ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

мысьленьне/літаратура


ФРАГМЭНТЫ №7
№7
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Натальля Зэт

(НЕРАЗБОРЛІВАЕ СЛОВА)

альбо ФРАГМЭНТЫ*  канспэкту па посткалянiялістыцы, багата iлюстраваныя цытатамi* * з Картасара ды Бляншо* **

птушыная

(жаночая вэрсыя)* ***

/забаўка для абазнаных/

//ціхая правакацыя//

///сур”ёзная справа ///*****

 

Чаму я пішу? У мяне няма выразных ідэяў і наогул няма аніякіх ідэяў. Ёсьць асобныя кавалкі, намаганьні, блёкі, і ўсё гэта шукае формы, але раптам у гульню ўступае рытм, я схопліваю рытм і пачынаю пісаць, падпарадкоўваючыся рытму, рухаючыся згодна зь ім…І самае важнае для мяне — swing, разгойдваньне, якое ўзьнікае, калі тое, што я хачу сказаць (ці тое, што хоча выказацца), валодае дастатковай сілай…

(мужчынскі варыянт эпіграфу)

Тук-тук, у вас у галаве птушка, яна хоча чаго-небудзь аргентынскага / чаго-небудзь беларускага…

(іншы варыянт)

 

Фармальным матывам напісаньня гэтага эсэя была спроба прачытаць спадара Картасара па-беларуску (думка, якая не давала яшчэ сябе прадумаць), суаднесьці ягоны Тэкст*  з фарматам Postcolonial Studies, уключыць яго ў (тутэйшы?) посткаляніяльны дыскурс. Ці магчыма гэта? Ці ня станецца беларускі эсэй пра Яго чарговым інтэлектуальным пахаваньнем?

 

У цемры часу, як мне здаецца, гэткая ўжо была ў мяне завядзёнка: я ўсё ведаў цяпер, напэўна, усё забыў – акрамя самой гэтай жахлівай упэўненасьці, што я ўсё ведаў. Я не мог спытаць, мяркую, у мяне не было аніякай ідэі, якім магло быць пытаньне, аднак патрэбна было спытаць, гэтага патрабавала бясконцая неабходнасьць…

 

Можа здарыцца, што якраз сёньня ўзьнікне гэтае пытаньне (пытаньне, якое мусіць сябе задаць). Маладзік, як заўсёды, спакушае магчымасьцю адсоўваньня мяжы ды пераблытваньня каардынатаў. Пераступіць празь істотнае – вось чаго само істотнае патрабуе ад мяне. Фрагмэнты пачутага, выпадковыя цытаты, недарэчныя рэфлексыі, раптоўныя рэмінісцэнцыі авалодваюць паціху прасторай кампутарнага аркуша. Наратар зь лёгкім напружаньнем зьнікае з экрану…Скрыптар ужо загрукацеў па клавішах…

Перш за ўсё варта абраць пункт гледжаньня, ракурс бачаньня, ці хаця б надаць нейкі статус асобе/наратару/візыянеру, да чыёй карціны сьвету мы будзем апэляваць. Картасараўскі Арасіа тут абірае сябе сам. Дзе ягонае мейсца?

Хутка акрэсьлім трохчасткавую структуру посткаланіяльнага сьвету: Калянізатар, Калянізаваны, Посткаляніяльны Крытык. Але гэта толькі фармальная відочнасьць. Насамрэч прастора паміж складаецца з процьмы герояў: Гомі Бгабга, не пазнавальны ў ангельскай транскрыпцыі, няголены інтэлектуал у кавярні, які на брыдкую каву – нешта рэчытатывам пра лякалізацыю-легітымацыю, нейкія асобы-цені, якія ў начной бібліятэцы ўслухоўваюцца ў ціхі голас, што распавядае пра практыкі посткаляніяльнага пісьма, і яшчэ цэлы шэраг напаўзданяў.

Але ж. Аніколькі не спрабуючы разбурыць нядаўна створаны катэгарыяльны апарат, спынімся на візыі посткаляніяльнага пэрсанажу зь недаакрэсьленым статусам. (Назавем яго Алівейра). Бо ўсё на сьвеце як-небудзь завецца,чэ, трэба толькі падабраць назву.

