ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэкст/топас


ФРАГМЭНТЫ №8
№8
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Ігар Вуглік

У ЛАНЦУГАХ ТАБУ

свабода, культура і рэпрэсіі
ў гісторыі беларускага грамадства

 

Погляд на культуру як на інструмент рэпрэсіі, табуявання, перашкоду дабрачыннаму чалавечаму існаванню, чалавечай свабодзе, мае ў еўрапейскай традыцыі даўнія карані. Антычныя кінікі, прадстаўнікі разнастайных сярэднявечных хрыціянскіх ерасяў, аскеты, манахі-францысканцы, Ж.-Ж. Русо, літаратары-рамантыкі (Наваліс, Тык), Ф. Шэлінг, Ф. Ніцшэ, О. Шпенглер, З. Фрэйд, навукоўцы франкфурцкай школы (Ю. Габермас, М. Хоркхаймэр, Т. Адорна, Э. Фром) — гэтыя і іншыя прадстаўнікі еўрапейскага інтэлектуалізму апалагізавалі прыроду як антытэзу культуры, крытыкавалі антыантрапалагізм апошняй, асабліва, калі культура перайшла ў фазу індустрыяльнай цывілізацыі. Нарастанне культурнага кантыніўма ў еўрапейскім грамадстве эпохі мадэрнізму разглядаецца шэрагам сучасных даследчыкаў як галоўная перадумова шматлікіх крызісных з’яў мадэрновага грамадства.

Беларусь апынулася ў сфэры транскультурнага мадэрновага і постмадэрновага экспансіянізму толькі ў апошняе дзесяцігоддзе, стаўшы адносна адчыненым грамадствам, і таму толькі ўваходзіць, па-сутнасці, у праблематыку сучаснай тэхнакратычнай цывілізацыі. Разам з тым, агляд папярэдняга гістарычнага шляху беларускай культуры ўпэўнівае ў тым, што адна з галоўных ягоных дамінантаў — супраціў разнастайным відам культурнага, цывілізацыйнага ўціску, рэпрэсіянізму. Магчыма, цяжкі, складаны лёс беларускага грамадства тлумачыцца паралельна з агульнавядомымі фактарамі — геапалітычным становішчам, менталітэтам, — яшчэ і спецыфічным характарам культурнай (цывілізацыйнай) рэпрэсіўнасці на беларускіх землях.

Праблема культуры і рэпрэсіі ў дачыненні да беларускага дыскурсу будзе разглядацца ў кантэксце традыцыйных бінарных апазіцыяў, якія праяўляюцца ў залежнасці ад сітуацыйнага становішча, у сваіх дваістых — станоўчых і адмоўных — іпастасях. Першая фундамантальная апазіцыя міфалагічнага мыслення, традыцыйнай культуры ўвогуле — прырода/культура. Тут прырода выступае, з аднаго боку, як увасабленне інстынктаў Яно, якія падаўляе, упарадкоўвае і сублімуе культура 1, а з іншага, — як эколага-культурны фенамен вясковага жыцця. Грунтоўная шпенглераўская апазіцыя сучаснага грамадства — культура/цывілізацыя, дзе культура выступае носьбітам індывідуальнага, творчага, духоўнага пачатку, а рэпрэсіўная цывілізацыя, увасабленнем якой з’яўляецца горад, — рэпрэзентантам масавага, схематычнага, рацыяналістычна-спажывецкага 2. Разам з тым, цывілізацыя можа выступаць і ў сваёй станоўчай іпастасі — як гарант тэхналагічнага прагрэсу, урбанізму, высокіх параметраў узроўню жыцця. Праблема культурнай рэпрэсіі будзе разглядацца ў анталагізаваным, канцэптуальным аспекце.

