ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

БІБЛІЯТЭКА


Сяргей Дубавец "Дзёньнік прыватнага чалавека"
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Сяргей Дубавец

ДЗЁНЬНIК ПРЫВАТНАГА ЧАЛАВЕКА

1989-1998

Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

 

ЭНIГМА

Важкi том выбраных твораў Максiма Танка за 1952 г. на добрую траціну прысьвечаны Сталiну. Дасканала зробленыя вершы. Я не ўстрымаўся й гадзiны са дзьве дэклямаваў, аж пакуль не сарваў голас. Знаёмы мастак сказаў мне: нiчога дзiўнага, у Маякоўскага такiя вершы яшчэ лепшыя. Маўляў, ёсьць таленты ад Бога, а ёсьць -- ад д'ябла, i яны бяруць верх папераменна. Дастаткова параўнаць з гэтымi майстэрскiмi вершамi Танка нягеглыя стогны сёньняшнiх паэтаў пра бел-чырвона-белы сьцяг i нашу недадушаную мову.

Але ў тым i рэч, што Танк -- не ад д'ябла. У iм ня знойдзеш нiчога прынцыпова нездаровага. Якраз наадварот. Сваiм роўным, заўсёды крыху прыўзьнятым тэмпэрамэнтам ён наблiжаецца да прарочага тэмпэрамэнту Купалы. Але Купала славiў Сталiна на схiле свае творчасьцi, пiшучы "левай нагой", па iнэрцыi. I гэта была ўжо ня першая iнэрцыя паэта, якi стаў Купалам яшчэ ў 1910-я. Танк жа пiсаў оды Сталiну "на ўзьлёце", толькi ўступаючы ў пару свайго шматкнiжжа. Як гэта растлумачыць?

Тут я адразу адкiдаю матывы "д'ябальскага часу", "немагчымасьцi пiсаць пра iншае" i што "ўсе так пiсалi". Iнакш ня варта было б i вылучаць Танка з шэрагу ўсiх ды iншых. Я думаю пра тлумачэньне, якое даў гэтаму другi знаёмы мне творца: маўляў, недалёкi чалавек, адораны пачуцьцём моўнага рытму, выхаваны на ўзорах эўрапейскага паэтычнага мадэрну, -- кляпаў сабе вершыкi на тэмы актуальнае iдэалёгii. А iнакш -- як растлумачыць тое, што першы свой "сталiнскi" верш Танк пiша ўжо 17 верасьня 1939 году: "Ад сэрца мы шлём сваё шчырае дзякуй Сьцягам i байцам i прыслаўшаму вас" (дарэчы, у наступных выданьнях усё гэта выпраўлена, хоць даты пакiнутыя ранейшыя)? Як растумачыць зусiм ужо вузкалобы паводле зьместу верш "Памяцi таварыша Жданава", напiсаны чалавекам, якi безумоўна ведаў пра вышэйназванага таварыша больш, чым ведаў тады просты сьмяротны, -- i напiсаны, пэўне ж, без чыйгосьцi прымусу? А хiба ня ведаў Танк пра масавыя пасьляваенныя рэпрэсii супраць "заходнiкаў", хiба не зьвярталiся да яго ягоныя ж паплечнiкi, знаёмцы, сваякi, калi вывозiлi Вiльню, Горадню, Нарач? А ён адказваў iм новымi вершамi пра калгаснае шчасьце, асьветлены зарою маўзалей, пра Сталiна, Сталiна, Сталiна... А iнакш -- як растлумачыць эпiграф з Пушкiна да верша пра мяжу ў Берасьцi: "Вот, вот она! вот русская граница"?

Калi б гэтыя тэмы былi нейкiмi выключэньнямi ў творчасьцi паэта, можна было б дашуквацца ў гэтых вершах i нейкiх адваротных намёкаў, як скажам, у канцоўцы верша "Правадыр": "Хай шумяць твае годы баявымi сьцягамi над краiнай маёй, над зубцамi Крэмля!" Можна было б гаварыць пра знарочыста аднастайную дыдактычнасьць гэтай паэзii. Але сам Танк абвяргае такiя дапушчэньнi.

Цi ня лепшы "сталiнскi" верш яго прысьвечаны Вiльнi. Тут -- апошняе чалавечае жаданьне паэта, якое ня можа быць выказанае няшчыра, i гэтая шчырасьць распасьцiраецца на ўвесь твор, у тым лiку й на iдэалягiзаваныя радкi. Я думаю, што гэты верш яшчэ вернецца ў анталёгii, дзiўным чынам несучы ў будучыню адухоўленае паэтам iмя тырана.

Я гэты горад знаю з даўнiх дзён,
Дзе дрэмлюць замка гордыя руiны,
Дзе ўзьняў густое вецьце ясень, клён
Над сном акамянелым Гедымiна;
Дзе пад аркадамi сiвых муроў
Праходзяць ценi вулкамi вузкiмi:
Пясьняр Лiтвы, наднёманскiх палёў,
У падарожным плашчы пiлiгрыма,
I Калiноўскi, i таварышы...
Я чую голас iх у змроку шэрым,
Я чую, як Вяльля ў начной цiшы
Бароў прадвечных падмывае бераг.

I хоць навiслых камянiцаў сiнь
Начэй нямала беспрытульных тулiць,
А ў збуджаным напеве успамiн
Яшчэ ня ўсё балючае заснула.
Яно на кожным кроку устае,
Гарыць у верасьнёвай пазалоце,
Дзе вецер песьнi першыя мае
Рваў на Лукiскiм, на калючым дроце, --
Усё ж люблю я гэтых вулiц гул,
Граду Панар, высокi золак ранiц
I маладосьць, абвiтую ў тугу,
Якой у вочы можна сьмела глянуць.

Я гэты горад знаю з даўнiх дзён.
I кожны раз мне новыя старонкi
Суровай былi адкрывае ён,
Запiсанай на камнi вежаў звонкiх.
I я чытаю пыльныя радкi,
Ў якiх вiтае сьветлы дух Скарыны,
I устаюць мiнулыя вякi
I слаўныя краiны гадавiны.
Вось абелiск узьняўся, як прамень,
Над Чэрняхоўскiм, над магiлай паўшых,
I словы Сталiна палаюць ноч i дзень
Аб дружбе брацкай i аб славе нашай.

Я гэты горад знаю з даўнiх дзён.
I каб ня хвойны пах бацькоўскай хаты,
I каб не нарачанскай хвалi звон
Ля курганоў, ля сосен расахатых, --
Хацеў бы я, каб мой апошнi сьпеў
Тут, сярод гэтых незабыўных вулак,
Дзе ўпершыню ён гулка празьвiнеў,
Знайшоў спакой i вечны свой прытулак.

Словам, нiдзе й нiколi потым, калi ўжо стала можна, Танк адкрыта ня даў падставаў думаць, што пiсаў пра Сталiна няшчыра, што на самой справе ўсё бачыў i разумеў па-людзку, а не па-функцыянэрску, што "ня верыў". Не, верыў. I, бадай, так моцна, што новыя часы зусiм загналi яго ў кут. Мы атаясамлiвалi яго зь Вiльняй, зь iмёнамi тых, каго ён там ведаў, з эўрапейскiм духам у беларускай паэзii. А ён, улаўраны й народны, чалавек прэзыдыюмаў i прывiлеяў, ператварыўся ў сапраўдны наглуха задраены танк на п'едэстале -- такi самы, як стаiць каля ягонага дому ў Менску. Напiсаўшы мноства тамоў, ён так i не сказаў нi слова пра тое, хто ён, i, будучы ўвесь час навiдавоку, стаў, бадай, самым замкнёным, таемным i загадкавым чалавекам у беларускай лiтаратуры.

"Недалёкi" -- занадта простая разгадка ягонае таямнiцы. Паэт узроўню Купалы й Багдановiча -- недалёкi чалавек, -- гучыць занадта парадаксальна для дэфiнiцыi. I таму, думаю, яшчэ не адно пакаленьне будзе шукаць сапраўднага Танка ў ягоных дзёньнiках, лiстох i вершах, тлумачыць яго й зноў не задавальняцца тлумачэньнем.

 

IДЭЯ МЁРТВАГА ДОМУ

Тэкст, якi падаецца нiжэй, выкананы ў жанры "iнфантыльнага снабiзму" альбо "снобскага iнфантылiзму", -- як каму больш падабаецца. Маючы на ўвазе гэткую зыходную жанравую адмоўнасьць, аўтар iмкнуўся знайсьцi й абазначыць яе станоўчы антыпод -- у паэзii, культуры, палiтыцы. Але не знайшоў i таму самаўпэўнена зрабiў выснову пра тое, што заняпад беларускай iдэi ёсьць, i ён непераадольны ў тых формах, у якiх гэтая iдэя йснавала ды йснуе дагэтуль.

Цяпер для мяне ня так iстотна ды вызначальна, хто я -- сноб, iнфантыл, уцякач, здраднiк. Гэтаму ўжо можна здраджваць. Нiбыта пасьля доўгае хваробы мне вярнуўся першапачатковы сэнс iдэi: беларушчына -- гэта творчасьць. Шматгадовыя ваганьнi й прыблiзны сэнс адраджэнства склалiся ў адзiную прычыну паразы на пераможным шляху. Цяпер я ведаю, чаму нашыя першыя сапраўды шчасьлiвыя хвiлiны далучэньня да яе сталiся з часам для многiх з нас неахвотным мэханiчным дзеяньнем -- руцiнаю "адраджэньня". Але першапрычыны такое мэтамарфозы -- у колiшнiм часе, на пачатку стагодзьдзя. Там, разам з усiм, што ў нас ёсьць, закладзеныя падвалiны Мёртвага Дому беларускай iдэi.

Цяпер я ўпершыню зьбiраю да кучы тыя пытаньнi, на якiя ў розныя гады стараўся не дашуквацца адказу. Напрыклад, чаму нашыя вялiкiя паэты-прарокi, i першы зь iх -- Купала, зусiм невядомыя ў сьвеце? Iх iмёнаў няма ў шэрагу Ўiтмэнаў з Апалiнэрамi... (Праз доўгi час я пераконваў сябе, маўляў, ёсьць клясыка сусьветная i -- для ўнутранага карыстаньня, для служебного пользования. Але перачытваць вершы пра долю беларускага мужыка, напiсаныя ў раскошным вiленскiм рэстаране, не хацелася нiколi. Хацелася -- калi не пэйзажныя й любоўныя, дык жорсткiя, мужныя, ваяўнiчыя.) Чаму такi пазытыўны твор беларушчыны, як "Адвечным шляхам" I.Абдзiраловiча, так настойлiва iгнаруецца тымi, хто вершыць сёньня тое адраджэньне? I самае-самае: чаму для мовы, культуры, нацыянальнае сьведамасьцi няма годнае сустрэчы з боку людзей? Калi гэта дзiва (а такiм яно адкрылася нам), дык яно мусiла б быць жаданым дзiвам i для астатнiх...

