ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэкст/топас: фрагмэнты „культуры”


ФРАГМЭНТЫ №4
№5
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Уладзімеж Брылеўскі

ВОДГАЛАС НА „АБ ВОДГУКУ Ў СЭРЦЫ” ВІКТАРА СУКЕНЬНІЦКАГА

 

Прафэсар Віктар Сукеньніцкі напрыканцы свайго ліста ў рэдакцыю „Гістарычных сшыткаў”, у якім выпраўляе друкарскія і карэктарскія аблуды ў сваім дасьледаваньні „Аб водгуку ў сэрцы”, што быў зьмешчаны ў 38-ым Сшытку, зазначае наступнае: „Не спадзяюся на тое, каб шмат хто з чытачоў пажадаў бы выправіць гэтыя памылкі, але раптам?”

Аўтар гэтых радкоў, з найвялікшай цікавасьцю чытаючы „Аб водгуку ў сэрцы”, сапраўды заўважыў тыя прыкрыя аблуды, непажаданыя найперш для аўтара, але не настолькі значныя, каб іх можна было вызначыць прымаўкай „лыжка дзёгцю ў бочцы мёду”. Грунтоўная праца пр. Сукеньніцкага складаецца зь вялікай колькасьці матэрыялаў — дыпляматычных і архіўных дакумэнтаў, шматлікіх цытатаў з пэрыёдыкі. Чытач даведаецца зь яе, што ня толькі бальшавікі, якія разагналі скліканы ў сьнежні 1917 году Першы Ўсебеларускі Кангрэс, але таксама й палякі чынілі ўсялякія перашкоды маладой беларускай дзяржаўнасьці. Свой вялікі артыкул аўтар сканчае наступным сумным сьцьверджаньнем: „Потым прыйшлі немцы, і беларусы прыстасаваліся адпаведна прынцыпу, сфармуляванаму Луцкевічам яшчэ ў 1920 годзе:

„Беларусь пойдзе поруч з тым, хто ў найважнейшы момант стане ёй апірышчам”.

Слова „Польшча” ня выклікала пры гэтым водгуку, які б гэтаму перашкаджаў”.

Праца праф. Сукеньніцкага зьяўляецца сапраўды выдатным „матэрыялам да рэфлексіі й роздуму”. Пасьля яе прачытаньня шмат маркотных рэфлексій і ўспамінаў насунулася на мяне. Прыгадалася між іншым, як за колькі часу перад вайной, недзе ў годзе 1938, у нейкай мясцовасьці на Віленшчыне, на сходзе тутэйшай ячэйкі BBWR, будучы запрошаны сакратаром, кіраўніком мясцовай пачатковай школы, ягоны аднаклясьнік — дэпутат Сойму Р.П.Каміньскі*, старшыня ваяводзкага адзьдзелу Хаўрусу Асаднікаў, выступіў з прамовай. Пасьля выступу прапанаваў задаваць пытаньні. Адразу ж падняўся адукаваны селянін з суседняе вёскі, былы шматгадовы гмінны радца. Дастаў з кішэні пачак зжаўцелых польскіх газэтаў за 1920 год і пачаў чытаць некаторыя ўрыўкі зь іх. Гэта былі тэксты праклямацыяў, якія заклікалі беларусаў да барацьбы з агульным ворагам — бальшавікамі. Прысутныя пачулі добра забыты лёзунг „За нашую і вашую волю”. Скончыўшы чытаць, селянін, зьвяртаючыся да прамоўцы, запытаўся: „І што ж мы, беларусы, атрымалі з таго, што вы, палякі, нам тады абяцалі?” Дэпутат Каміньскі прамаўчаў. Бо што ён мог адказаць? На той час ужо не існавала аніводных беларускіх грамадзкіх і культурна-асьветніцкіх арганізацыяў, ня кажучы ўжо пра палітычныя партыі, якія даўна былі расфармаваныя польскай уладай, зьліквідаваныя беларускія школы, беларуская мова ў тых пачатковых школах, дзе яна выкладалася як прадмет — забароненая, настаўнікі-беларусы былі пераселеныя ў этнаграфічную Польшчу, шмат дзеячоў сядзелі ў вязьніцах і Картуз-Бярозе. Селянін ня мог у дзяржаўных установах размаўляць па-беларуску. Іменна ў гэтай мясцовасьці адзін дзядок, ня ведаючы па-польску, запытаў чыноўніка паштовай службы па-беларуску, ці дайшоў да яго ліст ад сына з Амэрыкі. Напышлівы чыноўнік выкрыкнуў у адказ: „Ідзі адсюль, хам, і навучыся найперш казаць па-польску, а толькі потым пытацца пра ліста”. Павал Гаставец (Hostowiec) напрыканцы свайго артыкулу-некралёгу аб славутым украінскім паэце Яўгену Маланюку „Успаміны пра сябра” (Культура, № 4/246, 1968 г.) пісаў наступнае:

