ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

мысьленьне/літаратура


ФРАГМЭНТЫ №9
№9
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Тацяна Сьлiнка

ХРАНIЧНАЯ НУДА ЯК ФЭНОМЭН
ПОСТКАЛЯНІЯЛЬНАГА ГРАМАДЗТВА

(гульня ў дыскурс)

 

У наш час хуткае зьмены падзеяў пры поўнай адсутнасьці падзеі як такой праблема сэнсу жыцьця паступова, але грунтоўна трансфамавалася ва ўцёкi ад нудоты, у вынiку чаго апошняя сталася псыхалягічным даляглядам усёй чалавечай дзейнасцi.

Нуда грунтуецца на згубе чалавекам/грамадзтвам адчувальнасьцi з-за адсутнасьцi цi празьмернае колькасьцi ўзьдзеяньняў-стымулаў. Аднак у падмурку нуды ляжыць псыхалягічная немагчымасьць здзяйсьненьня падсьвядомага/сьвядомага жаданьня самарэалiзацыі. Паводле псiхааналiзу, прычынамi гэтай саманерэалiзацыi чалавекам/грамадзтвам могуць стацца наступныя:

1. Зьнешняя (каляніяльная) забарона на магчымыя спосабы рэалiзацыi.

2. Адсутнасць неабходных уменьняў/здольнасьцяў да больш-менш поўнай самарэалiзацыi.

3. Адчуваньне сябе чужым (а значыць i не патрэбным) з прычыны знаходжаньня ў не сваiм культурным асяродьдзi цi з прычыны няведаньня сябе ў сваiм культурным асяродьдзi.

Апошняя прычына досыць актуальная для посткалянiяльных краiнаў, культура якiх грунтоўна пераробленая Калянiзатарам цi цалкам замененая iм на сваю. У вынiку паўстае супярэчнасьць памiж зьместам падсьвядомага — архэтыпамi, традыцыямi продкаў ды iнш. — i зьместам сканструяваных калянізатарам стэрэатыпаў, якія ўтвараюць сьцяну перад неўсьвядомленымі памкненьнямі. Пры гэтым з-за створанай Калянiзатарам сьцяны стэрэатыпаў, якiя ўсьведамляюцца не як стэрэатыпы, але як рацыянальныя перакананьнi, зьмест падсьвядомага вельмi цяжка ўзгадніць са зьместам сьвядомасьцi.

Менавiта гэта характэрна для беларускай посткалянiяльнай сьвядомасьцi, у якой напачатку быў створаны стэрэатып непаўнавартаснасьцi беларускай культуры, пасля расейская культура была прадстаўленая як найвышэйшы ўзровень духоўнага развiцьця, i пасля беларусам было ласкава прапанавана магчымасьць стацца “единым славянским народом”. Прычым дадзеныя манiпуляцыi сьвядомасьцю адбывалiся на фоне суцэльнага зьнiшчэньня помнiкаў беларускай архiтэктуры, перабудовы гарадоў на расейскi лад (цi не таму, паводле В. Акудовiча, цяжка ад каго-колечы пачуць сёньня: “я люблю Мiнск”?), зьнiшчэньня беларускай iнтэлiгенцыi, мовы i культуры ўвогуле.

Усе вышэй пазначаныя дэструктыўныя ўзьдзеяньнi на чалавечую псыхiку ва ўмовах посткалянiяльнасьцi вядуць да шызафрэнiчнае раздвоенасьцi чалавека/грамадзтва (што выяўляецца ў супярэчнасьцi мiж сьвядомым i падсьвядомым, пры гэтым сьвядомае доўгi час падаўляе падсьвядомыя жаданьнi. У вынiку, калі яны праз пэўны час вырываюцца вонкi, узровень iх вычварнасьцi i трансфармаванасьцi цалкам суадносны з узроўнем дэструктыўнасьці Калянізатара).

