ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

традыцыя


ФРАГМЭНТЫ №10
№10
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Сямён Падокшын

ВЫБРАННЕ КАРАЛЯ, 
АБО “ПРАМОВА ДА СЕНАТА” АНДРЭЯ ВОЛАНА

 

Сёмага ліпеня 1572 г. памёр кароль і вялікі князь Жыгімонт ІІ Аўгуст (1520-1572). Памёр ён бяздзетным і на ім скончылася прамая мужчынская лінія дынастыі Гедымінавічаў або Ягелонаў. Востра паўстала пытанне выбрання новага караля. Феадалы ВКЛ і Польшчы прыйшлі да высновы, што каралём павінен стаць чужынец. Не толькі таму, што так пажадаў у сваім палітычным тэстаменце нябожчык Жыгімонт Аўгуст, але і па прычыне агульнавядомай ў палітычнай практыцы: каб пазбегнуць унутранай грамадзянскай вайны. Упершыню ў нашай гісторыі так зрабілі ў 862 г. продкі беларусаў, рускіх і фінаў (“крывічы, славене, чудзь”), якія, згодна “Аповесці мінулых гадоў”, запрасілі на княжанне варагаў. Як вядома, першым полацкім князем, чыё імя захавалася ў летапісу, з’яўляўся вараг Рагвалод, бацька Рагнеды, ад якой пайшоў род беларускіх князёў. У гісторыі ВКЛ і Польшчы перыяд з 1572 па 1575 гг. атрымаў назву першага бескаралеўя. Прэтэндэнтамі на каралеўска-вялікакняжацкі трон былі французскі дафін Генрых Валуа (Валезы), аўстрыйскі прынц Эрнест і сын Івана ІV Грознага царэвіч Фёдар. Паміж феадальнымі групоўкамі, кожная з якіх імкнулася пасадзіць на прастол свайго кандыдата, пачалася напружаная палітычная барацьба, якая дасягнула свайго эпагея на элекцыйным або выбарчым сойме 1573 г.

Прапануемая чытачу “Прамова да Сената Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага аб тым, якім павінна быць праўленне дабарадзейнага караля”, належыць Андрэю Волану (1530-1610), соймаваму паслу ад шляхты Ашмянскага павета, бязсменнаму сакратару пры каралях Жыгімонце ІІ Аўгусце, Стэфане Баторыю, Жыгімонце ІІІ Вазе. Андрэй Волан быў не толькі высокапастаўленым каралеўскім чыноўнікам, але і кваліфікаваным юрыстам, тэарэтыкам права, вядомым палітолагам, філосафам, рэлігійным пісьменнікам. У год смерці караля Волан апублікаваў твор “Аб палітычнай альбо грамадзянскай свабодзе” (Кракаў, 1572), які адразу зрабіў яго знакамітым. Менавіта на элекцыйным сойме 1573 г. Волан выступіў з вышэйпамянёнай прамовай, у якой ён, аўтарытэтны ў феадальных колах ВКЛ і Польшчы палітык, выклаў сваё бачанне постаці новага караля як палітычнага дзеяча і асобы. У прамове Волан не толькі прааналізаваў вынікі дзяржаўнай дзейнасці Жыгімонта ІІ Аўгуста, адзначыўшы яго палітычныя пралікі і маральныя заганы, але і накрэсліў праграму гранічна патрэбных грамадству Рэчы Паспалітай рэформ, намаляваў аптымальны і, нават, ідэальны, этычны і палітычны вобраз новага караля.