Я ведаю мноства самапераканальных, гiпнатычных адказаў на гэтыя пытаньнi. Але яны не даюць выйсьця. Мне ж трэба, каб гэтыя пытаньнi аднойчы перасталi стаяць. Хай паўстануць наступныя.

Купала -- заснавальнiк традыцыi й заснавальнiк заганы. Дойлiд Мёртвага Дому. Гэта ён -- найвялiкшы пясьняр нацыi й адначасова -- галоўны iдэоляг руцiны (варта параўнаць сьветлую й жывую "Нашу Нiву" А.Уласава з сухой, пратакольнай газэтай, рэдактарам якой стаў Купала). Калi ў пачатку стагодзьдзя (i крыху раней) узьнiкла ўнутранае процiборства ў рыфмiчнай пбры памiж воляй i доляй, беларушчына зазнала самы iмклiвы свой узьлёт i тут жа -- сваю злаякасную пухлiну. Выяўленьне волi цi пошукi долi? Гэта й значыла -- творчасьць цi руцiна? Гаспадар цi просьбiт, утрыманец? Валоданьне сваёй сытуацыяй цi маўклiвы пратэст супраць аб'ектыўных прычынаў? (Аб'ектыўныя прычыны бываюць толькi ў аб'екта.) Таленту цi нават проста жаданьня не хапiла, i перамагло другое. Пошукi долi. Лiтаратурныя й палiтычныя мэтры пачалi множыцца, капiявацца, набiраць штаты -- у большасьцi на сацыяльную нажыўку. Выяўленьне волi паступова стала выключэньнем з правiлаў беларушчыны, магiстралю якое занялi пошукi долi. Гэтак славутая "Пагоня" стала выключэньнем у грамадзянскай паэзii М.Багдановiча.

I тады прагучаў клiч: шукаць! Не будавацца, ня ўзворваць, а шукаць! Дзе? Вядома ж, на шляхох. Беларускi шлях! Ня дом, а гасьцiнец, брук, бальшак. З гэтага паўстала цэлая фiлязофiя валацугаў, што мыкаюцца без кала й без двара. Сяк-так дацягнулi да БНР. Але выенчваньне долi ўжо запаланiла розум, i рушылi ў шлях. Савецкi час i сытуацыя Заходняй Беларусi канчаткова вымелi з традыцыi волю ў абодвух яе значэньнях. Доля стала сымбалем экстэнсiўнага, заняпаднага "росквiту". Да нашых дзён.

Адрозьненьне хiба ў тым, што на пачатку стагодзьдзя пад сьцягi шукальнiкаў долi йшоў сацыяльна заклапочаны элемэнт, а сёньня пад тыя самыя сьцягi зьбiраецца элемэнт дэклясаваны. Жорсткая насьмешка гiсторыi, карыкатура, уедная мэтафара: "Наша Доля", першая газэта беларускага адраджэньня, сёньня стала органам таварыства iнвалiдаў...

Фiлязофiя бадзякаў. Незалежнасьць на маршы. Шлях, рух, фронт... Вечныя Вандроўнiкi. Вось прапанаваныя крытэрыi, прастора, мэнтальнасьць, у якiх iснуе сёньня беларуская iдэя. Абветраная, выцьвiлая, усiхная. Яна на шляху. Дом яе Мёртвы. Замест новых Луцкевiчаў, Уласавых, Канчэўскiх сюды найшлi казённыя людзi са сваiмi камiсарамi. Квазiбальшавiкi, амаральныя маралiзатары, людзi-рэчы, бывшие в употреблении учарашнiя камунiсты, службiсты, кар'ерысты-аўтсайдэры. Мроеную й жаданую, сьветлую iдэю яны гвалтуюць як прадажную самадайку i, як у тым анэкдоце, лепяць ёй на заднiцу свае бухгальтарскiя штампы. Ня дзеля таго, каб прысвоiць цi адзначыцца, а толькi каб прыпадобнiць да сябе.

Жывыя людзi абмiнаюць гэты Мёртвы Дом. Бог даў Беларусi ня толькi самае горшае ў сьвеце начальства, але й самых нiкчэмных патрыётаў, самых баязьлiвых палiтыкаў, самых бязвольных змагароў...

Яшчэ ўчора руцiннасьць гэтага руху ратаваў арэол падпольля. Але ўжо колькi гадоў як гэты арэол разьвеяўся. I што ж змагары? Дагэтуль па ўсёй Беларусi стаяць стоды ранейшае iдэалёгii (цi гэта камунiсты вiнаватыя, што не прыбралi?), так i ня ўзгоднены памiж адраджэнцамi правапiс роднай мовы, ня створана дзяржаўная iдэалёгiя беларускага парадку. Нiчога ня створана. Уся дзейнасьць змагароў -- гэта апэляцыi да наяўнае ўлады, якую яны называюць незаконнай. Гэта тыя ж крыкi пра долю. I нiводнага свайго валявога рашэньня.

У гэтай фiлязофii ёсьць i свае спадзевы (вось, вырастуць дзецi, тады...), i свае апраўданьнi (жывем дзеля Бацькаўшчыны). Але гэта фiлязофiя адмаўленьня творчасьцi. Яна -- тыя няўздымныя кайданы, у якiх даклыпала да нашых дзён беларуская Iдэя Мёртвага Дому.

А я ўсё думаў -- як зьвязаць творчасьць паэтаў майго пакаленьня з творчасьцю ўсiх гэтых панчанкаў, камейшаў, макалёў? Памiж iмi -- прорва. Як знайсьцi агульную мову з апазыцыяй, што абрала сабе такi непрывабны iмiдж i чыя iдэйная прадуктыўнасьць уся -- ад адваротнага, ад агiднага, ад сваркi на гэтых ленiнаў, камунiстаў i г.д., але бяз калiва чыну ў адказ.

Мне шкада маiх сяброў, якiя колiсь зазналi тую першую радасьць усьведамленьня. Многiя зь iх адыйшлi ад беларушчыны. Але найболей шкада тых, што засталiся, што заглушылi свае творчыя поклiчы й прынялi правiлы Мёртвага Дому. Яны папалiся на множаньнi, на рэпрынтах.

Яшчэ гадоў 10 таму фатакопii твораў Луцкевiча, Станкевiча, Варонкi... прыносiлi асалоду здабыткаў. Але сёньня самая iдэя вяртаньня -- гэта прафанацыя. Ну, надрукавалi вершы Булака-Балаховiча й Езавiтава -- што далей? Магутная iнэрцыя выцягвае энэргiю на ўсё новыя брашуркi... I няма iм канца. Рэпрынты, перадрукi, публiкаткi... Складнiкi фiлязофii руцiны. Рэпрынтная палiтыка, рэпрынтныя адраджэнцы... Быццам сабралiся паўтарыць усё, што так доўга ляжала ў спэцсховах. Паўтарыць адраджэньне тых -- з тайным цi яўным помыслам апраўдаць уласную нятворчасьць. Нiбы за выратавальнае кола, хапаюцца яны за тыя прозьвiшчы, назвы, рэчы... I ўсё адно тонуць. Добраахвотныя паўпрэды Купалы й Крэчэўскага. Iмiтацыя паэзii, палiтыкi, дзейнасьцi, выкананьня абавязку перад бацькаўшчынай, перад iдэаламi ўласнае маладосьцi.

Копiя з копii -- правiла Мёртвага Дому. Ужо даўно множыцца тое, чаго нiхто нiколi не чытаў i не прачытае -- нават самi капiявальнiкi.

I ўсё ж маё адкрыцьцё гэтага ўсяго нагадвае мне маё першае адкрыцьцё Дзiва беларушчыны. Я адкрыў ня Мёртвы Дом. Наўзбоч ад яго зьявiлiся новыя жывыя парасткi выяўленьня волi. Паэты, музыкi, настаўнiкi... Яны ёсьць. I на гэты раз яны ўжо ведаюць сабе цану ды нiзавошта ня выйдуць на бiты шлях.

Раней, раз-пораз зазiраючы ў гэты тупiк, я казаў сабе -- ня блытай жанры. У iх дыдактычна-асьветнiцкая задача, у цябе -- чыста творчая. Цяпер я бачу, што гэта ня жанры, а два розныя сьветапогляды: руцiна i творчасьць. У кожным свая дыдактыка, асьвета й свае фiкцыi. Калi Беларусь перастае быць сынонiмам творчасьцi, яна становiцца сынонiмам Мёртвага Дому. I мне няма чаго там рабiць. Я йду даглядаць парасткi волi. Традыцыю, якую мы мусiм запачаткоўваць у палiтыцы, навуцы, паэзii. На разьвiтаньне ў мяне няма слоў. Ёсьць апошнi зборнiк паэзii Глёбуса, "Скрыжаваньне", -- як апэльсын, кiнуты ў шыбiну Мёртвага Дому...

 

МIРОЛЬД КАМIНСКI

... Гэта было гадоў 10-15 таму. У Менску, у пустым двары памiж домам Ваньковiча й Домам масонаў шараю гадзiнай мы, студэнты, праводзiлi свой першы сьпiрытычны сэанс. Ведаеце, прага пазнаньня, цiкавасьць да патаемнага, вострыя ўражаньнi i ўсё такое. Здавалася, яшчэ трохi -- i памiж старых муроў пазьяўляюцца сапраўдныя прывiды. У той вечар мы выклiкалi дух Янкi Купалы. Зразумела, што першае наша пытаньне было: назавеце вашых забойцаў, Iван Дамiнiкавiч.

У двары павiсла мёртвая цiшыня, мы стаiлi дыханьне, захвалявалася самое паветра. Сподак скрануўся пад нашымi пальцамi i пачаў соўгацца па кругу, усё хутчэй i хутчэй. Мы ледзь пасьпявалi складаць лiтары: Мiрольд Камiнскi...

