ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэксты


ФРАГМЭНТЫ №4
№4
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Алесь Анціпенка

МАРГІНАЛЫ І МАРГІНАЛЬНАЯ СЬВЯДОМАСЬЦЬ

 

Маргіналы — гэта людзі, што жывуць на ўскрайку грамадзкае, культурніцкае, нацыянальнае ці палітычнае сьвядомасьці. Яны прысутныя ў любым грамадзтве, аднак істотнае павелічэньне колькасьці маргіналаў і маргінальных груповак — асабліва заўважны працэс у пераходных грамадзтвах.

Перадусім гэта ёсьць вынік дэстабілізацыі сацыяльнага жыцьця.

Распад звыклых сыстэмаў каардынатаў, стэрэатыпаў і арыентацыяў паводзінаў, а таксама зьмена палітычнага рэжыму альбо палітычнай эліты могуць настолькі моцна дэзарыентоўваць грамадзкую думку, што значная колькасьць насельніцтва пачынае даволі хутка страчваць больш ці менш адэкватнае разуменьне зьменлівай сацыяльнай сытуацыі і маргіналізавацца.

Да прыкладу, вядомая „перабудовачная” формула аб дапушчальнасьці „плюралізму думак” сама па сабе была істотным дэзарыентуючым фактарам былога савецкага грамадзтва, якое дзесяцігодзьдзямі і праз гвалтоўныя мэтады прыводзілася да стану камуністычнага адзінадумства.

У маргіналізаванай сьвядомасьці названая формула амаль што адразу набыла прыблізна наступную інтэрпрэтацыю: „А халера іх там разьбярэ. Напрыдумваюць нешта!”

Неадэкватнасьць і, як правіла, парадаксальнасьць інтэрпрэтацыяў новых сацыяльных сытуацыяў, у сваю чаргу, зьяўляецца паказальнікам таго, што сацыяльны статус шэрагу сацыяльных груповак даволі няўстойлівы, і іхная старая супольная ідэнтычнасьць пачынае паволі разбурацца.

Вызначальным чыньнікам пераходнага грамадзтва заўсёды зьяўляецца арыентацыя пэўнай яго часткі (рэфарматары) на зьмену эканамічнай структуры, спосабу вытворчасьці і адносін уласнасьці. Ажыцьцяўленьне рэфарматарскай палітыкі (ці яе неажыцьцяўленьне, калі апошняя выяўляецца як сацыяльная неабходнасьць) непазьбежна закранае эканамічныя інтарэсы значнай колькасьці насельніцтва, абніжае агульны ўзровень жыцьця, а новае пераразьмеркаваньне даходаў выклікае рэакцыю незадавальненьня і сацыяльнай напружанасьці. Асабліва хваравітай аказваецца рэакцыя той часткі грамадзтва, якая цалкам альбо часткова зьвязвае свае экспэктацыі з новымі праклямаванымі каштоўнасьцямі і якія ня спраўджваюцца (напрыклад, не прыводзяць да паляпшэньня эканамічнага стану).

Няспраўджанасьць экспэктацыяў праз пэўны час выяўляецца ў расчараваньні і вядзе да маргіналізацыі сьвядомасьці, сацыяльным вынікам чаго зьяўляецца павелічэньне недаверу з боку такіх людзей да новых сацыяльных сілаў і партыяў, у тым ліку і да дзяржаўных інстытуцыяў, былых і новых лідараў.

Працэс маргіналізацыі грамадзтва, да таго ж, можа істотна ўзмацняцца, калі гэтыя новыя сілы і лідары церпяць паразу.

Для ўсіх маргінальных груповак, што ўзьніклі ў гэткіх умовах, натуральным працэсам аказваецца рух назад — да звыклых традыцыяналісцкіх стэрэатыпаў недалёкага мінулага, да зручных спосабаў мысьленьня і міталягемаў.

Шмат хто з гэтых новых „удзельнікаў” маргінальных груповак аднак можа разумець, што сапраўднай рэстаўрацыі мінулага ладу жыцьця не адбудзецца, але новыя арыентацыі ўспрынятыя цалкам быць ня могуць, бо яны ня спраўджваюць экспэктацыі і, прынамсі зьнешне, успрымаюцца як тое, што спараджае агульную нестабільнасьць жыцьця.