Характэрнай з’явай старабеларускай культуры, менталітэту была адсутнасць дыхатамічнай напружанасці ў фундаментальнай апазіцыі прырода/культура, нондэфармацыйная мадэль усталявання соцыянарматыўных культурных рэцыпіентаў, пазітыўны погляд на гэтую культурную функцыю. У традыцыйнай, вясковай культуры гэта тлумачыцца адносна высокай ступенню індывідуальнай варыябельнасці паводзінаў. У першую чаргу гэта тычыцца такой акцэнтавана табуіраванай сферы, як сэксуальныя адносіны. Табуіраванне інцэсту, пастуляванне манагамнага шлюбу, адмоўнае стаўленне да пазашлюбных адносінаў спалучалася з рытуальнай эротыкай падчас Купалля, вольнымі паводзінамі на калядках, вячорках, наяўнасцю шматлікіх міфолага-сімвалічных абрадава-рытуальных эратычых знакаў, сімвалаў, рытуалаў, артэфактаў, якія сублімавалі, замяшчалі шырокі спектр табуіраваных сэксуальных імкненняў. Да апошніх належаць, напрыклад, фальклор інцэстуальнага зместу (казка “Аб брату, што сястру за жонку ўзяў”, балада “Брат сватаецца да сястры”), паліандрыя (казкі з сюжэтамі пра братоў, што жывуць з сястрой, сватаўство да каралеўскай дачкі адразу дванаццаці кавалераў, палігінія (некалькі жонак (наложніц) марскога цара, змея), трансвестызм ( абрадавыя постаці Ярылы, Лады, Купалы, трансвестычнае пераапрананне ў гульнях — “Ксціны”, “Бычка пасьвіць”; травестызм з відавочнай сэксуальнай афарбоўкай — гульня “Мар’юшка”). Эратычную накіраванасць меў вялікі пласт традыцыйнай духоўнай культуры — абрады, рытуалы (асабліва вясельныя — звязаныя з слупом каля печы, караваем, інш. ), гульні (“Жаніцьба Цярэшкі” — імітацыя пазашлюбнага шлюбу, “Зязюля”, “Сусед”, інш.), любоўныя магія, замовы, гаданне, песенная лірыка; асобна вылучаецца прадстаўнічы пласт эратычнага фальклору (прыпеўкі, загадкі), дзе прысутнічае ненарматыўная лексіка. Апошні артэфакт таксама як і падкрэслена нонканфармісцка-эратычны, карнавальны па сваёй сутнасці рытуал пахавання старога Ярылы з’яўляюцца маніфестацыяй антырэпрэсіўнай патэнцыі прыроды — лібідыёзнай энергіі, скіраванай супраць жорсткай соцыянарматыўнай этыкі культуры. Сэксуальныя сімвалы, знакі — ад уласна культавых прадметаў (каменныя фаласападобныя ідалы, невялічкія драўляныя “дамавікі”, вясельны каравай, лялька старога Ярылы), да будзённых, бытавых (слуп пры печцы, таўкач, нож, каса, ігла з ніткай, дзяжа, ступка, інш.) і прыродных (агонь, вада, косці кажана, жабы) — пастаянна прысутнічалі вакол чалавека традыцыйнай культуры ў сваім семантычным адценні і выводзілі, акумулявалі сваёй асэнсаванай знакавай прысутнасцю залішкі лібідыёзнасці, выконваючы па-сутнасці псіхатэрапеўтычную функцыю. Зніжэнню лібідыёзнага напружання спрыяла і адносна вольнае становішча жанчыны ў беларускай традыцыйнай сям’і, адсутнасць жорстка-дамастроеўскай рэгламентацыі яе паводзінаў: жанчына мела права на пасаг, старшынства ў сям’і пасля смерці мужа, патрабаванне разводу. Разам з тым звяртае ўвагу прысутнасць у беларускім фальклоры значнай колькасці песен з сюжэтам пра імкненне жонкі пазбавіцца ад мужа часта праз ягоную смерць, забойства, што можа інтэрпрэтавацца як праява падсвядомых імкненняў, рэакцыя на маскулінна-рэпрэсіўны характар сямейнага побыту. Разам з тым, з’яўленне і грамадская рэпрэзентацыя гэтых артэфактаў сведчаць хутчэй аб зваротным: слабасці патрыярхальных традыцый — узняць руку на мужа ў патрыярхальным грамадстве — смяротнае злачынства (Клітэмнестра, забіўшая мужа Агамемнана і прыняўшая за гэта смерць ад сына Арэста), усведамленні беларускай жанчынай паняццяў асабістай свабоды і годнасці (наложніцы ці рабыні ў галаву не прыйдзе ўзняць руку на гаспадара), а таксама сваеасаблівае брававанне сваімі магчымасцямі. Фальклор — гэта міф з яго прыматам выцесненых інстынктаў і жаданняў: для першага галоўнае — рэпрэзентацыйнасць, маніфестацыя. Скаргі беларускай сялянкі — не на сваё прыніжанае становішча, а на небараку (звычайна п’яніцу) мужа.

