ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэксты


ФРАГМЭНТЫ №4
№4
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Раман Кісь

ВЫМЕРЫ ЭЎРАЗЫЙСТВА

 

Сучасны расейскі імпэрыялізм трэба разглядаць у трох аспэктах:

а) як тэорыю й стратэгію;

б) як праксэалёгію, як рэальнае разгарненьне ваенна-палітычнага, эканамічнага, інфармацыйна-ідэалягічнага экспансыянізму й гегеманізму Масквы на абшарах калішняга СССР і эўра-азыйскім арэале наагул;

в) як масавую псыхалёгію, што абапіраецца на глыбака закарэненыя ўяўленьні й стэрэатыпы пра мэсыянскую ролю Расеі, а таксама на рысы самога мэнталітэту расейцаў (іх, паводле вызначэньня Бярдзяева, „псыхічную таталітарнасьць”, схільнасьць да максымалізму й іншае). Да гэтага апошняга трэба дадаць (і гэта вельмі важна ў кантэксьце сучаснае сытуацыі!) ГЛЫБІННУЮ КРЫЗУ РАСЕЙСКАЕ ІДЭНТЫЧНАСЬЦІ).

Хаця я й запынюся цяпер толькі на дактрынах* (стратэгічных установішчах) сучаснага расейскага імпэрыялізму, аднак перш-наперш літаральна двума выказваньнямі ўхарактарызую сучасную псыха-ідэйную крызу расейскае саматоеснасьці. Для бальшыні расейцаў (асабліва інтэлігентных) дэзьінтэграцыя імпэрыі ўспрыймаецца, як нешта драматычнае ў долі нацыі. Гэта абумоўлена тым, што самасьведамасьці расейцаў свомы ЭТАТЫЗМ (дамінаваньне вялікадзяржаўніцкага над нацыя-культурным). Таму й „крушение” так званага „тысячелетнего государства” запраўды выбіла этатысцкую функцыянальную „падпорку” пад вялікадзяржаўніцкай псыхалёгіяй расейцаў і сталася траўмуючым дзейнікам што да іх этнапсыхікі. Крыза саматоеснасьці расейцаў (у насьледак чаго „пахіснулася” і пачуцьцё іхнае абсалютнае перавагі над іншымі й пачуцьцё „першыні”) праз эфэкт гіпэркампэнсацыі праектуецца навонкі істотным узмацненьнем агрэсыўнасьці. Гэты сацыяльна-псыхалягічны фон мы ня можам ня ўлічваць, прагназуючы магчымыя новыя крутыя зыгзагі расейскага імпэрыялізму. Але запынімся не на псыхалёгіі, а на стратэгіі, на дактрынах. Запынімся не на самым імпэрскім экспансыянізьме, а на спробах „тэарэтычнага абгрунтаваньня” такога экспансыянізму. Духам адкрытых імпэрскіх замахаў на волю й незалежнасьць нашую былі прасякнутыя так званыя тэарэтычныя „круглыя сталы”, што праводзіліся ў рэдакцыях некалькіх ведамных расейскіх часапісаў (круглы стол „Россия и Запад” у часапісе „Вопросы философии” ці, скажам, круглы стол „Россия и Германия” ў рэдакцыі „Нашего современника”; альбо падобны тэарэтычны „круглы стол”, амаль поўніцай прысьвечаны стратэгіі расейскага нэакаляніялізму, „Социальная модернизация России” ў інстытуце філязофіі РАН і інш.). На круглым стале „Нашего современника” шырака ведамы расейскі публіцысты Казінцаў у духу самага махровага экспансыянізму вёў гаворку аб новым разграничении сфер жизненных интересов” Расеі й Нямеччыны, маючы на ўвазе перш-наперш, — цытую, — „территории двух империй — Российской и Германской” („Н. С.”, 1993, № 1, С. 143). Першым крокам да такога новаімпэрскага перадзелу зонаў так званых „інтарэсаў” павінна быць „обоюдное признание законности воли наших народов восстановить традиционное жизненное пространство”. Адным з вэктараў геапалітычных інтарэсаў Расеі Казінцаў уважае „южные славянские земли по направлению к черноморским проливам”. Такія ж найшырэйшыя геапалітычныя замеры дэкляруе й лідар нацыянальна-рэспубліканскае партыі Расеі спадар Ніколай Лысенко: „...Перед нами есть Украина — страна богатейших экономических возможностей. Её необходимо вернуть... Нужно с кем-то договориться, и я думаю, что такая договорённость может быть достигнута с Германией. Каким образом? Россия возвращается в свои украинские и белорусские земли, а Германия получает Калининградскую область... Если мы не вернём Украину и Белоруссию в течение ближайших пяти лет в Россию, то возможности будут упущены и нам придётся применить самые жёсткие методы”. Гэтыя „самые жёсткие методы” мы не павінны толькі ўспрыймаць як экстрэмісцкія крайнасьці сярод асобных расейскіх ультра. Рэч у тым, што сяньня практычна ніхто з расейцаў — і чырвоных, і белых, і брунатных, і квасных патрыётаў-нэаславянафілаў, і так званых „дэмакратычных” расейцаў — не ўспрыймае Ўкраіну як асобную дзяржаўную рэальнасьць, як успрыймаецца, скажам, Польшч альбо Вугоршчына. Расея не ўспрыймае наш Кіеў, як нерасейскае места. Ведамы амэрыканскі палітык Ґенры А.Кісінджэр, які меў дзесяткі сустрэчаў ува ўрадавых і палітычных колах Расеі, засьветчыў у часапісе „Newsweek” (ад 10 лютага 1992 г.): „Расейскі нацыяналізм наўперад пераходзіць у прагненьне аднавіць традыцыйнае дамінаваньне над іншымі рэспублікамі. Значная асоба з расейскага парлямэнту сказала мне: „Я ніколі ня буду ўспрыймаць Кіеў як замежнае места. Жаднага расейца я не сустрэў, які б успрыймаў тое, што Ўкраіна запраўды можа быць незалежнаю” („No Russian I met accepted Ukraine can be truly independent...”).

