ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

мысьленьне/літаратура


ФРАГМЭНТЫ №6
№6
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Юры Пацюпа

ВЫТОЧНЫ ЭЛЕМЭНТ КУЛЬТУРЫ:
ЛІНГВІСТЫЧНЫЯ ІДЭІ МАКСІМА БАГДАНОВІЧА

 

Дух вiртуальнасьцi ў лёс Багдановiча-лiнгвiста ўносiць факт нязысчаньня яго як вучня А. Шахматава. Прафэсар, знаны сябра беларусаў, у 1911 годзе зьвярнуўся ў рэдакцыю „Нашае Нiвы” дзеля прыдбаньня сабе вучня-беларусiста. Газэта, трэба аддаць ёй належнае, нараiла найлепшага кандыдата, таленавiтага паэта зь Яраслаўля. Аднак сям’я Багдановiчаў ня мела спосабаў вучыць далёка ад дому ўсiх сваiх дзяцей. Бацька лiчыў найбольш таленавiтым зь сям’i Лёву, якi выдатна паказаў сябе ў матэматыцы. Таму вучыцца — праз год — паехаў Лёва, а не Максiм 1. А студэнтам А. Шахматава крыху пазьней стаў Б. Тарашкевiч. М.Багдановіч тым часам вучыўся дома, у Яраслаўскiм праўным лiцэi. Найбольш увагi ён надаваў фiлялягiчным баўленьням. Маючы вольны час, хадзiў займацца да цiкавага яраслаўскага фiлёляга У. Белавусава, штудыяваў замежныя i клясычныя мовы 2. Па ад’еханьнi ў Беларусь увесь пакой паэта быў завалены сьпiсанымi паперамi 3.

Цяжка сказаць, раскрыла б цi, наадварот, згладзіла б акадэмiчная асьвета зародкi лiнгвiстычных уяўленьняў, якiя высьпявалi ў маладым М. Багдановiчы пад уплывам нашанiўскае лiтаратуры, мадэрновых часопiсаў i яраслаўскага настаўнiка. Тут трэба помнiць, што думка М. Багдановiча практычная, заўсёды мэтная, зацiкаўленая. Гэта дазваляла паэту выбiраць нетрывiяльныя кiрункi, якiх яшчэ не было ў „жалезным рыштунку навукi”. I ў той жа час ён бадай нiколi не дазваляў сабе ўзрушацца да бездаводнае патэтыкi. Спалучэньне жарлiвае волi i халоднае развагi рабiла яго выракi парадаксальнымi, але даводнымі.

Фэномэн паэта М. Стральцоў назваў „загадкаю Багдановiча”. Пад загадкаю даўнiмаўся перадусім шлях да мовы, безь якога не было эстэтычных каштоўнасьцяў, не было б, вiдаць, i Багдановiча-лiнгвiста. Сам ён сваю цягу да беларускасьцi называў „атавiзмам”, iнакш кажучы, праяваю спадчыннасьцi 4. Атавiзм становiць сабою iдэю зерня, зь якога вырастае асоба, гэтая iдэя сама, як зерне, сьцягвае ўсе пасьлейшыя домневы М. Багдановiча. Праўда, яна вельмi цьмяная i такою, пэўна, застанецца да канца. Незразумела, якi сэнс, бiялягiчны цi культурны, укладваў М. Багдановiч у тэрмiн атавiзм.

Нельга зусiм адпрэчыць першае зьясьненьне, хоць яно i занадта фантастычнае. Досыць толькi ўспомнiць жахлiвы вобраз-архетып калектыўнага чалавека-спрута, грамады-сыфанафоры, якi аднолькава сьцiгаваў уяўленьнi паэта i яго мацi. Гэты спадчынны архетып прачынаўся пад узьдзеяньнем фiлязофii Г. Спэнсэра, будучы нечым накшталт бiялягiчнага атавiзму 5.

Але вытокi вобразу можна бачыць проста ў сямейным паданьнi. Вiдаць, у сям’i Багдановiчаў атавiзмам называлi ўсякую пераемнасьць. У тым лiку i неадменную зацiкаўленасьць Беларусяй. Кнiгi П. Шэйна, Е. Раманава, Я. Карскага, бацькава кнiга „Перажыткі даўнейшага сьветагляду ў беларусаў” — вось тое галоўнае, што станавiла зьмест атавiзму. Пэўна, не бiялягiчны фаталiзм, а культурную традыцыю клаў М. Багдановiч у падвалiны чалавечае моўнасьцi.

Да гэтай пары лiчыцца, быццам беларускую мову паэт засвойваў пераважна кнiжным спосабам, у шэразе зь iншымi. Успамiнаюць, прыкладам, „што яму зусiм не давалiся падвойныя лiтары „дз”, „дж”, нацiскi i да т. п. 6 I ўсе, пачынаючы зь I. Замоцiна, цытуюць Адама Багдановiча: „Якiя ён цяжкасьцi адольваў ... сьведчаць яго рукапiсы i сшыткi: колькi там выпiсаў з слоўнiкаў, зборнiкаў i старадрукаў. Якi з паэтаў, што з малаком мацi ўссалi беларускую мову, узьняў гэтую цяжкую, пiльную i дробную працу?” 7 Тут даўнiмаецца, дзей беларуская мова не была для паэта роднаю. Аднак вывучэньне тэмы вымалёўвае карціну куды складанейшую.

Паводле І. Замоціна, мова М. Багдановіча становіць сабою тэарэтычны канструкт, заснаваны на слоўніку І. Насовіча і чужаземных словах. 8 Натуральна, ніякае каштоўнасьці, апрача гістарычнае, крытык у ёй ня бачыў, вынятак рабіў толькі для паэзіі. Падобна, што прафэсару гэтае меркаваньне ўрочылі, наўрад ці ён лепш за М. Багдановіча валодаў беларускаю моваю, каб належным парадкам яе крытыкаваць. Думка І. Замоціна цікавая канцэптуальнасьцю і жывучасьцю.

Мала новага да яе дадалі С. Майхровіч, С. Станкевіч, А. Лойка і М. Стральцоў. Першы зь іх дадатную ацэну пашырыў і на мастацкую прозу 9, другі толькі пашкадаваў аб моўных хібах паэта 10. Затое два апошнія, хоць і не зьмянялі старых уяўленьняў, але зрабілі зрух у іншым кірунку. Яны дасьледавалі стылёвыя вартасьці паэзіі М. Багдановіча ў параўнаньні зь яго самаперакладамі ды расейскімі вершамі і прыйшлі да высновы, што супраць беларускіх вершаў тыя куды слабейшыя 11. Мала таго, абодвыя аўтары зьнябачку абвясьцілі, дзей М. Багдановіч „выдатна мысьліў і адчуваў па-беларуску” 12, а расейскую мову „ведаў не па жывых крыніцах народнай мовы, а па літаратурных узорах” 13, яна ў яго „традыцыйна-закасьцянелая”, „зьлітаратураная” 14, вершы ў ёй „сухаватыя”, „вялыя”, „трафарэтныя” 15. А. Кабаковіч ужо канкрэтна выказвае домнеў аб тонкім адчуваньні М. Багдановічам гутарковае беларускае мовы, паказвае, што працэнтовая розьніца расеянізмаў у „Вянку” супраць „Жалейкі” Я. Купалы нязначная (2, 79 і 2,3 адпаведна) 16. Яшчэ больш упэўнена падобную думку даводзіць У.Конан, слушна зазначаючы, што пры аналізе ня трэба блытаць валоданьне гутарковым маўленьнем і агульнае веданьне мовы 17.

Мы мелі б не загадку, а парадокс Багдановіча, каб ня факт зь ліставаньня бацькоў паэта. Марыя Багдановіч, адпачываючы ў вёсцы, піша пра дзяцей і бядуе: „Наагул, тут ім не жыцьцё, а маліна... Адно толькі кепска, што сталі гаварыць па-беларуску і калі-нікалі такое слоўца рэкнуць, што хоць стой, хоць падай” 18. Лісты самой сп. Марыі перасыпаныя беларусізмамі сама рознага кшталту, можна здагадвацца, у гутарковай мове іх было куды больш 19. Дадамо, што і горад (Гародня) ня меў чыстае расейскае мовы, і карціна будзе поўная.

