ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

дыскусія



№9
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Пэтэр Ганак

ДА ПЕРАСЬЦЯРОГІ ГРАБАРАМ

 

Адразу пасьля другой сусьветнай вайны добрым тонам было выказваньне спачуваньня народам Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якія аказаліся пераможанымі і зьняслаўленымі. Пасьля 1956 і 1968 гг., а потым таксама ў васьмідзясятых гадох было модным захапляцца імі і — у якасьці спагадлівых прыхільнікаў — дамагацца іх вызваленьня. Цяпер жа аднолькава шыкоўна адчуваць сябе не расчараваным, і хаваць — ужо ў каторы раз — Цэнтральную Эўропу, рэгіён, які адмаўляецца паміраць і які ня здольны вярнуцца да жыцьця, зямля, якая так доўга псуе настрой, а цяпер аказваецца зямлёй нічыйнай. Нас, аўтахтонаў, ані не зьдзіўляе і надта не засмучае гэтая новая мода ў колах палітыкаў і палітолягаў, якія проста заклікаюць з увагай ставіцца да гэтага рэгіёну і адмесьці ня надта добра пахнучыя ўспаміны зь нядаўняга мінулага. Пакрысе мы асвойтваемся з фактам, што ёсьць і такія, хто расчараваўся і каго знэрвавалі апошнія здарэньні, і што яны пачынаюць вызваляцца ад тармазоў, прыгадваючы няясныя вытокі рэгіёну, яго папярэднікаў, такіх, як нямецкая Мітэльойропа альбо настальгія жыдоўскіх эмігрантаў па эпосе Габсбургаў. Ну, што тут зробіш? Бабка ці хутчэй прабабка гэтага няшчаснага рэгіёну была пэўна жыдоўская, нямецкая ці вугорская альбо — страшна сказаць — нямецка-вугорска-жыдоўская адначасова.

Але чаму ўва ўнісон зь іхным голасам гучыць голас Эрыка Гобсбаўма? Бо ён жа гісторык, выбітны знаўца гісторыі нашага кантынэнту і нашага рэгіёну, розум незалежны і арыгінальны, які ня мае звычкі прэзэнтаваць модныя палітычныя тэорыі, прыбраныя ў пер’е навуковых разважаньняў. Зь нейкім прыкрым пачуцьцём я чытаю, што і ён ня лічыць, што Цэнтральная Эўропа была чымсьці рэальна існуючым. Што гэта толькі “каштоўнасная адзнака” і, хутчэй, “праблема палітычная або геаграфічная”. Ці не аблуда гэта? Ці ж, на ягоную думку, “Захад” быў вызначэньнем геаграфічным, пазбаўленым усялякіх вартасьцяў? Гобсбаўм прыводзіць тры значэньні паняцьця “Цэнтральная Эўропа”. Разьбярэмся зь першымі двума, прыцягваючы паважныя і старыя як сьвет аргумэнты. Найперш — нямецкія пляны што да Мітэльойропы. Хай сабе і так, але гісторык не павінен забывацца, што любыя канцэпцыі, якія распрацоўвалі “аўтахтоны” — чэх Палацкі, паляк Чартарыскі, румын Балеску, аўстрыец Рэнэр або вугорац Яшы, які марыў аб наддунайскай фэдэрацыі, — былі скіраваныя, уласна, супраць нямецкага Drang (накіраванаму на Ўсход) і расейскай гегеманіі (якая марыла аб Захадзе). Гэтыя канцэпцыі, наколькі б нерэалістычна яны ні гучэлі ў свае часы, не павінны быць, тым ня менш, выкрэсьленымі з гісторыі думкі і палітыкі.

 

Ад Вены да Брусэля…

Другая вэрсія (старая нашая знаёмая) — гэта настальгія. Мы можам вылучыць два яе віды: першая — гэта “захавальная” настальгія, дзякуючы якой тыя, што мелі прывілеі ў тым даўнім парадку, стараюцца зноў апынуцца ў мінулым і пазбавіцца ад зьнішчальнай, творчай і асьвяжальнай цяперачыні; другая — гэта “творчая” настальгія, якая ёсьць нічым іншым, як беспасярэднай крытыкай цяперачыні, якая распадаецца або ўжо развалілася. Калі гаворка йдзе пра сучасны смутак па Цэнтральнай Эўропе, то мы маем дачыненьне з другой вэрсіяй, так бачыць справу і Гобсбаўм. Мы цалкам пагаджаемся адносна таго, што ніхто ня прагне вяртаньня дысцыпліны, генэралаў і арыстакратыі з часоў Франца Ёзэфа, а тым больш ніхто не смуткуе па вялікіх лятыфундыях і па эксплюатаваных звыш усякай меры сялянах, што, наадварот, мы прагнем хутчэй забыцца пра Kaiserstaaterei, стварэньне, прасякнутае народнай нянавісьцю, у якім абсалютна нельга было жыць і якое адначасова ўслаўлялася, як народная дзяржава.