Прагненьне да гэтага аднаўленьня традыцыйнага дамінаваньня над іншымі рэспублікамі, якое засьветчвае Кісінджэр у найшырэйшых расейскіх колах, цяпер знайшло ўжо сваю разгорненую й тэарэтычна аформленую эксплікацыю ў геапалітычнай дактрыне Козырава. Міністар замежных справаў Расеі яшчэ 14 сьнежня мінулага году*  цалком у рэчышчы ўжо згаданага намі акрэсьленьня „традиционного жизненного пространства” прамовіў да міністраў замежных справаў 52 краінаў на ведамай сэсіі ў Штакгольме (тады для шмат каго гэта быў сваеасаблівы шок): „Пространство бывшего Советского Союза, — казаў гэты выразьнік стратэгіі новага расейскага гегеманізму, — не может рассматриваться как зона полного применения норм СБСЕ. Это, по сути, пост-имперское пространство, где России предстоит отстаивать свои интересы с использованием всех доступных средств, включая военные и экономические. Мы будем твёрдо настаивать, чтобы бывшие республики СССР незамедлительно вступили в новую федерацию или конфедерацию (а новы, так званы „эканамічны зьвяз” — гэта й ё істотны сіг да такой адбудовы імпэрыі цьвёрдай рукою Крамля. — Р.К.) и об этом пойдёт жестокий разговор”. Доктар гістарычных навук Вячаслаў Ніканаў намагаецца разьвіваць гэтую думку Козырава, абапіраючыся на даўную канцэпцыю расейскага эўразыйства (разробленую яшчэ ў 20-х гадох князем Мікалаем Трубяцкоем і прафэсарам Карсавіным) пра ключавую інтэгруючую ролю Расеі ў адзіным „суборы” народаў Эўразіі: „России пора осознать, что республики бывшего СССР являются сферой её жизненных интересов. От отношений с ними и ситуации в них в решающей степени зависят её безопасность и процветание. Ей вполне по плечу выступить главной движущей силой интеграционных процессов на всём огромном евразийском пространстве” ( Как строить дом на обломках империи, — „Московские новости”, № 38, 19 сентября 1993 г.).

Сяньня мы маем ўсе адзнакі таго, што ў вышэйшых эшалёнах расейскае ўлады, а таксама ў вышэйшых колах вайскоўцаў досыць выразьліва вымалёўваецца ар’ентацыя на свайго роду маскоўскі (абапёрты на даўную эўразыйскую канцэпцыю) усходні варыянт „дактрыны Манро”. Дактрыны, якая вельмі падобная да той, што сфармуляваў для Задзіночаных Штатаў іхны пяты прэзыдэнт, Джэймс Манро. Нагадаем, што „дактрына Манро”, абвешчаная яшчэ ў 20-х гадох мінулага стагодзьдзя, акрэсьлівала ўсю Заходнюю паўапуку як сфэру жыцьцявых інтарэсаў Задзіночаных Штатаў. Сучасная нэаэўразыйская дактрына Козырава (а яе рэалізуе й цяперашні рэжым) прэтэндуе на такую ж дамінуючую ролю Расеі ўва Ўсходняй паўапуцы. Старая мэсыянская пыха і вялікадзяржаўная надзіманасьць у сымбіёзе з паліцэйшчынаю (Расея ўсё больш актыўна пачынае вяртаць сабе ролю жандару ў Эўропе — левабярэжняе Прыднястроўе, Крым, Каўказ, Грузія — і Азіі — Таджыкістан, Азербайджан і г.д.), у сымбіёзе з нэаэўразыйскім дактрынэрствам, — такая трыадзіная формула сучаснага расейскага імпэрыялізму. Тыпалягічнае зыходжаньне „дактрыны Манро” й нэаэўразыйскай дактрыны Козырава не выпадковае. Яго трэба разглядаць у значна шыршым кантэксьце: парадаксальнага на першы погляд (але чым далей — больш відавочнага) канвэргентнага зыходжаньня, сваеасаблівай гамагенізацыі*  й ізамарфізацыі** сучасных глябалістычных інтарэсаў Амэрыкі й Расеі. Відавочна, што ў сьвеце поліцэнтрычным (а з крышам камунізму зьнікла біпалярная структура сьвету) Амэрыка бачыць у Расеі сваеасаблівую сілавую процівагу што да двух канкуруючых із Штатамі асяродкаў — задзіночанай Эўропы — з аднаго боку, ды Японіі — з другога. Канвэргенцыя геапалітычных інтарэсаў і адшуканьне „супольнае мовы” мае добры грунт у даўных традыцыях мэсыянства як амэрыканскага, так і маскоўскага. У першым прылучаю, калі йдзецца пра сьцьвярджэньне маральнае зьверхнасьці Задзіночаных Штатаў, — мы бачым выразьлівае высьветчваньне калектыўных архетыпаў „месца на пагорку” раньніх айцоў-заснавальнікаў, пурытанаў-пілігрымаў. У другім прылучаю, тыпалягічна падобная амаль пяцьсотгадовая традыцыя мэсыянскіх ідэяў Масквы-Трэйцяга Рыму. Да таго ж трэба дадаць інэртнасьць амэрыканскага мысьленьня (неразуменьне этна-індывідуалізуючых працэсаў, як тэндэнцыі якраз усёабдымна-глябальнай): згэтуль амэрыканскія ілюзіі ў тым стасунку, што мець справу галоўна з Масквою, ар’ентавацца галоўна на „вялікую” Маскву, праводзіць тут толькі дыялёг, а не палілёг (палілёг з усімі калісь паняволенымі рэспублікамі) быццам ё дзейнікам стабілізуючым. Гэта мэханістычнае, а не сыстэмнае, не інтэгральна-цэльнае бачаньне. І гэткі дыялёг дзьвюх мэсыянскіх звышсілаў (праўда, Расея ё толькі звышсілаю мілітарнаю, а не рэальна-эканамічнаю) яшчэ прынясе свае шкодныя „плады” для ўсяго сьвету. Амэрыка, безумоўна, мыляецца, калі наіўна мяркуе, што магчыма якоесь спалучэньне дэмакратызму (амэрыканцы ўсё яшчэ вераць у борздую дэмакратызацыю Расеі) і невыкараняльнага імпэрыялізму... Датуль, пакуль Расея будзе імпэрыялістычнаю (дакуль ня будзе разьімпэрана сама масавая сьведамасьць Расеі), — яна ніколі ня будзе на самой рэчы дэмакратычнаю. Канвэргенцыя геапалітычных інтарэсаў Расеі й Амэрыкі знайшла сваё адлюстраваньне ў падпісанай у Вашынґтоне Хартыі расейска-амэрыканскага партнэрства й прыязьньства. Як пісаў ведамы маскоўскі амэрыканісты Роґаў, у аснову ўзаемадзеяньня дзьвюх дзяржаваў закладаецца супадзеньне іх нацыянальных інтарэсаў. Хартыя, упаасобку, прадугледжвае аб’яднаньне намаганьняў з мэтаю так званага ўрэгуляваньня нацыянальных канфліктаў. Гэта як у байцы Глебава: „Паслухалі лісічку й шчупака кінулі ў рэчку!” Бо добра ведама, што Расея аж да апошняга часу якраз актыўна і выкарыстоўвала стратэгію рэгіяналізацыі бліжняга замежжа й тактыку разьдзьмуханьня рэгіянальных канфліктаў, як спосаб скволіць калішнія ўскраіны, паставіць іх на калены перад магутнейшым „апекуном” і ў рэшце рэштаў інкарпараваць ці, прынамся, васальна ўзалежніць. Гэты сцэнар разгартаецца звычайна ў трох сэрыях. Сэрыя першая: утварэньне пятае калёны, распальваньне канфлікту, заспасабленьне зброяй. Сэрыя другая: перабываньне ў ролі „третьего, наблюдающего драку с забора” (аж да зьнясіленьня супаратаў і эканамічнага заняпаду ў рэгіёне), сэрыя трэйцяя: роля „міратворцы”, а, практычна, ваеннага акупанта. Зьдзіўляе тая лёгчыня, зь якою вайсковыя ведамствы Штатаў і Расеі пагадзіліся на стварэньне дзьвюх аб’яднаных „міратворчых” дывізіяў (падчас візыту Ґрачова ў Амэрыку).

