ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

пасьля імпэрыі


ФРАГМЭНТЫ №8
№8
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Леапольдо Сэа

ДУХОЎНАЕ ВЫЗВАЛЕНЬНЕ АМЭРЫКІ

 

Амэрыка, мэнтальная калёнія мінуўшчыны

Аптымізм, зь якім гішпанская Амэрыка пачынала змагацца за незалежнасьць, неўзабаве меўся ператварыцца ў самы чорны з усіх пэсімізмаў. Усё пляжылася на вачах. Гішпанія, тая самая Гішпанія, ад якой марыў вызваліцца амэрыканец, аказалася намёртва зьнітаванай зь ягонай істасьцю. Гішпанія паўставала ва ўсіх ягоных дзеях, ва ўсіх творах. Амэрыканец разарваў свае палітычныя повязі зь ёю, але духоўныя повязі па-ранейшаму яго аблытвалі. І новая філязофія была ня ў стане расьсячы гэтыя путы. Гішпанія прысутнічала ў думках, традыцыях і звычках амэрыканца. Паўсюль віднелася ейная пячатка. Дасягнутая палітычная незалежнасьць “пайшла ў сьвісток”, трэ было дамагчыся радыкальнейшага і глыбейшага разьняволеньня. Інакш мінуўшчына заставалася б непазбытай рэальнасьцю.

Такім чынам, амэрыканец па-ранейшаму быў далёкі ад таго, каб усьведамляць сябе незалежным, і як ніколі востра адчуў сваю повязь зь гішпанскім сьветам – сьветам, ад якога, як яму здавалася, ён ужо быў вызваліўся. І ў сьвятле гэтага адчуваньня ўсе крокі і захады, якія ён зрабіў для набыцьця палітычнай незалежнасьці, бачыліся цяпер наіўнымі і марнымі. Цяпер увідавочнілася, што якраз гэтыя захады былі не галоўнымі і не вырашальнымі. Выявіўся фальш тэорыі аб унівэрсальным чалавеку, правы якога абвясьціла Француская Рэвалюцыя. Не было ніякага ўнівэрсальнага чалавека. Былі толькі канкрэтныя, прыватныя, адзінкавыя людзі, са сваімі недахопамі і абмежаваньнямі. І амэрыканец быў адным з такіх людзей.

Палітычная незалежнасьць гішпанскай Амэрыкі не падарыла амэрыканцу “ўсяго сьвету”, абяцанага новай філязофіяй кожнаму чалавеку ўжо толькі за тое, што ён чалавек. За выключэньнем палітычных зьменаў усё засталося, як і раней. Адзін пан замяніў другога пана. Народы гішпанскай Амэрыкі не атрымалі волі, яны папросту памянялі гаспадара. Незалежніцкая рэвалюцыя выявіла няздольнасьць гэтых народаў да свабоды. Як высьветлілася, ня ўсе людзі мелі права на свабоду дзеля таго толькі, што нарадзіліся людзьмі. Адныя людзі нарадзіліся з гэтым правам, а другія нарадзіліся безь яго, неправаздольнымі.

Дасягнутая палітычная незалежнасьць, гэты спэктакаль, што быў прапанаваны амэрыканцам, ператварыўся ў скрушнае і роспачнае відовішча: краіны былі пакараныя доўгімі і бясконцымі рэвалюцыямі. Анархія і дэспатызм зьмянялі адно адно ў заганным коле. Тыранія спараджала рэвалюцыю, рэвалюцыя спараджала тыранію. Адзін гвалт выклікаў наступны гвалт. Ён нёс з сабой і сякі-такі парадак, але толькі як сродак, каб выжыць. Кіраваньне зводзілася да выжываньня. Гішпанская Амэрыка падзялялася і драбілася, але не на нацыі, а на тэрыторыі, падпарадкаваныя ўдзельным правадырам. Гішпанскага караля замяніла мноства мясцовых князькоў. Дэспатызм памножыўся ў дзясяткі дэспатызмаў. Вайну за незалежнасьць заступіла вайна за інтарэсы. Цяпер ішло змаганьне за інтарэсы кліру, міліцыі альбо каўдыльо. І кожная з гэтых груповак прагнула сканцэнтраваць у сваіх руках чым болей улады.

