ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

дыскусія


ФРАГМЭНТЫ №9
№9
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Эрык Гобсбаўм

АЎСТРЫЯ І ЦЭНТРАЛЬНАЯ ЭЎРОПА

 

Калі вызначэньне “Цэнтральная Эўропа” — назва, што вымагае вельмі крытычнага аналізу — знову цяпер стаецца спакмянём дыскусіі, то Лінц — гэта самае прыдатнае месца, дзе можна гэтую тэму прадумаць. Таму што, калі вызначыць геаграфічны цэнтар нашага кантынэнту, то ня хібіла б, што ён выпаў недзе паблізу гэтага гораду. Тут, у Верхняй Аўстрыі, мы знаходзімся на паўдарозе ад вусьця Волгі і найдалей на захад высунутым мысам сталага эўрапейскага мацерыка, адначасна — на паўдарозе паміж Ісляндыяй і Кіпрам. Такім чынам, вызначэньне “Цэнтральная Эўропа” нешта значыць, Лінц на мапе належыць да яе, а Антон Брукнэр, які нас прывёў у гэтае месца, правёў у ягоных ваколіцах усё жыцьцё.

Але такія сподумы, як, уласна, і той, што мы толькі што выказвалі, асабліва небясьпечныя. Таму што геаграфія дапамагае надаць вызначэнню “Цэнтральнай Эўропы” відавочнасьці і аб’ектыўнасьці, якімі яно не валодае. Ясная рэч, што паняцьце гэтае мае геаграфічна абмежаваную сфэру дзеяньня і пры ўсім жаданьні немагчыма ім ахапіць Восла і Ібсэна або Дастаеўскага і Ленінград, але па-сутнасьці “Цэнтральная Эўропа”, як і вялікая колькасьць іншых уяўна канкрэтных вызначэньняў, якімі мы карыстаемся ў публічных дэбатах, ёсьць паняцьцем ацэначным, якое належыць хутчэй да сфэры палітыкі, чым геаграфіі, хутчэй да прасторы праграмаваньня, чым да прасторы рэчаіснасьці. Акрэсьлівае яно ня тое, што ёсьць, а толькі тое, што павінна быць, што толькі потым мусіць быць сканструявана. Кожны гісторык і дыплямат ведае такія праграмы, схаваныя пад маскай фактаў. Рэкі, якія на мапе ўтвараюць уяўна адназначныя лініі, аказваюцца, такім чынам, ня толькі звычайнымі межамі, але й проста “натуральнымі” межамі. Межы паміж моўнымі арэаламі аказваюцца дзяржаўнымі межамі і наадварот. Суб’ектыўны характар геаграфічных назоваў усім нам добра вядомы. Само слова “Эўропа” здавён ёсьць прадметам палітычных разборак […].

Калі гэта слушна ў дачыненьні да Эўропы, то тым болей у дачыненні да “Цэнтральнай Эўропы”, паняцьця, якое ня мае прыйманага ўсімі вызначэньня. Па сутнасьці справы, мы маем тут дачыненьне з тэрмінам палітычным і, пры гэтым, з такім, зь якім зьвязаны не пажаданыя, па маім перакананьні, альбо ня вартыя клопатаў і навогул нерэалістычныя мэты. У палітычным сэнсе гэтае слова выступае ў трох варыянтах.