Расейскую эўразыйскую дактрыну найноўшага маскоўскага імпэрыялізму (дактрыну, што так нагадвае нам амэрыканскую дактрыну Манро) канкрэтызуе цэлы „калектыў аўтараў” (Баґатураў, Кажокін, Плешакоў) у інтрадукцыйна-мэтадычным артыкуле „Внешняя политика России” (часапіс „США. Экономика. Политика. Идеология”. 1992, № 10). Стратэгі новае расейскае геапалітыкі грунтуюцца на такім вызначальным прынцыпе: Расея павінна „восстановить себя в полном объёме в статусе великой державы” (С. 30). Прэтэнзіі Расеі на ключавую геапалітычную ролю (а разам з тым і нэакалянізатарскія апэтыты Масквы) не выходзяць, зрэшты, за межы традыцыйнага мэсыянства й троху падноўленага эўразыйства (дарэчы, на эўразыйскую геапалітычную пляцформу стала таксама „Движение демократических реформ”, другі зьезд якога абвясьціў напрыканцы 1992 году Хартыю й канцэпцыю эўразыйскае садружнасьці). На думку згаданых вышэй стратэгій сучаснага расейскага імпэрыялізму (артыкул „Внешняя политика России”) гэная глябальная геапалітычная роля Расеі палягае быццам у значэньні яе як сваеасаблівага эўразыйскага вузла, інтэгратара, стабілізатара й амартызатара ўва ўзаемадзеяньні народаў Эўропы а Азіі. Да таго ж Расея імкнецца захаваць за сабою даўныя „дабрадзейскія” й „апякунчыя” функцыі што да рэспублік калішняй імпэрыі (напрыклад, што да Армэніі а Грузіі), захоўваючы тут і сваю вайсковую прысутнасьць. У глябальных геапалітычных функцыях Расеі асабліва заакцэнтоўваюцца два мамэнты:

1. мамэнт „соединяющей интегрирующей функции” што, як выяўляецца, да ўсіх народаў Эўропы а Азіі;

2. мамэнт нібыта асаблівай „способности… гасить негативные импульсы по обе стороны лежащего через Росию „евразийского моста” (часапіс „США...”, 1992, № 10, С. 27). Зону расейскіх калянізатарскіх дамаганьняў сучасныя стратэгі нэакаляніялізму схільныя называць зонаю „ответственности” Расеі што да тых, над кім яна гістарычна зьдзяйсьняла сваё „покровительство”: „Историческая ответственность России перед тяготевшей к её покровительству христианской Арменией не позволяет однозначно ставить вопрос о выводе российских войск с армянской территории” (тамсама, С. 33). Мы ведаем, якія запраўдныя вялікаімпэрскія матывы кіруюць Крамлём, калі ён, скажам, длякаецца з выводжаньнем расейскіх войскаў з Лацьвіі а Эстоніі. Таму расейская вайсковая прысутнасьць яшчэ ніколі не была дзейнікам стабілізуючым, а заўсёды толькі фактарам дэстабілізуючым. Запраўдныя замеры цалком відавочныя: за які-любя кошт і як найдаўжэй захаваць свой уплыў ува Ўзбалтыцы.

Прагненьне да ўсёабсяжнага дамінаваньня ў так званай „Эўразіі”, якая ў духу эпігонаў эўразыйства 20-х гадоў разглядаецца нібы як арганічная цэласьць, дзе несущей конструкцией” ё быццам Расея, сяньня ўжыцьцяўляецца Расеяй рознымі мэтадамі й шляхамі. Пералічу галоўныя:

1. Ускоснае (апасяродкаванае) кіраваньне праз сваіх урадавых і парлямэнцкіх калябарантаў; прамаскоўскае лёбі й таемную агентуру. Мэтадам ускоснага кіраваньня („Indirect rule”) карысталіся яшчэ ангельскія калянізатары ў Афрыцы (гэтая мэтадалёгія кіраваньня была абгрунтавана яшчэ такімі брытанскімі сацыяльнымі антраполягамі-функцыяналістымі, як Б.К. Маліноўскі й Рэдкліф-Враўн).

2. Паўзучы імпэрыялізм. Паступовы дэмантаж сувэрэнітэту сталых незалежнымі рэспублік шляхам уцягваньня ў розныя фінансава-эканамічныя, ваенна-палітычныя „зьвязы”, вытварэньня новых супэрструктураў, новай наддзяржаўнай надбудовы накшталт міжпарлямэнцкай асамблеі і г.д. У гэтых працэсах ё два існасныя аспэкты:

а) усе асноўныя вагары (эканамічныя, фінансавыя й іншыя) застаюцца за Масквою;

б) кажны такі новы сіг на шляху да рэінтэграцыі імпэрыі (ці яе „воссоздания”) ё актам інтэгральным, актам структурна-сыстэмным, актам, што цягне за сабою цэлы „шлейф” пераменаў, — у тым ліку й заканадаўчыя ўніфікацыі на маскоўскі капыл, і, такім чынам, усё глыбшага заканадаўча-праўнага ўзалежненьня ад Расеі, ад Крамля.

3. Інфармацыйны імпэрыялізм. Ведама, што нацыя ё сваеасаблівым інфармацыйным згусткам, у якім інтэнсыўнасьць і шчыльнасьць нутраных камунікацыйных сувязяў нашмат пераходзіць вонкашнія інфасувязі. Русіфікацыя, якая далей трывае на Ўкраіне (упаасобку, вялікія урбаністычныя аглямэрацыі й надалей застаюцца „плавільнымі тыглямі” дэнацыяналізацыі) ня проста спантанна самааднаўляецца, але й ё працэсам да пэўнай меры мэтаскіраваным. За апошнія тры гады рэзка ўзрасьлі на Ўкраіне плыні расейскамоўнай інфармацыі, якія ё эразыйным дзейнікам што да цэльнасьці ўкраінскага этнакультурнага арганізму. Адбываецца інфармацыйнае разрэджаньне Ўкраіны, „занурэньне” нашае люднасьці ў НЕ СВАЁ ІНФАРМАЦЫЙНА-КАМУНІКАЦЫЙНАЕ АСЯРОДЗЬДЗЕ.