Уся панарама жыцьця гішпанскай Амэрыкі вагалася паміж двума скрайнасьцямі: анархія і дыктатура. Дыктатура якога заўгодна гатунку: кансэрватыўная, канстытуцыйная, лібэральная альбо пэрсанальная. Дыктатуры, якія мелі на мэце падтрымаць а-ля гішпанскія парадкі, і дыктатуры, што выкарыстоўваліся як інструмэнт для ўсталяваньня свабоды. Дыктатуры “прагрэсіўныя” і дыктатуры “рэгрэсіўныя”. Нікога не абыходзіў народ, нікога не хвалявала свабода чалавека, які толькі ўчора змагаўся ў яе імя. Не, і катэгарычна не, гішпанаамэрыканец ня мусіў мець нічога супольнага з гэтым сьветам, які так яго вабіў, са сьветам культуры і прагрэсу. Ягоны “шасток” быў раз назаўсёды вызначаны ў гэтым тэакратычным сьвеце, што быў удрукаваны Гішпаніяй у ягоную мэнтальнасьць, звычкі і традыцыі. А сучасная культура была ўсяго толькі дэкарацыяй, якая мелася стварыць для гішпанаамэрыканца ілюзію, што ён можа зрабіцца іншым чалавекам.

Сваё зло амэрыканец нёс у сабе, у сваёй крыві, розуме, звычках і традыцыях. Толькі замяніўшы сабе кроў, розум, традыцыі і звычкі, ён мог бы стаць нечым іншым. І вось тады ў гішпанскай Амэрыцы паўстала пляяда дзеячоў, якія прагнулі насамрэч дасягнуць вызваленьня, поўнага і канчатковага вызваленьня ад Гішпаніі. Сарм’енто, Альбэрды і Эчэвэрыя ў Аргентыне; Варэла і Люс і Кабальеро на Кубе; Більбао і Ластар’я ў Чылі; Мантальво ў Эквадоры; Радрыгес у Вэнэсуэле; Мора, Альтамірано і Рамірэс у Мэксіцы – і многія іншыя ва ўсіх і ў кожнай з маладых гішпанаамэрыканскіх краінаў.

Гэтыя новыя змагары цалкам усьведамлялі рэчаіснасьць і шукалі іншых шляхоў дасягненьня сапраўднай незалежнасьці. Вызвольныя рэвалюцыі, гаварылі яны, былі такімі шматлюднымі якраз з-за гэтага духу свабоды, духу гішпанскай імпэрскасьці, які кожны з нас нясе ў сваёй крыві. І таму яны выліліся толькі ў палітычныя рэвалюцыі, не ператварыўшыся ў сацыяльныя. Мы вырвалі з нашай зямлі гішпанскі скіпэтар, але ўсе мы наскрозь працятыя гішпанскім духам. Зьезды анархістаў і ўсе разнамасныя барацьбіты, што гаварылі толькі аб палітычным вызваленьні, – усе яны дундзелі ў старую гішпанскую дудку, усе яны пяялі чужымі галасамі. Гэта была барацьба паміж дзьвума Гішпаніямі. Нічога не зьмянілася, калі яна скончылася. Мы бачым усё тыя ж прывілеі, ды яшчэ й абцяжараныя новымі. А нашыя вызваленцы самі ж падтрымалі гэткі status-quo. Гішпанская Амэрыка засталася і працягвае заставацца мэнтальнай калёніяй мінуўшчыны.

Сьвядомыя гэткага стану рэчаў, гішпанаамэрыканскія змагары за духоўнае вызваленьне задаліся нечуванай мэтай: вырваць з коранем частку свайго ўласнага “я”, сваёй мінуўшчыны, сваёй гісторыі. З утрапёнасьцю, адвагай і непахіснасьцю, успадкаванымі ад самой гішпанскай традыцыі, яны кінуліся выдзіраць Гішпанію са сваёй істасьці, вынішчаць сьляды яе прысутнасьці паўсюль, дзе б тыя ні знаходзіліся, — хаця б нават давялося вырываць зь мясам уласныя косткі.