Першы і, бадай, першасны варыянт мае характар адназначна вяліканямецкі або, дакладней, вяліканямецка-імпэрыялістычны. Для Фрыдрыха Ліста, які першы ўвёў гэты выраз у палітычную літаратуру, Цэнтральная Эўропа была пашыраным нямецкім эканамічным абшарам, гэта значыць, калі працытаваць аднаго з ангельскіх гісторыкаў, абшарам эканамічнай, а магчыма, таксама і палітычнай вуніі нямецкага сьвету з Бэльгіяй, Галяндыяй, Даніяй і Швайцарыяй, якая павінна была б стварыць шчытную структуру ўлады, якая сягала б ад Паўночнага мора далёка ўглыбкі Балканскай паўвыспы. Пасьля 1848 году гэткае бачаньне на кароткі час прыняў урад маладога Франца Ёзэфа, калі гэткая гегеманія Габсбургаў здавалася мажлівай. Бісмарк, не зацікаўлены паўстаньнем Вялікай Нямеччыны, не выказваў таксама зацікаўленьня Цэнтральнай Эўропай. Але ў эпоху імпэрыялізму гэтае паняцьце зноў стала актуальным, прынамсі, падчас першай сусьветнай вайны, на гэты раз у вэрсіі Фрыдрыха Наўмана, кніжка якога Mitteleuropa нарабіла многа шуму. Для Наўмана цэнтральная Эўропа — гэта эканамічная, а, як вынік, таксама і палітычная еднасьць Нямецкага Райху з пасьляваеннай Аўстра-Вугоршчынай, гэта значыць ня толькі еднасьць — я цытую — абшару паміж Віслай і Вагезамі і Галіцыяй і Бадэнскім возерам, але таксама яго эканамічная і палітычная гегеманія ў Паўднёва-Усходняй Эўропе аж да Сярэдняга Ўсходу. Таму Цэнтральная Эўропа ляжала на шляху з Бэрліну ў Багдад. Як адсюль бачна, гэтае паняцьце было вельмі разьцяглістым. Яшчэ за часы майго дзяцінства ў школьным атласе Цэнтральная Эўропа працягвалася паміж Віцебскам і Бердычавам на ўсходзе, паміж Лілям і Ліёнам на захадзе, паміж Бэльгіяй і Бесарабіяй, паміж Літвой і Апэнінамі.

Другі варыянт Цэнтральнай Эўропы — гэта смутак пра Каканію. І гэта ня так ужо і незразумела, бо ў параўнаньні з гісторыяй абшару ранейшай аўстра-вугорскай манархіі ў апошнія семдзесят гадоў так званы саюз народаў імпэратара Франца Ёзэфа не падаецца жыхарам Чарнаўцоў, Кошыц або Фьюму чымсьці нагэтулькі жахлівым, як перад 1914 годам. Няма сумневу, на жаль, што пытаньне палітычных свабодаў і правоў чалавека на большай частцы былой тэрыторыі Габсбургаў выглядае сёньня горш, чым у 1913 годзе, нягледзячы на тое, што ў асадах “перабудовы” можна спадзявацца на значную папраўку, якая, зрэшты, часткова ўжо здарылася. Але гэта ня значыць, што трэба ўваскрасіць у палітычным ці хай сабе ў гаспадарчым сэнсе той даўнейшы цэнтральнаэўрапейскі імпэратарска-каралеўскі канглямэрат. Зрэшты, нельга забываць, што сучасьнікі Франца Ёзэфа ставіліся да дзяржавы Габсбургаў са значна меншым энтузыязмам, чым цяпер. Імпэратарска-каралеўская манархія ёсьць, калі я не памыляюся, адзінай дзяржавай у Эўропе, заняпад і сьмерць якой сталіся інсьпірацыяй да зьяўленьня вялікай літаратуры. Гэтага ня мала, але за адным толькі выняткам тыя вялікія літаратурныя грабары пасьля распаду імпэрыі не насілі па ёй жалобы. Дастаткова прыгадаць Карла Краўза, Робэрта Музіля, Яраслава Гашака і Міраслава Крлежа альбо фільм Сабо пра Рэдля. Гэты адзіны вынятак хутчэй пацьвярджае правіла. Чаму Ёзэф Рот з далёкай Валыні застаўся да канца верны імпэратару, гэта я яшчэ хацеў бы дасьледаваць. Але і ён пазіраў на тыя старыя добрыя часы — а насамрэч усякія часы добрыя, калі ўжо дастаткова састарэюць — не бяз пэўнай алкагалічнай гіроніі.