4. Эканамічны імпэрыялізм. Энэргетычны шантаж. Магчымая эканамічная блякада. Культываваньне антыдзяржаўніцкай, антыўкраінскай эканамічнай мафіі на Ўкраіне.

5. Дэзьінтэграцыйны імпэрыялізм. Намаганьні раскласьці незалежныя маладыя дзяржавы знутра шляхам узмагутненьня за які-любя кошт этнатрапійных тэндэнцыяў усярэдзіне іх — тэндэнцыяў да ўзросту дэзар’ентаванасьці, сацыяльнай анэміі, бязладу, хаосу і наагул узмагутненьня меры неўпарадкаванасьці ў іх. Адным з такіх энтрапійных інструмэнтаў нутраной дэстабілізацыі ё намаганьне ўзмагутніць у пэўных абласьцёх Украіны адцэнтравыя (і навет сэпаратысцкія) што да Кіева намаганьні. Пра гэта ўжо цалком непрыхавана пішуць стратэгі стварэньня „задзіночаных штатаў Эўразіі”. Гэта важнае пытаньне. Коратка запынюся на ім. Стратэгі нэакаляніялізму ў Маскве ў асобных інстытутах і ў аддзяленьнях асобных інстытутаў сяньня ўзмагутнена „прорабатывают” варыянт „создания непосредственно регионами, ПОМИМО РЕСПУБЛИКАНСКИХ СТОЛИЦ... федеративного государства (разумей: адрэстаўраванай на новы кшталт імпэрыі). Так адзін з палітолягаў інстытуту ЗША і Канады РАН у артыкуле зь вельмі вымоўнаю назваю „Надежды России. Соединённые Штаты Евразии” адкрыта піша пра магчымасьць расьцінаньня калішніх рэспублік на рэгіёны й стварэньня зь іх гэтых так званых „першасных структураў” новай звышдзяржавы. Ён, упаасобку, піша: „... почему жизнь, например, Донбасса должна определяться распоряжением сверху, будь то из Москвы или из Киева, а не жителями самого Донбасса? Процесс высвобождения регионов из-под власти республик объективно носит демократический характер. Мало того, он разрушает эти унитаристские федерации...” („Международная жизнь” 1992, июль, № 7, С. 111). „По всей видимости, — піша тэарэтык ШТАТЫЗАЦЫІ рэспублік, — штаты могли бы сделать то, чего не могут и не хотят республиканские правительства, — быстро и безболезненно найти путь к сохранению единства, нужного десяткам миллионов людей...”

Аднак, намагаючыся так ці інакш рэстаўраваць імпэрыю (рэстаўраваць яе ўжо другі раз пасьля Ленінаўска-Сталінаўскай рэстаўрацыі), тэарэтыкі сучаснага расейскага каляніялізму стаяць перад складаным заданьнем апраўданьня, апалёгіі старое расейскае імпэрыі. Бо калі ўжо й вяртацца да імпэрыі, то трэба ўжо такім чынам убраць і ўдэкараваць фасад гэтай апошняй, каб ён быў як найменш падобны да сумнаведамае „турмы народаў”. І зноў жа такі, салідныя нібыта прафэсары бяруцца сяньня за апалягетызацыю мінулага расейскае імпэрыі. Зазначу адразу, што апалягетызацыя гісторыі імпэрыі — гэта таксама інтэгральны складнік сучаснае расейскае імпэрыялістычнае ідэалёгіі. Вось жа прафэсар Б. Ерасаў (Інстытут Усходазнаўства РАН) мяркуе, што нягледзячы на так званыя „издержки”, можна выявіць „тот ПОЗИТИВНЫЙ СМЫСЛ ИМПЕРИИ как объединяющего, регулирующего, направляющего и развивающего начала, без которого многие народы были бы обречены на отсталость, изолированность, взаимное истребление. Российская империя несла на себе бремя объединения крайне разнородных начал — этнических, национальных, конфессиональных, геополитических и цивилизационных...” Прафэсар Ерасаў таксама паслугуецца ўжо добра нам ведамай эўразыйскай тэрміналёгіяй і з жалем зазначае: „Сегодня мы видим, как подрываются эти универсалии нашей евразийской культуры...” („Весник РАН”, 1993, т. 63, № 3).

