ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

мысьленьне/літаратура


ФРАГМЭНТЫ №7
№7
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Валянцін Акудовiч

УВОДЗIНЫ Ў НОВУЮ ЛIТАРАТУРНУЮ СIТУАЦЫЮ

лекцыі для Беларускага Калегіюму*

 

ЛЕКЦЫЯ ПЕРШАЯ

Глабальны кантэкст

31 лютага 1827 года Гётэ ў размове з Экерманам сказаў лiтаральна наступнае: “Цяпер мы ўступiлi ў эпоху сусветнай лiтаратуры, i кожны мусiць садзейнiчаць таму, каб паскорыць станаўленне гэтай эпохi.” (“Размовы з Экерманам”).

Так упершыню было сфармулявана гэтае азначэнне: сусветная лiтаратура, якое неўзабаве набудзе статус аксiёмы i будзе паўтарацца незлiчоную колькасць разоў. Разам з тым пытанне аб карэктнасцi ўжывання панятка сусветная лiтаратура застаецца актуальным нават i сёння, у эпоху камунiкатыўна адкрытых грамадстваў, калi праз разнастайныя сродкi масавай камунiкацыi становяцца ўсё больш блiзкiмi i ўсё больш даступнымi лiтаратурныя тэксты з самых розных лiтаратураў свету. Праблема тут найперш вось у чым: цi не блытаем мы панятак “сусветная лiтаратура” з паняткам “архiў лiтаратураў свету”? Каб выразнiць праблематычнасць гэтай праблемы, звярну ўвагу хаця б на адзiн толькi момант: у кожнай нацыянальнай цi рэгiянальнай (скажам, еўрапейскай) лiтаратуры мы можам вылучыць з розных лiтаратурных эпохаў пэўныя стылi: класiцызм, барока, рамантызм, рэалiзм, мадэрнiзм... Але цi магчыма прарабiць нешта падобнае адносна сусветнай лiтаратуры? Безумоўна — не, прынамсi, пакуль. Сусветная лiтаратура не iснуе сама па сабе i сама ў сабе, з чаго яна не можа быць хоць як прамаркiраванай нi знутры сябе, нi звонку. Сусветная лiтаратура — гэта толькi нейкая гiпатэтычная сума досыць умоўных выняткаў з самых розных лiтаратурных кантыныумаў. Таму для прадстаўнiкоў розных культураў сусветная лiтаратура выглядае зусiм па рознаму. У кiтайцаў сваё ўяўленне пра сусветную лiтаратуру, у афрыканцаў сваё, у еўрапейцаў — сваё, але ў нас, еўрапейцаў, безумоўна, самае “правiльнае”. З гэтага мы, у нашай гаворцы, лакалiзуем панятак сусветная лiтаратура да памераў юда-хрысцiянскага свету i толькi эпiзадычна будзем далучаць сюды фрагменты лiтаратуры Усходу. Зрэшты, такiм прыёмам мы не парушым не намi ўстаноўленай традыцыi, бо еўрапейская культура ад пачатку не прамiнула скарыстацца сваiм вынаходнiцтвам “iдэi сусветнай лiтаратуры” i вельмi хутка прыватызавала яе, гэта значыць сфармавала змест сусветнай лiтаратуры такiм чынам, што на тры чвэрцi ён складаўся з герояў еўрапейскай лiтаратурнай прасторы i толькi ў якасцi фармальна неабходнага дадатка тут прысутнiчалi пiсьменнiкi з iншых краёў свету. Звернем увагу, што ў еўрапейскiм вобразе сусветнай лiтаратуры паўднёва-усходнi рэгiён, дзе месцяцца найстаражытныя цывiлiзацыi i толькi ў Кiтаi, Iндыi ды прылеглых да iх краiнах жыве амаль палова насельнiцтва Зямлi, прадстаўлены да недарэчнага малой колькасцю аўтараў i тэкстаў, а шматлiкiм лiтаратурам цэлага афрыканскага кантыненту тут увогуле, лiчы, няма месца.

I ўсё такi, калi панятак сусветная лiтаратура гэтак актыўна ўжываецца ў нашых рэфлексiях, то, пэўна, ён мае пад сабой нейкi трывалы грунт, на нешта падставовае абапiраецца. Мяркую, што гэтым падставовым трывалiшчам для ўстойлiвага iснавання панятка сусветная лiтаратура ёсць не столькi сам архiў лiтаратураў свету, колькi заўсёды аднолькавы i “анталагічна” статычны ва ўсiх часах i прасторах чалавек, прынамсi, гiстарычны чалавек, гэта значыць ужо вядомы нам праз знакi культуры. А з гэтага вынiкае, што i лiтаратура, як вербальная дзейнасць па апiсанню i вытлумачэнню гэтага чалавека, ва ўсiх часах i ва ўсiх прасторах па сутнасцi адна i тая ж лiтаратура — i таму заўсёды сусветная.

Каб давесцi, што i чалавек i лiтаратура ёсць феномены сутнасна нязменныя, няма патрэбы ў асаблiвым мудрагельстве. Дастаткова параўнаць тое, што пiсаў, скажам, Пiндар у V стагоддзi да Раства Хрыстова i тое, што пiша напрыканцы ХХ стагоддзя паэт дзе-небудзь у Глуску цi Койданаве. Зрэшты, кожны з нас можа ўзяць вершы Гарацыя цi Басё, прозу Петронiя цi Бакача i параўнаць з тым, што пiша сучасны беларускi лiтаратар, каб вельмi хутка пераканацца: вар’iруюцца адно вонкавыя параметры прысутнасцi чалавека ў быццi, фабулы гiстарычных абставiнаў, але не сам чалавек. А што да шматаблiчнасцi лiтаратураў розных эпохаў, разнастайнасцi метадаў, стыляў, формаў i жанраў, то iхняе мноства абумоўлена не самой лiтаратурай, а той сацыяльна-эстэтычнай сiтуацыяй, у якой тая цi iншая лiтаратура разгортваецца. Таму ўся гэтая шматаблiчнасць i разнастайнасць красамоўнага пiсьменства сведчыць талькі пра яе адаптацыйныя здольнасцi да знешнiх пераменаў, i адпаведна пра адаптацыйныя здольнасцi чалавека. Гэты момант сутнаснай, анталагiчнай нязменнасцi чалавека i лiтаратуры i адначасна iх адаптацыйных магчымасцяў можна выразна праiлюстраваць на прыкладзе “Улiса” Гамера i “Улiса” Джойса цi песняў з “Iлiады” Гамера i “Песняў” Эзры Паунда, зрэшты, як i на безлiчы iншых прыкладаў, хаця б на параўнаннi паэмы “Праца i днi” першага з вядомых нам грэчаскiх паэтаў Гесiёда i паэмы Янкi Купалы “Яна i Я”.

Разам з тым колькi б мы тут не даводзiлi, што лiтаральна ва ўсе часы i ва ўсiх прасторах лiтаратура, па сутнасцi, толькi таўталагiчна ператлумачвае ў самой сябе ўсюды аднаго i таго ж чалавека i таму яна па азначэнню ёсць сусветнай, але як рэальнасць сусветная лiтаратура сфармавалася адно ў ХХ стагоддзi. У першую чаргу гэта звязана з трывалым замацаваннем у еўрапейскiм культурнiцкiм полi лiтаратуры ЗША ( Эдгар По, Марк Твен, Уiтмен, Хемiнгуэй, Фолкнер i г.д.), а пазней — з нечаканым, вонкава, здавалася б, нiчым не абумоўленым уварваннем сюды паўднёва-амерыканскай лiтаратуры (Борхес, Астурыяс, Неруда, Маркес, Картасар ды iншыя).

Такiм чынам, спачатку ў ХIХ стагоддзi расейская, а затым у ХХ ст. амерыканскiя лiтаратуры паклалi канец еўропацэнтрызму ў сусветнай лiтаратуры i ўсе разам яны стварылi сiтуацыю, у якой сэнс гэтага панятку набыў ужо хоць нейкую адпаведнасць рэальнай сiтуацыi.

Больш складаным застаецца пытанне з прылучэннем да гэтага кантэксту лiтаратуры Усходу, бо хаця некаторыя аўтары ўжо досыць грунтоўна замацавалiся ў iм, як, скажам, Басё, Рабiндранат Тагор цi Акутагава, аднак гэтая iх паасобкавая прысутнасць вiдавочна не адпавядае нi аб’ёму, нi значнасцi лiтаратуры Усходу. Толькi вось што цiкава, хаця колькасна прысутнасць пiсьменнiкаў з Усходу адносна невялiкая, але менавiта Усход прычынiўся да найбольш кардынальных трансфармацыяў у еўрапейскай ды амерыканскай лiтаратурах ХХ стагоддзя. Праўда, тут трэба адразу заўважыць, што экспансiя Усходу адбывалася пераважна не праз лiтаратуру, а найперш праз фiласофiю i мастацтва. Да таго ж застаецца пад пытаннем, ці Усход увайшоў у наш кантэкст самахоць, цi мы самi ўхапiлiся за яго, як за апошнi паратунак, калi традыцыйныя каштоўнасцi Захаду (хрысцiянства, эвалюцыянiзм, дыдактычныя мастацтвы) не вытрымалi ўласнага цывiлiзацыйнага цяжару i асыпалiся. Магчыма, менавiта з гэтага Захад, шукаючы ратунку, паклiкаў Усход, каб паспрабаваць абаперцiся на яго ментальную дактрыну, якая вучыць, як пiсаў Умбэрта Эка “што свет i ўсё, што ёсць у iм — зменлiвае, неакрэсленае, парадаксальнае, а гiстарычны парадак падзей — усяго толькi вытвор абмежаванага розуму i кожная спроба вызначэння гэтага парадку абяртаецца чарговай паразай — таму ў спакойным усведамленнi i ўхваленнi таго стану рэчаў, якi ёсць, уласна i палягае найвышэйшая мудрасць. Адвечная трагедыя чалавека не ў немагчымасцi вытлумачыць быццё, а ў прагненнi гэтага тлумачэння”.

Прысутнасць эстэтыкi i фiласофii Усходу ў лiтаратуры Захаду толькi зрэдчас выяўляецца наўпрост, непасрэдна, як скажам у Гесэ, Сэленджэра цi ў нас сёння ў Iгара Бабкова. Куды больш iстотна, што тыя гiганцкiя перарухi, якiя на працягу ХХ стагоддзя адбывалiся ў лiтаратуры Захаду, маральна забяспечвалiся ментальнай дактрынай Усходу, якая дазваляла не палохацца агульнагуманiстычнага крызiсу больш, чым ён таго заслугоўвае, а пасля дапамагла сфармуляваць першую посткрызiсную iдэалогiю, якую мы пазначаем неадпаведным з’яве словам — постмадэрнам.

 

Ратаванне мадэрнам

Але перш чым перайсцi да эпохi постмадэрна, прыпынiмся на лiтаратурнай сiтуацыi ўсяго ХХ стагоддзя, у якой адначасна з фармаваннем кантэкста сусветнай лiтаратуры адбывалася маргiналiзацыя самой лiтаратуры, яшчэ нядаўна адной з найбольш фундаментальных падзеяў быцця. Дарэчы, гэты iмклiвы працэс маргiналiзацыi лiтаратуры не магло спынiць i тое, што цяпер кожная нацыянальная цi рэгiянальная лiтаратура праз пераклады рашуча падтрымлiвалася гэтак званай сусветнай лiтаратурай.