Можна не сумнявацца: беларуская мова была для М.Багдановіча роднаю ня толькі з найменьня, але, у значнай ступені, і з засвойваньня 20. Паводле В. Ластоўскага, ён „часта зьбіваўся на маскоўшчыну, але чутка ўлаўліваў дысанансы” 21 (падкрэсьленьне маё. — Ю. П.) ў „мове, якую ... ня чуў вакол сябе, а чуў у сабе” 22. У зьвязку з гэтым варта ўспомніць і ацэну твораў, выказаную Я. Карскім: „Што да мовы Багдановіча, дык яна чыстая беларуская гутарковая мова. У гэтым яе праўдзівая краса” 23. Думка І. Замоціна аб яе сканструяванасьці мае ня толькі фактычныя запярэчаньні. Эсэнцыялістаўская тэорыя мовы як унівэрсаліі, выражанай у граматыцы, здольная даць адно ўбогі прадукт, а ня вершы і прозу кшталту Багдановічавых. Гэта, дарэчы, вынікае зь яго ўласнае тэорыі мовы, што мае быць разгледжаная ніжэй. Мова багацейшая за ўсякую ўнівэрсалію, і зусім ня выпадкова канкрэтнае разуменьне мовы знаходзім менавіта ў Дантэ: „Мы называем народнаю тую мову, якую дзеці засвойваюць ад атачэньня, калі пачынаюць упершыню адрозьніваць гукі; або, кажучы карацей, — тую, якой мы навучаемся без усякіх правілаў (падкрэсьленьне маё. — Ю. П.), пераймаючы мамку” 24.

А як жа тады „пільная і дробная” праца, пра якую ўспамінае Адам Багдановіч? Яна, ведама, існавала, але зьяўляла зусім іншую рэч. Бацька паэта, бадай заўсёды, ня толькі ў гэтым разе, кепска ведаў і павярхоўна разумеў свайго сына. Выпісы з слоўнікаў, зборнікаў — гэта натуральная, „звычайная і штодзённая”, як кажа У.Конан, праца над стылем 25. Маўленчая плынь — ня словы ўкладзеныя паводле граматыкі, а жывыя лучнасьці, напрацаваныя праз супольнае жыцьцё пакаленьняў. Там дзе такіх лучнасьцяў не стае або яны забытыя — даводзіцца ісьці шляхам перайманьня. А. Яскевіч лічыць, што ў напружанай працы над стылем паэту дапамагалі пераклады 26. Але ня ўсе шуканьні маюць роўны плён. Нездарма Р. Бярозкін заўважае, дзей вершы М. Багдановіча, набліжаныя да фальклёрнае тэматыкі, вылучаюцца чысьцінёю мовы, „мова ж перакладаў цяжкаватая, перасыпаная русізмамі” 27.

Багдановічава стылістыка піла з розных крыніцаў. Ведама, што многія формы яго паэзіі пераклікаюцца з баўленьнямі В. Брусава28. Празаічныя творы, мяркую, сягаюць да стылізацыяў паўзабытага сёньня Б. Садаўскога, якога М. Багдановіч ня толькі добра ведаў, але і цытаваў 29. Беларускі паэт шмат у чым перасягнуў сваіх папярэднікаў, ня толькі натуральнасьцю пачуцьцяў, але і філялягічнымі вынікамі. Стылізатарскую гульню ён ператварыў у лябараторыю стылю. Варта ўспамянуць толькі два тэксты, „Апавяданьне аб іконьніку і залатару” ды „Апокрыф”. У першым У. Караткевіч бычыў узор для свае гістарычнае прозы 30, другое для А. Клышкі сталася прыкладам да перакладу Эвангельля 31.

Асобнае месца займае навуковая і публіцыстычная проза М. Багдановіча, якая выклікае найбольш крытычных заўваг і ў якой максымальна праявілася канструяваньне, чым яна, зрэшты, і цікавая. Але тэкстаў гэтакай прозы мала, а сярод іх трэба адрозьніваць ранейшыя і пазьнейшыя. Прыкладам апошніх ёсьць „Агляд працы Мінскага аддзелу”, і сёньня гэта бездакорны ўзор публіцыстычнага стылю з дасканалаю мовай. „Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасьці” — тэкст ранейшы. Калі абстрагавацца ад рэальнае беларускае мовы, асабліва ад яе сучасных варыянтаў, то ён дзівіць прадуманасьцю, дасканаласьцю стылёвых спосабаў. Гэты тэкст замкнёны ў сабе, як натуральная гаспадарка, як гаспадарства ў гаспадарстве. Асобна на яго мове спыняцца тут ня варта, але, мяркую, „Кароткая гісторыя...” чакае падрабязнага аналізу. Расеянізмаў у ёй, супраць вершаў, больш, затое яны не выпадковыя, а становяць сабой апрычоную сыстэму. Гэтая прозавая мадэль такая ж творчая і, адначасна, далёкая ад жывое беларускае мовы, як, прыкладам, лісты да М. Драгаманава В. Савіча-Заблоцкага. Параўнаньне абодвых ідэастыляў можа шмат чаго даць да разуменьня станавеньня празаічнае мовы.

Паступовае ўрастаньне паэта ў нацыянальную традыцыю адкрывае ў яго шуканьнях новыя бакі і далячыні, відочнае перастае здавацца відочным. У дыяхранічным кантэксьце нават запэўныя хібы Багдановічавай мовы падаюцца калі не набыткамі, дык нечым інтымна-асабовым, непаўторным. Сказанае У. Дзяржынскім пра „Вянок” можна пашырыць на ўсю творчасьць паэта: тут „заложаны незвычайна багаты матар’ял для будучай стылістыкі беларускай мовы” 32. Цікава, як жа ён сам бачыў тую будучыню?

Падобна, што М. Багдановіч, насуперак меркаваньню Я. Карскага 33, быў ня менш заўзятым пурыстам, чым яго сучасьнікі В. Ластоўскі і Я. Станкевіч. Нездарма апошні высока цаніў моўную працу паэта. Я. Колас, якога менавіта Багдановіч упікаў за расеянізмы 34, на думку Я. Станкевіча, толькі „фатаграфаваў жыцьцё й тыпы”, таксама й мову і нічога не ўжываў такога, чаго не пачуў у дадзеных абставінах”, Я. Купала над літаратурнаю мовай „блізу не працаваў”. „Затое шмат рупіўся ... М. Багдановіч”. І толькі з прычыны няведаньня „беспасярэдне мовы народнай, уплыву на літаратурны язык не зрабіў жаднага” 35. Крыху іншае меркаваньне С. Карабана, паводле якога М. Багдановіч раіў „маладой беларускай паэзіі арыентавацца толькі на народную мову”, тым часам як С.Палуян ля вытокаў мовы хацеў бачыць „жывую народную гаворку і старыя помнікі пісьмовасьці” 36. Кожны з дасьледнікаў у нечым хібіць, але перад намі ня простая супярэчнасьць, а праблема зь некалькімі вымярэньнямі.

Ядром сучаснае беларускае мовы, дзе раскрываецца яе фэномэн, паэт запраўды ўважаў народныя гаворкі. Аднак творчасьць М. Багдановіча, у прыватнасьці, мастацкая проза паказвае і іншае: паўнавартая літаратурная мова мусіць увабраць усе свае гістарычныя набыткі, разьмеркаваўшы іх у гіерархіі стыляў. Дзіўна, што бацька паэта гаворыць аб працы над старадрукамі, а ў іншым месцы прыпісвае сыну няўвагу да старабеларускага слова 37.

Каштоўным сьведчаньнем да пурызму М. Багдановіча ёсьць урывак зь яго ліста ў „Нашу Ніву”: „Паміж іншым, на які пёс Вы і я ўжываем слова „стыль”, — у Насовіча памешчана слова „кшталт”, і значэньне яго, здаецца, тое ж самае” 38. Паэт вельмі пасьлядоўны што да чысьціні мовы, як бачым, выняткаў ён ня робіць нават для так званае „міжнароднае лексыкі”. Але ж і кшталт ёсьць словам нямецкага паходжаньня? Аўтар, можна зьмеркаваць, паводзіцца складанаю лёгікаю. Ён абапіраецца не на абстрактную этнічную чысьціню, у чым ёсьць галоўная абмылка многіх пурыстаў, а на канкрэтную традыцыю, тую ж гісторыю мовы, толькі зьнятую ў народным маўленьні. З калькасьцёвага гледзішча гэта выражалася наступным спосабам: калі ў мове было няшмат пазычаньняў, М. Багдановіч казаў „гэта ўжо дробязі” 39, а калі мова „занячышчаная вялікім мноствам … слоў … чужых і незразумелых”, такі стан выклікаў у яго трывогу 40.

Паводле сьведчаньняў сучасьнікаў, паэт імкнуўся разумець мову і рацыянальна, і эстэтычна: „Ён услухоўваўся ў самую гучнасьць слова, стараўся спазнаць яго марфалёгію” 41. Прыкладам, „вельмі захапляўся словам „пралеска”. Усё шаптаў яго, а потым нечакана запытаўся: „Яна блакітная?” 42 Паэта абурала стылёвая разьвязласьць паасобных пісьменьнікаў: „Вы гляньце, як напісан цікавы „Сон” Чэркаса — там ёсьць пэрыяды больш чым у 20 строк” 43. Дзеля чысьціні мовы М.Багдановіч не шкадаваў і сваіх уласных тэкстаў, бо працу над словам уважаў за справу агульную, што перавышае амбіцыі асобы: „Маленькая просьба: калі ў вершах знойдзеце колькі абмылак у мове, ... будзь ласка, надашліце іх ... да мяне: я ахвотна папрацаваў бы” 44. Або: „У вершы „О сум, усьні ў душы маёй”, заміж слоў „разлукі” пастаўце „растаньня” 45.

