ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

дыскусія


ФРАГМЭНТЫ №7
№7
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Анатоль Лазарэвіч

КРЫТЫЧНАЯ ФУНКЦЫЯ ФІЛАСОФІІ,
КРЫТЫЧНАЕ МЫСЛЕННЕ

 

Я хацеў бы пачаць сваё разважанне з такіх пытанняў: чаму наогул існуе крытыка і якая яе прырода? Чаму ў адным выпадку чалавек здольны крытычна разглядаць з’яву, а ў другім — не, чым абумоўлена крытычнае мысленне, у тым ліку філасофскае, і на чым яно грунтуецца. І гэта, зразумела, не поўны пералік праблем, асабліва калі ўлічваць, што крытычнае мысленне — гэта і індывідуальны акт светаўспрымання, сцвярджэння, паразумення, усведамлення і г.д. Гэта і сацыяльна-культурная з’ява, якая абумоўлена рознымі знешнімі абставінамі і ўмовамі. Але калі імкнуцца шукаць нейкую першапрыроду крытычнай свядомасці, дык я пачаў з такой добрай, на мой погляд, чалавечай якасці, як своечасовае адчуванне непаўнаты як сваіх асабістых, так і чужых ведаў. У першым выпадку чалавек здольны крытычна ўспрымаць усё тое, што ён робіць на падстве сваіх уласных ведаў і свайго светаўяўлення, у другім — усё тое, што грунтуецца на свядомасці і ведах іншых людзей. Доказаў і пацвярджэнняў гэтай думкі існуе надта многа. Я толькі прыгадаю, напрыклад, разважанні антычных філосафаў Ксенафана, Дэмакрыта і асабліва Сакрата, якія казалі аб прынцыповай непаўнаце чалавечых ведаў, што чалавечыя веды — гэта ўсяго толькі чалавечыя веды і што людзі здольныя памыляцца. А гэта значыць, што кожны павінен з паразуменнем адносіцца як да крытыкі на свой адрас, так і да магчымасці крытыкі іншых людзей і іх дзеянняў. Такая прынцыповая ў нейкім сэнсе пазіцыя мае маральна-этычны змест, які здольны характарызаваць прыроду крытычнага мыслення. Дарэчы сказаць, такі падыход у канчатковым выніку мае дадатны сэнс, бо накіраваны не на раз’яднанне і разбурэнне, а на кансалідацыю, стварэнне, дыялог і ўзаемадапаўненне.

Напрыклад, тэорыя крытычнага рацыяналізму К. Попера таксама грунтуецца на вышэйпазначаных разважаннях. Метадалагічны стрыжань крытычнага рацыяналізму заключаецца ў ідэі фальсіфікацыяналізму, якая сцвярджае першапачатковасць і неабходнасць крытыкі ў ацэнцы праўдзівасці ведаў. Пры гэтым крытыка грунтуецца на ўсвядомленым падборы фактаў, якія здольныя выявіць непаўнату, напрыклад, навуковай тэорыі. У святле канцэпцыі К. Попера выявілася, што фундаментам ведаў з’яўляюцца не абсалютныя ісціны, а крытычнае мысленне.

Гэта асабліва тычыцца філасофскіх ведаў, якія з’яўляюцца крытычнымі ўжо па свайму вызначэнню. І тут я б вылучыў два ўзроўні аналізу. Першы — гэта ўзровень так званых “чыстых” філасофскіх ідэй, узнікненне якіх з’яўляецца дастаткова загадкавай з’явай, але ўсё ж звязана з такімі фактарамі, як сукупныя чалавечыя веды, індывідуальна-псіхалагічны стан асобы, этыка-маральныя імператывы. Гэта ўзровень індывідуальных ідэалаў. Крытычная функцыя філасофіі ў дачыненні да гэтага ўзроўню можа быць сцверджана менавіта праз самарэфлексію.

