ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

БІБЛІЯТЭКА


Ігар Бабкоў "Герой вайны за празрыстасьць"
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Ігар Бабкоў

ГЕРОЙ ВАЙНЫ ЗА ПРАЗРЫСТАСЬЦЬ

 

SOLUS REX
Выбраныя вершы

 

зь нізкі „ТЭРЫТОРЫI НОЧЫ”

***

За небакраем Эўропы: у акопах зацiхла туга
Людзi, нiбыта пасьля хляраформу,
           жывуць—памiраюць
Цiхае лiтаньне: НЯ СПАЦЬ
Цёмныя, начныя словы на паперы згараюць

Кроплямi маляванага раю сьцякаюць з-пад рук
Iснаваць, iснаваць
Iсьцi тваiмi шляхамi, забытая зьнiчка Эўропы
Глядзi:
Нiбы вечнасьць у шашкi, гуляюць у сьмерць
                     далакопы

За небакраем паэзii: ноч, ханскi патруль
Далакопы дзеляць вопратку, колькi стагодзьдзяў?
Ах, сьвятая нянавiсьць, толькi тут мы дома
Сярод пахаваных магiл ды забытых багоў

 

* * *

Сьмерць, азiрнуўшыся, фiгуркi рассыпала ў пыл
Часе мой прагны, цi бачыш
Крывёй набрынялыя, сьляпыя твае сьляды
Сьмяесься, плачыш?!

О, гэтыя людзi, зь цьмяным агнём уначы
Базылiкi, душы
Каменьчыкi, па беразе раскiданыя, аа—аа
Шукацьмеш сушы

I ноч, нiбы спраўджаны нарэшце Эдэм
Тулiцца, грэе
Прадраныя боты хлюпаюць, песьнi пяе
I мроiць завея

Замсты вясьляр вяслуе, шукае зямлю
Ды шэрыя вочы
Пабраныя са сьцюжай ужо i кляштарным сном
Нязбыўнай ночы

 

***

Абгостраны рысы i позiрк зацяты, дарма
За шыбамi ноч i цiкуе, скавыча зiма

Вачэй сiвiзна i сiвыя, старыя часы
Павыпаў сьняжок, каб пазбыць, прыхаваць 
                                                 галасы

I дворнiк струмкi сярод ночы вартуе адзiн
Сон згаслых вачнiц ды замкнёнасьць глухiх 
                                                     дамавiн

Прадонных пакояў высокую, белую столь
Дзе ў вопратцы лёсу вiруе бязьлiтасны боль

Распусны, халодны, пранiзьлiвы бляск лiхтара!
Адчай даўгавейны, самота, рыпеньне пяра...

 

***

Дзень, нiбы дрэва, лiстотай сваёй ападае
У Сьцiкс хуткаплынны, а полымя душ застаецца
Ўтойна забытае тойнасьць сваю пакiдае
Нiбы лiхтар, вечаровая мудрасьць даецца

Погалас плыткi азяблых засьнежаных вулак
Спаць укладаецца ў белыя злыя сумёты
Простыя словы, жыцьця нечаканы прытулак
Гояць тугу апантанай расхiстанай слоты

Хто ж гаспадар i зь якiх яны хованак крочаць
У душах пасьлеплых кранаюць дрыготкiя шалi
Што там гавораць, завуць, абяцаюць, прарочаць
Цi не пра тое, каб верлiва мы не сьпяшалi

Цi не ласкавей гаiцца туга цiшынёю
Божухна мой, няўгледжаны, злы, шэравокi
Цi не застаўся адтульнай парою начною
Сьлед невядомы, на сьнезе, таемны, глыбокi?!

