ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

другая эўропа


ФРАГМЭНТЫ №3
№3
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Венка Андонаўскі

ЧАРАНОК І ШЫФР

пра культурную ідэнтыфікацыю

 

Заўважым адразу, што пад ідэнтыфікацыяй у гэтым выкладзе маецца на ўвазе камунікацыя зь Іншым. Адпаведна, гаворка будзе ісьці пра сэміятычную ці, лепей сказаць, знакавую ідэнтыфікацыю. Вядома, што ідэнтыфікацыя ў адным сваім значэньні прадстаўляе атаясамліваньне суб’екта зь нейкім Іншым; вядома таксама, што слова ідэнтыфікацыя вельмі часта ўжываецца ў якасьці тэрміну для таго, каб паказаць, што нейкі суб’ект адшукаў самога сябе, дайшоў да сябе, атаясаміўся з сабой. І ў першым, і ў другім выпадку (атаясамліваньне зь Іншым; атаясамліваньне з сабой; адшуканьне сябе) ідэнтыфікацыя немагчымая безь перадачы і прыёму знакаў, інакш кажучы, без сэміятычнай дзейнасьці. Адсюль, ідэнтыфікацыя выступае як адна зь першасных сэміялягічных праблемаў.

Што ж сёньня мы маем у Эўропе? Маем шырокі рэгіён дзяржаваў, якія адкінулі ідэалы сацыялізму і камунізму і шпарка кінуліся асвойваць капіталістычныя культурныя мадэлі, з аднаго боку, і шэраг багатых і стабільных капіталістычных дзяржаваў, зь іншага. Дзяржавы тыя знаходзяцца ў пазыцыі мэнтара, які вызначае, да якой ступені былыя сацыялістычныя краіны зьідэнтыфікаваліся зь імі ў культурным пляне. Дэмакратызацыя, рэформа адукацыі, прызнаньне правоў чалавека — усё гэта сфэры, што патрабуюць хуткай ідэнтыфікацыі з ужо ўсталяванымі "заходнімі" стандартамі. Згодна з гэтым, мы маем зьяву паскоранага атаясамліваньня зь Іншым. У Македоніі, напрыклад, вельмі папулярна бачыць у Эўропе нейкі ідэал. Часта выкарыстоўваецца тэзыс, узяты зь нялепшага сьветлага мінулага македонцаў — а менавіта тое, што Македонія павінна стаць нечым накшталт балканскай Швайцарыі. У гэтым выпадку, як можна заўважыць, выкарыстоўваецца знакавы рэпэртуар, які беспасярэдня патрабуе ідэнтыфікацыі зь Іншым. У другіх краінах такія ідэнтыфікацыі робяцца і з ЗША; звычайна і ЗША, і Эўропа ўваходзяць у нейкае дастаткова цьмянае мэтафарычнае ўяўленьне пра "Захад", ягоныя дэмакратычныя інстытуцыі і ягоны матар’яльны дабрабыт.

Аднак ідэнтыфікацыя зь Іншым (што добра вядома псыхааналітыкам) ня ёсьць працяглым станам. Яна ёсьць і павінна быць толькі фазай, якая хутка пераадольваецца. Вядома, што дзеці ў сям’і ідэнтыфікуюцца з бацькамі, але гэтая ідэнтыфікацыя, безь якой немагчыма разьвіцьцё індывідуума, павінна да пэўнага ўзросту быць пераадоленая, бо, у іншым выпадку, не адбываецца фармаваньня асобы. Для прыкладу, ідэнтыфікацыя сына з бацькам дае магчымасьць сыну атрымаць уяўленьне пра маральныя катэгорыі, дабро і зло, марнатраўства і беражлівасьць, гаспадарлівасьць, адказнасьць, палавую ролю і да таго падобнага. Аднак калі гэтая ідэнтыфікацыя не вядзе да фармаваньня ўласных поглядаў і ўтварэньня незалежнага індывідуума, можа дайсьці да фатальнага сэксуальнага суперніцтва паміж бацькам і сынам, у псыхіятрыі ведамага пад назвай "Эдыпаў комплекс". Мяркую, што вы разумееце, пра што ідзе гутарка. Цалкам зразумела, што мэнтары, якія патрабуюць культурнай ідэнтыфікацыі з сабой, ня вытрымаюць культурнага суперніцтва із сваім учорашнім вучнем. Інакш кажучы, нават калі б Швайцарыя дазволіла культурную ідэнтыфікацыю Македоніі з сабой і нават калі б падтрымвала тую ідэнтыфікацыю матар’яльна і ідэйна, у той самы момант, калі македонская культура стала б канкурэнтаздольнай із швайцарскай, адразу працэс ідэнтыфікацыі быў бы спынены менавіта з боку "мэнтара".

