ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

АНТАЛЁГІЯ СУЧАСНАГА
ЗАХОДНЯГА МЫСЬЛЕНЬНЯ


АНТАЛЁГІЯ
сучаснага
заходняга
мысьленьня

сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Гі Дэбор

ГРАМАДЗТВА ВІДОВІШЧА

 

Адасабленьне да скраеня

Але няма сумневу, што для нашае эпохі, якая аддае перавагу знаку перад пазначаным, копіі – перад арыгіналам, выяве – перад рэчаісным, зьнешняй форме – перад сутнасьцю, сакральная толькі ілюзія, а праўда – прафанная. Не, больш за тое: прынята лічыць, што сакральнасьць узрастае прапарцыйна таму, як зьмяншаецца праўднасьць і павялічваецца ілюзорнасьць, так што найвышэйшая ілюзорнасьць стаецца найвышэйшай сакральнасьцю.

Л. Феербах. Прадмова да другога выданьня "Сутнасьці хрысьціянства"

1

У сучасным высокатэхналягічным грамадзтве жыцьцё спрэс уяўляе сабою велізарны збор відовішчаў. Усё, што раней непасрэдна пражывалася, цяпер апынулася выціснутым у выяву.

2

Вобразы, адарванныя ад якіх-кольвек праяваў жыцьця, зьліваюцца ў агульную плынь, дзе ўжо немагчыма ўзнавіць цэласнасьць самога жыцьця. У сваю ўласную сукупнасьць разгортваецца рэчаіснасьць, якую разглядаюць па частках: узьнікае адасоблены, разьбіты на кавалкі псэўда-сьвет як аб'ект чыстага сузіраньня. Падзел вобразаў сьвету вершыцца стварэньнем адасобленых вобразаў, у якім падманшчык падмануў самога сябе. Відовішча ж навогул, як праява "жыцьця наадварот", – гэта адасоблены рух не-жыцьця.

3

У відовішчы адначасова выяўляецца і ўсё грамадзтва, і частка грамадзтва, і прылада, каб злучаць яго ў адзінства. Відовішча як частка грамадзтва асабліва адпавядае таму яго адсеку, які засяроджвае ў сабе ўсё сузіраньне й усьведамленьне. Ужо хаця б таму, што гэты адсек існуе адасоблена, відовішча робіцца агульнай глебай для падману зроку і сьвядомасьці. А дасягнутае празь яго адзінства – ня што іншае, як афіцыйная мова адасобленасьці, якая сталася ўсеагульнай.

4

Відовішча – гэта ня збор вобразаў, а адносіны паміж людзьмі ў грамадзтве, перададзеныя ў вобразах.

5

Відовішча нельга разглядаць як злоўжываньне зрокам, як вынік масавага тыражаваньня вобразаў. Гэта хутчэй увасоблены Weltanchauung. Гэта сьветабачаньне, якое знайшло сваё ўцелясьненьне.

6

Відовішча як такое – гэта адначасова і вынік сучаснага спосабу вытворчасьці, і яго пэрспэктыва. Яно не зьяўляецца дапаўненьнем да сапраўднага сьвету, яго дадатковай аздобай. Відовішча – гэта краепалеглы камень несапраўднасьці ў сапраўдным грамадзтве. Ва ўсіх уласьцівых яму формах – як то інфармацыя ці прапаганда, рэкляма ці непасрэднае забаўленьне – відовішча адлюстроўвае лад жыцьця, які пераважае ў грамадзтве. Відовішча паўсюдна пацьвярджае выбар, ужо ўвасоблены ў спосабе вытворчасьці і яе непасрэдным выніку – спажываньні. Гэтак жа сама форма і зьмест відовішча цалкам апраўдваюць існую сыстэму і яе мэты. Відовішча – ўсячасна прысутнае апраўданьне, бо яно ахоплівае сабою ці ня ўвесь час, што мы пражываем па-за межамі сучаснае вытворчасьці.