 

***

Лiстота шорхая вiруе ў цiшынi
I кiпня пошап белапенны
Драбiнку крохкую астылых сноў зямлi
Вяртае ў сьвет, дасюль нязьменны

Навеяй, подыхам працяла гэта золь
Здранцьвеньне тоеснага ладу
Прачнуты сон i ўтаймаваны боль
Сярод жальбы i заняпаду

I Мойры, выткаўшы сьляпога лёсу нiць
Спыняюць працу разгублёна
I нельга цьмянага сьвятла перапынiць
Там дзе сунiчна i зялёна

Лунаюць, зяляцца аддуманыя сны
I рэчва спадаюць краты
Ў дзiцячай гушкалцы калышуцца яны:
Пакутны сьвет i цiшыня гарбаты

 

***

Выспа, людзкi паратунак, неакрэсьлены тут
                      твае межы
Цьмяных пакояў вачыма пранiзьлiва ў душу
                        iдзеш
Нiбы ласкавая пройма, мiнаеш сiрочыя вежы
I хаўтуровыя плямы на зьнiчныя вочы кладзеш

Горад заснуў, лiхтары недатычнасьць вартуе
Пошасьць вады й мерцьвякоў катаваны адхон
Сiвы млынар паркалёвыя твары частуе
Зьзяе абрус i растулены крэйдаю скон

I глыбiнёю жахлiвай пужае забытая мова
Птушка чакае агонь i не трывае хада
Конiкам дзiкiм зьвiнiць ашклянелае слова
I ў каганцы бледнатварая сьвецiць нуда

Выспа, людзкi паратунак, шукацьмеш размкнутага
                            шляху!
Не цьвiнтары, а дубовых шатаў сьвятло
Над галавою — абшары блакiтнага даху
I ў душы — агнёў паганскiх цяпло

 

***

Калi прагная цемра сыходзiць на горад начны
Лiхтары зацiхаюць у тузе катаванай нямоты
Меднавокiя восы разносяць халодныя сны
Спалатнелы адчай у прылеглыя, злучныя соты

I ўздрыгвае чуйна мой сьненьнем замроены твар
Купалiнка начная празь цёмную глебу праб’ецца
Ладзiць хiжыя скокi пакутаў сiвы гаспадар
Зварухнутая вечнасьць птушыным крылом азавецца

I самотнае слова, шукаючы горкi спакой
З шчыльных камор трапляе ў сьвет неаглядна —сукрыты
Там, над безданьню Леты, учынены ветлай рукой
Золак фарбы кладзе, аглядае свае дрыварыты

Змуста, рандар маўклiвы, у келiхах сьпелiць вiно
Адпраўляе iмшу, шныпаруе крулёвая варта
Дзень жыцьцё абвяшчае, дый вычварна танчыць 
                                                              адно
Балбатлiвы сьняжок прыхавана-сталёвага гарту

 

***

Памiрае зямля. Уваскрасаюць самотныя ветры
Як у сэрца каханьне, лiстота кладзецца на дол
На пакiнутым пляцы пытае ў неба дазвол
I павольна сьцiхае, сыходзiць у цяжарныя нетры

Як адтульна, як цяжка ў зiмовую доўгую ноч!
Стос папер на стале, моўкне сэрца ў сутарзе веры
Ад гаротных завей не пазычыш зьбялелае меры
I ацятай душы не абудзiшся, як не прароч

Дзе ж ты, прывiдны сьвет, той Адзiны i Ветлы
                         i Боскi?
Палымяна, няўцешна шчыруе цяпельцам агмень
Праз калючыя хмары праб’ецца лагодны прамень
Ды ў нярадасным сьне i душа, i журботныя вёскi

Памiрае зямля. Уваскрасаюць Таемныя сны
Праз каханьне i сьмерць прарастаюць чырвоныя 
                                                             ружы
Бог журбы i самоты сьпявае ад мройнае сьцюжы —
Неспакойнае сэрца трывожна-iмглiстай вясны

 

***

Узьняўшыся вольнаю птушкаю ў неба над краем
                                                        забраным
У бязьмежны, бяссоны блакiт — ён складае
                                         журботныя крылы
I падае ўнiз, там крывавяць адвечныя раны
I горды вятрыска сьвятыя ласкае магiлы

Узыйшоўшы самотнаю зоркай уначы
над развораным полем
Бяззорнае, ханскае ночы — да стоенай жальбы
                                                         прыкуты
Ён сьвецiць, ня грэе, зiхоткiм пранiзьлiвым
                                                       болем
Няветлы, нявольны i ў золаце дня не пачуты

 

зь нізкі „ANIMULA VAGULA BLANDULA”

***

Вандроўнiца пяшчотная, душа
Блукае ў сьвеце, вокрыкаў ня чуе
Таемнасьць вольных сноў не занатуе
Шануе неруш, вышчарнасьць нажа
Загойвае ўзьнёслымi радкамi
I сутву рушыць кволымi рукамi…

Агеньчык, Бадулiнка, Эўрыдыка,
Iдучы ў ноч, цi спадзяесься ты?
Адкуль бярэш пяшчотнае цнаты
Сярод натоўпаў, вулак, гвалтаў, крыку?
Чаму пяшчота з-пад панiцых вей?
I, божухна даруй, дзе твой Арфэй?!