Пазьней у нас шмат пiсалi пра гiбель Купалы. У 1942-м годзе паэт упаў у лесьвiчны пралёт маскоўскага гатэлю й разьбiўся. Было выказана мноства вэрсiяў: энкавэдэ, немцы, выпадковасьць, самагубства... Адно з раньнiх i ўжо забытых меркаваньняў: сьмерць Купалы -- на сумленьнi беларускiх нацыяналiстаў. Прозьвiшча, якое мы даведалiся на сьпiрытычным сэансе, нiколi й нiдзе больш ня згадвалася.

Паступова жарсьцi вакол гiбелi паэта ўлеглiся. Адыйшлi ў лепшы сьвет два найбольш кампэтэнтныя дасьледнiкi гэтага таемнага эпiзоду нацыянальнай гiсторыi -- Георгi Колас i Барыс Сачанка. Але загадка так i засталася загадкаю.

I вось сёлета, у пачатку верасьня, у рэдакцыю "Нашай Нівы" прыйшоў лiст. Без зваротнага адрасу й бяз даты. Тэкст надрукаваны на беларускай машынцы i толькi подпiс акуратна выведзены асадкай: Мiрольд Камiнскi:

"Паважаны Спадар Рэдактар,

Самы паганы, самы хлусьлiвы й самаедзкi беларускi верш перакладзены на 80 моваў сьвету.

Гэты верш -- ключ, якiм у ХХ ст. была знутры замкнутая беларуская iдэя. Вось чаму ў 94-м яна ўжо не магла даць нiкога iншага, апроч Лукашэнкi, у 95-м -- нiякага iншага адказу на рэфэрэндум, вось чаму Беларусь ня здолее не далучыцца да Расеi.

Усё iншае ў ёй памiрае, забiтае, затыкнутае, затрамбаванае гэтай крыўдай з лапцямi. Салодкi мазахiзм эстэцкага паэта, якi нiколi (!) не насiў лапцi i быў заўсёднiкам установаў, куды й блiзка не падпускалi тых, хто "людзьмi ня зваўся".

Ён быў болей генiй, чым чалавек. Монстар у бязвольным аблiччы. У яго ёсьць боскiя вершы, але на 80 моваў сьвету перакладзены верш сатанiнскi, вусьцiшна-гульлiвы, швэйцарскi. Так ён выставiў свой народ за дзьверы "Штраля"...

За Шушкевiчам гэты верш ня быў выключаны з нашых школьных праграмаў. I таму нашы школьныя праграмы цяпер выключаюць са школаў.

Гэты верш быў вiрусам, якi выглядаў на жывую клетку, але таiў пры гэтым сваю сьмертаносную атруту, выклiкаў iмунадэфiцыт у нашым нацыянальным арганiзме. Пакуль не паралiзаваў усё. Ягоная генiяльнасьць -- гэта генiяльнасьць разбурэньня. Урэшце гэты верш матэрыялiзаваўся ў першай асобе доўгачаканай беларускай дзяржавы.

Ён сьпявае бяз нотаў, але побач зь iм глохне кансэрваторская прафэсура. Ён грае ў свой паляўнiчы ражок, i бязвольныя казулi статкамi iдуць на ягонае граньне. Але нi ён, нi яны ня робяць гэта ўсьвядомлена.

Трэба сказаць сабе праўду: Беларусь будзе далучаная да Расеi. Няма такой волi, якая б перашкодзiла гэтаму. Дый не было такой волi нiколi. Можа, таму, што воля -- гэта заўсёды неўсьвядомленая сiла? Яна нараджаецца як музыка. I ўзьдзейнiчае як музыка. А мы занадта рацыяналiстычны народ. Мы ня ўмеем верыць у Бога.

Трэба сказаць сабе праўду: беларуская мова памрэ. Нiхто сур'ёзна ня стане размаўляць на ёй. Яна памрэ, як толькi пакiне вёску. У горадзе нiхто -- самыя заўзятыя моўнiкi (паглядзiце сабе ў вочы) не размаўляюць на ёй сур'ёзна. Сур'ёзна па-беларуску магла гаварыць толькi вёска. Пакуль не навучылася па-iншаму.

Трэба сказаць сабе праўду: беларуская iдэя -- фiкцыя, якая так i ня стала рэальнасьцю. Наш спэктакаль зацягнуўся. Нашы жарты даўно сталi хлусьнёю.

Нацыя нараджаецца зь любовi й сьмерцi. Яна -- ня тая iдэя, якая дазваляе спазнаць сьвет. Таму нацыянальная iдэя -- не для пазнаньня, а дзеля шчасьця.

Трэба сказаць сабе праўду... Калi нас далучаць да Расеi, калi памрэ мова i беларуская iдэя разьвеецца як ранiшнi туман, -- тады мы будзем са скураю зьдзiраць зь сябе гэтую маску бязвольнага генiя i крывёю змываць таўро "людзьмi звацца".

Калi толькi маска не ўрасла ў касьцяк".

 

ГIБЕЛЬ ТЫТАНIКА

Вайна скончылася ў 1944-м. Вось калi ў Беларусi пачаўся савецкi пэрыяд. Дагэтуль беларушчына, так цi гэтак, а йснавала на гэтай зямлi -- прадукавалася, змагалася, сьцьвярджала сябе. Пасьля зьнiшчэньня нацдэмаў у 30-я гады, тут яшчэ дзеiлi тытаны беларушчыны й варушылася нейкае падпольле. У Заходняй працавалi гiмназiя, музэй, друк, арганiзацыi. Нават фатальны ўдар 1939-га ня зьнiшчыў усiх. А што засталося -- зноў павыходзiла на сьвет у вайну. Зноў пачало прадукаваць, пладзiцца, расьцi. Але ў 44-м быў нанесены сакрушальны ўдар. Усё жывое было альбо зьнiшчанае, альбо выехала за мяжу. Тут -- на цэлыя 50 гадоў запанавала мёртвая цiшыня. Ня стала тытанаў, а якiя й засталiся, дык або пераставалi быць тытанамi, або станавiлiся тытанамi сыстэмы. Астатнiя, каму дзiвам удалося выжыць, зашывалiся хто-куды i ўжо думаць ня сьмелi пра адраджэнскую дзейнасьць.

Iх цiхае лiставаньне, прапахлы лекамi быт пажылых людзей, падбiтых у канцлягерох, зьмена прафэсiяў -- ва ўсiм гэтым бачныя сьляды вымушанага распаду колiшняе беларушчыны. Для яе наступiлi новыя часы, якiя не маглi не адбiцца на яе зьмесьце й сутнасьцi. Беларушчына з наступальнiка ператварылася ў акружэнца, якi альбо цiха прымыкаў да атакоўцаў (з таемным намерам "хоць неяк паўплываць"), альбо прыкiдваўся мужыком з суседняе вёскi, якi тут выпадкова нагледжвае палянку для пашы. Тое, што буяла ў дарэвалюцыйныя й даваенныя часы, цяпер падарванае й панявечанае, думала толькі пра адно -- каб выжыць. Ужо не адраджэнцы, а проста людзi натуральна чаплялiся за йснаваньне -- хто за сыстэму, хто за колiшнiх паплечнiкаў, а найчасьцей -- за сваякоў, за сабес. I такi "выбар" ня быў уласна выбарам. Цi не адзiным прыкладам нацыянальнага стаiцызму насуперак сыстэме стала Ларыса Генiюш.

 

* * *

Яшчэ ў сярэдзiне 80-х гадоў у Гомелi, у самым цэнтры места, у сучаснай аднапакаёўцы жыла кабета паважнага веку, слабога здароўя й выразнай дасавецкай культуры. Атрымаўшы выхаваньне ў тутэйшай жаночай гiмназii, яна на ўсё жыцьцё захавала колiшнiя рэгулы паводзiнаў i ўяўленьне пра долю жанчыны. Яна сьпявала ў хоры, займалася рукадзельлем i зь пiетэтам чытала Ушынскага. Яе лёс -- характэрны для яе пакаленьня, але зусiм нерэальны для майго. Праўда, для мяне кабета паважнага веку была перш-наперш жонкай рэдактара вiленскай "Нашай Нiвы" Аляксандра Ўласава. I клiкалi яе гэтаксама -- Аляксандра. Яна казала, што iх шлюб быў выпадкам выключным. У 1920-м карэнная гамяльчанка Аляксандра Стэльмаховiч цi Аляксандра Серада (паводле першага шлюбу, той муж загiнуў у першую сусьветную вайну), паехала да хворай сястры ў Баранавiчы. Зразумела, з прыгодамi, за мяжу. Пасьля там у кагосьцi была вечарынка, "блiны". Сабралася ўсё гарадзкое начальства, натарыюс -- "галоўны ў гарэлцы". Там быў i Ўласаў. Цi ня самая калярытная постаць беларускага адраджэньня. Тытан як з аблiчча, так i ў думках ды ўчынках.

 

* * *

Выйшаўшы на першыя ролi ў беларушчыне, Уласаў выразна адрозьнiваўся ад iншых. Ён быў ня столькi беларусiшчам, колькi чалавечышчам. Гэта значыць, не зацыклiваўся на праграмных формулах, але захапляўся iдэяй жывога прадпрыемства, аж да авантурызму. Зрэшты, у часы "Нашай Нiвы" мала хто зь беларускiх дзеячоў нагадваў тых "функцыянэраў партыi", жалезных людзей, якiх мы ведаем зь фiльмаў пра бальшавiкоў, i якiх так шмат у беларушчыне цяпер. Уласаў -- атлет, бас, самыя фэерычныя iдэi. Такiм уяўляецца рэдактар "першай беларускай газэты з рысункамi".

Аляксандра Ўласава пражыла ў Заходняй Беларусi да арышту мужа ў НКВД. Яна брала ўдзел ва ўсiх прадпрыемствах гэтага народнiка, сэнатара Польскага Сойму, iнiцыятара беларускiх школаў, тэатралiзаваных сьвятаў i г. д.

"У 1922 годзе АМ (Аляксандар Мiкiтавiч, -- яна ўвесь час успамiнала яго так -- А.Эм.) адкрыў у Радашкавiчах фiлiял ТБШ i гiмназiю, атрымаўшы ад польскага ўраду канцэсiю на сваё ймя.

У складзе вучняў першыя два гады пераважалi жыды, але з кожным годам працэнт беларусаў павялiчваўся й стаў большасьцю. Гiмназiя насiла ймя Скарыны, прайснавала шэсьць гадоў i была зачыненая ўрадам, якi ўгледзеў, што яна камунiстычная.