Калi глядзець на ХХ стагоддзе скрозь прызму лiтаратуры, то давядзецца прызнаць, што гэта было самае мiтуслiвае, хаатычнае i разбэрсанае стагоддзе. Лiтаратура, як загнаная ў пастку звярына, кiдалася ва ўсе бакi, лiтаральна лезла на сцены, шукаючы выйсця з гiбельнага тупiка. Вектары гэтых адчайных намаганняў не складана акрэслiць, аднак немагчыма злiчыць: рэалiзм, сiмвалiзм, iмпрэсiянiзм, дэкаданс, футурызм, дадаiзм, сюррэалiзм, абстракцыянiзм, экзiстэнцыялiзм, соцрэалiзм, псiхааналiтызм, мiстыцызм, структуралiзм, абсурдызм i г.д. Кожны з пералiчаных i не пералiчаных накiрункаў меў сваiх адметных герояў i пакiнуў пасля сябе выдатныя лiтаратурныя творы. Але мы тут не станем аналiзаваць гэтае стракатае мноства ў паасобкавых фрагментах, таму паспрабуем падшукаць катэгорыю, якая, хай сабе i не без пэўных стратаў, дазволiць злучыць усе гэтыя разбэрсаныя феномены ў нешта больш-менш цэласнае. Вiдавочна, што такой катэгорыяй можа быць толькi мадэрн i наўрад цi што iншае. Мадэрн, бадай, найбольш канцэптуальная з’ява, якой можна акрэслiць падзеi першых дзвюх трацiнаў дваццатага стагоддзя, i не толькi ў лiтаратуры. Цягам ўсяго свайго папярэдняга iснавання лiтаратура базавалася на мiмесiсе, гэта значыць на вербальных упадабленнях формам быцця, як натуральным, гэтак i штучным. Мiмесiс, як асновапалеглы прынцып вербальнай творчасцi, сфармуляваў яшчэ Арыстоцель у сваёй “Паэтыцы”, i з той пары ўпадабленне прыродзе заставалася асноўным прынцыпам лiтаратурнай творчасцi. Мадэрн паспрабаваў адмовiцца ад мiмесiса, ад iнтэрпрэтацыi рэальнасцi i падступiўся да стварэння новых формаў, якiя ў сваiм натуральным выглядзе ў прыродзе не сустракалiся i ўяўлялi сабой не непасрэдны адбiтак формаў i падзеяў рэчаiснасцi, не iх люстраванне, а тое, што рэальна не iснавала, што, магчыма, i прадугледжвалася натуральнай прыродай, аднак у сiлу нейкiх прычынаў не было ёю выяўлена.

Век мадэрна ў лiтаратуры лiшне не задоўжыўся, але магутны парыў да канцэптуальнага рэфармавання лiтаратуры даў немалы плён. Зразумела, што iснуе безлiч меркаванняў, як адносна вынiкаў гэтага плёну, так i адносна таго, з кiм персанальна гэты плён можа быць атаясамлены. Асабiста я схiльны лiчыць у мадэрне самай плоднай i рэалiзаванай эстэтычна-аналiтычную плынь, якая для мяне найперш персаналiзуецца ў творчасцi Джойса, Элiота, Дос Пасаса, Паўнда, Бродскага, трохi ў iншай праекцыi — Андрэя Платонава, у нас, зноў жа ў трохi iншай праекцыi — Алеся Разанава. Сутнасць эстэтычна-аналiтычнага прынцыпу ў тым, што ён факусаваў у адным тэкставым кантыныуме культуралагiчныя знакi самых розных эпохаў i культураў, тым самым ствараючы эстэтычную прастору на прынцыпах, рашуча адрозных ад тых, што прапаноўваў мiмесiс (найблiжэйшым аналагам эстэтычна-аналiтычнага метаду была, прынамсi ў паэзii, метафiзiчная паэзiя ХVII стагоддзя).

Што да мадэрну ў беларускай лiтаратуры, то тут, з майго гледзiшча, сiтуацыя выглядае наступным чынам. На пачатку стагоддзя (недзе да сярэдзiны 20-х, да камунiзацыi Беларусi) у беларускай лiтаратуры раз-пораз сустракалiся прыкметы мадэрна. Даследчыкi досыць пераканаўча даводзяць пра наяўнасць фрагментаў сiмвалiзму ў паэзii Багдановiча i Купалы, футурызму ў маладнякоўцаў, i да таго падобнае. Шырокамаштабным мадэрновым праектам можна было б лiчыць i соцрэалiзм, каб ён быў натуральнай з’явай, а не навязваўся прымусова звонку. Але колькi б мы не знаходзiлi прыкметаў мадэрну ў тагачаснай беларускай лiтаратуры, будзем выразна ўсведамляць, што гэта толькi фармальна-эстэтычныя адзнакi павярхоўных уплываў еўрапейскай культуры, бо калi па сутнасцi, то ў беларускай лiтаратуры той пары яшчэ адно закладвалiся падвалiны лiтаратурнага дома, i нам было не да мадэрну. Новая беларуская лiтаратура ўсведамляла сябе нейкай самадастатковай цэласнасцю ўсяго некалькi дзесяцiгоддзяў i пакуль нiчога да рэшты не было збудавана, каб нешта патрабавала мадэрнiзацыi. Да таго ж наша лiтаратура не разгортвалася сама па сабе i дзеля сябе, усю энергiю свайго слова яна прама цi ўскосна скiроўвала на фармаванне нацыi, дакладней, яна сама была той формай, адпаведна канфiгурацыям якой гэтая нацыя i фармавалася. Праўда, само стварэнне нацыi i тым болей нацыянальнай дзяржавы можна квалiфiкаваць як мадэрновы праект па рэарганiзацыi гэтай часткi сярэднееўрапейскай прасторы, але мы тут гаворым не пра геапалiтыку, а пра лiтаратуру.

За тое, што не iдэалогiя i жорстка рэпрэсiўная палiтыка савецкай дзяржавы, якая з паранаiдальнасцю маньяка рэгламентавала эстэтычныя правы i абавязкi беларускай лiтаратуры i тым самым адлучала яе ад агульнага эстэтычнага рытму мадэрнізацыі еўрапейскай i сусветнай лiтаратураў, а сама беларуская лiтаратура жыла ў тэмпаральна iншым ад агульналiтаратурнага часе, сведчыць творчасць пiсьменнiкаў Заходняй Беларусi, якiя былi вольныя ў сваiх фармальна-эстэтычных памкненнях, але пры гэтым па сутнасцi (акрамя iдэалагiчных вектараў) нiчым у творчасцi не адрознiвалася ад сваiх савецкiх калегаў. Яшчэ больш у гэтым сэнсе ўражвае лiтаратура пасляваеннай беларускай эмiграцыi. Ладная яе частка не адно дзесяцiгоддзе пражыла ў буйнейшых лiтаратурных сталiцах свету, карысталася з найноўшых здабыткаў сусветнай лiтаратуры, была абцяжараная сацыяльнымi i духоўнымi патрэбамi тэхнакратычных грамадстваў, але нягледзячы на кантэкст iснавання прадукавала тэксты, якiя за надзвычай рэдкiмi выключэннямi (як, скажам, апавяданне “Каханы горад” Антона Адамовiча цi вершы Янкi Юхнаўца) былi што дзьве кроплi вады падобныя да тэкстаў, напiсаных савецкiмi пiсьменнiкамi ў рэчышчы сацрэалiстычнага метаду (натуральна, калi не звярнуць увагу на выразны антыкамунiзм нашай эмiгранцкай лiтаратуры) і гэтаксама як апошняя ўнікала эстэтыкі мадэрновага дыскурсу.

Усё гэта амаль напэўна сведчыць, што апрычоны тэмпаральны час беларускай лiтаратуры, якi не супадае з глабальным часам еўрапейскай лiтаратуры, не ёсць маёй абстрактна-тэарэтычнай выдумкай, а рэальна прысутнiчае ў лiтаратурным працэсе i дыктуе яму эстэтычныя формы адлюстравання ўласнай тэмпаральнасцi.

Разам з тым, нельга абмiнуць увагай i вонкавыя фактары, якiя больш чым на паўстагоддзе выключылi беларускую лiтаратуру з агульнасусветнага лiтаратурнага працэсу, знерухомiлi яе ў статыцы аднаго сацрэалiстычнага метаду (iншая рэч, цi iснаваў ён увогуле, гэты сацрэалiзм?), ператварылi ў iдэалагiчную прыладу таталiтарнай сiстэмы, якая да таго ж фiзiчна зрэпрэсавала i знiштожыла некалькi пакаленняў пiсьменнiкаў, што, натуральна, не магло не адбiцца i на ўнутраных, уласна тэмпаральных працэсах.

Пры моцным жаданнi i ў гэтым герметычным перыядзе беларускай лiтаратуры можна шукаць i, пэўна, знаходзiць аналогii i паралелi з падзеямi сусветнай лiтаратуры, а ў нейкiм, адмысловым аспекце, гэтыя паралелi i аналогii, безумоўна, i мусяць прысутнiчаць, бо нiякiмi жалезнымi заслонамi не стрымаць агульныя эстэтычныя павевы i перарухi. Але ў тым ракурсе, якi мы абралi, я не бачу тоесных тэндэнцыяў, а толькi два вялiкiя выключэннi: гэта творчасць Васiля Быкава i Кузьмы Чорнага. Экзiстэнцыйная проза Быкава, хай сабе па часе i трохi прыпознена, але ў цэлым стасуецца з еўрапейскай экзiстэнцыйнай лiтаратурай, найперш прозай Камю i Сартра. Што да Кузьмы Чорнага, то тут мы ўвогуле маем унiкальны выпадак. Калi цягам станаўлення свайго майстэрства Кузьма Чорны шмат чым лучыўся з Кнутам Гамсунам, то яго позняя проза, асаблiва раман “Млечны шлях”, не толькi супадае, а бадай апярэджвае на такт другi тыя тэндэнцыi, што неўзабаве стануць разгортвацца ў еўрапейскай лiтаратуры, у прыватнасцi, у экзiстэнцыйнай прозе i лiтаратуры абсурду.

Дарэчы, калi я тут кажу, што па-за гэтымi двума выключэннямi беларуская лiтаратура, наглуха загерметызаваная камунiстычнай iдэалогiяй, цалкам выпала з мадэрновага кантэксту сусветнай лiтаратуры, то гэта зусiм не азначае, быццам я лiчу, што ў сацрэалiстычны перыяд наша лiтаратура не мела нiчога вартага ўвагi. Зусiм наадварот: 60-я, 70-я, 80-я гады былi бадай найбольш плённымi за ўсю гiсторыю iснавання нашага прыгожага пiсьменства. Тут можна называць дзесяткi i дзесяткi прозвiшчаў лiтаратараў, якiя ў прозе, паэзii, драматургii, крытыцы стварылi нямала выдатных твораў. (Ну, нагадаем хаця б некалькiх: Мележ, Брыль, Стральцоў, Караткевiч, Адамчык, Алесь Адамовiч, Пташнiкаў, Чыгрынаў, Сачанка, Панчанка, Барадулiн i г.д. i да т.п.). Але праблема, як мне здаецца, у iншым: беларуская лiтаратура 60-80-х гадоў не супадала не толькi з тымi працэсамi, што адбывалiся вонкi яе ў сусветнай лiтаратуры, але ўжо не супадала i з уласнай тэмпаральнасцю, i таму яна як бы нерухома завiсла сама ў сабе, пазбаўленая як знадворкавых, гэтак i ўнутраных кантэкстуальных повязяў. Гэта вельмi рызыкоўная тэза, магчыма нават авантурная, але мне здаецца, што тэмпаральна беларуская лiтаратура згаданага перыяду ўжо патрабавала мадэрну, аднак натуральны поклiч быў заглушаны рэпрэсiўнай iдэалогiяй. Бадай адзiным аргументам на карысць маёй авантурнай тэзы з’яўляецца Алесь Разанаў. Калi трохi перабольшыць, то пэўна нават можна сказаць, што ўвесь наш мадэрн пачынаецца i канчаецца творчасцю Разанава, прынамсi, беручы пад увагу перыяд да новай культурнай сiтуацыi, якая пачала фармавацца напрыканцы васьмiдзесятых гадоў.

 

Iнтэрвенцыя постмадэрна

Здаецца, Iгару Бабкову належыць выслоўе пра Беларусь, як няскончаны мадэрновы праект, якое ў пэўных колах замацавалася амаль у якасцi праграмнага. Не ведаю, як наконт Беларусi ў цэлым, але тое, што мадэрн у беларускай лiтаратуры так i застанецца няскончаным праектам, — гэта пэўна. Справа ў тым, што хаця, пачынаючы з пары перабудовы, ужо нiшто не замiнала беларускай лiтаратуры адбывацца адпаведна логiцы ўнутраных запатрабаванняў i пры гэтым не ўнiкаць арыентацыяў на глабальныя эстэтычныя тэндэнцыi, але пакуль тая перабудова надарылася, сусветная цывiлiзацыя (лiтаратура перад усiм) абрынулася ў эпоху (я схiльны лiчыць — у эру) постмадэрна. I хаця сам па сабе постмадэрнiзм не замiнае рэалiзоўвацца хоць якiм не рэалiзаваным тэндэнцыям, у тым лiку i мадэрну, але ён стварае сiтуацыю, у якой кожны логацэнтрычны iдэалагемна нагружаны праект выглядае, далiкатна кажучы, ужо як бы не да часу i не да месца.