Стылізатарства, намэчваньне мовы — усё гэта толькі ўводзіны ў арыгінальную лінгвакультуралягічную тэорыю беларускага паэта, якая расьцярушаная па розных артыкулах, нарысах, і з гэтае прычыны амаль недаступная чытачу. Маім далейшым заданьнем было даць усюды слова аўтару, а свой камэнтар зрабіць найменшым.

Пры кожнай нагодзе, нават у рэцэнзіях М. Багдановіч стараўся нагадаць сваім чытачом пра Беларусь, яе мову, наагул пра нацыянальныя праблемы 46. У нарысе „Зь летніх уражаньняў” ён падае характэрнае для яго назіраньне над моваю жыхароў Феадосіі: „Насельніцтва тут у нацыянальным дачыненьні вельмі пярэстае, рознаплемявое, і ў яго ўсяго адзін агульны грунт — расейскі. Стагоддзямі сюды ўкаранялі расейскую мову школа, кніга, газэта, гаспадарскія і грамадзкія ўстановы... І ўкараняюць ня марна — расейская мова тут зрабілася агульна ўжыванаю. Але вось колькі фразаў, чутых мною ад асобаў, прыналежных да інтэлігентных слаёў паспольства: „Знаетесь ли вы на греческой литературе?..”, „Я скучаю за ним (по нем)”, „Я говорю за мои туфли”, „Я хвораю на чахотку”, „У меня пара курей” і г. д. Маё „і г. д.” павінна хаваць сабою процьму ўсялякіх недарэчнасьцяў — і этымалягічных, і сынтаксычных, і слоўных, якімі густа насычанае мясцовае маўленьне. Гэта заплата за асыміляцыю, за страту свае нацыянальнасьці. Мяркуюць, што наўзамен дасца расейская мова. У запраўднасьці можна атрымаць толькі агідны жаргон, які можа быць базысам для чаго заўгодна, але не для будаваньня культуры, не для ўзросту духовых каштоўнасьцяў” 47.

Перад намі, кажучы сучаснаю мовай, невялікае соцыялінгвістычнае назіраньне, зробленае ў натуральных умовах, якія не дапушчаюць уплыву назіраньніка на мову інфарматараў, і таму дакладнае. Сам факт феадасійскага кайнэ Багдановіча цікавіць мала, куды важней высновы, якія ўвесь час яго непакояць і прымушаюць задумляцца над моўнымі зьявамі. Аўтарскае абагульненьне выходзіць па-за абсягі лінгвістыкі, захоўваючы заразом той самы тон бесстароньняга назіраньніка. Ва ўмовах мультылінгвізму пры асыміляцыйнай моўнай палітыцы, паказвае чытачу М. Багдановіч, нават у „інтэлігентных слаёх паспольства” нізіцца агульны культурны межань. Носьбіты кайнэ аўтаматычна выпадаюць з усіх цывілізацыйных кантэкстаў, застаючыся сам-насам з сваёю паўкультурнасьцю. Утоена ў даным урыўку замыкаецца думка, што падобная моўная палітыка аднолькава шкодная як для асыміляванае, так і для асымілятарскае культуры. Першая нішчыцца, другая казіцца.

Праблемаю „недаверка”, чалавека паўкультуры, на пачатку стагодзьдзя была пранятая ўся беларуская літаратура, пачынаючы з „Моднага шляхцюка” К.Каганца і сканчаючы творамі Я. Купалы. Заразом сытуацыя мадэлявалася такім парадкам, што чалавекам культуры ставаўся селянін, той, хто захаваў у сабе незамутнёныя беларускія традыцыі. А пан Быкоўскі, Мікіта Зносак, здавалася б, усё ж крыху начытаныя, хоць і вельмі павярхоўна — кожным разам выракоўваліся на пабіцьцё, на другія ролі.

М. Багдановіч пазнае ў Феадосіі такую ж моўную сытуацыю, як і ў Беларусі, праблему, агульную для ўсяе імпэрыі. У нарысе „Беларусы” ён вяртае яе на свой грунт: „Што датычыць зрасейваньня народу, дык яно пачалося толькі ў 60-х гадох (пасьля польскага паўстаньня 1863 г.) з шыраньнем расейскіх школаў, газэтаў і да т.п. Пяцьдзясят гадоў, прамінулых з тае пары, вось, пэўна кажучы, і ўсяго часу шырокага ўкараненьня расейскае культуры ў беларускую. Праўда, і за гэты пэрыяд яно сталася ладным, сеючы ў гарадох расейска-беларускі жаргон і да т.п.” 48.

У сьвятле „крымскіх уражаньняў” зразумела, якія вынікі „ўкараненьня” маюцца на ўвазе. Тут варта было б успомніць яшчэ адно выказваньне М. Багдановіча, якое любяць цытаваць аматары „жыватворчага ўплыву” расейскае культуры: „Мы маем ... магутны чыньнік збліжэньня ўсялякіх плямёнаў Расейскае імпэрыі, менавіта расейскую культуру. Яе адбітак ляжыць на духовай творчасьці кожнага народу Расеі” 49. Наўрад ці М. Багдановіч захапляўся гэтым „збліжэньнем”, хутчэй зазначыў як факт. Асыміляцыйную моўную палітыку паэт лічыць шкоднаю наагул і безвыніковаю для таго, хто яе праводзіць, таму працягвае: „Аднак за апошнія дзесяцігодзьдзі ў адзінцы беларускага нацыянальнага руху стварыўся пэўны супраціў гэтым антыкультурным уплывам. Разьвіцьцё памянёнага руху дае спадзеў, што яшчэ адзін народ не зьвядзецца зь сьвету, не расточыцца бяз знаку аграмадная духовая праца многіх пакаленьняў, і беларуская культура — твор гэтае працы — выстаіць супраць напору іншых сілаў і плыняў” 50.

Для М. Багдановіча, такім парадкам, беларускае адраджэньне было зьяваю, якая працуе і на сваю, і на агульную культуру. Пагрозу зьнікненьня беларускае мовы ён падае як страту ўсяго людзтва. Абапіраючыся галоўным спосабам на лягічныя довады, паэт часам скіроўвае ўвагу і на пачуцьці, г. зн. на маральную адказнасьць патомных перад дзядамі.

Асыміляцыйная моўная палітыка прыносіць ня толькі беспасярэднюю шкоду. Разам яна абуджае неагаданыя грамадзкія зрухі і зьяўляе парадаксальныя вынікі, адваротныя заплянаваным, што відаць з палемічнага артыкулу „На беларускія тэмы”: „Польскае аблічча касьцёлу — зьява ... народжаная ня чым іншым, як „русыфікатарскімі” ўчынкамі ўраду” 51. „Каталікоў-беларусаў было загадана навучаць Закону Божага не па-польску, а па-расейску. Але гэта толькі падвысіла тэмпэратуру палянізацыі краю. Цэлыя паселішчы ў чыста беларускіх мясцовасьцях … патрабавалі, каб іх прызнавалі польскімі” 52. „Міжволі пытаесься: хто ж больш зрабіў для спалячваньня беларусаў — палянізатары ці „русыфікатары”?” — задае М. Багдановіч рытарычнае пытаньне 53. Ён лічыць, што спыніць гэты двухбаковы некантраляваны працэс можна толькі зваротам да роднае мовы 54.

Дагэтуль ішло пра тое, як перакручаная мова шкодзіць стварэньню культурных каштоўнасьцяў. Але ў нарысах, прысьвечаных жыцьцю славянства, паэт паказвае, што даная зьява мае і адваротную сілу: спробы шыраньня сярод вугорскіх руснакоў літаратуры на штучнай, сканструяванай мове не знаходзяць водгуку ў народных гушчах: „Мясцовыя людзі спрабавалі друкаваць кнігі і газэты на тутэйшай кніжнай мове, узрослай з царкоўнаславянскае, расейскае і ўкраінскае. Але народ яе не разумеў, і гэтая справа сама сабою заглухла” 55. На Чырвонай Русі, дзе адраджэньне набыло шмат шырэйшы размах, мова сканструяваная таксама ня вытрымала змаганьня з роднаю, украінскаю: „Масквафілы заснавалі досыць шмат народных бібліятэк … друкавалі газэты і часопісы. Свае народныя выданьні яны пісалі амаль заўсёды па-ўкраінску, а для асьвечаных людзей — на гэтак званым „языччы”, г. зн. на пачварна выкручанай у галіцкім пісьменстве расейскай мове. Гэта вельмі шкодзіла масквафілам, але расейскую мову яны ведалі кепска і пісаць лепш не маглі. Таму значнасьць іх у краі пачала моцна слабець, хоць палякі іх апошнім часам падтрымвалі, каб перамагчы ўкраінафілаў” 56. І ў Крыме, і ў Беларусі, і ў Украіне — паўсюль назіраюцца тыя самыя праблемы, толькі ў розных праявах.

