Пётра Русаў

Даследаванне культурнага пласта на тэрыторыі езуіцкага калегіума


Нарэшце, пасля доўгага заняпаду, адчыніўся ў лістападзе 1997 г. катэдральны сабор Святой Марыі (касцёл Іісуса, Марыі і Святой Барбары), што месціцца на плошчы Свабоды, 9, у Менску. Паўстаў у сваёй прыгажосці пасля некалькіх гадоўы рэстаўрацыйных работ, праведзеных польскімі спецыялістамі. Беларускія гісторыкі, архітэктары і археолагі таксама вывучалі і даследавалі гэты помнік беларускага барока з мэтай рэканструкцыі яго мінулага аблічча[1].
Упершыню езуіты з'явіліся ў горадзе ў 1657 г.[2]. Менская езуіцкая калегія была створана ў 1714 г. і мела значныя грашовыя сродкі і тэрытарыяльныя набыткі ў горадзе, дзякуючы дараванням, прадрымальніцкай дзейнасці і г.д. Да нашага часу захавалася некалькі планаў, на якіх адлюстравана тэрыторыя езуіцкага калегіума. На плане 1793 г. яна мела форму прамакутніка (мал. 1). Паўночны яе бок межаваў з вуліцай Койданаўскай (сучасная Рэвалюцыйная), а ўсходні - з плошчай Высокага рынку (сучасная плошча Свабоды). З поўдня і захаду мяжа калегіума адзначана перарывістай лініяй па кварталу ўздоўж вуліц Вялікай Зборавай і Феліцыянскай. Паўночна-ўсходні кут тэрыторыі касцёла, адпаведна пісьмовым крыніцам, быў далучаны прыкупленнем сядзібы Ягора Гегера. Згодна з нашым падлікам яе плошча магла займаць не меней чым 540 кв. м[3]. Калі прытрымлівацца апісання сядзібы Ягора Гегера, то надворак нагадваў замкнёны тыл, пра што сведчыць наяўнасць двух варотаў. Адны размешчаны з боку плошчы Высокага рынку, а другія - з боку вуліцы Койданаўскай. Апошнія маглі знаходзіцца далей ад яе ў дальнім кутку сядзібы. Такім чынам, сядзіба Ягора Гегера шырынёю 10 м была выцягнута ўздоўж вуліцы Койданаўскай прыкладна на 54 м. На плане 1793 г. ад рога паміж Койданаўскай вуліцай і плошчай Высокага рынку цягнецца пабудова ўздоўж вуліцы. Магчыма, даўжыня гэтага будынка адпавядала даўжыні сядзібы Ягора Гегера.
Дакладная мяжа заходняй часткі тэрыторыі калегіума на сучаснай яго тэрыторыі не выяўлена. Паўднёвая мяжа, адзначаная перарывістай лініяй, павінна была праходзіць на захад ад чырвонай лініі паўднёвага боку былога будынка езуіцкай школы (сучасны дом № 7), што і пацвердзілася ў выніку археалагічнага нагляду за землянымі працамі і шурфовак у 1993 г. пад час пракладкі траншэі цеплатрасы ў дварах дамоў №№ 11 і 13 на вуліцы Інтэрнацыянальнай[4].
Па трасе на ўчастку 2 выявілася мураваная сценка (мал. 1, 2). Асновай яе быў каменны падмурак, узведзены на дзённай старажытнай паверхні. Пры яго пабудове выкарыстоўвалася апалубка з дошак. На бакавой паверхні падмурка захаваўся слой у 2 - 3 см вапнавай рошчыны з характэрным адбіткам малюнка ад паверхні хваёвых дошак. Таксама добра прасочваліся стыкі паміж тарцамі апалубкі і дошкамі, дзе рошчына сцякала праз шчыліны. Падмурак вышынёй каля 0,9 м і шырынёй да 1,5 м сабраны з колатых камянёў памерам 10-40 см. Верх яго выкладзены двума радамі цэглы-пальчаткі. На ім узведзена сценка