Але мы не зусім згодныя адносна настальгіі манархічнай. Нішто ня сьведчыць пра тое, што тыповымі постацямі гэтых летуценьняў былі старыя эмігранты, якія жылі ў Лёндане або ў Лос Анжэлесе; гэтымі хісткімі мэтафарамі трэба карыстацца зь вялікай асьцярожнасьцю. Постманархічная літаратура таксама ня можа служыць падтрымкай для думкі Гобсбаўма. Карл Краўз, Крлежа, Гашэк ці Музіль не былі ні ачарняльнікамі, ні супраціўнікамі наддунайскай супольнасьці; затое яны кпілі з Каканіі. Са згаданых аўтараў Гашэк памёр у 1923 годзе, а Краўз — у 1936; таму яны не былі сьведкамі “паўторнага ўзьяднаньня” пад уладай нацыстаў. Музіль ні ў якім выпадку ня быў ворагам Цэнтральнай Эўропы, а вугорскі рэжысэр Іштван Сабо па-ранейшаму застаецца яе безумоўным прыхільнікам. Канец мінулай манархіі аплакваўся ня толькі Ротам, шкадаваньне па ёй выказвалі таксама Гофманшталь, Тэадор Цокар, Фройд, Додэрэр і нават вугорцы, якія паходзілі са старых радоў, такія як Круды ці Морыч. Відавочна, што калі б запытаць сёньняшняга жыхара Вугоршчыны, Чэхіі або Славеніі, ці хацеў бы ён належаць да заможнай Эўрапейскай Супольнасьці, якая гарантавала б яму патраеньне ягонага даходу, або да неіснуючага “цэнтральнаэўрапейскага блёку”, аднолькава таўраванага як сьветлымі жыхарамі Захаду, так і “нэаславянафіламі” з Усходу, якія змагаюцца з тысячамі праблем, што вынікаюць з посткамуністычнай галоты, то ён без ваганьняў бы пэўна выказаўся на карысьць Брусэля. А калі б яго запыталі, ці хоча ён быць жыхаром адной з краінаў ЭЭС, пражываючы ў ёй як прыезджы, ледзьве дапушчаны туды (з пэрспэктывамі на пазьнейшае набыцьцё грамадзянства) працаўнік, або хутчэй хоча жыць у якойсьці цэнтральнаэўрапейскай імпэрыі, падобнай да той, што была перад першай сусьветнай вайной, то яшчэ невядома, ці выбраў бы ён Брусэль. І нават калі больш прывабным падаецца Брусэль, Парыж ці Франкфурт, то няма аніякай грунтоўнай супярэчнасьці паміж панэўрапейскай інтэграцыяй і шчыльным цэнтральнаэўрапейскім супрацоўніцтвам, якое абапіраецца на гістарычныя перадумовы.

 

Клопаты з радаводам

Трэцяя тэза, якую Гобсбаўм фармулюе ў дачыненьні да Цэнтральнай Эўропы, шакіруе і правакуе; ідэя Цэнтральнай Эўропы пахне “выключэньнем”, “пагардай” у стасунку да народаў, якія жывуць далей на ўсход ад нас, у стасунку да “барбараў”; гаворка ідзе тут пра пэўны кшталт ледзь прыхаванага расызму, і “ў гэтым сэнсе, прыналежнасьць да Цэнтральнай Эўропы азначае, што мы не зьяўляемся ані ўсходнеэўрапейцамі, ані жыхарамі Балканаў”. Не сумняюся, што аўтар мог пачуць падобныя думкі, прынамсі, у Аўстрыі або таксама ў кавярнях Будапэшту. Тым ня менш, як тубылец я мушу сьцьвердзіць, што гэтыя ўражаньні пададзены аднабакова і выбарачна.