Раздвоенасьць вынiкае i з самае праблемы нуды: вера ў магчымасьць перамагчы сваю нуду, якая вядзе да пошуку разнастайных спосабаў, непарыўна звязаная зь немагчымасьцю пазбаўленьня ад нуды (зноў жа, з прычыны выцесьненасьцi сапраўдных жаданьняў), што нараджае яшчэ большую нуду, але не зьнiшчае веру ў вызваленьне, што вядзе да пошуку новых спосабаў, ... (цыкаль доўжыцца бясконца) — гэта арыфметычная прагрэсiя завяршаецца поўнай згубай адчувальнасьцi альбо сьмерцю.

 

СТАТЫСТЫКА СА СПРОБАЙ АНАЛIЗУ:

Сярод спосабаў пазбаўленьня ад нуды (якiя дапамагаюць/ не дапамагаюць на досыць кароткi час) можна вылучыць агульнапрымальныя i неагульнапрымальныя/ агульнанепрымальныя. Усе яны маюць на мэце аднавiць страчаную адчувальнасць праз узмацненьне ўзьдзеяньня:

Да агульнапрымальных спосабаў належаць наступныя:

— прагляд тэлесэрыялу (драматычныя пачуцьцi героя/гераiнi хвiлiн на 10 ствараюць уражаньне не-марна-пражытага жыцьця, у наступныя 10 – уражаньне марна-непражытага жыцьця);

— прагляд баевiкоў, фiльмаў жахаў i г. д. (абавязковая ўмова: безьлiч жахлiвых i крывавых вiдовiшчаў, якiя б’юць па пачуцьцях i хутка вядуць да стану апатыi/ўзмоцненага пачуцьця нуды);

— прачытваньне падрабязных апiсаньняў злачынстваў (узьдеяньне iдэнтычнае папярэдняму, але адрозьнiваецца меншай эфектыўнасьцю пры адсутнасьцi паталягiчнае фантазыi);

— праслухоўваньне музыкi — зноў жа чужое (на некаторы час прыпыняе адчуваньне нуды, калi не перарываецца суседзямi i iнш., бо таксама вымагае пастаяннага ўзмацненьня ўзьдзеяньня: павелiчэньня гучнасцi, хуткае зьмены кампазiцыяў. Заўвага: жаданьне слухаць адну i тую ж кампазiцыю ўзьнiкае пад уплывам iлюзыi пазбаўленьня ад нуды менавiта зь яе дапамогай. Напэўна яна закранае нешта ў падсьвядомасьцi/сапраўднасьцi чалавека, але яго адчуваньнi настолькi цьмяныя, што ён наўрад цi здолее растлумачыць, што менавiта яму падабаецца ў гэтай кампазiцыi);

— сэкс (пры пастаянным выкарыстаньнi без дапамогi/з дапамогай дадатковых стымулятараў тыпу: прагляд парнафiльмаў, папярэдняе ўстрыманьне, хуткая зьмена партнёраў — хутка вядзе да зьнiжэньня ўзроўню ўзьдзеяньня);

— п’янства (паводле досьледаў мэнтальнасьцi з’яўляецца ўласна расейскiм фэномэнам i ўяўляе сабой тыповы прыклад вышэй названага цыклу хранiчнае нуды з адпаведным фiналам);

— стварэньне канфлiктаў з/памiж блiзкiмi, сябрамi, калегамi, пасажырамi грамадзкага транспарту (узровень узьдзеяньня залежыць ад вынiку канфлiкту).

Iншыя спосабы з прычыны iх малаэфектыўнасьцi не прыводзяцца.

Да неагульнапрымальных/агульнанепрымальных належаць наступныя:

— наркотыкi (найбольш выразны прыклад хуткага разгортваньня цыклю);

— формы сексу, што ў сьвядомасьці грамадзтва ўспрымаюцца як вычварэньні (групавы сэкс, гомасэксуалiзм i лезьбiянства, садамазахiзм i розныя iх варыяцыi);

— агрэсыўныя дзеяньнi дэструктыўнага характару (ад вулiчнага хулiганства да мiжнароднага тэрарызму i распачынаньня войнаў/забойстваў);

— суiцыд (часта выклiканы жаданьнем адчуць сябе жывым i спыняецца з-за боязi яшчэ большай нуды там);

...