„Чарвякоў, тагачасны старшыня беларускага рэўкому ў Менску, пазьнейшы прэзыдэнт Беларускай Рэспублікі, які зьдзейсьніў самагубства ў 1936 годзе, так сфармуляваў іх надзеі (размова ідзе аб беларусах і ўкраінцах, якія пасьля польска-бальшавіцкай вайны ў 1920 годзе засталіся на баку палякаў), калі спаткаў яго ў Рызе, назаўтра пасьля падпісаньня падзелу Беларусі паміж Расеяй і Польшчай:

— Жахлівы лёс мае краіна, падзеленая паміж чужымі дзяржавамі. Палякі выдатна ведаюць пра гэта. І тым ня менш, гэтая сытуацыя ў цяперашні момант пакідае пэўнае спадзяваньне. Шмат залежыць ад таго, як зладзяць палякі нацыянальную палітыку на сваёй частцы Беларусі. Масква будзе ня ў стане адмовіць нам свабод, якімі беларусы будуць карыстацца ў Польшчы.

У гэтых словах Чарвякоў сфармуляваў ня толькі беларускія спадзяваньні , але таксама і польскія. Карыстаючыся свабодамі, хай нават і ў межах Савецкага Саюзу, Украіна і Беларусь былі б для Польшчы лепшай гарантыяй бесьпекі, чым папяровыя пакты аб ненападзе. Але што за будучыня чакала маральна ізаляваную „Вялікадзяржаўную Польшчу” ў становішчы паміж дзьвюма магутнымі мілітарысцкімі дзяржавамі кантынэнту?

Ня чуючы голасу розуму, асьлепленыя нацыяналізмам, палякі ХХ стагоддзя былі падманутыя ў сваіх спадзяваньнях на цуды і ўласныя надзеі...”

Палякі ня толькі ня спраўдзілі надзеі Чарвякова, але нават ня зважылі на тое, што Пілсудзкі „раіў” беларусам яшчэ ў 1919 годзе — стварыць штосьці накшталт малога П’емонту.