У час, калі праходзіў элекцыйны сойм, Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае знаходзілася ў даволі складаным, калі не цяжкім, становішчы. У выніку Лівонскай вайны, якой не бачна было канца, ВКЛ страціла значную частку сваіх усходне-паўночных тэрыторый разам з Полацкам. Пагроза інкарпарацыі, якая зыходзіла з боку Маскоўскай дзяржавы, з’явілася адной з галоўных прычын заключэння палітычнай Люблінскай уніі (1569) паміж ВКЛ і Польшчай і ўтварэння федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай. Разам з тым, на думку пэўнай часткі шляхты, у тым ліку і Андрэя Волана, ваенныя няўдачы ВКЛ з’яўляліся не толькі вынікам моцы рускай зброі, але і нядбайнасці, бездапаможнасці вялікага князя і караля Жыгімонта ІІ Аўгуста, яго набліжаных, урада. Працягваліся ўварванні на паўднёвыя землі Украіны і Беларусі крымскіх татараў. Неўладкаваным заставалася ўнутрыпалітычнае жыццё краіны (шляхецкае свавольства, непавага да закону, недасканалая судовая сістэма і г.д.), нягледзячы на тое, што ў перыяд праўлення Жыгімонта ІІ Аўгуста быў ажыццёўлен шэраг неабходных палітыка-адміністрацыйных пераўтварэнняў, усталявалася пэўная вельмі неабходная для грамадства верацярпімасць, склаліся даволі спрыяльныя ўмовы для развіцця культуры, у тым ліку, для развіцця нацыянальнай беларускай культуры.

Сваю прамову Волан адрасуе “Сенату”, або вышэйшай палаце вальнага Сойма, у якую ўваходзілі найбольш уплывовыя духоўныя і свецкія феадалы Рэчы Паспалітай — каталіцкія біскупы, ваяводы, кашталяны, старасты і некаторыя іншыя службовыя асобы цэнтральнай улады. Гэта тлумачылася тым, што ашмянскі сеймавы пасол лічыў: у існуючым грамадстве тон палітычнага, прававога і маральнага жыцця павінна задаваць і фарміраваць еўрапейскі адукаваная і асвечаная магнацка-шляхецкая арыстакратыя тыпу Радзівілаў, Валовічаў, Сапег, Хадкевічаў, Дарагастайскіх і інш. Ніжэйшай палатай Сойма была пасольская ізба, у якую ўваходзілі прадстаўнікі павятовай шляхты, у тым ліку і аўтар “Прамовы да Сената”. Хутчэй за ўсё Волан агучыў сваю “Прамову” на агульным пасяджэнні дзвюх палат. Воланава “Прамова” не была прамовай утапіста, сацыяльнага летуценніка, а чалавека, грамадскага дзеяча, умудронага вялікім дзяржаўным вопытам, адэкватна інфармаваным пра наяўную сітуацыю ў краіне, добра ведаючым ўсе недахопы існуючай улады — заканадаўчай, выканаўчай, судовай.

Калі гаварыць пра агульную канцэптуальную пазіцыю Волана як сацыяльна-палітычнага мысліцеля і тэарэтыка права, то яе — зразумела, прыблізна і ўмоўна — можна параўнаць з сучасным неакансерватызмам. Ашмянскі сеймавы пасол лічыў, што для забеспячэння агульнага дабра і свабоды, менавіта, недатыкальнасці жыцця, годнасці і прыватнай уласнасці чалавека, неабходна моцная і асвечаная дзяржаўная ўлада, якая ў сваёй дзейнасці, у тым ліку і рэфарматарскай, строга і паслядоўна прытрымліваецца законапраўя, лічыцца з наяўнымі існуючымі сацыяльнымі, палітычнымі і прававымі ўмовамі і традыцыямі. Гэта быў прагрэсіўны шляхецкі неакансерватызм (т.зв. праграма “направы Рэчыпаспалітай”), які імкнуўся спалучыць рэнесансныя ліберальныя каштоўнасці з моцнай каралеўскай уладай, абмежаванай законам і прадстаўнічымі шляхецкімі інстытутамі. Абапіраючыся на вучэнне Платона пра дыялектыку свабоды, Волан геніяльна прадугадаў, што свабода як асноватворны прынцып сацыяльна-палітычнага жыцця, у рэнесансна-гуманістычнай інтэрпрэтацыі забяспечвае чалавеку яго неад’емныя натуральныя правы, а ў сярэднявечнай, феадальна-шляхецкай — вядзе да неўтаймаванага грамадскага свавольства, хаосу, беззаконнасці і, у рэшце рэшт, да пагібелі дзяржавы.