Перш чым зачынiць гiмназiю, польскiя ўлады арыштавалi АМ i накiравалi яго ў лягер Шчалкова, пад нямецкую мяжу. Лягер разьмяшчаўся ў дашчаным хляве, кармiлi вельмi дрэнна.

АМ сарганiзаваў усiх, хто быў у лягеры. Напiсалi сьпiс: хто, адкуль i за што. Паслалi заяву ў Лiгу Нацыяў.

Аднойчы ранiцай у Варшаву прыехала камiсiя й спыталася, што гэта за лягер i хто ў iм сядзiць. Потым камiсiя паехала ў лягер i лягер расфармавалi. АМ вызвалiлi першым, тэлеграмай. Усяго ён прабыў тут 4 з паловай месяцы.

Не абыйшлося без кур'ёзу. Да мiнiстра асьветы прыехала дэлегацыя беларусаў. Не пасьпелi яны адчынiць дзьверы ў кабiнэт мiнiстра, як той замахаў рукамi й закрычаў: "Уласава ўжо выпусьцiлi, выпусьцiлi!.." Прадстаўнiк дэлегацыi адказвае: "Мы зусiм ня ў гэтай справе". Мiнiстар быў сканфужаны...

Пасьля закрыцьця гiмназii засталiся даўгi, якiя павiнен быў плацiць канцэсiянэр Уласаў. АМ узяў у кайстру хлеба, сала й пайшоў у Маладэчна -- адседжваць даўгi.

У гутарках зь сялянамi АМ казаў, што "Польшча хутка здохне, i палi будуць араць трактары. Будуць калгасы, саўгасы. Адкрыецца праклятая мяжа, i будзем жыць у адной сям'i".

Будучы абраным у Сэнат, АМ даводзiлася бываць у Варшаве на прыёмах. Так, аднойчы ў Польшчу прыехалi ангельскiя госьцi. Старшыня запрасiў i беларускага сэнатара Ўласава. Давялося паехаць. Але не было адпаведнага строю. Пазычылі шлюбны гарнiтур з цылiндрам. Калi АМ увайшоў туды, дзе сядзелi госьцi, усе маўчалi. Ён павiтаўся i па звычцы пажартаваў. Усе засьмяялiся й павесялелi. Старшыня, калi даведаўся, што АМ размаўляе з гасьцямi па-ангельску, сказаў: "Прашу Вас, пан сэнатар, займаць гасьцей. Апроч Вас нiхто ня ведае ангельскае мовы".

Акрамя ангельскай, АМ дасканала валодаў нямецкай мовай. Бо ў полiтэхнiчным iнстытуце ў Рызе, дзе ён вучыўся, выкладалi пераважна па-нямецку.

АМ зьбiраўся пiсаць раман "Палеская прынцэса". Шмат было сабрана матэрыялу, але ня суджана было гэтаму зьдзейсьнiцца".

У 1939 годзе ён, узяўшы кошык яблыкаў i аточаны з усiх бакоў дзецьмi, выйшаў на дарогу сустракаць Чырвоную армiю...

У камэры маладэчанскай турмы замест 7 вязьняў сядзелi 77...

Яна дзяжурыла пад вокнамi турмы, дамагалася сустрэчы з мужам, але безвынiкова. Вярталася дадому (фальварак Мiгаўка) пешкi. Было марозна, зорнае неба. "Грукаюся ў дзьверы свайго дому, работнiца не адчыняе, адказвае: "Вас тут няма, дзецi ў суседкi".

"... Судзiла яго асобая нарада. Далi пяць гадоў папраўчага лягеру й 28 лiстапада 1940 году накiравалi ў Марыiнскi лягер Навасiбiрскай вобласьцi.

Едучы празь Менск, АМ нейкiм чынам перадаў запiску Уладзiславе Францаўне Луцэвiч, прасiў пра перадачу. Калi УФ затэлефанавала Купалу ў Маскву, той адказаў: "Аддаць усё маё". Але калi УФ прынесла перадачу, адказалi, што цягнiк ужо пайшоў.

Ён мог памерцi ў сваiм улюбёным Менску, але, дзякуючы моцнаму здароўю, працягнуў яшчэ да Навасiбiрску".

Свидетельство о смерти

Гр. ВЛАСОВ Александр Никитич умер одиннадцатого марта тысяча девятьсот сорок первого года. Причина смерти поролич сердца, о чем в книге записей актов гражданского состояния произведена соответствующая запись...

"Вас тут няма"... Людзi сабралi ёй грошы на дарогу -- да Баранавiчаў, да сястры. У 1946-м яна вярнулася ў Гомель.

 

* * *

Я запiсаў яе ўспамiны на магнiтафон i ў нататнiк, зрабiў копii тых папераў, што засталiся ад яе архiву пасьля вiзытаў менскiх дасьледнiкаў. А неўзабаве яна памерла. Яна казала мне, што ёй 104 гады.

 

* * *

... Прыкладам стаiцызму была Ларыса Генiюш. Колькi нi намагаюся -- не магу ўспомнiць яе голас. Голас Зоськi Верас -- помню, сваёй бабулi -- помню. А Ларысы Генiюш -- не. Найбольш выразна памятаю голас Аляксандры Ўласавай -- нават у такiм паважным узросьце -- высокi, чуваць, што пастаўлены яшчэ ў дзявоцтве.

 

"БРУДНЫЯ" ТЭМЫ

Калi закранаеш у "Нашай Нiве" "брудныя" тэмы чужанiцы, хама, акупацыi, на руках непазьбежна застаюцца сьляды. Ужо ўсе рукi вымазаныя гэтым. I якую новую тэму ні возьмеш, пакiдаеш на ёй адбiткi. Надыходзiць час, калi ўсё навокал цябе перамазана i ўсё, што ты нi прыносiш сюды, -- таксама. I калi ты стомлена прысядаеш на крэсла, то бачыш, што ўсё вакол цябе замурзанае, але... Усё так i ёсьць. Гэта наш сьвет, адлюстраваны ў "НН". Гэта сьвет, якi ты спасьцiгаеш. Сьвет нябачны, якi ты маляваў сабе ва ўяўленьнi чыстымi фарбамi, дзякуючы брудным плямам набывае свае абрысы. Гэта твой сьвет -- бачны i ўжо амаль зразумелы.

 

ПАЦЯРПЕЛЫ Ў СУД НЕ ЗЬЯВIЎСЯ

Усё пачынаецца зь першага госьця. Ты слаба пярэчыш, а ён ужо радасна крычыць табе ў вочы: "Братуха! Цi гэта ты! Мы ня бачылiся сто гадоў! Давай, накрывай хутчэй на стол... я буду спаць вунь там... дзе твой халат?.. я прыму душ..." Ён то шчасьлiва рагоча, то раптам уважлiва прыгледзіцца да цябе: "Халера, ды ты не зьмянiўся зусiм! А гэта твая жонка?.. А помнiш Людку? А Кацьку? А помнiш, як... А памятаеш... Ну, ты малайчына. Я страшэнна рады за цябе. Дай, я цябе пацалую..."

Ты сьцiпла ўсьмiхаесься, адступаючы на кухню. Ты не пасьпяваеш сабрацца з думкамi, а ён ужо прыняў душ, ён павесiў свае трусы ("дык памытыя ж!") над тваiм сталом, ён нажраўся, напiўся i дрыхне цяпер у тваiм ложку. А ты, седзячы пад ягонымi трусамi, слухаеш давяральны й цiхi голас другога госьця: "Ведаеце, мне будзе не зусiм камфортна ў адным пакоi з гэтым чалавекам. Вы ж паглядзiце, што за манеры! Таму будзе лепш, калi я займу ваш пакой, праўда? Гэта ж не павiнна вас абцяжарыць, мы ж з вамi... вы памятаеце. I нетактоўна было б нагадваць, як шмат вы мне абавязаны. Наша даўняя дружба ўсяляе надзею..." Ён папросiць да бульбы пару масьлiнаў, толькi пару, i крыху кечупу, зусiм трошкi, на кончык нажа. Ён натолiць свой лёгкi голад, вып'е кубачак кавы й адправiцца ў твой пакой, пакiнуўшы сваю замазаную кечупам талерачку на стале, акурат пад трусамi першага госьця.

А тады ўвалiцца цэлая кампанiя. "Дзядзька, не хвалюйся, мы тут на кухнi, на падлозе. Старая любоў не ржавее! Уся ўласьць саветам! Жыве Беларусь! Ня хочаш жа ты сказаць, што мы стварылi табе нязручнасьцi. Ды ты, брат, зажраўся зусiм, закабанеў. Ладна-ладна, жартуем!" I сапраўды -- братэрства, гасьцiннасьць, калектывiзм... Толькi б хутчэй яны ўсе пад'елi, наспалiся ды валiлi к чортавай матары... Не, iм ты гэтага ня кажаш. Гэта ты так унутрана нэрвуесься...

А цяпер уявi сабе, што яны нiкуды ня "зваляць". Нi заўтра, нi празь месяц, нiколi. Ужо вельмi хутка ты сам вывесiш свае трусы побач з трусамi першага госьця, з другiм будзеш тайна й грэблiва абмяркоўваць усiх астатнiх, а з трэцiмi -- гудзець ноч напралёт. Яны будуць так рабiць, бо гэта ўсё ў iхнай чалавечай прыродзе, а ты будзеш падыгрываць iм зь гiдлiвасьцю, бо ў тваёй прыродзе нiчога такога няма...

 

* * *

Тэма акупацыi дзiўным чынам сплятаецца з тэмаю хама, прычым -- ня столькi таго нахрапiстага хамуйлы, колькi хама як чужога, як чалавека зь iншага асяродзьдзя, зь iншымi правiламi паводзiнаў. Калi ты дазваляеш яму дыктаваць свае правiлы, не паказваючы на тое, што тут, куды ён прыйшоў, правiлы iншыя, то ты сам i робiш зь яго хама. Хам -- ня зьява й не прырода, не паталёгiя. Хам -- гэта сытуацыя. Ускосна яе стварае сваёй падатлiвасьцю той, адносна каго нехта хам.

Як падатлiвы чалавек непазьбежна ператвараецца ў марыянэтку, так i нацыя, якая не сьцьвярджае ўвесь час сваю незалежнасьць i годнасьць, -- падпадае пад акупацыю: адну, другую, трэцюю... Прыкметы захопу, нападу, анэксii як бы забываюцца, i ўжо здаецца, што нiякай акупацыi няма. Галоўнае не ўспамiнаць, i будзе здавацца, што гвалт скончаны цi, калi заўгодна, пераможаны, а яшчэ лепш -- што яго не было.

