ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

традыцыя


ФРАГМЭНТЫ №10
№10
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Андрэй Волан

ПРАМОВА ДА СЕНАТА КАРАЛЕЎСТВА ПОЛЬСКАГА І ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА, АБО ЯКІМ ПАВІННА БЫЦЬ ПРАЎЛЕННЕ ДАБРАЧЫННАГА КАРАЛЯ (1573)

 

Вельмі шаноўныя панове сенатары! Прыйшоў час, калі, апынуўшаяся ў цяжкім становішчы дзяржава, звяртаецца да Вашай дапамогі. Так склаліся абставіны, распарадзіўся лёс, што калі неадкладна Вы не прыдзеце на дапамогу нашай рэспубліцы, яна — і гэта ўсім бачна — апыніцца на мяжы пагібелі. Кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст — нябожчык. Памёр сваёй смерцю той, хто па нашым звычаям і законам з’яўляецца адзіным захавальнікам грамадскага спакою і міра ў дзяржаве. Аднак спадзявацца на працяглае захаванне міра немагчыма, таму што ворагі, якія пагражаюць нам, вельмі шматлікія і моцныя.

Туркі, якія заўсёды імкнуцца да пашырэння сваёй імперыі, спяць і бачаць, як бы захапіць землі нашай дзяржавы, якая страціла свайго гаспадара. Не выключана, што дзікае племя валахаў, якое не так даўно прынесла шмат крыўд нашым людзям, рыхтуецца да новага набегу. Не прапусціць зручнага моманту і Скіфія, якая прызвычаілася насычаць сваю пражэрліваю пастку рабаваннем і стала точыць супраць нас свае вострыя зубы. Масква ж, як нам дакладна вядома, трымае ля нашых межаў вялікае войска, і калі мы не будзем пільнымі і не будзем мець арміі, здольнай нас абараніць, то гэта страшыдла (не жадаю рабіць благіх прадказанняў) праглыне нас.

І нават калі б нам не пагражала вонкавая небяспека, нашы грамадзяне не могуць сябе адчуваць спакойна ў сваёй краіне, у якой існуе магчымасць свабодна і беспакарана забіваць, што прыйшло да нас з мінулых вякоў і ўвайшло ў звычай.

Усе гэтыя бядоты рэальна пагражаюць нашай дзяржаве, і ў Вашай уладзе, шаноўныя панове сенатары, выратаваць яе ад пагібелі. Вы ж увасабляеце саму дзяржаву, і Ваш свяшчэнны доўг і ганаровы абавязак рупліва і аддана захоўваць і абараняць яе дабрабыт. Разам з тым я мяркую, што няма больш дзейнага сродку пазбавіць нашу дзяржаву ад названых бядот, чым без усякага прамаруджвання, у адпаведнасці з мудрым і пільным розумам, з аднадушнай Вашай згоды выбраць новага караля замест нябожчыка. Я сцвярджаю караля, а не тырана, які будзе абараняць законы і звычаі нашага народа, а не кіравацца сваімі асабістымі капрызамі, клапаціцца толькі пра сябе і прыносіць шкоду пажытку паспалітаму, народнай справе. Караля, які б наладзіў наша жыццё, а ўсе яго думы былі накіраваны на дабрабыт грамадзян; які б, адмовіўшыся ад сваіх асабістых інтарэсаў, усю сваю дзейнасць накіраваў у напрамку паспалітага добрага, грамадскага дабрабыту. Вось тады абавязкова адрадзіцца сапраўдная свабода, шчаслівае жыццё і агульная бяспека. І сапраўды, няма больш зручнага шляху для дасягнення агульнага дабра, чым, калі гаспадар будзе ісціным і першым захавальнікам і выканальнікам законаў, не будзе патураць і пакідаць беспакаранымі ўсе ліхадзейства, ухіляцца ад пакарання людзей карыслівых і злачынных. Прыклады цнатлівасці, памяркоўнасці і гаспадарлівасці павінны зыходзіць ад караля, і калі б у грамадстве запанавала бездакорная маральнасць, якімі б дабротамі напоўнілася наша рэспубліка, бо нічога так не дзейнічае на паслухмяных грамадзян, як станоўчы прыклад караля.