У сваёй “Прамове да Сената” Андрэй Волан закранае шэраг актуальных і жыццёва важных як для Вялікага княства, так і для Рэчы Паспалітай наогул, пытанняў. У першую чаргу, гэта пытанне знешняй небяспекі. З “Прамовы” вынікае, што дзяржаве пагражаюць “туркі, якія заўсёды імкнуцца да пашырэння сваёй імперыі”; “дзікае племя валахаў”; “Скіфія, якая прызвычаілася насычаць сваю пражэрліваю пастку рабаваннем” (Волан мае на ўвазе крымскіх татар); і, нарэшце, “Масква”, якая “трымае ля нашых межаў вялікае войска, і калі мы не будзем пільнымі і не будзем мець арміі, здольнай нас абараніць, то гэта страшыдла праглыне нас”. Трэба мець на ўвазе, што гэта было сказана ў часы вайны, калі значная частка беларускіх зямель, і ў тым ліку Полацк, былі акупіраваны рускай арміяй. Волан ў сваёй “Прамове” неаднакроць звяртаецца да пытання катастрафічных наступстваў Лівонскай вайны, вынікам якой былі “разбураныя маёнткі, залітыя крывёю хаты, сіроты і няшчасныя ўдовы” і г.д. Вінаватым у паражэнні войска Рэчы Паспалітай Волан лічыў нябожчыка Жыгімонта Аўгуста, які “не выконваў належным чынам свой абавязак”, а таксама сенатараў, якія “не адвелі караля ад бяздзейнасці, не ўтаймавалі яго празмернае самавольства і ганарыстасць”.

У гэтай сувязі Волан узнімае галоўную праблему — праблему асобы новага караля, якога павінен выбраць Сойм. Вобраз новага караля, патрабаванні, якія яму абавязаны прад’явіць грамадства, Сойм, Сенат як дзяржаўнаму дзеячу і асобе, фармулюцца Воланам побач з вострай крытыкай палітычных і маральных якасцяў яго папярэдніка. Пры гэтым Воланам выкарыстоўваецца метад супрацьпастаўлення існага і належнага. Гэта пэўная філасофская ўмоўнасць, літаратурны прыём, якім карыстаўся старэйшы сучаснік Волана — Міхалон Літвін у сваім трактаце “Аб норавах татараў, літвінаў і масквіцянаў” (напісаны ў сярэдзіне ХVІ ст. і выданы ў Базэлі ў 1615 г.), дзе супрацьпастаўлялася недасканалае грамадскае і духоўнае жыццё ВКЛ быццам бы ідэальнаму палітычнаму ладу і маральнаму стану крымскіх татар і Маскоўскай дзяржавы.

На думку Волана, чалавечая натура схільная не толькі да дабра, але і да зла, асаблівасць гэта распаўсюджваецца і на дзяржаўных дзеячаў. “Ці ж мы не ведаем, — звяртаецца ён да сенатараў, — што многія гаспадары, добрыя па натуры, з часам і па міласці лёсу рабіліся заганнымі, бо не маглі ўтрымацца ад спакусы марных рэчаў і ў рэшце рэшт ператвараліся ў людзей фанабэрыстых, напышлівых, бязлітасных. Гісторыя сведчыць, што не было амаль ніводнага чалавека, атрымаўшага ўладу, які б спачатку адзначаўся бездакорным жыццём, а потым ператвараўся ў заганную асобу”. Менавіта такая метамарфоза, лічыць Волан, адбылася з нябожчыкам Жыгімонтам Аўгустам. Былы кароль, сцвярджае Волан, неаднакроць парушаў законы, у сваёй дзейнасці кіраваўся не агульным дабром, а сваімі капрызамі, быў бяздзейным і пасіўным у той час, як абставіны патрабавалі рашучасці, настойлівасці, асабліва ў барацьбе са знешнімі ворагамі, занядбаў унутранымі справамі, не стрымліваў свавольства шляхты, гандляваў чынамі і пасадамі, бескантрольна карыстаўся дзяржаўнай скарбніцай, больш клапаціўся пра свае, а не грамадскія інтарэсы і г.д. “Усе мы добра ведаем, — абураўся ашмянскі сеймавы пасол, звяртаючыся да сенатараў, — што амаль усе грошы ў час праўлення караля-нябожчыка былі патрачаны на бескарысныя шматлікія табуны коней, конюхаў, кучараў, у той час як ніводнае ваеннае ўмацаванне, ніводная крэпасць, якія былі пабудаваны на межах, не былі забяспечаны належным гарнізонам і прыпасамі, каб паспяхова абараніцца ад нападу ворагаў. У выніку значная частка Літвы (ВКЛ — С.П.) апынулася пад чужой уладай...”