Пэрсанаж, які не зрабіўся сур’ёзным посткаляніяльным крытыкам (бо нястомна змагаўся са словамі, шукаючы адзіна магчымую мову для адлюстраваньня нябачных канфліктаў ды грувасткіх міталягемаў). Пэрсанаж, што паўстае з прасторы рэфлексыі, пазначанай Посткаляніяльнымі Досьледамі, якія самі ператварыліся ў зручную ідэялягему, закліканую растлумачыць неверагодную разнастайнасьць уплываў Вялікай-Ідэалягічна-Рэалістычна-Духоўна-Матэрыялістычнай-Пыхі Заходняга Сьвету на Постпарадкаваныя краіны.

Аб’ектам сузіраньня (ці, хутчэй, услухоўваньня) абіраецца мова (голас суб’екту) ды прастора ягонага выяўленьня (лякалізацыя).

 

Урыўкі з канспэкту: посткаляніялістыка хутчэй вы-
значае ракурс бачаньня… гэта суб’ектная пазыцыя, зь якой разгортваюцца Postcolonial Studies …своеасаблівая спроба рэканструкцыі ўсіх магчымых дачыненьняў: падпарадкаваньне, супраціў ды сымбіёз…

 

Магчыма, што там, дзе я ёсьць, мяне захлынае своеасаблівая сьмеласьць (своеасаблівая боязь). Гэтая сьмеласьць утрымлівае мяне на нагах. Я не магу ня ведаць: тое, што я шукаў, у гэты момант шукае мяне. Тое, ува што я ўзіраўся, хоча зазірнуць мне ў вочы.

 

Ці можа падпарадкаваны прамаўляць? /Г.Сьпівак/. Паставім пытаньне па-іншаму, а ці можа ён прамаўчаць? Ці ён асуджаны на вечнае трызьненьне на невядомым ідыялекце ў сытуацыі татальнага няслуханьня? Падпарадкаваны павінен прамаўляць (ці нешта павінна прамаўляць празь яго), каб зьмясьціць сябе ў нейкі (хаця б вэрбальны) кантэкст, прымусіць сябе паверыць у адну зь міталягізаваных ісьцінаў, якія існуюць адно дзеля таго, каб стварыць уражаньне наяўнасьці, уцялесьненасьці суб’екта ў сытуацыі ягонае існае непрысутнасьці…

 

Я адчуваю жах перад гэтым праксенітызмам словаў і атраманту…Безьліч моваў…У вечнай вайне са словамі… Вось бы пачаць расу, якая б здолела паразумецца пры дапамозе малюнка, танца, макрамэ ці абстрактнай мімікі. Ці ўдалося б ім пазьбегнуць слоўнага падману?

 

Магчыма, ён толькі і робіць, што пацьвярджае мне мяне самога. Магчыма, гэты дыялёг – толькі пэрыядычнае вяртаньне словаў, якія цябе шукаюць, бясконца гукаюць адно аднаму і сустракаюцца толькі аднойчы (любы посткаляніяльны пэрсанаж)…

 

Дыялёгу паміж Калянізаваным і Калянізатарам не адбываецца: першы амаль не існуе (у якасьці суб’екту гаварэньня), а другі ня здольны ня толькі зразумець, але і пачуць. Абодва валодаюць прынцыпова рознымі мовамі, якія аніяк не суадносяцца на ўзроўні дыскурсу. Іхняя несуаднесенасьць мае не інфарматыўны, а хутчэй “інтэрлякутычны” характар: мовы не цікаўныя, абыякавыя адна да адной. Кожны абыходзіцца сваёй мовай.

 

Ці магчыма жыць побач з тым, хто зацята ў нешта ўслухоўваецца? Гэта вас зьнясільвае, спаляе. Хочаш хоць крыху абыякавасьці, заклікаеш забыцьцё; забыцьцё ж стуль нікуды і не сыходзіла, менавіта перад глыбінямі забыцьця і належала гаварыць няспынна. Бясконца…

 

Пэрсанажы яшчэ нешта гавораць адно да аднаго, але слухаць ужо няма каму. І тады ўзьнікае трэці (дваццаць восьмы) пэрсанаж, які мусіць заставацца на памежжы, каб ня быць зангажаваным ніводным з бакоў, які павінен прысьвяціць сябе справе дэканструкцыі імпэрскага наратыву, дэцэнтрацыі дыскурсу, практыцы посткаляніяльнага пісьма і чытаньню-насустрач-калянізацыйных-і-антыкалянізацыйных-тэкстаў…