Аднак, такі лёс караля, што яго жыццё ва ўсіх на вачах. Нішто не можа быць схавана ад людской цікаўнасці, а ўсялякая тайна хутка становіцца набыткам погаласу. Што бы кароль ні рабіў за глухімі мурамі або ў сваёй спальні, хутка становіцца вядома народу. Ніхто не лічыць ганебным рабіць тое, што, як яму вядома, робіць кароль, і ніхто не будзе рабіць тое, што сам кароль не робіць. Таму дабрабыт рэспублікі залежыць ад выбрання на трон з боскай дапамогай дабрачыннага караля, бо нішто так не шкодзіць дзяржаўнай справе, як разбэшчаны правіцель. Не мне Вам напамінаць пра тое, што тыран нясе пагібель народу, што вынікам злачыннага праўлення караля з’яўляюцца страшэнныя спусташэнні і разбурэнні... Калі б мы маглі выбраць караля, які б кіраваў найлепшым чынам, мы былі б упэўнены, што дзяржаве нашай нішто не пагражае, а сама дзяржава змагла б гэта засведчыць.

Аднак, сучасны стан спраў усяму гэтаму супярэчыць: разбураныя маёнткі, залітыя крывёю хаты, сіроты і няшчасныя ўдовы, незліч бязлітасных злачынстваў і жахлівых багахульстваў, безабаронная дзяржава ў час вайны. А таму, вельможныя панове сенатары, з’яўляючыся сведкамі ўсяго гэтага, прыкладзіце вышэйшыя намаганні ў выбранні такога караля, каб той, каго Вы выбярэце, садзейнічаў дабрабыту Радзімы, а не яе пагібелі. Неабмежаванае права выбрання караля будзе лічыцца неабдуманым і заганным, калі стрыно ўлады Вы ўручыце таму, хто па прычыне заганных уласцівасцяў і неспрактыкаванасці непазбежна пацерпіць няўдачу. Павінна помніць, што ў чалавечым розуме маецца шмат таямнічых куткоў, а ў людскіх душах тоіцца шмат заганаў і таму вельмі часта той, хто на першы погляд выглядае дабрачынным, на самой справе аказваецца распусным. Ці ж мы не ведаем, што многія гаспадары, добрыя па натуры, з часам і па міласці лёсу рабіліся заганнымі, бо не маглі ўтрымацца ад спакусы марных рэчаў і ў рэшце ператвараліся ў людзей фанабэрыстых, напышлівых, бязлітасных. Гісторыя сведчыць, што не было амаль ніводнага чалавека, атрымаўшага ўладу, які б спачатку адзначаўся бездакорным жыццём, а потым ператвараўся ў заганную асобу. Таму нельга не ўлічваць таго, што мы можам памыліцца ў выбранні караля, прынамсі, добрага караля, аднак, калі мы адмовімся ад гэтага, цяжар улады ляжа на Вашы плечы, шаноўныя панове сенатары.