Але што за гэты час сталася з мадэрнам, якi яшчэ нядаўна так апантана iмкнуўся забяспечыць мастацтва будучым? Куды i чаму ён знiк? Вiдавочна, мадэрнiзм знiк таму, што не змог запрапанаваць новую сiстэму каштоўнасцяў, а не змог ён запрапанаваць новую сiстэму каштоўнасцяў таму, што сам быў прамым нашчадкам каштоўнасцяў традыцыйных. З гэтага мадэрн i не здолеў перапынiць прадказанае Нiцшэ “ўзыходжанне нiгiлiзму” — адзiн за адным бурылiся падставовыя iдалы традыцыйнай цывiлiзацыi. Спехам, навыперадкi, аб’яўлялася пра канец культуры, гiсторыi, метафiзiкi, чалавека (адпаведна: Шпенглер, Фукуяма, Гайдэгер, Фуко). Гэты мартыралог можна доўжыць цi не бясконца, але тут варта сказаць толькi адно — нiчога з былых каштоўнасцяў мадэрн не выратаваў ад гiбення, ён толькi працягнуў да 60-70-х гадоў агонiю агульнагуманiстычнага крызiсу. Калi лакалiзаваць гэты крызiс межамi лiтаратуры, то тут нам найперш трэба адзначыць адну лёсавызначальную для лiтаратуры, акалiчнасць, што ўзнiкла не ўнутры яе самой, а вонкi, з канцэптуальных тэхналагiчных перарухаў, у вынiку якiх заняпад эры Тэксту ў другой палове дваццатага стагоддзя стаўся вiдавочным i непазбежным, бо ўжо не ў прасторы тэкста адбывалiся i выяўлялiся асноўныя падзеi тэхнакратычнай цывiлiзацыi, а ў прасторы “тэхнэ”. Ужо сёння чалавецтва бадай адсоткаў на 70 забяспечваецца iнтэлектуальна i эстэтычна не праз кнiгу, а праз аўдыа- i вiдэа-тэхналогii, і можна ўявiць сабе, што нас чакае заўтра.

Калi, скажам, у ХIХ стагоддзi цi нават яшчэ ў першай чвэрцi ХХ высокаякасны мастацкi тэкст адыгрываў ролю свецкага дагмата, а з кнiгай увогуле было найперш i ў пераважнай меры звязанае i рэлiгiйнае, i iнтэлектуальнае i эмацыянальна-эстэтычнае жыццё цывiлiзаванага чалавека, то ў постiндустрыяльным грамадстве ўсё перамянiлася кардынальным чынам. Кнiга страцiла не толькi сваю ролю свецкага сабора, але i сваё значэнне дэперсаналiзаванай iсцiны. Бадай адначасна Бог пакiнуў чалавека, а Iсцiна — кнiгу. I нiякi мадэрн ужо не мог дапамагчы лiтаратуры перамянiць на лепшае яе ролю i яе значэнне. Кнiг, часопiсаў, альманахаў, газет выдавалася ўсё больш i больш (толькi ў ЗША штомесяц друкуецца па-за чатыры тысячы лiтаратурна-мастацкiх кнiг), а месца лiтаратуры ў жыццi чалавека заставалася ўсё меней i меней... Лiтаратура на вачах маргiналiзуецца, ссоўваецца са стратэгiяў быццам на яго ўзбочыны. I адпаведна гэтаму месцу лiхаманкава падшуквае сабе новую ролю i новыя значэннi.

Можна бясконца спрачацца i выслухоўваць самыя розныя меркаваннi наконт новага статусу лiтаратуры, але як мне здаецца, не падлягае сумневу, што яна ўжо згубiла не толькi свае заканадаўчыя i прадстаўнiчыя функцыi, але i выканаўчыя. Бо цяпер нават у таталiтарных i аўтарытарных рэжымах не лiтаратура, а iншыя сродкi масавай iнфармацыi ўзялi на сябе выканаўчыя функцыi па iдэалагiчнаму забеспячэнню гэтых рэжымаў. (Беларуская сiтуацыя таму ў прыклад.) Здаецца ў лiтаратуры засталася толькi адна з яе першапачатковых роляў — забаўляльная. Сёння лiтаратура — гэта вербальна-iнтэлегiбельная гульня для iнтэлектуальна падрыхтаваных маргiналаў. Гэтую сiтуацыю яшчэ да з’яўлення iдэалогii постмадэрна добра абмаляваў Герман Гесэ ў рамане “Гульня шкляных перлаў”. Сучасная лiтаратура i ёсць той Правiнцыяй Касталiя, куды хаваюцца духоўныя элiты ад “паўстання масаў” (Артэгi-й-Гасэта) i дзе бясконца гуляюць увогуле ў бессэнсоўную гульню шкляных перлаў.

Недзе на пачатку гэтага тэкста я мiмаходзь сказаў пра постмадэрн, як пра першую посткрызiсную iдэалогiю. Гэтае цверджанне хоць у каго выклiча рашучыя пярэчаннi, бо агульна-
прынята лiчыць постмадэрн найбольш радыкальнай праявай усяго крызiсу гуманiзму, iнтэлектуальна-эстэтычным i духоўным апакалiпсiсам, а можа i яшчэ нечым больш панылым i страшным. У лекцыі “Постмадэрн” я паспрабую, наколькi ў маiх магчымасцях, абгрунтавана давесцi, што гэта наўсцяж памылковае меркаванне. Бо я ўпэўнены, што якраз постмадэрн, пасля татальнага крызiсу ўсiх культурных каштоўнасцяў, калi былi страчаныя ўсе арыенцiры, сэнсы i мэты, змог на суцэльных руiнах былога выбудаваць такую сiстэму каардынатаў быцця, у якой чалавек, калi ён яе прыме (а чалавеку давядзецца яе прыняць), зноў пачуе ўтульнасць iснавання.

Постмадэрн, пазбавiўшы легiтымнасцi ўсе логацэнтрычныя iдэi i прапанаваўшы ўзамен iх дыскурс, як месца, дзе актуальнае адно тое, што адбываецца тут i цяпер, выбавiў чалавека ад трагiчнага цяжару мiнулага i будучага (хаця i ён не можа выбавiць чалавека ад жаху перад небыццём), бо на постмадэрне лiнейна-паслядоўная сiстэма вымярэння скончылася, пачаўся час нелiнейных сiстэмаў, якiя могуць быць упiсаныя адно ў дыскурс. Гэта тычыцца i лiтаратурных тэкстаў, дакладней, гiпертэкстаў, якiя ўжо сёння ствараюцца не на аркушы паперы, а ў шматвымернай прасторы кампутара.

Пазбавiўшы легiтымнасцi ўсе логацэнтрычныя iдэалагемы, постмадэрн тым самым выбавiў i лiтаратуру ад усялякiх iдэалагемных функцыяў i заканстытуяваў за ёй права вербальна-iнтэлегiбельнай нелiнейнай гульнi, як у прасторы традыцыйнага тэкста, так i ў гiперпрасторы тэкста вiртуальнага. Сiтуацыя постмадэрна не ўстанаўлiвае правiлы гульнi, яна толькi падказвае: лiтаратура — гэта гульня, а па якiх правiлах у яе гуляць, кожны вольны вырашаць сам. Гэта можа быць дэтэктыўна-гiстарычны раман кшталту “Iмя Розы” Умбэрта Эка, сентыментальная драма кшталту “Няспешнасцi” Мiлана Кундэры, сацыяльна-палiтычная трагедыя кшталту “Грабнiцы Барыса Давыдавіча” Данiлы Кiша, — але ў кожным разе мы павiнныя ясна сабе ўсведамляць, што лiтаратура эпохi постмадэрна прапануе чытачу не што iншае, а толькi вербальна-iнтэлегiбельную гульню. I ўжо воля чытача, што ён выбярэ для сябе ў свабодную гадзiну: гульню ў футбол, дамiно, тэнiс, шахматы, тэтрас цi гульню ў раман Пелевiна “Чапаеў i пустата”, альбо ў — “Тазiк беларускi”.

Неяк у газеце “Наша Нiва” быў перадрукаваны артыкул шведскага аўтара, у якiм ён характарызуе Васiля Быкава як апошняга буйнога еўрапейскага пiсьменнiка, якi пiша сур’ёзна, гэта значыць нагружае мастацкi тэкст сацыяльнай i iдэалагiчнай праблематыкай.

Пэўна, ёсць момант перабольшвання ў тым, што Васiль Быкаў апошнi традыцыйны еўрапейскi пiсьменнiк, але няма перабольшвання ў тым, што падобны тып лiтаратуры ў сучасным сусветным лiтаратурным працэсе становiцца з’явай маргiнальнай i ўсё менш актуальнай. З гэтага перад сённяшняй беларускай лiтаратурай паўстае трагiчная дылема. З аднаго боку яна, ужо адкрытая для iншых i ў сваёй адкрытасцi злучаная з прасторай сусветнай лiтаратуры, не можа, нават калi б i пажадала, ухiлiцца ад агульных тэндэнцыяў, гэта значыць ад патраплення ў дыскурс гульнi, з другога боку з яе нiхто не здымаў адказнасцi за фармаванне нацыянальнай свядомасцi, захаванне i развой мовы i нават за станаўленне дзяржаўнасцi, гэта значыць ад пiсьменнiка па-ранейшаму патрабуецца пiсаць
“сур’ёзна”, прама цi ўскосна, але нагружаць тэкст сацыяльнай, палiтычнай i нацыянальнай праблематыкай. З чаго атрымлiваецца, што актуальныя для беларускага чытача (а iншага ў нас няма) тэксты не актуальныя для больш шырокага эстэтычнага дыскурсу i наадварот.

Я не надта выразна сабе ўяўляю, як будзе вырашаная гэтая праблема, магчыма якраз на ёй адбудзецца першы канцэптуальна эстэтычны раскол у нашай лiтаратуры, а магчыма i не, бо фактар мовы для нас настолькi iстотны, што ён можа амаль цалкам змiнiмізаваць гэтую глабальную супярэчнасць. Прынамсi пакуль усё, што знаходзiць сябе ў беларускай мове (i рэалiзм, i мадэрн, i постмадэрн) неяк ужываюцца ў якасцi аднаго цэлага, хаця i не без пэўнага антаганiзму.

 

У эпiлог тэмы

Зрэшты, калi казаць пра сучасны перыяд у беларускай лiтаратуры, якi распачаўся напрыканцы васьмiдзесятых гадоў у кантэксце Новай лiтаратурнай сiтуацыi, абумоўленай распадам камунiстычнай iмперыi, то час яго грунтоўнага аналiзу як цэлага пакуль не паспеў. Мы яшчэ знаходзiмся ўнутры гэтага лiтаратурнага перыяду i таму не можам бачыць яго агульныя абрысы. Пакуль, бадай, можна пазначыць адно некалькi канцэптуальных пераменаў. Першая з iх звязаная са стварэннем сiстэмы недзяржаўных лiтаратурных выдавецтваў i выданняў (газетаў, часопiсаў, альманахаў) i незалежных лiтаратурных аб’яднанняў (“Тутэйшыя”, “Таварыства Вольных Лiтаратараў”, “Бум-Бам-Лiт”), рэгiянальных i мясцовых лiтаратурных суполак. Другая ўжо сёння заўважная iстотная перамена — гэта вызваленне лiтаратуры з-пад хоць якога зададзенага вонкi iдэалагiчнага дыктату, а адсюль эстэтычная разняволенасць, шматлiкасць i размаiтасць эстэтычных пошукаў i ўвасабленняў. Камунiстычны перыяд быў цяжкi для лiтаратуры не толькi фiзiчнымi рэпрэсiямi i iдэалагiчным дыктатам, тэматычнай i этычнай зарэгуляванасцю, але i тым, што тады жорстка кантралявалiся наперад вызначаныя эстэтычныя параметры — мы ўсе былi замкнутыя ў адно эстэтычнае гета. Адсюль i той неверагодны разрыў, якi аддзяляў у апошнюю чвэрць ХХ стагоддзя беларускую лiтаратуру ад еўрапейскага дыскурса. Але якраз у апошняе дзесяцiгоддзе, у дзесяцiгоддзе новай культурнiцкай сiтуацыi гэты разрыў упершыню ў гiсторыi новай беларускай лiтаратуры быў, прынамсi тэарэтычна, пераадолены. Так бы мовiць, даганялi, даганялi Захад i нарэшце не заўважылi як дагналi. I хаця тут як быццам можна запярэчыць, што мы сёння не маем твораў, якiя можна паставiць побач з творамi Дзюрэнмата, Зюскiнда, Кундэры i г.д. i да т.п., але, па-першае, крытэрыi параўнанняў вартасцi асобных тэкстаў рэч досыць умоўная i большая цi меншая вядомасць таго цi iншага аўтара вельмi рэдка абумоўлена толькi эстэтычнымi якасцямi, а па-другое, я тут найперш маю на ўвазе не ўласна творы, а тыя тэндэнцыi ў нашай лiтаратуры, якiя сёння ўжо сугучныя тэндэнцыям лiтаратуры еўрапейскай. Не, мы не сталi лiдэрамi, але перасталi быць аўтсайдэрамi, прынамсi, пакрысе знiкае псiхалогiя аўтсайдэрства.

