая склалася раней. Пры перапланіроўцы горада захаваліся накірункі большасці вуліц. Узбуйніліся кварталы, на месцы нерэгулярных плошчаў былі ўтвораны новыя простакутнай формы: галоўная плошча для размяшчэння гасцінага двара і дзяржаўных устаноў на асноўнай Пецярбургскай вуліцы, што пераходзіла ў Віцебскую дарогу, і гандлёвая плошча за Аршыцай.
Рэалізацыя праекта рэгулярнан планіроўкі адбывалася на працягу першай паловы XIX ст. У другой палове XIX - пачатку XX ст. праектная канцэпцыя атрымала пераемнае развіццё з выкарыстаннем распрацаваных класіцыстычным горадабудаўніцтвам прыёмаў. Планіровачная структура горада ў пачатку XX ст. характарызуецца наступным чынам.
Тэрыторыя правабярэжжа з асноўнай часткай грамадскага цэнтра вызначалася спалучэннем некалькіх простакутных сістэм вуліц і асобных радыяльных прамянёў. Планіроўка раёна за Аршыцай таксама аб'яднала простакутныя сістэмы напрамкаў. Структура вуліц Задняпроўя - у асноўным простакутная з дыяганальнымі элементамі. Паўночна-заходнія селіцебныя тэрыторыі каля чыгуначнага вузла мелі блізкую да простакутнай планіроўку з асобнымі дугавымі элементамі.
Да цяперашняга часу са шматлікіх культавых дамінантаў захавалася ў неперабудаваным выглядзе толькі Ільінская царква на беразе Дняпра, зробленая ў псеўдарускім стылі ў 1880 г. Зруйнаваны адзін з самых буйных храмаў Воршы - касцёл трынітарскага кляштара 1714 г., што знаходзіўся на паўночна-ўсходнім баку галоўнай плошчы. У 1831 г. касцёл быў перабудаваны ў праваслаўны сабор. У першыя гады савецкай улады сабор, пераабсталяваны пад аэраклуб, страціў чатыры вуглавыя вежы. Пашкоджаны падчас Другой сусветнай вайны, храм яшчэ выкарыстоўваўся ў пасляваенныя гады, а потым быў знесены, што запатрабавала значных матэрыяльных затрат. У канцы 1950-ых гг. заставаліся толькі ледзь прыкметныя рэшткі калісьці велічнага збудавання. Знікла таксама агароджа з брамамі, якая акружала ансамбль, захаваўся толькі жылы манастырскі корпус, дзе ў XIX ст. размяшчалася вучылішча.
Супрацьлеглы бок плошчы займаў ансамбль езуіцкага калегіума, заснаванага ў 1604 г. канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Львом Сапегам. У 1690 г. па ўказу караля Яна Сабескага замест драўляных пабудаваны мураваныя касцёл і карпусы калегіума. Тут існавалі вучылішча, школьны тэатр, аптэка, лабараторыі, вялікі сад. У перыяд мікалаеўскай рэакцыі ў 1831 г. касцёл зруйнавалі, а службовыя карпусы прыстасавалі пад турму, якая яшчэ дзейнічала да нядаўняга часу. Акрамя двух такіх будынкаў захавалася манастырская сцяна.
На паўднёва-ўсходнім баку плошчы быў узведзены будынак гарадской управы ў стылі класіцызму. Яго асноўны корпус меў два паверхі і высокую драўляную аглядную вежу. Аднапавярховы П-падобны флігель утвараў вакол яго ўнутраны двор, у які ўязджалі праз вялікія паўцыркульныя аркі. Цяпер гэтага помніка няма. Страчаны таксама старыя пасадкі сквера і драўляны тэатр у стылі мадэрн, што існавалі на плошчы. Яе забудова, якая калісьці з'яўлялася адметным архітэктурным ансамблем выдатных культавых і грамадскіх збудаванняў, радавых жылых і гандлёвых будынкаў, цяпер мае прымітыўнае, па-мастацку не арганізаванае аблічча.
Большасць храмаў горада цалкам знішчана. Недалёка ад вусця Аршыцы мясцовасць упрыгожвала царква Раства Багародзіцы, пабудаваная ў стылі барока ў 1691 г. У сярэдзіне 1950-ых гг. знесены апошні фрагмент царкоўнага комплексу - службовы корпус з вежай-званіцай, якая выходзіла на Вакзальную (Савецкую) вуліцу. У 1987 г. пры пракладцы трубаправода ў культурным пласце на месцы царквы былі знойдзены асобныя часткі сцен і падмуркаў, рэшткі паліхромнай кафлі, шматлікія месцы пахавання.
Значна зменены размешчаны паблізу дамініканскі касцёл святога Іосіфа Абручніка, пабудаваны ў 1649 г. і перароблены ў 1819 г. Яшчэ ў канцы XIX ст. у сувязі з ганеннямі на католікаў пасля паўстання К.Каліноўскага былі разабраны дзве вежы-званіцы галоўнага фасада. У 1950-ых гг. праведзена карэнная рэканструкцыя храма, які потым выкарыстоўваўся як Дом культуры. Да сярэдзіны 1970-ых гг. побач з дамініканскім касцёлам, на другім баку вуліцы Савецкай, размяшчаўся францысканскі касцёл святога Антонія, які адносіцца да 1680 г. Пры расшырэнні праезнай часткі вуліцы храм разбурылі, захаваўся толькі двухпавярховы жылы манастырскі будынак.
Шматлікія факты знішчэння культавых дамінантаў, якія яшчэ ў першай палове XX ст. вызначалі эстэтыку гарадскога асяроддзя, унікальную своеасаблівасць Воршы, прывялі да абязлічання горада. Разглядаючы вынікі заганнай ідэалагічнай палітыкі, што ў вялікай ступені адбіліся на горадабудаўніцтве, трэба асабліва адзначыць знос царквы базыльянскага манастыра - аднаго з найбольш каштоўных помнікаў барока, які насіў таксама элементы класіцызму, - ледзь не асноўнай славутасці Воршы. Драўляны манастыр быў закладзены на правым беразе Аршыцы ў 1642 г., а ў 1758-1774 гг. пабудаваны мураваная вуніяцкая царква - трохнефавы крыжова-купальны храм з дзвюхвежавым галоўным фасадам - і двухпавярховы жылы корпус. У 1832 г. базыльянскі комплекс перайшоў у праваслаўнае ведамства, а ў яго жылых памяшканнях пачало працаваць духоўнае вучылішча. У 1920-ых гг. манастыр быў узяты пад дзяржаўную ахову, пазней тут дзейнічаў краязнаўчы музей, што, аднак, не змагло зберагчы храм. У 1960-ыя гг. спатрэбілася шмат часу і матэрыяльных сродкаў, каб зраўняць з зямлёй гэты велічны помнік дойлідства.
