ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэма/тэкст:
парыская „культура”
і культура супраціву


ФРАГМЭНТЫ №4
№5
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Алесь Анціпенка

ПАРЫСКАЯ "КУЛЬТУРА" — ПРАЕКТ КУЛЬТУРНІЦКАГА СУПРАЦІВУ ТАТАЛІТАРЫЗМУ Й КАМУНІЗМУ Ў ЦЭНТРАЛЬНАЙ І ЎСХОДНЯЙ ЭЎРОПЕ

 

Адзінка вымярэньня маштабнасьці культурнай зьявы — найчасьцей дзесяцігодзьдзі і стагодзьдзі. Магчыма, гэта адбываецца таму, што кожная значная культурная зьява альбо падзея ўтрымлівае ў сабе сэнсы, якія зусім не відавочныя і не ўспрымальныя ў гісторыі паўсядзённасьці. А, па-другое, — таму, што значнае ў культуры ёсьць важным і істотным, калі яно праз пэўны час зьмяняе культурны, інтэлектуальны, сацыяльны ці нават палітычны ландшафт грамадзтва.

Прычынаю істотных зьменаў, што адбываліся ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе на працягу некалькіх апошніх дзесяцігодзьдзяў, былі зусім не крывавыя рэвалюцыйныя падзеі ці войны. Як гэта відавочна цяпер, камунізм на вялікіх абшарах Усходняй і Цэнтральнай Эўропы пацярпеў паразу перадусім інтэлектуальную і культурную і толькі ў апошнюю чаргу — паразу эканамічную. Аргумэнтам на карысьць такога цьверджаньня можна лічыць той факт, што хаця ў шэрагу постсавецкіх і постсацыялістычных краінаў і назіраецца дасюль пэўная настальгія па часах „справядлівага сацыялістычнага разьмеркаваньня і спажываньня”, аднак настальгічныя пачуцьці не суправаджаюцца насамрэч рэнеэсансам цікавасьці ні да рэвалюцыйнай ідэалёгіі марксізму, ні да яго „інтэлектуальнай спадчыны”. Ідэалёгія марксізму не выклікае сёньня аніякай цікавасьці ні сярод „шырокіх народных масаў”, ні тым больш сярод культурніцкіх ды інтэлектуальных элітаў.

„Аксамітная рэвалюцыя” ў Чэхаславаччыне, карозія „камуністычнага рэжыму” ў Вугоршчыне, параза вайсковага становішча ў Польшчы і, нарэшце, распад СССР якраз і сталіся вынікам дзейнасьці менавіта культурніцкіх ды інтэлектуальных элітаў гэтых краінаў — дзейнасьці, якая мела доўгатэрміновы характар інтэлектуальнага й культурніцкага супраціву. Заўважым, што менавіта ў культурніцкіх ды інтэлектуальных асяродках узьнікла найбольш заўважная зьява гэтага супраціву —дысыдэнцтва.

Вопыт гэтага супраціву для шмат якіх краінаў сёньня зрабіўся ужо часткай гісторыі, а таму зьвернем увагу не на саму гісторыю, а на тое, чым гэты супраціў быў і застаецца ў сутнасьці.

 

Адзін з такіх праектаў супраціву называўся занадта традыцыйна — часопіс „Культура” -- і паўстаў у другой палове 40-х гадоў, амаль адразу пасьля ўсталяваньня таталітарнага і аўтарытарнага рэжыму ў Польшчы.

 

Час, мейсца і назва. Час запачаткаваньня часопісу зусім не паказваў на пазытыўныя палітычныя зьмены ў найбліжэйшай пэрспэктыве. Адпаведны інтэлектуальны кантэкст Сярэдняй Эўропы яшчэ мусіў паўстаць. Мейсца, аднак, было натуральным культурніцкім асяродкам польскай апазыцыйнай эміграцыі яшчэ з часоў А. Міцкевіча, а назва выглядала як зусім неадэкватны сродак змаганьня. Між тым спалучэньне мейсца й назвы мела істотнае значэньне, а менавіта — культурніцкай дыстанцыі, якая забясьпечвала магчымасьць ідэалягічна непадпарадкаванага мысьленьня, пераемнасьць і захаваньне культурнай традыцыі. Парадокс дыстанцыі, аднак, палягаў ня толькі ў захаваньні традыцыі, але й культурнай тоеснасьці, якая і сталася аб’ектам дэфармаваньня ў камуністычнай Польшчы і іншых краінах камуністычнага блёку. „Новы чалавек” пры ўладзе цягам зусім нядоўгага часу ў гэтых новых сацыялістычных краінах усё больш і больш нагадваў хама, а культуры гэтых краінаў апынуліся пад уціскам ідэалягічнага кантролю.