Лічу, што наша дзяржава не зможа пераадолець зваліўшыеся на яе бядоты сіламі, розумам, мудрасцю, мужнасцю толькі аднаго чалавека, калі да гэтай справы не будзеце прыцягнуты Вы, яго памочнікі. Здольнасці аднаго чалавека абмежаваныя і ненадзейныя, і наш гаспадар наўрад ці зможа пераадолець усе тыя нягоды, якія навіслі над нашай дзяржавай. Толькі сумесна з Вамі ён зможа прадбачыць усе небяспекі і абараніцца ад іх. Вы, шаноўныя панове сенатары, павінны выхоўваць караля, вучыць яго, як сумленна выконваць свае абавязкі, каб ён не змог памыліцца і каб Вас не абвінавацілі ў тым, што з’яўляецеся саўдзельнікамі яго злачынстваў. Калі дзяржава і грамадства будуць мірыцца з тым, што кароль не лічыцца з законамі, дазваляе сабе рабіць усё, што яму ўздумаецца, то Вам, шаноўныя панове сенатары, хоць Вы і не вінаватыя, давядзецца падзяліць з ім віну, і грамадства, нарэшце, зразумее, што кароль грэбуе законам і ва ўсіх справах кіруецца сваімі капрызамі, а не розумам. Сёння, калі рэспубліка ў Вашай асобе ўзводзіць новага караля на трон, яна не будзе цярпець, калі на гэтым троне апынецца парушальнік законаў. Каралю ад Бога прадпісаны пэўныя нормы паводзінаў і ён павінен быць навучаны і выхаваны так, каб кіравацца імі на працягу ўсяго жыцця і пазбягаць ўсяго таго, што супярэчыць гэтым нормам. Калі кароль пры Вашым патуранні парушае законы, выкарыстоўвае ўладу не дзеля агульнага дабра, а на агульную пагібель, а Вы, шаноўныя панове сенатары, не перашкаджаеце яго празмернаму ўладалюбству, тым самым Вы бярэце на сябе віну за дрэннае кіраванне і бядотнае становішча рэспублікі.

Не буду пералічваць усе тыя нягоды, якія наваліліся на нашу дзяржаву, таму, што нябожчык кароль не выконваў належным чынам свой абавязак. Таму Вы, успомніўшы ўсе паражэнні нашай рэспублікі і ўволю аплакаўшы дрэнны стан нашых спраў, неадкладна і энэргічна вазьміцеся за іх выпраўленне, бо разладжаныя справы можна выправіць толькі прыняўшы неабходныя меры. Аднак, шаноўныя панове сенатары, не магу не звярнуць вашай увагі на тое, што ў значнай ступені Вы самі з’яўляецеся віноўнікамі ўсіх нашых бядотаў! Так, так, Вы, таму што не адвялі караля ад бяздзейнасці, не ўтаймавалі яго празмернае самавольства і ганарыстасць. Зразумела, не трэба думаць, што нябожчык кароль быў настолькі дурным і абыякавым, што сам бы не змог вярнуцца з памылковага шляху на шлях ісцінны, або зрабіць гэта з Вашай дапамогай, калі б Ваша пачуццё абавязку не здрадзіла Вам, калі б Вас не ахапіў страх. Не трэба было баяцца, калі гэты, па сутнасці, добры і рахманы чалавек, рэзка абрываў свайго апанента, бо, як вядома, вялікая бяда прыходзіць непрыкметна. Ніякі страх перад небяспекай і ніякая надзея на ўзнагароду не павінны стрымліваць годнага і адданага агульнаму дабру сенатара ад таго, каб ён, чалавек, які добрасумленна выконвае свой грамадзянскі абавязак, гатовы быў выступіць супраць разбэшчанага свавольства караля і стрымліваць яго страсці разумнымі парадамі.

Аднак, найбольшую апору для папярэджання свавольства і разбэшчанасці караля сенатары знойдуць, звярнуўшыся да законаў, бо разам са скіпетрам каралю ўручаюцца пэўныя законы, якія ён абавязваецца заўсёды і ўсюды выконваць. Я маю на ўвазе не толькі законы рэспублікі, якія прыняты для дабрабыту і карысці грамадзян і прытрымлівацца якіх заўсёды прысягае новы кароль. Я патрабую, каб быў унесены і прыняты разумны закон аб прыватным жыцці караля, якому ён павінен будзе няўхільна падпарадкоўвацца, і сенатары абавязаны аднадушна заахвочваць да гэтага.