Цяпер трэба паказаць глыбінныя зьвязкі паміж моваю і культураю, законы якіх М. Багдановіч імкнецца спаймець, разважаючы моўныя факты. Найлепш гэта адбілася ў „Кароткай гісторыі беларускай пісьменнасьці”. Галоўная ідэя артыкулу палягае ў тым, што мастацкія тэксты нараджаюцца „толькі ў кашульцы роднага слова” 57, а значыць і культура наагул здольная паўнаварта разьвівацца толькі ў сваёй мове. Гэтае меркаваньне ілюструецца аналізам гісторыі беларускае літаратуры. Галоўнаю замінаю для старажытнага пісьменства, лічыць М. Багдановіч, была „мёртвая” царкоўнаславянская мова, што, „як магільны камень, ціснула яго, не давала яму выпрастацца, разьвіцца і ў шыр і ў глыб” 58. Свабода разьвіцьця заставалася толькі для перапісаных і пераробленых тэкстаў. Сваё бачаньне ролі царкоўнаславянскае мовы ў гісторыі літаратуры М. Багдановіч укладвае ў надзвычай выразны і запамінальны вобраз-панятак: „І доўга, як нікчэмны пясок, наносным, асобным, маруда зліваючымся слоем ляжала гэтая пісьменнасьць на сваім тлустым падглеб’і — народнай гаворцы, — але зусім не зьлівацца яны не маглі” 59. Працэс „вымываньня” славяншчыны, збурэньня гэтае „соннае гладзі” адбываецца праз абуджэньне народнага духу, выношаньне на паверхню „каштоўных каменьчыкаў-самародкаў” 60.

Зьвязак паміж народнаю моваю і мастацкаю літаратураю на першы пагляд падаецца містычным і неінтэлігібельным, але ў запраўднасьці ўсё досыць проста. Відаць, родная мова супраць няроднае паводле М. Багдановіча займае асаблівае месца ў сьведамасьці асобы. Паміж сьведамасьцю і роднаю моваю існуе цесная, інтымная лучнасьць, у якой утвараецца эмацыйная прастора, і мастацкія каштоўнасьці ўзьнікаюць у той асаблівай прасторы спачуваньня, якую тэолягі і паэты называюць душою. Дарэчы, важнасьць спачуваньня для творчае чыннасьці падкрэсьліваецца яшчэ ў першым апавяданьні паэта „Музыка” 61. У „Кароткай гісторыі...” на прыкладзе „Слова пра паход Ігараў” М. Багдановіч досыць выразна падае дынаміку нараджэньня паэтычнага тэксту: „Пад наплывам чуцьця зьнікае звычайнае сцапленьне слоў, усюды прабіваецца хоць і зьмяняючыйся, але напружаны рытм, выклад робіцца сьціснутым, мова моцнай, і ўжо пачынаюць фарміравацца пекныя вобразы” 62. Гэтая ж думка ўдакладняецца ў артыкуле „Краса і сіла”: „Галоўным фармовым грунтам усякага верша, пэўна, трэба прызнаць рытм; зацьвярдзеўшы ў сваім найбольш зладжаным, завершаным выглядзе, ён становіцца мэтрам. Рэшта вяршоўных элемэнтаў узглядам таго і другога маюць ролю другасную” 63. Рытм, такім парадкам, — гэта беспасярэдні вынік эмоцыі, у мэтры адбываецца канцэптуалізацыя і, у нейкай ступені, эстэтызацыя рытму. А вынікам усяго працэсу ёсьць „пекныя вобразы” ці, іншымі словамі — мэтафарызацыя. Апошняе часткова зьясьняе нам, чаму для М. Багдановіча такую каштоўнасьць у „Слове…” станавілі вобразы „ўзятыя з мужыцкай глебы, з быту народа-земляроба” 64.

Пасьлей, зьвяртаючыся да фактаў сучаснага яму жыцьця, паэт паказвае яскравы прыклад шчырае рэакцыі людзей на нечаканае ўжываньне роднага слова: „Што датыкае ўводжаньня беларускае мовы ў касьцёл, дык яна паўсюль сустракалася з радасьцю, і ня раз даводзілася чытаць, што маленьнікі плакалі, пачуўшы ў храме родную мову” 65.

Стаўленьне М. Багдановіча да царкоўнаславянскае мовы блізка такое самае, як і ў В. Ластоўскага, але агульнае разуменьне слова ў іх істотна розьніцца. „Мовай хрысьціянскай царквы і граматнасьці сталася ў нас мова баўгарская”, — кажа В. Ластоўскі 66. А М. Багдановіч працягвае, нібы ўдакладняючы і разьвіваючы яго: „...каторай, аднача, ніякі славянскі народ не гаварыў. Занясло яе да нас хрысьціянскае духавенства, браўшае патрэбныя для царквы кнігі ад баўгар і сэрбаў” 67. В. Ластоўскі на гэтым не спыняецца і ўкладае ў данае разуменьне нацыянальна-клясавы зьмест 68, які ў М. Багдановіча праглядвае хіба выпадковаю згадкаю.

З кожнага народнага слова, лічыць аўтар „Расейска-крыўскага слоўніка”, прабіваўся небясьпечны для царквы „нячысты”, „паганскі” сьветагляд, таму сьвятарству было выгадна карыстацца „царкоўнай славяншчынай”, „вытваранай на грунце баўгарскай мовы і прасычанай візантыйскімі паняцьцямі” 69. Такую ж ацэну атрымваюць у В. Ластоўскага і „ўплывы гоцка-нямецкія”, якія „дзяржаўная гоцкая ўлада накінула народу” „шляхам заваяваньня славянскіх плямён” 70. „Дзяржаўная ўлада і царква зь яе „сьвятой” граматнасьцю ішлі рука ў руку, узаемна падпіраючыся”, — выракуе В. Ластоўскі 71. Пурызм М. Багдановіча, як мы ведаем, не пашыраўся на тыя пазычаньні, што гістарычна і сыстэмна ўвайшлі ў народныя гаворкі.

Высновы, зробленыя В. Ластоўскім, маюць падмацаваньне ў яго апрычоным разуменьні слова: „Слова — гэта ня ўмоўны знак для выражэньня мысьлі, але мастацкі абраз, вызваны найжывейшымі пачуваньнямі, якія прырода і жыцьцё выклікалі ў первабытным чалавеку” 72. Такім парадкам, мысьленьне ў мове апэруе не пустымі гукавымі абалонкамі ці хімэрычнымі канцэптамі, а канкрэтнымі адбіткамі сьвету, — сьвету, якім ён бачыўся нашым продкам. В. Ластоўскі знаходзіць адменьнік разьвязаньня адвечнае спрэчкі вэрбалістаў і антывэрбалістаў, а часткова эсэнцыялістаў і наміналістаў: мысьленьне адбываецца ў мове, але з удзелам яе нутраных формаў. Усякае ж занядбаньне гэтых вобразаў, аселых у словах, абяртаецца адыходжаньнем ад нацыянальнае культуры: „Мова, перапоўненая чужаземскімі словамі, зьяўляецца ізалятарам культуры ад народных масаў” 73. Натуральна, што ідэальны стан мовы паводле В. Ластоўскага такі, „калі кождае паняцьце будзе перакладзена згодна псыхіцы нашай мовы” 74.

У гэткім разуменьні мысьленьне мае канечную і жорсткую залежнасьць ад мовы, бо „сьветагляд і паэзія” „замыкаюцца ў мове” 75. Тэорыя В. Ластоўскага насьледуе традыцыі В. фон Гумбальдта, які бачыў у мове дух народу, і вельмі нагадвае тэорыю лінгвістычнае ўзгляднасьці Сэпіра-Ўорфа, згодна зь якой сыстэма мовы вызначае сыстэму мысьленьня. У М. Багдановіча, нягледзячы на ўсё падабенства паглядаў, існуе вольная лучнасьць паміж моваю і мысьленьнем, і толькі агульны стан мовы адбіваецца на культуры, а ня стан кожнай часьціны паасобку. Такое разуменьне ўлічвае пабочныя чыньнікі і пасярэднікі, што ў выніку дае згадную (імаверную) залежнасьць культуры ад мовы. Мова паводле М. Багдановіча ёсьць „выточным элемэнтам культуры”, таксама, прыкладам, як і звычаі 76. Усё астатняе, што надбудоўваецца — „вяршкі” разьвіцьця — хоць і залежыць ад свайго грунту, аднак мае самастойнае жыцьцё і можа пераймацца іншымі народамі. У беларусаў яно, як цьвердзіць паэт у нарысе „Беларускае адраджэньне”, якраз і „было засымілявана, увабрана ў сябе польскаю культурай і з тае пары паўстае пад польскаю шыльдачкай, будучы з грунту беларускім” 77. Адваротная пастаўленасьць выракуецца ў „Забытым шляху”: „Беларускіх вершаў у нас яшчэ не было — былі толькі вершы пісаныя беларускаю мовай!” 78 Заданьне мастака, культурніка якраз у тым і палягае, каб асабовымі вымогамі, працаю спасьцігнуць, улавіць гэты дух і дапасаваць яго да тых „выточных элемэнтаў”. Праведзенае тут параўнаньне можна было б падагульніць тым, што тэорыя В. Ластоўскага прапануе адумысную эстэтыку мовы, „пазнаньне законаў гармоніі крыўскага (беларускага) слова” 79. Тэорыю ж М. Багдановіча наўрад ці можна назваць моўнаю эстэтыкаю, бо апошняя ў паэта выносіцца па-за абсягі слова, узятага ў вузкім яго разуменьні. Эстэтыка мовы В. Ластоўскага статычная, яна дадзеная раз і назаўсёды ў выглядзе нутраной формы. Эстэтыка ж М. Багдановіча дынамічная, бо вымагае неадменнае працы паэтычнае крозы. Даная супраціўнасьць знаходзіць пацьверджаньне ў творчасьці абодвых пісьменьнікаў.

