Алена Краснова

Праблемы стварэння музея гісторыі завулка Паўночнага ў Менску


«- няважна, малая яна ці вялікая, называецца
балотам альбо небам. Хай аснова гэтая будзе
шырынёю хоць з далонь - мне досыць: хай толькі
яна будзе аснова, на якой можна замацавацца!»
Ф.Ніцшэ

Цывілізацыя як форма грамадскага быцця мае адну цэнтральную ідэалагему - горад. Вядомы гісторык І.Грэўс некалі сказаў, што гарады - гэта лабараторыі і вышэйшыя паказчыкі цывілізаванасці[1]. На працягу стагоддзяў складаліся культурныя значэнні гарадскога асяроддзя, і таму для іх раскрыцця трэба звяртацца да гісторыі. У ходзе гістарычнага развіцця горадабудаўніцтва фармавалася тая мова, на якой горад размаўляе з жыхарамі. У карціне свету нашых продкаў горад заўсёды звязаны з найбольш ёмістымі, міфалагічна і рытуальна багатымі катэгорыямі. Для людзей архаічнай эпохі горад быў мадэллю космасу - таго свету, які засвоены, вядомы чалавеку, размешчаны ў прасторы і часе. Горад мадэляваў космас сваімі часткамі - падсістэмамі, якія складваліся ў найбольш пашыраную структуру. З цягам часу, з ускладненнем жыцця грамадства роля горада, як мадэлі космасу, як увасабленне каштоўнасцей дадзенай культуры, трансфармуецца, але не знікае зусім.
Сённяшні стан гарадской гісторыі мае нейкія паралелі з эпохаю традыцыйнага горада. Гэта тлумачыцца тым, што зараз мінае эпоха прамысловай урбанізацыі і на пануючае месца вяртаюцца культурныя фактары гарадскога жыцця. Асноўныя пазіцыі («цэнтр - перыфірыя», «горад - нягорад» і інш.), з якіх складаецца каркас культуры, не зніклі з сучаснай карціны свету, іх замянілі сінанімічныя тэрміны, навуковыя і бытавыя. Гэта азначае, што архетыпічныя сэнсы горада працягваюць выконваць сваю функцыю рэгулятараў паводзін. Але сёння мы бачым незваротнае разбурэнне традыцыйнай гарадской прасторавай структуры, і значыць горад ужо не ў стане прадставіць людзям іх уласныя ўяўленні пра пабудову свету і жыцця і, такім чынам, параджае дэфармаваныя паводзіны гараджан. Гэта ж тычыцца кожнага культурнага асяроддзя. Так, Клод Леві-Строс апісаў, як місіянеры прывялі да гібелі культуру племені барора тым, што прымусілі жыхароў адмовіцца ад традыцыйнай кругавой планіроўкі паселішчаў[2]. Апроч таго, існаванне гістарычнага традыцыйнага асяроддзя выклікае ў людзей пачуццё бяспекі і пераемнасці. Калі частка мінулага зберагаецца як нешта добрае, дык ёсць надзея, што і будучае захавае сённяшнія здабыткі.
Развіццё гістарычных гарадоў - аб'ектыўны працэс, абумоўлены зменамі ў эканамічным і сацыякультурным жыцці грамадства. У апошнія дзесяцігоддзі вызначаліся напрамкі, па якіх ідзе пошук форм захавання гістарычнага гарадскога асяроддзя. Аналізуючы спробы стварэння запаведнікаў гарадскога асяроддзя ў гарадах былога СССР, можна зрабіць выснову, што асноўнай формай выхавання гэтай спадчыны з'яўляецца музеефікацыя. Прыкладам «чыстай» музеефікацыі могуць быць мемарыяльныя зоны, такія, як гісторыка-мемарыяльны комплекс «Дзекабрысты ў Іркуцку», кварталы вакол музея М.Ю.Лермантава ў Пяцігорску ды інш. Стварэнне запаведных зон вакол мемарыяльных помнікаў - гэта адзін са шляхоў вырашэння праблем захавання фрагментаў гістарычнай гарадской забудовы. Другім напрамкам у арганізацыі гарадскога гістарычнага асяроддзя з'яўляецца стварэнне запаведных зон на аснове захаванай звычайнай гістарычнай забудовы. Такая галіна навукі, як урбанаэтналогія, прывяла да думкі аб неабходнасці арганізацыі гарадскіх музеяў рамяства і побыту, падобных да старэйшага ў Эўропе «Музея рамёстваў» у г. Турку (Фінляндыя). Гэты музей арганізаваны ў комплексе будынкаў 1770 -1820 гадоў, якія знаходзяцца «in situ» і ўяўляюць сабой вялікі спектр гаспадарча-прамысловых аб'ектаў і каля 30 розных майстэрняў[3].