Мінуўшчына альбо будучыня! — так стаяла дылема. Для дасягненьня ідэальнай будучыні трэ было адрачыся ад мінуўшчыны. А гэта было ня чым іншым, як абсалютным адмаўленьнем апошняй. Новая цывілізацыя была абсалютным адмаўленьнем мінуўшчыны, атрыманай у спадчыну ад Гішпаніі. Трэба было выбраць адно з двух, бяз выкрутаў. “Рэспубліканства альбо каталіцызм!” — усклікае чыліец Франсыско Більбао. Дэмакратыя або абсалютызм! “Цывілізацыя ці барбарства!” – ставіць пытаньне рубам аргентынец Сарм’енто. “Прагрэс альбо рэгрэс!” – выгукае мэксыканец Хасэ Марыя Люіс Мора. Лібэралізм ці тыранія – трэцяга ня дадзена. Трэ было выбіраць спаміж абсалютным панаваньнем каляніяльных поглядаў і абсалютным панаваньнем новых ідэалаў. Ніякі кансэнсус тут не падыходзіў, бо адзін лад жыцьця супярэчыў другому і нават выключаў яго. Вось жа, палова гішпанскай Амэрыкі апанавалася думкай вынішчыць другую палову, і наадварот. Ад сярэдзіны XIX стагодзьдзя можна было назіраць гэты бязрадасны спэктакаль. Новыя і ўвесь час крывавыя рэвалюцыі пачырванілі амэрыканскую зямлю. Дарэмна амэрыканец ірваўся ды намагаўся ўцячы ад сябе самога.

 

Адукацыя як сродак духоўнага вызваленьня

Часы ваяроў мінулі незваротна. Зброя ня здолела прынесьці сапраўднага вызваленьня Амэрыцы. Патрэбныя былі іншыя сродкі — у прыватнасьці, адукацыя. У гішпанскай Амэрыцы зьявіўся новы тып барацьбіта-вызвольніка: спалучэньне байца і настаўніка, які ня толькі прапагандуе новыя ідэі, але і сам змагаецца за іх. Такім быў аргентынец Сарм’енто: апрануты ў вайсковую куртку і апантаны задачай адукаваць сваю краіну.

Вось чыліец Більбао – і зь ім дзясяткі аднадумцаў, што падзялілі ягоны лёс: выгнаньне і перасьледы. Усе яны церпяць тысячы нягодаў, але непахісна трымаюцца сваёй ідэі: ісьці да канца ў барацьбе з каляніяльнай мінуўшчынай, якая ня хоча саступіць месца свабодзе і прагрэсу.

Палітычнае вызваленьне Амэрыкі пацярпела крах, таму што яму не папярэднічала вызваленьне духоўнае. Рух за незалежнасьць засьпеў амэрыканцаў зьнянацку – а яны мусілі б самі даўмецца да яго пасьля пэўнай падрыхтоўкі. Гэты брак падрыхтоўкі і справакаваў палітычную анархію: народ ня быў прывучаны да свабоды, ня здолеў ёю слушна скарыстацца і ў выніку ўгруз у новым дэспатызьме. Незалежніцкая рэвалюцыя рыхтавалася голымі тэарэтыкамі, якія нічога альбо амаль нічога ня ведалі пра сапраўдную амэрыканскую рэальнасьць. Таму яна мусіла праваліцца. Але, атрымаўшы гэты ўрок, трэба было наганяць спазьненьне, наблізіцца да народу і вучыць яго быць свабодным.

Амэрыканскія змагары за духоўнае вызваленьне адстойвалі новую ідэю ў філязофіі. Яны ўжо ня верылі, як асьветнікі, ва “ўнівэрсальнага чалавека”. Чалавек заўсёды канкрэтны, яго “майструе” і “габлюе” пэўная рэальнасьць. Спазнаць гэтую рэальнасьць – гэта і было адной з самых надзённых задачаў. Менавіта ад яе залежала выхаваньне чалавека, у якім цяпер спрабавалі ўкараніць незалежніцкія ідэі самым надзейным шляхам – шляхам духоўнага вызваленьня. Надалей трэба было асьцярожна ставіцца да філязофскіх дактрынаў: не пераймаць сьлепа кожную новую толькі таму, што яна ўвайшла ў моду. Гэтае ж тычылася і іншых аспэктаў культуры. З эўрапейскай культуры цяпер мусілі пазычацца толькі тыя элемэнты, што дапасоўваліся да амэрыканскай рэчаіснасьці.