7

Самáя адасобленасьць – частка адзінства сьвету, частка грамадзкага жыцьця ў зямным маштабе, а яно падзеленае на рэчаіснасьць і вобраз. З аднаго боку, адасобленае відовішча супрацьпастаўляецца практыцы грамадзкага жыцьця. З другога, апошняе й утварае тую рэчаісную сукупнасьць, у якую ўлучаецца відовішча. Але гэты падзел настолькі зьмяняе самýю сукупнасьць, што відовішча робіцца мэтай яе існаваньня. Мову відовішча складаюць знакі пануючага спосабу вытворчасьці, разам з тым іх стварэньне і ёсьць канчатковай мэтай гэтай вытворчасьці.

8

Відовішча нельга абстрактна супрацьпастаўляць існай грамадзкай дзейнасьці: унутры падобнага падзелу ўжо прысутнічае падзел. Відовішча, якое перайначвае рэчаіснасьць, ствараецца насамрэч. А сапраўдным жыцьцём па сутнасьці авалодвае сузіраньне відовішча, прычым рэчаіснасьць набывае кшталт відовішча, якое і надае ёй дакладнасьць ды зладжанасьць. Аб'ектыўная дадзенасьць прысутнічае па абодва бакі. Кожны панятак, вызначаны такім чынам, палягае не на чым іншым, як на пераходзе ў сваю супрацьлегласьць: рэчаіснасьць узьнікае ў відовішчы, а відовішча стаецца рэчаіснасьцю. Гэтая ўзаемная адчужанасьць – сутнасьць і апірышча існага грамадзтва.

9

У сьвеце, дзе ўсё перакуленае дагары нагамі, праўда – гэта асклепак падманнасьці.

10

Ідэя відовішча аб'ядноўвае й вытлумачае вялікае мноства існых зьяваў. У іх множнасьці й непадобнасьці праяўляецца сацыяльна абумоўленая й упарадкаваная зьнешняя відочнасьць, самáя ўсеагульная праўдзівасьць якой патрабуе свайго прызнаньня. Відовішча – калі разглядаць яго ў ягоным жа рэчышчы – сьцьвярджае зьнешнюю відочнасьць, даводзіць, што ўсё чалавечае жыцьцё, асабліва грамадзкае, – усяго толькі зьнешняя відочнасьць. Але калі аналітычны разгляд уздымаецца да сапраўднай сутнасьці відовішча, у ім раскрываецца відочнае адмаўленьне жыцьця, адмаўленьне жыцьця, што сталася відочным.

11

Калі мы бярэмся апісваць відовішча, яго структуру, ролю, а таксама сілы, схільныя яго размываць, то нам давядзецца штучна разьвесьці непадзельныя чыньнікі. У пэўнай ступені, аналізуючы відовішча, мы гаворым на мове ўласна відовішчнасьці ў тым сэньсе, што мы рухаемся праз мэтадалягічны абсяг таго самага грамадзтва, якое выяўляе сябе ў відовішчы. Але відовішча – гэта ня што іншае, як адчуваньне агульнапрынятага ў сацыяльна-эканамічнай фармацыі, спосабу бавіць час. Гэта рух гісторыі, у які мы патрапілі.

12

Відовішча выглядае як нешта выключна пэўнае, акрэсьленае, дакладнае, неаспрэчнае і пры гэтым недасяжнае. Яно цьвердзіць толькі адное: "Што ёсьць, тое добрае, што добрае, тое ёсьць". Па сутнасьці, яно патрабуе пасыўнага прыманьня, фактычна ўжо дасягнутага тым, што відовішча зьяўляецца – і застаецца без адказу, тым, што яно мае манаполію на зьяўленьне.

13

Зыходная таўталягічнасьць відовішча вынікае з таго простага факту, што яго канчатковая мэта – гэта адначасова й спосаб яе дасягненьня. Відовішча – гэта незакатнае сонца над сучаснай імпэрыяй пасыўнасьці. Яно ахоплівае сабою ўсю зямлю й бясконца купаецца ў промнях уласнае славы.

