ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэма/тэкст


ФРАГМЭНТЫ №3
№3
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Канстантын Оруш

РЭВАЛЮЦЫЙНЫ ТЭРАРЫЗМ ЯК ІЛЮЗОРНАЕ ІСНАВАНЬНЕ Ў ДРУГОЙ РЭАЛЬНАСЬЦІ

або альтэрнатыўны погляд на аднаго нетыповага тэрарыста — дона Грубана Малiча Белапольскага

 

Гэтыя пачатковыя нататкi не прэтэндуюць нi на вялiкую значнасьць, нi на ролю iнтэрпрэтацыйнага ключа, адылi пацьвярджаюць перакручаную прыказку, што дзень па ранку не пазнаецца. Iнакш, Яўс не напiсаў бы сваю эстэтыку рэцэпцыi, не чакаючы iх зьяўленьня. Дзеля таго, каб ня быць дазваньня пахiбнай, фiлязофiя закранае ў гэтым выкладзе абодва бакi іх iснаваньня — рэальны й вiртуальны — адпаведна эманаваныя ў хлусьлiвае й праўдзiвае (паводле той гiпотэзы, што рэальнае ёсьць вiртуальным, а вiртуальнае — праўдзiвым). З прычыны таго, што хлусьлiвае ёсьць асноўнай зьмястоўнай часткай т.зв. рэальнага iснаваньня, за мiлыя вочкi я буду насьледаваць нейкай рэкамэндацыi Льётара, каб вынайсьцi адрозныя, праз актываваньне, агульныя мейсцы, а злашча тыя, якiя абаронены прэдыспазыцыяй, дзеля вылучэньня iх у якасьцi вылучнай праўды. I, як кот у сакавiку, я ўвесь час буду прытрымлiвацца дзьвюх формулаў, якiя сабралi ў сабе ўсю мудрасьць чалавецтва й андроiдаў: „Два на два нiколi ня роўна чатыром” i „Вачэй ня маю — маю зрок”. Што датычыць самога пайма тэрарызму, у васноўным сэнсе з наiўнымi карэктывамi я тлумачу яго як „аб’ектыўны” (хоць гэткага й не iснуе) гуманiзм. Або — рызыкуючы чарговы раз пачаць пералiчваць розныя нэафашысцкiя й камунiстычныя дэлiквэнты — я вызначу тэрарызм як дэвiянтную мэтастазу неадэкватных грамадзкiх паводзiнаў. Як псыхiчная зьява, ён (тэрарызм) ёсьць смарагдавай формай экстравэртнага выбуху iнтравэртнага напластаваньня ў вiртуальную рэальнасьць. Гэта — перагорнутая патрэба ў псыхатэрапii. На Балканах гэта — абавязкова групавая й шокавая тэрапiя.

Калi з гэтага гледзiшча зьвярнуцца (а, з другога боку, заўсёды давядзецца зьвяртацца да рэцэптыўнай мяжы гэтых поймаў i перагортваць iх значэньнi) да тэрарызму, ён застанецца сацыяльна або палiтычна вызначаным, але ў той жа час будзе выяўляцца й як акт грамадзкай неадэкватнасьцi. Апошняе тлумачыцца проста — з гуманiстычнага гледзiшча нiякi сацыяльны або (крый, Божа) палiтычны пратэст, нiякiя зданьнёвыя iдэалы ня могуць апраўдаць пяцьдзесяцёх сьмерцяў дзеля пакараньня аднаго вiнаватага. Клясычным ёсьць прыклад камунiстычнага тэрарызму, а злашча ягоны вынiк, якi ўзбагацiў чалавечую анты-культуру амбiцыяй сакралiзацыi вобраза (а яшчэ й спробамi ўзьдзеяньня на вiртуальнае iснаваньне iндывiда) найжахлiвага тэрарыста новага часу — господина товарища Ленина.

Адылi, нават з гуманiстычнага гледзiшча, выпадак з тлумачэньнем i мейсцам тэрарыстычных iнсьпiрацыяў у лёсе малых народаў (у гэтым шэрагу й балканаславянскiх) ёсьць арыгiнальным. Адвечнае пакутнае iснаваньне прывяло да пэўнага вынiку, у нейкiм сэнсе нетыповага, паводле асноўнай зьмястоўнай iнвэнцыi. Вялiкая частка лiтаратурнай традыцыi падае тэрарызм ледзь ня як непазьбежны экспанэнт нацыянальна-вызвольнай амбiцыi, што часта балянсуе на мяжы памiж неадэкватнымi паводзiнамi й высокiм патрыятычным чынам. Калi ж да гэтага дадамо й абцяжаранае вульгарнай гiстарыяграфiяй меркаваньне, што на нашых землях нацыянальная барацьба сутнасна супадала зь iдэалягiчнай, мы знойдзем пэўны дуалiстычны тып бачаньня тэрарызму ў нацыянальнай сьвядомасьцi — матываваны нацыянальна й iдэалягiчна адначасова.