мяркую-што-адварот-наа

 

Да ўсяго мова падпарадкаванага яшчэ ня ёсьць сфармаванай. Ён яшчэ вагаецца паміж амаль непераадольным жаданьнем маўчаць (адмаўленьне ад паведамленьня ёсьць значна больш моцным і жорсткім паведамленьнем) і спробамі, не карыстаючыся словамі, прыйсьці да слова (і не карыстаючыся меркаваньнямі розуму, спасьцігнуць глыбінную сутнасьць). Вынайсьці іншую мову бяз словаў*  ці зь іншымі словамі, ці са словамі ў іншых спалучэньнях, ці са словамі, якія апісваюць досьвед сталага засяроджваньня на ўласных рэфлексыях, узгадваньнях пра ўяўнае, снах, неакрэсьленых летуценьнях ці нечым яшчэ….

 

Яна хацела растлумачыць, але не знаходзіла словаў і ў цемры дакраналася да Т., ейныя далоні краналі ягоны твар, рукі, грудзі, і з гэтага нараджалася тлумачэньне, яно йшло аднекуль, з глыбіні ці з вышыні, зь нечага, што не было гэтай ноччу і гэтым пакоем, нібы мармытаньне, якое няпэўна нешта абвяшчала, нібы прадчуваньне сустрэчы з тым, што можа стацца весткай, але голас, які нёс гэтую вестку, дрыжэў і ламаўся, і вестка паведамлялася на незразумелай мове, і усё ж такі яна была адзіна неабходнай цяпер і патрабавала, каб яе пачулі і прынялі…

 

Падпарадкаваны асуджаны на бясконцае мармытаньне*  з адчуваньнем непераадольнага жаху перад словамі, якія немагчыма прамовіць без таго, каб не паставіць сябе ў залежнасьць, каб не сьцьвердзіць іхняга безумоўнага дамінаваньня, права на гвалт і пыхлівую помсту.

 

Урыўкі з канспэкту: практыка посткаляніяльнага пісьма мае на ўвазе праект метамовы (бо мова Калянізатара і антымова Калянізаванага характарызуюцца аднабаковасьцю). Метамова (стварэньне, ужываньне) і ёсьць чаканым вынікам доўгіх тэарэтызаваньняў…(паміж іншым).

 

Мова азначае знаходжаньне ў нейкай рэчаіснасьці, хаця і праўда, што мова, якой мы карыстаемся, здраджвае нам, недастаткова аднаго жаданьня пазбавіць усіх ягонага табу, трэба наноў пражыць яго, наноў удыхнуць у яго душу.

 

Двухсэнсоўныя словы зрабі сваёй зброяй,
ясныя пахавай у энцыкляпэдычную цемру…
Голас жарсьці лепшы за голас развагі,
бо ня маючы жарсьці, ня зьменіш хады гістарычных падзеяў…

(Мілаш, канешне)

 

Паміж мной і Магай узьніклі цэлыя зарасьнікі словаў, і ледзь толькі нас зь ёй падзялілі некалькі гадзінаў і некалькі вуліц, як мая бяда стала толькі звацца маёй бядой, а маё каханьне толькі звацца маім каханьнем… І з кожнай хвілінай я адчуваю ўсё меней, а памятаю ўсё болей, але чым ёсьць такі ўспамін, хіба гэта ня мова пачуцьцяў, ня слоўнік твараў і дзён, і водараў, якія вяртаюцца да нас дзеясловамі і прыметнікамі, часьцінамі мовы, і, паціху набліжаючыся да чыстай цяпершчыны, паступова становяцца рэччу ў сабе, і з часам яны, гэтыя словы, наўзамен былых пачуцьцяў выклікаюць у нас тугу ці павучаюць нас, пакуль сама нашая істота не замяняе сабой мінулае, а зьвернуты назад твар з шырока расплюшчанымі вачыма, сапраўдны наш твар, паступова блякне і губляецца , як блякнуць твары на старых фотаздымках, і мы, усе як адзін – раптам ператвараемся ў Янусаў…

 