Музеі пад адкрытым небам, прысвечаныя гарадской культуры, існуюць у ЗША (музей Віліямбурга, які адлюстроўвае гарадскі побыт каланістаў XVII-XVIII стст.), Англіі (музей горада Йорка ў Йоркшыры), у Даніі, Галандыі, Швецыі, Балгарыі, Польшчы, Расеі («Стары Томск», «Стары Архангельск», рэканструкцыя гістарычнай забудовы Табольска, Нярмі), на Ўкраіне (музеефікацыя вуліцы Пятроўскай у Кіеве) і іншых краінах.
Менск, які амаль цалкам згубіў свой арганічны гістарычны вобраз, не мае сёння ні музея сваёй гісторыі, ні музеефікаваных гістарычных тэрыторый. Той працэс, які пачынаўся ў канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў па распрацоўцы праграмаў рэгенерацыі гістарычнай забудовы, праектаванні рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры, цяпер амаль што спыніўся.
На сённяшні дзень гістарычныя драўляныя прадмесці Менска, якія знаходзяцца ў зоне актыўнага сучаснага будаўніцтва, працягваюць знікаць з карты горада. На нашых вачах знікаюць апошнія драўляныя будынкі Ракаўскага прадмесця (вул. Калектарная, Шорная, Шпалерная, Дзімітрава). Адзін з цудоўнейшых куточкаў старога Менска, завулак Паўночны, таксама знаходзіцца пад пагрозаю знішчэння.
Ансамбль традыцыйнай гістарычнай забудовы па завулку Паўночным сфармаваўся на рубяжы XIX-XX ст. Раён гэты прылягаў да Лібава-Роменскай чыгункі. Паўночны завулак знаходзіўся на ўсходнім баку Лютэранскага прадмесця і, згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленнем канца XIX - пачатку XX ст. належаў пятай паліцэйскай частцы, пятаму міравому і трэцяму судова-следчаму ўчасткам г. Менска[4]. Сярод жыхароў завулка існуе легенда, што быццам бы назву «Паўночны» даў завулку Адам Язвінскі, начальнік пасажырскага вакзала Лібава-Роменскай чыгункі, які ў 1906 г. пабудаваў тут адзін з першых дамоў (цяпер дом № 12). Згодна з апісаннямі нерухомай маёмасці гарадскога праўлення за 1910 г., агульная колькасць пляцаў раўнялася дваццаці сямі[5]. Дамы складаліся з двух ці трох жылых паловаў, і амаль што ўсе іх гаспадары здавалі ў наём. Большасць кватарантаў былі рабочыя і служачыя Лібава-Роменскай чыгункі. Як вядома, служачыя-чыгуначнікі на пачатку XX ст. складалі вялікую частку сярод усіх служачых г. Менска. Так, у 1911 г. толькі ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі былі занятыя 994 чалавекі. Сярэднямесячны заробак іх складаў 96 рублёў. Служачыя-чыгуначнікі адыгрывалі важную ролю ў сацыяльным і культурным жыцці горада. Так, мноства з іх ўваходзіла ў склад народніцкіх эсэраўскіх гурткоў, брала актыўны ўдзел у рэвалюцыі 1905-1907 гадоў. Былі і знакамітыя дзеячы беларускай нацыянальнай культуры. Паэт-дэмакрат Янка Лучына ў апошнія гады свайго жыцця працаваў у тэхнічным бюро Лібава-Роменскай чыгункі. Беларускі пісьменнік Альберт Паўловіч служыў у канцылярыі Галоўнага ўпраўлення Лібава-Роменскай чыгункі. Там жа працаваў Уладзіслаў Галубок, які потым стаў вядомым акцёрам, рэжысёрам, драматургам[6]. Акрамя служачых, у завулку Паўночным жылі і рабочыя Лібава-Роменскай чыгункі. Памочнікі машыністаў, стрэлачнікі; рабочыя ў большасці выпадкаў кватэры ці пакоі ў наймалі. Памеры арэнднай платы ў 1910 г. тут вагаліся ад 40 да 50 рублёў.