Як наступства ўзьнiкае нетыповы вобраз героя-тэрарыста — прынцыпова гераiзаваны, матывацыя ягоных учынкаў амаль сакралiзаваная, i адгэтуль вынiкае той парадокс, што геройскiя паводзiны ёсьць адэкватнымi нацыянальна каштоўным амбiцыям. Або — асобны ўчынак, хаця й дзеiць неадэкватна як асабiсты чын, вынiкае з адэкватнага iснаваньня калектыва. Гэткая сувязь асабiстага лёсу героя зь лёсам нацыянальным у значнай ступенi аддае iм перавагу й перад паноўнымi трагiчнымi нацыянальна-псыхалягiчнымi iнвэнцыямi. Такiм парадкам, як мастацкi вынiк гэтая зьява часта звужаецца да простага, але нездавальняльнага й нават недакладнага этнапсыхалягiчнага iдэнтыфiкатара. Рэцэптыўная норма дэзаб’ектывуецца i ня дзеля адмыканьня, але дзеля замыканьня далягляду чаканьня. Гэта, прызнацца, пазбаўляе мяне ад усялякай дасьледнiцкай цiкаўнасьцi.

Але глянем на гэтую зьяву й зь iншага боку, каб паспрабаваць падыйсьцi да яе адваротным шляхам. Мы ня будзем цiкавiцца мэханiзмам мiталягiзацыi й сакралiзацыi рэвалюцыйнага нацыянальна-iдэалягiчнага тэрарызму (якi вельмi агрэсыўна навязвае сябе ўвогуле ўсёй пакутнай балканаславянскай сьвядомасьцi), але паспрабуем вытлумачыць, як гэтая ўскладнёная й абцяжараная сьвядомасьць рэагуе на выклiкi ўжо мiталягiзаванага палiтычнага фэномэну. Па дапамогу я зьвярнуся да Грубана Малiча, аднаго досыць папулярнага й вельмi палемiчнага вобраза ў навасэрбскай i чарнагорскай лiтаратурах. У празаiчнай i драматычнай вэрсiях „Героя на асьле”, у рамане „Рат jе био бољи” i ў выбраных скандальных эратычных бачынах „Вершнiка зь вершнiкаў” (якi, на маю думку, складае адзiн самастойны фрагмэнтарны раман) гэты незвычайны чалавек Мiодраг Булатовiч зачынае сапраўдную этнапсыхалягiчную вiвiсэкцыю. Калi ў iх ёсьць нешта, што не падпадае пад канфiдэнцыянальныя аналiзы й дэфiнiцыi, дык гэта вобраз Грубана Малiча. Якая-любя знакавая iнвэнцыя, якую ён выпраменьвае, можа быць зьведзена прынамсi да двух сэмантычных дыскурсаў — із значэньнем, што ўводзiць у яго ўнiвэрсальны сэнс, i з замацаваным гледжаньнем на тэрор як непазьбежнасьць, што ўказуе на ўнiкальны нацыянальны кантэкст. Пры гэтым, з альтэрнатыўнага погляду, — яна вiдавочна нагадвае пародыю. Малiч — не герой, ён — антыгерой часоў другой сусьветнай вайны — карыкатурны блiзьнюк забойцаў у Сут’еску й каля Нэрэтва. Ён -- вiртуальнае аблiчча нацыянальнага характару i, магчыма, аблiчча яго захапленьняў i трагедыi.