Паспрабаваць распавесьці гэта словамі, але ня тымі, якія здатныя адно, каб не разумець адзін аднаго; патрэбныя іншыя словы, у якіх адчувальны бясконцы цяжар і невымоўная лёгкасьць неба, выстаўленыя навідок межы і зьзяньне, чароўны бляск далечыні, словы, агорнутыя ў аўру ды пругкасьць, ад якіх залатой пярхой напаўняецца пакой ці верш. Часам здаецца, што ўжо валодаеш гэтай мовай, бо нейкім чынам прамаўляеш прынцыпова невымоўнае, агучваеш нягучнае. І цяжка растлумачыць (цяпер, усеагульнай мовай), шть там больш істотнае: інтанацыя, лягічныя націскі, сэмантыка, сынтаксыс, пранізьлівая фразеалёгія…Досьвед паразуменьня сьведчыць, што такая мова ня ёсьць выключна індывідуальнай зьявай. Але, зь іншага боку, — кола прысьвечаных..? Не, напэўна, шырэй. Хаця і не ўнівэрсальная. Прынамсі, патрабуюцца намаганьні, каб адключыць лягічна-валявыя пачаткі, рацыянальна-недаверлівую падазронасьць. Але ж ў гэтай мове прысутнічае ўласная ўнутраная рацыянальнасьць, дужа не клясычная лёгіка ды свая невымоўная дэтэрмінацыя…

 

Ці існуе гэта трывала, ці, можа, штораз ствараецца наноў у момант маўленьня? Ці памятае сябе гэтая мова? Бадай, не. Магчыма, як у ланцугах Маркава, “сыстэма памятае сябе на крок назад”. Астатняе – амаль небыцьцё. Цяжка паддаецца спробам зафіксаваць. Амаль не паддаецца (мне і цяпер). Ці не жаночая гэта мова (вуркатаньне-гергетаньне-мармытаньне)? Не, хаця асобныя ідыялекты могуць часам нагадваць… Не, нармалёвая птушыная мова (тук-тук…), на якой можна доўга шукаць цэнтр і якая сама зрэшты падкажа, дзе трэба (калі трэба) яго шукаць. Мова, у якой існуюць азначэньні для бясконцай разнастайнасьці цэнтраў сусьветаў

якія тояцца пад павекамі,

якія позірк, зьвернуты ўглыб, пазнае і шануе.

/Марэліяна-13/

 

Напэўна, яму заўсёды было наканавана пакутаваць ад таго, што ня здолеў знайсьці азначэньня таму адзінству, якое часам называў цэнтрам, і, ня маючы больш дакладных абрысаў дзеля апісаньня, выкарыстоўваў такія вобразы, як чорны крык, як супольнасьць жаданьняў ці нават як жыцьцё, бо яно складвалася дастаткова нешчасьліва…

 

Гэтая мова мае ўладу над тэрыторыяй, структуруе яе, сакралізуе згодна са сваёй імгненнай арганізацыяй — тэрыторыя аказваецца цалкам падпарадкаванай. І герой, пачынаючы шукаць свой цэнтр і сваю перыферыю ў прасторы, вымушаны “перажыць” неверагодную колькасьць ландшафтаў, прайсьці (вызначанымі мовай) маршрутамі, каб аднойчы пераканацца, што адрозьненьня не існуе, што апазыцыя выразна акрэсьлена хіба ў мове калянізатараў-калянізаваных, на тэрыторыі межаў.

І выбар мовы – гэта, зрэшты, наш выбар

 

і мы заварочваем яго ў словы, як хлеб у сурвэтку, і ўнутры застаецца водар, духмяная мякаць, “так” без аніякіх “не” ці, наадварот, — “не” без усялякіх “так”…

 

Чым ёсьць усе нашыя цытаты, як ня спробай “напісаць” гэтыя фразы? Кожная зь іх роўная і няроўная сабе самой, належыць і аўтару, і нам, бо набывае зусім новы сэнс у незнаёмым атачэньні. (Страшэнная пакута рабіць абзацы, спасылкі, каментары, ставіць коскі і двухкроп’і ў плыні, якая, здаецца, згадзілася б хіба на працяжнікі – імклівыя, няўрымсьлівыя, здатныя акрэсьліваць рух у абодва бакі).