Амаль паўстагодзьдзя мы тэпчамся на адным месцы, у нейкім гістарычным тупіку; дарогу нам заступаюць гегеманістычныя празмернасьці, закаранелыя забабоны, недарэчныя пагадненьні і дамовы. Мы аказваемся нявольнікамі пэўнай сытуацыі, кепскай у самой сваёй аснове, змагаемся з пластамі нянавісьці, аднак сытуацыя гэтая —не безвыходная сытуацыя, а тупік можа аказацца пераадоленым.

Нехта, хто лічыць наш нацыяналізм — пагрузлы ў ірацыянальнасьці, якая сталася рэлігійным культам, — за форму выключнага расызму і хто адначасова думае, што асьцярожныя пляны абмежаванай рэгіянальнай інтэграцыі (як, напрыклад, інтэграцыі шасьцібаковай) сьведчаць пра “культурную перавагу” або пра канцэпцыю, якая супярэчыць эўрапейскай інтэграцыі, той ня можа зразумець нашага рэгіёну. Гэта не канкрэтныя ідэі або рэальныя праекты разьдзімаюць і сілкуюць антаганізмы паміж заможнымі народамі Захаду і няшчаснымі народамі Цэнтральнай Эўропы, а фармуляваныя ўласна на Захадзе палітычныя прагнозы і трывала паўтараныя нэкралёгі.

Гобсбаўм кранаецца рэчаіснасьці толькі павярхоўна, ён задавальняецца эпіфэномэнам і клішэ. Прывядзем хаця б адзін прыклад: квітнеючая культура на мяжы стагодзьдзяў была нібыта ў рэальнасьці “культурай жыдоўскай”, культурай, сфабрыкаванай касмапалітычнай нямецкамоўнай групай, пераважна жыдоўскай.

Гэтая тэза ня новая — мы яе ўжо калісьці чулі ў гвалце і дыму вывазаў, але тады гэта была тэза, афарбаваная нэгатыўна. Цяпер пра яе гаворыцца з запалам, у коле сьвятых, аточаных арэоламі, надаючы ёй пазытыўнае адценьне. З чыста навуковага гледзішча абодва падыходы, заснаваныя на ацэньваньні, нічым, уласна, не адрозьніваюцца. І я зусім не хачу скідаць у адзін груд заангажаваны антыюдаізм і наіўнае юдафільства, а хачу сьцьвердзіць, што ніводная з гэтых тэзаў ня слушная. Ці можна насамрэч лічыць, што “адукаваная нямецкая грамадзкасьць”, дзеючы чыньнік культуры, “складалася пераважна з жыдоў”? Або казаць, што “сапраўднымі цэнтральнаэўрапейцамі мы ня можам з пэўнасьцю лічыць асоб, чые карані чыста нацыянальныя або рэгіянальныя”. Таму прыгледзімся да падставовых фактаў. Сярод жыхароў Будапэшту было не дваццаць пяць, а трынаццаць працэнтаў жыдоў, і для бальшыні зь іх роднай мовай была вугорская. Сярод іх хіба толькі палова ведала нямецкую мову. Калі гаворка йдзе пра ўсю манархію, то ні адукаваныя нямецкамоўныя колы, ні творчая інтэлігенцыя не былі здамінаваныя жыдамі. Сярод мастакоў і скульптараў мы ня знойдзем аніводнага жыда, ад Макарта, Манэса, Сіньей-Мэрсэ аж да Клімта, Шылега, Какошкі, Прайслера, Мухі, Фэрэнца, Гулаша або Шонтвара. А можа захацелі б прагледзець сьпіс музыкаў? Брамс, Брукнэр, Вольф, Бэрг, Вэбэрн, Дворжак, Барток, Кадалы? Застаюцца толькі Малер і Шонбэрг. У літаратуры знаходзім больш жыдоўскіх талентаў, тут няма аніякіх сумневаў. Але і тут, сярод самых вядомых, знаходзіцца месца для Рыльке, Музіля і Тракля. Што датычыць Гофманшталя, то жыдом яго можна прызнаць толькі з увагі на тое, што ён быў родам з нарымбэрскіх станаў. Багата хто ў вугорскай літаратуры — Ады, Морыч, Круды, Бабіц, Касталяньі — выводзілі свой радавод з здэклясаваных дробнасялібных паноў або з пародненай зь імі дробнай шляхты. А пад якую рубрыку падвесьці такога генія, як Выспяньскі, адначасова пісьменьніка, паэта і мастака?