Чаму я кажу пра падвойную iнвэнтыўнасьць кадаваных знакаў? Вiдавочна, што i без мастацкага таленту Дона Грубана можна проста акрэсьлiць пэўным фаляс-снайпэрам, якi велiчна вiталiзуецца ў вырашальныя iмгненьнi. Унiвэрсальная iнвэнцыя (А) ёсьць цалкам эвiдэнтнай — фаляс як знак перамогi, як знак жыцьця. Адылi, ведаючы, якiм у iсьце ёсьць Малiч Белаполец (дэзэртэр, дробны махляр i ўдовы бязетнiк), наколькi моцна яму навязаная повязь зь iдэяй пралетарскага тэрору, мы лёгка выведзем яшчэ адну ўнiвэрсальную iнвэнцыю (А1) — гэная iдэя, у якой падманулася палова сьвету, насамрэч прынесла гэтаму сьвету адно агрэсiю й спустошаньне, а яе носьбiта можна параўнаць толькi зь iнтэлектуальнай сiлай выснаджанага фаляса. Фалiчная выява Малiча выводзiць i выпраменьвае ўнiкальную iнвэнцыю (B). Без усялякага перабольшаньня гэта топасны характар, пасланьне да найстарэйшых пластоў культурнага фармаваньня гэтае прасторы — трацка-iлiрыйская мiталёгiя зь ейнымi сэмантычнымi вельмi iнвэнтыўнымi фалiчнымi культамi. Або — фаляс як спадчынны, неiранiчны эгзатопас. Але, дзеля вернасьцi прынцыпу бiнарнага асьвятленьня вобраза героя, Булатовiч выдзяляе й iранiчную iнвэнцыю (B1) — фаляс як карыкатурны этнапсыхалягiчны знак апошняй надзеi, зьбяднелы й прынiжаны Балканец, якому засталося толькi адзiнае з надмерных пiсьмёнаў, абцяжараных гiстарычнымi ўспамiнамi й безнадзейнасьцю. Фаляс як адзiнае выйсьце, як альтэрнаванае ў вiртуальную рэальнасьць ego. Гратэскная постаць Малiча ёсьць чыстай эманацыяй двуадзiнства сьмешнага й трагiчнага. Якi-любя красьлюнак паводле гравюры Малiча мае афарбоўку няпэўнага густу i патыхае непраходным псыхалябiрынтам. Малiч — не чалавек, але дух. Прывiд, уплецены ў вiдочную прастору дзесьцi ў другой рэальнасьцi, дзе нараджаецца якая-любя iлюзорная iдэя ад мэсыянства да Iсуса. Гэтая канвэнцыя адкрывае й чарговую жорсткую iронiю Булатовiча што да халерызму й экзальтацыi свайго собскага нацыянальнага духу. Дух-лёс, прызначаны для змаганьня.

Гэтая тэза пацьвярджаецца канвэргаванай нацыянальнай i iдэалягiчнай матывацыяй балканскага нетыповага тэрарыста; i пасьля выйгранай вайны Малiч працягвае бадзяцца па хворай Эўропе, седзячы на сваiм асьле ў вабдоймах з шалёнай марксысцкай iдэяй у яе бальшавiцкай мутацыi, дзеля экспарту пралетарскага тэрору. I нейкай гiпэрвар’яцкай пэрманэнтнай рэвалюцыii. Але тое, што Малiч абдымаецца з гэтай iдэяй, як абдымаецца прастытутка, яго самога не цiкавiць, як i складанасьцi яе (iдэi) тлумачэньня: яна проста была пад рукой. Але сэнс ня ў вiдзежнай тэрарыстычнай iдэалёгii, а ў важыцьцяўленьнi ў вiдочных памерах геройскiх амбiцыяў, што альтэрнатыўна жывуць у другой рэальнасьцi ягонай сьвядомасьцi. Вельмi iстотная паэтычная iнтэрпрэтацыя вобраза ёсьць iранiчным учынкам. З усяе камунiстычнае бузы Малiч абраў сабе знак „сусьветнай рэвалюцыi”. Гэты „адчэплены” знак адпавядае глыбока закадаванаму ў ягонай сьвядомасьцi мэсыянскаму знаку правадыра — комплексу пачатка. Або — комплексу адзiнкi. Гэта ня тыя нацыянальныя або iдэалягiчныя iнсьпiрацыi, што вызначаюць яго героем праз тэрор, але патрэба ў экспанамэнце альтэрнаванага ego зь вiртуальнай рэальнасьцi ў сьвядомасьць героя. Зразумела, што гэта ведае Булатовiч, а не карчмар Малiч. Геройскiм ёсьць адно выяўленьне самаiронii i парадаваны пiсьменьнiкам собскi чарнагорскi знак вечнага пачатку, вечнай вайны за нешта.