 

Адкуль гэтае непазбыўнае жаданьне бясконца прамаўляць ужо прамоўленае? Адкуль здрадніцкае імкненьне схавацца за фрагмэнтамі легітымізаваных (напэўна) тэкстаў, пакінуўшы сабе крыху “адцягнуцца” на кампазыцыі? І гэта не пераклад на жаночую мову/птушыную мову, бо словы, зрэшты, паўсюдна такія самыя, адно “сэмантычная спалучальнасьць” утварае цалкам безэквівалентныя канструкцыі. Птушыная вэрсыя мусіць быць пазбаўленая ўсялякіх аўтарытэтаў ды імпэратываў, таму заўважна, што тэкст не рассыпаецца, бо абмежаваны хіба гвалтам белага аркуша (Data Copy, А4, 80 г/м2 ). Затое памяжоўная (паміж межамі) прастора не паддаецца аніякаму структураваньню. Цытаты (грувасткія і бясконцыя) няспынна дрэйфуюць зь мейсца на мейсца, то прыхоўваючы, то выслабаняючы рэшту і без таго кволых каментароў. Надзвычай недарэчнай пры гэтым выглядае назва: тое, што мусіла быць ілюстрацыяй (моцны дыскурс!), парушыла каардынаты і сталася самым значным. Наратыўная функцыя падзеленая паміж цытатамі і пустэчай (“Пісьмо патрабуе прабелаў…сьвятло пакідае цень…”). Да таго ж пустэча (абзацы прабелаў) паступова, але няўмольна авалодвае прасторай пісьма, прычым марныя спробы зьвязаць паміж сабой кавалкі кананічных тэкстаў <зацемкі наратара> у сваім графічным выяўленьні амаль адразу зьнікаюць у нейкай анталягічнай бездані, цытаты ж пакуль гойдаюцца на паверхні…

Такім чынам, — спроба нефіксаванай літаратуры: тэкст, які існуе ў рэжыме бясконцага ўдакладненьня, эсэй, які немагчыма спыніць. Застаецца рэдагаваць гучаньне. Сутнасьць няўхільна крышталізуецца ў прабелах паміж словамі. Таму асноўны стылёвы прыём – ужываньне разнастайных адценьняў белага.

 

Бо, насамрэч, ён анічога ня мог распавесьці. Ён спрабаваў пацягнуць канец —выцягвалася доўгая нітка, мэтры за мэтрами, проста мэтрамэтрыя нейкая, словамэтрыя, анатамэтрыя, патрыёмэтрыя, болемэтрыя, дурнамэтрыя, млоснамэтрыя, <беларусамэтрыя>, усё, што заўгодна, толькі не клубок.

 

Урыўкі з канспэкту: “…стратэгія аб’ектывацыі
суб’ектнасьці (калянізатар выстаўляе люстэрка перад калянізаванымі, і тыя бачаць не сябе, а вобраз, наўмысна створаны калянізатарам…)

 

Я быў там – і “я” ўжо станавілася ня болей, чым “хто?”, нязьлічонай колькасьцю гэтых “хто?” — каб паміж імі і ягоным лёсам анікога не было, каб ягоны твар застаўся аголеным, а ягоны позірк – непадзеленым. Я быў там ня дзеля таго, каб яго бачыць, а каб ён сам сябе ня бачыў, каб у люстэрку бачыў мяне, іншага, чым ён, — іншага, чужога, блізкага, зьніклага, цень з таго берага, анікога – і каб праз гэта ён застаўся чалавекам да самага канца. Неабходнасьць ня даць яму ад нас адасобіцца, нельга, каб ён разглядаў нас так, нібы нас там насамрэч не было (самы надзённы абавязак: адчуць нашую блізкасьць, жыцьцё ў нас, нястомную прагу жыцьця). Але часта ўсё ж перамагала думка, што мы ўжо даўно памерлі ў ім: ня ў гэтай канкрэтнай форме, якую б было зусім нескладана засвоіць, але ў адлюстраваньні, якое чыталася на нашых тварах.

 

Урыўкі з канспэкту: “…сярод стратэгіяў культурнага каляніялізму важнае мейсца займае наданьне безумоўнай перавагі мове Калянізатара, ягонаму мастацтву, цывілізацыі, гістарычным мітам пра паходжаньне. …Грунтоўна ўсталёўваецца апазыцыя “унівэрсальнае—мяйсцовае”, дзе мяйсцовае мае заўсёды негатыўную афарбоўку. Міт “сымптом чыстай душы” – своеасаблівая зачыстка сьвядомасьці… “Калянізаваны сутнасна адрозьніваецца ад Нас”… Не реальны калянізаваны, а толькі сутнасьць (а хто ведае сутнасьць, кантралюе сытуацыю).