З гэтага вынiкае яшчэ адна вельмi iстотная для нас акалiчнасць. Цяпер мы маем магчымасць зразумець i ацанiць сапраўдную вартасць нашай лiтаратуры, а дакладней — зразумець нашу лiтаратуру як вартасць.

Шкада толькi, што гэтае разуменне нашай лiтаратуры як вялiкай i адметнай каштоўнасцi прыходзiць да нас у тую пару, калi ў жыццi сучаснага тэхнакратычнага грамадства лiтаратура перастае быць каштоўнасцю.

 

ЛЕКЦЫЯ ДРУГАЯ

Новая літаратурная сітуацыя

Прэамбула

Паўставанне Новай лiтаратурнай сiтуацыi на Беларусi было абумоўлена сацыяльна-палiтычнымi рэформамi 1985 года.

Менавiта гэтым годам я схiльны пазначыць пачатак новага перыяду ў нашай лiтаратуры, бо адсюль яна пачынае губляць рысы беларускай савецкай лiтаратуры i пакрысе становiцца проста беларускай. I хаця асобныя факты пераменаў сустракалiся яшчэ задоўга да “перабудовы”, а заўважна нашая лiтаратура пачала разнявольвацца не раней 1988-1989 гг., але ўсё ж такi, як здаецца, мае сэнс пазначаць гэты эпахальны пералом менавіта 1985 годам, бо ўсе тыя добрыя i благiя перамены, плён якiх мы спажываем сёння i будзем спажываць яшчэ заўтра, распачалiся з гарбачоўскiх рэформаў.

Разам з тым, будзем ясна ўсведамляць, што ўсякая часавая перыядызацыя, завязаная на нейкiх сацыяльна-палiтычных падзеях, не столькi кажа пра межы таго цi iншага перыяда, колькi фармулюе асноўныя характарыстыкi з’явы (канцэптуальныя адрозненнi розных этапаў лiтаратурнага працэса), ахопленай гэтымi межамi. Таму калi мы кажам, што недзе з 1985 года пачынае фармавацца Новая лiтаратурная сiтуацыя, то гэта зусiм не азначае, што на змену нечаму аднаму раптам прыйшло нешта iншае, заняло месца папярэдняга i адразу пачало дамiнаваць наўсцяж. Нiшто ў лiтаратуры не знiкае раптам, а тым болей — раптам не паўстае.

Новая лiтаратурная сiтуацыя iснуе ўжо болей як дзесяць гадоў, а мiж тым i сёння ў большасцi выпадкаў цяжка правесцi мяжу памiж “новым” i “старым” на ўсiх узроўнях, ад iдэалагiчнага i эстэтычнага да групавога i персанальнага. Таму, каб далейшая гаворка мела хоць якi ўцямны сэнс, найперш паспрабуем вылучыць хаця б асноўныя параметры, па якiх можна было б адрознiваць адно ад другога, перспектыву ад рэтраспектывы, сучаснае ад прамiнулага.

Найбольш выразнай прыкметай былой лiтаратуры была яе заангажаванасць у шырокi комплекс камунiстычных iдэалагемаў. (Хаця, калi быць больш дакладным, гэтыя iдэалагемы ёй былi хутчэй навязаныя, i навязаныя праз жорсткi прымус, але сёння ўжо цяжка разрознiць, хто з пiсьменнiкаў i ў якую пару сваёй творчасцi дабрахоць выконваў ролю iдэолага кампартыi, а хто рабiў тое ж самае пад прынукай.) Цiкава, што новую лiтаратурную сiтуацыю фармавала (i ў значнай меры працягвае фармаваць) гэтаксама iдэалогiя. I першымi сярод чыннiкаў гэтай iдэалогii мусяць быць названыя антыкамунiзм, нацыяналiзм, адраджэнства, дзяржаўнае незалежнiцтва i еўрапеiзм. I калi антыкамунiзм ды адраджэнства на гэтую пару ўжо страцiлi сваю актуальнасць, то iдэал незалежнай нацыянальнай Беларусi ў кантэксце еўрапейскай дэмакратычнай супольнасцi па-ранейшаму застаецца модуснай характарыстыкай новай лiтаратурнай сiтуацыi. Праўда, i тут не ўсё i не зусiм адназначна, бо не толькi сярод старэйшых лiтаратараў, але i сярод лiтаратурнай моладзi даволi тых, каму блiжэй расейскi культурны iмператыў, чым iдэалы незалежнасцi i еўрапеiзму. (Тут i далей размова вядзецца выключна пра беларускi нацыянальны дыскурс — праблемы расейскамоўнай лiтаратуры ў гэтай лекцыi абмiнаюцца цалкам.)

Яшчэ больш складана адсланiць новую лiтаратурную сiтуацыю ад папярэдняй у эстэтычным вымярэннi. Бо яе адрознiвае ад пары соцрэалiзму не нейкi пэўны эстэтычны метад, а хiба толькi татальная эстэтычная разняволенасць, фармальна нiчым не стрыманы вэрхал творчых практыкаў.

Мiж iншым, у пару татальнага соцрэалiзму самым страшным быў не сам соцрэалiзм, а тое, што акрамя яго нiчога iншага не павiнна было быць. Вырваўшыся з путаў гэтага, раней наўсцяж пануючага метаду, ужо як бы вольная беларуская лiтаратура рассеялася па ўсiх верагоднамагчымых эстэтычных вымярэннях: ад класiцызму да постмадэрну. Таму сёння амаль немагчыма па эстэтычных прыкметах вызначыць, якi твор належыць да новай лiтаратурнай сiтуацыi, а якi — да яе папярэднiцы.

Спроба правесцi дэмаркацыйную мяжу памiж “новымi” лiтаратарамi i “старымi” па лiтаратурна-мастацкiх i культуралагiчных выданнях, як гэта ў свой час прапанаваў зрабiць Андрэй Федарэнка, таксама не выглядае плённай. Бо замацаваўшы за “старымi” лiтаратарамi часопiсы “Полымя”, “Маладосць”, газету “ЛiМ”, а за “новымi” — “Нашу Нiву”, “ЗНО”, “Калосьсе”, “Крынiцу” Андрэй Федарэнка хаця досыць дакладна пазначыў агульную тэндэнцыю, але абмiнуў той факт, што сярод беларускiх лiтаратараў цяжка знайсцi таго, хто б не друкаваўся ў выданнях як бы супрацьлеглага яму эстэтычнага i iдэалагiчнага накiрунку.

Пакуль не з’яўляецца крытэрыем адрознасцi i прыналежнасць выдання цi выдавецтва да дзяржаўнага альбо недзяржаўнага сектару, паколькi сярод выданняў, якiя iнтэлектуальна i эстэтычна фармавалi новую лiтаратурную сiтуацыю, былi як недзяржаўныя газеты i часопiсы “Наша Нiва”, “Калосьсе”, “Фрагменты”, “Ксеракс Беларускi”, так i дзяржаўныя — лiтаратурна-фiласофскi дадатак “ЗНО” да газеты “Культура”, часопiсы “Крынiца”, “Спадчына” (апошняя пазней стала незалежным выданнем).

Не менш складанай выглядае праблема размежавання i па персанальным узроўнi. Бо хаця не складае цяжкасцi назваць з паўсотнi лiтаратараў, што, бясспрэчна, належаць толькi да дыскурсу Новай лiтаратурнай сiтуацыi (гэта найперш сябры лiтаратурных згуртаванняў “Тутэйшыя”, “ТВЛ”, “Бум-Бам-Лiт”), аднак хапае i тых, хто фармальна не быў далучаным да гэтых i падобных да iх хаўрусаў, але тым не менш у той цi iншай меры паўплываў на фармаванне найноўшага лiтаратурнага дыскурсу. (Да прыкладу згадаю прозвiшчы Алеся Разанава, Леанiда Дранько-Майсюка, Леанiда Галубовiча, Андрэя Федарэнку, Галiну Булыка, Барыса Пятровiча, Юры Станкевiча i г.д.). Таму наўрад цi магчымая нейкая “аб’ектыўная” метадалогiя, з дапамогай якой можна было б дакладна i канкрэтна акрэслiць поле Новай лiтаратурнай сiтуацыi i ўсiх яе герояў. Зыходзячы з гэтага, мы ў сваiм далейшым расповядзе паспрабуем згадваць i аналiзаваць адно тыя факты, падзеi, персаналii, якiя несумнеўна належаць да вылучанай тут праблемы.

 

Гiсторыя праблемы

У адрозненнi ад утворанага дзяржавай Саюза пiсьменнiкаў Беларусi, з гiсторыi якога цяжка зразумець хоць што кольвек пра рэальны лiтаратурны працэс, незалежныя лiтаратурныя суполкi, паўсталыя з прыватных iнiцыятывыў, гэты самы лiтаратурны працэс адлюстроўваюць з найбольшай, чым што iншае, паўнатой. Яны падобныя да запрудаў, што запыньваюць бягучую лiтаратурную плынь, акумулююць яе ў пэўнай канфiгурацыi, адсарбуюць, працэжваюць, узвышаюць да заманіфеставанага ўзроўню i толькi пасля з сiлай штурхаюць унiз — зноў у вольнае плаванне. Магчыма гэтая метафара “запруды” не зусiм дакладная i залiшне “паэтычная”, асаблiва як для аналiтыкi, але ў мяне няма сумнення, што гiсторыю Новай лiтаратурнай сiтуацыi найлепей можна прачытаць праз гiсторыю яе самых адметных суполак.

Аднак перш чым перайсцi да каталагiзацыi гэтых суполак, у некалькi словах згадаем, што ўжо напярэдаднi “перабудовы” i ў першыя гады яе разгортвання нацыянальна заангажаваная творчая iнтэлiгенцыя Беларусi пачала гуртавацца ў розныя невялiчкiя хаўрусы. I хаця большасць з iх нiяк сябе не манiфеставала, але цяпер, з адлегласцi часу, бачна, што яны былi тымi зярнятамi, з якiх неўзабаве ўскалосiцца мноства грамадскiх, палiтычных, лiтаратурных i iншых задзiночанняў.

Гiсторыя ўсiх гэтых напаўпадпольных гурткоў пакуль яшчэ мала даследаваная, нягледзячы на тое, што “Архiў найноўшай гiсторыi” ўжо шмат зрабiў для каталагiзацыi апазiцыйных таталiтарызму праяваў як грамадска-палiтычнага, гэтак i лiтаратурнага жыцця. Тут мы згадаем адно менскiя гурткi “Майстроўня”, “Талака”, “Бабiлён”, бо многiя сябры гэтых аб’яднанняў неўзабаве ўвойдуць ужо ва ўласна лiтаратурную суполку “Тутэйшыя”, якой было наканавана ператварыцца ў адзiн з галоўных мiфаў чарговага беларускага Адраджэння, уздым якога прыпаў на канец 80-х — пачатак 90-х гадоў.