Вось адкуль усе гэтыя разважаньнi пра братэрства й крэўнасьць расейцаў i беларусаў -- дзьвюх адрозных паводле мэнтальнасьцi нацыяў. Гэта iмкненьне беларуса "не будзiць праблематыку", бо такiя пытаньнi паўстануць, што ня дай Бог! Хай яны ўсе тут жаруць ды начуюць, хай я сам буду падыгрываць iм i крыўляцца на iхны манер, абы ўсё неяк улеглася. Скажы, хiба ня гэтаму кожная беларуская матка навучае сваё дзiцё? Ня лезь, не высоўвайся.

 

* * *

Для таго, каб адказаць на пытаньне -- цi ёсьць акупацыя, цi яе няма, трэба мець зьвесткi з двух бакоў: з боку захопнiка i з боку захопленага. I калi прыкметы агрэсii заўсёды тыповыя (гвалт над мiрным жыхарствам), то паводзiны акупаванага могуць як падкрэсьлiць агрэсiю, так i зьнiвэляваць яе. Нават пры самых жорсткiх i цынiчных злачынствах агрэсара ўсё гэта можа й не выглядаць на акупацыю. Як у нашым выпадку, калi нам намякнулi i мы забралi сваю заяву з суда...

Акупацыя Беларусi праз доўгiя гады стала ўсенароднай фiгурай замоўчваньня. Гавораць толькi пра некаторыя з тых акупацыяў, якiя нiбыта скончылiся: францускую, нямецкую... (Я пiшу нiбыта, бо нiхто толкам ня ведае iх рэальных наступстваў для Беларусi.) Але вось незадача: паняцьце "акупацыя Беларусi" не адрозьнiвае, француская яна цi расейская, бо ёсьць толькi "акупацыя Беларусi" з шэрагам тыпалягiчных прыкметаў, характэрных для ўсiх без выключэньня агрэсiяў. Пры ўсiх расейскiх царох, пры французах, пры паляках, пры немцах, пры татарах i пры бальшавiкох акупанты цынiчна забiвалi мiрнае жыхарства. На любую з агрэсiяў, у тым лiку расейскiх i савецкiх, прыпадаюць вёскi, спаленыя разам зь людзямi, канавы з трупамi й гвалт над сьведчаньнямi нацыянальнай тоеснасьцi.

Крывавая, трупная, "нецiкавая" гiсторыя. Гiсторыя акупацыi. Не напiсаўшы яе, мы не напiшам i гiсторыю суб'екта. Мы проста ня станем iм.

 

ПЭРСАНАЖЫ Й АЎТАРЫ

Калi людзi й сапраўды падзяляюцца на пэрсанажаў i аўтараў, то сёньня час аўтараў застаўся ззаду i надыйшоў час пэрсанажаў, дзейных асобаў, герояў. Драма гэтага часу -- у скасаваньнi лiтаратурнае ўмоўнасьцi. Дзюймовачка выпадае з свае шкарлупiны ў брудную балотную ваду. Добра сябе пачуваюць дзейныя асобы, кепска -- iх выканаўцы. Артыст у трагедыi знаходзiць цiхi прыстанак пасьля вялiкае сцэны, дзе падманваюць, забiваюць i вымагаюць геройства ўжо ня ўмоўнага. Людзi наракаюць, што вымушаныя рабiць неўласьцiвыя iм рэчы, жыць так, як раней жылi толькi кнiжныя героi. I хлiпкi дзядзечка-пiсьменьнiк, якi ўчора складаў вершы пра мужнага бальшавiка-тэрарыста, сёньня сам мусiць узяць у рукi гранату.

Але ён ня прагне нiкому рабiць блага, у яго дрыжаць рукi й прападае голас, яму хочацца лепш памерцi самому. Ён усёй сваёй iстотаю працiвiцца таму, каб увайсьцi ва ўласную кнiжку й зажыць па сабою ж прыдуманых законах. У яго сям'я, кватэра, лысiна...

Раней якiя праблемы хвалявалi сэрца? Узяў траяк i не аддаў. Вынесьлi сямейны развод на прафсаюзны сход. Не зусiм тое й не зусiм так некаму сказаў... Патрабавалася ў прынцыпе зусiм няшмат сумленьня, маралi, надзейнасьцi, каб лiчыцца прыстойным чалавекам. Людзi прывыклi, адаптавалiся да гэтага. I вось прыйшоў час, якi запатрабаваў усяго сумленьня, усёй маралi i ўсёй надзейнасьцi, -- усяго або нiчога. А дзе ўзяць, калi прывык да малога?

I пачалося. Першае памерла сяброўства, бо якое сяброўства ў пэрсанажа, а тым больш -- у непэрсанажа? Шэрагi сяброў скарачаюцца на колькасьць тых, якiя вышэй за ўсё паставiлi грошы, i тых, якiя ня здолелi супрацьстаяць падману, ня здолелi стаць пэрсанажамi. Лiтаратура крытычнага рэалiзму страчвае цiкавасьць, бо "такога поўна ў жыцьцi". Зь вялiзнае iлюзii дабра засталiся крохi, якiя штодня трэба вышукваць з павелiчальным шклом, i не заўсёды гэта ўдаецца. Затое гэтыя крохi ўжо не iлюзорныя, iх можна намацаць.

У гэты час пытаесься ў сябе: а чым, уласна, адрозьнiваецца дзейная асоба ад выканаўцы? Мабыць, толькi адказнасьцю. З пэрсанажа не спытаеш, аўтар жа нясе адказнасьць за свае ўчынкi i паводле гэтага заслугоўвае найменьне прыстойнага або непрыстойнага чалавека.

Адказнасьць -- другi бок свабоды. I пэрсанаж ня можа быць свабодны ад уласных заганаў: ад прагi грошай i сьвербу славы.

Сьнежаньскi вецер нясе гэтае лiсьце кнiжных старонак без кiрунку й бяз мэты. Гамлеты, Мiколкi-паравозы, Блюмы, Мiцi Карамазавы, японскiя iмпэратары... Яшчэ ўчора падначаленыя аўтарскай волi, яны разьмяшчалiся ў нейкiм парадку, на сваiх месцах. Але сёньня й самi аўтары -- недзе сярод iх, такiя ж бязвольныя, безадказныя й бязмэтныя. I ўсё за ўсiх вырашае вецер. Такi ж безадказны. Такi ж бязмэтны...

 

ЗНАКI ПРЫПЫНКУ

Калi я вучыўся ў школе, я вельмi не любiў, каб простая мова пачыналася з двухроп'я й двукосься. Я цярпець ня мог... Iншая рэч -- абзац i працяжнiк. I нават выбiраючы ў бiблiятэцы кнiжкi, я заўсёды аддаваў перавагу тым, у якiх было болей абзацаў i простая мова пачыналася з працяжнiка. Цяпер, вядома, ужо даўно ўсё ня так i нават наадварот, а тады...

Магчыма, мая нялюбасьць дыктавалася тым, што ў школьных дыктоўках мы абавязкова павiнны былi простую мову пачынаць з двукроп'я й двукосься, а ня йнакш. Школьная ж веда трывала асацыявалася для мяне з самой школай, у якой не было i, паводле агульнага перакананьня, не магло быць нiчога цiкавага. I мы мусiлi ставiць гэтыя клятыя двукосьсi. Нiбыта простая мова была чымсь несапраўдным, iлжывым альбо iранiчным.

А можа, прычына маёй нялюбасьцi была ў самых знаках прыпынку, якiя падсьведама ўяўлялiся знакамi зьняволеньня. Загад настаўнiка "Адкрыць двукосьсе!" гучаў як каманда "Адкрыць камэру!" "Закрыць двукосьсе!" -- "Закрыць камэру!"

Зусiм iнакш успрымаўся абзац -- знак пачатку, i працяжнiк -- знак паветра. Гэта былi знакi свабоды.

Шмат гадоў пазьней, у савецкiм войску, па турмах я часта чуў выкрык салдата i афiцэра "ВВ", зьвернуты да зьняволеных: "Шум в камере!" I мне здавалася, што я чую самыя гэтыя двукосьсi, у якiя заключаўся выкрык, нiбы двукосьсi -- загучалi.

У той самы час я заўважыў, што ў афiцыйных дакумэнтах -- розных пратаколах, тлумачальных запiсках, заявах, -- простая мова нiколi не пачынаецца з працяжнiка. Працяжнiк застаўся толькi ў мастацкай лiтаратуры цi ў тэкстах, якiя пiсалiся ад сябе альбо для сябе. Бо толькi ў такiх тэкстах можа жыць свабода...

 

МАСТАЦТВА НЕНАРОДЖАНЫХ

Калi ня думаць сёньня пра тых, хто пiша ўчора...

Гэтыя прыходзяць нiадкуль i ў нiкуды. Маладая лiтаратура... Ёй ня дадзена адлiчваць сябе ад папярэднiкаў, няма нават куды паставiць нагу. Папярэднiкi намацвалi тут глебу, але не пакiнулi вехаў, i балота зноў зацягнулася раскай...

Вучыцца ў клясыкаў? Але што выбiраць? У клясыкаў усё зьбiтае ў адно й разам пакрытае лякам. Клясыка ня ведае праблемаў самавыяўленьня. Вучыцца ў фальклёру? Але ён сам сёньня ня ведае сябе; аганiзуе, прыпудраны афiцыёзьнiкамi ды нэафiтамi. Вучыцца на Захадзе? Але Захад -- terra incognita...

Iх нiхто не нараджаў, яны не паклiканыя анi папярэдняй лiтаратурай, анi нацыянальнай традыцыяй, анi нават шырокiмi лiтаратурнымi стэрэатыпамi...

Iх няма, але яны не пустата... У слове няма -- факт iхнае прысутнасьцi.

Што будзе пасьля соцрэалiзму? Постмадэрнiзм? Гульня стыляў -- тое, чым сёньня ўжо можна назваць усё... Постсоцрэалiзм?

Новая лiтаратура шукае сябе ў перакладзе расейскамоўнай гарадзкой рэчаiснасьцi на беларускую мову. Яе наканаваньне -- прымiтывiзм, самавуцтва, "мэтодыка тыку". Старэйшыя пазiраюць на iх зь недаверам -- цi ж выжывуць?

Можна было здагадвацца, што будзе канфлiкт або што пераемнасьцi ня будзе, але каб настолькi...