 

Ідэнтычнасьць у культурным асяродзьдзі

Але пакінем гэтыя сьпісы і дакумэнты аддзелаў па рэгістрацыі сямейнага стану. Бо істотная ідэнтычнасьць пэўнага культурнага асяродку, а не якіясьці колькасныя паказьнікі, якія ўтвараюць над- або падрэпрэзэнтацыі дадзенай групы. Насамрэч пытаньне павінна гучэць іначай: ці мела эўрапейская культура — а, можа, толькі цэнтральнаэўрапейская — характар культуры пераважна жыдоўскай, ці яна таксама была зьявай унівэрсальнай, не прывязанай да якіхсьці чыньнікаў нацыянальных, этнічных і рэлігійных.

“Дэкаданс”, сучаснае мастацтва, авангард, новая канцэпцыя фізычнага вымярэньня сьвету, філязофскі рэлятывізм не зьяўляюцца вынаходніцтвамі і зьявамі, якія паходзяць з Цэнтральнай Эўропы. Пэўна трэба зьвярнуцца да Парыжу, да вялікіх постімпрэсыяністаў, Поля Буржэ, братоў Ганкур, Гуйсманса, часопіса “La Décadence”. А можа нават і яшчэ далей, да Оскара Ўальда. Да гэтага кляну піянэраў належалі такія вялікія нарвэгі, як Ібсэн і Мунк, а таксама ангелец і адначасна бэльгіец Энсар; карацей кажучы — уся выціснутая на маргінэсы інтэлігенцыя ад Парыжу да Санкт-Пэтэрбургу.

Каб вызначыць, чаму гэтая стыхійная маркота і гэты творчы неспакой знайшлі для сябе творчую эліту і здатную да ўспрыманьня грамадзкасьць менавіта ў Цэнтральнай Эўропе, варта было б пашукаць старыя карані ў структуры адпаведнай манархіі і яе асаблівага становішча на мапе Эўропы; гэтаксама й высокі ровень, якога дасягнула творчасьць жыдоўскай супольнасьці (інтэлігенцыі), якая была эмансыпаваная, але нідзе не была цалкам прызнаная, можна вытлумачыць ейным выняткавым і нават незвычайным становішчам. Жыдоўская творчая энэргія, падаўляная і на працягу стагодзьдзяў ня здольная прынесьці плёну, выбухнула ўва ўсёй Эўропе, прынамсі, у Цэнтральнай Эўропе, у стане пэрманэнтнага нэўрозу, нібы мячык, які скочыць паміж інтэграцыяй і маргіналізацыяй, паміж прыйманьнем і вылучэньнем.

Мы не павінны ні віншаваць, ні нагружаць адказнасьцю супольнасьць эўрапейскіх жыдоў за тое, што не было ані ейнай заслугай, ані ейнай ганьбай. Яна была толькі ўдзельнікам, складовым элемэнтам агульнаэўрапейскага працэсу, вялікага пэрыяду ў гісторыі культуры.

 

Лад жыцьця

О, дзе ж падзяваліся цудоўныя перадваенныя дні! Шырокія алеі, бульвары, чырвоныя, жоўтыя або зялёныя трамваі, характэрныя комплексы будынкаў, найчасьцей у нэарэнэсансавым стылі, з традыцыйна ўладкаванымі памяшканьнямі, якія дасталіся ў спадчыну пасьля Бідэрмаера, з запазычанымі ад італійцаў кавярнямі, о мілая эпоха! з сваімі тэатрамі і начнымі велікомнымі кабарэ — але таксама й з казармамі, вакзаламі, публічнымі шпіталямі, адміністрацыйнымі ўстановамі, выразна менш велікомнымі і радаснымі. Гэтыя адпаліраваныя фасады, змрочныя дворыкі, элегантныя парадныя лесьвічныя клеткі і папсаваныя чорныя хады, найсучасныя лазьні з туалетамі, аздобленымі рукамыйнікамі, а таксама прыбіральні для прыслугі ў глыбі калідора. Сьціплыя трохпакаёвыя памяшканьні простых гараджанаў і шасьці- або васьміпакаёвыя апартамэнты буйной буржуазіі, з творамі мастацтва, салёнам, прыймовым пакоем, сэрвантам, фартэпіяна, звычайна на другім паверсе, дзе бліскуча разьмешчаныя пакоі ўтваралі амфіляду. Да ўсяго гэтага варта яшчэ дадаць вілы, паркі, дарожкі для коннай язды, павозьнікаў і зімовыя балі. Чуць вальсы Штраўса, полькі, цыганскую музыку ў залях, здыманых для ўрачыстасьцяў, і ў кавярнях з музыкай, духавым аркестрам на бульварах і паўсюдна апэрэтачныя арыі.