 

“Сутнасьць калянізаванага – вызначаныя міты і вобразы, бо такую сутнасьць вызначылі яму Мы.”

 

Кожны адчуваў, што перавагу аддаюць некаму іншаму, але не каму заўгодна, а заўсёды бліжэйшаму зь іншых, нібы ён мог глядзець, толькі ўзіраючыся крыху прэч, вышукваючы таго, з кім ты судатыкаўся, каго ты кранаў, таго, кім насамрэч ты упэўнены, што зьяўляешся. Магчыма, <Беларусь як магчымасьць> у вас ён абіраў заўсёды некага іншага. Гэта быў позірк, якім і хацелася, каб вас разглядалі, але ён, напэўна, ніколі на вас і не трапляў, а трапляў дагэтуль хіба што на кавалак пустэчы побач з вамі…

 

Не адсутны, агорнуты адсутнасьцю, які агортвае нас адчуваньнем сваёй адсутнасьці. Нібы ад яго толькі і было, што ягоная прысутнасьць, якую ён сам, здавалася, не ў стане запоўніць самастойна, нібы ўжо зьнікнуўшы ў ёй, якая павольна, бясконца яго засмоктвала, — прысутнасьць без анікога, магчыма? Але ўсё пераконвала мяне не сумнявацца, што ён там быў: напэўна больш самотны, чым я мог сабе ўявіць, прыціснуты сваім размеркаваным адступленьнем да тае нябачнае лініі, ахапіць якую мае позіркі і думкі не маглі, бо няздольныя былі яе пераадолець.

 

…“Мы ўсе кіраваныя”, мы ўсе падпарадкаваныя, мы ўсе аб’ектываваныя… Ён пачаў выдумляць назвы артыкулаў, гэта заўсёды дапамагала яму…

Прыдумваю. “Праект: “Рэаб’ектывацыя суб’ектнасьці”, ці “Суб’ектывацыя наноў”, ці нават дробна-экстрэмісцкае “Аб’ектывацыя ня пройдзе!”. Жахліва. Ён палічыў да 200, назвы болей не прыдумваліся…

Часам здаецца, што найвялікшая падпарадкаванасьць у тым, што ты вымушаны пра гэта гаварыць. Тук-тук, у вас у галаве птушка, яна хоча чаго-небудзь посткаланіяльнага

 

(Амаль канспэкт): Амнэзыя як мэта? (забыць каланіяльны стан?) А пустэчу запоўнім сваімі тэкстамі ды сваімі мітамі. І ня будзе там анічога пра барацьбу ды змаганьне. І метафары ў нас будуць непразрыстыя. Ператворым нашую рэ-(дэ-)прэсаваную суб’ектнасьць у высокамастацкія тэксты.

 

Так, ёсьць метафізычныя рэкі, і яна зь лёгкасьцю ў іх плавае, нібы ластаўка ў паветры, і кружыць, як зачараваная…. Я апісваю, вызначаю гэтыя рэкі, а яна ў іх плавае. Я іх шукаю, я іх знаходжу, гляджу на іх з маста, а яна ў іх плавае. І сама гэтага не ўсьведамляе, не раўнуючы як ластаўка…

(птушыная легітымацыя)

 

* * *

Парыж, вуліца Юшэт, цэнтр, мандала, недасяжнае дрэва Ігдрасіль, тэрыторыя перарывістага дыханьня і вільготных далоняў, тэрыторыя, якой трэба пазбавіцца без усялякай дыялектыкі. Жахлівая справа – таўчыся ў коле, асяродак якога – паўсюль, а абвод – нідзе. Прастора, падзеленая клеткамі клясыкаў, дзе заўсёды знаходзішся па другі бок (“звар’яцець можна, калі б звар’яцець можна было так проста”), дзе непараадольная адлегласьць пралягае паміж “я” і “ты”, паміж “гэтае” і “тое”…

 

Я магу ўзгадаць усё гэта і узгадваць гэта – значыць рабіць яшчэ адзін крок у той самай прасторы, там, дзе ісьці далей азначае загадзя прымусіць мяне вярнуцца. Аднак, хаця мяне ўжо зацягвае гэтае кола, і няхай нават мне прыйдзецца пісаць гэта вечна, я б так і напісаў, каб закрэсьліць вечнае: Цяпер, канец.