Уласна, ніхто ня прагне звароту Каканіі, але й ня лічыць яго мажлівым. Калі б вугорцам і чэхам пакінуць выбар паміж якім-небудзь блёкам цэнтральнаэўрапейскім і далучэньнем да ЭЭС, то, не міргнуўшы вокам, яны адказалі б на карысьць Брусэля. Галасы, якія дамагаюцца ўваскрашэньня Цэнтральнай Эўропы, якія данесьліся да нас апошнім часам з Усходу, трэба інтэрпрэтаваць адмоўна, а не станоўча. Бо яны не азначалі: “Смуткуем пра нашых братоў у Сант Полтэне і Гёрцы” або “Ці не маглі б мы належаць да якой-небудзь іншай часткі Эўропы замест савецкай?” Гэта была цалкам натуральная рэакцыя. […]

Гэты другі варыянт Цэнтральнай Эўропы адносна бясьпечны. Больш небясьпечным зьяўляецца трэці варыянт, бо ён уводзіць адрозьненьне паміж высокакаштоўнымі людзьмі і народамі (гэта значыць “намі”) і менш каштоўнымі (гэта значыць усімі іншымі). Кожны мае, як калісьці Мэтэрніх, уласны гасьцінец, які вядзе да суседзяў-барбараў. А як усе мы ведаем, з барбарамі — у адрозьненьне ад нас — не дасі аніякай рады. Быць жыхаром Цэнтральнай Эўропы — гэта значыць ня быць жыхаром Эўропы Ўсходняй або Балканаў. Перадусім гэты варыянт цьвердзіць, што мы лепшыя за расейцаў, палякаў, румынаў, басьнійцаў, чарнагорцаў ці як бы там не называліся ўсе гэтыя “недалюдзі”, пажаданыя “ў нас” сама большае ў якасьці гастарбайтараў. Адносна гэтага мы ня маем аніякіх ілюзіяў. У той самай меры, у якой цэнтральнаэўрапейцы дыстанцыююцца як людзі цывілізаваныя ад уяўных барбараў, паняцьце “Цэнтральная Эўропа” небясьпечна зьбліжаецца з расызмам, а, магчыма, таксама зноў-такі з імпэрыялізмам. Ці ж з часоў паўстаньня нямецкага Райху не зьяўляліся раз-пораз аўстрыйцы, якія ставілі сябе і сваю краіну ў адносінах да магутнага суседа як экспэрты ў справах Паўднёвай і Ўсходняй Эўропы, як тыя, хто ведае, як паводзіць сябе з аматарамі сьлівянкі і гарэлкі? Ці ж няма й цяпер аўстрыйскіх палітыкаў, якія маглі б спасылацца на свой балканскі досьвед?

Таму “Цэнтральная Эўропа” як паняцьце палітычнае трэба адрынуць. А што ж з цэнтральнаэўрапейскай культурай? Ці яна існуе навогул? І, уласна, ці існуе высокаразьвітая культура, мастацтва і навука толькі ў рэгіянальных межах?

Калісьці, канечне, такая цэнтральнаэўрапейская культура існавала. Гэта была культура эмансыпаваных, а гэта значыць адукаваных жыдоў, што насялялі большую частку Эўропы ў эпоху гегеманіі нямецкай культуры. Цэнтральнаэўрапейскі характар яна мела з трох прычынаў. Па-першае, нямецкая мова толькі ў цэнтральнай частцы Эўропы была чымсьці накшталт міжнароднай мовы адукаваных слаёў, хоць і не яна адна. А цэнтральнаэўрапейская культура была культурай нямецкамоўнай групы, чэльнікі якой валодалі таксама іншымі мовамі і таму маглі функцыянаваць як звёнкі, якія лучаць культуры розных народаў. Адзін з найбольш тыповых цэнтральнаэўрапейцаў тых часоў жыхар Трыесту Эторэ Шміц карыстаўся, што характэрна, прозьвішчам Italo Svevo — Італьянска-Нямецкі. Дзеля гэтага людзей, якія так ці іначай не знаходзяцца на скрыжаваньні моваў і культураў, а трываюць толькі ў межах аднаго народу або рэгіёну, нельга, відаць, называць сапраўднымі цэнтральнаэўрапейцамі.