Асноўны інструмент сацыянарматыўнай рэпрэсіўнасці вясковага насельніцтва — грамада, абшчына з яе жорсткім грамадскім дыктатам. Пасля правядзення зямельнай рэформы 1557 г. — так званай валочнай памеры — абшчына ў заходніх і цэнтральных раёнах Беларусі — там, дзе рэформа ажыццявілася ў дастаткова поўным аб’ёме — паступова страціла сваю гаспадарчую функцыю 3, што не магло не адбіцца і на яе сацыянарматыўнай ролі. Распад вялікіх сем’яў і ўтварэнне малых, якія ў сярэдзіне 19 ст. складалі 47,1% ад агульнай колькасці 4, пашырэнне дыяпазону варыябельнасці індывідуальных паводзінаў, развіццё індывідуалізму — усё гэта выгодна адрознівала беларускага селяніна. Вядомы этнограф П. Шэйн, апісваючы сялян Віцебскага ўезду ў канцы 19 — пачатку 20 ст. адзначаў: “Калі і была калі-небудзь у нас абшчына, дык следы яе, прынамсі ў Віцебскай губерніі, зусім згубіліся. Ніколі беларусы нічога не робяць разам.” 5.

Прыроднай самадастатковасцю, якая грунтуецца на актыўным сімбіёзе прыроднага і традыцыйна-культурнага, пры максімальнай адаптацыі апошняга да патрэбаў самакаштоўнага, па-своему свабоднага вясковага жыцця тлумачыцца і параўнальна нізкая сацыяльна-палітычная, сацыяльна-ідэалагічная актыўнасць беларускага сялянства часоў Вялікага княства Літоўскага. Фенамен сялянскіх рэлігійных войнаў у Еўропе, які ў культуралагічным сэнсе значыць выйсце традыцыйна-вясковай прыроднай культурнасці за сваю мяжу, яе пераход на бок апазіцыі культурнай праблематыкі, праблематыкі навацыйнай, цывілізацыйнай (хрысціянскай) — не быў уласцівы для тагачаснай беларускай (ліцвінскай) гісторыі. Не ў апошнюю чаргу гэта тлумачыцца моцным адаптацыйным, па-сутнасці псіхатэрапеўтычным механізмам беларускай традыцыйнай культуры. Жорсткая дыхатамія хрысціянства (культура) —паганства (антыкультура, прырода), якая была пастаўлена і вырашана на карысць першай частцы ў каталіцкіх краінах, у асноўным — у Расіі, часткова на Украіне — тутака была медыяравана, знята сінтэзам, адаптацыяй хрысціянства да традыцыйнай язычніцкай культуры. Адсюль — індыферэнтнасць да ідэйных, ідэалагічных праблемаў навакольнай рэчаіснасці: што трэба ўжо адабрана, адсарбіравана і пераведзена ў катэгорыю “свайго”, г. зн. вяскова-прыроднага; астатняе проста не патрэбна, — трагічная апазіцыйнасць не паспявае ўсталявацца, Танатасу застаецца збіраць рэшткі спаленых пудзіл Мары. Сімбіятычнай культурнай самадастатковасцю, вясковым групавым нарцысізмам тлумачыцца і адсутнасць, больш дакладана — адсутнасць свядомага імкнення да прадпрымальніцтва, буржуазнасці, што ў дачыненні да беларусаў зрабілася агульным, энцыклапедычным месцам (6,959). Прадпрымальніцтва — гэта выйсце ў сферу пераўтваральнай культурнай гульні, інфернальных культурных прывідаў, незнаёмых і варожых, кантакт з якімі для міфалагічнага мыслення патрабуе цяжкіх намаганняў. Навошта новы космас, калі ёсць традыцыйны — з яго прадказальнымі міфалагічнымі істотамі, рызыкай і гульнямі? Прадпрымальніцтва тут — свядомы рэпрэсіўны мазахізм.