(пакiдаю вольнае месца для тых, хто жадае дадаць свае спосабы — у канцы паведамiць вынiк).

Цiкава, што ўсе спосабы другой групы самi па сабе з’яўляюцца, у сваёй сутнасьцi, вычварнымі трансфармацыямі падсьвядомых iмкненьняў.

 

Лiтаратурная даведка:

Успрыманьне навакольля i сябе, а таксама й быцьця ў цэлым, чалавекам, што пакутае на хранiчную нуду, выразна пададзенае ў вядомым рамане “Млоснасьць” Жана Поля Сартра (каб пераканацца ў гэтым, чытаць зь любога месца i ў любым накiрунку).

 

Антрапалягiчная даведка:

Чалавек па сваёй сутнасьцi адрозьнiваецца ад жывёлаў наяўнасьцю пачуцьця нуды, бо толькi ён мае розум, каб усьвядомiць сваю марнасьць i нiкчэмнасьць i толькi ён мае веру гэтага (марнасьцi/розуму) пазбавiцца.

Высновы:

1. Архаiчна-рэлiгiйная: нуда ёсьць пакараньнем чалавеку за грахi (нейкiя).

2. Сучасна-рэлiгiйная: хранiчная нуда прысутнiчае з моманту стварэньня чалавека Богам “на ўласны капыл” (што дазваляе меркаваць аб наяўнасьцi хранiчнае нуды i ў Яго).

3. Пабытова-фiлязофская: нуда ёсьць нармалёвым станам чалавека, на якi ня трэба зважаць (глядзi тэрмiн “паталёгiя нармальнасьцi”).

4. Сацыялагiчная: пачуцьцё нудоты актыўна спрыяе прагрэсу/рэгрэсу ў грамадстве.

5. Вашая: ...

 

Гiстарычная даведка:

Знаёмства з шматлiкiмi лiтаратурнымi творамi дазваляе меркаваць, што нуда ёсьць фэномэнам выключна сучасным, бо да XX стагодзьдзя была прыналежнасьцю найбольш адукаваных i здольных прадстаўнiкоў вышэйшага саслоўя (прыклады: байранаўскi Чайльд Гарольд, пушкiнскi Анегiн, лермантаўскi Пячорын, сьвецкiя колы ў раманах Бальзака i Стэндаля, Пора-Леановiч у рамане Караткевiча “Нельга забыць”). А ў XX стагодзьдзi нуда робiцца шырока распаўсюджанай масавай з’явай. Што тычыцца Беларусi, то тут узнiкненьне хранiчнае нуды супярэчыць першаснай мэнтальнасьцi i цесна зьвязаная з калянiзацыяй сьвядомасьцi: “войны” памiж магнацкiмi родамi ў XVIII стагодзьдзi (самапалянiзацыя сьвядомасьцi магнатаў), нуда беларускае iнтэлiгенцыi канца XIX — пачатку XX стагодзьдзяў (пачатак калянiзацыi з боку Расеi) — добры прыклад уяўляюць сабой перажываньнi героя аповесьцяў М.Гарэцкага “Меланхолiя”, “У чым яго крыўда”, “Цiхая плынь”, — суцэльная хранiчная нуда ў сучасным беларускiм грамадзтве (пасьпяхова праведзеная калянiзацыя масавай сьвядомасьцi).

 

Культуралягiчная даведка:

Насамрэч, пералiчаныя вышэй спосабы пазбаўленьня ад/набыцьця нудоты ёсьць ласкава i настойлiва прапанаванымi нам Калянiзатарам/ калянiзаваным мысьленьнем для масавага спажываньня. Яны з’яўляюцца глыбока нэкрафiлiчнымi цi рэгрэсыўнымi (паводле азначэньня Э.Фрома) па сваiм характары ўзьдзеяньня на сучаснага чалавека/грамадзтва i створанымi чужой культурай па паходжаньнi.

