ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

ад рэдактара


ФРАГМЭНТЫ №8
№8
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Ігар Бабкоў

ЧАТЫРЫ ВЭРСІІ ІДЭІ СВАБОДЫ

 

“Гісторыяў усяго чатыры...”, — калісьці сьцьвердзіў Борхэс. У поўнай (хаця й крыху абсурднай) адпаведнасьці з гэтай “канцэпцыяй” мы знаходзім у гісторыі нашай беларускай сучаснасьці чатыры вэрсыі ідэі свабоды.

Першая, агучаная Сапегам у славутых радочках з Статута, лягла ў падваліны цэлай цывілізацыі. “Шляхецкая вольнасьць”, пра якую ідзе гаворка, насамрэч была прывілеем тоеснасьці: шляхціц меў толькі адну свабоду – “быць шляхціцам”, як камень ёсьць камнем, а дрэва – дрэвам. Гэтая свабода была пахаваная дзьвюма сынхроннымі, хаця й рознаскіраванымі падзеямі: Расейскай акупацыяй і Канстытуцыяй 3 траўня, — канстытуцыяй, якая зрабіла падставай і полем саўдзелу ня тоеснасьць, але маёмасьць. Славутая “нацыя ўласьнікаў”, за якую так змагаліся асьветнікі, была саўдзелам маёмасьці (г.зн. рэчаў), а не асобаў, і практычна выключала з поля свабоды большасьць дробнай шляхты, якая, як і беларусы, “нічога ня мела” . Рэшту зрабіла “нізкае расейскае неба” (мэтафара Шпэнглера), аб якое паразьбівалі сабе ілбы гордыя ліцьвіны ў трох паўстаньнях, і эўрапейская мадэрнасьць, якая прымусіла ўсіх сыйсьці з сваіх мейсцаў, вымкнуць з саміх сябе ў пошуках канца гісторыі.

Другая і трэцяя вэрсыі ідэі свабоды – гэта свабода стацца іншым. Рэшце шляхты, раскіданай па пушчах і палетках, адчайна хацелася зноў стацца народам (ужо беларускім), народу захацелася “людзьмі звацца”. Беларускі праект вызваленьня, які паўстаў на скрыжаваньні гэтых двух мадэрных жаданьняў, прадрэйфаваў праз дваццатае стагодзьдзе зь некаторымі набыткамі і нехаця ўвайшоў у гавань нашай глябалізаванай інфармацыйна-постіндустрыйнай пост/мадэрнасьці.

Постмадэрнасьць прапанавала чацьвертую вэрсыю ідэі свабоды: свабоду быць нікім. Рэч у тым, што яшчэ Лок зразумеў, што сапраўднай апазыцыяй свабодзе ёсьць ня рабства (як думаў Сапега), але прычыннасьць. Калі ўсё ў сьвеце мае сваю прычыну, прасторы для свабоды ўжо не застаецца, — але застаецца пустата, — бо толькі і менавіта пустата ня мае аніякай прычыны па-за самой сабой, і таму ня дзіўна, што эўрапейская мадэрнасьць, якая напісала слова свабода на сваіх штандарах ад самага пачатку, — ня дзіўна, што яна сёньня “рушыць у пустэчы”, і мы разам зь ёй. Сёньняшняя свабода – гэта свабода онталягічнай пустаты, у якой мы сябе знаходзім і якую мы падставова вольныя запаўняць рэчамі і знакамі (самаробнымі, альбо знойдзенымі на рынку). Таму вайна за свабоду сёньня – гэта насамрэч гісторыя спусташэньня, вайна супроць тоеснасьцяў. Урэшце ў эпоху пост нашая цывілізацыя, якая прачытала-такі Бэрклі, зразумела, што значна эфэктыўней (і таньней) запаўняць/спусташаць не рэальную прастору, а чалавечую сьвядомасьць, у якой гэтая прастора зь непазьбежнасьцю адбіваецца, і ад гэтага часу мы цьвёрда ідзем у галюцынагенным кірунку.

У гэткай сытуацыі дыскурс лібэралізму інтэлектуальна даўно стаўся таўталягічным анахранізмам і сёньня мае толькі адну (зусім не метафізычную) функцыю: ён прызначаны адмыкаць новыя рынкі, шукаць новыя рэсурсы пустаты, ідэалягічна раззбройваць апошнія выспы традыцыйных грамадзтваў, якім урачыста паведамляецца, што яны вольныя ня быць тым, кім яны ёсьць, вольныя быць увесь-час-свабоднымі ў працэсе галюцынагеннага спажываньня магчымасьцяў быць іншым. Але з пэрспэктывы аўтаномнай адзінкі ня так істотна, хто і чым зьбіраецца цябе “запаўняць” — Кока-кола, гаркам партыі ці ТАА “Радзіма”, – як тое, што мы сёньня сапраўды жывем у свабодным сьвеце – г. зн. соцыякультурна нас больш няма.

Калізыя між онталягічным, экзыстэнцыйным і соцыякультурным зьместам “свабоды” і ёсьць галоўнай праблемай нашай эпохі.

Ёсьць яшчэ пятая вэрсыя ідэі свабоды, якую Бадхідхарма спрабаваў растлумачыць кітайскаму імпэратару У-Дзі. Штосьці пра прасьвятленьне, дхарму і шырокі свабодны прастор вакол нас. Але ў грамадзтве нашага тыпу я падставова вольны анічога пра гэта ня ведаць.

 

Iгар Бабкоў - СЯРЭДНЯЯ ЭЎРОПА - НОВАЯ МАДЭРНАСЬЦЬ

Ігар Бабкоў - БЕЛАРУСЬ-УКРАІНА- ПАДАРОЖЖА НА СКРАЙ

Iгар Бабкоў - МУЗЭЙ "ЭЎРОПА"

Ігар Бабкоў - ЭТЫКА ПАМЕЖЖА- ТРАНСКУЛЬТУРНАСЬЦЬ ЯК БЕЛАРУСКІ ДОСЬВЕД

Ігар Бабкоў - КРЫТЫЧНЫЯ ІНТЭЛЕКТУАЛЫ

Ігар Бабкоў - ПАСЬЛЯ ЭЎРОПЫ

Ігар Бабкоў - ГЕРОЙ ВАЙНЫ ЗА ПРАЗРЫСТАСЬЦЬ -  бібліятэка "ФРАГМЭНТАЎ"

 

зьмест