Аляксандар Ярашэвіч

Інвентарызацыя Кальварыйскіх могілак - помніка гісторыі XVIII-XX стагоддзяў


Задума правядзення інвентарызацыі даўнейшых пахаванняў на Кальварыйскіх могілках у Менску належыць прафесару Рышарду Брыкоўскаму з Інстытута мастацтва Польскай Акадэміі навук у Варшаве. З ім была выпрацавана метадычная канцэпцыя, атрыманы неабходныя метадычныя дапаможнікі, узгадняліся пытанні, якія ўзнікалі ў працэсе працы. Ён жа патурбаваўся пра выданне матэрыялаў інвентарызацыі як пачатковага тома серыі «Cmentarze na dawnych Kresach wschodnich Rzeczypospolitej» варшаўскім Цэнтрам аховы гістарычнага ландшафту і стаў навуковым рэдактарам кнігі. У 1991-1992 гг. супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі Тамарай Чарняўскай і Аляксандрам Ярашэвічам вывучана тэрыторыя могілак, акрэслена найбольш старая іх частка, для якой складзены кароткія інвентарныя апісанні надмагільных помнікаў і спісаны надпісы на іх. Абмеры зрабіў супрацоўнік Беларускай політэхнічнай акадэміі Валерый Марозаў.
Навуковая інвентарызацыя старых кварталаў Кальварыйскіх могілак справа даволі складаная, таму што фактычна на іх паверх і побач з першапачатковым (дарэвалюцыйным) слоем пахаванняў знаходзяцца больш познія магілы 1930-1960-х гадоў, многія старадаўнія надмагільныя помнікі разбураны, некаторыя з іх цалкам або часткова знаходзяцца пад зямлёй, што не дазваляе прачытаць надпісы. Гістарычная планіроўка парушана, не існуюць магільнікавыя кнігі, кватэры не азначаны, а іх межы досыць часта абрысаваныя звычайнымі сцежкамі.
У сувязі з адсутнасцю якой бы там ні было першаснай дакументацыі і азначэння паасобных кватэр, аўтары прынялі сваю ўмоўную нумарацыю, адпаведную ходу інвентарызацыі, пачаўшы з кватэр, бліжэйшых да касёла, якія здаваліся найстарэйшымі. На першым этапе выканаўцы ставілі сваёй мэтай перапісаць пахаванні XIX ст. (ці, дакладней кажучы, да знанай даты 1917 г.), але неўзабаве з навуковым рэдактарам было вырашана найстарэйшыя кватэры інвентарызаваць цалкам і толькі для перыферыйных кватэр абмежавацца дарэвалюцыйнымі пахаваннямі. Прынцып нумарацыі магіл выкладзены ў прадмове навуковага рэдактара, неабходна толькі дадаць, што на ўсёй інвентарызаванай частцы могілак фактычна не існуюць строга ўпарадкаваныя рады магіл, таму іх давялося «пракладваць візуальна», тым не менш такое крыху ўмоўнае структураванне разам з імянным паказальнікам дазваляе карыстацца кнігай «Rzymsko-katolicki cmentarz Kalwaryjski w Mińsku na Białorusi» і як павадыром па могілках, г. зн. знайсці на тэрыторыі патрэбную магілу.
Адначасова з інвентарызацыяй вяліся архіўныя пошукі матэрыялаў па гісторыі Кальварыйскіх могілак. Устаноўлена, што думка аб існаванні тут могілак ледзь не ад 600 гадоў таму не больш чым легенда. Дакументальна гісторыя Кальварыі прасочваецца ад 1609 г. пад назвай Дольна Ніва; верагодна, у пачатку XVIII ст. гэтая мясцовасць (фальварак) была нададзена Менскаму кляштару кармелітаў фундатарамі Ваньковічамі, Валадковічамі ці кімсьці іншым. (Вопіс архіва Менскага кляштара кармелітаў. НГА Беларусі, ф. 1781, воп. 27, адз. зах. 261). 14 жніўня 1754 г. датаваны фундуш - 4000 злотых польскіх ад Тамаша Стацэвіча, пенітэнцыярыуса Віленскага кафедральнага сабора і апостальскага протанатарыуса, на забудаванне Кальварыі Менскай, апрабаваны біскупам дыецэзіяльным і капітулам кармелітаў абсервантаў, які адбыўся ў тым жа г. ў Лідзе. Верагодна, адразу ж быў пабудаваны драўляны касцёл і 14 каплічак адпаведна стацыям Пакут Хрыстовых, таму што ўжо ў 1866 г. папа Бенядыкт XIV даў дазвол Менскаму Кальварыйскаму касцёлу на стварэнне Брацтва Пакут Панскіх. (Тут жа побач знаходзіўся фальварак, на грунце якога менскі мешчанін Андрэй Макарэвіч абавязаўся па кантракту 1766 г. з кармелітамі «выставіць цагельню», а 12 мая 1773 г. гайненскі стараста Міхал Валадкевіч запісаў 20 тысяч злотых на Дэкшнянах на вымураванне касцёла кармелітаў.)