Маючы дваістую арыентацыю, аслабленую да будучыні і часова ўзмоцненую да мінуўшчыны (настальгічныя пачуцьці), маргіналы фактычна жывуць у тым часе, які не зьяўляецца ні цяперашнім ні сапраўдным.

З дваістасьці арыентацыяў узьнікае таксама хімэрычны спосаб успрыняцьця і інтэрпрэтацыі рэчаіснасьці, якая альбо адэкватна не тлумачыцца, альбо скажаецца. „Недавер да будучыні” як стан маргінальнай сьвядомасьці прадукуе страх да зьменаў і блякуе адпаведныя сацыяльныя паводзіны, скіраваныя на сацыяльныя пераўтварэньні.

Сацыяльны тупік — гэта сапраўдная будучыня маргінальнай сьвядомасьці, якая базуецца на каштоўнасьцях хоць і несапраўднага, але ж „сьветлага” ці раптам „пасьвятлелага” мінулага.

 

Савецкае мінулае — „страчаны рай” для „беларусаў”

Для постсавецкай альбо постславянскай прасторы зьява маргінальнасьці даволі тыповая, аднак насьмелімся сьцьвярджаць, што вывучэньне гэтай зьявы найбольш лёгкае для Беларусі з усіх постсавецкіх краінаў.

Па-першае, з прычыны колькасьці маргіналаў і велічыні маргінальных груповак, а па-другое, з-за таго, што некаторыя чыньнікі савецкага ладу жыцьця дзейнічалі на Беларусі ў найбольш чыстым выглядзе, а вынікі рэфармаваньня грамадзтва аказаліся мінімальнымі.

Агульнавядома, што ў былым СССР Беларусь зьяўлялася фарпостам савецкай сыстэмы, і на яе тэрыторыі з найбольшай сілай выявіліся як эканамічныя, так і палітычныя „перавагі сацыялізму”. Калі савецкае было найлепшым у сьвеце, дык усё найлепшае з савецкага было на Беларусі: станкі, рэфрыжэратары, трактары, бульба і кілбасы. Зь беларускім калгасным салам у тыя часы магло супернічаць адно што ўкраінскае сала. Напрыканцы пэрыяду брэжнеўскага застою на Беларусі бадай што найбольш чуйна ўспрымаліся першыя адзнакі пагаршэньня эканамічнага стану, і „беларусы” першымі адчулі будучую драму „выгнаньня” з савецкага „раю”, выказаўшы наперад сваё глыбокае шкадаваньне словамі беларускага клясыка: „няма таго, што раньш было”.

Канец „раю” пакладзе распад Савецкай імпэрыі і абвяшчэньне Незалежнасьці Беларусі.

Параўнаньне найноўшых гісторыяў абвешчаных на прасторах былога СССР незалежных дзяржаваў паказвае, што недалёкая „савецкая мінуўшчына” нідзе, акрамя Беларусі, ня выявілася ў якасьці чыньніка, які да такой ступені здольны ўплываць на сацыяльныя, унутры- і зьнешнепалітычныя працэсы адбудовы дзяржавы, эканамічнае жыцьцё і сьвядомасьць людзей.

 

Параза стратэгій, скіраваных на пераўтварэньне беларускага грамадзтва і ўмацаваньне незалежнасьці

Вышэй ужо адзначалася, што пры адсутнасьці заўважных посьпехаў у рэалізацыі новых запрапанаваных каштоўнасьцяў працэсы маргіналізацыі ў грамадзтве істотна ўзмацняюцца.

Як і ў іншых рэспубліках былога СССР, разгортваньне стратэгій, скіраваных на пераўтварэньне грамадзтва, сувэрэнізацыю і ўмацаваньне незалежнасьці, адбывалася на Беларусі на тле працэсаў распаду і эканамічнага пагаршэньня жыцьця. Аднак на Беларусі гэтыя працэсы адбываліся з вынікамі найбольш заўважнымі для беларускага насельніцтва і з прычынаў, якія былі найменш для яго відавочныя.

Як вядома, найбольш моцныя памкненьні да нацыянальнага сувэрэнітэту, дэкамунізацыі грамадзтва і выхаду з СССР належалі ў тыя часы не Расіі ці Беларусі, а балцкім краінам. Беларускае насельніцтва на выбарах у ВС БССР 3 сакавіка 1990 г. абірае камуністаў, якія здабываюць амаль 90 працэнтаў месцаў, а на ўсесаюзным рэфэрэндуме 1991 г. выказваецца за захаваньне СССР.