Спецыфічным стаўленнем да “знешняй” культуры тлумачацца і праявы калектыўнага падсвядомага беларускіх сялян — архетыпы, што знайшлі адлюстраванне ў фальклоры, міфалогіі. Пры наяўнасці комплекса асноўных метакультурных архетыпаў — святарнага старога, духа, маці, Коры, інш. — кідаецца ў вочы адсутнасць архетыпічнага ўвасаблення палітычных лідараў (акрамя Вітаўта — мудрага старога (7,94). Архетып выконвае ролю масавага, калектыўнага псіхатэрапеўта (8). У крытычныя перыяды гісторыі ён узнімаецца з падсвядомага народу, увасабляючыся ў вобразы лідэраў, такіх, як, згодна К. Юнгу, Бісмарк, Гітлер (архетып старажытнагерманскага бога Вотана). Можна з дастатковай упэўненасцю сцвярджаць, што ў рускіх — гэта архетып Чынгіс-хана (Іван Жахлівы, Пётр І, Ленін, Сталін). Што да беларусаў, дык акрамя вышэй згаданага архетыпа, які падыходзіць у большай ступені да першапродка, духа, бога, у традыцыйнай свядомасці не выкрышталізавалася архетыпічная акумулятыўна-лідэрская постаць. Гэта тлумачыцца ізноў-такі незаангажаванасцю “народнай” свядомасці знешне-кльтурнымі праблемамі і — галоўнае — адсутнасцю патрэбы ў падтычнай, вонкавай асобе для вырашэння псіхалагічных канфліктаў, якія знаходзяцца па-за межамі культурна-палітычнага дыскурсу.

Прынцыпова іншым (можа ў гэтым і вытокі трагічнага разрыву беларускай культуры па класавай прыкмеце) было стаўленне да культуры прадстаўнікоў феадалаў, гараджан, царквы. У старабеларускай культуры істотна не выражана ідыялагема прынцыповага адмаўлення культуры, культурнай эрудыцыі, як гэта было ў рускім праваслаўі, еўрапейскіх ерасях. Класічная еўрапейская, антычная адукаванасць Кірылы Смаляціча, асветніцка-хрысціянская дзейнасць Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, які ў сваіх творах паспрабаваў злучыць паганскія элементы (прыроду) з хрысціянскімі (культурай) — усе яны закладалі падмурак парадыгмы апалогіі культуры, культурных навацый, культурнай мадэрнасці. З цягам часу на беларускіх землях у кантэксце еўрапейскай гуманітарнай традыцыі з’явілася праблема культуры як самадастатковай дадзенасці, утварыліся пачаткі культуралагічнага мыслення. Так Андрэй Волян у выданай у 1608 г. працы “Аб валадары і яго асабістых дабрачыннасцях” піша аб тым, што чалавечыя дабрачыннасці належаць у першую чаргу да культуры і поўнай гуманізацыі чалавечага розуму; людзі, узброеныя ведамі, дакладна вывучаюць складанае мноства дабрачыннасцяў, каб вывесці іншых з жывёльнага стану на шлях цывілізацыі 9. У гэтым знакавым тэксце пастулююцца асноўныя культуралагічныя канцэпты: самакаштоўная, выключная роля культуры, гуманістыкі як асноўных перадумоў дабрадзейнасці; адрозненне паняццяў культуры як духоўнага працэсу, — прывілея для параўнальна невялікай колькасці людзей-правадыроў — і цывілізацыі — першай ступені над жывёльным станам (як можна меркаваць, гэта — агульнапрынятая сістэма грамадскага ўладкавання, жыццязабеспячэння); уяўленні аб “прыродзе” як аб жывёльным існаванні, рэзкае проціпастаўленне яе цывілізацыі і культуры. Вялікая роля надаецца ў культурнай дзейнасці ўпарадкаванай знакава-сімвалічнай сістэме — адной з фундаментальных дэфініцый культуры. Так, Лаўрэнці Зізаній піша, што граматыка — ключ “отворяючи всем ум”10, праз яе “риторика и словесница вкупе чесной философии чрез естественном богословии оказуется союз, без которого порядне речи не справит”11. Ідэя аб артэфактычным сімвале культуры — кнізе — як увасабленні свету, космасу маніфестуецца С. Полацкім у творах “Кніга”, “Свет ёсць кніга”: “Мир сей преукрашенный, книга есть велика”, прычым кніга-космас утрымлівае перш-наперш прыродныя “листы”: неба, агонь, ваду і толькі ў канцы — зямлю “с писменами”10. Гэта апалагетычна-культурнае асэнсаванне космасу як кнігі папярэднічае сінанімічнаму разуменню кнігі, бібліятэкі Х.Л. Борхесам, У. Эка, аднак яго знакавы кансенсус, унітарызм — натурфіласофскі, нават нечалавечы, боскі, дзе ўсе знакі навакольнага свету — вада, агонь, нашы пісьмёны — аркушы аднаго, толькі Тварцу зразумелага тэксту. Культавы помнік беларускага інтэлектуалізму, менталітэту — Статут 1588 г. — з’яўляецца маніфестацыяй згоды з сістэматворчай, мяккай, усеабдымнай культурнай рэпрэсіўнасцю, той, дзе няма месца інстынктыўна-біялагічнаму праізволу надзеленых уладай вялікіх і малых валадароў.