На другім беразе Аршыцы ўзвышаўся бернардзінскі касцёл, пабудаваны ў 1636 г. У першай палове XIX ст. ён перададзены ваеннаму ведамству, а жылы корпус з цягам часу прыстасаваны пад лячэбную ўстанову; зараз тут знаходзіцца аддзяленне гарадской бальніцы, касцёл жа не захаваўся. Страчаны і многія іншыя помнікі Воршы.

ПАСТАВЫ

Прыватнаўласніцкае мястэчка Паставы, якое належала магнатам Дэспатам-Зяновічам, вядома з 1552 г. Яно ўпамінаецца таксама ў 1581 г. як этапны пункт руху на Полацак войск Стэфана Баторыя падчас вайны з арміяй Івана Грознага. Паселішча склалася на берагах двух азёр, утвораных ракой Мядзелкай. Мажліва, яго планіровачная структура мела няправільны радыяльны характар, распаўсюджаны сярод гарадоў сярэдневякоўя і Новага часу, якія фармаваліся натуральна, без буйных горадабудаўнічых мерапрыемстваў. У XVI - пачатку XVII ст. уся забудова Пастаў была драўлянай, уключаючы храмы і магнацкую сядзібу на поўдзень ад паселішча.
У адпаведнасці з інвентаром 1628 г. існавала рыначная плошча, дзе размяшчаліся касцёл з плябаніяй, карчма, шэсць жылых двароў. Вядомы дзве вуліцы, што разыходзіліся ад плошчы. Адна вяла да сядзібы, другая, на якой знаходзілася Мікалаеўская царква, - у зарэчную частку мястэчка.
У 1720 г. маёнтак перайшоў ва ўласнасць рода Тызенгаўзаў. У 1770-ых гг. А.Тызенгаўз, міністр фінансаў (надворны падскарбі), арганізаваў у Паставах буйную мануфактурную вытворчасць з запрашэннем замежных рабочых, правёў шырокамаштабныя будаўнічыя мерапрыемствы, паспрабаваў ператварыць свой маёнтак у адзін з цэнтраў культурна-прамысловага адраджэння краю. Тызенгаўз, як і шэраг іншых грамадскіх
дзеячаў блізкай да распаду Рэчы Паспалітай, бачыў выхад з эканамічнага крызісу ў штучным укараненні прамысловасці ў адсталую гаспадарку краіны. У далейшым яго прадпрыемствы пацярпелі крах у сувязі з тым, што натуральная гаспадарка не забяспечвала збыту тавараў, а прыгонная праца на мануфактурах была непрадукцыйная.
З часам мястэчка поўнаецю змянілася і атрымала блізкую да простакутнай структуру вуліц. Аўтарам праекта перапланіроўкі, а таксама ансамбля жылых і грамадскіх будынкаў гандлёвай плошчы лічыцца італьянскі архітэктар Джузепе (Юзаф) Сака, які з 1773 г. пастаянна жыў у Горадні. Сака быў прыдворным дойлідам А.Тызенгаўза, кіраўніком будаўніцтва каралеўскіх мануфактур у Вялікім Княстве Літоўскім, узначальваў будаўнічую школу ў Горадні. Па яго праектах збудавана Аўгустоўская і Станіславаўская сядзібы, а таксама палац Тызенгаўза (у сааўтарстве) у Горадні, палацы ў Свяцку, Шчорсах (у сааўтарстве), ажыццёўлена рэканструкцыя гарадзенскага каралеўскага палаца, выкананы іншыя грамадскія і культавыя пабудовы, інтэр'еры, малыя архітэктурныя формы.
Ансамбль пастаўскай плошчы - унікальны твор барока, разглядаўся ў шэрагу даследаванняў. Назапашаны немалы факталагічны матэрыял, што адлюстроўвае ўмовы яго будаўніцтва і архітэктуру асобных будынкаў. Аднак пры гэтым засталася невыяўленай сістэма мастацкіх уласцівасцей ансамбля, спецыфічныя творчыя прынцыпы стварэння горадабудаўнічых форм. Спынімся на недаследаваных і незахаваных рысах, якія вызначалі эстэтычнае значэнне комплексу. Ён служыць адным з яскравых прыкладаў страты горадабудаўнічай спадчыны.
Рэдкая шматфункцыянальнасць вылучала ансамбль сярод плошчаў іншых гарадоў. Забудова ўключала гандлёвыя рады, прыходскі касцёл, вуніяцкую царкву, школу, кафэ («кафэнгаўз»), дзве гасцініцы, аўстэрыю, заезныя дамы, суд, будынак лячэбніцы і канцылярыі, жылыя дамы іншаземных рабочых. У адрозненне ад многіх плошчаў з перавагай культавага прызначэння склад забудовы сведчыў аб выражаным грамадскім, свецкім характары ансамбля.
Па свайму кампазіцыйна-генетычнаму тыпу ансамбль з'яўляўся барочным. План плошчы набліжаўся да простакутніка з бакамі 87, 98, 189 і 197 м. Да вуглоў плошчы падыходзілі чатыры вуліцы, з невялікім адхіленнем, трасіраваныя як працяг бакоў плошчы. Кампазіцыя забудовы паўднёвага і заходняга бакоў была сіметрычнай, а паўночнага і ўсходняга - асіметрычнай. Асіметрычна ў прасторы плошчы размяшчаўся таксама квадратны ў плане корпус гандлёвых радоў з унутраным дваром.
У ансамблі на аснове мастацкага проціпастаўлення ўжыты прынцыпы сіметрыі і асіметрыі арганізацыі забудовы. У агульнай асіметрычнай структуры, абумоўленай, з аднаго боку, улікам пры стварэнні ансамбля ранейшай нерэгулярнай планіроўкі, з другога - асаблівасцямі творчага падыходу дойліда, скарыстаны развітыя сіметрычныя групы будынкаў.
У мэтах аналізу складанай мастацкай арганізацыі ансамбля мажліва ўмоўна вылучыць унікальныя і радавыя элементы кампазіцыі. Да першых адносіліся: гандлёвыя рады - галоўны будынак ансамбля; цэнтрычна размешчаная на ўсходнім баку школа; драўляныя касцёл і царква, што фланкіравалі гэты бок; кафэ - асноўны будынак паўднёвага боку на восі яго сіметрыі; аўстэрыя - асіметрычна размешчаная галоўная пабудова паўночнага боку. Радавыя элементы кампазіцыі створаны на аснове тыпізацыі аб'ёмна-планіровачных і пластычных рашэнняў будынкаў, што з'явілася адлюстраваннем прагрэсіўных сацыяльна-эканамічна абумоўленых тэндэнцый у горадабудаўніцтве барока XVIII ст.
Тыпізацыя спалучалася з варыянтнасцю дэкаратыўных элементаў. Вылучалася тры тыпы радавых пабудоў: павернуты да плошчы тарцовым барочным шчыпцом аднапавярховы жылы дом рамесніка; двухпавярховы грамадскі будынак, які выходзіў на плошчу доўгім бокам; звернуты да плошчы доўгім бокам аднапавярховы грамадскі будынак з мансардай.
