ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

топас/мысьленьне


ФРАГМЭНТЫ №9
№9
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Жан Бадрыяр

ПЛЯСТЫЧНАЯ ХІРУРГІЯ ІНШАГА

 

З пачаткам мадэрнасьці мы ўвайшлі ў эру вытворчасьці Іншага. Надалей сутнасьць пытаньня палягае ўжо не ў зьбіцьці, зьядзеньні альбо спакушэньні Іншага, не ў сустрэчы або спаборніцтве зь ім, і не ў каханьні або нянавісьці да яго, але перадусім у вытворчасьці Іншага. Іншы надалей ужо не аб’ект жарсьці, але аб’ект вытворчасьці. І прычына гэтай зьмены напэўна ў тым, што Іншы, у сваёй радыкальнай іншасьці [alterite], або ў сваёй непераадольнай і нескарачальнай адзінкавасьці, выявіўся небясьпечным ці невыносным.

Таму, для прыкладу, нам патрэбна ўзнавіць ва ўяўленьні яго спакушэньне. Прасьцей кажучы, іншасьць [alterite] і дуальныя дачыненьні паступова зьнікаюць з умацаваньнем індывідуальных і разбурэньнем сымбалічных каштоўнасьцяў. Ва ўсякім разе, іншасьці ўжо няма ў дастатковым аб’ёме. І паколькі мы ня можам перажыць іншасьць як наканаванасьць і неўнікнёнасьць, іншы павінен прадукавацца ўжо як адрознасьць. Гэта наўпрост датычыць цела як адносна пола, так і адносна сацыяльных дачыненьняў. Вытворчасьць іншага як адрознасьці вынайдзена, каб унікнуць сусьвету цела, полу як неўнікнёнасьці. Вось што адбываецца з полавай адрознасьцю: кожны пол валодае сваімі анатамічнымі і псыхалягічнымі ўласьцівасьцямі, сваім жаданьнем з усімі непазьбежнымі падзеямі, што вынікаюць зь яго, сваёй ідэалёгіяй полу і жаданьня і ўтопіяй полавай адрознасьці, угрунтаванай у законе і прыродзе. Усё гэта губляе ўсякі сэнс пры спакушэньні, дзе сутнасьць справы палягае не ў жаданьні, а ў гульні з жаданьнем. Справа і ня ў роўнасьці або ў адчужэньні полаў, бо гэтая гульня мае наўвеце сапраўдныя ўзаеміны партнэраў (не адрознасьць або адчужэньне, але іншасьць або саўдзельнасьць). Спакушэньне папросту не зьяўляецца гістэрычным, бо ніводзін пол не праектуе сваю сэксуальнасьць на сэксуальнасьць іншага. Усталяваныя дыстанцыі, і іншасьць застаецца незакранутай. Гэта і ёсьць найнеабходнай умовай менаванай найвялікшай ілюзіі, гэтай гульні з жаданьнем.

Вынікам рамантычнай пары (19-е стагодзьдзе) сталася штосьці супрацьлеглае: у гульню ўлучаецца мужчынская гістэрыя, і праз гэта адбываецца зьмена ў полавых парадыгмах, якую ізноў жа патрэбна пераставіць у больш агульны і ўнівэрсальны кантэкст зьменаў у парадыгмах іншасьці.

