ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

мысьленьне/літаратура

ФРАГМЭНТЫ №6
№6
зьмест

сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь

Юрась Барысевіч

КАМУНІКАЦЫЯ І КУЛЬТУРНАЯ ІДЭНТЫЧНАСЬЦЬ

Можна пагадзіцца з В. Акудовічам: „Менавіта на прасторы грамадзка-культурных выданьняў і кніг беларусы сфармаваліся як нацыя. І сёньня мы застаемся нацыяй ня дзякуючы палітычным рухам і фармальна незалежнай дзяржаве, а зноў жа дзякуючы таму, што існуе Беларускі Тэкст”( „Архіпэляг Беларусь”). Менавіта праз пісьмо і чытаньне большасьць людзей далучаецца да нацыянальнай ідэі і, урэшце, да нацыі. Фармаваньне эўрапейскіх нацыяў завершылася разам з агульнай альфабэтызацыяй. На жаль, у Беларусі барацьба зь непісьменнасьцю завершылася ўжо ў савецкія часы і таму спарадзіла беларускую савецкую нацыю. Клод Леві-Строс адзначае, што барацьба зь непісьменнасьцю заўсёды супадае з узмацненьнем кантролю над грамадзянамі з боку Ўлады — або, дадамо, з боку апазыцыі. Ва ўсялякім разе, пісьмо і чытаньне (а тым больш уласныя публікацыі) ператвараюць чалавека ў грамадзяніна, тым часам як баўленьне перад тэлеэкранам ператварае грамадзяніна ў спажыўца. Маленькі экран тэлебачаньня — гэта не партрэт, а люстэрка грамадзтва, часам крывое, але па не залежных ад журналістаў абставінах. Шызафрэнічнасьць беларускай сытуацыі палягае на тым, што ў люстэрку мы бачым не сябе, а суседні народ (бо глядзім пераважна не сваё, а расейскае тэлебачанне). Хто дасылае выявы — той і ўладарыць. У свой час амэрыканцы скарылі індзейцаў, а расіяне — Сібір з дапамогай ня столькі зброі, колькі „вогненнай вады”. У статусе фактычнай калёніі Расіі нашу краіну (і некаторыя іншыя дзяржавы СНД) утрымлівае ня столькі руская мова, колькі расейскае тэлебачанне. Большасць іншых культураў сьвету кантралююць Галівуд і амэрыканскі ж тэлеканал навінаў CNN. Калісьці вынаходніцтва кнігадрукаваньня дазволіла стварыць уніфікаваныя нацыянальныя мовы праз вынішчэньне дыялектаў. Сёньняшнія інфармацыйныя імпэрыі імкнуцца ўніфікаваць уяўленне ўсяго насельніцтва плянэты ўжо не праз літары, а праз выявы (бо яны амаль не патрабуюць перакладу). Найгоршая бяда ня ў тым, што нас вучаць глядзець на сьвет амэрыканскімі або расейскімі вачыма, а ў тым, што празь іх мы бачым сябе толькі вартымі жалю ахвярамі чарговай катастрофы — Чарнобыля, Лукашэнкі, душагубкі на Нямізе. Зрэшты, гэта ў самой прыродзе тэлебачаньня — быць „музэем катастрофаў” (Поль Вірыльё).

Прагляд кіно або чытаньне кнігі — гэта мэтафізычная, маральная падзея, прагляд тэлеперадачы або газэты — падзея грамадзкая. Уласная мараль тэлебачаньня ня надта высокая, але што яно найбольш за ўсё любіць рабіць — дык гэта вучыць маралі нас, гледачоў. Яно штодня паказвае нам добрых і кепскіх людзей. Беларускае тэлебачаньне дык увогуле паказвае толькі „добрых”, а „кепскіх” (у тым ліку палітычных апанэнтаў рэжыму) яно асуджае завочна — і менавіта таму гэтак нудотна глядзець айчынныя навіны і ток-шоў. Тую ж памылку, дарэчы, робіць і беларускае кіно: у ім усе героі станоўчыя, у якасьці адмоўных выступаюць толькі нямецка-фашысцкія захопнікі, зь якімі глядач ня можа атаясаміць сябе, і — у лепшых фільмах — здраднікі. Беларускае тэлебачаньне — гэта бясконцасэрыйная мыльная опэра пра любоў народу да свайго прэзыдэнта, якому ўвесь час шкодзяць нейкія нябачныя ворагі. Ралян Барт называў мову фашыстам, бо яна прымушае нас гаварыць, нават калі мы таго не жадаем. Рэжы Дэбрэй называе фашыстам тэлеэкран, бо ён не дае нам часу скласьці ўласнае меркаваньне пра тое, што нам паказваюць у навінах. Тут усё заўжды цяперашняе, непасрэднае, відавочнае і таму — неабвержнае. Тэлебачаньне мае вельмі нізкі парог талераваньня чагосьці арыгінальнага, бо тут усё будуецца на падставе кансэнсусу, які ўвасабляе ў нас прэзыдэнцкая думка.