Калі Мікалай Бярдзяеў называў расейскі бальшавізм трэйцяй хормай маскоўскага імпэрыялізму, то ўжо сяньня на подзе канкрэтнай аналізы запраўднай вагі тых альбо іншых дактрын у грамадзкім жыцьці Расеі, я маю адвагу сьцьвярджаць, што нэаэўразыйства дэ-факта сталася ўжо чацьвертаю гістарычнаю хормаю маскоўскага імпэрыялізму. Ідзецца ня толькі пра АДНАЎЛЕНЬНЕ ІМПЭРЫІ (часткава маскоўскія калянізатары здабываюць сяньня рэванш у Таджыкістане, у Беларусі, у васалізаваных Грузіі й Армэніі). Ідзецца ўжо навет (з апірышчам на адпаведныя эўразыйскія канцэпцыі) пра адваёву нанава страчанага статусу глябальнай звышдзяржавы. Вось так, — адваёву нанава статусу глябальнае звышдзяржавы „высокія ілбы” расейскае геапалітыкі (такія, скажам, як загадчык сэктару геастратэгічных дасьледаваньняў Інстытуту ЗША і Канады гаспадзін Плешакоў) зьвязваюць сяньня акурат з эўразыйскім сцэнаром. Згаданы Плешакоў у афіцыёзе Міністэрства замежных справаў Расеі — часапісе „Международная жизнь”, сьцьвярджае, між іншым наступнае: ...слегка изменив классическую формулу Маккиндера, будет по-прежнему верно сказать: „Кто контролирует Евразию — контролирует мир. Как не парадоксально, — нахабна дадае Плешакоў, — но собственно США, как и в XIX веке по-прежнему остаются на геополитической периферии...” („М. Ж.”, 1994, № 10, С. 32). Калі да гэтага дадаць яшчэ й тое, што Плешакоў уважае цалком нармальнаю прыкметаю здаровага этнапалітычнага арганізму дзяржавы „ПРИРАЩИВАНИЕ” новых тэрыторый (г.зн., тэрытарыяльную экспансію), то зразумела, якою цаною спадары прафэсыйныя геастратэгі імкнуцца сяньня забясьпечыць КЛЮЧАВОЕ становішча Масквы ў эўразыйскім масыве. Вось жа на самой рэчы гэнае „держание равновесия” паміж Захадам і Ўсходам абяртаецца непрыхаваным мілітарызмам, гегеманізмам і дыктатам з пазыцыі сілы на ўсім прасьцягу калішняга СССР. У гэтым кантэксьце Расея выяўляецца ўжо ня проста як „мост” (ці якісь там апасяродкуючы „амартызатар” і „стабілізатар”) у стасунках на Эўра-Азыйскім кантынэнце, але больш а больш набывае яшчэ раз дэманізаваную ролю жандару і Эўропы і Азіі. „Не исключено, — піша адзін з „канцэптуалістых” у дзялянцы геастратэгіі, — что в будущем будет поставлен вопрос о действиях на охваченной конфликтами территории республик СССР, расчленённого таким же противоправным способом, как Югославия, когда внутренние границы были сплошь объявлены международными и неприкосновенными. НО ВСЯ ТЕРРИТОРИЯ СССР ЯВЛЯЕТСЯ ВОЕННО-СТРАТЕГИЧЕСКИМ ПРОСТРАНСТВОМ РОССИИ, что должно быть донесено до сознания НАТО...” („М. Ж.”, 1993, № 9, С. 50). Ня знаю, ці запраўды ўжо да сьведамасьці NАТO было такі „донесено” гэнае вар’яцка-мілітарысцкае трызьненьне; і ці хутка нарэшце ў самым NАТO поўніцай усьвядомяць, што й далей маюць справу зь імпэрскім драпежнікам, які хоча СПРАСТАВАЦЬ ВАСТРЫЁ СКАНСТРУЯВАНАЙ ІМ „ЭЎРАЗІІ” СУПРАЦЬ ЗАХАДУ Й СУПРАЦЬ ЦЭЛАГА СЬВЕТУ?! Пагатоў сяньня йдзецца ня толькі пра зьнішчэньне самой Ічкерыі! Але ж нам ад самога пачатку было добра ведама, што ўсе баечкі й запэўніваньні пра „канструктыўнае ўзаемадзеяньне” ў адзінай эўразыйскай прасторы, пра „масты” паміж Усходам і Захадам ё адно прэлюдыяй да зьдзейсьненьня крывава-мулкіх пацыфікацыяў на гэтай „СВАЁЙ СОБСКАЙ” — далёка ня толькі цывілізацыйнай, але й ваенна-стратэгічнай прасторы й традыцыйнай сфэры „исторических интересов”... У гэтай „эўразыйскай” сфэры ўсё яшчэ дзеіць калішняя залатаардынская закваска, — калішнія наўзоры, калектыўныя ўяўленьні й вартасьці так званай „МАНГОЛАСФЭРЫ”. І, найперш, выкрышталізаванае ўва ўлоньні гэтай апошняй СВАЁ РАЗУМЕНЬНЕ ЎЛАДЫ (ГІПЭРЦЭНТРАЛІЗМ, АЎТАРЫТАРЫЗМ, САКРАЛІЗАЦЫЯ ЎЛАДЫ, КРАТАКРАТЫЯ, СУПОЎНАЯ ДЭПЭРСАНАЛІЗАЦЫЯ САМОЕ СФЭРЫ ПАШЫРЭНЬНЯ ЎЛАДАРАНЬНЯ: людзі ў ёй адно снадзівы й сяродкі, альбо ж мёртвае ламачча ў прылучаю „зачистки территории”, як на Каўказе; і зусім тут не дзяржава для чалавека, а чалавек — для дзяржавы й дзеля дзяржавы, дзеля маніякальнага „сохранения” ейнае „целостности”...). Зрэшты, і ў клясычных эўразыйцаў 20-30-х гадоў таксама былі вельмі моцна заакцэнтаваныя ЭТАТАКРАТЫЧНЫЯ й ІДЭАКРАТЫЧНЫЯ аспэкты ўладараньня, якое яны ў рэшце рэштаў таксама разумелі як усё ж такі ГЕГЕМОНІЮ РАСЕІ ў адпаведнай „шматроднай” супольнасьці і на абшарах так званага „месторазвития”. На гэта зьвярнуў увагу дасьледнік расейскае думкі дацэнт Кёльнскага ўнівэрсытэту філёзаф Ф. Люкс: „для бальшыні эўразыйцаў было самазразумелым, што РОЛЮ ГЕГЕМОНУ Ў РАСЕЙСКАЙ ФЭДЭРАЦЫІ ВОЗЬМЕ НА СЯБЕ РАСЕЙСКІ НАРОД” („Вопросы философии”, 1993, № 6, С. 113). Аднак „сыстэмаўтваральным” фактарам у так званай „супольнасьці” ё цяпер вар’яцкі маскоўскі мілітарызм і бязьмежнае свавольле Крамля.