Сфера шляхецкай, гарадской культуры, якая была найбольш дэтэрмінаваная культурна-этычным прэсінгам — сексуальная. Сексуальны авангард італьянскага рэнесансу, эратычная мадэрнасць часоў французскага класіцызму, барока, ракако, Асветніцтва абыйшлі, здаецца, беларускія землі бокам. Сексуальная рэвалюцыя прыйшла сюды, як можна меркаваць па крыніцах (12,195), у другой палове 18 ст. на хвалях культуры Асветніцтва. Увогуле ў часы Асветніцтва і рамантызму, пры ўмацаванні апалогіі рацыяналізаванай культурнасці, на Беларусі ўпершыню ўтварылася сістэматычная апазіцыя цывілізатарскай культуры (Ф. Карпінскі, А. Марцінкоўскі). Разам з тым апазіцыя прырода/культура не набыла ў старажытнай Беларусі трагічнай русаісцкай напружанасці, не зрабілася ідэалагічным кіраўніцтвам наступу на прыроднае, яго дэзавуацыі. Гэта звязана як з пераважна аграрным характарам беларускага (ліцвінскага) грамадства, так і, у першую чаргу, з тым, што культура на нашых землях мела поліцэнтрычны, полісемантычны, жывы, дынамічны характар, яе эпіцэнтры — гарады, маёнткі, мястэчкі – не былі ўніфікаваны ідэйна і тэрытарыяльна, і не здолелі зарганізавацца ў адзіны агрэсіўны, механічны, нівеліроўчы культурны кангламерат, — прадцечу цывілізацыі індустрыяльнай эпохі.

Пасля анексіі беларускіх земляў Расійскай імперыяй характар рэпрэсіўнасці змяніўся — ён стаў больш сістэматызаваным і глабальным. Галоўным рэпрэсіўным адэптам зрабілася цывілізацыя, прычым цывілізацыя найбольш уніфікаванага, таталітарнага, антыплюралістычнага тыпу — усходне-азіяцкая. Гэта назва падкрэслівае яе “некласічнае” паходжанне — гэта не класічны Ўсход — цывілізацыі Егіпту, Індыі, Кітаю і не традыцыйная Азія з яе качавымі народамі і культурамі, а складаны сімбіёз гэтых метакультурных утварэнняў з вонкавымі элементамі еўрапейскага аздаблення. Асноўныя рысы расійскай цывілізацыйнай сістэмы — татальная ўніфікацыя — аб’ектыўна супрацьстаіць, утварае апазіцыю культуры як жывому, творчаму, індывідуальнаму працэсу. Ці не ўпершыню на беларускіх землях прыроднае (сялянскае), культурнае (горад, маёнтак, мястэчка) апынуліся ў апазіцыі да цывілізацыйнага, якое тутака разумеецца ў адмоўным, шпенглераўскім значэнні. Канец ліцьвінскай культуры — а гэта, прыкладна, сярэдзіна 19 ст., чаму папярэднічалі такія падзеі, як закрыццё Віленскага ўніверсітэта, скасаванне магдэбургскага права, Статута, падаўленне паўстання пачатку 30-х гг. — значыць і трагічны зыход культуры ў сваім пазытыўным, творчым сэнсе як структураствараючага пласта старабеларускага грамадства ўвогуле. Ад гэтых часоў яе прытулак — шляхецкія маёнткі, што жывуць па-большасці культурнай памяццю, успамінамі, асобныя лакуны ў здэкультываваных ці іншаэтнічных гарадах з рэфлексіяй “краёвасці”, “тутэйшасці”.