Пашыраная беларуская зьява найноўшага часу -- бацька не пакiдае сыну нiчога iстотнага: нi дому, нi справы, нi капiталу, -- i кожнае пакаленьне пачынае спачатку. Тое самае ў лiтаратуры. Але гэта -- канстатацыя, а не апраўданьне.

Разам з тым, усё гэта аб'ядноўваецца ў пэўную агульнасьць. З школьных твораў гэта ўжо пачынае афармляцца ў лiтаратуру. Але гэта школа, у якой настаўнiкi схавалiся ад вучняў.

Можна здагадвацца пра тое, што iм балiць, але яны толькi здагадваюцца пра гэта самi. Нiчога не сьцьвярджаюць i нiчога не адмаўляюць.

-- Скажыце мне, што вы ёсьць.

-- Мы ёсьць!!! -- яны крычаць гэта так, быццам ад таго, цi iх пачуюць, i сапраўды залежыць, ёсьць яны цi не. Але iх не чуваць.

-- Скажыце, што вы ёсьць. Дайце якi-небудзь знак. Распалiце вогнiшчы. Калi вы жывыя... Хоць бы паварушыце рукой...

 

СЭЗОН ПАВЕТРАНЫХ ШАРОЎ

Ёсьць здарэньнi, якiя ня можна ўсьвядомiць. Мы iх толькi апiсваем. Гэта як апiсальны пераклад. Слова вырай выпроствае iстоту з ног да галавы, як бы вырастае ў табе, яно стала часткай твае сутнасьцi. Па-расейску яго можна перакласьцi толькi апiсальна: теплые края, перелетные птицы, время отлета...

Вайдас Даўнiс загiнуў у вiленскiм Нагорным парку на сьвяце паветраплаваньня. Ён не пасьпеў забрацца ў кошык, калi шар сарвала зь месца. Ён толькi зачапiўся й вiсеў на руках. Калi вышыня стала ўжо невыратоўная, за сто мэтраў, калега схапiў яго за куртку. Вайдас адпусьцiў рукi й высьлiзнуў з адзежы... Засталося ў яго пяцёра дзяцей.

Так выглядае "апiсальны пераклад" таго, што здарылася ўлетку, але што не даецца ўсьведамленьню. Нехта назваў ягоную сьмерць недарэчнай, нехта -- артыстычнай. Што да мяне, дык я так i не паверыў. I не таму, што ня быў тады ў парку. Проста бываюць рэчы, усьведамляць якiя няма анi сэнсу, анi тым больш жаданьня. Адразу пачынаеш разважаць: хто гэтым усiм кiруе? А такiя развагi нi да чаго не прыводзяць.

Мусiць, добра быць акуратным каталiком-лiтоўцам. Яны ведаюць, дзе аднялося, а дзе прыбыло, i куды мы ўсе йдзем. А я ня ведаю. I што нi кажы, гэтае няведаньне -- маё. Я ведаю, што нiколi ня буду верыць. Мне проста няўтульна, быццам аднялася нейкая здольнасьць. Як бы горш стаў бачыць, чуць, рухацца, а прычыны -- няма.

На саракавы дзень пасьля гiбелi Даўнiса нас, супрацоўнiкаў "Нашай Нівы", запрасiлi ў вiленскую Малую Залю Барока на вечар памяцi нашага калегi й раўналетка. У Лiтве Даўнiс займаўся прыблiзна тым, чым мы займаемся ў Беларусi -- пiсаў i выдаваў лiтаратуру. Нехта назваў яго домам культуры ў адной асобе. А фiлёзаф Шлёгерыс сказаў, што сьмерць Даўнiса на працёртым палатне сучаснай лiтоўскай культуры сталася вялiзнаю дзiркай, i яго няма кiм замянiць.

Мы слухалi Баха, i кожны, напэўна, думаў пра чалавека на маленечкiм здымку, што стаяў на аргане.

Даўнiс быў зьвязам адноўленае "НН" зь Лiтвою, зь лiтоўшчынай. Як для мяне, дык -- самы трывалы й надзейны зьвяз, стары сябра. Мне заўсёды здавалася, што я пачуваю сябе зь iм як крыху больш гарачай пароды чалавек, гэткi "парывiсты славянiн", Мiця Карамазаў. Як гэта растлумачыць?.. Больш шырокiя й нязграбныя рухi й думкi... Гэтага нельга было схаваць цi ўтаймаваць, бо гэта ў крывi. У ягонай i ў маёй.

Але зараз я злавiў сябе на думцы, што, трапляючы ў асяродзьдзе маiх маскоўскiх калегаў, я заўсёды пачуваюся зь iмi ня кiм iншым, а менавiта Даўнiсом. I ўжо не магу анi адкрыцца, анi ўзбудзiцца болей, чым дадзена. I гэта ўжо яны пачуваюцца са мною Мiцямi Карамазавымi. А я -- Даўнiс. I калi яго сапраўды больш няма, то гэта ад яго ўва мне й застанецца назаўсёды. Нават калi я ня буду ведаць, як гэта назваць.

Старыя сябры не памiраюць. Яны, як сваякi й блiзкiя людзi, уваходзяць у нас самiх i застаюцца там, i ўжо разам з намi ўваходзяць у iншых. Магчыма, так памнажаецца сьвет...

 

***

Дзiўна, што з усiх маiх апiсаньняў мiнулага сэзону ягонымi знакамi застаюцца словы неўразумелая сьмерць i паветраны шар. Яны ўвесь час спалучаюцца мiж сабою (як i ў прыкладзе з амэрыканскiмi падарожнiкамi, якiх зьбiлi над Беларусяй), надаючы ўсяму, што адбываецца, нейкi камiчна-трагiчны зьмест. Што можа быць лепшаю антытэзаю сьмерцi, чым паветраны шар? Нiхто й блiзка ня думаў, што ў нас будуць забiваць амэрыканскiх спартоўцаў. Нiхто й блiзка не дапускаў, што можа памерцi Барыс Сачанка.

Пасьля такога здарэньня, якое зноў ня можна ўсьвядомiць, пачынаеш шукаць вачыма наўкола -- а хто ж застаўся? Да каго яшчэ можна прыйсьцi табе, цi то леваму, цi то праваму -- любому, i хто б не выстаўляўся перад табой уласнай пэрсонай, а думаў, як з тваiх жаданьняў вырабiць толк. Сачанка не павучаў, а даваў зразумець...

Я пачынаю новае апiсаньне, хоць сэнс ня ў гэтым. Сэнс у тым -- для мяне асабiста -- што гэта быў адзiны чалавек з старэйшага пакаленьня, зь якiм мяне не лучыла нiчога, акрамя мовы. I нiчога, акрамя мовы, не было iстотнае ў гэтай лучнасьцi. Анi там характар, анi рэгалii, анi ўзрост з досьведам. Магчыма, таму Барыс Сачанка быў для мяне сябрам? Бо аднае мовы было дастаткова, каб зьявiлася патрэба гаварыць, сустракацца, даваць i атрымваць пачуцьцё адзiнства, надзейнасьцi, жыцьцёвасьцi тваiх вычытаных у кнiжках думак.

Да iншых старэйшых заўсёды цяжка было прабiцца. Гаворыш, а нiякае еднасьцi табе не перадаецца. Можа быць, маё пакаленьне так доўга бурапенiла й бурапенiць ад таго, што дагэтуль яно як бы не прызнанае, не прынятае, i цяпер ужо будзе прынятае й прызнанае толькi бiялягiчным парадкам. Ня стану дашуквацца, чый тут комплекс -- старэйшых цi наш. Мабыць, позна пра гэта гаварыць. I гаворыцца толькi дзеля таго, што ў Барыса Сачанкi такога комплексу не было. Якi-небудзь апальны студэнт iшоў да партыйнага й лiтаратурнага начальнiка i сустракаў на гэтай верхатуры афiцыёзнага жыцьця разуменьне сваiх беларускiх iдэй, мараў i страхаў. Наш студэнцiк пасьля гэтага выходзiў у людзi бяз страты сваiх перакананьняў i прынцыпаў. Бо тут знаходзiўся такi шлях, на якiм такое было магчымае.

... Нiчога ня буду казаць пра "дзiрку ў працёртым палатне культуры". Сьмерць правакуе на прыгожыя словы. Але гэтая прыгажосьць дзеля суцяшэньня сама ведае, што не суцешыць. Бо замены Сачанку -- нi ў якой яго iпастасi -- няма.

 

***

I я вяртаюся ў Лiтву, каб распавесьцi пра яшчэ адзiн паветраны шар гэтага сэзону.

Лiтва, нiбы адмыслова дзеля Беларусi, стварае хрэстаматыйныя iлюстрацыi -- узоры быту нацыянальнай дзяржавы. Лiтва -- выдатнiца ў школе постсавецкiх народаў, акуратная й старанная, прагная да вучобы, яна пераходзiць з клясы ў клясу, павялiчваючы адлегласьць ад трэцягоднiцы-Беларусi, якая прагульвае ўрокi, як прагульвае iх неахайная дзяўчынка ў заношанай школьнай форме -- прагульвае не дзеля кiно цi нейкiх iншых забаваў, а дзеля самога прагульваньня. I гэтаксама, як дзяўчынка-трэцягоднiца, Беларусь недалюбвае Лiтву, пазьбягае гэтай стараньнiцы, якая марыць паступiць ва ўнiвэрсытэт аб'яднанай Эўропы, бо сама Беларусь ня марыць нi пра што.

Нашая тоеснасьць -- у мiнуўшчыне.

У музэi бурштыну ў Паланзе -- чысьцiня й парадак. Бурштынавая нацыя стварыла музэй пра ўвесь бурштын сьвету -- Амэрыка, Афрыка, Сiбiр... Лiтоўцы ведаюць, чым могуць узяць. Баскетбол, бэкон, бурштын... А знаходзiцца музэй у добра адрэстаўраваным палацы графа Фэлiкса Тышкевiча (з нашых, лагойскiх Тышкевiчаў). У мэмарыяльным пакоi графскае сям'i сярод здымкаў i асабiстых рэчаў старажытны палiфон, працiнаючы душу й будзячы генную памяць, вызвоньвае палянэз Агiнскага. Таго самага Агiнскага, чый падобны палац у Залесьсi каля Смаргонi занядбаны ў нiшто.

Адзiн лёс у дваранства Вялiкага Княства Лiтоўскага -- "Разьвiтаньне з радзiмай". А вось у палацаў у iхных лёс розны. Калiсьцi пад наступам узбуджанага люмпэну элiты пакiнулi край. Але куды ж без элiтаў? I цяпер мы маем элiты зь люмпэну.