Кубінец Хасэ дэ ля Люс і Кабальеро адхіляў эклектызм Кузіна (Cousin) і нямецкі ідэалізм, бо лічыў, што гэтыя філязофіі супярэчаць духу, якім трэба натхняцца народу, калі той змагаецца за свабоду. “Ніхто лепей, чым я, — гаворыць ён, — ня здолеў бы сабраць шчодры ўраджай з напрацовак нямецкіх мысьляроў і прышчапіць нашай краіне ідэалізм гэтага народу, які я абагаўляю, але я лічу, што на нашай глебе гэтая філязофія прынесла б больш шкоды, чым карысьці”. Толькі навучаючы моладзь адкідаць усялякія аўтарытэты, якія будуць падпарадкоўваць яе чужым інтарэсам, мы здолеем падахвоціць яе да стварэньня сваёй уласнай філязофіі.

Падобныя думкі падтрымліваў і аргентынец Эстэбан Эчэвэрыя, калі заклікаў выпрацаваць філязофію, адпаведную амэрыканскай рэчаіснасьці. Гэтая філязофія мелася вельмі мала (ці нават амаль нічога) пазычаць з эўрапэйскай культуры. Хіба ж мы жывем у іхным сьвеце, пытаўся ён. Ці ж была б якая карысьць для краіны, для выхаваньня народу з усіх гэтых тэорыяў, якія ня маюць аніякіх каранёў у нашым жыцьці? У навуцы можна насьледаваць Эўропе, “у палітыцы – не; сьвет, які мы назіраем і ў якім дзейнічаем, знаходзіцца тут... і Эўропа мала чым можа нам дапамагчы”. “Апэляваць да аўтарытэту эўрапейскіх мысьляроў – гэта значыць, уносіць анархію, блытаніну ды вэрхал у вырашэньне нашых праблемаў”. Усё зло паходзіць ад няведаньня рэчаіснасьці. А амэрыканцы толькі і робяць, што дыскутуюць наконт ідэяў, якія ім бясконца далёкія, і забываюцца на рэчаіснасьць, якую трэба паляпшаць. Рэчаіснасьць ня можа быць заблытанай, роўна як і разьвязкі праблемаў не бываюць заскладанымі. Уся блытаніна і ўсе складанасьці спараджаюцца гэтым хаосам імпартаваных ідэяў, якія аніяк ня йдуць на карысьць Амэрыцы. А таму неабходна зьмяніць тактыку. “Мы зьвернемся па асьвету да эўрапейскай інтэлігенцыі – але на пэўных умовах”, — кажа Эчэвэрыя.

Гэтаксама радыкальны быў у гэтым пытаньні Хуан Баўтыста Альбэрды, які сьвярджае, насуперак прэтэнзіям Эўропы, што не існуе ніякай унівэрсальнай філязофіі, а ёсьць філязофія кожнага народу. Кожная краіна ў пэўны час, гаворыць ён, выпрацоўвала сваю філязофію, якая дапамагала гэтай краіне вырашаць надзённыя праблемы. Зыходзячы з гэтага, кажа Альбэрды, нам трэба “заняцца пытаньнямі, якія ставіць перад намі жыцьцё і лёс амэрыканскіх народаў, заняцца найлепшай і найбольш адпаведнай для нас філязофіяй – гэта значыць, філязофіяй для амэрыканцаў, не для ўсяго сьвету”. І гэта справядліва, бо ўся філязофія “нарадзілася з самых надзённых патрэбаў кожнага часу і кожнай краіны. Вось чаму існавала ўсходняя філязофія, грэцкая філязофія, рымская філязофія, нямецкая філязофія, ангельская філязофія, француская філязофія і вось чаму неабходна, каб існавала філязофія амэрыканская”. Нам трэба выкарыстоўваць “філязофію, якую можна выкласьці сьцісла і каротка, якая не адбірала б шмат часу, бо яго лепей выкарыстаць для больш плённай адукацыі, і якая ў сваёй сутнасьці служыла б толькі разьвіцьцю ды ўдасканаленьню інстытуцыяў і ўрадавых структураў веку, у які мы жывем, і, перадусім, кантынэнту, які мы насяляем”. Гэта значыць, гаворка аб філязофіі нашага часу і нашага асяродзьдзя, амэрыканскай філязофіі для амэрыканцаў.