Па-другое, толькі ў адной частцы Эўропы, гэта значыць практычна толькі ў габсбургскай манархіі і вакол яе, адукаваны нямецкамоўны слой грамадзтва складаўся пераважна з жыдоў. Гэта былі часы, якія папярэднічалі другой сусьветнай вайне, калі жыды складалі дзясятую частку жыхароў Вены і чацьвертую частку жыхароў Будапэшту і калі бязь цяжкасьцяў можна было цэлыя ўнівэрсытэцкія аддзяленьні ўкамплектаваць студэнтамі, якія паходзілі з Чарнаўцоў. Паўтараю, гэты адукаваны слой быў нямецкамоўным, нават калі, як гэта было ў Вугоршчыне і з ладнага ў Празе, сам залічваў сябе да вугорцаў або чэхаў. А гэтыя эмансыпаваныя жыды ўважалі сябе за цэнтральнаэўрапейцаў таму, што яны спрабавалі такім чынам акрэсьліць сваю дыстанцыяванасьць у дачыненьні да ўсходнеэўрапейскіх жыдоў, якія — прынамсі, пасьля першай сусьветнай вайны — эмігравалі на Захад, пакуль абедзьве гэтыя групы ня скончылі жыцьцё ў адных і тых жа крэматорыях.

Урэшце, цэнтральнаэўрапейцамі гэтыя людзі былі таму, што — як той не адкідаючы сьценю і невыпадкова надзелены жыдоўскім прозьвішчам Пэтэр Шлеміль з сваімі сямімільнымі ботамі — нідзе ня мелі свайго сталага месца. Яны былі проста часткай агульнай геаграфіі. Ім не дазвалялася станавіцца немцамі, пасьля першай сусьветнай вайны іх ужо ня надта прымалі ў якасьці вугорцаў, а ў пэрыяд перад Гітлерам эмансыпаваныя жыды не выказвалі празьмернага энтузыязму што да свайго ўласнага нацыяналізму ў Палестыне. Калі яны й патрабавалі бацькаўшчыны, то маглі як Ёзэф Рот зьвяртацца ў думках да колішняй манархіі, аднолькава абыякавай у дачыненьні да ўсіх нацыяў, што яе насялялі. А гэтая манархія, як мы бачылі, зьнікла раз і назаўсёды. Тое, што мы цяпер цэнім як цэнтральнаэўрапейскую культуру, цікавіла толькі нямногіх зь пяцідзесяці міліёнаў габсбургскіх падданых. Колькі зь іх разьмесьцілася б ва ўсіх опэрных залях манархіі? Тое, што цяпер нам падаецца нечым цэнтральным і пераломным, у той час вельмі часта існавала толькі дзякуючы пратэкцыі некалькіх адукаваных ёзэфаўскіх бюракратаў, аднаго ці двох мэцэнатаў і дзякуючы грашам заможных сваякоў і крэўных.

Пэўна, што гэтая культура накладала свой адбітак на сярэдні ровень адукаванага слою. Але і яна, як і Цэнтральная Эўропа, зьнікла. Сёньня Цэнтральная Эўропа не існуе, калі не лічыць некалькіх калёніяў састарэлых эмігрантаў у Лёндане і Лос Анжэлесе, хаця — у супрацьлегласьць да Вены — нешта ад яе яшчэ захавалася ў Будапэшце. Першапачатковыя прадстаўнікі гэтай культуры былі рассеяныя і вынішчаныя. З часоў Вэймару нямецкая культура перастала задаваць тон у Эўропе і сталася толькі адной з многіх. Нямецкая мова больш не зьяўляецца lingua franca адукаваных людзей ад Балтыцкага мора да Албаніі і ад Вагезаў да Волгі. Калі малады чэх хоча паразмаўляць з маладым славенцам ці вугорцам, то ён карыстаецца ангельскай мовай. Ніхто, хто ня ведае нямецкай мовы, не атрымлівае сёньня адукацыі, вывучаючы Гётэ і Лесінга, Гёльдэрліна і Гейнэ. Аднак колішняя цэнтральнаэўрапейская культура застаецца чымсьці незабываным. Яе цэняць нават вышэй, значна больш, чым калісьці раней, пра яе пішуць і думаюць. Яна апанавала сьвет. На працягу некалькіх гадоў спрабуюць зрабіць немагчымую рэч, а менавіта перакласьці Карла Краўза на іншыя мовы. Але з сёньняшняй Венай, ня кажучы ўжо пра Лінц, усё гэта мае столькі супольнага, як сёньняшні Калінінград з Імануілам Кантам, які калісьці жыў у горадзе, калі яго назва гучэла яшчэ як Кёнігсбэрг.