 

***

Тут горад быў i зь лiхтароў
Плыло сьвятло i час гайдаўся
У брук аздобленых двароў
I вэлюм ночы ахiнаўся

I ў падрабязнасьцях жыцьцё
Гаiла ў збалелых душах
Сьляпую замсту-забыцьцё
А вецер вочы зацярушваў

У дзiўны, непадробны сьвет
Вяла хада маўклiвых вулак
Чынiўся новы запавет
I час шукаў сабе прытулак…

Тут горад быў i вышыню
Дарыў збалелым, хворым душам
Нябёс сьвятую цеплыню
А вецер вочы зацярушыў...

 

***

У мiзэры апранах
Сiвых гарадоў
Памяць, — гаркавы пах
Нямiлы дом

Спотырч ляцелi, куды?
Мо да сьвятла
Абляцелi сады
Узмах вясла —

Далей, човен, далей!
Хопiць, вясьляр
Хай прасохне алей
У краiне мар

Хай ад фарбаў густых
Спачнуць маляры
Хай на пляцах пустых
Гараць лiхтары.

 

***

Празрысты, прывiдны крышталь
Сьпявае ў сьнегавым бяссоньнi
I абтрасае на далонi
Зiмовых сноў шалёны баль


Алмазных сьпеваў вастрыня
Пляце бязважкiя карункi
I люстраная цiшыня
Нямоты спазнае дарункi

На ветах дымкага ляза
Дыхнi ў досьвiтнай цямрэчы
I шклярусу спакой аспрэчыць
Блакiтнай вечнасьцi сьляза

 

ВОЛЬЗЕ

Цяпло каханых веяў, назаўжды
Ды ў душах, палахлiва i трывожна
Аквеценыя ў сум i бель сады
Загойдае вятрыска асьцярожна

Замроiць, зашапоча, заiмжыць
Нам восеньскай галёнавай жалобай
I немагчыма вусны расчынiць
Нямоцтва нам i плёнам i аздобай

I ўцямiм мы, сярод рабоў i тла
У мройнай i прычужанай краiне
Што вернасьць неакупнаю была
I сьвет злучоных душаў не адрыне

Заве туга, ды яблык залаты
Няўмольным прыцягненьнем пагарджае
I ад пяшчоты, — глебы i слаты
У халодныя нябёсы адлятае...

 

***

Халодны, ветлы, любы твар
Пакутныя шкляныя сховы
Ў якiх прытушаныя словы
Дарма хаваюць вей цяжар

Унiкнуць хочацца, ўмалiць
У далонях трапяткiя гукi
I немагчыма прытулiць
Да губ насьцюжаныя рукi

 

***

Гарбаты кубак золатапраменны
У пакойчыку люстэрка, чужанiца
Пяшчотны валацуга хiньскiх душаў
Працятых болем жорсткага жыцьця

Пах у душы i не патрэбны словы
А словы, бы цьвiкi сьветабудовы
Бы ластаўкi, пяшчотныя стварэньнi —
Ласкавыя прадвесьнiкi быцьця

 

***

Чорныя вочы агню
Бясконцыя, нiбы сон
За сьценамi, уначы

Калi памiрае час
Музыка ў душы
Толькi пульсуе скронь

Плачуць сьцены ў агнi
Волi сьляпы квiток
Працягнi, працягнi далонь!

