ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

postscriptum


ФРАГМЭНТЫ №3
№3
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Адам Глёбус

МЕРКАВАНЬНІ

 

***

Спачатку перажываеш, што ты яшчэ не дарослы, потым што ня самы прыгожы, пазьней — што не багаты, напрыканцы — што не шчасьлiвы, хворы й стары. А перажываць i ня варта.

 

***

Ёсьць адна першапрычына сьмерцi — нараджэньне.

 

***

Найгоршы вораг той, хто цябе прынiжае.

 

***

Ад адной толькi думкi пра мясакамбiнат можна моцна пачырванець за тое, што ты — чалавек.

 

***

Слабадушныя, на думку Вавэнарга, упэўненыя, што разбурэньне — верная прыкмета сьмеласьцi й магутнасьцi. Так яно i ёсьць, але слабадушныя й моцныя духам тут i ні пры чым.

 

***

Размовы разумных субяседнiкаў не такiя вострыя, як дыялёгi неадукаваных асобаў, але найбольшай экспрэсii ты ня знойдзеш у чалавечых сварках... Паназiрай сабачы двубой.

 

***

Калi што i прыносiць выгоды, то гэта несправядлiвасьць. Яна адмаўляе роўнасьць. Дзякуючы ёй у адных усё, а ў другiх нiчога.

 

***

Працягласьць жыцьця шмат у чым залежыць ад iнтэлекта. Вар’яты доўга не жывуць. Дурнi хутка старэюць.

 

***

Мы хаваем бацькоў значна раней, чым яны памiраюць.

 

***

Калi ты хоць на iмгненьне навучысься грэбаваць жыцьцём, ты пазбавiсься страху і ня ўтворыш самазабойства.

 

***

У наш час воля да ўлады сканчаецца пiсаньнем папяровых законаў i ўдзелам у тэлешоў.

 

***

Нашто ў сто адзiнаццаты раз даводзiць тое, што ў масавай сьвядомасьцi зьяўляецца бясспрэчнай iсьцiнай? Масавыя iсьцiны трэба абвяргаць.

 

***

Генiй стаiць вышэй за ўсялякiя канстытуцыi, праграмы i законы, таму дзяржава помсьцiць генiю жорстка й злосна, як умее ў рамках законаў i канстытуцый, а ня рэдка й выходзячы за iх.

 

***

Сапраўдны ўладар не баiцца сваiх падданых i не чакае ад iх нiчога кепскага... Казаў Вавэнарг. Шкада, што францускi маралiст не ўдакладнiў: у рэальнасьці такiх сапраўдных уладароў не iснуе.

 

***

Калi чытаеш у францускага маралiста: „... менавiта палiтыкi — сапраўдныя фiлёзафы”, жаданьне быць фiлёзафам выпарваецца, лепей заставацца вясёлым лiтаратарам.

 

***

Я пагадзiўся б жыць пад прыгнётам тырана пры ўмове, што буду залежны толькi ад ягоных прымхаў i свабодны ад дэспатызму моды, звычак, забабонаў: законнасьць — найлепшая форма рабства... Разважае Вавэнарг. Але тыран таму i тыран, што не зважае нi на якiя законы.

 

***

Запэўнiваць адукаванага чалавека ў тым, што бяднейшы лепшы за багатага — неразумна. Бяднейшы ў першы чарод бяднейшы розумам, а як сьледзтва — грашыма.

 

***

Папракаючы жабрака, ты адмаўляеш яму ў спачуваньнi i правiльна робiш. Прысаромлiвай жабракоў. Хай ён рота не пасьпее адкрыць, а ты скажы: „Дайце мне грошай на хлеб”.

 

***

У народу й паноў усё рознае — i дабрадзейства, i заганы. Заўважыў Вавэнарг. Можна працягнуць падзел i дадаць. Няма двух людзей, чые б добрыя i злыя ўчынкi цалкам супадалi.

 

***

Заўсёды думаў, што гандаль — мастацтва падманваць. У Вавэнарга больш ёмка... Гандаль — школа падману. Не навука, не мастацтва, а менавiта школа. Генiяльна.

 

***

Мастацтва падабацца — гэта ўменьне падманваць. Так-так, спадар Вавэнарг. Гэта, бясспрэчна, першы ўрок у школе падману, якая завецца гандлем.

 

***

Сквапны спадзяецца на доўгае жыцьцё, чым i ўяўляе цiкавасьць. Сквапнасьць адна з формаў надзеi. Яе варта ўважлiва дасьледаваць. Каб ня спудзiць сквапнага, варта нават за вочы называць яго ашчадным i мудрым, што недалёка ад праўды.

 

***

Забраць значна цяжэй, чым даць, асаблiва цяжка вярнуць назад адданае.