 

“Тутэйшыя”

Кароткая, але надзвычай яркая гiсторыя аб’яднання маладых лiтаратараў, якое, здаецца, з прапановы Сяргея Дубаўца атрымала назву “Тутэйшыя”, не мае нi пэўнага пачатку, нi пэўнага канца. (Дарэчы, не выключана, што на выбар назвы прама цi ўскосна паўплываў гучны поспех аднайменнай п’есы Янкi Купалы, пастаўленай у той час купалаўскiм тэатрам). Нават арганiзатары i лiдэры аб’яднання (Алесь Бяляцкi, Сяргей Дубавец, Адам Глобус, Анатоль Сыс) разыходзяцца ў вызначэннi датаў i падзеяў, якiя абумовiлi стварэнне “Тутэйшых”.

“Нас было сем чалавек: Анатоль Сыс, Славамiр Адамовiч, я i яшчэ чатыры асобы, якiх зараз не згадаю. Сабралiся ў Доме лiтаратара, а пасля чамусьцi паехалi ў iнтэрнацкi пакой да Сыса, дзе адбыўся ўстаноўчы сход”, — так кажа Алесь Бяляцкi. (Тут i далей цытаты з матэрыяла газеты “ЛiМ” ад 24 красавiка 1998 г. “Ад “Тутэйшых” да тутэйшых...”). “Была суполка Алеся Бяляцкага, была зусiм iншая суполка, якую стварыў Сяргей Дубавец. I калi мы пачалi аб’ядноўвацца — са спрэчкамi, са скандаламi — былi ўтвораныя тыя “Тутэйшыя”, якiх усе ведаюць”, — гэтак сцвярджае Адам Глобус.

Падобныя разыходжаннi ў меркаваннях пра пачатак дзейнасцi “Тутэйшых” датычаць i цi не ўсiх iншых аспектаў iх станаўлення i дзейнасцi. Зноў паслухаем Адама Глобуса: “Вясной 1988 года пачалiся агульныя сходы ў Доме лiтаратара. А зiма прайшла ў спрэчках”.

А вось што кажа на гэты конт Мiхась Скобла: “Дакладна памятаю: восенню 1987 года я трапiў у Дом лiтаратара, дзе ўжо адбылося грандыёзнае паседжанне “Тутэйшых”. Прысутнiчалi прадстаўнiкi ЦК...”

Не менш заблытанай выглядае сiтуацыя з узгляду на персанальны склад арганiзацыi. У анатацыi да зборнiка “Тутэйшыя” Сяргей Дубавец пiша: “Аб’ядналiся “Тутэйшыя” ў 1987 г., зараз iх амаль 60 чалавек, жывуць па ўсёй рэспублiцы, пiшуць паасобку, грамадска-палiтычнай дзейнасцю займаюцца разам.” У Алеся Бяляцкага iншая лiчба: “У нас па спiсе было 80 чалавек. Рэальна з iх у лiтаратуры засталося 25-30.”

Але справа нават не ў гэтым разыходжаннi (60 сяброў цi 80), а ў тым, што, як пакрысе высветлiлася, многiя з занесеных ў спiсы нават не ведалi, што яны з’яўляюцца сябрамi аб’яднання “Тутэйшыя”, а шмат хто з “афiцыйна” не занатаваных лiчыў сябе “тутэйшаўцам”.

Хаця аб’яднанне структурна было аморфным, не акрэсленым у задачах i мэтах, але пры гэтым надзвычай актуальным у факце сваёй наяўнасцi. Таму яно вельмi хутка займела шырокi розгалас i набыло вялiкую папулярнасць. Бадай з усяго гэтага зрабiлася ўстойлiвай формула — пакаленне “Тутэйшых“. I гэтая формула падаецца досыць дакладнай, бо роля лiтаратурнага аб’яднання “Тутэйшыя” была не столькi ў тым, што яно задзiночыла пэўную колькасць маладых лiтаратараў, колькi ў тым, што выявiла памкненнi i жаданнi цэлага лiтаратурнага пакалення i нават шырэй, — прагу тагачаснага грамадства да радыкальных пераменаў, да свабоды, незалежнасцi, дэмакратыi.

У пэўным сэнсе “Тутэйшыя” яшчэ не былi толькi лiтарацкiм згуртаваннем, у iм шмат заставалася ад “Майстроўнi”, “Талакi”, з iх культам нацыянальнай Беларусi, якi дамiнаваў над усiмi канкрэтнымi формамi выяўлення гэтага культу. Лiтаратурная i грамадска-палiтычная дзейнасць у “Тутэйшых” суседнiчалi на парытэтных умовах, а калi трохi заглыбiцца ў iдэалогiю аб’яднання, то не цяжка ўгледзець, што па-сутнасцi лiтаратура тут была хутчэй толькi эфектыўным начыннем у справе адраджэння нацыi. Таму i не дзiва, што нi ксэраксныя альманахi “Лiтаратура-1” i “Лiтаратура-2”, нi паўнавартасны зборнiк “Тутэйшыя”, выдадзены ў выдавецтве “Мастацкая лiтаратура” (Менск, 1989), не сталi лiтаратурнай падзеяй, хаця ў гэтых выданнях надрукаваныя тэксты некалькiх дзесяткаў сёння добра вядомых лiтаратараў, акрамя папярэдне згаданых, да прыкладу пералiчу яшчэ трохi: Iгар Бабкоў, Алесь Бадак, Людмiла Рублеўская, Генадзь Сагановiч, Уладзiмiр Сцяпан, Таццяна Сапач, Барыс Пятровiч, Пятро Васючэнка, Сяржук Сокалаў-Воюш, Алесь Наварыч, Сяргей Кавалёў, Алег Мiнкiн...

А вось грамадска-палiтычныя акцыi “Тутэйшых” адразу набылi шырокi розгалас, выклiкалi цiкавасць i павагу шырокай публiкi на айчыне i ў замежных сродках мас-медыа. Варта ўзгадаць хаця б арганiзацыю святкавання “Дзядоў” у 1988 годзе, калi ўлады скарысталі не толькi мiлiцыю i спецпадраздзяленнi, але i вайскоўцаў для разгону дэманстрантаў...

Яшчэ раз засведчым: арганiзацыйныя захады “Тутэйшых” па ўмацаванню згуртавання не былi нi сiстэмнымi, нi мэтанакiраванымi. Адной з iстотных прычынаў эклектычнасцi i разбэрсанасцi “Тутэйшых” як аб’яднання было, бадай, тое, што ў шэрагi яго сяброў сабралася шмат патэнцыйна роўнавялiкiх i роўнаамбiтных лiдэраў, нiхто з якiх не хацеў падначальвацца iншаму. Вось чаму ўстаноўчы з’езд “Тутэйшых” быў iх першай i апошняй агульнай сустрэчай.

Не спыняла сваiх захадаў на развал увогуле так i не сабраных у адно цэлае “Тутэйшых” улада. Спехам быў арганiзаваны прыём у “члены” Саюза беларускiх пiсьменнiкаў Адама Глобуса, Анатоля Сыса, Максiма Клiмковiча і некаторых iншых, што, натуральна, унесла дадатковы разлад і ў да гэтага не лiшне трывалую супольнасць. Але, пэўна, найбольш iстотным у непрыкмктным сыходзе “Тутэйшых” з вялiкай публiчнай сцэны было тое, што на гэтай сцэне з’явiлiся новыя i больш яркiя героi — шматлiкiя грамадскiя аб’яднаннi i палiтычныя партыi. Згадаем хаця б БНФ...

У гэты момант якраз i высветлiлася, што па-за грамадска-палiтычнай дзейнасцю, па-за модусным iдэалам незалежнай еўрапейскай Беларусi “Тутэйшых” нiшто болей не яднае: нi прагматыка, нi этыка, нi, тым болей, эстэтыка. Якраз апошняя найбольш выразна сведчыла пра ўсю ўмоўнасць гэтага згуртавання як лiтаратурнага, бо ў сваiх эстэтычных поглядах большасць “тутэйшых” нiчым не адрознiвалася ад сваiх лiтаратурных папярэднiкаў, а тыя з сяброў гэтай суполкi, што ўжо набрынялi эстэтычным патэнцыялам новага, уяўлялi гэтае новае зусiм па-рознаму. Таму неўпрыкмет разышлiся “тутэйшыя” рознымi шляхамi i кожны ў свой бок, пакiнуўшы нам мiф пра “Тутэйшых”. Зрэшты, i пры “жыццi” яны былi нiчым яшчэ, акрамя як мiфам, якога прагнула i праз гэтую сваю прагу само стварала раптам вызваленае ад доўгага таталiтарнага гнёту беларускае грамадства.

 

ТВЛ (Таварыства Вольных Лiтаратараў)

I фармальна, i па-сутнасцi ТВЛ амаль нiчым не адрознiвалася ад “Тутэйшых”, што, бадай, i дало падставу Алесю Бяляцкаму публiчна заявiць: “Таварыства Вольных Лiтаратараў — гэта было эпiгонства пасля таго, як “Тутэйшыя” перасталi збiрацца. Грымнуў гром i пакацiлася рэха”. Калi да гэтай, досыць жорсткай характарыстыкi дадаць i па-сёння распаўсюджанае меркаванне недобразычлiўцаў “Таварыства”, якiя лiчаць, быццам яно ўтварылася адно таму, што яго арганiзатараў i сяброў у свой час не прынялi ў “афiцыйны” пiсьменнiцкi саюз, i адсюль у iх не было iншага выйсця, акрамя як зладзiць свой уласны хаўрус, то атрымлiваецца, што ТВЛ не вартае нiякай увагi.

Насамрэч усё выглядае зусiм iнакш, хаця пэўную рацыю маюць i Алесь Бяляцкi i ананімныя тут недобразычлiўцы. Сапраўды, некаторых “знакавых” “тэвээлаўцаў” (Алеся Аркуша, Iгара Сiдарука, Славамiра Адамовiча) у свой час не прынялi ў Саюз беларускiх пiсьменнiкаў i сапраўды ТВЛ у нейкiм сэнсе было “рэхам” “Тутэйшых”, бо спавядала тую ж iдэалогiю незалежнай еўрапейскай Беларусi, гэтаксама як iх папярэднiк кiдалася ў рожкi з дзяржаўным пiсьменнiцкiм саюзам i да таго ж эстэтычна выглядала яшчэ больш стракатым за “Тутэйшых”, бо ў ТВЛ, акрамя традыцыяналiстаў, пострамантыкаў i мадэрнiстаў, згуртавалася i некалькi пiянераў беларускага постмадэрну (Iгар Сiдарук, Лявон Вольскi, Алесь Туровiч, Сяржук Мiнскевiч).

Разам з тым у ацэнцы ТВЛ, асаблiва на пачатку яго дзейнасьці, заставалася незаўважнай адна вельмi iстотная акалiчнасць, якая прынцыпова адрознiвала ТВЛ ад “Тутэйшых”, а менавiта тое, што праз ТВЛ выявiлася тэндэнцыя да дэцэнтралiзацыi i адначасна рэгiаналiзацыi лiтаратурнага працэса ўжо ў дыскурсе Новай лiтаратурнай сiтуацыi. У пэўным сэнсе ТВЛ — гэта бунт правiнцыi супраць сталiцы, бо хаця сярод “тэвээлаўцаў” i было трохi менчукоў, але не яны вялi рэй у таварыстве, а найперш — палачане i гарадзенцы. Дарэчы, iнiцыятыва па стварэнню ТВЛ таксама паходзiла не з Менску i не ў Менску таварыства разгортвала сваю дзейнасць. У той жа час ТВЛ не было звычайным рэгiянальным лiтгуртком, бо ставiла за мэту ахапiць сваiмi iнiцыятывамi прастору ўсёй лiтаратурнай Беларусi i ў нейкай меры ў яго гэта атрымалася.

Як гэта нi дзiўна — з улiку на раскiданасць сяброў таварыства па ўсёй Беларусi, — але арганiзацыйна ТВЛ было значна больш зладжаным, больш цэласным, больш мабiльным утварэннем, чым “Тутэйшыя”. Найпершая заслуга ў гэтым палачанiна Алеся Аркуша, каардынатара таварыства, якi ўклаў усю сваю энергiю, усе свае багатыя арганiзацыйныя i камунiкатыўныя здольнасцi ў справу ТВЛ i з гэтага напрацаваў сабе месца нефармальнага лiдэра.