Іншая праблема — гэта праблема адрознасьці ўсялякай культуры. Напрыклад, адзін з кампанэнтаў сучаснай швайцарскай культуры — выраб гадзіньнікаў. Македоніі не вядомы такі жанр духова-матар’яльнай вытворчасьці. Адпаведна, гэтая рубрыка ў сукупным сэміятычным рэпэртуары, у дадзеным выпадку македонскай культуры, застаецца незапоўненай. Але затое швайцарцы ня могуць пахваліцца фрэскавым жывапісам або вытворчасьцю тамбураў. (Струнных інструмэнтаў накшталт мандаліны. — Зацем перакладніка.) Гэта звычайныя адрозьненьні паміж культурамі, якія ў высокай ступені паказваюць, што паняцьце "ідэнтыфікацыя" дастаткова праблемнае, нават калі яго разумець толькі як ідэнтыфікацыю зь Іншым. Як ува ўжо спамянутай псыхіятрыі, ідэнтыфікацыя зь Іншым служыць толькі для самаідэнтыфікацыі. Гэта значыць, для аддзяленьня, адасабленьня ад Іншага. Для разуменьня таго, што не зьяўляешся ў адносінах да яго чымсьці іншым, чым ты ёсьць.

Такім чынам, для мяне відавочна, што хуткае засваеньне кодаў іншых культураў, абы-як і некрытычна, вядзе да імпарту і прадукаваньня кічу, ануляваньня ўласных аўтахтонных, аўтэнтычных культурных рысаў і ўласьцівасьцяў. Быў час, напрыклад, калі македонскія драматургі спрабавалі спаборнічаць, хто хутчэй прышчэпіць у нас мадэль Эжэна Ёнэска і ягонага тэатру. Або Антанэна Арто. Перад тым у модзе быў Камю (асабліва ў прозе): парадокс стаў самым улюблёным цытаваным кодам іншай культуры. Гэта нармальны працэс перайманьня, і ніхто ў здаровым розуме яго не асудзіць. Канечне, вучымся ў іншых, не ў сябе, бо калі вучымся ў сябе, тады ўжо ведаем тое, чаго ў далейшым трэба навучацца. Але адно — браць мадэль і ствараць у адпаведнасьці зь ёй, а другое — браць мадэль і ў тым спыніцца. Навязьлівая захопленасьць Сартрам, якая ў македонскім рамане нарадзіла цэлы вал твораў, зь якіх засталося 2-3 вартыя, якраз тых, што здолелі надаць мадэлі статус знака ідэнтыфікацыі з сабой, а ня зь Іншым. Гэта вядомыя працы тэарэтыкаў мастацтва, але я б тут шмат на іх не спыняўся. Хочацца толькі адзначыць, што паводка кічу ў новаўтвораных дзяржавах з рынкавай гаспадаркай, а дасюль чальцох усходняга лягеру, знаходзіцца ў шчыльнай сувязі з гэтым штучным прышчэпваньнем чужых пладоў да нашых аўтахтонных расьцінаў. Немагчыма прышчапіць авакада наўпрост да македонскай чарэшні. Таксама, як немагчыма паставіць статую голай рэнэсансавай дзяўчыны зь якой-небудзь аркады Рыму на якую-небудзь старую вясковую хату з вэрандай з Малешава. (Рэгіён Македоніі вакол гораду Малешава. — Зацем перакладніка.) Гэта будзе стопрацэнтовы кіч.