14

Грамадзтва, заснаванае на сучасным спосабе вытворчасьці, вызначаецца не выпадковай, павярхоўнай відовішчнасьцю, а мае відовішчавую сутнасьць. У відовішчы, гэтай выяве пануючага эканамічнага ладу, вынік – нішто, працэс – усё. Відовішча мае на мэце ня што іншае, як самое сябе.

15

Відовішча – неад'емная аздоба створаных сучаснасьцю рэчаў, у ім яскрава выяўляецца рацыяналізм сыстэмы, гэты высокаразьвіты сэктар эканомікі вызначае абрысы мноства вобразаў-рэчаў, якіх усё более ды более. Таму відовішча – асноўная галіна вытворчасьці ў сучасным грамадзтве.

16

Відовішча настолькі ж спрэс падпарадкоўвае людзей, наколькі іх ужо спрэс падпарадкавала эканоміка. Гэта ўсё тая ж эканоміка, што разьвіваецца сама дзеля сябе. Гэта праўдзівае адлюстраваньне вытворчасьці і падманнае ўвасабленьне вытворцаў у рэчы.

17

На першым этапе панаваньня эканомікі над жыцьцём грамадзтва ў вызначэньні самарэалізацыі чалавека адбылася відавочная дэградацыя "быць" у "мець". На сучасным этапе, калі грамадзкім жыцьцём цалкам завалодаў назапашаны прадукт вытворчасьці, "мець" увогуле сасьлізгвае ва "ўдаваць". (Таму сапраўднае "мець" абавязкова набывае непасрэдны прэстыж і значнасьць.) Пры гэтым усё ўласна асабовае падпарадкоўваецца рэчаіснасьці грамадзтва, а тая наўпрост залежыць ад улады ў грамадзтве і ёю акрэсьліваецца. Асабоваму дазволена зьяўляцца толькі да той ступені, пакуль яго няма.

18

Там, дзе на зьмену сапраўднаму сьвету прыходзяць простыя вобразы, яны робяцца сапраўды жывымі істотамі й моцна падштурхоўваюць да "жыцьця пад гіпнозам". Відовішча схіляе да таго, каб чалавек бачыў сьвет праз розныя дапаможныя сродкі, бо яго ўжо нельга пабачыць непасрэдна. Таму натуральна, што для эпохі відовішча зрок – самая істотная крыніца ўспрыманьня, як для ранейшых часоў – дотык. Гэтае найбольш адцягненае, найбольш зманлівае адчуваньне адпавядае ўсеагульна адцягненаму характару сучаснага грамадзтва. Але відовішча ня трэба атаясамліваць з проста сузіраньнем, нават у спалучэньні са слуханьнем. Відовішча – гэта тое, што ўнікае чалавечага ўплыву, тое, што людзі ня могуць пераасэнсаваць і выправіць сваёй дзейнасьцю. Яно супрацьлеглае дыялёгу. Усюды, дзе існуе адасобленае выяўленьне, усталёўваецца відовішча.

19

Відовішча атрымала ў спадчыну ўсе заганы заходняе філязофіі, якая імкнулася зразумець дзейнасьць у катэгорыях зроку. Больш за тое, апірышчам відовішчу служыць няспынны рост рацыяналізму дакладных тэхналёгіяў. (Дарэчы, апошні вырас акурат з гэтага тыпу мысьленьня.) Відовішча ня робіць рэчаіснасьцю філязофію, а робіць філязофіяй рэчаіснасьць. Канкрэтнае жыцьцё кожнага плюндруецца, заганяецца ва ўяўны сусьвет.

