Таццяна Рошчына

Захаванне дакументальных помнікаў: праблемы і перспектывы


Распаўсюджана думка, што ў Беларусі амаль не засталося дакументальных помнікаў - архіўных дакументаў, рукапісных і друкаваных кніг; што амаль усё было знішчана ці вывезена за яе межы. Так, мы шмат страцілі. Але ў сховішчах краіны - бібліятэках, архівах, музеях - ёсць вялікія, значнай часткай яшчэ не засвоеныя і нікому не вядомыя багацці. І адна з найважнейшых задач, што стаіць перад беларускай культурай, - захаваць іх і зрабіць даступнымі, увесці ў навуковы ўжытак.
У 1992 г. ЮНЕСКА прыступіла да рэалізацыі праекта «Памяць свету», галоўная задача якога - выратаванне рукапісных і друкаваных збораў, якія знаходзяцца пад найбольшай пагрозай у тых ці іншых краінах, захаванне сваёй нацыянальнай памяці. А як захоўваем яе мы?
Яшчэ ў 1989 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі, ЦНБ АН, Камітэт па архівах распрацавалі асноўныя палажэнні Нацыянальнай праграмы па захаванні дакументальных помнікаў. На жаль, гэтая праграма так і засталася праектам. Але яе асноўныя палажэнні можна выкарыстаць як аснову для распрацоўкі асобнай праграмы «Памяць Беларусі».
Мяркуецца, што рэалізацыя праграмы будзе весціся па наступных напрамках:
• фармаванне фондаў рукапісных и друкаваных помнікаў, выяўленне і збіранне нацыянальнай кніжнасці, забеспячэнне паўнаты нацыянальнага друкаванага рэпертуару як культурнай спадчыны;
• захаванне і ахова;
• улік і навуковае апісанне;
• выкарыстанне дакументальных помнікаў у навуковых і асветніцкіх мэтах.
Сёння асноўная праблема ў збіранні дакументальнай спадчыны вельмі празаічная: адсутнасць сродкаў на іх набыццё. Ёсць кнігі - няма грошай. А цяпер, можа, апошняя магчымасць для збірання рукапісаў, старадрукаў, рэдкіх выданняў - час няўмольны.
Адна з праблем фармавання фондаў - тое, што большую частку менавіта беларускіх старадрукаў, што адсутнічаюць у Беларусі, знайсці ў арыгінале немагчыма (не кажучы ўжо пра старажытныя беларускія рукапісы). Выйсце тут толькі адно - выкарыстанне сучасных тэхналогіяў. Першае і самае простае - капіраванне, мікрафільмаванне. Але гэтая форма, асабліва калі мець на ўвазе якасць нашых мікрафільмаў, усё ж такі абмяжоўвае магчымасці карыстальнікаў ды іх кола. Больш цывілізаваным з'яўляецца другі напрамак - факсімільнае ці рэпрынтнае ўзнаўленне арыгіналаў. На жаль, тэхналогія падрыхтоўкі факсімільных выданняў не дае магчымасці абсалютна дакладна перадаць арыгінал; яны ў большай ступені выконваюць адукацыйную і асветніцкую ролю, але не заўсёды падыходзяць для даследчыкаў. Неабходны ўзровень узнаўлення выданняў даюць кампутарныя тэхналогіі. Нацыянальная бібліятэка Беларусі разам з адной з менскіх фірмаў вядзе распрацоўку праграмы па пераносу на СD-Rom дакументальных помнікаў з фондаў бібліятэкі, у першую чаргу - старажытных рукапісаў і старадрукаў. Праца будзе весціся па двух напрамках: стварэнне страхавога фонду і фонду карыстання CD і, паралельна, стварэнне мультымедыйных дыскаў па найбольш цікавых і значных арыгіналах. Стварэнне і тыражаванне на СD-Rom копій найбольш каштоўных помнікаў беларускага пісьменства (асабліва тых, што адсутнічаюць у беларускіх сховішчах) будзе вырашаць і ахоўныя, і навуковыя, і адукацыйна-асветніцкія задачы.
Праблему фізічнага захавання дакументаў трэба вырашаць на ўзроўні краіны: неабходна стварэнне міжведамаснага, абсталяванага па водле апошняга слова тэхнікі, Цэнтра, дзе даследаваліся б і вырашаліся праблемы раскіслення цэлюлознай паперы (тое, чым наогул не займаюцца), кансервацыі, узнаўлення згаслых тэкстаў і г.д.
Лепшаму захаванню спрыяе дакладны бібліяграфічны ўлік і падрабязнае апісанне ўсіх захаваных паасобнікаў. Бібліяграфічны ўлік «замацоўвае» іх за ўстановамі-фондатрымальнікамі. І тут таксама аўтаматызацыя дае шырокія магчымасці.
У рамках аўтаматызаванай інфармацыйнай бібліятэчнай сістэмы (АІБС) вядзецца работа па фармаванні базы звестак «Рэдкая кніга» - спачатку толькі па фондах НББ. На яе аснове плануецца стварэнне нацыянальнага банка звестак пра дакументальныя помнікі краіны і замежжа. Паралельна вядзецца работа па адлюстраванні фондаў кніжных помнікаў у зборных каталогах і апісаннях асобных калекцый - у аўтаматызаваным рэжыме і ў друкаванай форме.
У адрозненне ад многіх іншых краін, Беларусь пакуль што не мае поўнай рэтраспектыўнай бібліяграфіі. Стварэнне яе - наша першачарговая задача. У працяг зборнага каталога «Кнігі Беларусі», які адначасова з'яўляецца і часткай нацыянальнага рэпертуару, рыхтуецца наступная яе частка - «Некірылічныя выданні XVI-XVIII стст.» Распрацавана бібліяграфічная праграма «Скарбы беларускіх сховішчаў», якая будзе ўключаць у сябе серыю бібліяграфічных паказальнікаў - зборных каталогаў і апісанняў асобных калекцый: інкунабулаў, заходнеэўрапейскіх выданняў XVI ст., кірыліцы і г.д.
Адзін з магчымых напрамкаў работы па бібліяграфічным ўліку помнікаў кніжнай культуры - бібліяграфічная рэканструкцыя страчаных гістарычных кніжных калекцый, якія існавалі ў Беларусі: Радзівілаў, Сапегаў, Храптовічаў ды інш. Ужо пачата сумесная праца некалькіх беларускіх бібліятэк па стварэнні БЗ «Radziviliana».
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове культурна-гістарычнай спадчыны» (1992) беларускія рукапісы і старадрукі XVI ст., што захоўваюцца ў НББ, у 1995 г. пастаўлены на дзяржаўны ўлік і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Звесткі аб калекцыі НББ пададзены ў ЮНЕСКА для ўключэння ў даведнік (у межах праграмы «Памяць свету»).
Выкарыстанню кніжных помнікаў у адукацыйных і асветніцкіх мэтах садзейнічала б стварэнне ў Менску Музея кнігі (на базе Аддзела рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў, аднак не як самастойнай музейнай установы, а як падраздзялення бібліятэкі).
Уся тая праца, што вядзецца па захаванні дакументальных помнікаў, патрабуе шмат намаганняў, часу, дзяржаўнай увагі, фінансавання. Вынікі гэтай працы неацэнныя.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.