Выразьнікі мадэрнага эўразыйства ўскладаюць сяньня значныя надзеі на кантынгент змаскаляванае люднасьці ў тых дзяржавах, што цяпер сталіся самастойнымі. „Необходимо дать понять, — падкрэсьліваюць цяпер адэпты мадэрнізаванага эўразыйства, — что Российская Федерация ОПИРАЕТСЯ НА ПРОРОССИЙСКИЕ СИЛЫ и именно они пользуются преимущественной поддержкой России во всех областях взаимоотношений — политической, экономической, финансовой, области культуры и научно-технического сотрудничества” („М. Ж.”, 1993, № 9, С. 44). На маскоўскую пятую калёну, на беспасярэдніх калябарантаў Крамля й на змаскаляваных маргіналаў у новапаўсталых дзяржавах ускладае свае спадзяваньні й іншы ведамы выразьнік мадэрнізаванага эўразыйства й адзін з тэарэтыкаў „расейскае ідэі” маскоўскі доктар філязофіі А. Панар’ін: „Россия, выступающая как форпост западной цивилизации в Евразии (сваю вышуканую цывілізаванасьць Масква праявіла ўжо ў Баку і ў Грозным! — Р.К.) уже сегодня может вооружиться идеологией единых прав человека и всеми средствами „цивилизационной иронии” против новоявленных диктатур ближнего зарубежья. Мощным подспорьем здесь служит многочисленная и разноплемённая, но фактически руссифицированная „промышленная диаспора” СНГ. Цивилизационная структура СНГ является преимущественно пророссийской не потому, что в этом проявилось коварство имперской воли, а потому, что Россия давно уже играла роль референтной группы для всего „внутреннего Востока” — Средней Азии, Закавказья и Поволжья. Следовательно, объективные цивилизационные интересы наиболее мобильной части населения СНГ — интеллигенции и молодёжи — связаны с Россией, что создаёт уже сегодня, и, несомненно, усилит завтра интеграционные центростремительные тенденции в пространстве СНГ. Политика России должна строиться с учётом этих ожиданий, поддерживать и подкреплять их средствами практической политики” (Панарин А. С., Россия в поисках идеи: варианты цивилизационного выбора, — „Вестник Московского университета”, Серия 12, 1993, № 5, С.12). Вось жа ЭЎРАЗЫЙСКАЯ РЭІНТЭГРАЦЫЯ ЗА КОШТ УЗМАГУТНЕНЬНЯ ПРАЦЭСАЎ ЗМАСКАЛЯВАНЬНЯ (у тым ліку праз засільле расейскае субкультуры), за кошт сваеасаблівай ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНАЙ ГАМАГЕНІЗАЦЫІ ЎСЯГО ПРАСЬЦЯГУ СНД, за кошт „практычнага падмацаваньня” (у тым ліку й за кошт фінансаваньня пятае калёны, як гэта амаль нічым не прыкрыта робіцца ўва Ўкраіне, навет і беспасярэдня ў самым ейным парлямэнце!). Прагрэсуючае змаскаляваньне Ўкраіны, якое ня толькі трывае, але і ўзмацняецца, неабходна Крамлю дзеля ўзмацненьня ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНАГА КАНТРОЛЮ НАД УКРАІНАЮ. Мэханізм такога кантролю падвойны. Першае, уаднастаеным (зьведзеным да супольнага назоўніка „русскоговорящих” і да таннай масавай субкультуры вялікіх месцкіх англямэрацыяў у яе маскоўска-піцерскім варыянце, бо собскага урбаністычнага асяродзьдзя Ўкраіне яшчэ вырабіць НЕ ДАЛІ Й НЕ ДАЮЦЬ), зьнівэляваным, змаргіналізаваным (такім, што стаіць „на мяжы” двух нацыянальных сьветаў і не валодае выразьлівай этна-культурнай ідэнтычнасьцю) нашмат прасьцей маніпуляваць (размытая самасьведамасьць лягчэй паддаецца інфармацыйна-прапагандысцкай сугестыі й прымітыўнаму канфармісцкаму малпаваньню прэстыжных маскоўска-піцерскіх наўзораў). Другое, ідэя цывілізацыйнае гамагенізацыі Ўкраіны (праз далейшае яе моўна-камунікацыйнае й культурнае змаскаляваньне) азначае ня толькі ўсё шчыльнейшае й глыбшае „падключэньне” змаргіналізаваных хахлоў да расейскага культурна-цывілізацыйнага поля, але й вельмі пагрозьлівы для нас ПАДКОП ПАД УКРАІНСКУЮ КУЛЬТУРУ. Бо культура — гэта якраз ФУНКЦЫЯВАНЬНЕ КУЛЬТУРЫ: гэта пастойная яе рэцэпцыя й рэінтэрпрэтацыя на ўзроўні рэцыпіентаў-спажыўцоў. Без украінскага рэцыпіента, зар’ентаванага на ўкраінскую культуру (украінскую сыстэму вартасьцяў, украінскую камунікацыйную сетку), НЯМА ФАКТЫЧНА Й САМОЙ КУЛЬТУРЫ. Гэтая апошняя, паўтараю, ё найперш ПРАЦЭСАМ успрыйманьня й самарэпрадукаваньня культурных вартасьцяў і артэфактаў, а ня проста сукупнасьць самых прадуктаў культурнае дзейнасьці. А без ЖЫВОЙ КУЛЬТУРЫ (культуры, якая аднаўляецца, функцыянуе, успрыймаецца, перадаецца праз пэўныя камунікацыйныя акты) няма й самой нацыі, бо ядром гэтай апошняй якраз і ё культура (у тым ліку й пэўная культура мэнтальная й пэўная культура самых патрэбаў у культуры). Такім чынам, эўразыйцы панар’іны, ініцыятары вырабленьня новага заводу эўразыйскае цывілізацыі (а фактычна ініцыятары паглыбленьня й фарсаваньня змаскаляваньня) вельмі добра разумеюць, што беларусы і ўкраінцы бяз собскага урбанізму, бяз собскага урбаністычнага асяродзьдзя (а якраз ўва ўлоньні вялікіх местаў зараджаюцца ўсе эмбрыёны будучага) ня маюць пэрспэктывы як АПРЫЧОНЫЯ КУЛЬТУРНА-ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНЫЯ Й НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ АРГАНІЗМЫ. Інкарпарацыя Беларусі Масквою (ператварэньне яе ў аддаленую „ваколіцу” гэтай апошняй) паклікана нам паказаць, што ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНАЯ ГАМАГЕНІЗАЦЫЯ й залучэньне ў арбіту маскоўска-піцерскае цывілізацыі й адпаведнай ёй масавай субкультуры ё дзейсным шляхам ня толькі да сатэлізацыі і ўтраты самастойнасьці, але й шляхам да канчальнага размываньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, шляхам да САМАЎТРАТЫ НАЦЫІ ЯК ТАКОВАЙ. Вось чаму станаўленьне ўкраінскага УРБАНІСТЫЧНАГА АСЯРОДЗЬДЗЯ (якраз гэтае асяродзьдзе — паўтараю — вызначае асноўны вэктар будучага і ўсю нашую ПЭРСПЭКТЫВУ або БЕСПЭРСПЭКТЫЎНАСЬЦЬ як мадэрнай і дынамічнай нацыі), што мела б стаць беспасярэднім аб’ектам комплекснае ДЭКАЛЯНІЗАЦЫЙНАЕ палітыкі самое нашае дзяржавы (а ня толькі грамадзка-асьветных высілкаў), ё сяньня ПЫТАНЬНЕМ ГІСТАРЫЧНАГА БЫЦЬЦЯ ЦІ НЕБЫЦЬЦЯ САМОЕ ЎКРАІНСКАЕ НАЦЫІ ЯК ТАКОВАЙ. Жадныя ўказы й законы на карысьць украінства і ўкраінскае мовы ня дзеяцьмуць і будуць цалком мёртванароджанымі, калі наш урад ня стане ЗАПРАЎДЫ ЎКРАІНСКІМ і не распачне пасьлядоўнае дэкалянізацыі Ўкраіны (пачынаючы прынамся ад войска й ад вышэйшай школы, якія на спачатным этапе дэкалянізацыі мелі б быць ключавымі). Калі ня будзе мэтанакіраванага НАСАДЖВАНЬНЯ ЎКРАІНСКАГА УРБАНІСТЫЧНАГА АСЯРОДЗЬДЗЯ, калі ня будзе мэтанакіраванае дзяржаўнае моўнае і нацыянальна-культурнае палітыкі што да вялікіх местаў, — то такую палітыку будзе праводзіць што да нас Масква: палітыку інфармацыйнага каляніялізму й далейшай экспансіі маскоўскае масавае субкультуры, палітыку ўзмацненьня ўсёабсяжнага камунікацыйнага й цывілізацыйнага кантролю над Украінаю.