 

Важна вынайсьці канчатковы і адчайны сродак зьбіць іх з загадзя ўсталяванай каляіны іманентнай ды трансцэндэнтнай этыкі, каб адшукаць аголенасьць, якую ён называў Стрыжням. А часам парогам.

Я не магу пазбавіцца адчуваньня, нібы вось тут, перад маім тварам, сплецены з маімі пальцамі зьдзяйсьняецца асьляпляльны выбух да сьвятла, нібы прарыў ад мяне ў іншае, ці гэта іншае пранікае ў мяне, нешта крышталёва цудоўнае, што магло б згусьціцца і ператварыцца ў сьвятло, бязь межаў у часе і прасторы. Нібы перад табою дзьверы з брыльянту і апалю, за якую толькі ступі – і зробішся тым, кім ты ёсьць насамрэч, аднак быць гэтым ня хочаш, ня ўмееш ды ня здольны.

…Яго перапаўняў радасны супакой: нарэшце без словаў, без усяго, што было б хоць неяк зьвязана з тэрыторыяй, і радасьць была менавіта ў гэтым – адчуваць, як тэрыторыя адступае… Зьнішчыць тэрыторыю, апынуцца там, дзе зьмешваюцца плыні рэальнасьці і сну і зразумела, што няма болей розных плыняў.

….але замест таго, каб быць унутры – замкнёным, агорнутым нейкай сфэрай, я ўтвараю ейную паверхню, аскрайнюю і, магчыма, бясконцую паверхню…Колішняе выварочваньне на вонкі ізноў усталёўвае раўнавагу, а мяне пакідае зь небясьпечным пачуцьцём, што мяне зусім не вярнулі ў цэнтр, а мая магчымасьць адчуваць і бачыць ізноў пайшла па колу заслонай надзіва распушчанага сьвятла, якое рухаецца вакол прасторы, калі толькі й яна па-свойму ня круціцца…

 

Вось такі дыялёг двух культурных герояў (хай тэксты пішуцца самі!). Наратара ўжо даўно няма, а скрыптар толькі пасьпявае занатоўваць пачутае…

 

“Скончыцца матэ, і мне – канец, адзіны сапраўдны дыялёг, на які я здольны, — дыялёг з гэтым зялёным гарлачыкам. Мабыць, гэты гарлачык мог бы мне дапамагчы адшукаць цэнтр (я сапраўды ня ведаю, хто гэта гаворыць).

 

Пра гэтую гульню, калі гэта гульня, магу сказаць, што прысутнічаў пры ёй. Але, калі гэта вар’яцтва, я бачу, што ў ім удзельнічаю.

 

Ціхі голас за кадрам (зь лёгкай урачыстасьцю):

Ці ёсьць якая-небудзь магчымасьць зрабіць дасягальнай недасягальнасьць “Чужога”, не зьнішчаючы і не паслабляючы яе? Пытаньні, чым ёсьць і што азначае “Чужое” ці дзеля чаго яно тут, уключаюць яго, незалежна ад нашага жаданьня, у пэўнае перадведаньне ці перадразуменьне. Мы знаходзімся на шляху спасьціжэньня, разуменьня і тлумачэньня, дзе ўсё “Чужое” ператвараецца ў нешта яшчэ не спасьцігнутае, яшчэ не зразумелае, яшчэ не растлумачанае, хаця б мы і трывалі ці нават ушаноўвалі рэшту незразумелага, нерастлумачанага ці недасьледаванага.

Сытуацыя зьмяняецца, калі мы адмаўляемся ад выразнага азначэньня таго, чым ёсьць “Чужое”, і замест гэтага прымаем “Чужое” у якасьці таго, на што мы адказваем і непазьбежна па-
вінны адказаць, г.зн. як патрабаваньне, выклік, намер, заклік і г.д., як бы ні гучалі разнастайныя нюансы. Усялякае “узіраньне” ды “услухоўваньне” было б узіраньнем ды услухоўваньнем у адказ…

(Сур’ёзная птушка)* .