Аднак не меншая небяспека падпільноўвае грамадзян ВКЛ у самой краіне. У першую чаргу гэта феадальнае свавольства, бяздзейнасць каралеўскай улады, якая не ў стане дабіцца выканання існуючых законаў, эгаізм і тыранічныя звычкі самога караля. “І нават калі б нам не пагражала вонкавая небяспека, — сцвярджае Волан, — нашы грамадзяне не могуць сябе адчуваць спакойна ў сваёй краіне, у якой існуе магчымасць свабодна і беспакарана забіваць, што прыйшло да нас з мінулых вякоў і ўвайшло ў звычай... Не мне Вам напамінаць пра тое, што тыран нясе пагібель народу, што вынікам заганнага праўлення караля з’яўляюцца страшэнныя спусташэнні і разбурэнні...”. На думку Волана, грамадства не павінна “мірыцца з тым, што кароль не лічыцца з законам”, дазваляе сабе “рабіць ўсё, што яму ўздумаецца”.

Адной з галоўных заган праўлення былога караля Волан лічыў недасканаласць існуючай судовай сістэмы: “Паколькі правасуддзе з’яўляецца вартавым грамадскага спакою, кароль — які жыве ў бяздзейнасці і раскошы, пазбягае цяжкасцяў і цяжару судовых спраў, з дня на дзень зацягвае і заўсёды адкладвае іх — непазбежна з’яўляецца прычынай бядот і няшчасцяў тых, хто звяртаецца да яго за правасуддзем. Судовая валакіта, зацягванне разбірацельства спраў у судзе, апрача таго, што прыносіць страты грамадзянам і даводзіць іх да поўнай галечы, зараджае ў іх думку пра панаванне ў нашай краіне беззаконня, асабліва ў адносінах да простых людзей...”

Не бездакорным з’яўлялася і прыватнае жыццё нябожчыка караля, які не прытрымліваўся “законнага і свяшчэннага шлюбу”. На думку кальвініста-мараліста Волана “такія паводзіны выклікаюць гнеў магутнага Бога на ўсю дзяржаву, з’яўляюцца дрэнным прыкладам для ўсіх грамадзян”. І далей: “Як вельмі слушна сказаў Цыцэрон, юрлівасць перашкаджае разважлівасці, варожая розуму, асляпляючы яму вочы, ніякіх адносінаў не мае да дабрачыннасці. Не могуць шанаваць узвышанае і прыгожае тыя, хто ўсе свае думкі і намеры звяртае да нізкага і агіднага... Маральныя заганы асляпляюць розумы гаспадароў, скажаюць дабрачыннасць, груба парушаюць справядлівасць судаводства” і г.д.

Адзначыўшы ўласцівыя Жыгімонту Аўгусту, які і наогул гаспадарам яго рангу, заганы, Волан малюе вобраз ідэальнага кіраўніка дзяржавы. Мае рацыю Платон, сцвярджае сеймавы пасол ад Ашмянскага павета, што кіраванне дзяржавай гэта ахвярапрынашэнне і кароль, які займае гэту высокую пасаду, павінен з’яўляцца прычынай шчасця і дабрабыту ўсіх людзей краіны, усіх станаў. Таму, сцвярджае Волан, мы павінны выбраць караля, які будзе абараняць законы і звычаі народа, а не кіравацца сваімі асабістымі капрызамі, клапаціцца толькі пра сябе і прыносіць шкоду пажытку паспалітаму, народнай справе; караля, які б наладзіў наша жыццё, а ўсе яго думы былі б накіраваны на дабрабыт грамадзян; караля, які, адмовіўшыся ад сваіх асабістых інтарэсаў, усю сваю дзейнасць накіраваў бы ў напрамку паспалітага добрага. Вось тады, на думку Волана, адрадзіцца сапраўдная свабода, шчаслівае жыццё і агульная бяспека. Прыклады цнатлівасці, памяркоўнасці і гаспадарлівасці павінны зыходзіць ад караля, сцвярджае прамоўца.