„На экране тэлевізара Мірскі замак, Эйфэлева вежа і піраміда Хеопса знаходзяцца на адной адлегласьці ад гледача. А гэта азначае, што зьнікае ці становіцца амаль незаўважнай розьніца паміж роднай і чужой культурамі” (В.Акудовіч). У камунікатыўна адкрытым грамадзтве чалавек вызваляецца ад абавязку рэтрансьляваць у будучыню культуру сваіх кроўных продкаў. Вынаходніцтва кнігадрукаваньня стварыла ўмовы для нацыяналізацыі культуры; тэлебачаньне і кампутар падрыхтавалі наступны віток эвалюцыі культуры: яе прыватызацыю. Чалавек атрымлівае з экрана „канструктар” з ідэяў і звычаяў усіх эпох і народаў, зь якіх ён мусіць сам скласьці карціну сьвету, у якім будзе жыць. Мы настолькі прызвычаіліся пераключаць каналы дома, што і на вуліцы часам зьўляецца жаданьне пераключыць навакольную рэчаіснасьць на больш цікавую перадачу. Кожны жыве ў сваім прыватным сьветаглядзе, злучаным з усімі астатнімі праз камунікацыйныя пупавіны — тэлевізійную, тэлефонную і г. д. — у глябальную інфармацыйную сетку. Звонку, напэўна, падаецца, што плянэта пакрываецца інфармацыйнымі магістралямі, нібыта плесьняй. Больш верагодна, што гэта кокан, у якім высьпявае чалавек-сусьвет.

У кампутарных сетках і кампутарызаваных кнігах тэксты страчваюць нацыянальную ідэнтычнасьць. Рэч ня толькі ў экспансіі міжнароднай амэрыканскай мовы. Самі словы і выявы вызваляюцца ад цэнзуры і карэктуры — фактычна вяртаюцца ў эпоху рукапісаў, калі яшчэ не існавала ўнармаваных нацыянальных моваў. Кампутар ізноў растварае нацыі да стану этнічных супольніцтваў і плямёнаў. Раствараецца ня толькі нацыянальная мова, але і нацыянальная эканоміка, якая ператвараецца паўсюль у сьвеце (апрача Паўночнай Карэі і Беларусі) у філію транснацыянальных карпарацыяў.

Былы „зборачны цэх” Савецкага Саюзу, наша краіна застаецца адным з найбольш індустрыялізаваных рэгіёнаў сьвету (паводле працэнту насельніцтва, занятага ў прамысловасьці). Большасьць працоўных у нас займаецца тым, што гераічна (амаль на энтузіязьме) абслугоўвае састарэлыя станкі і машыны. У эканоміцы больш шчасьлівых краінаў ужо некалькі дзесяцігодзьдзяў назіраецца працэс дэіндустрыялізацыі: машыны навучыліся абслугоўваць самі сябе, а людзі (у каго ёсць праца) занятыя ў сфэры паслугаў адно аднаму — адукацыі, гандлю, арганізацыі сьвятаў і г. д. У Эўропе засталося ўжо ня шмат заводаў-гігантаў: вытворчая база пераводзіцца ў краіны „трэцяга” і „другога” сьвету (былы сацыялістычны лягер), дзе працоўная сіла ў некалькі разоў таннейшая (увогуле кажучы, сьветаў існуе столькі ж, колькі лічбаў у матэматыцы, але „першым” звычайна называюць той, які ў тую ці іншую эпоху задае тон усім астатнім). Калі спадчына разьвітога сацыялізму ў Беларусі канчаткова спарахнее — гэтая хваля новай індустрыялізацыі накрые і нашую краіну коўдрай замежных інвэстыцыяў. А яшчэ празь нейкі час Беларусь і сама ператворыцца са „зборачнага цэху” Эўропы ў адно з „канструктарскіх бюро” для менш шчасьлівых краінаў Афрыкі ці Азіі. І калі хто з нас не дажыве да гэтага — спадзяюся, новыя высокія тэхналёгіі дапамогуць уваскрасіць яго, каб пабачыў на ўласныя вочы.

Кольскасьць жывых моваў і дыялектаў на плянэце паступова скарачаецца пад ціскам некалькіх найбуйнейшых — найлепш распрацаваных і камэрцыйна найбольш канкурэнтаздольных. Можа нават падацца, што ў рэшце рэшт на Зямлі застанецца адна агульначалавечая мова (англійская, эспэранта ці нейкая новая). Хутчэй за ўсё, гэтага ня будзе: працэсы агульнай (канвэернай) эпохі, якую некаторыя народы ўжо пераадолелі або ўвогуле абмінулі. Кампутары ды іншыя разумныя машыны (а ўрэшце — кампутарызацыя самога чалавечага цела: органаў зроку, мысьленьня, маўленьня і г. д.) павінны вызваліць нас ад патрэбы быць інтэлектуальнымі і фізычнымі копіямі іншых людзей. Імплянтаваны ў акуляры або непасрэдна ў цела мікрапрацэсар будзе сынхронна перакладаць пачутыя ці прачытаныя думкі зь „вялікай” мовы на тую ці іншую мясцовую. Аднойчы нацыянальныя мовы пакінуць паміраць. Больш за тое, адродзяцца многія з тых, што ўжо даўно выйшлі з ужытку. Разьвіцьцю нацыянальных моваў будуць пагражаць ня столькі інтэрнацыянальныя, колькі індывідуальныя: кожны зможа стварыць уласную мову з фрагмэнтаў некалькіх афіцыйных або зь невядомых нікому іншаму словаў і граматычных канструкцыяў.