Дамінго Ф. Сарм’енто таксама лічыць, што ва ўсім неабходна грунтавацца на рэчаіснасьці. Калі адарвацца ад рэальнасьці, нічога дасягнуць немагчыма. Прычына ўсіх правалаў – тое, што ў разьлік не бярэцца рэальнае жыцьцё. Менавіта ў гэтым сэнсе трэба разумець ягоныя словы: “...ня будзем чакаць нічога ад Эўропы, якая ня мае нічога супольнага з нашым племем”. Сродак ад усіх бядотаў Амэрыкі ён бачыў у адукацыі, якая б дапамагала лепей спазнаць рэчаіснасць, а яшчэ – у магутнай эміграцыйнай плыні, якая б зьмяняла гэтую рэчаіснасьць пры кантактах. “Мы павінны, — сьцьвярджаў ён, — зьмяшацца з народамі найбольш аддаленых ад нас краінаў, каб пераняць ад іх рамяство, майстэрства, умельства і стаўленьне да працы”.

Працягваючы тую ж думку, іншы гішпанаамэрыканец, Хасэ Віктарыно Ластар’я, гаварыў пра неабходнасьць унезалежніць амэрыканскую літаратуру, прыстасоўваючы яе да тутэйшай рэчаіснасьці. “Угрунтуем, — заклікаў ён, — нашую маладую літаратуру на незалежнасьці, на свабодзе духу”. Так, неабходна будзе зьведаць і іншыя прыгожыя пісьменствы, прасякнуцца гішпанскай літаратурай, зь якой паўстала і наша ўласная, чытаць самых модных францускіх аўтараў, але “не для таго, каб капіяваць ды перакладаць іх бязь меры”. Імітацыя ды капіяваньне не прынясуць нічога добрага, апроч як “замацуюць за нашай літаратурай статус вечнага пазычальніка, заўсёды залежнага ад чагосьці экзатычнага, ад таго, што найменш адпавядае нашай натуры”. “Не, панове, — казаў Ластар’я, — моц нашая ў тым, каб быць арыгінальнымі, унутры нашага грамадзтва мы маем усё, каб быць такімі, каб ператварыць нашую літаратуру ў сапраўднага выразьніка нашай нацыянальнай адметнасьці”. Ад таго, як мы зразумеем існыя амэрыканскія патрэбы, залежыць сапраўднае вызваленьне Амэрыкі. “Няма на зямлі народаў, — працягвае Ластар’я, — якія мелі б гэткую ж, як амэрыканцы, надзённую патрэбу быць самабытнымі, бо самабытнасьць і арыгінальнасьць у нашым выпадку ня маюць нічога супольнага з тым, як гэтыя паняткі разумеюцца ў Старым Сьвеце”.

Вэнэсуэлец Андрэс Бэльо, іншы вялікі змагар за духоўнае вызваленьне гішпанскай Амэрыкі, таксама патрабуе ад амэрыканцаў найпільнейшай увагі да рэчаіснасьці. Хіба мы засуджаныя, кажа ён, па-халопску паўтараць урокі эўрапейскай вучонасьці, не адважваючыся ні аспрэчыць іх, ні праілюстраваць прымяненьнем на практыцы, ні даць ім нашага нацыянальнага адбітку? Калі мы няздольныя зрабіць гэта, мы здраджваем духу самой навукі, бо яна патрабуе “скрупулёзна дасьледаваць, уважліва назіраць, свабодна абмяркоўваць і нязмушана пераконвацца”. Пакуль у нас не стае сродкаў, мы мусім выпісваць крэдыт даверу эўрапейскай навуцы, але ён ня можа распаўсюджвацца на ўсе яе галіны. Узяць хаця б навукі, якія дасьледуюць тутэйшыя рэаліі, напрыклад, гісторыю. “Гісторыя Чылі – у якім іншым месцы, апроч самой Чылі, яе можна напісаць лепей?” “Есьць невялікая колькасьць навук, якія могуць выкладацца належным чынам, не патрабуючы адаптацыі да мясцовых умоваў, да нашай фізычнай прыроды і да нашых сацыяльных абставінаў”. Але ёсьць значна большая іх колькасьць, у якіх сама Эўропа прагне супрацоўніцтва з Амэрыкай. Эўропа ня хоча, каб мы сьлепа паўтаралі яе, яна жадае, каб яе ўрокі былі па-сапраўднаму выкарыстаныя, з тым самым духам незалежнасьці, зь якім яна сама іх выкарыстоўвала. “Эўрапейская навука патрабуе ад нас фактаў; хіба нам бракуе руплівасьці ды запалу, каб сабраць іх?” Але аднога гэтага недастаткова. “Ці ж не адыгрываюць амэрыканскія рэспублікі большую ролю ў агульным поступе навукі, у вывучэньні і разуменьні чалавека, чым афрыканскія плямёны ці карэнныя народы Акіяніі?” Амэрыканцы здольныя прыўнесьці шмат плёну як у прыродазнаўчыя навукі, так і ў паліталёгію, літаратуру, мараль, для гэтага ім трэба толькі заўсёды грунтавацца на досьведзе сваёй рэчаіснасьці. “Бо альбо маняць, што літаратура зьяўляецца адбіткам жыцьця народу, альбо трэба прызнаць, што кожны народ, які не агорнуты барбарствам, закліканы адлюстраваць сябе ўва ўласнай літаратуры і надаць ёй сваю ўласную форму”.