Прынцып выкарыстання дзвюх сіметрычных (заходняя, паўднёвая) і дзвюх асіметрычных (усходняя, паўночная) кампазіцый забудовы бакоў плошчы дапаўняўся прыёмам агульнасці аб'ёмна-планіровачнага тыпу радавых будынкаў на сіметрычным і асіметрычным баках, а менавіта: на заходнім і паўночным баках быў скарыстаны аднапавярховы жылы дом з тарцовым барочным шчыпцом. Акрамя таго, ужыты прыём адрознення аб'ёмна-планіровачнага тыпу радавых будынкаў на сіметрычных баках: дзвюхпавярховая грамадская пабудова стаяла толькі на заходнім баку, аднапавярховая з мансардай - толькі на паўднёвым. Трэба адзначыць, што метралагічны аналіз асноўных планіровачных памераў плошчы паказаў адсутнасць простых матэматычных прапорцый, толькі адносіны даўжыні фасадаў забудовы заходняга і паўночнага бакоў складалі 174 : 84 м альбо прыблізна 2 : 1.
У аснове вобраза ансамбля ляжала актыўнае выкарыстанне рытму архітэктурных аб'ёмаў. Найбольш складаная кампазіцыя забудовы заходняга боку грунтавалася на двайным яго прымяненні. Больш буйны рытм утваралі аднатыпныя двухпавярховыя будынкі - два крайнія і адзін цэнтральны. Рытм меншага маштабу фармаваўся шасцю тыповымі аднапавярховымі дамамі, размешчанымі з інтэрваламі ў восях 20 м.
З такім жа шагам тры будынкі гэтага тыпу размяшчаліся і на паўночным баку, а адлегласць 25 м у восях была паміж крайнім тыповым домам і аўстэрыяй. Рытм паўднёвага боку, створаны дзвюма тыповымі аднапавярховымі гасцініцамі і кафэ, таксама вызначаўся шагам 25 м. Трэба адзначыць, што адлегласць паміж усімі пабудовамі заходняга і паўночнага бакоў была аднолькавай - 8,5 м, на паўднёвым баку яна складала 6 м.
Акрамя двайнога рытма, асаблівасцямі забудовы заходняга боку былі складаны, маляўнічы сілуэт і выразны аб'ёмна-прасторавы кантраст двух тыпаў радавых пабудоў, а таксама зрокавае ўзмацненне флангаў фасада забудовы шляхам блакіроўкі трох рознахарактарных будынкаў у адзіныя вуглавыя групы.
Справа і злева ад цэнтральнага двухпавярховага збудавання на заходнім баку размяшчалася па тры аднапавярховыя дамы. Яны мелі амаль аднолькавыя шчыпцы з трохкутным завяршэннем. Пры гэтым сярэднія ў групах дамы вянчаліся шчыпцом авальнай формы, што яшчэ больш узмацняла рытмічны характар усёй кампазіцыі. Цікава адзначыць прыём стварэння сіметрычных «трыяд» блізкіх па прапорцыях будынкаў, характэрны для горадабудаўніцтва барока і ранняга класіцызму пры фармаванні забудовы гарадскіх плошчаў. Узорам могуць служыць таксама групы з трох адміністрацыйных будынкаў канца XVIII ст. на супрацьлеглых баках галоўнай плошчы Полацка. Тут сярэднія ў групах пабудовы таксама вылучаліся крывалінейнай формай франтона.
У перыяд найвышэйшага развіцця горадабудаўнічай кампазіцыі пастаўскага ансамбля (1770-ыя гг.) да вышынных збудаванняў адносіліся драўляныя касцёл і царква. Дакументальных матэрыялаў, якія дазваляюць выканаць рэканструкцыю іх аблічча, не захавалася. Выключэнне складаюць планы Пастаў канца XVIII ст., на падставе якіх можна ўстанавіць канфігурацыю і памеры храмаў. Вядома, што прыходскі касцёл быў пабудаваны яшчэ ў 1516 г., у 1760 г. знішчаны пажарам, а ў 1784 г. ужо існаваў новы двухвежавы драўляны касцёл. Вуніяцкая базыльянская царква адносіцца да 1713 г. Пры ёй на ўсходнім баку плошчы на сродкі Тызенгаўза збудаваны невялікі дом свяшчэнніка, месцазнаходжанне якога невядома. Пасля, у 1849 г., на месцы драўлянай царквы пабудавана мураваная ў псеўдарускім стылі.
Відавочна, што ў прасторавай кампазіцыі ансамбля вылучаліся тры ўмоўныя вышынныя ўзроўні. Да першага з іх належала аднапавярховая жылая і грамадская забудова, да другога - двухпавярховыя грамадскія будынкі, да трэцяга - культавыя збудаванні. Элементы другога і трэцяга ўзроўняў, дамінуючыя ў адносінах да першага ўзроўня, утваралі зрокава раўнаважныя архітэктурныя масы. Пры гэтым кожнаму з трох дамінуючых элементаў аднаго боку плошчы дакладна адпавядаў элемент на супрацьлеглым баку. Прынцып раўнавагі прасочваўся таксама асобна на ўсходнім баку, дзе дамінанты фармавалі трохкутную ў плане структуру. Акрамя таго, візуальна ўраўнаважаныя паміж сабой былі буйныя аднапавярховыя аб'ёмы гандлёвых радоў і аўстэрыі - асіметрычна размешчаным у прасторы плошчы крамам гарманічна адпавядаў таксама асіметрычны ў забудове паўночнага боку корпус аўстэрыі.
Такім чынам, прынцып кампазіцыйнай раўнавагі быў увасоблены ў прасторавай арганізацыі ансамбля ў цэлым, у рашэнні бакоў плошчы як яго закончаных, цэласных састаўляючых, а таксама ў кампазіцыйных сувязях паміж асобнымі дамінуючымі элементамі. Раўнавагу дамінуючых збудаванняў мэтазгодна вызначыць як парную, паколькі найбольш ясна проціпастаўляліся два рознахарактарныя або аднахарактарныя элементы паміж сабой.
Асіметрычнае становішча гандлёвых радоў забяспечвала арганізацыю ў паўночнай частцы плошчы шырокай прасторы для кірмашоў, якія праводзіліся пяць разоў у год. Акрамя таго, на рынку збіралася прыезджае вясковае насельніцтва па нядзелях, што таксама патрабавала адкрытай прасторы. Паварот будынка на 8 у адносінах да падоўжнай восі плошчы дазваляў пашырыць пропуск дыяганальнага транзітнага руху з поўдня на поўнач. Такая пастаноўка збудавання адлюстроўвала арганічную залежнасць кампазіцыі ад асаблівасцей функцыянальнай арганізацыі і ўяўляла сабой гістарычную традыцыю, характэрную для гарадскіх плошчаў, што склаліся на сярэдневяковай планіровачнай аснове, і ўвасобленую ў познебарочным ансамблі. Аналагічны прынцып размяшчэння гандлёвых радоў, які спрыяў свабоднаму транзітнаму руху ў розных напрамках, назіраўся, напрыклад, на галоўнай плошчы Наваградка.