У 60-70-я гады частка завулка аказалася знішчанай, а колькасць дамоў скарацілася з 30 да 14 (на сённяшні дзень). Але пры гэтым захавалася найбольш каштоўная частка забудовы. Не менш важным з'яўляецца і тое, што ў гэтых будынках (№№ 9, 12, 14, 16, 18, 20) жывуць нашчадкі тых людзей, якія некалі іх пабудавалі. Жыхары вышэйазначаных дамоў у свой час звярталіся да ўладаў з просьбамі аб тым, каб Паўночнаму завулку надаць статус запаведнай зоны. Ініцыятыва вельмі каштоўная, бо яна ў нейкай ступені дае нам падставы разглядаць дадзеную сітуацыю з пункту гледжання «новай музеялогіі». Як вядома, экамузей - перш за ўсё «вобраз мыслення, цэласная, адкрытая сістэма поглядаў на свет»[7]. Рух экамузеяў, які існуе зараз амаль ва ўсім свеце, мае асноўныя прынцыпы арганізацыі і дзейнасці (па крайняй меры ў тэорыі) і «экамузеі спрабуюць даць наведвальніку ўсебаковае разуменне культуры пэўнай тэрыторыі. У экамузеі кожны прадмет, кожны будынак, кожны чалавек у межах музейнай абшчыны, уключаючы музейных спецыялістаў, выстаўляецца напаказ. І разам з мясцовымі жыхарамі - жывым увасабленннем гэтай жывой культуры - адкрываецца гісторыя, традыцыі, сённяшнія заняткі гэтага грамадства[8].
Калі б сёння гаворка вялася пра стварэнне праграмы музеефікацыі завулка Паўночнага, то, на нашу думку, неабходна было б звярнуцца да некаторых элементаў «новай музеялогіі». Гэта тычыцца ў першую чаргу прынцыпу актыўнага далучэння жыхароў архітэктурна-гістарычнага комплексу да ажыццяўлення дадзенай праграмы. З гэтай нагоды найбольш важным уяўляецца аб'яднанне зацікаўленых карэнных жыхароў завулка ў камітэт альбо раду, якая будзе прымаць удзел ва ўсіх мерапрыемствах па музеефікацыі тэрыторыі.
На вялікі жаль, у кантэксце сённяшняй эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі ў горадзе і краіне, мы, напэўна, не ў стане захаваць і музеефікаваць унікальны архітэктурна-гістарычны комплекс Паўночнага. Аднак тыя помнікі драўлянай архітэктуры, што знаходзяцца на балансе Музея народнай архітэктуры і побыту (у першую чаргу дом № 22) могуць і павінны стаць носьбітамі памяці аб гістарычных прадмесцях Менска XIX - пачатку XX ст. і аб іх жыхарах.
Музей гісторыі завулка Паўночнага, магчыма, будзе складацца з дзвюх частак: кватэры служачага Лібава-Роменскай чыгунцы і экспазіцыі, прысвечанай гісторыі самога завулка. Умоўная назва гэтай экспазіцыі - «У пошуках асновы» гаворыць пра тое, што толькі шляхам захавання гэтых асноваў, а іншымі словамі, семіятычных рэзерваў, вялікі мегаполіс можа выконваць сваю ролю моцнага генератара новай інфармацыі і, такім чынам, займаць пачэснае месца ў гісторыі культуры.


1. Гревс И. Экскурсионное дело. - Петроград, 1921. - С. 21.
2. Леви-Строс К. Первобытное мышление. - М. 1994. -С. 33.
3. На пути к музею ХХІ века. Музеи-заповедники. - М., 1991. - С.18.
4. Весь Минск или спутник по г. Минску. - Мн. 1911. - С. 97.
5. ЦДГА РБ, ф.1- воп. 1, спр., 4975.
6. Шыбека Э., Шыбека С. Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада. - Мн. 1990. - С. 50.
7. Хадсан К. Мара і рэальнасць: Роздум пра 20-гадовы шлях экамузеяў і экамузеялогіі // Аператыўная, інфармацыя па праблемах культуры і мастацтва. Вып. 4. - Мн., 1996. - С. 23.
8. Тамсама.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.