ТАМ, ДЗЕ ШАЛЕЕ НОЧ
ТАМ, ДЗЕ КАНАЕ ЧАС
СЬВЕТЛЫ, СЬВЕТЛЫ АГОНЬ

 

НАЧНЫЯ ПТУШКІ

I

цёплы ў грудзях камячок
прычынiлiся дзьверы
птушкай сьляпой
слова выпала з губ

зьлiтуйся о Кароль
Ночы

цяпло крадзе
няўмольны гадзiньнiка гук

сьнiць краявiд гаварлiвы
цагляныя сны
тыя
фарбуюць голаў сiвы

 

II

самотная птушка
падзёўбала крыху з далоняў
забароненай цiшынi

у бель надыходзячай ночы
лялькi хавае штукар:
лялькi: людзi i рэчы

птушка ў тваiх валасах
сьнiць пра каханьне сны
зблытаны вусны i вочы
у бель надыходзячай ночы
лялькi хавае штукар:
у боль надыходзячай ночы

 

III

о Келiх Восенi прытулак сьвятой тугi
што клiча ў вырай
за вокнамi вечар разьлiў
цемры сьляпой пiтво

барвовых клёнаў цяпельцы
цьмяна гараць
птушкi
зьбiраюцца ў чароды

чаканьне трыпутнiка сон
дзынькаюць шыбы
мо зазiрне
апоўначы пан Бог

 

У ШПІТАЛІ

нiшто не гаворыць тут
аб распнутым Хрысьце
сьвет дасканалы

i толькi сьнег (вы прынялi лекi?) белы
бясконцы
ВЫ ПРЫНЯЛI ЛЕКI? толькi сьнег
белы белы бясконцы

ратуе

 

РЭЧЫ

У прысаку веры
нiбыта сон:
рэчы блiзка

фiранку адгарнi
угледзься
дрэва: ДРЭВА

У сьвет прарасло, але
разумею
i сябе нiбы рэч:

мэтафiзык у цемры

 

ПРЫТУЛАК

зьнерухомеў
як птушка сiвы нечаканы
як мая празрысты

сьнiў сябе садам
у якiм
тайна прытулак

 

Ён

У адхiленьні ад сьвету
ён самотны жыве
быццам халодны агонь
у доме пакiнутым, вечар
сумныя вочы схаваў
у сутанелых пакоях

зелянiна шпалераў —
знак патаемны, цiха расьце
ратуе, толькi
О, ТОЛЬКI! НIХТО I НIКОЛI

нiколi ня ўбачыць

 

ІМЯ

аркуш паперы
як сьмерць апрыёрны
iмя сваё назавi

засьнi
ў зыбкiм урочаным часе
друзлым зямным

 

ЛЁС

праз барвовае вецьце
лёсу зямнога
зь нiчога ў нiшто

але
дробязь гаркота
ластаўкаю над морам

 

АБЛОКІ

дзьверы шкляныя
бачу: сьвет у аблоках
iмклiвых, нiбыта вецер
пустых, зьнiкомых

але ж не дарэмных
усё ж такi

сьмерць?!
о, божа
ўсё ж не дарэмных

 

ПАРЫЖ: МАРГІНАЛІІ

О ВЕТАХА ГАЮЧАЕ ЛЯЗО
Ў СЬВЯТОЙ ЦIШЫ АДРЫНУТАГА СЭРЦА
СЬВЯТОЧНА, ВЕТЛА ЗАТАНУЎ ПАРЫЖ
ПРАЗРЫСТЫ I ПА-ВОСЕНЬСКУ ХАЛОДНЫ

шурпатай крэйдай акруцi вакол
наiўную i цiхую ратонду
той крохкi сьвет, дзе бэз каля ўваходу
нам ветла кажа: closerie des lilas
дзе валасы твае нiбы апошнi
прытулак, а жабрацкiя далонi
пустыя, чыстыя, нам значаць больш чым мова
пакутлiва—зьнявечанага часу
Zeitgeist, сьмяемся мы, саткаў парыж
са сноў i ўсiх няспраўджаных жаданьняў

пакрочым у прыцiхлыя завулкi
у зданяў перакiнемся i вечар
нас не заўважыць, нератам раскiне
агнi таемныя i спынiць мову
пакрочым невымоўнасьцю, нямотай
на плошчу St.-Michel, там, у кавярнi

заплоцiм за вiно i за вячэру
паслухаем катрынку, што сьпявае
пра вечныя каханьне i самоту
пакiнутыя на зацятым бруку