 

Фрагмэнты зь іншага канспэкту:

Бадрыяр узгадвае пра адно з Борхесавых апавяданьняў, дзе “імпэрскія картографы складаюць нагэтулькі дэталёвую мапу, што яна цалкам і дакладна адлюстроўвае ўсю тэрыторыю гаспадарства, а заняпад Імпэрыі зьяўляецца сьведкам паступовага праціраньня мапы і ўрэшце яе распаду, хаця некаторыя яе шматкі на ўскраінах яшчэ можна было б паднавіць…

Сёньня абстракцыя ўжо зусім ня тое, што мапа, двайнік, люстэрка ці канспэкт, тэрыторыя ўжо не папярэднічае мапе і не жыве даўжэй за яе. Адылі мапа папярэднічае тэрыторыі … і спараджае тэрыторыю, і калі вярнуцца да борхесавай казкі, дык сёньня шматкі тэрыторыі павольна буцьвеюць на прасторы мапы. Гэта рэшткі рэальнага, а ня мапы, валяюцца тут і там, ужо не на ўскраінах Імпэрыі, але на нашай ускраіне. На ускраіне самога рэальнага….(М.Б.).

 

Сілы пакінулі мяне, але дзеля каго? Дзеля межаў.

 

Сьвет ахвотна зьмешваецца са сваімі межамі

 

Не, ён не зьбіраецца выкарыстоўваць бум-пістолі, таму, уласна кажучы, і згадзіўся на ралерманы.

— Зьвярніце ўвагу на ралерманы, яны будуць вельмі дарэчы… А калі усё ж такі пажадаеце бум-пістоль, толькі скажыце, у Шаснаццатага ёсьць..

Самым дзіўным чынам цярпела паразу ягонае жаданьне гаварыць. У яго адсутнічала дакладнае ўяўленьне пра, як мы кажам, павагу да фактаў. Ісьціннасьць, дакладнасьць таго, што трэба казаць, яго зьдзіўляла. У ягоным пасоўваньні назад я чытаў пытаньне: “Чым ёсьць, на іх думку, падзея?”

 

Сумны голас Калянізатара абумоўлены, напэўна, яшчэ і тым, што гэта фактычна настальгія па страчанай свабодзе. Калянізатар можа адчуць сябе свабодным толькі ў калёніях, дзе няма цывілізацыйных абмежаваньняў, этычных імпэратываў, — тэрыторыя Otherness. Межы разбураныя (ці пасьпяхова разбураюцца), прастора (topos) імкліва зьнікае. Але застаецца сфэра тэкстуальнасьці. Разбурэньне непахісных моўных апазыцыяў там пазбаўляе Калянізара апошняй

 

ЗАЦЕМЫ

* Фрагмэнты

* Фрагмэнты — гэта часткі, якія тым ня менш паводзяць сябе як цэлае (але ж, цытата…)

* Фрагмэнты — тое, што і кавалкі (тое, што і шматкі, рэшткі, аскепкі..).

* Фрагмэнты (сьвятла) – мы самі ..?

* “Фрагмэнты” – беларускі часопіс мяжы стагодзьдзяў; часта ўжываецца як агульны назоўнік.

** Бясконцае апэляваньне да культавых (у рознай ступені) тэкстаў выдае комплекс непаўнавартасьці, рэпрэсаваную суб’ектнасьць ды памежна-дэпрэсыўную сьвядомасьць.

*** Бляншо ўзьнік зусім выпадкова падчас спробаў адшукаць ды пачуць дзеючых асобаў Вялікага Спэктаклю. Апошні Чалавек нечакана загаварыў голасам зьнямоглага, ужо амаль абыякавага, але вытанчана ўладарнага Калянізатара.

**** Усе спробы нейкім чынам зарганізаваць прастору пісьма сталіся марнымі, што ня ёсьць выклікам папулярным зараз Gender Studies (Birdie/Border Studies), а выклікана хіба супраціўленьнем матэрыялу. Адзінае, што ўдалося зрабіць, — гэта разьвесьці цытаты: Картасар — з правага боку, а Бляншо – адпаведна — зь левага.

***** Тэкст (за выключэньнем легкадумных камэнтароў) зьяўляецца цалкам Тэкстам (неўзгодненасьць цытатаў дае магчымасьць выкарыстоўваць яго пры падрыхоўцы да сэмінараў студэнтам вышэйшых сузіральных устаноў).

* “Гульня ў клясыкі”.

* Васемнаццаты зьнёс усе словы…

* арыенталісцкі дыскурс – таўталягічнае прагаворваньне тае самае тэзы (але ж, канспэкт).

* Б.Вандэрфельд

 

  

зьмест