Другі ўзровень, дзе можа пралягаць крытычная функцыя філасофскага мыслення, — гэта узровень непасрэднай філасофскай рэфлексіі ў дачыненні да аналізу тых ці іншых з’яў прыроды, грамадскага і дзяржаўнага жыцця, культуры, палітыкі і г.д. Але ўсё гэта становіцца магчымым толькі ў тым выпадку, калі чалавек-філосаф мае дастаткова выразны сэнс ідэй і поглядаў вышэйпазначанага першага ўзроўню. Пад выразнасцю я тут маю на ўвазе ў першую чаргу асабістае ўсведамленне змястоўнасці філасофскай ідэі, погляду, падыходу. Калі гэтага няма, тады на змену крытычнаму аналізу прыходзіць апалагетыка, якая грунтуецца альбо на пагаджэнні з чужымі поглядамі безадносна да іх асабістага асэнсавання, альбо на нейкай наўмыснай мэце. Таму вызначэнне пэўных мэтавых падстаў крытычнага аналізу мае ў любым выпадку выключнае значэнне. Галоўнае — каб крытыка, у тым ліку і філасофская, не была абумоўлена, напрыклад, палітычнымі ці ідэалагічнымі амбіцыямі. Крытыка павінна разглядацца як метадалагічная норма пошуку ісціны. А гэта прыходзіць ужо з пэўнай культурай, частку якой складае і культура крытычнага мыслення. Яе трэба таксама фарміраваць і развіваць.

 

Сучасны стан беларускай філасофіі
і яе патэнцыял для крытыкі сучаснасці

Калі гаварыць пра сучасны стан беларускай філасофіі, дык ён, зразумела, пакідае жадаць лепшага. Пачну з ацэнкі грамадскай свядомасцю агульнага аўтарытэту філасофскай навукі. Не цяжка заўважыць, што на працягу не аднаго дзесятка апошніх год рэйтынг каштоўнасці філасофскага мыслення значна знізіўся. Філасофія на нейкім этапе згубіла адносіны да сябе як да інтэгратыўнага пачатку ў разуменні і асэнсаванні сутнасці чалавечага жыцця, грамадскага і дзяржаўнага ладу, сацыяльна-культурнага і прыроднага развіцця ў цэлым. Прычын гэтаму некалькі, але, можа, галоўная з іх знаходзіцца і ў самой філасофіі, якая забылася аб сваёй крытычнай функцыіі і стала падыходзіць да аналізу з’яў, асабліва сацыяльнага жыцця, з выкарыстаннем апалагетычных ці, у лепшым выпадку, абстрактных тэорый. Крэн у філасофскіх даследаваннях быў зроблены ў бок філасофіі і метадалогіі навукі, праблем тэорыі навуковага пазнання, як больш нейтральнага накірунку ў адносінах да раскрыцця заканамернасцей сацыяльна-культурнага, а тым больш — грамадска-палітычнага і дзяржаўнага развіцця.

Аднак у пачатку 90-х гадоў і гэты накірунак даследаванняў пачынае губляць сваё значэнне з прычыны агульных крытычных адносін грамадскай свядомасці да навуковага светапогляду наогул і філасофскага — асабліва. На першы план выхо-
дзяць іншыя формы свядомасці, якія абумоўлены імкненнем чалавека знайсці пэўную нішу душэўнай супакоенасці сярод набягаючых праблем і розных жыццёвых цяжкасцей. У выніку атрымалася, што гэтыя цяжкасці аказаліся здольнымі дэтэрмінаваць пераважныя адносіны да другіх сістэм светапогляду, напрыклад, рэлігійнай, містычнай, міфалагічнай. Менавіта таму яшчэ і сёння папулярнымі з’яўляюцца розныя астралагічныя прадказанні, іншыя формы акультных ведаў, якія па ступені ўздзеяння на свядомасць маюць больш мабільны характар з прычыны іх адноснай прастаты, цяжкаватай верыфікацыі і ў сувязі з экзістэнцыяльнымі асаблівасцямі псіхікі чалавека.

Што датычыць сучаснай беларускай філасофіі, дык здаецца, што яна ўсё ж пачынае падымацца з каленяў. Знік налёт звыклай партыйнасці і дагматызму, абстрактных тэарэтычных схем і ўтапічных падыходаў. Дастаткова прыкметным з’яўляецца паварот да ўзмацнення прынцыпаў навуковасці, аб’ектыўнасці, гуманізму і лібералізму. Універсальныя чалавечыя каштоўнасці становяцца цэнтрам увагі філасофскага аналізу сумесна з пытаннямі нацыянальнага адраджэння і самасвядомасці, асаблівасцямі беларускай культуры, самабытнасці і дзяржаўнасці. Але мне здаецца, што гэта толькі першыя зрухі і наперадзе яшчэ вельмі шмат працы.