Вельмі добрым прыкладам у гэтым з’яўляецца рэспубліка Венецыя, дзе адразу ж пасля смерці галавы дзяржавы прызначаюцца некаторыя, найбольш надзейныя грамадзяне, якія ўважліва вывучаюць усе справы, якія вёў галава дзяржавы і высвятляюць усё тое, што ён зрабіў насуперак законам. Разам з тым, яны ўводзяць новыя законы, якім павінен падпарадкоўвацца новы галава рэспублікі, а таксама прымаюць пастанову, згодна якой пераемнік нябожчыка караля павінен выбірацца агульным галасаваннем.

Натхнёныя гэтым цудоўным прыкладам, тое самае павінны зрабіць і Вы, калі хочаце ўтаймаваць свавольствы караля, хаця было б лепш, каб кароль быў пазбаўлены гэтай заганы. Я лічу таксама, што гэты годны павагі і вельмі неабходны закон, які тычыцца асобы караля, павінен прадугледжваць, што кароль абавязаны прытрымлівацца законнага і свяшчэннага шлюбу і не ганьбіць сябе распустай, бо такія паводзіны выклікаюць гнеў магутнага Бога на ўсю дзяржаву, з’яўляюцца дрэнным прыкладам для ўсіх грамадзян.

Агульнавядома, што маральныя заганы каралёў былі прычынай вельмі цяжкіх бядотаў многіх дзяржаў, а самі каралі, якія вялі ганебнае і распуснае жыццё, ніколі не паміралі смерцю, годнай павагі. Каб просты народ у далейшым змог найлепшым чынам браць прыклад з спосабу жыцця каралёў — бо дэкрэты не стрымліваюць грамадзян ад злачынстваў — паўсядзённае жыццё караля павінна заахвочваць іх да ўсялякіх дабрачыннасцяў і дзе-калі будзе выяўлена злачыннае пралюбадзейства — каралі павінны даводзіць яго да агульнага ведама, а вінаватых караць ганьбай і знявагай. Але ж з якім тварам і з якой рашучасцю змогуць яны асуджаць гнюсныя ўчынкі іншых, калі самі не без граха!

Не, не рашацца яны калі-небудзь асуджваць або ганіць такі спосаб жыцця, або лічыць, што неразумна адмаўляцца ад вельмі прыемнай прыправы жыцця, якой з’яўляюцца распусныя пачуцці. Як вельмі слушна сказаў Цыцэрон, юрлівасць перашкаджае разважлівасці, варожая розуму, асляпляючы яму вочы, ніякіх адносінаў не мае да дабрачыннасці. Не могуць шанаваць узвышанае і прыгожае тыя, хто ўсе свае думкі і намеры звяртае да нізкага і агіднага. О, калі бы Бог паставіў на чале дзяржавы караля, які б пахвальна адзначаўся ўстрыманасцю і цнатлівасцю, каб мы змаглі пабачыць, што гэта смярдзючая зграя распусных ваўкоў выгнана з каралеўскага двара, а таксама змаглі сказаць, што каралеўскі двор — гэта крыніца і прычына ўсіх дабрачыннасцяў, а не натоўп нягоднікаў! Якія подлыя і ганебныя справы рабіліся да гэтай пары паўсюдна, на ўсіх нашых слаўных соймах, якія паскудствы не баяліся чыніць некаторыя! Сэрца абліваецца крывёю ад успамінаў пра ўсе ліхадзействы і шукае абароны. Мы па праву можам паставіць у віну мярзотнай распусце злачынных пралюбадзеяў натрапіўшае нас боскае пакаранне, паўсюдную ганьбу нашых няшчасных зямель. Боскае наканаванне не падманвае нас, яно наперад паведаміла нам і пацвердзіла самім жыццём, як мы будзем пакараны за грахі нашы. Таму выбраны кароль, які павінен з’яўляцца для нас прыгожым прыкладам цнатлівасці і сумленнасці, абавязаны — што відавочна — быць першым вартавым бездакорнага шлюбу, знаходзіцца на вышэйшай прыступцы ўсіх дабрачыннасцяў, быць аздоблены гэтымі высокімі знакамі ўзнагароды.