Цягам гэтай гістэрычнай фазы жаноцкасьць мужчын у пэўнай меры праектуецца на жанчын і фармуе іх як ідэальныя фігуры падабенства. Рамантычнае каханьне адбываецца ўжо не вакол змаганьня за сэрца жанчыны або яе спакушэньня. Яго сутнасьць хутчэй у стварэньні жанчыны зь сярэдзіны [de l’interieur], яе інвэнцыі або як рэалізаванай утопіі (ідэалізаванай жанчыны), або як “femme fatale”, зоркі, якая ўсё адно зьяўляецца яшчэ адной гістэрычнай і звышнатуральнай мэтафарай. У гэтым складаецца ўвесь наробак рамантычнага Эрасу: гэта ён вынайшоў такую ідэальную гармонію, такі зьлітак каханьня (амаль у інцэстуознай форме) зь істотаў-блізьнятаў (жанчыны як спраектаванага ўзнаўленьня таго самага, і жанчыны, якая мае сваю звышнатуральную форму толькі як ідэал таго самага), што артыфакт надалей проста вырачаны на каханьне, іншымі словамі, вырачаны на патас ідэальнага падабенства істотаў і полаў, на патэтычную заблытанасьць, што замяніла сабой дуальную іншасьць спакушэньня. Зьмяняецца ўвесь сэнс і кірунак эратычнага мэханізму, бо эратычная прывабнасьць, якая некалі сыходзіла ад іншасьці, ад чужасьці Іншага, цяпер перасоўваецца ў бок Таго Самага, да сыходнасьці і падабенства. Аўтаэратызм? Інцэст? Не, хутчэй гіпастасіс Таго Самага. Таго самага, што ўзіраецца ў іншага, апранае іншага сабой і адчужае сябе ад яго ў ім. Але іншы — заўсёды ня больш чым эфэмэрная форма адрознасьці, што яшчэ шчыльней прыцягвае мяне да мяне. У гэтым хаваецца таксама і прычына таго, чаму пры рамантычным каханьні і ўсіх яго пабочных эфэктах сэксуальнасьць усё больш цягнецца да сьмерці: таму што сэксуальнасьць усё бліжэй насоўваецца да інцэста і сваёй уласнай неўнікнёнасьці, нават у яе баналізаваным варыянце (бо сутнасьць справы ўжо не ў мітычным або трагічным інцэсьце; у мадэрным эратызму мы маем справу ўсяго толькі з адцягненай формай інцэста, з праекцыяй таго самага на вобраз іншага, а гэта толькі частка агульнай заблытанасьці і скажэньня ўсіх вобразаў).

Гэта, урэшце — інвэнцыя жаноцкасьці, якая робіць жанчыну залішняй, інвэнцыя адрознасьці, ня большай за скляшчэньне з уласным двайніком. У рэшце рэшт, любое сутыкненьне зь іншасьцю стаецца немагчымым (дарэчы, цікава было б даведацца, ці існаваў калі-колечы аналягічны гэтаму з жаночага боку фэномэн стварэньня мужнай і фалічнай міталёгіі. Фэмінізм ёсьць фактычна прыкладам гістэрыяваньня жанчынамі наконт мужчынскасьці, якая дакладна пераймае гістэрычную праекцыю жаноцкасьці мужчын у мітычны вобраз жанчыны).

Але ў гэтай “прыцягнутай за вушы” лякалізацыі адрознасьці ўсё адно застаецца асымэтрычнасьць.

Вось чаму я такім парадаксальным чынам сьцьвярджаў, што жанчыны больш розьняцца ад мужчын, чым мужчыны ад жанчын. У кантэксьце полавай адрознасьці гэта значыць, што мужчыны знаходзяцца па-над усім адрозным, у той час як спаміж жанчын застаюцца рэшткі радыкальнай іншасьці, якая пераўзыходзіць занядбаны і здэградаваны статус [мужчынскай] адрознасьці.

Карацей, у гэтым працэсе экстрапаляцыі Таго Самага ў вытворчасьці Іншага, у гэтай гістэрычнай інвэнцыі полавага іншага як брата ці сястры-блізьнюка (пытаньне пра блізьнятаў нагэтулькі надзённае і сучаснае з нагоды лібідальнага клянаваньня) палягае прагрэсыўная асыміляцыя полаў, што рухаецца ад адрознасьці да меншай адрознасьці, а стуль да візуальнай інвэрсіі і неразрозьніваньня полаў, якое, у рэшце рэшт, робіць полавую функцыю чымсьці наўсуцэль бескарысным. У працэсе клянаваньня будуць памнажацца бескарысныя полавыя істоты, паколькі сэксуальнасьць больш ня ёсьць неабходнай умовай іх памнажэньня.