Стыль М. Багдановіча — мэтафарычны, ён — паводле ўласнага азначэньня — паэт-маляр. Наразьлівая матываванасьць моўнага знаку ў нейкай ступені шкодзіць яго самавыяўленьню, хоць гэта зусім ня значыць, што паэта не цікавіць гукавое ці нутраное аблічча слоў. Канчатковаю мэтаю вершаваньня павінны стаць „пекныя вобразы”, таксама як мэтаю грамадзкага чыну — „вяршкі” культуры. Цікава, што ўлюбёныя вобразы М. Багдановіча — гэта вобразы-паняткі, мэтафары, якія ёсьць мадэлямі-апісаньнямі. Тут можна толькі абегам нагадаць колькі зь іх: вобраз падземнае крыніцы, вобраз халоднага ў сярэдзіне мэтэору, вобраз лілеяў між балота, вобраз арэха-спарыша. Як паказвае прыклад „Кароткае гісторыі...”, стыль прозы М. Багдановіча ня менш мэтафарычны, як стыль паэзіі, і гэта, дарэчы, не псуе яе дакладнасьці. Прыкладам, артыкул „Глыбы і слаі” праняты адзінаю мэтафараю: апісвае зьяву нараджэньня беларускае літаратуры ў мадэлі, блізкае да касмаганічнае мадэлі Канта-Ляпляса. Канцэптуалізацыя вобразаў і рытму вылучае М. Багдановіча сярод усіх беларускіх пісьменьнікаў. Паэты, якія не дасягалі яснасьці мовы, выразнасьці думкі — Я. Купала, Г. Чупрынка і інш. — заўсёды выклікалі незадаволенасьць у Багдановіча-крытыка 80.

Верш В. Ластоўскага, тым часам, абапіраецца не на вонкавую мэтафару, а на адметнасьці слова. Такога кшталту паэзію М. Багдановіч параўноўваў з старажытным жанрам замовы 81. Власта, як і іншых паэтаў-футурыстаў, цікавіў якраз гэты „забыты шлях”. Стыль М. Багдановіча вымагае ўнармаванае мовы, а для стылю В. Ластоўскага ўнармаваньне толькі заміна. Дзеля астраненьня яму заўсёды трэба шукаць зрухі ў слове, у рытме, у кампазыцыі, слова ў яго заўсёды мае быць матываваным. Там, дзе М. Багдановіч імкнецца да мэтафары-канцэпту — В. Ластоўскі стварае сымбаль. Дарэчы, адзін з сымбаляў Власта, „Лебядзіная песьня”, асабліва захапляў аўтара „Вянка” 82. Ці не ідэя атавізму гучала яму ў апавяданьні?

Сваімі лінгвістычнымі ідэямі М. Багдановіч паводзіўся і пры ацэньваньні літаратурных твораў. Гэтак, прыкладам, пасьля жорсткага, хоць і бесстароньняга, крытыкаваньня паэзіі А. Паўловіча, ён заўважае: „Праўда, ёсьць у ёй і добрыя бакі: першае (што можна сказаць і аб усіх нашых пісьменьніках), — ён так ці сяк, але апрацоўвае беларускую мову і, працуючы ў ёй, нават і слабым вершам дае беларускаму чытачу болей, чым добры, але чужаземны паэт” 83. Менавіта апрацоўваньне мовы М. Багдановіч ставіць на першае месца. Крыху пазьней расейскія фармалісты больш падрабязна абгрунтуюць важнасьць для літаратурнага працэсу фактаў папярэдняга разьвіцьця пісьменства. Склад наяўных тэкстаў — гэта і ёсьць зматэрыялізаваная традыцыя, зь якою пісьменьнік уступае ў сумоўе. Кінем вока ў гісторыю. Ці ўсіх нашых пачынаньнікаў можна назваць адмысловымі геніямі? Аднак у гістарычнай воддалі кожны зь іх атрымвае кананізацыю. Наагул, з раньняе пары пісьменства ўсялякі, нават немастацкі тэкст (як гэта сталася зь летапісамі) зазнае эстэтызацыю. Відаць, мае рацыю Л. Х. Борхес, кажучы, што пісьменьнік стварае ня тэкст, а чытачоў, зьмяняецца чытаньне — зьмяняюцца і тэксты.

„Прыклад з крытыкай Паўловіча” падаецца А. Лойку „беспадстаўнай рэляцыяй”, „прыкрым выпадкам”, у якім выявілася „нясьпеласьць сьветапогляду дваццацідвухгадовага крытыка” 84. Маўляў, тое, што робіць сусьветны клясык „для разьвіцьця любой нацыянальнай літаратуры ня ідзе ні ў якое параўнаньне з тым, што робіць у ёй другарадны пісьменьнік” 85. Падыход А. Лойкі неканцэптуальны, ці, як сказаў бы В. Ластоўскі — падыход з гледзішча „граматнасьці наагул” 86. М. Багдановіч якраз імкнецца выйсьці з асадаў свае ўласнае крытычнае ацэны ў шырэйшыя абсягі, і гэтага не разумее А. Лойка.

Тэкст у чужой мове не дае тае інтымнае лучнасьці з чытачом, якую мае на ўвазе М. Багдановіч, якую выдатна тлумачыў папулярны на пачатку стагоддзя нямецкі філёзаф Б. Хрысьціянсэн: „Чаму лірыка чужога народу ніколі напоўніцу не раскрываецца для нас, нават, калі мы вывучылі яго мову? <…> Чаго яшчэ бракуе? Распадзельных уражаньняў: крыхотныя адыходы ад звыкласьцяў у выбраньні выразаў, у складаньні слоў, у стаўляньні і скіроўваньні фразаў — усё гэта можа згадаць толькі той, хто жыве ў стыхіі мовы, хто праз жывое разуменьне нармальнага шчыра дзівіцца кожным адхіленьням ад яго, быццам пачуцьцёваму раздражненьню” 87. У нашаніўскі пэрыяд засноўвалася новая беларуская літаратура. У газэце, як мы цяпер ведаем, друкаваліся і слабыя вершы, іх апрацоўвалі мацнейшыя паэты, прыкладам, Я. Купала. Бяз гэтага не было б таго аграмаднага тэктанічнага працэсу, што атрымаў у М. Багдановіча найменьне „Глыбы і слаі”. Мова як выточны элемэнт культуры паступова зматэрыялізоўвалася ў тэкстах.

Выпадак з А. Паўловічам -- не абмыльнае выказваньне дзевятнаццацігадовага 88 крытыка, пра што сьведчыць яго наступны агляд літаратуры „За тры гады”. Тут М. Багдановіч падводзіць вынікі сваіх ранейшых выракаў: „Глянуўшы адразу на ўсю беларускую пісьменнасьць, бачым, што за апошнія гады сярэдняя вартасьць твораў падвышаецца, што цяпер кожны піша так, як некалькі год назад маглі пісаць найлепшыя пісьменьнікі нашы. А гэта можа значыць адно: тое, што ў нас вырабілася літаратурная мова. Кожны, хто працаваў над гэтым, зразумее, зь якою радасьцю я пішу гэтыя словы” 89.

Зьяўленьне літаратурнае мовы падкрэсьліваецца як адмысловы чыньнік разьвіцьця, які часткова зьясьняе яшчэ адну таямніцу. Так званае паскоранае разьвіцьцё літаратуры ў нас прынята тарнаваць з „кароткім паўтарыцельным курсам” М. Багдановіча, пазначаным у „Забытым шляху”. Аднак незразумела, зь якой нагоды літаратура пачынае „паскарацца”, скуль бярэцца яе „вялікая ўнутраная рухавасьць” 90. Містычнасьць напалову здымаецца, калі даную зьяву разглядаць у зьвязку з моваю. М. Багдановіч у аглядзе якраз гэта і паказвае: „...Мы бачым, што сталыя пісьменьнікі разьвіваюцца, да іх прылучаюцца маладыя сілы, вынікаюць новыя тэмы і новыя спосабы абработкі тэм, адзін за адным зьяўляюцца каштоўныя творы. Ня трэба канечна ісьці ў чужыя людзі, шукаючы глыбокіх і трывожных дум, чулага і хвалюючага пачуцьця, душу радуючай красы” 91. Такі ж самы ход ён бачыў ня толькі ў сучаснай літаратуры, але і ў старажытнай: „...Разьвіцьцё беларускай пісьменнасьці ішло чым далей, тым усё больш бардзеючым крокам і павялічвалася не ў арытмэтычнай, а ў геамэтрычнай прагрэсіі: так камень, ідучы да дна соннага ставу, робіць на яго люстранай гладзі спачатку ледзьве відны, але штораз болей пашыраючыйся круг...” 92.

