Ад рэдакцыйнай калегіі


У лістападзе 1997 г. Рэспубліканскі і Менскі гарадскі саветы Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры правялі навукова-практычную канферэнцыю «Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны г. Менска». Навукоўцы і актывісты Таварыства абмяркоўвалі шэраг важных пытанняў гісторыі і практыкі аховы помнікаў. На першы погляд праблематыка канферэнцыі абмежавана толькі патрэбамі і цікавасцю да помнікаў аднаго горада. Але на самой справе гэта не зусім так. Больш як 900-гадовы гістарычны шлях горада адзначаны вялізнай працоўнай і творчай дзейнасцю, ратнымі подзвігамі многіх пакаленняў, што знайшло адлюстраванне ў больш чым 600 помніках гісторыі і культуры Менска. Большасць з іх маюць агульнанацыянальную, а некаторыя і сусветную каштоўнасць. Апрача таго, у Менску назапашаны вялікі досвед па рэстаўрацыі і папулярызацыі помнікаў. Адсюль і цікавасць шырокага чытача да ўсяго, што звязана з дзейнасцю навукоўцаў і грамадскасці ў сферы аховы помнікаў Менска.
Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі сведчаць не толькі пра вялікую цікаўнасць даследчыкаў да гістарычнай і культурнай спадчыны, пра пашырэнне тэматыкі даследаванняў, але і пра мноства пытанняў, якія патрабуюць свайго далейшага вывучэння. Сярод праблемаў, закранутых у дакладах і паведамленнях, заслугоўваюць быць найперш названымі:
• помнікі архітэктуры і сучасная гарадская забудова;
• праблемы выяўлення, вывучэння і ўліку помнікаў гісторыі і культуры;
• асаблівасці аховы культурна-гістарычнай спадчыны на сучасным этапе;
• помнікі як крыніца вывучэння гісторыі нашай краіны.
У зборнік уключаны не толькі даклады, якія былі прачытаны на канферэнцыі, але і дасланыя, якія не заслухоўваліся.
Рэдакцыйная калегія спадзяецца, што матэрыялы гэтай кнігі будуць садзейнічаць шырокаму і плённаму абмеркаванню актуальных праблемаў аховы і папулярызацыі помнікаў ва ўсіх абласцях і раёнах краіны, паслужаць узбагачэнню навукі і практыкі новымі фактамі, назіраннямі, высновамі.
Шырока вядома фраза пра вырашальную ролю ведаў ва ўзвышэнні народа, росце яго іміджу. Помнікі можна назваць транслятарамі інфармацыі пра спосабы асваення свету, творчасці розуму. Яны выступаюць у ролі распаўсюджвальнікаў ведаў, складаюць ядро кожнай нацыянальнай культуры. Выяўляць новыя каштоўнасці ранейшай чалавечай дзейнасці, берагчы іх і распаўсюджваць веды пра іх - наш пачэсны абавязак.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.