Уплыў асаблівасцей спантанна створаных структур на барочную рэгулярную планіроўку ансамбля не вычэрпваецца згаданым прынцыпам пастаноўкі гандлёвых радоў. Прыём трасіроўкі падыходзячых да плошчы вуліц як працяг бакоў плошчы, што напамінае свастыку, вельмі тыповы для чатырохкутных сярэдневяковых плошчаў эўрапейскіх гарадоў. Ён забяспечваў візуальную замкнёнасць перспектывам уздоўж гэтых вуліц і прасторы самой плошчы, што з'яўлялася адной з мастацкіх мэтаў сярэдневяковага горадабудаўніка.
Аналіз размяшчэння будынка крамаў у плане плошчы дазволіў выявіць таксама іншыя заканамернасці. Сярэдневяковая традыцыя пастаноўкі дапаўнялася «геаметрычным» падыходам да вызначэння месцазнаходжання збудавання. Яго геаметрычны цэнтр знаходзіўся пасярэдзіне ўнутранага двара і дакладна на перасячэнні дыяганалей, адна з якіх злучала канцы фасадаў ансамблевай забудовы заходняга і паўднёвага бакоў, а другая - край фасада забудовы паўднёвага боку з вуглом будынка школы. Гэты ж цэнтр распалагаўся на перакрыжаванні іншых дыяганалей: што злучала паўднёва-заходні вугал плошчы з сярэдзінай фасада школы і што звязвала паўднёва-ўсходні вугал плошчы з вуглом аднаго з дамоў на заходнім баку. Таксама праз гэты цэнтр праходзіла прамая лінія паміж паўночна-ўсходнім вуглом плошчы і вуглом будынка кафэ.
Акрамя таго, вонкавыя фасадныя плоскасці паўднёвай і паўночнай уваходных арак гандлёвых радоў таксама былі спраектаваны на перасячэнні адпаведна дзвюх пар дыяганалей, якія аб'ядналі важныя кропкі агульнай планіровачнай будовы ансамбля. Цераз геаметрычны цэнтр гандлёвых радоў і сярэдзіны парталаў праходзіла і працяглая вось, якая звязвала сярэдзіны фасадаў будынкаў кафэ і аўстэрыі. Праведзены аналіз сведчыць, што ў планіровачнай кампазіцыі плошчы ў якасці прыёма формаўтварэння выкарыстана сістэма вузлавых ці «залатых» кропак, прызначаных упарадкаваць будову, адлюстраваць у структуры ансамбля пэўную аўтарскую задуму (гл. рыс. 284, кропкі 1, 2, 3).
Апроч прымянення «залатых» пунктаў, іншым фармальным прынцыпам можа быць умоўна названа ўзаемаўвязка граней архітэктурных аб'ёмаў. Напрыклад, плоскасць паўночнага фасада гандлёвых радоў арыентавалася на цэнтр галоўнага фасада аднаго з жылых дамоў, а плоскасць бакавога фасада апошняга - на вугал будынка крамаў. Такія супадзенні плоскасцей, восей і ліній архітэктурных аб'ёмаў назіраюцца ў кампазіцыйным узаемадзеянні гандлёвых радоў, жылых будынкаў заходняга боку і вуніяцкага храма.
Прапарцыянальны аналіз вышыннай будовы ансамбля выяўляе зрокавую перавагу прасторы над архітэктурнымі масамі: адносіны вышыні аднапавярховай забудовы да шырыні плошчы - каля 1 : 12, а да даўжыні - 1 : 25; для двухпавярховых будынкаў гэтыя прапорцыі - 1:8 і 1 : 17.
Такім чынам, характэрныя для ансамбля суадносіны вышынных і планіровачных памераў для ўсёй забудовы, за выключэннем культавых дамінантаў, знаходзіліся ў межах прыкладна ад 1 : 8 да 1 : 25.
На ўзоры ансамбля прасочваецца тыповы для горадабудаўніцтва як сярэдневяковага, так і Новага часу прынцып завяршэння вулічных перспектыў найбольш важнымі ў архітэктурных адносінах, але рознымі па тыпу і горадабудаўнічай ролі збудаваннямі. Вуліца Задзіўская арыентавалася на галоўны фасад касцёла, вуліца Віленская - на
порцік аўстэрыі, вуліца Браслаўская - на мезанін гасцініцы. Традыцыйная сістэма кампазіцыйных восей дапаўнялася арыгінальным прыёмам: порцік аўстэрыі, паўночная і паўднёвая брамы гандлёвых радоў і партал кафэ знаходзіліся на адной візуальна-прасторавай восі, якая забяспечвала «скразное» ўспрыняцце праз праёмы ў гандлёвых карпусах архітэктурных акцэнтаў фасадаў аўстэрыі і кафэ.
Важная рыса ансамбля - адсутнасць суцэльнага фронту забудовы бакоў плошчы, вялікае кампазіцыйнае значэнне прамежкавых прастораў паміж будынкамі. Відавочна, свабодная пастаноўка аб'ёмаў выклікана, з аднаго боку, жаданнем максімальна павялічыць маштаб ансамбля пры абмежаваных матэрыяльных магчымасцях, з іншага - неабходнасцю арганізацыі зручных для карыстання зямельных участкаў пры будынках. Такі прынцып размяшчэння забудовы адлюстроўваў вялікія тэрытарыяльныя рэсурсы населеных месцаў, з'яўляўся ўвогуле характэрным для малых гарадоў і мястэчак і абумовіў развітую сістэму зрокавых сувязей паміж элементамі горада. Ансамбль візуальна злучаўся з бліжэйшымі сажалкамі, францысканскім кляштарам на супрацьлеглым беразе, палацам Тызенгаўза ў паўднёвай частцы паселішча.
Ансамблевая аднастайнасць забудовы дасягалася не толькі сродкамі аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі, але і дэкаратыўна-стылёвым рашэннем у спрошчаных формах позняга барока, выкарыстаннем некаторых прыёмаў архітэктурнага ўбрання, агульных для розных тыпаў радавых будынкаў і ўнікальных аб'ектаў. Да такіх прыёмаў адносіліся працяглыя нішы атыка (крамы; жылыя дамы, сярэднія ў групах трох аднатыпных будынкаў), падобныя ліштвы з падаконнай нішай (тыя ж сярэднія ў групах жылыя дамы; усе грамадскія будынкі, за выключэннем гандлёвых радоў), замковы камень ліштвы (грамадскія будынкі заходняга і паўднёвага бакоў).
Да цяперашняга часу ансамбль амаль страчаны: з 22 будынкаў захавалася толькі 8, пры гэтым два з іх карэнным чынам перабудаваны. Разбурэнне забудовы адбылося, у асноўным, пасля Другой сусветнай вайны. У канцы 1940-ых і 1950-ых гг. большая частка будынкаў яшчэ існавала. У даленшым без якой-небудзь аб'ектыўнай неабходнасці знесены гандлёвыя рады, іншыя грамадскія і жылыя будынкі. Увесь паўднёвы бок плошчы заняў невыразны чатырохпавярховы тыповы будынак райвыканкама, які сваім архітэктурным абліччам зрокава падаўляе гістарычную забудову.