Тое, што існуе сёньня, гэта, з аднаго боку, культура сусьветная, а з другога боку, нацыянальныя культуры. […] Аматары музыкі ў Гарары, Навасібірску або Сан Паўлу толькі з-за браку валюты ня могуць слухаць тыя самыя кружэлкі або стужкі з тым самым рэпэртуарам даўно памерлых кампазытараў. Там, дзе ёсьць опэры, граюць тыя самыя некалькі дзясяткаў твораў, па меры магчымасьці ў выкананьні тых самых сапрана і тэнароў, якія як зоркі тэнісу вандруюць з аднаго турніра на другі, і ў пастаноўцы тых самых даўна славутых рэжысераў. […] Зразумела, што нямала ў гэтым рэпэртуары паходзіць з культуры цэнтральнаэўрапейскай, напрыклад, Брукнэр або Малер, якія перад апошняй вайной ня здолелі прабіцца па-за цэнтральнаэўрапейскі музычны сьвет. Але ўважаць іх сёньня за кампазытараў рэгіянальных было б такім жа нонсэнсам, як падаваць Моцарта як кампазытара “зямлі Зальцбурга”. Тым ня менш, музыка Брукнэра прымаецца ў Лінцу або Сэнт Флярыяне іначай, чым у іншых частках сьвету.

Гэтая сусьветная культура зусім не аднародная. Наадварот, чым бліжэй да канца другога тысячагодзьдзя, тым у большай ступені яна аказваецца канглямэратам экзатычных элемэнтаў, падобна да самога сёньняшняга сьвету, у якім маршруты вакацыйных вандровак гэтак жа вядуць над Амазонкай або да Шры Ланкі, як калісьці да Бад Ішл або Абацыі/Апаціі. […]

З другога боку, кожны народ мае сваю ўласную культурную сцэну, свой уласны стыль. Так, зрэшты, было ўжо ў часах колішняй Цэнтральнай Эўропы. У культурным сэнсе нямецкамоўныя аўстрыйцы не былі немцамі Райху, падобна да таго, як ангельцы, апроч мовы, ня ёсьць амэрыканцамі. Яны мелі толькі супольны рынак працы для інтэлігенцыі. Гайдэгер і Венскі гурток у духоўным сэнсе не належаць да адной часткі сьвету. Аўстрыйская эканамічная школа мела значна больш супольнага з брытанцамі, чым з панам прафэсарам Шмолерам і ягонымі нямецкімі калегамі. І наадварот, кожная народнасьць у межах аўстра-вугорскай манархіі мела сваю ўласную культуру, якая ішла сваёй уласнай дарогай. Бартак і Яначэк былі, відочна, даступны для вугорцаў гэтак жа, як і для ўсякіх іншых аматараў музыкі, але з Брукнэрам і Малерам іх зьвязвае ня больш, чым з Стравінскім.

Літаратура на нацыянальных мовах, нягледзячы на пасярэдніцтва таленавітых перакладнікаў, як, да прыкладу, Макса Брода, у асноўным не выйшла па-за ўласны моўны абшар. Які ўплыў у пэрыяд імпэрыі аказвала творчасьць Нэруды і Ургліцкага на вугорскіх чытачоў або творы Ады і Морыча — на чытачоў нямецкіх? Да гэтага даходзіў, як гэта бывае і сёньня, узаемны недавер. Вугорскія сацыялісты пэрыяду манархіі адрынулі вучэньні Вены, таму ў Будапэшце не было аўстрамарксызму, а тэорыя была перанятая беспасярэдна ад сацыял-дэмакратаў у Райху. А калі б правесьці паважныя дасьледзіны гісторыі культуры часоў імпэрыі, то, відаць, цяжка было б праігнараваць рэсэнтымэнты альпійскіх рэгіёнаў у дачыненьні да венцаў і жыдоў, а таксама напружаньні ў культуры і музыцы паміж каталіцкай Аўстрыяй і такой уразьлівай сёньня культурай апошніх дзесяцігодзьдзяў Габсбургаў. Бо гэта не была культура тых прыгаданых ужо пяцідзесяці міліёнаў, а толькі культура чытачоў газэты “Нойе Фрайе Прэсэ” і аналягічных выданьняў у сталіцах іншых краінаў. Але, яе творцы належалі да малога гурта людзей, якія былі асабіста знаёмыя, а калісьці нават займалі агульны столік у кавярні. Віктар Адлер, Герман Бар, Густаў Малер, Гайнрых Фрыд’юнг, Рудальф Штайнэр, Энгельбэрт Пэрнэрсторфэр і Х’юга Вольф абаранялі геніі Рыхарда Вагнэра і Брукнэра, папіваючы каву зь вяршкамі ў адным і тым жа месцы, кавярні “Грынштайдл”.

