ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

дыскусія


ФРАГМЭНТЫ №7
№7
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Анатоль Лягчылін

НАЦЫЯ І ЯЕ ФІЛАСОФІЯ

 

Кожная нацыя, якая ўздымаецца да самастойнага культурнага жыцця, мусiць мець сваю “нацыянальную” фiласофiю. Не заўсёды тут духоўнае памкненне атрымлiвае паслядоўны гарманiчны развой. Аднак ва ўсiх выпадках вырашальным момантам з’яўляюцца характар, накiраванасць ды iнтэнсiўнасць сiлы ўяўлення. Як толькi прымiтыўнае здзiўленне саступае месца разбуджанай развазе над з’явамi вонкавага i ўнутранага светаў, дык адразу распачынаецца этап самастойнага фiласафавання, амаль цалкам вольнага ад знешнiх уплываў. Сапраўдны фiлосаф у такой сiтуацыi становiцца прадстаўнiком народнай самасвядомасцi. У сваiх пошуках ён не павiнен лiчыцца з застыглымi традыцыямi i меркаваннямi большасцi. Наадварот, факт прафесiйнасцi фiласофii выяўляецца ў яе абавязку крытычнай ацэнкi тых тэорый, што атрымалi шырокi розгалас. Iндывiду гэткi трансцэндэнтны фiлосаф мусiць даць цэласнае бачанне быцця, пачуццё тоеснасцi з народам i светам, без чаго немагчымае станаўленне асобы.

Усе адзначаныя вышэй асаблiвасцi нацыянальнай фiласофii тычацца праблемы неабходнага. У сапраўднай рэальнасцi шлях фiласофскай рэфлексii нацыi значна больш складаны i больш супярэчлiвы. У гэтай сувязi звернемся да беларускай культуры i яе фiласофii. Паспрабуем эксплiкаваць вытокi, узаемасувязi, падставовыя асновы, агульную тэндэнцыю i адметнасцi яе фiласофскага дыскурса.

Найперш асэнсуем яе асновы. Улiчваючы тапалогiю месца, у прасторы якога фармуецца беларуская нацыя, яе этнас, мы мусiм адзначыць падвоенасць вытокаў яе фiласофскай думкi. Гэта, з аднаго боку, вiзантыйская культура з яе iдэяй разумення жыцця i заходнееўрапейская культура з iдэяй разумення свету.

Нацыянальная iдэя Беларусi дваiстая, у яе быццам два твары. Тут вiдавочна знаходзiць сабе месца любоў да велiчы i сiлы заходнееўрапейскага “cogito”, але ёсць i палкая любоў да “sum”. У гiсторыi фiласофскай думкi Беларусi, ля яе вытокаў паядналася тое, што потым звычайна было раз’яднаным i апанiравала адно аднаму — самаiдэнтыфiкацыя чалавека i iдэнтыфiкацыя рэчаў. Ужо ў першых агiаграфiчных жанрах чалавек знаходзiць сябе як сэнсастваральную iстоту, а свет як свет асэнсаваны.

У кантэксце вытокаў фiласофскай думкi Беларусi прасвятляецца i праблема яе ўзаемасувязi i ўзаемазалежнасцi ад сусветнай унiверсальнай фiласофii. Тэрмiн “сусветная фiласофiя” выступае тут ў якасцi чыстай абстракцыi без факта сваёй гiстарычнай рэалiзацыi. У гэтым сэнсе можна казаць пра наяўнасць “беларускай фiласофii” як тэарэтычнага асэнсавання нацыянальнай рэальнасцi, яе праблемаў i актуальных запатрабаванняў. Разам з тым неабходна разрознiваць тэрмiны “фiласофiя на Беларусi” i “беларуская фiласофiя”. “Фiласофiя на Беларусi” разгортвалася тоесна сусветнай фiласофскай думцы.

Вынiкi фiласофскага ведання беларускiх мысляроў ва ўсе часы ўлучалiся ў рэчышча сусветнага (найперш еўрапейскага) фiласофскага здумлення. А наследаванне досведу сусветнага мыслення выяўлялася не толькi ў пераносе чужых iдэяў i тэорыяў, не толькi ў перайманнi iншага, але i ў творчым перастварэннi. Асаблiва калi фiласофскае веданне еўрапейскага паходжання выкарыстоўвалася для асэнсавання нацыянальнай праблематыкi. У гэтым сэнсе “беларуская фiласофiя” расла i развiвалася на ўсiх этапах iснавання “фiласофii на Беларусi” як жывая, дзейсная, дынамiчная плынь мыслення, непасрэдна злучаная з праблематыкай нацыянальнай рэальнасцi. Але не прамiнем увагай, што “беларуская фiласофiя” — гэта толькi адна з тэндэнцый фiласофскага мыслення на Беларусi.