Перанавучаньне амэрыканскіх народаў мелася арганізоўвацца ў адпаведнасьці з выкладзенымі тут тэзамі. Амэрыканец XIX стагодзьдзя, большы рэаліст, чым ягоныя папярэднікі, шукае ў сваім уласным атачэньні сродкаў, каб дасягнуць поўнага разьняволеньня. Амэрыка набыла ў гэтым новым амэрыканцу найбольш поўнае ўсьведамленьне сябе самой. Аптымізм асьветнікаў зьнік, але ў сваім пэсымізьме новы амэрыканец шукае рэальнага сьвету, на які можна абаперціся і які потым можна перарабіць на лепшы. Гэта не адмаўленчы пэсымізм, але пэсымізм канструктыўны. Ён крытыкуе, каб пабудаваць нанова. Новы амэрыканец аналізуе сябе самога, робячы самую бязьлітасную “сэкцыю”, але пад час гэтага аналізу ён сустрэнецца з сьветам, які неабходна ўратаваць, з амэрыканскай рэальнасьцю. З рэальнасьцю, якая, нягледзячы на ўсе свае заганы, ёсьць адзінай рэчаіснасьцю, на якую можа разьлічваць амэрыканец.

 

Новае самасьцьвярджэньне Амэрыкі і палітыка Эўропы

Адштурхоўваючыся ад гэтай няўхільнай рэчаіснасьці, амэрыканец сьцьвярджае сябе і нарэшце наважваецца “ўзбудзіць справу” супраць Эўропы, суду якой ён дагэтуль падпарадкоўваўся. Эўропа ўжо ня ёсьць тым, чым была раней – фанабэрыстай і пыхлівай крыніцай усялякай культуры ды архетыпам прагрэсу чалавецтва. Наадварот, тая Эўропа, якая паўстала з другой паловы XIX стагодзьдзя, — гэта Эўропа нэгатыўная, варожая ўсяму прагрэсіўнаму, апантаная мэтай перасьледаваць ды нішчыць усё, што спрыяе прагрэсу. Гэта Эўропа Напалеона III, якая сталася прыслужніцай рэакцыйных сілаў, што намагаюцца задушыць парасткі прагрэсу ў Амэрыцы гэтаксама, як задушылі іх у Эўропе. Гэта Эўропа, якая пляце змовы, каб нанова заваяваць Амэрыку, адмаўляючыся пры гэтым ад усіх вызвольных ідэяў, зь якіх яна сама нарадзілася і якімі выхваляецца. Ад такой Эўропы Амэрыка зусім ня мае чаго навучацца. Больш за тое, зараз амэрыканцы – адзіны народ, які зьдзяйсьняе, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, ідэі сапраўднага прагрэсу чалавецтва.