Маскоўскае праваслаўнае духавенства (а яно заўжды было схільнае аддаваць кесару ня толькі кесарава, але й Божае) таксама, ясная рэч, „задействовано” ў новаімпэрскай палітыцы Крамля. Так, скажам, на так званым летнім паседжаньні Рады вонкашняй палітыкі Расеі, дзе разглядалася праблема „Шляхі далейшай інтэграцыі СНД і інтарэсы Расеі” (1994) быў ня проста прысутны мітрапаліт Смаленскі й Калінінградзкі — галава аддзелу вонкашніх царкоўных дачыненьняў патрыярхату, але й мітрапаліту гэтаму было дадзена слова адразу ж пасьля першага выступу міністра Козырава. Мітрапаліт Кірыла (і гэта, зрэшты, поўніцай адпавядае маскоўска-праваслаўнаму цэзарапапізму) мае вельмі шмат супольнага з ураднікам Козыравым (як, зрэшты, таксама і зь цяперашнім сваім „куратарам” Пр’імаковым). І супольнае гэта найперш у неабыякіх апэтытах што да новага праглынаньня й ператраўленьня (ува ўсё яшчэ валатоўскім імпэрскім чэраве) калішніх „рэспублік”. У сваім уступным слове пры адкрыцьці паседжаньня Рады вонкашняй палітыкі (а на гэтым паседжаньні мітрапаліт Кірыла таксама энтузыястычна выконваў ролю „радніка”) Козыраў выказаў перакананасьць у тым, што ўдалося, маўляў, найгалаўнейшае — спыніць працэс „разьбяганьня” рэспублік. Маскоўскі тагачасны міністар замежных справаў запэўніў усіх у собскай сваёй прыхільнасьці і ў прыхільнасьці ўладаў да розных магчымых (шматварыянтных) шляхоў яшчэ аднаго (паўторнага) паглынаньня калішніх ускраінаў імпэрыі (загэтым спрабуем прыраўнаць думкі гэнага дзяржаўнага мужа зь меркаваньнямі мітрапалічых яго падбрэхічаў): „Давайте исходить из простой вещи: для нас в России нет вопроса о том, что сначала: Евразийский Союз или конфедерация. Если какая-либо или несколько республик готовы к конфедерации.., пожалуйста, могу сразу сказать, что ответ будет положительный... Со своей стороны мы готовы хоть завтра создать рабочую группу и обсуждать, как всё „сделать конкретно” („Международная жизнь”, 1994, № 9, С. 16). Як гэта „сделать конкретно” й як гэта ўжо робяць вельмі канкрэтна, „інтэгруючы” Чачэнію на спосаб выпаленай зямлі й „абараняючы” гэтыя „свае” так званыя „южные рубежи” ў Таджыкістане досыць добра ўжо ведаюць ува ўсім сьвеце... Адзін з такіх канкрэтных сцэнароў, які нам добра зацеміўся (бо пасьля абнародваньня яго Козыравым выклікаў быў сваеасаблівы шок), — сцэнар узброенай „абароны” Расеяй інтарэсаў сваёй дыяспары ў суседніх краінах. Для гэтага досыць перайменаваць расейскую дыяспару ў „часть государства”, што, у ісьце, і чыніць Козыраў: „Русский народ стал ведущим среди народов, имеющих свои диаспоры. У нас 25 миллионов россиян находятся вне пределов России, — это уже часть национального потенциала, это часть государства” (тамсама). Абсалютны гегеманізм Расеі й на пэрыяд „падрыхтоўкі” рэінтэграцыі й пасьля „ўзьяднаньня” маскуецца Козыравым такою „формулаю”, якая была высунутая Крамлём ад самога пачатку новага экспансыянізму: „Россия — это локомотив реформ и развития Содружества”. Трэба сказаць, што гэны „локомотив” на Каўказе штось трохі задалёка заехаў. Ці няма ў крамлёўскіх „лякаматыўнікаў” замеру такім самым чынам „перагнаць” і ўкраінскія „вагоны”? І ці не плянуюць такое „пераманэўраваньне” што да нашага Сэвастопалю найбліжшым часам крамлёўскія машыністыя накшталт Лебедзя (прыгадаем яго нядаўныя заявы пра „расейскае места” Сэвастопаль). Так ці не ў эўразыйскія свае гэныя тупікі хочуць перагнаць нас маскоўскім „локомотивом”? Вось жа і для яшчэ аднаго магутнага „лякаматыўніка” мітрапаліта Кірылы таксама вельмі непажаданымі ё межы сувэрэнных дзяржаваў (гэтыя межы з Расеяй ён навет называе „карикатурными”). Кірыла — гэтаксама апалягет імпэрыі. Ён гэтаксама (як і ўсе цэзарыстыя і ўсе цэзарапапістыя) мысьліць толькі катэгорыямі ўчарашняга дня. Катэгорыямі „единого народа” і цэльнага імпэрскага арганізму: „...Ведь те границы, которые проведены между республиками бывшего Советского Союза, эти, простите, карикатурные бетонные надолбы — это всё в каком-то смысле напоминает берлинскую стену. Как берлинская стена была проведена по живому организму единого народа и никогда не смогла разделить этот народ, так и эти карикатурные границы проведены по живому и никогда не смогут по-настоящему разделить наш народ. (Як бачым, мітрапаліт Кірыла проста атаесамляе ўкраінцаў з расейцамі: новыя межы „расьцінаюць” адзіны арганізм і адзіны народ Р.К.) Да, за единство нужно платить, — працягвае далей мітрапаліт. — Наш народ заплатил за это единство очень большую цену в прошлом. И благодаря этому была создана эта уникальная историческая общность. И сейчас надо платить. Но дело в том, что не может быть любви без взаимности. И если наш народ, находясь в таких трудных экономических условиях, ныне что-то платит и отдаёт другим, то, конечно, он что-то должен и получать (тамсама, С. 20). Гэтае недалужнае мітрапалічае „казаньне” на тэму прасьвятой „любосьці” ўвачавідкі вымагае й ад Украіны запраўднай ахвярнай „узаемнасьці”... Ці ж ня хоча мітрапаліт Кірыла, каб мы ў ахвяру на яго маскоўскі аўтар прынесьлі й нашага чыстага першака — нашую нованароджаную ВОЛЮ?!