Калі загана паразіла сэрца караля і ён апынуўся пад яе ўладай, ён ужо не зможа належным чынам выконваць ускладзеныя на яго абавязкі, карыстацца ўладай, несці цяжар судовых спраў. Бо маральныя заганы асляпляюць розумы гаспадароў, скажаюць дабрачыннасць, груба парушаюць справядлівасць судаводства. Марнатраўца, які лёгкадумна разбазарвае сваю ўласнасць, зразумела, не прытрымліваецца строга маральных запаветаў і лёгка парушае правілы судаводства, у судовых справах ён кіруецца толькі сваімі пачуццямі. Таму высокія пасады ў грамадстве атрымліваюць не тыя, чые цнота і працалюбства відавочныя, а тыя, хто дае шмат золата і срэбра. Немагчыма выказаць словамі, якія бядоты нясе дзяржаве дадзеная акалічнасць. У выніку лёгкадумныя людзі, якія страцілі сваю ўласнасць, займаюцца рабаўніцтвам і насіллем, сцвярджаюцца ва ўладзе, здзіраюць скуру з няшчаснага простага народа і насычаюцца амаль што крывёю грамадзян. У гэтых умовах прытупляюцца шчырыя і сумленныя якасці добрых людзей, млява ўшаноўваецца дабрачыннасць і ўзнікае меркаванне, што ўзнагароды і пасады даступныя толькі тым, хто багаты і можа іх купіць.

Дабрачыннасць, шаноўныя панове сенатары, павінна звяртацца да самой сябе і яна сама па сабе з’яўляецца самай высокай узнагародай. Аднак не многія маюць такі моцны характар, каб не падпарадкоўвацца выпадку, прымаць дабро і адмаўляць загану, вызначаць, што ёсць дабрачыннасць, а што — амаральнасць. З другога боку, ніякае саперніцтва не з’яўляецца такім небяспечным, як саперніцтва багатых і знатных грамадзян. Усімі сродкамі неабходна пазбавіцца ад яго, бо ў адваротным выпадку адбудзецца страшэнны раскол у грамадстве: адны — дабрачынныя і працалюбівыя, але не багатыя, другія — уладальнікі багатых маёнткаў і маючыя вялікую ўладу, але заганныя дармаеды. Да таго часу, калі такі раскол будзе існаваць у грамадстве, ніякай трывалай грамадзянскай згоды, ніякага ўзаемаразумення паміж грамадзянамі не будзе, бо няма нічога настолькі святога і трывалага, што б не знявечыла і не зруйнавала бязмежная прага багацтва. Гаспадар, які прыходзіць да ўлады і якому ўласціва адзінае пачуццё — прага бязмежнага асабістага абагачэння і ваеннай здабычы, які прагне авалодаць уласнасцю сваіх грамадзян, звычайна ператвараецца ў пачварную прорву, якая паглынае ўсё, аднак не можа здаволіцца і насыціцца.

Такім чынам, перш за ўсё неабходна пазбавіць караля магчымасці задавальнення свайго карысталюбства, не дазваляць, каб ён ладзіў публічны гандаль чынамі і пасадамі. Няхай Сенат гэтую прарэгатыву возьме сабе, сам узводзіць ва ўсе чыны і звання, прытым толькі тых, чыі беззаганнасць, працалюбства і адданасць дзяржаве выпрабаваны, правераны ў справе, да таго ж, пытанне гэта трэба вырашаць агульным галасаваннем сенатараў, а не па чыёйсці волі. Мяркую, што знакамітым грамадзянам або сенатарам неабходна забараніць каралю карыстацца без іх згоды дзяржаўнай скарбніцай, каб ён больш клапаціўся пра пажытак паспаліты, а не пра свае прыватныя інтарэсы.