Праблема цывілізацыйнай рэпрэсіўнасці для беларускай этнакультурнай гісторыі — адна з найбольш актуальных і трагічных. Аб тым, што Беларусь размешчана на памяжоўі Усходу і Захаду, пісаў І. Абдзіраловіч13. Не адмаўляючы гэтага прынцыповага палажэння, з Абдзіраловічам можна не пагадзіцца ў адным і дастаткова прынцыповым: беларуская культура ніколі не была і не будзе пераходнай, сінтэтычнай — для гэтай, па-сутнасці цывілізацыйна-стваральнай працы ў Беларусі не хопіць матэрыяльных і духоўных патэнцый — гэта малы, у лепшым выпадку сярэдні па еўрапейскім маштабам народ. Спецыфіка тыполага-цывілізацыйнага існавання Беларусі ў тым, што ў розныя часы сваёй гісторыі яна належыла то да ўсходняга (11-15, 19-20 стст.), то да заходняга (15-18 стст.) тыпу цывілізацый, прычым ніколі не была цалкам, на 100% усходам ці захадам. Праблемы этнічнай ідэнтыфікацыі беларусаў, рэпрэсія беларускай этнічнасці звязаны ў першую чаргу не з беларусафобіяй рускіх ці палякаў, а з цывілізацыянісцкім экспансіянізмам памяжоўя, — месца, дзе канфлікты, і не толькі міжцывілізацыйныя, праяўляюцца найбольш інтэнсіўна. Этнічнае з’яўляецца тутака другасным, апасрэдаваным экспансіянісцкімі амбіцыямі грандыёзных метакультурных утварэнняў — ад Японіі да Волгі і ад Буга да заходняга узбярэжжа ЗША. Іншая справа, што генетычна роднасны беларускай (ліцвінскай) культуры заходні тып цывілізацыі (у яго рэчышчы ў 14-16 стст. адбылося ўтварэнне этнасу, з ім звязаны “залаты век” беларускай (ліцвінскай культуры), прапаноўвае больш мяккі, гуманны тып культурнай рэпрэсіўнасці: у межах апазіцыі культура/прырода, дзе пад апошнім разумеецца вёска, вясковасць, пакідаючы магчымасць існавання культуры, хаця таксама ў межах апазіцыі культура/цывілізацыя. Разам з тым, як мы бачым ў сучаснай культуры постмадэрну, дыхатамічнае напружанне паміж гэтымі апазіцыямі здымаецца за кошт насычэння цывілізацыйнасці культурнасцю пры адваротным пранікненні некаторых формаў.