МАГІЛЕЎ

Пры разглядзе працэсу знішчэння матэрыяльнай культурнай спадчыны гарадоў, а таксама пры параўнанні сучаснага стану іх цэнтраў з сітуацыяй у пачатку XX ст. трэба памятаць гістарычны лёс Беларусі ў першай палове нашага стагоддзя. У 1920-1930-ых гг. заходняя частка рэспублікі ўваходзіла ў склад Польшчы і на працягу названага часу на гэтых тэрыторыях не адбывалася масавае разбурэнне культавых будынкаў. Барацьба з рэлігіяй ва ўсходніх абласцях, горадабудаўнічая ідэалогія «будаўніцтва новага свету» як у даваенны час, так і ў перыяд пасляваеннага аднаўлення прывялі да змяншэння колькасці выдатных помнікаў і раёнаў масавай гістарычнай забудовы. Такая дзяржаўная палітыка садзейнічала зніжэнню культурнага патэнцыялу паселішчаў усходняга рэгіёна, устойлівай тэндэнцыі поўнай змены гісторыка-архітэктурнага асяроддзя, якое фармавалася стагоддзямі, на новае гарадское наваколле.
Аналіз захаванасці помнікаў горадабудаўніцтва і архітэктуры ў маштабе краіны сведчыць, што арэал канцэнтрацыі культурнай спадчыны ахоплівае захад і паўночны-захад Беларусі. Наадварот, Магілеўская і Віцебская вобласці ўтрымліваюць сумнае першынство па памерах панесеных страт пры сумніцельным дасягненні новых эстэтычных горадабудаўнічых якасцей за кошт знішчэння старых. Супаставім цэнтр Магілева ў нашы дні з тым, што існаваў яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі XX ст.
Цэнтральная частка горада размешчана на высокім клінападобным плато паміж лукавінай Дняпра і яго прытокам Дубровенкай. У другой палове XVII-XVIII стст. горад меў тры паясы земляных абарончых збудаванняў: замак - першааснова горада, умацаванні трохкутнага ў плане Старога горада, які прымыкаў да замка, і вонкавы пояс, што ахопліваў шырокія гарадскія тэрыторыі правабярэжжа Дняпра. Планіроўка цэнтральнай часткі спалучала радыяльную з папярочнымі элементамі сістэму вуліц у Старым горадзе і простакутную сетку на Шклоўскім пасадзе. На астатняй гарадской тэрыторыі, у межах трэцяй абарончай лініі, планіровачная структура была разнастайная: простакутна-прамалінейная ў Задубровенскім пасадзе, блізкая да радыяльнай у Пакроўскім пасадзе на раўніннай мясцовасці ля падножжа плато, перакрыжаванай у Луполаве за Дняпром і інш.
Ансамбль галоўнай плошчы, які фармаваў цэнтр горада, займаў унікальны ў горадабудаўнічых адносінах участак каля замка на канцы плато над Дняпром. Да плошчы падыходзіла галоўная вуліца - Шклоўская, пазней - Дняпроўскі праспект, цяпер вуліца Першамайская. У канцы XVIII - першай палове XIX ст. сістэма грамадскіх прастораў уздоўж яе дапаўнялася авальнай плошчай перад Іосіфаўскім саборам, а таксама незабудаваным участкам на месцы ліквідаванай лініі ўмацаванняў Старога горада. У гэты час, як і ў Віцебску, у перыферыйных раёнах Магілева пачалі закладвацца новыя плошчы - у Луполаве, на Віленскім і Пакроўскім пасадах.
Архітэктурны ансамбль галоўнай гандлёвай, пазней губернатарскай плошчы прасторава звязваўся з Дняпром. Вертыкальнай дамінантай яе забудовы з'яўлялася ратуша са шмат'яруснай вежай, узведзеная ў 1679-1692 гг. (перабудавана ў 1773 г.). Да ратушы прымыкаў Г-падобны ў плане гасціны двор. У 1770-ых гг. у стылі класіцызму на паўднёвым баку плошчы пабудаваны палац губернатара і будынак губернскага праўлення, на паўночным - палац віцэ-губернатара і будынак суда, урачэбнай управы і архіва.
У раёне плошчы ў межах другога кальца равоў размяшчаліся культавыя збудаванні, якія разам з ратушай фармавалі выразны шматвежавы сілуэт Магілева. Ён эфектна ўспрымаўся з вялікіх адлегласцей ад левабярэжжа, Пакроўскага пасада і з іншых гарадскіх тэрыторый. Да гэтых храмаў адносіўся Богаяўленскі сабор - адно з найбольш буйных і адметных збудаванняў Магілева, узведзенае ў 1633-1636 гг. у стылі ранняга барока В.Палоўкам і А.Азаровічам (дабудаваны ў XVIII ст.). Побач з ім у XVII ст. узведзена вежа-званіца з гадзіннікам. Паблізу адхону плато ўзвышалася царква Спаскага манастыра, закладзеная ў 1740 г. і адбудаваная пасля пажару ў 1756-1762 гг. у формах віленскага барока па праекце архітэктара І.К.Глаўбіца. Акрамя царквы ў комплекс уваходзілі званіца, будынкі семінарыі, іншыя манастырскія карпусы і палац праваслаўнага архіепіскапа Георгія Каніскага, будаўніцтва якога працягвалася з 1762 па 1785 г. Гэты будынак захаваўся да нашага часу.
На Шклоўскай вуліцы каля равоў Старога горада размяшчаўся езуіцкі калегіум, які ўключаў касцёл святога Ксаверыя (1699-1795) у стылі барока (з 1833 г. - праваслаўная Васкрасенская царква, дабудавана ў 1848 г.), жылыя і вучэбныя карпусы (1686-1699). У 1826 г. у памяшканнях калегіума следчая камісія праводзіла допыты дзекабрыстаў - братоў Мураўёвых-Апосталаў, М.Бястужава-Руміна і іншых.
Па другі бок засыпанага крапаснога рова, на месцы якога ў канцы XIX ст. быў пасаджаны бульвар, знаходзіцца кармеліцкі касцёл святога Станіслава (1738-1752 гг., перабудаваны ў 1788 г.), які захаваўся да нашага часу. Сістэма вышынных культавых будынкаў уздоўж Шклоўскай вуліцы, што фармавалася Богаяўленскім, езуіцкім і кармеліцкім храмамі, дапаўнялася Іосіфаўскім саборам - галоўным будынкам Саборнай плошчы. Храм, пабудаваны ў 1780-1798 гг. па праекце выдатнага расейскага дойліда М.А.Львова ў гонар сустрэчы Кацярыны II з аўстрыйскім імператарам Іосіфам II, з'яўляўся адметным помнікам класіцызму. Акрамя сабора ў забудову плошчы ўваходзіў будынак манежа, узведзены ў 1815- 1831 гг. у стылі ампір па праекце другога вядомага расейскага дойліда В.П.Стасава, а таксама драўляны Аляксандраўскі палац (дом Пасекавай), пабудаваны ў 1780 г. як рэзідэнцыя Кацярыны II (усе не захаваліся).