20

Філязофія як магуцьце адасобленага мысьленьня й мысьленьне адасобленага магуцьця ніколі сама сабою не падмяніла б тэалёгію. Ілюзія рэлігіі наноў увасабляецца ў відовішчы. Тэхналёгія відовішчаў не разьвеяла рэлігійныя хмары – а менавіты туды чалавек зьмясьціў уласнае магуцьце, адлучыўшы яго ад сябе. Відовішча толькі прывязала гэтае магуцьце да зямнога тла, так што самае будзённае ў жыцьці робіцца цьмяным, непразрыстым і непрамаўляльным. Жыцьцё больш не скіроўваецца ў нябёсы, а ў самім сабе захоўвае сваё поўнае адмаўленьне, свой падманны рай. Відовішча – гэта зьдзейсьненае на практыцы выгнаньне чалавечага магуцьця кудысьці па той бок, у нейкую пазаіснасьць, гэта скрайняя адасобленасьць у самім чалавеку.

21

Наколькі грамадзтва прымройвае неабходнасьць, настолькі неабходнымі стаюцца мроі. Відовішча – гэта жахлівы сон паняволенага сучаснага грамадзтва, якое ў рэшце рэшт выказвае ўсяго толькі адное – жаданьне спаць. Сьцеражэ гэты сон відовішча.

22

У сучасным грамадзтве сапраўднае магуцьце адасобілася [ад чалавека] і стварыла сваё незалежнае валадарства ў відовішчы. На гэтае ёсьць толькі адное тлумачэньне: сапраўднаму магуцьцю па-ранейшаму бракавала зьнітаванасьці, яно супярэчыла самому сабе.

23

У падмурку відовішча палягае найстарэйшы ў грамадзтве падзел – падзел улады. Такім чынам, відовішча – гэта вузкаспэцыялізаваны від дзейнасьці, што зводзіцца да прамаўленьня за ўсё астатняе грамадзтва. Яно выяўляе сабе самому па-дыпляматычнаму прыўкрашанае ерархічнае грамадзтва, дзе забароненае ўсялякае іншае выяўленьне.

24

Відовішча – гэта няспынны дыскурс існага ладу пра сябе, ягоны маналёг-славаслоўе. Відовішча – гэта аўтапартрэт улады ў эпоху, калі яно спрэс падпарадкавала сабе ўсе ўмовы чалавечага існаваньня. За фэтышызаваным, чыста рэчавым выглядам відовішчавых адносінаў хаваецца той факт, што гэта адносіны міжасабовыя й міжклясавыя. Відовішча зь яго жорсткімі законамі сталася нашай другой натурай, яно, здаецца, завалодала ўсімі сфэрамі нашага жыцьця. Але відовішча не зьяўляецца неабходным вынікам натуральнага тэхнічнага прагрэсу. Наадварот: грамадзтва відовішча – гэта форма, якая сама абірае свой тэхналягічны зьмест. Відовішча ў вузкім сэньсе, то бок СМІ як яго найбольш кідкая праява, што заўсёды на паверхні, апанавала грамадзтва ў якасьці звычайнай тэхналёгіі. Але відовішча – гэта ніякім чынам не нэўтральная тэхналёгія, гэта акурат той спосаб, што адпавядае яго ўласнаму суцэльнаму разгортваньню. Так, сацыяльныя патрэбы эпохі, якая спараджае гэткія тэхналёгіі, можна задаволіць толькі пры пасярэдніцтве апошніх. Так, кіраваць грамадзтвам і ўваходзіць у зносіны зь іншымі людзьмі магчыма толькі праз моц імгненных сродкаў зносінаў і камунікацыі. І так сталася таму, што гэтыя "зносіны", гэтая "камунікацыя" па сутнасьці аднабаковыя. Такім чынам, канцэнтраваць "сродкі камунікацыі" – значыць назапашваць у руках наяўнай сыстэмы сродкі, што дазваляюць менавіта гэтую сыстэму й захоўваць. Агульны падзел у відовішчы неад'емны ад сучаснае Дзяржавы, у прыватнасьці, ад агульнага падзелу ў грамадзтве, які ўзьнік з падзяленьня працы і стаўся сродкам клясавага панаваньня.