Калi ў верасьнi ў Вiльнi Купалаўскi тэатар паказваў сваю "Iдылiю", там была заключная сцэна, калi дваранства пакiдае Беларусь. Заля здранцьвела. У мёртвай цiшынi пачулiся гукi палiфону. Зразумела, гэта быў палянэз Агiнскага. Дэкарацыi на сцэне ператварылiся ў... паветраны шар i ў кошык, куды паселi нашы iдылiчныя паны. Усё неверагодна прыгожае -- аж мароз па скуры. (У гэтым выпадку прыгажосьць ня мела на мэце суцяшэньня i таму выклiкала ня роспач, а "праведны гнеў".) Iдылiя скончылася. Паны ўзьнясьлiся. А хто ж застаўся?..

Перад палацам Тышкевiча ў Паланзе стаiць скульптура Мiласэрнага. Ягоныя рукi раскрытыя, нiбы абдымаюць увесь гэты край. Тут -- ягоная краiна, ягоныя людзi, ягоны музэй бурштыну. За Тышкевiчавым паркам чуваць, як шумiць цёплае мора...

 

ЭЦЮДЫ АБ СЬМЕРЦI

Перад сьмерцю трэба ўсё прывесьцi ў парадак. Але гэта ня тычыцца сьмерцi мараў, якiя звычайна й памiраюць ад жаданьня навесьцi парадак (не ад парадку!).

 

***

Ты можаш панiчна баяцца сьмерцi або сустракаць яе з годна ўзьнятаю галавою, або падрыхтавацца да яе, асэнсоўваючы яе, -- канец усё адно адзiн. I ён не залежыць ад цябе. Калi жыцьцё -- права, дык сьмерць -- бяспраўнасьць. Усе людзi аднолькава бяспраўныя перад ёю. I прававая дзяржава -- гэта сфэра вынiкаў, гэта iмкненьне стварыць хоць нейкую iлюзiю права, калi крынiца бяспраўя, ягоная першапрычына -- сьмерць -- недаступная, недасяжная...

 

***

Трэба яшчэ разабрацца, што страшней -- сьмерць цi вечнае жыцьцё. У канцы дарогi для падарожнiка сэнс вандроўкi, у канцы тэрмiну -- сэнс вучобы, працы, службы. Канечнасьць неабходная, сэнсоўная, а бясконцасьць -- бязглуздая й страшная. Канечнасьць -- апiрышча, бясконцасьць -- прорва.

Але ў тым i рэч, што канец, тэрмiн ягоны -- ня вызначаны. Ён можа настаць праз хвiлiну, а можа праз сто гадоў, а можа... (нiколi?). Таму выбар -- што страшней -- пралягае памiж вечнасьцю й невядомасьцю. I ў першым (бясконцасьцi) i ў другiм чалавек пачуваецца абсалютна залежным. Сьмерць як канечнасьць, як апiрышча, -- ня менш iлюзорная за вечнае жыцьцё. Сьмерць -- адзiнае, што ў цябе па-сапраўднаму ёсьць, але ты ня ведаеш, што гэта такое.

 

КРАIНА-ВОСЕНЬ

Гэта шэрасьць. Шэрае золата, шэры пунс, шэры смарагд. Зiма -- не зiма, i лета -- ня лета, а так -- подых восенi. Чорна-белыя днi. Стома. Мы прайшлi ўсе вышынi. Залаты век. Мышасты колер пустаты. I белы иней -- шэрань. I вечар -- шарая гадзiна. Шэра-жоўтае лiсьце. Шэра-блакiтнае неба i вочы. Шэра-чырвоная паска на шэра-белым сьцягу. Шэра -- у неабжытым доме. Шэра й сыра. Краiна канфармiстаў i канфармiзму. Прырода... Восень палiтыкi. Восень культуры. Восень мовы.

Марна ўзмацняць колеры. Нават флюарэсцэнтныя восеньню -- шэрыя.

Шэры восеньскi холад. Беларусь -- не Альжыр, дзе асьляпляльнае сонечнае сьвятло стала прычынаю забойства араба. У нас клiматычнай прычынай такога забойства мог бы стаць пранiзьлiвы восеньскi холад, якi зацямняе розум.

 

ЗАБОЙЦА

У нас, у Беларусi, яго называлi Зьмiцер, дома, у Нiжнiм Ноўгарадзе, -- Дзiма, а палякi ў Варшаве -- Мiт'я, нiбы наўмысна хочучы падкрэсьлiць ягонае расейскае паходжаньне. Мiж тым, у жылах у Мiт'i пароўну бегла расейская й польская кроў. З гэтага зьлiцьця і паўстала ягоная беларуская сьведамасьць.

У войску Мiт'я служыў у Расеi. Аднойчы зiмою позна ўвечары ён iшоў праз раку Волагду i насьвiстваў сваю любiмую песеньку. На мосьце стаялi дзьве дзяўчыны. Салдат, -- сказалi яны, -- там, у рацэ, тоне наша сяброўка. Мiт'я (не раздумваючы) кiнуўся з мосту ў ваду. Ён зрабiў гэта вельмi па-расейску. Ён рашуча ўзяў на сябе адказнасьць за жыцьцё тапелькi, i калi б ня выратаваў яе, то быў бы (па-расейску) забойцам.

Мiт'я ня выратаваў дзяўчыну. Ён пачаў тануць сам. Дакладней, ён спалохаўся, што патоне сам, кiнуў дзяўчыну i памкнуўся да берагу адзiн. Чаму не крычаў? Ён кажа, што не было людзей. (А тыя дзьве дзяўчыны, няўжо не засталiся паглядзець, што з усяго гэтага выйдзе?) Ён кажа, што калi падплываў да тапелькi, за некалькi мэтраў пачуў агiдны пах алькаголю. Ён кажа, што сьцюдзёная вада пачала скоўваць ягонае цела. Ён кажа, што ў цемры не было бачна берагу... У яго зашмат апраўданьняў, каб у iх можна было паверыць.

Мiт'я пакiнуў (сваю ахвяру?) тапельку i рвануўся да берагу. Ён не зрабiў i двух рухаў, як упёрся каленямi ў зямлю. Аказалася, што яны з тапелькаю валтузiлiся пад самым берагам. Але вяртацца да яе ён ня стаў. Ды я й не пытаўся, чаму. Напэўна, скажа, што скалеў. Подзьвiг ня ўдаўся.

Герой кiдаўся па-расейску, у вадзе запратэставала польская кроў, i ён адчуў сябе беларусам. Адназначны ўчынак рассыпаўся на тысячу "але". Набытая такiм чынам беларуская сьведамасьць дазваляе яму цяпер жыць спакойна i не пачувацца забойцам.

У той вечар перад здарэньнем Мiт'я iшоў праз мост у вайсковы шпiталь, дзе ляжаў ягоны прыяцель, i нёс прыяцелю апэльсын. Пасьля вымушанага купаньня ён зьмянiў маршрут i пабег да сваякоў грэцца пад гарачым душам, пiць гарэлку i распавядаць пра здарэньне.

Я забыўся спытацца ў Мiт'i пра тое, куды падзяваўся апэльсын? Напэўна, ён плыў у чорнай мерзлай вадзе начной Волагды сьледам за мёртвай дзяўчынай, ад якой патыхала алькаголем...

 

ВОЎК

Поўня заплывае ў маё вакно i, нiбы магутны вайсковы пражэктар, выкрывае мяне ў маiм ложку. Я паварочваюся ад яе, але сон усё адно не прыходзiць. Цэлы дзень i цэлае жыцьцё пракручваецца ў галаве, нiбы паскоранае кiно. Тысячы стужак, якiя бягуць крыж-накрыж, ствараючы невыносныя вобразы, якiя муляюць i не даюць заснуць. Я спрабую глядзець поўнi ў твар, i мне здаецца, што гэта -- iлюмiнатар...

Я не магу спаць. Я заплюшчваю вочы і спрабую ня чуць гукi вулiцы й гукi дому, аж пакуль не засьпяваю сябе за дзiўным заняткам -- мае зубы адбiваюць рытм нейкае нячутнае музыкi. Навошта?.. Я лянуюся думаць. Самi сабою на невядомую музыку складаюцца словы скарагаворкi: мая краiна на краi сусьвету, мой горад на краi краiны, мой мiкрараён на краi гораду, мой дом на краi мiкрараёну... I таму я заўсёды чую, калi ноччу прыходзiць воўк.

Ён прыходзiць з лугоў i парослых хмызьняком балацiнаў i вые. Ён клiча мяне. А я кожнай ранiцы знаходжу на сьнезе ягоныя сьляды. Ягоны клiч паўтараецца з ночы ў ноч. Я ня сплю. Я ляжу з расплюшчанымi вачыма. I кожнага разу паўтараю сабе: заўтра, я яшчэ не гатовы. Засталося зусiм трохi, каб я мог сказаць, што тут ужо зроблена ўсё. Пачакай...

Нарэшце, я засынаю. Пасьля настае дзень -- нiбы толькi для таго, каб даць мне зразумець, што нiчога ўжо не трымае мяне тут. Толькi нейкiя фармальнасьцi, накшталт -- засынаць-прачынацца... Але к чорту фармальнасьцi!

У гэты вечар мне не смакуе гарбата, мне невыносны тэлевiзар i сьвятло лямпы непрыемна раздражняе вока. Я разумею, што тут ужо зроблена ўсё. Я лягаю ў ложак i чую, як сьцiхаюць гукi вулiцы й гукi дому, як засынаюць усе. Мае зубы ляскаюць рытм невядомае музыкi. Я ляжу з расплюшчанымi вачыма і ведаю, што ў гэтую ноч ужо не засну.

 

НЕАДКАЗАНЫЯ ПЫТАНЬНI

Для шматлiкiх прадмоваў, артыкулаў i кнiг, прысьвечаных Альбэру Камю, стала агульным месцам пачынаць з эпiзоду сьмерцi пiсьменьнiка.

Легкавая машына спартыўнага тыпу неслася па шашы. Парыж быў ужо блiзка. За рулём сядзеў Мiшэль Галiмар, вядомы парыскi выдавец. Калядныя вакацыi закончылiся. У той дзень -- 4 студзеня 1960 г. -- дарога была пустая, iшоў дождж. Раптам аўтамабiль вылецеў на ўзбочыну i з грукатам урэзаўся ў платан. Кiроўца быў цяжка паранены. Пасажыр, якi сядзеў побач зь iм, -- забiты. Калi на месца катастрофы прыбылi жандары, то каля разьбiтай машыны знайшлi запырсканы гразёю партфэль. У iм быў пашпарт памерлага: Альбэр Камю, пiсьменьнiк... i рукапiс незавершанага раману "Першы чалавек".