Шматлікія храмы Магілева ўтваралі культавыя цэнтры розных раёнаў, фармавалі развітую прасторавую кампазіцыю горада. Магчыма выявіць агульныя заканамернасці ўзвядзення культавых будынкаў, характэрныя і для іншых гарадоў: арганічнае адзінства размяшчэння храмаў з рэльефам мясцовасці і абрысамі рэк, іерархія дамінантаў па кампазіцыйнай значнасці, іх пастаноўка ў завяршэнні вуліц і інш. Трэба адзначыць ансамбль будынкаў Мікалаеўскай царквы 1669-1672 гг., Пакроўскую царкву XVII ст., комплекс будынкаў Успенскай царквы 1670 г., бернардзінскі кляштар з касцёлам святога Андрэя (1687 г. - XVIII ст.), фарны касцёл 1604 г., перабудаваны ў XIX ст., Барысаглебскую царкву XVII-XIX стст., другі Барысаглебскі храм 1869 г.
Да нашагу часу з мноства вышынных дамінуючых комплексаў, якія вызначалі асновы архітэктурнай своеасаблівасці горада, захаваліся толькі група будынкаў Мікалаеўскай царквы, касцёл Станіслава, дзве Барысаглебскія цэрквы і фрагмент фарнага касцёла. Амаль цалкам знішчаны ансамбль галоўнай плошчы (сучасная Савецкая). Страчаны яго асноўныя збудаванні - палацы губернатара і віцэ-губернатара, будынак губернскага праўлення. Ратуша - рэдкі помнік беларускага дойлідства - яшчэ ў пасляваенныя гады ўзвышалася на плошчы, а ў 1957 г. была знесена (цяпер знаходзіцца на стадыі аднаўлення). Створаны на плошчы манументальны скульптурны мемарыял змагарам за Савецкую ўладу з развітым добраўпарадкаваннем і малымі архітэктурнымі формамі пры ўсіх сваіх мастацкіх вартасцях не можа служыць паўнацэннай заменай «асвечанага» стагоддзямі гісторыка-архітэктурнага ансамбля.
У пасляваенны перыяд існаваў і Богаяўленскі сабор, які варта было адрэстаўрыраваць пасля атрыманых разбурэнняў. Аднак горадабудаўнічая ідэалогія 1950-1960-ых гг., у многім абумоўленая праводзімай у тыя гады ў краіне ўнутранай палітыкай, прадвызначыла не лепшы шлях фармавання гэтай тэрыторыі. На месцы Богаяўленскага сабора, званіцы пры ім, фарнага касцёла і іншых гістарычных пабудоў паўсталі бездухоўныя па свайму вобразу, панылыя пяціпавярховыя «каробкі», якія забяспечылі пэўную групу насельніцтва жыллём, хоць для гэтай мэты можна было знайсці шмат іншых месц у горадзе. На краі плато, дзе велічна ўзвышаліся Спаская царква і шмат ярусная званіца, знаходзіўся галоўны корпус духоўнай семінарыі, узведзены жылыя і грамадскія будынкі з распаўсюджаным для першай паловы 1950-ых гг. воблікам. А ўжо ў нашы дні тут жа, на вуліцы Вал Чырвонай Зоркі пабудаваны жылы дом. Ён заняў пляцы збудаванняў XVIII ст., што існавалі яшчэ ў 1970-ых гг., і размясціўся побач з адраджаемай ратушай.
Сумны лад сучаснай архітэктурнай безаблічнасці быў працягнуты паабапал вуліцы Першамайскай да перакрыжавання з вуліцамі Камсамольскай - Лазарэнка. Тут, у раёне разбураных езуіцкага касцёла, корпуса калегіума і жылога дома канца XIX - пачатку XX ст. (апошнія два існавалі ў 1970-ых гг.), размясціліся малаадметны па абліччы Дом палітасветы, а ў 1983 г. новае дзевяціпавярховае жылое збудаванне. Неабгрунтавана знесена і група жылых пабудоў XIX - пачатку XX ст., якая яшчэ нядаўна складала частку квартала паміж вуліцамі Ленінскай, Камсамольскай, Піянерскай і Болдзіна.
Такім чынам, тэрыторыя канцэнтрацыі помнікаў культуры, якую належна было б разглядаць унікальнай, запаведнай зонай горадабудаўнічай рэстаўрацыі, ператварылася ў пляцоўку сучаснага будаўніцтва, свайго рода выстаўку тыповых архітэктурных рашэнняў 1950-1990-ых гг.
Яшчэ ў 1930-ых гг. узарваны Іосіфаўскі сабор, на месцы якога тады з'явілася гасцініца «Дняпроўская». У пачатку 1950-ых гг. і пазней Станіслаўскі касцёл грунтоўна аббудоўваецца з заходняга і паўднёвага бакоў новымі жылымі дамамі. У выніку храм быў зрокава ізаляваны ад прасторы вуліцы Першамайскай і бульвара каля тэатра па Камсамольскай вуліцы.
Асаблівасцю Магілева, у адрозненне ад шэрагу іншых гарадоў, з'яўляецца вельмі моцнае скажэнне гістарычных ліній забудовы галоўнай гарадской магістралі. Новае горадабудаўнічае рашэнне ўчастка паміж гасцініцай «Дняпроўская» і былым будынкам абкама ўключае пашырэнне вуліцы на палову прылеглага квартала з адпаведным зносам гістарычна каштоўнага фронту збудаванняў, спалучэнне буйнамаштабных працяглых і павышаных аб'ёмаў, якія самі па сабе цікавыя ў архітэктурных адносінах, але зусім несуадносяцца з гарадскім асяроддзем цэнтра гістарычнага горада.
Назавём гарады Магілеўскай вобласці, дзе ў выніку памылак рэканструкцыі парушаны ўмовы ўспрыняцця выдатных архітэктурных помнікаў, моцна зменены сілуэт гістарычных раёнаў, страчана патэнцыяльная магчымасць узнаўлення ў будучым каштоўных элементаў планіроўкі і забудовы. Напрыклад, у Быхаве на тэрыторыі простакутнай плошчы горада-крэпасці канца XVI - пачатку XVII ст. перад былым замкам Сапегаў размешчаны буйны архітэктурны аб'ём Дома культуры, які закрануў таксама земляны абарончы вал. З шырокіх пойменных тэрыторый уздоўж Дняпра ўспрыняцце сілуэта замка парушае трохпавярховы адміністрацыйны будынак. Сам жа архітэктурны помнік, дзе размешчана мэблевая фабрыка, знаходзіцца ў вельмі дрэнным тэхнічным стане, скажоны шматлікімі перабудовамі, а яго тэрыторыя выкарыстоўваецца для складавання і звалкі.