Комплекс адзiнкi ня ёсьць адно рэмаркай да чарнагорскай этнапсыхалёгii. Ён мастацкая цэласьць. Адзiнка як эманацыя iснаваньня ў абцяжараны лёс, у другую рэальнасьць. З адзiнкай адбываецца й магiчная мэтамарфоза — цёмны манюка зь Белага Поля ператвараецца ў Вялiкага Пераможца. Эўропа капiтулюе перад ягонай мiсіяй — немка Iнгелёра пяе з чыстымi тэўтонскiмi сьлёзамi, насаджаная на славянскую дзiду, набожная ангельская ледзi Агата Крыстлi молiць усiх сьвятых, каб застацца жывой пасьля сутыкненьня з балканскiм кiём, сымбаль Эўропы, нiмфаманка франс, ляжыць бяз дыху, сэксуальна разарваная белапольскай зброяй... Усе жанкi закiлзаныя — усе бойкi завершаны… Але няма мяжы для Пераможца Малiча. Перад праклёнам Дона Грубана Малiча Белапольскага i ягонага асла разбураецца мiт хворага iдальга Дона Кiхота Ляманцкага — разьбiваецца аб кавалак халоднага крыла Ветранога млыну.

Шакуючая мова, скандальная пародыя, стылiстычныя гульнi з дэмiталягiзаванымi геройскiмi вобразамi й з мiталягiзаванымi антымiтамi — усё гэта скарыстана, каб узьняць паданьне да невядомай вышынi, каб гiпэрбалiзаваць знакi, каб узьвесьцi думкi чытача як парабалу ў бязьмежжа нечаканага, у бязьмежжа iлюзiяў другой рэальнасьцi. Туды, дзе Булатовiч шукае матывацыю для жыцьця фалiчнай скульптуры Малiча. Пасьля вонкавай пародыi атракцыйнасьцi гэтага вобраза мастак сочыць за праекцыяй люстэркавага адбiтку чарнагорскага балканаславянскага духу, за яго alter ego. Патрэбна, каб фокус люстранога зьзяньня асьвятлiў шлях да вiртуальнага поля, да некранутага. Там блукае здань невiдочнага, але, магчыма, праўда стаiць за пачаткам. А гэта — на другiм баку розуму — у цемры, абцяжаранай волавам душы, у „нячыстай крывi”, у неразгаданым комплексе адзiнкi... Адзiнка як дзiда, нацэленая для выцiну ў сябе.

Булатовiчаў выбар карыкатуры, iдэалягiчна нематываваны, але iдэалягiчна экспанаваны вобразам рэвалюцыйнага тэрарыста, прыводзiць да таго, што мастацкi вынiк вельмi ўскладняецца, асаблiва, калi параўноўваецца зь вядомым аднавымерным трагiчным тлумачэньнем вобразаў гераiзаваных палiтычных тэрарыстаў з традыцыйным лiтаратурным захапленьнем. Пародыя й гратэск павялiчваюць магчымасьць вельмi яснага й сэмантычна чыстага ўведаньня этнапсыхалягiчных знакаў. Адылi, калi мы разьвяжам аналiзаваць вобраз нетыповага тэрарыста Малiча вылучна ў сьвятле ўнiкальных пасланьняў, што iх выпраменьваюць, мы можам схiбiць. Злашча, калi не задамося пытаньнем, цi не спрабаваў Булатовiч глядзець на сьвет патроху вачыма Мiшэля Настрадамуса. Уяўляецца, што яго ўнiкальнае пасланьне выклiкае пачуцьцё сымпатыi, нават захапленьня неверагоднай эманацыяй шырокага нацыянальнага духу, ягонай вечнасьцi. Адылi, як на альтэрнатыўны погляд, унiвэрсальныя iнвэнцыi высьвятляюць хваравiтыя бакi зьяўленьня Малiча — тлумачаць яго цёмна й фаталiстычна. Гэты Булатовiчаў вобраз, якi так цяжка разгадваецца, можна зразумець i як лiхi дух адной заразнай i грубай iдэалёгii (камунiзму), якая пагражае гэтаму сьвету нейкiм жахлiвым, гвалтоўным i ў iсьце — антыбiблейскiм апакалiпсысам. Малiч усё яшчэ не Антыхрыст, але гэта тая сiла, што можа разбурыць этычную гармонiю, i ад гэтага разбурэньня можа ўспыхнуць смаляная ўсьмешка Зьнiшчэньня. Нажаль — ужо не ў вiртуальнай рэальнасьцi.

 

З македонскай мовы пераклаў Міхась Баярын

 

зьмест