 

Апазыцыйнасьць і інтэлектуалізм. Мысьленьне ды інтэлектуалізм ёсьць зьявамі культуры, якія робяць яе амаль што самадастатковай. Мысьленьне чалавека культуры і традыцыі ёсьць перадусім не адлюстраваньнем рэчаіснасьці, а яе адпрэчваньнем, а культура, як такая і ў сваёй сутнасьці, ёсьць апазыцыяй недасканаласьці.

Кантэкст паўстаньня парыскай „Культуры” якраз і быў культурным кантэкстам ідэалягічна заняволенай Сярэдняй Эўропы, а апазыцыя недасканаласьці — апазыцыяй таталітарнай і камуністычнай рэчаіснасьці.

 

Дэкамунізацыя мысьленьня. Камунізм ня ёсьць і ня быў зьявай мысьленьня.

Ягоны ўплыў меў зусім іншую прыроду — накшталт кампутарнага вірусу, які разбурае тэкст і робіць немагчымым ягонае прачытаньне цалкам. Тэкст — гэта традыцыя, выклік і вынік мысьленьня, зрэалізаванае творчае заданьне. „Геніяльнасьць” вірусу якраз і палягае на тым, што ён можа пашкодзіць і разбурыць усялякі тэкст. Знаходзячыся паміж тэкстам і рэчаіснасьцю, ён у стане прадукаваць бясконцае мноства інтэрпрэтацыяў, ніводная зь якіх не адпавядае рэчаіснасьці. Трываласьць камунізму і таталітарызму паказвае на тое, што яны не лякальная зьява, а „праграмны збой” у нетрах самое заходнеэўрапейскае культуры. Імунітэт сярэднеэўрапейскае культуры аказаўся яшчэ меней трывалым.

А таму дэкамунізацыя ці, у сутнасьці, разьняволеньне мысьленьня — гэта заданьне для культуры, заданьне для прадукаваньня ёю антывірусных праграмаў мысьленьня, а менавіта праграмаў разьвіцьця культурнай ды інтэлектуальнай тоеснасьці, здольных да прадукаваньня сэнсаў культуры й чалавечага існаваньня.

 

Антыімпэрскасьць і антытаталітарызм. Імпэрскасьць і таталітарызм, нягледзячы на іхныя зьнешнія праявы вонкавага падпарадкаваньня прасторы і часу чалавечага існаваньня, насамрэч не зьяўляюцца ідэалёгіяй толькі экспансіі ды ўмацаваньня дзяржаўнай улады за кошт сувэрэннасьці асобы і ўлады іншых. Таталітарызм і імпэрскасьць -- гэта да таго ж і змаганьне са шматкультурнасьцю і культурай дзеля яе ўніфікацыі і „монакультурнасьці”. Вынікам і ахвярай гэтага змаганьня аказваецца чалавечая істота, якая, гвалтоўна выкінутая з кантэксту культуры, не знаходзіць іншага апірышча дзеля свайго ўласнага існаваньня і выжываньня, як толькі ў падпарадкаваньні брутальнай сіле і адмаўленьні ад свае культурнае тоеснасьці, традыцыі і культуры ўвогуле. Таталітарызм прагне канчатковай перамогі над усімі культурамі разам, імпэрскасьць найчасьцей пакідае мейсца для адной культуры, але культуры дамінаванай і падпарадкаванай уладзе.

Кантэкст парыскай „Культуры” — гэта не кантэкст толькі культуры польскай, але й беларускай, летувіскай ды ўкраінскай. Гэта кантэкст самастойнасьці і дастатковасьці кожнай з гэтых культураў. Антыімпэрскасьць вымагае шматкультурнасьці і самаабароны кожнай зь іх.

 

І яшчэ раз пра час, мейсца і назву.

Часопіс „Культура” стаўся фактам культуры.Час „Культуры” — у дэмакратычных пераўтварэньнях на прасторах былога таталітарнага блёку, а мейсца — ў найноўшай гісторыі шэрагу новых краінаў, паўсталых у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

Праект культурніцкага супраціву аказаўся бліскуча пасьпяховым, хаця на ягоную рэалізацыю і спатрэбілася амаль што жыцьцё цэлай генэрацыі інтэлектуалаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Вынік праекту аднак надзвычай важны: культура валодае дастатковымі рэсурсамі трываласьці і канструктыўных зьменаў, скіраваных на заблакаваньне й паразу таталітарных і імпэрскіх ідэалёгіяў.

 

Алесь Анціпенка - МАРГІНАЛЫ І МАРГІНАЛЬНАЯ СЬВЯДОМАСЬЦЬ

Алесь Анціпенка - „КУЛЬТУРА" Ў МЕНСКУ

Алесь Анціпенка - РАДЫКАЛІЗМ МЫСЬЛЕНЬНЯ, УНІВЭРСАЛІЗМ І ЎНІФІКАЦЫЯ КУЛЬТУРАЎ

 

зьмест