Ня варта трактаваць гэта як пацьверджаньне думкі майго прыяцеля Гобсбаўма: “І вось, калі ласка: цэнтральнаэўрапейская настальгія лезе да нас праз вакно!”. Якраз наадварот, уласна тая пустка, якая паўстала пасьля зьнікненьня ўсяго вышэйпрыгаданага, падказвае мне гэтыя настальгічныя словы. Істотна, што паводле інтэрпрэтацыі Гобсбаўма, культура Цэнтральнай Эўропы павінна ўтрымліваць у сабе толькі высокую культуру. А яе існаваньне, калісьці ў поўным росквіце, даведзена ў апошняе дзесяцігодзьдзе працамі В. Джонстана, Ч. Шорскага, Морыца Чака. Аднак яна складалася ня толькі на грунце гэтай глыбокай культуры, але ў значна большай ступені на пэўным супольным ладзе жыцьця і атмасфэры, якія афарбоўваліся і адрозьніваліся ў залежнасьці ад народа і грамадзкага стану, але якія былі цэнтральнаэўрапейскімі ў найдрабнейшых сваіх адценьнях. Так, больш слушнай азнакай прыналежнасьці да Цэнтральнай Эўропы быў культурны асяродак; прысутнічала яна ў штодзённым жыцьці, у памяшканьнях і кухнях, у салёнах і ў спальнях, але таксама ў кавярні і бістро, у клюбе і казыно, у парляманце і бардэлі, у Лізе Жанчын і Лізе Працоўных; у паводзінах, запісаных у мэню, і ў спосабе ядзеньня хлеба або піцьця напоеў.

Заходняя інтэлігенцыя, што цалкам зразумела, захавала ў памяці найперш інтэлектуальныя імпульсы, якія даходзілі да яе з Цэнтральнай Эўропы: музыку Моцарта, Гайдна, Брамса, Брукнэра, Бартака, Кадаля і Яначка, “Анатоля” Шніцнэра, “Кавалера з ружай” Гофманшталя і Рычарда Штраўса, “Швачку” Гашака. Той, хто тут жыве, памятае таксама той сэрвант, фатэль-гушкалку або яшчэ й пару рэчаў з бідэрмаераўскай мэблі, што засталіся ад дзядулі з бабуляй. Ён прыняў ранішнюю каву з малаком у шэраг сваіх кулінарных звычак (а круглая булачка эпохі сацыялізму, ня надта сьвежая і ня надта хрусткая, страшэнна зьліла яго), навучыўся есьці праскія кнэдлікі з паляўнічым соўсам, венскія шніцалі, страпачкі (клёцкі з мукі, бульбы і авечага сыру), рагу з рысам ŕ la Bбcska, цыпляня ў папрыцы і гуляш. Гэта былі і застаюцца прадметы і стравы штодзённага жыцьця, звычкі, неўсьведамляныя сувязі, па просту кажучы, часткі цывілізацыі гэтага гістарычнага рэгіёну.

Хаця й моднае ў нашу неўпарадкаваную і пераходную эпоху прадказваньне пахаваньня Цэнтральнай Эўропы, але гэта крыху дачасна. Вэрсальская дамова ўпершыню разбіла і падрабіла яе ў 1919 годзе. Потым зьявіўся Гітлер, які паглынуў ейных звадлівых “спадкаемцаў”. Ялта і Пацдам зноў хавалі скрай зьняможаных, што ацалелі. Нарэшце, зьявіўся Сталін, каб пахаваць яе канчаткова. Нават памяць аб ёй. А ў наш час яна яшчэ раз хацела б вярнуцца да жыцьця.

Вы, з Захаду і з Усходу, людзі навукі і людзі палітыкі, слухайце: асьцярожней з пахаваньнем, гэта небясьпечна!

 

З польскай мовы пераклаў С. Санько

 

    

зьмест