25

Адасобленасьць – альфа й амэга відовішча. Са зьяўленьнем падзелу працы й утварэньнем клясаў узьнікла й першае сузіраньне сакральнага, той мітычны чын, у які ад пачатку ўбіраецца ўсялякая ўлада. Сакральнае асьвяціла касьмічны й онталягічны лад, які адпавядаў інтарэсам уладароў, сакральнае вытлумачала й аздабляла недасяжнае й немагчымае для грамадзтва. Такім чынам, уся адасобленая ўлада заўжды была відовішчавай. Але паколькі ўсё было прывязанае да застылага, “нерухомага” вобразу, то гэта азначала толькі адное: усе згодныя, каб уяўленае пацьвярджала нязначнасьць рэчаіснага грамадзкага жыцьця, якое ў значнай ступені ўспрымаецца як адзіная дадзенасьць. Сучаснае ж відовішча, наадварот, выяўляе магчымае для грамадзтва, але, мяркуючы паводле гэтай выявы, магчымае рэзка розьніцца ад дазволенага. Відовішча захоўвае адсутнасьць усьведамленьня, калі фактычна зьмяняюцца ўмовы існаваньня. Відовішча стварае самое сябе, яно ўсталявала свае ўласныя законы – гэта псэўда-сакральнае ўтварэньне. Яно выяўляе самое сябе – адасобленае магуцьце, якое разьвіваецца ў самім сабе, у росьце прадуктыўнасьці працы. (Ён адбываецца таму, што падзел працы з апантанасьцю даводзіцца да драбненьня асобных рухаў, якімі, у сваю чаргу, кіруе адасоблены рух машынаў.) І гэты рост прадуктыўнасьці арыентаваны на няспыннае пашырэньне рынкаў [збыту]. У гэтым руху распушчаецца ўсялякая супольнасьць, усялякае крытычнае мысьленьне, калі яшчэ не зьяднаныя сілы, што маглі б узрастаць разам з ростам адасабленьня.

26

Калі працоўны цалкам адасоблены ад прадукту, які ён вырабляе, то страчваецца скразное, суцэльнае бачаньне вытворчай дзейнасьці, як і непасрэдныя зносіны паміж вытворцамі. Калі ўзрастае назапашваньне асобных прадуктаў працы і канцэнтрацыя вытворчасьці, задзіночанасьць і належная камунікацыя ўласьцівыя выключна тым, хто кіруе сыстэмай. Посьпех эканамічнай сыстэмы, угрунтаванай на адасабленьні, – пралетарызацыя сьвету.

27

Адасобленая вытворчасьць асабліва плённа стварае адасобленасьць. Таму асновапалеглы непасрэдны досьвед, які ў першабытным грамадзтве зьвязваўся зь нейкай галоўнай мэтай [жыцьця], цяпер, на найвышэйшай прыступцы ў разьвіцьці сыстэмы, саступае ня-працы, ня-дзеяньню. Але гэтае ня-дзеяньне ніякім чынам ня вольнае ад вытворчай дзейнасьці. Яно залежыць ад вытворчай дзейнасьці, яно зь неахвотай і разам з тым прагна падпарадкоўваецца патрабаваньням і канчатковаму выніку вытворчасьці. Яно самое – прадукт рацыяналізму вытворчай дзейнасьці. Па-за дзейнасьцю ня можа быць свабоды, а ў кантэксьце відовішча адмаўляецца ўсялякая дзейнасьць. (Гэтаксама дзеля замацаваньня гэтага выніку ў сусьветным маштабе апынулася паглынутай уся сукупнасьць сапраўднай дзейнасьці.) Такім чынам, "вызваленьне ад працы" ў сучасным грамадзтве, павелічэньне вольнага часу ні ў якой ступені ня ёсьць ані вызваленьнем у працы, ані вызваленьнем ад сьвету, створанага працай. Праз падпарадкаваньне вынікам працы нельга вярнуць ані каліўца дзейнасьці, страчанай у працы.

