ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

ад рэдактара


ФРАГМЭНТЫ №9
№9
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь

.
Ігар Бабкоў

“ПАСЬЛЯ ЭЎРОПЫ”

 

Гэтая кніга ўжо напісаная. Неістотна, на якой мове і ў якой краіне яна выйшла. Неістотна дакладная назва, год выданьня і дадзеныя выдавецтва. На яе тэксты няма аніякіх аўтарскіх правоў. Бо кніга “Пасьля Эўропы” пішацца самім жыцьцём, гэта нашая сучаснасьць.

Нашая сучаснасьць прыходзіць да нас пасьля эўрапейскай пост-сучаснасьці, і шмат у чым насуперак ёй. Бо калі эўрапейская мадэрнасьць была спробай прыватызацыі часу, — разьмяшчаючы сябе наперадзе сьвету, яна сам сьвет паставіла ў лінейную пэрспэктыву прагрэсу, — г. зн. часу, вызначанага і кантраляванага эўрапейскай мадэрнасьцю, дык постмадэрнасьць ёсьць усяго толькі сьціплай канстатацыяй немагчымасьці лінейнай чаргі па шчасьце, у якой кожны мае свой нумар (першы сьвет, другі сьвет, трэці...). Гэта прызнаньне таго, што час (і су-часнасьць) у кожнага свой, таксама як свая мова, свой сьвет і свая доля.

Гэта было вымушанае прызнаньне, зробленае пад ціскам лякальных мадэрнасьцяў, якія са зьдзіўленьнем пазнаходзілі, што ўнівэрсальныя “нормы ды ідэалы” ўжо прыватызаваныя, і якія распачалі свае анты-каляніяльныя змаганьні за сваю частку вялікага пірага пад назвай унівэрсальнасьць. Постмадэрнасьць (эўрапейская) усім паведаміла, што вялікі пірог (мэтанаратывы) ужо зьедзены (Эўропай), таму сьпяшацца няма куды і змагацца няма за што. Варта ж цяпер кожнаму пякчы свае маленькія піражкі і гэты дэцэнтралізаваны працэс будзе рэгулявацца не ідэаламі й нормамі, а сыстэмай моды, з “лякальнымі” сталіцамі ў Парыжы, Лёндане, Бэрліне, Бостане, Ню-Ёрку.

Праз колькі часу ўсе “адсталыя” раптам усьведамілі, што яны зноў падмануліся: тое, што бачылася як дэцэнтралізацыя і вызваленьне, у рэальнасьці апынулася чарговай каляніяльнай гісторыяй, а ўскосная дамінацыя (праз сыстэму моды) у сваіх мэтадах ды наступствах прадукуе ўсё тую ж інтэлектуальную ды культурную залежнасьць... Усе зноў занялі свае мейсцы ў чарзе, толькі цяпер баяцца быць не адсталымі, а старамоднымі.

Беларусы ж, хаця й выправіліся напачатку стагодзьдзя ў сваё безнадзейнае падарожжа “людзьмі звацца”, так ні да чаго (унівэрсальнага) не дайшлі. Напрыканцы стагодзьдзя яны зноў прачнуліся ў Багушэвічавай хатцы, хаця сама хатка незаўважна вырасла да памераў дзяржавы, а неўзабаве і да памераў сьвету. Сьвету, у якім па-ранейшаму “ўнівэрсальнае — гэта чужое, а чужое амаль заўсёды — унівэрсальнае”.

Беларусы і з гэтым спазьніліся.

Зрэшты, для мысьленьня гэта ня так і страшна. Бо яно (мысьленьне) нікуды й не сьпяшаецца.

 

Да таго ж, як напісаў беларуска-будыскі паэт Алег Мінкін у вершы “Хведар Ніцка думае пра унівэрсальнасьць”: 

“...Тут адзiна: ўцякаць цi стаяць на пасту,
Углядацца ў далёкасьць цi змружыць павекi,
Бо ўсё роўна ня зойдзеш, куды не прастуй,
У той край, дзе захочаш застацца навекi.

 

Iгар Бабкоў - СЯРЭДНЯЯ ЭЎРОПА - НОВАЯ МАДЭРНАСЬЦЬ

Ігар Бабкоў - БЕЛАРУСЬ-УКРАІНА- ПАДАРОЖЖА НА СКРАЙ

Iгар Бабкоў - МУЗЭЙ "ЭЎРОПА"

Ігар Бабкоў - ЭТЫКА ПАМЕЖЖА- ТРАНСКУЛЬТУРНАСЬЦЬ ЯК БЕЛАРУСКІ ДОСЬВЕД

Ігар Бабкоў - КРЫТЫЧНЫЯ ІНТЭЛЕКТУАЛЫ

Ігар Бабкоў - ЧАТЫРЫ ВЭРСІІ ІДЭІ СВАБОДЫ

Ігар Бабкоў - ГЕРОЙ ВАЙНЫ ЗА ПРАЗРЫСТАСЬЦЬ -  бібліятэка "ФРАГМЭНТАЎ"

  

зьмест