Мастацтва ХХІ стагодзьдзя ўяўляецца мне як сінтэз высокіх тэхналёгіяў зь першабытнымі формамі культуры. Варты ўвагі той факт, што найбольш кампутарызаваны народ сёньня — не амэрыканцы або японцы, а канадзкія эскімосы. Можна меркаваць, кампутарызацыя найменш пагражае нацыянальным традыцыям тых народаў, што ня зьведалі ні прамысловай, ні нават агракультурнай рэвалюцыі. Эскімосы скарыстоўваюць Інтэрнет ня толькі як унівэрсальны сродак камунікацыі і забаваў на сваім ускрайку сьвету, дзе няма чыгунак і гарадоў, але і як сховішча нацыянальнай культуры, даступнай цяпер усім жыхарам планеты.

Сусьветныя камунікацыі ўжо існуюць, а вось сусьветную культуру ўявіць сабе пакуль цяжка. Напрыклад, ёсць англамоўная літаратура, рускамоўная і г. д., але сусьветнай літаратуры няма. Пераклады толькі часткова вырашаюць праблему паразуменьня паміж народамі або пакаленьнямі. Сусьветная культура зьявіцца тады, калі высокія тэхналёгіі дазволяць нам дакладна разумець усе іншамоўныя тэксты і жэсты. Гэта значыць, калі кожны чалавек па аб’ёме памяці і сьмеласьці ўяўленьня будзе роўны ўсяму чалавецтву.

Ад самога свайго зьўленьня на Зямлі (з Эдэму, космасу ці з жывёлы) чалавек пастаянна і, відаць, інстынктыўна займаецца стварэньнем новых і ўдасканаленьнем старых знакавых сыстэмаў, каб задаволіць сваю адвечную патрэбу ў перадачы і атрыманьні інфармацыі. І тым ня менш было б памылковым лічыць, што культура найлепш разьвіваецца там, дзе для камунікацыі няма ніякіх перашкодаў. Гэтаксама як фізычнае цела чалавека ня можа жыць безь перапынкаў у абмене рэчывамі з навакольным асяродзьдзем, так і нашае культурнае (інфармацыйнае) цела проста растварылася б у акіяне пахаў, зрокавых і акустычных вобразаў, думак і пачуцьцяў, якія дасылае нам вонкавы сьвет, калі б мы ня мелі магчымасьці адсланіцца ад рэчаіснасьці і перастварыць (перастравіць) запазычанае ў нешта сваё.

Нішто так не спрыяе нараджэньню мітаў, надзвычай плённых для усялякай культуры, як недахоп інфармацыі. Галюцынацыі, сны і творы мастацтва нараджаюцца ва ўмовах інфармацыйнага голаду (зрэшты, абудзіць уяўленьне дапамагае і фізычны голад: гэтым прыёмам карыстаўся Шэрлак Холмс). Сны і галюцынацыі — гэта заўсёды плённы перапынак у нашых кантактах з рэчаіснасьцю, бо празь іх мы можам кантактаваць з мэтафізычным сьветам, з далёкімі продкамі і нашчадкамі, татэмамі і багамі. Цалкам верагодна, што мастацтва нарадзілася ў дагістарычныя часы менавіта дзякуючы інтэлектуальнаму голаду: мозг чалавека быў надта вялікі для той інфармацыі, якой магла яго забясьпечыць навакольная рэчаіснасьць. І калі мастацтву сапраўды наканавана сканаць у высокатэхналягічным сьвеце — адбудзецца гэта не з прычыны яго маральнага банкруцтва, а ў выніку перанасычанасьці нашага жыцьця непатрэбнай інфармацыяй. Лішак інфармацыі спараджае дэпрэсію, ён забівае творчыя здольнасьці нашага розуму. Ні чалавек, ні народ ня ў стане захаваць сваё „я”, сваю культурную ідэнтычнасьць без інфармацыйнай аскезы, ролю якой могуць адыгрываць адроджаныя табу, цэнзар-чыпы ў кампутарах і тэлепрыймальніках або дывэрсіі на камунікацыях. „Чым менш мы ўбачым, тым больш мы ўявім сабе” (Русо). Культура складаецца не з навінаў, а з успамінаў.

Юрась Барысевіч - АХВЯРЫ СЬВЯТЛА

Юрась Барысевіч - ЦЕЛА І ТЭКСТ - бібліятэка "ФРАГМЭНТЫ"

зьмест