Падкрэсліваючы вялікае значэнне выканаўчай улады, Волан разам з тым адводзіць істотную ролю ў грамадстве ўладзе прадстаўнічай і судовай. “Лічу, — звяртаецца да сенатараў Волан, — што наша дзяржава не зможа пераадолець зваліўшыеся на яе бядоты сіламі, розумам, мудрасцю, мужнасцю толькі аднаго чалавека, калі да гэтай справы не будзеце прыцягнуты Вы, яго памочнікі... Толькі сумесна з Вамі ён зможа прадбачыць усе небяспекі і абараніцца ад іх. Вы, шаноўныя панове сенатары, павінны выхоўваць караля, вучыць яго, як сумленна выконваць свае абавязкі, каб ён не змог памыліцца і каб Вас не абвінавацілі ў тым, што з’яўляецеся саўдзельнікамі яго злачынстваў”. Ашмянскі пасол ставіць перад членамі Сената пытанне рубам: калі дзяржава будзе мірыцца з каралеўскім свавольствам і беззаконнем, то сенатарам прыдзецца “падзяліць віну” з каралём. Ніякі страх перад небяспекай і ніякая надзея на ўзнагароду, падкрэслівае Волан, не павінны стрымліваць годнага і адданага агульнаму дабру сенатара ад таго, каб ён гатовы быў супрацьстаяць свавольству караля і стрымліваць яго неразумныя дзеянні разумнымі парадамі.

І ўсё ж, лічыць мысліцель, галоўнай перашкодай на шляху свавольства кіраўніка дзяржавы павінны быць законы. Яны “уручаюцца каралю разам са скіпетрам”. Законы Рэчы Паспалітай, або Рэспублікі “прыняты для дабрабыту і карысці грамадзян” і кароль абавязаны іх строга прытрымлівацца. У адпаведнасці са сваімі кальвінісцка-пурытанскімі маральнымі перакананнямі Волан нават патрабуе, каб быў прыняты закон, які рэгулюе прыватнае жыццё кіраўніка дзяржавы. Ашмянскі пасол заклікае сенатараў пазбавіць караля магчымасці рабіць “публічны гандль чынамі і пасадамі”. Няхай Сенат, — настойвае Волан, — возьме сабе гэту прэрагатыву і сам узводзіць ва ўсе чыны і звання, прычым толькі тых, чыі беззаганнасць, працалюбства і адданасць дзяржаве выпрабаваны, правераны ў справе”. На думку Волана, каралю таксама трэба забараніць карыстацца дзяржаўнай скарбніцай без згоды Сената.

У сваёй “Прамове” Волан паставіў перад сенатарамі пытанне ўдасканалення існуючай судовай улады. Справа ў тым, што да 1578 г. у Польшчы і 1581 г. у ВКЛ кароль і вялікі князь з’яўляўся вышэйшай апеляцыйнай судовай інстанцыяй. Аднак “судовая валакіта” была характэрная не толькі для судоў ніжэйшай, але і для суда вышэйшай інстанцыі, якой з’яўляўся кароль. Таму цалкам зразумела наступнае выказванне з “Прамовы” ашмянскага пасла: “Адкажыце мне, шаноўныя панове сенатары, якая судовая справа, якая цяжба, прадстаўленая ў якасці апеляцыі каралю для тэрміновага разгляду, не адкладвалася “да заўтра”, што б не адбылося?!”.

