ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

ад рэдактара


ФРАГМЭНТЫ №4
№5
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


АД РЭДАКТАРА

 

Маё цела часова спынілася на правым беразе, але душа, вядома, імкнулася на левы, праплываючы праз Отэль дэ Віль, па-над Сенай, праз Новы мост, праз вузкія вулачкі Лацінскага кварталу, далей, праз бульвар Сэн-Жэрмэн, на Сэн-Мішэль, дзе сярод тлуму студэнтаў, у канглямэраце танных крамак і незьлічоных кнігарняў, маленькіх кінатэатраў з рэтраспэктывамі — сярод усяго гэтага дыхалася чамусьці лягчэй, можа таму, што Люксэмбурскі сад быў зусім побач, а можа таму, што Шапэн усё яшчэ гучаў, і Ежы Гедройц, чалавек-легенда, чымсьці падобны да Борхэса, стаяў перад вачыма...

Я ведаў, што ён нарадзіўся ў Менску, што ягоная „Культура” стварыла цэлую эпоху ў польскай пасьляваеннай гісторыі, што гэты сьціплы месячнік здолеў стацца самасьвядомасьцю нацыі, што на ягоных старонках словы Беларусь, Украіна, Літва прамаўляліся з такой незалежнай інтанацыяй, пра якую ў тагачасных Менску, Кіеве, Вільні баяліся й думаць. Седзячы ў электрычцы па дарозе ў Мэзон-Ляфіт, я прыгадваў разуменьне і прыязьнь маіх польскіх сяброў і раптам усьвядоміў, што гэтым разуменьнем і гэтай прыязьню (узаемнай) мы абавязаны Ежы Гедройцу. Гэта ён прысьніў (уявіў, прыдумаў) нас, з глыбіняў свайго часу. І таму, што б мы ні рабілі (і што б мы ні зьбіраліся рабіць) — дыскутаваць пра дэкадэнцыю ў Пазнані ці пра Сярэднюю Эўропу ў Менску, пра Босьнію ў Сэйнах ці пра культурныя часопісы ў Казімежы Дольным — мы знаходзім побач з сабой Ежы Гедройца, мудрага старога чалавека... з Парыжу.

Мы сядзелі ў ягоным габінэце, я распавядаў пра апошнія падзеі ў Менску, ён слухаў зь цікавасьцяй, але й з пэўнай дыстанцыяй, з дыстанцыяй, пра якую мы ўсе марым, і раптам даставаў з шуфляды машынапіс пачатку стагодзьдзя, пра беларускія карані Міцкевічавых „Дзядоў”, і пачынаў гаварыць адтуль, зь дзевятнаццатага стагодзьдзя, пераходзіў на апошнюю кніжку Бжэзінскага, пра будучыню Эўропы, і гаварыў ужо аднекуль з будучыні, ён перасоўваўся па часе і прасторы лёгка й нязмушана, я ледзь пасьпяваў за ім...

 

... і раптам нарэшце ўцяміў, што таямніца Ежы Гедройца (адна зь ягоных таямніц) — у Менску, у гэтым прывідным горадзе, які ператварае ў прывід усіх нас, у якім, каб застацца, ты вымушаны няспынна ўяўляць, прыдумваць — краіну, традыцыю, мову, сэнс жыцьця, сябе й астатніх. Так, як гэта рабіў Ежы Гедройц, стары мудры чалавек ... зь Менску.

 

Ігар Бабкоў

 

Iгар Бабкоў - СЯРЭДНЯЯ ЭЎРОПА - НОВАЯ МАДЭРНАСЬЦЬ

Ігар Бабкоў - БЕЛАРУСЬ-УКРАІНА- ПАДАРОЖЖА НА СКРАЙ

Iгар Бабкоў - МУЗЭЙ "ЭЎРОПА"

Ігар Бабкоў - ЭТЫКА ПАМЕЖЖА- ТРАНСКУЛЬТУРНАСЬЦЬ ЯК БЕЛАРУСКІ ДОСЬВЕД

Ігар Бабкоў - КРЫТЫЧНЫЯ ІНТЭЛЕКТУАЛЫ

Ігар Бабкоў - ЧАТЫРЫ ВЭРСІІ ІДЭІ СВАБОДЫ

Ігар Бабкоў - ПАСЬЛЯ ЭЎРОПЫ

Ігар Бабкоў - ГЕРОЙ ВАЙНЫ ЗА ПРАЗРЫСТАСЬЦЬ -  бібліятэка "ФРАГМЭНТЫ"

 

зьмест