Гэткім чынам, неабходна прызнаць, што ўсё тое, што мела месца на Беларусі пасьля ўсесаюзнага рэфэрэндуму, адбывалася, калі ня супраць волі большасьці беларускага насельніцтва, дык, прынамсі, не зь яго падтрымкі і не зь яго ўсьвядомленага выбару.

Рэакцыя значнай колькасьці беларускага насельніцтва на абвяшчэньне беларускай Незалежнасьці ў хуткім часе выявілася ў выглядзе нэгатыўнай рэакцыі на распад СССР, а пагаршэньне эканамічнага становішча было вытлумачана як „разрыў эканамічных сувязяў з былымі савецкімі рэспублікамі”.

„Разрыў эканамічных сувязяў” як тлумачальная і лёгка зразумелая мадэль пагаршэньня эканамічнага стану і быў фактычна першай праявай маргінальнай постсавецкай сьвядомасьці на Беларусі. Далейшы яе развой будзе адбывацца ў кантэксьце і ў зьвязку з стратэгіямі, скіраванымі на сацыяльныя пераўтварэньні і сувэрэнізацыю краіны.

Фактычна гэтых найбольш выразных стратэгій пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці Беларусі было дзьве: адну зь іх можна зьвязаць з постацьцю былога старшыні Вярхоўнага Савету С.Шушкевіча (лібэральна-дэмакратычная стратэгія постсавецкага ўзору) і нацыянальна-адраджэнская з элемэнтамі ідэалёгіі клясычнага нацыяналізму, якая ад самага пачатку паступова трансфармавалася ў накірунку нацыянал-дэмакратызму і якая ўвасаблялася ў дзейнасьці Беларускага Народнага Фронту (БНФ).

Першая стратэгія вырозьнівалася сваёй „памяркоўнасьцю” ў дасягненьні мэтаў сувэрэнізацыі, беларусізацыі і пераадоленьні „радзімых плямаў сацыялізму і камунізму”. У якасьці сродку дасягненьня гэтых мэтаў разглядалася „згода”, якая, аднак, паступова з сродку ператваралася ў мэту разьвіцьця беларускага грамадзтва. Кульмінацыі гэты працэс дасягнуў у тым моманце, калі на пытаньне аб сваёй палітычнай камандзе былы старшыня ВС адказаў, што камандай зьяўляецца ўвесь Вярхоўны Савет, які ў той час, як ужо адзначалася вышэй, амаль што на 90 працэнтаў складаўся з камуністаў, большасьць зь якіх была прафэсыйнымі намэнклятурнікамі.

Між тым па-за сьценамі ВС узрастала незадавальненьне ростам цэнаў і пагаршэньнем жыцьця, а ўнутры ВС намэнклятурныя камуністы настальгічна імкнуліся да аднаўленьня „кіруючай і накіроўваючай ролі КПСС”. У атмасфэры ўсеагульнай напружанасьці „хапіла” „адной скрыні цьвікоў, украдзенай для дачы сп.Шушкевіча”, каб той страціў сваю пасаду.

На справе скрыня зь цьвікамі аказалася ня скрадзенай скрыняй, а міталягізаваным сымболем карупцыі, які валодаў магутнай эўрыстычнай і тлумачальнай сілай для маргінальнай сьвядомасьці пэўнай часткі беларускага насельніцтва.

Поўную паразу стратэгія „памяркоўнасьці” панесла зусім нядаўна, калі легітымны Вярхоўны Савет публічна адмовіўся пацьвердзіць сваю легітымнасьць.

Другая стратэгія, якая разгортвалася амаль па ўсіх канонах ідэалёгіі клясычнага нацыяналізму, у параўнаньні зь першай выглядала занадта радыкальнай. Радыкалізм, які напачатку меў антыкамуністычную скіраванасьць, меў безумоўны посьпех, бо палітычны маразм часоў застою быў відавочны нават для неадукаваных групаў беларускага насельніцтва. На тыя часы і прыпадае пік папулярнасьці лідара БНФ З.Пазьняка. Аднак па меры пагаршэньня эканамічнай сытуацыі „камунізм” у маргінальнай сьвядомасьці аддзяляецца ад палітычнага маразму часоў застою, сталінскіх рэпрэсій і ўвасабляецца ў шэрагу формулаў, якія маюць характар канстатацый спажывецкіх перавагаў пры сацыялізьме. Пасьля зьліквідаваньня камуністычнага путчу ў Маскве антыкамунізм страчвае ўсялякае палітычна-аб’яднальнае значэньне, і маргінальная сьвядомасьць пачынае набываць устойлівую арыентацыю да ўжо страчаных стандартаў спажываньня пры сацыялізьме.