Як бачым, спракуджаных выразьнікаў адбудовы расейскае імпэрыі, ахвочых да новага „собирания земель” ё сяньня даволі ня толькі сярод публіцыстых і літаратараў імпэр-патрыятычнага прасьцінку, што гуртуюцца галоўна наўкола часапісаў „Наш современник”, „Молодая гвардия”, „Литературная Россия” й інш. Ініцыятары рэстаўрацыі імпэрыі — гэта й так званыя „высокія ілбы”, што публікуюцца на бачынах акадэмічных часапісаў і весьнікаў і маюць беспасярэдні ўваход да калідораў улады. Дзейнасьць Козырава што да „сколачивания” СНД (фактычна — новай імпэрыі); яго Штакгольмская тэрміналёгія й рэальная дзейнасьць расейскіх імпэрскіх сілаў у Грузіі, у Таджыкістане, у Азербайджане й асабліва ў Ічкерыі засьветчваюць адну безумоўную тэндэнцыю: Расея фарсуе сяньня „собирание земель”. У гэтым кантэксьце цалком відавочна, што якія-любя пляны, якія-любя байкі што да палітычнага, ваеннага й, у значнай меры, гэтаксама эканамічнага партнэрства з Расеяй, — ё ня толькі ілюзорнымі, але й вельмі шкоднымі для справы пабудовы запраўды незалежнае Ўкраінскае дзяржавы. Які-любя хаўрус з Расеяй, што настаўлена паімпэрску, з Расеяй, што не зьбіраецца дагэтуль адмаўляцца ад свайго экспансыянізму й гегеманізму (ці то пад шыльдаю СНД; эканамічнага зьвязу; адзінае эканамічнае й інфармацыйнае прасторы; супольнае эўразыйскае прасторы; „зоны геапалітычных інтарэсаў”; супольнае эўразыйскае культуры і гэтак далей) заўсёды былі й могуць быць толькі „зьвязам” вершніка з канём. Паколькі маскоўска-імпэрскія сілы сяньня ня толькі кансалідуюцца, але ўсё актыўней а актыўней ДЗЕЮЦЬ; паколькі гэтыя сілы (а сюды ўвыходзіць і вонкашнепалітычнае ведамства Расеі) маюць сяньня пэўныя лякальныя посьпехі; паколькі антыімпэрскія сілы — у адрозьненьне ад імпэрскіх і праімпэрскіх — разьяднаныя; паколькі і ўрад наш, і парлямэнт, і прэзыдэнт не жадаюць усьведамляць рэальнай пагрозы рэстаўрацыі імпэрыі й практычна нічога не супрацьставілі маскоўскім рэстаўратарам (навет у пляне інфармаваньня й прапаганды), мы мусім сяньня неадкладна прыняць два першачарговыя рашэньні. Далейшае перабываньне ў СНД — гэта канчатковае паэтапнае згортваньне нашае незалежнасьці. Гэта першае. І другое: адначасова з выхадам з СНД мы мусім найшчыльней згуртаваць адзіны АНТЫІМПЭРСКІ ФРОНТ — як незалежных народаў, так і тых, якія яшчэ да гэтага часу беспасярэдня паняволеныя „малою” імпэрыяю.

Яшчэ*  раз вяртаючыся да самой тыпалёгіі эўра-азыйскіх уяўленьняў, можам умоўна вылучыць наступныя чатыры фундамэнтальныя інтэрпрэтацыйныя схемы.

Схема першая. Расейска-эўразыйская цывілізацыя ё арганічным (цэласным, эмэрджэнтным) сынтэзам усходніх і заходніх першаўзораў.

Схема другая. Расейскі Сьвет не належыць ані да Ўсходу ані да Захаду, але ё цалком самадастатковым сьветам, у якім ня проста паядноўваюцца (інтэрфэруюць) крэатыўныя, аксыялягічныя й сацыянарматыўныя складнікі й дачыненьні арыенталізму й акцыдэнталізму, а вытвараецца абсалютна СОБСКАЯ СЫСТЭМА ВАРТАСЬЦЯЎ, асобны маральны „кодэкс”, цалком унікальны канон „русского человека”.

Схема трэйцяя. Расейская эўразыйская цывілізацыя валодае асаблівым пакліканьнем (альбо “місіяй”) быць „мостам” паміж Усходам і Захадам, дзейнікам гарманізацыі, „держателем равновесия”, ці навет „главной несущей конструкцией” у супольным „доме” эўрапейскіх і азыйскіх культур.

Схема чацьвертая. Расея (і адпаведны эўразыйскі канглямэрат) — гібрыдна-прамежкавая, маргінальная цывілізацыя. Яна — і недаэўропа й недаазія, і не ўспрыймаецца ані ў Эўропе ані ў Азіі як паўнакроўны ці „запраўдны” ўдзельнік адпаведных цывілізацыйных арэалаў. Гэта бачыў яшчэ ведамы расейскі думаньнік Валадзімер Розанаў: у гэтым кантэксьце Розанаў назваў быў у сваім эсэ „Новый Апокалипсис” расейцаў культурнымі „межеумками”. Пагляд на рэальнае эўразыйства Расеі як на сваеасаблівы цывілізацыйны выгін, у кажнай столцы якога ё нутраны „рошчап” альбо „расколінка” (неарганічнасьць, няцэльнасьць), свомы й некаторым расейскім думаньнікам — ад Пятра Чаадаева да Кантара й Ахіезэра. Тут ад сябе дадам існаснае ўдакладненьне: высокая расейская культура — цэльная, поліфанічная, неэклектычная паводле ўсёй сваёй шматвымернасьці і полівалентнасьці. Затое расейская „сярэдзінная” культура — слабаструктураваная, дыфузная („недааформленая”, няўсталеная): яна якраз таму заўсёды й паўсюль выходзіць зь берагоў, што на гэтым узроўні (паспаліта-сярэдзінным узроўні) ня ведае тых берагоў МЕРЫ й ХОРМЫ, што былі і ё сыстэмаўтваральнымі для эўразыйства (для эўрапейства, як культуры, як ладу жыцьця, як мэнталітэту). Гэты цалком рэальны цывілізацыйны маргіналізм (у нутраной яго двуіснасьці, раздвоенасьці, амбівалентнасьці іманэнтна прысутная нясталасьць і няўсталенасьць) ё аднэю з пагрозаў і для Беларусаў і для Ўкраінцаў...

У тым разе, калі нам ня ўдасца выйсьці з субкультурнай арбіты маскоўска-эўразыйскага канглямэрату й — адпаведна — выбудаваць свае собскія мадэрныя цывілізацыі (гэта значыць, найперш аднавіць на собскай сваёй лінгвакультурнай аснове собскі свой урбанізм, што ё асноўным і асяродкам і генэратарам цывілізацыі), — ЭЎРАЗЫЙСКІ ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНЫ МАРГІНАЛІЗМ АДНО ДАСТАСУЕЦЦА ДА НАШАГА ЭТНАКУЛЬТУРНАГА МАРГІНАЛІЗМУ (нутраной раздвоенасьці й „разрэджанасьці” нацыянальнай) і канчаткова хаатызуе й беларускую і ўкраінскую культуры. Паставіць нас перад пагрозаю нацыянальнага небыцьця.

Вось жа апрыч усёй міталягемнасьці, фантастычнасьці, утапічнасьці эўразыйства як гістарыязофіі й ідэалёгіі існуе ўсё яшчэ пагроза ўплыву на нас (адпаведна — і беларусаў і ўкраінцаў) двух дэструкцыйных ДЗЕЙНІКАЎ эўразыйства, як цывілізацыйнага канглямэрату й мэнталітэту. Гэта, найперш, цалком відавочны АНТЫАКЦЫДЭНТАЛІЗМ эўразыйства й манструознасьць яго цывілізацыі.

 

З украінскай мовы пераклалі Іна Паскаль і Валерка Булгакаў

 

зьмест