Зразумела, гэта праца не можа весціся на пустым месцы. Таму калі гаварыць аб нейкім патэнцыяле беларускай філасофіі для магчымага ўзнікнення новых накірункаў даследаванняў, новых ідэй, плыняў, крытычных тэорый, то я б тут выказаўся за выкарыстанне ўжо дасягнутых вынікаў, напрыклад, у вывучэнні гісторыка-філасофскай думкі Беларусі, тэорыі і метадалогіі навуковага пазнання, пытанняў сацыяльна-экалагічнага адраджэння. У гэтым параўнанні можа значна бяднейшым выглядае вопыт крытычнага аналізу сацыяльных працэсаў, грамадска-палітычных з’яў і асаблівасцей дзяржаўнага развіцця. Таму тут, мне здаецца, трэба абапірацца на агульнафіласофскія дасягненні, логіку і метадалогію навуковага аналізу і пошуку, індывідуальны вопыт крытычнага мыслення. Галоўнае, каб у гэтай справе на філасофію не ўскладваліся не адпавядаючыя ёй функцыі журналістыкі, паліталогіі, сацыялогіі.

 

Тэмы і аб'ектыфіласофскай крытыкі (аналізу)

Філасофія заўсёды знаходзіцца ў пошуку і гэта звычайны стан яе існавання і развіцця. Іншая рэч — чым абумоўлены гэты пошук, што на яго ўплывае, ці з’яўляецца ён іманентнай патрэбай самой філасофіі, або гэта патрэба дыктуецца нейкай модай, спробай самасцвярджэння, самавыражэння і г.д. Калі з гэтага пункту гледжання кінуць позірк на тыя публікацыі, што час ад часу з’яўляюцца ў друку, дык можна заўважыць і першае і другое. І, відаць, нічога дрэннага ў гэтым няма, галоўнае, каб, напрыклад, той жа постмадэрн у філасофіі не зводзіўся да эклектычнай сумесі амаль што ўсіх вядомых да гэтага часу філасофскіх кірункаў і плыняў, а сапраўды вызначаўся аналізам таго, што ж насамрэч чакае чалавецтва пасля сучаснасці. Але, як вядома, гэтаму перыяду ўсё ж папярэднічае сучаснасць, і ў гэтай сучаснасці існуе чалавек з яго думкамі, дзеяннямі, свядомасцю. Побач з усім гэтым існуе рэчаіснасць, якая “зробленая” ў тым ліку і вышэйазначанай свядомасцю. Трэба памятаць яшчэ і аб мінулым, з якога выходзіць сучаснасць. Таму калі імкнуцца вылучыць нейкія першачарговыя аб’екты філасофскай крытыкі, дык з аднаго боку мы сутыкаемся з вечнымі і фундаментальнымі праблемамі чалавечага існавання, свядомасці, унутранага свету, а з другога боку бачым эвалюцыю і стан знешняга свету, які падштурхоўвае людзей да самых нечаканых форм існавання і мыслення. Сярод такіх форм я б вылучыў сёння сацыяльную камунікацыю постіндустрыяльнага грамадства з комплексам праблем новага сацыяльна-эканамічнага, грамадска-дзяржаўнага, культурнага і індывідуальна-псіхалагічнага ўзроўню арганізацыі рэчаіснасці. Цэнтральнай ідэяй тут з’яўляецца філасофская рэканструкцыя гістарычных тыпаў і сучаснай стратэгіі жыцця постіндустрыяльных грамадстваў з выпрацоўкай норм і прынцыпаў апераджальнага падыходу ў вызначэнні перспектыў развіцця. У гэтай сувязі актуальнымі і зразумелымі становяцца даследаванні фенамена інфармацыйнага грамадства з яго галоўным таварам — ведамі і інтэлектуальнымі тэхналогіямі, праблем быцця чалавека ў сістэме прагрэсуючых камп’ютэрных магчымасцяў і віртуальных рэальнасцяў. Новая сацыяльная камунікацыя ўсё больш і больш набывае рысы ўніверсальнасці, таму адным з важных тут з’яўляецца пытанне: як спалучыць гэтыя рысы з нацыянальнай і культурнай адметнасцю асобных дзяржаў і народаў?

 

 

зьмест