паслухаем пра гэты цiхi горад
парыж, што распускаецца ўначы
зь нямоглага маўчаньня — ў насалоду
ў напяты дотык вуснаў, пошап смагi
а над усiм — ахоўны знак вады
ты ў iм прынадна, ветла панавала
ўладальнiца, сябровачка, каханка
i я кранаў аголеныя грудзi
губамi i агеньчык адмысловы
палаў пасьля такога пацалунка

а ноч упарта, вабна высьпявала
запальвала начныя эдэльвэйсы
ты плакала i келiх падымала
зь нязбыўным заўтра, я шукаў ратунак
агеньчык, той агеньчык адмысловы
сьвяцiў нам уначы й павольна таяў...
шаленец, вочы, мроiва, катрынка
о, божухна, i гэта ўсё парыж
пакуль ёсьць час, пазначце белай фарбай
сваё маўчаньне: гэта ўсё парыж

ў маленечкiм пакойчыку луналi
зьнявечаныя плюшавыя людзi
прыязныя, халодныя, жывыя
заходзiўся празь сьценку тэлевiзар
ў вялiкiя раскiнутыя коўдры
здавалася агорнута паўсьвету
самотны промень сапсаванай лямпы
шукаў сябе i торгаўся ў задусе
ТРАГIЧНАЙ БУДЗЕ ВАШАЯ ГУЛЬНЯ
ён услухаўся, то была безнадзейнасьць...

А БОЖУХНА, ТУТ АШАЛЕЎ ГАРСОН
НАЛIЎ У КУБКI МРОЙНУЮ АТРУТУ
ЦЯПЕР ДА СКОНУ МУСIМ ПАЎТАРАЦЬ
НЯПЭЎНУЮ САЛОДКУЮ ЗАМОВУ:
Ў САМОТНЫМ СЭРЦЫ ПАТАНУЎ ПАРЫЖ
ПРАЗРЫСТЫ I ПА—ВОСЕНЬСКУ ХАЛОДНЫ

 

ФРАГМЭНТЫ

I

Горад. Нямiга ледзь
Здольная бачыць сон
Вечар. Куды падзець
Прагу сьляпых вакон

У нетутэйшы сьвет
У незнаёмы кут
БУДУЧЫ запавет:
Горад цiхiх пакут

 

II

Дворык. Па сходах уверх
Дзьверы — душа — пакой
У гэтым паветры не
Паварушыць рукой

Блытаны далягляд
Пад аховай гардзiн
Манумэнтальны лад
Горад. У iм я. Адзiн.

 

III

Тут, дзе душа — фрагмэнт
Непрачытаных слоў
Дзе прастакутнасьць — знак
Мона-мэнтальных сноў

Увасабленьня няма
Вера. Надзея. Скон.
Вечар. Горад. Дарма
Слацьмеш яму праклён

 

IV

Вулачкаю як боль
Згвалчанай Волi пляц
Шэрым — блакiту столь
Размаляваў паяц

Блазен, штукар, прарок
Вулачкаю як сон
Паднявольна. Вырок —
Артадаксальны звон

 

V

Нiбы iртуць, душа
у ЧАЛАВЕЧЫ кут
Мкнецца, ўначы дрыжыць
Знойдземся там, ня тут —

Так запiсаў паэт
Вечную форму душ...
Вымавiцца няўзнак:
Там, за вокнамi — ЛАД

 

SOLUS REX

I

Люстэркі адбіліся ў люстэрках: 
                      тыражаваны сьвет
Выйшаў за межы: 
Мізэрная эпоха

Асьлеплы Арфэй
Кранае рукамі сьцены
Зялезныя гімны
Час пяе пад вакном

НАВОШТА 
ТУТ ЧАЛАВЕЧАСЬЦЬ?

Сьпяшайся
Яшчэ бачныя сьляды
Адышоўшых, яшчэ чутныя крокі
Яшчэ ня позна, на досьвітку адыходзіць 
                                                цягнік
Назад у ноч

Люстэркі адбіліся ў люстэрках: 
                              тыражаваны сьвет

Выйшаў за межы

 

II

вочы заплюшчы пад небам халодным, 
                                       маўклівым
рукі ў ціш апусьці, слухай
енк галодных сабак за сьценамі сэрца
сп’янелага цеплынёю, у якім 
так доўга ты жыў, небарака,
дзе тваё неба?