У Мсціславе былая Троіцкая царква на плошчы, створанай у канцы XVIII ст., і ў пачатку XX ст. занятай пад сквер, уяўляе сабой руіны. Езуіцкі касцёл, пазней Мікалаеўскі сабор на другім баку гэтай жа плошчы знаходзіцца ў напаўразбураным выглядзе, страціў дзве вежы галоўнага фасада і купал на барабане. Тупічоўскі манастыр XVII-XIX стст. спалены ў Другую сусветную вайну, а канчаткова зруйнаваны ў канцы 1950 - пачатку 1960-ых гг. у час будаўніцтва масласырзавода.

ГОМЕЛЬ

У параўнанні з XIX - пачаткам XX ст. адносна невялікія страты культурнай спадчыны панёс абласны цэнтр Гомель, у мінулым - павятовы горад Магілеўскай губерні. У гісторыі горадабудаўніцтва Беларусі Гомель вядомы як прыклад увасаблення ў перыяд рэгулярнай перапланіроўкі выразнай прасторава-планіровачнай задумы, стварэння буйнамаштабнай трохпрамянёвай кампазіцыі гарадскога плана, цэнтр якога складаюць палацава-паркавы ансамбль і галоўная гарадская плошча.
Развіццё горада пачалося з дзядзінца XII ст. на ўзгорку каля сутокаў рэк Сож і Гамяюка. Дзядзінец абкружаў глыбокі роў, на поўнач і захад ад якога развіўся пасад. У XIV-XVI стст. на месцы дзядзінца існаваў замак з дварамі князя і заможных гараджан, драўлянай Мікалаеўскай царквою. У 1670 г. горад атрымаў магдэбургскае права. У 1730 г. пры князю М.Чартарыйскім будуецца новы замак з драўлянымі сценамі на валах і пад'ёмнымі мастамі. У 1737 г. горад спустошыў моцны пажар.
У 1772 г. Гомель увайшоў у склад Расейскай імперыі. Вядомы план канца XVIII ст., які характарызуе горад да ажыццяўлення буйных горадабудаўнічых мерапрыемстваў. Планіровачная структура ўяўляла сабой тыповы прыклад радыяльна-дугавой планіроўкі сярэдневяковага паходжання. Шэсць вуліц сыходзіліся да замка, пасля да палаца, абкружанага глыбокім ровам. Канцэнтрычныя напрамкі былі фрагментарныя, за выключэннем працяглай дугападобнай вуліцы ў паўночнай частцы горада, якая, відаць, адзначала другі, раней страчаны пояс абарончых збудаванняў. На поўнач ад замка, за ровам, размяшчалася гандлёвая плошча няправільнай канфігурацыі. Недалёка ад яе стаялі вядомая з XVI ст. царква Нараджэння Багародзіцы і драўляны касцёл Ушэсця Марыі, згаданы пад 1768 г. У горадзе існавалі яшчэ дзве праваслаўныя царквы і сінагога. Усе гэтыя храмы не захаваліся. Ніжэй па цячэнню Сожа ў пачатку XVIII ст. склалася стараверская Спасава слабада.
Пасля перадачы Кацярынай II мястэчка Гомель ва ўладанне князю П.А.Румянцаву на ўчастку замка ў 1777 г. пачалося будаўніцтва палацавага ансамбля, якое ішло ў некалькі этапаў да 1856 г. У 1835 г. ансамбль набыў генерал-фельдмаршал І.Ф.Паскевіч. Палац стаяў сярод пейзажнага парка, у паўночнай частцы якога ў 1804-1824 гг. на месцы Мікалаеўскай царквы пабудаваны Петрапаўлаўскі сабор, а ў канцы стагоддзя - капліца-магільны склеп. Парк, які выходзіў да Сожа, палац і сабор, звернутыя сваімі фасадамі да прасторы ракі і шырокіх адкрытых тэрыторый на яе левым беразе, стварылі велічную архітэктурна-ландшафтную кампазіцыю.
Планіровачная структура горада, якая паступова і натуральна склалася, была цалкам заменена новай рэгулярнай. Тры асноўныя восі плана выходзілі на галоўную гандлёвую плошчу перад палацам. Дзве з іх - вуліца Замкавая (сучасны праспект Леніна) і Румянцаўская (Савецкая) былі арыентаваны на галоўны корпус палаца, купал якога на вялікім працягу завяршаў відавыя перспектывы ўздоўж гэтых магістраляў. Трэцяя вуліца - Фельдмаршальская (цяпер Пралетарская) пракладзена ўздоўж Сожа. Большасць астатніх вуліц пралягала паралельна альбо перпендыкулярна асноўным напрамкам. Закладзеная ў гэты перыяд структура вызначае своеасаблівасць сучаснай прасторавай арганізацыі горада. Капітальная і драўляная забудова, што ўзнікла на вялікіх тэрыторыях у другой палове XIX - пачатку XX ст., часткова захавалася да нашага часу.
Да найбольш істотных страт архітактурнай спадчыны Гомеля адносіцца ансамбль галоўнай плошчы, які склаўся да пачатку XX ст. Ад яго засталіся толькі палац Румянцава-Паскевіча і Петрапаўлаўскі сабор. У першай трэці XIX ст. у забудову плошчы таксама ўваходзілі Кацярынінскі касцёл 1831 г., двухпавярховыя гандлёвыя рады з вежай і гадзіннікам, другі корпус крамаў, вучылішча, ратуша, нямецкая карчма, іншыя збудаванні. Да пачатку XX ст. побач з гандлёвымі радамі пабудаваны значны па памерах гасціны двор няправільнай пяцікутнай канфігурацыі ў плане. На рагу плошчы і Замкавай вуліцы знаходзіўся будынак гарадской пажарнай часткі. «Астраўное» становішча ў прасторы плошчы мелі касцёл святой Кацярыны і праваслаўная капліца. Цікава адзначыць, што невялікая капліца, як і буйнамаштабны корпус палаца, змяшчалася на восі Румянцаўскай вуліцы. Пры кампазіцыйным прыёме падвойнага завяршэння відавой перспектывы магістралі замыкальныя дамінанты рознага маштабу не перашкаджалі, а дапаўнялі адна адну. Як разгледжана вышэй, аналагічны прыём выкарыстаны ў кампазіцыі забудовы Параднай плошчы Полацка.
Месца на ўсходнім баку плошчы займаў будынак гарадской управы (існуе цяпер). Своеасаблівасць архітэктурнага ансамбля дасягалася, у прыватнасці, уключэннем у кампазіцыю ландшафта парка і некалькі аддаленым размяшчэннем палаца і сабора ад адкрытай грамадскай прасторы плошчы.