У ідэалёгіі БНФ адбываецца заўважны перанос акцэнтаў на іншыя нацыянальна-аб’яднальныя сымболі: сымболь нацыянальнага болю (Курапаты і Чарнобыль), сымболь нацыянальнай славы і доблесьці (Аршанская бітва), сымболі гістарычнасьці беларускай нацыі і дзяржавы. Амаль што ўва ўсіх гэтых сымболях прысутныя канатацыі антырасейскасьці, антыімпэрскасьці і антышавінізму.

Антырасейскасьць у спалучэньні зь беларусізацыяй (адраджэньне беларускай мовы і культуры) натыкаюцца на гэты раз на зрусіфікаваную сьвядомасьць адной з частак адукаванага беларускага грамадзтва, асыміляваных беларусаў і той часткі гарадзкога насельніцтва, якая ў выніку інтэнсыўнай мадэрнізацыі прамысловай вытворчасьці на Беларусі ў 60 і 70-я гады ці пазьней перасялілася ў гарады і яшчэ захоўвае памежную вяскова-гарадзкую сьвядомасьць. Хаця для гэтых розных груповак матывы непрыняцьця запрапанаваных арыентацыяў будуць рознымі, напрыклад, для апошняй групоўкі гэта — яшчэ непераадолены комплекс правінцыйнасьці, які якраз і зьвязваецца зь „вясковай” (беларускай) мовай, агульным, аднак, зьяўляецца тое, што антырасейскасьць і антыімпэрскасьць успрымаліся гэтымі групоўкамі як яўна і радыкальна пазначаны комплекс варожасьці. „Перабор” быў відавочным як у саміх маргінальных інтэрпрэтацыях („Пазьняк хоча аддаць Беларусь Польшчы”), так і ў першапачатковых значэньнях антырасейскіх арыентацыяў на Беларусі. Зусім невыгодна ў гэтым кантэксьце выглядалі пазытыўныя каштоўнасьці адраджэньня беларускай мовы і культуры.

Палітычная (і толькі палітычная, падкрэсьлім) параза гэтай стратэгіі адбылася на прэзыдэнцкіх выбарах і выбарах у Вярхоўны Савет 13 скліканьня.

Адзначым, што антырасейскія і антыімпэрскія настроі з той ці іншай ступеньню інтэнсыўнасьці выявіліся практычна ўва ўсіх цяперашніх незалежных краінах, што паўсталі на тэрыторыі былога СССР, аднак даволі хутка, да прыкладу, у балцкіх краінах, трансфармаваліся ў пазытыўныя памкненьні сьцьвярджэньня сваёй уласнай незалежнасьці і арыентацыі да агульнаэўрапейскіх сыстэмаў бясьпекі і супрацоўніцтва.

У Беларусі антырасейскія настроі пэўнай часткі беларускага грамадзтва выклікалі адваротную рэакцыю: у маргінальнай сьвядомасьці яны зрэанімавалі комплекс савецкай імпэрскасьці, а ў асабліва зрусіфікаванай часткі беларускага насельніцтва — комплекс гістарычна-культурнага расейскага шавінізму.

 

Паўстаньне маргіналаў альбо „савецкія беларусы” і „праваслаўныя атэісты”

Да прэзыдэнцкіх выбараў на Беларусі ўжо фактычна склалася новая няўстойлівая структура грамадзтва з шэрагам маргінальных груповак. Стаўленьне гэтых груповак да практычна ўсіх вядомых палітыкаў было адмоўным, і, у першую чаргу, яно было адмоўным да ўраду Кебіча: менавіта пры Кебічу падзеньне ўзроўню жыцьця было асабліва хуткім і асабліва балючым.

Аднак да саміх выбараў абсалютна ня быў відавочным ні палітычны патэнцыял гэтых новых маргінальных груповак, ні іхныя электаральныя магчымасьці, ні іхная патэнцыйная актыўнасьць падчас выбараў.

Тое, што будучы прэзыдэнт Беларусі ў якасьці аб’екта свайго палітычнага ўзьдзеяньня абраў менавіта гэтыя групоўкі, выявілася пазьней.