Волан лічыць, што неабходны закон, згодна якому кароль павінен даць абавязацельства, што не будзе зацягваць разгляд любой судовай справы больш трох дзён, хутка прыме рашэнне і даб’ецца яго выканання.

Выбар Сойма 1573 г. аказаўся няўдалым. Каралём быў абраны Генрых Валуа, які праз шэсць месяцаў збег у Парыж. Аднак за час свайго кароткага каралявання ён паспеў падпісаць т.зв. “Генрыхавы артыкулы”, згодна якім Рэч Паспалітая абвяшчалася шляхецкай рэспублікай з выбраным каралём, улада апошняга была значна абмежавана Соймам, уводзілася роўнасць усіх хрысціянскіх веравызнанняў.

Больш удалым быў выбар элекцыйнага Сойма 1575 г., які абвясціў каралём і вялікім князем Стэфана Баторыя (1576 — 1586). Менавіта Баторый больш-менш адпавядаў таму палітычнаму і этычнаму ідэалу, які намаляваў у сваёй “Прамове да Сената” Андрэй Волан. 30 жніўня 1579 г. арміяй Рэчы Паспалітай, якой кіраваў Баторый, таленавіты і вопытны палкаводзец, быў узяты Полацк, маскоўскі гарнізон капітуляваў. Хутка ваенныя дзеянні ўжо вяліся на рускай зямлі. У 1580 г. Баторыеву войску здаліся крэпасці Усвяты, Вялікія Лукі, Невель, Старая Руса. Быў абложаны Пскоў. 15 студзеня 1582 г. Маскоўская дзяржава вымушана была падпісаць з Рэччу Паспалітай перамір’е, згодна якому адмаўлялася ад Полацкай зямлі і Лівоніі. Сваім прывілеем Баторый пацвердзіў усе шляхецкія правы і свабоды, і што асабліва важна — канфедэрацыйны лад Рэчы Паспалітай, што рабіла ВКЛ адносна незалежнай, суверэннай дзяржавай. У адпаведнасці з воланавымі рэкамендацыямі Баторый умацаваў цэнтральную ўладу, утварыў вышэйшую апеляцыйную судовую інстанцыю — Галоўны трыбунал ВКЛ (1581). Кароль і вялікі князь правёў ваенную рэформу, якая ўмацавала армію. Ён жа з’яўляецца заснавальнікам Віленскага ўніверсітэта (1579).

Такім чынам, рэкамендацыі Волана, якія змяшчаліся ў яго “Прамове да Сената” часткова былі ўлічаны ўрадам новага караля. Вялікую ролю ў іх наступнай рэалізацыі адыграў палітычны аднадумец Волана канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега. Але гэта асобная тэма.

Аналіз творчай спадчыны Андрэя Волана дае падставу меркаваць, што ён быў знаёмы не толькі з філасофіяй і палітычнай думкай антычнасці (Платон, Арыстоцель, Цыцэрон), але і з сачыненнямі італьянскіх філосафаў і палітычных мысліцеляў эпохі Адраджэння, у прыватнасці Ніколо Макіявелі (1469 —1527), аўтара твораў “Гасудар”, “Разважанні пра першую дэкаду Ціта Лівія”, “Гісторыя Фларэнцыі” і інш. Некаторыя ідэі Волана сугучны ідэям Франчэска Гвічардзіні (1483 —1540), творы якога (“Гісторыя Фларэнцыі”, “Разважанні аб прамовах Макіявелі”, “Дыялог пра кіраванне Фларэнцыяй”, “Гісторыя Італіі” і інш.) былі напісаны ў першай палове ХVI ст., а ўбачылі свет толькі ў сярэдзіне ХІХ ст.. Воланаўскі этычны трактат “Пра шчаслівае жыццё, або Вышэйшае чалавечае дабро”(1596) напісаны пад відавочным уплывам дыялога Ларэнца Валы “Пра асалоду, або пра сапраўднае і фальшывае дабро” (перш. пал. ХV ст.) як своеасаблівая палемічная альтэрнатыва.