Сярод культавых збудаванняў Гомеля, якія існавалі ў пачатку стагоддзя, але не захаваліся да нашых дзён: Троіцкая царква на перакрыжаванні сучасных вуліц Савецкай і Сялянскай, Праабражэнская царква па Першамайскай вуліцы, дзве стараверскія малельні на вуліцах Камісарава і Фрунзе, Георгіеўская ваенная (1904) і могілкавыя цэрквы па Савецкай вуліцы, а таксама сінагога на рагу праспекта Леніна і вуліцы Кірава, аб'ём якой у мінулым кампазіцыйна завяршаў відавыя напрамкі ўздоўж сучасных вуліц Ланге і Працоўнай.

ЧАЧЭРСК

Працэс страты горадабудаўнічай спадчыны ў малых гарадах Гомельшчыны мэтазгодна прасачыць на прыкладзе мястэчка Чачэрск. Горад вядомы з канца X ст. Пра характар планіровачнай структуры, якая фармавалася да канца XVIII ст., меркаваць цяжка з-за адсутнасці дакументальных звестак. У інвентары 1726 г. апісаны замак на тэрыторыі старажытнага дзядзінца, зазначаны сем вуліц, якія, відаць, радыяльна сыходзіліся да замка і гандлёвай плошчы, дзе размяшчаліся карчма і крамы. У XVI- XVIII стст. увесь горад быў абнесены сцяной з брамамі - Замкавай, Вялікай, Падольнай. Паводле дадзеных інвентара, існавалі Васкрасенская, Мікалаеўская, Прачысценская і Спаская цэрквы, якія далі назвы вуліцам, касцёл святой Троіцы каля замка, сінагога на ўскраіне горада, 109 жылых дамоў.
У 1774 г. Кацярына II падаравала Чачэрск генерал-губернатару графу З.Р.Чарнышову, што паслужыла імпульсам развіцця горадабудаўнічай дзейнасці. У 1787 г. на месцы старога замка пабудаваны палац. Па праекце рэгулярнай перапланіроўкі карэнным чынам рэканструяваны горад атрымаў простакутную структуру вуліц. План адлюстраваў своеасаблівае прафесійнае мысленне дойліда, характэрнае для класіцызму ўяўленне аб горадзе як мастацкім цэлым. Класічная канцэпцыя стварэння «ідэальнага» паселішча ў дадзеным выпадку выявілася ў арганізацыі вялізнай плошчы (302,5 x 294 м), абкружанай сіметрычнай адносна восі поўнач-поўдзень сістэмай квадратных кварталаў. Усе вуліцы запраектаваны шырынёй 21,3 м (10 сажняў).
На плошчы ў цэнтры планіровачнай кампазіцыі ў 1780 г. пабудавана ратуша (захавалася да нашага часу). Строга на яе арыентаваліся асноўныя гарадскія магістралі, што было фармальна ўзмоцнена роўнасцю даўжыні фасада квадратнай у плане ратушы шырыні магістраляў. На плошчы сіметрычна размяшчаліся таксама Г-падобныя карпусы гандлёвых будынкаў, якія ўключалі 76 крамаў. Перыметр плошчы акаймлялі ліпавыя алеі, такія ж рэгулярныя ліпавыя пасадкі праходзілі ўздоўж гарадскіх вуліц.
Ратуша служыла галоўным элементам у прасторы горада. Яе своеасаблівая кампазіцыя грунтуецца на ступенчатай, пірамідальнай будове архітэктурных мас, выкарыстанні амаль кубічных аб'ёмаў. Асноўная частка будынка завершана высокім стылабатам, на якім узвышаецца трапецападобная драўляная вежа. Па вуглах асноўнага аб'ёму пастаўлены чатыры малыя драўляныя вежы.
Вакол ратушы, на перакрыжаваннях вуліц былі сіметрычна пабудаваны чатыры храмы-ратонды: тры царквы і касцёл, якія мелі падобнае архітэктурнае аблічча. Праабражэнская і Вазнясенская (лічылася дамашняй царквой графіні А.Р.Чарнышовай) цэрквы знаходзіліся ў паўднёвай частцы горада на невялікіх плошчах. Прынцып іх размяшчэння ў планіровачнай структуры аналагічны прынцыпу пастаноўкі ратушы - на дамінуючы будынак арыентавана па чатыры вуліцы. Гэта дапускала ўспрыняцце збудавання з як мага болыцай колькасці відавых пунктаў, агляд дзвюх альбо трох дамінантаў з аднаго пункта, што, як і агульнасць прынцыпу, садзейнічала візуальнай цэласнасці горада. Пашыраны ў горадабудаўніцтве класіцызму прыём завяршэння працяглай перспектывы вуліцы быў даведзены тут да найбольш поўнага выяўлення.
Царква Раства Багародзіцы 1787 г. і Троіцкі касцёл (пабудаваны ў 1784 г. на месцы старога езуіцкага касцёла) размяшчаліся ў паўночнай частцы горада на галоўнай вуліцы адно насупраць аднаго і служылі своеасаблівым «парталам» пры пад'ездзе да палаца Чарнышова. Цікава адзначыць, што пры асвячэнні Раждзественскай царквы прысутнічала імператрыца Кацярына II. Выказваецца меркаванне, што і ўвесь горад задумваўся як манументальная парадная кампазіцыя, якая папярэджвала ўезд у палац яго ўласніка пры руху з поўдня, з боку Гомеля. Першы этап руху пралягаў паміж Праабражэнскай і Вазнясенскай цэрквамі, на другім этапе ён праходзіў паўз ратушу, на трэцім - хто пад'язджаў да палаца, мінаў «вароты» касцёла і царквы Раства Багародзіцы. З другога боку, трэба адзначыць, што галоўным будынкам горада служыла ратуша, а не палац, што пацвярджаецца яе размяшчэннем у выражаным цэнтры планіровачнай кампазіцыі з арыентацыяй на яе асноўных вуліц, так і яе сілуэтнай роллю. Агульная для класіцыстычнага горадабудавання XVIII - першай паловы XIX ст. грамадзянская, дэмакратычная накіраванасць таксама сведчыць аб цэнтральнай ролі ратушы.
Аснову кампазіцыі ўсіх чатырох храмаў складала ратонда, завершаная вялікім купалам, які ўвенчваўся малым купалам на барабане. У сувязі з праваслаўнай догмай аб арыентацыі алтарнай часткі храма на ўсход, галоўным фасадам усіх цэркваў з'яўляўся заходні, дзе да ратонды прыбудоўваўся ўваходны прыдзел. Касцёл быў арыентаваны алтаром на захад, што дало магчымасць арганізаваць уваход з галоўнай вуліцы як у касцёл, так і ў Раждзественскую царкву, што стаяла насупраць. Звернутыя адно да аднаго галоўныя фасады храмаў мелі аднолькавую дзвюхвежавую кампазіцыю, аднак вежы касцёла завяршаліся малымі купаламі, а цэрквы - манументальнымі шпілямі. Вазнясенская і Праабражэнская цэрквы мелі па адной вежы на галоўным фаса