Таму для сучаснай культуры Цэнтральная Эўропа ня мае значэньня. Усе мы, прынамсі, на Захадзе, можам браць удзел у міжнароднай культуры, на Ўсходзе гэта таксама становіцца ўсё больш лёгкім. Але што з нацыянальнымі культурамі, напрыклад, у Аўстрыі? Скажу шчыра, з інтэлектуальным жыцьцём у Аўстрыі ня вельмі добра. Аўстрыйцам зараз жывецца значна лепей, чым калі б то не было. Больш за тое, яны жывуць цяпер у адной з самых заможных краінаў сьвету, а дзякуючы вялікім сацыял-дэмакратычным традыцыям — таксама й у дзяржаве, у якой грамадзтва менш безадказнае ў дачыненьні да асобаў, чым у любой іншай багатай капіталістычнай дзяржаве. Яны жывуць у спакойнай, нэўтральнай краіне, а такія краіны, як заўважыў ужо брэхтаўскі Галілей, не патрабуюць вялікай колькасьці герояў, хаця не зашкодзіла б, каб было паменей карупцыі ў публічным жыцьці. Адным словам, у адрозьненьне ад часоў майго дзяцінства быць сёньня аўстрыйцам — гэта шчасьце. І ўсё ж такі нечага бракуе.

Напрыклад, не стае газэты, якая магла бы канкураваць зь вялікімі эўрапейскімі газэтамі. Гэткай газэты, якой калісьці была “Нойе Фрайе Прэсэ”. Не стае вялікага выдавецтва з эўрапейскай рэпутацыяй. Навука нечага дасягнула з часоў кравапуску падчас нацызму і застою першых пасьляваенных двух дзесяцігодзьдзяў. Сёньня зноў існуюць аўстрыйскія ўнівэрсытэты, якім няма чаго сароміцца. А трэба ж прызнаць, што сярод замежных сяброў амэрыканскай акадэміі навукі і мастацтва ў сярэдзіне васьмідзесятых гадоў толькі трох настала жылі ў Аўстрыі (у гэтым ліку, адзін кардынал і адзін піяніст), у той час як у Швайцарыі — дваццаць адзін.

У Аўстрыі не бракуе, Бог сьведка, талентаў, інтэлігенцыі, інтэлектуальнай традыцыі. І, відавочна, даўняй культурнай традыцыяй распараджаюцца з пачуцьцём стылю, вялікім выдаткоўваньнем сродкаў і адданасьцю. Але ж для таго, каб культура была жывая, цікавая, ці ня трэба чагосьці большага, чым гарантыі, што венская філярмонія, гішпанская школа язды і Дэмэль застаюцца на такім жа добрым роўні, як і заўсёды? […]

Наколькі болей аўстрыйцаў, чым вугорцаў, чэхаў або ўсходніх немцаў, валодае самаходамі. Але ў тых іншых частках Цэнтральнай Эўропы артысты ня могуць перайсьці да актуалій рэчаіснасьці і пытаньняў, якія перад ёй ставяцца. Наадварот, на працягу ўсяго пасьляваеннага пэрыяду яны ведалі, што ўласна ад іх чакалі адказу, бо ніхто не даваў веры ўрадам і іх афіцыйным заявам. […] Але да каго аўстрыйцы хочуць ставіцца паважна? Разбуральнікі парадку — непажаданыя.