Фармальна Таварыства Вольных Лiтаратараў паўстала ў 199З годзе, калi на ўстаноўчы з’езд у Полацак прыехала каля трыццацi будучых сяброў таварыства. Дарэчы, ТВЛ не iмкнулася пашыраць кола сваiх сяброў i таму яно па сёння застаецца досыць нешматлiкай арганiзацыяй. (Да згаданых вышэй сяброў таварыства пералiчым яшчэ трохi лiтаратараў, якiя складалi ягонае ядро: Вiнцэсь Мудроў, Юры Гумянюк, Юрась Пацюпа, Лера Сом, Славамiр Адамовiч, Андрэй Пяткевiч, Анжалiна Дабравольская...)

Калi параўноўваць ТВЛ з “Тутэйшымi” на канкрэтных справах, то перавага ТВЛ вiдавочная, i з гэтага добра бачная ўся “мiфалагiчнасць” “Тутэйшых”. За адносна кароткi перыяд ТВЛ выдала шэраг альманахаў “Ксэракс беларускi”, каля дваццацi кнiжак серыi “Паэзiя часопiса “Калосьсе”, заснавала штогадовую лiтаратурную прэмiю “Глiняны Вялес”, арганiзавала некалькi мiжнародных канферэнцый, мноства iншых лiтаратурных iмпрэзаў. I хаця сябры ТВЛ не цуралiся грамадзянскiх i палiтычных акцыяў ды праектаў, але ў адрозненне ад “Тутэйшых” грамадзянска-палiтычная праблематыка ў тэвээлаўцаў нiколi не выходзiла на пярэднi план i таму не засланяла эстэтычнай дзейнасцi.

Пасля перыяду бурнай актыўнасцi ў 1993-95 гд., ТВЛ пакрысе апынулася ў стане стагнацыi i паўраспаду. Спрабуючы выйсцi з крызiсу, Алесь Аркуш у 1998 годзе аб’явiў аб змене канцэпцыi таварыства на карысць яго большай, чым раней, рэгiяналiзацыi. Наколькi гэтыя перамены будуць эфектыўнымi, пакажа час, але пакуль ТВЛ пераважна iснуе ў межах прасторы часопiса “Калосьсе” i ў распачатай серыi кнiжак “Бiблiятэка часопiса “Калосьсе”. На момант падрыхтоўкi лекцыi выйшлi кнiжкi Вiнцэся Мудрова, Алеся Аркуша і Юры Гумянюка.

 

“Бум-Бам-Лiт”

“Бум-Бам-Лiт” — першая суполка ў сучасным лiтаратурным дыскурсе (i, бадай, адзiная ў гiсторыi беларускай лiтаратуры), у аснову задзiночання якой быў пакладзены эстэтычны прынцып, а менавiта — эстэтыка постмадэрна. Разам з тым, было б залiшне радыкальна ўсiх бумбамлiтаўцаў залiчваць спрэс у постмадэрнiсты, бо iх рэальныя мастакоўскiя практыкi адбывалiся i ў авангардным, i ў андэграундным, i ў мадэрновым, i нават традыцыйным дыскурсе. Але ня гледзячы на пэўную размаiтасць творчых практыкаванняў “Бум-Бам-Лiта”, пераважная частка з iх знаходзiць сябе ў эстэтычным i iнтэлектуальным полi, блiзкiм да постмадэрна.

Аднак “Бум-Бам-Лiт” кардынальна адрознiвала i ад “Тутэйшых” i ад ТВЛ не толькi тое, што сябры гэтага руху прытрымлiваюцца агульнай эстэтычнай iдэалагемы, але яшчэ i тое, што постмадэрн (дамiнуючая эстэтычная iдэя сучаснай еўрапейскай культуры) праз творчыя практыкi “Бум-Бам-Лiта” рэальна ўлучаў беларускую лiтаратуру ў агульнаеўрапейскi эстэтычны кантэкст.

Ёсць яшчэ адно канцэптуальнае адрозненне “Бум-Бам-Лiта” ад папярэднiх лiтаратурных аб’яднанняў. I “Тутэйшыя” i ТВЛ былi не натуральнымi той культурнай сiтуацыi, у якой знаходзiлiся (цi сiтуацыя была не натуральнай для iх), i пакладалi ўсе намаганнi, каб перамянiць яе адпаведна свайго ўяўлення пра эстэтычныя каштоўнасцi. “Тутэйшыя” змагалiся з соцрэалiзмам, афiцыйнымi пiсьменнiкамi, антыбеларушчынай i дэкларатыўнай беларушчынай у спадзеве на стварэнне новай культурнай рэальнасцi, тоеснай еўрапейскаму культуралагiчнаму кантэксту. ТВЛ разгортвалася прыкладна ў тым жа рэчышчы (i з тымi ж “ворагамi” змагалася), што i “Тутэйшыя”, i хаця ТВЛ акрэслiлася праз шэраг адметнасцяў i ўласных здабыткаў, але i ягоныя вектары былі гэтаксама скiраваныя за вiдарыс таго, што ёсць (i як ёсць) у тое, што павiнна (мусiць) быць.

Дык вось, у адрозненне i ад адных, i ад другiх (i ад усялякiх трэцiх), “Бум-Бам-Лiт” нi з кiм не варагаваў (у прынцыповым плане), нiчога мяняць не збiраўся, нiкога выперадзiўшага не даганяў. I калi ў лiтаратурных практыках бумбамлiтаўцаў адбiвалiся тэндэнцыi, неяк ужо выявiўшыя сябе на Захадзе альбо Усходзе, то гэта зусiм не значыла, што бумбамлiтаўцы некаму ўпадаблялiся, кагосьцi пераймалi, даганялi, наследавалi. Падабенства тэндэнцыяў сведчыла адно пра тое, што бумбамлiтаўцы ўжо працавалi ў агульным эстэтычным полi, натуральным для стану ўсёй еўрапейскай культуры.

“Бум-Бам-Лiт” параўнальна з “Тутэйшымi” i ТВЛ быў самым малалiкiм згуртаваннем, хаця ў адрозненнi ад, скажам, ТВЛ i не абмяжоўваў сябе штучна нейкiм наперад вызначаным колькасным складам. Больш за тое, наяўнасць “Бум-Бам-Лiта” статутна ўвогуле нiяк не афармлялася, не ладзiлася нiякага ўстаноўчага сходу, не абiралася хоць нейкай арганiзацыйнай структуры. Вышэй мы казалi, што “Тутэйшыя” — гэта толькi мiф пра “Тутэйшых”. У фармальна-арганiзацыйным сэнсе пра “Бум-Бам-Лiт” можна сказаць, што ён адно прывiд самога сябе. “Бум-Бам-Лiт” iснаваў не на арганiзацыйным узроўнi, а на ўзроўнi лiтаратурна-мастацкiх практыкаў, праектаў, перформансаў, акцыяў i да т.п. Сябры гэтага руху збiралiся толькi ў тым выпадку, калi можна было здзейснiць нейкую рэальную лiтаратурную справу — у астатнюю пару яны заставалiся кожны паасобку. Такая формула iснавання супольнасцi сталася магчымай i плённай у першую чаргу таму, што “Бум-Бам-Лiт” меў таленавiтага менеджэра Змiцера Вiшнёва. У значнай меры дзякуючы менавiта яму “Бум-Бам-Лiт” i стаўся магчымым як нешта цэласнае i хоць колькі трывалае. Хаця тое месца, якое “Бум-Бам-Лiт” заняў у сучасным лiтпрацэсе i тая роля, якую ён адыграў, — залежала ўжо зусiм ад iншых фактараў i ў найменшай меры ад тых цi iншых персаналiяў i самога “Бум-Бам-Лiта” ў цэлым.

“Бум-Бам-Лiт” з’явiўся ў патрэбны час i патрэбным месцы. Яго ўжо чакалi. Усе i ўсё. Лiтаратурная прастора набрыняла прагай эстэтычнага абнаўлення. На гэты момант беларуская лiтаратура ўжо стамiлася ад свайго фальклорна-пабытовага наканавання, яна iмкнулася да iншых эстэтычных тэхнiкаў i тэхналогiяў, сучаснага мыслення, — давербальных адпаведнасцяў тэхнакратычнай рэальнасцi...

Менавiта з гэтай сiтуацыi найперш тлумачыцца феномен iмклiвай папулярнасцi суполкi маладых людзей, якiя называлi сябе “слупамi” “Бум-Бам-Лiта” (Барысевiч Юрась, Бахарэвiч Альгерд, Вiшнёў Змiцер, Гарачка Усевалад, Жыбуль Вiктар, Мiнскевiч Сяржук, Туровiч Алесь, Сiн Iльля). Акрамя “слупоў” у “Бум-Бам-Лiт” у розную пару ўваходзiла яшчэ з дзесятак маладых (i не вельмi маладых) хлопцаў i дзяўчат: Жана Васанская, Мiхась Башура, Iрына Падынiногiна, Сяргей Патаранскi, Вальжына Морт, Ганна Цiханава...

Упершыню “Бум-Бам-Лiт” заявiў пра сябе ў траўнi 1995 года. У тым жа годзе лiтаратурна-фiласофскi сшытак “ЗНО” надрукаваў манiфесты “слупоў” “Бум-Бам-Лiта”, з якiх, уласна, i пачалася публiчная вядомасць руху... “Бум-Бам-Лiт” ад пачатку пачаў шукаць новыя формы выяўлення ўласнай творчасцi. Найбольш натуральнай для iх аказалася форма тэатралiзаванага выступлення, у якiм спалучалiся дэкламаванне тэкстаў, тэатралiзаваная дзея, перформанс, канцэптуалiсцкая акцыя i шмат чаго iншага. Таму немагчыма ацанiць творчасць “Бум-Бам-Лiта” толькi на падставе тэкставых праектаў. Бо нават друкапiсы (самаробныя кнiжыцы) спалучалi ў сабе тэксты i аўтарскiя малюнкi (крэмзы). Тое ж датычыць i адзiнага супольнага зборнiка “Тазiк Беларускi”.

Недзе ў 1998 годзе “Бум-Бам-Лiт” напаткала натуральная бяда — крызiс. Унутры самога руху выявiлася прага ўласных хаўтураў. Аднак усе надзеi “слупоў” “Бум-Бам-Лiта” выпiць чарку на ўласных хаўтурах пакуль не спраўджваюцца. Можа таму, што прывiд куды лягчэй нарадзiць, чым пахаваць.

 

Выданнi i выдавецкiя праекты

За апошняе дзесяцiгоддзе “з гакам” з’явiлася (i знiкла) даволi шмат выданняў (з улiкам рэгiянальных, канфесiйных, студэнцкiх ды iншых), якiя ў той цi iншай меры калi не фармавалi, то хаця б адлюстроўвалi Новую лiтаратурную сiтуацыю. Сярод iх было не шмат “чыста” лiтаратурных праектаў, але лiтаратурная праблематыка i мастацкая творчасць, хай сабе i лакальна, прысутнiчалi ўсюды: ад рэлiгiйнага часопiса “Унiя” да фiласофска-культуралагiчнага — “Фрагменты”. Тут мы не маем магчымасцi правесцi хаця б каталагiзацыю ўсiх гэтых выданняў i таму спынiмся адно на тых, што найбольш паўплывалi на станаўленне новай лiтаратурнай сiтуацыi.

Расповяд пра выданнi, якiя выяўлялi злом эпохаў (калi прытрымлiвацца часавай паслядоўнасцi), лагiчна было б распачаць з часопiса “Крынiца”, заснаванага ў 1988 годзе ЦК ЛКСМБ i Саюзам пiсьменнiкаў Беларусi. Але мы адсунем разгляд гэтага выдання, каб трохi пазней прааналiзаваць разам яго абедзьве версii, “старую” i “новую”, якая ўзнiкла ў 1994 годзе. Да таго ж, калi звярнуць увагу не на каляндарнасць падзеi, а на яе сэнсавую значнасць, то, безумоўна, наперад усiх мы павiнны высунуць газету “Наша Нiва”. I гэта нягледзячы на тое, што “Наша Нiва” не была чыста лiтаратурным праектам, хаця нейкi час i заяўляла пра сябе як пра “лiтаратурную газету”, дый i ўвогуле, лiтаратурная частка выдання ўжо амаль за дзесяць гадоў ягонага iснавання так i не выявiла сябе як нешта адметнае. Куды больш iстотным былi гiстарычныя публiкацыi газеты (асаблiва гэта тычыцца “Архiва найноўшай гiсторыi”), публiцыстычныя, эсэiстычныя i, у пэўнай меры, культуралагiчныя. Чаму ж тады менавiта “Нашай Нiве” мы без ваганняў аддаем вершнасць у справе станаўлення Новай лiтаратурнай сiтуацыi? З шэрагу самых розных прычынаў, але найперш таму, што “Наша Нiва” Новую лiтаратурную (шырэй — культурную) сiтуацыю публiчна сфармулявала, больш за тое — менавіта дзеля рашучага абнаўлення, кардынальных пераменаў у беларускай лiтаратуры, у беларускiм досведзе яна i стваралася i функцыянавала.

