ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

дыскусія


ФРАГМЭНТЫ №9
№9
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Эрык Гобсбаўм

ПАСЬЛЯ ІМПЭРАТАРА
НЕ ЗАСТАЛОСЯ НАВАТ ШАТАЎ

 

Калі апусьціць некаторыя гістарычныя дэталі, то я згодзен з Пэтэрам Ганакам, няма паміж намі згоды толькі адносна адной прынцыповай рэчы. Мы абодва прызнаем, што ў Цэнтральнай Эўропе знаходзіцца пэўны рэгіён, населены народамі, якія маюць супольнае гістарычнае мінулае дзеля таго, што некалі належалі да імпэрыі Габсбургаў. Гэтага мінулага нельга ўваскрасіць, але ў гістарычнай пэрспэктыве яно ўяўляецца лепшым, чым усё іншае, што здарылася перад 1918 годам. Па-сутнасьці, Ганак не аспрэчвае майго пагляду, што Мітэльойропа або Цэнтральная Эўропа зьяўляецца не апісальным вызначэньнем, а чымсьці накшталт маніфэсту: маніфэсту, якім выказваюцца за або супраць нямецкай гегеманіі ў гэтым рэгіёне, за або супраць расійскай гегеманіі. Адсюль так званае “новае адкрыцьцё” Цэнтральнай Эўропы ў васьмідзесятыя гады (Кундэра, Конрад, Гавэл, Мілаш, Кіш, Вайда і іншыя) было трапна акрэсьлена Т. Гартанам Эшам як пагляд — у гістарычнай плашчыні — назад да Аўстра-Вугоршчыны і наперад “далей ад Ялты”, у палітычнай жа плашчыні — “далей ад Савецкай Расеі да рэалістычна разуметага Захаду”. Такім чынам, ёсьць, каб ня быць шматслоўным, дзьве канцэпцыі “Цэнтральнай Эўропы”, зьвязаныя толькі агульным адмаўленьнем “Усходу”: канцэпцыя народаў, якія ня хочуць падлягаць ані гегеманіі Расіі, ані гегеманіі Нямеччыны, і канцэпцыя, вызнаваная немцамі і тымі, хто гатовы прыняць іх гегеманію.

З гэтых дзьвюх канцэпцый толькі нямецкая Мітэльойропа мае нейкія практычныя шанцы. І, уласна кажучы, яна ўжо рэалізуецца, хаця нямецкая эканамічная гегеманія, а таксама — у належным моманце — гегеманія палітычная ахоплівае абшар, значна шырэйшы за Цэнтральную Эўропу. Калі б я быў чэхам, то аддаваў бы перавагу Колю перад зданьню Брэжнева, але не адчуваў бы сябе на сто адсоткаў задаволеным. Аднаўленьне структуры імпэрыі Габсбургаў як Дунайскай Фэдэрацыі, хаця й жаданае ў Любляне і Будапэшце, а можа нават і ў Празе, ніяк не адбываецца. Адзінай пэрспэктывай для кожнай з цэнтральнаэўрапейскіх краінаў зьяўляецца Эўрапейская Супольнасьць: Брусэль хутчэй, чым Вена.

Затое мы не пагаджаемся з Ганакам па пытаньні расавага чыньніка ў паняцьці Цэнтральнай Эўропы. Мне падаецца, што ён бясспрэчны. Дастаткова толькі выйсьці па-за межы дыскусіяў на акадэмічных сэмінарах і паслухаць, што славенцы і хараваты на самой справе думаюць пра сэрбаў і македонцаў, дастаткова спытаць, ці ня згодная бальшыня палякаў у тым, каб насамрэч трактаваць украінцаў і расейцаў як людзей ніжэйшага рангу, гэтак жа як немцы ўспрымаюць большасьць палякаў або як даволі немалая частка вугорцаў пазірае на народы, што жывуць на ўсход і поўдзень ад іхнай краіны, то акажацца, што адказ будзе несуцяшальным. Перакананьне, згодна з якім тэндэнцыя, якая вядзе ад цывілізацыі да барбарства, распачынаецца каля Рэйну і разыходзіцца на ўсход і поўдзень, глыбока ўкарэненае на нашым кантынэнце. Яно не прынесла вялікай шкоды для рэжымаў ненацыяналістычных і недыскрымінацыйных, такіх як рэжым Габсбургаў. Але яно значна больш небясьпечнае ў збродні малых і сярэдніх дзяржаваў, ідэнтычнасьць якіх абапіраецца на этнічным і моўным нацыяналізме.

Што ж датычыць цэнтральнаэўрапейскай культуры, то я зусім не намераны адмаўляць яе існаваньне ў мінулым, а таксама настойваць, што яна “мела характар жыдоўскі par excellence”. Відочная прысутнасьць жыдоў у шматлікіх сфэрах венскага культурнага жыцьця, якую цяжка было б адмовіць, не даводзіць жыдоўскага характару іхных дасягненьняў больш пераканаўча, чым непрапарцыйная колькасная прысутнасьць жыдоў у культурным і грамадзкім жыцьці Італіі пасьля 1860 году, магла б наводзіць на думку пра якійсьці спэцыфічна сэміцкі характар грамадзкага жыцьця ў Італіі ў лібэральныя часы. Магчыма ёсьць нейкія прычыны, зь якіх аўстрыйская эканамічная школа была пераважна нежыдоўскай (Мэнгер, Візэр, Шумпэтэр, Гайек), у той час як бальшыня вугорскіх эканамістаў, якія зрабілі сабе імя, была жыдоўскага паходжаньня, але якіясьці меркаваныя этнічныя перадухільнасьці, якія схілялі б або ўводзілі ад заняткаў эканомікай, да гэткіх прычынаў не належаць.