Адзначым сугучнасць некаторых ідэй сакратара ўрада Фларэнційскай рэспублікі і сакратара ўрада Вялікага княства Літоўскага. Як і Волан Макіявелі лічыў, што: пазбавіць дзяржаву ад міжусобіц і беззаконня можна не інакш, як “даўшы ёй добрае кіраванне” (І, с.387); без моцнай арміі “ўлада не трывалая” (І, с.409); “гасудар ніколі не павінен быць бяздзейным” (І, с.412); гаспадар абавязан быць ашчадным (І, с.414-415); не заслугоўвае павагі нясталы, лёгкадумны, спешчаны, нерашучы кіраўнік дзяржавы (І, с.422); вопытны і разумны гаспадар будзе падтрымліваць адзінства ў грамадстве (І, с.433); гасудар абавязкова павінен быць адукаваным і мудрым, (“Вось правіла, — піша Макіявелі, — якое не ведае выключэнняў: “Гасудару, пазбаўленаму мудрасці, добрыя парады не прыносяць карысці”), падтрымліваць і абапірацца на людзей таленавітых, садзейнічаць развіццю земляробства, рамёстваў, гандлю (І, с.438-441). “Розум кіраўніка, — сцвярджаў Макіявелі, — пазнаецца ў першую чаргу па таму, якіх людзей ён да сябе набліжае” (І, с.439). Гэтую ж думку выказвае і Андрэй Волан у сваім трактаце “Пра гасудара і яго асабістыя дабрачыннасці” (2, с.48-49), а таксама Сымон Будны ў сваёй працы “Пра свецкую ўладу”. Макіявелі, як і ўслед за ім Волан (пра што сведчаць усе воланавы творы, у тым ліку і “Прамова да Сената”), вялікую ролю надаваў законам. “Падвойную славу заслужыць той, хто, атрымаўшы ўладу, узмоцніць яе добрымі законамі”, — сцвярджаў італьянскі мысліцель у сваёй галоўнай і найбольш вядомай працы “Гасудар” (напісана прыблізна ў 1513 г., выдана — у 1532, пасмяротна). Абсалютна супадаюць думкі Макіявелі і Волана пра дыялектыку форм кіравання: пры пэўных умовах, лічаць і той, і другі, манархія ператвараецца ў тыранію, арыстакратыя — у алігархію, дэмакратыя — у анархію. (1, с.463-464). Як вядома, першакрыніца гэтай ідэі — палітычнае вучэнне Платона. І нарэшце, асноўная катэгорыя, на якой будуецца палітычная тэорыя і Макіявелі, і Волана, і, дарэчы, Сапегі — катэгорыя свабоды. Зразумела, што побач з ідэйным супадзеннем у поглядах Макіявелі і Волана маюцца істотныя разыходжанні, але гэта асобная тэма.

Што тычыцца Гвічардзіні, то некаторыя яго ідэі таксама прысутнічаюць у творах Волана, хоць апошні, зразумела, не чытаў яго сачыненняў, аднак, як прынята лічыць, гэтыя ідэі луналі ў еўрапейскім інтэлектуальным паветры. У прыватнасці, гэта ідэя дыялектыкі манархіі і тыраніі, якая была ўласціва і Макіявелі і, перш за ўсё ідэя змешанага кіравання, г.зн. ідэя такой палітычнай формы, якая ўбірала добрыя якасці некалькіх. Як справядліва адзначае І.Ф. Ракіцкая, такая палітычная мадэль “была накіравана на выпрацоўку крытэрыяў раннебуржуазнага рэспубліканізма, у тым ліку і прынцыпа канстытуцыяналізма” (3, с. 329), што даволі выразна наглядаецца ў творах як Волана, так і Сапегі (4, с.204-226).

 

ЛІТАРАТУРА

1. Макиавелли Никколо. Избранное. М., “Рипол классик”, 1999.

2. Волан А. О государе и его личных добродетелях; Памятники философской мысли Белоруссии ХVII - первой половины ХVIII в.. Мн., “Навука і тэхніка”, 1991.

3. История политических и правовых учений. Средние века и Возрождение. М., “Наука”, 1986.

4. Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., “Навука і тэхніка”, 1990.

 

 

зьмест