Здаецца, рэальная жанчына павінна зьнікнуць (але яна мае вельмі шмат спосабаў супрацьстаяць гэтаму) у гэтай гістэрычнай інвэнцыі жаноцкасьці, у гэтай інвэнцыі полавай адрознасьці, дзе мужчынскі бок адпачатку займае прывілеяванае становішча і ўсе ідэалягічныя і фэміністычныя змаганьні вырачаны на рэканструкцыю таго самага прывілею або той самай незаміральнай адрознасьці. Але тым жа часам, праз тую самую інвэнцыю, так званае мужчынскае жаданьне таксама стаецца наўсуцэль праблемным, паколькі яно ўжо больш ня можа праектаваць на іншага свой уласны вобраз, і такім парадкам робіцца чыста спэкулятыўным. Патрэбна таксама пераразгледзець увесь гэты нонсэнс наконт чэляса і полавых прывілеяў мужчынскасьці. Ёсьць нешта справядлівае ў гэтым працэсе неразрозьніваньня полаў, што няўмольна рухае абодва полы да кульмінацыі татальнага неразрозьніваньня, дзе яны губляюць сваю адзінкавасьць ды іншасьць. Гэта эра Транссэксуалізму, дзе ўсе змаганьні, зьвязаныя з полавай Рознасьцю, захоўваюцца назаўжды, тым часам як рэальная сэксуальнасьць ці любы тып рэальнай іншасьці ўжо зьніклі.

Гэтае (пасьпяховае?) паглынаньне маскулінна спраектаванай гістэрыі на жаноцкасьць паўтараецца і ўзнаўляецца кожным індывідам (мужчынай ці жанчынай) на іх уласных целах. Ідэнтыфікацыя зь целам і прыўлашчаньне яго як праекцыі яго самога ўжо ня мае наўвеце іншасьць або неўнікнёнасьць. У вонкавым выглядзе, у сэксе, у хваробе, у сьмерці ідэнтыфікацыя заўсёдна “зьіншаная”. І вы нічога ня можаце з гэтым зрабіць: гэта неўнікнёнасьць. Але праўда і тое, што гэта неабходна любым коштам знэўтралізаваць праз ідэнтыфікацыю зь целам, праз індывідуальнае прыўлашчаньне вашага цела, вашага погляду, вашага вобразу: гэта плястычная хірургія ўсяго мейсца. Калі цела зьяўляецца ўжо ня мейсцам іншасьці і дуальных дачыненьняў, а хутчэй лёкусам ідэнтыфікацыі, мы павінны замірыцца зь ім, песьціць і дасканаліць яго, зрабіць яго ідэальным аб’ектам. Кожны карыстае са свайго цела як мужчына карыстае з жанчыны ў праекцыйным спосабе ідэнтыфікацыі, апісаным вышэй. Цела прыпадабняецца да фэтышу, і выкарыстоўваецца як фэтыш у роспачным намаганьні самаідэнтыфікацыі. Цела стаецца аб’ектам аўтыстычнага культу і квазі-інцэстуознай маніпуляцыі. Цела прыпадабняецца да сваёй мадэлі, якая праз гэта робіцца крыніцай эратызму і “белага” [фальшывага, дзявоцкага, нэўтральнага,...] самаспакушэньня. Гэтае падабенства робіць Іншага віртуальна немагчымым і зьяўляецца лепшым шляхам зрабіць немагчымым і спакушэньне, што павінна змусіць яго выявіцца празь нешта іншае.