Каштоўнасьць досьведу чужой літаратуры М. Багдановіч усьведамляў лепш за каго іншага (тут А. Лойка яшчэ раз хібіць). Ён першы стаў шырока ўжываць пазычаныя формы, першы пачаў неадменна зьвяртацца да перакладу, ставячы яго калі-нікалі вышэй за свае вершы — для мовы гэта, відаць, таксама ўжо не чужы, а ўласны досьвед. Дарэчы, шляхам перакладу ішло адраджэньне прыбалтыйскіх літаратур. Аднак беларуская літаратура абрала кірунак нутранога ўзросту, і М. Багдановіч імкнуўся ўзмацніць яго, каб „зрабіць нашу паэзію ня толькі мовай, але і духам, і складам твораў шчыра беларускай”, бо „занасіць толькі чужое, не разьвіваючы свайго ... гэта знача глуміць народную душу”, „бо іншы раз таго, што маем мы, ня знойдзецца ў іх” 93.

У нарысе „Беларускае адраджэньне” дзеля пацьверджаньня свае гіпотэзы М. Багдановіч зьвяртаецца да гісторыі эўрапейскага сярэднявечча: „Вынікі... літаратуры ... даўно ўжо падагульненыя і выходзяць дужа вымоўнымі. Зь іх відаць, што, нягледзячы на сваю распрацаванасьць, лацінская мова сталася прыдатнаю адно толькі для навуковых працаў; што да мастацкае творчасьці, дык тут праз цэлыя стагодзьдзі праўдзівых каштоўнасьцяў не паўстала ані.

Аднак гэтыя каштоўнасьці адразу пачалі стварацца, калі пісьменьнікі ... зьвярнуліся да народных эўрапейскіх моў ... грубых, неапрацаваных, але жывых” 94. У купе атрымваецца, што для мастацкае літаратуры нацыянальная мова ёсьць канечным элемэнтам, навука можа разьвівацца і ў чужой, „інтэрнацыянальнай” мове, але ні пра якую культурную дзейнасьць нельга гаварыць там, дзе адзіным спосабам дачыненьняў становіцца кайнэ. Трэба сказаць, што ў прыкладзе нашае краіны, і ня толькі нашае, гэтыя ідэі дасюль знаходзяць пацьверджаньне.

М. Багдановіч на гэтым не спыняецца, і дывэргентнае разьвіцьцё мовы як агульнага канцэпту кладзе ў грунт „культурнага драбленьня” 95. Дынаміка культуры, якая ў культуролягаў заўсёды паўстае каменем перашкоды, тут агульнымі рысамі супадае з моўнымі зрухамі: „Галоўныя лініі ... [агульнаэўрапейскага прагрэсу] абазначыліся пэўна і ясна: менавіта яны вядуць у бок усё большага і большага драбленьня культур наагул і літаратур у прыватнасьці” 96. Лінейная схема разьвіцьця ў М. Багдановіча ўскладняецца і паўстае як „сад разьбежлівых сьцежак”. Таксама, як і ў выпадку зь беларускаю літаратураю, прагрэс эўрапейскае культуры „шырыў ды глыбіў сваё рэчышча і ўзрастаў не ў арытмэтычнай, а ў геамэтрычнай прагрэсіі” 97. Гэты ўзрост паўстае ў выглядзе аналягічных кругоў, захапляючы спачатку культуры „буйнога калібру”, потым „шэраг драбнейшых”. „Віднае месца у гэтым грандыёзным зруху займае разьдзяляньне родных культур” 98. Такім парадкам, у адзінцы беларускае культуры, падводзіць рысу М. Багдановіч, „ёсьць ня монстар, не рарытэт, не унікум, а глыбока жыцьцёвая зьява, палеглая ў рэчышчы агульнаэўрапейскага прагрэсу” 99.

У памянёным руху асаблівае месца паэт надаваў адраджэньню славянскіх народаў і прысьвяціў ім шэраг нарысаў, у якіх прасочваецца адмысловая культурная градацыя паводле моўнага разьвіцьця. Прыкладам адроджанага славянскага народу, што дасягнуў надзвычайных посьпехаў, зьяўляюцца чэхі. Былі часы, калі „чэская мова перахоўвалася бадай толькі ў вёсцы, сярод сялянства, цёмнага і прыгнечанага” 100. „Але чэхі ўсё ж дабіліся свайго! Упартым змаганьнем, крок за крокам адваёўваючы новыя і новыя правы і паслабленьні, яны ператварылі сваю зямлю ў краіну запраўды чэскую, краіну славянскую. Цяпер у абедзьвюх чэскіх землях чэская мова зраўналася з моваю нямецкаю і ў судзе, і ў астатніх гаспадарскіх установах” 101. І як вынік — амаль паэтычная карціна жыцьця іх сталіцы, апісаная беларускім паэтам: „Адразу відаць, што Прага — прамысловы горад. На яе галоўных вуліцах — бляск, гоман, рух. Але ня толькі ў вулічным тлуме выяўляецца тут кіпучае жыцьцё — яно яшчэ болей адчуваецца ў гаспадарскай, грамадзкай і разумовай дзейнасьці Прагі” 102.

На тле інтэлектуальнага росквіту чэхаў пагатоў уражвае поўны заняпад Вугорскае Русі, дзе руснацкая мова перажывае сваю апошнюю асыміляцыйную стадыю:„Ва ўсіх іх вугорская мова, усе яны саромяцца свайго рускага паходжаньня, забараняюць сваім дзецям ужываць рускія (уласна, украінскія) словы. Жонкі ж і дочкі такіх „перакінчыкаў” лічаць чыстаю зьнявагаю для сябе гутарыць на рускай мове” 103. Асаблівую ўвагу М. Багдановіч зьвяртае на школу, дзе „па-вугорску вучаць нават рускае мовы” 104. Сама мова „занячышчаная процьмаю вугорскіх слоў, рускаму вуху чужых і незразумелых” 105. Гэта ня проста кайнэ, далёкае ад усякіх нормаў, але кайнэ зь вялікаю колькасьцю далёкай, ці, інакш, нематываванае лексыкі. Цяжка сказаць, якую колькасьць яе мусіць утрымваць сыстэма, пэўна толькі адно, што безвынікова для мовы і сьведамасьці тое не мінаецца. Дакладна такі самы стан у XVII стагоддзі перажывала мова палабская. Там чужое гэтак увайшло ў моду, што слова немец значыла „чалавек вышэйшага стану” 106. Відаць невыпадкова і ў руснакоў нацыянальнае выраджэньне супадае з выраджэньнем фізычным, заняпадам гаспадарчым і глыбіннымі зьменамі ў псыхіцы: „Надзвычайная пакора — вось што ёсьць галоўнаю рысаю яго характару. Але адначасна руснак патайны і недаверлівы...” 107 Ці не такая ж доля пільнуе ўвесь час беларуса?

У жыцьці кожнага народу М. Багдановіч бачыў адбіцьцё сваіх, беларускіх, „трывог і надзей” ды спосабаў іх разьвязваньня. Прыехаўшы ў 1916 годзе на Бацькаўшчыну, паэт чынна зацікавіўся школьнаю справай і прысьвяціў ёй шэраг артыкулаў. Пасьля пабыту ў Ратамскай школе-прытулку ён з радасьцю цытуе словы настаўніцы, зь якіх відаць, што беларуская школа мае падставы для ўзросту, што справа гэтая вядзецца разумна і далікатна: „...Мы ўсіх апыталі перад тым, як пачаць навучаньне. Да нас, наадварот, зь іншых месцаў сталі прывозіць дзяцей, дачуўшыся, што тут навучаюць па-беларуску. Толькі прыходзіцца адмаўляць — няма месцаў” 108. Больш за ўсё М. Багдановіча цікавіць засвойваньне моў роднае і чужой, а таксама праблема іх інтэрфэрэнцыі ў псыхалягічным асьвятленьні. „Па-беларуску дзеці пішуць вельмі добра, — адзначае аўтар, — калі і ёсьць абмылкі, дык больш за ўсё ад нястачы ўвагі: перастаўленыя склады, прапушчаныя літары. ... Беларускае дзеканьне ёсьць жаралом частых абмылак... Расеянізмаў няшмат” 109. У расейскай мове паэт знаходзіць яшчэ адну прычыну абмылак: беларускую вымову, прыкладам, „гразь”, „асеньняя” 110. І ўсё ж моцнае інтэрфэрэнцыі не назіраецца, „не замінае беларускі правапіс расейскаму” 111.