Пара ўжо зразумець каралю, што дзяржаўная скарбніца Рэчы Паспалітай створана дзеля агульнага грамадскага дабра, абароны Айчыны, а не для раздачы грошай і маёнткаў тым грамадзянам, якія з’яўляюцца яго прыхільнікамі, а кароль гэтым фанабэрыцца; што дзяржаўная скарбніца створана на выпадак гранічнай патрэбы, а таксама для таго, каб не загасла сапраўдная і заслужаная веліч караля. Зразумела, што многія грамадзяне сумленна набываюць сваё багацтва, стараннем, руплівасцю, працай павялічваюць асабістую ўласнасць і ўласнасць сваіх нашчадкаў. Кароль жа павінен перавышаць усіх у дзяржаве не багаццем, не золатам і срэбрам, а шматлікімі дабрачыннасцямі і славутымі справамі. А паколькі добрая слава, незалежна ад волі караля, жыве вечна, ён павінен працаваць і старанна імкнуцца да таго, каб пакінуць пра сябе слаўную памяць, якую будуць шанаваць усе добрыя людзі. І памяць гэта набываецца не вялікімі маёнткамі, не бляскам каштоўных каменняў і прыгажосцю шатаў, а працалюбствам, мужнасцю, вялікадушнасцю, дабрачыннасцю, прастатой, высокароднасцю. Дарэчы, усе гэтыя сціплыя дабрачыннасці затушоўваюцца, калі карысталюбства — крыніца ўсіх заган — аблытвае чыйсці розум. Трэба было б таксама вызначыць мяжу для каралеўскіх расходаў, каб кароль не меў права дамагацца празмернай раскошы і неабсяжных маёнткаў і не траціў вялікія сродкі на нікчэмныя рэчы, не марнаваў тое, што павінна быць выкарыстана на неадкладныя патрэбы дзяржавы. Усе мы добра ведаем, што амаль усе грошы ў час праўлення караля нябожчыка былі патрачаны на бескарысныя шматлікія табуны коней, конюхаў, кучараў у той час, як ніводнае ваеннае ўмацаванне, ніводная крэпасць, якія былі пабудаваны на межах, не былі забяспечаны належнымі гарнізонамі і прыпасамі, каб паспяхова абараніцца ад нападу ворагаў.

У выніку, значная частка Літвы (Вялікага княства Літоўскага — С.П.) апынулася пад чужой уладай і гэта адбылося не па прычыне моцы і мужнасці ворагаў, а з-за драхласці крэпасцяў, з-за таго, што яны былі пазбаўлены ваенных гарнізонаў, або з-за недахопу харчоў у тых, хто абараняўся. Да таго ж, мне не вядома, якія храмы, якія збудаванні, якія дамы былі ўзведзены ў сувязі з каласальнымі расходамі караля. Я не чуў, каб знайшоўся хто-небудзь з сенатараў, які б быў узрушаны вялікімі тратамі грамадскіх грошай і ганіў лёгкадумную безразважлівасць караля мужным словам. Адсюль вынікае, што неабходна ў будучым прадугледзець, каб скарбнікі не распараджаліся грашыма па асабістаму загаду караля, але толькі з санкцыі сената, прычым выключна на неадкладныя патрэбы рэспублікі.

Не магу таксама ўмаўчаць аб тым, што, паколькі правасуддзе з’яўляецца вартавым грамадскага спакою, кароль — які жыве ў бездзейнасці і раскошы, пазбягае цяжкасцяў і цяжару судовых спраў; з дня на дзень зацягвае і заўсёды адкладае іх — непазбежна з’яўляецца прычынай бядот і няшчасцяў тых, хто звяртаецца да яго за правасуддзем. Судовая валакіта, зацягванне разбірацельства спраў у судзе апрача таго, што прыносіць страты грамадзянам і даводзіць іх да поўнай галечы, зараджае ў іх думку пра панаванне ў нашай краіне беззаконня, асабліва ў адносінах да простых людзей, а таксама пра беспакаранасць злачынцаў. Адкажыце мне, шаноўныя панове сенатары, якая судовая справа, якая цяжба, прадстаўленая ў якасці апеляцыі каралю для тэрміновага разгляду, не адкладвалася “да заўтра”, што б не адбылося?!