Сабакі бягуць за табою па мосьце
да літасьці прагныя

звыкайся
трымаць сьвету цяжар
звыкайся
быць мерцьвяком
звыкайся
сьляпымі вачніцамі зеўрыць

восеньскі дождж — тваё каралеўства

 

III

халодны, бясконцы
дождж пустаты і адчаю

хто ты?

Кароль і жабрак, былы ўладальнік
Прасторы і часу, нябёскае мілаты
Прыязных рэчаў, самім
Богам ахілёны, цяпер
Кароль на выгнаньні

Вогнішчы мёртвай лістоты — 
Сэрца тваё —
Сьвецяць зіхоткім сьвятлом

 

IV

жабрак!

Сабакі бягуць за табою па мосьце
Тыя, што былі людзьмі, гадаванцамі лёсу
Да літасьці прагныя
Гайні ў пякучых рызманах

Ня маеш нічога

Урочаны час: бачыш прысутнасьць сваю 
Ў сьвеце
Толькі прысутнасьць

 

V

Так, мусіць застацца
Памерлым сьпеў
Калі ня чуюць жывыя
Ціха сьпяваць уначы, каб паверыць 
                                      нарэшце
Што ты жывеш, як жылі калісьці яны

Узяць з сабою гэты сьпеў
Адно гэты сьпеў: дзе ты, Арфэй

Сьпяшайся

Люстэркі адбіліся ў люстэрках; 
тыражаваны сьвет
Выйшаў за межы:

МІЗЭРНАЯ ЭПОХА

 

зь нізкі „МЭДЫТАЦЫІ І ПАДАРОЖЖЫ”

ФУГА ЦЁМНАГА ЧАСУ

Кубак самоты ў гатэлі на абрус паркалёвы
Праліўся, вочы твае — глыбейшыя за нішто
Абрынуліся рукі ў шал, за вокнамі
Сьмерць сьпяваюць натоўпы
Пацьвелім хіжае сьвятло, а потым
Зоймемся каханьнем, вочы твае
Цямнейшыя за ноч, нібы сьвечкі
Сьвецяцца грудзі…

Кубак самоты ў гатэлі ў шал паркалёвы
Абрынуўся, рукі твае — халаднейшыя за 
                                                      нішто
Пасьцеляць сьмерць нібы песьню
Паркалёвыя людзі, сярод глыбокае ночы
Пацьвелім час састарэлы, а потым 
Зоймемся каханьнем, грудзі твае
Няхай мне сьвецяць і сьвечкі
Гараць аб тым, што няма нас…

Кубак самоты глыбейшы ад нішто праліўся
У ноч паркалёвых душаў, адвечна
Вочы твае ў шале каханьня, песьні начныя
Сьмешных людзей гукаюць
Адвечна, адвечна каханьне, назаўсёды
Вочы твае, рукі, грудзі і ўлоньне, няхай нам
Дапамогуць сьвечы, а потым
Сьмерць і гатэль і кубак самоты… 

 

***

На пошукі сапраўднага дому адыходзіць ён
Апрача восені згаданай і неба вачніц
Апрача пошапу азяблых рамёнаў
Апрача воглых крокваў старых камяніц

На пошукі сапраўднага сьвету дзе галеча рай
Дзе восеньскаю лістотай колішні ўлюбёнец адам
Пасыпае шляхі хіжых зграй
Што правяць балаганны ашчар мажорным ладам

Дзе ніштожыць сьляпое нішто адвечны закон
На пошукі сапраўднага болю О толькі душа
Пачуе яго нямотны стогн
І раскіне пасьвятлелыя рукі… абапал крыжа

 

1 СТУДЗЕНЯ 1982 Г. ІМПЭРЫЯ

Тлусты розум напяў блазнаў каўпак
Душа мроіць, верзіць сярод прарочых сьнягоў
Пакойчык, дзесяць/дзесяць — няўцямны знак
Сьпелым болем пазначаны джалы сьцягоў