Магчыма, ужо ад часу пабудовы драўлянага касцёла кармеліты дазвалялі тут асобныя пахаванні манахаў і дабрадзеяў свайго кляштара (метрычныя кнігі Менскай парафіі змяшчаюць такія запісы, пачынаючы ад 1795 г.), аднак толькі ў 1796 г. кармеліты атрымалі ўказанне ад улады хаваць на Кальварыі ўсіх памерлых у Менску (НГА Беларусі, ф. 1781, воп. 27, адз. зах. 261, л. 47). Неўзабаве (1797 г.) біскуп Дэдэрка скасаваў менскіх кармелітаў, і Кальварыйскія могілкі сталі гарадскімі, ці парафіяльнымі (так двухзначна іх называюць метрычныя кнігі). Абшар могілак у 1840 г. складаў каля трох моргаў, наогул жа кармелітам належала тут 27,5 моргаў зямлі.
У 1839 г. стары касцёл быў разабраны і ў тым жа годзе выведзены на ўзровень зямной паверхні фундаменты мураванага касцёла даўжынёй 27, шырынёй 15 аршынаў коштам Міхала Паўлікоўскага, прэзідэнта Сумленнага суда, памешчыка Барысаўскага павета (НГА РБ, ф. 957, 1, 16, л. 27). Уладзіслаў Сыракомля ў нарысе «Менск» як галоўную фундатарку згадвае Ганну з Абуховічаў Паўлікоўскую. Дата заканчэння будоўлі не акрэслена, у інвентары 1840 г. гаворыцца яшчэ толькі пра фундаменты закладзенага касцёла (тамсама, п. 32).
На тэрыторыі, ахопленай першым этапам інвентарызацыі, зафіксавана 3335 магіл, сярод іх мноства безыменных. (Неабходна адзначыць, што апошнім часам на некаторых безыменных крыжах з'яўляюцца шыльдачкі з надпісамі, што можна лічыць добрай прыкметай часу.) Сярод надмагілляў, узнікшых перад 1918 г., можна выдзеліць пяць асноўных тыпаў: 1) так званая «скалка» - вертыкальная бясформенная глыба з натуральнага каменю вышынёй каля метра, пярэдні бок якой з надпісам адпаліраваны; 2) абеліск на падставе, увенчаны крыжам; 3) вертыкальная пліта з гладкім франтальным бокам; 4) блок з граніту ці натуральнага каменю на падставе, увенчаны крыжам; 5) «дубок» - нагадвае ствол дрэва (пень), высечаны з прыроднага каменю, папулярны на ўсёй Беларусі ў першай палове нашага стагоддзя, самабытны ўзор народнага мастацтва. Іншыя тыпы сустракаюцца ў нялічаных экземплярах.
Сімвалам паслярэвалюцыйнага збяднення народа і мастацкай дэградацыі можна назваць безлічныя пачварныя крыжы, звараныя з металічных водаправодных труб, а таксама прымітыўныя бетонныя абеліскі, якімі адзначаны пахаванні 1920-1950 гг. Толькі з 1960-х гадоў зноў з'яўляюцца гранітныя абеліскі і пліты.
Кальварыйскія могілкі Ул.Сыракомля назваў «арыстакратычнымі». І сапраўды, на цудам уцалелых помніках можна прачытаць імёны Ваньковічаў, Вярыгаў-Дарэўскіх, Багдановічаў, Хмараў, Чачотоў, Чаховічаў, Эйсмантаў, Фрывесаў, Грыгаровічаў, Янушкевічаў, Камоцкіх, Марцінкевічаў, Неслухоўскіх (сярод іх - адзін з пачынальнікаў новай беларускай паэзіі Янка Лучына), Петрашкевічаў, Слізеняў, Стэфановічаў, Свентажэцкіх, Вільчынскіх, Віткоўскіх, Вайніловічаў, Запольскіх, Здановічаў, Кабылінскіх і г.д. Тут гучыць уся грамадская і культурная гісторыя Менска XIX ст., нават калі няма канкрэтных знакамітых імёнаў. І гэта прытым, што ад некаторых значных помнікаў засталіся толькі пастаменты, а большасць капліцаў безыменныя. Параўнанне ж з метрычнымі запісамі паказвае, што меней чым ад дзесяці працэнтаў пахаваных на Кальварыйскіх могілках ў XIX стагоддзі да нашага часу дайшлі помнікі. Самыя даўнія з іх дасягаюць другой чвэрці XIX стагоддзя. Гэта класіцыстычны блок над магілай настаўніка італьянскай мовы і літаратуры Вернарда даль Песцэ (1776-1829), ураджэнца Вероны, з кранаючай эпітафіяй:

і ампірны абеліск з чырвонага граніту над сёстрамі Юзэфай і Тэафіляй Омульскімі таксама з вершам, напэўна, укладзеным тым жа невядомым менскім аўтарам:

Гэтыя надмагіллі і шэраг іншых, адзначаных мастацкімі якасцямі ці гістарычным значэннем, на нашу думку, заслугоўваюць аховы як помнікі культуры. Некаторыя надмагільныя помнікі падпісаны мясцовымі майстрамі-каменярамі, у прыватнасці Г.Янушкевічам, Т.Мяхедкам. Некалькі помнікаў і табліц з чыгуну, а таксама агароджаў, з'яўляюцца ўзорамі металічнага ліцця XIX стагоддзя (ці не з завода князя Вітгенштэйна ў Кляцішчы?). Прыведзеныя прыклады сведчаць пра тое, што Кальварыйскія могілкі ўяўляюць цікавасць і для гісторыка-дэкаратыўнага мастацтва.
На працягу 1997 г.былі праінвентарызаваны чатыры кватэры на паўночнай перыферыі старой часткі могілак (Xa, XIa, XXIa, XXIIa), а таксама тэрыторыя разнастайнага рэльефу ў паўднёвым ад касцёла накірунку з неўпарадкаванымі пахаваннямі першай паловы нашага стагоддзя, сярод якіх сустракаюцца ахвяры апошняй вайны (кватэры XIX, XX, XIXa, XXa, XIXb, XXb). Тым самым фактычна зафіксаваны амаль усе пахаванні да пачатку 1950-х гадоў.
Спецыфічнай задачай з'яўляецца ідэнтыфікацыя ананімных капліц-пахавальняў, некаторыя з іх могуць належаць вядомым шляхоцкім сем'ям Меншчыны (Ваньковічы?, Горваты?), аднак вельмі праблематычна, што калі-небудзь удасца адказаць на гэтыя пытанні. І ўсё ж варта правесці пошукі ў архівах, хоць пісьмовыя сведчанні няпроста перанесці на тэрыторыю могілак. Так, напэўна, самая даўняя з капліц - Ганны Мураўскай - упамінаецца ў «Інвентары каталіцкага касцёла Кальварыйскага на Сментары Парафіяльным Катэдру Менскай размешчанага 1825 року М-ца Аўгуста 26 дня складзеным кс. Юзафу Лоттовічу капелану Падаўчым: «Вялікімі дзвярамі вышаўшы з касцёла ў баку правым за капліцай мураванай целу св. памяці Анну Мураўскай Пісаравай Літоўскай замест помніка выстаўленай, у паркане цментарным фортка да дзядзінца...» Магчыма, гутарка ідзе аб капліцы ў паўднёва-ўсходнім вугле даўняй тэрыторыі могілак, азначанай у выдрукаваным інвентары як «даўні склад».



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.