Ці ў гэтай пекнай краіне не праспалі хіба пасьляваенную гісторыю? Бо, нарэшце, усё склалася так добра! Хто хоча памятаць пра тое, што так многа чаго, а паміж іншым пазьнейшы першы сацыялістычны прэзыдэнт Другой Рэспублікі, казала пра далучэньне да гітлераўскай Нямеччыны? Што толькі жменька манархістаў і камуністаў верыла ў аўстрыйскі народ, але ніхто ня верыў у жыцьцяздольнасьць Першай Рэспублікі? Дзякаваць Богу, аказалася, што хтосьці іншы вырашыў, каб усе аўстрыйцы былі ахвярамі немцаў і дзеля гэтага ня несьлі адказнасьці за мінулае. Ня трэба было нават апускаць якойсьці апоны маўчаньня, адказнасьці проста не было. Але, ня трэба было прымаць рашэньне, ці хочацца быць аўстрыйцам. Усё здарылася само — і раптам, уласна без усялякага ў гэтым удзелу, чалавек апынуўся ў малой нэўтральнай краіне, у якой людзям добра жылося. Навошта задумляцца пра Аўстрыю? Каму патрэбныя людзі, якія задаюць невыгодныя пытаньні? І што характэрна, найноўшая аўстрыйская літаратура, якая разам зь некалькімі прадстаўнікамі мастацтва зьяўляецца візытоўкай сучаснай аўстрыйскай культуры, мае ў ФРН значна болей прыхільнікаў, чым ува ўласнай краіне, паколькі настроена яна вельмі крытычна.

Але праблемы, зь якімі з часоў вайны змагаюцца ўсе народы і ўсе людзі ў Эўропе і зь якімі яны мусяць змагацца ў часы, калі жыцьцё зьмяняецца больш значна, чым калісьці раней, вось гэткія ж праблемы паўстаюць таксама і ў Аўстрыі. Як мы мусім спраўляцца з нашым мінулым і нашай цяперачыняй? Куды мы накіроўваемся? Чаму мы ня гэткія, як нашыя маткі і бацькі? Што вырасьце з нашых дзетак? Чаго мы баімся? Ува што верым? Вялікая культура ня можа існаваць у тых краінах, у якіх пазьбягаюць адказу на гэтыя пытаньні і ў якіх невыгодныя людзі, якія спрабуюць на іх адказаць, надта часта гавораць сьценцы.

Гэта не карысна ні для духа, ні для культуры. Адзін з найлепшых знаўцаў гісторыі сучаснай культуры, амэрыканец Сцюарт Х’югз апублікаваў нядаўна дасьледаваньне, прысьвечанае апошнім двум дзесяцігодзьдзям у Эўропе ад Масквы да Гішпаніі і ад Шатляндыі да Рыму, дасьледаваньне пад назвай “Назостраныя бунтэжнікі. Палітычная культура эўрапейскага дысэдэнцтва”. Бянтэжыць, што ў гэтай кніжцы, дзе йдзецца пра ўсіх і пра ўсё, няма ані слова пра Аўстрыю і аўстрыйцаў. Гэта несправядліва. Мы ўсе ведаем прозьвішчы, якія павінны былі знайсьці сваё месца ў гэтай публікацыі. На жаль, вельмі характэрна, што знакамітаму і ці ня самаму бесстаронняму аглядальніку эўрапейскай культуры нічога не прыйшло ў галаву на тэму сёньняшняй Аўстрыі. Кніжкі, якія сёньня пішуцца пра Аўстрыю, зьвяртаюцца да Вены апошніх гадоў панаваньня Габсбургаў і нават да смутнай, але дыхаючай інтэлектуальным жыцьцём Вены часоў вырочанай на сьмерць Першай Рэспублікі, калі людзі сур’ёзна ставіліся да свайго лёсу, хаця і казалі аб ім з жартамі.

Што будзе пісацца пра аўстрыйскую культуру праз пяць гадоў напрыканцы дваццатага стагодзьдзя? Як яе будуць ацэньваць, напрыклад, у параўнаньні з суседнімі краінамі? Ставім гэтае пытаньне, на якое ніхто ня можа даць адказу, таму, уласна, што роздумы над культурай не павінны быць заняткам лёгкім і прыемным. […]

 

З польскай мовы пераклаў С. Санько

 

Эрык Гобсбаўм - ПАСЬЛЯ ІМПЭРАТАРА НЕ ЗАСТАЛОСЯ НАВАТ ШАТАЎ

 

зьмест