Асабовая псыхіка для М. Багдановіча ёсьць тым апошнім пунктам, дзе маюць разьвязаньне ўсе моўныя дзеі. Ад культуралягічных і сацыялягічных пытаньняў ён раз за разам зьвяртаецца да псыхалёгіі, ставячы пытаньне: „Як гэта мусіла пераламацца ў псыхіцы беларусаў?..” 112 Невялічкі артыкул „Голас зь Беларусі: Да пытаньня аб беларускай і расейскай мове ў мясцовай школе” якраз у такім рэчышчы падагульняе лінгвістычныя шуканьні паэта. Вывучэньне роднае мовы, лічыць ён, у кожным пэўным разе мае свае адмысловасьці, „на жаль, адпаведны канкрэтны матар’ял па многіх народах амаль нечапаны і мала веданы” 113.

Беларуская мова, з пэўных гістарычных прычынаў змушаная да засвойваньняся побач з расейскаю, нават зь перавагаю расейскае. Гэта, на думку паэта, дае шмат мінусаў: „Пры навучаньні па-расейску з ужытку беларускага дзіцяці выкрэсьліваецца процьма адметных, чыста беларускіх слоў, вобразаў, зваротаў і, значыць, усе зьвязаныя зь імі жывыя, ясныя і звыклыя ўяўленьні і перажываньні. Гэта — запэўнае зьбядненьне дзіцячае псыхікі” 114. Гэта, можам мы дадаць, адказ, чаму мікіты зноскі, выракаючыся нацыянальнага, становяцца заганнымі, непаўнавартымі асобамі. „Разам з тым, — працягвае М. Багдановіч, — беларускае дзіцё сустрэне доўгі шэраг нечуваных расейскіх слоў, вобразаў, зваротаў, якія напоўняць яго псыхіку цёмнымі, блытанымі, хісткімі і шмат дзе зусім абмыльнымі ўяўленьнямі” 115.

„Асабліва шкоднымі” ўважае М. Багдановіч расейскія словы, „агульныя беларусам і расейцам, але з зусім розным значаньнем” 116. Ён прыточвае вялікі сьпіс міжмоўных сугучнікаў (амонімаў і паронімаў), зазначаючы, што гэта толькі вяршыня айсбэргу. „Лёгка ўявіць сабе, — падагульняе паэт, — якую зьнішчальную блытаніну і замятню занясе ў душэўны сьвет беларускага дзіцяці ўсякая расейская кніга” 117. Аднак да гэтай пары псыхалінгвістыка пастаўленых ім праблемаў не дасьледавала. І сёньня мы можам ужо падводзіць вынікі тае блытаніны, што „вартая вар’ятні”.

Расейска-беларускія сугучнікі, якія паводле М. Багдановіча „зьбівалі думку дзіцяці з звыклых псыхалягічных пуцінак і груба абціналі яго душэўны сьвет, ... засялялі ... псыхіку вобразамі мярцьвянымі, няяснымі, а дзе й зусім бязглуздымі” 118, выліліся ў сыстэмавыя парушэньні мовы. Многія прыточаныя паэтам словы на сёньня ператварыліся ў сэмантычныя калькі, а яшчэ часьцей — зусім выйшлі з ужытку. С.Станкевіч у працы „Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР” уважае такога кшталту ўплыў за найбольш небясьпечны для мовы 119.

Трэба сказаць, што на неадменную пагрозу інтэрфэрэнцыі блізкіх моў, такіх як расейская і беларуская, зьвярталі ўвагу іншыя нашаніўцы. Сьпісы і парадыгмы блізкіх слоў складалі Л. Гмырак, В. Ластоўскі 120, але М. Багдановіч найбольш імкнуўся надаць праблеме сыстэмнасьці і міжнароднага гучаньня, зьвязаць яе з школьнаю практыкаю і абгрунтаваць псыхалягічна. Тут, як і ў іншых разгледжаных артыкулах, М. Багдановіч ставіць праблему ў кантэкст усяе культуры, у кантэкст чалавечых учынкаў: „Выстаўляючы беларускую мову з школы, мы глумім вынікі вялізнай, векавой духовай працы цэлага народу” 121.

Назіраньні, зробленыя паэтам і яго сучасьнікамі, гэта ня проста „тонкія і трапныя заўвагі адносна параўнальнай сэмантыкі”, як кажа А. Кабаковіч 122. Гэта шырокая соцыя- і псыхалінгвістычная праграма існаваньня мовы ў варунках білінгвізму, а сьпісы падобных слоў ёсьць ідэяй канкрэтнага слоўніка, што вынікае з практыкі, — слоўніка, патрэба ў якім сёньня большая як раней, толькі мэты ўжо — не прафіляктычныя, а тэрапэўтычныя.

Казаць аб Максіме Багдановічы як пісьменьніку, які цікавіўся моўнымі пытаньнямі, мала. У скутку праведзенага аналізу мы бачым: ён стварыў арыгінальную і пасьлядоўную канцэпцыю мовы, якая вынікала зь яго паэтычнае і адраджэнскае дзейнасьці. Моўная тэорыя паэта ўдала сынтэзавала набыткі як рацыяналістычнае, так і рамантычнае лінгвістыкі 123. Аднак тэорыя ды тлумачэньне паасобных зьяў не былі для М. Багдановіча самамэтаю. Ад ідэяў, ад назіраньняў ён удала перакідаў масткі да пісьменства, да школьнае практыкі, і ўрэшце да пазытыўнае моўнае палітыкі.

 

Зацемы

1 Богданович А. Материалы к биографии Максима Адамовича Богдановича // Шлях паэта. Успаміны і біяграфічныя матэрыялы пра Максіма Багдановіча. Мн., 1975. С. 39-40. Перапіска брата М. Багдановіча Паўла Адамавіча Багдановіча з Н. Б. Ватацы // Тамсама. С. 183-184. Бачыла А. Дарогамі Максіма // С. 237-238. Замоцін І. М. Багдановіч. Крытычна-біягафічны нарыс // Замоцін І. Творы: Літ.-крытыч. арт. Мн., 1991. С. 77-78.

2 Багдановіч А. Тамсама. С. 42-46. Дзябольскі Д. Старонкі ўспамінаў // Шлях паэта. С. 86, 89-90. Годнеў Ц. Браты Багдановічы // Тамсама. С. 99-100. Бачыла А. Тамсама. С. 234. Ведама, што М. Багдановіч займаўся ўкладаньнем беларускага лемантара і граматыкі.

3 Перапіска брата... С. 188.

4 Замоцін І. С. 89. Гл. таксама: Богданович А. С. 44-47.

 Богданович А. С. 14. Гл. таксама верш М.Багдановіча „Ўсплывае грамада сыфанафора...” і артыкул „Николай Дмитриевич Ножин”.

6 Імшэнік Хв. З успамінаў // Шлях паэта. С. 67.

7 Богданович А. С. 43.

8 Замоцін І. С. 87-89.

9 Майхровіч С. Максім Багдановіч: Жыццё і творчасць. Мн., 1958. С. 99-100.

10 Станкевіч С. Максім Багдановіч // Багдановіч М. Вянок паэтычнай спадчыны. Нью-Ёрк —Мюнхэн, 1960. С. 17.

11 Лойка А. Максім Багдановіч. Мн., 1966. С. 128. Стральцоў М. Загадка Багдановіча // Стральцоў М. Выбранае: Проза, паэзія, эсэ. Мн., 1987. С. 292-293.

12 Стральцоў М. С. 293.

13 Лойка А. С. 122.

14 Тамсама.

15 Тамсама. Стральцоў М. С. 293.

16 Кабаковіч А. Паэзія Максіма Багдановіча. (Дыялектыка эмацыянальнага і рацыянальнага). Мн., 1978. С. 76.

17 Конан У. Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча. Мн., 1991. С. 129.

18 Прыкладам : карчма, гасьцінец (угощение), хата, процьма, капуста (щи), жаль (жалость), торбачка, лекарка, матка, любы, сталы, перці (гнать), прышчапіць (привить), гайсаць, адбараніць, укусіць (чаго- колечы), Адамачка (яшчэ ёсць Адаманька, але нідзе няма Адамушка), Марылька, залаценькі, даражэнькі, любенькі, даваць гасьцінца, будзе бяды , „сделать” шкоду,даць рады, адзін пад адзін . („Страніца лепшая ў штодзёньніку жыцьця!” Лісты Марыі Апанасаўны Багдановіч да мужа // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. Мн., 1993. С. 233.)

19 Тамсама. С. 214-243.

20 Гл.: Богданович А. С. 47-49.

21 Ластоўскі В. Мае ўспаміны аб М.Багдановічу // Ластоўскі В. Выбраныя творы. Мн., 1997. С. 194.

22 Дзябольскі Д. Цыт. паводле: Замоцін І. С. 88.

23 Карский Е. Белорусы. Пг., 1922. Т. 3. Вып. 3. С. 321.