Тагачасная Эўропа – гэта толькі разлад і дэспатызм. Францыя, якая калісьці спарадзіла Францускую Рэвалюцыю, цяпер ператварылася ў Францыю, варожую ўсякаму прагрэсу. Сымон Радрыгес, настаўнік вызваляльніка Сымона Балівара, гаворыць: “Эўропа цёмная і невуцкая – не ў літаратуры, не ў навуках, не ў мастацтве, не ў прамысловасьці, але ў палітыцы. Зіхатлівы вэлюм прыкрывае ў старым сьвеце самую агідную карціну нэндзы і заганаў”. “Шкода бачыць столькі вынаходлівасьці, патрачанай на бясплённыя рэформы, так добра разьлічаныя праекты, якія даюць мізэрны альбо нулявы вынік”. І, паўтараючы крытыку, якую на некалькі стагодзьдзяў раней у адрас Эўропы выказваў Дэкарт, Радрыгес працягвае: “Велічны будынак Эўропы быў узьведзены бяз пляну, зроблены сяк-так, і ўсе паляпшэньні былі нагрувашчаны гарою, а не разьмешчаны ў парадку; майстэрства відаць больш у інструмэнтах, чым у пабудове; самыя ўзвышаныя рэчы перамешаныя з самымі нікчэмнымі і ўтвараюць жахлівы кантраст”.

І дадае, робячы сваю крытыку проста зьнішчальнай: “Ніколі Эўропа не палепшыць сваёй маралі, як яна паляпшае свае будынкі: сучасныя гарады – узоры густу і выгодаў, але жыхары іх усё тыя ж самыя, яны ведаюць больш, чым раней, але паводзяцца ня лепш”. Эўропа ня мае нічога, што б спатрэбілася пераняць ад яе Амэрыцы. Усё, што трэба апошняй, яна мае знайсьці ў сваёй уласнай рэчаіснасьці. Палітычныя ідэі, якія цяпер падтрымлівае Эўропа, — ня што іншае, як выяўленьне ейнай прагі ўладарыць над народамі, якія пазьбеглі ейнага ўплыву. Вось чаму ў Эўропе прапагандуюцца ідэі перавагі адной расы і непаўнавартасьці іншых. Ідэі аб народах, якія рэпрэзэнтуюць цывілізацыю, і народах, што ўгрузьлі ў барбарстве. У Эўропе пануе думка, што лацінаамэрыканскія народы здольныя толькі падпарадкоўвацца тыранам – а на якой падставе яны гэта вырашылі?

“Мэта ўсяго гэтага абсурду, — адказвае Ластар’я, — зрабіць нас “лацінасамі” ў палітыцы, маралі і рэлігіі, гэта значыць, прынізіць нашую індывідуальнасьць і ануляваць яе на карысьць адзінай і абсалютнай улады, якая б панавала над нашым сумленьнем, нашымі думкамі і нашаю воляю і, такім чынам, над нашымі ўласнымі правамі, якія мы здабылі ў нашай рэвалюцыі; вось для чаго была вымысьлена тэорыя аб расах”. Прыклад эўрапейскай палітыкі ў дзеяньні – уварваньне францускіх войскаў ў Мэксыку. Эўропа ня можа перажыць, што яна пачала адставаць ад сьвету, настаўнікам якога яна звыкла сябе лічыць. Вось адкуль гэтая прага эўрапейскай рэканкісты.

Франсіско Більбао гаворыць, у сваю чаргу: “І чаму мы, паўднёваамэрыканцы, вымольваем, як міласьціну, ухвальнага позірку Эўропы? А ў самой Эўропе – чаму мы выбралі за прыклад найбольш заняволеную і найбольш самавыхваляльную з нацыяў, зь яе прагнілай літаратурай, дэспатычнай палітыкай, зь яе філязофіяй фактаў і абагаўленьнем посьпеху, зь яе вялікім умельствам крывадушна называць усе злачынствы і злоўжываньні словам “цывілізацыя”?” Не, Францыя ніколі не была вольнай, Францыя ніколі не вызвалялася, ніколі ня ведала, што значыць быць свабоднай, і ніколі не пакутавала за свабоду ў сьвеце. “Трэба, — дадае Більбао, — радыкальна выправіць гэтую памылку і выбавіцца ад духоўнага сэрвілізму перад Францыяй”. Эўрапейская цывілізаванасьць – усяго толькі выраз найбольш эгаістычных памкненьняў гэтага кантынэнту. У імя гэтай цывілізаванасьці яны атакуюць Мэксыку, гэты напад – “самы красамоўны сымбаль іхнае цывілізацыі”. “Францыя, якую мы так любілі... што ты зрабіла? Ты падступна бамбіла Мэксыку. Мэксыку, якая нарэшце дасягнула найвышэйшай кропкі свайго адраджэньня, ты, схаўрусаваўшыся з манахамі і здраднікамі, зноў абрынаеш у жахі вайны і ўсталёўваеш на руінах Пуэбла імпэрскі фарс. Англія, о, Англія! Што нясе ў Індыю гэтая вольная нацыя напудраных парыкоў і драпежных птушак? Кроў і эксплюатацыю, дэспатызм і заваёўніцтва. А потым яна вокамгненна зьяўляецца ў Мэксыцы і прапануе тры караблі Максымільяну”.