Як вядома, апеляцыя ў выпадку судовай несправядлівасці павінна дапамагчы чалавеку дамагчыся правасуддзя, між тым, кожны, безумоўна, перакананы, што кароль, які не любіць працаваць, не будзе займацца ні чыёй судовай справай і пастараецца зацягваць яе без канца. Дык няхай жа ў справу ўмяшаецца закон, згодна якому кароль павінен даць абавязацельства, што не будзе зацягваць разгляд любой судовай справы больш трох дзён, хутка прыме рашэнне і даб’ецца яго выканання. Той, хто абавязаны клапаціцца пра ўсіх, не павінен драхлець у саромнай бяздзейнасці, пагарджаць пажыткам паспалітым, паважаць толькі людзей высокароднага паходжання. Мае рацыю Платон, які лічыў, што кіраванне дзяржавай гэта ахвярапрынашэнне, і як усе смяротныя залежаць ад самога Бога як ад вышэйшага дабра, так і кароль, які займае гэтую высокую пасаду, павінен з’яўляцца прычынай шчасця і дабрабыту ўсіх. Як павінна быць прыемна і ганарова каралю, які ведае, што дзякуючы яго пільнасці абаронена жыллё людзей, дзякуючы яго няспыннаму працалюбству захоўваюцца агульны спакой і штодзённыя справы людзей, дзякуючы яго намаганням — вольны час ўсіх! У гэтым выпадку неабходна лічыць, што кароль сапраўды з’яўляецца намеснікам бессмяротнага Бога на зямлі, бо падобна самаму хуткаму свяцілу — Сонцу, як піша Пліній, ён звычайна ўсё бачыць, ўсё чуе, усім дапамагае, усюды прысутнічае нязваны, быццам бы гасподзь Бог. Між тым, да папярэдняга караля людзям вельмі цяжка было падступіцца, яго зачыненыя дзверы заўсёды абложваў натоўп; больш правільна было назваць караля вядомым Паліфенам, які бавіцца ў сваёй пячэры, або пачварай, небяспечнай для рода чалавечага, і цалкам відавочна, што наўрад ці праявіць сябе ў вайсковай справе той, хто ў грамадзянскіх справах не адзначаецца працалюбствам, вельмі марудлівы і лянівы. Той, хто стаіць на чале дзяржавы і з-за бяздзейнасці не ахоўвае ... мір у краіне і свабоду народа, не абараняе са зброяй у руках ад ворагаў краіну, той — і гэта відавочна — гатуе Рэчы Паспалітай спусташэнне і пагібель. Находзячыся на вяршыні ўлады і закінуўшы ўсе справы, ён гатуе краіне зневажальную і нікчэмную долю. Шаноўныя панове сенатары, Ваш абавязак зводзіцца да таго, каб знайсці сродак пазбавіць дзяржаву ад гэтага няшчасця, дабіцца, каб кароль, які будзе правіць намі, быў абмежаваны пэўнымі рамкамі законаў, і калі ён будзе дрэнна выконваць свой абавязак, Ваш доўг і ў Вашай уладзе будзе прыцягнуць яго да адказнасці. Бо ўсякае невыкананне і парушэнне законаў каралём наносіць дзяржаве шкоду, а ў Вашай агіднай ліслітвасці, якая разбэшчвае розум караля і дае волю яго капрызам, па справядлівасці змяшчаецца крыніца ўсіх нашых бядот.

Я СКАЗАЎ (ДІХІ)

 

Пераклад з лацінскай мовы выкананы А.Я. Цукерманам і С.А. Падокшыным па выданню: Pisma polityczne z czasow pierwszego bezkrolewia. Wyd. S. Czubek. Krakow, 1906.

 

 

зьмест