Газета “Н а ш а Н i в а” (iснавала з 1906 па 1915 гады) была “адноўленая” ў 1991-м у якасцi штомесячнiка (цягам часу перыядычнасць мянялася, як i аб’ём). У пэўным сэнсе “Наша Нiва” была працягам, “газетным варыянтам” суполкi “Тутэйшыя”, i не толькi таму, што яе стваральнiкамi i аўтарамi былi пераважна “тутэйшаўцы”, а найперш таму, што перадусiм мэтай газеты было не iнфармацыйнае адлюстраванне падзеяў жыцця i лiтаратуры самiх па сабе, а адраджэнне беларушчыны, яе вяртанне ў лона еўрапейскай цывiлiзацыi, дзеля чаго былi прыдатныя ўсе сродкi, лiтаратурна-мастацкiя ў тым лiку.

Адным словам, “Наша Нiва” была (i застаецца) цалкам iдэалагiчным праектам. Жорсткая заiдэалагiзаванасць газеты (i ў нейкiм сэнсе валюнтарызм галоўнага рэдактара) рэзка абмежавала кола аўтараў, гранiчна звузiла тэматыку i праблематыку тэкстаў, iх эстэтычную размаiтасць. Вось чаму амаль за дзесяць год свайго iснавання газета, якая нейкi час называла сябе нават “лiтаратурнай”, адкрыла так мала новых “лiтаратурных iмёнаў” (Iгар Бабкоў, Андрэй Дынько, бадай i ўсё, iншыя, як Арлоў, Мiнкiн, Глобус, Адамовiч, прыйшлi ў “НН” ужо вядомымi i сфармаванымi лiтаратарамi). Трохi лепей складвалiся справы з перакладной лiтаратурай, хаця i ў гэтым накiрунку не хапала сiстэмнасцi i яснага ўсведамлення пра асноўныя тэндэнцыi i вектары сучаснага еўрапейскага лiтаратурнага працэсу.

Бадай можна сказаць, што “Наша Нiва” не столькi фармавала Новую лiтаратурную сiтуацыю, колькi фармулявала яе, выпрацоўвала модусную схему, на якую мусiла арыентавацца ўсё сучаснае беларускае прыгожае пiсьменства.

Разам з тым заўважым, што жорсткая заiдэалагiзаванасць газеты, яе мэтаскiраванасць i ўпартасць у дасягненнi пастаўленых задачаў, якiя грунтавалiся на таленце, прафесiяналiзме i самаахвярнасцi калектыва i аўтараў, надалi “Нашай Нiве” кшталт самага значнага публiцыстычна-мастацкага праекта апошняга дзесяцiгоддзя. Безумоўна, галоўная роля тут належыць яе галоўнаму рэдактару Сяргею Дубаўцу, адной з самых буйных i таленавiтых фiгураў мастацка-iдэалагiчнага дыскурсу сучаснай Беларусi.

 

“ЗНО”

Лiтаратурна-фiласофскi сшытак “ЗНО”, дадатак да тыднёвiка “Культура”, выходзiў штомесяц на васьмi палосах з траўня 1993 па люты 1997 года. Усяго было выдадзена сорак чатыры сшыткi. Адказны за выпуск — Валянцiн Акудовiч. Раду “ЗНО” складалi Алесь Разанаў, Iгар Бабкоў, Юрась Барысевiч, Валерка Булгакаў, Сяргей Мiнскевiч.

Трэба адразу заўважыць, што мастацкая лiтаратура не была асноўнай мэтай сшытка — наперад высоўвалася задача стварыць прастору для фiласофскiх i культуралагiчных тэкстаў як айчыннага, гэтак i замежнага дыскурсаў. Мастацкая iнтэлектуальная лiтаратура, метафiзiчная эсэiстыка мусiлi быць толькi сродкам па фармаванню кантэкста для ўласна фiласофii i культуралогii. Але на практыцы атрымалася, што мастацкая лiтаратура ў “ЗНО” займела сваё ўласнае месца, сталася самадастатковай з’явай — дзякуючы найперш таму, што тут знайшлi сабе прытулак розныя авангардныя, андэграўндныя i постмадэрновыя практыкi i праекты. Прыкладам гэтаму можа служыць хаця б той факт, што менавiта на старонках сшытка “ЗНО” адбылася “манiфестацыя” “Бум-Бам-Лiта”, ды i ўвогуле з’яўленне гэтага руху ў значнай меры было абумоўлена тым, што яго будучыя сябры спачатку згуртавалiся вакол “ЗНО” як аўтары. Актыўна супрацоўнiчалi са “ЗНО” сябры Таварыства Вольных Лiтаратараў. Зрэшты, у сшытку было даволi i проста добра-
якаснай традыцыйнай лiтаратуры. Тут друкавалiся Алесь Разанаў, Мiкола Купрэеў, Леанiд Дранько-Майсюк, Уладзiмiр Арлоў, Адам Глобус, Леанiд Галубовiч, Славамiр Адамовiч, Алесь Асташонак, Галiна Дубянецкая, Людка Сiльнова, Алесь Аркуш, Юры Гумянюк i шмат хто яшчэ як з вядомых лiтаратараў, так i з таленавiтых пачаткоўцаў.

Адсутнасць хоць якой тэндэнцыйнасцi, зададзенасцi рабiла “ЗНО” ў пэўнай меры эклектычным выданнем, але калi ацэньваць сшытак толькi па iнтэлектуальных i эстэтычных параметрах, то з гэтага гледзiшча яно было досыць цэласным, хаця i не без натуральных, як i ў кожнай “жывой” справе, пралiкаў i хiбаў.

 

“Крынiца”

Як ужо казалася, часопiс “Крынiца” быў створаны ў 1988 годзе i шчаслiва патрапiў на хвалю перабудовы. У момант сваёй найбольшай вядомасцi наклад часопiса сягаў за чатырыста (400!) тысяч асобнiкаў — фантастычны вынiк, як для беларускага выдання. (Хаця тут патрабуецца ўдакладненне: часопiс выходзiў у двух версiях: расейскамоўнай i беларускамоўнай; i другая версiя для гэтага фантастычнага наклада дадавала зусiм не шмат — 14 тысяч). Безумоўна, не ўласна лiтаратурныя тэксты стварылi гэтую неверагодную папулярнасць выданню, а сам час, публiцыстычная разняволенасць i вострыя, забароненыя раней гiстарычныя факты i канцэпцыi, постмадэрновы дызайн, вымкнутыя з андэграўндных прыцемкаў рок-гурты i г.д.

Але разам з тым, на старонках часопiса ўжо ў поўнай меры выявiлася для шырокай публiкi новая генерацыя беларускiх пiсьменнiкаў (пакаленне “Тутэйшых”): Адам Глобус, Алесь Асташонак, Анатоль Сыс, Сяргей Дубавец, Людка Сiльнова, Алег Мiнкiн, Пятро Васючэнка, iншыя. Тут трэба аддаць належнае загадчыку аддзела мастацкай лiтаратуры Анатолю Сiдарэвiчу, якi, нягледзячы на ўласныя кансерватыўна-фундаменталiсцкiя эстэтычныя погляды, не толькi не замiнаў, а нават дапамагаў рэалiзоўвацца на старонках часопiса самым авантурным, у эстэтычным сэнсе, мастацкiм тэкстам.

“Крынiца” (новая). У 1994 годзе “Крынiца”, якая да гэтай пары ўжо страцiла сваю былую папулярнасць i свайго ранейшага чытача, была карэнным чынам рэфармаваная. З маладзёвага, у значнай ступенi “папсовага” выдання яна ператварылася ў “дарослы” лiтаратурна-культуралагiчны часопiс, разлiчаны ў пэўным сэнсе на вузкае кола чытачоў. Амаль цалкам змянiўся склад рэдакцыi, да былых супрацоўнiкаў Уладзiмiра Някляева (галоўны рэдактар) i Алеся Асташонка дадалiся Алесь Разанаў, Уладзiмiр Арлоў, Леанiд Дранько-Майсюк, Юрась Залозка, Валянцiн Акудовiч, трохi пазней — Леанiд Галубовiч. Была выпрацаваная досыць адмысловая канцэпцыя часопiса, якая мела за мэту паяднаць у адным тэкставым дыскурсе лепшыя здабыткi i постацi як нацыянальнай лiтаратуры i фiласофii (сучаснай i рэтраспектыўнай), гэтак i сусветнай, найперш еўрапейскай.

Трэба заўважыць, што “новая” “Крынiца” ўлiчыла досвед, напрацаваны найперш “ЗНО”, а таксама “Нашай Нiвай”, але пры гэтым яе канцэпцыя i рэальныя практыкi былi цалкам самастойныя.

За пяць год свайго iснавання “новая” “Крынiца” шмат зрабiла для фармавання Новай культурнай сiтуацыi, дастаткова сказаць, што тут былi надрукаваныя большасць з самых заўважных i адметных тэкстаў (як арыгiнальных, гэтак i перакладных), што з’явiлiся за гэты перыяд у беларускай лiтаратуры. Прынамсi, такiх тэкстаў у “Крынiцы” было значна больш, чым у якiмсьцi iншым, узятым асобна выданнi. Каталагiзацыя здабыткаў часопiса — асобная тэма, таму з гэтай праблемай адсылаем студэнта непасрэдна да тэкстаў выдання.

I апошняе, што тут неабходна згадаць ужо ў звязку адразу з двумя “Крынiцамi” — гэта прозвiшча галоўнага рэдактара, паэта Уладзiмiра Някляева, без якога, i гэта бясспрэчна, немагчымы быў бы як паспяховы i плённы нi першы, нi другi праект выдання.

 

“Калосьсе”

Лiтаратурна-мастацкi альманах Таварыства Вольных Лiтаратараў, якi вырас з альманаха “Ксэракс Беларускi” гэтага ж Таварыства. Галоўны рэдактар — Юры Гумянюк. Выдавец — Алесь Аркуш. Распачаў сваё iснаванне ў 1994 годзе. На гэтую пару (канец 1999 года) выйшла сем нумароў. (Нумары 2-3 здвоеныя.) Звернем увагу, што ТВЛ — адзiная лiтаратурная суполка, якая займела сваё ўласнае перыядычнае выданне. Як i “Наша Нiва” — “Калосьсе” недзяржаўны праект. Аўтары “Калосься” пераважна сябры ТВЛ, хаця альманах адкрыты i для кожнага iншага лiтаратара, калi ягоны тэкст “упiсваецца” ў канфiгурацыю часопiса. Праўда, апiсаць гэтую канфiгурацыю досыць складана. Фармальна “Калосьсе” звычайны лiтаратурны часопiс, якi выходзiць з перыядычнасцю альманаха: проза, паэзiя, перакладная лiтаратура, трохi лiтаратурнай крытыкi, трохi публiцыстыкi... I ўсё ж такi часопiс не пазбаўлены пэўных адметнасцяў, ён раз-пораз друкуе тэксты, якiя немагчымыя не толькi ў дзяржаўных, але i ў іншых незалежнiцкiх беларускiх выданнях.

Найперш гэта тычыцца тэкстаў з брутальнай тэматыкай, ненарматыўнай лексiкай, як i тэкстаў з этычнай i эстэтычнай неунармаванасцю ўвогуле. Да прыкладу згадаем раман Юры Гуменюка “Апосталы нiрваны”, аповесць Вiтаўта Чаропкi “Эрагенная зона”, “Крывавая iмша” Iгара Сiдарука.

 

Кнiгi i кнiжныя праекты

Гэтая тэма таксама патрабуе асобнага разгляду. Мы тут абмяжуемся адно лiчанымi яе праявамi i фактамi.