Шмат якія іншыя зьявы ўдзельнічаюць у гэтай гістэрычнай і спэкулятыўнай вытворчасьці Іншага: прыкладам, расізм, які няўхільна разьвіваўся цягам усёй мадэрнасьці і цяпер яшчэ даецца ў знакі. Было б лягічна, каб расізм зьмізарнеў і скволеў дзякуючы Асьветніцкаму прагрэсу. Але мы ведаем, што хаця генэтычная тэорыя расы засталася неабгрунтаванай, расізм усё адно ўзмацняўся. І гэта таму, што расізм ёсьць штучнай канструкцыяй Іншага, заснаванай на эрозіі культурных сынгулярнасьцяў (іх іншасьці адно да аднаго) і прыйме фэтышыстычнай сыстэмы адрознасьці. Пакуль існуе іншасьць, чужасьць, і дуальныя дачыненьні (падзея жарсьці і гвалту), уласна не існуе такой зьявы як расізм. Як даводзяць антрапалягічныя выклады, гэта больш-менш справядліва што да часу, які папярэднічаў 18-му стагодзьдзю. Аднойчы гэтыя “натуральныя” дачыненьні былі страчаныя, і на іх мейсцы зьявіліся экспанэнцыйныя зносіны са штучным Іншым. І нішто ў нашай культуры ня зробіць магчымым закілзаньне расізму, пакуль увесь наш культурны рух адбываецца ў кірунку да шалёнай дыфэрэнцыйнай канструкцыі Іншага і заўсёднай экстрапаляцыі Таго Самага празь Іншага. Гэтая аўтыстычная культура набывае форму фальшывага альтруізму.

Усе гавораць пра адчужэньне. Але найгоршым адчужэньнем ёсьць не пазбаўленьне Іншым, а пазбаўленьне Іншага. Іншымі словамі, гэта вымушае вырабляць Іншага пры яго адсутнасьці, і такім чынам быць увесь час рэфэрэнцыйна павязаным на сабе самым і сваім вобразе. Калі сёньня мы вырачаныя на свой уласны вобраз (вырачаныя культываваць наша цела, наш погляд, нашу ідэнтычнасьць, нашае жаданьне), у гэтым вінна не адчужэньне, а канец усякага адчужэньня і віртуальная безаблічнасьць і размытасьць іншага, што нашмат горш за яго фатальнасьць. Фактычна, парадаксальным лімітам адчужэньня ёсьць пастаноўка некага ў цэнтральнае становішча [comme point de mire], як аб’екта дапамогі, жаданьня, пакутаў і камунікацыі. Гэты канчатковы колазварот іншага адкрывае эру празрыстасьці. Плястычная хірургія [la chirurgie esthetique] стаецца ўнівэрсальнай. Але хірургія твараў і целаў — гэта толькі сымптом больш радыкальнай хірургіі: хірургіі іншасьці і неўнікнёнасьці.

Якое ж выйсьце? Ладна, яго няма. Няма выйсьця з гэтага эратычнага зруху ўсёй культуры, няма выйсьця з гэтай паланяльнай зачараванасьці, з гэтага прадоньня адмовы ад іншага, адмовы ад чужасьці і нэгатыўнасьці. Няма ніякага выйсьця з гэтай высылкі зла і прымірэньня вакол Таго Самага ды формаў яго выяўленьня: інцэста, аўтызму, блізьняцтва, клянаваньня. Мы можам толькі памятаць, што спакушэньне палягае ў незьмірэньні зь Іншым і ва ўратаваньні чужасьці Іншага. Мы павінны не зьмірыцца з нашымі целамі або з самымі сабой. Мы павінны не зьмірыцца зь Іншым. Мы павінны не зьмірыцца з жаноцкасьцю (гэта датычыць і жанчын). Тут крыецца таямніца чужой прывабнасьці.

 

Пераклад з ангельскай М.Б.

 

Жан Бадрыяр - ПРЭЦЭСІЯ СЫМУЛЯКРАЎ

  

зьмест