Чарговая фаза цывілізацыйнай рэпрэсіўнасці звязаная з усталяваннем на Беларусі індустрыяльнага грамадства, пачатак якому быў пакладзены ў 30-х, 50-х гг. 20 ст. Сам характар утварэння тэхнакратычнасці на нашых землях быў прымусова-рэпрэсіўным: буйная прамысловасць была гістарычна неўласцівая беларускім землям, дзе ад веку існавала густая сець сярэдніх і дробных вытворчых прадпрыемстваў; канцэпцыя “зборачнага цэху” аніяк не ўпісваецца ў беларускую этнакультурную традыцыю. Індустрыялізацыя прынесла з сабой урбанізацыю і як вынік спалучэння таталітарнага і індустрыяльнага дыскурсаў — унітарную звышурбанізацыю. Замест анклаўнай, поліцэнтрычнай сістэмы размеркавання насельніцтва ў часы Вялікага княства Літоўскага па невялікіх па еўрапейскіх памерах гарадах і шматлікіх мястэчках, дзе велічыня гораду не была маркерам яго культурнага ці вытворчага ўзроўню (дастаткова назваць такія якасныя культурныя цэнтры, як Нясвіж, Слуцк, Мір, Налібокі, Карэлічы, інш.) на Беларусі ўсталявалася імперская, рэпрэсіўная мадэль урбаністыкі. Яе вытокі — у пераважна вясковым, земляробча-традыцыйным укладзе жыцця арыентальнага грамадства, існаванні жорсткай пагранічнай мяжы паміж нешматлікімі гарадамі і бязмежнай вёскай, над якой гэтыя гарады пануюць. Адсутнасць пераходных формаў трансурбаністычнага існавання — замка, мястэчка — якія выконвалі б функцыю пасрэдніка, медыятара паміж горадам і вёскай услед за расійскай імперскай звышцэнтралізаванай і іерархіязаванай мадэллю грамадства, параўнальна невялікая па сваіх памерах Беларусь запазычыла ўнітарна-іерархічны тып урбаністыкі, калі невялікая колькасць палітычных цэнтраў — гарадоў — робяцца культурнымі акумулятарамі краіны. На Беларусі гэта мадэль дасягнула рэпрэсіўнай гіпертрафічнасці, увасобіўшыся ў яе “сталічны” варыянт, калі адзін горад — сталіца — робіцца таксанамічным рэпрэзентантам усёй краіны. Таталітарная іерархія, якая працуе па апазіцыйнаму прынцыпу: цэнтр (горад) — ускраіна (правінцыя) набыла тут закончаны выгляд адмоўнага канцэпту індустрыяльнай цывілізацыі: горад (цывілізацыя) — астатняя тэрыторыя краіны (культура? прырода?). Культурная прастора сучаснай Беларусі мае выразны “гуманітарны” — арганізавана-іерархічны характар — яна канцэнтруецца вакол невялікай колькасці базавых канцэптаў, у прасторавым і сэнсавым цэнтры якіх стаіць адзін населены пункт — горад, дзе жыве амаль кожны пяты грамадзянін рэспублікі і які сваю палітычную, эканамічную і культурную вагу падмацоўвае дэмаграфічнай. У выніку тутака замацавалася рэпрэсіўная экспансія урбаністычнай цывілізацыі як нівеліруючага, механістычнага, масава-сярэдняга ўтварэння, цывілізацыі, якая пануе над высмактанай правінцыяй, абыходзячыся з ёй па-прынцыпу: хіба ў горадзе, хіба нідзе, і знаходзіцца ў апазіцыі як да культуры, так і прыроды. Парадоксам суадносінаў цывілізацыйнага і культурнага, а таксама прыроднага на Беларусі з’яўляецца тое, што цывілізацыйная рэпрэсіўнасць тут у 19-20 стст. усталёўвалася на падмурку прыродных, першабытных інстынктаў грамадства, дзе пануе фрэйдаўскі магутны бацька (цар, генсек), які мае бязмежную ўладу над “сынамі”.

 

Зацемы

1. Гл.: З. Фрэйд. Будущее одной иллюзии. // Сумерки богов. с. 94-142. М. 1989.

2. Гл.: Joanna Gornicka — Miedzy sumieniem a metabizyka rozumu: etyka komunikacyjna Jurgena Habermasa//Etyka ХХ wieku. Lublin. 1991.

3. Довнар-Запольский М. В. Очерки по организации западно-русского крестьянства в XVII веке. Киев, 1905. Стар. 8, 12 ды інш.

4. Сям’я і сямейны быт беларусаў. Мн. 1999.

5. Шейн В.П. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 111. СПб., 1902. с. 4.

6. Новый энциклопедический словарь. Восьмой том. С-Пб.

7. Ігар Вуглік. Імя — міф — этнакультурны сімвал // Национально-культурный компонент в тексте и языке. Материалы 11 Международной научной конференции 7-9 апреля 1999 г., Минск. В трёх частях. Часть 1.

8. Карл Густав Юнг. Архетип и символ. М. 1997.

9. Памятники философской мысли Белоруссии ХV11- первой половины ХV111 в. Мн. 1991.

10. Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн. 1962. с. 138.

11. Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі адраджэння на Беларусі. Мн.1990. с.105.

12. Адам Мальдзіс. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры ХV111 стагоддзя. Мн. 1982.

13. Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам. Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Мн. 1993.

 

Ігар Вуглік - ЗАЎСЁДЫ З НАМІ? АБО СПРОБА ДАСЛЕДВАННЯ БЕЛАРУСКАЙ НЕАМІФАЛОГІІ

 

зьмест