Умовы жыцьця людзей былі вельмі цяжкія. Зямельная рэформа, пра якую так доўга казалі ў Сойме і пісалі ў прэсе, так ніколі не была праведзена. Прамысловасьці ў Заходняй Беларусі, як вядома, ніякай не было. Безьзямельныя і малазямельныя сяляне ледзь трымаліся; свайго хлеба ім хапала толькі да Калядаў. А побач цягнуліся велізарныя абшары зямель прыватных маёнткаў, у лясох якіх селянін ня меў права нават зьбіраць ягады і грыбы. Значная частка ўладальнікаў гэтых маёнткаў, і асабліва асаднікі, ня ведаючы працы на зямлі, мелі кепскую гаспадарку і гадамі адтэрміноўвалі выплату дзяржаўных падаткаў. А ў жабрака-селяніна гмінны судовы выканаўца забіраў апошнюю лядашчую карову за нявыплату падаткаў. Нічога дзіўнага, што вясковая моладзь, падманутая хлусьлівай савецкай прапагандай (менскае савецкае радыё і прапаганда камуністычнай літаратуры), масава сыходзіла да Саветаў, дзе, абвінавачаная ў шпіёнстве на карысьць Польшчы, трапляла за краты. Пераходзіла мяжу таксама і студэнцкая моладзь, даўшы веры савецкай прапагандзе, што ў СССР будуецца „беларускі нацыянальны дом”, -- і яе напаткаў праз пэўны час такі самы лёс. Таксама як і дэпутатаў Грамады, якія з польскіх вязьніц патрапілі ў значна горшыя савецкія турмы і лягеры на Салаўках і ў Сыбіры, дзе і напаткалі сьмерць. Пазьней, пасьля правядзеньня Ульманісам зямельнай рэформы ў Латвіі, у выніку якой там адчуваўся недахоп працоўнай сілы, беларуская вясковая моладзь пасьля падпісаньня польска-латыскай дамовы пачала масава зьязджаць з польскімі пашпартамі на працу ў Латвію. Цяжка працавалі там тыя „палякі”, але ж няблага і зараблялі. (Чуў жаласьлівую, сумную песьню — як і ўсе старадаўнія беларускія песьні, яшчэ з часоў паншчыны, сьпяваныя падчас працы ў полі — складзеную аратымі ў Латвіі, дзе сьпявала яе знаёмая, былая працаўніца, пра тое, як латыскія гаспадары „мучаюць польскі народ”). У Латвіі часоў Ульманіса, пасьля падзелу маёнткаў нямецкіх баронаў, узровень жыцьця быў вельмі высокі. Латвія ў гэтым сэнсе займала другое мейсца (пасьля Даніі) у Эўропе. „Птушынага малака толькі не было” — прыгадвалі там з жалем падчас савецкай, а пазьней нямецкай акупацыі. Ведаю пра што кажу, бо сам быў нейкі час у Рызе і Курляндыі. Адзін інтэлігентны латыш, інжынер, маючы на ўвазе зямельную гаспадарку, казаў мне тады (гутарылі па-расейску): „У вас в Польше была ужасная безхозяйственность”.

Апроч усяго, варта адзначыць, што настрой вясковых масаў пасьля „вызваленьня” Чырвонай Арміяй у верасьні 1939 году Заходняй Беларусі варожым да Польшчы ня быў. Тое, што палескія сялянкі казалі маці Юліюша Марголіна ў Пінску, вядома, перабольшваньне, але відавочна, што ніхто з таго вызваленьня ня цешыўся. Нават нешматлікія за польскім часам прыхільнікі камунізму сярод беларускіх сялянаў, адчуваючы на ўласнай скуры савецкі ўціск — празьмерныя падаткі (грашовыя і натуральныя), дармавую працу на карысьць дзяржавы (бясконцы шарварк — будоўля дарог і вайсковых аэрадромаў, высяканьне лясоў і вываз драўніны на сплаў у Нямеччыну), дэпартацыю — хутка і канчаткова вылечваліся ад камунізму.

 

ЗАЦЕМЫ

* Былы дэпутат Сойму Рэчы Паспалітай палк. Каміньскі загінуў падчас адной зь бітваў пад Монтэ Касіна. Р. Сыч, аўтар кніжкі „Сьмерць і салаўі. — Успаміны афіцэра-беларуса з-пад Монтэ Касіна” (Выдавецтва Бацькаўшчына, Monachium, 1965) характарызуе яго як годнага чалавека. Ягоным „нянькам” у 2-ім Корпусе быў былы сусед, жаўнер Марцішонак, заможны беларускі селянін, дэпартаваны ў 1940 годзе ў Сыбір. Гібель палкоўніка Каміньскага апісаў таксама Мэльхіёр Ваньковіч у сваім „Монтэ Касіна”.

 

З польскай мовы пераклаў В.Д.

 

зьмест