 

***

Баяцца трэба ня жорсткiх уладароў i заможных людзей, а зайздросных нябог i агрэсыўных жабракоў, якiм няма чаго губляць.

 

***

За дабро варта сплочваць, а за зробленае табе зло можна i не плацiць.

 

***

Большасьць разумных людзей, жывучы ў сталiцах, iснуюць i працуюць у правiнцыях. Для адных гэта правiнцыя завецца навукаю, для другiх — рэлiгiяй... Спадзяюся, як i кожны ізь сьмяротных, што зь цягам часу на сьвеце будзе больш творцаў, якiя пажадаюць жыць у сталiцы, дзе ўраўнаважана скампануюцца i навука, i мастацтва, i рэлiгiя, i эротыка. Дзе адзiн правiнцыйны талент ня будзе iмкнуцца прынiзiць другi талент толькi за тое, што ён зь іншай правiнцыi, з суседняга рэгiёну цi сэктару.

 

***

Розум прымушае верыць у тое, у што мы ня можам паверыць з-за абмежаванасьцi нашых пачуцьцяў. У бясконцасьць сьвету, да прыкладу.

 

***

Дзяржава прыўлашчвае заслугi генiя, якога пасьлядоўна, пэдантычна, скрупулёзна зьневажала.

 

***

Улада — гэта прыўлашчваньне чужых здольнасьцяў i ведаў.

 

***

Настаўнiкаў заўсёды менш, чым падручнiкаў.

 

***

Робячы вялiкую справу, ты ня зможаш абыйсьцiся без таго, каб не натварыць непатрэбшчыны й не нарабiць нiкчэмнасьцяў.

 

***

Ленавацца ня менш складана, чым працаваць. Працуеш па агульнапрынятых правiлах i адпачываеш па правiлах, а лянуесься па сваiх жаданьнях. Таленавiтых лайдакоў так жа ж мала, як i адораных працаўнiкоў. Пра гэта сьведчыць i колькасьць баек, казак, раманаў, песень пра людзей лянiвых.

 

***

Галоўнае ў творчасьцi — адладжваньне працэсу, а не канчатковы прадукт.

 

***

Самыя супярэчлiвыя кнiгi — зборнiкi афарызмаў.

 

***

Шукаць нелягiчнасьцi ў кнiзе, складзенай з выказваньняў вялiкiх людзей, — занятак пусты.

 

***

Вораг лiтаратара — шматслоўе.

 

***

Вавэнарг сьцьвярджаў, што людзi разумныя ня пiшуць i не чытаюць раманы, бо дастаткова чалавеку адчуць, што ўяўная велiч хавае за небылiцамi звычайную хлусьню, як яго ахоплiвае гiдлiвасьць, таму раманы й не перачытваюцца. Выдатнае назiраньне. Толькi мне не давялося сустрэць нiводнага разумнага, якi б не прачытаў пару-тройку бульварных раманаў. Усе не без грахоў. Мяркую, спадар Люк дэ Кляп’е дэ Вавэнарг таксама пачытваў раманы. Таму й скажу наступнае... Разумны чалавек адмаўляецца чытаць раманы.

 

***

На думку Вавэнарга, фiлязофiя ня менш падуладная модзе, чымся вопратка i музыка, архiтэктура дый iншае. Зрок чапляецца за слова „архiтэктура”, i ўзьнiкла жаданьне крышку падрэдагаваць дэфiнiцыю... Фiлязофiя, як i архiтэктура, падпарадкоўваецца стылю.

 

***

Развагi пра ўзаемазалежнасьць рэчаў стамляюць ня менш за чаканьне перад зачыненымi дзьвярыма.

 

***

Каб звацца чалавекам, трэба няшмат: дастаткова навучыцца адрозьнiваць велiчнае ад мiзэрнага.

 

***

Безгустоўнасьць вынiкае з хлусьнi.

 

***

Кожная думка новая, — заўважыў Вавэнарг, — калi чалавек выказвае яе на свой лад... На сваёй мове i ў новай маладой краiне... Удакладню.

 

***

У адным слове iсьцiны ня менш, чым ў разгорнутым сказе. Але большасьць лiтаратараў усё адно iмкнецца акрэсьлiваць iсьцiну менавiта сказамi, а ня словамi.

 

***

Афарызм — арыстакратычная форма.

 

***

Нi адзiн пасапраўднаму вялiкi чалавек нiколi не забiваў час на складаньне баек... Сказаў Вавэнарг, забыўшыся пра Эзопа.

 

***

Найбольш карысныя тыя парады, якiмi лёгка кiравацца... Думка Вавэнарга перагукаецца з выказваньнем Скаварады... Цяжкае, яно i непатрэбнае.

 

***

Неiстотна, як ты патрапiў у сабор, праз чорны ход цi праз парадную браму, галоўнае — ты ў саборы.