шырынёй 1,1 м з такой жа цэглы. Пляцоўка падмурка выступае за межы сцяны з паўднёвага боку на 10 см, з паўночнага - на 30 см. Сцяна затынкавана з абодвух бакоў слоем светла-шэрага колеру ў 1-2 см. На глыбіні 1,2 м ад сучаснай дзённай паверхні завал гэтае сцяны прасціраецца на адлегласць 1,2-2 м на паўночным яе баку на мосце з каменю. Ніжэй вымасткі слой аднародны, за выключэннем перадмацерыковага, таўшчыня якога не зафіксавана, таму што ў траншэі з гэтага боку шурф не закладваўся.
Культурны пласт на поўдзень ад выяўленай сценкі даследаваўся закладкай шурфа (мал. 3). Яго магутнасць дасягала 4 м. Пласт XVII-XVIII стст. пачынаўся з глыбіні 2,4 м. Ніжэй, на глыбіні 3,5 м, адкрыта праслойка з бітага ваконнага шкла і кварт у 10-15см, якія датуюцца сярэдзінай XVII - пачаткам XVIII ст. Ад кварт засталіся донцы і гарлавіны з плечыкамі (з паўночнага боку на гэтым узроўні культурны пласт не ўтрымліваў рэшткаў бітага шкла). Ніжэй гэтай праслойкі ляжыць слой XVI - XVII стагоддзяў.
У 8 м на поўнач ад гэтай сценкі на трасе траншэі быў даследаваны культурны пласт на ўчастку 1. Яго магутнасць - 1,5-1,7 м. На мацерыку са светла-жоўтага пяску пакоіцца 40-50-сантыметровы пласт XVII-XVIII стст. шэрага колеру, сухі. Вышэй яго 7-10-сантыметровая праслойка бітай цэглы, у якой знойдзена бронзавая манета Расейскай імперыі вартасцю паўкапейкі 1840 года.
Такім чынам, культурны пласт па абодва бакі выяўленай сценкі быў розны. На поўдзень ад яе чатырохметровы культурны пласт утрымлівае рэшткі драўляных пабудоў і рэчы гаспадарчай дзейнасці гараджан. З поўначы культурны пласт больш аднародны. На адлегласці 8 м ад яе ён выкліньваецца, знаходак позняга сярэднявечча ў ім не выяўлена. Несумненна, што цагляная сценка, зафіксаваная падчас археалагічнага нагляду ў траншэі цеплатрасы, з'яўлялася паўднёвай мяжой тэрыторыі езуіцкага калегіума.
У 1995 г. быў праведзены нагляд за землянымі работамі і зроблена шурфоўка ў скляпеннях касцёла[5]. У траншэі, закладзенай у заходняй яго частцы, выяўлены рэшткі захаванняў з шыротнай арыентацыяй могілак і фрагменты керамікі XVI ст. Верагодна, што захаванні знаходзіліся каля пабудовы, рэшткі падмурка якой з цэглы-пальчаткі былі знойдзены ў цэнтральнай частцы касцёла рабочымі і разабраны, на жаль, да прыходу археолага. Побач з вуліцай Збораўскай (пазней Вялікай Збораўскай) дзейнічала ўзніклая ў 1564 г. кальвінісцкая суполка, якая збіралася тут на набажэнствы.
Вынікі археалагічных раскопак 1993 і 1995 гадоў вызначылі паўднёвую мяжу езуіцкага калегіума і раскрылі невялікую частку старонкі ў гісторыі гэтай тэрыторыі сярэдневяковага Менска.


1. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. - Мн., 1988. - С. 188. Архіў ІГ АН БССР, д. 583.
2. Бинова Т. Иезуиты в Белоруссии., Мн., 1990.,- С. 54.
3. Русов П. Деревянные сооружения Менска. - Мн., 1982. - С. 28.
4. Архіў ІГ АН Рэспублікі Беларусь.
5. Русаў П. Архіў ІГ АН Рэспублікі Беларусь.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.