Не глядзі навонкі, лепей — хочаш — кавы згатуй
Хочаш — выйдзі, пастой ціха сярод мар
Цыгарэту выпалі, ці — енкам — сьвет уратуй
Апантаны, пачырванелы ад натугі абшар

А хочаш — запальнічкай чыркні цяпло
Пагрэй тых, хто пад шынамі чорных марусь
Цябе чакае, дзесяць/дзесяць, болем сон замяло
Пакуль тут, ды губам мроіцца-мроіцца…
                                               БЕЛАРУСЬ

 

***

Забрасьнее ў палахлівай крыві памерлых туга
Набрыняе раскошлівым павуціньнем сьпелая золь
На вочы, што бачылі, наступіць ката нага
Эрго сум — абвесьціць выедлівы боль

Не забудзься на тых, Божухна, хто ў пагоркаў 
                                                        труне
А таксама на ўсіх выгнанцаў у чужых краёх 
Усіх, хто вольнасьці кветку ў апошнім сьне 
Да сэрца туліў, сарваную на воўчых палёх

Не забудзься на тых, Божухна, хто натомлены 
                                                           сьпіць
Чыі імёны адно шэпча чужыны золь
Хто і ў труне цябе вусьцішна, няспраўджана 
                                                          сьніць
Праз вольнасьці вэлюм ды завеі сьветлую столь

 

КАВЯРНЯ

Прачынаюся сярод цёмнага трываньня сьляпой 
                                                            нацыі
Нібыта выходжу з начной ракі часоў Нэрона
Пустая кавярня

Самотны імпэратар не затушыў сьвятло
Рухі запаволены
Словы
Хаваюць нямоту

Самотны бармэн не затушыў сьвятло
Пятля на шыі
Непатрэбная як неба

Дзе ты нэрон
Дзе ты нацыя дзе ты вера

Дзе вы лябірынты імпэрыі так утульна
Сяброўку абдымаць ды згадваць чужыя імёны
Ноч лашчыць нібы кацянё піць абу-сімбел
Прачынацца дрэвам, зоркай

Быць нікім

 

***

Цяжар і пяшчота
падымаць веі памерламу слову
казаць 
     і глядзець
як душа, што забылася на зямное 
зь дзіўнасьцю
                пазірае на ўсё
ня ведае
чаму яна тут
адкуль…

ледзь цёплыя губы 
кранулі люстэрка
і мройная постаць 
ужо блукае па сьвеце
незваротная

тут, сярод нас
на зямлі

 

(ПАЭЗІЯ)

ува сьне, там, дзе вецер…
чысты глыток цішыні
помста афішы
у халоднай кавярні восеньскі дождж
і Ты, што ішла неспатольнымі крокамі неба
за небакраем Эўропы
ува сьне
Там, дзе вецер

 

***

Багі ўзыходзяць
Зь цёмнай, густой ракі часу
Ноччу бяззорнай, таемнай
І толькі ветах
Шапоча прад сконам сьвятыя гімны

На халоднай зямлі
Сьпяць людзі спакойна, сьняць яны:
Нехта ня сьпіць, вогнішча паліць
Вочы свае ахвяруе ў вагонь неспатольны
Вочы, а потым сэрца, а потым душу

Сьляпы, у апёках і брудзе
Ён адчувае:
Хтосьці выходзіць з тао-ракі патаемнай
Зь цёмнай, глыбокай ракі
Сьвяты, дасканалы, нябачны

 

***

Я мроіў незагойна-сіні горад…
І цела нібы лёдка, празрыстае, і камячок асьлеплы
вытуквае засьцюжаныя гімны
Прывабныя жаночыя абрысы
празь ціхае паветра выступаюць
Па вуліцы галоўнай разгульваюць сэксоты — 
куды ж бязь іх — у капялюхах шэрых
А мы тулімся ў ветлыя завулкі, на цьмяныя 
гарышчы, у бяссоньне, — далей, мой сябар кажа,
далей, у неба 
Блакітны рытуал, там, у надзем’і,
кране губамі асьцярожна вочы
і мы, сьляпцы, прачнемся…
О, прачнемся!