Камю было 47. I тым ня менш ён ужо перажыў сябе. "Мы занадта доўга жывем", -- пiсаў ён у сваiх "Сшытках". Ужо нейкi час ён спынiўся ў сваёй разгадцы быцьця й адчуваў адно незадаволенасьць. Як бы недадумаў. Штосьцi яму замiнала. Я думаю -- што?

Ёсьць праблема межаў пазнаньня, але для мастака яна набывае выгляд асабiстае перашкоды. Як вятрак, зь якiм змагаецца Дон Кiхот. Мастак кiруецца ня столькi лёгiкай, колькi запытамi да ўласнае сутнасьцi.

Легалiзацыя гомасэксуалiзму, наркаманii ды iншага гаўнаедзтва -- быццам бы прыкметы дэградацыi чалавечага роду, выраджэньня. Але хто можа сказаць, што ня гэта патрабуецца? Патрабуецца -- кiм?..

Ёсьць зададзенасьцi. Мы прасачылi зададзенасьць працягу роду. Але цi ня можа зададзенасьць зьмяняцца? I цi ёсьць яна? I дзеля чаго мы? I дзеля чаго ўсё?

Дзеля любовi? -- адзiнага, чаго няма на тым сьвеце.

Любоў да кагосьцi -- гэта шкадаваньне, што ён усё адно ня дойдзе сэнсу (уласнага йснаваньня).

Чалавек любiць сабаку ад падсьвядомага шкадаваньня цi крыўды, што той нiколi ня будзе чалавекам.

Але калi чалавек любiць (шкадуе) чалавека, -- у iм гаворыць штосьцi вышняе.

Чалавек любiць сваё дзiця ад нязбыўнае тугi, бо зразумець сваё пачуцьцё ня дадзена. Растлумачыць ня дадзена. Гэтаксама тужлiва -- ад немагчымасьцi вытлумачыць бясконцасьць.

Многiя веды памнажаюць тугу ад таго, што ўсё адно галоўнага зьведаць ня дадзена.

Ёсьць дзьве абсалютныя дадзенасьцi -- iнстынкты, разам зь якiмi зададзеныя i ўсе магчымыя спосабы iх пераадоленьня, i так званы ўласны досьвед, якi ўвесь ускосна таксама зададзены, бо чалавек зьмяняе сьвет толькi паводле тае лёгiкi, якой у гэтага ж сьвету навучыўся. Зманлiвае пытаньне -- кiм, якiм розумам i якой лёгiкай гэта ўсё зададзена? I вось тут -- табу, сьцяна, якая, аднак, тоiць надзеi. Чалавечы розум пачынае як бы кружляць перад гэтым.

Вось просты сьвет -- вёска, хата, карова. Карова бачыць чалавека, ведае ягоныя рухi, голас. Але гэта чалавек задаў ёй сытуацыю йснаваньня. Чалавек цалкам валодае сытуацыяй каровы, тады як карова зусiм не валодае анi сытуацыяй каровы, анi тым больш сытуацыяй чалавека. Сытуацыя каровы цалкам усьведамляецца чалавекам, але не ўсьведамляецца каровай. У адрозненьне ад каровы, чалавек мае розум, але ня мае чагосьцi яшчэ, каб усьведамляць сытуацыю чалавека.

Прырода розуму цалкам вынiкае з прыроды ўвогуле, з прыроды сытуацыi каровы. Значыць i тое іншае, наступнае можа вынiкаць з гэтае прыроды. Значыць i чалавеку дадзена бачыць i чуць Трэцяга, якi валодае сытуацыяй чалавека?

Адчуваньне альбо нават толькi спакуса гэтага працягу i недахоп чагосьцi на гэты шляху i мучылі Камю. Можна было б уявiць сабе Бога -- уяўленага людзьмi Трэцяга. Але Бог -- не дае сатысфакцыi прагматычнага адказу. Яго нельга памацаць. Яго адказам нельга здаволiцца. Бо калi ён Трэцi, то за iм пытлiвы розум адразу пачынае шукаць Чацьвертага. Таго, хто валодае сытуацыяй Бога, якая тады робiцца тоеснай сытуацыi чалавека альбо папросту -- творам чалавечага розуму.

Развагi захапляюць, але заўсёды ёсьць спакуса спынiцца: маўляў, памiж сытуацыямi йснуюць неадольныя бар'еры, i гэтаксама як карова нiколi не зразумее сытуацыю чалавека, так i чалавек нiколi не зразумее сытуацыю Трэцяга. Розум ня можа мысьлiць пра большае, чым яму зададзена.

I зноў -- кiм зададзена?..

 

ТАЛЕНТ I ТЛЕН

Усё жыцьцё -- гэта вяртаньне з набыткамi, наiў аснашчаных, дзяцiнства мудрых.

Канец стагодзьдзя правакуе думкi пра канец гiсторыi, канец сьвету, канец слова... Мы йдзем мiж пагоркамi, i кожны наступны выглядае апошнiм, мы дапускаем у сэрца вусьцiшны салодкi страх -- пачуцьцё фатальнага канца. Але вось пагорак пройдзены, i на даляглядзе ўжо вiдаць наступны. Зямля круглая, пакаленьне зьмяняе пакаленьне, жыцьцё пэрыядычнае, як казаў Борхес.

Усё, што нi робiць чалавек, -- гэта толькi праекцыя яго самога й навакольнай прыроды. Кола -- праекцыя перакацi-поля, поршнева-штамповачная сувязь -- праекцыя бiялягiчнае зьвязкi, крык -- iмiтацыя зьвера або птушкi, мова -- шэпт трысьнягу...

Усё, што нi выдумляе чалавек -- праекцыя ў адцягненую лёгiку. Чалавеку ня дадзена выйсьцi з заканамернасьцяў уласнага пачатку. Гэтая абмежаванасьць i ёсьць форма, якая надае сэнс усяму iснаму.

Чалавек жыве пасярод малекулаў i электронаў, але ўсё гэта -- цалкам прыдуманы, названы, умоўны сьвет. Рэальны -- сьвiст патрывожанага дразда, невыносна рэальны плач мацi, даўка-рэальны плоцевы акт i хрыпатае слова бабулi. Усё гэта спараджае культуру чалавека. Усё гэта не разьвiваецца, а значыць, нiколi не памiрае. Прагрэс -- у iнфраструктуры, якая будзе разьвiвацца, пакуль ня зьнiкне, не растворыцца ва ўласнай дасканаласьцi, ня вернецца ў тло прыроды, зрабiўшы чалавека паўбогам.

"Лiхаманкавыя спэцкасьцюмы" -- "не назаўсёды".

Увесь гэты алюмiнiй, гэтыя тэхна, электра, кiбэр i г.д. iмклiва разьвiваюцца, каб урэшце перастаць быць. Яны -- рыштаваньнi, якiя толькi паўтараюць форму будынка, але нiколi не становяцца самiм будынкам. Дом актуальны вечна, а навуковыя дасягненьнi ўжо мiнулае пяцiгодкi выглядаюць зусiм рэтра. (Як дапатопна ўжо сёньня ўсё гэта выглядае ў творах ранейшых фантастаў.) Яны патрэбныя толькi для таго, каб зрабiць жыцьцё функцыянальным, г.зн. безадыходным. Каб нашчадак рукою зрываў чысты яблык з натуральнага дрэва, а не выклiкаў з агрэгату кнопкаю кансэрвант.

Нават якiя-небудзь лiтаратурныя жанры больш жывучыя за навуковыя тэорыi разам зь iхнiмi практыкамi. Што такое сацыялiзм? -- пытаўся Мао Цзэдун i сам адказваў, -- адна трацiна эпохi Мiнь... Жанры -- гэта эпохi.

Пакуль чалавек дакранаецца да рукi дзiцяцi -- ён чалавек. Калi б ён выйшаў у нейкае iншае вымярэньне i пачаў намацваць свае малекулы -- гэта было б ужо нешта iншае. I гэтаксама як застаецца iстотным дотык рукi дзiцяцi, сябра, жанчыны, -- таксама iстотным застаецца слова.

Дзiва кiно, тэле або кiбэрнэтыкi вытлумачваецца адразу. Вытлумачэньне цуду слова нараджае лiтаратуру й нiколi ня можа быць дастатковым.

Слова йснуе незалежна ад нас. Яно можа ляжаць у кнiзе тысячу гадоў, i яго не хвалюе, возьмем цi ня возьмем кнiгу ты або я.

Слова нефункцыянальнае. Гэта мы функцыянальныя адносна яго. Мы яго выкарыстоўваем гэтаксама, як выкарыстоўваем дрэва.

Слова належыць да базавых рысаў чалавека -- як есьцi, кахаць, спаць, памiраць. Усё астатняе -- мiкра- i макракосмы -- толькi вiзii, толькi праекцыi гэтых базавых рысаў.

Мы ня мысьлiм той моваю, якой мысьлiць электронiка, не жывем у яе хуткасьцях, не валодаем яе аб'ёмамi памяцi. Яна заўсёды будзе другаснай, нават калi мы зробiм яе бiялягiчнай i самаразьвiцьцёвай. Бо мы нiколi ня выйдзем за межы сябе, туды, дзе йснуе той, якi кiруе намi.

Да наступнага пагорку мы прыйдзем не ў лiхаманкавых спэцкасьцюмах, а ў кашулi i з кнiгаю ў руцэ. У кнiзе будуць словы, лiтаратура -- тое, што сьведчыць пра эвалюцыю розуму, а не пра эвалюцыю iнфраструктуры. Апошняя будзе заўсёды заставацца ззаду, на ўскрайку нашага шляху, як руцiна, як благая лiтаратура i неталенавiтае, тленнае слова.

Вось i ўсё. Талент i тлен. I больш нiчога.

Канец правакуе думкi пра канец. Пачатак -- пра пачатак.

 

Сяргей Дубавец - ДЗЁНЬНІК ПРЫВАТНАГА ЧАЛАВЕКА (1989-1998) : АПАВЯДАНЬНІ, ІМПРЭСІІ, ЭСЭ - частка 1 - бібліятэка "ФРАГМЭНТЫ"

зьмест