Не, Эўропа, якая прагне цывілізаваць Амэрыку, мае патрэбу самой быць цывілізаванай Амэрыкай. Эўропа, зь яе сацыяльным і палітычным укладам — гэта поўная супярэчнасьць Амэрыцы. “Там, — працягвае Більбао, — манархія, фэўдалізм, тэакратыя, касты і імпэратарскія фаміліі; тут – дэмакратыя. У Эўропе – заваёвы і прыгон, у Амэрыцы – яго скасаваньне”. “У Эўропе сканцэнтраваны ўсе забабоны, увесь фанатызм, усе памылковыя ўяўленьні, усё, што прыносіла беды ў гісторыі і што было адкінута ёю, народы Эўропы альбо прыгнечаныя рабствам, альбо сфанатызаваныя на глебе славы і сілы; у Амэрыцы гісторыя ачышчаецца, Амэрыка прасякнута верай у моц закону і справядлівасьці”. І, гаворачы далей пра гэтую Амэрыку, так крытыкаваную самімі амэрыканцамі, але адначасова так горача любімую імі, Більбао прадказвае: “Сёньня Амэрыка робіцца мэханізмам, які будзе рухаць сьветам”. “Перамога Мэксыкі – гэта сымбаль надыходу новай эры. Фэрмапілы Амэрыкі знаходзяцца ў Пуэбла”1.

Мэксыканец Габіно Барэда ўбачыць у перамозе Мэксыкі над Францыяй, а разам з тым і над Эўропай, якую яна рэпрэзэнтавала, трыюмф прагрэсу, у якім спрабавалі адмаўляць Амэрыцы. “Рэспубліканскія салдаты ў Пуэбла, — кажа Барэда, — уратавалі, як грэкі пры Саламіне, будучыню сьвету, абараніўшы прынцып рэспублікі, які ёсьць сучасным штандарам чалавецтва”. У Эўропе сілы прагрэсу былі пераможаныя сіламі рэакцыі, сёньня ў Амэрыцы пачалася новая фаза барацьбы, у якой прагрэс атрымаў перамогу над рэакцыйным сьветам, што быў намагаўся заступіць дарогу поступу. “У гэтым канфлікце паміж эўрапейскім рэтраградзтвам і амэрыканскай цывілізацыяй, — працягвае Барэда, — у гэтай барацьбе ідэяў манархізму з ідэямі рэспубліканства, у гэтым апошнім высілку фанатызму супраць вызваленьня рэспубліканцы Мэксыкі выстаялі адны супраць усяго сьвету”2. Атрымаўшы перамогу ў гэтай барацьбе, Мэксыка, а зь ёю і ўся Амэрыка ажыцьцявілі вялікія прынцыпы гуманізму, прынцыпы, якія Эўропа намагалася зьменшыць у амэрыканцах. Цяпер Амэрыка мае яскравае ўсьведамленьне свайго гуманізму, якое больш ніколі не дазволіць ёй пачувацца зганьбаванай.

 

Зацемы

1. Глядзі маю кнігу “Два этапы мысьленьня ў Гішпанскай Амэрыцы” (Dos etapas del pensamiento en Hispanoamйrica. Mйxico: El Colegio de Mйxico, 1949).

2. Глядзі маю кнігу “Пазытывізм у Мэксыцы” (El positivismo en México. Mйxico: El Colegio de Mйxico, 1943).

 

зьмест