ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэксты


ФРАГМЭНТЫ №4
№4
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Ігар Бабкоў

БЕЛАРУСЬ-УКРАІНА: ПАДАРОЖЖА НА СКРАЙ

 

Notre voyage а nous est entiиrment imaginaire.
Voila sa force.

Cйline „Voyage au bout de la nuit”

 

Гэты тэкст спрабуе выявіць умовы магчымасьці беларуска-ўкраінскага культурнага дыялёгу, аднавіць для беларускага вока загадку Ўкраіны.

Такая пастаноўка праблемы прадугледжвае некалькі папярэдніх тэзаў.

 

1. Дыялёг культураў плённа адбываецца тады, калі зададзеныя моманты кантрастнасьці, адрознасьці, непадобнасьці культураў, калі культуры прызнаюць і ўзаемна культывуюць рознасьці, калі паўстае міт Іншага. Гэты міт Іншага грунтуецца не на культур-антрапалягічнай апазыцыі сваё/чужое, а на гермэнэўтычных стратэгіях узаемнага пры-знаньня, прачытаньня й разуменьня. Дыялёг — гэта заўсёды спрэчка, сутыкненьне пазыцыяў дзеля высьвятленьня сутнасьці рэчаў. Беларуска-ўкраінскі дыялёг — гэта сутыкненьне дзьвюх культураў, што належаць да адной традыцыі: Цывілізацыі Міжмор’я. (Магчымы) беларуска-ўкраінскі дыялёг — гэта спрэчка поўдня й поўначы, ваколпантыйскай і ваколбалтыйскай культурных зонаў, — у межах аднаго цывілізацыйнага кола, і нават у межах аднаго гістарычнага лёсу.

 

2. Беларусь і Ўкраіна на працягу апошняга стагодзьдзя эксплюатуюць адваротны міт: аднолькавасьць, паралельнасьць, падобнасьць. У выніку мы маем тое, што можна назваць фэномэнам „фальшывай празрыстасьці”. Беларусь і Ўкраіна адна для адной нібыта празрыстыя й нецікавыя: гарызонт чаканьня клясыфікуе ўсе артэфакты культуры паводле наяўных схемаў, падводзіць іх пад адно суцэльнае паймо падобнасьці й аднолькавасьці, шукаюцца паралелі, а не кантрасты. Паралелі, якія акрамя сваёй паралельнасьці анічога не гавораць.

 

3. Такая арганізацыя ёсьць вынікам пэўнай настройкі оптыкі культуры, вынікам пэўнага тыпу бачаньня як адно аднаго, так і больш шырокага культурнага кантэксту. У той сыстэме каардынатаў (Захад-Усход), у якой знаходзіць сябе нашае мысьленьне (якая навязаная нашаму мысьленьню?) і Беларусь і Ўкраіна перажываюць паралельную самаідэнтыфікацыю насуперак:

Насуперак нэакаляніяльным (расейскім) практыкам дамінацыі й выключэньня.

Насуперак заходнім стратэгіям „арыенталізацыі” нашых культураў.

Насуперак адмысловаму геапалітычнаму статусу „постсавецкіх прывідаў”.

Насуперак нутраной сытуацыі фрагмэнтацыі й распаду „грамадзтва”, насуперак няскончанасьці нашых мадэрнасьцяў.

 

Вынікам такім чынам зададзенага кантэксту самаідэнтыфікацыі ёсьць комплекс гераічнай самотнасьці (які прыходзіць на замену комплексу непаўнавартасьці) і дыскурс супраціву.

На восі Захад-Усход мы маем заўсёды post-colonial story пра брыдкае качанятка (крывенькую качачку), якое аніяк не патрапіць стаць лебедзем.

 

4. Разварочваючы нашыя вочы на іншую сыстэму каардынатаў — Поўнач-Поўдзень, — мы знаходзім, што Беларусь і Ўкраіна не аднолькавыя, а ўзаемададатковыя. Беларусь і Ўкраіна — гэта Інь і Ян, фрагмэнты большай цэльнасьці, якія знаходзяцца ў дачыненьнях узаемнага пярэчаньня, але і ўзаемапрыцягваньня. На восі Поўдзень-Поўнач адбывалася генэалёгія нашай этнакультурнай прасторы, паўставаньне Цывілізацыі Міжмор’я (цывілізацыйныя імпульсы з поўдню — Кіеўская Русь, Бізантыя, стэп, поўнач — гістарычная Літва, Вільня, Балтаскандыя), нараджэньне нацыяў.

 

Сёньня на лініі Поўнач-Поўдзень мы знаходзім дзьве няскончаныя мадэрнасьці, што пакутуюць ад адсутнасьці больш шырокага цывілізацыйнага й культурнага кантэксту, такога кантэксту, у якім яны былі б суб’ектамі і творцамі.

Мы знаходзім мадэрнасьці, скіраваныя (падсьвядома) насустрач адна адной, але ўзаемна непрачытаныя.

Ці магчымая для нашых культураў ідэнтыфікацыя насустрач?

 

5. На лініі Поўнач-Поўдзень мы знаходзім супольную ўтопію: Цывілізацыю Міжмор’я.

Паасобку — Беларусь і Ўкраіна — пакутліва вылузваюцца з посткамуністычнай, постсавецкай, посткаляніяльнай прасторы, энтрапійнай у сваёй сутнасьці, зараджанай энэргетыкай распаду, культурнае летаргіі й бяспамяцтва. Шукаючы свае вяршыні, яны ўвесь час азіраюцца на гераічнае мінулае. Ім так не хапае „міту будучыні”, усьвядомленай гістарычнай місіі.

Разам — яны ўтвараюць цывілізацыю Міжмор’я, злучаюць ваколбалтыцкае й ваколпантыйскае культурныя колы. Утапійнасьць (а-тапічнасьць) гэтай цывілізацыі ня мусіць падманваць: любая нацыя ёсьць, у пэўным сэнсе, „сэміятычнай утопіяй”, лякалізаванай „нідзе”.

 

6. Мы мусім рэстаўраваць таемнасьць, таямніцу адзін аднаго й адзін для аднаго. Украіна для Беларусі (як і Беларусь для Ўкраіны) — гэта падарожжа на скрай самога сябе, у прастору, дзе захоўваючы бясьпечнае пачуцьцё тоеснасьці, апынаесься ў іншай сыстэме каардынатаў, у іншым ляндшафце, сярод іншых магчымасьцяў. Дзе ты сам ужо крыху іншы…

 

Усялякі дыялёг — гэта выхад за межы самога сябе, гэта падарожжа…

 

Iгар Бабкоў - СЯРЭДНЯЯ ЭЎРОПА - НОВАЯ МАДЭРНАСЬЦЬ

Iгар Бабкоў - МУЗЭЙ "ЭЎРОПА"

Ігар Бабкоў - ЭТЫКА ПАМЕЖЖА- ТРАНСКУЛЬТУРНАСЬЦЬ ЯК БЕЛАРУСКІ ДОСЬВЕД

Ігар Бабкоў - КРЫТЫЧНЫЯ ІНТЭЛЕКТУАЛЫ

Ігар Бабкоў - ЧАТЫРЫ ВЭРСІІ ІДЭІ СВАБОДЫ

Ігар Бабкоў - ПАСЬЛЯ ЭЎРОПЫ

Ігар Бабкоў - ГЕРОЙ ВАЙНЫ ЗА ПРАЗРЫСТАСЬЦЬ -  бібліятэка "ФРАГМЭНТЫ"

зьмест