Хаця выбар гэты, безумоўна, ня быў рацыянальна-ўсьвядомлены, аднак ключавыя словы ўзьдзеяньня („карупцыя”, „круцялі”, „укралі ўсё”) былі знойдзены да прэзыдэнцкай кампаніі. Эксплікацыйныя „мадэлі” кшталту „развалілі Саюз”, „парвалі ўсе сувязі” ў спалучэньні з абяцаньнямі „запусьціць заводы” і спыніць рост цэнаў ня толькі лёгка і даходліва тлумачылі „простым людзям” іхнае становішча, але і мабілізавалі маргінальную сьвядомасьць.

Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў пацьвярджаюць гэтую залежнасьць. Найбольшую актыўнасьць выбаршчыкі праявілі ўва ўсходніх рэгіёнах Беларусі і шэрагу раёнаў Берасьцейскай вобласьці, такіх як Ганцавіцкі, Драгічынскі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі і Пінскі, і менавіта ў гэтых раёнах Беларусі прэзыдэнт Лукашэнка набраў найбольшую колькасьць галасоў на сваю карысьць (адпаведна каля 60 % і 53,47 % ).

Названыя вынікі нельга растлумачыць толькі зямляцкімі пачуцьцямі, бо яны выявіліся ня толькі ў Магілёўскай вобласьці, а былі зафіксаваны таксама ў іншых усходніх абласьцёх Беларусі і Берасьцейшчыне, а менавіта ў тых рэгіёнах краіны, дзе беларуская нацыянальная ідэнтычнасьць найбольш размытая (маргінальная беларуска-расійская сьвядомасьць ува ўсходніх абласьцёх і маргінальная беларуска-ўкраінская сьвядомасьць у названых раёнах Берасьцейскага краю).

У Менску найбольшы працэнт галасоў за Лукашэнку быў пададзены ў так званых прамысловых і „новых” раёнах, дзе асноўную колькасьць жыхароў складаюць рабочыя і службоўцы зь ліку вясковых мігрантаў, гэта значыць, людзі з маргінальнай гарадзкой сьвядомасьцю.

Аналіз вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў па канфэсыйнай альбо квазі-канфэсыйнай прыкмеце (квазі-канфэсыйнай, г.зн., калі людзі не зьяўляюцца вернікамі, але схіляюцца да той ці іншай канфэсіі) паказвае, што ў традыцыйна каталіцкіх раёнах Беларусі працэнт „за” Лукашэнку быў найменшы, а на так званай „кананічнай тэрыторыі Рускай Праваслаўнай Царквы” — найбольшы і менавіта хутчэй не сярод вернікаў, а тых, хто мае праваслаўна-канфэсыйную прыхільнасьць.

Да таго ж трэба дадаць, што ўсе гэтыя групоўкі маюць маргінальную савецкую сьвядомасьць.

Гэткім чынам, усіх іх можна аб’яднаць у дзьве катэгорыі — „савецкія беларусы” і „праваслаўныя атэісты”. На прэзыдэнцкіх выбарах гэтыя групоўкі канстытуалізаваліся як самастойная палітычная сіла.

Няздольнасьць адэкватна разумець прычыны згаршэньня як агульнай сытуацыі, так і свайго ўласнага становішча і тым больш адэкватна дзейнічаць у накірунку іхнага выпраўленьня прадукуе ў маргінальнай сьвядомасьці рэакцыю „на тупік”, якая выяўляецца ў пачуцьцях пакрыўджанасьці і падманутасьці.

Увогуле, маргінальная сьвядомасьць — гэта сьвядомасьць абдзеленых і пакрыўджаных, тых, каму ў свой час чагосьці не хапіла: паходжаньня, выхаваньня, сацыялізму альбо яшчэ чаго-небудзь.

Пакрыўджанасьць і абдзеленасьць заўсёды калі-небудзь „па жыцьці” паўстаюць, і яны выявіліся падчас абодвух беларускіх рэфэрэндумаў.

Рэфэрэндум 1995 г. быў сапраўдным выбухам маргінальнай сьвядомасьці: ненавісная і калгасная беларуская мова („самі яшчэ зусім нядаўна з калгасу: навошта яна нам?!”), ненавісны бел-чырвона-белы сьцяг („фашысты і паліцыянты забівалі пад ім савецкіх патрыётаў”) былі літаральна спляжаныя паўсталымі маргіналамі. „Замест іх трэба ўвесьці нашыя стара-новыя савецкія сымболі” — такі быў практычны адказ.