Такі кіч, што ўзьнікае ў выніку некрытычнага імпарту чужых цытаваных кодаў і іхнага спалучэньня з аўтэнтычнымі, менш за ўсё закрануў тых дзяржаваў, якія мелі трывалыя традыцыйныя коды. Сытуацыя не зьяўляецца такой, напрыклад, у Польшчы, калі ня браць пад увагу іншае, код рэлігіі і пры камунізьме меў вялікае значэньне, і ў Македоніі, якая, паводле маёй ацэнкі, нажаль, адносіцца да традыцыі як да нечага, што эвэнтуальна шкодзіла камуністычнаму ідэалу. Ступень паражэньня гэтым тыпам кічу розная, але працэдура ўзьнікненьня, этыялёгія — аднолькавая.

Такім чынам, працэс культурнай ідэнтыфікацыі з Захадам для мяне зьяўляецца пустым тэзысам, калі пад ім разумеецца імітацыя на ўзроўні малпаваньня. Практыка даказвае, што большая частка з нас, на жаль, менавіта так разумее ідэнтыфікацыю.

Зь іншага боку, трэба зазначыць, што і працэс самаізаляцыі нікуды не вядзе, і ягоным вынікам зьяўляецца замыканьне ў пакутлівым коле ўжо цалкам знаёмых і нават надакучлівых знакаў культуры, у рамках якой яны імітуюцца. Калі паглядзець гісторыю і прыклад ганебнай братазабойчай вайны, якая вядзецца на Балканах апошнімі гадамі, можна заўважыць, што культуры, якія адмаўляюць культурную ідэнтыфікацыю зь Іншым, хоць бы на глебе элемэнтарных чалавечых каштоўнасьцяў і правоў, замыкаюцца ў ваяўнічай самаідэнтыфікацыі, у ваяўнічай сэміётыцы, якая не выносіць адрознасьці іншых. Выцягваюцца нацыянальныя гербы як апошняя і скрайняя абарона перад сэміятычнай агрэсіяй "тых з Захаду", "тых па суседзтве", "непрыяцеляў", "даказьнікоў" і да іх падобных. У гульню ўключаюцца гербы старадаўных часоў, вядомыя ваяўнічыя мясцовыя фізычныя адзнакі — бароды, голеныя галовы і г.д.; прыходзіць ідэнтыфікацыя з ужо вядомымі ідэалёгіямі (сымболь фашызму, чэтніцтва і вусташыцтва); сьпяваюцца песьні, што лічацца спрадвечнымі нацыянальнымі сымболямі, супроць якіх непрыяцель бясьсільны. Ён нават ня можа іх зразумець; мовы і граматыкі перарабляюцца для таго, каб менш былі падобныя да іншых, і незалежна ад ідэнтычнасьці каранёў, ад якіх яны паходзяць. Наступае татальнае паранаідальнае шыфраваньне культуры, яна зашыфроўваецца ў толькі для яе зразумелым ключы, яна не патрабуе разуменьня, яна носіць антыкамунікацыйны характар. Яна, бясспрэчна, закансэрваваная такім самым чынам, якім кансэрвуюць целы нябожчыкаў: у цяжкадаступнай, закапанай дамавіне із шчыльна зачыненым вечкам. Наступная фаза — гэта распад культуры, яе няўдалае бальзамаваньне, бо культура жыве толькі тады, калі прыймае і аддае адначасова.

Згодна з гэтым, для мяне сэнс дадзенага выкладу знаходзіцца ў пастаянным сымультанным усьведамленьні двух працэсаў, якія могуць працякаць у адваротным і пераменным напрамках ідэнтыфікацыі з сабой. Толькі ў такім выпадку чаранок і шыфр могуць узьяднацца. І страціць жахлівую апакаліптычную сэмантыку самаадчужэньня, якую яны маюць.

 

З македонскай мовы пераклала Алеся Літвіноўская

 

зьмест