Тры рэчы аб даўнейшай цэнтральнаэўрапейскай культуры трэба выказаць і я думаю, што я іх выказаў. Па-першае, што гэта была зьява, якая датычыла эліты, вышэйшых і сярэдніх клясаў. У Чарнаўцах яна прыпісвалася немцам і жыдам, але не русінам і не румынам у Букавіне, хаця б дзеля таго, што яны пераважна былі непісьменныя. Па-другое, гэта была культура шматмоўнага і шматкультурнага рэгіёну, у якім супольнай мовай, мадэльлю цывілізацыі і “разьвіцьця” была нямецкая мова. Гэта была культура жыда Эліаса Канэці, які ў 1942 годзе (!) сказаў: “Мовай майго інтэлекту застанецца нямецкая мова”. Гэта была культура гэткіх, як Одан фон Горват: “Калі запытаеце мяне пра маю бацькаўшчыну, то я адкажу: нарадзіўся ў Фьюме, рос у Бэлградзе, Будапэшце, Прэсбургу (Братыславе), Вене і Мюнхене, маю вугорскі пашпарт, але ня маю бацькаўшчыны. Я ёсьць тыповая аўстра-вугорская мяшанка; адначасова і вугорац, і харват, і немец, і чэх; мая бацькаўшчына — Вугоршчына, а родная мова — нямецкая”.

Цяжка паверыць, што палову жыдоўскага насельніцтва Будапэшту складалі аднамоўныя зь імі вугорцы, хіба што гэта былі новапрыбылыя імігранты, якія карысталіся ідыш і яшчэ не навучыліся культурнай lingua franca Цэнтральнай Эўропы, або кабеты, па-ранейшаму абмежаваныя хатняй гаспадаркай.

Па-трэцяе, як кажа фон Гарват, гэта была культура не нацыянальная. Хаця кожны ў Цэнтральнай Эўропе меў сваю “радзіму”, але ня быў “цэнтральнаэўрапейцам”, а быў чэхам, вугорцам, харватам, палякам ці кім-колечы яшчэ і меў менш дачыненьняў зь іншамоўнымі культурамі гэтага рэгіёну, чым з мовамі больш далёкага сьвету. Адукаваны жыхар Кракава або Аламунца чытаў хутчэй Ібсэна або Ўальда, чым вершы, напісаныя сваімі суседзямі.

Гэтая культура ўжо не існуе. Не існуюць таксама варункі, якія рабілі яе магчымай і насамрэч патрэбнай. Нямецкая мова ўжо не зьяўляецца lingua franca гэтага рэгіёну, хаця ў пэўнай ступені яна зноў набывае такі статус, калі зважыць на гегеманічную ролю Нямеччыны і пэўнае вяртаньне да культурнага імпэрыялізму. Жыды сышлі адусюль, апроч Вугоршчыны, дзе насуперак цяжкім часам утрымалі цэнтральнаэўрапейскія каштоўнасьці. Шматмоўнасьць, а таксама супольнасьці, якія спасярэднічаюць у штодзённай культурнай трансьляцыі, не існуюць, канечне, у краінах, якія ўжо сталі замкнёнымі ў сваіх межах, або схіляюць да моўнай аднастайнасьці ў выніку масавых забойстваў або масавага перасяленьня людзей. Што засталося ад таго ўзаемадзеяньня і суперніцтва чэхаў і немцаў у Чэхіі і Маравіі, якія, паводле Палацкага, стварылі тое, што азначае гісторыя Чэхіі? У краіне чэхаў немцы больш не жывуць. Усё, што засталося ад цэнтральнаэўрапейскай культуры, — гэта далёкі супольны гістарычны досьвед (за Габсбургамі), які абуджае настальгію, а таксама і больш блізкі па часе, але непрыемны (камуністычная эра) досьвед. Тых, што зазналі іх, абодва гэтыя досьведы напаўняюць нейкім скептыцызмам у дачыненьні да будучыні.

Без сумневу, дагэтуль трывае памяць аб пэўнай супольнай мадэлі жыцьця сярэдніх клясаў (колькі ж аўстрыйскіх сялянаў з часоў майго дзяцінства распачыналі дзень са сьняданку, які з гэткім замілаваньнем узгадвае Ганак, або гушкаліся ў танэтаўскіх фатэлях-гушкалках?). Захаваньню гэтай мадэлі мы ўдзячныя вымушанай з прычыны камунізму ізаляцыі. Што з гэтага ператрывае запозьнены, але няўмольны наступ Мак Дональдз? Апроч таго, якое значэньне мае гэтая спадчына? Вена, дзе я рос у дваццатыя гады, гэта ўжо ня горад майго дзяцінства, Аўстрыя — гэта ўжо не краіна мінулага маёй сям’і, хаця трываласьць ейнага геаграфічнага становішча, ейнага ладу жыцьця і спосабаў спажываньня ежы не былі перарваныя. Як гэта выказаў адзін ангельскі пісьменьнік: “Мінулае — гэта іншая краіна. Розныя рэчы робяцца там іначай”. Нават калі фізічна — гэта тая самая краіна, з тымі самымі “Табак Трафікен”. І вядомы гісторык Пэтэр Ганак ведае лепей за каго іншага, што да мінулага няма вяртаньня.

 

З польскай мовы пераклаў С. Санько

 

Эрык Гобсбаўм - АЎСТРЫЯ І ЦЭНТРАЛЬНАЯ ЭЎРОПА

 

зьмест