28

Эканамічная сыстэма, заснаваная на ізаляванасьці, цыклічна прадукуе ізаляванасьць. Уся тэхніка палягае на ізаляванасьці, а тэхналягічны працэс, у сваю чаргу, спараджае ізаляванасьць. Усе рэчы, улучаныя відовішчам у сваю сыстэму, – ад машыны да тэлевізіі – гэта сродак няспынна мацаваць ізаляванасьць сярод “самотнага натоўпу”. Відовішча ўвесь час наноў прыходзіць да ўласных высноваў, але на ўсё больш канкрэтным узроўні.

29

Відовішча паўстае там, дзе страчваецца адзінства сьвету. І наймагутнейшы наступ відовішча ў сучасным грамадзтве акурат і сьведчыць пра суцэльнасьць гэтае страты. Абстрактны характар усялякае канкрэтнае працы й абстрактны характар спрэс усяе вытворчасьці выдатна адлюстроўваюцца ў відовішчы, канкрэтнасьць якога мае чыста абстрактны характар. У відовішчы адная частка сьвету, тая, што выяўляе яму сябе, вышэйшая за сам сьвет. Відовішча – усяго толькі агульнапрынятая мова гэтай падзеленасьці. І злучае гледачоў ня больш як неабарачальная сувязь, якая ў сутнасьці сваёй мацуе іх ізаляванасьць. Відовішча лучыць адасобленае, але лучыць менавіта як адасобленае.

30

Адчужанасьць гледача на карысьць аб’екта сузіраньня (які ёсьць вынікам ягонае ўласнае неўсьвядомленае дзейнасьці) выяўляецца наступным чынам: чым больш ён сузірае, тым менш жыве. Чым больш ён прымае пануючыя вобразы патрэбаў, прызнаючы ў іх сябе, тым менш ён спасьцігае ўласнае існаваньне са сваімі жаданьнямі. Зьнешні характар відовішча адносна дзейнага суб’екта праяўляецца ў тым, што яго ўласныя жэсты ўжо належаць не яму, а камусьці іншаму, хто іх яму выяўляе. Гледачу таму нідзе ня будзе ўтульна, што паўсюль – відовішча.

31

Працоўны стварае не сябе, а адасобленае магуцьце. Пасьпяховасьць гэткай вытворчасьці, яе паўноцьце вяртаюцца да вытворцы ў выглядзе паўноцьця адасобленай маёмасьці. З назапашваньнем адчужаных прадуктаў працы ўвесь ягоны сусьвет са сваімі часам і прасторай робіцца яму чужым. Мапа ягонага новага сьвету – відовішча, мапа, якая дакладна ахоплівае яго тэрыторыю. Нам зьяўляюцца ва ўсёй сваёй моцы тыя самыя сілы, што кагадзе нас унікнулі.

32

Відовішча ў межах грамадзтва адпавядае асобна ўзятай фабрыцы па вытворчасьці адчужанасьці. Рост эканомікі – пераважна рост гэтага тыпу вытворчасьці. У нетрах эканомікі, якая расьце й разьвіваецца толькі дзеля самой сябе, можа ўзрастаць толькі тая самая адчужанасьць, што была ля яе вытокаў.

33

Адасоблены ад вынікаў сваёй працы, сам чалавек усё больш і больш апантана вырабляе ўсе асклепкі свайго сьвету і ў выніку апынаецца ўсё больш і больш ад яго адасобленым. Чым больш жыцьцё робіцца прадуктам ягонае працы, тым болей ад яго жыцьця адасабляецца падман.

34

Відовішча – гэта капітал, назапашаны да тае ступені, што стаецца вобразам.

 

Пераклад з ангельскай V.K.

 

анталёгія сучаснага заходняга мысьленьня