Выказнiкi нацыянальнай фiласофii настойлiва падкрэслiваюць, што яе задачай мусiць быць пошук i вырашэнне спецыфiчных праблемаў “беларускага менталiтэту”, “пошук iсцiннага быцця i чалавека”, “беларускай iдэi”... У гэтым сэнсе “беларуская фiласофiя” — гэта доўгi шлях пошукаў сацыяльна-гiстарычнай сутнасцi сваёй дадзенасцi i перспектываў духоўнага i культурнага развою ў Беларусi ў кантэксце яе стасункаў з еўрапейскай традыцыяй. У рамках гэтага фiласофскага накiрунку былi сфармуляваныя некаторыя iстотныя асаблiвасцi духоўнай гiсторыi Беларусi, вывучаныя многiя аспекты ўплыву еўрапейскай культуры, раскрытыя асаблiвасцi гiсторыi iдэяў у гэтым рэгiёне.

Але тут мы кожны раз сутыкаемся з адной i той жа даследчай праблемай. Нацыянальны фiлосаф у некаторым сэнсе i гiстарычна i культурна лiчыць сябе маргiналам i таму пастаянна прэтэндуе быць не тым, кiм ён ёсць на самой справе. Ён iмкнецца быць падобным на пэўнага “чалавека-архетыпа” (часцей за ўсё еўрапейскага: паляка, немца, рускага...), зважаючы на сябе як на горшага за iх цi, ва ўсялякiм выпадку, не раўнёй iм. Але, адмаўляючыся ад сябе, каб стаць iншым, беларускi мысляр заўсёды трымаў паразу, бо ён адрозны ад не-беларуса, ён не самадастатковы, хоць i не горшы за iншых. Менавiта таму “беларуская фiласофiя” шматкроць у сваёй гiсторыi высоўвала “праекты саманабыцця” (“Людзьмi звацца”, “Жыве Беларусь!”, “Тутэйшыя”).

У якасцi пачатковага пункта “праекта саманабыцця” выступае ўласная рэальнасць, якой бы яна не была (нават адмоўнай). Характэрнай рысай такога “праекта” звычайна з’яўляецца па-гегелеўскi зразуметае адмаўленне як захаванне ўласнай рэальнасцi, гiсторыi, мiнулага ў працэсе iх пераадолення. Iдэйныя архiтэктары падобных “праектаў” абапiраюцца на гiсторыю, на досвед людзей, якiя, жадалi яны таго цi не, ужо стварылi гiсторыю. Гэтая гiсторыя не можа разглядацца як чужынная цi нiжэйшая раўнуючы якой-кольвек iншай гiсторыi. У падобным “праекце саманабыцця”, скажам, еўрапейская культура становiцца ўжо элементам беларускай культуры.

I ўвогуле вобраз нейкага адзiнага еўропацэнтрысцкага галамня i залежных ад яго гiстарычных галiнаў размываецца. Узнiкае новы сiмвал — гарызантальнай узаемасувязi замест вертыкальнай залежнасцi, сусветнага дыялога замест еўропацэнтрысцкага маналога.

У гэтым кантэксце, на мой погляд, першачарговымi тэмамi для крытычнага фiласофскага асэнсавання могуць быць наступныя... Перадусiм — гэта крытычнае асэнсаванне сваiх уласных асноваў, якое магло б аформiцца ў “Гiсторыю беларускай фiласофii” i адпаведную ёй “Анталогiю беларускай фiласофii”. Многiя малыя народы Еўропы маюць нешта падобнае. Аднак тут мы сутыкаемся з праблемай выканаўцаў, здольных аўтэнтычна выразнiць дух беларускай фiласофii.

У цяперашнюю пару перарваная раней акрэсленая традыцыя, хай сабе вонкавага, гiсторыяграфiчнага вобраза ўласнага духоўнага патэнцыялу беларускай культуры. Асобныя энтузiасты не здольныя ўзнавiць духоўную панараму Беларусi. Неабходны рэальны ўнёсак ў гэтую справу i самой дзяржавы як на ўзроўнi акадэмiчнай фiласофii (стварэнне адпаведных акадэмiчных структураў), гэтак i на ўзроўнi фармавання пэўнага патэнцыялу крытычна разважаючых асобаў, якiя змаглi б вызначыць уласны шлях развою ў дыскурсе сучаснага еўрапейскага мыслення.

Вылучаная з вышэй пазначанай iдэi беларускай фiласофii ў кантэксце яе гiстарычнага развою патрабуе асэнсавання i даследавання тэма кампартывiсцкага аналiзу беларускай культуры (яе асобных прадстаўнiкоў) адпаведна пэўных перыядаў i асобных мысляроў еўрапейскай фiласофii.

На мой погляд, важнай тэмай фiласофскай крытыкi магла б стаць тэма рэцэпцыi пэўных фiласофскiх сiстэмаў (“модных” у сваю пару) у беларускай культуры. Тут iстотна прасачыць як Другое (Чужое) улучаецца ў нашае цела, якiя з гэтага адбываюцца трансфармацыi з Другiм i як на гэта рэагуе Мая культура, увесь духоўны арганiзм беларускасцi. Хаця ўжо наперад вiдавочна, што ў розныя перыяды можа быць зусiм розная рэакцыя ўспрыняцця Iншага.

 

 

зьмест