24 Цыт. паводле: Будагов Р. А. Данте о литературном языке // Будагов Р. А. Писатели о языке и язык писателей. М., 1984. С. 172. Нездарма і першая нізка „Вянка” адкрываецца эпіграфам з Дантэ.

25 Конан У. С. 129.

26 Яскевіч А. Запаветы майстра. Перачытваючы Максіма Багдановіча // Літаратура і мастацтва, 1967, 23 мая.

27 Бярозкін Р. Чалавек напрадвесні: Расказ пра Максіма Багдановіча. Мн., 1986. С. 164.

28 Гл. прыкл.: Ватацы Н. Брусаў і Максім Багдановіч // Літаратура і мастацтва, 1969, 4 крас. Поступальский И. Валерий Брюсов и Максим Богданович // Брюсовские чтения 1966 года. Ереван, 1968.

29 Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Т. 3. Мн., 1995. С. 232.

30 „Я ня ведаю дагэтуль у беларускай гістарычнай літаратуры лепшага твору... І гэта нягледзячы на тое, што „гістарычнага” ў ім — акрамя антуражу ды мовы — уласна няма... Мова! Два чалавекі, два характары, два стылі. І яшчэ трэці стыль, стыль гісторыі, сапраўдны — аж валасы варушацца — вецер яе. І дорага б я даў, каб напісаць некалі нешта падобнае”. (Караткевіч У. Летапісец // Збор твораў. У 8 т. Т. 8. Мн., 1991. С. 305-306.)

31 Клышка А. Будзь тым, каго Беларусі не стае // Багдановіч М. Зорка Венера: Творы. Мн., 1991. С. 22.

32 Дзяржынскі Ул. Максім Багдановіч як стылізатар беларускага вершу // Адраджэньне, 1922, № 1. С. 206.

33 „Няма ў ёй [мове] прыдуманых хітрых слоў толькі дзеля таго, каб адрозьніць беларускую гутарку ад расейскае літаратурнае мовы, няма ў ёй рэдкіх выразаў, калі не ўважаць за гэтакае ўзятае зь дзіцячае мовы „бомы”. (Карский Е. С. 321.)

34 Багдановіч М. Т. 2. С. 189.

35 Станкевіч Я. Гісторыя беларускага языка. Вільня, 1939. С. 11-12.

36 Карабан С. Ля вытокаў беларускай дэмакратычнай крытыкі (1906-1916 гг.) // Полымя, 1956, № 10. С. 144.

37 „У свой час я казаў нябожчыку-сыну: напішы ім, чаму тыя вашыя нашаніўцы, чаму яны ня чэрпаюць з агульнарускага жарала старажытнай літаратуры... Вы гэтае жарало правочылі, відаць, з абмыльнае думкі, дзей гэта чужая беларуская мова. А гэтае жарало дапамагло б вам рабіць і высокі стыль”. (Гл.: Чарота І. Пошук спрадвечнай існасці: Беларуская літаратура XX стагоддзя ў працэсах нацыянальнага самавызначэньня. Мн., 1995. С. 65.) З усяго відаць, што А.Багдановіч не адрозьнівае старабеларускае мовы ад царкоўнаславянскае.

38 Багдановіч М. Т. 3. С. 250.

39 Тамсама. С. 34.

40 Тамсама. С. 61.

41 Імшэнік Хв. С. 67.

42 Гарбацэвіч В. Чалавек чыстага сэрца // Шлях паэта. С. 79.

43 Багдановіч М. Т. 3. С. 251. Вось колькі Багдановічавых ацэнаў стылю: „Усё гэта выкладзена добраю моваю, амаль што зусім без замежных слоў, што робіць кнігу даступнаю для кожнага шараговага чытача”. (Тамсама. Т. 2. С. 340.) „У брашуры звычайныя для Крапоткіна вартасьці: яснасьць думкі, шчырасьць тону, простасьць мовы і аргумэнтацыі”. (Тамсама. С. 404.)

44 Тамсама. Т. 3. С. 245.

45 Тамсама. С. 248.

46 Тамсама. Т. 2. С. 337, 375, 380, 387, 394-395, 405-406.

47 Тамсама. С. 102-103.

48 Тамсама. Т. 3. С. 121.

49 Тамсама. Т. 2. С. 405.

50 Тамсама. Т. 3. С. 121-122. 1 Тамсама. С. 129.

52 Тамсама. С. 132.

53 Тамсама. С. 129-130.

54 Тамсама. С. 131.

55 Тамсама. С. 64.

56 Тамсама. С. 49.

57 Тамсама. Т. 2. С. 203. Дарэчы, тут М. Багдановіч прагадвае вяршоўную тэорыю расейскага літаратуразнаўцы Л. Цімафеева.

58 Тамсама.

59 Тамсама. С. 201.

60 Тамсама. С. 205, 202, 203. Трэба сказаць, што ідэя паступовага, эвалюцыйнага вымыканьня царкоўнаславянскіх элемэнтаў зь літаратурнае мовы належыць А. Шахматаву, яна не зусім адпавяде запраўднасьці, нараджэньне старабеларускае мовы ішло паралельна з разьвіцьцём царкоўнаславянскае і пэўны час мела выбуховы характар, але гэтая недакладнасьць сама сабою нічога істотнага не выракуе ў Багдановічавай канцэпцыі.

61 Тэрмін спа-чуваньне трэба разумець шырэй і глыбей, чым звычайна, таксама як і тэрмін су-мленьне (гл. верш „Песьняру”): менавіта як дыя-лёг, су-моўе чынных суб’ектаў, іх су-вітае раз-уменьне.

62 Тамсама. С. 202.

63 Тамсама. С. 231.

64 Тамсама. С. 203. Пар.: „Хараство [ў Багдановіча] толькі там, гдзе праца і гора. Хараство там, гдзе гаруе векавечны працаўнік-беларус”. (Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі // Вольны сьцяг, 1921, № 4. С. 20.) Гл. таксама: Годнеў Ц. С. 100.

65 Тамсама. Т. 3. С. 131.

66 Ластоўскі В. Падручны Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна, 1924. С. І.

67 Багдановіч М. Т. 2. С. 201.

68 Ластоўскі В. Тамсама. С. ІІ-ІV.

69 Тамсама. С. I-II. 0 Тамсама. С. ІІІ.

71 Тамсама. С. ІІ.

72 Тамсама. С. І.

73 Тамсама. С. ІV.

74 Тамсама.

75 Тамсама. С. І.

76 Багдановіч М. Т. 2. С. 263.

77 Тамсама.

78 Тамсама. С. 288.

79 Ластоўскі В. Тамсама. С. VI.

80 Багдановіч М. Т. 2. С. 186-187, 316-334.

81 Тамсама. С. 188.

82 Тамсама. Т. 3. С. 250.

83 Тамсама. Т. 2. С. 190.

84 Лойка А. С. 286, 285.

85 Тамсама. С. 286.

86 Ластоўскі В. Тамсама. С. І.

7 Христиансен Б. Философия искусства. СПб., 1911. С. 105.

88 А. Лойка памыліўся, Багдановічу было не дваццаць два гады, а дзевятнаццаць, але гэта наагул не аргумэнт.

89 Багдановіч М. Т. 2. С. 228.

90 Тамсама. С. 287.

91 Тамсама. С. 228.

92 Тамсама. С. 204.

93 Тамсама. С. 291, 229.

4 Тамсама. С. 257-258.

95 Тамсама. С. 200.

96 Тамсама. С. 257.

97 Тамсама. С. 258.

98 Тамсама.

99 Тамсама. С. 259.

100 Тамсама. Т. 3. С. 75.

101 Тамсама. С. 76.

102 Тамсама. С. 68-69. Пар. нізку „Вянка” „Места”.

03 Тамсама. С. 61.

104 Тамсама.

105 Тамсама.

106 Супрун А. Е. Полабский язык. Мн., 1987. С. 43.

107 Багдановіч М. Т. 3. С. 63.

108 Тамсама. С. 196.

109 Тамсама. С. 196-197.

110 Тамсама. С. 197.

111 Тамсама.

112 Тамсама. С. 132.

113 Тамсама. С. 199.

114 Тамсама.

115 Тамсама.

116 Тамсама. С. 200.

117 Тамсама. С. 201.

118 Тамсама. С. 202.

119 Станкевіч С. Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР. Мн., 1994. С. 55.

120 Ластоўскі В. Тамсама. С. 140, 173, 197, 269, 276, 297, 311, 498, 615, 710. Гмырак Л. Творы: Проза. Крытыка. Публіцыстыка. Мн., 1992. С. 110-112.

121 Багдановіч М. Т. 3. С. 202.

122 Кабаковіч А. С. 76.

123 Падрабязьней пра гэтыя плыні гл. ў кн.: Волошинов В. Новейшие течения лингвистической мысли на Западе // Волошинов В. Философия и социология гуманитарных наук. СПб., 1995. С. 191-215.

1992, 1998 гг.

 

зьмест