<Цi не абсурдна гэта? Мы глядзiм расейскiя i амэрыканскiя баевiкi, слухаем расейскую папсу i глядзiм бразiльскiя тэлесэрыялы. I праз гэта мы спрабуем пазбавiцца хранiчнага пачуцьця нуды, якое насамрэч ёсьць адчуваньнем штучнасьцi нашага жыцьця i нашай сьвядомасьцi. Мы ня ведаем сябе. Мы для сябе туман. Але нешта сапраўднае яшчэ ёсьць недзе ў глыбiнi нас самiх.>

Аднак, як антытэза, iснуюць iншыя спосабы пазбаўленьня ад нуды, якiя ёсьць бiяфiлiчныя цi прагрэсыўныя (зноў жа, паводле Э. Фрома) па характары ўзьдзеяньня на псiхiку i вытокi якiх знаходзяцца ў нас самiх. Але дасягальныя яны толькi для творцаў i дзяцей дашкольнага ўзросту.

Гэтымi спосабамi пазбаўленьня ад нуды ёсьць гульня i стварэньне культуры (што зноў жа, паводле Хейзiнгi, культуратворчасьць ёсьць гульнёй па сваёй сутнасьцi i паходжаньнi: наяўнасьць вызначаных правiлаў/вызначаная адсутнасьць правiлаў, абмежаванасьць кола ўдзельнiкаў i прасторы, стварэньне свайго сьвету i iнш.). Дзiцячая гульня мае перадумовай яшчэ незаштампаваную сьвядомасьць, культура — зьнiшчэньне штампаў i стэрэатыпаў калянiзаванай сьвядомасьцi i ўсьведамленьне сябе тымi, кiм мы ёсьць (сродкi, паводле К.Г. Юнга: аналiз сымболяў сваiх сноў, “аўтаматычнае” пiсаньне тэкстаў, iндывiдуальны рэлiгiйны досьвед, аналiз архэтыповых вобразаў фальклёрных i мiталягiчных нацыянальных тэкстаў). Вядома, стварэньне культуры, не заснаванае на штампах i ўзорах, ёсьць вяртаньнем нацыянальнай самасьвядомасьцi.

Па сутнасьцi, прынцыпы постмадэрновай культуры заснаваныя на пазбаўленьнi ад стэрэатыпаў i штампаў, што адначасова ёсьць шэрагам табу ад хранiчнае нудоты/калянiзаванай масавай сьвядомасьцi:

1. Пошук абсурднасьцяў, недарэчнасьцяў i парадоксаў аўтарам/чытачом.

2. Выкарыстаньне нязвыклае формы, пошук нечаканых мэтафараў i iншых мастацкiх сродкаў.

3. Разарванасьць i фрагмэнтарнасьць тэксту.

Усё гэта скiравана на найбольшае самавыяўленьне i пазбаўленьне ад нуды праз напружаньне iнтэлекту пры спробе – часта марнай – чытача/аўтара спасьцiгнуць сэнс твора.

4. Зьмяншэньне аб’ёму твора (мэта: чытач/аўтар не павiнен адчуць нуду да канца прачытаньня/напiсаньня).

5. “Гульнi з прасторай i часам” (Борхэс), што само па сабе адпавядае гульнi як спосабу пазбаўленьня ад нуды i адначасова ёсьць сутнасьцю постмадэрновае культуры.

(...)

...(постмадэрновая/посткалянiяльная незавершанасьць).

 

<выпраўленьне лягiчных (і іншых) неадпаведнасьцяў у дадзеным артыкуле прапануецца чытачу/аўтару як яшчэ адзiн спосаб пазбаўленьня ад нуды>.

 

 

     

зьмест