 

***

подых чаўноў папяровых
адхіленьне ў нетрывалыя рэчы
адшукай мяне
зорка таемнае красы югэн

жыцьцё — сон
словы — сон
у рызманах ночы
вуснамі вусны шукаю

але 
здаецца
сусьвет

 

***

На расхіле восеньскіх сноў
вечар дыхае лёгка, адчайна
Сьцежкі барвовай хада
нас прычакаліся тут

У прадчуваньні зімы
зноў ападае лістота
Сьвятам восеньскіх сноў 
мы праходзім як сон

 

ПАМІЖ

паміж тым чаго ня будзе ніколі
і аўтобусам
нібы постаці сьвятых у нэфах
уціснутыя ў фатэлі сядзім

паміж намі — праход
шафёр паліць танныя цыгарэты
у празрыстай панчосе твая нага
і позірк
як птушка ў клетцы

са зьдзіўленьнем
знаходжу цябе сярод сноў
але не знаходжу 
тут
сярод словаў

 

***

Не, гэта ня сьмерць
Вочы твае за шклом
У залатой смузе
Я ў іх тану, тану

Вусны нібыта сьнег
Гэты празрысты сьвет
На залатое дно
На залаты пясок

Лотаці жоўты сон
Сьветлы тапельцаў рай
Веяў, вуснаў Эдэм
На залатое дно

У залатой смузе
Праз залатое шкло
Гэты няісны сьвет
Я ў ім тану, тану…

 

***

Вользе

Там, дзе шукаю губ — жужалкаю — наўпроць
Рушыць падвойны сьвет, каліўца, веі сну
Боязны акіян, жменька жыцьця, стакроць
Памяць асьцюдзіць твар і адвядзе віну

Верх ядлоўцаў, пустэч — невараць — за берагі
Зданяў, сатлелых слоў, чужых зямель і вод
Ўлоньне сьвятой зямлі, веі быцьця, сьнягі
Лёгка, нібыта ў сон, падае ў неба лот…

 

ЗІМА

На мапе — зіма. Сьцежка цябе вядзе
Пустым — праз адлегласьці — калідорам
Словаў. Замкнутай прасторы, дзе
Туга падаецца вечным маторам
Сэрца. А сэрца — сьляпы камяк — 
Нібы іртуць, мацуе свае ўцёкі
Ў сусьветны холад, у якім, няўзнак, 
Сон ашчадна хавае крокі.

Зімовы крышталь, схаладзелы розум, сон
Of mind, як сказаў бы Паўнд (?), ніколі
Сябе ня ўбачыць на мапе, ён 
Вытворвае, вызначае, — паволі —
Схему маршруту, якую, хто?
Пройдзе, трымаючы дзіўнасьць сьвету
Ветла, як у “Лаўку” Вато
Увайшоўшы ў Харонаву Лету

Застанецца. На мапе зіма, блытаны час
Словы шукаюць сэнсу, нібы ў пустэчы
Вады. Не да акрас,
Празь сьценку — вечнасьць. На сьцюжы 
                                       затухлі сьвечы.
І апошні радок, сягаючы за далягляд,
Бязьлітасна і навосьлеп шукаючы слова,
Адчайна, усьцешана — прымае лад
Вечнасьці. Зімовага схова. 

 

***

Мы ня тое, што бачыцца нам празь бяспамятны 
                                             восеньскі морак
Мы ня вязьні сьляпога замкнёнага сну
Мы ня чэзлыя дрэвы пад небам зьбялелага места
Мы ня боль, што віруе ў барвовых прысадах тугі
Мы ня вопратка нашая, мы ня нашыя целы
Не маўчаньне, ня слова, ня знак, не чароўныя ніці
Што злучаюць цяпер і заўсёды, ня боскія мроі
Што шукаюць спачыну ў зьвярынцы шклянога 
                                                           жытла
Не шпацырцы самотнасьць, ня вечар…
Кім мы ёсьць? І ці ёсьць мы заўсёды?
Чаму сьвет утрапёна, загадкава доўжыць свой сон?
Чым ёсьць слова?

… Нібы кава астыла гаворка і ломкія губы
Асьцярожна каштуюць за вокнамі сьветлую ноч

 

да папярэдняй

 

зьмест