„Мы толькі і марым пра аднаўленьне СССР, а таму — за інтэграцыю з Расіяй” — такі быў другі рэальны, і насьпелы яшчэ задоўга да самога рэфэрэндуму, адказ на пытаньне аб інтэграцыі.

Кансультавацца наконт датэрміновага прыпыненьня прэзыдэнтам паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету не было патрэбы. — „А навошта? Мы і без кансультацый супраць гэтых дзярмакратаў!”

Вынікі рэфэрэндуму аднак не былі і не зьяўляюцца, насуперак некаторым сьцьверджаньням, нацыянальнай ганьбай беларускага народу, бо ў гісторыі эўрапейскіх нацыяў не вядома, каб які-небудзь эўрапейскі народ выступаў супраць сваёй уласнай гісторыі і культуры.

Другі рэфэрэндум быў працягам першага. З прычыны сфальсыфікаванасьці ягоных вынікаў мы ня будзем падаваць лічбы, а перадамо толькі агульны сэнс некаторых запраграмаваных адказаў.

Адказ на першае пытаньне рэфэрэндуму 1996 г. аб пераносе Дню дзяржаўнай Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь на 47 год раней ад даты яе сапраўднага абвяшчэньня (25 жніўня 1991 году), быў для маргінальнай сьвядомасьці актам сакральнага ўваскрэшаньня савецкага мінулага і рытуальна-сымбалічнага ўваходжаньня „праваслаўных атэістаў” у страчаны рай.

Спраўджваньне гэтага акту адбывалася праз трэцяе пытаньне аб куплі-продажу зямлі: для жадаючых яе набыць проста так дзьверы з „савецкага раю” нашчыльна зачыняліся (большасьць удзельнікаў рэфэрэндуму выказалася супраць куплі-продажу).

Астатнія адказы на пытаньні сьцьвярджалі традыцыйны характар „савецкага раю” — дыктатарскі і аўтарытарны.

 

Будучыня маргінальнай сьвядомасьці і беларускі народ

Як ужо адзначалася на пачатку, будучыня маргінальнай сьвядомасьці — сацыяльны тупік. Гэты тупік перадусім вынікае з самой прыроды маргінальнай сьвядомасьці, якая спалучае ў сабе супярэчлівыя і ўзаемавыключальныя элемэнты, а, па-другое, з таго, што сучасныя рэаліі, што знаходзяцца па-за ёй, не адпавядаюць маргінальным уяўленьням і канструкцыям. Гэта, так бы мовіць, анталягічныя супярэчнасьці маргінальнай сьвядомасьці, з чаго, па прыродзе сваёй, яна не зьяўляецца і ня можа быць устойлівай. Не паглыбляючыся ў аналіз гэтае праблемы, адзначым, што шэраг сацыяльных дасьледаваньняў ускосна сьведчыць хоць і аб вельмі павольным, але ж распадзе гэтае сьвядомасьці.

Сацыяльным чыньнікам яе зьнікненьня зьяўляецца сапраўдная апазыцыя.

Сёньня ўжо можна сьцьвярджаць, што маргіналы ня ёсьць беларускім народам, гэта фактычна фрагмэнты былога савецкага народу на Беларусі. Як у свой час трапна зазначыла сп. Валерыя Навадворская, „народ — гэта ня большасьць і ня колькасьць. Гэта — пэўная якасьць, якая імкнецца да сьвятыняў, да свайго кавалку зямлі, да свайго войска, … да свайго незалежнага існаваньня”.

 

Алесь Анціпенка - „КУЛЬТУРА" Ў МЕНСКУ

Алесь Анціпенка - ПАРЫСКАЯ "КУЛЬТУРА" - ПРАЕКТ КУЛЬТУРНІЦКАГА СУПРАЦІВУ ТАТАЛІТАРЫЗМУ Ё КАМУНІЗМУ Ў ЦЭНТРАЛЬНАЙ І ЎСХОДНЯЙ ЭЎРОПЕ

Алесь Анціпенка - РАДЫКАЛІЗМ МЫСЬЛЕНЬНЯ, УНІВЭРСАЛІЗМ І ЎНІФІКАЦЫЯ КУЛЬТУРАЎ - Фрагмэнты №6

 

зьмест