У адрозненне ад суполак, газет i альманахаў — кнiгi, якiя мы ўпэўнена маглi б аднесцi да дыскурса Новай лiтаратурнай сiтуацыi, доўгi час пераважна выдавалiся (цi не выдавалiся) адно дзяржаўнымi выдавецтвамi. Дастаткова сказаць, што яшчэ ў 1992 годзе “Мастацкая лiтаратура” выдала кнiгу Сяргея Дубаўца “Практыкаваннi” i Iгара Бабкова “Solus Rex”. I пазней, калi ўжо патроху пачало разгортвацца незалежнiцкае кнiгадрукаванне, многiя аўтары з гэтага дыскурсу друкавалiся ў дзяржаўных выдавецтвах, альбо, як у выпадку з Уладзiмiрам Арловым, “i там — i там”. Блiжэй да сярэдзiны дзевяностых (i асаблiва ў другой iх палове), недзяржаўныя выдавецтвы набралi моц, i з-пад іх друкарскiх варштатаў пачало выходзiць досыць шмат лiтаратурна-мастацкай прадукцыі. Праўда, пераважная большасць мела нiзкую эстэтычную вартасць (калi эстэтычная вартасць увогуле можа быць “другога гатунку”) i таму для фармавання Новай лiтаратурнай сiтуацыi яны маюць дачыненнi адно ў сацыяльна-палiтычнай i эканамiчнай праекцыях.

Першы сiстэмны кнiжны праект (у кантэксце абранай намi тэмы), быў рэалiзаваны ТВЛ. З iнiцыятывы ды высiлкамi найперш Алеся Аркуша выдавецкая суполка “Полацкае ляда” толькi на працягу 1992-94 гг. выпусцiла дзьве кнiжкi Славамiра Адамовiча (“Зямля Ханаан”, “Зваротныя правакацыi”), дзьве кнiгi Алеся Аркуша (“Крылы ператвараюцца ў карэньнi”, “Разьвiтаньне з Танталам”), дзьве кнiгi Юры Гуменюка (“Водар цела”, “Твар Тутанхамона”), кнiгi Анжалiны Дабравольскай “Пазамежнасьць”, Лявона Вольскага “Калiдор”, Сяргея Мiнскевiча “Праз галерэю”, Iгара Сiдарука “Саната Арганата”, Людкi Сiльновай “Рысасловы”, Леры Сом “Блюзы каралеўскай кухнi”.

I хаця гэта былi вельмi сцiплыя памерам i аздобай кнiгi, сам факт кнiжнай серыi (i, безумоўна, эстэтычная актуальнасць тэкстаў) адыгралi значную ролю ў станаўленнi Новай лiтаратурнай сiтуацыi.

Мiж iншым, пра што ўжо згадвалася вышэй, ТВЛ у 1998 годзе запачаткавала новы кнiжны праект — “Бiблiятэка часопiса “Калосьсе”.

Выдавецтва “Наша Нiва” распачало дзейнасць па друкаванню кнiгаў ужо досыць даўно, але гэтая справа робiцца не сiстэмна, ад выпадку да выпадку i яго асноўныя дасягненнi звязаныя з публiцыстычнымi i гiстарычнымi выданнямi. Сярод кнiг мастацкай лiтаратуры варта адзначыць дзьве кнiгi Уладзiмiра Арлова “Мой радавод да пятага калена” i “Божая кароўка зь пятай авеню”, кнiгi Васiля Быкава “Сьцяна” i Славамiра Адамовiча “Плавiльшчыкi расы”.

Бадай на гэты час найбольш значным, сiстэмным i цэласным кнiжным праектам можна лiчыць серыю “Бiблiятэка “Фрагменты”, распачатую ў 1988 годзе Цэнтрам Эўрапейскага супрацоўнiцтва “Эўрофорум” i часопiсам “Фрагменты”. Ужо ў гэтай серыi выйшлi кнiгi Мiхася Баярына “Шалёны вертраградар”, Сяргея Дубаўца “Дзёньнiк прыватнага чалавека”, Валянцiна Акудовiча “Мяне няма. Роздумы на руiнах чалавека”, Алеся Разанава “Рэчаiснасць”, Iгара Бабкова “Герой вайны за празрыстасьць”, Сяргея Санько “Штудыi з кантрастыўнай i кагнiтыўнай культуралёгii”, Леанiда Галубовiча “Зацемкi зь левай кiшэнi”, Юрася Барысевiча “Цела i Тэкст”, рыхтуецца кніга Алега Мiнкiна “Пэнаты”.

Што да кнiгаў, выдадзеных, так бы мовiць, упаасобку, рознымi прыватнымi выдавецтвамi, то iх больш-менш поўная каталагiзацыя, паўторымся, патрабуе асобнай доследнай працы, бо многiя з iх распаўсюджвалiся самiмi аўтарамi адно сярод сяброў i знаёмцаў i таму не патрапiлi ў агульнае iнфармацыйнае поле. У пэўным сэнсе гэта датычыць нават кнiгаў такiх знакавых фiгураў, як Адам Глобус (“Дамавiкамеэрон”, “Койданава”), цi “Бум-Бам-Лiт” (“Тазiк Беларускi”).

Але нават гранiчна мiнiмiзаваны пералiк эстэтычна вартых нашай увагi аўтараў з дыскурсу Новай лiтаратурнай сiтуацыi, якiя ў гэты перыяд выдавалi свае кнiгi ў розных прыватных выдавецтвах на айчыне i за яе межамi, безумоўна сведчыць на карысць гэтай самай сiтуацыi: Алег Бембель, Славамiр Адамовiч, Мiкола Касцюкевiч, Людка Сiльнова, Iгар Сiдарук, Юры Гумянюк, Юрась Залозка, Алесь Туровiч, Барыс Пятровiч, Вiктар Шнiп, Людмiла Рублеўская, Максiм Клiмковiч i Уладзiслаў Ахроменка...

 

У эпiлог праблемы

Няма сумнення, што цяпер, напрыканцы 90-х, мы маем новую, кардынальна адрозную ад папярэдняй (канца 80-х), лiтаратурную сiтуацыю.

Асноўная яе адметнасць у тым, што побач са “старой” структурай лiтаратуры, якая знаходзiцца на ўтрыманнi дзяржавы i прадстаўлена як уласна Саюзам пiсьменнiкаў i яго абласнымi фiлiямi, так i шэрагам лiтаратурных выданняў, пэўнай колькасцю радыё- i тэлеперадачаў ды ўсялякiм iншым, — ужо выразна сфармавалася новая структура, незалежная нi ад каго (акрамя ўласных фiнансавых i творчых магчымасцяў). Iншая рэч, цi можам мы ўсё гэта новае, што з’явiлася за апошнiя гады, пазначыць як нейкую структуру. I справа тут нават не ў тым, што ўсе гэтыя суполкi, выданнi, праекты не надта трывалыя, што яны то з’яўляюцца, то знiкаюць — часцей назаўжды. Прынцып хуткага распаду i нечаканага абнаўлення ў тых самых цi iншых формах ёсць адным з базавых прынцыпаў Новай лiтаратурнай сiтуацыi, што эстэтычна i фiнансава фармуецца энергетыкай прыватных iнiцыятываў, трываласць якiх a priori абмежаваная. I таму пытанне тут зусiм не пра трываласць, а пра iншае: цi мае ў сабе ўсё гэтае “новае” модус структурнасцi, цi iмкнецца яно ўвогуле да структурызацыi? Сучасныя лiтаратурныя праекты паўставалi якраз як апазiцыя не толькi асобным элементам камандна-адмiнiстратыўнай структуры, а ўсяму як цэламу, гэта значыць яны з’яўлялiся i як апазiцыя ўласна структурнасцi. I дзеля таго, каб iм у нешта структуiравацца, трэба найперш пераадолець у самiх сабе гэтую апазiцыйнасць да структурнасцi ўвогуле... Верагодна, мы яшчэ толькi напярэдаднi гэтага этапу. Бо хаця робіцца спроба за спробай стварыць агульную сетку распаўсюджвання незалежных выданняў, шукаюць паразумення памiж сабой ТВЛ, “Наша Нiва”, “Эўрофорум”, iншыя групоўкi ды постацi, але плён з усiх гэтых iнiцыятываў пакуль не надта заўважны. I ўсё ж такi нешта ў гэтым накiрунку патроху рухаецца i, можа быць, да таго моманту, калi старая структура канчаткова разбурыцца, мы ўжо будзем мець, хай сабе яшчэ нешта кволае, але ўжо структурна асэнсаванае i структурна зладжанае новае.

Толькi тады новая лiтаратурная сiтуацыя ператворыцца ў сiтуацыю лiтаратуры, тоеснай самой сабе ўжо без усялякiх прыметнiкаў.

 

  

* Колькi словаў у апраўданне публiкацыi:

Рэдакцыя часопiса “Фрагмэнты” вырашыла надрукаваць цыкль лекцыяў “Уводзіны ў Новую лiтаратурную сiтуацыю”, якiя былi падрыхтаваныя адмыслова для Беларускага Калегiюму (ад-
дзяленне фiласофiя/лiтаратура). I хаця я падпарадкаваўся “вердыкту” калегаў, але зрабiў гэта без асаблiвай ахвоты, бо не магу не адчуваць рознiцы памiж тэкстамi, напiсанымi для публiчнага выдання, i тэкстамi, створанымi дзеля нейкай канкрэтнай мэты, якая не прадугледжвала нi фармату шырокай публiчнасцi, нi фармату “ўласна тэксту” як менавiта (i толькi) тэксту.

Разам з тым я пагадзiўся з аргументамi рэдакцыi на карысць друкавання гэтых лекцыяў. Рэч у тым, што апошнiя дзесяць з добрым лiшкам гадоў беларускай лiтаратуры не маюць канцэптуальных аналагаў ва ўсёй папярэдняй гiсторыi нашага прыгожага пiсьменства (хаця вонкавыя паралелi з 20-30-мi гадамi як быццам i навiдавоку). Гэта не проста яшчэ адзiн чарговы лiтаратурны перыяд — гэта татальная перамена лiтаратурнага ландшафту i, што яшчэ больш iстотна, перамена тых падставовых сутнасцяў, якiя фармуюць тапаграфiю ўсялякага ландшафту. I хаця сёння ўжо мала хто адважыцца сцвярджаць, што нiякiх рашучых пераменаў за апошнюю пару ў нашай лiтаратуры не адбылося, але прафесiйнае айчыннае лiтаратуразнаўства ўсё нiяк не знаходзiць часу (цi жадання?) асэнсаваць гэтую падзею i ў лакальных феноменах i, тым болей, у феномене цэлага. Адзiнкавыя, найбольш “прасунутыя” лiтаратуразнаўцы, калi i кранаюцца гэтай праблемы, то разглядаюць яе ў звыкла-траыцыйным ракурсе праблематыкi “пачаткоўцаў”, “маладых пiсьменнiкаў”, “новых генерацыяў”. Але, як з майго гледзiшча, то размова ўжо павiнная весцiся не пра маладых лiтаратараў, а пра iншых лiтаратараў, не пра новую генерацыйную плыню, а пра Новую лiтаратурную сiтуацыю...

Адсутнасць разнастайных i шматлiкiх даследзiнаў па азначанай праблеме i з’явiлася асноўным аргументам на карысць публiкацыi, не дзеля гэтай мэты падрыхтаваных лекцыяў.

Адным словам, пакуль прафесiйныя лiтаратуразнаўцы падрыхтуюць свае грунтоўныя, глыбока прапрацаваныя i дакладна вывераныя працы — “Няхай жа хоць будзе Валянцiн Акудовiч”.

 

УВОДЗІНЫ Ў НОВУЮ ЛІТАРАТУРНУЮ СІТУАЦЫЮ. частка ІІ (№8)

УВОДЗІНЫ Ў НОВУЮ ЛІТАРАТУРНУЮ СІТУАЦЫЮ. частка ІІІ (№9)

Валянцін Акудовіч - АХІЛ І ЧАРАПАХА

Валянцін Акудовіч - МЕТАФІЗІКА. CІТУАЦЫЯ РОСКВІТУ І СІТУАЦЫЯ ЗАНЯПАДУ

Валянцін Акудовіч - НІДЗЕ І НІХТО

Валянцiн Акудовiч - РАЗБУРЫЦЬ ПАРЫЖ

Валянцін Акудовіч - МЯНЕ НЯМА. РОЗДУМЫ НА РУІНАХ ЧАЛАВЕКА - бібліятэка "ФРАГМЭНТЫ"

 

зьмест