 

***

Узнаўленьне — нязьменная ўмова нашага iснаваньня... Жанчыны адчуваюць гэтую iсьцiну лепей за мужчынаў.

 

***

Пажадаю творам Вавэнарга яшчэ й такое... Хай тэксты вялiкага маралiста прачытае эманцыпаваная сучка.

 

***

У клясыкаў фiлязофii, у Вавэнарга ў тым лiку, зьдзiўляе хваравiтае нераўнадушша да жанчынаў.

 

***

Па перакананьнях Вавэнарга... Самыя высокiя думкi падказвае нам сэрца. Карцiць дадаць... Сярэднiя думкi падказвае страўнiк, а нiзкiя — чэляс. Зрэшты, усё залежыць ад позы, у якой знаходзiцца цела.

 

***

Гiсторыя ведае вялiкiх людзей, якiмi рухалi пошукi асалоды альбо каханьне, але я ня памятаю такiх, хто быў бы юрлiвым. Тое, што складае галоўную якасьць адных, недапушчальнае ў другiх навет як слабасьць... Канстатуе Вавэнарг. Нязгодны. Рафаэль, якi ня ўмеў чытаць i памёр на жанчыне, ня менш вялiкi за любімага Вавэнаргам Расiна.

 

***

Калi думаеш, што жанчыны цэняць у мужчыну сьцiпласьць i памяркоўнасьць... Памыляесься. Каханкi шануюць разбэшчанасьць i напорыстасьць.

 

***

Цi супярэчыць розуму й справядлiвасьцi любоў да самога сябе? Пытаецца Вавэнарг. Для мяне, эгаiста, адказ вядомы. Любоў да самога сябе не супярэчыць розуму i справядлiвасьцi. I чаму нам так хочацца, каб сябелюбства заўсёды лiчылася заганаю? Працягвае Вавэнарг. Па-першае, ня ўсiм, а па-другое, далёка не заўсёды. У доказ таму два папярэднiя пытаньнi Люка дэ Кляп’е дэ Вавенарга.

 

***

У гомасэксуалiзьме i лесьбiянстве зьдзiўляе ня тое, што чалавек кахае iстоту свайго полу, а тое, што яны ходзяць парамi, жывуць парамi i ў дадатак рэгiструюць шлюбы. Давядзецца пагадзiцца зь Люкам дэ Кляп’е дэ Вавэнаргам, якi заўважыў... Чалавек, як iстота недасканалая, ня можа iснаваць у адзiноце. А так было б добра жыць адасоблена. Лепш за ўсё думаецца, пiшацца, працуецца на адзiноце.

 

***

Задумваючы рызыкоўнае дзеяньне, сто адзiнаццаць разоў падумай пра самога сябе i рызыкуй.

 

***

Калi думаеш пра сябе, прыходзiш да высновы: нельга быць вялiкiм штохвiлiнна. А вось аналiзуючы лёсы й бiяграфii вялiкiх творцаў, пераконваесься: вялiкiм можна быць заўсёды i ва ўсiм. Дыяген Сынопскi вялiкi нават тым, што жыў у глiнянай бочцы.

 

***

Каб перастаць зайздросьцiць, трэба сябе лiчыць ня горшым за iншых, а то i лепшым.

 

***

Люблю Вавэнарга яшчэ й за тое, што ягоныя „Фрагмэнты” й „Афарызмы” чытаў i цытаваў мой бацька.

 

***

Павага iншых людзей залежыць ад стаўленьня да самога сябе. Нiхто ня будзе цанiць чалавека, якi сам сябе нi ў што ня ставiць.

 

***

Усе ведаюць... Чалавек шчасьлiвы толькi на сваiм месцы. А хто падкажа, як знайсьцi й, галоўнае, займець запаветнае месца?

 

***

Большасьць каханак варта браць нахабна, пакуль яны яшчэ не разабралiся ў сваiм стаўленьнi да цябе.

 

***

Ня часта, але сустракаюцца асобы настолькi самалюбiвыя, што iх не цiкавiць прызнаньне й слава, iм не патрэбны ацэнкi й адзнакi iншых, iх абыходзяць чужыя меркаваньнi пра ўласныя паводзiны. Жадаў бы я быць такiм, незалежным ва ўсiм. А атрымлiваецца толькi ў камэрнай творчасьцi.

 

***

Больш чым дастаткова быць шчасьлiвым самому па сабе. Тым больш, што няшчасны ты заўсёды ў адзiноце.

 

***

Калi чытаю, слухаю або гляджу вялiкi твор, на нейкае iмгненьне ўзьнiкае жаданьне, каб ён належаў толькi мне аднаму. Вось так i ўзьнiкаюць таемныя запісы i бiблiятэкi.

Барсэлёна, лiпень-жнiвень 1997 году

 

зьмест